Літаратура.org » Уільям Шэксьпір » Уільям Шэкспір, Гамлет, прынц Дацкі — акт другі

Гамлет, прынц Дацкі — акт другі

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

АКТ ДРУГІ

 

Сцэна першая

 

Пакой у доме Палонія.

Уваходзяць Палоній і Рэйнальда.

 

ПАЛОНІЙ

Аддай яму, Рэйнальда, ліст і грошы.

РЭЙНАЛЬДА

Аддам, святлейшы.

ПАЛОНІЙ

I было б разумна,

Каб ты, Рэйнальда, да сустрэчы з ім

Наконт яго паводзін распытаўся.

РЭЙНАЛЬДА

Так і зраблю, святлейшы.

ПАЛОНІЙ

Ну, то добра;

Ну, вельмі добра. Дык глядзі ж, перш-наперш

Даведайся, якія там датчане

У Парыжы, хто, ды як жывуць, ды дзе,

З кім знаюцца, ці шмат у іх выдаткаў;

I, высветліўшы гэтак не адразу,

Што ім мой сын вядомы, падыдзі

Бліжэй, нібыта і табе вядомы

Ён збольшага. Напрыклад: мне вядомы

Ягоны бацька, прыяцель адзін,

Часткова ён...

Ці зразумеў, Рэйнальда?

РЭЙНАЛЬДА

А як жа, добра зразумеў.

ПАЛОНІЙ

Часткова ён, але, кажы, не надта;

Ну, а калі то ён, дык ён буян,

Прыдатны да таго і да таго,—

Ну, і пляці сабе, плявузгай, толькі

Каб гонару не зачапіў, ні-ні,

Ну, выбрык там ці дур які, звычайны

У веку маладым.

РЭЙНАЛЬДА

Напрыклад, карты.

ПАЛОНІЙ

Вось, вось... Ці выпіўка, ці паядынак,

Ці лаянка, ці сварка, ці распуста...

Так, так, распусту можна.

РЭЙНАЛЬДА

Але ж такія словы бэсцяць гонар.

ПАЛОНІЙ

А ты не бэсці; гавары, каб мякка;

Не перабольшвай; гавары: распусны,

А ўсё ж нейк церпіць. Так, ну вось, я мыслю,—

Аб неўстрыманні нельга. Лёгка трэба

Грашкі падсоўваць, так гэта — агульна,

Каб кожны бачыў, што таму прычынай

Залішняя свабода, ці амбітнасць,

Ці фанабэрыя, альбо дзікунства

Крыві неўтаймаванай.

РЭЙНАЛЬДА

Але як жа...

ПАЛОНІЙ

Навошта гэта робіцца?

РЭЙНАЛЬДА

Ага,

Хацеў бы ведаць.

ПАЛОНІЙ

Ну, то вось нашто:

Я мыслю, гэта — мудры падыход.

Калі ты сына трошачкі запляміш,

Яго учынкі капельку абгнюсіш,

Заўваж,

Той, на каго ты маеш намярэнне,

Абы ён памянёныя правінкі

За памянёным хлопцам прымячаў,

Маўчаць не будзе, схопіцца адразу

I скажа так нарэшце: — Дружа мой,

Шаноўны мой, мой міласцівы пане,—

Залежна ад таго, хто ён такі

I як у іх прынята у краіне,—

Ты слухаеш?

РЭЙНАЛЬДА

Сачу, сачу, святлейшы.

ПАЛОНІЙ

I тады зробіць ён вось што, зробіць ён...

Што гэта я хацеў сказаць? Як перад святой імшою,

я нешта хацеў сказаць? На чым гэта я спыніўся?

РЭЙНАЛЬДА

I скончыць так нарэшце.

ПАЛОНІЙ

I скончыць так нарэшце; ну дык вось,

I скончыць так: — Мне гэты пан вядомы,

З ім бачыўся я ўчора ці заўчора,

Тады й тады, і быў ён з тым і тым,

I, добра кажаце, была ў іх п'янка,

Ён рэзаўся у карты, ён сварыўся,

Гуляючы у мячык. Альбо так:

Заходзіў ён аднойчы ў дом распусты,

У дом распусты,— ну і так далей.

Здаецца, ясна.

Закінеш чарвяка, а зловіш карпа.

Вось так мы, людзі розуму і спрыту,

Пры дапамозе розных тонкіх штучак,

Хоць крук даём, а пад'язджаем проста.

Дык вось, зыходзячы з маіх парад

I гэтых мыслей, ты павінен сына...

Павінен сына... Чуеш ты ці не?

РЭЙНАЛЬДА

Так, так, я чую.

ПАЛОНІЙ

Ну, то можаш ехаць.

РЭЙНАЛЬДА

О мой святлейшы...

ПАЛОНІЙ

Сам паглядзі, як ён сябе трымае.

РЭЙНАЛЬДА

Зраблю, зраблю усё.

ПАЛОНІЙ

Дай хлопцу волю.

РЭЙНАЛЬДА

Так, так, вядома.

ПАЛОНІЙ

Ну, то едзь шчаслівы.

 

Рэйнальда выходзіць.

Уваходзіць Афелія.

 

А ты чаго, Афелія? Ў чым справа?

АФЕЛІЯ

Ой, татачка, мяне так напужалі.

ПАЛОНІЙ

А божачка, і чым жа гэта?

АФЕЛІЯ

Я, татачка, хусцінку вышывала,

Ў пакоіку сядзела; раптам — стук;

I вось прынц Гамлет,— без капелюша,

Камзэлька нарасхліст, панчохі ў брудзе,

Аб'ехалі да пят, сам белы-белы,

Трасецца, ўздрыгвае, блукаюць вочы,

Разгублены і жаласны такі,

Нібы ён вырваўся з пякельных нетраў

I зараз жа пачне расказваць жахі,—

Убег і стаў.

ПАЛОНІЙ

Шалёны ад кахання?

АФЕЛІЯ

Не ведаю, баюся, мо і так.

ПАЛОНІЙ

I што сказаў ён?

АФЕЛІЯ

Ён схапіў маю

Руку вось гэтак; выпрастаўся гэтак;

Адной мяне трымае, а другую

Падняў угору, прылажыў да броваў

I доўга-доўга разглядаў мой твар,

Нібы хацеў яго намаляваць;

Нарэшце мне руку паціснуў лёгка,

I тройчы галавою паківаў,

I уздыхнуў так цяжка, так глыбока.

Што, мне здалося, разарвуцца грудзі,

Закалаціўся ўвесь, як перад сконам,

I адпусціў мяне, і адышоў,

Нейк дзіўна павярнуўшы галаву,

I не шукаў вачамі ён, дзе дзверы,

А ўсё глядзеў, усё глядзеў ў мой бок.

ПАЛОНІЙ

То пойдзем жа цяпер да караля.

Бо гэта ёсць экстаз, экстаз кахання,

Праява страсці, што бярэ ў палон,

Штурхае волю на адчайны крок,

Між іншым, як і ўсякая ахвота,

Што нас гняце і паліць. Я шкадую...

Што, можа, ты з ім груба абышлася?

АФЕЛІЯ

Не, татачка, а так, як вы казалі:

Лістоў не брала і к сабе яго

Не дапускала.

ПАЛОНІЙ

Ён і звар'яцеў.

Ах, ах, шкада! — недаацэнка выйшла.

I трэба ж так? Я думаў, ён жартуе,

Цябе пакрыўдзіць хоча. Падазронасць

Праклятая! То праўда, што старым

Разлік часамі заядае розум;

Але ж і моладзь надта стала спрытнай.

Хадзем да караля, даложым гэта.

Бо калі змоўчым,— не мінуць бяды,

А далажыць — яшчэ туды-сюды.

Хадзем, галубка.

 

Выходзяць.

 

 

Сцэна другая

 

Пакой у замку.

 

Уваходзяць кароль, каралева, Разенкранц, Гільдэнстэрн і світа.

 

КАРОЛЬ

Прывет вам, Разенкранц і Гільдэнстэрн;

Апроч жадання шчырага вас бачыць,

Патрэбу маем выкарыстаць вас,

Таму і выклікалі адмыслова.

Вы, мабыць, чулі, што апошнім часам

Перамяніўся Гамлет. Гэта так;

Бо і знутры і звонку ён другі,

Не той, што быў раней. У чым прычына

Такое страты самаразумення

I што яшчэ, апроч нуды па бацьку,

Я не магу ўявіць. Я вас прашу,

Паколькі гадаваліся вы разам

I вам яго капрызы лепш вядомы,

Пацешыць нас, застацца пры двары

На пэўны час, каб праз сяброўства ваша

Ўцягнуць яго да слодычаў жыццёвых.

I будзе добра, калі вам удасца

Як-небудзь выпадкова дасачыць

Таемны вузел гэтае напасці,

Нам невядомы, выкрыўшы які,

Мы паспрабуем падшукаць лякарства.

КАРАЛЕВА

Панове, шмат ён гаварыў пра вас;

Няма, напэўна, двух людзей на свеце

Яму мілейшых. Калі ваша ласка

Нам будзе аказаць так многа-многа

Добраахвотнасці і далікацтва,

Каб сярод нас пабавіць тымчасова

Для падтрымання нашае надзеі,

Аддзячана вам будзе за турботы

Па-каралеўску.

РАЗЕНКРАНЦ

Вашая вялікасць

I вашая вялікасць маюць права

Распараджацца намі, не прасіўшы.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

О найяснейшыя, мы цалкам вашы;

Пакорна слухаемся і абодва

Да вашых ног кладзём свае паслугі.

Кіруйце намі.

КАРОЛЬ

Ах, дзякуй, Разенкранц і Гільдэнстэрн!

КАРАЛЕВА

Ах, дзякуй, Гільдэнстэрн і Разенкранц!

Прашу вас зараз жа пайсці праведаць

Майго сыночка беднага. Гэй, людзі,

Вядзіце іх да Гамлета хутчэй!

ГІЛЬДЭНСТЭРН

То дай жа божа, каб прысутнасць наша

I спробы нашы памаглі яму.

КАРАЛЕВА

Так, так, амін.

 

Выходзяць Разенкранц, Гільдэнстэрн і некалькі прыдворных.

Уваходзіць Палоній.

 

ПАЛОНІЙ

Паслы з Нарвегіі, мой уладар,

Вярнуліся шчасліва.

КАРОЛЬ

Ты быў заўжды тварцом прыемных вестак.

ПАЛОНІЙ

Вы думаеце, вашая вялікасць?

Паверце мне, ласкавы уладар,

Душу ўкладаю я ў свой абавязак

Як перад богам, так і перад вамі;

I мне здаецца (альбо страціў я

Свой тонкі нюх у справах палітычных),

Што я адкрыў галоўную прычыну

Вар'яцтва Гамлета.

КАРОЛЬ

О, раскажы;

Мне так цікава мець аб гэтым весткі.

ПАЛОНІЙ

Прашу спачатку выслухаць паслоў;

Мае навіны будуць на закуску.

КАРОЛЬ

Зрабі ім ласку, прывядзі іх сам.

 

Палоній выходзіць.

 

О любая Гертруда, ён мне кажа,

Што ведае, чаму змяніўся Гамлет.

КАРАЛЕВА

Ах, думаецца мне, адно і тое ж:

Смерць бацькава і наш раптоўны шлюб.

 

Вяртаюцца Палоній з Вальцімандам і Карнеліем.

 

КАРОЛЬ

Мы гэта высветлім.— Вітаю вас,

Сябры мае. Скажы нам, Вальціманд,

Што пасылае нам наш брат Нарвежац?

ВАЛЬЦІМАНД

Зваротныя прывет і пажаданні;

Ён з першых слоў аддаў загад спыніць

Наборы, што пачаў яго пляменнік;

Ён меркаваў, што той ідзе на Польшчу,

Але, прыгледзеўшыся, зразумеў,

Што гэта супраць вас; і засмучоны,

Што так яго хваробы, век і немач

Даюцца злоўжыванням, загадаў

Паклікаць Фарцінбраса; той з'явіўся

I атрымаў суровую вымову;

I тут жа, перад дзядзькам, даў зарок

Ніколі больш на вашую вялікасць

Замахаў не рабіць, пасля чаго

Стары кароль, узрадаваны вельмі,

Пяць тысяч крон у год яму прызначыў

I даручыў набранае ім войска

Вайной на Польшчу весці. А яшчэ,

Як тут паказана, ён просіць вас (падае паперку)

Дазволіць ім свабодны пераход

Праз землі вашыя для гэтай мэты

Пры захаванні ўсіх правоў, на льготах,

Як тут паказана.

КАРОЛЬ

Мы вельмі рады.

У вольны час мы гэта пачытаем;

Абдумаем, адпішам. А пакуль што

Падзяка вам за добрую работу,

Адпачывайце. Ўночы пагуляем.

Мы вельмі рады.

 

Вальціманд і Карнелій выходзяць.

 

ПАЛОНІЙ

Справа удалася.

Кароль вялікі наш і каралева

Тлумачаць, што такое ёсць вялікасць,

I што ёсць абавязак, і што дзень

Бывае днём, а ноч бывае ноччу,

Што час ёсць час,— усё гэта, нарэшце,

Ёсць марнаваць і дзень, і ноч, і час.

Паколькі сцісласць — розуму душа,

А мнагаслоўе — члены і прыдаткі,

Я буду сціслым. Ваш шаноўны сын —

Вар'ят; кажу, вар'ят, бо ў чым вар'яцтва,

Калі не ў тым, что людзі вар'яцеюць?

Але далей.

КАРОЛЬ

Больш справы, менш штукарства.

ПАЛОНІЙ

О каралева, галавой клянуся,—

Ніякага штукарства,— ён вар'ят,

I гэта праўда, праўда і бяда,

Бяда, што гэта праўда. Вось дурны

Зварот які! Ну, добра. Без штукарства.

Палічым за вар'ята. Застаецца

Знайсці прычыну гэтага афекту

Ці, лепш, дэфекту, бо такі афект

Дэфектны спрычыніўся ад прычыны.

Вось гэта рэшта, а нарэшце вось:

Увага!

Мая дачка (раз маю, то мая),

Прывыкшы паслухмянай быць, увага,

Дала мне вось. Мяркуйце і рашайце.

(Чытае.)

«Нябеснай, ідалу маёй душы, вельмі ўпрыгожанай Афеліі...» Гэта няўдалы сказ, брыдкі сказ; «вельмі ўпрыгожанай» — брыдкі сказ; але вы слухайце. Вось (чытае): «На яе выдатна белыя грудзі, гэтыя...» Ну і так далей.

КАРАЛЕВА

I гэта ёй ад Гамлета?

ПАЛОНІЙ

Хвіліначку; я далажу парадкам.

(Чытае.)

«Не вер, што сонца свеціць,

Не вер, што зоркі ззяюць,

Што праўда ёсць на свеце,

А вер, што я кахаю.

О дарагая Афелія, мне цесна ў рамках верша, я не ўмею падлічваць свае ўздыханні, але, што я цябе люблю як найлепей, о мая найлепшая, павер мне. Бывай.

Твой назаўсёды, любая дзяўчына,

пакуль не паламаецца гэты механізм.

Гамлет».

Вось гэта мне з пакорнасцю пахвальнай

Дала мая дачка і, звыш таго,

Пераказала, як ішло каханне,

Калі, дзе, што ён ёй прапанаваў.

КАРОЛЬ

I што ж яна на гэтае каханне?

ПАЛОНІЙ

А што вы думаеце пра мяне?

КАРОЛЬ

Ты — шчыры і адданы чалавек.

ПАЛОНІЙ

Хацеў бы вельмі гэта даказаць.

Што б вы падумалі, каб я дагледзеў

Падобны ўздым і ўзлёт яго кахання

(А я дагледзеў, гавару адкрыта,

Яшчэ дачка маўчала), што б тады

Вы і мая вялікасць каралева

Маглі падумаць, калі б гэта я

Стаяў, як слуп, кішэняй для пісулек,

I глух і нем, і пазіраў праз пальцы,

Як людзі любяцца? Ну што б тады вы

Маглі падумаць? Не, я быў рашучы,

I я сказаў сваёй дзяўчыне так:

Прынц Гамлет — прынц, і ён табе не пара,

Няма чаго. I тут жа даў параду:

Замок на дзверы, пабачэнні прэч,

Ні пасланцоў яго, ні падарункаў.

Зрабіўшы ўсё, як я сказаў, яна

Плады маёй навукі спажывала,

А ён, адхілены (каб гэта карацей),

Спярша заныў, пасля пакінуў есці,

А потым страціў сон, пасля аслаб,

Пасля задумаўся і гэтак, паступова,

Скаціўся да вар'яцтва, дзе і трызніць

На гора нам.

КАРОЛЬ

Вы думаеце, гэта?

КАРАЛЕВА

Зусім магчыма.

ПАЛОНІЙ

Ці было калі,

Хацеў бы ведаць я, каб я сцвярджаў:

Кароль мой,— так, а выйшла не па-мойму?

КАРОЛЬ

Не помню.

ПАЛОНІЙ

Галаву здыміце з плеч...

(Паказвае на галаву і на плечы.)

Вось гэта з гэтага, калі не гэта;

Калі мне акалічнасці спрыяюць,

Я вышукаю праўду, каб яна там

У цэнтр зямлі залезла.

КАРОЛЬ

Як жа нам

Наладзіць дослед?

ПАЛОНІЙ

Бачыце, ён часам

Гуляе доўга ў галерэі...

КАРАЛЕВА

Так.

ПАЛОНІЙ

У гэты час я выпушчу дачку,

А, вы і я, мы станем за дыван;

Яны сустрэнуцца. Сачыце пільна.

Калі не тое, не з кахання гэта,

Калі ён не па ёй зайшоўся з думак,

То я вам болей не дзяржаўны радца,

А конюх фальварковы.

КАРОЛЬ

Зробім спробу.

 

Уваходзіць Гамлет, чытаючы.

 

КАРАЛЕВА

Вось ён ідзе, маркотны, і чытае.

ПАЛОНІЙ

Прэч, калі ласка; выйдзіце абое.

Я прыступлю, дазвольце прыступіць.

 

Кароль, каралева і прыдворныя выходзяць.

 

Як ваша здаровейка, прынц Гамлет?

ГАМЛЕТ

Нічога, дзякуй.

ПАЛОНІЙ

Ці пазналі вы мяне, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Вельмі добра. Ты гандлюеш рыбай.

ПАЛОНІЙ

Не, прынц.

ГАМЛЕТ

Тады я хацеў бы, каб ты быў сумленным чалавекам.

ПАЛОНІЙ

Сумленным, прынц?

ГАМЛЕТ

Так, пане мой. Быць сумленным на гэтым свеце, гэта азначае быць адным з дзесяці тысяч.

ПАЛОНІЙ

Праўду кажаце, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Бо калі сонца плодзіць чарвей у дохлым сабаку, з'яўляючыся богам, цалуе падлу... Ці ёсць у цябе дачка?

ПАЛОНІЙ

Ёсць, прынц. ГАМЛЕТ

Не пускай яе на сонца. Развіццё — дар божы, але ў тваёй дачкі можа развіцца плод. Дружа, сцеражыся.

ПАЛОНІЙ

Што вы хочаце гэтым сказаць? (Убок.) Усё чэпіцца да маёй дачкі. Але ён не пазнаў мяне спачатку, сказаў, што я гандлюю рыбай. Далёка заехаў, далёка заехаў. I то праўда, калі я быў маладым, то бегаў за жанчынамі бадай так, як і ён. Паспрабую яшчэ раз. Што гэта вы чытаеце, прынц?

ГАМЛЕТ

Словы, словы, словы.

ПАЛОНІЙ

А што яны кажуць?

ГАМЛЕТ

Хто гэта?

ПАЛОНІЙ

Мой прынц, я пытаюся, што тут напісана ў кнізе?

ГАМЛЕТ

Хлусня, пане мой. Нягодны сатырык сцвярджае, што ў старых людзей сівыя бароды, што твары іх паморшчаны, а з вачэй цячэ жывіца і вішнёвы клей, што розуму ў іх няма, ногі слабыя. I хоць я гэтаму веру, пане мой, усёй сілаю веры, аднак лічу непрыстойым так пісаць, бо і вы, пане мой, былі б у маіх гадах, каб маглі як рак, паўзці назад.

ПАЛОНІЙ

(убок)

У гэтым вар'яцтве ёсць свая паслядоўнасць. Хадзем, мой прынц, тут вецер, вам трэба схавацца.

ГАМЛЕТ

У магілу?

ПАЛОНІЙ

А і праўда — самы надзейны схоў. (Убок.) Якія трапныя адказы. Шанцуе вар'ятам. Разумны і здаровы чалавек часамі цэлы век шукае, а вар'ят знаходзіць адразу. Я яго пакіну і зараз жа зраблю так, каб ён сустрэўся з маёй дачкою. Ласкавы прынц, прашу вас вызваліць мяне.

ГАМЛЕТ

Я магу вас вызваліць ад усяго, пане мой, ад усяго; толькі не ад майго жыцця, не ад майго жыцця, не ад майго жыцця.

ПАЛОНІЙ

Бывайце, прынц.

ГАМЛЕТ

Агідныя старыя дурні.

 

Уваходзяць Разенкранц і Гільдэнстэрн.

 

ПАЛОНІЙ

Вы Гамлета шукаеце? Ён тут.

РАЗЕНКРАНЦ

(Палонію)

Няхай вам бог паможа.

 

Палоній выходзіць.

 

ГІЛЬДЭНСТЭРН

О найяснейшы прынц!

РАЗЕНКРАНЦ

Найдаражэйшы прынц!

ГАМЛЕТ

Найлепшыя сябры мае! Ну, як ты жывеш, Гільдэнстэрн? А, Разенкранц? Ну, як вы маецеся, хлопцы?

РАЗЕНКРАНЦ

Як звычайныя сыны зямлі.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

I то добра, што не надта добра. На шапцы Фартуны мы не шышкі.

ГАМЛЕТ

Але ж і не падмёткі яе чаравікаў.

РАЗЕНКРАНЦ

Ні тое, ні другое, прынц.

ГАМЛЕТ

Тады ваша месца каля пояса, на ўлонні ўсіх яе дароў.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Не, прынц, мы займаем у яе зусім невялікі куточак.

ГАМЛЕТ

Невялікі куточак! Ну, вядома. Фартуна — жанчына падатлівая. Што новага?

РАЗЕНКРАНЦ

Нічога, прынц. Адно, што праўда з'явілася на свеце.

ГАМЛЕТ

Ну, то скора страшны суд. Але вашы весткі несапраўдныя. Запытаю канкрэтней. Дарагія сябры мае, чым вы прагнявілі так Фартуну, што яна вас паслала сюды?

ГІЛЬДЭНСТЭРН

У турму, прынц?

ГАМЛЕТ

Данія — турма.

РАЗЕНКРАНЦ

Тады ўвесь свет — турма.

ГАМЛЕТ

I яшчэ якая! Усюды скляпенні, сутарэнні, лёхі, вартаўнікі. Данія — адна з горшых.

РАЗЕНКРАНЦ

Мы так не думаем, прынц.

ГАМЛЕТ

Тады яна для вас не турма. Дабро і зло не існуюць самі па сабе, іх утварае думка. Для мяне Данія — турма.

РАЗЕНКРАНЦ

Вы жадаеце славы, вашаму духу цесна, таму і турма.

ГАМЛЕТ

О неба, я мог бы ўлезці ў арэх і лічыць сябе царом бязмежных прастораў, каб мне не сніліся нядобрыя сны.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

I гэтыя сны — жаданне славы. Бо што такое субстанцыя амбіцыі, калі не цень сну.

ГАМЛЕТ

Сон — таксама цень.

РАЗЕНКРАНЦ

Так, правільна; але ўласцівасці амбіцыі лягчэйшыя і танчэйшыя. Цень дае цень.

ГАМЛЕТ

Тады аснова свету — беднасць. А каралі і славутыя героі — цені беднасці. Можа, пойдзем да двара? Мне надакучылі разважанні.

РАЗЕНКРАНЦ I ГІЛЬДЭНСТЭРН

Да вашых паслуг, прынц.

ГАМЛЕТ

Не трэба служыць. Я не кладу вас у кучу разам са слугамі. Шчыра вам кажу, мне вельмі дрэнна служаць. Пытаюся як стары таварыш, чаго вы тут у Эльсіноры?

РАЗЕНКРАНЦ

Хацелі пабачыцца з вамі, прынц, і болей нічога.

ГАМЛЕТ

Я — бедны, бедны. Няма ў мяне чым аддзячыць. Але ўсё ж дзякуй вам, дарагія сябры, хоць падзяка мая і недарагая.

Па вас не пасылалі? Вы самі надумаліся прыехаць? Па сваёй добрай волі? Гаварыце, гаварыце, гаварыце, будзьце шчырымі, гаварыце. Адказвайце.

РАЗЕНКРАНЦ

Што вам адказаць, прынц?

ГАМЛЕТ

Абы-што, але на пытанне. Па вас пасылалі. Вашы вочы прызнаюцца за вас, ваша скромнасць яшчэ не навучылася мяняць іх колер. Я ведаю, добры кароль і каралева па вас пасылалі.

РАЗЕНКРАНЦ

Для якое мэты, прынц?

ГАМЛЕТ

Вось гэта вы і павінны мне растлумачыць. Заклінаю вас правамі нашае дружбы, гармоніяй нашага юнацтва, абавязкамі нашай неразлучнай любові, усім тым дарагім, чым заклінаў бы вас, каб разварушыць вашу душу, прамоўца больш таленавіты, чым я, гаварыце адкрыта і проста. Пасылалі па вас ці не?

РАЗЕНКРАНЦ

(ціха Гільдэнстэрну)

Што ты скажаш?

ГАМЛЕТ

(убок)

Цяпер мне ясна.— Калі вы мяне любіце, гаварыце ўсё не тоячыся.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Так, прынц, па нас пасылалі.

ГАМЛЕТ

Я скажу вам навошта. Мая здагадка папярэдзіць ваша прызнанне, і ваша тайна перад каралём і каралевай застанецца ў цэласці. Не так даўно (не ведаю чаму) я страціў усю сваю весялосць, адышоў ад сваіх прывычных заняткаў, і, сапраўды, настрой у мяне цяжкі, што гэты прыгожы будынак — зямля здаецца мне бясплоднай скалою; гэты раскошны полаг — паветра,— глядзіце! — гэта высокае неба, неабсяжны дах, усыпаны залатымі агнямі, уяўляецца мне, як бруднае і пошаснае злучэнне пары. Якая мастацкая работа — чалавек! Які ўзвышаны розум! Якія бяскрайнія здольнасці! Колькі цудоўнай экспрэсіі ў абліччы і рухах! Дзейнасцю падобен да анёла! Думкаю раўняецца з богам! Краса сусвету! Вянец жывога! А мне? Што мне гэта квінтэсенцыя праху! Мужчыны мне не падабаюцца, жанчыны таксама. Хаця, судзячы па вашай усмешцы, вы са мною не згодны.

РАЗЕНКРАНЦ

Прынц, я пра гэта не думаў.

ГАМЛЕТ

Дык чаго ж вы засмяяліся, калі я сказаў: мужчыны мне не падабаюцца? РАЗЕНКРАНЦ

Прынц, вы сказалі, што мужчыны вам не падабаюцца, і я падумаў: якая ж тады посная сустрэча чакае акцёраў. Мы з імі размінуліся па дарозе. Яны едуць сюды прапанаваць вам свае паслугі.

ГАМЛЕТ

Таго, хто іграе караля, прывітаю з радасцю; яго вялікасць атрымае ад мяне належную даніну. Адважны рыцар будзе арудаваць мячом і шчытом. Каханку не прыйдзецца ўздыхаць дарэмна. Комік дацягне спакойна ролю да канца. Блазен паказыча лёгкія смяшлівым. Гераіня выкажа свае пачуцці свабодна, калі не спатыкнецца аб белы верш. Што гэта за акцёры?

РАЗЕНКРАНЦ

Тыя самыя, што вам так падабаліся: гарадскія трагікі.

ГАМЛЕТ

Чаго ж яны вандруюць? Сталае памяшканне давала ім больш і славы і прыбыткаў.

РАЗЕНКРАНЦ

Я думаю, ім перашкаджаюць некаторыя новаўводзіны.

ГАМЛЕТ

Ці карыстаюцца яны той жа пашанай, што і раней, калі я быў у горадзе? Усё так жа ходзяць да іх?

РАЗЕНКРАНЦ

Не, ужо не так.

ГАМЛЕТ

Чаму ж? Заржавелі хіба?

РАЗЕНКРАНЦ

Не, яны стараліся і стараюцца. Але, на бяду, завялася там чарада дзяцей, дробных сакалят, якія гатовы перакрычаць любую ролю, і за гэта ім шалёна пляскаюць. На іх цяпер мода. I так яны бэсцяць і лаюць народны тэатр (гэта іх слова), што многія са шпагай, напалоханыя скрыпам гусіных пер'яў, баяцца хадзіць туды.

ГАМЛЕТ

Як? Дзеці? На чыім утрыманні? Якая аплата? Хіба яны будуць займацца гэтым рамяством, пакуль могуць спяваць? Ці не скажуць яны пасля, калі вырастуць у звычайных акцёраў (а гэта зусім магчыма, калі ў іх не знойдзецца нічога лепшага), што іх аўтары ім пашкодзілі, дазволіўшы ім пляваць у тую міску, з якой яны кормяцца?

РАЗЕНКРАНЦ

Шчыра кажучы, хапала работы і тым і другім. Народ не лічыць за грэх нацкоўваць іх на зваду. Адзін час п'еса зусім не давала збораў без кулачнага дыялогу паміж паэтам і акцёрам.

ГАМЛЕТ

Не можа быць!

ГІЛЬДЭНСТЭРН

О, такі быў мардабой, такі мардабой!

ГАМЛЕТ

I ўладу захапілі дзеці.

РАЗЕНКРАНЦ

Але, мой прынц; захапілі Геркулеса разам з глобусам.

ГАМЛЕТ

Нічога дзіўнага. Вось, напрыклад, мой дзядзька,— кароль Даніі, і тыя, што перакрыўлялі і дражнілі яго, калі жыў мой бацька, цяпер даюць дваццаць, сорак, пяцьдзесят, сто дукатаў за яго партрэт у мініяцюры. Чэрці, д'яблы! У гэтым ёсць нешта надзвычайнае, над чым варта было б пафіласофстваваць, калі б толькі філасофія памагла дакапацца...

 

Трубныя гукі за сцэнай.

 

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Вось і акцёры.

ГАМЛЕТ

Дарагія госці, з радасцю вітаю вас у Эльсіноры. Вашы рукі! Спадарожнікамі гасціннасці павінны быць далікатнасць і ўважлівасць. Дазвольце прывітаць вас вашым жа спосабам; а то іначай маё абыходжанне з камедыянтамі, якое, кажу вам, павінна быць знадворна бліскучым, будзе здавацца ласкавейшым, чым гэтая наша сустрэча. З радасцю вітаю вас, але мой дзядзька-бацька і мая цётка-маці — памыляюцца.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

У чым, дарагі мой прынц?

ГАМЛЕТ

Я — вар'ят толькі пры норд-норд-весце; калі вецер дзьме з поўдня, я адрозніваю сокала ад бусла.

 

Уваходзіць П а л о н і й.

 

ПАЛОНІЙ

Дзень добры, панове.

ГАМЛЕТ

Слухай, Гільдэнстэрн,— і ты таксама,— пастаньце кожны каля вуха; вось перад вамі вялікае дзіця, якое яшчэ не вылезла з плёнак.

РАЗЕНКРАНЦ

Як відаць, яно ўлезла ў іх паўторна, здзяцінеўшы пад старасць.

ГАМЛЕТ

Я прадказваю, яно прыйшло паведаміць аб акцёрах; заўважце.— Ваша праўда, пане мой, у панядзелак раніцай; так, так,— гэта было ў панядзелак.

ПАЛОНІЙ

А ў мяне ёсць свежыя навіны, прынц.

ГАМЛЕТ

I ў мяне ёсць свежыя навіны. Калі Росцый быў акцёрам у Рыме...

ПАЛОНІЙ

Акцёры прыехалі, прынц!

ГАМЛЕТ

Быць не можа!

ПАЛОНІЙ

Дальбог...

ГАМЛЕТ

«I кожны ехаў на асле...»

ПАЛОНІЙ

Найлепшыя акцёры ў свеце — для выканання камедый, трагедый, гісторый, пастаралей, п'ес пастаральна-камічных, гістарычна-пастаральных, трагічна-гістарычных, трагічна-камічна-гістарычна-пастаральных, сцэн непадзельных. I Сенека ім не лішне цяжкі, і Плаўт ім не лішне лёгкі. Для тэкстаў пісаных і тэкстаў няпісаных — незаменлівыя людзі. ГАМЛЕТ

«Іефай, ізраільскі суддзя», якім вялікім скарбам ты валодаў!

ПАЛОНІЙ

А якім ён валодаў скарбам, прынц?

ГАМЛЕТ

Якім?

«Была ў яго адна дачка —

Адзіначка-каханачка».

ПАЛОНІЙ

(убок)

Усё пра маю дачку.

ГАМЛЕТ

Што, мо няпраўда, стары Іефай?

ПАЛОНІЙ

Калі вы мяне называеце Іефаем, прынц, то ў мяне ёсць дачка, якую я вельмі люблю.

ГАМЛЕТ

Там гэтага не сказана.

ПАЛОНІЙ

А што там сказана, прынц?

ГАМЛЕТ Што?

«I паслаў яму лёс,—

А далей ты ведаеш.—

Прычакаў ён таго, што спаткала яго». Працяг ты знойдзеш у першым радку каляднае песні. Выбачай, мая пацеха блізіцца.

 

Уваходзяць акцёры.

 

Прывітанне вам, майстры! Заходзьце, калі ласка! — Вельмі рад, што ты тут.— Прывітанне вам, сябры мае.— А, мой стары прыяцель! Што гэта ў цябе за махры на твары? Іх жа раней не было. Ці не думаеш ты сваёю барадою засланіць ад мяне Данію? — А-а! мая паненачка, мая панначка! Маці божая, якая высокая! Стала бліжэй да неба з таго часу, як мы бачыліся, на цэлы абцас. Дай божа, каб твой голас не патрэскаўся, як чырвонец, якім не карыстаюцца. Майстры, вітаю вас. Мы, як французскія сакольнічыя, паляцім на першае, што ўбачым. Зараз жа рыхтуйце прамову. Дайце ўзор вашага мастацтва. Гарачую прамову!

ПЕРШЫ АКЦЁР

Якую жадаеце, прынц?

ГАМЛЕТ

Аднойчы я чуў, як ты гаварыў маналог; яго не давалі на сцэне, а калі давалі, то не больш аднаго разу, бо п'еса, помніцца мне, не спадабалася гледачам. Для большасці гэта была ікра, недаступны далікатэс, але то была (як успрыняў я і другія, чыя думка ў пытаннях мастацтва перавышае маю) — дасканалая п'еса, удала падзеленая на сцэны, напісаная тонка і проста. Я помню, нехта сказаў: у вершах няма прыправы, каб закрасіць змест і зрабіць яго смачным, але сэнс кожнае фразы сведчыць аб шчырасці аўтара. Ён назваў яго метад здаровым і добрасумленным, прыгожым без афектацыі. Найбольш мне спадабаўся ў ёй адзін маналог: Энеева апавяданне Дыдоне, асабліва той урывак, дзе ён расказвае аб забойстве Прыяма. Калі ён жыве ў тваёй памяці, пачні з гэтага радка; чакайце, чакайце.

«Суровы Пір, як той гірканскі звер...»

Не так; пачынаецца з Піра.

«Суровы Пір, што быў у чорнай зброі,

Такой жа чорнай, як яго намеры,

Як тая ноч, калі ў кані злавесным

Ён, грозна прытаіўшыся, ляжаў,

Сваю пахмурна жудасную постаць

Цяпер размаляваў яшчэ страшней;

Чырвоны ўвесь ад ног да галавы,

Умурзаны у кроў мужоў і матак,

Дачок, сыноў, у полымі падпалаў,

Якімі асвятляўся шлях забойчы,

Раз'юшаны агнём, злабой і кроўю,

Што накарэла згусткамі, з вачамі,

Як два карбункулы, пякельны Пір

Выгледжвае старэнькага цара

Прыяма...»

Ну вось, гавары далей.

ПАЛОНІЙ

Дальбог, прынц, вы добра прачыталі, і вымаўленне добрае, і вытрымана ўсё, як трэба.

ПЕРШЫ АКЦЁР

«Раптам ён яго знаходзіць

У бойцы з грэкамі. Прыямаў меч

Не слухаецца больш рукі нядужай,

Дзе ўдарыць, там і ляжа. Нібы звер,

У бой няроўны кідаецца Пір;

Са страшным свістам меч яго узвіўся

I аглушыў бяссільнага Прыяма,

I ён упаў. Змярцвелы Іліён,

Нібы адчуўшы на сабе удар,

Агністае чало схіліў, хіснуўся

I паваліўся. Енк і страшны грукат

Чаруюць Піра. Гляньце, меч яго,

Занесены над снежнай галавой

Цара Прыяма, вісне у паветры.

Нібы тырай, намаляваны пэндзлем,

Пастылы Пір стаіць, не давяршае

Ліхое справы.

Але, як часта бачым перад бурай:

У небе цішыня, як горы хмары,

Вятры нямеюць, і зямля унізе

Ляжыць панурая, як смерць, і — трах!

Вось ляснуў, бліснуў грамавы пярун,—

Дрыжаць прасторы... Так пасля зацішша

Ізноў да помсты ірвануўся Пір.

Яшчэ ніколі кавалі-цыклопы

Не білі малатамі ў Марсаў панцыр

Так ярасна, як Пір мячом крывавым

Прыяма біў і сек.

Прэч, прэч, Фартуна-здрадніца! О богі,

Паўстаньце ўсе на подлую і кола

Разбіце ёй, зламайце спіцы, вобад,

А шворан так шпурніце з вышыні,

Каб даляцеў да д'яблаў!»

ПАЛОНІЙ

Доўга вельмі.

ГАМЛЕТ

Трэба пакараціць, як і тваю бараду.— Будзь ласкаў, гавары, не слухай. Калі няма скокаў альбо пахабшчыны, ён спіць. Гавары далей. Цяпер пра Гекубу. ПЕРШЬІ АКЦЁР

«Ці бачыў хто пакутніцу-царыцу...»

ГАМЛЕТ

Пакутніцу-царыцу?

ПАЛОНІЙ

Гэта добра; пакутніцу-царыцу — добра.

ПЕРШЫ АКЦЁР

«Як з плачам бегла босая яна,

Слязамі горкімі пажар гасіла;

Замест вянца на галаве ануча,

Худыя лоні, змучаныя ў родах,

Наспех прыкрыты посцілкай. О гора!

Хто б гэта бачыў, той гадзючай слінай

У твар Фартуны плюнуў бы. О богі,

Дзе вы былі ў той час, калі яна

Угледзела, як мужавае цела

Крышыў мячом асцервянелы Пір?

Нялюдскі лямант залунаў над трупам,—

Яна рыдала. Богі, каб хоць кропля

У вас была спагады, то з вачэй

Нябесных, ясных паліліся б слёзы,

I вы б не выцерпелі...»

ПАЛОНІЙ

Глядзіце, ён змяніўся з твару, ён плача. Калі ласка, даволі.

ГАМЛЕТ

Добра, рэшту мне даскажаш пасля.— Не палічыце за клопат, пане, прыняць і пачаставаць акцёраў. Глядзіце, абыходзьцеся з імі добра. Гэта наглядчыкі і летапісцы часу. Лепей табе мець пасля смерці паганую эпітафію, чым благое слова ад іх пры жыцці.

ПАЛОНІЙ

Прынц, я прыму іх як належыць.

ГАМЛЕТ

Прымі іх лепей. Каб кожнага прымалі як належыць, наўрад ці знайшоўся б такі чалавек, якому б не належала даць у морду. Прымі іх як належыць твайму гонару і тваёй годнасці. Чым меншыя ў іх заслугі, тым большага будзе варта твая дабрата. Вядзі іх.

ПАЛОНІЙ

Прашу вас.

ГАМЛЕТ

Ідзіце за ім, сябры. Заўтра мы даём спектакль.

 

Выходзяць Палоній і акцёры, за выключэннем першага.

 

Паслухай, стары прыяцель, ці можаце вы сыграць «Забойства Ганзага»? ПЕРШЫ АКЦЁР

Можна, прынц.

ГАМЛЕТ

Вось гэта мы і дадзім заўтра ўвечары. А ці можна, у выпадку патрэбы, вывучыць маналог, так радкоў на дванаццаць альбо на шаснаццаць, які я

ўстаўлю ў п'есу, можна будзе, а?

ПЕРШЫ АКЦЁР

Можна, прынц.

ГАМЛЕТ

Вельмі добра. Ідзі за гэтым чалавекам... Толькі, будзь ласкаў, не рабі з яго жартаў.

 

Першы акцёр выходзіць.

 

Дарагія сябры мае, я развітаюся з вамі да вечара. Рад вас бачыць у Эльсіноры.

РАЗЕНКРАНЦ

О найдабрэйшы прынц!

 

Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.

 

ГАМЛЕТ

Бывайце ўсе, і — я адзін цяпер.

Якая дрэнь, які нявольнік я!

I мне не сорамна!.. Вось тут акцёр

У пустаце, у выдуманым горы

Аддаў душу ва ўладу уяўлення:

Ў запале творчым пабляднеў увесь,

Набеглі слёзы буйныя на вочы,

Зламаўся голас, твар яўляе роспач,

I кожны рух яго уторыць марам.

А ўсё дзеля чаго? Дзеля Гекубы!

Што ён Гекубе, што яму Гекуба,

Каб так аб ёй рыдаць? Што ён зрабіў бы,

Каб меў прычыну сталую для смутку,

Як я!.. Ён бы заліў слязамі сцэну,

Грамадскі слых рассек бы страшным словам,

Давёў бы вінаватых да вар'яцтва,

Бязвінных да адчаю, слепакам

Адкрыў бы вочы, ўзварушыў бы ўсіх,

I ўсе б зжахнуліся. А я,—

Балван, нікчэмная разява, я

Стаю, ўздыхаю, як дзіця малое,

Не ведаючы сам, чаго мне трэба;

Маўчу, не заступаюся ні словам

За бацьку роднага, скарб і жыццё

Ў якога ўкрадзены агіднай здрадай,

Я — баязлівец?

Гэй, вы! Хто абзаве мяне падлюгай?

Хто дасць у морду мне? За нос пацягне?

Хто вырве бараду і ў твар мне кіне?

Хто скажа «здраднік», «хлус», абразу ўсадзіць

У горла мне да самых лёгкіх? Хто?

Эх!

Я б гэта выцерпеў, не абазваўся б;

Я — голуб, печань у мяне без жоўці,

Каб горыч крыўды адчуваць, а то

Даўно ўжо накарміў бы ўсіх варон

Раба разлезлым трупам. Блудадзей!

Паскуднік, крывапівец, гад, падлюга!

О, я адпомшчу!

Ну і асёл жа я! Які адважны!

Сын любага, загубленага бацькі,

Закліканы да помсты небам, я

Душу адводжу лаянкай, як шлюха,

Мялю ўпустую языком, як баба,

Як пакаёўка.

Цьфу, брыдка, брыдка! Цьфу! Мазгі да справы!

Гм? Чуў я, што ў тэатры ліхадзеі

Бывалі так мастацкаю ігрою

Узрушаны часамі, што нарэшце

Публічна прызнаваліся ў злачынствах.

Дык вось няхай акцёры перад дзядзькам

Пакажуць што-небудзь, што б нагадала

Яму забойства брата. Пагляджу,

Што будзе з гэтага, як ён успрыме.

Калі ён дрогне,— ясна ўсё. Той дух

Мог быць і д'яблам, д'ябал жа умее

З'яўляцца ў вобразе спакусным. Так,

Магчыма. Я аслаб, засумаваў;

Ён гэтым карыстаецца і хоча

Згубіць мяне. Патрэбен цвёрды грунт.

Паставім п'есу: пастка і пятля,—

I выявім сумленне караля.

(Выходзіць.)

Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=89 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гамлет, прынц Дацкі — акт другі

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

Для друку   /   Уільям Шэксьпір

Mel Gibson
Mel Gibson