Пра праект Litaratura.org
1) Калі ласка, раскажыце крыху пра геаграфію вашага сайта, пра асноўныя рубрыкі: іх назвы і змест.
Ян: Нашы рубрыкі не нясуць нейкай асаблівай канцэптуальнай нагрузкі. Задума была, каб зрабіць сайт зручным як для абслугі, то бок, для выстаўленьня тэкстаў мною і Сяргеем ды мадэрнізаваньня мэханізму і дызайну сайту нашым інжынэрам і тэхнічным мозгам Алікам, так і для арыентацыі карыстальнікаў, якія захочуць нешта прачытаць на сайце, друкануць зь яго або згрузіць на свой кампутар. А таму першая рубрыка — Чытальня — гэта месца, куды ў першую чаргу мы ставім тэксты, якія прызначаюцца, так сказаць, для чэрпаньня эстэтычнай асалоды зь літаратуры. У гэтай рубрыцы можа будзе зайсьці ня толькі паэзію і мастацкую прозу, але і ўсялякага роду літаратурныя ці калялітаратурныя эсэ. У Вітальню мы наогул ставім тэксты інфармацыйна-біяграфічнага характару пра творы і пісьменьнікаў. І будзем тут зьмяшчаць інтэрвію зь пісьменьнікамі і перакладчыкамі. Старажытню мы прыдумалі для рэчаў з ХІХ стагодзьдзя і старэйшых — чыста тэхнічны ход, каб кожны ведаў, дзе ў першую чаргу шукаць перакладаў Уільяма Блэйка або Эдгара Алана По. У Дзівотні мы зьмяшчаем рэчы, якія можна было б зьмясьціць і ў Чытальні, калі б густы беларускага чытача не былі такія цнатлівыя і калі б розныя лексыкальна-стылістычныя і фабулярныя выкрутасы (скажам, „Дзявочы дзёньнік” Эгана Бонды або „Лучок над ыпсылёнам” Эдварда Стахуры) успрымаліся з такой самай ступеньню даверу (або недаверу), як дабротныя рэчы літаратурнага мэйнстрыму (прыкладам, як Патрык Мадыяно ці Генрык Нордбрант). Дарэчы, шмат якія тэксты заклясыфікаваныя якраз да гэтых абедзьвюх рубрык — Чытальні і Дзівотні. Прыпісаньне да Дзівотні павінна быць сыгналам для наведнікаў сайту, што тэкст нейкімі сваімі парамэтрамі выліваецца зь дзежкі мэйнстрыму. Рубрыка Александрыя прызначаная адмыслова для Сяргея. Агульна кажучы, рубрыкі для нас — справа другой або і трэцяй важнасьці. Справай першай важнасьць зьяўляецца тэкст, які альбо хочацца чытаць, альбо не. Калі не, дык ніякая рубрыка не дапаможа.
Сяргей: Пра Александрыю. Александрыя – гэта горад. Але ня толькі й ня проста горад у Эгіпце. Гэта адна з найвялікшых гістарычных і літаратурных містыфікацыяў. Горад Аляксандра Македонскага, які ніколі яго не пабачыў. Культурная сталіца антычнага сьвету зь неабсяжнай Бібліятэкай, зьнікненьне якой захінута ад нас гістарычнай імглою. Горад аднаго зь сямі старажытных цудаў сьвету – Маяка, які вабіў сваім прывідным сьвятлом падарожнікаў з Эўропы. Горад, вакол якога ў ХХ стагодзьдзі была створаная неверагодная культурная міталёгія, пра якую ў нас да нядаўніх часоў мала што было вядома. Пра ўсё гэта будзе ў нашай „Александрыі”.
Дарэчы, да гэтай тэмы мае даўняе і непасрэднае дачыненьне Алік – у далёкім 1990(?) годзе, калі ён працаваў на Ватыканскім радыё (!), Ян папрасіў яго неяк здабыць „Александрыйскі квартэт” Лорэнса Дарэла, той пераадрасаваў просьбу падрэ Робэрту Тамушанскаму, які якраз выбіраўся ў Амэрыку. Падрэ прывёз блёк з чатырох кніжак Аліку ў Ватыкан, Алік Яну ў Беласток, а я ў Беластоку, раз узяўшы тыя кнігі ў рукі, забраў іх сабе, адбіўшыся абяцаньнем іх перакласьці. Ад таго часу мяне зачаравала магія Александрыі, і, хоць кнігі ў мяне даўно забрала дачка, не расстаюся з марай перакласьці гэты твор. (Пра кожнае слова з гэтага абзацу можна было б напісаць ладны разьдзел авантурнага раману...)
2) Ва ўступным слове пра праект вы напісалі, што:
„Нам захацелася зрабіць сайт, прысьвечаны стварэньню мастацкіх тэкстаў/перакладаў на беларускай мове і ўсяму іншаму, што гэткаму занятку можа спадарожнічаць — абмеркаваньню пісьменьніцкіх/перакладчыцкіх посьпехаў і паразаў, як сваіх, так і чужых; тэарэтычным пытаньням літаратуры (прыкладам, ці варта зьвяртаць увагу на графаманаў); практычным пытаньням перакладу (прыкладам, як адэкватна перакласьці das schwerste Gewicht або ці трэба стылізаваць мову ў перакладах тэкстаў сівой мінуўшчыны); высьвятленьню, якія бардэлі наведваў Лорэнс Дарэл у Александрыі; абмену інфармацыяй, што вартага ўвагі мы прачыталі апошнім часам; пошуку аорысту ў палескай і харвацкай мовах; прэзэнтацыі няведамых шырэйшай публіцы літаратураў (прыкладам, угандыйскай на нідэрляндзкай мове); і кучы іншых, дагэтуль не закранутых у беларускім літаратурным дыскурсе, пытаньняў”.
Скажыце, калі ласка, якім чынам гэты даволі размаіты матэрыял вы плануеце размяшчаць на сайце? Ці будзе на сайце створаная асобная пляцоўка (рубрыка?) для вольнай камунікацыі перакладчыкаў?
Ян: Усё гэта можна было б паразьмяркоўваць і па рубрыках, якія ўжо ёсьць на сайце. Але вы безумоўна маеце рацыю, што сайту бракуе яшчэ адной рубрыкі — дыскусійнага форуму, дзе кожны, каму рупіць нешта сказаць пра літаратуру, як беларускую, так і сусьветную, мог бы гэта беспраблемна і лёгка зрабіць ды паслухаць меркаваньні іншых. Алік працуе над вырашэньнем гэтага пытаньня, паколькі такі форум плянаваўся намі з самага пачатку. Назва гэтага форуму будзе сугучная з назвамі ўжо запушчаных рубрык — Гаварыльня. Найважнейшая рэч аднак у тым, каб максымальна спрасьціць фармалізацыю ўдзелу ў нашай Гаварыльні і адначасна ня ўляпацца ў сытуацыю, у якую канчаткова ўляпаўся сайт Litara.net, які стартаваў як шматабяцальная пляцоўка знаёмства з сучаснымі тэндэнцыямі ў беларускай літаратуры, а скончыў як жахлівая „брахалаўка”, дзе кожны, хто толькі пажадаў, мог ліць сваю жоўць і вытрасаць запасы душэўнай пацярухі. Пацярпела на гэтым якраз літаратура, якая дала адтуль драпака першая і ніколі потым не вярнулася.
Сяргей: Дарэчы, наш праграміст-альхімік Алік рыхтуе на сайце адзін тэхналягічны сюрпрыз – нешта заалягічнае, таямнічае і трошкі страшнаватае. Мы зь Янам яшчэ й самі яго ня бачылі і маем толькі цьмянае і трывожнае ўяўленьне аб ім – чакаем зь нецярпеньнем...
3) Адкрыйце таямніцу: што сапраўды адбываецца ў пятніцу? На што вы абапіраецеся пры адборы твораў для публікацыі на сайце? Ці існуюць нейкія пэўныя чыннікі? Або пры адборы вы кіруецеся адно асабістымі сімпатыямі?
Сяргей: Мы зь Янам працуем кожны дзень побач – за якіх сем мэтраў адзін ад аднаго. Але працы на працы столькі шмат, што ў нас часам нават няма часу на тое, каб сесьці і прагледзець разам на YouTube відэакліп якога-небудзь „Fokus’a”, „Camel’a” або „Gentle Giant’a” або якога іншага даўнозабытага рок-дыназаўра з нашай невізуальнай маладосьці. Пра тое, каб пагаварыць пра літаратуру, пераклады, мовы ды іншыя Тлёны і Укбары, нават і думаць няма чаго.
А ў пятніцу а шостай мы на нейкі час – свабодныя людзі і перад намі адкрываецца ўвесь сусьвет. За больш чым дзесяць гадоў, што мы разам жывем у Празе, мы зьведалі алькагольную тапаграфію Вінаградаў і Жыжкава, Градчанаў і Нусьляў, можам адрозьніць паводле ліпкасьці плямы на стале „Лобкавіц” ад „Гамбрынуса”, ведаем у якой пасьлядоўнасьці трэба піць „Келт”і „Вэлвэт”, колькі дэцыбэлаў за хвіліну можна вытрываць у Грабалавай гасподзе „У залатога тыгра” ды шмат іншых карысных дробнасьцяў.
Але галоўнае, што адбываецца падчас такіх экспэдыцыяў – гэта падарожжы ў прасторы й часе па літаратурным сьвеце. Цэлы тыдзень мы чытаем нейкія кнігі, пэрыёдыкі, інтэрнэт-матэрыялы, купляем кнігі, слоўнікі, дыскі - у кожнага з нас набіраецца досыць рэчаў, пра якія сьвярбіць язык пагаварыць у буднія дні, але дзеля занятасьці трэба чакаць да пятніцы.
Пятніцамі мы некалі рэдагавалі кароткатрывалы часапіс „Правінцыя” – звычайна гэта адбывалася ў іншай Грабалавай мясьціне – рэстаране „Тлумная адзінота”. Але ад нядаўняга часу мы пачалі засвойваць прынцыпова іншыя мэтафізычныя абсягі – праскія чаёўні. Там можна сесьці, або й легчы, калі ёсьць месца на адмысловых дыванах, замовіць эстэцкую японскую судзіну зь нейкім дзівотным напоем і працягваць размовы, пачатыя яшчэ гадоў дваццаць таму. Менавіта ў „Добрай чаёўні” – фантасмагарычным аазісе пасярод абрыдла-турыстычнай Вацлаўскай плошчы – мы рыхтуем гэтыя нататкі.
Што да выбару твораў на сайце – Вы ўгадалі. Мы кіруемся асабістымі сымпатыямі. Сымпатыі гэтыя часам бываюць дзіўныя і нестандартныя, але мы спадзяемся на тое, што знойдзецца нямала людзей, наладжаных на тую самую хвалю і што ім гэткая суб’ектыўнасьць выбару падасца якраз плюсам.
4) З развіццём інтэрнэту на Захадзе востра падымаецца пытанне аўтарскіх правоў. Не сакрэт, што з творамі ў электронным выглядзе іх захоўваць нашмат цяжэй. Скажыце, калі ласка, ці збіраецеся вы нейкім чынам захоўваць правы аўтараў і перакладчыкаў на вашым сайце?
Ян: Мы не зьбіраемся ніякім чынам выкарыстоўваць чужую інтэлектуальную ўласнасьць дзеля асабістага ўзбагачэньня. Мы не прадаем ні перакладаў, ні доступу на наш сайт, ні чаго іншага. Гэта, зразумела, не апраўданьне таго, што мы ня надта рупімся пра здабываньне дазволаў на публікацыю таго або іншага перакладу ад уласьнікаў аўтарскіх правоў на арыгінал, але гэта — абсалютна чыстая сытуацыя ў асабістым пляне, якая запэўнівае нам зь Сяргеем маральны камфорт і спакойны сон. А што тычыцца патэнцыйных канфліктаў зь нейкімі уласьнікамі аўтарскіх правоў, дык мы ў адну пятніцу прыйшлі да высновы, што для ўсяго таго, у што мы верым і дзеля чаго працуем у літаратуры, было б калясальна карысна, каб на нас як на свайго роду выдавецкіх піратаў падалі ў суд недзе ў Цурыху або ў Дубліне, або хоць бы ў Варшаве. Як думаю, сьвет пры гэтай нагодзе дазнаўся б шмат цікавага як пра практычныя, так і тэарэтычныя пытаньні беларускай літаратуры і, шырэй, беларускай культуры. Надзея, што нехта да гэтага калісьці дадумаецца, не дазваляе нам апусьціцца ў адчай і распластацца пад канстатацыяй, што ўсім у замежжы, акрамя мяне і Сяргея ў Празе ды Аліка ў Беластоку, насамрэч ужо напляваць на беларускую літаратуру. Што тычыцца беларускіх аўтараў і перакладчыкаў, якім захочацца пачапіць нешта сваё на нашым сайце, дык зразумела, што гэта будзе адбывацца толькі зь іх ведама і згоды. Ды, зразумела ж, зь іхнай творчай сатысфакцыяй.
5) На дадзены момант на сайце дамінуюць перакладныя творы. А што з арыгінальнай літаратуры знойдзе месца на вашым сайце?
Ян: Я думаю, што Сяргееў цыкл „Александрыя” мае шанец скласьці адзін з самых арыгінальных твораў беларускай літаратуры. А калі гаварыць пра іншых, дык, шчыра кажучы, я пра гэта яшчэ ўсур’ёз ня думаў. Мы цяпер толькі на тым этапе, калі сьцьвярджаем саміх сябе і свой сайт у беларускай кібэрпрасторы, стараемся паказаць, у чым яго адрознасьць ад усяго іншага, прызвычайваем прыхільнікаў літаратуры да таго, чаго яны могуць спадзявацца ад нас. Я маю надзею, што як перакладчыкі, так і гэтак званыя арыгінальныя аўтары час ад часу заглядваюць на наш сайт і прыкідваюць — варта з намі неяк зьвязацца (то бок, павесіць нейкі свой тэкст у нас) або не. Каб запэўніць сабе файных супрацоўнікаў ці проста верных чытачоў, трэба спачатку самому нешта сапраўды вартае ўвагі прапанаваць. Пакуль што пытаньне, штó я магу прапанаваць іншым, для мяне значна важнейшае, чым пошук таго, штó могуць прапанаваць іншыя мне.
Сяргей: Тут галоўную ролю адыграе той самы адвольна-суб’ектыўны чыньнік. Нашы пераклады ў суме ўтвараюць даволі гарманічны сусьвет, абрысы, гукі й колеры якога можна бязь цяжкасьці намацаць, пачуць і адчуць. І нам у рэшце рэшт няма розьніцы, на якой мове створаны твор, які ў той наш сусьвет упішацца – калі нешта такое нехта напіша па-беларуску, дык яшчэ й лягчэй – ня трэба мучыцца перакладаць. Я ўжо нават ведаю як найменей аднаго а то й двух такіх беларускіх аўтараў.
6) Як вы самі сказалі, гэта праект „не камерцыйны, а амбіцыйны”, і прызначаны ён для публікацыі твораў і перакладаў, што раней пісаліся і перакладаліся ў стол. Але ці маеце вы планы перакладаць нешта адмыслова для сайту, або нават замаўляць перакладчыкам канкрэтныя творы?
Ян: Я асабіста маю такі намер. Я зразумеў, што ніякае беларускае выдавецтва ні цяпер, ні праз 10 гадоў ня ў змозе гарантаваць мне лепшай камунікацыі са спажыўцамі літаратуры, чым інтэрнэтны сайт, а таму ўсё тое, што я рабіў дагэтуль для розных папяровых выданьняў, я цяпер перакіроўваю ў электроннае рэчышча. Зразумела, я буду рабіць новыя пераклады адмыслова для сайту. Фактычна, я іх ужо раблю. Адно што пакуль ня хочацца гаварыць пра канкрэтных аўтараў і канкрэтныя загалоўкі — няхай у публікацыях на нашым сайце прысутнічае элемэнт пэўнай нечаканасьці і неспадзяванкі.
7) Дарэчы, каго б з іншых перакладчыкаў вы хацелі бачыць на вашым сайце?
Ян: Ведаеце, я хацеў бы бачыць такога перакладчыка, які прапанаваў бы нам харошы пераклад „Падарожжа на ўскрай ночы” Сэліна або, напрыклад, пераклад нейкага апавяданьня Генры Джэймса. То бок, мяне асабіста ня так вабіць нейкае прозьвішча перакладчыка, які ўжо зрабіў сабе імя, добра пераклаўшы нешта вартае ўвагі, як пэўныя аўтары і творы ў сусьветнай літаратуры, якіх і якія мне хацелася б убачыць у беларускім люстры.
Сяргей: Тых, хто перакладзе творы, якія нам хацелася б пабачыць на сайце, але перакласьці якія мы самі ня можам – ня ведаем мовы і/або ня маем часу на тое, каб іх вывучыць. Так, хацелася б, каб нехта (і гэтага некага мы нават ведаем) пераклаў пару кніг Архана Памука (найперш „Стамбул”, „Чорную кнігу” і „Я завуся Чырвоная”).
8) Ваш праект па амбітных планах і даволі шырокім ахопе літаратурнага матэрыялу мог бы ператварыцца ў літаратурны партал. Як вы ставіцеся да гэтай ідэі?
Ян: Я — даволі скептычна, хоць прызнаюся, што і ня ў змозе ўявіць сябе дастаткова ўцямна, што такое літаратурны партал. Рэч у тым, што Літаратура.org робіцца без адной капейчыны дафінансаваньня, а таму ўсе фінансавыя наклады ды ўвесь матэрыяльны і інтэлектуальны цяжар утрыманьня сайту кладзецца на плечы і мазгі трох чалавек, якія штодзень цяжка працуюць у іншых сфэрах, каб запэўніць утрыманьне сабе і сваім сем’ям. На пераклады мне і Сяргею застаецца фактычна толькі час у выходныя ці падчас водпуску. У такой сытуацыі, зразумела, забава зь літаратурным парталам абсалютна немагчымая. Даглядаць такі партал мог бы, кажучы тэарэтычна, мой брат Аляксандар, калі б яму ня трэба было працаваць на хлеб так, як ён працуе цяпер, ствараючы інтэрнэтныя сайты для розных людзей у Заходняй Эўропе. Ён зрабіў нам зь Сяргеем файны сайт і цацку на наступныя 10 гадоў задарма і з ахвотай, бо, як сам кажа, па-першае, любіць літаратуру, па-другое, я — ягоны брат, і па-трэцяе, яму, як і мне, робіцца моташна ад тых незьлічоных грантавых праектаў у беларускай кібэрпрасторы, якія нікому, акрамя саміх грантаатрымальнікаў, нецікавыя і непатрэбныя. Але рабіць нам нейкі партал мой брат ня стане, дый нам ня трэба. Усе трое мы дакладна ўсьведамляем, што беларускі літаратурны патэнцыял (уключаючы ўсіх перакладчыкаў) не настолькі моцны, каб запэўніць напаўненьне такога парталу на прыстойным узроўні. Дый наш нацыянальны „хутаранскі мэнталітэт” — раскіданасьць розных інтэлектуальных ініцыятываў па розных хутарах-сайтах і неахвота аб’ядноўвацца вакол чагось, што патрабуе перш за ўсё зьвілістых мазгоў, а не абаротлівых языкоў — не спрыяе такім пачынам.
Сяргей: Не. Ніякай гігантаманіі. Аксана Бязьлепкіна ўжо некалі паказала, што гэта шлях у нікуды. Мы нават і назву сайта ня лічым залішне амбітнай – ну літаратура й літаратура. Нам гэтае слова проста падабаецца.
(Інтэрвію для часопісу перакладной літаратуры „ПрайдзіСвет”, якое было апублікавана на сайце Prajdzisvet.org пад канец 2009 году.)
Літаратура.org — https://litaratura.org/pra-nas?artid=82 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра праект Litaratura.org
Для друку / Пра нас