Пра нас
Шаноўныя Сябры!
Думка зрабіць сайт пад назвай Літаратура.org прыйшла нам да галавы летась. Сардэчна Вас запрашаем да супрацоўніцтва ў яе ажыцьцяўленьні, калі палічыце іх (думку і галаву) вартымі ўвагі і пэрспэктыўнымі.
Нам захацелася зрабіць сайт, прысьвечаны ствараньню мастацкіх тэкстаў/перакладаў на беларускай мове і ўсяму іншаму, што гэткаму занятку можа спадарожнічаць — абмеркаваньню пісьменьніцкіх/перакладчыцкіх посьпехаў і паразаў, як сваіх, так і чужых; тэарэтычным пытаньням літаратуры (прыкладам, ці варта зьвяртаць увагу на графаманаў); практычным пытаньням перакладу (прыкладам, як адэкватна перакласьці das schwerste Gewicht або ці трэба стылізаваць мову ў перакладах тэкстаў сівой мінуўшчыны); высьвятленьню, якія бардэлі наведваў Лорэнс Дарэл у Александрыі; абмену інфармацыяй, што вартага ўвагі мы прачыталі апошнім часам; пошуку аорысту ў палескай і харвацкай мовах; прэзэнтацыі няведамых шырэйшай публіцы літаратураў (прыкладам, угандыйскай на нідэрляндзкай мове); і кучы іншых, дагэтуль не закранутых у беларускім літаратурным дыскурсе, пытаньняў.
Зразумела, касьцяком усяго праекту будзе публікацыя тэкстаў, як арыгінальных, так і перакладных. Паколькі нашы ўласныя дачыненьні да літаратуры абмяжоўваюцца наогул перакладаньнем, сайт пачынаем менавіта ад публікацыі перакладаў. Але абяцаем, што гэтак званая арыгінальная літаратура (Літаратура.orig, так бы мовіць) таксама знойдзе належнае ёй месца (гэта значыць — раўнапраўнае) на сайце.
Мы не замахваемся, каб публікаваць поўны збор твораў Чарлса Дыкенса ці хоць бы толькі ягоныя „Great Expectations”. Але, напрыклад, „Dr Jekyll and Mr Hyde” Стывэнсана — why not? Ня згадваючы ўжо пра Стывэнсанаў „Cryptonomicon”, гэта значыць, пра нейкі фрагмэнт гэтага твору.
Думаем, што большасьць даўжэйшых рэчаў на гэтым сайце будзе зьяўляцца, з розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў, хутчэй як фрагмэнты, чым як закончаная цэласьць. Мы традыцыяналісты, і лічым, што для цэласьці наогул лепш падыходіць традыцыйнае, кніжнае выданьне, якое можна ня толькі пагартаць, але і панюхаць.
Мы ведаем, што немалы гурт людзей, расьцярушаных па ўсім сьвеце, час-часам сядае пры кампутары, каб нешта напісаць па-беларуску і парадаваць сябе ды сваіх сяброў і блізкіх. Чаму не разьдзяліць гэтай радасьці ў крыху шырэйшым коле?
Litaratura.org — гэта не камэрцыйны, а, так бы мовіць, амбіцыйны праект. Ніхто на ім не зарабляе ніякіх грошай, а працуе толькі дзеля Сваёй Асабістай Славы і Нашай Агульнай Бацькаўшчыны — Беларускай Мовы.
У нас — Максімюкоў і Шупы — калісьці ўжо быў адзін некамэрцыйна-амбіцыйны праект — часопіс „Правінцыя” (http://pravincyja.republika.pl/). Часопіс паціху сканаў пасьля выданьня двух папяровых нумароў, але ад яго засталося нам некалькі цьвёрдых мазалёў і высноваў. Найважнейшыя з гэтых мазолістых высноваў дзьве: а) без салідных грошай і спонсараў няма сэнсу замахвацца на папяровае выданьне літаратурнага часопісу (нават калі наскрабуцца грошы на друк і сымбалічныя ганарары, то праблема эфэктыўнага распаўсюду і так не вырашаецца); б) калі аўтары пагаджаюцца зьняць праблему грошай, дык інтэрнэтная вэрсія часопіса здымае ўсе іншыя праблемы.
Ну, амаль усе іншыя праблемы. У выпадку часопісу мастацкай літаратуры застаецца праблема аўтарскіх правоў і дазволу ўласьніка гэтых правоў на публікацыю тэксту. Але давайце цяпер, на золку гэтай ідэі, не дурыць сябе галавы такім пытаньнем. Важнае на пачатак іншае — джэнтльмэнская дамова дзясятка чалавек, якія будуць дзяліцца сваімі пісьменьніцкімі/перакладчыцкімі радасьцямі, нават фрагмэнтарнымі, на старонцы Litaratura.org, а ня толькі перакладаць у сваю шуфляду ці для капітана Гранта, якому найчасьцей напляваць на тое, ці плодзяцца ў яго дзеці, ці байструкі.
Што будзем публікаваць?
Усё тое, пра што нам хочацца распавесьці сябрам за півам або келіхам віна надвячоркам у пятніцу, калі думкі на момант вызваляюцца ад абавязковага ў жыцьці і зьвяртаюцца да неабавяковага. А ўсё іншае, пра што ня хочацца гаварыць у такіх абставінах, не публікуем.
Беласток — Прага, верасень 2009
Літаратура.org — https://litaratura.org/pra-nas?artid=4 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Пра нас
Для друку / Пра нас