Дыханне разрэджаным паветрам
З трох гісторый, якія складаюць кнігу Ігара Бабкова “Хвілінка. Тры гісторыі”, гэтай назвы заслугоўвае перш за ўсё сярэдняя гісторыя, якая называецца “Паветраны шар”. Дзеі, якія апісваюцца ў гэтым тэксце, магчыма без праблемаў заякарыць у канкрэтным гістарычна-палітычным часе Беларусі. Чаго нельга сказаць пра дзве астатнія часткі “Хвілінкі” — “Партрэт мастака, нябачны ў сутонні” і “Гексаграма сун: супчык са шпінату”, — у якіх “гістарычнасць” даволі ўмоўная або і наогул адсутнічае. Але пра гэта — пазней.
У сваю чаргу “Паветраны шар” складаецца з апісання трох сітуацый, у якія патрапляе адзін з трох галоўных герояў “Хвілінкі” — апазіцыйны палітык (“змагар”) Багдан.
Першая з гэтых сітуацый — архетыпна беларуская. Багдан, якому трэба давезці грошы рэгіянальным змагарам у паўночнай частцы краіны перад важнай выбарчай кампаніяй (час гэтай кампаніі можна памясціць у нулявых гадах нашага стагоддзя), зашываецца на некалькі дзён у пушчанска-азёрных нетрах сінявокай дзесьці каля дамоўкі Шляхціца Завальні і апынаецца на астраўку, з якога назаўтра не можа выбрацца назад. Астравок уначы адлучыўся ад берагу, на якім засталася Багданава машына, і пайшоў у свабоднае плаванне, павялічваючы на адну адзінку і без таго пярэста-мініяцюрны Архіпелаг Беларусь. Усю гэтую сітуацыю аўтар апісаў у манеры балотна-азёрнага рамана жахаў, прататып якога стварыў усім нам на пацеху Ян Баршчэўскі. Выратаванне прыходзіць у апошнюю хвіліну, калі Багдан усведамляе, што на адлеглым беразе возера, адкуль пачуліся галасы, сабралася вясёлая кампанія на чале з “князем малпаў” Сунь Укунам з тоўстага кітайскага раману ХVI стагоддзя “Падарожжа на Захад”, якая ў гэты момант выпрабавання прыйшла Багдану на дапамогу. Кнігу “Падарожжа на Захад” Багдан, зразумела, меў увесь час пры сабе як магічны талісман. Я больш чым упэўнены, што Лідзія Міхеева, якая назвала “Хвілінку” магічным раманам, мела якраз сцэну Багданавага выратавання на ўвазе. Багдан змайстраваў плыт (даволі натуральны ход у ягонай сітуацыі, праўда?) і паплыў наперад, насустрач згаданай кітайскай кампаніі. Пытанне, што ён зрабіў з грантавымі грашмі на выбары, засталося па-за кадрам.
Чытаючы гісторыю выратавання Багдана, я раз-пораз згадваў яскравае апавяданне Андрэя Федарэнкі “Пеля”, у якім апісваецца падобная жахлівая сітуацыя на балотным астраўку, з якога герой, налавіўшы папярэдне з паўпуда карасёў, не можа вырвацца і вярнуцца дахаты. Ды ўсё ж, правёўшы ноч пасярод здрадлівай твані з п’яўкамі і гадзюкамі, раніцай alter ego Федарэнкі знаходзіць упэўненую, картэзіянскую сцежку на бераг. Бабкоў жа не можа і кроку ступіць без сваіх будысцкіх фокусаў і гексаграмаў...
Іронія і гумар у прозе Бабкова найчасцей схаваныя ў кантэкстах і падтэкстах ягоных гісторый. Я не ўпэўнены, ці чытаў ён згаданае апавяданне Федарэнкі, але перакананы, што ягоная дзэн-будысцкая ўсмешка кантэкстуальна адрасуецца і гэтаму картэзіянскаму аўтару.
У “Паветраным шары” аўтар распавядае яшчэ адну гісторыю пра выратаванне ці, дакладней сказаць, пра ўцёкі. Гэтая гісторыя — цэнтральная для ўсіх трох частак кнігі пад назвай “Хвілінка” і, мабыць, для трох наступных, якія аўтар мяркуе напісаць, каб завершыць свой раман-павуту. Таму, мабыць, гэтая гісторыя мае абсалютна дакладныя часава-прасторавыя каардынаты — яна адбываецца 24 жніўня 1984 года на калідоры і ў ленінскім пакоі інтэрната на вуліцы Свярдлова 34 у Менску. У гэты дзень у гэтым месцы выпадкова знаёмяцца трое герояў раману — Багдан, Францішак і Эва Дамініка — ды сплятаюць свае лёсы на ўсё пазнейшае жыццё. Эпізод распівання дзвюх бутэлек мадэры ў замкнутым знутры ленінскім пакоі і танцы пры гуках гучнай музыкі з грамафону з’яўляюцца выклікам палітычнай сістэме, якая неўзабаве з’яўляецца пад дзвярыма ў выглядзе ўсеўладнага вахцёра Джо і сціжмы студэнтаў-стукачоў. Гэтым разам сродак выратавання і ўцёкаў — паветраны шар — змайстраваў паэт Францішак. Перад тым, як уз’няцца ў паветра, тройка пазбылася непатрэбнага баласту — выкінула з акна інтэрната поўны збор твораў Маркса і Энгельса. Ну, метафара збольшага зразумелая... Тройка ўцякла ўвысь, там дзе паветра больш чыстае. Фізік, які сядзіць ува мне, падказвае мне, што паветра там і больш рэдкае... Ці вальней ім дыхаецца — гэта яшчэ пытанне. І гэта для мяне — цэнтральнае пытанне ўсяго рамана Ігара Бабкова.
Трэцяя гісторыя ў “Паветраным шары” з’яўляецца нечым накшталт “эпічнай кладкі” працягласцю ў 20 гадоў, якая ў жыцці Багдана злучае эпізод з ленінскага пакоя ў сярэдзіне 1980-х з эпізодам на азёрным астраўку. Тыя, якія здолелі прачытаць зборнік эсэ Ігара Бабкова “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне ру(і)наў”, могуць са здзіўленнем, але і з палёгкай даведацца, што ўсю тую галаваскрутную канцэптуалізацыю каралеўскіх ру(і)наў беларускага лёсу можна выкласці таксама ў празрыстай форме палітычнага Bildungsroman’у, які вабіць эратычнымі сцэнамі або з беларускімі купалінкамі у спальным мяшку над возерам, або з польскімі кандыдаткамі паліталогіі ў пасцелі варшаўскага гатэля...
Еўропа (тая геаграфічная) забіла для беларусаў дарагую і прыгожую ўтопію Еўропы (той міфічнай), якую некаторыя з іх (і ўсе героі Бабкова) пеставалі ў сэрцы пад канец 1980-х... Магчыма, Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, якая спрабуе абараніць гэтую ўтопію... Лу бачыцца як сусветны лідэр — не, не славянства, а бунту перыферыі супраць цэнтру... Вось ростані, на якія заблукала беларуская інтэлектуальная рэфлексія пасля таго, як Брусель кваліфікаваў моркву як садавіну і слімака як рыбу ды ахапіў адборам на спеўны конкурс Еўрабачання не толькі Беларусь, але і Арменію з Азербайджанам...
“Паветраны шар” чытаецца лёгка і з вялікім задавальненнем. Празрысты стыль, прыгожая мова, запамінальныя вобразы і метафары... А вось з першай часткай “Хвілінкі” — скрозь праблемы. Праблема ўжо з самой назвай — “Партрэтам мастака, нябачным у сутонні”. Мастакоў там як мінімум двух — Францішак і Аўтар, якія, як фантомы з іншай оперы, кружляюць па Менску познесавецкай эпохі і нарэшце сыходзяцца ў кавярні-піцэрыі “Хвілінка”, дзе цэнтральнае месца займае яшчэ адзін адмысловы мастак — бармен Леа (ён жа Лёня), які гатуе найлепшую каву ў горадзе...
Праблема тут таксама і з дзеяннем, то бок з сюжэтам. Яго там насамрэч няма. Калі па шчырасці, дык мне, які перачытаў “Партрэт мастака, нябачнага ў сутонні” за некалькі дзён да таго, як напісаць гэты тэкст, пры пісанні прыгадалася ўсяго сцэна знаёмства Аўтара з Францішкам у “Хвілінцы” як нешта найбольш дынамічнае ва ўсім аповедзе... Усё іншае патанае “ў сутонні” літаратурных згадак, яўных і схаваных цытатаў, дэкларатыўных эмоцый і пераліку прозвішчаў улюбёных аўтараў... А гэтых прозвішчаў шмат, можна сказаць, што нават зашмат: Хайдэгер, Сартр, Лем, Картасар, Борхес, Валеры, Сэлінджэр, Гёльдэрлін, Рыльке, Кавафіс, Блэйк, Эліят, Жылка, Міцкевіч, Гурджыеў, Блавацкая, Дыкінсан... Карацей, у гэтай частцы куча ўсяго такога, што служыць выразным маркёрам інтэлекту “несавецкага разліву”, але нічым істотна большым... Магчыма, гэткая “сюжэтная інертнасць” мае сваё глыбейшае апраўданне — сам Бабкоў, адказваючы на пытанне, чаму ён напісаў раман пра 1980-я, некалькі разоў адзначаў, што тое дзесяцігоддзе было вельмі важным у сэнсе падрыхтоўкі “адраджэнскага выбуху” 1990-х. Маўляў, у 1980-х шмат што адбывалася “ўнутры”, не прарываючыся навонкі... Збіралася ўнутраная энергія... Нарошчваліся інтэлектуальныя мускулы... Словы прамаўляліся, але не на мітынгах і сустрэчах нефармалаў, а пры стойцы ў кавярні, перад акном, за якім амаль увесь час была гарадская восень...
“Партрэт мастака, нябачны ў сутонні”, пакуль з’явіўся ў кніжным выданні разам з двума іншымі часткамі рамана-павуты, выйшаў раней асобна ў часопісным варыянце. Нічога дзіўнага, што тады тэкст выклікаў хутчэй чытацкую збянтэжанасць, чым ухваленне і энтузіязм, якія цяпер выразна чуваць у некаторых чытацкіх водгуках. Шырэйшы раманны кантэкст шмат што тлумачыць у гэтай першай гісторыі. У першую чаргу — Францішак, Багдан і Эва Дамініка цяпер набылі больш выразныя абрысы, нават калі для знешняга свету ў сваёй гісторыі яны не перасталі быць прывідамі, якія не супалі ў часе са сваёй эпохай. Паказальна і, напэўна, не выпадкова ва ўсіх гэтых гісторыях тое, што, акрамя гэтай тройкі і бармена Леа, у кнізе няма ніякіх іншых персанажаў, ні другарадных, ні трэцярадных. Гэтая тройка ўцякла настолькі высока, і паветра вакол яе стала настолькі разрэджаным, што ніхто іншы не можа ім дыхаць. Іншыя засталіся ў далінах і дыхаюць іншым паветрам, гусцейшым ды, трэба разумець, больш затхлым...
Кароценькі тэкст “Гексаграма сун: супчык са шпінату” — самы загадкавы ў кнізе. Загадкай застаецца, хто гаворыць у гэтым тэксце — аўтар ці Аўтар, то бок Ігар Бабкоў, які напісаў гэтую кніжку, ці Аўтар, які выступае ў першай частцы на правах такога ж героя-прывіда, як Францішак або Эва Дамініка. Загадкай таксама застаецца функцыянальнае значэнне гэтага тэксту ў кнізе. Магчыма, аўтару ён спатрэбіўся, каб неяк падмацаваць ягоную фантомную анталогію ў рамане і апраўдаць вобраз свету, у якім магчыма існаванне кавярні “Хвілінка” дваццаць гадоў пасля яе закрыцця і бармена, які, акрамя гатавання кавы, займаецца яшчэ герменеўтыкай... Інакш кажучы, падмацаваць вобраз свету, у якім для герояў, як для платонаўскіх эйдасаў, трывае вечнае сёння...
Максім Жбанкоў, спрабуючы падабраць свой ключ да кніжкі Ігара Бабкова, назваў яе гісторыяй адчаю. Гэткае вызначэнне, магчыма, і не зусім далёкае ад праўды, але ў тым кантэксце, у якім паставіў яго згаданы крытык, яно моцна змяшчае акцэнты: у трактоўцы Жбанкова гісторыя адчаю — нешта адназначна горшае, чым гісторыя надзеі, якую варта было б распавесці ў беларускай літаратуры. “Паэтычная самота” інтэлектуала ў беларускай рэчаіснасці, пра што несумненна распавядае “Хвілінка”, бачыцца Жбанковым хутчэй як параза Бабкова як пісьменніка, чым параза ўсёй інтэлектуальнай фармацыі “дзевяностнікаў”, якія так і не здолелі натхніць грамадства на цуд абуджэння і ператварэння. Пэўна ж, частка віны за гэтую паразу ляжыць і на самім Бабкову, але гэта зусім іншая справа, чым ягоная кніжка пра такую паразу. Цяжка вінаваціць Джойса за тое, што ягоны “Ўліс” — гэта насамрэч гісторыя паразы інтэлектуала, Стывена Дэдала, які на працягу 700 старонак так і не здолеў спусціцца са сваіх вяршыняў ды знайсці нітку лучнасці з “чалавекам з даліны”, Леапольдам Блюмам. “Уліс” у гэтым сэнсе — даволі дэпрэсіўная гісторыя адчаю. Але ў шмат якіх іншых сэнсах гэты раман — вяха ў літаратуры, ірландскай, ангельскай і ўсялякай іншай...
У беларускай літаратуры “Хвілінка” Ігара Бабкова, як мне думаецца, таксама стала своеасаблівай вяхой. Гэта першы беларускі раман, які наогул паставіў пытанне пра ролю інтэлектуала ў беларускай культурнай прасторы і ягоную запатрабаванасць у ёй. Магчыма, адказ, які даў Бабкоў, прагучаў занадта несуцяшальна і не патрапіў ў чаканні большасці тых, якія хацелі б пачуць нешта больш аптымістычнае. Але аптымізм і песімізм аўтара — кепскія меркі ў літаратуры. Аўтара трэба ацэньваць, як сказалі б героі “Хвілінкі”, у першую чаргу паводле таго, наколькі ён відушчы.
Упершыню апублікавана на сайце Прэміі Гедройца 2014.
Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=149 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Дыханне разрэджаным паветрам
Для друку / Неабавязковыя чытаньні