Чароўная безнадзейнасьць правінцыі
Міхась Андрасюк, «Белы конь», Беласток 2006.
Michał Androsiuk, «Wagon drugiej klasy», Białystok 2010.
Люблю чытаць пра правінцыю.
Мой найбольш улюбёны правінцыйны пісьменьнік — Багуміл Грабал, які сваёй чэскай правінцыі прысьвяціў такія пранікнёныя сьветлай настальгіяй і мяккім гумарам творы, як «Цягнікі пад пільным наглядам», «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных», «Падстрыжыны», «Мястэчка, дзе спыніўся час»...
Доўгі час мне не хапала грабалаўскай інтанацыі ў беларускай літаратуры. Гадоў дзесяць з гакам таму я нават быў заматаўся ў выдавецкі праект пад назвай «Правінцыя» — хацелася менавіта стымуляваць такую літаратурную інтанацыю праз публікацыю перш за ўсё правінцыйных беларускіх пісьменьнікаў, якія жылі дзесьці па-за Менскам... Праект скончыўся пасьля выданьня двух альманахаў, «Правінцыя 1-2/2000» і «Правінцыя 3-4/2002». Я з сумам канстатаваў, што ў Беларусі няма ні каліва такой правінцыі, у якой правёў сваё дзяцінства і маладосьць я, бо ўсё ў Беларусі раскатаў і мэліяраваў калгасны сацыялізм, як палеткі і балацявіны, так і чалавечую ўражлівасьць да рэгіянальнай адметнасьці...
Засталася толькі адна сапраўдная беларуская правінцыя — наша, падляская...
Безумоўна, файна мроіць пра правінцыю і тужыць па ёй, значна цяжэй у ёй — жыць. Сутнасьць нашай правінцыі спрабаваў у свой час ухапіць Сакрат Яновіч (1936-2013) — перш за ўсё ў рамане «Самасей», у польскамоўным успаміне-эсэ «Dolina pełna losu» і — найлепш у мастацкім сэнсе, па-мойму — у апавяданьнях-мініяцюрах... А цяпер пра нашу правінцыю распавядае Міхась Андрасюк. Андрасюк піша выдатна, з настальгіяй, гумарам, іроніяй, з усім, што складае чароўную аўру безнадзейнасьці, інэртнасьці і няспраўджаных спадзяваньняў, у якую ахутанае кожнае правінцыйнае трываньне-прамінаньне... І мне, шчыра кажучы, больш падабаецца падыход да нашай правінцыйнай тэмы ў Андрасюка, бо ён, у адрозьненьне ад Сакрата Яновіча, не імкнецца ставіць сацыялягічныя дыягназы, і яму, калі можна так выказацца, не сьвярбіць чытаць свайму чытачу мараль...
Абедзьве Андрасюковы кніжкі — беларускамоўны «Белы конь» і польскамоўны «Wagon drugiej klasy» — аповеды пра адно падляскае Мястэчка на ўскраіне пушчы і пра людзей з каляпушчанскіх вёсак, якія ў тое Мястэчка раней ці пазьней трапляюць разам з плыньню гісторыі... Ну, мястэчак на ўскраіне пушчы ў нас на Падляшшы ня так і шмат, а таму варта ўдакладніць, што Мястэчка Андрасюка мае канкрэтны адрас у рэальнасьці — Гайнаўка...
«Белы конь» — гэта дзевяць узаемна пераплеценых гісторый пра адну сям’ю Іванюкоў, якая зь вёскі на самой польска-савецкай мяжы, дзе «канчаецца сьвет», пераехала ў Мястэчка, да лепшага жыцьця і, так сказаць, да большай цывілізацыі. Але ўся тая местачковая цывілізацыя аказваецца не такой ужо і прывабнай — падзеі, апісаныя ў кніжцы, прыпадаюць на два апошнія дзесяцігодзьдзі «рэальнага сацыялізму» — а таму гэтыя вясковыя местачкоўцы жывуць напалову сваім рэальным жыцьцём, а напалову ўспамінамі таго, што было раней, да часу, як за клуняй Уладзімера Іванюка савецкі капітан Жлуктоў з салдатамі закапаў памежныя слупы. Ды жывуць яшчэ тугой па нечым, што можа адмяніць іх долю, надаць ёй звышрэчаіснае значэньне, перанесьці са сфэры штодзённага profanum у сфэру мэтафізычнага sacrum. І таму пад канец кніжкі мяккая, іранічна-спагадлівая грабалаўская інтанацыя прозы Андрасюка сасьлізгвае ў міталягізацыю, якую, прыкладам, можам сустрэць на старонках прозы Бруна Шульца пра ягоны напалову фантастычны Драгобыч і ягонага ня менш фантастычнага бацьку. У Андрасюка бацька галоўнага апавядальніка пераходзіць з рэальнага сьвету Мястэчка ва ўяўны сьвет Міту і Гісторыі, дзе ён аказваецца сынам мясцовага пана-памешчыка і, у гістарычнай пэрспэктыве, нашчадкам роду Сапегаў...
«Wagon drugiej klasy» — гэта аповед пра Мястэчка ў пасьлякамуністычны час, своеасаблівая гісторыя «далучэньня Гайнаўкі да Эўропы». Аповед вядзецца з пэрспэктывы касіра чыгуначнай станцыі ў Мястэчку, Стэфана, які марыць пра тое, каб адмяніць сваю правінцыйную долю, ды патаемна кахае чыгуначную прыгажуню, кандуктарку Марыёлю... Усё гэта заканчваецца, як і трэба чакаць, поўным расчараваньнем, а само далучэньне Мястэчка да Эўропы адбываецца ў момант, калі яно траціць якое-колечы значэньне для астатняга сьвету — у ім закрываюць чыгуначную станцыю і вакзал, бо людзі зь Мястэчка перасталі куды-небудзь езьдзіць і ўся тая чыгунка стала стратнай... Кніжка завяршаецца шчымлівай сцэнай, у якой Стэфан, незадоўга да ад’езду апошняга цягніка зь Мястэчка, набівае ўсе свае кішэні і запазухі квіткамі ў «кожнае месца на сьвеце», каб нарэшце перамагчы «мясцовую гравітацыю» (так называецца адзін з ранейшых зборнікаў апавяданьняў Андрасюка) і выехаць у сьвет...
Безумоўна, файна мроіць пра правінцыю і тужыць па ёй, значна цяжэй у ёй — жыць. Мне асабіста засталіся толькі мроі і туга — я пражыў у Гайнаўцы ўсяго чатыры гады, у самы разгар «рэальнага сацыялізму» ў 1970-х. Міхась Андрасюк, амаль мой аднагодак, жыве там увесь час. Таму, мабыць, ён ведае, як у прагорклым пыле і іржы правінцыйнай штодзённасьці знаходзіць залатыя дробкі вечнасьці...
Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=142 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Чароўная безнадзейнасьць правінцыі
Для друку / Неабавязковыя чытаньні