Ян Максімюк пра партрэт маладога мастака
Ці прачыталі вы апошнім часам нешта з сучаснай літаратуры, што маглі б назваць шэдэўрам? Я — прачытаў. Гэтае нешта, на жаль, не зь беларускай літаратуры, якая апошнім часам, як мне падаецца, шэдэўрамі нас не расьпешчвае. Калі памыляюся, выпраўце...
Аўтар, пра якога мне сёньня хочацца напісаць, паходзіць з Нарвэгіі і завецца Хеціль Б’ёрнстад (Ketil Bjørnstad).
Самае нечаканае для мяне было тое, што як літаратар, Хеціль Б’ёрнстад мне адкрыўся ўсяго год-два таму, а да таго часу гадоў 10 я ведаў яго выключна як выдатнага музыку, аднаго з самых вядомых эўрапейскіх джазавых піяністаў, як зорку першай велічыні славутай мюнхэнскай фірмы гуказапісу ECM.
Б’ёрнстад, які атрымаў салідную музычную адукацыю як клясычны піяніст у Осла ў другой палове 1960-х, у пачатку 1970-х паслухаў запіс Майлса Дэйвіса «In a Silent Way» і зразумеў, што яму наканавана стаць джазавым піяністам і кампазытарам. Было гэта нялёгкае рашэньне, паколькі ўсе прадказвалі маладому музыку бліскучую міжнародную кар’еру клясычнага піяніста — як сьпелы піяніст Б’ёрнстад дэбютаваў пад ухвальныя галасы крытыкі ў свае 16 гадоў выкананьнем ІІІ канцэрту Бэлы Бартака.
У мяне цяпер каля 30 дыскаў з запісамі музыкі Хеціля Б’ёрнстада. На сваім шляху гэты музыкант, якому летась споўнілася 60 гадоў, запісаў больш за 50 альбомаў з клясычнай і джазавай музыкай як піяніст і як акампаніятар песьняў, жанр якіх цяжка вызначыць сходу (у залежнасьці ад вашага настрою, яны могуць вам падацца опэрнымі арыямі, нейкім арт-фолк-попам або рафінаваным джазам). Гэта знакамітая музыка, у якой строгая клясычная інтанацыя свабодна і завабліва спалучаецца з жарснай схільнасьцю кампазытара-выканаўцы да імправізацыі.
А вось тое, што Б’ёрнстад яшчэ вядомы як эўрапейскага фармату пісьменьнік, дайшло да мяне усяго некалькі гадоў таму ў Бэрліне, калі я заглянуў у адну з тамтэйшых буйных кнігарняў і на паліцах убачыў пераклады ягоных раманаў. Соль была ў тым, што тая паліца, на якой стаялі нямецкамоўныя выданьні кнігаў Б’ёрнстада, была падпісаная ягоным імем і прозьвішчам: Ketil Bjørnstad. Такі подпіс, зразумела, сьведчыць аб статусе пісьменьніка ў літаратурным і выдавецкім сьвеце — у буйной эўрапейскай кнігарні, у якой прадаюць кніжкі некалькіх дзясяткаў тысяч аўтараў, свае «пэрсанальныя паліцы» маюць толькі выбраныя з выбраных, наогул клясыкі, а з сучасных толькі тыя, якія дабіліся не абы якога міжнароднага прызнаньня. Карацей, усяго некалькі сотняў подпісаў на кніжных паліцах...
У Нарвэгіі Б’ёрнстад-пісьменьнік вядомы як аўтар звыш 40 раманаў, зборнікаў паэзіі ды біяграфій славутых нарвэжцаў. У Эўропе яго ведаюць перш за ўсё як аўтара трылёгіі пра маладога піяніста Аксэля Віндынга (Aksel Vinding-Trilogien): «Прысьвячаецца музыцы» (Til musikken, 2004), «Рака» (Elven, 2007) і «Дама з даліны» (Damen i dalen, 2009).
Вось гэтую кнігу (то бок тры кнігі, аб’ёмам звыш 1200 старонак) я хацеў бы ўсім горача парэкамэндаваць. Гэта якраз шэдэўр сучаснай літаратуры, пра які я згадаў на пачатку. Дзеля яе прачытаньня варта, прыкладам, вывучыць нарвэскую мову, кажу гэта з уласнага досьведу. Але — ня ўсім абавязкова вывучаць. Цяпер даступны і расейскі пераклад гэтай трылёгіі. Ну, самі знойдзеце, дзе...
Кніга напісаная вельмі празрыстай мовай і стылем, які адзін з рэцэнзэнтаў назваў «ледавіта прыгожым». Кажучы па-нашаму, няма там звычайнага для славянскіх літаратураў сэнтымэнтальна-сьлязьлівага калупаньня ў пачуцьцёвых вантробах і пячонках галоўнага героя...
А што ёсьць? Ёсьць рацыянальна ўзважаны аповед пра маладога мастака, адоранага геніяльнасьцю і нейкай інцэстуальна-мазахісцкай цягай да жанчын з адной сям’і. Спачатку Аксэль закахаўся ў піяністку Аню, якая разам зь ім і элітнай групай піяністаў-пачаткоўцаў рыхтуецца да конкурсу, які акрэсьліць усю далейшую будучыню маладых музыкаў. Аня не вытрымлівае стрэсу, перастае есьці і памірае ад анарэксіі. Ейны бацька разносіць сабе чэрап стрэлам з дубальтоўкі. Аксэль пераносіць свае пачуцьці на Аніну маці, Марыяну, асобу старэйшую за яго гадоў на сямнаццаць. Марыяна аказваецца асобай няўстойлівай псыхічна і засільваецца пасьля таго, як Аксэль, пабраўшыся зь ёю шлюбам, бліскуча выйграе конкурс для маладых піяністаў. Аксэль спрабуе ўтапіцца і трапляе на нейкі час у псыхіятрычную клініку. А потым, замест таго, каб падпісаць кантракт на выступы ў самых прэстыжных канцэртных залях Эўропы, ён пакідае сталіцу і едзе за палярнае кола, каб там сустрэць замужнюю сястру Марыяны, Сігрун, зь якой таксама ўваходзіць у інтэнсіўныя эратычна-пачуцьцёвыя зносіны. Там яго ледзь не забіваюць за гэта, і ён вяртаецца ў Осла з пачуцьцём, што шчасьце ў жыцьці магчымае толькі ў любові да свайго пакліканьня, то бок да музыкі...
Усё гэта ў такім згушчаным пераказе гучыць, прызнаюся, як нейкая галівудзкая хрэнацень ня першага гатунку з фрэйдысцкімі падтэкстамі, але трылёгія Б’ёрнстада — гэта не апісаньне маляўнічых сэксуальных позаў у розных інтэр’ерах і краявідах Нарвэгіі, а паказ высьпяваньня адоранага мастака, чалавека, якому Бог даў талент, а ягоныя зямныя бацькі перадалі ў генах пратэстанцкую схільнасьць да працы і нежаданьне расчульвацца над сваім лёсам...
За 40 гадоў творчага жыцьця Хеціль Б’ёрнстад выдаў, як я ўжо казаў, звыш 50 музычных альбомаў і звыш 40 кнігаў, якія ўчынілі яго тым, кім ён зьяўляецца сёньня — унікальным эўрапейскім мастаком, які дасягнуў вяршыняў як у музыцы, так і ў літаратуры. Самі разумееце, што такому чалавеку ёсьць што сказаць пра шлях да такіх вяршыняў.
Выданьню трылёгіі пра Аксэля Віндынга спадарожнічала выданьне Б’ёрнстадам падвойнага альбому з музыкай, якая шчыльна пераплятаецца з раманным лёсам ягонага героя. На адным дыску сабраныя кампазыцыі-імправізацыі Б’ёрнстада-Віндынга, якія ўзьніклі ў працэсе працы над раманнай сэрыяй, на другім — выкананьні фрагмэнтаў клясычных твораў Рахманінава, Шапэна ці Дэбюсі, якія згадваюцца ў трылёгіі і маюць вялікі ўплыў на высьпяваньне маладога мастака Аксэля. Гэта, так бы мовіць, сучасны сынтэз «музычнага раману» — і слова, і музыка... Томас Ман мог напісаць свой славуты раман «Доктар Фаўстус» пра геніяльнага кампазытара, але ня мог напісаць музыкі за гэтага кампазытара. А Б’ёрнстад зрабіў і адно, і другое. І я не вагаюся паставіць трылёгію нарвэскага пісьменьніка-піяніста ўпоравень са згаданым раманам славутага нямецкага клясыка.
Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=141 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Ян Максімюк пра партрэт маладога мастака
Для друку / Неабавязковыя чытаньні