Літаратура.org » Неабавязковыя чытаньні » Ян Максімюк, Нешчасьлівыя апавядаюць найпрыгажэй

Нешчасьлівыя апавядаюць найпрыгажэй

Ян Максімюк

 

* * * * *

 

Было гэта ў часы, калі Ахма Вялагіч з басьнійскага мястэчка Ліўна адужаў найдужэйшага чалавека на сьвеце. Сярод мясцовых жыхараў, якія сачылі за боем, была адна дзяўчына, прыгажуня Фата Атлагічанка. Дужаньне трывала чатыры гадзіны, і вось тая Фата, нагледзеўшыся на Ахму з-за сваіх мусульманьскіх заслонаў і завояў, моцна закахалася ў яго: Каб нехта ішоў за ёй дадому, то бачыў бы, што за ёй застаецца мокры сьлед. Калі б перайшла яна дарогу паляўнічым сабакам, яны згубілі б барсука і ліса. І хай будзе сто разоў брыдка пра тое казаць, Ахмава прыгажосьць і сіла сьцякалі з Фаты, як рака Врбас сьцякае празь зямлю Босьніі – піша Міленка Ергавіч пра закаханасьць Фаты ў перакладзе Сяргея Шупы.

Кніжка басьнійска-харвацкага пісьменьніка Міленкі Ергавіча “Іншала, Мадона, іншала” (2004), якая сёлета выйшла ў перакладзе Сяргея Шупы ў выдавецтве Зьміцера Коласа ў Менску, зьяўляецца зборнікам 19 апавяданьняў пра нешчасьлівае каханьне, нешчасьлівае жыцьцё і, калі можна так сказаць, нешчасьлівую сьмерць розных басьнійцаў на працягу некалькіх стагодзьдзяў басьнійскай гісторыі. У траўні, неўзабаве пасьля выхаду перакладу ў Менску, Сяргей у размове для рубрыкі “Café Europa” на сайце Радыё Свабода, сказаў пра канцэпцыю кніжкі Ергавіча так:

Сам аўтар назваў гэтыя тэксты літаратурным рэміксам 19 народных песень — 15 сэўдалінак, 3 клáпаў і яшчэ адной песьні, якая складае асобны выпадак. Сэўдалінкі — гэта творы басьняцкага (мусульманскага) гарадзкога фальклёру, тужлівыя песьні пераважна пра каханьне ды іншыя моцныя пачуцьці, гэта своеасаблівы басьнійскі блюз пад акампаніямэнт саза (такі струнны інструмэнт з даўгім грыфам) або пазьней акардэона ці малога ансамбля. Клáпа — гэта жанр вакальнай далматынскай музыкі, акапэльнае шматгалосьсе ў выкананьні малога ансамблю. Ергавіч сабраў 19 гэткіх песень, якія найбольш яго ў жыцьці краналі, і абапіраючыся на выкліканыя імі асацыяцыі, напісаў 19 тэкстаў. У іх паўстае Босьнія ў шырокім ахопе прасторы і часу, у стракатай палітры сюжэтаў і пэрсанажаў, у неверагоднай стылёвай разнастайнасьці, з шматлікімі дыгрэсіямі, гісторыямі ў гісторыях.

А мне, калі я чытаў гэтыя гісторыі ў паркія і санлівыя дні ліпенскага адпачынку ў Бельску, раз-пораз прыходзіў на згадку клясычны раман басьнійскага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Івы Андрыча “Мост на Дрыне” (1945), які я чытаў у свае ліцэйскія гады і зь якога няшмат засталося ў маёй памяці, акрамя агульнай гнятлівай атмасфэры фаталізму і дэпрэсіўнасьці, якая спавівае басьнійскую гісторыю, разгляданую вачыма Андрыча і Ергавіча. Падумалася мне яшчэ, што “Іншала, Мадона, іншала” – гэта і будзе самы блізкі адпаведнік эпічнага басьнійскага раману Андрыча ў постмадэрністычную эпоху...

... Зразумела, гісторыя закаханасьці Фаты ў Ахму ня скончылася шчасьліва. Ахма пачаў заляцацца да Фаты, потым пачалі рыхтаваць іхнае вясельле, але шлюб не адбыўся, бо на Ліўна напаў хрысьціянскі ваявода са сваім войскам, выразаў усіх мужчын, якія не пасьпелі зьбегчы, а ўсіх прыгодных для сэксуальных і іншых паслугаў дзевак узяў у палон, уключна з прыгажуняй Фатай. На гарадзкім пляцы пасьля разьні – паволе народнай песьні, на падставе якой напісаў сваю гісторыю Ергавіч – адбылося вось што:

Глядзіць ваявода на Фату, глядзіць яна на яго. Ён глядзіць, чакаючы, пакуль Фата не апусьціць позірк. Ад страху ці ад сораму, ваяводу ўсё роўна. Але як Ахма мог паўдня вытрымаць, пакуль яго той Шэйхаб душыць, так і Фата магла б паўдня вытрымаць ваяводаў позірк. Пакуль у яго ня выцекуць вочы.

І, каб не прынізіцца перад сваімі жаўнерамі, а можа і перад самым сабою, ваявода прамовіў:

Вось табе, ханума, крыніца. Ану, учыні ты сабе турэцкі абдэст. Бо ў мяне, дальбог, больш не давядзецца.

Фата ўскочыла, вочы яму вырвала б, калі б магла, і вымавіла, што ёй сэрца падказала:

Ану пачакай, ваявода! Калі прыйдзе Вялагічаў Ахма, вой выбраны, любы мой каханы, дык яшчэ й табе можа абдэст спатрэбіцца.

На гэтым песьня сканчаецца. Але не апавяданьне ў Ергавіча. Ваявода ня сьцяў галавы Фаце, ні не аддаў дзеўкі на пацеху жаўнерам за гэтую ёйную нечуваную дзёрзкасьць, а забраў з сабою ў свой край, бо моцна закахаўся ў яе на гэтым самым лівенскім пляцы. Фата не хацела стаць ягонай наложніцай па-добраму, а ён не хацеў браць яе сілай, таму загадаў закаваць Фату ў ланцугі і кайданы ў адмысловай пячоры, дзе ёй прыгатавалі выгоднае ложа... І ваявода прыходзіў туды штодня і маліў Фату аб прыхільнасьці. Але яна яго не хацела, хоць і сама моцна ў ваяводу закахалася, таксама яшчэ на тым лівенскім пляцы. (Гэтую Фаціну неахвоту, заўважым у дужках, з усіх беларускіх чытачоў могуць зразумець найпаўней адно праваслаўныя беларускі Беласточчыны, мамы якіх у маладосьці папярэджвалі, каб яны не спароўваліся з каталікамі. Так бы мовіць, не давайце шмоткі сваёй беларускай, каб ня ўмёрлі... ) Тым часам аказалася, што Ахму, якога таксама рэзалі падчас таго нападу на Ліўну, не дарэзалі да канца, і яго неяк адхадзілі. Як толькі Ахма паправіўся і дазнаўся, дзе знаходзіцца абяцаная яму Фата, ён выбраўся па яе ў тую хрысьціянскую пячору. І вось што там адбылося:

Стаіць Ахма, глядзіць на Фату Атлагічанку і не падыходзіць. Калі ты ў ланцугах, то я прыйшоў цябе вызваліць, але калі ты ў срэбных падушках, то дарма я прыйшоў. А цяпер сама скажы.

Ні ў адным і ні ў другім, адказала Фата (...).

Праўда? – спытаўся ён яшчэ раз.

Праўда, Ахма, сказала яна і паглядзела на яго, а ўсьмешка ў яе была як магіла сярод пустых кладоў.

Ахма пайшоў з тае пячоры куды вочы глядзяць, а ваяводу выпусьціў Фату зь мяккай няволі на срэбных падушках, і яна вярнулася ў Ліўна, дзе выйшла замуж за аднаго ўдаўца (мусульманіна, вядома ж), і жыла так, як жывуць жанчыны, якія дачасна дагараюць. Згасіла яна ўсю сваю прыгажосьць, як гасіцца сьвечку, двума пальцамі, з халодным сэрцам і бяз боязі агню, які зьнікне, як толькі да яго дакранесься – піша Ергавіч.

Усю гэтую гісторыю ў кніжцы апавядае наратар, які нарадзіўся спаралізаваны і быў фактычна адзіным мусульманінам, якога хрысьціяне ня сталі рэзаць, калі напалі на Ліўна, хоць ён і прасіўся, каб яго прыкончылі і вызвалілі як яго, так і ягоную маці ад пакутаў іхнага гаротнага жыцьця. Гэты безымянны наратар перажыў усіх герояў сваёй аповесьці і пад канец свайго жыцьця шкадуе наймацней аб адным: найбольш мне шкада, што не магу я ўчыніць тэман адной прыгажуні і аднаму разбойніку, Фаце Атлагічанцы і кавурскаму ваяводу, чыё я нават імя ня ведаю.

Тэман – прывітаньне, пры якім кончыкамі пальцаў правай рукі дакранаюцца да вуснаў і лоба. Апавяданьне так і называецца – “Тэман”.

Праўда, супэрская гісторыя?

У кніжцы “Іншала, Мадона, іншала” такіх супэрскіх гісторый цэлая прыгаршня, а самыя шчымлівыя і прыгожыя зь іх распавядаюцца якраз такімі наратарамі-нешчасьліўцамі, якіх жыцьцё і доля нечым вельмі істотным абдзялілі.

Вось гісторыю “Гасул” распавядае Захір, які стаў працаваць у гасул-хане (там, дзе мусульмане абмываюць нябожчыкаў перад пахаваньнем), і ня змог дабіцца ўзаемнасьці дзяўчыны, якую пакахаў, бо яна яму сказала: Не хачу, каб у мяне ўсё жыцьцё ў пасьцелі сьмярдзела нябожчыкам. Ты мыеш нябожчыкаў, дык і знайдзі сабе ў каго нюх слабейшы. Захір ледзь не забіў сябрука свайго дзяцінства, раўнуючы яго да гэтай непайменаванай у апавяданьні дзеўкі, адседзеў свой прысуд у турме, потым ажаніўся і займеў двое дзяцей, але ніяк ня можа зьмірыцца з тым, як зь ім абыйшоўся лёс:

Калі б яна прыйшла да мяне і сказала – Захіру, вазьмі мяне, мне не замінае, што ты пахнеш сьмерцю, толькі забяры мяне, кінуў бы я жонку і дваіх сваіх дзяцей і пайшоў бы зь ёй і чацьвярымі ейнымі хоць на край сьвету. Каб толькі прыйшла яна да мяне і паклікала.

Увайду я ў гасул-хану, а там будзе яе пах. Іншых я ня чую, але гэты адчую, я ведаю. І ня буду я пытацца, хтў яе абмываў, хто лашчыў вадою яе голае цела, як ня лашчыў я сваімі рукамі. Разьліюся я, як тая вада. Мой Энвэру, да поўдня я не дажыву.

Або гісторыя “Мэктэб”, разгорнутая Ергавічам на падставе жартоўнай песенькі, у якой сьпяваецца, як спрытнай дзеўцы Ўміхане, памочніцы настаўніка ў мусульманскай рэлігійнай школе (мэктэбе) у Мостары, удалося выйсьці замуж за годжу-настаўніка Омэра. Апавядальнікам гэтага на першы погляд лёгкага сюжэту зьяўляецца чалавек, якому не пашчасьціла мець дзяцей – пасьля пакутлівых трохдзённых родаў жонка нарадзіла яму мёртвую дзяўчынку, а потым ужо не магла зацяжарыць. У другую ноч чуйнаваньня пры жонцы чалавеку зьявіўся Божы вястун, анёл Джабрыл, які сказаў, што ягоная жонка народзіць яму здаровую дзяўчынку, калі толькі ён аддасьць свой зрок, то бок, стане сьляпым і ніколі ня ўбачыць свайго дзіцяці. Чалавек не рашыўся на такую ахвяру, і цяпер увесь астатак свайго бязьдзетнага жыцьця будзе шкадаваць гэтай сваёй нерашучасьці:

Панараджае Ўміхана Омэру дзяцей. Усё роўна колькі сыноў, але хаця б адну дачку. Каб я бачыў, як яна праходзіць па чаршыі, і каб пашкадаваў, што я не сьляпы.

“Іншала, Мадона, іншала” – высакапробная літаратура. Як на мой смак, адна з найлепшых кніжак, якія выйшлі на беларускай мове цягам апошніх некалькіх гадоў... Ну, ня горшая, чым “Шабаны”...

Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=131 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Нешчасьлівыя апавядаюць найпрыгажэй

Ян Максімюк

Для друку   /   Неабавязковыя чытаньні