Скаромна і нясьціпла
* * * *
Pewien sadysta z Gubałówki
Żonie gdzie trzeba wsypał mrówki.
Rzekła żona: “To wszystko?
Wsyp mi całe mrowisko!
Podniecają mnie ich małe wędrówki!”
Мне цяжка прыгадаць, дзе я купіў гэтую кніжыцу, якую знайшоў на сваёй паліцы некалькі дзён таму. Знайшоў і адразу пры той паліцы прачытаў, балазе кніжыца неаб’ёмная.
Кніжачка мае такія выхадныя дадзеныя: Maciej Słomczyński, “Limeryki plugawe”, Rysunki Andrzej Mleczko, Wydawnictwo Zielona Sowa, ul. Chałupnika 4, 31-463 Kraków, ст. 98. Год выданьня не пазначаны.
Pewien odźwierny w Frankfurcie
Lubił dupczyć panienki na furcie.
Dnia pewnego, niestety,
Wraził chuja w sztachety
I odtąd go moczy w jogurcie.
Найбольш верагодна, я купіў гэтую нерыстойную кніжачку ў Кракаве ў чэрвені 1998, куды запрасіла мяне на адначэньне Bloomsday доктар Катажына Базарнік зь Ягелонскага Ўнівэрсытэту. Я прыняў запрашэньне, якое прывёз мне ў Беласток студэнт ангельскай філялёгіі Ягелонскага Ўнівэрсытэту з Новага Беразова каля Гайнаўкі, з ахвотай. Па-першае, мне рупіла паехаць ў Кракаў, дзе я быў да таго часу толькі раз, летам 1989, калі ў Беласток прыехаў Сяргей Шупа з жонкай, і мы выбраліся туды, каб паглядзець даўнюю сталіцу Польскага Каралеўства і ВКЛ. Па-другое, мне сьвярбела душа да нейкай інтэлектуальнай дыскусіі наконт “Уліса” Дж. Джойса, і я ведаў, што ў Кракаве, на імпрэзе доктар Базарнік, я такіх дыскутантаў сустрэну. Па-трэцяе, у мяне было спадзяваньне сустрэцца з Мацеем Сламчынскім, перакладчыкам “Уліса” на польскую мову, які жыў у Кракаве і ня мог абмінуць такога спатканьня. Я ня ведаў, што М. Сламчынскі (нар. 1920) быў тады ўжо цяжка хворы і не выходзіў з дому. Запрашэньне прыехаць у Кракаў я атрымаў ці то пад канец студзеня, ці то на пачатку лютага 1998, а Мацей Сламчынскі памёр у сакавіку 1998.
У міжчасе, я пераехаў зь Беластоку ў Прагу, і на Bloomsday у Кракаў дабіраўся ўжо з Чэхіі.
Pewien młodzieniec z Ameryki,
Gdy pieścił, pisał limeryki.
Klęły go panny rżnięte,
Bo gdy trafiał na puentę,
Skakał, dzikie wydając okrzyki.
З таго кракаўскага спатканьня літаратуразнаўцаў, літаратараў і перакладчыкаў застаўся сьлед у форме саліднай кніжкі пад назвай “Wokół Jamesa Joyce’a”, Szkice monograficzne pod redakcją Katarzyny Bazarnik i Finna Fordhama, Universitas, Kraków, ст. 336. Год выданьня не пазначаны.
Сярод двух тузінаў артыкулаў пра розныя аспэкты творчасьці Джойса ёсьць і стэнаграфічны запіс майго выступу на той сустрэчы, недзе старонак дзесяць расповеду і адказаў на пытаньні з залі пра маё змаганьне з ангельскім і беларускім словам пры перакладзе “Ўліса”.
Pewien kozak co żył nad Donbasem,
Tłukł w kopalni bryły węgla kutasem.
Ciągle zbierał medale,
Jako gieroj, cóż, ale
To narzędzie zmarnował przed czasem.
У пасьляслоўі да кніжачкі “Limeryki plugawe” Мацей Сламчынскі напісаў:
“Я стварыў каля трох ці чатырох тысяч лімэрыкаў, магчыма, што ніхто на сьвеце не стварыў іх больш, чым я, а ўжо напэўна я выдумаў іх у дзесяць разоў больш, чым усе людзі ў гісторыі Польшчы, якія гэтым займаліся. У дадатак, я перастаў іх запісваць трыццаць пяць гадоў таму. Колькі іх было б, калі б я не пазбавіўся ад гэтага насланьня, страшна і падумаць!
Я пачаў амаль дзіцём у школе, а скончыў, едучы з Густавам Галоўбкам [выдатны польскі актор — Я.М.] на Алімпійскія гульні ў Рыме 1960. Едучы праз Аўстрыю і Італію, мы стаялі ў калідоры вагона, і маім заданьнем было прыдумаць лімэрык, які зьмяшчаў бы назву станцыі, якія мы міналі. Я выйграў той заклад, але мушу прызнацца, што мне гэта лёгка не далося, бо назвы мінаных аўстрыйскіх мястэчак былі жахлівыя. І гэта быў канец. Занатаваныя лімэрыкі бадзяліся па размаітых тэчках, некалькі разоў я зьбіраўся проста спаліць іх, калі мне прыходзіла думка, што падумаць пра мяне дзеці і ўнукі, ператрасаючы мае пасьмяротныя паперы. Але не спаліў. Зашмат у іх успамінаў. Прапаў бы апошні сьлед ад тых сапраўдных, камэрных сымпозыюмаў на вуліцы Крупнічай, дзе кожны мог кінуць геаграфічную назву, а дабраахвотнік адказваў лімэрыкам не пазьней чым праз 10-20 сэкундаў. Усе ўдзельнікі тых сходак ужо не жывуць. Засталося нас толькі двое, я і адно маладзенькае, прыгожанькае дзяўчо, якое памяркоўна папівала гарэлку і заходзілася ад сьмеху, чуючы тэксты, ад якіх пачырванеў бы і любы крымінальнік-рэцыдывіст. Дзяўчо называецца... дайце мне падумаць... ну так, Віслава Шымборская”.
Віслава Шымборская (нар. 1923, Нобэлеўская прэмія 1996) ня толькі сьмяялася зь лімэрыкаў Сламчынскага, але і сама пісала неблагія. Зразумела, нобэлеўскай ляўрэатцы не выпадала пісаць такой канкрэтнай мовай, як перакладчыку Джойса, але і ў яе знойдуцца вершыкі на такія клясычныя для лімэрычнага жанру тэмы як заафілія...
Pewien baca w kurnej chacie
z owieczką żył w konkubinacie.
Ta beczy: „Ja to nawet lubię,
Ale czy myśli pan o ślubie?
Bo jeśli nie, poskarżę tacie”.
...або нястрымнае німфаманства:
Pewna siostra szpitalna w Jaworznie
na dyżurach prowadziła się zdrożnie.
By nie grzeszyć z tą sanitariuszką,
pacjenci kryli się pod łóżko —
chorzy lekko a nawet obłożnie.
Гэтыя два элегантныя лімэрыкі паходзяць з выданьня: Wisława Szymborska, „Rymowanki dla dużych dzieci”, Wydawnictwo a5, Kraków 2003, ст. 56. Магчыма, сярод пасьмяротных папераў Шымборскай знойдуцца і іншыя, больш скаромныя і менш сьціплыя рэчы.
Але давайце закончым са Сламчынскім. Дык вось, Мацей Сламчынскі — сын амэрыканца і ангелькі — пісаў па-польску дэтэктывы пад псэўданімамi Joe Alex i Kazimierz Kwaśniewski, каб зарабіць на жыцьцё. У Польшчы гэтыя дэтэктывы былі вельмі папулярныя. Яны, аказваецца, былі таксама даволі папулярня і ў былых сацлягеры ды Савецкім Саюзе, дзе выходзілі ў перакладах наогул бязь ведама аўтара, якому сацыялістычныя выдаўцы ў гэтых замежжах не плацілі ганарараў. Вікіпэдыя падае, што дэтэктывы Сламчынскага (то бок, Алекса і Кваснеўскага) пераклалі на 13 моваў, уключна зь беларускай (!). Хто-небудзь што-небудзь ведае пра такія беларускія пераклады? Калі нейкі такі пераклад існуе, дык дзе як не ў Дзівотні на Літаратура.орг найлепшае месца для яго?
Кніжачцы Сламчынскага з плюгавымі лімэрыкамі і ня менш плюгавымі рысункамі Анджэя Млечкі — чатыры зоркі.
Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=87 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Скаромна і нясьціпла
Для друку / Дзівотня