Літаратура.org » Дзівотня » Хорхэ Луіс Борхэс, Бабілёнская бібліятэка

Бабілёнская бібліятэка

Хорхэ Луіс Борхэс — Гішпанская — Сяргей Шупа

By this art you may contemplate the variation of the 23 lettersГэткім чынам ты можаш сузіраць спалучэньні 23-х літараў......

The Anatomy of Melancholy, part 2, sect. II, mem. IV

Сусьвет (які іншыя называюць Бібліятэкаю) складаецца зь неабмежаванае, а магчыма бязьмежнае, колькасьці шасьцікутных галерэяў з шырокімі вэнтыляцыйнымі шахтамі пасярэдзіне, абгароджанымі нізенькімі парэнчамі. Ад кожнага шасьцікутніка ўгору й надол адыходзяць незьлічоныя паверхі. Пабудова галерэяў нязьменная. Дваццаць даўгіх паліцаў, па пяць на кожнай сьцяне, запаўняюць усе сьцены апроч дзьвюх; вышыня галерэі, роўная вышыні паверху, крыху большая за рост звычайнага бібліятэкара. У вадной зь незанятых сьценаў ёсьць выхад у вузенькі калідорчык, што вядзе ў другую галерэю, ідэнтычную першай і ўсім астатнім. Зьлева й справа ад калідора ёсьць два маленечкія пакоі. У вадным можна стоячы спаць, у другім спраўляць фэкальныя патрэбы. Тут жа віюцца кручаныя сходы, якія ўздымаюцца ў вышьіні й апускаюцца ў прорву да несканчонасьці. У калідорчыку вісіць люстэрка, якое паслухмяна падвойвае від. Гэтае люстэрка звычайна прыводзіць людзей да высновьы, што Бібліятэка не бясконцая (калі б яна сапраўды была бясконцая, нашто б тады было такое ўяўнае падваеньне?); я ж схіляюся да думкі, што гэтыя шліфаваныя паверхні адбіваюць і абяцаюць бясконцае... Сьвятло паходзіць зь некалькіх сфэрычных пладоў, называных лямпамі. Іх дзьве ў кожным шасьцікутніку: з бакоў. Сьвятло, што зь іх ліецца, прыцьмёнае, няспыннае.

Як усе людзі Бібліятэкі, я падарожнічаў у маладосьці; я вандраваў у пошуках аднае кнігі, каталёгу ўсіх каталёгаў; цяпер жа, калі вочы мае амаль ня здольныя разгледзець тое, што я пішу, я рыхтуюся памерці за колькі міляў ад шасьцікутніка, у якім я нарадзіўся. Калі я памру, знойдуцца літасьцівыя рукі, што перакінуць мяне праз парэнчы; магілаю мне будзе бяздоннае паветра; маё цела абрынецца павольна й распадзецца й распусьціцца ў ветры, што ўзьнікне ад майго бясконцага падзеньня. Я сьцьвярджаю, што Бібліятэка бязьмежная. Ідэалісты даводзяць, што шасьцікутныя залі — неабходная форма абсалютнае прасторы, або, прынамсі, нашага ўспрыманьня прасторы. Яны мяркуюць, што немагчыма сабе ўявіць трохкутную або пяцікутную залю. (Містыкі сьцьвярджаюць, што ў экстазе ім уяўляецца круглы пакой і ў ім вялікая круглая кніга з суцэльным карэньчыкам, які ідзе кругам уздоўж сьцяны; але іхнае сьведчаньне ненадзейнае, а словы іх цьмяныя. Гэтаю цыклічнаю кнігаю ёсьць Бог.) Пакуль жа мне дастаткова падаць клясычнае вызначэньне: Бібліятэка — гэта сфэра, дакладны цэнтар якое знаходзіцца ў любым шасьцікутніку і паверхня якое недасягальная.

На кожнай сьцяне кожнага шасьцікутніка разьмешчана пяць паліцаў; кожная паліца зьмяшчае трыццаць дзьве кнігі аднолькавага фармату, у кожнай кнізе чатырыста дзесяць старонак; на кожнай старонцы сорак радкоў, у кожным радку па восемдзесят літараў чорнага колеру. Ёсьць літары таксама на сьпінцы кожнае кнігі; гэтыя літары не азначаюць і не прадказваюць таго, пра што гаворыцца на старонках. Ведаю, што гэтая неадпаведнасьць часам здавалася загадкаваю. Перш чым выснаваць разгадку (адкрыцьцё якой, нягледзячы на яе трагічныя праекцыі, станецца, мабыць, найважнейшым фактам гісторыі), хачу прыгадаць некаторыя аксыёмы.

Першая: Бібліятэка існуе ab aeternoвечна.. У гэтай ісьціне, непасрэднаю высновай якое ёсьць будучая вечнасьць сьвету, ніводзін здаровы розум ня можа сумнявацца. Чалавек, недасканалы бібліятэкар, можа быць творам выпадку або зламысных дэміюргаў; толькі сусьвет, з прыгожа дастасаванымі паліцамі, таямнічымі тамамі, нястомным лесьвіцамі для падарожніка і прыбіральняю для ціхмянага бібліятэкара, можа быць творам нейкага бога. Каб адчуць адлегласьць паміж боскім і чалавечым, дастаткова параўнаць гэтыя нязграбныя дрыготкія знакі, якія мая няпэўная рука грымзоліць на вокладцы кнігі, з суладнымі літарамі ўсярэдзіне яе: дакладнымі, тонкімі, незвычайна чорнымі, непаўторна сымэтрычнымі.

Другая: Колькасьць знакаў складае дваццаць пяцьУ арыгінальным рукапісе няма ні лічбаў, ні вялікіх літараў. Пунктуацыя была абмежаваная да коскі й кропкі. Гэтыя два знакі, прагал паміж словамі й дваццаць дзьве літары альфабэту складаюць і дваццаць пяць знакаў, пра якія згадвае невядомы. (Заўвага рэд.). Гэтае цьверджаньне дазволіла трыста гадоў таму сфармуляваць агульную тэорыю Бібліятэкі і знайсьці прыймальнае рашэньне праблемы, якую ня вырашыла б і найлепшая гіпотэза: бясформнай і бязладнай прыроды амаль усіх кніг. Адна, якую мой бацька бачыў у шасьцікутніку аддзелу 15-94, складалася зь літараў МСV, якія паўтараліся ў розным парадку ад першага да апошняга радка. Другая (вельмі часта чытаная ў гэтай зоне) уяўляе сабою проста лябірынт зь літараў, але на перадапошняй старонцы сказана О час, твае піраміды. Ведама, што на адзін разумны радок або адно слушнае паведамленьне прыпадаюць цэлыя мілі бязглуздае какафоніі, слоўнага сьмецьця й няскладнасьці. (Я ведаю зьдзічэлыя мясьціны, дзе бібліятэкары адкінулі прымхлівую й пустую звычку шукаць у кнігах сэнс, параўнаўшы яе з шуканьнем сэнсу ў снах або ў бязладных рысках на далоні... Яны пагаджаюцца, што вынаходнікі пісьма перанялі дваццаць пяць прыродных знакаў, але сьцьвярджаюць, што гэтыя знакі ўжываюцца выпадкова і што кнігі самі па сабе нічога ня значаць. Гэтае цьверджаньне, як пабачым, не пазбаўленае слушнасьці.)

Доўгія часы лічылася, што гэтыя неспасьціжныя кнігі напісаныя нейкімі далёкімі зьніклымі мовамі. Гэта праўда, што даўнейшыя людзі, першыя бібліятэкары, карысталіся моваю даволі адрознай ад той, якою мы гаворым сёньня; праўда, што за колькі міляў справа адсюль гавораць іншым дыялектам, а за дзевяноста паверхаў угары мова зусім незразумелая. Усё гэта, паўтараю, праўда, але чатырыста дзесяць старонак нязьменнага МСV ня могуць адпавядаць ніякай мове, якая б дыялектная або неразьвітая яна ні была. Некаторыя меркавалі, што кожная літара можа ўплываць на наступную і што значэньне МСV у трэйцім радку старонкі 71 не супадае з тым, якое магло б мець тое самае спалучэньне ў іншым мейсцы на іншай старонцы, але гэтае адвольнае цьверджаньне посьпеху ня мела. Іншыя думалі пра тайнапіс; агульна гэтае меркаваньне было прынятае, хоць і ня ў тым сэнсе, у якім яго сфармулявалі ягоныя аўтары.

Пяцьсот гадоў таму начальнік аднаго зь верхніх шасьцікутнікаўРаней на кожныя тры шасьцікутнікі быў адзін чалавек. Самагубствы й хваробы лёгкіх парушылі гэтую прапорцыю. Успамін, поўны невыказнага смутку: часам я доўгімі начамі вандраваў па пустых калідорах і сходах, не спатыкаючы ніводнага бібліятэкара. знайшоў кнігу, незразумелую, як і ўсе астатнія, у якой было аднак амаль два аркушы аднолькавых радкоў. Ён паказаў сваю знаходку вандроўнаму расшыфравальніку, які сказаў яму, што радкі напісаныя па-партугальску; іншыя сказалі яму, што на ідыш. Не мінула стагодзьдзя, як мова была вызначаная: самаеда-літоўскі дыялект мовы гуарані з канчаткамі клясычнае арабскае. Быў расчытаны і зьмест: асновы камбінаторнага аналізу, ілюстраваныя прыкладамі варыяцыяў зь неабмежаваным паўтарэньнем. Гэтыя прыклады дазволілі аднаму геніяльнаму бібліятэкару адкрыць фундамэнтальны закон Бібліятэкі. Гэты мысьляр заўважыў, што ўсе кнігі, якія б розныя яны ні былі, складаюцца з тых самых элемэнтаў: прагалу, кропкі, коскі, дваццаці дзьвюх літараў альфабэту. Ён таксама падаў адзін факт, які пацьвярджаюць усе падарожнікі: Ва ўсёй вялікай Бібліятэцы няма дзьвюх аднолькавых кніг. З гэтых неаспрэчных пасылак я зрабіў выснову, што Бібліятэка ўсеабдымная і што яе паліцы зьмяшчаюць усе магчымыя спалучэньні дваццацёх зь лішкам знакаў (колькасьць, хоць і неверагодна вялікая, але не бязьмежная), або ўсё тое, што можа быць выказанае: на ўсіх мовах. Усё: падрабязная гісторыя будучыні, аўтабіяграфіі арханёлаў, праўдзівы каталёг Бібліятэкі, тысячы й тысячы фальшывых каталёгаў, доказы фальшывасьці гэтых каталёгаў, доказы фальшывасьці праўдзівага каталёгу, гнастычнае эвангельле Васіліда, камэнтар да гэтага эвангельля, камэнтар да камэнтара да гэтага эвангельля, праўдзівае паведамленьне пра тваю сьмерць, пераклад кожнае кнігі на ўсе мовы, інтэрпаляцыі з кожнае кнігі ва ўсе кнігі, трактат, які Бэда мог напісаць (але не напісаў) пра міталёгію саксаў, згубленыя кнігі Тацыта.

Калі было абвешчана, што Бібліятэка зьмяшчае ў сабе ўсе кнігі, першым уражаньнем была дзівосная шчаснасьць. Усе людзі адчулі сябе гаспадарамі нейкага некранутага патаемнага скарбу. Не было ніводнае асабістае або сусьветнае праблемы, вычарпальнае вырашэньне якой не было б схаванае ў адным з шасьцікутнікаў. Сусьвет меў абгрунтаваньне, сусьвет раптоўна запоўніў бязьмежныя абсягі надзеі. У той час шмат гаварылася пра Апраўданьні: кнігі ўсхваленьняў і прароцтваў, якія назаўсёды апраўдвалі ўчынкі кожнага чалавека ў сусьвеце й абяцалі яму ў будучыні дзівосныя таямніцы. Тысячы прагных пакінулі мілыя сэрцу родныя шасьцікутнікі й пусьціліся ўгору па сходах, гнаныя марнай задумаю знайсьці сваё Апраўданьне. Гэтыя паломнікі сварыліся ў вузкіх калідорах, вымаўлялі змрочныя праклёны, душылі адзін аднаго на боскіх лесьвіцах, шпурлялі зманныя кнігі ў прадоньні тунэляў, гінулі, скінутыя ў прорву людзьмі з далёкіх краінаў. Іншыя вар'яцелі... Апраўданьні існуюць (я бачыў два, што датычаць асобаў з будучыні, магчыма, рэальных), але шукальнікі ня памяталі, што магчымасьць таго, каб нехта знайшоў сваё Апраўданьне або хоць нейкую недакладную яго копію, роўная нулю.

У тыя часы верылася таксама ў раскрыцьцё галоўных таямніц чалавецтва: паходжаньня Бібліятэкі й часу. Верагодна, што гэтыя важныя таямніцы могуць быць вытлумачаныя ў словах: калі будзе недастаткова мовы філёзафаў, шматаблічная Бібліятэка спародзіць неабходную дзеля гэтага нечуваную дагэтуль мову, а таксама слоўнікі й граматыкі гэтае мовы. Ужо чатыры стагодзьдзі людзі бадзяюцца па шасьцікутніках... Ёсьць афіцыйныя шукальнікі, расьсьледнікі. Я бачыў іх падчас выкананьня імі сваіх абавязкаў: яны прыходзяць заўсёды вельмі пачцівыя; гавораць пра лесьвіцы бяз прыступак, дзе яны ледзь не забіліся; размаўляюць зь бібліятэкарам пра галерэі ды сходы; часам бяруць у рукі нейкую кнігу й гартаюць яе, шукаючы ганебныя словы. Відавочна, ніхто нічога не спадзяецца знайсьці.

На зьмену залішняй надзеі прыйшла, як звычайна бывае, безаглядная роспач. Было амаль невыносна ведаць, што на нейкай паліцы ў нейкім шасьцікутніку стаяць найкаштоўнейшыя кнігі й што кнігі гэтыя недасягальныя. Адна блюзьнерская сэкта прапанавала ўсім людзям спыніць пошукі ды перамяшаць знакі й літары, пакуль зь іх не складуцца, празь неверагодны шчасьлівы выпадак, тыя кананічныя кнігі. Улады былі вымушаныя абвясьціць суровыя загады. Сэкта зьнікла, але калі я быў маленькі, я бачыў старых людзей з мэталічнымі дыскамі й забароненай шклянкай з косткамі, якія надоўга зачыняліся ў прыбіральні ды няўмела спрабавалі імітаваць боскі беспарадак.

Іншыя, наадварот, лічылі, што найперш трэба зьнішчыць непатрэбныя кнігі. Яны ўрываліся ў шасьцікутнікі, паказвалі дакумэнты, не заўсёды фальшывыя, гарталі з агідаю які-небудзь том ды асуджалі на сьмерць цэлыя паліцы; іх гігіенічна-аскетычнае шаленства сталася прычынаю недарэчнае загубы мільёнаў кніг. Іх імёны былі праклятыя, аднак тыя, хто аплаквае «скарбы», зьнішчаныя іх вар'яцкім шалам, ня улічваюць двух відавочных фактаў. Першы: Бібліятэка настолькі велізарная, што любая шкода, учыненая чалавекам, выглядае бясконца малою. Другі: кожны асобны экзэмпляр незаменны, але (бо Бібліятэка ўсеабдымная) заўсёды знойдзецца колькі сотняў тысяч недасканалых копіяў: кніг, якія розьняцца ад арыгіналу толькі адною літарай або адною коскай. Насуперак агульнаму меркаваньню, я наважваюся лічыць, што наступствы зруйнаваньняў, учыненых Ачышчальнікамі, былі перабольшаныя дзеля страху, што сеялі гэтыя фанатыкі. Яны былі гнаныя маніяй захапіць кнігі Чырвонага Шасьцікутніка: кнігі меншага за звычайны фармату, усемагутныя, ілюстраваныя й магічныя.

Мы ведаем таксама й пра другую забабонную ідэю тых часоў: Чалавека Кнігі. На нейкай паліцы ў нейкім шасьцікутніку (як лічылі людзі) мусіць існаваць кніга, якая ўяўляе сабою абагульненьне й дасканалы кароткі выклад усіх астатніх: адзін бібліятэкар яе прачытаў і стаўся падобны да бога. У мове тае зоны яшчэ захаваліся адгалоскі культу гэтага старавечнага службоўца. Шмат людзей падарожнічала ў пошуках Яго. Цэлае стагодзьдзе яны марна туляліся ў самых розных кірунках. Як вызначыць, дзе знаходзіцца той запаветны шасьцікутнік, дзе Ён знайшоў сабе прытулак? Нехта прапанаваў зваротны мэтад. Каб знайсьці кнігу А, трэба папярэдне прагледзець кнігу В, дзе паведамляецца пра месца захаваньня кнігі А; каб знайсьці кнігу В, прагледзець папярэдне кнігу С, і гэтак бясконца... У гэткіх прыгодах я змарнаваў і пражыў мае гады. Мне не здаецца неверагодным каб на нейкай паліцы сусьвету не стаяла ўсеабдымная кнігаПаўтараю: каб кніга існавала, дастаткова, каб яна была магчымая. Выключана можа быць толькі існаваньне немагчымага. Напрыклад: ніводная кніга ня можа адначасова быць лесьвіцай, хоць без сумневу ёсьць кнігі, якія аспрэчваюць, адмаўляюць або пацьвярджаюць гэткую магчымасьць, а таксама іншыя, чыя структура адпавядае будове лесьвіцы.; я малю невядомых багоў, каб хто-небудзь зь людзей — хоць бы толькі адзін за цэлыя тысячагодзьдзі — знайшоў яе ды прачытаў. Калі гэткі гонар, мудрасьць і шчасьце наканаваныя ня мне, хай яны дастануцца іншым. Хай існуе рай, хоць бы маё мейсца было і ў пекле. Хай я буду зганьбаваны й зьнішчаны, але хай хоць на імгненьне, хоць у адной істоце твая велічная Бібліятэка будзе апраўданая.

Бязбожнікі сьцьвярджаюць, што бяссэнсіца — нармальны стан Бібліятэкі, а разумнасьць (і нават простая й элемэнтарная складанасьць) — гэта амаль неверагоднае выключэньне. Гавораць (я гэта ведаю) пра «хворую Бібліятэку, чые шалёныя тамы, як у няспынным калейдаскопе, абарочваюцца ў іншыя, адмаўляючы й пераблытваючы ўсё, што яны сьцьвярджаюць, як нейкае звар'яцелае боства». Гэтыя словы, якія ня толькі выяўляюць беспарадак, але й пацьвярджаюць яго прыкладамі, яскрава паказваюць іх вельмі дрэнны густ і безнадзейнае невуцтва. Сапраўды, Бібліятэка зьмяшчае ўсе вэрбальныя структуры, усе спалучэньні, дазволеныя дваццацьцю пяцьцю знакамі, але ніводнае абсалютнае бяссэнсіцы. Няма патрэбы казаць, што найлепшая кніга з шматлікіх падпарадкаваных мне шасьцікутнікаў называецца Прычасаны гром, яшчэ адна — Гіпсавая сутарга, а яшчэ адна — Аксаксаксас млё. Гэтыя словазлучэньні, на першы погляд няскладныя, без сумневу маюць сваё крыптаграфічнае або алегарычнае тлумачэньне; тлумачэньне гэтае можа быць выказанае словамі і, ex hypothesi, ужо захоўваецца ў Бібліятэцы. Якія б знакі я ні склаў разам, напрыклад,

dhcmrlchtdj,

яны ўжо будуць прадбачаныя ў боскай Бібліятэцы, а на адной зь яе таемных моваў яnы заключаюць у сабе пагрозьлівы сэнс. Нельга вымавіць ніводнага складу, які ня быў бы поўны пяшчоты й страху, які б ня значыў на адной з гэтых моваў магутнае ймя нейкага бога. Гаварыць — значыць ужываць таўталёгіі. Гэтае непатрэбнае й шматслоўнае пасланьне ўжо існуе ў адным з трыццацёх тамоў аднае зь пяці паліцаў аднаго зь незьлічоных шасьцікутнікаў — а таксама ягонае абвяржэньне. (Колькасьць n магчымых моваў ужывае той самы слоўнік; у некаторых паняцьце бібліятэка мае дакладную дэфініцыю усюдыісная й вечнатрывалая сыстэма шасьцікутных галерэяў, але пры гэтым бібліятэка азначае хлеб або піраміду або нешта іншае, а шэсьць словаў, што яе вызначаюць, маюць іншы сэнс. Ты, што мяне чытаеш, ці ўпэўнены ты, што разумееш маю мову?)

Мэтадычнае пісаньне адцягвае мяне ад рэальнага жыцьця. Веданьне таго, што

ўсё ўжо напісанае, зьнішчае нас або ператварае ў прывіды. Я ведаю мясьціны, дзе маладыя людзі падаюць ніцма перад кнігамі і, як дзікуны, цалуюць старонкі, ня ўмеючы расчытаць ніводнае літары. Эпідэміі, гэрэтычныя закалоты, паломніцтвы, што непазьбежна ператвараюцца ў бандыцкія выправы, зьменшылі насельніцтва. Здаецца, я ўжо згадваў пра самагубствы, штораз часьцейшыя з кожным годам. Можа, старасьць і страх уводзяць мяне ў аблуду, але я прадчуваю, што чалавечы род — адзіны — засуджаны на згасаньне і што Бібліятэка будзе йснаваць вечна: асьветленая, пустынная, бясконцая, дасканала нерухомая, застаўленая каштоўнымі тамамі, непатрэбная, незьнішчальная, неразгаданая.

Толькі што я напісаў бясконцая. Я ўжыў гэты прыметнік не дзеля рытарычнае звычкі; няма нічога нелягічнага ў думцы, што сьвет бясконцы. Тыя, хто лічыць яго абмежаваным, дапускаюць, што ў нейкіх вельмі далёкіх мясьцінах калідоры, сходы й шасьцікутнікі могуць неверагодным чынам скончыцца — што само па сабе абсурдна. Тыя, хто ўяўляе яго бязь межаў, забываюцца, што магчымая колькасьць кніг абмежаваная. Я ж наважуся прапанаваць гэткае вырашэньне адвечнае загадкі: Бібліятэка неабмежаваная й пэрыядычная. Калі б нейкі вечны падарожнік прайшоў яе ў якім-небудзь кірунку, ён бы пацьвердзіў праз стагодзьдзі, што тыя самыя кнігі паўтараюцца ў тым самым беспарадку (які, будучы паўтораны, і быў бы парадкам: Парадкам). У сваёй адзіноце я суцяшаюся гэтым прыгожым спадзяваньнемЛетысія Альварэс дэ Таледа заўважыла, што велізарная Бібліятэка непатрэбная; папраўдзе, дастаткова было б толькі адной кнігі звычайнага фармату, надрукаванай дзявятым або дзесятым кеглем, якая складалася б зь бясконцае колькасьці бясконца тонкіх старонак. (Кавальеры на пачатку XVII стагодзьдзя сказаў, што любое цьвёрдае цела складаецца зь бясконцае колькасьці роўнядзяў.) Ужываць гэткі шаўкавісты vademecum бylо б нязручна: кожная ўяўная старонка дзялілася б на дзьве падобныя да яe; немагчымая цэнтральная старонка ня мела б зваротнага боку..

1941, Мар дэль Плята.

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=56 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Бабілёнская бібліятэка

Хорхэ Луіс Борхэс — Гішпанская — Сяргей Шупа

Для друку   /   Дзівотня

Хорхэ Луіс Борхэс. 1963
Хорхэ Луіс Борхэс. 1963
El universo (que otros llaman la Biblioteca) se componte de un número indefinido, y tal vez infinito, de galerías hexagonales, con vastos pozos de ventilación en el medio, cercados por barandas bajísimas. Desde cualquier hexágono se ven los pisos inferiores y superiores: interminablemente. La distribución de las galerías es invariable. Veinte anaqueles, a cinco largos anaqueles por lado, cubren todos los lados menos dos; su altura, que es la de los pisos, excede apenas la de un bibliotecario normal. Una de las caras libres da a un angosto zaguán, que desemboca en otra galería, idéntica a la primera y a todas. A izquierda y a derecha del zaguán hay dos gabinetes minúsculos. Uno permite dormir de pie; otro, satisfacer las necesidades finales. Por ahí pasa la escalera espiral, que se abisma y se eleva hacia lo remoto. En el zaguán hay un espejo, que fielmente duplica las apariencias. Los hombres suelen inferir de ese espejo que la Biblioteca no es infinita (si lo fuera realmente ¿a qué esa duplicación ilusoria?); yo prefiero soñar que las superficies bruñidas figuran y prometen el infinito... La luz procede de unas frutas esféricas que llevan el nombre de lámparas. Hay dos en cada hexágono: transversales. La luz que emiten es insuficiente, incesante...