Вуліца кракадзілаў
Мой бацька захоўваў у нiжняй шуфлядцы свайго глыбокага стала старую й прыгожую карту нашага гораду.
Гэта быў цэлы том in folio пэргамiнных аркушаў, якiя, некалi злучаныя палоскамi палатна, утваралi велiзарную насьценную карту ў выглядзе панарамы з вышынi птушынага палёту.
Павешаная на сьцяне, яна займала амаль увесь пакой i адкрывала далёкi спазор на ўсю далiну Тысьмянiцы, што выгiнаста вiецца бледна-залатою стужкаю, на ўсё паазер’е шырока разьлiтых ставоў i балотаў, на сабраныя ў складкi прыгор’i, што цягнуцца на поўдзень, спачатку рэдка, а пасьля ўсё гусьцейшымi пасмамi, шахматнай дошкаю круглаватых пагоркаў, усё меншых i ўсё бляднейшых, чым далей яны адыходзяць да залацiста-смужлiвай iмглы небакраю. З тых прывялых даляў пэрыфэрыi вынырваў горад i рос дапераду, спачатку яшчэ ў не распадзеленых комплексах, у шчыльных блёках i масах дамоў, парэзаных глыбокiмi лагчынамi вулiц, каб яшчэ блiжэй выдзялiцца ў паасобныя камянiцы, выгравiраваныя з вострай выразнасьцю краявiдаў, разгляданых праз сузорную трубу. На тых блiжэйшых плянах гравёр выдабыў усю заблытаную й шматаблiчную гаману вулiц i завулкаў, вострую выразнасьць карнiзаў, архiтраваў, архiвольтаў i пiлястраў, што сьвяцiлiся ў позьнiм i цьмяным золаце пахмурнага надвячорка, якi ахiнаў усе выгiны й нiшы глыбокай сэпiяй ценю. Глыбы й прызмы гэтага ценю ўрэзвалiся, нiбы соты цёмнага мёду, у цясьнiны вулiц, затаплялi ў сваёй цёплай сачыстай масе то ўсю палову вулiцы, то прагал памiж дамамi, драматызавалi й аркестравалi панурай рамантыкай ценю гэтую шматаблiчную архiтэктурную палiфонiю.
На тым пляне, выкананым у стылi барокавых праспэктаў, ваколiца Кракадзiлавай вулiцы сьвяцiлася пустою бельлю, якою на геаграфiчных картах звычайна азначаюцца палярныя вобласьцi, краiны неспазнаныя й няпэўнае экзыстэнцыi. Толькi лiнii колькiх вулiц былi накрэсьленыя там чорнымi рыскамi й надзеленыя назовамi простага неаздобнага шрыфту, у адрозьненьне ад шляхотнай антыквы iншых надпiсаў. Вiдавочна картограф не згаджаўся прызнаць прыналежнасьць гэтых кварталаў да гарадзкога ансамблю й сваё запярэчаньне выявiў у гэтым адмыслова зьняважлiвым выкананьнi.
Каб зразумець гэтую асьцярожнасьць, мы мусiм цяпер зьвярнуць увагу на двузначны й сумлеўны характар гэтых кварталаў, так моцна адрозных ад пераважнага тону ўсяго астатняга гораду.
Гэта быў прамыслова-гандлёвы раён зь яскрава падкрэсьленым характарам цьвярозага спажывальнiцтва. Дух часу, мэханiзм эканомiкi не пашкадаваў i нашага гораду i запусьцiў сквапныя каранi на ўскрайку яго пэрыфэрыi, дзе разьвiўся ў паразытычныя кварталы.
Калi ў старым горадзе ўсё яшчэ панаваў начны, патаемны гандаль, поўны ўрачыстай цырыманiяльнасьцi, у гэтых новых кварталах разьвiлiся адразу сучасныя, цьвярозыя формы камэрцыялiзму. Псэўдаамэрыканiзм, прышчэплены на старым, спарахнелым грунце гораду, выбухнуў тут буйлiвым, але пустым i бясколерным разростам тандэтнай, убогай прэтэнцыёзнасьцi. Там можна было пабачыць танныя, марна збудаваныя камянiцы з карыкатурнымi фасадамi, аблепленыя пачварнымi ўпрыгожаньнямi з палопанага гiпсу. Старыя, крывыя прыгарадныя дамкi атрымалi насьпех скляпаныя парталы, якiя толькi пры блiзкiм разглядзе выяўлялi ўбогую iмiтацыю будынкаў вялiкага гораду. Папсаваныя, мутныя й брудныя шыбы, якiя ў скрыўленых адлюстраваньнях ламалi цьмяныя адбiткi вулiцы, негабляванае дрэва парталаў, шэрая атмасфэра пустых iнтэр’ераў, укрытых павучыньнем i камякамi пылу на высокiх палiцах i ўздоўж абдзертых i абсыпаных сьценаў, выбiвалi тут, на крамах, кляймо дзiкага Кляндайку. Так цягнулiся адно за адным майстэрнi краўцоў, адзежныя крамы, склады парцэляны, аптэкi, цырульнi. Iх шэрыя вялiкiя вiтрыны несьлi скошаныя або скручаныя паўколам надпiсы пукатымi залатымi лiтарамi: CONFISERIE, MANUCURE, KING OF ENGLAND.
Карэнныя жыхары гораду трымалiся наводдаль ад той ваколiцы, заселенай набрыдзьдзю й адкiдамi, крэатурамi без характару, без гушчынi, сапраўдным маральным убоствам, тым тандэтным гатункам чалавека, якi нараджаецца ў гэткiх эфэмэрных асяродзьдзях. Але ў днi заняпяду, у гадзiны нiзкай спакусы здаралася, што той або iншы з жыхароў гораду, заблудзiўшы, прыходзiў амаль выпадкова ў гэтыя сумлеўныя кварталы. Часам i найлепшыя не былi вольныя ад спакусы самахотнай дэградацыi, зраўнаньня гранiцаў i гiерархii, распушчэньня ў гэтым плыткiм балоце супольнасьцi, лёгкай iнтымнасьцi, бруднага зьмяшаньня. Гэтыя кварталы былi эльдарадам для такiх маральных дэзэртэраў, такiх уцекачоў з-пад штандараў уласнае годнасьцi. Усё здавалася там падазроным i двузначным, усё запрашала патаемным мiргненьнем, цынiчна падкрэсьленым жэстам, выразна прыжмураным юрлiвым вокам -- да нячыстых надзеяў, усё вызваляла з путаў подлую натуру.
Мала хто, ня будучы папярэджаны, заўважаў дзiўную асаблiвасьць гэтых кварталаў: бясколернасьць, быццам у гэтым тандэтным, сьпешна вырослым горадзе нельга было сабе дазволiць раскошы колераў. Усё там было шэрае, як на аднакаляровых фатаграфiях, як у iлюстраваных праспэктах. Гэтае падабенства выходзiла за межы звычайнай мэтафары, бо хвiлiнамi, вандруючы па той частцы гораду, i сапраўды стваралася ўражаньне, што гартаеш нейкi праспэкт, нудныя рубрыкi камэрцыйных абвестак, сярод якiх паразытычна ўплiшчылiся падазроныя анонсы, дражлiвыя нататкi, двухсэнсоўныя iлюстрацыi; i вандроўкi тыя былi гэткiя ж пустыя й безвынiковыя, як узбуджэньне фантазii, гнанай праз старонкi парнаграфiчных выданьняў.
Можна было зайсьцi, напрыклад, да нейкага краўца, каб замовiць адзеньне -- адзеньне таннай элегантнасьцi, так характэрнай для гэтых кварталаў. Памешканьне было вялiкае й пустое, вельмi высокае й бясколернае. Вялiзныя шматпавярховыя палiцы ўзносяцца адна за адной у неакрэсьленыя вышынi залi. Паверхi пустых палiцаў вабяць позiрк угору, пад самую столь, якая можа быць небам -- убогiм, бясколерным, абдзертым небам гэтых кварталаў. Затое iншыя склады, што вiдаць праз расчыненыя дзьверы, поўныя аж пад столь корабаў i скрынак, што грамадзяцца вялiзнай картатэкай, якая распадаецца ўгары, пад заблытаным небам гарышча ў кубатуру пусткi, у бясплодныя рыштаваньнi нябыту. Празь вялiкiя шэрыя вокны, густа закратаваныя, як аркушы канцылярскай паперы, не ўваходзiць сьвятло, бо прастора крамы ўжо, як вадою, напоўненая iндыфэрэнтнай шэрай сьвеценьню, якая ня кiдае ценю й нiчога не асьвятляе. Зараз жа ўзьнiкае нейкi зграбны маладзён, надзiва паслужлiвы, гнуткi й падатны, каб дагадзiць нашым жаданьням i засыпаць нас танным i лёгкiм красамоўствам прыслужнiка. Але калi, гаворачы, ён раскручвае вялiзныя сувоi сукна, прымярае, складае й драпiруе бясконцы паток тканiны, што праплывае празь ягоныя рукi, фармуючы зь яго хваляў прывiдныя сурдуты й штаны, уся гэтая манiпуляцыя здаецца нечым неiстотным, удаваньнем, камэдыяй, заслонай, якою iранiчна ахiнуты сапраўдны сэнс справы.
Крамныя паненкi, зграбныя й чорныя, кожная зь нейкай хiбай у прыгажосьцi (характэрнай для гэтых кварталаў з бракаваным таварам), заходзяць i выходзяць, стаяць у дзьвярах складоў, вывучаюць вачыма, цi вядомая рэч (давераная дасьведчаным рукам прыслужнiкаў) дасьпявае да патрэбнага пункту. Прыслужнiк лiсьцiцца й манернiчае й хвiлiнамi робiць уражаньне трансвэстыта. Хочацца схапiць яго за мяккае падбародзьдзе або ўшчыкнуць за напудраную бледную шчаку, калi ён па-змоўнiцку скошаным позiркам незаўважна паказвае на таварную этыкетку, знак з празрыстай сымболiкай.
Паступова справа выбару адзеньня адыходзiць на дальнi плян. Гэты да жаноцкасьцi мяккi й сапсаваны маладзён, поўны разуменьня да самых iнтымных памкненьняў клiента, раскладае цяпер перад ягонымi вачыма асаблiвыя этыкеткi, цэлую бiблiятэку ахоўных знакаў, калекцыянэрскi кабiнэт дасьведчанага зьбiральнiка. Тады выяўлялася, што кравецкая майстэрня была толькi фасадам, за якiм хаваўся антыкварыят, збор надзвычай двухсэнсоўных выданьняў i прыватных друкаў. Паслужлiвы маладзён адчыняе новыя склады, запоўненыя да столi кнiгамi, гравюрамi й фатаграфiямi. Тыя вiньеткi, тыя гравюры ў сто разоў перавышаюць сьмеласьцю найсьмялейшыя нашыя мары. Такой кульмiнацыi сапсаваньня, такiх вынаходнасьцяў распусты мы не перажывалi нiколi.
Крамныя паненкi ўсё часьцей пахаджаюць памiж стосамi кнiжак, шэрыя й папяровыя, як гравюры, але поўныя пiгмэнту ў сапсаваных тварах, цёмнага пiгмэнту брунэтак блiшчастай i тлустай смуглявасьцi, якая, затаiўшыся ў вачох, раптоўна выбягала зь iх зыгзагам блiскучага прусачынага бегу. Але i ў спаленых румянцах, у пiкантных стыгматах радзiмак, у сарамлiвых азнаках цёмнага пушку хавалася раса запеклай чорнай крывi. Гэты пiгмэнт надзвычай iнтэнсыўнае сiлы, гэтая густая й пахучая кава, здавалася, асядала плямамi на кнiгах, якiя яны бралi ў алiўныя далонi, iх дотыкi, здавалася, фарбавалi й пакiдалi ў паветры цёмны дождж рабацiньня, тытунёвую смугу, нiбы порхаўка з узбуджальным жывёльным пахам. Тым часам навакольная распуснасьць усё болей скiдала зь сябе заслоны прыстойнасьцi. Прыслужнiк, вычарпаўшы сваю назольную актыўнасьць, паступова пераходзiў да жаноцкай падатнасьцi. Ён ляжыць цяпер на адной з шматлiкiх канапаў, парасстаўленых памiж кнiжнымi палiцамi, у шаўковай пiжаме з жаночым дэкальтэ. Паненкi дэманструюць, адна за адной, фiгуры й позы з гравюраў на вокладках, iншыя ўжо засынаюць на часова зладжаных пасьцелях. Нацiск на клiента паслабляўся. Яго выпускалi з кола назольнае зацiкаўленасьцi, пакiдалi сабе самому. Прыслужнiцы, занятыя размовай, болей не зварачалi на яго ўвагi. Павярнуўшыся да яго бокам або задам, яны замiралi ў дзёрзкай контрапозе, пераступалi з нагi на нагу, граючы какетным абуткам, пускалi зьверху ўнiз па зграбным целе юрлiвую зьмяiную хвалю, нападаючы ёю з-пад сваёй нядбалай безадказнасьцi на ўзбуджанага гледача, якога не заўважалi. Так яны адступалi, разважна адыходзiлi ўглыб, пакiдаючы вольную прастору для актыўнасьцi госьця. Скарыстаем гэты момант няўвагi, каб пазьбегнуць непрадбачаных наступстваў гэтага нявiннага вiзыту й выбрацца на вулiцу.
Нiхто нас не затрымвае. Праз калiдоры кнiжак, уздоўж даўгiх палiцаў з часопiсамi мы выбiраемся з крамы й апынаемся ў тым месцы Кракадзiлавай вулiцы, дзе з узвышанага яе пункту вiдна амаль уся даўжыня гэтага шырокага гасьцiнца, аж да далёкiх, недакончаных будынкаў чыгуначнага вакзалу. Стаiць шэры дзень, як i заўсёды ў гэтых ваколiцах, i ўся сцэна падаецца часам фатаграфiяй зь iлюстраванай газэты, такiмi шэрымi й плоскiмi выглядаюць тут дамы, людзi й машыны. Гэтая рэчаiснасьць тонкая, як папера, i ўсiмi шчылiнамi выдае сваю несапраўднасьць. Хвiлiнамi здаецца, што толькi на маленькiм лапiку перад намi ўсё ўкладаецца прыкладна ў той падкрэсьлены вобраз вялiкага гарадзкога бульвару, тым часам як ужо з бакоў гэты iмправiзаваны маскарад разьвязваецца, распускаецца i, няздольны ўтрымаць сваёй ролi, распадаецца за нашай сьпiнаю ў гiпс i пакульле, у занядбаны звал рэквiзыту нейкага вялiзнага пустога тэатру. Напружаньне позы, штучная паважнасьць маскi, iранiчны патас дрыжыць на гэтай тонкай плеўцы рэальнасьцi. Але мы далёкiя ад жаданьня здэмаскаваць вiдовiшча. Насуперак лепшай ведзе, мы адчуваем сябе ўцягнутымi ў тандэтныя чары гэтых кварталаў. Зрэшты, у вобразе гораду не бракуе й пэўных рысаў аўтапародыi. Рады маленькiх аднапавярховых загарадных дамкоў чаргуюцца з шматпавярховымi камянiцамi, якiя, збудаваныя нiбы з кардону, уяўляюць сабою канглямэрат шыльдаў, сьляпых нежылых вокнаў, шклiста-шэрых вiтрынаў, рэклямаў i нумароў. Пад дамамi цячэ людзкая рака. Вулiца шырокая, як вялiкi гарадзкi бульвар, але праезная частка зробленая, як вясковы пляц, зь бiтай глiны, поўная выбоiнаў, лужынаў i травы. Вулiчны рух складае прадмет асаблiвае ўвагi ў гэтым горадзе, жыхары гавораць пра яго з гордасьцю й змоўнiцкiм бляскам у вачох. Гэты шэры безасабовы натоўп надзвычай праняты сваёй роляй i з гарачай заўзятасьцю iмiтуе бачнасьць вялiкага гораду. I аднак, нягледзячы на навакольную дзелавiтасьць i хцiвасьць, складаецца ўражаньне, што наша прагулка аблудная, манатонная й бязмэтная, падобная да соннага карагоду марыянэтак. Усю гэтую сцэну ахiнае атмасфэра нейкай дзiўнай нiкчэмнасьцi. Натоўп плыве манатонна, i, што дзiўна, ён заўсёды выглядае неяк невыразна, постацi праплываюць у зблытанай лагоднай гамане, не дасягаючы поўнае выразнасьцi. Толькi часам з гэтага шматгалоўнага тлуму можна вылавiць нейкi цёмны, жывы позiрк, нейкi чорны, глыбока насунуты капялюш, нейкi разьдзерты ўсьмешкай кавалак твару з вуснамi, якiя якраз нешта казалi, нейкую нагу, высунутую наперад для кроку й назаўсёды замерлую.
Асаблiвасьць гэтых кварталаў -- фурманкi бяз возьнiкаў, якiя бягуць самапасам па вулiцах. Не сказаць, каб тут не было фурманаў, але зьмяшаныя з натоўпам i занятыя тысячай справаў, яны ня дбаюць пра свае фурманкi. У гэтых кварталах прытворнасьцi й пустых жэстаў не надаецца залiшняй увагi дакладнай мэце паездкi, i пасажыры давяраюцца тым аблудным вазам зь легкадумнасьцю, уласьцiваю тут усяму. Часам iх можна бачыць на небясьпечных паваротах, як яны, высунуўшыся далёка з паламанай буды, зь лейцамi ў далонях напружана праводзяць складаны манэўр разьезду.
Ёсьць у гэтых кварталах i трамваi. Амбiцыя гарадзкiх райцаў сьвяткуе тут свой найвышэйшы трыумф. Аднак годны жалю выгляд гэтых вазоў, зробленых з пап’е-машэ, зь сьценамi павыгiнанымi й зьмятымi ад шматгадовага ўжытку. Часам у iх зусiм няма пярэдняй сьцяны, так што можна бачыць у праезьдзе пасажыраў, што сядзяць нерухома й трымаюцца зь вялiкаю годнасьцю. Трамваi гэтыя папiхаюць гарадзкiя насiльшчыкi. Аднак найдзiўнейшая рэч -- чыгуначны транспарт на Кракадзiлавай вулiцы.
Часам, у розныя поры дня, недзе пад канец тыдня, можна заўважыць натоўп людзей, што на павароце вулiцы чакаюць цягнiка. Нiколi не вядома напэўна, цi ён прыедзе й дзе спынiцца, i часта здараецца, што людзi зьбiраюцца ў дзьвюх розных мясьцiнах, ня здолеўшы пагадзiць свае погляды што да пункту прыпынку. Яны чакаюць доўга й стаяць чорным маўклiвым натоўпам уздоўж ледзь пазначаных сьлядоў рэек, з тварамi, што выглядаюць у профiль як шэраг бледных папяровых масак, выразаных у фантастычную лiнiю глядзеньня. I нарэшце ён неспадзявана прыяжджае, ужо выехаў з завулку, адкуль яго не чакалi, нiзкi, як вужака, мiнiятурны, з малым, сапучым, каржакаватым лякаматывам. Ён уяжджае ў чорны людзкi калiдор, i вулiца робiцца цёмная ад гэтае чарады вагонаў, што сеюць вугальны пыл. Цёмнае сапеньне паравозу й павеў дзiўнай паважнасьцi, поўнай смутку, стрыманая пасьпешлiвасьць i знэрваванасьць на хвiлiну ператвараюць вулiцу ў залю чыгуначнага вакзалу ў раньнiм зiмовым сутоньнi.
Пошасьць нашага гораду -- ажыятаж вакол чыгуначных бiлетаў i спэкуляцыя iмi.
У апошнюю хвiлiну, калi цягнiк ужо стаiць на станцыi, у нэрвовай пасьпешнасьцi адбываюцца перагаворы з прадажнымi чыгуначнымi службоўцамi. Перш чым гэтыя пэртрактацыi скончацца, цягнiк ад’яжджае, i яго праводзiць, павольна iдучы сьледам, расчараваны натоўп, праводзiць далёка, паступова разыходзячыся.
Вулiца, ператвораная на хвiлiну ў тлумны iмправiзаваны вакзал, поўны сутоньня й паху далёкiх дарог -- зноў прасьвятляецца, пашыраецца й прапускае сваiм рэчышчам бесклапотны манатонны натоўп гулякаў, якi вандруе пасярод гаманы размоваў уздоўж крамных вiтрынаў, тых брудных, шэрых прастакутнiкаў, поўных танных тавараў, вялiкiх васковых манэкенаў i цырульнiчых лялек.
Дражлiва апранутыя, у даўгiх карункавых сукенках, праходзяць прастытуткi. Зрэшты, гэта могуць быць i жонкi цырульнiкаў або рэстаранных музыкаў. Яны йдуць драпежным, мяккiм крокам i маюць у нядобрых, сапсаваных тварах нязначную хiбу, якая iх перакрэсьлiвае: або чорны касавокi позiрк, або разьдзертыя вусны, або адкусаны кончык носа.
Жыхары гораду ганарацца гэтым водарам сапсаванасьцi, якiм тхне ад вулiцы Кракадзiлаў. Мы ня мусiм нi ў чым сабе адмаўляць -- з гонарам думаюць яны -- мы здатныя й на сапраўдную распусту вялiкага гораду. Яны цьвердзяць, што кожная жанчына ў гэтых кварталах -- куртызанка. I сапраўды, варта толькi глянуць хоць на адну -- i адразу сустрэнеш той настойлiвы, лiпкi, казытлiвы позiрк, якi замарожвае нас распусьлiвай пэўнасьцю. Нават школьнiцы тут неяк адмыслова носяць стужкi, асаблiва ставяць зграбныя ножкi й маюць у позiрку тую нячыстую хiбу, у якой хаваецца сфармаваная загадзя будучая распуста.
I аднак -- аднак, цi раскрыем мы апошнюю таямнiцу тых кварталаў, старанна хаваны сакрэт вулiцы Кракадзiлаў?
Ужо колькi разоў на працягу нашага паведамленьня мы ставiлi папераджальныя знакi, далiкатна выяўляючы нашыя засьцярогi. Для ўважлiвага чытача ня будзе неспадзяваным канчатковы паварот справы. Мы гаварылi пра iмiтацыйны й iлюзорны характар тых кварталаў, але гэтыя словы маюць занадта завершаны й станоўчы сэнс, каб акрэсьлiць палавiнны й нерашучы характар iх рэчаiснасьцi.
Мова наша ня мае азначэньняў, якiя б вымяралi дозу, ступень рэальнасьцi, вызначалi яе гушчыню. Скажам без намiнкi: фатальнасьць гэтых кварталаў у тым, што нiчога ў iх не даходзiць да свайго вынiку, нiчога не дасягае сваёй дэфiнiтыўнасьцi, усе распачатыя рухi завiсаюць у паветры, усе жэсты перадчасна вычэрпваюцца й ня могуць пераадолець нейкага мёртвага пункту. Мы маглi тут заўважыць вялiкую буйлiвасьць i марнатраўства -- у iнтэнцыях, праектах, прадчуваньнях, што характэрна для гэтых кварталаў. Усе яны -- ня што iншае, як фэрмэнтацыя жаданьняў, разрослая перадчасна, а таму бясьсiльная й пустая. У атмасфэры празьмернай лёгкасьцi буяе тут любы найменшы капрыз, мiмалётнае напружаньне распухае й вырастае ў пусты разьдзьмуты верад, вылазiць шэры й лёгкi парост пухнатага зельля, бясколерных калматых макаў, створаны зь бязважкай тканкi вiдмаў i гашышу. Над усёй ваколiцай лунае лянiвы й распусны флюiд грэху, i дамы, людзi, крамы часам здаюцца дрыготкаю на яе хворым целе, гусiнай скурай на яе гарачкавых летуценьнях. Нiдзе, як тут, мы не адчуваем пагрозьлiвай небясьпекi магчымасьцяў, нiдзе мы так ня ўражаныя блiзкасьцю спаўненьня, бледныя й самлелыя ад распуснага страху ажыцьцярленьня. Але на гэтым усё й канчаецца.
Пераступiўшы пэўны пункт напружаньня, прылiў затрымваецца й адступае, атмасфэра гасьне й перацьвiтае, магчымасьцi вянуць i распадаюцца ў нiшто, звар’яцелыя, шэрыя макi ўзбуджэньня рассыпаюцца ў попел.
Мы будзем вечна шкадаваць, што выйшлi тады на хвiлiну з кравецкае крамы падазронага ладу. Мы нiколi ня трапiм у яе зноў. Мы будзем блукаць ад шыльды да шыльды й памыляцца сотнi разоў. Мы адведаем дзясяткi крамаў, трапiм у зусiм падобныя, будзем вандраваць праз калiдоры кнiжак, гартаць часопiсы, весьцi доўгiя й блытаныя перамовы з паненкамi празьмернага пiгмэнту й хiбнай прыгажосьцi, якiя ня здолеюць зразумець нашых жаданьняў.
Мы будзем блытацца ў непаразуменьнях, пакуль уся нашая гарачка й запал не разыйдуцца ў непатрэбным намаганьнi, у марнай пагонi.
Нашыя надзеi былi непаразуменьнем, двухсэнсоўны выгляд крамы й прыслугi -- пустой бачнасьцю, крама была сапраўднай крамаю, а прыслужнiк ня меў нiякiх схаваных iнтэнцыяў. Жаночы сьвет Кракадзiлавай вулiцы адзначаецца цалкам памяркоўнай сапсаванасьцю, заглушанай тоўстымi пластамi маральных i банальных забабонаў звычайнасьцi. У гэтым горадзе таннага чалавечага матэрыялу не стае таксама буйлiвага iнстынкту, не стае нязвыклых i цёмных жарсьцяў.
Вулiца Кракадзiлаў была саступкай нашага гораду на карысьць сучаснасьцi й сталiчнай распусты. Вiдавочна, мы не былi здольныя нi на што iншае, як на папяровую iмiтацыю, як на фотамантаж, складзены з выразак зьляжалых леташнiх газэтаў.
Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=37 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Вуліца кракадзілаў
Для друку / Дзівотня