Бутэлька
Два чалавекі сядзяць разам у пабе. Адзін зь іх вывучае нешта нейкае ва ўнівэрсытэце, другі раз на дзень бразгае на гітары і трымае сябе за музыканта. Яны ўжо выпілі па два півы і зьбіраюцца выпіць прынамсі яшчэ па два. У таго, што вучыцца ва ўнівэрсытэце, цяпер якраз дэпрэсія, бо ён закаханы ў сваю партнэрку з кватэры, а ў той партнэркі ёсьць вушасты сябар, які сьпіць у іх усю ноч, а па раніцах, калі яны выпадкова сутыкаюцца на кухні, ён строіць таму, што ва ўнівэрсытэце, спачувальныя міны, што яшчэ больш наганяе дэпрэсіі. “Зьмяні кватэру”, - раіць яму той, што трымае сябе за музыканта – што да яго, дык у яго ёсьць гісторыя як пазьбягаць канфліктаў. Раптам, пасярод размовы, падыходзіць нейкі п’яны з валасамі хвастом, якога яны ніколі ня бачылі, і прапануе таму, што вучыцца ва ўнівэрсытэце, закласьціся на сто шэкеляў, што яму ўдасца засунуць ягонага сябра, музыканта, у бутэльку. Той, што з унівэрсытэту, адразу згаджаецца на заклад, які выглядае на першы погляд трошкі ідыёцкім, і за сэкунду гэты з хвастом засоўвае музыканта ў пустую бутэльку ад “Голдстару”. У таго, што з унівэрсытэту, надта шмат лішніх грошай няма, але тут усё сумленна, ён дастае сотню шэкеляў, плаціць і, уталопіўшыся ў сьцяну, стаіць і шкадуе сам сябе. “Скажы яму што-небудзь, - крычыць яму ягоны сябар з бутэлькі, - ну, хутчэй, пакуль ён не пайшоў”. “Сказаць яму што?” – пытаецца той, што вучыцца ва ўнівэрсытэце. “Каб дастаў мяне зараз жа з бутэлькі, ну?” – але пакуль да таго, што з унівэрсытэту, даходзіць, хвост ужо рвануў адтуль. Тады ён плаціць, бярэ свайго добрага сябра ў бутэльцы, спыняе таксоўку, і яны едуць разам шукаць таго з хвастом. Ясна адно – што хвастаты не выглядаў як нехта, xто напіўся выпадкова, ён - прафэсійны п’яніца. І так яны абыходзяць паб за пабам. І ў кожным месцы, куды яны заходзяць, яны бяруць яшчэ па дрынку, каб не адчувалaся, што яны прыйшлі проста так. Той, што вучыцца ва ўнівэрсытэце, куляе іх адным махам, і з кожным дрынкам толькі яшчэ больш шкадуе сам сябе, а той, што ў бутэльцы, п’е праз саломку, бо выбару ў яго няшмат.
А пятай раніцы, калі яны знаходзяць таго з хвастом у пабе побач з Ірміягу, яны абодва ўжо набраўшыся да непрытомнасьці. Той з хвастом таксама добра набраўшыся, а яшчэ яму страшна непрыемна. Ён адразу просіць прабачэньня і дастае музыканта з бутэлькі. Яму сапраўды сорамна, што ён забыўся чалавека ў бутэльцы, тады ён прастаўляе ім яшчэ адзін дрынк, апошні. Яны пачынаюць гаварыць, і той з хвастом расказвае, што гэтаму фокусу з засоўваньнем і даставаньнем з бутэлькі яго навучыў нейкі фін, зь якім ён пазнаёміўся ў Тайляндзе, а ў Фінляндыі, як выявілася, гэты фокус наагул лічыцца драбязой. І ад таго часу кожны раз, як гэты з хвастом ідзе выпіць і ў яго канчаюцца наяўныя грошы, ён здабывае іх ідучы ў заклад. Ён нават вучыць іх, як рабіць гэты фокус, збольшага таму, што адчувае сябе няёмка. Ад той хвіліны, як яны разумеюць, у чым сакрэт, ім проста дзіўна, як гэта проста.
Пакуль той, што вучыцца ва ўнівэрсытэце, дабіраецца дахаты, ужо амаль зьзяе сонца. Перш чым ён нават пасьпявае паспрабаваць уставіць ключ у замочную шчыліну, дзьверы адчыняюцца і перад ім стаіць той вушасты, увесь вымыты і паголены. Перш чым вушасты спусьціцца па прыступках, ён яшчэ пасьпявае кінуць п’янаму партнэру сваёй сяброўкі позірк як-мне-непрыемна-я-ведаю-што-тое-што-ты-гатовы-разьбіць-сабе-галаву-гэта-толькі-з-за-яе. І той, што вучыцца ва ўнівэрсытэце, ціхенька паўзе ў свой пакой і па дарозе яшчэ пасьпявае глянуць на сваю партнэрку, Сіван, так яе завуць, якая сьпіць у сваім пакоі, скруціўшыся ў клубок і крыху растуліўшы вусны, як немаўля. Яна цяпер неяк па-асабліваму прыгожая, такой спакойнай прыгажосьцю. Так, як бываюць прыгожыя тыя, хто сьпіць, але ня ўсе. І на імгненьне яму хочацца ўзяць яе так, як яна ёсьць, засунуць яе ў бутэльку і трымаць яе побач з ложкам, як тыя бутэлькі з малюнкамі зь пяску, якія некалі прывозілі з Кітаю. Як маленькае сьвятло, што пакідаюць дзецям, калі яны баяцца спаць у цемры адны.
Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=35 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Бутэлька
Для друку / Дзівотня