Літаратура.org » Дзівотня » Этгар Керэт, Рабін памёр

Рабін памёр

Этгар Керэт — Іўрыт — Сяргей Шупа

Учора ўначы Рабін памёр. Яго пераехаў матаролер з каляскай. Рабін памёр на месцы. Кіроўца матаролера быў цяжка паранены і страціў прытомнасьць, і прыехала хуткая дапамога ды забрала яго ў шпіталь. Да Рабіна яны нават не дакрануліся, збольшага дзеля таго, што ён быў мёртвы і было ўжо немагчыма нічога зрабіць. Тады мы з Тыранам узялі яго і пахавалі ў мяне ў двары. Пасьля гэтага я заплакаў, а Тыран запаліў сабе цыгарэту і сказаў мне, каб я перастаў, бо яго нэрвавала, што я плачу. Але я не перастаў, і праз хвіліну заплакаў ён сам. Бо як бы я ні любіў Рабіна, ён любіў яго яшчэ болей. Пасьля мы пайшлі да Тырана дахаты, а ў пад’езьдзе чакаў паліцыянт, які хацеў яго затрымаць, бо кіровец матаролера, які ўжо апрытомнеў, паведаміў лекарам у шпіталі, што Тыран ударыў яго па касцы ломам. Паліцыянт спытаўся ў Тырана, чаму ён плача, а Тыран сказаў яму: “Хто плача? Ты, паліцыянт, бля, маньяк, фашыст”. Паліыянт даў яму плюху, і Тыранаў бацька выйшаў спытацца ў паліцыянта дакумэнты, а паліцыянт не згадзіўся паказаць, і за пяць хвілін у двор выйшла ўжо чалавек трыццаць. І паліцыянт сказаў ім, каб супакоіліся, а яны сказалі яму, каб сам супакоіўся, і пачалі штурхацца, і амаль зноў не дайшло да бойкі.

Урэшце паліцыянт пайшоў, а Тыранаў бацька пасадзіў нас дваіх у іх у салёне, наліў нам спрайту і сказаў Тырану, каб ён патлумачыў, што здарылася, і хутчэй, пакуль паліцыянт не вярнуўся з падмацаваньнем. Тыран сказаў яму, што ён уваліў некаму ломам, аднаму, што да яго прычапіўся, і што той паведаміў у паліцыю. А Тыранаў бацька спытаўся, за што менавіта той да яго прычапіўся, і я адразу пабачыў, што ён злуецца. Тады я расказаў яму, што той з матаролерам пачаў першы, бо перад тым ён пераехаў каляскай Рабіна, а пасьля на нас насварыўся і нават даў мне аплявуху. Тыранаў бацька спытаўся ў яго, ці гэта праўда, і Тыран не адказаў, толькі кіўнуў галавой. Я пабачыў, што ён памірае хоча закурыць, але баіцца курыць пры бацьку.

Рабіна мы знайшлі на пляцы. Калі мы выйшлі з аўтобуса, мы пабачылі яго. Тады ён быў яшчэ малым кацяняткам і дрыжаў ад холаду. Мы з Тыронам і яшчэ адна дзяўчына са скаўтаў з Цагалы, якую мы там сустрэлі, пайшлі шукаць яму малака, але ў эспрэса-бар нас не хацелі пускаць, а ў Бургер-Ранча не было, бо яны пільна трымаюцца правілаў пра кашэрнае. Урэшце мы знайшлі Міні-маркет на Фрышмана, дзе нам далі пакецік і яшчэ пустую скрыначку ад тварагу, і мы налілі яму малака, і ён выпіў усё адным глытком, а скаўтка з Цагалы, якую звалі Авішаг, сказала, што трэба назваць яго “Шалом”, бо Рабін памёр дзеля міру, і Тыран кіўнуў галавой і папрасіў у яе тэлефон, а яна яму сказала, што ён у прынцыпе нічога сабе, але ў яе ёсьць сябар салдат, і калі яна пайшла, Тыран пагладзіў кацяня і сказаў, што мы ніколі ў жыцьці не назавем яго “Шалом”, бо “Шалом” – гэта емэнскае імя, і што назавем яго Рабін, а таксама што як на яго, дык хай яна йдзе заябецца са сваім салдатам, бо твар у яе можа быць і прыгожы, але сама зусім крывая.

Тыранаў бацька сказаў Тырану, што ягонае шчасьце, што ён непаўнагадовы, але што гэтым разам можа і гэта не дапаможа, бо ўдарыць ломам гэта табе ня жуйку скрасьці з крамы. І Тыран працягваў маўчаць, а я адчуў, што ён зараз зноў заплача, тады я сказаў Тыранаву бацьку, што гэта ўсё з-за мяне, бо калі Рабіна пераехала, я паклікаў Тырана і сказаў яму пра Рабіна. А кіроўца матаролера, які спачатку быў ветлівы і выбачаўся, спытаўся ў мяне, чаго я крычу, і толькі калі я растлумачыў яму, што ката завуць Рабін, толькі тады ён раззлаваўся і даў мне аплявуху. І Тыран сказаў бацьку: “Гэты скот не спыніўся на знаку, пераехаў нашага ката і яшчэ пасьля гэтага даў Сіні аплявуху, дык ты хацеў, каб я глядзеў на гэта і маўчаў?” Тыронаў бацька не адказаў і запаліў сабе цыгарэту, і, ня робячы з гэтага вялікай справы, запаліў таксама і Тырану. І Тыран сказаў, што самае лепшае было б, каб я зараз змыўся хутчэй дадому, пакуль не прыйшлі паліцыянты, так каб прынамсі я ня быў у гэта замешаны. А я сказаў яму, што гэтак несумленна, але ягоны бацька таксама са мной не згадзіўся.

Перад тым, як зайсьці ў дом, я спыніўся на хвілінку каля магілы Рабіна і падумаў пра тое, што б здарылася, калі б мы яго не знайшлі, пра тое, як выглядала б тады ягонае жыцьцё. Можа б ён замёрз ад холаду, але найбольш шанцаў, што нехта іншы ўзяў бы яго дадому, і тады б яго б не пераехала. Усё ў жыцьці - гэта як пашанцуе. Нават той сапраўдны Рабін, калі б пасьля таго, як прасьпявалі песьню за мір, замест таго, каб спусьціцца адразу са сцэны, ён бы трошкі пачакаў, ён быў бы яшчэ жывы, і замест яго стрэлілі б у Пэрэса. Прынамсі так казалі ў тэлевізіі. Або калі б у той, з пляцу, не было сябра салдата і яна дала б Тырану свой тэлефон, і мы б назвалі Рабіна “Шаломам”, тады б яго ўсё адно пераехала, але прынамсі гэта б ня скончылася бойкай.

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=34 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Рабін памёр

Этгар Керэт — Іўрыт — Сяргей Шупа

Для друку   /   Дзівотня

Тэль-Авів
Тэль-Авів