Твой чалавек
Калі Рэут сказала, што яна хоча, каб мы рассталіся, я быў у шоку. Таксоўка якраз спынілася каля яе дома, і яна выйшла з боку ходніка і сказала, што ня хоча, каб я да яе заходзіў, і што яшчэ яна папраўдзе кажучы ня хоча пра гэта гаварыць, а галоўнае яна больш ніколі ня хоча нічога ад мяне чуць, нават з новым годам або з днём нараджэньня, і пасьля гэтага яна бразнула дзьвярмі таксоўкі з такой сілай, што кіроўца плюнуў ёй усьлед і вылаяўся. Я застаўся сядзець здранцьвелы на заднім сядзеньні. Калі б мы сварыліся раней ці нешта такое, тады я б магчыма быў больш да гэтага падрыхтаваны, толькі ж вечар прайшоў сапраўды вельмі ўдала. Праўда, фільм быў так сабе, але апрача гэтага ўсё сапраўды было вельмі спакойна. І тады раптам гэты маналёг, і бразганьне дзьвярмі, і бабах! Усе нашы апошнія паўгода разам у сьметнік. “Дык што будзем рабіць?” – спытаўся ў мяне кіроўца і глянуў у люстэрка. – Завезьці цябе дадому? У цябе ўвогуле дом ёсьць? Да бацькоў? Да сяброў? У масажны салён на Аленбі? Ну ты тут бос, ты кароль, табе вырашаць”. Я ня ведаў, што мне з сабой рабіць, ведаў толькі, што гэта несумленна, пасьля расстаньня з Гілай я сам сабе паабяцаў, што не дазволю нікому наблізіцца да мяне настолькі, каб магчы так мяне абразіць, але тады зьявілася Рэут, і ўсё было так добра, што да мяне проста не даходзіць. “Правільна, - буркнуў кіроўца. Ён выключыў матор і адкінуў сваё сядзеньне назад. – Нашто кудысьці ехаць, калі й тут так добра. Якая мне справа, лічыльнік круціцца”. І якраз тады па рацыі абвясьцілі гэты адрас, “Гэбрайскага легіёну, 9, хто як далёка?” А гэты адрас, я ўжо раз яго чуў, ён добра засеў у мяне ў памяці, быццам нехта надрапаў яго цьвіком.
Калі мы рассталіся з Гілай, было таксама як цяпер, у таксоўцы, а дакладней у таксоўцы, што везла яе на лётнішча. Яна сказала, што гэта канец, і сапраўды я больш ніколі пра яе ня чуў. Тады я таксама застаўся так сядзець здранцьвеўшы на заднім сядзеньні. Тады кіроўца гаварыў шмат, бясконца, а я зусім ня слухаў. Але вось гэты адрас, што далдоняць па рацыі, я якраз памятаю цудоўна– “Гэбрайскага легіёну, 9, хто там паблізу?” і цяпер, магчыма, гэта выпадкова, але я ўсё ж сказаў кіроўцу ехаць, я мусіў ведаць, што там такое. Якраз калі мы пад’ехалі, я пабачыў, як ад’яжджае іншая таксоўка, а ў ёй на заднім сядзеньні сілюэт нечай маленькай галоўкі – як бы дзіцяці або немаўлятка. Я заплаціў кіроўцу і выйшаў.
Гэта быў прыватны дом. Я расчыніў браму, пайшоў па сьцежцы, што вяла да дзьвярэй, і пазваніў у званок. Сытуацыя была даволі ідыёцкая, ня ведаю, што б я рабіў, калі б нехта мне адчыніў, і што б я яму сказаў. Мне не было чаго там шукаць, асабліва ў гэткі час. Але я быў такі злы, што мне было наагул на гэта напляваць. Я пазваніў яшчэ раз, даўжэй, пасьля гэтага моцна ляснуў у дзьверы, як у войску, калі мы абшуквалі дом за домам, але ніхто не адчыніў. У маёй галаве думкі пра Рэут і пра Гілу пачалі блытацца з думкамі пра іншыя расстаньні, і ўсё сплялося разам у нейкі ком. А што да гэтага дома, дзе мне ніхто не адчыніў, дык нешта мяне ў ім раздражняла. Я пачаў абыходзіць яго навокал, шукаючы акно, каб празь яго можна было зазірнуць у сярэдзіну. Але вокнаў там не было, толькі гэткія заднія дзьверы са шкла. Я паспрабаваў паглядзець празь іх – усё ўнутры было ў цемры. Як я ні стараўся, але мае вочы так і ня здолелі да яе прызвычаіцца. Здавалася, што чым больш я стараўся ўгледзецца, тым больш усё ўнутры станавілася яшчэ чарнейшым. Гэта разьюшыла мяне, разьюшыла да рэшты. І раптам я бачу сябе быццам з боку, як я нахіляюся, бяру камень, загортваю яго ў швэдар і разьбіваю ім шыбу.
Я засунуў руку ў сярэдзіну, асьцярожна, каб не парэзацца аб кавалкі шкла, і адчыніў дзьверы. У сярэдзіне я пашукаў вобмацкам выключальнік, і калі знайшоў яго, сьвятло было жоўтае і цьмянае. Адна лямпачка на ўвесь гэты вялікі пакой. І гэта якраз тое, чым было гэтае месца – адзін вялізны пакой, безь ніякай мэблі, зусім пусты, апрача адной сьцяны, якая ўся была пакрытая фатаздымкамі жанчын. Адныя фатаздымкі былі ў рамках, другія – проста прымацаваныя да сьцяны кавалкамі ліпкай паперы, і я ведаў усіх тых жанчын: там была Роні, што была маёй сяброўкай у войску, і Даніэла, зь якой мы хадзілі, калі я яшчэ вучыўся ў школе, і Стэфані, што была добраахвотніцай у нашым кібуцы, і Гіла. Усе яны былі там, а ў левым куце сьцяны, у далікатнай залатой рамцы быў партрэт Рэут, дзе яна ўсьміхалася. Я выключыў сьвятло і ўвесь дрыжучы скурчыўся ў кутку пакою. Ня ведаю, што за чалавек тут жыве, за што ён мне так робіць, як яму заўсёды ўдаецца руйнаваць маё жыцьцё. Але раптам усё спарадкавалася, усе гэтыя расстаньні, гэтыя кіданьні ні з тога ні зь сёга – Даніэла, Гіла, Рэут. Гэта ніколі не адбывалася паміж намі, гэта заўсёды быў ён.
Ня ведаю, праз колькі часу ён прыехаў. Спачатку я пачуў, як ад’яжджае таксоўка, пасьля гук ключэй у парадных дзьвярах, а пасьля гэтага сьвятло запалілася яшчэ раз, і ён стаяў там насупраць мяне і ўсьміхаўся, сукін сын, проста глядзеў на мяне і ўсьміхаўся. Ён быў нізенькі, ростам зь дзіця, зь вялізнымі вачыма бязь вейкаў, і ў руцэ ён трымаў стракаты плястыкавы пакет. Калі я падняўся з майго кута, ён толькі хіхікнуў – дакладна як нейкі збачэнец, якога засьпеюць пасярод справы, і спытаўся, як я сюды трапіў. “Што, і яна цябе кінула? – сказаў ён, калі я ўжо падыйшоў да яго бліжэй. – Нічога страшнага, заўсёды знойдзецца нейкая іншая”. І я, замест адказу, апусьціў яму на галаву камень, і калі ён упаў, я не спыніўся. Я не хачу нейкай іншай, я хачу Рэут, хачу, каб ён перастаў сьмяяцца. І ўвесь гэты час, што я апускаю яму на галаву камень, гэты чалавек толькі енчыць: “Што ты робіш, што ты робіш, што ты робіш, я твой чалавек, твой чалавек”. Пакуль ня сьціх. Пасьля гэтага мяне званітавала. А калі мяне перастала ванітаваць, я адчуў нейкую палёгку, як на маршы ў войску, калі нехта замяняе цябе за насілкамі, і раптам табе робіцца лёгка, так што ты наагул ня памятаў, што так можа быць. Лёгка, нібы ты дзіця. І ўся нянавісьць, усё пачуцьцё віны, увесь страх, што можа быць цябе ахопяць, усё гэта патанае ў гэтай лёгкасьці.
За домам непадалёку быў такі невялічкі гаёк, і я кінуў яго там. Камень і швэдар, што былі ўсе ў крыві, я закапаў у двары. Некалькі тыдняў пасьля гэтага я ўвесь час шукаў яго ў газэтах, і ў навінах, і ў абвестках пра зьніклых, але пра яго нічога не было напісана. Рэут не адказвала на мае паведамленьні, і нехта з працы расказаў мне, што бачыў яе на вуліцы зь нейкім бляндынам, такім высокім, было паскудна, калі я гэта пачуў, але я ведаў, што нічога ня зробіш, што гэта ўжо ў мінулым. Прайшло яшчэ трохі часу, і я пачаў сустракацца зь Міяй. І спачатку зь ёй усё было так спакойна, так нармальна. І ў адрозьненьне ад таго, як у мяне звычайна бывае зь дзяўчатамі, зь ёю я ад першай хвіліны быў шчыры і безабаронны. Па начах я часам сьніў таго карліка, як я закінуў ягонае цела ў гаёк, а калі прачынаўся, у першую сэкунду мне было страшна, але праз сэкунду я казаў сам сабе, што няма чаго баяцца, бо яго ўжо там няма, пасьля гэтага я абдымаў Мію і зноў засынаў.
Мы рассталіся зь Міяй у таксоўцы. Яна сказала, што я тупы, што я настолькі нічога не разумею, што ёй часам можа быць так цяжка ў гэтым сьвеце, а я буду ўпэўнены, што ёй вельмі добра, бо ў гэтую хвіліну добра мне. Яна сказала, што ў нас ужо даўно былі праблемы, але я не зьвяртаў на іх увагі. Пасьля яна пачала плакаць. Я спрабаваў яе абняць, але яна адсунулася ад мяне і сказала, што калі мне на яе не напляваць, каб я яе адпусьціў. Я ня ведаў, ці мне зайсьці да яе і неяк угаварыць. Па рацыі ў таксоўцы перадалі адрас, “Барацьбы, 4”. Я сказаў кіроўцу, каб ён завёз мяне туды. Калі мы прыехалі, там ужо стаяла іншая таксоўка, і ў яе селі хлопец і дзяўчына больш-менш майго веку, можа трошкі маладзейшыя. Іхны кіроўца нешта сказаў, і яны засьмяяліся. Далей я паехаў на Гэбрайскага Легіёну, 9. Я пашукаў у гайку цела, але яго там не было. Адзінае, што мне ўдалося знайсьці, дык гэта нейкі іржавы прут. Я падняў яго і пайшоў у бок дома.
Дом выглядаў дакладна як тады, цёмны, з пабітай шыбай у задніх дзьвярах. Я засунуў руку, і асьцярожна, каб не парэзацца, намацаў ручку. Зайшоўшы, я імгненна знайшоў выключальнік. Усё, як і раней, было пустое - толькі здымкі на сьцяне, брыдкі плястыкавы пакет і цёмная ліпкая пляма на падлозе. Я паглядзеў на здымкі – усе былі на месцы, дакладна ў тым самым парадку. Скончыўшы са здымкамі, я раскрыў пакет і праверыў, што ў ім было. Там была купюра пяцьдзясят шэкеляў, напалову прабіты пачак білетаў, футарал з акулярамі і здымак Міі. На здымку валасы ў яе былі сабраныя ў хвосьцік, яна выглядала трошкі самотнаю. І раптам я зразумеў, што ён мне тады сказаў, перад тым як памерці, пра тое, што заўсёды знойдзецца нейкая іншая. Я паспрабаваў уявіць сабе яго той ноччу, калі мы рассталіся з Рэут, як ён едзе туды, куды ня езьдзіў, вяртаецца са здымкам, дапільноўвае, ня ведаю як, каб я пазнаёміўўся з Міяй. Толькі што і гэтым разам я здолеў усё прасраць. І цяпер я ўжо сапраўды ня ўпэўнены, ці пазнаёмлюся зь нейкай іншай. Бо мой чалавек памёр, я сам яго забіў.
Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=33 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Твой чалавек
Для друку / Дзівотня