Бліскучыя вочы
Гэта апавяданьне пра дзяўчынку, якая больш за ўсё на сьвеце любіла бліскучыя рэчы. У яе была сукенка з блёсткамі, панчошкі з блёсткамі і балетныя туфлікі з блёсткамі. І лялька-негрыцянка, якую звалі Крысьці, паводле імя іх служанкі, таксама з блёсткамі. Нават зубы ў яе былі бліскучыя, хоць тата не згаджаўся і казаў, што яны “зіхоткія” і што гэта ня тое самае. “Бліскучы, – казала яна сабе ў думках, - гэта колер фэяў, і таму ён самы прыгожы з усіх колераў”. Калі настаў Пурым, яна прыйшла ў касьцюме маленькай фэі. У садку яна рассыпала блёсткі на кожнае дзіця, што праходзіла каля яе, і казала, што гэта асаблівы парашок жаданьняў, што калі яго зьмешваюць з вадою, тады збываюцца жаданьні, і што калі цяпер пойдзеш дадому і зьмяшаеш яго з вадою, дык і твае жаданьні збудуцца. Гэта быў вельмі пераканаўчы касьцюм, які заваявала першае месца на конкурсе касьцюмаў у садку. А выхавальніца Гіла сама сказала, што калі б яна раней яе ня ведала і сустрэла б яе проста так на вуліцы, дык адразу б паверыла, што гэта й сапраўды фэя.
Калі дзяўчынка прыйшла дадому, яна зьняла касьцюм, застаўшыся толькі ў трусіках, падкінула ў паветра ўсё, што засталося ад блёстак і выкрыкнула: “Я хачу бліскучыя вочы!” Яна крыкнула так гучна, што яе мама прыбегла паглядзець, ці ўсё ў парадку. “Я хачу бліскучыя вочы”, - сказала дзяўчынка, гэтым разам ціха, і працягвала казаць увесь час, пакуль мылася ў душы, але і пасьля таго, як мама выцерла яе і адзела яе ў піжаму, яна так і заставалася са звычайнымі вачмі. Зялёнымі-зялёнымі і вельмі-вельмі прыгожымі, але не бліскучымі. “З бліскучымі вачмі я змагу рабіць столькі розных рэчаў, - спрабавала яна пераканаць маму, у якой ужо пачала канчацца цярплівасьць, - я змагу пайсьці зь імі ўначы на шашу, і машыны будуць бачыць мяне здалёк, а калі я вырасту крыху большая, я змагу чытаць імі ў цемры і ашчаджаць шмат электрычнасьці, а калі вы згубіце мяне ў кінатэатры, вы заўсёды лёгка зможаце мяне знайсьці, нават без дапамогі кантралёра”. “Што гэта за глупствы з бліскучымі вачмі, - сказала мама і ўзяла ў вусны цыгарэту. – Такіх рэчаў наагул не бывае, хто табе ўбіў у галаву такое глупства?” “Бывае, - закрычала дзяўчынка і заскакала ў ложку, - бывае, бывае, бывае, а акрамя таго табе нельга курыць каля мяне, бо гэта мне шкодна”. “Добра, - сказала мама, - добра. Глядзі, я нават не запаліла”. І паклала цыгарэту назад у пачак. “А зараз кладзіся ў ложак як добрая дзяўчынка і раскажы мне, ад каго ты пачула, што бываюць бліскучыя вочы? Толькі не кажы, што ад выхавальніцы, ад той тоўстай?” “Яна ня тоўстая, - сказала дзяўчынка, - і не ад яе, і не пачула, а сама бачыла. Такія вочы ёсьць у аднаго мурзатага хлопчыка ў нас у садку”. “А як яго завуць, гэтага мурзатага хлопчыка?” “Ня ведаю” – паціснула дзяўчынка плячыма, - ён такі мурзаты, і маўчыць, і сядзіць заўсёды далёка. Але вочы ў яго бліскучыя, і гэта дакладна, і я таксама хачу такія”. “Тады спытайся ў яго заўтра, адкуль ён іх узяў, - параіла мама, - і калі ён табе скажа, мы паедзем і прывязем табе такія самыя”. “А да заўтра?” – спыталася дзяўчынка. “А да заўтра сьпі, - сказала мама, - а я выйду пакурыць на вуліцу”.
Назаўтра дзяўчынка прымусіла тату ўзяць яе ў садок рана-рана, бо ўжо не магла цярпець, і яна хацела спытацца ў мурзатага хлопчыка, дзе бяруць такія бліскучыя вочы. Але гэта ёй не дапамагло, бо мурзаты хлопчык прыйшоў апошні, значна пазьней за ўсіх. І сёньня мурзаты хлопчык нават ня быў мурзаты. Ну, ягоная вопратка засталася трошкі старая, з плямамі, але сам ён выглядаў значна больш вымыты і нават амаль прычасаны. “Скажы, хлопчык, - сказала яна яму, не чакаючы ні сэкунды, - адкуль у цябе такія бліскучыя вочы?” “Гэта не наўмысна, - пачаў выбачацца амаль-прычасаны хлопчык, - гэта робіцца само па сабе”. “А што трэба рабіць, каб і ў мяне гэта зрабілася само па сабе?” – усхвалявана спыталася дзяўчынка. “Я думаю, што трэба, каб ты нешта моцна-моцна захацела, і каб яно ня споўнілася, і тады вочы адразу будуць бліскучыя”. “Глупствы, - зазлавала дзяўчынка, - вось, я, напрыклад, хачу, каб у мяне былі бліскучыя вочы, а ў мяне іх няма, дык чаму тады мае вочы ня робяцца ад гэтага бліскучыя?” “Ня ведаю, - сказаў хлопчык, вельмі спалохаўшыся, што яна зазлавала, - я ведаю толькі пра сябе, а не пра іншых”. “Прабач, што я накрычала, - паспрабавала супакоіць яго дзяўчынка і дакранулася да яго сваёй маленькай далонькай, - можа, гэтак бывае , калі хочаш нешта асаблівае. Скажы, што гэта за рэч, што ты хочаш моцна-моцна, а яна не збываецца?” “Гэта адна дзяўчынка, - прамармытаў хлопчык, - каб яна са мной пасябравала”. “І гэта ўсё? – зьдзівілася дзяўчынка. – Але гэта страшна проста. Скажы мне, хто гэтая дзяўчынка, і я адразу загадаю ёй, каб яна з табой пасябравала. А калі яна ня згодзіцца, я зраблю так, каб зь ёй ніхто не размаўляў”. “Я не магу, - сказаў хлопчык, - я саромлюся”. “Добра, - сказала дзяўчынка, - гэта ня так важна. Да таго ж гэта зусім не вырашае маю праблему з вачмі. Бо я ж не магу хацець, каб нейкая зь дзяўчатак са мной пасябравала і гэта б не збылося, таму што яны ўсе хочуць са мной сябраваць”. “Ты, - выціснуў зь сябе хлопчык, - я хачу, каб ты са мной пасябравала”. Дзяўчынка хвілінку памаўчала, бо мурзаты хлопчык здолеў яе зьдзівіць, а тады зноў дакранулася да яго сваёй маленькай далонькай і патлумачыла голасам, якім тата заўсёды гаворыць зь ёю, калі яна спрабуе выбегчы на шашу або дакрануцца да электрычнасьці: “Але я не магу з табой сябраваць, бо я дзяўчынка вельмі разумная і прыстойная, а ты проста мурзаты хлопчык, які сядзіць заўсёды ўбаку і ўвесь час маўчыць, і адзіная асаблівая рэч, што ў цабе ёсьць – гэта тое, што ў цябе бліскучыя вочы, дый гэта адразу зьнікне, калі я згаджуся з табой пасябраваць. Хоць, праўда, сёньня я мушу сказаць, што ты значна менш мурзаты, чым заўсёды”. “Я зьмяшаўся з вадою, - прызнаўся менш-мурзаты хлопчык, - каб збылося маё жаданьне”. “Прабач”, - сказала дзяўчынка, у якой ужо пачала канчацца цярплівасьць, і вярнулася на сваё месца.
Увесь гэты дзень дзяўчынка была сумная, бо зразумела, што ўжо напэўна ніколі ў яе ня будзе бліскучых вачэй, і ўсе апавяданьні і песьні і заняткі рытмікай ня здолелі яе суцешыць. І раз-пораз, калі ёй ўжо амаль удалося перастаць пра гэта думаць, яна паглядала на маўклівага хлопчыка, які стаяў на другім баку садка і глядзеў на яе, і вочы ў яго, нібыта назло, рабіліся ўсё больш і больш бліскучыя.
Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=32 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Бліскучыя вочы
Для друку / Дзівотня