Літаратура.org » Дзівотня » Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Курдупель Цахес, якога звалi Цынобэр

Курдупель Цахес, якога звалi Цынобэр

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Казка

 

Разьдзел першы

 

Маленькi ваўкалак. – Вялiкая  небясьпека  пастараваму носу. – Як князь Пафнуцiй уводзiў у сваёй краiне асьвету, а фея Розабэльвэрдэ  трапiла ў прыют шляхетных паненак.

 

Непадалёк ад чароўнай вёсачкi ўзбоч дарогi на добра ўпаранай сонцам зямлi ляжала ў лахманах гаротнiца-сялянка. Галодная, сасьмяглая, уся зьнямоглая, няшчасная ўпала, несучы цяжэнныя рэзгіны з сухiм ламаччам, якога яна назьбiрала ў лесе, i як што  зусім нябога выбілася з духу, дык i зайшло ёй да галавы, што вось i пераняла яе сьмерць i кладзе крэс яе нэндзы. Але крыху асiлiўшыся, яна паслабiла вяроўкi на прывязанай за плячыма ношцы i памаленьку перавалаклася на мураўку. I тут ужо заенчыла:

– I чаму я адна, – бедавала яна, – з чалавекам маiм  перавялася  ў галечы i горы? Цi ж бо не адныя мы на цэлую вёску працуем як выклятыя, а жывём у вечнай нястачы, на скарынку хлеба разжыцца ледзь можам? Гады тры таму назад, капаючы гарод, выгарнуў мой чалавек зь зямлi залатыя манеты, аж мы ўжо былi падумалi, што вось ужо й шчасьце завiнула да нас i пачнецца далей нашае дабрадзенства. Аж не! – Грошы ўкралi злодзеi, дом i хлеў згарэлi дашчэнту, збажыну ў полi выпетрыў град, i, каб дарэштаваць нашы бядоты, пакарала нас неба гэтым недаросткам-ваўкалакам, якога я нарадзiла на сорам i сьмех усёй вёсцы! Пад сьвятога Лаўрэна стукнула малому тры з палавiнай, а яно ўсё яшчэ не стаiць  на сваiх павучыных ножках i не гаворыць, а толькi яўкае, толькi муркае, бы той кот, а жарэ ж, клятае выродзьдзе, як здаровае, як бы ў восем, а ўсё  роўна яму – як наскрозь праходзiць. Божачка, умiлажалься зь яго i з нас! Няўжо мы так i змусiмся гадаваць хлапчаня сабе на пакуту i яшчэ большую нэндзу: з кожным  днём дзiця есьцiме больш i больш, а працы зь яго кот наплакаў. Не, не, ня можа чалавек вытрываць усяго гэтага! А хай бы я лепей сканала! – I гаротнiца пачала стагнаць i галасiць, аж пакуль жаль горкi зусiм не дапёк яе; змогшыся, яна заснула.

Нябога i праўда магла бедаваць i жалiцца з такiм брыдкiм вырадкам, якога нарадзiла тры з палавiнаю гады таму назад. Тое, што зь першага вока можна было прыняць за дзiўна выкрыўлены кавалак каравага дрэва, было сапараўды нешта выродлiвае, пядзi зь дзьве ў рост, дзiця; пакладзенае ўпоперак ношкі, яно цяпер выпаўзла адтуль i, нешта вуркочучы, юрзалася ў траве. Галава ўрасла ў плечкi, на сьпiне нейкая наросьцiна, як гарбуз, а адразу ад грудзей расьлi ножкi, тонкiя, як дубцы зь ляшчыны, i ўсё яно было як бы расьсечаная рэдзька. Пустое вока не разгледзела б твару, але калi пiльней, дык можна было ўбачыць нос, доўгi i шылаваты, ён тырчаў з-пад чорных скаўтуненых валасоў, i маленькiя чорныя зь iскрынкамi вочкi – усё гэта ўдадатак да маршчынiстага старэчага твару, здавалася, выкрывала ў iм маленькага альраўна.

I вось, калi, як ужо сказана, пакутнiца глыбока заснула, а сынок яе прыгарнуўся да яе, сталася так, што паненка фон Розэншэн, патронка блiжэйшага прыюту, якраз вярталася тою дарогаю са шпацыру. Яна спынiлася i, як што душою i сэрцам была добрая спагаднiца, дык убачаная ёю карцiна бядоты людское моцна ўшчаміла яе.

– О справядлiвае неба, – усклiкнула яна, – колькi няшчасьця i гора на гэтай зямлi! Бедная гаротнiца! Ведаю, ня жыве а клевае, працуе з-над сiлы астатняе, голад i клопат стачылi яе. Толькi цяпер я адчула ўбоства i немач сваю! Ах, каб жа я магла памагчы, як душою зычу! Але ўсё, што яшчэ засталося ў мяне, тыя нямногiя дары, якiх лiхi варожы лёс ня здолеў нi ўкрасьцi, нi зьнiшчыць, усё, што яшчэ ў маёй волi, я цьвёрда i ўпэўнена хачу пакласьцi на тое, каб ухiлiць бяду. Грошы, а каб жа я iх толькi й мела, табе, нябожа, не памаглi б, а можа нават яшчэ й дарэштавалi б долю тваю. Табе i твайму чалавеку, вам абаiм, багацьце не наканавана; у таго золата цячэ з кiшэнi, ён i сам ня ведае як, яно толькi больш спрычыняе  маркоты, i чым больш яму перападае, тым бяднейшы ён робiцца. Але ведаю я: больш, чым усё якое, больш за беднасьць, точыць тваё сэрца гаркота, што прывяла ты на белы сьвет гэту маленькую пачвару, якую, нiбы цяжкую лiхую навалач, мусiш несьцi праз усё жыцьцё. Статным, прыгожым, дужым, разумным хлопчык гэты нiколi ня стане, але, можа, удасца паспрыяць яму нейкiм iншым чынам.

Тут паненка асела на траву i ўзяла малое на каленi. Злосны карлiк вывiнаўся i ўпiраўся, бурчаў i спрабаваў укусiць паненку за палец, але яна сказала:

– Супакойся, супакойся, мой хрушчык! – i пачала пяшчотна i далiкатна гладзiць яго па галоўцы, ад лобіка да патылачка. I спаквалютку, пакуль гладзiла, кудлы ў малога расправiлiся, расклалiся прадзелам, роўнымi пасмамi ўлеглiся вакол лоба, мякка апалi на вострыя плечы i гарбузаватую сьпiнку. Малое ўсё спакайнела i спакайнела i, нарэшце, моцна заснула. Тады паненка Розэншэн асьцярожна паклала яго на мураву каля мацi, папырскала на яго пахучай вадою зь нюхальнай пляшачкi, якую яна дастала з торбачкi, i пасьпешлiва адышла.

Прачнуўшыся неўзабаве, жанчына адчула, што неяк дзiўна падужэла i пасьвяжэла.

– О-го, – усклiкнула яна, – колькi бадзёру мне даў кароткi сон! Але ўжо сонца на спадзе, пара дахаты! – Тут яна ўжо хацела была падважыць ношку на пагоршкi, заглянула ў яе, аж малога й няма. А тое падвялося з травы i жаласна занюнькала. Мацi зiрнула на яго, пляснула рукамi, зьдзiўленая, i ўсклiкнула:

– Цахес, маленькi мой Цахес, а хто ж гэта так прыгожа цябе зачасаў? Цахес, мой маленькi Цахес, як добра ўпасавалi б табе гэтыя пасмачкi, калi б ня быў ты такi брыдкi. Ну, ходзь, ходзь сюды – лезь у ношку.

Яна хацела схапiць яго i пакласьцi на ламачча, але малы Цахес пачаў адбрыквацца, дражнiцца i досыць выразна яўкнуў:

– Ня хоцаца!

– Цахес, маленькi мой Цахес! – не памятаючы сябе закрычала жанчына. – Хто ж гэта навучыў цябе гаварыць? Ну, калi ўжо ты так файна зачасаны, так спраўна гаворыш, дык, можа, i бегаць умееш?

Яна ўскiнула на плечы ношку, малы Цахес ухапiўся за яе хвартух, i так яны пайшлi ў вёску.

Мелiся яны там прайсьцi мiма пастаравай хаты, i знагодзiлася так, што пастар якраз стаяў у дзьвярах са сваiм малодшым сынам. Убачыўшы кабету зь цяжкай ношкай i малога Цахеса, што ўчапiўся за яе хвартух, пастар прывеціў яе словамi:

– Добры вечар, фраў Лiза! Як здаровiцца? Як добрыцца? Чым дух бавіце? Цяжкая ў вас ношка, вы ж ледзьве iдзяце. Прыселi б i адпачылi на лаўцы вось, я скажу служанцы, хай прынясе напiцца!

Фраў Лiза не далася доўга ўпрошваць, апусьцiла ламачча на зямлю i ўжо была разьзявiла рот, каб панаракаць багатаму пану на сваё гора, але ад рэзкага руху малы Цахес страцiў раўнавагу i пакацiўся пастару пад ногi. Той борзьдзенька нагнуўся, падняў малое i сказаў:

– Вой, фраў Лiза, фраў Лiза, якi ж у вас мiленькi, прыгожанькi хлопчык!

Ён узяў малое на рукi, пачаў яго лашчыць i, здавалася, анi не зважаў, што злы недаростак брыдка вурчыць i яўкае i нават мерыцца ўкусiць шаноўнага пана за нос. Фраў Лiза, зусiм зьбiтая спанталыку, стаяла перад сьвятаром, лупiла на яго застылыя ад зьдзiўленьня вочы i ня ведала, што тут падумаць.

– Ах, дарагi спадару пастар, – нарэшце занудзiла яна, тхiмкаючы носам, – вам, служку божаму, грэх сьмяяцца зь беднай кабецiны, якую няведама за што пакаралi нябёсы гэтым агiдным ваўкалакам.

– Глупства, – сур'ёзна запярэчыў сьвятар, – глупства верзяце, мiлая фраў! Сьмяяцца... ваўкалак... кара нябесная! Я не разумею вас i ведаю адно, што вы, мабыць, зусiм асьлеплi, калi шчырым сэрцам ня любiце вашага чароўнага сынка! Дай бусi, мiлае дзiцятка! – Пастар песьцiў хлопчыка, а Цахес бурчаў: "ня хоцаца!" – i зноў мерыўся ўхапiць яго за нос.

– Во, паскуднае страшыдла! – аж спалохалася фраў Лiза.

Але тут загаварыў пастараў сын:

– Ах, мiлы мой тата, ты такi добры, такi лагодлiвы зь дзецьмi, што яны, пэўна, усе цябе шчыра любяць!

– Паслухайце толькi, – усклiкнуў пастар, блiснуўшы вачыма ад радасьцi, – вы толькi паслухайце, фраў Лiза, гэтага цудоўнага, разумнага хлопчыка, вашага мiлага Цахеса, гэтага нелюбка вашага. Я ўжо прымячаю, што вы нiколi ня будзеце яму радыя, якi б разумны i прыгожы ён нi быў. Вось што, фраў Лiза, аддайце мне вашага хлопчыка, ён падае вялiкiя надзеi. А я буду даглядаць i выхоўваць яго. Пры вашай беднасьцi ён толькi завада вам, а мнe будзе радасьць гадаваць яго як роднага сынка!

Фраў Лiза нiяк не магла прыйсьцi да памяцi ад дзiва такога i ўсё гаварыла:

– Ай, дарагi спадару пастарка, няўжо вы i праўда не жартуеце i хочаце ўзяць да сябе  маленькага нетапыра, выхаваць яго i адвесьцi ад мяне ўсе бядоты, якiя я мела праз гэтага ваўкаватага немысьля?

Але чым больш расьпiсвала фраў Лiза гiдкую брыдоту свайго гнома, тым гарачэй зацiнаўся пастар i даказваў, што яна ў сваiм вар'яцкiм асьляпленьнi  не заслужылася на такую каштоўную даброць, дабраславеньне нябёсаў, якiя паслалi ёй дзiвоснага хлопчыка, нарэшце, разгневаўшыся, з маленькiм Цахесам на руках убег у хату i замкнуў за сабою дзьверы на засаўку.

Як скамянелая стаяла фраў Лiза пад дзьвярыма пастаравай хаты ня ведаючы, што й падумаць. "Ды што ж гэта, Госпадзе, – разважала яна сама з сабою, – зьдзеялася з нашым шаноўным пастарам, чаго гэта яму так моцна палюбiўся бедны Цахес, што ён прымае дурнога курдупеля за прыгожага i разумнага хлопчыка? Але хай паможа Бог добраму спадару, ён зьняў з маiх плячэй цяжар i ўзбатаваў яго на сябе, нахай-от пабачыць сам, як лёгка яго несьцi! Уга, як палягчэла ношка без малюткi Цахеса, зь iм – адна марока!

I тут фраў Лiза падняла на плечы ношку ды весела й бястурботна пайшла сваёй дарогай.

Што ж да патронкi фон Розэншэн альбо, як яна сябе называла, Розэнгруншэн, дык ты, ласкавы мой чытач, – калi б i зарупела мне пакуль там што якое памаўчаць пра тое, – усё-такi здагадаўся, што тут была спадыспаду нейкая адмысловасьць. Бо тое, што шчырадушны пастар палiчыў мальца Цахеса прыгожым i разумным i прыняў як роднага сына, тлумачыцца ня чым-небудзь такiм, а таямнiчым узьдзеяньнем яе рук, якiмi яна пагладзiла малога па галоўцы i расчасала яму валоскi. Аднак, любасны чытач, нягледзячы на тваю найглыбейшую празорлiвасьць, ты ўсё-такi можаш заблытацца ў няправiльных здагадках альбо, на вялiкую шкоду нашаму расказу, пераскочыць праз многа старонак, каб хутчэй даведацца пра гэтую таямнiчую прынцэсу;  дык лепей ужо я сам бязь лiшняга адкладу раскажу табе як мае быць усё, што ведаю пра гожую панi.

Паненка фон Розэншэн была высокага росту, з высакароднай, iмпазантнай статурай i крыху ганарлiвай уладнасьцю. Яе твар, хоць яго i можна было назваць вельмi прыгожым, асаблiва калi яна як звычайна строга i нерухома глядзела наперад, усё-такi рабiў нейкае дзiўнае, амаль злавеснае ўражаньне, што сьлед было б аднесьцi на незвычайную, дзiўную складку памiж брывамi, але яна сама толкам так i ня ведала, цi дазваляецца патронкам насiць на лобе нешта падобнае; але пры гэтым у яе паглядзе, часьцей у часiны, калi цвiтуць ружы i стаiць пагода, сьвяцiлася такая вабнасьць i лепата, што кожны адчуваў сябе захопленым салодкай, неадольнай замiлаванасьцю. Калi я першы i апошнi раз меў прыемнасьць бачыць гэтую даму, яна, калi меркаваць па зьнешнасьцi, была сама-сама ў росквiце, сама будзь-будзь, i дасягнула зэнiту, i я думаў, што на маю долю выпала вялiкае шчасьце ўбачыць яе акурат на гэтым павароце i нават нейкiм чынам спалохацца яе дзiвоснай прыгажосьцi, якая вось-вось ужо магла i прывянуць. Але я памыляўся. Вясковыя старажылы кажуць, што ведаюць гэтую панi, колькi сябе памятаюць, i што яна заўсёды была такая, нi старэйшая, нi маладзейшая, нi брыдчэйшая, нi прыгажэйшая, а рыхтык як цяпер. Мабыць, час ня меў улады над ёю, i ўжо адно гэта было дзiўна. А тут яшчэ дадавалiся iншыя самыя розныя акалiчнасьцi, якiя, пасьля сталай развагi, бянтэжылi кожага настолькi, што ён урэшце сам блытаўся ў сваiх здогадзях. Па-першае, вельмi ясна выяўлялася сваяцтва паненкi Розэншэн з кветкамi, iмя якiх яна насiла. Бо на ўсiм сьвеце ня было чалавека, якi ўмеў бы, як яна, выганяць такiя дзiвосныя тысячапялёсткавыя ружы, а ў яе, толькi яна, бывала, уторкне ў зямлю якi-небудзь сухi, калючы дубчык, аж бач – на iм пышна пачыналi расьцi гэтыя кветкi. Да таго ж было вядома, што самотна гуляючы ў лесе, паненка голасна гутарыць зь нейкiмi таямнiчымi галасамi, падобна на тое, што гэта былi галасы дрэў, кустоў, крынiц i ручаёў. А аднаго разу адзiн малады мысьліўчык нават падгледзеў, як яна стаяла ў лясной нетры, а вакол яе пырхалi i лашчылiся да яе рэдкiя, нябачныя ў гэтай краiне птушкi са стракатым блiскучым пер'ем, яму нават здалося, нiбыта яны, весела цьвiркочучы i сьпяваючы, расказвалi ёй розныя пацешныя прыгоды, а яна радасна сьмяялася. Усё гэта прыцягнула да сябе ўвагу навакольцаў неўзабаве пасьля таго, як паненка фон Розэншэн паступiла ў прыют. Яе прынялi туды паводле княскага загаду; а таму барон Прэтэкстатус фон Мондшайн, уладар маёнтка, у суседстве зь якiм быў прыют i дзе ён быў апекуном, супроць гэтага ня меў нiчога, нягледзячы на тое, што яго тузалi страшныя сумненьнi. Дарма ён старанна шукаў прозьвiшча Розэнгруншэн у "Кнiзе турнiраў" Рыкснэра i ў iншых хронiках. На гэтай падставе ён справядлiва мог запаняверыцца ў правах на паступленьне ў прыют паненкi, якая не магла паказаць радавод у трыццаць два продкi, i нарэшце, зусiм ужо ў поўнай скрусе, са сьлязьмi на вачах прасiў у яе, заклiнаючы небам, каб, прынамсi, хоць не называла сябе Розэнгруншэн, а Розэншэн, бо ў такiм iменi ёсьць хоць якi сэнс i тут можна знайсьцi хоць якога продка. Яна, каб дагадзiць яму, згадзiлася. Магчыма пакрыўджаны Прэтэкстатус нейкiм чынам паказаў сваю прыкрасьць да бязпродкавай паненкi i тым самым даў зачэпку лiхiм пагудкам, якiя ўсё больш i больш распаўзалiся па вёсцы. Да тых чароўных гутарак у лесе, ад якiх, зрэшты, ня было вялiкай бяды, дадалiся розныя iншыя падазронасьцi; чуткi пра iх перадавалiся з вуснаў на вусны i выяўлялi сапраўдную сутнасьць паненкi ў даволi двухсэнсоўным асьвятленьнi. Цётухна Ганна, солтысiха, бажылася, што за кожным разам як паненка, высунуўшыся ў акно, моцна чхне, ва ўсёй вёсцы скiсае малако. Як толькi гэта пацьвердзiлася, сталася самае жудаснае: Мiхель, настаўнiкаў сын, ласаваўся ў прыюцкай кухнi смажанай бульбай i быў засьпеты паненкай, якая, усьмiхнуўшыся, пагразiла яму пальчыкам. Рот у хлопца так i застаўся разьзяўлены, быццам у iм застрагла гарачая печаная бульбiна, i з таго часу ён мусiў насiць шыракаполы капялюш, а то дождж сек бы бедалагу проста ў горла. Неўзабаве ўсе пераканалiся, што паненка ўмее загаворваць агонь i ваду, насылаць буру i град, каўтун i iншую паляндру, i нiхто не сумняваўся, што пастух меў рацыю, калi расказваў, як ён апоўначы з жахам i трымценьнем на свае вочы бачыў, што паненка лётала ў паветры на памяле, а сьпераду ляцеў вялiзазны жук, i сiняе полымя шугала памiж ягоных рагоў! I ўсё забурлiла, захвалявалася, усё паўстала на ведзьму, а вясковы суд пастанавiў нi многа нi мала, як выклiкаць паненку з прыюта i ўкiнуць у ваду, каб яна прайшла належнае ведзьмам выпрабаваньне. Барон Прэтэкстатус не ўсупрацiвiўся гэтаму i, усьмiхаючыся, казаў сам сабе: "Вось так яно i бывае з простымi бязроднымі людзьмi, якiя не са старадаўняга знакамiтага роду, як Мондшайны." Паненка, якой паведамiлi пра небясьпеку, уцякла ў княскую рэзыдэнцыю, пасьля чаго неўзабаве барон Прэтэкстатус атрымаў ад заможнага князя кабiнэтны ўказ, якiм да ведама барону даводзiлася, што ведзьмаў ня бывае, i загадвалася сачыць за посьпехамi ў плаваньнi прыюцкіх паненак, вясковых судзьдзяў увязьнiць у вежу, а астатнiм сялянам, а таксама iхнiм жонкам  пад страхам адчувальнага цялеснага пасячэньня, абвясьцiць, каб i на ўме ня мелi думаць пра паненку Розэншэн нiчога благога. Яны схамянулiся, спалохалiся кары i наперад пачалi думаць пра паненку толькi добрае, што мела вельмi дадатныя наступствы для абодвух бакоў – як для вёскi, так i для паненкi Розэншэн.

А кабiнэту князя было добра вядома, што паненка фон Розэншэн была не якая там сякая-такая, а славутая на ўвесь сьвет фея Розабэльвэрдэ. А было яно ўсё так.

На ўсёй зямлi наўрад цi можна было знайсьцi краiну, каб была прыгажэйшая за тое маленькае княства, дзе быў маёнтак барона Прэтэкстатуса фон Мондшайна i дзе жыла паненка фон Розэншэн, адным словам, дзе адбылося ўсё тое, пра што я, любасны мой чытач, якраз i маю рупнасьць расказаць табе больш грунтоўна.

Акружаная высокiмi гарамi, гэтая маленькая краiна зь яе зялёнымi духмянымi гаямi, квяцiстымi лугамi, шумнымi патокамi i гульлiва плескатлiвымi крынiцамi, была падобная – а асаблiва ж таму, што ў ёй зусiм ня было гарадоў, а толькi ветлыя вёсачкi ды сям-там самотныя замкi, – на дзiвосны, прыгожы сад, жыхары якога быццам гулялi ў iм дзеля сваёй уцехi, анi ня ведаючы пра цяготы жыцьця. Кожны ведаў, што краiнай гэтай кiруе князь Дэмэтрыус, але нiхто не заўважаў, што ёю кiруюць, i ўсе былi з гэтага дужа радыя. Асобы, якiя любяць поўную свабоду ва ўсiх сваiх дзеях, прыгожую мясцовасьць i мяккi клiмат, не маглi б выбраць сабе лепшага жыхарства, як у гэтым княстве, а таму сталася так, што разам зь iншымi асялiлiся там i цудоўныя феi добрага нораву, якiя, як вядома, найвышэй за ўсё цэняць цяпло i свабоду. Якраз iм i можна было заўдзячаць, што амаль у кожнай вёсцы, асаблiва ў лясах часта здаралiся прыемныя цуды i што кожны, захоплены раскошай i шчасьцем, непахiсна верыў ва ўсё цудоўнае i, сам  таго ня ведаючы, з гэтай акурат прычыны быў вясёлы, а значыцца, i добры грамадзянiн. Добрыя феi жылi па сваёй волi i зусiм як у Джынiстане i зь вялiкай ахвотай падаравалi б Дэмэтрыусу вечнае жыцьцё. Але на гэта не ставала iхняй улады. Дэмэтрыус памёр, i яго заступiў малады Пафнуцiй.

Яшчэ за жыцьця спадара бацькi Пафнуцiй употайкi моцна маркоцiўся, што, бач, як яму здавалася, краiна i народ у такiм страшэнным занядбаньнi. Ён рашыў кiраваць i адразу, як толькi засеў трон, паставiў першым мiнiстрам дзяржавы свайго камэрдынэра Андрэса, якi, калi аднаго разу Пафнуцiй забыў кашалёк на пастойным двары за гарамi, пазычыў яму шэсьць дукатаў i тым самым выбавiў зь вялiкай бяды. "Я хачу кiраваць, любасны!" – крыкнуў яму Пафнуцiй. Андрэс прачытаў у вачах у свайго патэнтата, што рабiлася ў яго на душы, прыпаў да ягоных ног i ўрачыста прамовiў:

– Сiр! Вялiкая гадзiна прабiла! У зьзяньнi паўстае з начнога хаосу дзяржава! Сiр! вас просiць самы верны васал, тысячы галасоў няшчаснага гаротнага людзтва рвуцца вонкi зь ягоных грудзей i горла! Сiр! увядзiце асьвету!

Пафнуцiй адчуў вялiкае ўзрушэньне ад узьнёслых думак свайго мiнiстра. Ён падняў яго, парывiста цiскануў да грудзей i, плачучы, прамовiў:

– Мiнiстар! Андрэс, я абавязаны табе шасьцю дукатамi, – больш таго – маiм шчасьцем, маёй дзяржавай! о верны, разумны слуга!

Пафнуцiй ужо быў гатовы загадзя надрукаваць вялiкiмi лiтарамi i прыбiць на ўсiх ростанях эдыкт, што зь сёньняга  ўводзiцца асьвета i кожнаму ставiцца абавязкам наперад з  гэтым лiчыцца.

– Шаноўны сiр! – усклiкнуў Андрэс, – шаноўны сiр, так справы ня робяцца!

– А як яны робяцца, любасны мой? – спытаўся Пафнуцiй, ухапiўшы мiнiстра за пяцельку, пацягнуў таго ў кабiнет i замкнуў дзьверы.

– Ведаеце што, – пачаў Андрэс, сеўшы на зэдлiк насупраць свайго князя, – ведаеце што, найлiтасьцiвейшы спадару, дзеяньне вашага княскага эдыкта пра асьвету можа скасавацца самым горшым чынам, калi мы не спалучым яго зь нейкiмi мерамi, якiя, хай сабе i здаюцца суровымi, але дыктуюцца дабрамысным намерам. Перш чым мы з вамi прыступiмся да асьветы, iнакш кажучы загадаем высячы лясы, зрабiць раку навiгацыйнай, разьвесьцi бульбу, палепшыць вясковыя школы, пасадзiць акацыi i таполi, навучыць моладзь сьпяваць на два галасы ранiшнiя i вячэрнiя малiтвы, пракласьцi шасэйныя дарогi i ўшчапiць воспу, – перш належыць выгнаць зь дзяржавы ўсiх людзей небясьпечнага накiрунку ў мысьленьнi, якiя глухiя да голасу розуму i падбiваюць людзтва на розныя дурасьцi. Шаноўны княжа, вы чыталi "Тысячу i адну ноч", бо, я ведаю, ваш найсьвятлейшы, шчаснай памяцi спадар татуля – хай спашле яму неба непрабудны сон у магiле! – любiў такiя пагiбельныя кнiгi i даваў iх вам у рукi, калi вы яшчэ гапатавалi вярхом на кiёчку i елi залачоныя пернiкi. Ну вось, з гэтай абсалютна канфузнай кнiгi вы, найлiтасьцiвейшы спадару, мабыць, ведаеце пра так званых феяў, аднак вы, пэўна, i не здагадваецеся, што некаторыя з гэтых небясьпечных асоб пасялiлiся ў вашай міладайнай краiне, тут, блiзенька ад вашага палаца, i ўчыняюць самыя розныя непатрэбствы.

– Як? Што ты кажаш, Андрэс? Мiнiстар! Феi – тут, у маёй краiне! – усклiкнуў князь, зьбялеўшы i адкiнуўшыся ў крэсьле.

– Мы можам быць спакойныя, найлiтасьцiвейшы валадару, – гаварыў далей Андрэс, – мы можам быць спакойныя, калi ўзброiмся розумам супроць гэтых неабольнікаў асьветы. Так! Неабольнікамі асьветы я iх называю, бо толькi яны,  заўжыўшы на благое шчадроты вашага сьветлай памяцi спадара татулi, вiнаватыя ў тым, што любасная айчына ўсё яшчэ застаецца ў апраметнай цемры. Яны панатрацца ў небясьпечным рамястве – цудатварэньнi – i не баяцца пад назовам паэзii разносiць шкодную атруту, якая робiць людзей няздольнымi да службы на карысьць асьветы. Далей, у iх такiя нясьцерпныя, супрацiўныя палiцэйскаму статуту завядзёнкi, што ўжо адно за гэта яны ня могуць быць трываныя ў ніводнай цывiлiзаванай дзяржаве. Так, напрыклад, гэтыя дзёрзкiя вычварыны адважваюцца, калi толькi iм у хвасьце завiне, рабiць шпацыроўкi ў паветры, а на лейцах у iх галубы, лебедзi i нават крылатыя конi. Ну вось, найлiтасьцiвейшы валадару, ну вось я i пытаюся, а цi варта прыдумляць i ўводзiць разумныя акцызныя зборы, калi ў дзяржаве працьвiтаюць людзi, якiя здольныя кожнаму легкадумнаму грамадзянiну ўкiнуць у комiн колькi хоч бязмытнага тавару? А таму, найлiтасьцiвейшы валадару, як толькi будзе дакляравана асьвета, усiх феяў – у каршэнь! Iх палацы абсядзе палiцыя, у iх сканфiскуюць усю небясьпечную маетнасьць i, як валацугаў, спратораць на радзiму, у маленькую краiну Джынiстан, якая вам, найлiтасьцiвейшы валадару, мусiбыць, вядомая па "Тысячы i адной ночы".

– А цi ходзiць туды пошта, Андрэс? – спытаўся князь.

– Пакуль што не, – адказаў Андрэс, – але можа стацца, што пасьля ўвядзеньня асьветы карысна будзе адчынiць штодзённую пошту i ў гэтай краiне.

– Але ж бо, Андрэс, – зноў за сваё князь, – цi не палiчаць меры, якiя мы ўзажывем супроць феяў, крутымi? Цi не пачне наракаць расьпешчанае людзтва?

– I на гэты раз, – сказаў Андрэс, – i на гэты выпадак я маю сродак. Мы, найлiтасьцiвейшы валадару, ня ўсiх феяў спраторым у Джынiстан, адну каторую пакiнем у нашай краiне, але ня толькi пазбавiм iх усякай магчымасьцi заядацца з асьветай, але i скарыстаемся ўсiмi патрэбнымi сродкамi, каб ператварыць iх у карысных грамадзян цывiлiзаванай дзяржавы. А не захоча каторая ўзяць дабрамысны шлюб, – што ж, хай пад строгiм наглядам практыкуецца ў якiм-небудзь карысным рамястве, вяжа панчохi войску, калi нахопiцца якая вайна, альбо робiць што iншае. Вазьмiце пад увагу, найлiтасьцiвейшы валадару, што людзi, калi сярод iх завядуцца феi, вельмi хутка перастануць у iх верыць, а гэта ж цi не самае лепшае. I ўсякiя нарокi ацiхнуць самi па сабе. А што да начыньня, якое належыць феям, дык яно пяройдзе на княскiя палiцы, галубы i лебедзi як цудоўная смажанка пойдуць на княскую кухню; крылатых коней таксама можна дзеля спробы прыручыць i зрабiць карысным быдлам, абцяўшы iм крылы i даючы аброку ў стойлах; а кармленьне ў стойлах мы ўвядзем разам з асьветаю.

Пафнуцiй быў больш чым задаволены прапановамi свайго мiнiстра, i ўжо на другi дзень было выканана ўсё, пра што яны ўмовiлiся.

На ўсх вулiцах красаваўся эдыкт пра ўвядзеньне асьветы, i ў той самы час палiцыя ўжо ўломвалася ў палацы феяў, накладваючы арышт на ўсю маёмасьць, а саміх выводзiла  пад канвоем.

Толькi неба ведае, як так здарылася, што фея Розабэльвэрдэ за некалькi гадзiн да таго, як грымнула асьвета, адна з усiх пра ўсё ўведала i пасьпела выпусьцiць на волю сваiх лебедзяў i прыхаваць свае магiчныя ружавыя кусты i iншыя каштоўнасьцi. Яна таксама ведала, што яе рашылi пакiнуць у краiне, чаму яна, хоць i супраць волi, падпарадкавалася.

Тым часам нi Пафнуцiй, нi Андрэс не маглi ўцямiць, чаму феi, якiх транспартавалi ў Джынiстан, так непамерна радавалiся i ўвесь час бажылiся, што яны анi не маркоцяцца праз усю тую маёмасьць, якую вымушаны пакiнуць.

– Урэшце, – сказаў, угневаўшыся, Пафнуцiй, – урэшце выходзiць, што Джынiстан больш  вабная краiна, чым маё княства, i яны падымуць мяне на сьмех разам з маiм эдыктам i маёй асьветаю, якая цяпер толькi якраз i павiнна распусьціцца майскім кветам.

Прыдворны географ разам з гiсторыкам мусiць падаць грунтоўны даклад пра гэтую краiну.

Яны абодва пагадзiлiся на тым, што Джынiстан – гаротная краiна, бяз культуры, асьветы, вучонасьцi, акацый i прышчэпкi воспы, i нават, шчыра кажучы, яе зусiм няма. А нi чалавеку, нi цэлай краiне ня можа спрыгодзiцца нiчога горшага, як ня быць увогуле.

Пафнуцiй пачуўся задаволеным.

Калi цудоўны квяцiсты гай, дзе стаяў пакiнуты палац феi Розэбэльвэрдэ, быў высечаны i Пафнуцiй, каб даць прыклад, сваiмi рукамi прышчапiў у блiжэйшай вёсцы усiм сялянскiм мяжджулам воспу, фея падпiльнавала князя ў лесе, праз якi ён разам зь мiнiстрам Андрэсам вяртаўся ў свой замак. Тут яна красамоўнымi словамi, асаблiва ж некаторымi злавеснымi штукамi, якiя ўтоiла ад палiцыi, загнала князя ў тупiк, так што ён, заклiнаючы небам, малiў яе задаволiцца месцам у адзiным, а значыцца i ў самым лепшым ва ўсёй дзяржаве прыюце для высакародных паненак, дзе яна, нягледзячы на эдыкт пра асьвету, магла гаспадарыць i кiраваць, як ёй заўгодна станецца.

Фея Розэбэльвэрдэ прыняла прапанову i такiм чынам трапiла ў прыют высакародных паненак, дзе яна, як пра тое ўжо было казана, назвалася паненкай фон Розэнгруншэн, а потым, пасьля неадступнай просьбы барона Прэтэкстуса фон Мондшайна, паненкай фон Розэншэн.

 

Разьдзел другі

 

 Пра невядомы народ, якi адкрыў вучоны Пталамэй Фiладэльфус у час свайго падарожжа. – Унiвэрсытэт у  Керапэсе. – Як  студэнту Фабiяну паляцелi ў галаву батфорты i як прафэсарМош Тэрпiн запрасiў студэнта Бальтазара на фiлiжанку гарбаты.

 

У сяброўскiх пiсьмах, якiмi славуты вучоны Пталамэй Фiладэльфус, калi быў у далёкiм падарожжы, аблашчваў праяцеля свайго Руфiна, знаходзiм такую вартую ўвагi мясьцiну:

"Ты ведаеш, дарагi мой Руфiн, што я нiчога на сьвеце так не баюся, нiчога так не пазьбягаю, як гарачых сонечных промняў, што забiраюць усю моц майго цела i так стамляюць i журбоцяць дух мой, што ўсе мае намыслы зьлiваюцца ў нейкi цьмяны вобраз i я дарма сiлюся ахапiць думкамi што-небудзь выразнае. Таму я i зазвычаiўся  гэтым гарачым часам адпачываць удзень, а ўначы  вандрую. Так i ўчора ўначы я быў у дарозе. У непрагляднай цемры мой фурман выбiўся з надзейнай, роўнай каляiны i незнарок выехаў на шашу. Нягледзячы на тое, што моцныя штуршкi кiдалi мяне з боку ў бок i мая ўся ў гузах галава была падобная на мех грэцкiх арэхаў, я ачуўся з глыбокага сну толькi тады,  калi жахлiвы штуршок выкiнуў мяне з карэты на цьвёрдую замлю. Сонца ярка сьвяцiла мне ў твар, а за шлагбаўмам, якi быў якраз перад мною, я разгледзеў высокiя вежы вялiкага горада. Фурман уголас бедаваў, што аб вялiзны камень, якi ляжаў пасярод дарогi, разьбiўся не толькi дышаль, разьбiлася i задняе кола карэты, i, здавалася, вельмi мала, калi зусiм не турбаваўся за мяне. Я, як яно i лiчыць мудрацу, стрымаў гнеў i толькi пакорлiва крыкнуў хлопцу, што ён, гультаiна пракляты, мог бы ўцямiць, што Пталамэй Фiладэльфус, славуты вучоны свайго часу, сядзiць на гузьне, i хай бы там яно было дышлю дышлева, а колу колава. Табе, дарагi мой Руфiн, вядома, якую ўладу я маю над чалавечымi сэрцамi. I вось фурман iмгненна перастаў войкаць i з дапамогай шасэйнага мытнiка, каля хацiны якога i спадабiла нас тая ліхата, паставiў мяне на ногi. На шчасьце я асаблiва не памяўся i меў сiлу цiхенька брысьцi далей, тым часам як фурман ледзьве валок за мною паламаную карэту. Непадалёк ад брамы ўбачанага мною ў сiняй далечы горада мне сустрэлася мноства людзей такога дзiўнага выгляду i ў такой незвычайнай вопратцы, што я пачаў церцi вочы, каб упэўнiцца, цi праўда я чуваю, або, можа, якi кашмарны, дражлiвы сон перанёс мяне ў невядомую казачную краiну. Гэтыя людзi, якiх я з поўным правам мог лiчыць за жыхароў горада, з брамы якога яны выходзiлi, насiлi доўгiя, шырозныя штаны, скроеныя па-японску, з дарагой тканiны – аксамiту, манчэстэру, тонкага фаляндышу, а то i самаробнага палатна, страката абшытага галунамi, прыгожымi стужкамi i шнуркамi, i карнатыя, ледзь да пупа дзiцячыя куртачкi, часьцей сьветлых тонаў; толькi мала каторых было ў чорным. Нечасаныя валасы ў натуральным беспарадку ападалi на плечы i сьпiну, а на галаве ў кожнага была маленькая дзiўнага выгляду шапачка. У некаторых шыя была адкрытая, як у туркаў цi ў сёньняшнiх грэкаў, iншыя, наадварот, насiлi на шыi i на грудзях полкi белага палатна, падобныя на каўнеры, якiя табе, любасны мой Руфiне, даводзiлася бачыць на партрэтах нашых продкаў. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя людзi здавалiся досыць маладымi, галасы ў iх былi тоўстыя i грубыя, а рухi вуглаватыя; у некаторых пад носам быў вузкi цень, як бы вусы. У адных ззаду з куртак тырчалi доўгiя трубкi, на якiх боўталiся вялiкiя шаўковыя кутасы. А тыя павыцягвалi трубкi з кiшэняў i прыладзiлi да iх зьнiзу маленькiя, сярэднiх памераў, а то i даволi вялiкiя галоўкi дзiвоснай формы i даволi спрытна, дзьмухаючы ў тоненькую, усё больш вузкую на канцы трубку, пускалi клубы дыму. Некаторыя трымалi шырокiя блiскучыя мячы, быццам iшлi насустрач непрыяцелю; у некаторых былi прышпiлены спражкамi да сьпiны альбо навешаны з бакоў маленькiя скураныя i бляшаныя скрыначкi. Ты можаш сабе ўявiць, дарагi мой Руфiне, як я, хочучы ўзбагацiць свае веды старанным назiраньнем за ўсякiм новым для мяне фэномэнам, спынiўся i ўляпiў свой позiрк у гэтых дзiўных людзей. Тут яны абступiлi мяне i закрычалi на ўсё горла: "Фiлiстар! фiлiстар!" – i выбухнулi вусьцiшным рогатам. Мне зрабiлася прыкра. Бо, дарагi Руфiне, цi можа быць вялiкаму вучонаму што-небудзь больш крыўднае, чым калi яго залiчваюць да народа, якi за некалькi тысячагодзьдзяў да таго быў разьбiты асьлiнай скiвiцай? Я ўзяў сябе ў рукi i з уласьцiвай мне годнасьцю ўголас абвясьцiў дзiўнаму народу вакол мяне, што я, трэба спадзявацца, апынуўся ў цывiлiзаванай дзяржаве i таму зьвярнуўся ў палiцыю i ў суд, каб паквiтацца за ўчыненую мне крыўду. Тут усе яны нарабiлi галасу; да таго ж i тыя, якiя дагэтуль не дымiлi, цяпер падаставалi з кiшэняў адмысловыя на тое машынкi, i ўсе пачалi пускаць мне ў твар густыя клубы дыму, якi, як я цяпер толькi заўважыў, сьмярдзеў проста нясьцерпна i глушыў мае пачуццi. Потым яны прамовiлi над мною свайго роду заклён, такi мярзотны, што я, любасны Руфiне, не хачу яго табе паўтараць. Я i сам згадваю яго зь нявымоўным жахам. Нарэшце яны пакiнулi мяне з гучным зьняважлiвым рогатам, i мне здалося, быццам у паветры замiраюць словы: "Бiзуны ўгору!" Фурман мой, якi ўсё чуў i бачыў, сказаў, заломваючы рукi:

– Ах, дарагi спадару, калi ўжо сталася тое, што сталася, дык, напрамiлы бог, не ўваходзьце ў гэты горад. Нiводзiн сабака, як той казаў, ня возьме з вашых рук кавалка хлеба,  i вы будзеце ўвесь час пад небясьпекай лупц...

Я не даў добраму хлопцу дагаварыць i, як толькi мог, хуценька падаўся да суседняга сяльца. У адзiнокай каморцы адзiнага на ўсю вёску заезнага двара сяджу i пiшу табе ўсё гэта, любасны Руфiне! Наколькi будзе магчыма, я зьбяру зьвесткi пра гэты невядомы варварскi народ, якi насяляе горад. Мне ўжо расказалi  збольшага шмат чаго дзiўнага пра яго норавы, звычаi i iншае, i я дакладна паведамляю табе пра ўсё...etc., etc."

Ты ўжо зьмецiў, дарагi мой чытач, што можна быць вялiкiм вучоным i ня ведаць самых звычайных рэчаў i зьяў i з прычын, даўно вядомых усяму сьвету, аддавацца дзiвосным  мроям. Пталамэй Фiладэльфус практыкаваўся ў навуках, а ня ведаў нават пра студэнтаў; апiсваючы свайму сябру выпадак, якi ў галаве ягонай ператварыўся ў нязвычайную прыгоду,  нават не падазраваў, што ён якраз у вёсцы Гох-Якабсгайм, што, як вядома, непадалёк ад славутага Керапэскага ўнiвэрсытэта. Мой добры Пталамэй спалохаўся, сустрэўшыся са студэнтамi, якiя радасна i бястурботна гулялi дзеля сваёй асалоды за горадам. Якi страх агарнуў бы яго, калi б ён прыехаў гадзiнаю раней у Керапэс i аказiя прывяла яго да дома прафэсара натуральных навук Моша Тэрпiна. Сотнi студэнтаў, сыпануўшы з дома, абступiлi б яго, шумна дыспутуючы, i ад гэтага хваляваньня, ад гэтай мiтусьнi яго розум зьбянтэжылi б яшчэ больш дзiвосныя мроiвы.

Лекцыi Моша Тэрпiна наведвалiся ў Керапэсе найчасьцей. Ён быў, як пра тое ўжо сказана, прафэсар натуральных навук: ён тлумачыў, з чаго бярэцца дождж, гром, маланка, чаго сонца сьвецiць удзень, а месяц уначы, як i чаму расьце  трава etc.,  так што кожнае дзiця магло гэта зразумець. Ён умясьцiў усю прыроду ў маленькi далiкатны кампэндыум, так што заўсёды мог ёю з выгодай карыстацца i на кожнае пытаньне дастаць адказ, як усё роўна з шуфляды. Запачаткавала яго славу ўдала выведзеная iм пасьля шматлiкiх фiзiчных досьледаў выснова, што цемра паходзiць пераважна ад недахопу сьвятла. Гэта адкрыцьцё, а таксама яго ўмельства зь незвычайным спрытам ператвараць памянёныя фiзiчныя досьледы ў чароўныя кунштукi i паказваць даволi пацешныя фокуспокусы, забясьпечылi яго немаверна якой процьмай слухачоў. Дазволь мне, мой зычлiвы чытач, бо ж ты ведаеш студэнцтва куды лепей, чым славуты вучоны Пталамэй Фiладэльфус, i табе невядомая яго летуцейнiцкая палахлiвасьць, звабiць цябе ў Керапэс да дома прафэсара Моша Тэрпiна якраз у той час, калi ён дачытаў лекцыю. Адзiн студэнт, якi выйшаў зь лекцыi, адразу забiрае тваю ўвагу. Ты бачыш станiстага хлопца гадоў дваццацi трох, ад сiлы чатырох; яго цёмныя блiскучыя вочы яскрава гавораць пра жывы i ясны розум. Позiрк яго можна было б назваць амаль зухаватым, калi б летуцейнiцкая тужлiвасьць, разьлiтая на бледным твары, не засьцiлала, быццам дымкай, палкiх прамянёў ягоных вачэй. Яго каптан з чорнага тонкага фаляндышу, аброблены кроеным аксамiтам, быў пашыты амаль на старанямецкi фасон, пад што вельмi пасаваў сьвяточны, сьляпуча белы каўнер i аксамiтны барэт на прыгожых цёмнакаштанавых валасах.

Такая выправа, можа, таму так i строiла яго, што ўсёй сваёй iстотай, прыстойнай хадою i паставай, сур'ёзным тварам, здавалася, ён упiсваўся ў  цудоўна вышляхетненую старадаўнасьць, а таму i не наводзiў на подумку пра  манерыстасьць, якая так часта аказвае сябе ў дробязным перайманьнi блага зразуметых узораў i ў гэтак жа блага ўсьвядомленых похапках нашага часу. Гэты маладзён, якi так адразу на сьвежае вока ўпадабаўся табе, любасэрды чытач мой, не хто там якi, а студэнт Бальтазар, сын годнасных i заможных бацькоў, хлопец нораву сьцiплага, разважлiвы, руплiвы, пра яго я, мой чытач, яшчэ вой-вой колькi дзiўнага табе панарасказваю у гэтай дужа дасьцiпнай гiсторыi.

Сур'ёзны, замроены, як заўсёды зь iм бывала, iшоў Бальтазар зь лекцыi  Моша Тэрпiна да гарадское брамы, каб адведаць замест фехтавальнай залы цудоўны гаёк, што быў за некалькi сотняў крокаў ад Керапэса. Сябар ягоны Фабiян, прыгожы дзяцюк, вясёлы з выгляду i такi самы норавам, пабег сьледам за iм i дагнаў каля самае брамы!

– Бальтазар! – голасна крыкнуў Фабiян. – Бальтазар, ты зноў выбраўся ў лес, зноў будзеш хадзiць, як мэлянхалiчны фiлiстар, тым часам як добрыя буршы руплiва практыкуюцца ў высакародным майстэрстве шармеркі. Прашу цябе, Бальтазар, кiнь нарэшце свае недарэчныя дзiвацтвы, i будзь як раней вясёлы i бадзёры. Хадзем, зробiм колькi выпадаў на рапiрах, i калi табе потым зарупiць прагуляцца, дык i я пайду з табою.

– Вечна табе толькі добрае наўме, – адказаў Бальтазар, – добрае табе наўме, Фабiян, i таму я не хачу з табой заводзiцца, калi ты як апантаны бегаеш за мною па пятах i часам пакiдаеш мяне без асалоды, пра якую сам уяўленьня ня маеш. Ты якраз адзiн з тых дзiўных людзей, якiя кожнага, хто чувае на самоце, лiчаць мэлянхалiчным дурнем i хочуць яму на свой лад перакруцiць мазгi i вылечыць, як той падступны прыдворнiк, што спрабаваў вылечыць высакароднага прынца Гамлета, а прынц сам  яму даў добрую навуку, сказаўшы, што ня ўмее граць на жалейцы. Праўда, дарагi Фабiян, ад гэтага я цябе звольню, аднак вельмi сардэчна прашу, –пашукай сабе iншага кумпана для практыкоўкі на рапiрах i эспадронах, i дай мне спакойна iсьцi сваёй дарогай.

– Не, не! – усклiкнуў Фабiян, засьмяяўшыся, – так проста я ад цябе не адстану, дарагi дружа! Ня хочаш iсьцi са мною ў фехтавальную залу, дык я пайду з табою ў гай. Абавязак вернасьцi сябра зьвяселiць цябе ў смутку. Ну, хадзем, дарагi Бальтазарка, хадзем, калi ўжо  нiчога iншага табе не прысьпела.

Сказаўшы гэта i падхапiўшы сябра пад руку, ён пайшоў зь iм поруч. Бальтазар сьцяў зубы, затоiўшы неахвоту, i замкнуўся ў панурым маўчаньнi, тым часам як Фабiян бесьперастанку балабонiў розныя пацешныя гiсторыi. Сюды дамяшалася ўсякая лухта, як гэта часта здараецца, калi павядаюць штось вясёленькае.

Калi нарэшце мы ўступiлi ў засень духмянага гаю, калi зашапталi кусты, быццам абменьвалiся нецярплiвымi ўздыхамi, калi ўдалечынi загучалi цудоўныя мэлодыi гаманлiвых ручаёў i сьпевы лясных птушак разбудзiлi рэха ў гарах, – Бальтазар нечакана спынiўся, шчыра разьвёў рукi, быццам зьбiраўся пяшчотна абняць кусты i дрэвы, i ўсклiкнуў:

– О, цяпер мне зноў добра, няма ладу як хораша!

Фабiян,  крыху сумеўшыся, паглядзеў на сябра, нiбы чалавек, якi не зразумеў, пра што  зайшлося, i ня ведае, што яму рабiць. Тут Бальтазар схапiў яго за руку i ўсклiкнуў, поўны захапленьня:

– Праўда ж, браце, i тваё сэрца расхiнулася, i ты спасьцiгаеш дабрашчасную таямнiцу летняй асамотненасьцi?

– Я не зусiм разумею цябе, дарагi браце, – адказаў Фабiян, – але калi ты думаеш, што шпацыр у лесе падзейнiчае на цябе дабратворна, дык я з такою думкаю цалкам пагаджаюся. Хiба я сам не ахвотнiк да шпацыраў, асаблiва ў добрай кампанii, калi можна весьцi разумную i павучальную гутарку? Напрыклад, чыстая асалода прагульвацца за горадам з нашым прафэсарам Мошам Тэрпiнам. Ён ведае кожную расьлiнку, кожную былiнку i скажа, як яна называецца i да якога вiду належыць, i яшчэ раскажа пра вецер i надвор'е...

– Змоўкнi, – ускрыкнуў Бальтазар, – прашу цябе, змоўкнi! Ты спамяуў тут пра тое, што магло б увесьцi мяне ў шал, калi б у мяне ня было суцяшэньня. Прафэсарава манера разважаць пра прыроду кроiць мне сэрца. Альбо, лепей сказаць, злавесная жудасьць бярэ, быццам я бачу вар'ята, якi, зблазнаваўшыся дарэшты, строіць зь сябе караля i валадара ды нянькае зробленую iм  самiм салямяную ляльку, удаючы, што абдымае  царскую нявесту. Яго так званыя досьледы здаюцца мне агiдным глумам з боскай iстоты, чыё дыханьне абвявае нас у прыродзе i абуджае ў глыбiнях душы сьвяшчэнныя прадчуваньнi. Часам мяне разьбiрае – паразьбiваць усе ягоныя шклянкi i колбы, размэтлашыць усю яго лавачку, калi б мяне ня спыняла думка, што малпа ўсё адно не перастане гуляць з агнём, пакуль не апячэцца. Вось, Фабiяне, якiя пачуцьцi трывожаць мяне, чаго мне халадзее сэрца на лекцыях Моша Тэрпiна, – i тады вам здаецца, што я зрабiўся больш маўклiвы i ваўкаваты. Мне быццам здаецца, што дамы вось-вось абваляцца мне на галаву, шалёны страх гонiць мяне з горада. Але тут, тут у душу маю лiецца салодкi спакой. Лежачы ў траве сярод кветак, я ўзiраюся ў бясконцую сiнечу неба, i над мною, над шчасьлiва-радасным лесам плывуць залатыя хмаркi, быццам цудоўныя сны з далёкага сьвету, поўнага шчаснай уцехi! О мой Фабiяне, тады i ў маiх грудзях нараджаецца дзiвосны дух, я слухаю, як ён таямнiча гутарыць з кустамi, з дрэвамi, цурчаньнем ляснога ручая, i я не магу перадаць табе, якая мiлата перапаўняе ўсю маю iстоту салодка-тужлiвым трымценьнем.

– Ну вось, – усклiкнуў Фабiян, – ну вось, зноў ты завёў старую песьню пра тугу i асалоду, пра дрэвы i кусты, якiя гавораць з табою. Ва ўсiх тваiх вершах паўнютка-поўна такiх прыемных субстанцый, што лашчаць слых i могуць карысьціцца чалавеку, калi тут не шукаць чагосьцi большага. Але скажы мне, пекны мой мэлянхолiкус, калi лекцыi Моша Тэрпiна так моцна цябе зацiнаюць, дык скажы мне, дзеля чаго ты на iх цягаешся, нiводнай не прапускаючы, хоць, праўда, кожнага разу сядзiш маўклiвы i ваўкаваты i заплюшчыўшы вочы, быццам замроены ў крозах?

– I ня пытайся, – адказаў Бальтазар, апусьцiўшы вочы, – ня пытайся пра гэта ў мяне, любы сябар. Невядомая сiла цягне мяне шторанiцы да дома Моша Тэрпiна. Я наперад ведаю свае пакуты, але не магу супрацiвiцца, цёмная ўлада гонiць мяне!

– Ха-ха! – зарагатаў Фабiян, – ха-ха-ха! Як тонка, як паэтычна, як мiстычна! Невядомая сiла, што надзiць цябе да дома Моша Тэрпiна, яна ў цёмна-блакiтных вачах лiлейнай Кандзiды. Што ты па вушы закаханы ў чароўную дачку прафэсара, усе мы добра ведаем, а таму i даруем табе ўсе твае фантазіi i блазнаватыя паводзiны. З закаханымi заўсёды так. Ты якраз у першым коле любоўнай немачы, i табе на спадзе маладосьцi даводзiцца рабiць усе тыя недарэчныя глупствы, зь якiмi мы, як i многiя iншыя, дзякуй богу, расхрысьцiлiся яшчэ ў школе. Але павер мне, сэрцайка...

Фабiян зноў узяў сябра пад руку i шпарка пайшоў зь iм далей. Яны якраз выйшлi з гушчару на шырокую дарогу, што iшла праз лес, як раптам Фабiян убачыў удалечынi каня, якi ў хмары пылу ляцеў на iх  без верхаўца.

– Эй-эй! – усклiкнуў ён, сам сябе перабiўшы. – Эй, зiрнi, праклятая шкапа скiнула верхаўца i ўцякла... трэба яе злавiць, а потым  пашукаць у лесе  гаспадара. – I ён стаў пасярод дарогi.

Конь наблiжаўся, i можна было заўважыць, што на баках у яго як бы матляюцца батфорты, а на сядле варушыцца нешта чорнае. Раптам пад самым носам у Фабiяна пачулася працяглае, пранозьлiвае: "Тпру-у-у!" – i ў той самы момант над галавой праляцела пара батфортаў, i нейкi дзiўны маленькi чорны прадмет пакацiўся яму пад ногi. Вялiзны конь спынiўся як укапаны, i, выцягнуўшы шыю, абнюхваў свайго маленькага гаспадара, якi валтузiўся ў пяску i нарэшце неяк узьбiўся на ногi. Галава малога моцна ўдалася ў плечы, i ўвесь ён, з наростам на сьпiне i грудзях, кароткiм тулавам i доўгiмi павучынымi ножкамi, нагадваў насаджаны на вiдэлец яблык, на якiм выразана агiдная морда. Убачыўшы гэтую дзiўную маленькую пачвару, Фабiян  зарагатаў. Але малое злосна насунула на вочы барэт, якi толькi што падняло зь зямлi, i, гнеўна ўпiўшыся ў Фабiяна вачыма, спыталася грубым сiпатым голасам:

– Цi гэта дарога на Керапэс?

– Так, спадару, – зычлiва i сур'ёзна адказаў Бальтазар i падаў малому паднятыя батфорты.

Як нi старалася тое нацягнуць iх, усё марна – увесь час кулялася, стагнала, сапло i качалася ў пяску. Бальтазар паставiў батфорты, асьцярожна падняў малога i гэтак жа клапатлiва ўсунуў яго ножкамi ў цяжкiя i шырозныя халявы. Ганарыста ўпершыся рукою пад бок, а другую прыклаўшы да барэта, малец ўсклiкнуў: "GratiasДзякую (лац.)., спадару!" – падышоў да каня i ўзяў яго за аброць. Але ўсе ягоныя спробы дастаць стрэмя i ўскараскацца на высокую жывёлiну былi пустыя. Бальтазар гэтак жа сур'ёзна i зычлiва падышоў да яго i падсадзiў. Малец, вiдаць, надта моцна гупнуўся ў сядло, бо тут жа зьляцеў на зямлю па той бок каня.

– Не гарачыся так, мiлы мусье! – усклiкнуў Фабiян, зноў гучна зарагатаўшы.

– Чорт – ваш мiлы мусье! – усклiкнуў, ужо зусiм угневаўшыся, малец i атросься ад пылу. – Я студыёзус, а калi i вы таксама, дык гэта называецца  выклiкам – гэты ваш блазенскi сьмех мне ў твар, i вы павiнны заўтра ў Керапэсе даць мне сатысфакцыю!

– Чорт вазьмi, – не перастаючы сьмяяцца, крыкнуў Фабiян, – чорт вазьмi, ды гэта бурш, курдупель куды к чорту, калi зайшло пра адвагу i правiлы гонару! – З гэтымi словамi Фабiян падняў мальца i, як той нi брыкаўся, нi ўпiраўся, пасадзiў яго на каня, якi весела гiгiкаючы, панёс свайго гаспадара. Фабiян за бакi хапаўся, памiраючы ад сьмеху.

– Сэрца ў цябе няма, – сказаў Бальтазар, – глумiцца з чалавека, якога так жорстка, як гэтага маленькага верхаўца, пакрыўдзiла прырода. Калi ён i праўда студэнт, дык ты павiнен зь iм стаць на дуэль, i прытым, хоць гэта i супроць усiх акадэмiчных звычаяў, на пiсталетах, бо валодаць рапiрай альбо эспадронам ён ня можа.

– Як сурова, – азваўся Фабiян, – як сур'ёзна, як змрочна ты сабе гэта ўяўляеш, дружа мой Бальтазар. Мне нiколi ня прыходзiла ў галаву глумiцца з калецтва. Але скажы, калi ласка, цi гадзiцца такому гарбатаму недаростку лезьцi на каня, з-за шыi якога ён ледзь выглядвае? Цi гадзiцца яму лезьцi сваiмi ножкамi ў такiя чорт ведае якiя шырокiя батфорты? Цi гадзiцца яму напяльваць такую вузенькую куртачку ў аблiпку, з мноствам галуноў, шнуркоў i кутасоў, цi гадзiцца яму насiць такi велягурысты аксамiтны барэт? Цi гадзiцца яму строiць зь сябе такога надзьмутага i фанабэрлiвага зуха? Вымучваць такi варварскi, сiпаты голас? Цi гадзiцца ўсё гэта яму, пытаюся я, i цi ж нельга з поўным правам падняць яго на сьмех, як блазна? Але мне трэба вярнуцца ў горад, i я павiнен паглядзець, як гэты рыцар-студыёзус уедзе на сваiм гнядым канi ў Керапэс i якi там учынiцца гвалт! З табою сёньня пiва не наварыш. Будзь здаровы! – I Фабiян пабег лесам у горад.

Бальтазар зьвярнуў з дарогi i заглыбiўся ў самую нетру; там ён прысеў на замшэлую купiну, горасныя пачуцьцi агарнулi яго i цалкам завалодалi iм. Магчыма, ён i напраўду кахаў прыгажуню Кандзiду, але ён схаваў гэта каханьне ў сваiм сэрцы ад усiх, нават ад самога сябе, як глыбокую, пяшчотную таямнiцу. I калi Фабiян так легкадумна загаварыў пра гэта, Бальтазар адчуў сябе так, быццам грубыя рукi з блюзьнерчай дзёрзкасьцю зьдзiраюць з  выявы сьвятой покрыва, да якога ён i дакрануцца ня мог, быццам цяпер ён сам навекi ўгнявіў сьвятую. Так, словы Фабiяна здавалiся яму мярзотным глумленьнем з усёй ягонай iстоты, з самых салодкiх летуценьняў.

– Дык вось, – усклiкнуў ён зь бязьмежнай  прыкрасьцю, – дык вось, Фабiян, ты прымаеш мяне за закаханага дурня, якi цягаецца на лекцыi Моша Тэрпiна, каб хоць гадзiнку правесьцi пад адным дахам з прыгожай Кандзiдай;  якi самотна бадзяецца па лесе, каб, склаўшы ў памяцi найгоршыя вершы да каханай, потым запiсаць iх, з чаго яны  яшчэ больш зьнiкчэмняцца; якi губiць дрэвы, выразаючы на гладкай кары iдыёцкiя вэнзэлi, а пры каханай слова разумнага сказаць ня можа, адно стогне, уздыхае i крывiцца плаксiвымi грымасамi, быццам яго курч схапiў; якi ў сябе на грудзях пад кашуляй носiць завялыя кветкi, што калiсьцi былi прыколатыя на яе сукенцы, альбо пальчатку, якую яна ўпусьцiла, – ну, адным словам, учыняе тысячы дзiцячых глупстваў! I таму, Фабiян, ты дражнiш мяне, i таму ўсе буршы сьмяюцца зь мяне, i таму, магчыма, i я, i ўвесь той унутраны сьвет, якi адкрыўся мне, зрабiлiся аб'ектам кпiнаў. I чароўная, мiлая, дзiвосная Кандзiда...

Ледзь толькi Бальтазар вымавiў гэтае iмя, як ягонае сэрца быццам  працяло агнявым кiнжалам. Ах! Нейкi ўнутраны голас ясна шаптаў яму ў гэтую хвiлiну, што толькi дзеля Кандзiды бывае ён у доме ў Моша Тэрпiна, пiша вершы каханай, выразае на дрэвах яе iмя, што ён нямее пры ёй, уздыхае, стогне, носiць на грудзях завялыя кветкi, якiя яна ўпусьцiла, што ён i насамрэч даўся ва ўсе блазноты, за якiя толькi можа ўпiкнуць яго Фабiян. Толькi цяпер ён адчуў, як неверагодна кахае прыгажуню Кандзiду i разам з тым як вычудлiва чысьцюткае, шчырае каханьне ў вонкавым сьвеце прымае крывую зьнешнасьць, што сьлед прыпiсаць глыбокай iронii, закладзенай самой прыродай ва ўсе чалавечыя ўчынкi. Мабыць, у гэтым ён меў рацыю, але зусiм ня меў рацыi, калi пачаў праз гэта злавацца. Летуценьнi, якiя раней захаплялi яго, расьсеялiся, лясныя галасы зьвiнелi цяпер дакорам i насьмешкай, ён кiнуўся назад у Керапэс.

– Спадар Бальтазар! Mon cherМой дарагi (фр.). Бальтазар! – паклiкаў яго нехта.

Ён падняў вочы i спынiўся, зачараваны, бо насустрач яму iшоў прафэсар Мош Тэрпiн, вядучы пад руку сваю дачку Кандзiду. Кандзiда з заўсёднай вясёлай i прыязнай шчырасьцю прывiтала студэнта, якi застыў быццам iдал.

– Бальтазар, mon cher Бальтазар! – усклiкнуў прафэсар. – Шчыра кажучы, вы самы руплiвы i прыемны мне слухач! О дарагi мой, я заўважыў, вы любiце прыроду з усiмi яе дзiвосамi гэтак сама, як i я, а я ж ад яе бяз памяцi! Мабыць, вы зноў батанiзавалi ў нашым гайку? Удалося знайсьцi што-небудзь павучальнае? Што ж! Давайце пазнаёмiмся блiжэй. Наведайце мяне –  рады бачыць вас у любы час, можам разам рабiць досьледы. Вы ўжо бачылi маю новую паветраную помпу? Што ж, mon cher, заўтра ўвечары ў мяне дома зьбярэцца сяброўскi гурток, будзем пiць гарбату з бутэрбродамi i весялiць грамаду прыемнай гутаркай. Пабольшце гэты гурток сваёй гожай асобай. Вы пазнаёмiцеся з даволi прывабным маладым чалавекам, якога мне нараiлi найлепшым чынам. Bon soir, mon cher! Добры вечар, мой мiлы! au revoir! Да пабачэньня. Вы ж заўтра прыйдзеце на лекцыi? Ну, mon cher, adieu. – I не чакаючы Бальтазаравага адказу, прафэсар Мош Тэрпiн пайшоў далей разам з дачкою.

Ашаломлены Бальтазар не адважыўся падняць вочы, але позiркi Кандзiды спапялiлi яму грудзi, ён адчуваў яе дыханьне, i салодкае трымценьне прасякала ўсю яго iстоту.

Уся прыкрасьць ягоная прайшла; поўны захапленьня, глядзеў ён Кандзiдзе ўсьлед, пакуль тая ня зьнiкла за зялёнай лiстотай прысадаў. Потым ён павольна заглыбiўся ў лес, каб аддацца марам яшчэ саладзейшым, чым калi-небудзь раней.

 

Разьдзел трэйцi

 

Як Фабiян ня ведаў, што яму сказаць. – Кандзiда i  дзяўчаты, якiм не дазволена есьцi рыбу. –Лiтаратурная гарбата ў Моша Tэрпiна. – Малады прынц.

 

Калi Фабiян кiнуўся бегчы па лясной сьцежцы, ён думаў апярэдзiць дзiўнага мальца, якi толькi што прамчаўся на канi. Але ён памылiўся. З узьлесься ён убачыў, як удалечынi да малога далучыўся другi верхавец, статны з выгляду, i абодва ўжо ўязджалi ў браму Керапэса. "Гм! – зьдзiвiўся Фабiян. – Хоць гэтая пстрычка i абагнала мяне  на вялiкiм канi, я ўсё-такi пасьпею на сьпектакль. Калi ён сапраўды студыёзус, дык яму пакажуць "Крылатага каня", а калi ён там спынiцца, дык з тым самым галасьлiвым "тпру-у-дзе!" скiне батфорты i сам скiнецца за iмi, разьюшыцца i палезе на дыбкi, а як буршы пакоцяцца ад сьмеху, – сама-сама заваруха i пачнецца!"

Уваходзячы ў горад, Фабiян думаў, што на ўсiх вулiцах па дарозе да "Крылатага каня" ну ж i будзе рогату. Але дзе там! Усе праходзiлi мiма спакойна i сур'ёзна.

Гэтак жа сур'ёзна шпацыравалi, гутарылi студэнты, як звычайна, калi зьбiралiся каля "Крылатага каня". Фабiян быў пэўны, што малое, прынамсi, тут яшчэ не зьяўлялася, але, глянуўшы ў браму гасьцiнiцы, заўважыў, што ў канюшню якраз вядуць каня малога, якога лёгка было пазнаць. Ён кiнуўся да першага, хто папаўся знаёмага i спытаўся, цi не праязджаў тут часам нейкi дзiўны i вельмi незвычайны чалавечак... Той нiчога ня ведаў, як i ўсе астатнiя, каму Фабiян расказваў, што яму спрыгодзiлася з мальцом, якi ўдаваў зь сябе  студэнта. Усе рагаталi покатам, але бажылiся, што нiякага такога карантыша, падобнага на таго, якога апiсваў Фабiян, тут ня бачылi. Праўда, хвiлiн за дзесяць да таго ў гасьцiнiцу "Крылаты конь" прыехала двух статных верхаўцоў на выдатных  конях.

– А цi не сядзеў адзiн зь iх на тым канi, што толькi што правялi на канюшню?– спытаўся Фабiян.

– А ўжо ж, – адказаў адзiн запытаны, – а ўжо ж такi. Той, што прыехаў на гэтым канi, праўда, не ўдаўся ростам, але складзены дай божа мне так, мiлавiды, i ў яго цудоўныя кучаравыя валасы, сьвет ня бачыў такiх. I паказаў сябе выдатным наезьнiкам, бо саскокваў так спрытна i з такой годнасьцю, быццам наш князеў штатны штальмайстар.

– I ня згубiў батфортаў? – усклiкнуў Фабiян. – I не пакацiўся вам пад ногi?

– Божа баранi! – адказвалi ўсе ў адзiн голас. – Баранi божа! Што табе, браце, да галавы ўвінцілася? Спрытны наезьнiк гэты малец!

Фабiян ня ведаў, што й казаць. Тут на вулiцы паказаўся Бальтазар. Фабiян кiнуўся да яго, павалок за сабою i расказаў, што недаростак, якога яны напаткалi непадалёк ад гарадское брамы i якi ўпаў з каня, толькi што прыехаў сюды, i ўсе прынялi яго за прыгожага, статнага хлопца i класнага наезьнiка.

– Вось бачыш, – сур'ёзна i разважлiва адказаў Бальтазар, – вось бачыш, любасны браце, ня ўсе, як ты, так зьедлiва сьмяюцца з няшчаснага, абдзеленага самой прыродай!

– А долечкi мае! – перабiў Фабiян. – Ды гаворка ж тут не пра насьмешкi i нелюбства, а пра тое, цi можна назваць прыгожым i здатным малога курдупля ў тры футы ростам, удадатак яшчэ й падобнага на рэдзьку.

Бальтазар мусiў згадзiцца з думкаю Фабiяна пра  рост i зьнешнасьць дробненькага студэнта. Астатнiя ўпарта вялi сваё, што маленькi верхавец – прыгожы, станiсты мужчына, тым часам як Фабiян i Бальтазар бажылiся, што зроду ня бачылi больш агiднага карлiка. На тым i скончылася, i ўсе разышлiся моцна зьбянтэжаныя.

Запаў глыбокi вечар, калi сябры рушылi дахаты. Раптам Бальтазар незнарок прагаварыўся, што сустрэўся з прафэсарам Мошам Тэрпiнам i што той запрасiў яго да сябе на заўтрашнi вечар.

– Во, шчасьлiвы! – усклiкнуў Фабiян. – Во, пашанцавала! Там ты ўбачыш i пачуеш сваю прыгажуню, чароўную мамзэль Кандзiду, будзеш зь ёю гутарыць!

Бальтазар, зноў глыбока пакрыўджаны, адхiснуўся i хацеў быў iсьцi. Але адумаўся, спынiўся i, пабароўшы прыкрасьць, сказаў:

– Мабыць, твая праўда, любасны браце, калi маеш мяне за дурнога закаханага блазна, я,  бадай што, такi i ёсьць. Але мая дурасьць – глыбокая балючая рана, якая томiць дух мой, i той, хто неасьцярожна дакранецца, можа, разьвярэдзiўшы яе, спрычынiць розныя дурасьцi. Таму, браце, калi ты сапраўды мяне любiш, дык не вымаўляй пры мне iмя Кандзiды.

– Зноў ты, – запярэчыў Фабiян, – зноў ты глядзiш на ўсё вельмi трагiчна, i пры тваiм цяперашнiм стане ад цябе i чакаць iншага не выпадае. Але, каб па-дурному не зводзiцца з табою, абяцаю, што вусны мае не вымавяць iмя Кандзiды, пакуль ты сам не дасi зачэпкi. Але дазволь сказаць, што, як я прадбачу, твая закаханасьць яшчэ дасца ў знакi. Кандзiда – мiлая дзяўчына, але яна анiяк не пасуе пад мэланхалiчны, летуценьнiцкi лад тваёй душы. Пазнаёмiшся ты зь ёю блiжэй, i яе лагодны, вясёлы нораў здасца табе далёкiм ад паэзii, якое табе ва ўсiм не хапае. Ты аддаешся дзiвосным марам, i ўсё закончыцца вялiкiм  пярэпалахам – жахлiвай уяўнай пакутай i адпаведнай роспаччу. Зрэшты, я, як i ты, запрошаны на заўтра да нашага прафэсара, якi пазабаўляе нас досыць цiкавымi фiзiчнымi досьледамi. Ну, дабранач, дзiвосны летуценьнiк! Сьпi, калi здолееш заснуць напярэдаднi такой значнай падзеi, што будзе заўтра.

З гэтымi словамi Фабiян пакiнуў свайго замроенага прыяцеля. Фабiян, бадай што, не без падставы прадбачыў розныя  патэтычныя прыгоды, у якiя могуць ублытацца Кандзiда i Бальтазар, бо душэўны лад i нораў абаiх, здавалася, насамрэч давалi дастатковую на тое прычыну.

У Кандзiды былi прамянiстыя вочы – яны так i працiналi сэрца, – крыху пухлявыя чырвоныя губы, i яна – з гэтым згаджаўся кожны – была чыстая  прыгажуня. Я не памятаю, цi то русымi, цi то каштанавымi варта было б назваць яе раскошныя валасы, якiя яна ўмела так вычудлiва ўкладваць, заплятаць у косы, – я толькi памятаю iх дзiўную асаблiвасьць: чым даўжэй глядзiш на iх, тым больш i больш яны цямнеюць. Гэта была высокая, статная, лёгкая ў рухах дзяўчына, чыстая грацыя i прыветлiвасьць, асаблiва ў вясёлай кампанii; пры аж столькiх панадах ёй ахвотна прабачалi тое, што яе ручкi i ножкi маглi б быць, бадай што, трошакi меншыя i зграбнейшыя. Пры гэтым Кандзiда прачытала гётэўскага "Вiльгельма Майстара", вершы Шылера i "Чароўны пярсьцёнак" Фукэ i пасьпела забыць амаль усё, пра што там пiсалася; скакала самыя модныя франсэзы i гавоты i досыць разборлiвым i тонкiм почыркам запiсвала бялiзну, якая iшла ў пральню. А калi ўжо аж так закарцела вышукаць хiбы ў гэтай мiлай дзяўчыне, дык, бадай што, можна было б не пахвалiць яе грубаваты голас i тое, што туга шнуравалася яна цi не залiшне, залiшне доўга радавалася новаму капялюшыку i зьядала за гарбатай, можа, нават мнагавата пiрожнага. Занадта экзальтаваным паэтам яшчэ шмат чаго ў чароўнай Кандзiдзе было б не па сэрцы, але ж, божачкi, iм заўсёды нешта не па сэрцы! Найперш iм мусова, каб з усяго, што яны толькi нi прамовяць, паненка заходзiлася ў самнамбулiчным захапленьнi, глыбока ўздыхала, закочвала вочы, а часам не надоўга, вядома, млела альбо нават бачыць пераставала, што ўжо ёсьць най-найвышэйшая ступень жаночай жаноцкасьцi. Далей, памянёнай паненцы сьлед сьпяваць песьнi, складзеныя паэтам, прычым мэлодыя павiнна сама нарадзiцца ў яе сэрцы, пасьля чаго ёй (ясна, – паненцы!) выпадае раптам узяць i занемагчы i таксама пачаць пiсаць вершы, але ж вельмi пры гэтым саромецца, калi гэта выплыве напаверх, нягледзячы на тое, што яна сама, перапiсаўшы iх самым далiкатным почыркам на танюсенькай пакропленай парфумай паперы, уручыць паэту, якi сваёй калейкай таксама заняможа ад захапленьня, што яму, зрэшты, анiяк ня трэба ставiць у вiну. На сьвеце ёсьць такiя паэтычныя аскеты, якiя заходзяць яшчэ далей i лiчаць, што калi паненка сьмяецца, есьць, п'е i мiла апранаецца па модзе, дык гэта супярэчыць усякай пяшчотнай жаноцкасьцi. Яны амаль што прыпадабняюцца да сьвятога Гэранiма, якi забараняе паненкам есьцi рыбу i насiць завушнiцы. Iм належыць, так мяркуе сьвяты, толькi браць на зубок калiўца крыху прыпраўленай травы, увесь час быць надгаладзь, не адчуваючы голаду, апранацца ў грубае, дрэнна пашытае ўбраньне, якое захiнала б iх стан, i найперш выбраць сабе ў спадарожнiкi асобу статэчную, бледную, панылую i крыху неахайную.

Весялосьць i нязмушанасьць сталiся другою натураю Кандзiды, i таму ёй больш за ўсё прыпадалi да сэрца гутаркi, якiя прыляталi  на лёгкiх, эфiрных крылах нязлоснага гумару. Яна памiрала ад сьмеху з усяго, што яе сьмяшыла;  яна нiколi не ўздыхала, хiба што калi надвор'е не ўспрыяе задуманай прагулцы альбо калi, як бы там яна нi бераглася, на новы шаль сядзе плямка. Але калi на тое надаралася добрая прычына, у ёй пракiдалася i глыбокае, шчырае пачуцьцё, якое нiколi не пераходзiла ў пошлую пачуцьцёвасьць, i нам з табою, любасны мой чытач, людзям зусiм такi не палкiм, дзяўчына гэтая якраз прыйшлася б па сэрцы. Але з Бальтазарам усё магло абярнуцца зусiм iнакш. Аднак мы неўзабаве ўбачым, наколькi правiльныя былi прадказаньнi празаiчнага Фабiяна.

Тое, што Бальтазар ад бясконцага хваляваньня, ад неверагодна салодкага трымценьня цэлую ноч ня мог зьмежыць вачэй, было зусiм натуральна. Паланёны вобразам каханай, ён прысеў да стала i склаў даволi шмат прыемных, мiлагучных радкоў, апiсаў свой стан у мiстычным расказе пра каханьне салаўя да  пунсовае ружы. Ён рашыўся ўзяць з сабою гэтыя вершы на лiтаратурнае чаяваньне ў Моша Тэрпiна i, як толькi станецца выпадак, атакаваць iмi безабароннае сэрца Кандзiды.

Фабiян лёгенька ўсьмiхнуўся, калi да назначанага часу па ўгаворы зайшоў да свайго сябра i застаў яго такiм разадзетым, якiм яшчэ не даводзiлася бачыць. На iм быў зубчаты каўнер з тонкiх брусельскiх карункаў, кароткая камiзэля з рубчатага аксамiту з праразнымi рукавамi. I яшчэ ён быў у французскiх боцiках з высокiмi вострымi абцасамi i срэбнымi майхрамi, у англiцкiм капелюшы з найтанчэйшага кастору i ў дацкiх пальчатках. Словам, ён быў апрануты рыхтык па-нямецку, i строi гэтыя няма ладу як пасавалi яму, тым болей што ён выдатна закучаравiў валасы i расчасаў маленькiя вускi.

Бальтазарава сэрца зайшлося ад захапленьня, калi ў доме ў Моша Тэрпiна насустрач яму выйшла Кандзiда у поўным адзеньнi старажытнагерманскай дзевы; ветласьцю i весялосьцю сьвяцiлiся яе вочы, словы i ўся яе iстота, як яно, зрэшты, было заўсёды. "Дзiвосная дзева!" – соладка ўздыхнуў Бальтазар, калi Кандзiда, сама мiладайная Кандзiда, паднесла яму кубачак дымнай гарбаткi. Але Кандзiда зiрнула на яго прамянiстымi вочкамi i сказала:

– Вось ром i мараскiн, сухары i пумпэрнiкель, зрабiце ласку, мiлы спадар Бальтазар, бярыце што вам падабаецца.

Але замест каб глянуць на ром i мараскiн, сухары i пумпэрнiкель, а то i налегчы на iх, разьвярэджаны Бальтазар ня мог адвесьцi вачэй, поўных шчырага каханьня i пакутлiвага замiлаваньня, ад чароўнай дзевы i стараўся знайсьцi словы, якiя мелi б выказаць усё, што ў гэтае iмгненьне ён адчуваў у глыбiнi душы. Але тут ззаду яму паддаў кулаком прафэсар эстэтыкi, здаровы дзяцюк, i, павярнуўшы яго тварам да сябе, так што Бальтазар расплюхаў гарбаты на падлогу больш, чым  гэта было прыстойна, i крыкнуў громападобным голасам:

– Дарагi Лукаш Кранах! ня сёрбайце пустой вады, вы начыста сапсуяце сабе  ваш германскi страўнiк – там, у другiм пакоi, наш адважны Мош выставiў цэлую батарэю выдатных бутэлек з высакародным райнвайнам, зь iмi мы зараз i пазмагаемся!

I ён пацягнуў за сабою няшчаснага хлопца.

Але з суседняга пакоя, ведучы за руку маленькага, вельмi дзiўнага чалавечка, насустрач iм  выйшаў прафэсар Мош Тэрпiн i гучна абвясьцiў:

– Шаноўнае спадарства, дазвольце прадставiць вам шчодра адоранага рэдкiмi здольнасьцямi юнака, якому ня цяжка будзе здабыць вашу прыязнасьць i прыхiльнасьць. Гэты малады чалавек, спадар Цынобэр, толькi ўчора прыехаў у наш унiвэрсытэт, дзе мае намер вывучыць права!

Фабiян i Бальтазар зь першага позiрку пазналi дзіўнага курдупеля, якi наехаў на iх непадалёк ад гарадское брамы i ўпаў з каня.

– Няўжо мне, – шапнуў Фабiян Бальтазару, – няўжо мне  давядзецца цяпер выклiкаць гэтага альраўна змагацца на духавых дудках альбо на шавецкiх шылах? Я ж не магу ўжыць iншае зброi  супроць такога небясьпечнага працiўнiка.

– Пабойся Бога, – адказваў Бальтазар, – пасаромейся, ты строiш глум зь няшчаснага калекi, якi, як ты чуў, адораны рэдкiмi здольнасьцямi, так што цялесныя перавагi, якiх яму не дала прырода, адшкадаваны разумовымi вартасьцямi. – Тут ён зьвярнуўся да мальца i сказаў: –Спадзяюся, шаноўны спадар Цынобэр, учарашняе ваша падзеньне з каня ня мела дрэнных наступстваў?

Цынобэр абаперся на тонкую лёсачку, якую трымаў за сьпiнай у руцэ, падняўся на дыбачкi, так што дастаў Бальтазару амаль да пояса, адкiнуў галаву, утаропiўся на яго дзiкiмi вачыма i дзiўным, сiплым басам адказаў:

– Ня ведаю, што пану заўгодна, пра што спадар пан гаворыць? Упаў з каня? Я ўпаў з каня? Вам, мабыць, невядома, што на цэлым сьвеце не знайсьцi лепшага за мяне наезьнiка, што я нiколi ня падаў з каня, што я служыў валанцёрам у кiрасiрах, быў зь iмi ў паходзе i навучаў у манежы верхавой выездцы афiцэраў i салдат. Гм! Гм! Упаў з каня! Я ўпаў з каня! – Тут ён хацеў крута павярнуцца, але лёсачка, на якую ён абапiраўся, выкаўзнулася ў яго з рук, малец закуляўся пад нагамi ў Бальтазара. Бальтазар пачаў шныраць унiзе рукой, каб памагчы малому падняцца, але незнарок дакрануўся да яго галавы. Тут малы завiшчаў на усю залу, аж госьцi са страхам паўсхоплiвалiся зь месцаў. Бальтазара абступiлi i, перабiваючы адзiн аднаго, пачалi распытвацца, чаго гэта ён, напрамiлы божа, так страшна заверашчаў.

– Не гневайцеся, мiлы спадару Бальтазар, – зьвярнуўся да яго Мош Тэрпiн. – Усё гэта даволi дзiўны жарт. Вы, мабыць, хацелi, каб мы падумалi, што тут нехта наступiў кату на хвост.

– Кот, кот! Забярыце ката! – залямантавала нейкая слабанэрвовая дама i адразу самлела. З крыкамi: "Кот! кот!" кiнулiся да выйсьця два перасьпелыя спадарыкi, якiя цярпелi ад такой самай iдыёсынкразыi.

Кандзiда выпырскала ўвесь свой нюхальны флакон на самлелую даму i цiха сказала Бальтазару:

– Якое бяды нарабiлi вы, спадар Бальтазар, сваiм мярзотным кашэчым яўканьнем!

Бальтазар ня мог зразумець, што зь iм робiцца. Твар ягоны гарэў ад сораму i прыкрасьцi, аж ён ня мог вымавiць слова жывога, сказаць, што гэта ж ня ён так жахлiва заяўкаў, а маленькi спадарок Цынобэр.

Прафесар Мош Тэрпiн заўважыў цяжкае замяшаньне хлопца. Ён падышоў i па-сяброўску сказаў:

– Ну, дарагi пане Бальтазар, ну, супакойцеся нарэшце! Я ж выдатна ўсё бачыў. Прыгнуўшыся да зямлi, скачучы  ракам, вы вельмi ўдала iмiтавалi раззлаванага ката. Я i сам люблю такiя штукi з натуральнай гiсторыi, але  ж тут, на лiтаратурнай гарбаце...

– Дазвольце, – сарвалася нарэшце зь языка ў Бальтазара, – дазвольце, шаноўны спадару прафэсар, дык жа ж то быў ня я!

– Ну, добра, добра, – перабiў яго прафэсар.

Да iх падышла Кандзiда.

– Суцеш, – зьвярнуўся да яе Мош Тэрпiн, – суцеш, калi ласка, любаснага Бальтазара, ён зусiм зьбянтэжаны ўсёй гэтай неразьбярыхай.

Добрай Кандзiдзе ад усяго сэрца было шкада небаракi Бальтазара, якi панурыўшы вочы i сумеўшыся, стаяў перад ёю. Яна падала яму руку i, мiла ўсьмiхаючыся, шапнула:

– Якiя сьмешныя бываюць людзi, што так баяцца катоў.

Бальтазар горача прыцiснуў руку Кандзiды да вуснаў.  Поўны душэўнай цяплынi позiрк яе нябесных вачэй пакоiўся на iм. Бальтазар быў у поўным захапленьнi i ўжо больш ня думаў нi пра Цынобэра, нi пра кашэчы вiск. Суматоха ўлеглася, спакой быў зноў усталяваны. Каля столiка сядзела слабанэрвовая дама i наталялася сухарыкамi, умачаючы iх у ром i божачыся, што гэта мацуе ёй душу, якой пагражаюць варожыя сiлы, так што нечаканы пярэпалах зьмяняецца палкай надзеяй.

Тыя два пярэстаркi, якiм на дварэ i праўда ж ушыўся пад ногi шустры кот, таксама вярнулiся супакоеныя i заселi, як i многiя iншыя, за картачны стол.

Бальтазар, Фабiян, прафэсар-эстэт i некалькi маладых людзей падселi да паняў. Спадар Цынобэр тым часам падсунуў услончык i па iм пералез на канапу, дзе ўмасьцiўся памiж дзьвюх паняў, абводзячы ўсiх ганарлiвым, зiхоткiм позiркам. Бальтазар рашыў, што яму пара ўжо выступiць са сваiмi вершамi пра каханьне салаўя да пунсовай ружы. Таму ён з адпаведнай сьцiпласьцю, уласьцiвай маладым паэтам, абвясьцiў, што, калi б не баяўся знудзiць кампанiю, калi б мог спадзявацца на прыхiльную паблажлiвасьць шаноўнага сходу, ён бы асьмелiўся прачытаць вершы, апошнiя дарункі сваёй музы.

I як што панi ўжо нагаварылiся ўдосыць пра ўсё, што новага сталася ў горадзе, i як што паненкi як сьлед абмеркавалi апошнi баль у прэзыдэнта i нават прыйшлi да пэўнай згоды наконт найноўшага фасону капялюшыкаў, а мужчыны яшчэ добрыя дзьве гадзiны не маглi разьлiчваць на новы пачастунак i выпiўку, дык усе ў адзiн голас, бо чаму ж бы й не, пачалi ўпрошваць Бальтазара не пазбаўляць кампанiю нябеснага шчасьця. Бальтазар дастаў набела перапiсаны рукапiс i пачаў чытаць.

Свае вершы, з усёй сiлай, з усёй жывасьцю народжаныя з сапраўды паэтычнага пачуцьця, усё больш i больш натхнялi яго. Чытаньне ягонае ўсё больш прасякалася жарсьцю, выдаючы ўвесь пал закаханага сэрца. Ён трымцеў ад захапленьня, калi цiхiя ўздыхi, ледзь чутныя "ах" жанчын i рэплiкi мужчын: "Цудоўна, выдатна, нябесна!" – пераконвалi яго, што вершы ўсiм спадабалiся. Нарэшце ён скончыў. Тут усе закрычалi:

– Якi твор! Якiя думкi! Колькi фантазіi! Якая паэтыка! Якая мiлагучнасьць! Дзякуем, дзякуем, шаноўны пане Цынобэр, за боскую асалоду!

– Як? Што? – усклiкнуў Бальтазар, але нiхто на яго нават не зiрнуў – усе кiнулiся да Цынобэра, якi, седзячы на канапе, зафанабэрыўся, як iндык, i агiдна сiпеў:

– Ах, калi ласка, калi ласка, чым багаты, тым рады. Ат, дробязi, дробязi, так вось з рукi накiдаў мiнулае ночы.

А прафэсар эстэтыкi лямантаваў:

– Дзiвосны, боскi Цынобэр! Сардэчны дружа, пасьля мяне ты – самы першы паэт на сьвеце! Прыйдзi ў мае абдымкi, вялiкая душа! – I ён згроб мальца з канапы, падняў яго ў паветра, пачаў цiскаць да сэрца i цалаваць. Цынобэр пры гэтым паводзiўся даволi непрыстойна. Ён малацiў ножкамi па тоўстым прафэсарскім чэраве i пiшчаў:

– Пусьцi мяне, пусьцi мяне! Мне балiць, балiць, балiць! Я табе вочы выдзеру, я адкушу табе нос!

– Не! – закрычаў прафэсар, апускаючы мальца на канапу. – Не, мiлы сябар, навошта такая залiшняя сьцiпласьць!

Мош Тэрпiн, пакiнуўшы картачны  стол, таксама падышоў да iх, пацiснуў малюпасенькую ручку Цынобэра i сказаў вельмi сур'ёзна:

– Цудоўна, малады чалавек; зусiм не перабольшваючы, не, мала, вельмi мала расказалi мне пра высокi генiй, якi адухоўлiвае вас.

– Хто з вас, – зноў залямантаваў у поўным захапленьнi прафэсар эстэтыкi, – хто з вас, о дзевы, узнагародзiць пацалункам дзiвоснага Цынобэра за вершы, у якiх столькi глыбокага пачуцьця самага моцнага каханьня?

Кандзiда ўстала – шчокi ў яе палалi, яна падышла да мальца, апусьцiлася на каленi i пацалавала яго ў агiдныя вусны, проста ў сiнiя губы.

– Праўда, – усклiкнуў Бальтазар, як засьпеты  раптоўным вар'яцтвам, – праўда, Цынобэр, боскi Цынобэр, ты напiсаў мэланхалiчныя вершы пра салаўя i пунсовую ружу, ты заслужыў дзiвосную ўзнагароду!

Тут ён пацягнуў Фабiяна ў суседнi пакой i сказаў:

– Зрабi ласку, добра паглядзi на мяне i скажы мне шчыра i па праўдзе, цi сапраўды я студэнт Бальтазар цi не, цi праўда ты Фабiян, цi праўда, што мы ў доме Моша Тэрпiна, цi гэта сон, цi мы павар'яцелi? Тузанi мяне за нос альбо  страсянi, каб я адцураўся  гэтай праклятай немарасьцi.

– Ну, як ты гэта можаш, – запярэчыў Фабiян, –  ну, як гэта ты можаш так шалець з простай рэўнасьцi, што Кандзiда пацалавала мальца. Табе трэба прызнаць, што верш, якi прачытаў курдупель,  напраўду выдатны.

– Фабiян, – з самым глыбокiм зьдзiўленьнем крыкнуў Бальтазар, – што ты такое мелеш?

– I праўда ж, – гаварыў далей Фабiян, – i праўда ж мальцоў верш быў цудоўны, i я лiчу, што ён заслужыў пацалунак Кандзiды. Увогуле мне здаецца, у iм крыецца шмат чаго такога, што даражэй за прыгожую зьнешнасьць. Нават ягоная пастава ўжо не здаецца мне такой брыдкай, як спачатку. Падчас чытаньня ўнутраная адухоўленасьць скрасiла рысы ягонага твару, так што ён часам здаваўся мне прывабным, статным юнаком, нягледзячы на тое, што яго галава ледзь вiдна была з-за стала. Адкiнь сваю пустую рэўнасьць i пасябруйся зь iм, як паэт з паэтам.

– Што?– з гневам усклiкнуў Бальтазар. – Што? Мне яшчэ i сябравацца з гэтым праклятым ваўкалакам, пярэваратнем, якога я лепш бы задушыў вось гэтымi рукамi!

– Ну бач, – сказаў Фабiян, – бач, ты зусiм глухi да голасу розуму. Але вернемся ў залу: там, пэўна, здарылася нешта новае, i я чую гучныя пахвалы!

Бальтазар машынальна пасьледаваў за сваiм сябрам.

Калi яны ўвайшлi, пасярэдзiне залы адзiнока стаяў Мош Тэрпiн, у руках у яго яшчэ былi iнструмэнты, з дапамогаю якiх ён, вiдаць, рабiў нейкi фiзiчны досьлед; на твары ў яго яшчэ заставалiся сьляды вялiкага подзiву. Усе прысутныя сабралiся вакол маленькага Цынобэра. Абапершыся на лёску, ён стаяў на дыбачках i з ганарыстым выглядам прымаў камплiмэнты, якiя сыпалiся з усiх бакоў. Але вось ён зноў зьвярнуўся да прафэсара, якi паказваў новы даволi штукарскi фокус. Ледзь толькi ён скончыў, як усе зноў абступiлi мальца:

– Выдатна, цудоўна, неацэнны спадару Цынобэр!

Нарэшце i Мош Тэрпiн падскочыў да мальца i гучней за ўсiх залямантаваў:

– Выдатна, цудоўна, неацэнны спадару Цынобэр!

Сярод гасьцей быў i юны  прынц Грэгор, якi вучыўся ва ўнiвэрсытэце. Прынц быў адораны прыемнай зьнешнасьцю, якую толькi можна было сабе ўявiць i прытым у яго абыходжаньнi  было столькi высакародзтва i непасрэднасьцi, што яўна праяўлялася i высокае паходжаньне i звычка бываць у вышэйшым сьвеце.

Прынц Грэгор нi на хвiлiну не адыходзiў ад Цынобэра i рассыпаўся ў пахвалах яму, як выдатнаму паэту i таленавiтаму фiзiку.

Дзiўнае вiдовiшча – адзiн каля аднаго, побач.

Побач са статным Грэгорам зусiм неверагодна брыдкiм здаваўся малюпасенькi чалавечак, якi, высока задраўшы нос, сам ледзь трымаўся на тоненькiх ножках. Аднак пагляды ўсiх жанчын былi скiраваныя не на прынца, а на мальца, якi ўвесь час пяўся на дыбачкi i тут жа зноў апускаўся, вельмi нагадваючы гэтым картэзыянскага хохлiка.

Прафесар Мош Тэрпiн падышоў да Бальтазара i сказаў:

– Ну, што вы скажаце пра майго пратэжэ, пра майго любаснага Цынобэра? У iм шмат чаго крыецца, i калi я на яго падзiўлюся добра, дык угадваю, якая, уласна, тут замешана акалiчнасьць. Пастар, якi выгадаваў яго i рэкамендваў мне, вельмi таямнiча павядае пра яго паходжаньне. Паглядзiце толькi на яго гожую паставу, на яго высакароднае, далiкатнае абыходжаньне. Ён, несумненна, княскай крывi, можа нават, ці ня прынц.

У гэтую хвiлiну далажылi, што вячэра гатовая. Цынобэр, няўклюдна клыбаючы, падышоў да Кандзiды, нязграбна схапiў яе за руку i павёў да стала.

Непрагляднай ноччу, праз дождж i буру, у шаленстве бег няшчасны Бальтазар дамоў.

 

Разьдзел чацьвёрты

 

Як iтальянскi скрыпач Зб'ёка гразiўся запхнуць спадара Цынобэра ў кантрабас, а рэфэрэндарыус Пульхер ня змог трапiць у мiнiстэрства замежных спраў. – Пра мытных чыноўнiкаў i канфiскаваныя дзiвосы хатняга ўжытку. – Бальтазар зачараваны з дапамогаю булавешкi.

 

На замшэлым каменi ў самай нетры лесу сядзеў Бальтазар i задумлiва глядзеў унiз у расколiну, дзе памiж абломкаў скал i густых зарасьцяў пенiўся i бурлiў ручай. Цёмныя хмары слаліся па небе i хавалiся за гарамi; шум вады i дрэў быў падобны на глухiя стогны, да яго прымешвалiся вiсклiвыя крыкi драпежных птушак, якiя падымалiся зь цёмнага гушчару ў нябесныя прасторы i ляцелi за воблакамi.

Бальтазару здалося, быццам у цудоўных лясных галасах чулася няўцешная жальба прыроды, быццам сам ён павiнен растаць у гэтай жальбе, быццам усё быцьцё яго – толькi  збываньне глыбокай неадольнай пакуты. Сэрца ягонае разрывалася ад скрухi, i, калi часта сьлёзы засьцiлалi яму вочы, мроiлася, быццам духi ляснога ручая глядзяць на яго i працягваюць да яго з хваляў беласьнежныя рукi, каб завабiць яго ў прахалодную глыбiню.

Раптам непадалёк пачулiся ў лёгкiм ветрыку вясёлыя, звонкiя гукi ражка, добрым суцяшэньнем пранiклi ў ягоныя грудзi, i  ў замлелай душы прачнулася салодкая надзея. Ён агледзеўся, i, пакуль чулiся гукi ражка, зялёныя ценi лесу не здавалiся яму такiмi журботнымi, жальба ветру i шэпт кустоў такiмi жаласнымi. Ён загаварыў.

– Не! – усклiкнуў ён, ускочыў на ногi i палымянымi вачыма паглядзеў удалечыню. – Не, ня ўся надзея прапала! Ведаю толькi, што нейкая таямнiчая сiла, нейкiя лiхiя чары парушылi маё жыцьцё, але я разбуру гэтыя чары, нават калi мне давядзецца загiнуць! Калi я, захоплены, пераможаны пачуцьцём, ад якога гатовыя былi разарвацца мае грудзi, прызнаўся чароўнай, непараўнанай Кандзiдзе ў маiм каханьнi, хiба не прачытаў я ў яе вачах, хiба не адчуў у поцiску яе рукi асалоду i шчасьце? Але як толькi зьяўляецца маленькая пачвара, уся любоў перакiдаецца на яго. На яго, гэтага клятага вылюдка, глядзяць вочы Кандзiды, i журботныя ўздыханьнi лiюцца зь яе грудзей, калi няўклюдны абрыдзень наблiжаецца да яе альбо бярэ яе за руку. Тут крыецца нейкая таямнiчая акалiчнасьць, i калi б я верыў казкам нянечкi, я перад усiмi пабажыўся б, што малое зачаравана i можа, як той казаў, наводзiць на людзей псоту. Якая дзiкасьць – усе сьмяюцца i кпяць з выродлiвага чалавечка, абдзеленага шчадротамi самой прыродай, а як толькi  малое паяўляецца, усе пачынаюць нахвальваць яго як самага разумнага, самага вучонага, самага прыгожага спадара студэнта сярод усiх прысутных. Ды што я такое кажу! Хiба са мною  часам не адбываецца амаль тое ж самае, хiба не здаецца мне часам, што Цынобэр прыгожы i разумны? Толькi пры Кандзiдзе я не падуладны гэтым чарам, i спадар Цынобэр застаецца дурным,  агiдным вырадкам. Але што б там нi было, я ўсупрацiўлюся варожай сiле, у душы маёй дрэмле няяснае прадчуваньне, што якая-небудзь неспадзяванка падасьць мне ў рукi зброю супроць гэтага чортавага выпладня!

Бальтазар пайшоў назад у Керапэс. Iдучы лясной сьцежкай, ён заўважыў на дарозе маленькi вазок, з акенца якога нехта прыветлiва памахваў яму белай хустачкай. Ён падышоў блiжэй i пазнаў спадара Вiнчэнца Зб'ёку, сусьветна праслаўленага вiртуоза скрыпача, якога ён вельмi высока ставіў за яго выдатную, вельмi  прачулую iгру i ў каго ён ўжо два гады браў урокi.

– Як добра! – усклiкнуў Зб'ёка, выскачыўшы з вазка. – Як добра, ласкавы спадару Бальтазар, дарагi мой сябар i вучань, што я яшчэ сустрэў вас i магу сардэчна разьвiтацца з вамi.

– Як так?– зьдзiвiўся Бальтазар. – як так, спадар Зб'ёка, няўжо вы пакiдаеце Керапэс, дзе вас так шануюць i паважаюць i дзе ўсiм вас будзе не хапаць?

– Так яно, – адказаў Зб'ёка, i кроў лiнула яму ў твар ад прытоенага гневу, – так яно вось, спадар Бальтазар, я пакiдаю горад, дзе ўсе з глузду пазьязджалі, горад, якi падобны на вар'яцкi дом. Учора вы ня былi на маiм канцэрце, вы былi на шпацыры за горадам, а  то б вы дапамаглi мне абаранiцца ад разьюшанага натоўпу, якi накiнуўся на мяне.

– Ды што ж такога сталася? Скажыце, напрамiлы бог, што здарылася?– ўсклiкнў Бальтазар.

– Я iграю, – сказаў далей Зб'ёка, – вельмi складаны канцэрт Вiёцi. Гэта мая гордасьць, мая радасьць. Вы ж чулi, як я яго iграю, i яшчэ нi разу ня было, каб ён ня прывёў вас у захапленьне. А ўчора, магу сказаць, я быў у асаблiва  шчасьлiвым настроi – anima, разумею я, вясёлы сэрцам –  spirito alato, разумею я. Нiводзiн скрыпач ва ўсiм сьвеце, будзь ён хоць сам Вiёцi, ня сыграў бы лепей. Калi я закончыў, выбухнулi бурныя воплескi – furore, разумею я, чаго я i чакаў. Узяўшы скрыпку пад паху, я выступiў наперад, каб ветлiва падзякаваць публiцы. Але што я бачу, што я чую? Усе да аднаго як i не бачаць  мяне, усе стлумiлiся ў куце залы i крычаць: "Bravo, bravissimo, боскi Цынобэр! Якая iгра! Якая пазiцыя, кая выразнасьць, якое майстэрства!" Я кiнуўся ў натоўп, працiскаюся наперад. Там стаiць нейкi агiдны вырадак у тры футы росту i мярзотным голасам гугнявiць: "Ласкава дзякую, ласкава дзякую, iграў, як умеў, праўда, цяпер я самы моцны скрыпач ва ўсёй Еўропе ды i ва ўсiх астатнiх вядомых нам частках сьвету". –"Тысяча чарцей! – крыкнуў я. – Хто ж такi ўрэшце iграў: я цi гэты чарвяк!" А як што малое ўсё яшчэ гугнявiла: "Ласкава дзякую, ласкава дзякую", – я кiнуўся да яго, каб пакласьцi на яго ўсю аплiкатуру. Але тут усе навалiлiся на мяне i мелюць нейкую лухту пра зайздрасьць, рэўнасьць i нязычлiвасьць. Тым часам нехта залямантаваў: "А якая кампазiцыя!" I ўсе наперабой пачынаюць крычаць: "Якая кампазiцыя! Боскi Цынобэр! Боганатхнёны кампазiтар!" Зь яшчэ большай прыкрасьцю я ўсклiкнуў: "Няўжо ўсе тут пашалелi, што вас апантала? Гэты канцэрт напiсаў Вiёцi, а iграў яго я, я – славуты скрыпач Вiнчэнца Зб'ёка!" Але тут яны мяне хапаюць i гавораць пра iтальянскiя шалы –rabbia, разумею я, пра дзiўныя выпадкi, нарэшце, сiламоц выводзяць мяне ў суседнi пакой, абыходзяцца са мною як з хворым, як з вар'ятам. Праз нядоўгi час убягае да мяне сiньёра Брагацi i падае бяз памяцi. Зь ёю сталася тое самае, што i са мною. Ледзь толькi яна дасьпявала арыю, як усю залу патрэсьлi крыкi: "Вravo, bravissimo, Цынобэр!" I нарабiлi галасу, што на ўсiм белым сьвеце не знайсьцi такой сьпявачкi, як Цынобэр, а ён зноў гугнiў сваё праклятае "дзякую". Сiньёра Брагацi ляжыць у гарачцы i па ўсiм вiдаць неўзабаве памрэ, а я ратуюся ўцёкамi ад гэтага ашалелага народу. Бывайце, любасны спадар Бальтазар. Калi давядзецца вам пабачыць сiньярына Цынобэра,  перадайце яму, калi ласка, каб ён не паказваўся нi на водным канцэрце разам са мною. Iнакш я  за сябе ня ручаюся, схаплю яго за павучыныя ножкi i запхну праз эфу ў кантрабас – хай ён там усё жыцьцё грае свае канцэрты i  гарлае колькi яму заўгодзiцца. Бывайце, дарагi мой Бальтазар, ды глядзiце ж, не пакiдайце скрыпкi! – З гэтымi словамi спадар Вiнчэнца Зб'ёка абняў аслупянелага ад зьдзiўленьня Бальтазара i сеў у вазок, якi хуценька павёз яго далей.

"Ну, цi не казаў я, – разважаў сам з сабою Бальтазар. – Цi ж не казаў я сабе, што гэты злавесны карлiк, гэты Цынобэр, зачараваны i можа наводзiць на людзей псоту".

Тут мiма яго iмклiва прабег малады чалавек, бледны, знэрваваны, – шаленства i роспач былi  на ягоным твары. Бальтазару зрабiлася трывожна на сэрцы. Яму здалося, што ў гэтым хлопцы ён пазнаў аднаго свайго прыяцеля, i ён сьпешна кiнуўся за iм у лес. Прабегшы крокаў дваццаць-трыццаць, ён убачыў рэфэрэндарыуса Пульхера, якi стаяў пад высокiм дрэвам i, падняўшы вочы да неба, гаварыў:

– Не! Нельга далей трываць такую ганьбу! Надзеi ўсяго жыцьця прапалi! Засталася толькi магiла. Даруй, жыцьцё, сьвет, надзея, каханая! З гэтымi словамi рэфэрэндарыус у роспачы выхапiў з-за пазухi рэвальвер i прыставiў яго да лоба.

Бальтазар як маланка кiнуўся да рэфэрэндарыуса, выхапiў у яго рэвальвер, адкiнуў далёка ўбок i ўсклiкнуў:

– Пульхер, божа мiлы, што з табою, што ты робiш?

Рэфэрэндарыус некалькi хвiлiн ня мог апамятацца. Амаль бяспрытомны апусьцiўся ён на траву. Бальтазар падсеў да яго i пачаў гаварыць розныя суцешлiвыя словы, якiя толькi на памяць прыходзiлi, нiчога ня ведаючы пра прычыну роспачы Пульхера.

Ня зьлiчыць, колькi разоў пытаўся ў яго Бальтазар, што ж такога страшнага далося яму, што навяло на чорныя думкi пра богамярзотны суіцыд? Нарэшце Пульхер цяжка ўздыхнуў i загаварыў:

– Табе, любасны дружа Бальтазар, вядома, у якiм я цяпер гаротным становiшчы. Ты ведаеш, я спадзяваўся, што займу вакантнае месца тайнага экспэдытара ў мiнiстэрстве замежных спраў; ты ведаеш, як руплiва, як старанна рыхтаваўся я да гэтай пасады. Я падаў свае творы, якiя, як я з радасьцю дазнаўся, заслужылi поўнае адабрэньне мiнiстра. Як упэўнена  явiўся я сёньня на вусны экзамэн! У зале я прыкмецiў маленькага выродлiвага чалавечка, якi табе добра вядомы пад iмем спадара Цынобэра. Тут радца, якому было даверана правесьцi iспыт, прыветлiва падышоў да мяне i сказаў, што тую самую пасаду, якую я прагну атрымаць, шукае i спадар Цынобэр, i таму ён будзе экзамэнаваць нас абодвух. Потым ён шапнуў мне на вуха: "Вам, шаноўны рэфэрэндарыус, няма чаго апасацца вашага супернiка: працы, якiя прадставiў маленькi Цынобэр нiчога ня вартыя". Iспыт пачаўся; я адказаў на ўсе пытаньнi радцы. Цынобэр нiчога ня ведаў, як рыхтык нiчога, замест адказу ён сiпеў i квакаў i нёс нейкую неўразумелую бязглузьдзiцу, якое нiхто i разабраць ня мог, i так пры гэтым непрыстойна выкаблучваўся i дрыгаў нагамi, што некалькi разоў падаў з высокага крэсла, аж мне давялося падымаць яго i саджаць на месца. Сэрца маё трымцела ад радасьцi; прыхiльныя позiркi, якiя радца кiдаў на малога, я прымаў за самую зьедлівую iронiю. Iспыт закончыўся. Але хто апiша мой жах! Як раптоўная маланка кiнула мяне на зямлю, калi радца абняў мальца i сказаў яму: "Цудоўны чалавек! Якiя веды! Якi розум! Якая пранiкнёнасьць!" I потым мне: "Мне так прыкра, што вы ашукалi мяне, спадар рэфэрэндарыус Пульхер. Вы ж зусiм нiчога ня ведаеце. I, хай не на крыўду вам будзе сказана, падчас экзамэна вы спрабавалi надаць сабе бадзёрасьцi вельмi нягодным спосабам i насуперак усякай прыстойнасьцi. Вы нават не маглi ўтрымацца на крэсьле i ўвесь час падалi, а спадар Цынобэр быў вымушаны падымаць вас. Дыпламаты павiнны быць бездакорна цьвярозыя i разважлiвыя. Adieu, спадар рэфэрэндарыус". Я ўсё яшчэ думаў, што мяне рызыгрываюць. Я рашыў пайсьцi да мiнiстра. А той наказаў перадаць мне, што не разумее, як гэта я, паказаўшы сябе такiм чынам на экзамэне, яшчэ набраўся нахабства назаляцца яму сваiм вiзытам, – яму ўжо ўсё вядома! Пасада, якое я дамагаўся, ужо аддадзена спадару Цынобэру! Дык вось, нейкая пякельная сiла вырвала ў мяне ўсе мае надзеi, i я хачу па добрай волi i ахвоце прынесьцi ў ахваяру сваё жыцьцё, якое зрабiлася здабычаю цёмнага наканаваньня! Пакiнь мяне!

– Нiзавошта! –  усклiкнуў Бальтазар. – Спачатку выслухай мяне!

I ён расказаў усё, што ведаў пра Цынобэра, пачынаючы зь яго першага зьяўленьня каля брамы Керапэса; што сталася зь iм i мальцом у доме ў Моша Тэрпiна i што толькi цяпер расказаў Вiнчэнца Зб'ёка.

– Несумненна толькi, – дадаў Бальтазар, – што ва ўсiх вычудах гэтага трыклятага вылюдка ёсьць нешта таямнiчае, i павер мне, дружа Пульхер, калi тут дамешана нейкае пякельнае чараваньне, дык трэба толькi цьвёрда яму ўсупрацiвiцца. Перамога несумненная там, дзе ёсьць мужнасьць. А таму не раскiсай i не прымай пасьпешлiвага рашэньня. Давай супольна ўстанем на гэтага ведзьмiча.

– Ведзьмiч! – палка ўсклiкнуў рэфэрэндарыус. – Праўда, пракляты ведзьмiч гэты карлiк, несумненна! Аднак жа, браце Бальтазар, што гэта такое з намi,  няўжо ўсё гэта нам сьнiцца? Чарадзейства, вядзьмацкiя штукi – хiба з гэтым даўным-даўно не пакончана? Хiба шмат гадоў таму назад князь Пафнуцiй Вялiкi ня ўвёў асьвету i не павыганяў з нашай краiны ўсе дзiкiя блюзьнерствы i ўсё неспасьцiгальнае, а гэтая праклятая кантрабанда ўсё-такi ўшылася да нас! Халера чортава! Пра гэта трэба адразу ж данесьцi ў палiцыю i мытным дазорцам. Але не, не, толькi людзкае неразумства альбо,  баюся, нячуваны подкуп – прычына нашых нягодаў. Пракляты Цынобэр, мабыць,  неверагодна багаты. Нядаўна ён стаяў перад манетным дваром, i праходжыя паказвалi на яго пальцамi i крычалi: "Дзiвiцеся на гэтага маленькага прыгожага татачку! Яму ж належыць усё золата, якое там чаканяць!"

– Кiнь, – запярэчыў Бальтазар, – кiнь, дружа рэфэрэндарыус, не ў золаце сiла гэтай пачвары, тут замешана нешта iншае. Праўда, князь Пафнуцiй увёў асьвету на дабро i на карысьць свайму народу i сваiм нашчадкам, але ў нас яшчэ засталiся сякiя-такiя дзiвосы i незразумеласьцi. Я лiчу, што некаторыя карысныя цуды захавалiся на хатнi ўжытак. Напрыклад, з малюпасенькiх насенiнак  усё яшчэ вырастаюць высачэнныя, прыгожыя дрэвы i нават самыя розныя плады i збожжа, якiмi мы набiваем сабе чэрава. Дазволена ж  стракатым кветкам i розным кузакам мець пялёсткi i крылцы самых розных блiскучых барваў i калёраў i нават насiць на iх дзiвосныя пiсьмёны, прычым нiводзiн чалавек не ўгадае, алей гэта, гуаш цi акварэль, i нiводзiн бедалага калiёграф не прачытае вам гэтых велягурыстых гатычных выкрунтасiн, ужо i не кажу, каб сьпiсаць iх. Ах, рэфэрэндарыус, прызнаюся табе, у душы ў мяне часта чворыцца нешта дзiўнае. Я адкладваю ўбок люльку, пачынаю хадзiць па пакоi, а нейкi незразумелы голас нашэптвае мне, што я сам – цуд; чараўнiк мiкракосм пануе ўва мне i змушае мяне на ўсялякiя неразумныя ўчынкi. Але тады, рэфэрэндарыус, я ўцякаю з дому i сузiраю прыроду, i разумею ўсё, што гавораць мне кветкi i ручаi, i мяне агартае нябесная мілата!

– У цябе гарачка! – усклiкнуў Пульхер; але Бальтазар, не зьвяртаючы ўвагi на яго, працягнуў рукi наперад, быццам ахоплены палымяным  жарам.

– Услухайся, – усклiкнуў ён, – услухайся толькi, рэфэрэндарыус, якая нябесная музыка ў пошапце вечаровага ветру, як яна прасякае ўвесь гэты лес! Цi чуеш, як усё гучней узносяць сваю песьню крынiцы? Як кусты i кветкi адказваюць iм пяшчотнымi галасамi!

Рэфэрэндарыус  насьцярожыўся, каб учуць тую музыку, пра якую гаварыў Бальтазар.

– I праўда ж, – сказаў ён, – i праўда ж, па лесе лунаюць прыгожыя, дзiвосныя гукi, якiя толькi мне даводзiлася чуць, яны глыбока западаюць у душу. Але гэта сьпявае не вечаровы вецер, ня кусты i ня кветкi; хутчэй за ўсё гэта, здаецца мне, дзесьцi зводдаль нехта грае на званочках шклянога гармонiка.

Пульхер меў рацыю. Сапраўды, поўныя, усё больш выразныя  i блiзкiя акорды  былi падобныя на гукi шклянога гармонiка, але толькi нечуванай велiчынi i моцы, а калi сябры прайшлiся крыху далей, iм адкрылася вiдовiшча такое чароўнае, што яны аслупянелi ад зьдзiўленьня i сталi як укапаныя.

У невялiкiм аддаленьнi па лесе павольна ехаў чалавек, апрануты амаль як кiтаец. Толькi на галаве ў яго быў пышны барэт з прыгожым плюмажам. Карэта была падобная на адкрытую ракавiну зь зiхоткага крышталю, два вялiзныя колы, здавалася, былi зроблены з таго самага рэчыва. Калi яны варочалiся, узьнiкалi дзiўныя гукi шклянога гармонiка, якiя сябры пачулi здалёк. Два беласьнежныя аднарогi  ў залатой збруi  везьлi карэту; на месцы фурмана сядзеў серабрысты кiтайскi фазан, зацiснуўшы ў дзюбе залатыя лейцы. На запятках умасьцiўся вялiзазны залаты жук, ён памахваў мiгатлiвымi крыламi i, здавалася, навяваў прахалоду на дзiвоснага чалавека, якi сядзеў у ракавiне. Параўняўшыся зь сябрамi, ён ветлiва кiўнуў iм. У той самы момант з блiскучай булавешкi вялiкай лёскi, якую ён трумыў у руцэ, вырваўся прамень i ўпаў на Бальтазара, якi адразу ж адчуў глыбока ў грудзях пякучы ўкол, здрыгануўся, i глухое "ах" спырхнула зь ягоных вуснаў.

Зiрнуўшы на яго, незнаёмы усьмiхнуўся i кiўнуў яшчэ больш прыветлiва. Калi чароўная карэта зьнiкла  ў глухой нетры лесу i толькi чулiся яшчэ пяшчотныя гукi гармонiка, Бальтазар, бяз памяцi ад захапленьня i шчасьця, кiнуўся свайму сябру на шыю i ўсклiкнуў:

– Рэфэрэндарыус, вы ўратаваныя! Вось хто разбурыць праклятыя чары маленькага Цынобэра.

– Ня ведаю, – сказаў Пульхер, – ня ведаю, што са мною зараз робiцца, у сьне гэта цi на яве, але сумневу няма, што нейкае невядомае мне шчасьце напаўняе ўсю маю iстоту i маю душу зноў наведалi ўцеха i надзея.

 

Разьдзел пяты

 

Як князь Барсануф сьнедаў ляйпцыгскiмi жаўрукамi i данцыгскай залатой гарэлiцай, як на яго казымiравых панталонах выступiла тлустая пляма i як ён узьвёў тайнага сакратара Цынобэра на пасаду тайнага радцы па адмысловых справах. – Кнiжка з абразкамi доктара Праспэра Альпануса. – Як нейкi брамнiк укусiў за палец студэнта Фабiяна, а той надзеў сукенку з шлейфам i быў за тое высьмеяны. – Уцёкi Бальтазара.

 

Няма чаго i казаць, што мiнiстрам замежных спраў, у якога спадар Цынобэр заняў пасаду тайнага экспэдытара, быў нашчадак таго самага барона Прэтэкстатуса фон Мондшайна, якi марна шукаў радаслоўню феi Розабэльвэрдэ у хронiках i турнiрных кнiгах.  Ён, як i ягоны продак, зваўся Прэтэкстатус фон Мондшайн i славiўся выдатнай адукацыяй i далiкатнымi манерамi, нiколi ня блытаў склонаў, пiсаў сваё iмя французкiмi лiтарамi, наогул почырк меў разборлiвы i нават часам займаўся справамi, асаблiва калi стаяла непагода. Князь Барсануф, адзiн зь пераемцаў вялiкага Пафнуцiя, пяшчотна любiў свайго мiнiстра, бо ў таго на ўсякае пытаньня быў гатовы адказ; у гадзiны, калi ён меўся адпачываць, ён гуляў з князем у кеглi, разьбiраўся ў грашовых апэрацыях i цудоўна скакаў гавот.

Аднаго разу сталася так, што барон Прэтэкстатус фон Мондшайн запрасiў князя да сябе на фрыштык скаштаваць лейпцыгскiх жаўрукоў i выпiць чарачку данцыгскай залатой гарэлiцы. Калi князь прыбыў у дом Мондшайна, дык у прыхожай сярод процьмы годнасных дыпламатычных пярсонаў быў i малы Цынобэр, якi, абапершыся на лёску, блiснуў на яго вочкамi i, больш ужо да яго не паварочваючыся, засунуў у рот смажанага жаўрука, якога толькi што звалок са стала. Ледзь толькi князь убачыў мальца, ён лiтасьцiва ўсьмiхнуўся яму i сказаў мiнiстру:

– Мондшайн! Хто гэты прыгожы i талковы чалавек? Гэта, мабыць, той самы, што такiм выдатным стылем складае i такiм вытанчаным почыркам перапiсвае даклады, якiя я апошнiм часам ад вас атрымлiваю?

– Вядома, ласкавы спадару, – адказваў Мондшайн. Доля  даравала мне  самага разумнага i мудрага чыноўнiка ў маёй канцылярыi. Яго завуць Цынобэр, i я самым лепшым чынам рэкамэндую гэтага цудоўнага маладога чалавека вашай мiласьцi на ўпадабаньне, мой дарагi княжа. Ён у мяне ўсяго некалькi дзён.

– А таму, – сказаў прыгожы малады чалавек, падышоўшы да iх, – а таму, калi ваша сьветласьць дазволiць мне заўважыць, мой маленькi калега не адправiў яшчэ нiводнай паперы. Данясеньнi, якiм пашчасьцiла быць заўважанымi вамi, найсьвятлейшы княжа, складзены мною.

– Што вам трэба?– гнеўна зьвярнуўся да яго князь.

Цынобэр тым часам падсунуўся да князя i, са смакам аплятаючы жаўрука, прагна плямкаў. Малады чалавек, якi зьвярнуўся да князя, сапраўды пiсаў памянёныя даклады, але...

– Што вам трэба?– усклiкнуў князь. – Вы, я так думаю, i пяра ў руках не трымалi? I тое, што вы каля мяне ясьце смажаных жаўрукоў, што аж я, на вялiкую прыкрасьць маю, ужо заўважаю тлустую пляму на маiх новых казымiравых панталонах, i прытым вы так непрыстойна плямкаеце, так, усё гэта дастаткова паказвае вашу поўную няздатнасьць да дыпламатычнага прыпiрышча. Iдзiце сабе на здароўе дахаты i  вачам маiм больш не назаляйцеся, хiба калi толькi  здабудзеце надзейны сродак ад плям на маiх казымiравых панталонах. Магчыма тады я вярну вам сваю прыхiльнасьць. –

I, павярнуўшыся да Цынобэра, князь дадаў. – Юнакi, падобныя на вас, дарагi Цынобэр, – акараса айчыны i заслугоўваюць, каб iх адзначалi. Вы – тайны радца па адмысловых справах, мой любасны.

– Шчыра дзякую, – прасiпеў у адказ Цынобэр, праглынуў апошнi кавалак i  выцер рот абедзьвюма ручкамi, – шчыра дзякую, ужо ж я з гэтым упраўлюся як сьлед.

– Пахвальная самаўпэўненасьць, – сказаў князь, павышаючы голас, – пахвальная самаўпэўненасьць паходзiць ад унутранай сiлы, якую павiнен мець годнасны дзяржаўны муж. – Сказаўшы гэтую сэнтэнцыю, князь выпiў паднесеную яму мiнiстрам чарачку данцыгскай залатой гарэлiцы нябескага смаку. Новы радца павiнен быў сесьцi памiж князем i мiнiстрам. Ён зьядаў неверагоднае мноства жаўрукоў i пiў то малагу, то залатую гарэлiцу, сiпеў i мармытаў нешта праз зубы, i як што ягоны востры нос ледзь даставаў да краю стала, дык яму даводзiлася моцна працаваць ручкамi i ножкамi.

Калi фрыштык закончыўся, князь i мiнiстар усклiкнулi:

– У нашага тайнага радцы аглiцкiя манеры!

– У цябе, – сказаў Фабiян  свайму сябру Бальтазару, – у цябе такi радасны выгляд, вочы твае гараць нейкiм адмысловым агнём. Ты шчасьлiвы? Ах, Бальтазар, можа табе прысьнiлася нешта дзiвоснае, але я павiнен разбудзiць цябе, гэта мой сяброўскi абавязак.

– Што такое? Што здарылася? – сумеўся Бальтазар.

– Так, – гаварыў далей Фабiян, – так! Я павiнен адкрыцца табе  цалкам! Будзь мужны, дружа! Падумай, што, магчыма, няма на сьвеце такога няшчасьця, якое не ўражвала б так балюча i не забывалася б так лёгка! Кандзiда!

– Божа мілы! – усклiкнуў ахоплены жахам Бальтазар. – Кандзiда! Што з Кандзiдай? Яе ўжо няма на сьвеце? Яна памерла?

– Супакойся, – сказаў Фабiян, – супакойся, дружа мой. Кандзiда не памерла, але табе яна ўсё адно што памерла. Ведай жа, малец Цынобэр стаў тайным радцам па адмысловых справах i, як павядаюць, амаль што ўжо заручаны з красуняй Кандзiдай, якая, бог яе ведае чаму, бяз памяцi ў яго закахалася.

Фабiян думаў, што Бальтазар кiнецца ў шалёныя, поўныя роспачы жальбы i праклёны. Але замест таго ён сказаў са спакойнай усьмешкай:

– Калi ўсё толькi ў гэтым, дык тут яшчэ няма нiякага няшчасьця, якое магло б мяне засмуцiць.

– Ты больш не кахаеш Кандзiду? – зьдзiўлена ўсклiкнуў Фабiян.

– Я кахаю, – адказваў Бальтазар, – я люблю гэтага анёла, гэтую дзiвосную дзяўчыну з усёй маёй замроенасьцю, з усёй жарсьцю, якая толькi можа успалымнiць хлапечыя грудзi. О, я ведаю, – ах! – я ведаю, што Кандзiда таксама кахае мяне i толькi праклятыя чары паланiлi яе, але я скора парву гэтыя вядзьмарскiя путы, скора я зьнiшчу гэтага прахвоста, якi асьляпiў нябогу.

Тут Бальтазар расказаў сябру пра дзiўнага чалавека, якi сустрэўся яму на лясной дарозе ў казачнай карэце. I пад канец ён сказаў, што, як толькi з чароўнай булавешкi блiснуў прамень i дакрануся да яго грудзей, у iм нарадзiлася цьвёрдая ўпэўненасьць, што Цынобэр не хто там якi, а ведзьмiч, чыю сiлу  зломiць гэты незнаёмы.

– Дазволь, Бальтазар, – усклiкнуў Фабiян, калi яго сябар закончыў, – дазволь, як гэта табе магла прыйсьлi ў галаву такая дзiкасьць! Невядомы, якога ты лiчыш чараўнiком, не хто якi там, а доктар Праспэр Альпанус, ён жыве ў сваiм  загародным доме непадалёк ад Керапэса. Праўда, ходзяць пра яго розныя памрочлiвыя пагудкi, так што яго можна прыняць за другога Калiостру, але ў гэтым вiнаваты сам доктар. Ён любiць авяваць сябе розным мiстычным флёрам, напускаць на сябе, строiць зь сябе чалавека, якi прысьвечаны ў самыя патаемныя сакрэты прыроды i кiруе невядомымi сiламi, i ў дадатак яму ўласьцiвыя ўсялякiя велягурыстыя вычуды. Напрыклад, яго карэта зладжана так, што чалавек з жывою i палкаю фантазiяй, як вось ты ў мяне, дружа, можа прыняць усё гэта за зьяву зь нейкай неверагоднай казкi. Паслухай толькi! Яго кабрыялет мае форму ракавiны i ўвесь пасярэблены, а памiж колаў пастаўлены арганчык, якi, калi вось круцiцца, грае сам па сабе. Той, каго ты прыняў за срабрыстага фазана, быў яго маленькi жакей, апрануты ва ўсё белае, а раскрыты парасон здаўся табе крыламi залатога жука. Ён загадвае прыладжваць на галовы сваiм коням вялiкiя рогi, каб яны глядзелiся сапраўды казачна. Зрэшты, у доктара Альпануса i праўда ёсьць прыгожая iспанская лёска зь дзiвосна зiхоткiм крышталём, прымацаваным зьверху, накшталт булавешкi, пра дзiвоснае дзеяньне якога расказваюць цi, правiльней, выдумляюць шмат усялякае нябывальшчыны. Быццам чалавечае  вока ня выносiць праменя з гэтага крышталю. А калi доктар аберне яго празрыстым пакрывалам, дык, пiльна ўгледзеўшыся, убачыш у iм, як ва ўвагнутым люстры, тую асобу, чый вобраз носiш у глыбiнi душы.

– А што, праўда?– перабiў Бальтазар сябра. – Няўжо так i расказваюць? Ну, а што яшчэ пра спадара доктара Альпануса?

– Ах, – адказаў Фабiян, – не патрабуй, каб я падрабязна пераказваў табе ўсе гэтыя iдыёцкiя баечкi i погаласкi. Ты ж сам ведаеш, што яшчэ дагэтуль у нас жывуць вар'яты, якiя насуперак здароваму розуму вераць ва ўсе так званыя цуды пустых няньчыных казак.

– Прызнаюся, – сказаў Бальтазар, – што я сам вымушаны далучыцца да гэтых вар'ятаў, якiя ня маюць здаровага розуму. Пасярэбленае дрэва – гэта зусiм ня зiхоткi празрысты крышталь, а арганчык гучыць не як шкляны гармонiк, срабрысты фазан – не жакей, а парасон – не залаты жук. Альбо  дзiвосны чалавек, якога я сустрэў, ня доктар Праспэр Альпанус, пра якога ты кажаш, альбо доктар i праўда прысьвечаны ў самыя  глыбокiя патайнасьцi.

– Каб зусiм, – сказаў Фабiян, – каб зусiм асланiць цябе ад  тваiх крозаў, нiчога лепшага няма, як зьвесьцi цябе да самога доктара Альпануса. Тады ты на свае вочы пабачыш, што доктар Праспэр Альпанус – самы звычайны лекар i ўжо-такi анiяк не выязджае на прагулку на аднарогах, з срабрыстымi фазанамi i залатымi жукамi.

– Ты выказаў, – усклiкнуў Бальтазар, у якога заблiшчалi вочы ад радасьцi, – ты выказаў, дружа, самае запаветнае жаданьне маёй душы. Давай, без адкладу ў дарогу.

Неўзабаве яны ўжо стаялi перад закратаванаю брамаю парку, сярод якога стаяў дом доктара Альпануса.

– Як жа нам увайсьцi?– спытаў Фабiян.

– Думаю, трэба пастукацца, – адказаў Бальтазар i ўзяўся за мэталiчную тарахцёлку, якая вiсела каля самага замка.

Ледзь толькi ён падняў тарахцёлку, як пад зямлёй пачуўся нейкi гул, падобны на далёкi гром, якi замёр у  бяздоннай глыбiнi. Кратаваная брама нясьпешна павярнулася на петлях, сябры ўвайшлi i скiравалiся па доўгай шырокай сьцежцы, у канцы якое яны ўбачылi вясковы дамок.

– Што ж, –сказаў Фабiян, – цi заўважаеш ты тут што-небудзь нязвычайнае?

– Мне здаецца, – сказаў Бальтазар, – што спосаб, якiм адчынiлася брама, не такi ўжо й звычайны, i потым, ня ведаю чаму, але тут мне ўсё здаецца такiм чароўным, такiм магiчным. Хiба дзе-небудзь у навакольлi можна ўбачыць такiя дзiвосныя дрэвы, як у гэтым парку? I нават здаецца, што iншыя дрэвы, iншыя кусты перанесены сюды з далёкiх невядомых краёў, – у iх блiскучыя камлi i смарагдавыя лiсты.

Фабiян убачыў дзьве неверагодна вялiкiя жабы, якiя ўжо ад самае брамы скакалi сьледам за сябрамi абапал сьцежкi.

– Нiчога ня скажаш, дзiвосны парк, – усклiкнуў Фабiян, – дзе водзяцца такiя гады! – i нагнуўся падняць каменьчык, каб кiнуць iм у гэтых вясёлых жабак. Абедзьве адскочылi ў кусты i ўтаропiлiся на яго  блiскучымi чалавечымi вачыма. – Ну чакайце ж, чакайце! – закрычаў Фабiян, прыцэлiўся ў адну i папусьцiў каменем.

– Грубiян! Чаго гэта ён шпурляе камянi ў сумленных людзей, якiя не пакладаючы рук працуюць у садзе дзеля кавалка хлеба надзённага?– заквакаля гадкая маленькая бабулька, што сядзела каля дарогi.

– Хадзем, хадзем! –  у жаху замармытаў Бальтазар, якi выдатна бачыў, што гэтаю бабулькаю абярнулася жаба. Зiрнуў у кусты, пераканаўся, што  другая жаба абярнулася старым дзядком, якi цяпер  руплiва палоў траву.

Перад домам слалася цудоўная вялiкая лугавiна, на ёй пасьвiлiся абодва аднарогi; у паветры гучалi дзiвосныя акорды..

– Ты бачыш? Ты чуеш? – спытаў Бальтазар.

– Нiчога ня бачу, – адказаў Фабiян, – апрача двух маленькiх понi, якiя скубуць траўку, а ў паветры, трэба думаць, чуюцца гукi разьвешаных недзе эолавых арфаў.

Простая высакародная архiтэктура двухпавярховага вясковага дамка, суразьмернага ў сваiх прапорцыях, захапiла Бальтазара. Ён пацягнуў за шнурок званка; дзьверы адразу адчынiлiся, i сяброў сустрэла брамнiца, высокая, падобная на страўса залацiста-жоўтая птуха.

– Ты ж пабач, – зьвярнуўся Фабiян да Бальтазара, – ты падзiвiся толькi, якая пацешная лiўрэя!  Калi захочаш даць гэтаму хлопцу на гарэлку, дык дзе ж у яго рукi, каб сунуць манету ў кiшэньку жылеткi?

Ён павярнуўся да страўса, ухапiў яго за блiскучыя мяккiя пёры, што, як пышнае жабо, распусьцiлiся на шыi пад дзюбай  i сказаў:

– Далажы пра нас, даражэнькi прыяцельку, спадару доктару.

Але страўс нiчога, апрача "квiррр", не адказаў i дзюбнуў Фабiяна ў палец.

– Цьху ты, чорт! – усклiкнуў Фабiян. – А хлапчо, бадай што, i праўда праклятая птушка!

Тут адчынiлiся дзьверы ва ўнутраныя пакоi, i сам доктар выйшаў насустрач сябрам – нiзенькi, худзенькi, бледны чалавек! Маленькая аксамiтная шапачка пакрывала яго галаву, прыгожыя валасы струменiлiся доўгiмi пасмамi. Доўгi iндыйскi хiтон колеру вохры i маленькiя чырвоныя боцiкi са шнурамi, аздобленыя – цяжка было разабраць чым: цi то стракатым футрам, цi то блiскучым пухам нейкай птушкi, – складалi яго вопратку. На твары быў поўны спакой, поўнае ўпадабаньне, толькi здавалася дзiўным, што, калi станеш зусiм  блiзка i пачнеш пiльна ў яго ўзiрацца, дык з гэтага твару, як са шклянога футарала, быццам выглядваў яшчэ другi, маленькi тварык.

– Я ўбачыў, – прыветлiва ўсьмiхаючыся, загаварыў цiхiм i крыху працяжным голасам Праспэр Альпанус, – я ўбачыў вас, спадарства, з акна. Праўда, я i раней ведаў, прынамсi, што датычыцца вас, дарагi спадар Бальтазар, што вы наведаеце мяне. Прашу, за мною.

Праспэр Альпанус правёў iх у высокi круглы пакой, увесь зацягнуты нябеска-блакiтнымi занавескамi. Святло прабiвалася зьверху праз акно ў купале i падала проста на гладка адпалiраваны мармуровы стол, якi стаяў пасярэдзiне, падтрымваны сфiнксам. Апрача гэтага, у пакоi нельга было заўважыць нiчога незвычайнага.

– Чым магу служыць?– спытаўся Праспэр Альпанус.

Бальтазар, набраўшыся духу, расказаў усё, што былося з мальцом Цынобэрам, пачынаючы зь яго першага зьяўленьня ў Керапэсе, i заключыў зь непахiснай перкананасьцю, што Праспэр Альпанус зьявiцца тым дабрадзейным магам, якi пакладзе крэс нягоднаму i мярзотнаму вядзьмарству Цынобэра.

Праспэр Альпанус, глыбока задумаўшыся, маўчаў. Нарэшце, праз некалькi хвiлiн, ён з сур'ёзным тварам i панiзiўшы голас загаварыў:

– Мяркуючы па ўсiм, што вы мне расказалi, Бальтазар, i сумненьня ў тым няма, што ў справе з мальцом Цынобэрам ёсьць нейкая таямнiчая акалiчнасьць. Аднак трэба ведаць ворага, якога належыць адолець, ведаць прычыну яго моцы, дзеяньне якой зьбiраешся разбурыць. Можна падумаць, што маленькi Цынобэр ня хто там хто якi, а альраўн. Гэта мы зараз i ўведаем.

З гэтымi словамi Праспэр Альпанус тузануў за шаўковы шнурок, якi зьвiсаў са столi. Адна занавеска шумна рассунулася, i вачам  адкрылася мноства вялiзных фалiянтаў у залачоных акладах; прыгожая, паветрана лёгкая лесьвiчка з кедровага дрэва скацiлася ўнiз. Праспэр Альпанус падняўся па гэтай лесьвiчцы, дастаў з самай верхняй палiцы фалiянт i, акуратна змахнуўшы зь яго пыл вялiкай мяцёлкай з блiскучых павiных пёраў, паклаў на мармуровы стол.

– Гэта трактат, – сказаў ён, – прысьвечаны альраўнам, яны ўсе тут намаляваныя; магчыма, вы знойдзеце сярод iх i варожага вам Цынобэра, i тады ён у нашых руках.

Калi Праспэр Альпанус раскрыў кнiгу, сябры ўбачылi мноства старанна расфарбаваных гравюраў з выявамi самых дзiвосных выродлiвых чалавечкаў зь вельмi дурнымi мордамi, якiя толькi можна ўявiць сабе. Але як толькi Праспэр дакрануўся да аднаго з гэтых чалавечкаў на паперы,  той ажыў, выскачыў зь лiста на мармуровы стол i пачаў вельмi сьмешна скакаць i падбрыкваць, пстрыкаць пальчыкамi, вырабляць крывымi ножкамi выдатныя пiруэты i антраша i цьвiркатаць: "Квiрр-квапп, пiрр-папп", – пакуль Праспэр не схапiў яго за галаву i не паклаў назад у кнiгу, дзе той адразу сплюшчыўся i разгладзiўся ў стракаты абразок.

Такiм спосабам перагледзелi ў кнiзе ўсе выявы, i Бальтазар ня раз гатовы быў усклiкнуць: "Вось ён, вось Цынобэр!" Але, угледзеўшыся як сьлед, вымушаны быў, на свой жаль, зазначаць, што чалавечак зусiм ня Цынобэр.

– Усё-такi даволi дзiўна, – сказаў Праспэр Альпанус, прагледзеўшы кнiгу да канца. – Аднак, – гаварыў ён далей, – магчыма, Цынобэр – гном? Паглядзiм.

I ён зь незвычайнай увiшнасьцю зноў залез па кедровай лесьвiчцы i дастаў другi фалiянт, асьцярожна змахнуў зь яго пыл, паклаў на мармуровы стол i сказаў:

– Гэты трактат прысьвечаны гномам; можа, мы вылавiм Цынобэра ў гэтай кнiзе.

Сябры зноў убачылi мноства расфарбаваных гравюраў, цэлае зборышча выродлiвых карычнева-жоўтых пачвараў. I калi Праспэр Альпанус дакранаўся да iх, яны  плаксiва-жаласна енчылi i пад канец цяжка выпаўзалi зь лiста, бурчалi, кракталi, валтузiлiся на стале, пакуль доктар не зацiскаў iх назад у кнiгу.

Але i сярод iх Бальтазар не знайшоў Цынобэра.

– Дзiўна, даволi дзiўна, – сказаў доктар i моўчкi задумаўся.

– Каралём жукоў, – сказаў ён крыху пазьней, – каралём жукоў ён ня можа быць, бо той, як мне дакладна вядома, цяпер якраз заняты ў iншым месцы; маршалам павукоў таксама не, бо павучыны маршал  хоць i брыдкi, але разумны i майстравiты, жыве з працы рук сваiх i ня прыўлашчвае сабе чужых заслуг. Дзiўна, вельмi дзiўна!

Ён зноў памаўчаў, i тут яўна пачулiся розныя дзiвосныя галасы: то асобныя гукi, то моцныя наплывы акордаў.

– У вас тут усюды чуецца мiлая музыка, любасны спадар доктар, – сказаў Фабiян.

Праспэр Альпанус, здавалася, зусiм не заўважаў Фабiяна, яго вочы глядзелi толькi на Бальтазара, ён працягнуў да яго рукi i зьлёгку варушыў пальцамi, быццам  нябачна акрапляў яго.

Нарэшце доктар схапiў Бальтазара за рукi i сказаў з прыветлiвай сур'ёзнасьцю:

– Толькi  самае чыстае сугучча псыхiчнага пачатку па законе дуалiзму спрыяе апэрацыi, якую я зараз пачну. Сачыце за мной!

Сябры прайшлi сьледам за доктарам некалькi пакояў, дзе, калi ня лiчыць некалькiх дзiвосных зьвяроў, якiя практыкавалiся ў чытаньнi, пiсьме, жывапiсе i танцах, нiчога вартага ўвагi ня было, пакуль нарэшце не адчынiлiся дзьверы на дзьве палавiны, i сябры спынiлiся перад шчыльнай заслонай, за якою зьнiк Праспэр Альпанус, пакiнуўшы iх у цемры. Заслона зашуршэла, рассунулася, i сябры апынулiся ў авальнай зале, дзе было расьсеянае магiчнае сьвятло. Калi зiрнуць на сьцены, здавалася, позiрк раствараўся ў неаглядных зялёных гаях i расквечаных далiнах, у якiх цурчалi ручаi i крынiцы. Таямнiчы дух невядомага водару калыхаўся ў пакоi, як бы разносячы салодкiя гукi шклянога гармонiка. Праспэр Альпанус явiўся ўвесь у белым, як брамiн, i паставiў пасярод залы вылiкае круглае крышталёвае люстра, на якое накiнуў покрыва.

– Падыдзiце, – сказаў ён урачыста i глуха, – падыдзiце да гэтага люстра, Бальтазар, накiруйце ўсе вашыя думкi да Кандзiды, усёй душой жадайце, каб яна паказалася вам у гэтае iмгненьне, якое цячэ цяпер у прасторы i часе.

Бальтазар зрабiў так, як яму было сказана, а Праспэр Альпанус, стоячы за iм, аберуч выпiсваў вялiкiя колы.

Праз некалькi iмгненьняў зь люстра заструменiўся блакiтнаваты дым. Кандзiда, красуня Кандзiда явiлася ва ўсёй чароўнасьцi свайго воблiку, ва ўсёй поўнасьцi жыцьця. Але побач зь ёю, зусiм каля яе, сядзеў агiдны Цынобэр i пацiскаў яе рукi, i цалаваў яе. Бальтазар гатовы быў крыкнуць, але Праспэр Альпанус моцна схапiў яго за плечы, i крык замёр у яго ў грудзях.

– Спакойна, – цiха сказаў Праспэр, – спакойна, Бальтазар. Вазьмiце гэтую лёску i адлупцуйце мальца, толькi не сыходзьце зь месца.

Бальтазар так i зрабiў i на вялiкую сабе асалоду ўбачыў, як курдупель скурчыўся, упаў з крэсла i пачаў качацца па зямлi. Разьюшаны Бальтазар кiнуўся наперад, але ўява расплылася ў тумане i дыме, а Праспэр Альпанус рэзка тузануў  Бальтазара i гучна крыкнуў:

– Стойце! Калi вы паб'яце магiчнае люстра – мы ўсе прапалi! Выйдзем жа на сьвятло!

Паслухаўшыся загаду доктара, сябры пакiнулi залу i ўвайшлi ў суседнi сьветлы пакой.

– Дзякаваць небу, – усклiкнуў Фабiян i глыбока перавёў дух, – дзякаваць небу, што мы выбралiся з гэтай праклятай залы! Духата сьцiснула мне сэрца, да таго ж яшчэ гэтыя кунштукi, якiя я цяпер ненавiджу.

– Цяпер, – сказаў ён, – цяпер няма нiякага сумненьня, што вырадзень Цынобэр не альраўн i ня гном, а звычайны чалавек. Але тут дамешана нейкая таямнiчая, вядзьмарская сiла, разгадаць якую мне пакуль што не ўдалося, i таму на гэты момант памагчы вам я не магу. Наведайце мяне, Бальтазар, праз час якi, тады паглядзiм, што рабiць. Да пабачэньня!

– Ну вось, – сказаў Фабiян, падступаючы да доктара, – ну вось вы мне i чараўнiк, спадар доктар, а з усiм вашым магiчным штукарствам ня можаце ўрабiць гэтага маленькага, нiкчэмнага Цынобэра? Дык жа ведайце, што я лiчу вас, з усiмi вашымi размаляванымi абразкамi, лялькамi, магiчнымi люстэркамi, з усiм вашым фiглярскiм таварам, самым апошнiм шарлатанам. Бальтазар закахаўся, драпае вершыкi, яго вы можаце пераканаць  у чым заўгодна, а мне сваё глупства не падтыкайце, нiчога не выйдзе. Я чалавек адукаваны i не пераймаюся нiякiмi цудамi!

– Думайце, як вам заўгодзiцца! – сказаў Праспэр Альпанус i засьмяяўся гучней i весялей, чым можна было чакаць ад яго. – Але хоць я i не зусiм чараўнiк, усё ж на сякiя-такiя досьцiпы здатны.

– З Вiглебавай "Магii" цi зь якой-небудзь iншай?– усклiкнуў Фабiян. – Ну, тут вам не дастаць нашага прафэсара Моша Тэрпiна, вам нават раўняцца зь iм ня сьлед, бо ён сумленны чалавек i заўсёды паказвае нам, што ўсё робiцца самым натуральным чынам, i ён зусiм нават не абстаўляе сябе ўсякiм такiм таямнiчым прычындальлем, як вы, спадар доктар. Ну, гонар маю адкланяцца.

– Эге, – сказаў доктар, – няўжо вы пакiнеце мяне ў такiм гневе?

I з гэтымi словамi ён некалькi разоў пагладзiў абедзьве рукi Фабiяна, ад пляча да кiсьцi, аж таму зрабiлася неяк няёмка, i ён у душэўнай змусьце ўсклiкнуў:

– Што вы там робiце, спадару прафэсар!

– Паслухайце, спадарства, – сказаў доктар. – Вас, спадар Бальтазар, я спадзяюся пабачыць неўзабаве зноў. Дапамога прыйдзе.

– На гарэлку ты ўсё ж не атрымаеш, прыяцель! – крыкнуў, выходзячы, Фабiян залацiста-жоўтаму брамнiку i трасянуў яго за жабо. Але брамнiк зноў нiчога не адказаў, апрача "квiррр", i зноў дзюбнуў Фабiяна ў палец.

– Во пачвара! – усклiкнуў Фабiян i кiнуўся бегчы.

Жабкi ветлiва правялi абодвух сяброў да кратаванай брамы, якая з глухiм грукатам адчынiлася i зачынiлася.

– Я ня ведаю, – сказаў Бальтазар, iдучы па дарозе за Фабiянам, – я ня ведаю, брат, што гэта табе прыйшло сёньня ў галаву надзець  такi недарэчны сурдут з такiмi неверагодна доўгiмi поламi i такiмi карнатымi рукавамi.

Фабiян, на сваё зьдзiўленьне, заўважыў, што яго кароценькi сурдуцiк выцягнуўся ззаду да самай зямлi, а рукавы, раней дастаткова доўгiя, сабралiся зборкамi каля локцяў.

– Тысяча чартоў, ды што ж гэта такое?– усклiкнуў ён i пачаў адцягваць i патузваць рукавы i распраўляць плечы. Спачатку гэта як бы нават дапамагло, але ледзь толькi сябры прайшлi гарадскую браму, як рукавы зноў палезьлi ўгору, а крысьсе пачало расьцi, так што неўзабаве, нягледзячы на ўсе адцягваньнi, патузваньнi i паварушваньнi, рукавы сабралiся каля самых плячэй, выстаўляючы напаказ голыя рукi Фабiяна, а ззаду валокся шлейф, якi ўсё больш i больш падаўжаўся. Сустрэчныя спынялiся i рагаталi на ўсё горла, хлапчукi,  дзiка гарлаючы i весела галёкаючы, гамузам беглi за Фабiянам, хапалi i рвалi яго доўгую вопратку, так што Фабiян ляцеў кулём, а калi зноў падымаўся на ногi,  шлейф зусiм не карнацеў, не, – ён рабiўся яшчэ даўжэйшы. I сьмех вакол буяў усё больш апантана i шалёна, рогат i крыкi ня сьцiхалi, пакуль нарэшце Фабiян, ледзь не звар'яцеўшы, ня кiнуўся стрымгалоў у адчыненыя дзьверы нейкага дома. Шлейф адразу зьнiк.

Бальтазару ня было калi асаблiва зьдзiўляцца зь дзiўнага зачараваньня Фабiяна, бо рэфэрэндарыус Пульхер злавiў яго, зацягнуў у бязьлюдны завулак i сказаў:

– Цi можна падумаць нават, што ты яшчэ тут, што яшчэ паказваешся на людзях, калi цябе ўжо шукае пэдэль, каб арыштаваць.

– Што такое? Што ты такое вярзеш?– спытаўся са зьдзiўленьнем Бальтазар.

– Так далёка, – гаварыў далей рэфэрэндарыус, – аж так далёка ўцягнуў цябе шал рэўнасьцi, што ты, парушаючы недатыкальнасьць жытла, з варожымi намерамi ўварваўся ў дом Моша Тэрпiна, напаў на Цынобэра пры ягонай жа нявесьце i пабiў вырадка да паўсьмерцi.

– Крый цябе божа, – усклiкнуў Бальтазар, – я ж цалюткi дзень ня быў у Керапэсе! Якая ганебная хлусьня!

– Цiшэй, цiшэй, – перабiў яго Пульхер, – iдыёцкая i бязглуздая выдумка Фабiяна надзець вопратку са шлейфам выратуе цябе. Цяпер нiхто ня возьме на цябе ўвагi! Схавайся толькi ад ганебнага арышту, а ўжо астатняе мы ўладзiм. Табе нельга вяртацца дамоў. Дай мне ключ, я перашлю табе ўсё, што трэба. Хутчэй у Гох-Якабсгайм!

I, сказаўшы гэта, рэфэрэндарыус пацягнуў за сабою Бальтазара глухiмi завулкамi за гарадскую браму, да вёскi Гох-Якабсгайм, дзе славуты вучоны Пталамэй Фiладэльфус пiсаў тоўстую кнiгу пра невядомы народ – студэнтаў.

 

Разьдзел шосты

 

Як Цынобэр, тайны радца па адмысловых справах, прычэсваўся ў сваiм садзе i прымаў расяную ванну. – Ордэн зялёнаплямiстага тыгра. – Шчасьлiвая выдумка тэатральнага краўца. – Як фройляйн фон Розэншэн аблiлася кавай, а Праспэр Альпанус даводзiў ёй сваю дружбу.

 

Прафесар Мош Тэрпiн расплываўся ў асалодзе.

– Цi магло, – гаварыў ён сам сабе, – цi магло мне прыпасьцi большае шчасьце, чым выпадак, якi прывёў у мой дом дастойнага тайнага радцу па асобых справах яшчэ студэнтам? Ён ажэнiцца з маёй дачкою, ён стане маiм зяцем, праз яго я ўвайду ў ласку да нашага слаўнага князя Барсануфа i буду падымацца па лесьвiцы, па якой падымаецца мой цудоўны малец Цынобэр. Па праўдзе, я  сам часта не разумею, як гэта мая дзяўчынка, мая Кандзiда, без памяцi закахалася ў мальца. Звычайна жанчыны больш зважаюць на прыгожую зьнешнасьць, чым на адмысловыя здатнасьцi душы, а я часам як гляну на гэтага мальца па асобых справах, дык мне здаецца, што яго нельга назваць надта прыгожым, ён нават bossuГарбаты (фр.)., але цiха, шш-шш, i сьцены маюць вушы. Ён у князя пястун, ён пойдзе ўгору, вышэй i вышэй, i ён – мой зяць.

Мош Тэрпiн меў рацыю. Кандзiда выявiла ў сабе шчырую прыхiльнасьць да мальца, а калi хто-небудзь яшчэ не падупалы ўзьдзеяньню дзiўных чараў Цынобэра намякаў, што тайны радца па асобых справах ўсяго толькi шкодны вылюдак, яна адразу загаворвала пра дзiвосныя, прыгожыя валасы, якiмi яго надарыла прырода.

Нiхто пры такiх гаворках Кандзiды не ўсьмiхаўся так хiтра, як рэфэрэндарыус Пульхер.

Ён хадзiў па пятах за Цынобэрам, а верным памочнiкам ў яго быў тайны сакратар Адрыян, той самы малады чалавек, якога Цынобэравыя чары ледзь не  выгналi з канцылярыi мiнiстра. Яму ўдалося зноў увайсьцi ў давер князю, толькi калi ён дастаў выдатны сродак на вывядзеньне плямаў.

Тайны радца па асоьбых справах Цынобэр жыў у выдатным доме зь яшчэ больш выдатным садам, пасярэдзiне якога была заслоненая з усiх бакоў густым кустоўем палянка, дзе цвiлi раскошныя ружы. Было заўважана, што праз кожныя дзевяць дзён Цынобэр цiхенька ўстае на дасьвеццi, апранаецца сам, як гэта яму нi цяжка, без слуг, спускаецца ў сад i зьнiкае ў кустах, якiя атачаюць палянку.

Пульхер i Адрыян падазравалi тут нейкую таямнiцу, выпыталi ў камэрдынэра, што прайшло якраз дзевяць дзён з таго, як Цынобэр апошнi раз наведаўся на тую палянку, адважылiся пералезцi ўначы праз садовы плот i схавалiся ў кустах.

Ледзь толькi  пачало брацца на ранiцу, як яны ўбачылi мальца, якi наблiжаўся да iх, чыхаючы i фыркаючы; калi ён пераходзiў цераз курцiны, расiстыя сьцяблiны i вецьце хлясталi яго па носе.

Калi ён прыйшоў на ружовую палянку, па кустоўi пранёсься салодкi подых, i ружы запахлi яшчэ мацней. Прыгожая, захiнутая ў пакрывала жанчына з крыламi за сьпiнай зьляцела ўнiз, прысела на разьбёнае крэсла, якое стаяла сярод ружовых кустоў, i, цiха прыгаворваючы: "Хадзi сюды, дзiця маё", – прыгарнула да сябе маленькага Цынобэра i пачала залацiстым гребенем расчэсваць яго доўгiя валасы, якiя ападалi на плечы. Мабыць, малому гэта было вельмi па душы: ён мружыўся, выпручваў ножкi, вурчаў i муркаў, як кот. Гэта доўжылася добрых пяць хвiлiн, пасьля  чараўнiца правяла пальцам мальцу па цеменi, i абодва, Пульхер i Адрыян, заўважылi на галаве ў Цынобэра блiскучую вузкую агнявую палоску. Нарэшце жанчына сказала:

– Бывай, мiлае дзiця маё! Будзь разумны, будзь разумны, наколькi зможаш.

Малец адказаў:

– Adieu, матухна, розуму ў мяне досыць, табе ня трэба паўтараць мне гэтага так часта.

Незнаёмая павольна паднялася i зьнiкла ў паветры.

Пульхер i Адрыян скамянелi ад зьдзiўленьня. Але ледзь толькi Цынобэр сабраўся iсьцi, рэфэрэндарыус  выскачыў з кустоў i голасна закрычаў:

– Добрай ранiцы, спадару тайны радца па асобых справах! Гэ! Як цудоўна вы прычасаны!

Цынобэр азiрнуўся i, убачыўшы рэфэрэндарыуса, кiнуўся быў бегчы. Але, як што ад прыроды быў нязграбны i няўклюдны па слабасьцi ног, спатыкнуўся i ўпаў у высокую траву, так што сьцебле самкнулася над iм i ён апынуўся ў расяной ваньне. Пульхер падскочыў да малога i дапамог яму ўстаць на ногi, але Цынобэр загугнiў::

– Спадару, як вы трапiлi ў мой сад? Кацiцеся да ўсiх чарцей сабачых! – Тут ён заскакаў i кiнуўся стрымгалоў дамоў.

Пульхер напiсаў Бальтазару пра гэта дзiвоснае здарэньне i абяцаўся пасiлiць назiраньне за маленькiм ведзьмiчам. Здавалася, Цынобэр быў няўцешны з усяго таго, што зь iм здарылася. Ён загадаў пакласьцi сябе ў пасьцель i так стагнаў i енчыў, што вестка пра яго нечаканую немач  хутка дабегла да мiнiстра Мондшайна, а потым i да князя Барсануфа.

Князь Барсануф адразу паслаў да маленькага любiмца свайго лейб-медыка.

– Дастойны спадар тайны радца, – сказаў лейб-медык, памацаўшы пульс, – вы ахвяруеце сабою дзеля айчыны. Руплiвая праца зьвяла вас у ложак, бясконцае  высiльваньне розуму паслужыла прычынай неверагодных вашых цярпеньняў, якiя вы мусiце пераносiць. Вы вельмi бледны i зусiм зблажэлi, а ваша неацэнная галава так i палае! Ай-яй! Толькi б не запаленьне мозгу! Няўжо гэта спрычынена няспынным дбаньнем пра даброцi дзяржаве! Наўрад цi гэта магчыма! Але дазвольце!

Лейб-медык мабыць заўважыў на галаве ў Цынобэра тую самую чырвоную палоску, якую першыя адкрылi Пульхер i Адрыян. I ён крыху зводдалi зрабiў некалькi магнетычных пасаў i з усiх бакоў падзьмухаў на хворага, якi пры гэтым  мяўкаў, вiшчаў i зьвягаў; хочучы правесьцi рукой па галаве, лейб-медык незнарок дакрануўся да чырвонай палоскi. Але тут Цынобэр закiпеў шалам, падскочыў i маленькай кашчавай ручкай уляпiў лейб-медыку, якi якраз у гэты момант нахiлiўся над iм, такую поўху, што пляснула на ўвесь пакой.

– Што вам трэба, – закрычаў Цынобэр, – што вам ад мяне трэба, навошта вы кудлацiце мне валасы? Я зусiм не хворы, я здаровы, я зараз  устану i пайду да мiнiстра на нараду, прэч адгэтуль!

Лейб-медык у страху пасьпяшаўся выйсьцi. Але калi ён расказаў князю Барсануфу, як зь iм абышлiся,  той радасна ўсклiкнуў:

– Якая руплiвасьць у служэньнi дзяржаве! Якая годнасьць, якая велiч ва ўчынках! Якi цудоўны чалавек гэты Цынобэр!

– Любасны мой  спадару тайны радца, – зьвярнуўся да Цынобэра мiнiстр Прэтэкстатус фон Мондшайн, – як цудоўна, што вы, нягледзячы на вашу хворасьць, прыбылi на канферэнцыю. Я склаў мемарыял па найважнейшай справе з какатуцкiм дваром – склаў сам  i прашу вас далажыць яго князю, бо ваша натхнёнае чытаньне узвысiць цэлае, аўтарам якога мяне тады прызнае князь!

Мемарыял, якiм хацеў казырнуць Прэтэкстатус, складзены быў не кiм там iншым, а Адрыянам.

Мiнiстр выправiўся разам з мальцом да князя. Цынобэр дастаў з кiшэнi мемарыял, уручаны яму мiнiстрам, i пачаў чытаць. Але як што зь ягонага чытаньня нiчога не выходзiла i ён нёс  чыстую лухту, бурчаў i вохкаў, дык мiнiстр узяў у яго з рук паперу i пачаў чытаць сам.

Князь, вiдаць, быў у поўным захапленьнi, ён дазволiў заўважыць сваю ўхвалу, увесь час ўсклiкаў:

– Цудоўна! Выдатна сказана! Раскошна! Непераймальна!

Ледзь толькi мiнiстр закончыў, князь падышоў да Цынобэра, падняў яго, прыцiснуў да грудзей, якраз да таго месца, дзе ў яго, князя, красавалася вялiкая зорка зялёнаплямiстага тыгра, i, заiкаючыся i ўсхлiпваючы, усклiкнуў:

– Не, якi чалавек! Якi талент! Якая руплiвасьць! Якая любоў! Гэта проста неверагодна, неверагодна! – I сьлёзы бобам пасыпалiся ў яго з вачэй. Потым стрымана: – Цынобэр! Я назначаю вас сваiм мiнiстрам! Будзьце верны i адданы айчыне, будзьце доблесны слуга Барсануфа, якi цанiцьме вас, любiцьме вас!

I потым, нахмурыўшыся, зьвярнуўся да мiнiстра:

– Я заўважаю, любасны барон фон Мондшайн, што з пэўнага часу вашыя сiлы малееюць. Адпачынак у нашых маёнтках пойдзе вам на карысьць! Бывайце!

Мiнiстр фон Мондшайн пайшоў, мармычучы пад нос нешта няўцямнае i кiдаючы шалёныя позiркi на Цынобэра, якi, як звычайна, падпёрся лёсачкай, устаў на пальчыкi i з ганарыстым дзёрзкiм выглядам азiраўся па баках.

– Я павiнен, – сказаў князь, – я павiнен узнагародзiць вас, дарагi мой Цынобэр, як яно i прыстойна вам па заслугах. Таму прымiце з маiх рук ордэн зялёнаплямiстага тыгра!

I князь хацеў надзець яму ордэнскую стужку, загадаўшы камэрдынэру неадкладна прынесьцi яе; але выродлiвае цела Цынобэра сталася прычынай таго, што стужка нiяк не магла ўтрымацца на належным месцы, – яна то задзiралася ўгору, то гэтак жа непрыстойна спаўзала ўнiз.

У гэтым, як i ва ўсiх iншых справах, якiя датычылiся сапраўднага дабра дзяржавы, князь быў вельмi датклiвы. Ордэн зялёнаплямiстага тыгра насiўся на стужцы ў косым напрамку памiж бедранай косткай i копчыкам, на тры шаснаццатых дзюйма вышэй памянёнага. Вось якраз гэтага i не маглi дабiцца. Камэрдынэр, тры пажы, сам князь добра папрацавалi над гэтым; але ўсе iх намогi былi марныя. Здрадлiвая стужка соўгалася ва ўсе бакi, i Цынобэр пачаў сярдзiта квакаць:

– Чаго вы так тармасiце мяне? Няхай гэтая iдыёцкая штуковiна целяпаецца, як сама хоча! Я цяпер мiнiстр i iм застануся!

– Навошта ж, – гнеўна сказаў князь, – навошта ж у мяне заснаваны капiтул ордэнаў, калi ў разьмяшчэньнi стужак iснуюць такiя дурныя статуты, працiўныя маёй волi. Пацярпiце, мой любасны мiнiстар Цынобэр, хутка ўсё зьменiцца!

Каб прыдумаць, якiм майстэрскiм спосабам прыладзiць мiнiстру Цынобэру стужку зялёнаплямiстага тыгра, давялося па загадзе князя склiкаць капiтул ордэнаў, якому былi дададзены яшчэ два фiлосафы i адзiн заезны натуралiст, якi вяртаўся з Паўночнага полюса. I, каб яны маглi сабрацца зь сiламi дзеля такой важнай нарады, усiм удзельнiкам яго было прадпiсана за тыдзень да таго перастаць думаць, а каб маглi яны гэта ўчынiць з большым посьпехам, не пакiдаючы працы на карысьць дзяржавы, iм належала практыкавацца ў лiчэньнi. Вулiцы перад палацам, дзе павiнны былi засядаць члены капiтула ордэнаў, фiлосафы i натуралiст, былi густа засланыя саломай, каб стук колаў не перашкодзiў мудрацам; з той самай прычыны забаранялася бiць у барабаны, учыняць музыку i нават уголас размаўляць паблiзу палаца. У самiм палацы ўсе хадзiлi ў тоўстых лямцовых пантофлях i перагаворвалiся на мiгах.

Сем дзён напралёт, з самае ранiцы да позьняга вечара доўжылiся нарады, але ўсё яшчэ нельга было нават думаць пра якое-небудзь разумнае рашэньне.

Князь у поўным нецярпеньнi увесь час пасылаў перадаць iм, што павiнны ж яны, чорт бы iх пабраў, нарэшце прыдумаць нешта людзкае. Але гэта зусiм не памагала.

Натуралiст дасьледаваў, наколькi было магчыма, канстытуцыю Цынобэра, вымерыў вышыню i шырыню яго горба i прадставiў капiтулу самыя дакладныя на гэты конт вылiчэньнi. Ён жа i прапанаваў нарэшце паклiкаць на нараду тэатральнага краўца.

Якая нi дзiўная была гэтая прапанова, яе прынялi ў адзiн голас, – у такiм яны былi непакоi i страху.

Тэатральны кравец, спадар Кеэс, быў чалавек даволi пранырлiвы i хiтры. Ледзь толькi яму патлумачылi, у чым была тая загваздка, ледзь толькi глянуў ён на вылiчэньнi натуралiста, як у яго ўжо быў па рукою выдатны сродак замацаваць ордэнскую стужку на патрэбным месцы.

А менавiта – на грудзях i на сьпiне трэба нашыць пэўную колькасьць гузiкаў i да iх прышпiльваць ордэнскую стiжку. Учыненая аперацыя ўдалася на поўнiцу.

Князь быў у захапленьнi i ўхвалiў прапанову капiтула з гэтага часу заснаваць для ордэна зялёнаплямiстага тыгра некалькi розных ступеняў, па колькасьцi гузiкаў, зь якiмi яго i  прысуджаюць. Нарпрыклад, ордэн зялёнаплямiстага тыгра з двума гузiкамi, з трыма гузiкамi i так далей. У выглядзе адмысловай адзнакi, якой нiхто iншы ня мог дамагацца, мiнiстар Цынобэр атрымаў ордэн з дваццацьцю алмазнымi гузiкамi, бо якраз дваццаць гузiкаў запатрабаваў дзiвосны склад яго цела.

Кравец Кеэс атрымаў ордэн зялёнаплямiстага тыгра з двума залатымi гузiкамi, а як што сам князь, нягледзячы на памянёную шчасьлiвую прыдумку, лiчыў яго дрэнным краўцом i таму не хацеў у яго апранацца, дык ён быў узнагароджаны чынам правадзейнага тайнага князевага обер-касьцюмера.

 

Доктар Праспэр Альпанус задумлiва глядзеў з акна свайго сельскага дома ў парк. Усю ноч ён  складаў гараскоп Бальтазара, а пры гэтым разьведаў сёе-тое i пра маленькага Цынобэра. Але самае важнае яму было тое, што здарылася з мальцом у парку, калi яго дасачылi Пульхер i Адрыян. Праспэр Альпанус сьпярша мерыўся  гукнуць сваiх аднарогаў, каб яны падалi ракавiну, бо ён хацеў выправiцца ў Гох-Якабсгайм, як раптам загрымела карэта i спынiлася каля закратаванай брамы парку. Далажылi, што кананiса фон Розэншэн хоча пагутарыць са спадаром доктарам.

– Ласкава просiм! – сказаў Праспэр Альпанус, i дама ўвайшла. На ёй была доўгая чорная сукенка, i яна была захутана ў пакрывала, як матрона. Праспэр Альпанус, ахоплены дзiўным прадчуваньнем, узяў лёску i накiраваў на незнаёмую прамянi сваёй булавешкi. I вось быццам маланкi зь лёгкiм патрэскваньнем заблiскалi вакол дамы, i яна явiлася ў белым празрыстым адзеньнi, блiскучыя страказiныя крылы былi ў яе за плячыма, белыя i чырвоныя ружы заплецены ў валасах. "Эге-ге!" – шапнуў Праспэр, схаваўшы лёску пад шлафрок,  i адразу дама зьявiлася ў ранейшым сваiм выглядзе.

Праспэр Альпанус прыветлiва запрасiў яе сесьцi. Фройляйн фон Розэншэн сказала, што ў яе быў даўнiшнi намер наведаць спадара доктара ў яго сельскiм доме, каб пазнаёмiцца з чалавекам, якога ўсё навакольле ўслаўляе як  вельмi дасканалага, дабрадзейнага мудраца. Можа, ён задаволiць яе просьбу i згодзiцца як лекар паназiраць за недалёкiм адгэтуль прыютам для шляхетных паненак, бо старыя дамы часта нямогуцца i не атрымлiваюць нiякай дапамогi. Праспэр Альпанус пачцiва адказаў, што хоць ён ужо даўно пакiнуў практыку, але згодзен зрабiць выключэньне i калi спатрэбiцца наведаць апекаваных паненак; потым ён распытаўся, цi не церпiць сама  фройлян фон Розэншэн ад якой-небудзь немачы. Фройляйн адказала, што яна толькi час ад часу заўважае рэўматычныя болi ў суглобах, калi ёй здараецца прастудзiцца на ранiшнiм шпацыры, а цяпер якраз яна зусiм здаровая, – i тут яна перавяла гутарку на нейкую дробязную тэму. Праспэр спытаў, цi не хоча яна – бо якраз настала ранiца – выпiць кубачак кавы. Розэншэн заўважыла, што кананiсы нiколi не адмаўляюцца ад гэтага. Каву падалi, але, як нi стараўся Праспэр налiць яе, кубачкi заставалiся пустымi, хоць кава i лiлася з кафейнiка.

– Э-э! – усьмiхнуўся Праспэр Альпанус. – Ды гэта ж наравiстая кава! А цi не спадобiцца шаноўнай фройляйн налiць самой?

– З прыемнасьцю, – азвалася фройляйн i ўзяла кафейнiк. Але, хоць зь яго не вылiлася нi кроплi, усе кубачкi напоўнiлiся i кава пацякла цераз беражкi на стол, на сукенку кананiсы. Яна пасьпешлiва адставiла кафейнiк, i кава зьнiкла без сьледу. Абое, Праспэр Альпанус i кананiса, моўчкi i крыху зьдзiўлена паглядзелi адно на адное. – Мабыць, – пачала дама, – мабыць, вы, спадару доктар, чыталi вельмi зманлiвую кнiгу, калi я ўвайшла?

– Сапраўды, – адказаў доктар, – у гэтай кнiзе шмат чаго вартага подзiву.

I ён ужо намерыўся разгарнуць маленькую кнiжку ў залачоным акладзе, якая ляжала перад iм на стале. Але ўсе ягоныя спробы былi марныя, бо кнiжка кожнага разу зь ляскам захлопвалася: клiпп-клапп!

– Э-э! – сказаў Праспэр Альпанус. – А цi не паспрабуеце вы, высокашаноўная фройляйн, управiцца з гэтай свавольнай кнiжкай?

Ён падаў ёй кнiгу, якая, як толькi дама дакранулася да яе, разгарнулася сама. Але лiсты высьлiзгнулi зь яе, выцягнулiся ў велiзарнае фолiё i зашалясьцелi па ўсiм пакоi.

Фройляйн адхiснулася, спалохаўшыся. Доктар энергiчна захлопнуў кнiгу, i ўсе лiсты зьнiклi.

– Аднак жа, – зь мяккай усьмешкай сказаў Праспэр Альпанус, падымаючыся зь месца, – аднак жа, высокашаноўная спадарыня, навошта мы марнуем дарагi час на такiя пустыя фокусы, – бо ж тое, што мы тут вырабляем, яно не што iншае, як звычайныя застольныя фокусы; пяройдзем лепей да больш ўзвышаных прадметаў.

– Мне лепей сысьцi! – усклiкнула фройляйн i паднялася.

– Ну, – сказаў Праспэр Альпанус, – не так гэта лёгка вам удасца без майго дазволу, бо, лiтасьцiвая спадарыня вы мая, мушу сказаць вам, вы цяпер цалкам пад маёй уладаю.

– Пад вашай уладаю, – гнеўна ўсклiкнула фройляйн, – пад вашай уладаю, спадар доктар? Пусты самападман!

I тут яна распусьцiла сваю шаўковую сукенку i ўзьляцела пад столь прыгожым аксамiтна-чорным матыльком-антыопам. Але адразу, забрунжаўшы i загудзеўшы, узьвiўся за ёю сьледам Праспэр Альпанус, узяўшы сабе выгляд дароднага жука-рагача. У поўнай стоме матылёк апусьцiўся на падлогу i забегаў па пакоi маленькай мышкай. Але жук-рагач з фырканьнем i мяўканьнем кiнуўся за ёю шэрым катом. Мышка зноў узьвiлася ўгору блiскучым калiбры, але тады вакол дома пачулiся розныя дзiўныя галасы, i наляцелi ўсякiя дзiвавiдныя казуркi, а зь iмi i нябачаныя раней лясныя птушкi, i залатая сетка завалакла вокны. I раптам фея Розабэльвэрдэ, ва ўсiм бляску i велiчы, у блiскучым белым адзеньнi, перахопленым алмазным паяском, зь белымi i чырвонымi ружамi, уплеценымi ў цёмныя локаны, явiлася пасярод пакоя. А перад ёю маг у расшытым золатам хiтоне, зь блiскучай каронай на галаве, –у руцэ лёска з булавешкай, ад якой iшлi вогненныя прамянi.

Розабэльвэрдэ пачала наступаць на мага, як раптам зь яе валасоў выпаў на мармуровую падлогу залаты грабянец i разьбiўся, быццам шкляны!

– Гора мне! Гора мне! – крыкнула фея.

I раптам за кафейным столiкам зноў сядзяць кананiса Розэншэн у доўгай чорнай сукенцы, а насупраць яе доктар Праспэр Альпанус.

– Я думаю, – спакойненька сказаў Праспэр Альпанус, як бы нiчога i нiякага налiваючы  выдатны дымны мокка ў кiтайскiя кубачкi, – я думаю, мая глыбокашаноўная фройляйн, мы цяпер даволi добра ведаем адно аднаго. Мне вельмi шкада, што ваш цудоўны грабянец разьбiўся аб гэтую каменную падлогу.

– Таму вiною, – запярэчыла фройляйн, з прыемнасьцю прыхлёбваючы каву, – толькi мая нязграбнасьць. Трэба асьцерагацца выпускаць што-небудзь на гэтую падлогу, бо,  калi я не памыляюся, гэтыя камянi пакрыты дзiвоснымi ероглiфамi, якiя многiя могуць прыняць за звычайныя жылкi ў мармуры.

– Зношаныя талiсманы, мадам, – сказаў Праспэр, – зношаныя талiсманы гэтыя камянi, нiчога больш.

– Аднак, ласкавы доктар, – усклiкнула фройляйн, – як магло стацца, што мы даўным-даўно не пазнаёмiлiся, што нашыя дарогi нi разу не сышлiся?

– Розьнiца ў выхаваньнi, – адказаў Праспэр Альпанус, – розьнiца ў выхаваньнi, высокашаноўная фройляйн, – адзiная таго вiна. Тым часам як вы, дзяўчына, поўная надзей, былi ў Джынiстане цалкам аддадзены вашай уласнай багатай натуры, вашаму шчасьлiваму генiю, я, гаротны студэнт, замкнуты ў пiрамiдах, слухаў лекцыi прафэсара Зараастра, старога буркуна, якi, аднак, на дзiва шмат чаго ведаў. За часоў кiраваньня  дастойнага князя Дэмэтрыя я пасялiўся ў гэтай маленькай цудоўнай краiне.

– Як, – зьдзiвiлася фройляйн, – i вас ня выслалi, калi князь Пафнуцiй насаджаў асьвету?

– Зусiм не, – адказаў Праспэр, – больш за тое: сапраўды сваё "я" мне ўдалося схаваць цалкам, бо я паклаў усё, што меў за душою, каб у розных творах, якiя я пашыраў, выказаць самыя адмысловыя веды па лiнii асьветы. Я даводзiў, што без князевай волi ня можа быць нi грому, нi маланкi i што калi ў вас пагода i выдатны ўраджай, дык гэтым мы абавязаны толькi  непамысным намогам князя i высакародных паноў – яго прыблiжаных, якiя даволi мудра раяцца пра тое ў сваiх пакоях, тым часам  як паспалiты люд арэ зямлю i сее. Князь Пафнуцiй узьвёў мяне тады на пасаду тайнага вярхоўнага прэзiдэнта асьветы, якую я разам з маёй маскай скiнуў, як цяжкую ношку, калi навальнiца мiнулася.. Употайкi я прыносiў карысьць, як толькi мог. Тое, што мы з вамi, высокашаноўная фройляйн, называем сапраўднай карысьцю. Цi вядома вам, дарагая фройляйн, што гэта я асьцярог вас напярэдаднi ўварваньня асьветнiцкай палiцыi? Што я той самы, каму вы абавязаны тым, што яшчэ валодаеце мiленькiмi штучкамi, якiя вы мне толькi што паказалi? О, божа, ласкавая фройляйн, ды зiрнiце толькi ў акно! Няўжо вы не пазнаяце гэтага парку, дзе вы так часта гулялi i гутарылi з прыязнымi духамi, якiя жылi ў кустах, кветках, крынiцах? Гэты парк я выратаваў з дапамогай маёй навукi. Ён i цяпер той самы, якiм быў за часоў старэнькага Дэмэтрыя. Хвала небу, князю Барсануфу няма вялiкай патрэбы ў розным чарадзействе. Ён паблажлiвы валадар i дазваляе кожнаму паводзiцца па сваёй волi i чараваць колькi душы заўгодна, толькi б ня было асаблiва прыкметна ды каб спраўна плацiлi падаткi.  Вось я жыву тут, як вы, дарагая фройляйн, у сваiм прыюце, шчасьлiва i незасмучана.

– Доктар, – усклiкнула паненка фон Рэзэншэн, залiўшыся сьлязьмi, – доктарка, што вы сказалi! Якая шчырасьць! Але ж, я пазнаю гэты гай, дзе я смакавала любашчасныя радасьцi i асалоды. Доктар, вы самы высакародны чалавек, як  многiм я вам абавязана!  I вы так жорстка перасьледуеце майго маленькага гадаванца?

– Вы, – запярэчыў доктар, – вы, шаноўная фройляйн, далiся на  прынаду вашай прыроднай дабрынi i рассыпаеце вашыя чары перад нявыартым таго. Але, аднак,  нягледзячы на вашую шчырадушную моц, Цынобэр –маленькi выродлiвы нягоднiк i назаўсёды такiм застанецца, а цяпер, калi залаты грабянец разьбiўся, ён цалкам у маiх руках.

– 0, зьлiтуйцеся, доктар! – заблагала фройляйн.

– А цi не мецьмеце ласкi зiрнуць сюды? –сказаў Праспэр, падаючы ёй складзены iм гараскоп Бальтазара.

Фройляйн заглянула ў гараскоп i горасна ўсклiкнула:

– Так! калi ўсё так, дык я вымушана саступiць перад вышэйшай сiлай! Небарака Цынобэр!

– Прызнайцеся, шаноўная фройляйн, – з усьмешкай сказаў доктар, – прызнайцеся, што дамы часта вельмi ахвоча ўпадаюць у розныя вычуды; нястомна i неадступна  сьледуючы раптоўнай прыхамацi, яны не заўважаюць, наколькi хваравiта гэта парушае iншыя адносiны. Лёс Цынобэра завершыцца, але сьпярша ён яшчэ дасягне незаслужанай пашаны! Гэтым я сьведчу сваю пашану вашай сiле, вашай дабрынi, вашай дабрачыннасьцi, мая высокашаноўная мiладайная спадарыня.

– Цудоўны, годны чалавеча, – усклiкнула фройляйн, – застаньцеся маiм сябрам!

– Навекi! – адказаў доктар. – Мая дружба, мая духоўная да вас прыхiльнасьць, цудоўная фея, нiколi не мiнуцца. Смела зьвяртайцеся да мяне ва ўсiх недаўмёных акалiчнасьцях i – о, прыязджайце пiць каву, калi толькi вам гэтага захочацца!

– Бывайце, мой найгоднейшы маг, я нiколi не забудуся вашай прыхiльнасьцi, вашай кавы! – Сказаўшы гэта, расчуленая фройляйн устала, каб iсьцi.

Праспэр Альпанус правёў яе да кратаванай брамы, тым часам як навокал чулiся цудоўныя пяшчотныя лясныя галасы.

Каля брамы замест карэты фройляйн стаяла запрэжаная аднарогамi крышталёвая ракавiна доктара, на запятках стаяў залаты жук, i ён расхiнуў блiскучыя крылы. На козлах сядзеў срабрысты фазан i, трымаючы ў дзюбе залатыя лейцы, пазiраў на фройляйн разумнымi вачыма.

Калi крышталёвая карэта пакацiлася, напаўняючы дзiвоснымi гукамi  духмяны лес, кананiса адчувала сябе перанесенай ў шчасныя часы самага цудоўнага жыцьця феяў.

 

Разьдзел сёмы

 

Як прафэсар Мош Тэрпiн выпрабоўваў прыроду ў княскай пiўнiцы. –Mycetes Beelzebub. – Роспач студэнта Бальтазара. – Дабратворны ўплыў  на сямейнае шчасьце добра ўладжанага сельскага дома. – Як Праспэр Альпанус паднёс Бальтазару чарапахавую табакерку i пасьля зьехаў.

 

Бальтазар, якi схаваўся ў вёсцы Гох-Якабсгайм, атрымаў з Керапэса ад рэфэрэндарыуса Пульхера лiст наступнага зьместу:

"Справы нашыя, дарагi дружа Бальтазар, шторазу горшыя i горшыя. Наш вораг, мярзотны Цынобэр, зрабiўся мiнiстрам замежных спраў i атрымаў Ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццаццi гузiках. Ён узьнёсься ў любiмцы князя i бярэ верх ва ўсiм, чаго толькi захоча. Прафэсар Мош Тэрпiн на сябе не падобны: аж так  напяўся ад дурное пыхi. Па хадайнiцтве свайго будучага зяця ён заступiў месца гэнэрал-дырэктара ўсiх сукупных спраў па лiнii прыроды – пасада, якая дае шмат грошай i мноства iншых дастаткаў. З прычыны памянёнай пасады гэнэрал-дырэктара ён цэнзуруе i рэвiзуе як сонечныя i месячныя зацьменьнi, так i прадказаньнi надвор'я ва ўсiх календарах, дазволеных у дзяржаве, i асаблiва дасьледуе прыроду ў рэзыдэнцыi князя i ў яе ваколiцах. Дзеля гэтых заняткаў ён атрымлiвае з княскiх лясоў каштоўную дзiчыну, вельмi рэдкiх жывёл, якiх ён, каб дасьледаваць iх прыроду, загадвае смажыць i есьць. Цяпер ён пiша (альбо, прынамсi, божыцца, што пiша) трактат, зь якой прычыны вiно не падобнае смакам на ваду, а таксама робiць iншае ўзьдзеяньне, i твор гэты ён мерыцца прысьвяцiць свайму зяцю. Дзеля гэтай мэты Цынобэр выклапатаў Мошу Тэрпiну дазвол у любы час учыняць штудыi у княскай пiўнiцы. Ён ўжо дасьледаваў палавiну остгофта старога райнвайну  i некалькi тузiнаў шампанскага, а цяпер падступiўся да барылы алiкантэ. Склепнiк у роспачы рукi ламае. Дык вось прафэсару, якi, як табе вядома, самы вялiкi ласун на сьвеце, пашанцавала, i ён вёў бы даволi гожае жыцьцё, калi б яму часта не даводзiлася, калi градам выб'е палеткi, сьпешна выязджаць у вёску i там тлумачыць княскiм арандатарам, чаму ўчыняецца град, каб i гэтым дурным ёлупам перапала драбiнка ад навукi i яны маглi наперад асьцерагчыся ад такiх бедзтваў i не патрабаваць вызваленьня ад арэнднай платы з прычыны няшчасьця, у якiм нiхто, апрача iх самiх, не вiнаваты.

        Мiнiстар нiяк ня можа забыць зазнаных ад цябе пабояў. Ён запрысягнуўся адпомсьцiць. А табе нельга больш паказвацца ў Керапэсе. I мяне ён таксама сурова перасьледуе, бо я падгледзеў яго таямнiчую звычку прычэсвацца ў крылатых паняў. Да таго часу пакуль Цынобэр будзе князевым лагоднiкам, мне няма чаго i разьлiчваць заступiць якую-небудзь прыстойную пасаду. Мая нешчасьлiвая зорка увесь час вядзе мяне да сустрэчы з гэтым вылюдкам там, дзе я зусiм не чакаю, i кожнага разу фатальна для мяне. Нядаўна мiнiстар пры ўсiм парадзе, пры шпазе, зорцы i ордэнскай стужцы, быў у заалагiчным кабiнэце i, па сваёй завядзёнцы падпершыся лёскай, стаяў на дыбачках перад шкляной шафай з рэдкiмi амерыканскiмi малпамi. Чужаземцы, якiя аглядалi кабiнет, падыходзяць да шафы, i адзiн зь iх, угледзеўшы нашага альраўна, усклiкае: "Ого! Якая мiлая малпачка! Якi цудоўны зьвярок – акраса ўсяго кабiнета. А як завецца гэты прыгожанькi экземпляр? Адкуль яна родам?"

I вось даглядчык кабiнэта, дакрануўшыся да пляча Цынобэра, вельмi сур'ёзна адказвае:

– Так, гэта цудоўны экзэмпляр, выдатны бразылец, так званы  Mycetes Beelzebub – Simia Beelzebub Linnei – niger, barbatus, podiis caudaque apice brunneisЛінэева малпа Вельзевул – чорная, барадатая, з цагляна-чырвонымi нагамi, хвастом i макаўкай (лац.). – малпа равун.

– Спадару, – ашчэрыўся малец на даглядчыка, – спадару, я мяркую, вы зьехалi з глузду альбо вам наскрозь затлумiла, я нiякi не Beelzebub caudaque, не малпа-равун, я Цынобэр, мiнiстар Цынобэр, кавалер Ордэна зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках!

Я стаю непадалёк, i калi б мне давялося памерцi на месцы, i тады б я не ўтрымаўся – я проста зайшоўся ад рогату.

– Ах, i вы тут, спадар рэфэрэндарыус? – захрыпеў ён, i яго вядзьмарскiя вочы заблiшчалi.

Бог яго ведае, як яно так сталася, але толькi чужаземцы ўсё яшчэ прымалi яго за самую цудоўную, рэдкую малпіну, якую iм толькi выпадала бачыць, i захацелi мусова пачаставаць яго ламбардзкiмi арэхамi, якiя падаставалi з кiшэняў. Цынобэр дайшоў да такога шалу, што ледзь не задыхнуўся, а ногi ў яго падкасiлiся. Паклiканы камэрдынэр мусiў быў узяць яго на рукi i зьнесьцi ў карэту.

Я i сам не магу вытлумачыць, чаму гэтая прыгода была мне як бы проблiскам надзеi. Гэта першая няўдача, якая спасьцiгла маленькага ваўкалака.

Напярэдаднi, наколькi мне вядома, Цынобэр з самага рана вярнуўся з саду вельмi засмучаны. Мабыць, крылатая жанчына не явiлася, бо ад яго прыгожых кучараў не засталося i сьледу. Кажуць, цяпер яго скудлачаныя лохмы зьвiсаюць на плечы, i князь Барсануф сказаў яму: "Не запускайце лiшне вашай прычоскi, дарагi мiнiстар, я прышлю вам свайго куафёра". На што Цынобэр даволi пачцiва адказаў, што ён загадае гэтага недарэку, як толькi ён явiцца, выкiнуць у акно.

– Вялiкая душа! Да вас i не даступiцца! –мовiў князь i горка заплакаў.

Бывай, любасны Бальтазар! Не пакiдай надзеi ды хавайся лепей, каб яны цябе не схапiлi!"

У поўнай роспачы ад таго, пра што пiсаў яму сябар, Бальтазар зьбег у самы гушчар лесу i голасам загаласiў, наракаючы:

– Спадзявацца! – усклiкнуў ён. – I я яшчэ павiнен спадзявацца, калi ўся надзея зьнiкла, калi ўсе зоркi пагасьлi i цёмная-цёмная ноч абдымае мяне, няўцешнага? Лiхi мой лёс! Я пераможаны цёмнымi сiламi, якiя згубна ўварвалiся ў маё жыцьцё! Вар'ят, я клаў надзеi на Праспэра Альпануса, якi сваiм пякельным здольствам завабiў мяне i  выгнаў з Керапэса, якi зрабiў так, што ўдары, якiя я ўчыняў выяве ў люстры, пасыпалiся насамрэч на сьпiну Цынобэра. Ах, Кандзiда! Калi б толькi я мог забыць гэта нябеснае дзiця! Але iскра каханьня палымнее ўва мне мацней i гарачэй, чым раней. Я ўсюды бачу чароўны вобраз каханай, якая зь пяшчотнай усьмешкай, у зьнемажэньнi працягвае да мяне рукi  свае. Я ж ведаю! Ты любiш мяне, ясачка, мая салодкая Кандзiда,  i ў тым мая нясуцешная, сьмяротная пакута, што я ня маю ўжо змогi асланiць цябе ад лiхiх чараў, якiя аблыталi цябе! Здрадлiвы Праспэр! Што я табе зрабiў такога, за што ты так жорстка мяне ашукаў?

Вечарэла: усе фарбы лесу зьмяшалiся ў густой шэрай iмгле. I раптам  учынiўся нейкi дзiўны проблiск, быццам вечаровая зара ўспыхнула сярод кустоўя i дрэў i тысячы насякомых зашалахцелi крыламi i забрунжалi ў паветры. Блiскучыя залатыя жукi насiлiся туды-сюды, стракатыя матылькi пырхалi, абсыпалi духмяны пылок з кветак. Шалясьценьне i брунжаньне рабiліся ўсё больш пяшчотнымі, пераходзiлi ў салодкае цурчаньне музыкi, якая давала суцеху спакутаванаму сэрцу Бальтазара. Над iм  усё мацней разгаралася прамянiстае зьзяньне. Ён узьвёў вочы i са зьдзiўленьнем убачыў Праспэра Альпануса, якi ляцеў да яго на дзiвосным насякомым, якое было падобнае на раскошную, шматфабную страказу.

Праспэр Альпанус спусьцiўся да хлопца i сеў каля яго, а страказа пырхнула ў кусты, падхапiўшы песьню, якою поўнiўся лес.

Блiскучай цудоўнай кветкай, якая была ў яго ў руцэ, доктар дакрануўся да лоба Бальтазара, i адразу ў хлопца прачнуўся дух бадзёрасьцi.

– Ты несправядлiвы, – цiха сказаў Праспэр Альпанус, – ты вельмi несправядлiвы да мяне, любасны Бальтазар, называеш мяне здрадлiвым i жорсткiм якраз у тую самую хвiлiну, калi мне ўдалося апанаваць чарамi, якiя разбурылi тваё жыцьцё, калi я, каб хутчэй знайсьцi цябе, хутчэй суцешыць, лячу на сваiм любiмым скакуне i iмчуся да цябе з усiм, што табе патрэбна дзеля твайго ж дабра. Але няма нiчога горшага за пакуты каханьня, нi з чым не параўнаеш нецярплiвасьць душы, якая  зьнемагла ад любоўнай тугi. Я дарую табе, бо i самому мня было не лягчэй, калi я, прыкладна дзьве тысячы гадоў таму назад, пакахаў iндыйскую прынцэсу, якую звалi Бальзамiна, i ў роспачы вырваў бараду свайму найлепшаму сябру, магу Лотасу, i з гэтай прычыны, як ты бачыш, не нашу барады, каб i мне не выпала што-небудзь падобнае. Але было б недарэчы расказваць табе ўсё падрабязна, бо кожны закаханы хоча слухаць толькi пра сваё каханьне i толькi яго лiчыць вартым увагi, гэтак сама як i кожны паэт ахвотна слухае толькi свае вершы. Ну дык, гайда! Ведай жа, што Цынобэр – бяздольны вырод, сын беднай сялянкi, i сапраўднае ягонае iмя курдупель Цахес. Толькi зь любовi да славы прыняў ён ганаровае iмя Цынобэр! Кананiса фон Розэншэн, цi на самай справе славутая фея Розабэльвэрдэ, – бо гэтая панi ня хто там табе якая, а фея, – знайшла маленькую пачвару пры дарозе. Яна лiчыла, што за ўсё,  чым прырода-матухна абдзялiла малога, адшкадуе яму дзiўным, таямнiчым дарам, паводле якога ўсё годнаснае, што пры iм хто-небудзь зь людзей падумае, скажа альбо зробiць, будзе прыпiсана яму,  ды i сам ён у кампанii прыгожых, разважлiвых i разумных людзей будзе прызнаны прыгожым, разважлiвым i разумным i наогул кожнага разу будзе палiчаны за найдасканалейшага ў тым родзе, зь якiм будзе мець дачыненьне.

Гэтае дзiвоснае чарадзейства заключана ў трох агнiстых блiскучых валасках на цеменi ў хлопчыка. Усякае дакрананьне да гэтых валаскоў, ды i наогул да галавы, яму балючае, нават згубнае. З гэтай прычыны фея ператварыла яго ад прыроды рэдкiя, кудлатыя патлы ў густыя, прыгожыя локаны, якiя, абараняючы галаву мальца, разам з тым хаваюць памянёную чырвоную палоску i ўзмацняюць чары. Кожны дзявяты дзень фея магiчным залатым грабянцом прычэсвае мальца, i гэтая прычоска блытае ўсе спробы зьнiшчыць чары. Але гэты грэбень разьбiўся аб надзейны талiсман, якi я ўхiтрыўся падсунуць добрай феi, калi яна наведала мяне.

Цяпер усё ўжо за тым, каб вырваць у яго гэтыя тры агнiстыя валаскi, i ён ператворыцца ў былое нiкчэмства. Табе, мой любасны Бальтазар, наканавана разбурыць лiхiя чары. Ты надзелены мужнасьцю, сiлай i спрытам, ты зробiш усё, як належыцца. Вазьмi гэтае шлiфаванае шкельца, падыдзi да Цынобэра, дзе ты яго нi сустрэнеш, пiльна прыгледзься праз гэтае шкельца да яго галавы, i тры чырвоныя валаскi адразу ж аб'явяцца на яго цеменi. Ухапi iх як мага мацней, хай ён будзе вiшчаць па-кашэчы, вырвi разам гэтыя тры валаскi i адразу спалi iх на месцы. Мусова трэба вырваць валаскi адным махам i адразу спалiць, iнакш яны яшчэ змогуць рабiць свае шкодлiвыя ўплывы. Таму асаблiва ўважай, – засьпей мальца так, каб моцна i спрытна схапiць валаскi, калi паблiзу будуць гарэць камiн альбо сьвечкi.

– О Праспэр Альпанус! – усклiкнуў Бальтазар. – Сваiм недаверам я не заслужыўся на тваю аж такую дабрыню, на такую велiкадушнасьць! У глыбiнi майго сэрца нарадзiлася адчуваньне, што мае пакуты мiнулiся, што мне адчынiлася залатая брама нябеснага шчасьця.

– Я люблю, – сказаў далей Праспэр Альпанус, – я люблю хлопцаў, у якiх, як вось у цябе, любасны Бальтазар, у чыстым сэрцы нецярплiвяцца памкненьнi i каханьне, у чыiх душах адгукаюцца тыя велiчныя акорды, што даносяцца з далёкага, поўнага боскiх дзiвосаў краю – маёй радзiмы. Шчасьнiкi, адораныя гэтай унутранай музыкай, – адзiныя, каго можна назваць паэтамi, хоць словам гэтым вялiчаць многiх, што хапаюцца за першую-лепшую басэтлю, соўгюць па ёй смыком i бесталковае брынчаньне ды стагноты струн прымаюць за  цудоўную музыку, якая струменiцца з глыбiнi iх уласных сэрцаў. Я ведаю, любасны Бальтазар, часам табе здаецца, быццам ты разумееш мармытаньне ручаёў, шэпт дрэў i быццам палымяны закат вядзе з табою разумныя гаворкi. Так, мой Бальтазар, у гэтыя iмгненьнi ты i праўда спасьцiгаеш цудоўныя галасы прыроды, бо ў тваёй душы ўзьнiкае боскi гук, народжаны дзiвоснай гармонiяй самых запаветных пачаткаў прыроды. Як што ты iграеш на фартэпiяна, о паэце, дык табе, мабыць, вядома, што ўзятаму тону сьледуюць усе яму сугучныя. Гэты закон прыроды ўзяты мною ня дзеля пустога параўнаньня. Так, ты паэт, ты намнога вышэйшы, чым думаюць многiя тыя, каму ты чытаў свае опусы, у якiх спрабаваў з дапамогаю пяра i чарнiла перакласьцi на паперу ўнутраную музыку. У гэтых пачатках ты яшчэ ня шмат умудрыўся. Аднак ты зрабiў добры накiд у гiстарычным плане, калi з прагматычнай шырынёй i грунтоўнасьцю расказваў пра каханьне салаўя да пунсовай ружы, гiсторыю, якой я быў сьведка. Гэта вельмi  вытанчаны твор.

Праспэр Альпанус змоўк. Бальтазар, шырокiмi вачыма зьдзiўлена  глядзеў на яго; ён зусiм ня ведаў, што яму сказаць, калi верш, якi ён лiчыў самым фантастычным з усяго, што было iм напiсана, Праспэр абвясьцiў спробай у гiстарычным плане.

– Цябе, – казаў далей Праспэр Альпанус, i твар ягоны асьвятлiўся прыязнай усьмешкай, – цябе мае словы, мабыць, зьдзiўляюць, i табе, мабыць, многае ўва мне здаецца незвычайным. Але сам разваж: на думку ўсiх разумных людзей, я – асоба, якой дазволена выступаць толькi ў казках, а ты ж ведаеш, любасны Бальтазар, такiя асобы могуць рабiць самыя неверагодныя ўчынкi i малоць любую лухту, што толькi ў галаву ўвярзецца, асаблiва калi за гэтым крыецца нешта такое, чаго нельга проста адкiнуць. Аднак жа  гутарым далей. Калi фея Розабэльвэрдэ так пяшчотна клапоцiцца пра вырадка Цынобэра, дык ты, Бальтазар, цалкам пад маёй абаронай. Дык паслухай, што я надумаўся зрабiць табе. Учора мяне наведаў маг Лотас, ён перадаў мне безьлiч паклонаў i столькi ж папрокаў ад прынцэсы Бальзамiны, якая прачнулася са сну i ў салодкiх гуках Чарта-Бхады, той прыгожай паэмы, што была нашым першым каханьнем, працягвае да мяне стомленыя рукi. Гэтак сама i мой стары сябар, мiнiстар Ючы, прыязна кiвае мне з Палярнай зоркi. Я павiнен ехаць у далёкую Iндыю. У маiм маёнтку, якi я пакiдаю, я не хацеў бы  бачыць iншага гаспадара, апрача цябе. Заўтра я выпраўляюся ў Керапэс i складу па ўсёй форме даравальны запiс, дзе я буду пазначаны тваiм дзядзькам. Як толькi чары Цынобэра разьвеюцца, ты прадставiшся прафэсару Мошу Тэрпiну гаспадаром выдатнага маёнтка, неабыякога набытку i папросiш рукi прыўкраснай Кандзiды, на што ён зь вялiкай радасьцю згодзiцца. Мала таго! Калi ты аселiшся з Кандзiдай у маiм сельскiм доме, дык шчасьце вашага сужэнства забясьпечана. За прыгожымi дрэвамi саду расьце ўсё, што патрэбна на хатнi ўжытак. Апрача цудоўных пладоў – яшчэ i выдатная капуста i ўсялякая гародняя смачнiца, якой ва ўсiм навакольлi ня знойдзеш. У тваёй жонкi заўсёды будзе першая салата, першая спаржа. Кухня так уладжана, што горшчыкi нiколi не перакiпаюць i нiводная страва не прыгарае, нават калi ты на цэлую гадзiну спозьнiшся да стала. Дываны, кiлiмы, чахлы на крэслах i канапе  маюць такую ўласьцiвасьць, што нават пры самай вялiкай няўвiшнасьцi слугам ня ўдасца пасадзiць на iх ані плямкі, гэтак сама не разьбiваецца нi парцалян, нi шкло, як бы таго нi старалася прыслуга, нават калi пачне шпурляць посуд на каменную падлогу. Нарэшце, кожнага разу, як твая жонка задумае праньне, дык на вялiкiм лузе за домам будзе стаяць ясная пагода, хай нават усюды пралiўны дождж будзе, грымецьме гром i блiскацьме маланка. Адным словам, дарагi Бальтазар, усё зладжана так, каб ты мог спакойна i непарушна  цешыцца зь сямейнага шчасьця каля красунi Кандзiды!

Аднак мне пара дамоў, каб разам з маiм сябрам Лотасам заняцца зборамi да ад'езду. Бывай, мой Бальтазар!

Тут Праспэр сьвiснуў раз, другi, i адразу прыляцела страказа. Ён закiлзаў яе i ўскочыў у сядло. Але, ужо адляцеўшыся, раптам спынiўся i вярнуўся да Бальтазара.

– Я быў, – сказаў ён, – ледзь не забыўся пра твайго сябра Фабiяна. Паддаўшыся гарэзьлiваму свавольству, я залiшне сурова пакараў яго за фальшывыя гульнi розуму. У гэтай табакерцы якраз тое, што яго суцешыць.

Праспэр Альпанус даў Бальтазару маленькую блiскучую, палiраваную чарапахавую табакерку, якую той схаваў разам з ларнэткай, раней дадзенай яму Праспэрам дзеля зьнiшчэньня чараў Цынобэра.

Праспэр Альпанус прашалясьцеў праз кустоўе, тым часам як лясныя галасы зьвiнелi саладзей i гучней.

Бальтазар вярнуўся ў Гох-Якабсгайм; усё шчасьце, усё захапленьне салодкай надзеi поўнiлi яго сэрца.

 

Разьдзел восьмы

 

Як Фабiяна з прычыны доўгага крысься панялі за ератыка i падбухторшчыка. – Як князь Барсануф схаваўся за камiнным экранам i адхiлiў ад пасады гэнэрал-дырэктара натуральных навук. – Уцёкi Цынобэра з дома Моша Тэрпiна. – Як Мош Тэрпiн сабраўся выехаць на  матыльку i зрабiцца iмпэратарам, але потым выправіўся спаць.

 

З самага рана, калi дарогi i вулiцы былi яшчэ бязьлюдныя, Бальтазар пракраўся ў Керапэс i пабег да свайго сябра Фабiяна. Калi ён пастукаўся ў дзьверы, слабы, хворы голас аказаўся: "Заходзьце!"

Зьбялелы, худы, зь безнадзейнай скрухай на твары, ляжаў на пасьцелi Фабiян.

– Божа мiлы, – ускрыкнуў  Бальтазар, – Божа мiлы, скажы, дружа, што з табою сталася?

– Ах, дружа, – зрываючыся ў голасе загаварыў Фабiян i цяжка падняўся ў пасьцелi, – я прапаў, я зусiм прапаў! Праклятае вядзьмарскае насланьнё, якое, ведаю, навёў на мяне помсьлiвы Праспэр Альпанус, давяло мяне да пагiбелi!

– Ня можа быць! – усклiкнуў Бальтазар. – Чарадзейства! Вядзьмарскае насланьнё! Дык жа ты i раней у такое не верыў!

– Ах, – сьлязьлiва гаварыў далей Фабiян, – ах, я цяпер веру ва ўсё: у чарадзеяў i ведзьмаў, у гномаў i вадзянiкоў, у пацучынага караля i альраўна – ва ўсё, што хочаш! Каму так не пашанцуе, як мне, той ва ўсё паверыць! Памятаеш пякельны пярэпалах, якога нарабiў мой каптан, калi мы вярнулiся ад Праспэра Альпануса? Так! Каб жа тым толькi i скончылася! Падзiвiся, дарагi Бальтазар, што тут у мяне ў пакоi!

Бальтазар агледзеўся i ўбачыў, што навакол па ўсiх сьценах разьвешана мноства фракаў, каптаноў, куртак самага рознага крою i розных колераў.

– Як?– усклiкнуў ён. – Фабiян, ты  намерыўся гандляваць рызьзём?

– Ня сьмейся, – адказваў Фабiян, – ня сьмейся, дарагi дружа. Усе гэтыя  строi я заказваў у самых славутых краўцоў, я разьлiчваў калi-небуць скiнуць зь сябе лiхi праклён, якi ляжыць на маiм адзеньнi, але марна. Варта мне толькi апрануць самы лепшы каптан, якi выдатна сядзiць на мне, i панасiць яго некалькi хвiлiн, як рукавы зьбiраюцца на плечы, а полы валакуцца за мною на шэсьць локцяў. У роспачы я сказаў пашыць сабе вось гэты спэнсар зь бясконца доўгiмi, як у П'еро, рукавамi.

"Ану ж, зьбiрайцеся, рукавы, – думаў я сам сабе, – расьцягнiся, крысьсе, i ўсё будзе ў належным выглядзе".

Але праз некалькi хвiлiн зь iм сталася тое самае, што i з астатняй вопраткай! Усё ўмельства i ўсе намогi самых майстравiтых краўцоў ня могуць перабароць гэтых праклятых чараў! Што ўсюды, дзе толькi я нi паказваўся, зь мяне сьмяялiся, глумiлiся, гэта ясна, але неўзабаве мая бязьвiнная ўпартасьць, зь якою я i далей выходзiў на людзi ў гэтай д'ябальскай вопратцы, сталася прычынай iншых меркаваньняў. Самае меншае зло было тое, што жанчыны закiдалi мне бязьмежную пошласьць i славалюбства, бо я насуперак усiм звычаям, агаляю рукi, мабыць думаючы, што яны прыгожыя. Тэолагi зьняславiлi мяне як ератыка i толькi яшчэ спрачалiся, залiчыць мяне да сэкты рукаўнiкаў цi крысьнiкаў, але сышлiся на тым, што абедзьве сэкты ня звычайна небясьпечныя, бо  дапускаюць абсалютную свабоду волi i асьмельваюцца думаць што заўгодна. Дыпламаты бачылi ўва мне вартага пагарды баламута. Яны казалi, што сваiм доўгiм крысьсем я намерыўся пасеяць смуту i незадаволенасьць у народзе i  падбiць яго супроць урада i што я наогул належу да тайнага супольства, знак адрозьненьня якога – кароткiя рукавы. Што ўжо з даўных давён то тут, то там былi заўважаны сьляды кароткарукаўнiкаў, якiх гэтак сама належыць баяцца, як езуiтаў, нават больш, бо яны ўсюды пнуцца насадзiць шкодную для ўсякай дзяржавы паэзiю i сумняваюцца ў непагрэшнасьцi князя. Адным словам, справа рабiлася  ўсё больш сур'ёнай, пакуль нарэшце мяне не заклiкаў да сябе рэктар. Я прадбачыў, што будзе бяда, калi я апрану каптан, i таму явiўся ў адной жылетцы. Гэта разгневала рэктара, ён рашыў, што я хачу пазьдзекавацца зь яго, i накрычаў на мяне, загадаў, каб я праз тыдзень явiўся да яго у прыстойным каптане, iнакш ён не ўмiлажалiцца i загадае мяне выключыць. Сёньня якраз прыйшоў час. О, я няшчасны! О, пракляты Праспэр Альпанус!

– Чакай, – усклiкнуў Бальтазар, – чакай, дружа добры Фабiян, ня бэсьцi майго добрага, мiлага дзядзечку, якi падарыў мне маёнтак. Ён i табе ня зычыць  нiчога благога, хоць, мушу прызнацца, залiшне жорстка пакараў за саманадзейныя разумовыя гульнi. Але я прынёс збавеньне. Ён прыслаў табе вось гэтую табакерку, якая пакладзе крэс усiм тваiм пакутам.

Тут Бальтазар дастаў з кiшэнi маленькую чарапахавую табакерку, якую атрымаў ад Праспэра Альпануса, i падаў няўцешнаму Фабiяну.

– Чым, – спытаўся той, – чым паможа мне гэта пустое пудэлка? Якiм чынам  маленькая чарапахавая табакерка можа памяняць крой майго адзеньня?

– Таго ня ведаю, – адказаў Бальтазар, – аднак жа мой дзядзечка ня будзе мяне ашукваць, у мяне да яго поўны давер; а таму адчынi табакерку, любасны мой Фабiяне, паглядзiм, што там у ёй.

Фабiян так i зрабiў. З табакеркi выпаўз цудоўнага крою i швiва чорны фрак з самага тонкага сукна. Абодва, Фабiян i Бальтазар, не маглi ўтрымацца ад крыку самага шчырага зьдзiўленьня.

– Ага, я разумею цябе, – усклiкнуў у захапленьнi Бальтазар, – я цябе разумею, мой Праспэр, дзядзечка мой даражэнькi! Гэты фрак будзе ў самы акурат, ён адвядзе ўсе чары!

Фабiян без усякай лiшнiцы надзеў яго, i як падумаў Бальтазар, так яно ўсё i сталася. Выдатны фрак сядзеў на iм як улiты, як нiколi нiякi iншы, а ўжо каб рукавы папаўзьлi ўгору i полы выцягнулiся, таго анi знаку.

Сам ня свой ад радасьцi, Фабiян адразу пастанавiў iсьцi ў гэтым новым, такiм ладным фраку да рэктара i ўладзiць усю справу.

Бальтазар падрабязна расказаў сябру, як яно там усё было з Праспэрам Альпанусам i што той даў яму сродак пакласьцi крэс мярзотным вычварэньням агiднага карлiка. Фабiян, увесь перамянiўшыся, бо ж яго канчаткова пакiнуў дух сумненьня, нахвальваў высакароднасьць Праспэра i прапанаваў сваю дапамогу ў расчароўваньнi Цынобэра. У гэтую хвiлiну Бальтазар убачыў у акно свайго сябра, рэфэрэндарыуса Пульхера, якi, агорнуты нейкай журботай, паварочваў за вугал.

На просьбу Бальтазара Фабiян высунуўся з акна, памахаў рукою i крыкнуў рэфэрэндарыусу, каб той падняўся да яго.

Як толькi Пульхер увайшоў, адразу ж усклiкнуў:

– Якi цудоўны фрак на табе, мiлы Фабiян!

Але той сказаў, што Бальтазар яму ўсё патлумачыць, i памчаўся да рэктара.

Калi Бальтазар падрабязна распавёў рэфэрэндарыусу пра ўсё, што адбылося, той сказаў:

– Якраз настала пара зьнiшчыць  гнюснае пудзiла! Ведай: сёньня ён урачыста спраўляе свае заручыны з Кандзiдай, i славалюбны Мош Тэрпiн ладзiць фэст, на якi запрасiў самога князя. Падчас гэтага фэсту мы i ўвалiмся ў прафэсараў дом i нападзем на курдупля. Свечак у зале будзе дастаткова, каб адразу спалiць ненавiсныя валаскi.

Сябры пасьпелi перагаварыць i ўмовiцца пра многiя рэчы, калi вярнуўся Фабiян, зьзяючы ад радасьцi.

– Сiла, – сказаў ён, – сiла, якая ў гэтым фраку, што выпаўз з чарапахавай табакеркi, выдатна сябе паказала! Ледзь толькi ўвайшоў я да рэктара, ён усьмiхнуўся, вельмi задаволены. "Ага, – зьвярнуўся ён да мяне, – ага! Бачу, любасны Фабiян, вы адступiлiся ад свайго дзiўнага запамарачэньня! Ну, гарачыя галовы, падобныя да вас, лёгка паддаюцца крайнасьцям! Ваша пачынаньне я нiколi ня тлумачыў рэлiгiйнай памарокай, хутчэй няправiльна прынятым патрыятызмам – схiльнасьцю да нязвычайнага, якая пакоiцца на прыкладах герояў старажытнасьцi. Так, вось гэта я разумею! Якi цудоўны фрак! Як хораша сядзiць! Слава дзяржаве, слава ўсяму сьвету, калi высакародныя духам юнакi носяць фракi з так хораша прыладжанымi рукавамi i поламi! Захоўвайце вернасьць, Фабiян, захоўвайце вернасьць такой даброцi, такой сумленнасьцi помыслаў, – вось з чаго вырастае сапраўдная велiч герояў!" Рэктар абняў мяне, i сьлёзы выступiлi ў яго на вачах. Сам ня ведаючы як, я дастаў з кiшэнi маленькую чарапахавую табакерку, зь якое ўзьнiк фрак. "Дазвольце", – сказаў рэктар, склаў пальцы, вялiкi i ўказальны. Я адчынiў табакерку, ня ведаючы, цi ёсьць у ёй тытунь. Рэктар узяў шчэпцю, панюхаў, схапiў маю руку i моцна пацiснуў яе, сьлёзы цяклi ў яго па шчоках; глыбока расчулены, ён сказаў: "Высакародны юнак! Выдатны панюх! Усё даравана i забыта! Прыходзьце сёньня да мяне абедаць". Вы бачыце, сябры, усiм маiм пакутам настаў канец, i калi вам удасца сёньня разбурыць чары Цынобэра – а iншага i чакаць няма чаго, – дык i вы будзеце шчасьлiвыя!

У асьветленай сотнямi сьвечак зале стаяў курдупель Цынобэр у пурпуровым расшытым адзеньнi, пры вялiкай зорцы зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, – на баку шпага, капялюш з плюмажам падпахай. Каля яго – красуня Кандзiда ў  вясельных стоях, у росквiце маладосьцi. Цынобэр трымаў яе за руку, часам прыцiскаў яе да вуснаў, пры гэтым агiдна шчэрыў зубы i выскаляўся. I за кожным разам шчокi Кандзiды залiваў румянец, i яна глядзела на курдупля вачыма, поўнымi самага шчырага каханьня. Глядзець на гэта было даволi страшна, i толькi асьляпленьне, у якое ўвялi ўсiх чары Цынобэра, было вiною таго, што нiхто не абурыўся подлым падманам, не схапiў маленькага ведзьмiча i не шпурнуў яго ў камiн. Вакол гэтай пары на  прыстойным воддалi тлумiлiся госьцi. Толькi князь Барсануф стаяў поруч з Кандзiдай i кiдаў шматзначныя i  прыхiльныя позiркi, на якiя, зрэшты, нiхто  не зважаў. Усе глядзелi толькi на маладых, усе глядзелi на вусны Цынобэра, якi час ад часу мармытаў нейкiя неўразумелыя словы, i яны за кожным разам вырывалi са слухачоў нягучнае "ах!" самага вялiкага захапленьня. Настала хвiлiна заручын. Мош Тэрпiн наблiзiўся з падносам, на якiм зьзялi пярсьцёнкi. Ён пракашляўся. Цынобэр як мог вышэй падняўся на пальчыках, так што амаль дастаў да локця маладое. Усе стаялi ў напружаным чаканьнi, – i тут раптам чуюцца нечыя чужыя галасы, дзьверы ў залу  насьцеж, урываецца Бальтазар, зь iм Пульхер, Фабiян! Яны прарываюць кола гасьцей. "Што гэта значыць, што трэба гэтым нязванцам?" – крычаць усе наперабой.

Князь Барсануф жахлiва лямантуе: "Мяцеж! Крамола! Варта!" – i борзьдзенька хаваецца за камiнны экран. Мош Тэрпiн пазнае Бальтазара, якi ўжо падступiўся да Цынобэра, i крычыць:

– Спадар студэнт! Вы  звар'яцелi! Цi ў сваiм вы розуме? Як вы пасьмелi ўварвацца сюды ў час заручын? Людзi! Панове! Слугi! Выкiньце гэтага нахабу за дзьверы!

Але Бальтазар, не беручы на гэта ўсё анiякай увагi, ужо дастаў ларнэтку Праспэра Альпануса i пiльна глядзiць праз яе на галаву Цынобэра. Як грымнуты электрычным ударам, Цынобэр на ўсю залу пранозьлiва вiшчыць кашэчым голасам. Кандзiда без памяцi падае на крэсла. Цеснае кола гасьцей рассыпаецца. Бальтазар ясна бачыць агнiстую блiскучую пасму, ён падскоквае да Цынобэра, хапае яго. Той адбрыкваецца, упiраецца, драпаецца, кусаецца.

– Трымайце! Трымайце – крычыць Бальтазар. Тут Фабiян i Пульхер хапаюць курдупля, аж той i паварухнуцца ня можа, а Бальтазар, упэўнена i асьцярожна схапiўшы чырвоныя валаскi, адным разам вырывае iх, падбягае да камiна i кiдае ў агонь. Валасы ўспыхваюць, чуецца аглушальны ўдар. Усе як бы са сну прычынаюцца. I вось, цяжка падняўшыся, стаiць курдупель Цынобэр, i лаецца, лаецца, i загадвае  без адкладу схапiць i ўвязьнiць у турму дзёрзкiх мяцежнiкаў, якiя замахнулiся на сьвяшчэнную асобу першага мiнiстра. Але ўсе пытаюцца адзiн у аднаго: "Адкуль узяўся гэты малюпасенькi падбрыкунчык? Што трэба маленькай пачвары?" – i як што курдупель усё яшчэ шалее i тупае ножкай i, не змаўкаючы яглiць: "Я мiнiстар Цынобэр! Я мiнiстар Цынобэр! Зялёнаплямiсты тыгр на дваццацi гузiках!" – дык усе залiваюцца вясёлым рогатам. Курдупля абступаюць. Мужчыны падхоплiваюць яго i перакiдаюць як мячык. Ордэнскiя гузiкi адскокваюць адзін за адным – звалiўся капялюш, упала шпага, скiнулiся чаравiкi. Князь Барсануф выходзiць з-за камiннага экрана i ўмешваецца ў валтузьню. Тут курдупель вiшчыць:

– Князь Барсануф! Ваша сьветласьць! Ратуйце вашага мiнiстра! Вашага любiмца! Памажыце! Ратуйце! Дзяржава ў небясьпецы! Зялёнаплямiсты тыгр, гора, гора!

Князь кiдае на курдупля гнеўны позiрк i хуценька iдзе да дзьвярэй. Мош Тэрпiн заступае яму дарогу. Князь хапае яго за руку, адводзiць у кут i кажа, блiскаючы ад гневу вачыма:

– Вы асьмелiлiся перад вашым князем, перад бацькам айчыны разыграць дурную камедыю? Вы запрасiлi мяне на заручыны вашай дачкi з маiм шаноўным мiнiстрам Цынобэрам, i замест майго мiнiстра я бачу тут нейкага мярзотнага выскрабка, якога вы разубралi ў пышныя строi? Ведайце, спадару, гэта жарт здраднiка, за якi я пакараў бы вас вельмi строга, калi б вы не былi бесталковым баламутам, якому месца ў доме вар'ятаў. Я адстаўляю вас ад пасады гэнэрал-дырэктара натуральных спраў i забараняю ўсякiя вашыя штудыi ў маiм склепе. Бывайце!

I ён iмклiва выбег з дома.

Як ашалелы збурыўся Мош Тэрпiн на курдуплямальца, ухапiў яго за доўгiя кудлы i павалок да акна.

– Вон адгэтуль! – крычаў ён. – Правальвай, мярзота, паскудны вырадак, ты так ганебна правёў мяне i пазбавiў шчасьця ўсяго жыцьця!

Ён ужо зьмерыўся быў выкiнуць таго ў адчыненае акно, аднак даглядчык заалагiчнага кабiнета, якi якраз надарыўся тут, маланкаю кiнуўся да iх i выхапiў Цынобэра з рук Моша Тэрпiна.

– Спынiцеся, – сказаў даглядчык, – спынiцеся, спадару прафэсар, не замахвайцеся на тое, што належыць князю. Гэта зусiм ня вырадак, гэта Mycetes Beelzebub, Simia Beеlzebub, якi ўцёк з музэя.

"Simia Beelzebub! Simia Beelzebub!" – загрымеў навокал рогат. Але як толькi даглядчык узяў мальца на рукi i добра разгледзеў яго, дык i ўсклiкнуў з прыкрасьцю:

– Што я бачу! Гэта ж не Simia Beelzebub, гэта гiдкi, агiдны альраўн! Цьху! цьху!

I з гэтымi словамi ён шпурнуў курдупля на сярэдзiну залы. Пад раскаты зычнага рогату, зь вiскам i мяўканьнем выбег Цынобэр за дзьверы, скацiўся па лесьвiцы – хутчэй, хутчэй дахаты, – так што нiхто са слуг яго нават не заўважыў.

Пакуль усё гэта адбывалася ў зале, Бальтазар перайшоў у гасьцёўню, куды, як ён даведаўся, перанесьлi самлелую Кандзiду. Ён упаў да яе ног, прыцiскаў да вуснаў яе рукi, называў яе самымi пяшчотнымi iмёнамi. Але вось, глыбока ўздыхнуўшы, яна ачулася i, убачыўшы Бальтазара, у захапленьнi ўсклiкнула:

– Нарэшце, нарэшце ты тут, любы мой Бальтазар! Ах, я ледзь не памерла ад тугi i любоўнай пакуты! I мне ўсё чулiся сьпевы салаўя, ад якiх сплывае крывёю сэрца пунсовая ружа!

I вось, пра ўсё, пра ўсё забыўшыся, яна расказала яму, якi лiхi, агiдны сон ахутаў яе, як ёй здавалася, што каля яе сэрца ляжыць агiднае страшыдла, якое яна вымушана была пакахаць, бо iнакш не магла. Страшыдла ўмела так прыкiдвацца, што рабiлася падобным на Бальтазара; а калi яна пяшчотна думала пра Бальтазара, дык, хоць i ведала, што  страшыдла не Бальтазар, усё ж неспасьцiгальным для яе  ёй здавалася, быццам яна кахае страшыдла менавiта дзеля Бальтазара.

Бальтазар растлумачыў ёй усё, наколькi было магчыма, не ўносячы неспакою ў яе i без таго расхваляваную душу. Потым, як гэта заўсёды бывае ў закаханых, пайшлi тысячы божбаў, тысячы клятваў у вечнай любовi i вернасьцi. I яны абнялiся i прыцiскалi адно адное да сэрца з усёй жарсьцю шчырай пяшчоты i былi ўпiтыя найвышэйшым нябесным шчасьцем i захапленьнем.

Увайшоў Мош Тэрпiн, заломваючы рукi i  горка наракаючы, за iм сьледам – Пульхер i Фабiян, няспынна яго суцяшаючы, але марна.

– Не, – крычаў Мош Тэрпiн, – не, прапашчы я чалавек! Я ўжо больш не гэнэрал-дырэктар натуральных спраў у нашай дзяржаве! Нiякiх штудый у княскiм склепе!.. Нямiласьць князя... Я спадзяваўся стаць кавалерам Ордэна зялёнаплямiстага тыгра, хоць бы на пяцi гузiках!  Усё прапала! Што ж бо цяпер скажа  яго эксэленцыя шаноўны мiнiстар Цынобэр, калi пачуе, што я прыняў за яго  нягоднага вырадка Simia Beelzebub cauda prehensiliМалпу Вельзевула з учэпiстым хвастом (лац.). альбо i сам ня ведаю каго там яшчэ. О Божа, яго нянавiсьць упадзе на мяне! Алiкантэ! Алiкантэ!

– Але паслухайце, дарагi прафэсар, – суцяшалi яго сябры, – паважаны гэнэрал-дырэктар, зразумейце, што цяпер ужо няма больш нiякага мiнiстра Цынобэра. Вы зусiм не ашукалiся: мярзотны вырадак з прычыны чароўнага дару, атрыманага ад феi Розабэльвэрдэ, падмануў вас гэтак сама, як i ўсiх нас!

I вось Бальтазар расказаў па парадку, як ўсё гэта сталася. Прафесар слухаў, слухаў, пакуль Бальтазар ня скончыў, i раптам усклiкнуў:

У сьне я цi на яве – ведзьмы, чараўнiкi, феi, магiчныя люстры, сiмпатыi, – i я павiнен паверыць у гэтае глупства?

– Ах, любасны спадар прафэсар, – умяшаўся Фабiян, – панасiлi б вы хоць каторы час каптан з кароткiмi рукавамi i доўгiм шлейфам, як давялося мне, вы паверылi б ва ўсё, проста любата была б падзiвiцца!

– Так, – усклiкнуў Мош Тэрпiн, – так, так, усё гэта так! Мяне ашукала зачараваная пачвара, я ўжо не стаю на нагах, я падлятаю пад столь, Праспэр Альпанус бярэ мяне з сабою, я выязджаю верхам на матыльку, мяне быццам прычэсвае фея Розабэльвэрдэ – кананiса Розэншэн, i я стану мiнiстрам! Каралём! Iмпэратарам!

I ён пачаў скакаць па пакоi, крычаць i выдаваць радасныя зыкi, так што ўсе забаялiся за ягоны глузд, пакуль нарэшце, зусiм ужо бязь сiлы, ня ўпаў у фатэль. Тут Кандзiда i Бальтазар падышлi да яго. Яны сказалi, што кахаюць адно адное пяшчотна, больш за ўсё на сьвеце, што ня могуць жыць адно без аднаго, так што слухаць iх было вельмi журботна, зь якой прычыны Мош Тэрпiн нават крышку прыплакнуў.

– Дзецi, – усклiкнуў ён, усхлiпваючы, – дзецi, рабiце ўсё, што хочаце! Жанiцеся, кахайцеся, галадайце, халадайце разам, бо ў пасаг Кандзiдзе я ня дам нi шэлега!

Што да голаду, сказаў усьмiхаючыся, Бальтазар, дык ён спадзяецца заўтра пераканаць спадара прафэсара, што пра гэта нiколi не завядзецца нiякай гаворкi, бо яго дзядзька, Праспэр Альпанус, пра яго добра падбаў.

– Так i зрабi, – лепятаў прафэсар, усьмiхаючыся, – так i зрабi, мой любасны сынку, калi зможаш, але толькi заўтра; а ня тое я зусiм здурэю i ў мане галава развалiцца, калi я не пайду спаць!

Так ён i зрабiў.

 

Разьдзел дзявяты

 

Зьбянтэжанасьць вернага камэрдынэра. – Як старая Лiза ўчынiла мяцеж, а  мiнiстар Цынобэр, даўшы лататы, пакаўзнуўся. – Якiм дзiвосным чынам растлумачыў лейб-медык нечаканую сьмерць Цынобэра. –Як князь Барсануф быў засмучаны, як ён еў цыбулю i як страта Цынобэра засталася няўзысканай.  

 

Карэта мiнiстра Цынобэра амаль усю ноч марна прастаяла каля дома Моша Тэрпiна. Егеру няраз казалi, што iх эксэленцыя, мабыць, ужо даўно пакiнулi  таварыства, але егер лiчыў, што гэта нiяк немагчыма, бо не пабяжыць жа iх эксэленцыя дахаты пеша ў такi дождж i вецер. А калi нарэшце патушылi ўсе агнi i замкнулi дзьверы, егеру ўсё-такi давялося адбыць з парожняю карэтай, але ў доме мiнiстра ён адразу  разбудзiў камэрдынэра i спытаўся, цi вярнуўся мiнiстар дамоў i – о неба! – якiм чынам гэта адбылося.

– Iх эксэленцыя, – шапнуў камэрдынэр яму на вуха, – iх эксэленцыя ўчора вярнулiся дамоў позна ўвечары, гэта дакладна. Яны леглi ў пасьцель i цяпер спачываюць! Аднак жа! Дарагi егер! у якiм выглядзе! якiм чынам! я вам пра ўсё раскажу, але... язык на замок! я прапаў, калi iх эксэленцыя даведаюцца, што гэта я сустрэўся iм  на цёмным калiдоры, я страчу месца – бо iх эксэленцыя хоць i невялiкай статуры, але  вельмi-вельмi круты ў нораве, скоры на гнеў i не памятае сябе ў лютасьцi, яшчэ ўчора яны малацiлi шпагай мыш, якая асьмелiлася шмыгнуць праз спачывальню iх эксэленцыi. Ну, добра! Дык вось, накiдваю я ў змроку плашчык i зьбiраюся  сьцебануць у кабачок праз дарогу – згуляць партыю ў трыктрак, раптам на лесьвiцы нешта як зашалясьцiць, як зашаркае – проста на мяне, праскоквае ў цёмным калiдоры ў мяне памiж ног, падае на падлогу i падымае такi кашэчы вiск, а потым рохкае. О Божа! Егер! Толькi  трымайце язык, вы – высакародны чалавек, а то ж я прапаў. Падыдзiце блiжэй! I рохкае, як гэта звычайна рохкае мiласьць, iх эксэленцыя, калi кухар перасмажыць цяляцiну альбо ў дзяржаве чворыцца нешта нядобрае.

Апошнiя словы камэрдынэр прашаптаў егеру на вушка, прыкрыўшы рот рукою. Егер адхiснуўся, скроiў недаверлiвую грымасу i ўсклiкнуў:

– Ня можа быць!

– Так, – сказаў камэрдынэр, – гатовы пабажыцца, што гэта наша мiласьць, iх эксэленцыя праскочыла ў мяне памiж ног у калiдоры. Я добра чуў, як iх мiласьць грымелi крэсламi па пакоях i бразгалi дзьвярыма, пакуль дабралiся да спачывальнi. Я не асьмелiўся ўвайсьцi сьледам, але, перачакаўшы некалькi гадзiн, падкраўся да дзьвярэй спальнi i ўзяў на вуха. I вось iх эксэленцыя маюць ласку храпцi, як гэта ў iх у звычаi перад вялiкiмi справамi. Егер! "На небе i ў зямлi схавана болей, чым сьнiцца вашай мудрасьцi!" – як я гэта чуў аднаго разу ў тэатры; гэта казаў нейкi мэланхалiчны прынц; ён быў увесь у чорным i вельмi баяўся другога, якi пахаджаў у шэрых кардонных латах. Егер, учора, мабыць, сталася нешта вельмi дзiвоснае, што прымусiла iх эксэленцыю вярнуцца дамоў. У прафэсара ў гасьцях быў князь, магчыма, ён сёе-тое ляпнуў, якая-небудзь мiлая рэформачка – i вось мiнiстар адразу закасаў рукавы, сьпяшаецца з заручынаў i пачынае працаваць на дабро бацькаўшчыны. Я адразу па хропу заўважыў i пазнаў: будзе нешта значнае. Наперадзе вялiкiя перамены! Ах, егер, магчыма, нам усiм рана цi позна яшчэ давядзецца запускаць валасы! Аднак жа, шаноўны мой дружа, хадзем паслухаем як верныя слугi, каля дзьвярэй спальнi, цi ўсё яшчэ iх эксэленцыя спачываюць у пасьцелi i занятыя сваiмi запаветнымi намысламi.

Абодва – камэрдынэр i егер – падкралiся да дзьвярэй i прыслухалiся. Цынобэр вурчаў, хроп i пасьвiстваў, пускаў дзiвочсныя рулады. Слугi застылi ў багавейнай немаце, i камэрдынэр сказаў расчулена:

– Якi, аднак, вялiкi чалавек наш лiтасьцiвы спадар мiнiстар!

З самага рана з гасьцёўнi дома, дзе жыў мiнiстар, падняўся вялiкi вэрхал. Старая сялянка, апранутая ў гаротныя, даўно палiнялыя сьвяточныя строi, уварвалася ў дом i пачала прасiць швайцара без адкладу правесьцi яе да сынка – малюткi Цахеса. Швейцар меў гонар патлумачыць ёй, што ў доме жыве яго эксэленцыя спадар мiнiстар фон Цынобэр, кавалер Ордэна зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, а сярод прыслугi няма нiкога, каго завуць альбо празываюць малюткай Цахесам. Але тут кабета, ашалелая ад радасьцi, закрычала, што спадар мiнiстар на дваццацi гузiках – якраз i ёсьць яе любасны сынок, малютка Цахес. На крыкi старое, на грамавую лаянку швайцара зьбегся ўвесь дом, i гармiдар рабiўся ўсё мацнейшы i мацнейшы. Калi камэрдынэр спусьцiўся ўнiз, каб разагнаць людзей, якiя так бесцырымонна трывожылi ранiшнi спакой яго эксэленцыi, жанчыну, якую ўсе палiчылi за вар'ятку, ужо вытурылі на вулiцу.

Жанчына прысела на каменныя прыступкi дома насупраць, цераз вулiцу, i пачала тхiмкаць i горка бедаваць на лiхiх людзей, якiя не пусьцiлi яе  да любаснага дзiцяткi, малюткi Цахеса, што зрабiўся мiнiстрам. Спакваля вакол яе назьбiралася мноства люду, якому яна бясконца паўтарала, што мiнiстар Цынобэр ня хто там якi, а яе сынок, якога яна ў маленстве ягоным называла мальцом Цахесам, так што пад канец людзi ўжо i ня ведалi, цi лiчыць гэтую жанчыну апантанкай, цi, можа, тут i праўда нешта крыецца.

Старая ня зводзiла вачэй з вокан Цынобэра. Раптам яна радасна засьмяялася, запляскала ў далонi i голасна закрычала:

– Вось яно, вось яно, маё дзiцятка ненагляднае, мой малюпасенькi гномiк! Добрай ранiцы, малютка Цахес! Добрай ранiцы, пацанок мой Цахес!

Усе паглядзелi ўгору i, убачыўшы маленькага Цынобэра, якi стаяў у барвова-чырвоным вышываным убраньнi, з ордэнскай стужкай зялёнаплямiстага тыгра, каля акна, якое даходзiла да самай падлогi, так што праз вялiкiя шыбы была вiдаць уся яго постаць, пачалi рагатаць, пачалi шумець, пачалi гарлаць.

– Пацан Цахес! Пацан Цахес! Ага, падзiвiцеся толькi на маленькага расфуфыранага павiяна! Нягеглы вырадак! Альраўн! Пацан Цахес! Пацан Цахес!

Швайцар, усе слугi Цынобэра павыбягалi на вулiцу, каб падзiвiцца, чаго гэта люд так рагоча i пацяшаецца. Але як толькi яны згледзелi свайго гаспадара, дык, залiўшыся вар'яцкiм сьмехам, заверашчалi галасьней за ўсiх:

– Пацан Цахес! Пацан Цахес! Вылюдак! Лiлiпут-шалапут! Альраўн!

Здавалася, мiнiстар толькi цяпер заўважыў, што прычынаю шаленьня на вулiцы быў ён сам, а ня што iншае. Цынобэр адчынiў акно, заблiскаў на натоўп гнеўнымi вачыма, закрычаў, забушаваў, пачаў ад злосьцi вырабляць дзiўныя падскокi i подбрыкi, гразiўся вартай, палiцыяй, турмой i астрогам.

Але чым больш бушавалi i гневалiся iх эксэленцыя, тым апантаней рагаталі i мiтусiлiся ўнiзе. У злашчаснага мiнiстра пачалi шпурляць камянi, плады, гароднiну – усё, што пад руку падкладалася. Таму давялося схавацца.

– Божа праведны! – з жахам закрычаў камэрдынэр. – Дык жа гэтая гнюсота выглянула з акна iх эксэленцыi. Што б гэта значыла? Як ушыўся гэты маленькi вядзьмачок у пакоi?– З гэтымi словамi ён збурыўся бегчы наверх, але спальня мiнiстра па-ранейшаму была зачыненая. Ён адважыўся цiхенька пастукацца – нiякага адказу!

Тым часам, бог яго ведае якiм чынам, па народзе разышлася глухая памоўка, што  пацешнае пудзiла каля акна i ёсьць курдупель Цахес, якi прыняў iмя Цынобэр i ўзьвялiчыўся розным несумленным падманам i ашукаю. Грамчэй i грамчэй луналi галасы: "Далоў  малую бэстыю! Далоў! Вытрасьцi яго зь мiнiстэрскай камізэлі! Пасадзiць у клетку. Паказваць за грошы на кiрмашах. Абклеiць яго сусальным золатам i аддаць дзецям за цацку! Наверх! Наверх!" I народ пачаў насядаць на дзьверы.

Камэрдынэр у роспачы круцiў рукi.

– Мяцеж! Смута! Ваша эксэленцыя! Адчынiце! Ратуйцеся! – крычаў ён, але адказу ня было;  чуўся тольткi цiхi стогн.

Дзьверы высадзiлi, народ зь дзiкiм рогатам затупатаў па лесьвiцах.

– Ну, пара, – сказаў камэрдынэр i, разьбегшыся, з усяе сiлы наляцеў на дзьверы кабiнета; аж яны са звонам i трэскам саскочылi з завесаў. Iх эксэленцыi – Цынобэра – нiдзе ня было!

– Ваша эксэленцыя! Лiтасьцiвы эксэленцыя! Няўжо вы ня чуеце смуты? Ды куды ж вы... госпадзе, даруй мне мой грэх, ды дзе ж гэта вас халера падзела?

Так крычаў камэрдынэр, бегаючы па пакоях у поўнай роспачы. Але адказу ня было; толькi мармуровыя сьцены адгукалiся пакеплiвым рэхам. Здавалася, Цынобэр зьнiк сьледу не пакiнуўшы, бяз стуку, бяз груку. На вулiцы пацiшэла. Камэрдынэр пачуў гучны жаночы голас, якi зьвяртаўся да людзей, i, выглянуўшы ў акно, убачыў, што людзi памалу разыходзяцца, перашэптваюцца i з падазрэньнем паглядваюць на вокны.

– Смута, здаецца, мiнулася, – сказаў камэрдынэр. – Ну, цяпер iх лiтасьцiвы эксэленцыя, мабыць, выйдуць са свайго сховiшча.

Ён зноў прайшоў у спальню, спадзеючыся, што, можа, нарэшце мiнiстар аб'явiцца там.

Ён уважлiва разглядаўся па баках i раптам заўважыў, што з прыгожай срэбранай пасудзiны з ручкай, што заўсёды стаяла каля  туалета, бо мiнiстар вельмi ёю даражыў як каштоўным князевым дарункам, тырчаць зусiм маленькiя худзенькiя ножкi.

– Божа, божа! – з жахам закрычаў камэрдынэр. – Божа, божа! Калi я не мылюся, дык гэта ножкi iх эксэленцыi, спадара мiнiстра Цынобэра, майго лiтасьцiвага гаспадара. – Ён падышоў блiжэй i гукнуў, калоцячыся ад жаху, заглянуў у пасудзiну:– Ваша эксэленцыя! Ваша эксэленцыя, напрамiлы бог, што вы там робiце? Чым вы там заняты?

Але як што Цынобэр не аказваўся, дык камэрдынэр на свае вочы пераканаўся ў небясьпецы, у якой былі iх эксэленцыя, i што прыйшоў час адкiнуць усякi рышпект. Ён ухапiў Цынобэра за ножкi i выцягнуў яго. Ах, няжывы, няжывы быў ён – маленькі iх эксэленцыя! Камэрдынэр падняў моцны горасны  енк; егер, слугi пасьпяшалiся да яго, пабеглi па князевага лейб-медыка. Тым часам камэрдынэр выцер насуха свайго беднага, злашчаснага гаспадара чыстымi ручнiкамi, так што на вiду застаўся толькi маленькi зморшчаны тварык.

Тут увайшла фройляйн фон Розэншэн. Спярша яна, бог ведае як, супакоiла народ. Цяпер яна падышла да нежывога Цынобэра; за ёю iшла старая Лiза, родная мацi малюткі пры жыцьцi. Маленькiя вочкi былi заплюшчаны, носiк белы, на вуснах ледзь прыкметная пяшчотная ўсьмешка, а галоўнае – зноў цудоўнымi локанамi рассыпалiся цёмна-каштанавыя валасы. Фройляйн правяла рукой па галоўцы мальца, i на ёй адразу цьмяна загарэлася чырвоная палоска.

–О! – усклiкнула фройляйн, i вочы яе засьвяцiлiся ад радасьцi. – О Праспэр Альпанус! Вялiкi майстар, ты стрымаў слова! Лёс яго вырашыўся, i зь iм  акуплена ўся ганьба!

– Ах, – сказала старая Лiза, – ах, Божа ты мой лiтасьцiвы, дык жа гэта не малютка Цахес, той нiколi ня быў такi прыгожы! Дык, значыцца, я прыйшла ў горад зусiм дарма, i вы мне нядобра параiлi, шаноўная фройляйн!

– Ня бурчы, старая, – сказала фройляйн. – Калi б ты добра прымала мае парады i не ўварвалася ў дом раней, чым я сюды прыйшла,  усё было б табе лепей. Я паўтараю: малы, якi ляжыць тут у пасьцелi, сапраўды i iсьцiна твой сынок, малютка Цахес.

– Ну, – усклiкнула старая, i вочы ў яе заблiшчалi, – ну, дык калi iх маленькі эксэленцыя i сапраўды маё дзiцятка, дык, значыцца, мне ў спадчыну дастануцца ўсе прыгожыя рэчы, якiя тут навокал стаяць, увесь дом з усiм, што ў iм?

– Не, – адказала фройляйн, – гэта ўсё зьнябылося, ты ўпусьцiла патрэбны час, калi магла здабыць грошы i дабро. Табе – я адразу пра тое сказала, – табе багацьце не наканавана!

– Дык цi нельга мне, – сказала старая, i ў яе на вочы нагарнулiся сьлёзы, – цi нельга мне, прынамсi, узяць майго беднага мальца ў хвартух i занесьцi дамоў? У нашага пастара шмат прыгожых пудзiлаў – птушак i вавёрачак; ён напхае i майго небараку Цахеса, i я пастаўлю яго на шафу такiм, якi ён ёсьць, у чырвонай камiзэлi, з шырокай стужкай i зоркай на грудзях, на вечны ўспамiн!

– Ды ну! – усклiкнула фройляйн амаль з прыкрасьцю. – Гэта ўжо зусiм дурная думка! Гэтага нiяк нельга!

Тут старая пачала ўсхлiпваць, жалiцца i бедаваць:

– Што мне з таго, што мой маленькi Цахес дастаўся да высокай шаноўлi i вялiкага багацьця! Калi б ён жыў пры мне, я выгадавала б яго ў беднасьцi, i яму нiколi не давялося б упасьцi ў гэтую праклятую срэбную пасудзiну, ён  i зараз быў бы жывы i даваў бы мне дастатак i радасьць. Я насiла б яго ў ношцы, людзi шкадавалi б мяне i кiдалi б мне манеты, а цяпер...

У пярэднiм пакоi пачулiся крокi, фройляйн спраторыла старую, наказаўшы ёй чакаць унiзе каля брамы, – перад ад'ездам яна дасьць ёй надзейны сродак разам пазбыцца ўсякай галечы  i нэндзы.

I вось Розабэльвэрдэ зноў наблiзiлася да мёртвага i мяккiм, дрыготкiм, поўным глыбокага мiлажалю голасам сказала:

– Небарачанька мой Цахес! Няшчасны выкiдзень прыроды! Я зычыла табе дабра. Слушна, было неразумна думаць, што вонкавы прыгожы дар, якiм я надарыла цябе, падобна променю, пранiкне ў тваю душу i абудзiць голас, якi скажа табе: "Ты ня той, за каго цябе прымаюць, але старайся зраўняцца з тым, на чыiх крылах ты, нямогленькi, бяскрыленькi, узьлятаеш угору". Але ўнутраны голас у табе так i не прачнуўся. Твой косны, бязжыцьцёвы дух ня мог лунаць, ты не адцураўся  глупства, грубасьцi i невуцтва! Ах! Калi б ты не падняўся зь нiкчэмства, калi б ты застаўся маленькiм неачасаным пяньцюхом, ты пазьбег бы ганебнай сьмерцi! Праспэр Альпанус парупiўся, каб пасьля сьмерцi цябе зноў прынялi за таго, кiм ты маёй воляй здаваўся пры жыццi. Магчыма, мне давядзецца яшчэ ўбачыць цябе маленькiм жучком, увiшнай мышкай альбо жвавай вавёрачкай, я буду толькi радая! Сьпi зь мiрам, маленькi Цахес!

Ледзь толькi Розабэльвэрдэ пакiнула пакой, як увайшлi княскi лейб-медык i камэрдынэр.

– Божа мiлы, – усклiкнуў медык, убачыўшы мёртвага Цынобэра i пераканаўшыся, што ўсе сродкi i спосабы вярнуць яго да жыцьця марныя, – напрамiлы бог, спадар камэрдынэр, як гэта сталася?

– Ах, – адказваў той, – ах, любасны спадар доктар, смута, альбо рэвалюцыя, – усё роўна як вы гэта назавяце, – шумела i бушавала ў прыхожай самым жудасным чынам. Iх эксэленцыя, баючыся за сваё каштоўнае жыцьцё, мабыць, мерылiся схаваацца ў туалеце, пакаўзнулiся i...

– Дык, значыцца, – урачыста i расчулена сказаў доктар, –дык, значыцца, ён памёр ад боязi памерцi!

Дзьверы адчынiлiся насьцеж, i ў спальню iмклiва ўбег бледны князь Барсануф, за iм сем камэргераў, яшчэ бялейшыя.

– Наўжо праўда? Няўжо праўда? – усклiкнуў князь; але як толькi ўбачыў цельца спачылага, дык адхiснуўся i, падняўшы ўгору вочы, сказаў голасам, поўным самай вялiкай скрухi:– О Цынобэр!

I сем камэргераў усклiкнулi за князем: "О Цынобэр!"– i падаставалi, як i князь, насоўкi i паднесьлi iх да вачэй.

– Якая страта, – пачаў князь празь некалькi хвiлiн маўклiвай горасьцi, – якая неадшкадавальная страта для дзяржавы! Дзе знайсьцi дзяржаўнага мужа, якi з такой самай годнасьцю насiў бы Ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, як мой Цынобэр. Лейб-медык, як дапусьцiлi вы, каб у мяне памёр такi чалавек! Скажыце, як гэта здарылася, як магло такое стацца, якая таму была прычына, з чаго памёр непаўторны?

Лейб-медык уважлiва агледзеў курдупля, абмацаў усе месцы, дзе раней бiўся пульс, правёў рукой па галаве спачылага, адкашляўся i мовiў:

– Мой найлiтасьцiвейшы валадар! Калi б я меў задаволiцца толькi бачнай паверхняй зьяваў, дык я мог бы сказаць, што мiнiстар сканаў ад поўнай адсутнасьцi дыханьня, а гэтая адсутнасьць дыханьня паходзiць ад немагчымасьцi дыхаць, якая, немагчымасьць, у сваю чаргу, утворана стыхiяй, гуморам, той вадкасьцю, у якую ўпаў мiнiстар. Я мог бы сказаць, што, такiм чынам, мiнiстар памёр гумарыстычнай сьмерцю, аднак жа я далёкi ад меркаваньняў аж настолькi негрунтоўных, мне чужая страсьць тлумачыць, зыходзячы зь фiзiчных пачаткаў, тое, што натуральна i неабвержна пакоiцца на чыста псыхiчных пачатках. Мой найлiтасьцiвейшы княжа, пачэсны муж гаворыць адкрыта! Першапрычына сьмерцi мiнiстра была закладзена ў Ордэне зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках!

– Як? – усклiкнуў князь, гнеўна блiснуўшы вачыма на лейб-медыка. – Як? Што вы сказалi? Ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, якi  з такой годнасьцю, з такiм далiкацтвам  на карысьць дзяржаве насiў спачылы, – у гэтым прычына яго сьмерцi? Падайце мне доказы, альбо... камэргеры, якое вы наконт гэтага думкi?

– Ён павiнен прывесьцi доказы, ён павiнен прывесьцi доказы, альбо... – усклiкнулi ўсе сем бледных камэргераў, i лейб-медык сказаў далей:

– Мой слаўны, найлiтасьцiвейшы княжа! Я гэта дакажу, i таму ня трэба нiякага "альбо"! Усё праходзiла такiм чынам: цяжкi ордэнскi знак на стужцы, асаблiва ж гузiкi на сьпiне рабiлi шкоднае ўзьдзеяньне на ганглii хрыбетнiка. I ў той самы час ордэнская стужка рабiла цiск на  гузавата-валакнiстую зросьлiну памiж грудабрушнай перапонай i верхняй брыжнай жылкай, якую, зросьлiну, мы называем сонечным спляценьнем i якая дамiнуе ў лабiрынце iншых нэрвовых сплётаў. Гэты дамiнуючы орган знаходзiцца ў разнастайных адносiнах з цэрэбральнай сыстэмай, i натуральна, што згубнае ўзьдзеяньне на ганглii было таксама шкоднае i для яго. Але хiба непарушнае функцыянаваньне цэрэбральнай сыстэмы ня ёсьць неабходная ўмова сьвядомасьцi, асобы як выявы найдасканалейшага спалучэньня цэлага ў адным фокусе? Цi не зьяўляецца ўвесь жыцьцёвы працэс дзейнасьцю ў абедзьвюх сфэрах, у ганглiянальнай i цэрэбральнай сыстэмах? Дык вось, памянёнае згубнае ўзьдзеяньне парушыла функцыi псыхiчнага арганiзму. Спачатку паявiлiся змрочныя думкi пра тайнае самаахвяраваньне на карысьць дзяржаве праз хваравiта-балючае нашэньне ордэна i да таго падобнае; стан рабiўся ўсё больш небясьпечны, пакуль поўная дысгармонiя памiж ганглiянальнай i цэрэбральнай сыстэмамi не прывяла да поўнага зьнiкненьня прытомнасьцi, поўнага зьнiшчэньня асобы. Гэты стан мы i пазначым словам "сьмерць"! Так, найлiтасьцiвейшы валадару, мiнiстар ужо страцiў сваю асобу i быў, такiм чынам, зусiм мёртвы, калi падаў у гэты фатальны сасуд. А таму прычына ягонай сьмерцi была не фiзiчная, а невымерна больш глыбокая – псыхiчная.

– Лейб-медык, – сказаў князь незадаволена, – лейб-медык, вы балбочаце  паўгадзiны, але хай на мяне паляруш, калi я зразумеў хоць  адно слова. Што вы разумееце пад фiзiчным i псыхiчным?

– Фiзiчны прынцып, – зноў загаварыў медык, – ёсьць умова чыста вегетатыўнага жыцьця, а псыхiчны, наадварот, абумоўлiвае чалавечы арганiзм, якi знаходзiць рухавiк свайго быцьця толькi ў духу, у здольнасьцi мысьлiць.

– Я ўсё яшчэ, – усклiкнуў князь з найвялiкшай прыкрасьцю, – усё яшчэ не разумею вас, бязглузды вы чалавеча!

– Я мяркую, – сказаў доктар, – я мяркую, найсьвятлейшы княжа, што фiзiчнае датычыцца толькi чыста вегетатыўнага жыцьця, пазбаўленага здольнасьцi мысьлiць, як гэта мае месца ў расьлiн, а псыхiчнае адносiцца да здольнасьцi мысьлiць. Але калi апошняе ў чалавечым арганiзме стаiць на чале, дык медыку належыцца заўсёды пачынаць са здольнасьцi мысьлiць, з вобласьцi духу, i глядзець на цела толькi як на васала духу, якi павiнен падпарадкоўвацца, калi гэтага зажадае яго валадар.

– Ого! – усклiкнуў князь. – Ого! Лейб-медык, кiньце вы гэта! Лячыце маё цела i ня турбуйцеся апекамi над маiм духам, якi яшчэ нiколi не цвялiў мяне. Увогуле, лейб-медык, вы вельмi распацешны чалавек, i калi б я не стаяў цяпер каля цела свайго мiнiстра i ня быў так расчулены, я ведаў бы, што мне рабiць. А цяпер, камэргеры, пральемце яшчэ сьлязу над ложкам супакоенага i пойдземце палуднаваць.

Князь прыклаў насовачку да вачэй i ўсхлiпнуў, камэргеры зрабiлi тое самае; потым усе выйшлi.

Каля дзьвярэй стаяла старая Лiза, навесiўшы на руку некалькi вязанак цудоўнай залацiстай цыбулi, лепшай за якую не знайсьцi. Незнарок позiрк князя ўпаў на гэтую гароднiну. Ён спынiўся, скруха зьнiкла зь ягонага твару; ён ласкава i лiтасьцiва ўсьмiхнуўся i сказаў:

– Колькi жыву, а не давялося мне бачыць такiх цудоўных цыбулiн,  мабыць,  яны цудоўныя i на смак! Вы прадаяце iх, мiлая?

– А як жа, – адказала Лiза, нiзка прысядаючы, – а як жа, найлiтасьцiвейшая ваша сьветласьць, продажам цыбулi я здабываю сабе мой гаротны пракорм. Яны салодкiя, як чысты мёд. Цi не заўгодзiцца прычасьцiцца, найлiтасьцiвейшы спадару?

Яна працягнула князю вязанку самых ядроных, самых блiскучых цыбулiн. Той узяў, усьмiхнуўся, цмокнуў i ўсклiкнуў:

– Камэргеры, хай адзiн з вас падасьць мне ножык! – Атрымаўшы нож, князь асьцярожна i далiкатна абабраў цыбулiну i пакаштаваў. – Якая смаката! Якi солад! Якi цуд! Якi агонь! – усклiкнуў ён, i вочы ў яго заблiшчалi ад захапленьня. – Мне быццам здаецца, што я бачу перад сабою нябожчыка Цынобэра, якi кiвае мне i шэпча: "Купляйце, ежце гэтую цыбулю, мой княжа, гэтага вымагаюць iнтарэсы дзяржавы". – Князь сунуў старой Лiзе некалькi залатовак, i камэргеры мусiлi рассоваць па кiшэнях астатнюю цыбулю. Больш за тое! Ён пастанавiў, каб наперад, апрача старой Лiзы, нiхто iншы не пастаўляў цыбулю для княскiх фрыштыкаў. I вось мацi курдупля Цахеса, не разбагацеўшы, канечне, зьнябылася ўсякай  галечы i беднасьцi, i, мабыць, у гэтым ёй пасобiлi тайныя чары добрай феi Розабэльвэрдэ.

Пахаваньне мiнiстра Цынобэра было цi не самае вялiкапышнае, з тых, што калi-небудзь даводзiлася бачыць у Керапэсе; князь, усе кавалеры Ордэна зялёнаплямiстага тыгра ў глыбокай жалобе iшлi за труною. Званiлi ва ўсе званы, нават некалькi разоў стрэлiлi з абедзьвюх марцiраў, якiя зь вялiкiмi выдаткамi былi набытыя князем дзеля феерверкаў. Гараджане, народ – усе плакалi i бедавалi, што айчына засталася без найлепшай сваёй апоры i што каля стырна кiраваньня, мабыць, нiколi больш не станя дзяржаўны муж, поўны такога глыбокага розуму, душэўнай велiчы, рахманасьцi i нястомнай рупнасьцi за ўсеагульную даброць, як Цынобэр.

I на самай справе, страта гэтая засталася незаменнай, бо нiколi больш не знайшлося мiнiстра, якому аж так упасаваў бы Ордэн зялёнаплямiстага тыгра на дваццацi гузiках, як адышламу ў вечнасьць незабыўнаму Цынобэру.

 

Разьдзел апошнi

 

Сур'ёная просьба аўтара. – Як прафэсар Мош Тэрпiн супакоiўся, а Кандзiда ўжо нiколi больш не магла гневацца. – Як залаты жук забрунжаў нешта на вушка доктару Праспэру Альпанусу i як той зьехаў, а Бальтазар пачаў жыць у шчасьлiвым сужэнстве.

 

Ужо блiзiцца час, калi той, хто пiша табе, любасны чытач, гэтыя лiсты, вымушаны будзе з табою разьвiтацца, i вось яго ўжо агортвае туга i нясьмеласьць. Яшчэ шмат чаго ён ведае пра важныя дзеi курдупліка Цынобэра i зь вялiкай ахвотай пераказаў бы табе ўсё чыста, о мой чытач, бо палкасьць, якая нарадзiлася ў ягонай душы, неадольна прымусiла яго напiсаць гэтую аповесьць! Але! азiраючы ўсе падзеi, як яны былi паказаны ў папярэднiх дзевяцi разьдзелах, ён адчувае, што ў iх ужо ёсьць столькi ўсякага дзiвоснага, бездумнага, супрацiўнага цвярозаму розуму, што, гурбуючы яшчэ мноства падобнага, ён ставiць сябе пад рызыку, што, ўжываючы на лiхое твой давер, любасны чытач, зусiм ня знойдзе з табою нiякага зладу. Ён упрошвае цябе з тугою i нясьмеласьцю, якiя так нечакана сьцiснулi яго грудзi, калi ён напiсаў "Разьдзел апошнi", – хай будзе табе заўгодна з сапраўднай весялосьцю i спакойным сэрцам сузiраць гэтыя дзiўныя вобразы, нават сябравацца зь iмi; яны навеяны паэту прывiдным духам – Фантазусам, чыёй незвычайнай, капрызьлiвай натурай ён, магчыма, дазволiў сабе занадта захапiцца. А таму ня гневайся на абодвух – паэта i нязвычайнага духа! А калi ты, любасны чытач, зрэд-часу з таго-сяго пасьмейваўся сам сабе, дык ты быў у тым самым настроi, якi хацеў выклiкаць аўтар гэтых старонак, i тады, думае ён, ты многага не залiчыш яму ў вiну.

Шчыра кажучы, гэтая аповесьць магла б закончыцца трагiчнай сьмерцю курдупліка Цынобэра. Але хiба не прыемней будзе, калi замест скрушлiвага пахаваньня яе завершыць радаснае вясельле?

Ну дык вось, зьлёгку нагадаем яшчэ пра прыгажуню Кандзiду i шчасьлiвага Бальтазара.

Прафесар Мош Тэрпiн быў адукаваны, спанатраны ў навуках чалавек, якi, згодна з мудрым выслоўем: "Nil admirari"З нiчога не давацца дзiву (лац.). ужо шмат-шмат гадоў не зьдзiўляецца, што б там нi здаралася. А цяпер, свабодны ад усёй сваёй мудрасьцi, ён мусiў увесь час зьдзiўляцца, аж пад канец пачаў скардзiцца, што  больш ня ведае, цi праўда прафэсар Мош Тэрпiн, якi раней кiраваў усiмi справамi па натуральнай лiнii ва ўсёй дзяржаве,  усё яшчэ ходзiць на сваiх нагах, дагары галавою.

Спачатку ён зьдзiвiўся, калi Бальтазар прадставiў яму доктара Праспэра Альпануса як свайго дзядзьку i той паказаў яму даравальны запiс, паводле якога Бальтазар зрабiўся ўладальнiкам сельскага дамка за гадзiну язды ад Керапэса, разам з памежнымi ляснымi абшарамi, палямi i лугамi; ён ледзь паверыў сваiм вачам, калi ўбачыў, што ў iнвэнтарным росьпiсе памянёна каштоўнае начыньне, нават  залатыя i срэбныя зьлiткi, каштоўнасьць якiх перавышала ўсё багацьце княскай скарбнiцы. Потым ён зьдзiвiўся, паглядзеўшы праз Бальтазараву ларнэтку на выдатную труну, у якой пакоiўся Цынобэр, i яму раптам здалося, што нiякага мiнiстра Цынобэра нiколi ня было, а быў толькi маленькi, няўклюдны, нягеглы выпладзень, якога выпадкова палiчылi за разумнага, усёведнага, мудрага мiнiстра Цынобэра.

Зьдзiўленьне Моша Тэрпiна дасягнула найвышэйшай ступенi, калi Праспэр Альпанус пачаў вадзiць яго па доме, паказваючы сваю бiблiятэку i iншыя вельмi дзiвосныя рэчы, i нават учынiў цэлы шэраг пiкантных досьледаў з рэдкiмi расьлiнамi i жывёламi.

Прафесару дапала ў галаву, што ўсе ягоныя дасьледаваньнi па лiнii натуральнай гiсторыi абсалютна нiчога ня вартыя i ён заключаны ў выдатны, стракаты, чароўны сьвет, быццам у яйка. Гэтая думка так перапалохала яго, што пад канец ён пачаў скардзiцца i плакаць, як дзiця. Бальтазар адразу адвёў яго ў даволi вялiкi вiнны склеп, дзе вачам прафэсара явiлiся блiскучыя бочкi i бутэлькi. Тут, лiчыў Бальтазар, яму будзе больш вальготна ўчыняць свае штудыi, чым у княскiм склепе, i ён зможа поўнiцай дасьледаваць прыроду ў цудоўным парку.

Тут прафэсар супакоiўся.

Вясельле Бальтазара згулялi ў загародным доме. Ён, яго сябры – Фабiян, Пульхер – усе зьдзiўлялiся зь незямной прыгажосьцi Кандзiды, чароўнага хараства яе адзеньня, усёй яе iстоты. То i насамрэч былi чары, бо фея Розабэльвэрдэ, якая была на вясельлi пад выглядам кананiсы фон Розэншэн, забылася на свой гнеў i сама ўбрала  Кандзiду пышнымi, прыгожымi ружамi. А яно ж вельмi добра вядома, што сукенка станецца ў акурат каму хоч, калi за справу возьмецца фея. Апрача таго Розабэльвэрдэ падарыла чароўнай нявесьце блiскучыя каралi, магiчнае дзеяньне якiх выяўляецца ў тым, што надзеўшы iх, яна ўжо нiколi не магла быць засмучана якой-небудзь драбязою, дрэнна завязаным бантам, няўдалай прычоскай, плямай на бялiзьне альбо чым-небудзь яшчэ. Гэтая здольнасьць, якою каралькi надзялялi Кандзiду, надавала яе тварыку адмысловы шарм i прыветлiвую весялосьць.

Маладыя былi на сёмым небе i – такое дзеяньне рабiлi на iх тайныя чары мудрага Альпануса – усе знаходзiлi словы i прыветлiвыя позiркi мiлым сябрам. Праспэр Альпанус i Розабэльвэрдэ паклапацiлiся пра тое, каб дзень вясельля быў пазначаны прыгожымi цудамi. Усюды з кустоў i дрэў чулася салодкая гармонiя каханьня, тым часам  як з-пад зямлi вырасталi блiскучыя сталы з выдатнымi  далiкатэснымі лагодкамі i крышталёвымi графiнамi, зь якiх цурчала высакароднае вiно, якое разьлiвалася агнём па жылах.

Настала ноч, i агнявыя вясёлкi перакiнулiся над паркам, i блiскучыя птушкi i насякомыя запырхалi навакол, i, калi яны трымцелi крылцамi, зь iх сыпалiся мiльёны iскраў i складвалiся ў розныя прыгожыя фiгуркi, якiя ўвесь час мянялiся, скакалi i кулялiся ў паветры i раптоўна зьнiкалi ў кустах. I ўсё мацней гучала лясная музыка, i начны вецер разносiў таямнiчы шэпт i салодкi водар.

Бальтазар, Кандзiда, госьцi прызналi дзеяньне магутных чараў Праспэра Альпануса, але Мош Тэрпiн, захмялеўшы, сьмяяўся i казаў, што за ўсiм гэтым крыецца ня хто там якi, а прайдзiсьвет – оперны дэкаратар i князеў феерверкер.

Пачулiся рэзкiя ўдары звона. Блiскучы залаты жук апусьцiўся на плячо Праспэра Альпануса i, здавалася, нешта цiхенька забрунжаў яму на вуха.

Праспэр Альпанус устаў са свайго месца i сказаў урачыста i сур'ёзна:

– Любасны Бальтазар, цудоўная Кандзiда, сябры мае! Настаў час – Лотас клiча, я мушу з вамi расстацца!

Тут ён падышоў да маладой пары, пачаў зь ёю цiха гутарыць. Абодва, Бальтазар i Кандзiда, былi вельмi расчуленыя, здавалася, Праспэр даў iм розныя добрыя парады; ён абняў iх зь пяшчотнай гарачнасьцю.

Потым ён зьвярнуўся да фройляйн фон Розэншэн i гэтак сама цiха загаварыў зь ёю, – мабыць, яна надавала яму розных даручэньняў па лiнii чараўнiцтва i фей, i ён вельмi ахвотна ўзяўся iх выконваць.

Тым часам з воблакаў апусьцiлася маленькая крышталёвая карэта зь дзьвюма блiскучымi стракозамi, якiмi кiраваў срабрысты фазан.

– Бывайце, бывайце! – усклiкнуў Праспэр Альпанус, сеў у карэту i пачаў падымацца ўсё вышэй i вышэй над вясёлкамi, пакуль нарэшце ня блiснуў у нябесных высях маленькай зорачкай, якая зьнiкла ў аблоках.

– Цудоўны мангальф'ер! – прахрыпеў Мош Тэрпiн i, адолены вiном, апусьцiўся ў глыбокi сон.

Бальтазар, паслухаўшыся парадаў Праспэра Альпануса, здабываючы разумную карысьць з валоданьня цудоўнай сядзiбай, зрабiўся сапраўды добрым паэтам, а як што iншыя ўласьцiвасьцi гэтага маёнтка, пра якiя казаў, маючы на ўвазе Кандзiду, Праспэр Альпанус, спраўдзiлiся i як што Кандзiда нiколi ня здымала каралькаў, падораных ёй на вясельлi кананiсай Розэншэн, дык Бальтазар зажыў у шчасьлiвым сужэнстве, радасьцi i шчасьцi, як толькi мог калi-небудзь зажыць паэт з цудоўнай маладой жонкай.

I, такiм чынам, казка пра мальца Цахеса, празванага Цынобэрам, цяпер i на самай справе набыла радасны

КАНЕЦ.

 

 

Камэнтар

 

Пафнуцiй – Гофман узяў большасьць iмёнаў з кнiгi Ёгана Геарга Цымэрмана (1728–1795) "Пра самотнасьць" (1784) – Пафнуцiй, Праспэр Альпанус, Барсануф, Пталамэй Фiладэльфус, Руфiнус.

Дзень сьвятога Лаўрэна – 10 жнiўня.

Альраўн – корань мандрагоры, падобны на маленькага чалавечка.

Кнiга турнiраў Рыксьнэра – Маецца на ўвазе кнiга Геарга Рукснэра (выдадзена ў 1530 г.), у якой апрача зьвестак пра турнiры дадзена апiсаньне германскiх дваранскiх гербаў.

...належнае ведзьмам выпрабаваньне – западозраных у вядзьмарстве кiдалi ў ваду; калi чалавек не тануў, гэта служыла доказам яго сувязi з д'яблам.

"Сiр! увядзiце асьвету!"– Парадыйнае пераасэнсаваньне славутага заклiку, зь якiм маркiз Поза ў драме Шылера "Дон Карлас" зьвяртаўся да караля Фiлiпа II – "Сiр! – дайце  свабоду думкi!" (3 акт, 10 сцэна).

Джынiстан– жытлiшча феяў у казках "Тысячы i адной ночы".

...разбiты асьлiнай скiвiцай – паводле Бiблii (Суддз. 15:15), Самсон пабiў асьлiнай скiвiцай фiлiстымлянаў. Нямецкае слова Philister  азначала  – "фiлiстымлянiн".

...вылечыць высакароднага прынца – гутарка памiж Гамлетам i Гiльдэнстэрнам у "Гамлеце" Шэксьпiра (3 акт, 2 сцэна).

"Чароўны пярсьцёнак" – У 1813 годзе выйшаў раман "Чароўны пярсьцёнак" барона дэ ла Мот-Фукэ (1777–1843), запрыязьненага з Гофманам.

...най-найвышэйшая ступень жаночай жаноцкасьцi – сатырычны намёк на Лiяну ў рамане Жан Поля "Тытан" (1800-1803).

...прыпадабняюцца да сьвятога Гэранiма – такiя зьвесткi ў Цымэрмана ("Пра самотнасьць").

Лукаш Кранах Старэйшы (1472 – 1553), мастацтва якога было  вольнае ад перайманьня iтальянскiх узораў, прадстаўлены тут як чыста нямецкi мастак.

...нагадваючы картэзыянскага хохлiка – так была названа французскiм фiлосафам Рэнэ Дэкартам (лац. Рэнатус Картэзіус, 1596 – 1650) полая шкляная лялька, якая плавала ў вадзе вэртыкальна.

Канцэрт Вiёцi – Джыаванi Бацiста Вiёцi (1753 – 1824) – iтальянскi скрыпач-вiртуоз i кампазiтар.

Шкляны гармонiк – старадаўнi музычны iнструмент, якi складаўся са шкляных паўшар'яў, якi гучаў ад дакрананьня вiльготных пальцаў.

...казымiравыя панталоны – казымiр, кашамiр – тканiна.

Калiостра – Аляксандар граф Калiостра, сапр. Джузэпэ Бальзама (1743 – 1795), шырока вядомы ў Еўропе iтальянскi авантурнiк i шарлатан.

Вiглебава "Магiя" – Ёган Крысьцiян Вiглеб аўтар кнiгi "Навука натуральнай магii" (1782), з маладосьцi вядомай Гофману.

... заезны натуралiст, якi вяртаўся з Паўночнага полюса. – Жартоўны намёк на пiсьменьнiка Адэльберта фон Шамiса, якi ў той час якраз вярнуўся з падарожжа вакол сьвету.

Зараастр (Заратустра, Заратуштра) – рэфарматар старажытнаiранскай рэлiгii, якая атрымала назву – зараастрызм.

Оксгофт –  бочка, прыкладна на тры вядры.

Алiкантэ – дэсертнае вiно зь iспанскай правiнцыi Алiкантэ.

Чарта-Бхада – у кнiзе Готхiльфа Генрыха Шуберта "Погляды на начны бок натуральных навук" (1808) згадваецца iндыйская кнiга з такой назвай.

Мiнiстар Ючы – у Шубэртавых "Поглядах..."  расказваецца пра кiтайскага iмпэратара, якi правiў 5 ст. да н.э., мiнiстар якога Ючы вызначыў Палярную зорку

"На небе i ў зямлi схавана болей..." – Шэксьпiр, "Гамлет", дзея першая, сцэна пятая.

...ён памёр ад боязi памерцi – словы з драмы Фрыдрыха Шлегеля "Аларкос" (18О2), якiя ў час першага прадстаўленьня выклiкалi сьмех у публiкi.

Гумор – вадкасьць; грэцкi ўрач Гiпакрат (460 – З77) лiчыў асновай усяго сутнага чатыры гуморы.

Мангальф'ер– паветраны балон, названы так паводле iмя iх вынаходнiкаў братоў Мангальф'е.

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=121 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Курдупель Цахес, якога звалi Цынобэр

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Дзівотня