Літаратура.org » Чытальня » Карэла-фінскі эпас, Руна першая

Руна першая

Карэла-фінскі эпас — Фінская — Якуб Лапатка

Уступ (1 – 102) Дзева паветра апускаецца на марскія хвалі і, зацяжарыўшы ад ветра і вады, становіцца маці вады (103 – 176) Качка зьвівае гняздо на калене маці вады і адкладвае яйкі (177 – 212)  Яйкі выпадаюць з гнязда і разьбіваюцца на кавалкі, якія ператвараюцца ў неба, зямлю, сонца, месяц ды хмары (213 – 244) Маці вады стварае мысы, затокі, берагі, водмелі ды глыбіні мора (245 – 280) Маці вады нараджае Вяйнямёйнена, яго даўгі час носіць па хвалях, пакуль не прыбівае да берага (281 – 344)

 

У мяне ўзьнікла думка,

нарадзілася жаданьне

засьпяваць, завесьці песьні

ды пусьціць за словам слова

5 старажытных песнасьпеваў,

роду нашага паданьняў.

Растаюць у роце словы,

з вуснаў птушкаю ірвуцца,

зь языка яны зьлятаюць 

10 ды паміж зубоў струменяць.

Мілы сябра, братка любы

залатых гадоў таварыш!

Засьпявайма разам песьню

ды прамовім разам словы

15 калі тут ужо сыйшліся,

з двух бакоў мы на сустрэчу!

Рэдка мы бываем разам,

рэдка бачымся з табою

на прасторах запусьцелых,

20 у краі Поўначы ўбогім

Дык давай мне свае рукі,

моцна счэпім свае пальцы,

засьпяваем гучна песьні 

ды найлепшыя паданьні

25 каб сябры нашы пачулі,

ды паслухалі прыветна,

каб пачулі нашы дзеці,

каб пачула наша моладзь:

як зьбіралі, зьберагалі

30 тыя вершы, тыя сьпевы

ў апаяску Вяйнямёйнен,

у кузьні волат Ільмарынен,

у вострай сталі Каўкамелі,

у джалах стрэлаў Ёўкахайнен,

35 у паўночных дальніх гонях

Калевалы верасовай.

Іх сьпяваў калісьці бацька,

калі рэзаў тапарышча,

маці навучала песьням,

40 калі ніткі выпрадала,

я ж тады дзіцёнкам малым 

каля ног яе круціўся,

немаўлятка неразумны

маці малаком духменіў

45 Словаў шмат было пра Сампа

ды пра чары хітрай Лоўхі:

і старэла ў песьнях Сампа,

згінула ад чараў Лоўхі,

Віпунен сканаў ад чараў,

50 Леммінкяйнену карагодах.

Ёсьць яшчэ нямала песень,

загавораў шмат я помню,

што сабраў я па ўзьмежках

ды з галінак верасовых,

55 ды з кустоў каля дарогі,

з розных парасткаў маленькіх,

з патаптаных сьпелых траваў,

там, дзе пасьвіў я гавяду,

у гады свае малыя,

60 пастушком хадзіў за статкам,

там, па купінах мядовых

там, па залатых палянах

усьлед за Муўрыккі-чарнохай,

побач з Кіммаю пярэстай

65 Насьпяваў мароз мне песьні,

дождж нашапацеў мне вершаў.

Вецер слоў яшчэ навеяў,

хвалі з мора нашапталі.

Птушкі ў шэраг словы склалі,

70 вершаліны дрэўу сказы.  

Я зматаў іх у клубочак,

у адзін маток зьвязаў іх.

Я паклаў клубок на сані,

у вазок паклаў я зьвязку,

75 песьні я прывёз дадому,

да асеці я давёз іх

і паклаў у медны кошык

пад столь клеці на паліцу.

Доўга песьні на марозе

80 у маркоце праляжалі.

Ці не ўзяць нам іх са сьцюжы,

не забраць з марозу песьні?

ці ня ўнесьці ў хату кошык,

ды на лаву тут, пад стольлю,

85  пад магутнай кроквай новай

пад прыгожаю паставіць?

Моадчынім кошык песень,

поўную паданьняў скрынку,

каб клубок той разматаць нам,

90 разьвязаць маток легендаў?

Лепшую сьпяю вам песьню,

каб найлепей загучала,

хай дадуць мне хлеба лусту,

паднясуць мне куфаль піва.

95 А калі ня будзе піва,

альбо квасу маладога,

дык сьпяю я песьню нашча,

нават без вады, насуха,
каб вясёлым быў наш вечар,

100 каб уславіць дзень мінулы

ды парадаваць дзень новы

раньне новае пацешыць.

Чуў я некалі як песьні,

дзіўнасьпеўныя складалі:

105 па адной прыходзяць ночы,

дні па аднаму сьвітаюць,

і ў самоце нарадзіўся 

Вяйнямёйненпеснапеўца,

юнай Ілматар дзіцятка,

110 маладой дачкі паветра.

На паветраных прасьцягах

гожае дзіця прыроды

доўга берагла цнатлівасьць,

заставалася нявіннай 

115 на паветраных падворках,

на раўнінах гладкіх неба.

Ды журба апанавала,

надакучыла дзяўчыне

век адною заставацца,

120 век самотнай ды нявіннай

на паветраных падворках,

на раўнінах гладкіх неба;

і зьляцела зусім нізка,

на марскія хвалі села,

125 на марскі хрыбет бязьмежны,

на марскі прастор бяскрайні.

Наляцеў шалёны вецер,

ярасны віхор з усходу,

пену ён пагнаў па моры

130 ды ўзьняў высока хвалі.

Калыхаў дзяўчыну вецер

ды насілі хвалі дзеву

па марскіх абшарах сініх,

па вяршынях белапенных:

135 зацяжарала ад ветру

і ад хвалі плод панесла

Цьвёрды плод яна насіла,

чэрава сваё цяжкое

можа сем стагоддзяў цэлых,

140 дзевяць жыцьцяў чалавечых;

ды не наступалі роды,

незачаты не радзіўся.

Маткаю вады дзяўчына

мчала на ўсход, на захад,

145 і да поўначы, да поўдня,

да нябесных даляглядаў

у бязьлітасных пакутах,

родаў вогненных спахватак;

ды не наступалі роды,

150 незачаты не радзіўся.

Стала ціха плакаць дзева,

кажучы такія словы:

Вохці мне, гаротнай дзеве,

і маёй няшчаснай долі!

155 Чаму раптам я з паветра 

апынулася на моры

каб ганяў мяне тут вецер,

каб мяне гайдалі хвалі

па марской вадзе бязьмежнай,

160 па марскіх бурлівых хвалях!

Лепей бы я засталася,

як раней, дачкой паветра,

чым, як зараз, чужаніцай,

маткаю вады гайдацца:

165 золка мне тут і няўтульна,

холадна мне тут, няшчаснай,

жыць на хвалях дурасьлівых,

плаваць па вадзе сьцюдзёнай.

Гэй ты, Укка, бог вярхоўны

170 валадар ўсяго паветра!

Ты прыйдзі на дапамогу

ты прыйдзі на заклік гучны,

ты пазбаў ад болю дзеву,

а жанчыну ад пакутаў!

175 Не марудзь, а пасьпяшайся

пільная ў мяне патрэба!”

Хутка час прайшоў кароткі,

усяго адно імгненьне,

прыляцела качка-птушка,

180 бе крыламі ў паветры,

месца для гнязда шукае,

для жытла шукае месца.

на ўсход ляціць, на захад,

і на поўнач, і на поўдзень,

185 ды знайсьці ня можа месца,

нават кепскага ня знойдзе,

каб там зьвіць сабе гнязьдзечка,

каб жытло сабе там зладзіць.

Пакружыла, палятала

190 і, падумаўшы, сказала:

Ці то зьвіць гняздо на ветры,

ці жытло зрабіць на хвалях?”

Дык гняздо разьвее вецер,

разьнясуць па моры хвалі.” 

195 Слаўная дачка паветра,

гаспадыня вод пачула,

плячо з хваляў паказала

ды ўзьняла з вады калена,

каб гняздо зьвіла там качка,

200 каб жытло сабе зрабіла.

Качка, стройная істота,

усё лятае, кружыць, кружыць,

раптам на прасторы сінім

бачыць маці вод калена

205 і за купіну прызнала,

за зялёны мяккі дзёран.

Пакружляла, палятала,

села на калена дзеве

і зьвіла сабе гнязьдзечка,

210 каб адкласьці туды яйкі:

залатых было шэсьць яек,

сёмае -- было з жалеза.

Пачала выседжваць яйкі

награваць калена дзевы,

215 дзень сядзела, два сядзела,

трэці дзень калена грэе.

Маці водаў, дзева неба

гаспадыня мора чуе,

што агнём гарыць калена

220 скура, як агонь палае;

думае: згарыць калена

і ўсе жылы там растануць.

Так каленам варухнула,

здрыганулася ўсім целам,

225 што ў ваду зьляцелі яйкі,

на марскую хвалю ўпалі,

ушчэнт разьбіліся аб воды,

патрушчыліся ў кавалкі.

Не прапалі яйкі ў твані

230 у глыбінях вод кавалкі,

выгляд набылі цудоўны,

усе зьмяніліся дзівосна:

ніжняя часьціна яйка

стала маткаю-зямлёю,

235 верхняя часьціна яйка

небасхілам стромкім стала,

верхняя жаўтка часьціна 

сонцам зазіхцела яркім,

верхняя бялка часьціна

240 ясным месяцам зазьзяла,

што было пярэстым ў яйках

стала зоркамі на небе,

а цямнейшыя часьціны

сталі хмарамі ў паветры.

245 Час ідзе сабе наперад,

год за годам прабягае

сьвеціць маладое сонца,

новы маладзік зіхцее.

Усё плыве дачка паветра 

250 гаспадынямаці водаў

па вадзе плыве спакойнай,

па туманных плыве хвалях

перад ёй -- вада бязь межаў,

неба сьветлаеза ёю.

255 Дзевяць год так праляцела,

наступае год дзясяты

галаву над роўняй мора 

узьняла дачка паветра

ды ўзялася за стварэньне

260 пачала тварыць тварэньні

на марскіх хрыбтах празрыстых

на абшарах вод адкрытых.

Як рукою дзе кранала --

мыс за мысам узьнімаўся,

265 дзе нагой дно даставала

ямы рыбныя ўзьнікалі,

там, дзе бурбалкі пускала

цёмныя віры глыбелі.

Дзе зямлю кранала бокам

270 роўны бераг там рабіўся,

а нагой чапляла сушу

ласасёвыя затокі;

галавой ледзь закранала

бухты малыя стварала

275 Адплыла ад сушы далей

ды спынілася на хвалях

пад вадой узьніклі скалы,

камяні на дне ўзьняліся

караблям ды мараходцам

280 на нянацкую пагібель.

Выспы вось ужо гатовы,

скалы створаны ў моры,

небакрай вятры падпёрлі,

землям дадзены найменьні,

285 знакі на каменьнях бачны,

рэзы выразаны ў скалах,

толькі вечны песнапеўца

Вяйнямёйнен не радзіўся.

Векавечны Вяйнямёйнен

290 у цёмным чэраве блукае,

трыццаць летаў там прабыў ён,

гэтулькі ж і зім халодных

на марскіх прасторах сьветлых,

на марскіх туманных хвалях.

295 Вось ён думае, гадае,

што ж рабіць яму тут далей,

у цёмным патаемным месцы,

у жытле маленькім цесным,

дзе маладзіка і сонца

300 ён ніколі там ня бачыў.

Ён такія словы мовіў,

ён сказаў такія словы:

Месяц, сонца залатое,

ты, Мядзьведзіца, на небе,

305 навучыце, памажыце

адчыніць мне тыя дзьверы

ды гняздо маё пакінуць,

маю цесную хаціну!

Пакажыце мне дарогу,

310 шлях да берага дзіцёнку,

каб пабачыць месяц ясны,

сонцам сьветлым захапляцца,

на Мядзьведзіцу дзівіцца,

паглядзець на зоркі ў небе!”

315 Не пусьціў на волю месяц

сонца шлях не паказала.

Патрываў ён яшчэ крышку

і жыццё такое ўстыла:

моцныя хіснуў вароты

320 безнайменным сваім пальцам,

адамкнуў замочак з косьці

малым пальцам нагі левай,

на лакцях сьлізнуў з парога,

з сенцаў на каленях выйшаў.

325 Ён зваліўся ніц у мора,

паляцеў рукамі ў хвалі,

муж аддаўся цёмным водам

і застаўся там ў хвалях.

Пяць гадоў ён так гайдаўся,

330 пяць і шэсьць гадоў спадраду,

сем і восем год праплаваў,

ды нарэшце супыніўся

каля мыса без найменьня,

ля зямлі зусім бязьлеснай.

335 На калені муж узьняўся

ды на локці абапёрся,

устаў пабачыць месяц ясны,

сонцам сьветлым захапляцца,

на Мядзьведзіцу дзівіцца,

340 паглядзець на зоркі ў небе.

Так радзіўся Вяйнямёйнен,

роду мужны песнапеўца,

вынашаны дзевай неба,

Ілматар, дачкой паветра.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=84 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Руна першая

Карэла-фінскі эпас — Фінская — Якуб Лапатка

Для друку   /   Чытальня

Калевала. Руна 1. Мал. Б. Акбулатаў
Калевала. Руна 1. Мал. Б. Акбулатаў