Літаратура.org » Чытальня » Ігар Бабкоў, Solus Rex

Solus Rex

Ігар Бабкоў

 

There they were, dignified, invisible,

Moving without pressure, over the dead leaves…

T.S. Elliot, “Four Quartets”

 

 

ТЭРЫТОРЫІ НОЧЫ

 

***

 

За небакраем Эўропы: у акопах заціхла туга

Людзі, нібыта пасьля хляраформу, жывуць-паміраюць

Ціхае літаньне: НЯ СПАЦЬ

Цёмныя, начныя словы на паперы згараюць

 

Кроплямі маляванага раю сьцякаюць з-пад рук

Існаваць, існаваць

Ісьці тваімі шляхамі, забытая зьнічка Эўропы

Глядзі:

Нібы вечнасьць у шашкі, гуляюць у сьмерць далакопы

 

За небакраем паэзіі: ноч, ханскі патруль

Далакопы дзеляць вопратку, колькі стагодзьдзяў?

Ах, сьвятая нянавісьць, толькі тут мы дома

Сярод пахаваных магіл ды забытых багоў

 

* * *

 

Сьмерць, азірнуўшыся, фігуркі рассыпала ў пыл

Часе мой прагны, ці бачыш

Крывёй набрынялыя, сьляпыя твае сьляды

Сьмяесься, плачаш?!

 

О, гэтыя людзі, зь цьмяным агнём уначы

Базылікі, душы

Каменьчыкі, па беразе раскіданыя, аа—аа

Шукацьмеш сушы

 

І ноч, нібы спраўджаны нарэшце Эдэм

Туліцца, грэе

Прадраныя боты хлюпаюць, песьні пяе

І мроіць завея

 

Замсты вясьляр вяслуе, шукае зямлю

Ды шэрыя вочы

Пабраныя са сьцюжай ужо і кляштарным сном

Нязбыўнай ночы

 

***

 

Абгостраны рысы і позірк зацяты, дарма

За шыбамі ноч і цікуе, скавыча зіма

 

Вачэй сівізна і сівыя, старыя часы

Павыпаў сьняжок, каб пазбыць, прыхаваць галасы

 

І дворнік струмкі сярод ночы вартуе адзін

Сон згаслых вачніц ды замкнёнасьць глухіх дамавін

 

Прадонных пакояў высокую, белую столь

Дзе ў вопратцы лёсу віруе бязьлітасны боль

 

Распусны, халодны, пранізьлівы бляск ліхтара!

Адчай даўгавейны, самота, рыпеньне пяра...

 

***

 

Дзень, нібы дрэва, лістотай сваёй ападае

У Сьцікс хуткаплынны, а полымя душ застаецца

Ўтойна забытае тойнасьць сваю пакідае

Нібы ліхтар, вечаровая мудрасьць даецца

 

Погалас плыткі азяблых засьнежаных вулак

Спаць укладаецца ў белыя злыя сумёты

Простыя словы, жыцьця нечаканы прытулак

Гояць тугу апантанай расхістанай слоты

 

Хто ж гаспадар і зь якіх яны хованак крочаць

У душах пасьлеплых кранаюць дрыготкія шалі

Што там гавораць, завуць, абяцаюць, прарочаць

Ці не пра тое, каб верліва мы не сьпяшалі

 

Ці не ласкавей гаіцца туга цішынёю

Божухна мой, няўгледжаны, злы, шэравокі

Ці не застаўся адтульнай парою начною

Сьлед невядомы, на сьнезе, таемны, глыбокі?!

 

***

 

Лістота шорхая віруе ў цішыні

І кіпню пошап белапенны

Драбінку крохкую астылых сноў зямлі

Вяртае ў сьвет, дасюль нязьменны

 

Навеяй, подыхам працяла гэта золь

Здранцьвеньне тоеснага ладу

Прачнуты сон і ўтаймаваны боль

Сярод жальбы і заняпаду

 

І Мойры, выткаўшы сьляпога лёсу ніць

Спыняюць працу разгублёна

І нельга цьмянага сьвятла перапыніць

Там дзе сунічна і зялёна

 

Лунаюць, зяляцца аддуманыя сны

І рэчва спадаюць краты

Ў дзіцячай гушкалцы калышуцца яны:

Пакутны сьвет і цішыня гарбаты

 

***

 

Выспа, людзкі паратунак, неакрэсьлены тут твае межы

Цьмяных пакояў вачыма пранізьліва ў душу ідзеш

Нібы ласкавая пройма, мінаеш сірочыя вежы

І хаўтуровыя плямы на зьнічныя вочы кладзеш

 

Горад заснуў, ліхтары недатычнасьць вартуе

Пошасьць вады й мерцьвякоў катаваны адхон

Сівы млынар паркалёвыя твары частуе

Зьзяе абрус і растулены крэйдаю скон

 

І глыбінёю жахлівай пужае забытая мова

Птушка чакае агонь і не трывае хада

Конікам дзікім зьвініць ашклянелае слова

І ў каганцы бледнатварая сьвеціць нуда

 

Выспа, людзкі паратунак, шукацьмеш размкнутага шляху!

Не цьвінтары, а дубовых шатаў сьвятло

Над галавою — абшары блакітнага даху

І ў душы — агнёў паганскіх цяпло

 

***

 

Калі прагная цемра сыходзіць на горад начны

Ліхтары заціхаюць у тузе катаванай нямоты

Меднавокія восы разносяць халодныя сны

Спалатнелы адчай у прылеглыя, злучныя соты

 

І ўздрыгвае чуйна мой сьненьнем замроены твар

Купалінка начная празь цёмную глебу праб’ецца

Ладзіць хіжыя скокі пакутаў сівы гаспадар

Зварухнутая вечнасьць птушыным крылом азавецца

 

І самотнае слова, шукаючы горкі спакой

З шчыльных камор трапляе ў сьвет неаглядна —сукрыты

Там, над безданьню Леты, учынены ветлай рукой

Золак фарбы кладзе, аглядае свае дрэварыты

 

Змуста, рандар маўклівы, у келіхах сьпеліць віно

Адпраўляе імшу, шныпаруе крулёвая варта

Дзень жыцьцё абвяшчае, дый вычварна танчыць адно

Балбатлівы сьняжок прыхавана-сталёвага гарту

 

***

 

Памірае зямля. Уваскрасаюць самотныя ветры

Як у сэрца каханьне, лістота кладзецца на дол

На пакінутым пляцы пытае ў неба дазвол

І павольна сьціхае, сыходзіць у цяжарныя нетры

 

Як адтульна, як цяжка ў зімовую доўгую ноч!

Стос папер на стале, моўкне сэрца ў сутарзе веры

Ад гаротных завей не пазычыш зьбялелае меры

І ацятай душы не абудзішся, як не прароч

 

Дзе ж ты, прывідны сьвет, той Адзіны і Ветлы і Боскі?

Палымяна, няўцешна шчыруе цяпельцам агмень

Праз калючыя хмары праб’ецца лагодны прамень

Ды ў нярадасным сьне і душа, і журботныя вёскі

 

Памірае зямля. Уваскрасаюць Таемныя сны

Праз каханьне і сьмерць прарастаюць чырвоныя ружы

Бог журбы і самоты сьпявае ад мройнае сьцюжы —

Неспакойнае сэрца трывожна-імглістай вясны

 

***

 

Узьняўшыся вольнаю птушкаю ў неба над краем забраным

У бязьмежны, бяссоны блакіт — ён складае журботныя крылы

І падае ўніз, там крывавяць адвечныя раны

І горды вятрыска сьвятыя ласкае магілы

 

Узыйшоўшы самотнаю зоркай уначы

над развораным полем

Бяззорнае, ханскае ночы — да стоенай жальбы прыкуты

Ён сьвеціць, ня грэе, зіхоткім пранізьлівым болем

Няветлы, нявольны і ў золаце дня не пачуты

 

ANІMULA VAGULA BLANDULA

 

***

 

Вандроўніца пяшчотная, душа

Блукае ў сьвеце, вокрыкаў ня чуе

Таемнасьць вольных сноў не занатуе

Шануе неруш, вышчарнасьць нажа

Загойвае ўзьнёслымі радкамі

І сутву рушыць кволымі рукамі…

 

Агеньчык, Бадулінка, Эўрыдыка,

Ідучы ў ноч, ці спадзяесься ты?

Адкуль бярэш пяшчотнае цнаты

Сярод натоўпаў, вулак, гвалтаў, крыку?

Чаму пяшчота з-пад паніцых вей?

І, божухна даруй, дзе твой Арфэй?!

 

***

 

Тут горад быў і зь ліхтароў

Плыло сьвятло і час гайдаўся

У брук аздобленых двароў

І вэлюм ночы ахінаўся

 

І ў падрабязнасьцях жыцьцё

Гаіла ў збалелых душах

Сьляпую замсту-забыцьцё

А вецер вочы зацярушваў

 

У дзіўны, непадробны сьвет

Вяла хада маўклівых вулак

Чыніўся новы запавет

І час шукаў сабе прытулак…

 

Тут горад быў і вышыню

Дарыў збалелым, хворым душам

Нябёс сьвятую цеплыню

А вецер вочы зацярушыў...

 

***

 

У мізэры апранах

Сівых гарадоў

Памяць, — гаркавы пах

Нямілы дом

 

Спотырч ляцелі, куды?

Мо да сьвятла

Абляцелі сады

Узмах вясла —

 

Далей, човен, далей!

Хопіць, вясьляр

Хай прасохне алей

У краіне мар

 

Хай ад фарбаў густых

Спачнуць маляры

Хай на пляцах пустых

Гараць ліхтары.

 

***

 

Празрысты, прывідны крышталь

Сьпявае ў сьнегавым бяссоньні

І абтрасае на далоні

Зімовых сноў шалёны баль

 

 

Алмазных сьпеваў вастрыня

Пляце бязважкія карункі

І люстраная цішыня

Нямоты спазнае дарункі

 

На ветах дымкага ляза

Дыхні ў досьвітнай цямрэчы

І шклярусу спакой аспрэчыць

Блакітнай вечнасьці сьляза

 

Вользе

 

Цяпло каханых веяў, назаўжды

Ды ў душах, палахліва і трывожна

Аквеценыя ў сум і бель сады

Загойдае вятрыска асьцярожна

 

Замроіць, зашапоча, заімжыць

Нам восеньскай галёнавай жалобай

І немагчыма вусны расчыніць

Нямоцтва нам і плёнам і аздобай

 

І ўцямім мы, сярод рабоў і тла

У мройнай і прычужанай краіне

Што вернасьць неакупнаю была

І сьвет злучоных душаў не адрыне

 

Заве туга, ды яблык залаты

Няўмольным прыцягненьнем пагарджае

І ад пяшчоты, — глебы і слаты

У халодныя нябёсы адлятае...

 

***

 

Халодны, ветлы, любы твар

Пакутныя шкляныя сховы

Ў якіх прытушаныя словы

Дарма хаваюць вей цяжар

 

Унікнуць хочацца, ўмаліць

У далонях трапяткія гукі

І немагчыма прытуліць

Да губ насьцюжаныя рукі

 

***

 

О, веі сусьвету і восеньскі сон залаты!

Паволі сьціхаюць, мяцежныя, чорныя сьпевы

І ветразя скрыдлы ад цішы спакойнай вады

Ледзь чуюць вятрыска і вольнага слова павевы

 

Сьвяточная замста і ціша пануе вакол

Як у студню начную – у неба няўцям апусьціцца

І птушкай трывожнай усыпаны бліскамі дол

Нясьцішана мроіць і ў золаце дня растварыцца

 

***

 

Гарбаты кубак золатапраменны

У пакойчыку люстэрка, чужаніца

Пяшчотны валацуга хіньскіх душаў

Працятых болем жорсткага жыцьця

 

Пах у душы і не патрэбны словы

А словы, бы цьвікі сьветабудовы

Бы ластаўкі, пяшчотныя стварэньні —

Ласкавыя прадвесьнікі быцьця

 

***

 

Чатыры сьцяны, вакно, доўгія веі

Дым цыгарэты — шал самотнага бога

Расплюшчыце вочы, пачуйце голас

Застаньцеся, застаньцеся тут

 

Санэт

 

Ул. Жылку

Нібыта шэры сон, сьцюдзёная вада

Халодзіць рукі нам і душы працінае

3 вытокаў смагу п'е пякучая нуда

Струменіць рэчы сон і ў цьмянасьці лунае

 

І нам не адшукаць трывалага імя

А рэчаў хараство існуе і мінае

Ўсё існае — за шклом, дарэшты, акрамя

Зялёных злых вачэй і сну, што не канае

 

І цягне к вогнішчу, прыгрэцца, да людцоў

Кідаемся на шкло і працінае

Жахлівасьць незраўнанай прастаты:

 

Тут волі срэбны змрок і шчыры род сьляпцоў

Зялёнасьць злых вачэй і сон, што не канае

Дый пах нябёсаў — покуль існы ты

 

***

 

Бурштынавы час хавае дрыготкія мроі

Там сховішча лёткія там сьвятая зямля

Там ветлы прытулак: канваліі, зрэнкі, сувоі

 

Там вочы як ветразі як адыход карабля

У мроіве лёткім там блізка сьвятая зямля

Што ў цёплы прытулак хавае дрыготкія мроі

 

***

 

Не, не Арфэя гімн, сьціплыя гэтыя гукі

Нібы хаўтурны сьпеў, рушаць да хараства

Але ўсё той жа сьвет,— уладарная прагне пакута

Не перамогшы жыцьцё, долу яго схіліць

 

***

 

Пакінуць крыху пустаты

Сярод карціны змаляванай

Калёрамі нетурбаванай

І непахіснай прастаты

 

Пакінуць крыху цішыні

Сярод затлумленага сьвету

Цяплом аспрэчваючы мэту

Халаднатварай вышыні

 

***

 

Чорныя вочы агню

Бясконцыя, нібы сон

За сьценамі, уначы

 

Калі памірае час

Музыка ў душы

Толькі пульсуе скронь

 

Плачуць сьцены ў агні

Волі сьляпы квіток

Працягні, працягні далонь!

 

ТАМ, ДЗЕ ШАЛЕЕ НОЧ

ТАМ, ДЗЕ КАНАЕ ЧАС

СЬВЕТЛЫ, СЬВЕТЛЫ АГОНЬ

 

Начныя птушкі

 

І

 

цёплы ў грудзях камячок

прычыніліся дзьверы

птушкай сьляпой

слова выпала з губ

 

зьлітуйся о Кароль

Ночы

 

цяпло крадзе

няўмольны гадзіньніка гук

 

сьніць краявід гаварлівы

цагляныя сны

тыя

фарбуюць голаў сівы

 

ІІ

 

самотная птушка

падзёўбала крыху з далоняў

забароненай цішыні

 

у бель надыходзячай ночы

лялькі хавае штукар:

лялькі: людзі і рэчы

 

птушка ў тваіх валасах

сьніць пра каханьне сны

зблытаны вусны і вочы

у бель надыходзячай ночы

лялькі хавае штукар:

у боль надыходзячай ночы

 

ІІІ

 

о Келіх Восені прытулак сьвятой тугі

што кліча ў вырай

за вокнамі вечар разьліў

цемры сьляпой пітво

 

барвовых клёнаў цяпельцы

цьмяна гараць

птушкі

зьбіраюцца ў чароды

 

чаканьне трыпутніка сон

дзынькаюць шыбы

мо зазірне

апоўначы пан Бог

 

У ШПІТАЛІ

 

* * *

 

нішто не гаворыць тут

аб распнутым Хрысьце

сьвет дасканалы

 

і толькі сьнег (вы прынялі лекі?) белы бясконцы

ВЫ ПРЫНЯЛІ ЛЕКІ? толькі сьнег

белы белы бясконцы

 

ратуе

 

Рэчы

 

У прысаку веры

нібыта сон:

рэчы блізка

 

фіранку адгарні

угледзься

дрэва: ДРЭВА

 

У сьвет прарасло, але

разумею

і сябе нібы рэч:

 

мэтафізык у цемры

 

Прытулак

 

зьнерухомеў

як птушка сівы нечаканы

як мая празрысты

 

сьніў сябе садам

у якім

тайна прытулак

 

Ён

 

У адхіленьні ад сьвету

ён самотны жыве

быццам халодны агонь

у доме пакінутым, вечар

сумныя вочы схаваў

у сутанелых пакоях

 

зеляніна шпалераў —

знак патаемны, ціха расьце

ратуе, толькі

О, ТОЛЬКІ! НІХТО І НІКОЛІ

 

ніколі ня ўбачыць

 

Імя

 

аркуш паперы

як сьмерць апрыёрны

імя сваё назаві

 

засьні

ў зыбкім урочаным часе

друзлым зямным

 

Лёс

 

праз барвовае вецьце

лёсу зямнога

зь нічога ў нішто

 

але

дробязь гаркота

ластаўкаю над морам

 

Аблокі

 

дзьверы шкляныя

бачу: сьвет у аблоках

імклівых, нібыта вецер

пустых, зьнікомых

 

але ж не дарэмных

усё ж такі

 

сьмерць?!

о, божа

ўсё ж не дарэмных

 

Парыж: Маргіналіі

 

О ВЕТАХА ГАЮЧАЕ ЛЯЗО

Ў СЬВЯТОЙ ЦІШЫ АДРЫНУТАГА СЭРЦА

СЬВЯТОЧНА, ВЕТЛА ЗАТАНУЎ ПАРЫЖ

ПРАЗРЫСТЫ І ПА-ВОСЕНЬСКУ ХАЛОДНЫ

 

шурпатай крэйдай акруці вакол

наіўную і ціхую ратонду

той крохкі сьвет, дзе бэз каля ўваходу

нам ветла кажа: closerіe des lіlas

дзе валасы твае нібы апошні

прытулак, а жабрацкія далоні

пустыя, чыстыя, нам значаць больш чым мова

пакутліва—зьнявечанага часу

Zeіtgeіst, сьмяемся мы, саткаў парыж

са сноў і ўсіх няспраўджаных жаданьняў

 

пакрочым у прыціхлыя завулкі

у зданяў перакінемся і вечар

нас не заўважыць, нератам раскіне

агні таемныя і спыніць мову

пакрочым невымоўнасьцю, нямотай

на плошчу St.-Mіchel, там, у кавярні

 

заплоцім за віно і за вячэру

паслухаем катрынку, што сьпявае

пра вечныя каханьне і самоту

пакінутыя на зацятым бруку

 

паслухаем пра гэты ціхі горад

парыж, што распускаецца ўначы

зь нямоглага маўчаньня — ў насалоду

ў напяты дотык вуснаў, пошап смагі

а над усім — ахоўны знак вады

ты ў ім прынадна, ветла панавала

ўладальніца, сябровачка, каханка

і я кранаў аголеныя грудзі

губамі і агеньчык адмысловы

палаў пасьля такога пацалунка

 

а ноч упарта, вабна высьпявала

запальвала начныя эдэльвэйсы

ты плакала і келіх падымала

зь нязбыўным заўтра, я шукаў ратунак

агеньчык, той агеньчык адмысловы

сьвяціў нам уначы й павольна таяў...

шаленец, вочы, мроіва, катрынка

о, божухна, і гэта ўсё парыж

пакуль ёсьць час, пазначце белай фарбай

сваё маўчаньне: гэта ўсё парыж

 

ў маленечкім пакойчыку луналі

зьнявечаныя плюшавыя людзі

прыязныя, халодныя, жывыя

заходзіўся празь сьценку тэлевізар

ў вялікія раскінутыя коўдры

здавалася агорнута паўсьвету

самотны промень сапсаванай лямпы

шукаў сябе і торгаўся ў задусе

ТРАГІЧНАЙ БУДЗЕ ВАШАЯ ГУЛЬНЯ

ён услухаўся, то была безнадзейнасьць...

 

А БОЖУХНА, ТУТ АШАЛЕЎ ГАРСОН

НАЛІЎ У КУБКІ МРОЙНУЮ АТРУТУ

ЦЯПЕР ДА СКОНУ МУСІМ ПАЎТАРАЦЬ

НЯПЭЎНУЮ САЛОДКУЮ ЗАМОВУ:

Ў САМОТНЫМ СЭРЦЫ ПАТАНУЎ ПАРЫЖ

ПРАЗРЫСТЫ І ПА—ВОСЕНЬСКУ ХАЛОДНЫ

 

Фрагмэнты

 

І

 

Горад. Няміга ледзь

Здольная бачыць сон

Вечар. Куды падзець

Прагу сьляпых вакон

 

У нетутэйшы сьвет

У незнаёмы кут

БУДУЧЫ запавет:

Горад ціхіх пакут

 

ІІ

 

Дворык. Па сходах уверх

Дзьверы — душа — пакой

У гэтым паветры не

Паварушыць рукой

 

Блытаны далягляд

Пад аховай гардзін

Манумэнтальны лад

Горад. У ім я. Адзін.

 

ІІІ

 

Тут, дзе душа — фрагмэнт

Непрачытаных слоў

Дзе прастакутнасьць — знак

Мона-мэнтальных сноў

 

Увасабленьня няма

Вера. Надзея. Скон.

Вечар. Горад. Дарма

Слацьмеш яму праклён

 

ІV

 

Вулачкаю як боль

Згвалчанай Волі пляц

Шэрым — блакіту столь

Размаляваў паяц

 

Блазен, штукар, прарок

Вулачкаю як сон

Паднявольна. Вырок —

Артадаксальны звон

 

V

 

Нібы іртуць, душа

у ЧАЛАВЕЧЫ кут

Мкнецца, ўначы дрыжыць

Знойдземся там, ня тут —

 

Так запісаў паэт

Вечную форму душ...

Вымавіцца няўзнак:

Там, за вокнамі — ЛАД

 

Solus Rex

 

І

 

Люстэркі адбіліся ў люстэрках: тыражаваны сьвет

Выйшаў за межы:

Мізэрная эпоха

 

Асьлеплы Арфэй

Кранае рукамі сьцены

Зялезныя гімны

Час пяе пад вакном

 

НАВОШТА

ТУТ ЧАЛАВЕЧАСЬЦЬ?

 

Сьпяшайся

Яшчэ бачныя сьляды

Адышоўшых, яшчэ чутныя крокі

Яшчэ ня позна, на досьвітку адыходзіць цягнік

Назад у ноч

 

Люстэркі адбіліся ў люстэрках: тыражаваны сьвет

 

Выйшаў за межы

 

ІІ

 

вочы заплюшчы пад небам халодным, маўклівым

рукі ў ціш апусьці, слухай

енк галодных сабак за сьценамі сэрца

сп’янелага цеплынёю, у якім

так доўга ты жыў, небарака,

дзе тваё неба?

 

Сабакі бягуць за табою па мосьце

да літасьці прагныя

 

звыкайся

трымаць сьвету цяжар

звыкайся

быць мерцьвяком

звыкайся

сьляпымі вачніцамі зеўрыць

 

восеньскі дождж — тваё каралеўства

 

ІІІ

 

халодны, бясконцы

дождж пустаты і адчаю

 

хто ты?

 

Кароль і жабрак, былы ўладальнік

Прасторы і часу, нябёскае мілаты

Прыязных рэчаў, самім

Богам ахілёны, цяпер

Кароль на выгнаньні

 

Вогнішчы мёртвай лістоты —

Сэрца тваё —

Сьвецяць зіхоткім сьвятлом

 

ІV

 

жабрак!

 

Сабакі бягуць за табою па мосьце

Тыя, што былі людзьмі, гадаванцамі лёсу

Да літасьці прагныя

Гайні ў пякучых рызманах

 

Ня маеш нічога

 

Урочаны час: бачыш прысутнасьць сваю

Ў сьвеце

Толькі прысутнасьць

 

V

 

Так, мусіць застацца

Памерлым сьпеў

Калі ня чуюць жывыя

Ціха сьпяваць уначы, каб паверыць

нарэшце

Што ты жывеш, як жылі калісьці яны

 

Узяць з сабою гэты сьпеў

Адно гэты сьпеў: дзе ты, Арфэй

 

Сьпяшайся

 

Люстэркі адбіліся ў люстэрках;

тыражаваны сьвет

Выйшаў за межы:

МІЗЭРНАЯ ЭПОХА

 

КАЛЁКВІЮМЫ

 

1. Мізэрны час

 

А: Божухна!

Б: (маўчыць). Я слухаю.

А: Мяне ніхто не чуе.

Б: (маўчыць).

А: Мяне ніхто не слухае... так... мізэрны час, мізэрны, мізэрны... аб чым можна казаць... толькі маўчаць...

Божухна!

Б: Я слухаю.

А: Яны кажуць столькі маны, што мне застаецца толькі маўчаць... Яны кажуць столькі бессаромнай крывадушнай маны, што мне застаецца толькі памерці... мізэрны час... маўчаць...

крывадушная вільгаць у паветры... няма дзе схавацца... няма заўтра, ёсьць толькі тут, цяпер, скокі ашалелых словаў, што рэпрэзэнтуюць міт, космас, нашае сьветлае заўтра...

Божухна!

Б: Я слухаю.

А: Яны не пакінулі нам нават маўчаньня!

Як толькі я сядаю да стала, бяру аркуш паперы, пачынае дрынкаць гэтая разьвясёлая музычка... аднекуль бярэцца разьвясёлая музычка й пачынае дрынкаць так, што шкло ў шыбах стогне і дрыжыць, надыходзяць здані і пачынаюць зграбна-аптымістычныя скокі... Бо-жухна!

Ты думаеш, я вар'ят?

Б: Я слухаю.

А: Не, я проста знэрваваны чалавек... сучасны знэрваваны чалавек... і я не люблю, калі здані пачынаюць аптымістычна скакаць у мяне ў пакойчыку!

Б: Я слухаю.

А: Я таксама слухаю. Сядаю перад аркушам і слухаю, што мне скажуць словы... Яны нічога ня кажуць...

Божухна, ты помніш, як годна ён абвясьціў з катэдры, што абсурд — гэта калі чалавек пытаецца, а сьвет маўчыць?

...маўчаць... дзе тыя катэдры, застаўся толькі пакойчык, ува ўсім сьвеце застаўся толькі пакойчык... засталося толькі маўчаць...

Мае валасы пабраліся сівізной за гэты час.

Час балбатні.

Б: Я слухаю.

А: Перад чыстым аркушам: адкуль нараджаюцца словы? Не з рэчаіснасьці, не, там яны паміраюць... адкуль жа?

І якімі яны будуць, словы, што нарадзіліся пад разьвясёлую музычку мізэрнага часу?

Б: Я слухаю.

А: Хаця б ты слухаеш... гэты нязбытны балаган так шчыльна падыходзіць да чалавека... ягоныя мэтастазы ў душы, у сэрцы, у розуме... няма куды падзецца, паўсюль гэтыя скокі... мізэрнага часу... гэтыя чэргі, задуха ў пакойчыках, дзе людзі торгаюцца і крычаць, увесь час крычаць... нібы селядцы ў бочцы... і ўсё гэта пад музычку, пад аптымістычную музычку мізэрнага часу...

А вочы! Ты зазірні ў іхнія вочы... у гэтых вачах пранізьлівы боль, цьмянае адчуваньне заторганага і змардаванага жыцьця, туга па чымсьці сьветлым, што магло бы быць, а яго ўсё няма... і, магчыма, ня будзе ніколі...

толькі гэтыя здані, якія заўсёды тут, дзе б ты ні быў, яны заўсёды тут.

Божухна! Б: Я слухаю.

А: Часам я падыходжу да аднаго зь іх і пытаюся: Чаму ты такі? Дзе твая вольнасьць? Дзе твая душа? Дзе тваё сэрца? Чаму ты дазваляеш сабе быць рабом? Чаму ты скачаш пад гэтую музычку?

I тады ён адказвае: Майце шкадаваньне, не прымушайце мяне згадваць... я сплю... мне добра спаць... калі я прачнуся і ўбачу, мне застанецца толькі памерці... пашкадуйце мяне... зазірніце ў мае вочы... там боль... не пабольшвайце гэты боль... майце шкадаваньне...

Б: Я слухаю.

А: Я ўсё сказаў, Божухна, мне застаецца толькі маўчаць... мне застаецца толькі памерці...

Пайсці ў тую ноч... цішыня сустрэне мяне там і пакладзе свае цёплыя рукі мне на плечы...

О, якая гэта будзе цішыня!

(Смяецца.) ...так... чалавек толькі вандроўнік... выходзіць у дарогу з нараджэньня, прыходзіць у сьмерць...

Кім я быў да нараджэньня? Кім буду пасьля скону?

Калі параўноўваць з сапраўднасьцю гэтых таямніц, чым ты ёсьць, няшчаснае жыцьцё?

Кароткі шпацыр, сон?

Але чаму гэты сон, гэты балаган, гэтая музычка?

Б: Я слухаю.

А: Калі я думаю пра сьмерць, пра цішыню, калі я думаю пра вялікія і сапраўдныя рэчы, я чуюся вольным ад усяго, я прымаю жыцьцё, я прымаю і разумею НАВАТ ГЭТАЕ ЖЫЦЦЕ!

Б: Я слухаю.

А: А мова?! Што яны зрабілі з мовай! Яны прыдумалі словы, якія нічога ня значаць, і выкрэсьліваюць тыя, што значаць зашмат, яны стварылі індэксы імёнаў, якія можна ўжываць і якія ўжываць нельга, яны... яны... яны...

Чаму я пішу, Божухна?

Б: Я слухаю.

А: Чаму я ўпарта штосьці пішу, хоць ужо не ведаю, каму й навошта? Што я магу прапанаваць ім, якое веданьне?

Толькі боль, свой боль.

Пакутую — значыць існую?!

Бедны, бедны Картэзі, ён вымушаны прызнаць, што яго абрабавалі, бязьлітасна, да апошняе кашулі...

Божухна!

Б: Я слухаю.

А: Якую мудрасьць я магу прапанаваць гэтым людзям, калі я нават ня ўпэўнены, што існую... магчыма, на самой справе я толькі чыёсьці трызьненьне, фантом працяглага й неспакойнага сну...

Хто мяне сьніць, Божухна?

Б: Я слухаю.

А: О, мой сьветлы Божа, я гатовы...

Я гатовы прыняць гэты лёс, гэтае выпрабаваньне, абы ведаць, што гэта мае сэнс, што гэта не пустое трызьненьне перад узыходам сонца, ад якога не застаецца нават памяці...

Дай мне знак, Божухна!

(Маўчаньне, потым крык.)

-аааааааааааааааааааааааааааааааа-

Б: (памаўчаўшы). Я слухаю.

 

ІІ. Трэцяя эўрапеізацыя

 

а: цяпер ўсё бачым па-іншаму

б: (маўчыць)

а: па-іншаму

б: але

а: і таму мы прыйшлі, каб распытаць пра яго

б: (маўчыць)

а: ён быў адзін з папярэднікаў, рыхтаваў трэцюю эўрапеізацыю

б: так?

а: але гэта мы зразумелі толькі цяпер, калі мы ўсё бачым па-іншаму

б: я нічога ня ведаю

а: хаця б што-небудзь

б: нічога

а: нічога?

б: нічога

а: які ён быў?

б: ня ведаю

а: высокі ці невысокі, стары ці малады, вясёлы ці сумны, мужчына ці жанчына?

б: ня ведаю

а: (крыху памаўчаўшы) але ж гэта быў чалавек, я маю на ўвазе, homo sapiens?

б: (павагаўшыся) напэўна... ён часам крычаў... напэўна, гэта быў чалавек...

а: а як ён крычаў, моцна або ціха?

б: ня ведаю

а: што ня ведаеш?

б: ён хадзіў увесь час, нешта казаў сабе самому, а часам крычаў

а: так, і цяпер мы ўсё бачым па-іншаму

б: клетка была маленькая, і ён быў там адзін

а: але ж ты яго бачыў!

б: ён яшчэ пісаў нешта, на паперы, а потым прыходзілі й забіралі

а: хто забіраў?

б: ня ведаю

а: хаця б што-небудзь

б: нічога

а: ён крычаў... яго білі?

б: (павагаўшыся) не, напэўна

а: а чаму ён крычаў?

б: ня ведаю... клетка была маленькая, і ён быў там адзін

а: ён рыхтаваў трэцюю эўрапеізацыю

б: так, і цяпер мы ўсё бачым па-іншаму

а: напэўна, ён меў душу?

б: напэўна

а: ён быў паэт?

б: ня ведаю... ён хадзіў увесь час, нешта казаў самому сабе, а часам крычаў

а: а дзе ягоныя паперы?

б: ня ведаю... ён быў адзін, а потым прыходзілі й забіралі

а: хто забіраў?

б: яны

а: а! (памаўчаўшы) а іх было шмат?

б: ня ведаю

а: колькі?

б: тры ці чатыры

а: і ён дазваляў ім забіраць?

б: а што ён мог зрабіць, іх было болей

а: і што было далей?

б: нічога, ён проста хадзіў па клетцы, а потым крычаў

а: моцна?

б: ня вельмі, але мы чулі

а: а клетка была вялікая?

б: не, маленькая, і ён вельмі пакутаваў

а: а чаму ён сядзеў у клетцы?

б: ня ведаю, ён быў адзін

а: яго пасадзілі?

б: не, напэўна, ён вельмі пакутаваў

а: а ён не казаў табе, чаму?

б: не, ён казаў сабе самому

а: ён кахаў каго-небудзь?

б: ня ведаю... напэўна, не

а: чаму ты так думаеш?

б: ён быў заўсёды адзін

а: а ты?

б: (павагаўшыся) я... мы часам заходзілі

а: і што, нічога не засталося?

б: нічога

а: а дзе ён цяпер, яго забілі?

б: ня ведаю... не, ён проста памёр

а: дзе памёр?

б: напэўна,там, у клетцы

а: і што?

б: нічога... ён рыхтаваў трэцюю эўрапеізацыю

 

МЭДЫТАЦЫІ І ПАДАРОЖЖЫ

 

Фуга цёмнага часу

 

Кубак самоты ў гатэлі на абрус паркалёвы

Праліўся, вочы твае — глыбейшыя за нішто

Абрынуліся рукі ў шал, за вокнамі

Сьмерць сьпяваюць натоўпы

Пацьвелім хіжае сьвятло, а потым

Зоймемся каханьнем, вочы твае

Цямнейшыя за ноч, нібы сьвечкі

Сьвецяцца грудзі…

 

Кубак самоты ў гатэлі ў шал паркалёвы

Абрынуўся, рукі твае — халаднейшыя за нішто

Пасьцеляць сьмерць нібы песьню

Паркалёвыя людзі, сярод глыбокае ночы

Пацьвелім час састарэлы, а потым

Зоймемся каханьнем, грудзі твае

Няхай мне сьвецяць і сьвечкі

Гараць аб тым, што няма нас…

 

Кубак самоты глыбейшы ад нішто праліўся

У ноч паркалёвых душаў, адвечна

Вочы твае ў шале каханьня, песьні начныя

Сьмешных людзей гукаюць

Адвечна, адвечна каханьне, назаўсёды

Вочы твае, рукі, грудзі і ўлоньне, няхай нам

Дапамогуць сьвечы, а потым

Сьмерць і гатэль і кубак самоты…

 

***

 

На пошукі сапраўднага дому адыходзіць ён

Апрача восені згаданай і неба вачніц

Апрача пошапу азяблых рамёнаў

Апрача воглых крокваў старых камяніц

 

На пошукі сапраўднага сьвету дзе галеча рай

Дзе восеньскаю лістотай колішні ўлюбёнец адам

Пасыпае шляхі хіжых зграй

Што правяць балаганны ашчар мажорным ладам

 

Дзе ніштожыць сьляпое нішто адвечны закон

На пошукі сапраўднага болю О толькі душа

Пачуе яго нямотны стогн

І раскіне пасьвятлелыя рукі… абапал крыжа

 

1 студзеня 1982 г. Імпэрыя

 

Тлусты розум напяў блазнаў каўпак

Душа мроіць, верзіць сярод прарочых сьнягоў

Пакойчык, дзесяць/дзесяць — няўцямны знак

Сьпелым болем пазначаны джалы сьцягоў

 

Не глядзі навонкі, лепей — хочаш — кавы згатуй

Хочаш — выйдзі, пастой ціха сярод мар

Цыгарэту выпалі, ці — енкам — сьвет уратуй

Апантаны, пачырванелы ад натугі абшар

 

А хочаш — запальнічкай чыркні цяпло

Пагрэй тых, хто пад шынамі чорных марусь

Цябе чакае, дзесяць/дзесяць, болем сон замяло

Пакуль тут, ды губам мроіцца-мроіцца…

БЕЛАРУСЬ

 

***

 

Забрасьнее ў палахлівай крыві памерлых туга

Набрыняе раскошлівым павуціньнем сьпелая золь

На вочы, што бачылі, наступіць ката нага

Эрго сум — абвесьціць выедлівы боль

 

Не забудзься на тых, Божухна, хто ў пагоркаў труне

А таксама на ўсіх выгнанцаў у чужых краёх

Усіх, хто вольнасьці кветку ў апошнім сьне

Да сэрца туліў, сарваную на воўчых палёх

 

Не забудзься на тых, Божухна, хто натомлены сьпіць

Чыі імёны адно шэпча чужыны золь

Хто і ў труне цябе вусьцішна, няспраўджана сьніць

Праз вольнасьці вэлюм ды завеі сьветлую столь

 

Кавярня

 

Прачынаюся сярод цёмнага трываньня сьляпой нацыі

Нібыта выходжу з начной ракі часоў Нэрона

Пустая кавярня

 

Самотны імпэратар не затушыў сьвятло

Рухі запаволены

Словы

Хаваюць нямоту

 

Самотны бармэн не затушыў сьвятло

Пятля на шыі

Непатрэбная як неба

 

Дзе ты нэрон

Дзе ты нацыя дзе ты вера

 

Дзе вы лябірынты імпэрыі так утульна

Сяброўку абдымаць ды згадваць чужыя імёны

Ноч лашчыць нібы кацянё піць абу-сімбел

Прачынацца дрэвам, зоркай

 

Быць нікім

 

***

 

Цяжар і пяшчота —

падымаць веі памерламу слову

казаць

і глядзець

як душа, што забылася на зямное

зь дзіўнасьцю

пазірае на ўсё

ня ведае

чаму яна тут

адкуль…

 

ледзь цёплыя губы

кранулі люстэрка

і мройная постаць

ужо блукае па сьвеце

незваротная

 

тут, сярод нас

на зямлі

 

(Паэзія)

 

ува сьне, там, дзе вецер…

чысты глыток цішыні

помста афішы

у халоднай кавярні восеньскі дождж

і Ты, што ішла неспатольнымі крокамі неба

за небакраем Эўропы

ува сьне

Там, дзе вецер

 

***

 

Багі ўзыходзяць

Зь цёмнай, густой ракі часу

Ноччу бяззорнай, таемнай

І толькі ветах

Шапоча прад сконам сьвятыя гімны

 

На халоднай зямлі

Сьпяць людзі спакойна, сьняць яны:

Нехта ня сьпіць, вогнішча паліць

Вочы свае ахвяруе ў вагонь неспатольны

Вочы, а потым сэрца, а потым душу

 

Сьляпы, у апёках і брудзе

Ён адчувае:

Хтосьці выходзіць з тао-ракі патаемнай

Зь цёмнай, глыбокай ракі

Сьвяты, дасканалы, нябачны

 

***

 

Я мроіў незагойна-сіні горад…

І цела нібы лёдка, празрыстае, і камячок асьлеплы

вытуквае засьцюжаныя гімны

Прывабныя жаночыя абрысы

празь ціхае паветра выступаюць

Па вуліцы галоўнай разгульваюць сэксоты —

куды ж бязь іх — у капялюхах шэрых

А мы тулімся ў ветлыя завулкі, на цьмяныя

гарышчы, у бяссоньне, — далей, мой сябар кажа,

далей, у неба

Блакітны рытуал, там, у надзем’і,

кране губамі асьцярожна вочы

і мы, сьляпцы, прачнемся…

О, прачнемся!

 

***

 

подых чаўноў папяровых

адхіленьне ў нетрывалыя рэчы

адшукай мяне

зорка таемнае красы югэн

 

жыцьцё — сон

словы — сон

у рызманах ночы

вуснамі вусны шукаю

 

але

здаецца

сусьвет

 

***

 

На расхіле восеньскіх сноў

вечар дыхае лёгка, адчайна

Сьцежкі барвовай хада

нас прычакаліся тут

 

У прадчуваньні зімы

зноў ападае лістота

Сьвятам восеньскіх сноў

мы праходзім як сон

 

Паміж

 

паміж тым чаго ня будзе ніколі

і аўтобусам

нібы постаці сьвятых у нэфах

уціснутыя ў фатэлі сядзім

 

паміж намі — праход

шафёр паліць танныя цыгарэты

у празрыстай панчосе твая нага

і позірк

як птушка ў клетцы

 

са зьдзіўленьнем

знаходжу цябе сярод сноў

але не знаходжу

тут

сярод словаў

 

***

 

Не, гэта ня сьмерць

Вочы твае за шклом

У залатой смузе

Я ў іх тану, тану

 

Вусны нібыта сьнег

Гэты празрысты сьвет

На залатое дно

На залаты пясок

 

Лотаці жоўты сон

Сьветлы тапельцаў рай

Веяў, вуснаў Эдэм

На залатое дно

 

У залатой смузе

Праз залатое шкло

Гэты няісны сьвет

Я ў ім тану, тану…

 

***

 

Вользе

Там, дзе шукаю губ — жужалкаю — наўпроць

Рушыць падвойны сьвет, каліўца, веі сну

Боязны акіян, жменька жыцьця, стакроць

Памяць асьцюдзіць твар і адвядзе віну

 

Верх ядлоўцаў, пустэч — невараць — за берагі

Зданяў, сатлелых слоў, чужых зямель і вод

Ўлоньне сьвятой зямлі, веі быцьця, сьнягі

Лёгка, нібыта ў сон, падае ў неба лот…

 

***

 

лодка на дно патанула празрысты

сон у паветры там дзе сыходзяцца дні

 

з часам гуляюся – не – бачу цябе паміраю

вечнага шэпт – ціха струменіць вада

 

Зіма

 

На мапе — зіма. Сьцежка цябе вядзе

Пустым — праз адлегласьці — калідорам

Словаў. Замкнутай прасторы, дзе

Туга падаецца вечным маторам

Сэрца. А сэрца — сьляпы камяк —

Нібы іртуць, мацуе свае ўцёкі

Ў сусьветны холад, у якім, няўзнак,

Сон ашчадна хавае крокі.

 

Зімовы крышталь, схаладзелы розум, сон

Of mіnd, як сказаў бы Паўнд (?), ніколі

Сябе ня ўбачыць на мапе, ён

Вытворвае, вызначае, — паволі —

Схему маршруту, якую, хто?

Пройдзе, трымаючы дзіўнасьць сьвету

Ветла, як у “Лаўку” Вато

Увайшоўшы ў Харонаву Лету

 

Застанецца. На мапе зіма, блытаны час

Словы шукаюць сэнсу, нібы ў пустэчы

Вады. Не да акрас,

Празь сьценку — вечнасьць. На сьцюжы затухлі сьвечы.

І апошні радок, сягаючы за далягляд,

Бязьлітасна і навосьлеп шукаючы слова,

Адчайна, усьцешана — прымае лад

Вечнасьці. Зімовага схова.

 

***

 

Мы ня тое, што бачыцца нам празь бяспамятны восеньскі морак

Мы ня вязьні сьляпога замкнёнага сну

Мы ня чэзлыя дрэвы пад небам зьбялелага места

Мы ня боль, што віруе ў барвовых прысадах тугі

Мы ня вопратка нашая, мы ня нашыя целы

Не маўчаньне, ня слова, ня знак, не чароўныя ніці

Што злучаюць цяпер і заўсёды, ня боскія мроі

Што шукаюць спачыну ў зьвярынцы шклянога жытла

Не шпацырцы самотнасьць, ня вечар…

Кім мы ёсьць? І ці ёсьць мы заўсёды?

Чаму сьвет утрапёна, загадкава доўжыць свой сон?

Чым ёсьць слова?

 

… Нібы кава астыла гаворка і ломкія губы

Асьцярожна каштуюць за вокнамі сьветлую ноч

 

ІМПРЭСІІ

 

Вежа і полымя

 

Сярод сымбаляў, пакінутых людзьмі, адзін з самых неўміручых — Вежа.

На пачатку, у мудрым дзяцінстве чалавечага роду, яна сталася спробаю злучыць зямлю і нябёсы, узысьці на неба, паяднаць людзей і багоў у сьвятым веданьні Еднасьці ўсяго. Невядома, чаго там было болей,— наіўнасьці, неразуменьня чалавечае прыроды ці гонару і гвалту... Угневаныя Багі давялі, што зямны лёс — множнасьць і найвышэйшая мудрасьць — мудрасьць пакоры, прыняцьця гэтае множнасьці.

Так кажа паданьне. Але паданьне сьвядома зацямняе сапраўдны сэнс.

Бабілёнская вежа была пабудаваная! Доўгі і цяжкі шлях, тысячы прыступкаў, сотні пакаленьняў ляглі ў зямлю. І вось, нарэшце, ён, першы, Гермэс Тройчывялікі.

Ён — першы чалавек — Адам — узышоў на неба і жыў поруч з Багамі. Але ж чалавечая душа, Ева, ня ўгледзела, не знайшла сябе ў люстэрку нябёснага блакіту. Там, дзе мусіў быць твар, з жорсткае бясконцасьці зеўрала Нішто. І яна сышла на зямлю, сьвядома абрала зямное — славуты яблык. Сярод халоднае беспрытульнасьці палкія парасткі пакуты — полымя.

Відаць, менавіта тады Вежа ўрасла ў зямлю: пасівералае каменьне бараніла, камяні дарылі цяпло чалавеку, трываласьць сярод зьменаў, спакой. Сярод бясконцасьці сусьвету — адваяваны кут чалавечага веку.

Ды, як і ўсё на сьвеце, Вежа старэла, губляўся яе патаемны сэнс. Тое, што для нашых дзядоў было цяплом і прытулкам, для нас — этнаграфія, старажытнасьць, музэйны экспанат. Зноў і зноў гартаю слоўнікі, там ёсьць значэньне, але няма патаемнасьці. Што ж гэта такое сёньня — Вежа? Калісьці гэта быў шацёр, рухомы будынак, што перавозіўся зь месца на месца ў бясконцых вандроўках.

А можа, гэта толькі іншая назва адзіноты, адчужанасьці, адасобленасьці? Вежа, мураваньне якой складзена з бясконцых хвілінаў, ахвяраваных хіжаму, сьляпому часу — таемная душэўная забудова, выспа ў душы. Месца, дзе ты сам-насам з сабою, месца, дзе ты ёсьць.

Неразмовы пра палітыку, нечытаньне газэт зранку — першыя камяні ў падмурак тваёй Вежы. І вось тое, што раней турбавала, пакідала ў балючым неспакоі, праплывае, як пахмурны восеньскі дзень за вокнамі пакойчыка, пусты й трывожны. Рахункі з часам, адплата за хлусьлівасьць, канфармізм, крывадушша...

Але надыходзіць пара, і разумееш, што патаемны сэнс усіх душэўных забудоваў — крохкі агеньчык, што заўсёды жыў за мурамі. І вось гэта ўжо не агеньчык, а нязгасны эвангельскі агонь, што палае ў нашых душах, які мы асьцярожна раздзьмухвалі, у які мы паверылі, якІ стаў намі.

Бяз варты і аховы, безабаронныя ідзем у ноч. Адны сярод сьцюжы і цемры, сярод бязьлітаснай начной прасторы. Толькі нязгасная, палымяная вера ды спадзяваньне паэта:

Згадае прырода пра пяшчотную сваю ўладуРадок Ф. Гёльдэрліна.

 

Акутагава

 

Гэтыя некалькі словаў прысьвечаныя Акутагаву Р'юноске, японцу, якому перад сконам (ён скончыў жыцьцё самагубствам у 1927 годзе) трызьніліся зубчастыя колы.

Спачуваньне вымушае мяне трымацца ўдалечыні ад яго. Я баюся парушаць яго чулую і хваравітую самоту, лёс склаўся так, што самае добразычлівае спачуваньне назаляе і адно ўзмацняе трызьненьне, што мучыла яго апошнія гады жыцьця.

Цеплыня, зь якой я заўсёды думаю пра яго, ні ў чым не ўгрунтаваная. Дзіўны ягоны сьвет жыве ўва мне болей як спакуса, я зрэдку яго перачытваю і заўсёды пачынаю з «Жыцьця Ідыёта».

Амаль што не запамінаючы сюжэтаў і дэкарацый праглядаю старонкі, спрабую знайсьці іншае, але заўсёды адно: бясконцая пакута.

Вялікі Сайгё пакідае ўтульную пэўнасьць палацаў дзеля бяздомнасьці і вандраваньняў. Няўжо і сёньня, каб пісаць, пісаць па-сапраўднаму, мусім адкінуць звыклае прыняцьце сьвету ды пайсьці ў старую краіну болю і пакуты? Ня ведаю. Але пасьля Акутагавы ўсялякае апавяданьне, ўсялякая мэтафара, якая не пражыта ці пражыта крывадушна, пакідае ў маёй душы хіжую пляму сытасьці.

Чалавек жыў. І няўжо ўсяму гэтаму (о, Божухна!) вынікам — невыразнае філялягічнае балбатаньне, якое вызначае месца чалавека ў гісторыі літаратуры? Няўжо тое месца, адкуль ён сёньня глядзіць на нас, меней значнае, меней сапраўднае ды меней злучае нас аднаго з адным?

Шлях: з прасьветленасьцю і зубчастымі коламі. Адданасьць. Жалезныя боты вандроўніка і засяроджаная падрыхтаванасьць да сьмерці.

 

Бадлер

 

Шукаю Бадлера ў дажджыстым Менску ўзору 1987 года. Восень паклала адбітак на дрэвы і на душы, невялічкія цяпельцы лістоты паганскімі вогнікамі зіхацяць на асфальце. Ведаю яго ў твар: ён падобны да сваіх вершаў: кветкі болю. Высокі пукаты лоб, пільны позірк, дзьве зморшчыны ад пераносься ўніз, сьціснутыя губы краямі апушчаны ў горыч.

Ягоныя кветкі заўсёды красуюць увосень, цьмяна-барвовымі фарбамі плёну і адчаю, крыху падсьветленыя пашарэлымі бяліламі сьмерці. Восень — самы адданы яго чытач і перакладчык; яна пераклала Бадлера на дождж, на шэрань, на змоклыя парэнчы мастоў, вытлумачыла сьцішанымі, нясьпешнымі крокамі аматараў шпацыру, зрабіла падрадковыя заўвагі адценьнямі палай лістоты. 3 замілаваньнем гартае яна старонкі ягонае кнігі, пакідаючы маргіналіі, чыркаючы на палях нешта сваё, зразумелае толькі ёй...

Восень!

 

 

==================

Першая кніга паэта

Ігар Бабкоў

Solus Rex

ВЕРШЫ

ІМПРЭСІІ

КАЛЁКВІЮМЫ

МІНСК

“МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА”

1992

==================

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=67 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Solus Rex

Ігар Бабкоў

Для друку   /   Чытальня

Ігар Бабкоў (2009)
Ігар Бабкоў (2009)