Літаратура.org » Чытальня » Томас Пінчан, Вясёлка гравітацыі

Вясёлка гравітацыі

Томас Пінчан — Ангельская — Ян Максімюк

(Фрагмэнт)

□ □

Віскатня паласуе неба. Такое бывала і раней, але гэтага не параўнаць ні з чым.

Запозна. Эвакуацыя ўсё працягваецца, але гэта толькі цырк на дроце. У вагонах няма сьвятла. Нідзе няма сьвятла. Высока над ім апорныя бэлькі ліфта, старыя як прылада для катаваньняў, і дзесьці вышэй шкло, якое прапускае дзённае сьвятло. Але цяпер ноч. Ён баіцца таго, калі будзе падаць шкло — неўзабаве — гэта будзе відовішча — падзеньне крышталёвага палаца. Гэта станецца ў поўным зацямненьні, безь ніводнага розбліску, пачуецца толькі вялікі нябачны абвал.

Ён сядзіць у сярэдзіне вагона, пабудаванага ў некалькі паверхаў, у аксамітнай цемры, безь ніякага курыва, адчуваючы, як сям-там трэцца і стыкуецца мэтал, як з пшыкам вырываецца пара, як трымціць вагонны каркас, падвешанасьць, трывожлівасьць, цісканіну іншых людзей, тых нягеглых, шалудзівых авечак бяз шчасьця й долі: п’яніцы, старыя вэтэраны ў шоку ад артылерыйскага абстрэлу дваццацігадовай даўнасьці, шлюхі ў гарадзкіх строях, чалавечыя разваліны, зьняможаныя жанчыны з такой плоймай дзятвы, што аж ня верыцца, каб можна было столькі нарадзіць, усе ўплішчаныя паміж пажыткамі, якія трэба ўратаваць ад пагібелі. Відаць адно бліжэйшыя твары, дый то як напалову пасрэбраныя відарысы ў візіры фотаапарату, як зялёнаплямістыя твары VIP-аў, якія запомніліся, калі імчалі праз горад за куленепрабівальнымі шыбамі...

Яны якраз рушылі. Выяжджаюць з галоўнага вакзалу, з цэнтру, і пачынаюць прабівацца ў старэйшую і больш занядбаную частку гораду. Ці гэта ёсьць дарога паратунку? Твары паварочваюцца да вокнаў, але ніхто не асьмельваецца запытаць, прынамсі ўголас. Ідзе дождж. Не, яны не выблытваюцца, а паступова зашморгваюцца — яны едуць пад аркамі, сакрэтнымі тунэлямі з трухлага бэтону, якія толькі выглядаюць як петлі праездаў... над галавой паволі перасоўваюцца ўспоркі моста з пачарнелага дрэва, патыхае вугальным гарам з даўно прамінулых дзён, пахамі зімаў з газоўкаю, нядзеляў, калі не было ніякіх цягнікоў, каралападобнага, таямніча жыцьцярадаснага росту сьляпых адгалінаваньняў і пабочных шляхоў, кіслым пахам адсутнасьці чыгуначнага саставу, дасьпелай іржы, якая цудоўна і глыбока ўядаецца гэтымі пустымі днямі, асабліва на сьвітаньні, калі сінія цені пячатаюць яе поступ, спрабуючы зьвесьці падзеі да Абсалютнага Нуля... і чым далей яны заглыбляюцца, тым бядней робіцца... зруйнаваныя таемныя месты бедакоў, мясьціны, назвы якіх яму ніколі дагэтуль не даводзілася чуць... муры развальваюцца, дахі трапляюцца ўсё радзей, як і шанцы ўбачыць сьвятло. Чыгуначны шлях, замест таго каб пашырыцца, звужваецца, робіцца больш пакручасты, сыходзіцца ўсё цясьней і цясьней, і раптам, занадта хутка, яны апынаюцца пад апошняй аркай: тармазы заядаюць і страшэнна спружыняць. Гэта прысуд, ад якога няма апэляцыі.

Састаў спыняецца. Канец рэек. Усе эвакуяваныя мусяць выйсьці з вагонаў. Яны рушаюць паволі, але паслухмяна. Тыя, што імі кіруюць, маюць кукарды пад колер сьвінцу і не адзываюцца. Гэта нейкі разьлеглы, вельмі стары і цёмны гатэль, жалезны працяг рэек і стрэлак, якія іх сюды давялі... Шарападобныя лямпы, памаляваныя цёмназялёнай фарбай, якіх спакон веку ніхто не запальваў, зьвісаюць з-пад мудрагелістых жалезных капяжоў... натоўп рухаецца бяз шэптаў і кашляньня калідорамі простымі і функцыянальнымі, як праходы ў таварным складзе... аксамітныя чорныя паверхні паглынаюць рух; разыходзіцца пах старой драўніны, дальніх крылаў, што ўвесь час пуставалі і толькі цяпер расчыніліся, каб прыняць гэты тлум людзей, пах халоднага тынку, сярод якога сканалі ўсе пацукі, і толькі іхнія здані, непарушныя як пячорныя малюнкі, застылі трывалымі і сьвятлістымі выявамі на сьценах... адсяленцаў партыямі забірае ліфт — рухомае драўлянае рыштаваньне, адкрытае з усіх бакоў, падыманае старымі прасмоленымі канатамі на калаўротах зь літага жалеза, са сьпіцамі ў форме літары S. На кожным бурым паверсе ўваходзяць і сыходзяць пасажыры... тысячы заціхлых пакояў безь сьвятла...

Некаторыя чакаюць адны, некаторыя разьдзяляюць нябачныя пакоі зь іншымі. Нябачныя, так, бо што значыць мэбля ў гэткай сытуацыі? Пад нагамі хрумсьціць найстарэйшы друз гораду, апошнія крышталізацыі таго, чаго горад забараняў сваім дзецям, чым ім пагражаў і чым падманваў. Усе чулі гэты голас, які, як ён лічыў, зьвяртаўся толькі да яго, кажучы: “Ты па праўдзе ня верыў, што будзеш уратаваны. Хадзі, мы цяпер ведаем, хто мы. Ніхто не парупіўся б, каб уратаваць толькі цябе, хлопец”...

Выйсьця няма. Толькі ляжы і чакай, ляжы ціха і не варушыся. Віскатня завалодала небам. Калі надыдзе, то ці надыдзе ў цемры, ці прынясе з сабою сьвятло? Ці сьветла будзе перад ці пасьля?

Дык ужо ж сьветла. Зь якога часу пасьвятлела? Увесь гэты час сьвятло цадзілася разам з халодным ранішнім паветрам, якое цяпер кранала ягоныя смочкі: спакваля стала відаць зборышча п’яных дармаедаў, адных у мундзіры, іншых без, які заціскалі ў руках пустыя або амаль пустыя бутэлькі, адзін павіс на крэсьле, іншы скруціўся ў настылым камінку, яшчэ іншыя расьцягнліся на размаітых дыванах, на запыленых дыванах або софах на розных узроўнях агромністага пакоя; яны пахропваюць і пасьвістваюць разнаякімі рытмамі, як самапрыводны хор, падчас калі лёнданскае сьвятло, зімовае і элястычнае сьвятло, расьце ў абліччах скляпеністых вокнаў, расьце між пластамі штораз бляднейшага цыгарэтнага дыму з учарашняга дня, які павісае пад навошчанымі бэлькамі столі. Усе гэтыя гарызантальныя, гэтыя таварышы па зброі, выглядаюць як сябрына румяных галяндзкіх мужыкоў, якім сьняцца сны аб сваім несумнеўным уваскрашэньні празь некалькі хвілінаў.

Яго называюць капітан Джэфры (“Пірат”) Прэнтыс. Ён ляжыць, захутаны тоўстым пледам у аранжавую, іржавую і барвовую клетку. Адчуваньне ў яго такое, як быццам ягоны чэрап быў выліты з жалеза.

Дакладна над ім, дванаццаць футаў над галавою, Тэды Блоўт зьбіраецца выпадаць з галерэі, выбраўшы для падзеньня якраз тое месца, дзе некалькі тыдняў таму нехта ў прыпадку грандыёзнага буйства высадзіў нагою два эбэнавыя пруткі балюстрады. У сваёй алькагольгай ачмурэласьці, Блоўт прасоўваецца цаля за цаляй праз прагал, галава, плечы, тулава, і цяпер адзінай рэччу, якая яго яшчэ прытрымлівае наверсе, ёсьць пустая бутэлька ад шампанскага, што неяк заблыталася ў задняй кішэні...

Пірату ўдаецца сесьці на сваёй вузкай кавалерскай ляжанцы і паміргаць вачыма. Паскудна.. Страшна паскудна... ён чуе, як над ім разьдзіраецца палатно. Управа Спэцыяльных Апэрацый навучыла яго хутка рэагаваць. Ён саскоквае зь ляжанкі і нагою таўхае яе ў бок Блоўта. Блоўт дае нырца дакладна на сярэдзіну палубы, якая выдае гучны стогн спружынамі. Адна ножка ляжанкі адвальваецца.

— Добрай раніцы, — кідае Пірат.

Блоўт коратка ўсьміхаецца і зноў засынае, утульна захутаўшыся ў Піратаў плед.

Блоўт — адзін з сукватарантаў гэтага дому каля Чэлсінскай набярэжнай, узьведзенага ў мінулым стагодзьдзі Карыдонам Троспам, знаёмцам сям’і Расэці, які насіў валасяніцы і ўпадабаў сабе вырошчваць лекавыя расьліны на даху (традыцыя, якую апошнім часам узнавіў малады Осбі Філ). Толькі некаторыя зь іх аказаліся дастаткова ўстойлівымі, каб ператрываць туманы й маразы, падчас калі большасьць вярнулася ў зямлю на даху часьцінкамі асаблівых алькалёідаў разам з гноем з-пад трох прызаносных сьвінаматак расы ўэсэкская седлаватая, паселеных тут спадкаемцам Троспа, разам з сухім лісьцем з шматлікіх аздобных кустоў, пасаджаных на даху пазьнейшымі кватарантамі, і з прынагоднымі няўежнымі абедамі, выкінутымі або званітаванымі туды тым ці іншым ўражлівым эпікурэйцам — аж урэшце сячкарня пораў году пасекла і замясіла цеста напластаванага неверагоднага чарназёму таўшчынёю ў фут, у якім расьце ўсё, не найгорш і бананы. Пірат, даведзены да адчаю ваенным дэфіцытам бананаў, пастанавіў збудаваць шкляную цяпліцу на даху і намовіў аднаго сябрука, які лётаў маршрутам Рыё-Асцэнсыён-Форт Лэмі, каб той яму недзе сьцягнуў пару маладых бананавых дрэўцаў для прышчэпкі ў абмен за нямецкі фотаапарат, калі б Пірат на такі натрапіў падчас свайго наступнага заданьня з парашутам.

Пірат праславіў сваё імя якраз Бананавымі Сьняданкамі. Вайсковыя нахлебнікі, нават тыя, у якіх бананы выклікаюць алергію або непрыхаваную варожасьць, зьяжджаюцца сюды натоўпамі з усёй Англіі, каб толькі паглядзець, бо палітыка бактэрый — заплятаньне вочкаў у сетках, у якіх толькі адзін Бог можа разабацца — часта гнала плады ў даўжыню паўтара фута, так, неверагодна, але праўдзіва.

Пірат стаіць у прыбіральні й сцыць без аніводнай думкі ў галаве. Потым навалаквае на сябе ваўняную робу, якую носіць назнаніцу, каб хаваць ад вачэй кішэню з цыгарэтамі, хоць гэта й ня надта дапамагае, і, кружляючы паміж разапрэлых цел калегаў, праходзіць да бальконных дзьвярэй, высьлізгвае ў знадворны холад, енкнуўшы ад зашчымелых зубных плёмбаў, узьбіраецца па вітай драбінцы у садок на даху і запыняецца на хвіліну, пазіраючы на раку. Сонца ўсё яшчэ за даляглядам. Выглядае, што днём задажджыць, але пакуль што паветра незвычайна празрыстае. Вялізная будыніна электрастанцыі, газавы завод за ёю, вырысоўваюцца выразна: крышталі, што вырасьлі ў прабірцы сьвітаньня, коміны, вэнтылятары, вежы, водаправоды, сукаватыя выкіды пары й дыму...

— Ххахх! — рыкае Пірат безгалоса, назіраючы, як ягоны дых разьвейваецца над парапэтам. — Ххааххх! — Дахі танцуюць у ранішнім паветры. Ягоныя агромністыя бананы растуць у гронках, зіхотка-жоўтыя, вільготна-зялёныя. Ягоныя кампаны нанізе пускаюць сьлінкуі, мроячы сны аб Бананавым Сьняданку. Гэты добра вышараваны дзень павінен аказацца ня горшым за іншыя...

Ці акажацца? Далёка на ўсходзе, унізе ружовага неба, нешта бліснула, вельмі ярка. Новая зорка, у кожным разе нешта нароўні яркае. Ён абапіраецца локцямі аб парапэт, каб паназіраць. Яскравы пункт ужо стаўся кароткай вэртыкальнай лініяй белі. Гэта, мабыць, недзе над Паўночным морам... прынамсі не бліжэй чым там... лядовыя палі зьнізу і халодная пляма сонца. ...

Што гэта? Нічога падобнага не бывае. Але Пірат ведае. Ён бачыў гэта ў фільме, усяго два тыдні таму... гэта кандэнсацыйны хвост. Ужо на палец вышэй. Але гэта не за самалётам. Самалёты не падымаюцца вэртыкальна. Гэта новая, пакуль яшчэ Абсалютна Сакрэтная нямецкая ракетная бомба.

— Надыходзіць пасылка. — Ён шапнуў гэта, ці яму толькі падумалася? Ён заціскае абшмуляную апярэзку свае робы. Мяркуюць, што дасяг гэтых штукаў даходзіць да 200 міляў. Але ж ня можна ўбачыць кандэнсацыйнага хваста за 200 міляў адсюль, што?

Ага. Вось што: за крывізною Зямлі, далей на ўсходзе, там сонца, толькі што ўзыйшло над Галяндыяй, асьвятляе выкідныя газы ракеты, кропелькі й крышталікі, і зіхатліва адбіваецца ад іх над морам. ...

Белая рыска раптоўна абарвала свой узыход. Гэта, відаць, выйшла паліва, канец згараньня, як жа яны гэта называюць... Brennschluss. У нас няма адпаведніка. Або і ёсьць, толькі засакрэчаны. Сподні канец рыскі, тая першапачатковая зорка, ужо пачаў растварацца ў чырвоным сьвітаньні. Але ракета прыбудзе сюды яшчэ перад тым, як Пірат убачыць узыход сонца.

Хвост, размазаны, зьлёгку паразрываны ў два ці тры бакі, вісіць у небе. Ракета, ужо па чыста балістычнай траекторыі, узьнімаецца яшчэ вышэй. Але цяпер не відаць.

Трэба штосьці зрабіць... зьвязацца з цэнтрам кіраваньня ў Станмары, яны напэўна маюць яе на радарах над Пралівам — не: насамрэч, няма часу. Менш пяці хвілін ад Гаагі сюды (столькі, каб прайсьці да кавярні за рогам... столькі часу патрабуе сьвятло, каб даляцець з Сонца на плянэту любові... зусім няма часу). Выбегчы на вуліцу? Асьцерагчы іншых?

Нарваць бананаў. Ён брыдзе праз чорны кампост да цяпліцы. Адчувае, як яго напірае пасраць. Ракета, на вышыні шасьцідзесяці міляў, мабыць, дасягае піку свае траекторыі... пачынае зыход... цяпер...

Кратаваную шкляную столь пранікае дзённае сьвятло, млечныя шыбіны выпраменьваюць дабрадзейства. Якім чынам можа быць зіма — нават такая — дастаткова шэрая, каб пастарыць гэтае жалеза, якое можа сьпяваць на ветры, або захмарыць гэтыя вокны, якія расчыняюцца ў іншую пару году, нічога, што падманна абсталяваную?

Пірат паглядае на гадзіньнік. Нічога да яго не даходзіць. Поры ягонага твару паколваюць. Апаражніўшы свой розум — штучка дэсантнікаў — ён уваходзіць у вогкую гарачыню свае бананавае плянтацыі і пачынае латашыць найбольш дасьпелыя і найлепшыя плады, падставіўшы пад іх прыпол свае робы. Засяродзіўшыся адно на падліку бананаў, ён ходзіць басанож між ваглівых пучкоў, між гэтых жоўтых жырандоляў, гэтага трапікальнага сутоньня...

Назад у зіму. Кандэнсацыйны хвост зьнік зь неба назусім. Піратаву скуру пакрывае пот халодны як лёд.

Ён нясьпешліва запальвае цыгарэту. Яму ня будзе чуваць, калі яна надляціць. Яна ляціць хутчэй, чым гук. Першы сыгал — гэта выбух. Потым, калі ты ўсё яшчэ жывы, чуеш гук ейнага спусканьня.

А што, калі б яна папала дакладна — ах, не  —  калі б на кароткі міг ты адчуў, як самы кончык, з жудасным грузам над ім, ударае ў тваё цемя...

Пірат, згорбіўшы плечы, зносіць бананы па сьпіральнай драбінцы.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=65 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Вясёлка гравітацыі

Томас Пінчан — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня

Вокладка „Gravity's Rainbow” у выданьні „Penguin Books”
Вокладка „Gravity's Rainbow” у выданьні „Penguin Books”