Літаратура.org » Чытальня » Яцэк Дукай, Лёд

Лёд

Яцэк Дукай — Польская — Ян Максімюк

(Фрагмэнт)

 

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ

Пра тысячарублёвага сына

 

14 ліпеня 1924 году, калі па мяне прыйшлі чыноўнікі Міністэрыі Зімы, надвячоркам гэтага дня, напярэдадні сыбірыяды, толькі тады ўпершыню даняло мяне падазрэньне, што я не існую.

Пад пярынай, пад трыма пледамі і старым габардынавым плашчом, у мультановых сподніках і вязаным швэдары, у шкарпэтках, нацягнутых на шкарпэткі, — адно ступні вытыркалі з-пад пярыны і пледаў, — пасьля паўсутачнага сну нарэшце размарожаны, скручаны амаль у трубу, з галавой, уплішчанай пад падушку ў тоўстай абшыўцы, што і гукі даходзілі ўжо мяккія, разагрэтыя, аблітыя воскам, як мурашкі, завязлыя ў жывіцы, яны прабіваліся ў глыб паволі і зь вялікай маруднасьцю, праз сон і праз падушку, мілімэтар за мілімэтрам, слова за словам:

— Гаспадзін Венедзікт Ераслаўскі.

— Ён.

— Сьпіт?

— Сьпіт, Іван Іванавіч.

Голас і голас, першы нізкі і сіплы, а другі нізкі і сьпеўны; перш чым падняць плед і павеку, я ўжо бачыў іх, як яны пахіляюцца нада мною, гэты сіплы над узгалоўем, а той сьпеўны з боку ног, мае царскія анёлы.

— Мы абудзілі паніча Венедзікта, — сьцьвердзіў Іван, калі я разьмежыў другую павеку. Ён кіўнуў Бярнатавай; гаспадыня пакорліва пакінула памяшканьне

Іван прысунуў сабе табурэт і сеў; калені ён трымаў разам, а на каленях капялюш-кацялок з вузкімі палямі. Высокі каўнер кашулі, белы як сьнег у паўднёвым сонцы, рэзаў мой зрок, белы каўнер і белыя канторскія манжэты, сьляпучыя на тле аднастайнай чэрні іхных адзеньняў. Я міргаў вачыма.

— Дазвольце нам, Венедзікт Філіпавіч.

Яны дазволілі сабе. Другі прысеў ва ўзножжы ложка, сваім цяжарам пацягнуўшы пярыну, ажно мне давялося выпусьціць яе; ухапіўшыся тады за пледы, я прыўзьняўся ў сваёй бярлозе і такім чынаў адкрыў і сьпіну, халоднае паветра ўплішчылася пад швэдар і споднікі, і я задрыжаў, разбуджаны.

Я накінуў на плечы плашч, падцягнуў калені пад бараду.

Яны глядзелі на мяне як на пацешлівую карцінку.

— Як здароўе?

Я кашлянуў. У горле назьбіралася начное харкавіньне, едкая кіслата, настоеная на ўсіх складніках страўнікавага зьмесьціва, часночнай каўбасе, карнішонах, чаго яшчэ мы ўчора пасмакавалі, цёплай кізілаўцы і цыгарэтах, на мностве цыгарэтаў. Я пахіліўся да сьцяны і харкануў у плявальніцу. Ажно мяне сагнула. Сагнуты, я колькі часу цяжка кашляў.

Я выцер рот разьдзертым рукавом плашча.

— Як у каня.

— Дык гэта добра, гэта добра, мы баяліся, вы з ложка ня ўстанеце.

Я ўстаў. Папернік ляжаў на падваконьніку, запіхнуты за вазон зь мёртвай гераньню. Я выняў бумагу і падсунуў Івану пад нос.

Той нават ня глянуў.

— Ну, гаспадзін Ераслаўскі! Ці бо мы гарадавыя вам?! — Ён выпрастаўся на сваім табурэце яшчэ больш, я думаў, гэта немагчыма, але ён выпрастаўся яшчэ, цяпер ужо сьцены крывымі падаваліся, шафа гарбатай, дзьвярная рама скаліёзнай; пакрыўджаны, чыноўнік падымаў падбародак і выпучваў грудзі. — Ветліва просім вас да нас на Мядовую, на чай і саладосьці, камісар заўсёды замаўляе сабе сарбэты, кулічы, сьметанковыя ражкі, проста ад Сэмадэні, сапраўдная распуста паднябеньня, калі магу так сказаць, што, Кірыл?

— Можаце, Іван Іванавіч, яшчэ як можаце, — прасьпяваў Кірыл.

У Івана Іванавіча былі пышныя вусы, моцна напамаджаныя і закручаныя ўверх; затое Кірыл быў гладзюсенька паголены. Іван выняў з камізэлечнай кішэнькі цыбуліну на зблытаным ланцужку і заявіў, што ўжо пяць па пятай, камісар Прэйс вельмі даражыць пунктуальнасьцю, а ў колькі часу ён выходзіць на вячэру? Дамовіліся з генэрал-маёрам у “Францускім”.

Кірыл пачаставаў Івана табакай, Іван пачаставаў Кірыла папяросай, яны прыглядаліся, як я адзяваюся. Я плёснуў у місу ледавітай вады. Кафлі печкі былі халодныя. Я падкруціў кнот газоўкі. Адзінае вакно пакоя было з боку цеснага двара, а шыбіны зарасьлі брудам ды інеем да таго, што нават і апоўдні няшмат сонечнага бляску прасочваецца празь іх. Калі я галіўся, — калі я яшчэ галіўся, — я быў вымушаны стаўляць перад люстрам газоўку, падкручаную на поўную моц. Зыга разьвітаўся з брытвай адразу пасьля прыезду ў Варшаву; ён адгадаваў бараду ня горшую, чым любы поп. Я зірнуў на ягоную пасьцель па другі бок печкі. У панядзелак у яго лекцыі, ён устаў напэўна на досьвітку. На ложку Зыгмунта ляжалі чорныя шубы чыноўнікаў, іх рукавіцы, палка і шаль. Бо стол быў да адказу завалены брудным посудам, пляшкамі (пустымі), кніжкамі, часопісамі, сшыткамі, Зыга сушыў сабе шкарпэткі і сподняе, вешаючы іх на краі стальніцы ды прыціскаючы анатамічнымі атлясамі і лацінскімі слоўнікамі. А пасярэдзіне стала, на зачытаным, зашмальцаваным “Über die Hypothesen welche der Geometrie zu Gründe liegen” Рымана і на стосе пажоўклых “Кур’ераў Варшаўскіх”, якіх трымалі на распалку, для заклейваньня расьпертых ад марозу шчылінаў і для прасушкі ботаў, а яшчэ для абгортваньня бутэрбродаў — там стаяў падвойны шэраг сьвечак і агаркаў, руіны стэарынавага Партэнону. А пад сьцяной насупраць печкі грувасьціліся роўныя стосы тамоў у цьвёрдым пераплёце, паскладаных паводле фармату і таўшчыні ды паводле частаты чытаньня. Над імі на закопчанай сьцяне вісеў бляшаны шчыт-мэдальён з выявай Маці Боскай Вастрабрамскай, — адзіная памятка пасьля папярэдніх кватарантаў, якіх Бярнатава выкінула на брук з-за “непрыстойных паводзін”, — ён дарэшты пачарнеў і цяпер нагадваў хутчэй элемэнт сярэднявечных дасьпехаў для ліліпутаў. Іван да гэтага мэдальёну доўга і зь вялікім напружаньнем прыглядаўся, прутка ўсеўшыся на ўслоне, з папяросай у левай руцэ, адстаўленай пад вуглом сарака пяці градусаў ад цела, а правай пакладзенай на сьцягне каля кацялка, са зморшчанымі бровамі і носам ды натапыранымі вусамі — я тады зразумеў, што ён амаль сьляпы, што ў яго канцылярская блізарукасьць, на носе і пад вачніцамі відаць было сьляды пасьля пэнснэ, калі няма пэнснэ, яму не абысьціся без дапамогі Кірыла. Яны ўвайшлі проста з марозу, і Іван быў мусіў зьняць акуляры. Мне самому тут часта сьлязацца вочы. Паветра ў камяніцы густае, цяжкае, прасякнутае ўсімі пахамі людзкіх і жывёльных арганізмаў, вокнаў не адчыняе ніхто, дзьверы адразу дачыняюць і затыкаюць шчыліны над парогам анучкамі, каб цяпло не ўцякала з будынка — за паліва ж трэба плаціць, а ў каго знайшлося б дастаткова грошай на вугаль, ён наагул не туліўся б у такіх цёмных заканурках, дзе паветра сьпёртае, цяжкае, дыхаеш ім як быццам п’еш ваду, выплюнутую суседам і ягоным сабакам, кожнае тваё дыханьне мільён разоў раней прайшло праз сухотныя лёгкія мужыкоў, жыдоў, вазакоў, мясьнікоў і шлюхаў, выхаркнутае з чорных гартаняў, яно вяртаецца да цябе зноў і зноў, прасочанае празь іхную сьліну і сьлізь, прапушчанае празь мікозныя, вашывыя і гнойныя целы, яны выкашлялі, высмаркалі, вырыгалі яго табе проста ў рот, ты мусіш каўтнуць, мусіш дыхаць, дыхай!

— Пра-прабачце.

Нужнік на канцы калідора, на шчасьце, ня быў заняты. Я ванітаваў у зеўру, зь якой тхнула ў мой твар ледзяным смуродам. З-пад абасранай дошкі вылазілі прусакі. Я расплюшчваў іх вялікім пальцам, калі яны падыходзілі мне пад бараду.

Выйшоўшы назад на калідор, я ўбачыў Кірыла на парозе пакоя — ён сачыў за мною, трымаў варту, ці не ўцяку ад іх на мароз у сподніках і швэдары. Я ўсьміхнуўся з разуменьнем. Ён падаў мне хустачку і паказаў на левую шчаку. Я выцер. Калі я хацеў аддаць яе назад, ён адступіўся на крок. Я ўсьміхнуўся другі раз. У мяне шырокія вусны, лёгка ўсьміхаюцца.

Я надзеў маё адзінае выходнае адзеньне, значыць, чорны гарнітур, у якім здаваў апошнія экзамены; калі б не напластаванае сподняе, ён цяпер вісеў бы на мне як на шкілеце. Службоўцы глядзелі, як я завязваў чаравікі, як зашпільваў камізэльку, як змагаўся з пругкім цэлюлёідным каўнерыкам, прышпіленым да апошняй баваўнянай кашулі. Я ўзяў дакумэнты і ўсю гатоўку, тры рублі і сорак дзьве капейкі — хабар з гэтага будзе толькі сымбалічны, але з пустымі кішэнямі ва ўстанове чалавек адчувае сябе голым. Адно са старым авечым кажухам я нічога ня мог зрабіць, латка на лацы, плямы, крывыя швы, іншага ў мяне не было. Яны моўчкі прыглядаліся, як я праціскаю рукі праз несымэтрычныя рукавы, левы даўжэйшы. Я ўсьміхнуўся, выбачаючыся. Кірыл пасьлініў аловак і запісаў нешта на манжэце.

Мы выйшлі. Бярнатава, відаць, цікавала празь недачыненыя дзьверы — яна адразу зьявілася пры чыноўніках, зарумянелая і гаманлівая, каб правесьці іх назад лесьвіцай з трэцяга паверху і праз два двары-студні да галоўнай брамы, дзе дворнік Валенты, паправіўшы шапку з масянжовай бляшкай і схаваўшы люльку ў кішэню, пасьпешліва зьмёў сьнег з ходніка і пасобіў чыноўнікам сесьці ў сані, беручы спадароў пад локці, каб яны не пакаўзнуліся на абледзянелым тратуары, а Бярнатава, калі яны ўжо селі і ўкручвалі ногі пледамі, засыпала іх градам скаргаў на зласьлівых кватарантаў, на банды злодзеяў з Павісьля, якія ўзломваюць кватэры нават днём, ды на жудасныя маразы, ад якіх звонку набрынялыя вадою вокны выкрыўляюцца, а трубы лопаюць у мурах, і ніякая гідраўліка ні каналізацыя не вытрывае доўга ў зямлі; пад канец горача запэўніла іх, што ўжо даўно падазравала мяне ў размаітых правіннасьцях і непрыстойнасьцях, і немінуча данесла б адпаведнай уласьці, калі б ня тысяча іншых клопатаў на ейнай галаве — нарэшце вазак на сваіх козлах за сьпінай Кірыла ляснуў пугаю і коні тузанулі сані ўлева, прымушаючы кабету адступіцца, і такім чынам мы рушылі ў дарогу да варшаўскага прадстаўніцтва Міністэрыі Зімы, да колішняга Палаца Кракаўскіх Біскупаў, Мядовая, 5, рог Сэнатарскай.

Пакуль мы павярнулі з Кашыковай у Маршалкоўскую, пачаў церушыць сьнег; я нацягнуў шапку на вушы. Службоўцы ў сваіх шырокіх футрах і кацялках, падобных на шкарлупіны арэхаў, седзячы на нізкіх сядзеньях саняў, Іван побач са мной, Кірыл задам да ізвозчыка, нагадвалі жукі, якія я бачыў у Зыгмунтавым вучэбніку: тоўстыя, авальныя тулавы, кароткія лапкі, малая галава, усё глянцавіта чорнае, замкнутае ў геамэтрычнай сымэтрыі эліпсаў і акружнасьцяў. Форма так блізкая да ідэальнага шару сама выдзяляецца са сьвету. Яны глядзелі ўперад халодным позіркам, з заціснутымі вуснамі і высока ўзьнятымі пры дапамозе пругкіх каўнерыкаў падбародкамі, мімавольна паддаючыся руху саняў. Я думаў, што даведаюся нечага ад іх па дарозе. Я думаў, яны пачнуць дамагацца заплаты за прыхільнасьць, за брак сьпеху і руплівасьці. Маўчалі. Запытаю ў іх — як? пра што? Яны прыкінуцца, што не пачулі. Між намі віравалі ліпкія сьняжынкі. Я схаваў халодныя далоні ў рукавы кажуха.

У Францускай Цукерні гарэла сьвятло, электрычны бляск, які біў празь вялізныя вокны, плёў вакол мінакоў арэолы з воўны. Летняе сонца павінна было яшчэ стаяць вунь на небе, але як звычайна над горадам віселі цяжкія хмары, засьвяцілі нават ліхтары — высозныя, зь вяршкамі, скручанымі ў сьпіраль. Мы павярнулі на поўнач. З цукерні Астроўскага, пры скрыжаваньні зь Пекнай, выбягалі дзяўчаткі ў чырвоных плашчыках і белых пэлярынах з каптуркамі, іхны сьмех на момант узьбіўся па-над вулічным шумам. Я прыгадаў няскончаны ліст да панны Юліі і яе апошняе крык-пытаньне. Каля Астроўскага, у Вэдэля, мы дамаўляліся з Фрэдкам і Ківайсам на карцёжныя вечарыны. Непадалёк, за кінатэатрам “Сокал”, у Калькі, Мілы Князь наймаў пакой на начныя паседжаньні. Калі б я прыўзьняў галаву і паглядзеў улева, па-над кацялком Івана, я ўбачыў бы вакно на трэцім паверсе камяніцы пад нумарам 71, празь якое выпаў Фрэдэк.

Пры скрыжаваньні з Навагродзкай вісела прымерзлая да ліхтара тоўстая карова, сьцягно цёмнага лёду злучала яе зь вяршком фасаду пяціпавярховага будынка. Карова, мусіць, паходзіла з апошняга згону жывёлы на бойню на Ахоце, зімоўнікі яшчэ не адсеклі яе. У пэрспэктыве вуліцы, над дахам камяніцы “Сьфінкса” маячыла сіне-чорнае гняздоўе лёду, вялізны згустак цьвёрдай як дыямэнт мерзлаты, злучаны сеткай лядовых нітак, ледзяшоў, арак і калёнаў з камяніцамі абапал Маршалкоўскай і Злотай — з камяніцамі, зь ліхтарамі, куксамі замерзлых дрэваў, балюстрадамі балконаў, эркерамі, шпілямі купалаў і вежак, атыкамі і комінамі. Кінатэатар “Сьфінкс”, вядома, быў закрыты з даўняга часу, на найвышэйшых паверхах не сьвяцілася.

Сані запаволілі, калі мы міналі Навагродзкую. Вазак паказаў на нешта пугай. Воз перад намі зьяжджаў на тратуар. Кірыл азірнуўся. Я перахіліўся направа. На скрыжаваньні зь Ерусалімскімі Алеямі стаялі два паліцыянты, пры дапамозе сьвісткоў і крыку зганяючы рух зь сярэдзіны вуліцы — над брукам якраз перамарожваўся люты.

На некалькі хілінаў мы завязьлі ў выкліканым ім заторы. Звычайна лютыя перамяшчаюцца па-над дахамі, у гарадах толькі зрэдку сыходзячы да зямлі. Нават на такой адлегласьці мне здавалася, што я адчуваю хвалі холаду, якія наплывалі ад яго. Я задрыжаў і мімаволі ўціснуў галаву ў каўнер кажуха. Чыноўнікі Міністэрыі Зімы пераглянуліся. Іван зірнуў на гадзіньнік. Па другі бок вуліцы, за слупам з аб’явамі, абклееным афішамі з рэклямай баруканьня ў цырку на Акульніку, па-ангельску адзеты мужчына расстаўляў старасьвецкі фотаапарат, каб зрабіць здымак лютаму; здымак, найбольш верагодна, канфіскуюць людзі зь Мядовай, і ён не пакажацца ў газэце. Іван і Кірыл не прысьвяцілі фатографу ні каліва ўвагі.

Люты быў асабліва жвавы, да змроку ён павінен пасьпець перайсьці на другі бок Маршалкоўскай, за ноч ён уздымецца над дахамі, да пятніцы дойдзе да гняздоўя над кінатэатрам. Калі летась марозьнік пераходзіў з Прагі да Замка па Александрыйскім мосьце, мост закрылі на амаль два месяцы. А вось гэты гляцыюш — пачакаць усяго хвілін пятнаццаць, і я, мабыць, мог бы згледзець яго рух, як перамарожваецца зь месца на месца, перасоўваецца ў лёдзе, лёдам, ад лёду да лёду, як лопае за ім адна, потым другая крыштальная нітка і паволі абсыпаецца сіне-белае крышыва, хвіліна, кштр, дзьве хвіліны, кштр, вецер падхопліваў разам са сьнегам усе лягчэйшыя крышынкі, але большасьць умярзала ў чорную гладкую пласьцінку, у якую замярзала вулічная гразь, лёд лёду; і гэтая сьцежка шурпатай мерзаці як сьлед сьлімакавай сьлізі цягнулася некалькі дзясяткаў мэтраў на ўсход ад Ерусалімскіх Алеяў, і па тратуары, і па франтоне гатэля. Астатняе ўжо аддзяўблі зімоўнікі або само адмерзла; учора папоўдні тэрмамэтар у Шніцэра паказваў пяць градусаў вышэй нуля.

Люты ня рухаўся ні па простай лініі, ні не ўтрымоўваўся на адной вышыні над брукам (яны таксама ўмярзаюць пад паверхню зямлі). Тры-чатыры гадзіны таму, мяркуючы па раскрышанай архітэктуры лёду, люты пачаў мяняць траекторыю; да той пары ён перасоўваўся ўсяго мэтар над сярэдзінай вуліцы, але потым, тры гадзіны таму, ён рушыў па вострай парабалі ўверх, па-над вяршкі ліхтароў і вершаліны замарожаных дрэваў. Я бачыў пастаўлены ім шэраг стройных сталягмітаў, яны зіхацелі адбітым бляскам ліхтароў, водсьветамі каляровых неонаў, сьвятлом з вокнаў і вітрынаў. Шэраг абрываўся над трамвайнымі рэйкамі — люты павіснуў цэлым цяжарам на зоркападобнай сетцы марозаструнаў, якая расьцягалася гарызантальна і сягала фасадаў нарожных будынкаў. Можна было б увайсьці пад яго, калі б знайшоўся нейкі такі вар’ят.

Іван кіўнуў на Кірыла, і той выкараскаўся з саняў з грымасай неахвоты на твары, зарумяненым ад кусьлівага марозу. Можа, мне пашэнціць, падумаў я, можа, мы спозьнімся, і камісар Прэйс ужо пойдзе на вячэру, дамоўленую з генэрал-маёрам, а мяне аправяць зь Мядовай ні з чым. Слава табе, Госпадзе, за гэтага вырадка-ледзяша. Я пасунуўся на лаўцы, апіраючыся плячом аб бок саняў. Падбег газэтнік — “Японцы Хірахіты пабіты! Экспрэс спэцыяльны, Мярзоў трыюмфальны!” — я пакруціў галавой. Пры заторах у цэнтры адразу зьбіраюцца натоўпы, зьяўляюцца вулічныя гандляры, прадаўцы цыгарэтаў і сьвячанай вады, сьвячанага агню. Паліцыянта адганялі мінакоў ад лютага, але яны ня ў змозе прыпільнаваць усіх. Шайка вісусаў падкрался з боку рэстарану Брысэмэйстра. Самы сьмелы, з абвязаным шалікам тварам і ў тоўстых, няўклюдных рукавіцах, падбег да лютага на крокаў пятнаццаць ды шпурнуў у яго катом. Кот ляцеў высокай дугою, растапырыўшы лапы, мяўкаючы як бы зь яго жыўцом дзерлі скуру... раптам жудасная віскатня абарвалася. Ён упаў на лютага, мабыць, ужо мёртвы, каб потым, замёрзлы на костку, паволі скаціцца па лютым у сьнег: лядовая скульптура ката, з растапыранымі лапамі і з хвастом, выпрастаным як струнка. Хлапчукі адбегліся, ажно завываючы ад уцехі. Патлаты жыд пагрозьліва трос на іх рукою з парога ювэлірнай крамы Эпштэйна, заядла лаючыся на ідыш.

Тым часам Кірыл дапёр да старэйшага паліцыянта і, ухапіўшы яго за локаць, каб той ня кінуўся ў пагоню за вулічнымі падшыванцамі, стаў яму нешта тлумачыць сьцішаным голасам, але з саліднай дапамогай замашыстых жэстаў другой рукі. Гарадавы адварочваў галаву, паціскаў плячыма, чухаўся ў макаўку. Маладзейшы з паліцыйнай пары пакрыкваў да таварыша, чаго стаіш, пасоб! На Алеях счапілася палазамі двое саняў, выклікаючы яшчэ большы гармідар, вазы збочвалі на ходнікі, пешаходы, лаючыся па-польску, па-расейску і па-жыдоўску, уцякалі ад колаў і капытоў, перад складам віна ўпала на замерзлую гразь матрона памерам у гданьскую шафу, трое джэнтльмэнаў спрабоўвалі паставіць яе на ногі, з падмогай ім пасьпяшаў пузаты афіцэр, і яны надрываліся ўчацьвярых, раз — упала — два — упала — тры — ужо паўвуліцы хапалася за жываты ад сьмеху, а кабета, пачырванелая як вішня, жахотна пішчала, матляючы тоўсьценькімі ножкамі ў дробненькіх чаравічках... Нічога дзіўнага, што мы азірнуліся назад на скрыжаваньне толькі тады, калі адтуль даляцелі скрыгат разьдзіранай бляхі і трэск лопнутага дрэва. Аўтамабіль сутыкнуўся з фурай вугальшчыка; адзін конь упаў, адвалілася адно кола. Паліцыянт адпіхнуў Кірыла, кінуўся бегма да аварыі. Замкнёны ў нутры крытай машыны аўтамабіліст пачаў ціснуць на сыгнальную трубку; у дадатак нешта стрэліла пад капотам матору, як быццам пальнулі з дубальтоўкі. Гэта было ўжо занадта для сівака, запрэжанага ў сані побач. Спалоханы, ён ірвануў уперад, проста на лютага. Фурман схапіў за лейцы, але і сам конь, мусіць, адчуў, у якую сьцяну марозу ўпёрся — ён яшчэ мацней тузануў убок, павярнуўшы сані на месцы. Яны зачапіліся полазам за край тратуара? Сівак пасьлізнуўся на чорнай гладкай паверхні лёду? Я падхапіўся ў міністэрскіх санях, разам зь Іванам мы глядзелі на нягоду па-над шэрагам павозак перад намі, але ўсё адбывалася задужа хутка, задужа неспадзявана, зашмат было крыку, сьвятла і ценю. Паваліўся сівак, перакуліліся сані, якія ён цягнуў, высыпаўся іхны груз, больш за дзясятак пузатых балёнаў у кашах зь пілавіньнем, кашы і балёны пакаціліся на сярэдзіну скрыжаваньня, некаторыя зь іх, мусіць, разьбіліся, па лёдзе разьлілася вадкасьць пералівістага бледназялёнага адценьня, — газа, падумалася мне, — і раптам палыхнуў агонь, ад чаго, ад электрычнай іскры з аўтамабіля, кінутай цыгарэты, удару падкаванага капыта аб брук, ня ведаю. Блакітнае полымя скакала па ўсёй шырыні калюжыны, высока, штораз вышэй, на мэтар, паўтара мэтра ў вышыню — амаль дастаючы да ўмарожанага ў паветраную сетку лютага.

Фатограф, прыгорблены над апаратам, паволі, мэтадычна выпальваў здымак за здымкам. І што ён на іх потым убачыць, што захаваецца ў шкле і адаб’ецца на паперы: сьнег — сьнег — бледныя арэолы ліхтароў — цёмную гразь, цёмны брук, цёмнае неба — шэрыя франтоны камяніц у пэрспэктыве шырокага горадзкога яру — на першым пляне хаос кантовых абрысаў павозак, заблякаваных у заторы — паміж іх і паміж чалавечых сылюэтаў б’е бляск чыстага агню, так ясны, што здымак у гэтым месцы выглядае, як быццам ён і ня быў экспанаваны — а над ім, над полымем белі бялейшай чым бель, у сэрцы павіслай арабэскі лёду, распасьціраецца люты, люты, масіўны пярун марозу, зорка шэрані, жывое вогнішча холаду, люты, люты, люты над футравымі токамі жанчын, люты над вушанкамі і кацялкамі мужчын, люты над конскімі мызамі і будамі павозак, люты над нэонамі кавярняў і атэлье, магазынаў і гатэляў, цукерняў і садавінных крамак, люты над Маршалоўскай і Ерусалімкімі Алеямі, люты над Варшавай, люты над Расійскім Царствам.

Калі мы потым ехалі ў бок Саксонскага Саду і, па Каралеўскай, паўз Сад пад шматадовай мерзлатой і калюмнаду, увешаную ледзяшамі, паўз пакрытыя навісамі сьнегу званіцу і сабор на Саксонскім Пляцы, да Кракаўскага Прадмесьця, тая карціна — адбітак карціны і ўяўленьня — вярталася да мяне раз-пораз, як назойлівы ўспамін зь неразгаданым значэньнем, як краявід, убачаны, але не зразуметы.

Чыноўнікі паўголасна абменьваліся бурклівымі заўвагамі, вазак крычаў на няўважлівых мінакоў; мяцеліца аслабела, але рабілася ўсё халадней, дыханьне замярзала на маім твары, павісаючы перад ім белым аблокам, спацелыя коні рухаліся ў хмарах ліпкай вільгаці — набліжаўся Каралеўскі Замак. Перад паваротам у Мядовую я ўбачыў яго па-над калёнай Жыгімонта: замкнёны ў камлызе цяністага лёду Замак — і вялікае гняздоўе лютых над ім. Фіялетава-чорная стыгліна расьцягвалася на палову дахоў Старога Места. У пагодлівыя дні можна ўбачыць вакол Вялікай Вежы хвалі марозу ў паветры. Няма такой шкалы на тэрмамэтрах, каб зьмерыць гэты холад. Каля вогнішчаў на Замкавым Пляцы трымаюць варту жандармы. Калі з гняздоўя вымарожваецца люты, яны закрываюць вуліцу. Генэрал-губэрнатар быў тут паставіў кардон з драгуноў Чатырнаццатага Маларасійскага Полку, але полк тым часам паслалі на японскі фронт.

Дах Палацу Кракаўскіх Біскупаў аднак быў вольны ад лядовай нарасьці. У прыбудове палацу з боку вуліцы Сэнатарскай далей разьмяшчаліся раскошныя крамы, — электрычныя рэфлектары асьвятлялі рэклямы Эксклюзіўных Дэлікатэсаў Мікалая Шэлехава і чаёў Маскоўскага Гандлёвага Дому Сяргея Васільевіча Пярлова, — але галоўнае крыло з боку вуліцы Мядовай, пад ракокавай вязьзю даху і з карынфскімі пілястрамі, належала да Міністэрыі Зімы. Над абодвума брамнымі праездамі віселі чорныя дзьвюхгаловыя арлы пад каронамі Раманавых, аздобленымі оніксавым тунгетытам.

Мы ўехалі на ўнутраны двор, палазы саняў заскрыгаталі па бруку. Чыноўнікі выйшлі першыя, Іван адразу зьнікнуў за дзьвярыма, начапіўшы на нос пэнснэ; Кірыл стаў на прыступках, перад парогам, азіраючыся на мяне. Я адкрыў рот. Ён падняў бровы. Я апусьціў зрок. Мы ўвайшлі.

Швэйцар узяў мой кажух і шапку, а дзьвернік падсунуў кніжышча, у якім мне трэба было запісацца ў двух месцах, пяро выпала з акалелых пальцаў, можа, я напішу за вяльможнага пана, не, я, я сам. Непісьменны просты народ таксама наведвае калідоры начальства Зімы.

Усё тут зіхацела чысьцінёй: мармур, паркет, шкло, крышталь і вясёлкавае зімалеза. Кірыл вёў мяне галоўнай анфілядай, праз два сакратарыяты. Не сьценах, пад партрэтамі Мікалая ІІ Раманавіча і Пётра Рапацкага віселі сонечныя пэйзажы стэпу і лесу, вясьнянага Санкт-Пэтэрсбурга і летняй Масквы, з часу, калі вясна і лета яшчэ туды завітвалі. Пэрсанал не падымаў галоваў з-над пісьмовых сталоў, але я бачыў, як саветнікі, рэфэрэнты, канторшчыкі і пісары крадком праводзяць мяне зрокам, а потым абменьваюцца крывымі позіркамі. Калі скончыцца службовы час? Міністэрыя Зімы ніколі не засынае.

Надзвычайны камісар Прэйс В.В. займаў вялізны кабінэт са старасьвецкай печкай і мёртвым камінкам, высокія вокны выходзілі на Мядовую і Замкавы Пляц. Калі я ўвайшоў, мінаючыся на парозе зь Іванам, які відавочна ўжо пра мяне паведаміў, камісар завіхаўся каля самавару, адвернуты да мяне сьпінай. У яго самога была фігура самавара, корпус пукаты, грушападобны, і малая лысая галава. Ён рухаўся зь неўтаймоўнай энэргіяй, далоні трапяталі над сталом, ступні не пераставалі вытанцоўваць, малы крок улева, малы крок управа — я быў упэўнены, што ён падпявае пад носам, што ён усьміхаецца пад носам, з румянага твару спаглядаюць на сьвет вясёлыя вочкі, і ня моршчыцца гладкі лоб камісара Зімы. Тым часам, паколькі ён не адварочваўся, я стаяў каля дзьвярэй, заклаўшы рукі за сьпіну, і дазваляў цёпламу паветру напаўняць лёгкія, абмываць скуру, растапляць кроў, застыглую ў венах. У кабінэце было амаль горача, каляровая маёлікавая печка не астывала ні на момант, шыбы пакрыліся парай да такой ступені, што я бачыў празь іх наогул размытыя вясёлкі вулічнага асьвятленьня, якія дзівосна разьліваліся і зьліваліся на шкле. Гэта пытаньне палітычнай вагі, каб у Міністэрыі Зімы ніколі не было холадна.

— Ну, чаму вы не сядаеце, Венедзікт Філіпавіч? Сядайце, сядайце.

Румяны твар, вясёлыя вочкі.

Я сеў.

Голасна ўздыхнуўшы, ён апусьціўся па свой бок століка, тулячы ў даланях кубачак з паркім чаем. (Мяне не пачаставаў.) Ня надта доўга ён тут начальнічаў, гэта ня быў ягоны пісьмовы стол, ён за ім выглядаў як дзіця, якое гуляе ў міністра, ён бы гэты стол памяняў. Мусіць, яго нядаўна сюды прыслалі, прыслалі царскага надзвычайнага камісара — адкуль? зь Пецярбургу, з Масквы, зь Екацерынбургу, з Сыбіру?

Я глыбей уцягнуў паветра.

— Ваша благародзьдзе, дазвольце мне... Ці я арыштаваны?

— Арыштаваны? Арыштаваны? Якім чынам такая думка магла зарадзіцца ў вашай галаве?

— Вашы чыноўнікі...

— Мае чыноўнікі!

— Калі б я атрымаў павестку, напэўна прыехаў б сам...

— Ці яны не запрасілі вас ветліва, пан Гераслаўскі? — Урэшце ён вымавіў маё прозьвішча правільна.

— Я думаў...

— Божа мой! Арыштаваны!

Ён ажно засоп.

Я заплёў далоні на каленях. Яшчэ горш, чым мне думалася. Не пасадзяць мяне ў турму. Высокі царскі чыноўнік хоча са мной паразмаўляць.

Ён пачаў выймаць паперы з пісьмовага стала. Выняў тоўсты пачак рублёў. Выняў пячаткі. Пад бялізнай па мне сьцякаў пот.

— Таак. — Прэйс голасна сербануў чаю. — Дазвольце мне выказаць вам спачуваньне.

— Слухаю вас?

— Летась памерла вам маці, праўда?

— Так, у красавіку.

— Вы засталіся адны. Гэта прыкра. Чалавек безь сям’і як... ну, ён сам. Гэта дрэнна, ой, дрэнна. — Ён перагарнуў лісток, сербануў, перагарнуў другі.

— У мяне ёсьць брат, — буркнуў я.

— Так, так, брат на другім канцы сьвету. Куды ён выехаў, у Бразылію?

— Пэру.

— Пэру! Што ён там робіць?

— Будуе касьцёлы.

— Касьцёлы! Напэўна часта піша.

— Ну, часьцей ад мяне.

— Пахвальна. Тужыць.

— Ну.

— Вы ня тужыце?

— Па ім?

— Па сям’і. Калі вы апошні раз чулі нешта ад бацькі? — Лісток, лісток, сёрб.

Бацька. Я і ведаў. Пра што іншае можа ісьці гаворка?

— Мы не перапісваемся, калі пытаеце пра гэта.

— Гэта нядобра, нядобра. Не цікавіць вас, ці ён увогуле жыве?

— А жыве?

— А! Ці Філіп Філіпавіч Гераслаўскі жыве! Ці жыве! — Ён адно ўсхапіўся з-за свайго апэрэтачнага стала. Пад сьцяной стаяў вялізы глёбус на лёгкім стэляжы з мокрага зімалеза, на сьцяне вісела мапа Азіі і Эўропы; ён закруціў гэтым глёбусам, ляпнуў верхам далоні ў мапу.

Калі ён паглядзеў на мяне зноў, на таўсташчокім абліччы не засталося ні сьледу нядаўняй весялосьці, цёмныя вочы глазелі на мяне з клінічнай пільнасьцю.

— Ці жыве, — шапнуў ён.

Ён падняў са стала пажоўклыя паперы.

— Філіп Гералаўскі, сын Філіпа, народжаны ў годзе тысяча васямсот семдзесят восьмым у Вількаўцы, у Прускім Каралеўстве, ва Ўсходняй Прусіі, у лідзбарскім павеце, ад году тысяча дзевяцьсот пятага расейскі падданы, муж Эўлягіі, бацька Баляслава, Бэнэдыкта і Эміліі, засуджаны ў годзе тысяча дзевяцьсот сёмым на сьмерць за ўдзел у змове супраць жыцьця Яго Імпэратарскай Вялікасьці ды ва ўзброеным бунце; ну, атрымаў памілаваньне і сьмяротнае пакараньне было замененае на пятнаццаць гадоў катаргі з пазбаўленьнем правоў стану ды сэквэстрацыяй маёмасьці. У годзе тысяча дзевяцьсот сямнаццатым яму даравалі астатак кары, накладаючы прыказ на жыхарства ў межах амурскага і іркуцкага генэрал-губэрнатарстваў. Не пісаў? Ніколі?

— Пісаў маці. Магчыма. На пачатку.

— А цяпер? Апошнім часам? Пасьля сямнаццатага году? Увогуле?

Я паціснуў плячыма.

— Вы напэўна і самі ведаеце, калі і каму ён піша.

— Ня будзьце нахабным, малады чалавек!

Я бледна ўсьміхнуўся.

— Выбачаюся.

Ён доўга прыглядаўся да мяне. На пальцы левай рукі ў яго быў персьцень зь нейкім цёмным каменем у абойме каштоўнага тунгетыту, з выгравіраванай эмблемай Зімы; ён стукаў персьценем у паверхню стала, трук, трукк, парныя ўдары былі мацнейшыя.

— Вы закончылі Імпэратарскі Ўнівэрсытэт. Чым займаецеся цяпер?

— Рыхтаваўся да доктарскага экзамену...

— Чым зарабляеце на ўтрыманьне?

— Даю прыватныя ўрокі з матэматыкі.

— І шмат зарабляеце гэтымі ўрокамі?

Я ўжо ўсьміхаўся, а таму мне засталося апусьціць зрок на заціснутыя далоні.

— Шмат, няшмат.

— Вы — часты наведнік ліхвяроў, усе жыды на Налеўках вас ведаюць. Аднаму Абезеру Блюмштэйну вы вінаватыя звыш трыста рублёў. Трыста рублёў! Гэта праўда?

— Калі вы, Ваша Благародзьдзе, скажаце мне, па якой справе мяне дапытваеце, мне лягчэй будзе прызнацца.

Трук, трукк, трук, трукк.

— Можа, вы сапраўды зрабілі нейкае злачынства, калі вы тут ад страху так пацееце, га?

— Ваша Благародзьдзе, загадайце адчыніць вакно.

Ён стаяў нада мной; яму нават ня трэба было нахіляцца, каб гаварыць мне проста ў вуха, спачатку шэпт, потым бурклівы салдацкі тон, пад канец амаль крык.

— Вы — азартны гулец, мой Бэнэдыкт, закаранелы карцёжнік. Што выйграеце, прайграяце — што заробіце, прайграяце — што пазычыце, прайграяце — што выжабраеце ад сяброў, прайграяце — няма ўжо ў вас сяброў — нічога ў вас ужо няма, але і гэта прайграяеце, прайграяце ўсё. Ачко, бакарат, зімуха, покер, кожны спосаб добры. Аднойчы вы выйгралі палову тартака — і прайгралі ў тую самую ноч. Вы мусіце прайграваць, вы ня ўмееце устаць ад стала, пакуль не прайграеце ўсё датла, так што ніхто ўжо з вамі ня хоча іграць. Ніхто ўжо з вамі ня хоча іграць, Венедзікт Філіпавіч. Ніхто ўжо ня хоча пазычаць. Вы аддалі сябе ў заклад ужо на два гады наперад. Баляслаў вам ня піша, дык вы пішаце яму, вымольваеце грошы, але ён болей не пасылае. Бацьку ня пішаце, бо бацька ня мае грошай. Вы хацелі жаніцца, але бацька нарачонай нацкаваў вас сабакамі, калі вы прайгралі яе пасаг. Каб жа вы хоць у лоб сабе пальнулі, як нележыць шляхціцу, але вы ня пальнеце, цьфу, і такі з вас шляхціц, падонак!

Я ўсьміхаўся, усё роўна што прасіў прабачэньня.

Камісар Прэйс перадыхнуў, пасьля чаго па-сяброўску паляпаў мяне па плячы.

— Ну, ня бойцеся, мы водзім знаёмствы і з падонкамі. Нічога, што родны бацька цікавіць вас столькі, колькі падагра японскага імпэратара — затое цікавіць вас тысяча рублёў! Праўда? Тысяча рублёў цікавіць вас як... ну, вельмі вас цікавіць. Мы вам дамо тысячу, а потым, магчыма, і другую, калі вы добра ўправіцеся. Паедзеце наведаць бацьку.

Тут ён змоўк, відаць, чакаючы майго адказу. А паколькі яго не дачакаўся, дык вярнуўся за стол, да паркага чаю (чай крыху астыў, таму цяпер ён сёрбаў яго даўжэй і гучней), да папераў і пячатак. Масіўным пяром ён падпісаўся на дакумэнце, ударыў пячаткай, паправіў другой; задаволены, пацёр ручкі і разваліўся ў абабітым скурай фатэлі.

— Тут маеце пашпарт і накіраваньне ў нашае прадстаўніцтва ў Іркуцку, яны вамі зоймуцца на месцы. Вам ужо купілі білет, заўтра ад’яжджаеце ў Маскву, білет у вас на пятае чысло, ад’езд у дзесяць вечара зь Яраслаўскага Вакзалу, у Іркуцку будзеце адзінаццатага, там вас пасадзяць на Халодную ў Кежму. Тум маеце тысячу, расьпішыцеся. Купіце сабе нейкае адзеньне, каб выглядаць як чалавек! А калі б вам прыйшло ў галаву ўзяць грошы і прайграць усё —  зрэшты, прайгравайце, абы толькі вы даехалі да Байкалу. Ну, расьпісвайцеся.

Тысяча рублёў. Што яны хочуць, каб я зрабіў? Выцягнуў з бацькі прозьвішчы, якіх ён ня выдаў падчас працэсу? Толькі чаму зьвяртаецца да мяне з гэтым Міністэрыя Зімы, а ня Ўнутраных Справаў?

— Паеду, — сказаў я, — наведаю бацьку. І што? І толькі?

— Пагаворыце зь ім.

— Пагавару.

— Калі пагаворыце, ну дык гэта ўжо будзе добра.

— Не разумею, што Ваша Благародзьдзе...

— Не пасылаў лістоў, а вас гэта, вядома, не зьдзіўляла. — Камісар Прэйс адчыніў абцягнутую ў сукно і чарапаху тэчку. — Іркуцк нам піша... Ён быў геолягам, праўда?

— Што?

— Філіп Філіпавіч вывучаў геалёгію. Не перастаў цікавіцца ёй і ў Сыбіры. Мне тут дакладваюць... З самага пачатку ён быў вельмі блізка, яго роту ўзялі ў другую ці трэцюю эспэдыцыю, якая пайшла туды вясною тысяча дзевяцьсот дзясятага. Большасьць загінала ад абмарожаньняў. Або замерзьлі на месцы. Ён выжыў. Потым вярнуўся. Да іх. Я ў гэта ня веру, але так мне тут пішуць. Далі загад, далі грошы, дык я пасылаю чалавека. Ваш бацька гаворыць зь лютымі.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=64 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Лёд

Яцэк Дукай — Польская — Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня

Яцэк Дукай
Яцэк Дукай