Коньнікі ў небе
1
За велічнай трыюмфальнай брамай дагарала вячэрняя зара. З-над магутных скляпеньняў бронзавыя асілкі гналі чыгунных коней у неабсяжныя вечаровыя прасторы. То быў апантаны палёт у бязьмежную чырвань, конскія грывы калыхаліся, нібы хвалі.
Рана настаў позьневосеньскі вечар.
Стары турак з малпай яшчэ спадзяваўся на ўдачу. Сям-там ён спыняўся, махаў кіем і прымушаў жывёліну скакаць. Скалелая ад холаду малпа ў чырвонай фэсцы і стракатым фартушку стомлена паднімала то адну, то другую нагу. Побач кудлаты хлопчык сінімі ад холаду пальцамі граў на дудцы.
Але ніхто на іх не зважаў. Людзі пасьпешліва праходзілі міма, хаваючы галовы ў настаўленыя каўняры. І неўзабаве яны засталіся адны на апусьцелым рынку.
Турак пацягнуў малпу за ланцуг і пайшоў. Панурыўшы галаву, ён вёў малпу, якая зморана клыпала то на дзьвюх, то на чатырох нагах. Яны падышлі да стромых каменных сходаў. Малпа баялася цемры, і турак пасадзіў яе на плячо. Так ён павольна спускаўся, малпа, склаўшы рукі, сядзела на плячы. Самотныя мінакі, што трапляліся ім насустрач, камянелі, убачыўшы двухгаловага чалавека.
Хлопчык Бова ішоў ззаду зьнясілены і галодны.
Ён быў яшчэ такі малады, што меў косьці гнуткія, як у шчаняці, і ўсё ягонае цела хісталася пад цяжкай галавой. Ад голаду і стомы ісьці яму было ўдвая цяжэй. Яго калматыя валасы калыхаліся ад хады, нібы густы куст.
Моўчкі яны падышлі да старога рову. Высока над галавой чарнеў зубчасты мур. На рагу вуліцы, перад убогай хаткай зыбаўся пад ветрам ліхтар. Аканіцы былі расчыненыя, у хатцы старая баба даставала з сагана духмяныя кілбаскі.
Ад гэтага нечаканага відовішча Бова яшчэ вастрэй адчуў голад. Ён спыніўся перад хаткай і стаў глядзець разявіўшы рот.
Кілбаскі былі пухленькія і бліскучыя, быццам толькі выбраныя з вантробаў. Іх было ўсё болей і болей, яны ляжалі горкай у драўлянай місе, а над імі клубілася густая пара.
Раптам старая згледзела Бову, замахала на яго крывавымі да локця рукамі і закрычала: “Акыш! Акыш! Ідзі куды йдзеш!”
Бову стала горка і крыўдна, і ён рушыў далей за сваім гаспадаром. Але кілбаскі ўсё стаялі ўваччу. Пару разоў ён азірнуўся: удалечыні сьвяціўся чатырохкутнік акна, а зь яго струменілася і раставала над дахам гарачая пара.
Яны завярнулі за рог, і відмо зьнікла. Але цяпер Бова ў думках напаўняў навакольную прастору кілбаскамі. Яны бачыліся яму паўсюль, іх было незьлічона шмат. Урэшце ён адчуў нават пах, быццам абапал дарогі стаялі вялізныя місы з кілбаскамі.
Але, паглядзеўшы наперад, ён убачыў гаспадарову сьпіну. Час ад часу гэтую чорную постаць асьвятляў цьмяны ліхтар, і тады шырокія нагавіцы зноў рабіліся чырвона-бурыя, а колер паліто то сьвятлеў аж да белага, то рабіўся няясна-шэры. Кутас на крывава-чырвонай фэсцы матляўся сюды-туды над бронзавай шыяй.
І раптам Бова адчуў нянавісьць да старога. Чаму ён мучыць іх голадам? Чаму ня пойдзе і ня кіне на стол з кілбаскамі жменю медзякоў? Чаму ён іх так жорстка няволіць?
Але тым часам яны прыйшлі да купкі пачарнелых дамоў.
Яны павярнулі ў неасьветлены двор, падняліся па непраглядна цёмных сходах і апынуліся ў змрочным катуху.
Турак запаліў сьвечку ў бутэлечным рыльцы.
Гэта была мансарда, такая нізкая, што галава даставала да столі. Паміж дзьвюх пустых бочак была насьцелена салома. З круглага акна быў відзён двор зь безьліччу паветак.
Усе яны стаміліся.
Турак дастаў хлеб і адламаў кожнаму па кавалку. Малпа схапіла свой кавалак і скокнула на край бочкі. Бова лёг на салому, сам стары сеў побач з другой бочкай.
Нейкі час іх сківіцы жавалі цьвёрды, як камень, хлеб. Пасьля малпа задрамала, і Бова расплюшчыў вочы. Стары сядзеў нерухома.
Раптам Бова ўздрыгнуў ад мэталічнага звону: турак, як і штовечар, лічыў грошы. З кішэні шырачэзных нагавіц, дзе рука хавалася да локця, ён жменямі даставаў медзякі і падлічваў.
Пасьля ён дастаў з-за пазухі скураны мяшэчак, высыпаў адтуль золата і срэбра і расклаў перад сабой на бочцы. Ён перасоўваў кучкі манэт сюды-туды, вусны шапталі лічбы, але Бова не разумеў гэтай мовы.
Тады стары склаў грошы назад у мяшэчак, сунуў яго за пазуху, патушыў сьвятло і паклаўся побач з Бовам. Пару разоў ён патузаўся сюды-туды, урэшце заснуў і пачаў храпці.
Бову сон ня йшоў. Ён чуў, як нешта мармыча ў цемры малпа і тупае пад бочкай пацук. Але ўсе гукі заглушаліся цяжкім дыханьнем турка, быццам вецер сьвістаў зь ягоных лёгкіх. І Бова ўсё ніяк ня мог заснуць.
У роце яшчэ стаяў смак хлеба. Ён паварушыў языком і праглынуў сьліну, але ад гэтага есьці захацелася яшчэ болей. Голад быў ва ўсім целе, ён адчуваў яго і ў руках і ў нагах. Кожная жылачка ў ім прасіла есьці.
І раптам ён убачыў перад сабой кілбаскі. Усё навокал поўнілася імі, яны канатамі зьвісалі са столі. Яны падплывалі, ківаючы галоўкамі, зусім як жывыя.
Гэтае відмо ап'яніла Бову. Яго стомленае цела дрыжала, як у трасцы, рукі цягнуліся да ежы, рот раскрыўся. Але тут ён прачнуўся: гэта быў усяго толькі сон.
Ён павярнуўся на сьпіну, і думкі пачалі праясьняцца.
Чаму ён тут? Чаму ня ў іншым месцы, чаму ён ня нехта іншы?
Колькі ён мог сябе помніць, ён заўсёды хадзіў з туркам і малпай, з краіны ў краіну, з гораду ў горад. Што ні месяц, то новыя людзі, чыёй мовы ён не разумеў. І так ён ведаў адно слова з адной мовы, адно з другой, але ніводнай мовы цалкам. Сьвет быў для яго толькі бясконцай дарогай між двух глухіх муроў.
Ён гадаваўся разам з малпай. Холаду, голаду і гаспадаровых штурхалёў ім даставалася аднолькава. І амаль аднолькава чужое было ім сапраўднае жыцьцё.
Што было абапал дарогі? Што хавалася за ўсім?
Думкі Бовы пераскоквалі з аднаго на другое, і раптам ён зноў убачыў кілбаску. Яна была зусім побач, ён мог яе схапіць, укусіць. Ён выцягнуў руку, але ўздрыгнуў і прачнуўся – гэта была чорная постаць старога турка.
Так, у турку хаваліся прычыны іх пакутаў. Ежа, адпачынак і цяпло – усё было б, калі б толькі стары захацеў. Вось хто іх заняволіў!
І Бова ўбачыў назьбіраную туркам кучу грошай. У Бовы ніколі нічога не было, але ўсё ж ён ведаў вартасьць грошай. Калі б займець тое золата, што ў туркавым мяшэчку!
Гэтая раптоўная ідэя захапіла яго з усёй сілай. Яна расла, як гара. Ад яе цяжару ён ледзь не задыхнуўся.
Ён устаў і выцягнуў руку, каб залезьці старому за пазуху. Але той спаў на сьпіне, паклаўшы кулак на грудзі, над мяшэчкам. Бова адсунуў руку ўбок, але яна адразу вярнулася назад. Ён зноў адкінуў старэчы кулак, але той упаў, як молат, на старое месца!
Бова засоп, нібы паднімаючы нешта цяжкае.
Рэзкім рухам ён адкінуў туркаву руку на падлогу і прыціснуў яе каленам. Але другі кулак адразу лёг на месца першага. Бова схапіў і яго і прыціснуў другім каленам.
Так, раскірэчыўшы ногі, ён і стаяў над старым, дрыжучы ўсім целам.
І раптам ён убачыў, як туркавы вочы павольна расплюшчыліся, бліснуўшы, як кінжальная сталь.
Бова сьціснуў рукамі горла старога. Той заплюшчыў вочы, цяжка задыхаў, скурчыўся і зноў выцягнуўся, расплюшчыў вочы і зноў заплюшчыў. І застаўся ляжаць нерухома, закінуўшы галаву назад, выставіўшы ўгару чорную пасмачку барады.
Усё адбылося лёгка і хутка.
Бова счакаў хвілінку, узяў мяшэчак і ўстаў. Але ногі ў яго так дрыжалі, што ён мусіў ухапіцца за бочку. Цьмяныя хвалі сьвятла паднімаліся і апускаліся перад вачыма.
Хістаючыся, ён падышоў да акна, разьвязаў дрыготкімі пальцамі матузок і раскрыў мяшэчак. Але калі ён убачыў золата, страх прапаў. Ён зачарпнуў жменяй грошы, падняў перад сабой і стаў сыпаць па адной манэце, нібы залатым дажджом. Яны зьвінелі, як п'янючая музыка!
Бова скочыў да дзьвярэй і зьбег па сходах.
Малпа паварушыла вуснамі, пераклала бараду з правага пляча на левае і заплюшчыла вочы.
2
Калі Бова апынуўся на вуліцы, на вежы біў гадзіньнік. У твар дыхнула холадам, ягоны запал астудзіўся, і цяпер у яго была толькі адна думка: есьці.
Амаль бягом кінуўся ён да хаткі, дзе старая кабета варыла кілбаскі. Усю дарогу ён уяўляў, як будзе есьці іх з надзвычайнай прагнасьцю. Але, дайшоўшы да хаткі, ён убачыў, што аканіцы зачыненыя і вакол цёмна.
Ён разгублена спыніўся. У ягоным уяўленьні паняцьце аб ежы пачыналася і канчалася разам з гэтай хаткай. Далей яго думка не сягала.
Гэтая нечаканасьць зьбіла яго з тропу, і ён пачаў бадзяцца сюды-туды бяз мэты і зазіраць у вокны.
Так ён апынуўся ў гавані. У брудным акне адной з крамак віселі сальныя сьвечкі, мыльныя брускі, а пасярэдзіне – руды круг кілбасы. Праўда, яна была значна танчэйшая, чым бачаная раней, але Бова адразу зайшоў.
За ўбогай стойкай стаяў худы, з кручкаватым носам чалавек у капелюшы і паціраў рукі. Бова адразу падышоў да кілбасы.
Вай-вай, завохкаў крамнік, а ці ёсьць у хлопчыка грошы?
Бова паклаў на стол залатую манэту і пачаў есьці кілбасу. Яна была сухая і цьвёрдая, але ён прагна грыз яе. Крамнік стаяў побач і дзівіўся.
Вай-вай, цёр ён рукі, у хлопчыка багата грошай. Адкуль ён узяў столькі грошай?
Але Бова ня ведаў так добра гэтую мову. Ён ківаў галавой і еў. Крамнік паспрабаваў загаварыць на іншых мовах. Але Бова толькі ківаў галавой і прагна глытаў.
Тады крамнік яшчэ болей стаў паціраць рукі і жвава хадзіць сюды-туды за стойкай.
Ці хлопчык ня хоча купіць пару штаноў? спытаўся ён. Камізэльку? Сурдут? Прыгожы і трошкі ношаны сурдут?
І ён зьняў са сьцяны даўгі чорны сурдут з аксамітным каўняром і даўгім крысьсём. Бову спадабалася, ён кіўнуў галавой і надзеў сурдут. Адзежына была цяжкая і даставала да кален, але ён адразу згадзіўся на пакупку.
Пакуль ён разглядаў свой гарнітур і сьпераду і ззаду, крамнік заўважыў, што ён быў без капелюша. І праўда, ён забыў яго дома. Але ўсе крамнікавы капелюшы былі занадта малыя на яго вялікую галаву. Падышоў толькі адзін: высокі цыліндар з вузкімі палямі.
Бова ня ведаў цану залатым манэтам, таму дастаў зь мяшэчка яшчэ некалькі, паклаў на стойку і выйшаў. Гандляр правёў яго зьдзіўленым позіркам, паціраючы абедзьвюма рукамі скроні.
Бову было цяжка ад вопраткі і ежы. Наведваньне крамы адкрыла яму нечаканыя рэчы. Раптам перад ім зьявілася безьліч новых магчымасьцяў. Што рабіць? Аднак ён ня мог прыдумаць нічога іншага, як зноў пайсьці паесьці.
Ён мінуў некалькі вуліц і трапіў у ярка асьветлены квартал. За вялікімі вокнамі, па той бок нямытых фіранак, ён убачыў цень чалавека, які еў. Ён увайшоў.
Гэта была вялікая заля. За маленькімі столікамі купкамі сядзелі людзі, яны елі, пілі, гучна размаўлялі. У куце раўла музычная скрынка. У другім пакоі маладыя людзі ў камізэльках завіхаліся вакол зялёнага стала.
Бова сеў за стойку. Тут пад шклянымі каўпакамі стаялі самыя незвычайныя стравы. Ён тыкаў пальцам то ў адно, то ў другое і казаў на ўсё: “гэта” і “гэта”. Жанчына ў белым фартуху спынілася ў зьдзіўленьні, каб паглядзець, як ён есьць.
Аднак стравы былі сухія і салоныя. Ці ня хоча ён выпіць? спыталася дзяўчына.
Бова кіўнуў галавой, і яму адразу прынесьлі куфаль піва. Ён выпіў, піва здалося яму прыемным. Але тут ён убачыў, як увайшоў мужчына ў скураной вопратцы і, стаўшы за стойку, пачаў піць гарэлку. Бова адразу загадаў прынесьці і яму запар некалькі кілішкаў. У яго заняло дух, ён закашляўся, так, што дзяўчына засьмяялася, але выпіў.
Урэшце ён стаміўся есьці. Настрой зьмяніўся. Ён падпёр галаву рукой і пасядзеў так некалькі хвілінаў. Пасьля даў жанчыне залатую манэту і выйшаў.
На вуліцы ён адчуў, што ногі зрабіліся надзіва лёгкія. Ён быў у добрым гуморы, і яму здавалася, што ўсе людзі глядзяць толькі на ягоны даўгі сурдут і высокі капялюш. І таму ён ішоў пасярод вуліцы, выпнуўшы грудзі, з усьмешкай на твары.
Які прыгожы быў цяпер горад! Паўсюль людзі, агні і яркае сьвятло ў вокнах. Чым далей ён ішоў, тым гусьцейшы рабіўся людзкі натоўп. Ён бачыў твары, уборы і экіпажы, якія раней нават уявіць сабе ня мог.
Сям-там на рагу вуліцы стаялі гуртам маладыя людзі. Краем вуліцы праходзілі прыгожыя жанчыны з ружовымі вуснамі і ў шырокіх капелюшах. Сівыя дзяды, абапіраючыся на кій, цягнуліся сьледам за жанчынамі.
Настрой у Бовы ўсё болей узьнімаўся. Ён часта на некага натыкаўся, пачынаў зь некім гаварыць, і, як ён трымаў у руках мяшэчак, дык нехта папрасіў у яго грошай. І ён даў не вагаючыся.
Гэта было дзіўнае, своеасаблівае пачуцьцё.
Ад гэтага моманту яму стала вялікай прыемнасьцю прапанаваць каму-небудзь грошы. Ён спыняўся перад незнаёмым чалавекам, выцягваў руку і казаў са сьмехам: “На!”
Кожны чалавек рэагаваў на гэта па-свойму. Адны хуценька бралі і ўмомант зьнікалі сярод натоўпу. Другіх трэба было амаль прымушаць, бо інакш яны ня бралі. Трэція спачатку вагаліся, зіркалі наўкола, працягвалі некалькі разоў руку і зноў прымалі.
Усё гэта бясконца забаўляла Бову.
Толькі два разы ў яго ўвогуле ня ўзялі грошай.
Першым разам гэта быў нейкі пан у бліскучым мундуры. Другім разам – маладая жанчына, якая, схаваўшы твар у муфту, засьмяялася і ўцякла. Але трэцяга разу чалавек у падранай вопратцы сказаў, што манэта чужая і ў гэтай краіне не ўжываецца. Тады Бова адразу выбраў яму лепшую.
Час ад часу ён заходзіў у нейкі пітны дом. Ён ужо быў спазнаў таямніцы бутэлек. Тоўстыя і нізенькія, даўгія і зграбныя, яны стаялі радамі ў шафах, нібы галасы пахмельных арганаў. А ён паказваў пальцам і асушаў шклянкі.
Калі аднойчы ён піў вось так у нейкай кнайпе і выхваляўся сваімі грашыма, да яго далучылася кампанія незнаёмых людзей. Адныя зь іх былі шыкоўна апранутыя, другія ў рызманах і са шнарамі на тварах.
Ці не пачастуе ён іх? спытаўся чалавек, у якога на шчацэ было татуіраванае сэрца, прабітае стралой.
Ну вядома, Бова супраць гэтага нічога ня меў.
Ён адразу падсеў да іх і загада наліваць столькі, колькі яны здолеюць выпіць. Яны абкружылі яго, нібы мурам, падміргваючы і прытупваючы. Іхныя рухі рабіліся ўсё больш таямнічыя, яны дзівіліся ягонаму багацьцю і сьмяяліся аж да непрытомнасьці зь ягоных жартаў.
Раптам адзін зь іх запрапанаваў паехаць катацца. Яны амаль вынесьлі Бову на руках, бо адзін пан і адзін абадранец ласкава абдымалі яго за плечы. Яны расьселіся ў некалькі экіпажаў і пачалі паганяць.
Бову ахапіла невымоўная весялосьць. Чым хутчэй беглі коні, тым болей расла яго радасьць. Ён устаў ва ўвесь рост, раскінуў рукі, пачаў крычаць і сьпяваць. Пасьля ён зваліўся ад сьмеху на дно экіпажа пад ногі іншым.
Якраз у гэты момант экіпаж ударыўся аб рог дома, і Бова клубком выкаціўся на брук. Ён не пабіўся, бо рукі й ногі ў яго былі як у ката. Але гэта адбылося так нечакана, што ён нейкую хвіліну праляжаў нерухома.
Ён ляжаў тварам да бруку, побач валяўся перакулены цыліндар. Вуліца была пустая. Здалёк яшчэ чуўся грукат колаў і крыкі.
Ён ускочыў, схапіў цыліндар і кінуўся даганяць тыя крыкі. Ён бег, хістаючыся, пакуль яму ня трапіўся пусты экіпаж. Ён сеў, паказаў рукой і загадаў ехаць.
Але былы настрой не вяртаўся. Рамізьнік, праўда, гнаў так, што Бова мусіў аберуч трымаць высокі капялюш, але хуткі лёт ужо не прыносіў яму асалоды.
Так яны праехалі нейкі час, Бова драмаў, ня сочачы, як міма мільгаюць вуліцы. Раптам рамізьнік спыніў перад нейкім асьветленым домам. Там над сходамі, на выцягнутых, як жырафавы шыі, слупах калыхаліся круглыя ружовыя ліхтары, пад імі гэтак сама калыхаліся цені. Каля расчыненых дзьвярэй стаялі людзі з залатымі галунамі.
Бова даў кожнаму зь іх па залатой манэце і паказаў на будынак. Адразу ж адзін зь іх запрасіў яго з сабой.
Яны мінулі пярэднюю залю, дзе на сьценах віселі люстры, а падлогу накрывалі цёмна-чырвоныя дываны. Пасьля яны падняліся па сходах у вузкі калідор і праважаты адчыніў дзьверы.
3
Пакой, у якім апынуўся Бовам быў дзіўны. Было так цёмна, што ён амаль нічога ня бачыў. Баязьліва выцягнуўшы рукі перад сабой, ён нязграбна апусьціўся на крэсла.
Амаль насупраць яго ў сьцяне была вялізная чатырохкутная адтуліна, абсаджаная вакол штучнымі дрэвамі. Між галінамі лілося сьвятло, але яго было замала, каб разьвеяць цемру ў вялізнай залі. У ёй бялела прывіднае мора твараў, канца якому не было відаць.
Далёка ў цемры грала музыка.
Раптам па асьветленай падлозе прабеглі ружовыя стварэньні, - музычны вадаспад прыціх, зрабіўшыся ціхай крынічкай, - і ружовыя стварэньні пачалі падкідаць у паветра рукі і ногі. Яны чародкай кідаліся наперад , - і музыка мацнела, як пошум лесу, - і зноў кружыліся пяшчотныя матылькі, ледзь дакранаючыся нагамі падлогі, выцягнуўшы рукі, нібы ўквечаныя галінкі.
Усё гэта здалося Бову такім дзіўным, што ён гучна засьмяяўся.
Але ў гэтую хвілю ўнізе адбылася раптоўная зьмена: сярод ружовых стварэньняў паявілася сьветла-зялёная дзяўчына і цёмна-зялёны маладзён, і яны пачалі сьпяваць.
Яны сьпявалі то паасобку, то разам, галасы іх мацнелі, рухі рабіліся жывейшыя. Раптам маладзён дастаў меч і ўдарыў дзяўчыну ў сэрца. Яна ўпала на дол, але жаласьлівая песьня не спынілася. Маладзён, сьпяваючы, упаў паверх дзяўчыны. А песьня ўсё гучала, то самотна, то на два галасы, сумная, тужлівая песьня…
Сэрца Бовы разрывалася ад замілаваньня. Ён закрыў твар далонямі, і сьлёзы паліліся скрозь пальцы. Пасмачкі валасоў дрыжалі ад несуцешнага плачу.
Але ў гэты момант ён напалохана ўздрыгнуў ад лёгкага ўдару ў твар. Ён памацаў рукой у цемры і падняў даўгую апэльсінавую лупінку. Яна была яшчэ сьвежая і духмяная.
Бова зьдзіўлена азірнуўся і ўбачыў, што побач зь ім, за загародкай жанчына есьць апэльсін і ў прыцемку ўсьміхаецца яму беласьнежнымі зубамі.
Бова працягнуў руку, і незнаёмка, сьмеючыся, паклала яму ў далоньку апэльсінавую скібку. Бову спадабалася, і ён зноў выцягнуў руку. Так яны за некалькі імгненьняў разам даелі апэльсін.
Тады незнаёмка абабрала новы, але зноў паўтарыла стары жарт: узяла лупінку, прымерылася і замахнулася. Бова наставіў каўнер і закрыў твар рукой.
Але жанчына схапіла Бову за другую руку і пацягнула за сабой. Амаль бягом яна спускалася па сходах, увесь час трымаючы Бову за руку.
Як толькі яны дабеглі да дзьвярэй, пад'ехала закрытая карэта, запрэжаная парай шэрых коней. Жанчына скочыла ў карэту і зацягнула Бову за сабой. Карэта бязгучна пакацілася.
У карэце было цёмна. Праз апушчаныя фіранкі прабівалася цьмянае сьвятло. Ад падушак і букета кветак струменіўся далікатны пах.
Бова прытуліўся да жанчыны, якая прылегла на падушках, адкінуўшы назад галаву і апусьціўшы рукі. Бова схаваў галаву ў яе высокіх грудзях.
На імгненьне ён замёр. Яго поўніла дзіўнае пачуцьцё. Ён пачаў нібы нейкае далёкае вуркатаньне – жанчына сьмяялася.
Ён падняў галаву. Перад яго вачыма бялела ў прыцемку шыя жанчыны. Аднекуль здалёк на яго глядзела пара зьняможана-млявых вачэй. І ён зноў ураніў галаву.
Жанчына павольна выцягнула руку і пачала лашчыць Бову. Яна запусьціла руку ў кудзеркі, перабірала іх між пальцаў, ціхенька, але балюча торгала за іх. Гэта было так дзіўна!
Раптам карэта спынілася.
Жанчына ўскочыла і выштурхнула Бову. У ціхім парку перад імі стаяў прыцемнены летні дом. Яны падбеглі да маленькіх патаемных дзьверцаў, жанчына адамкнула іх маленечкім ключыкам і зацягнула Бову ў пярэдні пакой.
Праз вокны, скрозь засень дрэваў прабівалася бледнае сьвятло. У прыцемку яны падняліся па сходах, што віліся сярод пальмаў і скульптур. Трымаючыся за рукі, як дзеці, яны прайшлі праз анфіляду цьмяных пакояў. Тады жанчына спынілася, падняла руку – і раптам іх заліло яркае сьвятло.
Бова зьдзіўлена агледзеўся.
Гэта быў прыгожы пакой. Сьцены былі аздобленыя высокімі, ад столі да падлогі, люстрамі. Белыя фіранкі, сабраныя пышнымі складкамі, закрывалі вокны. Са столі незьлічонымі крышталёвымі агеньчыкамі зьвісала сьвяцільня.
Жанчына падвяла Бову пад сьвятло, паглядзела яму ў твар і адступіла, зьдзіўленая і напалоханая. Пасьля зноў падышла, схапіла Бову за плечы, павярнула яго вакол і загаварыла. Але Бова толькі ківаў галавой.
Жанчына зьдзівілася яшчэ болей. Яна апусьцілася ў падушкі на мяккай канапе і пацягнула Бову за сабой, раз-пораз паглядаючы на яго і сьмеючыся. Часам яна спынялася, глядзела паважна на Бову, пакуль зноў ня ўскідвала рукі, заліваючыся сьмехам.
Пры гэтым пальцы яе краналіся бутэлечак, што стаялі на маленькім століку перад люстэркам. Яна ўзяла адну, адламала, нібы лядзяш, яе тонкую шыйку і выліла зьмесьціва Бову на галаву.
У імгненьне вока Бову ахінуў п'янючы водар, які ружовым воблакам узьняўся вакол яго, галава яго затуманілася. І скрозь гэтае воблака ён убачыў усё нібы ў новым сьвятле.
Ён бачыў побач з сабой жанчыну, яе валасы, вушы, завушніцы. Ён бачыў яе дзівоснае ўбраньне, на складках якога ляжалі даўгія рукі з тонкімі пярсьцёнкамі на пальцах.
Ён узяў руку, каб разгледзець яе, але пальцы высьлізнулі зь яго далоні. Жанчына ўскочыла і, адступаючы, увесь час працягвала Бову руку. Ён наблізіўся, жанчына стала ўцякаць.
Яны лёталі сюды-туды па пакоі. Бова чапляўся за крэслы, натыкаўся на люстры, усё болей і болей п'янеючы. А жанчына пырхала, як матылёк, выцягваючы да яго то адну, то другую руку і безупынна сьмеючыся.
Раптам яна згубіла на бягу адну адзежынку. Як птушка, абляцела яна вакол стала і згубіла другую. Адзежынкі падалі тут і там, бязважкія і празрыстыя, як лёгкая смуга. Хутка імі была накрытая ўся падлога.
Усё хутчэй і хутчэй! Упалі туфлікі, яна бегла – адна нага ў празрыстай панчошцы да калена, другая ўжо босая. Усё хутчэй і хутчэй! Цяпер яна была, як тыя ружовыя стварэньні, што нядаўна танчылі ў фантастычным лесе.
Бову стала горача, з валасоў цёк пот. Бегучы, ён скінуў сурдут, але гэта не дапамагло. Як і жанчына, ён пачаў губляць сям-там свае адзежыны. І хутка ён сам быў амаль зусім разьдзеты.
Пырхаючы па пакоі, жанчына раз-пораз датыкалася да сьцен, і сьвятло пачало слабнуць. Яно яшчэ зіхацела на столі водбліскамі згаслай сьвяцільні. Люстэркі зрабіліся глыбокія, як азёры.
Раптам жанчына адсунула цяжкую заслону і зьнікла за ёй.
Перад Бовам адкрыўся другі пакой, заняты бязьмежным ложкам. У ружовым прыцемку грувасьціліся горы падушак і аблямаваныя карункамі покрывы, ад іх веяла пяшчотай і забыцьцём.
Жанчына схавалася ў падушкі, так, што былі відаць толькі яе ружовыя пальчыкі… І Бова нарэшце злавіў яе за руку, сам патануўшы ў ложку, толькі яго валасы калыхаліся, як чарот, над морам падушак.
4
Калі Бова зноў апынуўся на вуліцы, там было пуста. На вежы біў гадзіньнік. Было халодна і цёмна.
Нейкі час ён бязмэтна бадзяўся, не разумеючы, дзе ён. Вакол яго высіліся чорныя муры, адна за адной міналіся цёмныя вуліцы, рынкі ішлі за рынкамі. І раптам ён зноў апынуўся перад велічнай трыюмфальнай брамай.
Яна цяжка ўздымалася ў начным змроку. Вялізныя коні застылі над каменным скляпеньнем, бронзавыя мантыі пагрозьліва распасьцерліся над патанулай у цемры плошчай.
Бова інстынктыўна ішоў тым самым шляхам, што і ўвечары. Ён зноў выйшаў да сходаў і нырнуў у цёмны праход, не сьпяшаючыся і не спыняючыся.
Ён адчуваў стому і абыякавасьць. Яму болей ні пра што ня думалася. Цяпер яго болей нічога не кранала, ён быў бясконца абыякавы да ўсяго.
Канчалася ноч, даўгая, як жыцьцё. За ноч ён перажыў безьліч падзеяў, якія болей ніколі не паўторацца. Ноч скончылася, як выпіты да дна келіх. Усё, што чакала наперадзе, яго не абыходзіла.
Можа, ён быў яшчэ п'яны? Ці, можа, усім перасыціўся? Магчыма.
Ён прайшоў тымі самымі вуліцамі, што і ўвечары. Гэта быў даўгі і зьвілісты шлях пустымі і цёмнымі ўскраінамі.
Ён прыйшоў у гавань і спыніўся перад акном. У прывідным начным прымроку ён убачыў там сьвечкі і брускі мыла, а паміж іх недаедзены круг кілбасы. Нейкую хвіліну ён няўцямна пазіраў на ўсё гэта.
Але калі ён павярнуўся, перад ім стаяў незнаёмы чалавек. Каўнер яго курткі быў падняты, з-пад падранай шапкі тырчалі валасы, а насок чаравіка разявіўся, як птушыная дзюба.
Не прамовіўшы слова, ён схапіў Бову за каўнер і пачаў зьдзіраць зь яго сурдут. Бова не супраціўляўся, нават сам расшпіліў гузікі. Незнаёмы адразу нацягнуў сурдут. Пасьля ўзяў у Бовы цыліндар, параўнаў са сваёй шапкай, хрыпла засьмяяўся і начапіў капялюш сабе. Зрабіўшы гэта, ён павярнуўся і спакойна пайшоў, стукаючы аб брук ядлаўцовым кіем.
Нейкую хвіліну Бова глядзеў яму ўсьлед. Па тым, як незнаёмы аддаляўся, Бова пазнаў у ім таго самага чалавека, якому ён увечары даваў турэцкую манэту, але той выбраў сабе лепшую. Толькі голас ягоны за ноч зрабіўся больш хрыплы.
Бова павярнуўся і таксама пайшоў.
У яго не было ні страху, ні жалю. Хай, хай забяруць усё. Цяпер яму было ўсё роўна.
Наперадзе край неба займаўся сьвітальнай чырваньню.
Ён зноў падышоў да хаткі на краі рову. Аканіцы былі расчыненыя, і старая ўжо працавала. Яна распальвала агонь і мяшала кроў і крупы для новага дня.
На стойцы яшчэ ляжала адна астылая кілбаска, якая на хвіліну абудзіла ў Бовы ўспаміны. Ён купіў яе, але яна была нясмачная. Ён адкусіў некалькі разоў без ахвоты і кінуў кілбаску на вуліцы.
Так ён зноў прыйшоў да купкі пачарнелых дамоў. Ён успомніў, што яны тут жылі. І ён стаў паднімацца па сходах.
Дайшоўшы да сярэдзіны, ён задыхаўся і адчуў, як мяшэчак з грашыма цісьне яму на грудзі. Ён спыніўся і дастаў яго. Раскрыўшы мяшэчак, ён знайшоў там тры медзякі і тупа ўтаропіўся на іх у няясным сьвятле акенца, не разумеючы, што яны былі нічога ня вартыя.
Пакуль ён так стаяў, манэты выпалі з рук. Яны са звонам каціліся з прыступкі на прыступку, абганяючы адна адну, і раптам сьціхлі. Ён паспрабаваў позіркам іх знайсьці, але ўбачыў толькі адну і пайшоў далей.
У катушку было яшчэ цёмна. Бова адразу лёг і выцягнуўся. Рука яго даткнулася халоднага цела нябожчыка.
Ага, гэта быў здохлы турак, якога ён задушыў увечары. Бова павярнуўся да яго сьпінай. Сёньня ён нікога не баяўся. Усё роўна, яму было ўсё роўна.
Яму хацелася толькі спаць. Галава была цяжкая, нібы налітая волавам. Спаць, толькі спаць…
Ён заплюшчыў вочы, і сон прыйшоў адразу. Сон быў страшны:
Бова паднімаўся зь бяздоннай прорвы па бясконцых прыступках. Яны вялі наверх праз чорныя пласты зямлі, парэнчы хісталіся, а самі прыступкі былі такія вузкія, што ступаць даводзілася на пальцах.
Бову гнаў дзікі страх, бо ззаду, з глыбіні чуўся жахлівы голас, які хрыпуча стагнаў: “Ня кідай мяне! ня кідай мяне!”
З пальцаў на нагах цякла кроў, рукі былі ў мазалях, але ён бег.
Нарэшце ён усё ж выбраўся напаверх. І апынуўся на вялікім рынку пад вялізнай трыюмфальнай брамай. Была ноч, плошча была пустая.
Але калі ён агледзеўся, то ўбачыў, што за ім напаверх вылазіць чорная калматая галава, агідна выючы: “Ня кідай мяне! Ня кідай мяне!”
У сьмяротным страху Бова ўзьлез на грэбень брамы і скочыў на сьпіну вялізнаму каню. Той ударыў магутным капытом і рынуўся ў паветра. Грыва разьвявалася, мантыя коньніка надзімалася, як ветразь.
Але тут Бова пачуў ззаду посьвіст ветру. Ён паглядзеў праз плячо і ўбачыў, што агідная пачвара гоніць за ім на другім кані і ўвесь час раве: “Ня кідай мяне! Ня кідай мяне!”
Як ні высільваўся Бова, але адлегласьць паміж ім і перасьледнікам меншала ўваччу. Ён ускочыў у сядле, яму захацелася схавацца ў конскай грыве, у конскім вуху.
Але пачвара ўжо клала калматую лапу яму на плячо.
Бова рваўся ва ўсе бакі. Ён амаль на яве перажываў гэтае страшнае мроіва. Зь нязьмернай цяжкасьцю ён расплюшчыў вочы.
Але сон працягваўся на яве: нехта сядзеў у яго на грудзях і сьціскаў яму горла. Ён хацеў скінуць зь сябе пачвару, але ня здолеў нават варухнуцца. Рукі і ногі быццам прырасьлі да зямлі, толькі валасы на галаве лёгенька ўздрыгвалі. І, не супраціўляючыся, ён адчуваў, як пальцы незнаёмага ціснулі ўсё мацней і мацней, пакуль уваччу не пацямнела і не прыйшоў канец.
Незнаёмы засунуў руку Бову за пазуху, дастаў адтуль мяшэчак, пераступіў праз двух мерцьвякоў, падышоў да акна, за якім ужо бралася на дзень, і стаў разглядаць медзякі, паднёсшы іх да свайго калматага твару.
1917
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=47 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Коньнікі ў небе
Для друку / Чытальня