Гоман і ятра. 7 красавіка 1928
Паміж месцамі, дзе кучаравіліся кветкі, я праз плот бачыў, як яны ўдараюць. Яны кіравалі, дзе быў сьцяжок, а я ішоў уздоўж плота. Ластэр шукаў у траве пад гарлачыкавым дрэвам. Яны выцягнулі сьцяжок і ўдарылі па мячыку. Потым уставілі сьцяжок назад і перайшлі на пляцоўку, адзін ударыў, а за ім другі. Потым яны пайшлі далей, а я ішоў уздоўж плота. Ластэр адышоў ад гарлачыкавага дрэва, і мы пайшлі ўздоўж плота, яны спыніліся, і мы таксама, я глядзеў праз плот, а Ластэр шукаў у траве.
— Давай, кэдзіКэдзі (caddie) – хлопец, які падае клюшкі і мячыкі ў гульні ў гольф. . – Ён ударыў па мячыку. Яны пайшлі прэч цераз поплаў. Я трымаўся за плот і глядзеў, як яны ідуць прэч.
— Ты зноў сваё, – сказаў Ластэр. – Нічога сабе хлопец, трыццаць тры гадочкі, а ўсё роўна што малы. А я ў горад колькі дарогі схадзіў па торт для цябе. Перастань мне румзаць. Лепш дапамог бы знайсьці той чацьвяртак, а то не схадзіць мне вечарам у цырк.
Яны ўдаралі, малыя, па другі бок поплаву. Я вярнуўся ўздоўж плота туды, дзе сьцяжок. Ён лапатаў насупроць яснай травы і дрэваў.
— Хадзі, – сказаў Ластэр. – Тут мы ўжо шукалі. Яны ўжо сюды ня прыйдуць. Хадзем долу, пашукаць той чацьвяртак каля ручайка, пакуль які чорны не знайшоў.
Сьцяжок быў чырвоны і лапатаў насупроць поплаву. Потым прыляцела птушка, села на ім наўскось. Ластэр шпурнуў. Сьцяжок лапатаў насупроць яснай травы і дрэваў. Я трымаўся за плот.
— Перастань румзаць, – сказаў Ластэр. – Я не магу іх прымусіць вярнуцца, раз яны пайшлі. Калі не заціхнеш, дык няня не наладзіць табе дня нараджэньня. Калі не заціхнеш, дык ведаеш, што я табе зраблю. Зьем увесь той торт. І сьвечкі. Усе трыццаць тры сьвечкі зьем. Хадзем, пойдзем над ручаёк. Мне трэба знайсьці мой чацьвяртак. Можа, знойдзем які зь іхных мячыкаў. Там. Там яны. Вунь там, далёка. Бачыш. – Ён падышоў да плота і паказаў рукою. – Бачыш. Яны ўжо ня вернуцца. Хадзем.
Мы пайшлі ўздоўж плота і дайшлі да садка. На садковым плоце былі нашы цені. Мой быў на плоце вышэйшы, чымсьці Ластэраў. Мы дайшлі да месца, дзе была дзіра ў плоце, і пралезьлі.
— Пачакай хвілінку, – сказаў Ластэр. – Ты зноў зачапіўся за той цьвік. Ніколі ня можаш пралезьці, каб не зачапіцца за яго.
КэдзіКэдзі (Caddy) – ласкальная форма жаночага імя Кэндэйс (Candace). адчапіла мяне і мы пралезьлі. «Дзядзька Моры сказаў, што нас ніхто не павінен убачыць, дык давай лепш пахілімся, – сказала Кэдзі. – Пахіліся, Бэнджы. Вось так, бачыш». Мы пахіліліся і прайшлі садок, дзе аб нас шаргацелі й шалясьцелі кветкі. Зямля была цьвёрдая. Мы пералезьлі цераз плот, за якім парохквалі і пасопвалі сьвіньні. «Яны, відаць, шкадуюць тую, якую сёньня закалолі», – сказала Кэдзі. Зямля была цьвёрдая, утаптаная і гарбастая.
«Не вымай рук з кішэняў, – сказала Кэдзі. – А то замерзнуць. А ты ж ня хочаш, каб табе замерзьлі рукі на Каляды, што».
— На дварэ захоладна, – сказаў Вэрш. – Табе нельга на двор.
— На дварэ захоладна, – сказаў Вэрш. – Табе нельга на двор.
— Чаго яму цяпер, – сказала мама.
— Ён хоча на двор, – сказаў Вэрш.
— Пусьцеце яго, – сказаў дзядзька Моры.
— Захоладна, – сказала мама. – Няхай лепш сядзіць дома. Бэнджамін. Перастань жа.
— Нічога яму ня будзе, – сказаў дзядзька Моры.
— Паслухай, Бэнджамін, – сказала мама. – Калі будзеш нядобры, пойдзеш на кухню.
— Няня казала, каб мы яго сёньня не прыводзілі на кухню, – сказаў Вэрш. – Яна сказала, што й так не пасьпявае з гатаваньнем.
— Пусьці яго на двор, Кэралайн, – сказаў дзядзька Моры. – А то яшчэ расстроішся і захварэеш.
— Я ведаю, – сказала мама. – Гэта крыж, які спаслаў мне Бог. Часам думаецца, за што.
— Я ведаю, я ведаю, – сказаў дзядзька Моры. – Табе трэба ашчаджаць сябе. Я зраблю табе пунш.
— Ад яго мне стане яшчэ горш, – сказала мама. – Нібыта ты ня ведаеш.
— Табе ад яго палепшае, – сказаў дзядзька Моры. – Захутай яго акуратна, хлопча, і выйдзі зь ім на хвілінку на двор.
Дзядзька Моры пайшоў. Вэрш пайшоў.
— Калі ласка, сьціхні, – сказала мама. – Мы стараемся выправіць цябе на двор найхутчэй, як можам. Я не хачу, каб ты нам расхварэўся.
Вэрш надзеў мне боты і паліто, мы ўзялі маю шапку і пайшлі на двор. У сталовай дзядзька Моры ставіў у суднік бутэльку.
— Пабудзь зь ім з паўгадзінкі, хлопча, – сказаў дзядзька Моры. – Але не выпускай яго з панадворку.
— Так, сэр, – сказаў Вэрш. – Мы ніколі не дазваляем яму адбіцца ад дому.
Мы выйшлі на двор. Сонца было халоднае й зыркае.
— Ты куды ўзяў, – сказаў Вэрш. – У горад сабраўся, ці што.
Мы прайшлі па шалясткім лісьці. Весьніцы былі халодныя.
— Лепш не вымай рук з кішэняў, – сказаў Вэрш. – Прымерзнуць да жалеза і што тады зробіш. Чаму табе не пачакаць іх дома. – Ён засунуў мае рукі ў кішэні. Я чуў, як ён шалясьціць па лісьці. Я адчуваў пах холаду. Весьніцы былі халодныя.
— На табе арэхаў. Вой. Скокнула на дрэва. Паглядзі на тую вавёрку, Бэнджы.
Я зусім не адчуваў весьніцаў, толькі пах зыркага холаду.
— Схавай тыя рукі назад у кішэні.
Кэдзі ішла. Потым пачала бегчы, сумка з кніжкамі матлялася й падскоквала ззаду.
— Прывітаньне, Бэнджы, – сказала Кэдзі. Яна адчыніла весьніцы, увайшла, нахілілася. Пахла як лісьцё.
— Ты выйшаў мне на спатканьне, – сказала яна.
— Ты выйшаў Кэдзі на спатканьне? Чаму ў яго такія настылыя рукі, Вэрш?
— Я яму казаў, каб ён трымаў іх у кішэнях, – сказаў Вэрш. – Ён трымаўся за жалезныя весьніцы.
— Ты выйшаў Кэдзі на спатканьне, – сказала яна, расьціраючы мае рукі. – Што. Што ты хочаш сказаць Кэдзі. – Кэдзі пахла як дрэвы і як калі яна гаворыць, што мы ўжо паспалі.
«Чаго ж ты енчыш, – сказаў Ластэр. – Калі дойдзем да ручайка, дык зможаш зноў на іх глядзець. На. Вось табе дурнап’ян». Ён даў мне кветку. Мы прайшлі праз плот на пашу.
— Што, – сказала Кэдзі. – Што ты хочаш сказаць Кэдзі? Гэта яны выправілі яго з дому, Вэрш.
— Яго нельга было ўтрымаць дома, – сказаў Вэрш. – Ён не пераставаў, пакуль яго не пусьцілі, і прыйшоў адразу сюды, глядзець празь весьніцы.
— Ну, што? – сказала Кэдзі. – Ты думаў, я прыйду са школы і адразу будуць Каляды. Ты так думаў. А Каляды пасьлязаўтра. Са Сьвятым Мікалаем, Бэнджы. Са Сьвятым Мікалаем. Давай пабяжым дадому пагрэцца.
Яна ўзяла мяне за руку, і мы пабеглі па зыркім шалясткім лісьці. Падняліся па прыступках і зь яснага холаду ўвайшлі ў цёмны холад. Дзядзька Моры ставіў бутэльку назад у суднік. Ён паклікаў Кэдзі. Кэдзі сказала:
— Завядзі яго да печкі, Вэрш. Ідзі з Вэршам, – сказала яна. – Я праз хвілінку прыйду.
Мы пайшлі да печкі. Мама сказала:
— Ён прастыў, Вэрш.
— Дзе там, – сказаў Вэрш.
— Зьнімі зь яго паліто і боты, – сказала мама. – Колькі разоў табе казаць, каб ты не прыводзіў яго ў пакой у ботах.
— Так, – сказаў Вэрш. – Стой спакойна.
Ён зьняў мае боты і расшпіліў паліто. Кэдзі сказала:
— Пачакай, Вэрш. Ці ён ня мог бы яшчэ раз на двор, мама? Я хацела б, каб ён пайшоў са мною.
— Няхай лепш застанецца тут, – сказаў дзядзька Моры. – Ён ужо сёньня пабыў на дварэ.
— Я думаю, што вы абое павінны застацца дома, – сказала мама. – Дылсі кажа, што ідуць халады.
— Ай, мама, – сказала Кэдзі.
— Глупства, – сказаў дзядзька Моры. – Яна ўвесь дзень была ў школе. Ёй трэба падыхаць сьвежым паветрам. Бяжы, Кэндэйс.
— Пусьці яго, мама, – сказала Кэдзі. – Прашу цябе. Ты ж ведаеш, што ён будзе плакаць.
— Дык чаму ты сказала пры ім? – сказала мама. – Чаго табе было ўваходзіць сюды. Каб даць яму зачэпку зноў мяне мучыць. Табе сёньня ўжо хопіць двору. Лепш пасядзі зь ім тут і пазабаўляйся.
— Пусьці іх, Кэралайн, – сказаў дзядзька Моры. – Марозік ім не пашкодзіць. Не забывай, што табе трэба ашчаджаць сілы.
— Я ведаю, – сказала мама. – Нікому не зразумець, як я баюся Калядаў. Нікому. Я ня з тых жанчын, якія стрываюць усё. Як мне хацелася б быць дужэйшай, дзеля Джэйсана і дзяцей.
— Ты павінна рабіць усё магчымае, каб яны цябе не расстройвалі, – сказаў дзядзька Моры. – Бяжыце, абое. Але ненадоўга, бо мама будзе хвалявацца.
— Так, сэр, – сказала Кэдзі. – Хадзі, Бэнджы. Пойдзем зноў на двор.
Яна зашпіліла маё паліто, і мы пайшлі да дзьвярэй.
— Дык ты хочаш вывесьці малога бяз ботаў? – сказала мама. – Дом поўны гасьцей, а ты хочаш, каб ён захварэў.
— Я забылася, – сказала Кэдзі. – Я думала, ён у ботах.
Мы вярнуліся.
— Табе трэба думаць, – сказала мама. «Стой жа спакойна», – сказаў Вэрш. Ён надзеў мне боты. – Аднойчы мяне ня стане, і табе прыйдзецца думаць за яго. – «Цяпер тупні», – сказаў Вэрш. – Хадзі пацалуй маму, Бэнджамін.
Кэдзі падвяла мяне да мамінага фатэля, мама ўзяла мой твар у свае рукі, а потым прыціснула мяне да сябе.
— Маё беднае дзіцятка, – сказала яна. Пусьціла мяне. – Вы з Вэршам добра за ім прыгляньце, любачка.
— Так, мама, – сказала Кэдзі. Мы выйшлі. Кэдзі сказала: – Можаш застацца, Вэрш. Я прайдуся зь ім адна.
— Добра, – сказаў Вэрш. – Якая мне пацеха лезьці ў такую халадэчу.
Ён пайшоў, а мы спыніліся ў калідоры, Кэдзі прысела, абняла мяне, прыціснула свой халодны ясны твар да майго. Яна пахла як дрэвы.
— А ты ня беднае дзіцятка. Хіба ня так. У цябе ёсьць твая Кэдзі. У цябе ёсьць твая Кэдзі, праўда.
«Ці ты ня можаш перастаць енчыць і саплячыцца, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна падымаць увесь гэты вэрхал». Мы мінулі вазоўню, дзе стаяла павозка. У яе было новае кола.
— Залезь туды і сядзі ціха, пакуль ня прыйдзе мама, – сказала Дылсі. Яна ўпіхнула мяне ў павозку. Т. П. трымаў лейцы. – Я зусім не разумею, чаму Джэйсан ня хоча купіць новую каляску, – сказала Дылсі. – Аднойчы гэты драндулет рассыплецца пад вамі на дробныя кавалачкі. Пагляньце толькі на колы.
Выйшла мама і апусьціла вуаль. У яе былі кветкі.
— А дзе Роскус, – сказала яна.
— Роскус сёньня рук не падыме, – сказала Дылсі. – Т. П. таксама ўмее падвезьці.
— Я баюся, – сказала мама. – Раз на тыдзень вы маглі б знайсьці мне возьніка. Бог ведае, што прашу ў вас няшмат.
— Вы ня горш за мяне ведаеце, міс Кэралайн, што Роскуса хапіў такі раматус, што ён ня можа рабіць больш, чымсьці мусіць, – сказала Дылсі. – Хадзеце і сядайце. Т. П. завязе вас ня горш за Роскуса.
— Я баюся, – сказала мама. – З гэтым дзіцяткам.
Дылсі ступіла на ганак.
— Гэта вы яго называеце дзіцяткам? – сказала яна. Узяла маму за руку. – Ён жа такі бамбіза, як і Т. П. Давайце, калі хочаце ехаць.
— Я баюся, – сказала мама. Яны сышлі з ганка, і Дылсі дапамагла маме сесьці. – Мабыць, так будзе найлепш для ўсіх нас, – сказала мама.
— Як вам ня сорамна такое гаварыць, – сказала Дылсі. – Быццам ня ведаеце, што васямнаццацігадовага нэгра замала, каб Квіні панесла. Ёй жа будзе больш гадоў, чымся яму і Бэнджы разам. А ты не шалапутнічай з Квіні, чуеш мяне, Т. П. Калі ты ня будзеш кіраваць так, каб міс Кэралайн было даспадобы, я напушчу на цябе Роскуса. Яго скруціла яшчэ не настолькі, каб ён з табою ня ўправіўся.
— Так, – сказаў Т. П.
— Я проста ведаю, што нешта здарыцца, – сказала мама. – Перастань, Бэнджы.
— Дайце яму патрымаць кветку, – сказала Дылсі. – Вось чаго ён хоча. – Яна працягнула руку.
— Не, не, – сказала мама. – Так яны ўсе рассыплюцца.
— А вы іх прытрымайце, – сказала Дылсі. – Я выцягну яму толькі адну. – Яна дала мне кветку і забрала руку.
— Цяпер едзьце, пакуль Квэнтына ня ўбачыла і таксама не захацела ехаць, – сказала Дылсі.
— А дзе яна, – сказала мама.
— Дома, забаўляецца з Ластэрам, – сказала Дылсі. – Едзь, Т. П. Кіруй гэтай брычкай, як табе казаў Роскус.
— Так, – сказаў Т. П. – Но, Квіні.
— Квэнтына, – сказала мама. – Не дазволь ёй...
— Напэўна не, – сказала Дылсі.
Павозка трасла і хрумсьцела па жвіраваным пад’езьдзе.
— Я баюся пакідаць Квэнтыну адну, – сказала мама. – Я не павінна ехаць, Т. П.
Мы выехалі за браму, дзе ўжо ня трэсла. Т. П. сьцебануў Квіні пугаю.
— Што ты робіш, Т. П., – сказала мама.
— Трэба запусьціць яе ў ход, – сказаў Т. П. – Каб не заснула, пакуль ня вернецца ў стайню.
— Завярні, – сказала мама. – Я баюся пакідаць Квэнтыну адну.
— Тут не магу завярнуць, – сказаў Т. П. Потым стала шырэй.
— А тут ужо можаш, – сказала мама.
— Добра, – сказаў Т. П. Мы пачалі заварочваць.
— Што ты робіш, Т. П., – сказала мама, хапаючы мяне.
— Я ж мушу неяк завярнуць, – сказаў Т. П. – Тпрру, Квіні. – Мы спыніліся.
— Ты нас перакуліш, – сказала мама.
— Дык чаго вы ўрэшце хочаце? – сказаў Т. П.
— Я баюся, калі ты будзеш заварочваць, – сказала мама.
— Давай, Квіні, – сказаў Т. П.
Мы паехалі далей.
— Я ведаю, што Дылсі безь мяне недагледзіць і Квэнтыне нешта станецца, – сказала мама. – Нам трэба вярнуцца як мага хутчэй.
— Но-о, – сказаў Т. П. Ён сьцебануў Квіні пугаю.
— Слухай, Т. П., – сказала мама, хапаючы мяне. Я чуў Квініны капыты, і зыркія плямы ішлі гладка й роўна з абодвух бакоў, а цені ад іх плылі па Квінінай сьпіне. Ішлі ўвесь час, як яркія вярхі колаў. Потым перасталі з таго боку, дзе была высокая белая будка з жаўнерам. Але па другі бок ішлі гладка й роўна, адно што памалей.
— Чаго ты хочаш, – сказаў Джэйсан. Ён меў рукі ў кішэнях і аловак за вухам.
— Мы едзем на могілкі, – сказала мама.
— Дык едзьце, – сказаў Джэйсан. – Я ж вас не трымаю. Нічога іншага ты не хацела, адно гэта сказаць.
— Я ведаю, што ты з намі не паедзеш, – сказала мама. – Але з табой я так не баялася б.
— Баялася чаго, – сказаў Джэйсан. – Ні бацька, ні Квэнтын табе нічога ня зробяць.
Мама сунула хустачку пад сваю вуаль.
— Перастань, мама, – сказаў Джэйсан. – Хочаш, каб гэты кляты прыдурак разроўся пасярод пляцу? Едзь, Т. П.
— Но, Квіні, – сказаў Т. П.
— Гэта крыж, які спаслаў мне Бог, – сказала мама. – Але хутка ўжо і мяне тут ня стане.
— Спыні, – сказаў Джэйсан.
— Тпру, – сказаў Т. П. Джэйсан сказаў:
— Дзядзька Моры хоча ўзяць пяцьдзясятку з твайго рахунку. Што з тым будзеш рабіць.
— Навошта ты ў мяне пытаешся, – сказала мама. – Мой голас тут ні пры чым. Я стараюся ня быць цяжарам для цябе і Дылсі. Хутка ўжо мяне ня будзе, і тады ты...
— Едзь, Т. П., – сказаў Джэйсан.
— Но, Квіні, – сказаў Т. П. Плямы паплылі зноў. Тыя па другі бок таксама, зырка, хутка і гладка, як калі Кэдзі кажа, што ідзем спаць.
«Плакса, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна». Мы пайшлі праз стадолу. Стойлы былі паадчыньваныя. «Няма ўжо ў цябе пярэстага коніка, на якім ты мог бы паезьдзіць», – сказаў Ластэр. Ток быў сухі й запылены. Дах абвальваўся. У касых дзірах віравала жоўтае. «Чаго пайшоў тудою. Хочаш, каб які мячык выцяў цябе ў лабаціну».
— Трымай рукі ў кішэнях, – сказала Кэдзі. – А то адмарозіш. А Бэнджы ня хоча адмарозіць рук на Каляды, праўда.
Мы абыходзілі стадолу. Вялікая карова і малая стаялі ў дзьвярах і было чуваць, як у сярэдзіне стадолы тупаюць Прынс, Квіні і Фрэнсі. – Калі б ня гэтая халадэча, мы праехаліся б на Фрэнсі, – сказала Кэдзі. – Але сёньня захоладна, ты ня ўтрымаўся б. Потым мы ўбачылі ручаёк, над якім снаваўся дым. – Там смаляць сьвіньню, – сказала Кэдзі. – Мы можам вярнуцца тудою і паглядзець.
Мы спусьціліся з гары.
— Ты хочаш несьці гэты ліст, – сказала Кэдзі. – Дык нясі. – Яна пераклала ліст з свае кішэні ў маю. – Гэта калядны падарунак ад дзядзькі Моры. Дзядзька Моры хоча зрабіць сюрпрыз місіс Патэрсан. Нам трэба аддаць ёй ліст так, каб ніхто ня ўбачыў. Ну, не вымай рук з кішэняў. Мы дайшлі да ручайка.
— Замерз, – сказала Кэдзі. – Глядзі. – Яна разьбіла воду зьверху і прыклала кавалачак яе да майго твару. – Лёд. Бачыш, які халодны. – Яна перавяла мяне на другі бок, і мы пайшлі ўверх. – Нам нельга сказаць нават маме і тату. Ведаеш, што гэта, па-мойму. Я думаю, гэта сюрпрыз для мамы і таты, а таксама для містэра Патэрсана, таму што містэр Патэрсан прыслаў табе цукеркі. Помніш, як мінулым летам містэр Патэрсан прыслаў табе цукеркі.
Там быў плот. Павойныя расьліны былі сухія, у іх шаргацеў вецер.
— Толькі я не разумею, чаму дзядзька Моры не паслаў Вэрша, – сказала Кэдзі. – Вэрш не прагаварыўся б. – Місіс Патэрсан выглядвала з акна. – Пачакай тут, – сказала Кэдзі. – Пачакай у гэтым месцы, я зараз вярнуся. Дай мне ліст. – Яна выняла ліст з маёй кішэні. – Не вымай рук з кішэняў.
Зь лістом у руцэ яна пералезла цераз плот і пайшла паміж карычневымі шарготкімі кветкамі. Місіс Патэрсан пайшла да дзьвярэй, адчыніла іх і стала на парозе.
Містэр Патэрсан матычыў у зялёных кветках. Перастаў матычыць і глянуў на мяне. Місіс Патэрсан прыбегла да мяне садком. Я ўбачыў ейныя вочы і заплакаў. «Ты, ідыёт, – сказала місіс Патэрсан, – я ж яму казала, каб больш не пасылаў цябе аднаго». «Дай сюды. Хутчэй». Містэр Патэрсан прыбег з матыкай. Місіс Патэрсан нагнулася над плотам, працягваючы руку. Хацела ўзьлезьці на плот. «Дай сюды, – сказала. – Дай сюды». Містэр Патэрсан пералез цераз плот. Узяў ліст. Сукенка місіс Патэрсан зачапілася за плот. Я зноў убачыў ейныя вочы і пабег з гары.
— Тамака далей стаяць дамы, – сказаў Ластэр. – Хадзем долу да ручайка.
Над ручайком мылі бялізну. Адна зь іх сьпявала. Я чуў у носе выбіваную бялізну і дым, які плыў над ручайком.
— Пастой тут, – сказаў Ластэр. – Там наверсе табе няма чаго рабіць. Там напэўна папалі б у цябе.
— А што ён хоча рабіць?
— Ён ня ведае, што ён хоча рабіць, – сказаў Ластэр. – Ён думае, што ён хоча наверх, дзе яны б’юць у той мячык. Сядзь тут і пазабаўляйся з дурнап’янам. А калі хочаш паглядзець на нешта, дык паглядзі на хлопцаў, як купаюцца ў ручайку. Павёў бы сябе як людзі хоць разок.
Я сеў на беразе, дзе яны мылі і плыў сіні дым.
— Тут чацьвертака ніхто ня бачыў, – сказаў Ластэр.
— Якога чацьвертака?
— Такога, што я меў сёньня раніцай, – сказаў Ластэр. – Дзесьці яго згубіў. Ён выпаў праз гэтую во дзірку ў кішэні. Калі не знайду, ня будзе за што пайсьці ў цырк сёньня вечарам.
— А адкуль ты ўзяў дваццаць пяць цэнтаў, хлопец. У белага ў кішэні, калі той зазяваўся.
— Узяў, дзе давалі, – сказаў Ластэр. – І там яшчэ шмат такіх, як гэты. Але цяпер мне трэба знайсьці якраз гэты. Вы ніхто ня бачылі.
— Мне яшчэ толькі чацьвертакі выглядваць. Нібыта іншага клопату не хапае.
— Хадзі сюды, – сказаў Ластэр. – Памажы мне шукаць.
— Ды ён не пазнае, што грошы, нават калі іх будзе мець перад вачыма, хіба ня так.
— Усё роўна няхай памагае, – сказаў Ластэр. – А вы ўсе ідзяце паглядзець той цырк сёньня вечарам.
— Не ўпамінай мне пра цырк. Пакуль я ўпраўлюся з гэтай балеяй, буду так зьняможаная, што й рукі не сагну.
— Іду ў заклад, што пойдзеце, – сказаў Ластэр. – Іду ў заклад, што вы былі там учора. І што ўсе будзеце там сёньня, як толькі адчыняць тую палатку.
— Туды й безь мяне нэграў паналезе. Хадзіла ўжо ўчора.
— Чорныя плацяць такія самыя грошы, што й белыя.
— Белы плаціць чорнаму, таму што ведае, што як прыедзе першы белы з музыкай, ён дастане ўсё назад, каб чорнаму зноў трэба было ісьці і зарабляць.
— Ніхто ж цябе ня гоніць ісьці глядзець той цырк.
— Пакуль яшчэ не. Пакуль яшчэ не дадумаліся, мабыць.
— А што ты маеш супроць белых.
— Нічога супроць іх ня маю. Я іду сваёй дарогай, а белыя сваёй. Мне начхаць на іхны цырк.
— Там у іх адзін мужык грае на піле. Усё роўна як на банджа.
— Вы хадзілі ўчора, – сказаў Ластэр, – а я пайду сёньня. Калі толькі прыпомню, дзе згубіў той чацьвяртак.
— І яго, мабыць, возьмеш з сабою.
— Я, – сказаў Ластэр. – Думаеце, мне ён там патрэбны, калі развыецца.
— А што ты робіш, калі ён развыецца.
— Даю яму лупцоўку, – сказаў Ластэр. Ён сеў і падкасаў нагавіцы. У ручайку забаўляліся.
— Вы тут зацураную апуку ніхто не знайшлі, – сказаў Ластэр.
— Ты лепш не гавары брыдкіх слоў. А то пачуе твая бабуля, і ты пашкадуеш.
Ластэр улез у ручаёк, дзе гулялі. Шукаў у вадзе ўздоўж берагу.
— Калі я тут быў раніцай, дык ён яшчэ быў пры мяне, – сказаў Ластэр.
— А як жа ты яго згубіў.
— Праз гэтую во дзірку ў кішэні, – сказаў Ластэр. Яны шукалі ў ручайку. Потым усе раптам выпрасталіся і перасталі, а потым пачалі пырскаць вадою і біцца. Урэшце ён дастаўся Ластэру, і яны прыселі ў вадзе, паглядаючы ўгору праз кусты.
— Дзе яны, – сказаў Ластэр.
— Яшчэ не відаць.
Ластэр сунуў яго ў кішэню. Тыя спусьціліся з гары.
— Сюды мячык не заляцеў.
— Ён мусіць быць у вадзе. Вы ня бачылі або ня чулі, хлопцы?
— Я ня чуў, каб тут што падала, – сказаў Ластэр. – Вунь там аб дрэва нешта стукнула. Але куды паляцела, ня ведаю.
Яны глядзелі ў ручаёк.
— Чорт. Паглядзі ўздоўж ручая. Ён упаў сюды. Я бачыў.
Яны пашукалі ўздоўж ручайка. Потым вярнуліся на гару.
— Ці ня ты ўзяў той мячык, – сказаў хлопец.
— А нашто ён мне, – сказаў Ластэр. – Я ня бачыў ніякага мячыка.
Хлопец увайшоў у ваду. Пабрыў у вадзе. Адвярнуўся і зноў паглядзеў на Ластэра. Потым пайшоў далей ручайком.
Той чалавек наверсе паклікаў: «Кэдзі!» Хлопец вылез з вады і пайшоў пад гару.
— А ты зноў сваё, – сказаў Ластэр. – Замоўкні.
— Чаго ён зноў румзае?
— А Бог яго ведае, – сказаў Ластэр. – Ён заўсёды так пачынае. Усю раніцу ные. Можа, таму, што сёньня ў яго дзень нараджэньня.
— А колькі яму?
— Трыццаць тры, – сказаў Ластэр. – Сёньня раніцай яму было трыццаць тры.
— Ты хочаш сказаць, ужо мінула трыццаць гадоў, як яму тры гады.
— Я кажу вам тое, што мне сказала няня, – сказаў Ластэр. – Ня ведаю. Але яму запаляць трыццаць тры сьвечкі на торце. А торцік невялікі. Ледзь памесьцяцца. Замоўкні. Хадзі сюды. – Ён падышоў і схапіў мяне за руку. – Ты, стары прыдурак, – сказаў ён. – Хочаш, каб цябе адлупцавалі.
— Так і паверу, што адлупцуеш.
— Ня раз ужо лупцаваў. Ша, – сказаў Ластэр. – Колькі разоў табе казаць, што туды наверх табе нельга. Яны табе мазгавешку зьнясуць сваімі мячыкамі. Хадзі сюды. – Ён пацягнуў мяне. – Сядай. – Я сеў, ён зьняў мае чаравікі і падкасаў нагавіцы. – А цяпер ідзі туды ў ваду і гуляй, і каб ня енчыў і не саплячыўся.
Я заціх і ўлез у ваду, і прыйшоў Роскус, кліча на вячэру, а Кэдзі сказала: «Яшчэ рана вячэраць. Я не іду».
Яна была мокрая. Мы гулялі ў ручайку, і Кэдзі прысела і замачыла сукенку, а Вэрш сказаў:
— Твая мама дасьць табе лупцоўку за мокрую сукенку.
— Яна нічога такога ня зробіць, – сказала Кэдзі.
— А ты адкуль ведаеш, – сказаў Квэнтын.
— Проста ведаю, – сказала Кэдзі. – А адкуль ведаеш ты.
— Бо яна так сказала, – сказаў Квэнтын. – А да таго я старэйшы за цябе.
— Мне сем гадоў, – сказала Кэдзі. – А таму, мабыць, я ведаю.
— Я старэйшы за цябе, – сказаў Квэнтын. – Я ўжо хаджу ў школу. Праўда, Вэрш.
— Я пайду ў школу ў наступным годзе, – сказала Кэдзі. – Як толькі пачнецца. Праўда, Вэрш.
— Сама ведаеш, што табе злояць скуру за мокрую сукенку, – сказаў Вэрш.
— Яна ня мокрая, – сказала Кэдзі. Устала ў вадзе і паглядзела на сваю сукенку. – Я зьніму яе, і яна высахне.
— Аб што заклад, што ня зьнімеш, – сказаў Квэнтын.
— Аб што заклад, што зьніму, – сказала Кэдзі.
— Аб што заклад, што пабаішся, – сказаў Квэнтын.
Кэдзі падышла да Вэрша і мяне і павярнулася задам.
— Расшпілі, Вэрш, – сказала яна.
— Ня сьмей, Вэрш, – сказаў Квэнтын.
— Гэта не мая сукенка, – сказаў Вэрш.
— Расшпілі, Вэрш, – сказала Кэдзі. – Інакш скажу на цябе Дылсі, што ты ўчора зрабіў.
І Вэрш расшпіліў.
— Толькі паспрабуй зьняць, – сказаў Квэнтын. Кэдзі зьняла сукенку і кінула яе на бераг. На ёй засталіся толькі станік і майткі, Квэнтын ляпнуў яе, і яна пакаўзнулася і ўпала ў ваду. Калі ўстала, пачала пырскаць вадою на Квэнтына, а Квэнтын пачаў пырскаць на Кэдзі. Трохі вады апырскала Вэрша і мяне, Вэрш падняў мяне і вынес на бераг. Ён сказаў, што паскардзіцца на Кэдзі й Квэнтына, і тады Квэнтын і Кэдзі сталі пырскаць на Вэрша. Ён схаваўся за кустамі.
— Я скажу на вас на ўсіх няні, – сказаў Вэрш.
Квэнтын вылез на бераг і спрабаваў схапіць Вэрша, але Вэрш кінуўся наўцёкі і Квэнтын не дагнаў яго. Калі Квэнтын вярнуўся, Вэрш спыніўся і крыкнуў, што скажа на іх. Кэдзі сказала яму, што калі ня скажа, дык яны дазволяць яму вярнуцца. Вэрш сказаў, што ня скажа, і яны яму дазволілі.
— Цяпер ты, мабыць, задаволеная, – сказаў Квэнтын. – Цяпер нам абаім злояць скуру.
— Ну й няхай, – сказала Кэдзі. – Я ўцяку.
— Я ўжо бачу, – сказаў Квэнтын.
— Я ўцяку і ніколі не вярнуся, – сказала Кэдзі. Я пачаў плакаць. Кэдзі павярнулася і сказала «Ціха». Дык я заціх. Потым яны забаўляліся ў ручайку. Джэйсан таксама забаўляўся. Ён быў у ручайку кавалак далей. Вэрш выйшаў з-за кустоў і зноў мяне падняў і паставіў у ваду. Кэдзі была ўсюды мокрая і запэцканая ззаду, і я пачаў плакаць, а яна падышла і прысела на кукішкі ў вадзе.
— Будзь ужо ціха, – сказала яна. – Я не ўцяку. – Дык я заціх. Кэдзі пахла як дрэвы пад дажджом.
«Што з табою, – сказаў Ластэр. – Перастань хныкаць і забаўляйся ў ручайку як астатнія».
«Чаму ты не адвядзеш яго дахаты. Ці табе не загадалі не адводзіць яго далёка ад дому».
«Ён усё думае, што гэты поплаў усё яшчэ іхні, – сказаў Ластэр. – Усё роўна ад дому сюды нікому не відаць».
«Але мы яго бачым. А чалавеку няма радасьці глядзець на прыдурка. Прыносіць няшчасьце».
Роскус прыйшоў і паклікаў на вячэру, а Кэдзі сказала, што на вячэру яшчэ зарана.
— Не, не зарана, – сказаў Роскус. – Дылсі кажа, каб вы ўсе ішлі дахаты. Вядзі іх, Вэрш.
Ён пайшоў пад гару, дзе мычала карова.
— Магчыма, мы абсохнем, пакуль дойдзем дадому, – сказаў Квэнтын.
— Гэта ўсё твая віна, – сказала Кэдзі. – Я спадзяюся, нам сапраўды злояць скуру.
Яна надзела сукенку, і Вэрш зашпіліў яе.
— Яны не пазнаюць, што ты яе замачыла, – сказаў Вэрш. – Нічога не відаць. Калі толькі мы з Джэйсанам ня скажам.
— Джэйсан, ты скажаш, – сказала Кэдзі.
— На каго, – сказаў Джэйсан.
— Ён ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Скажаш, Джэйсан.
— Ён напэўна скажа, – сказала Кэдзі. – Скажа бабулі.
— Ён ёй ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Яна хварэе. Калі будзем ісьці паволі, сьцямнее, і яны не заўважаць.
— А мне ўсё роўна, заўважаць ці не, – сказала Кэдзі. – Я сама ім скажу. Панясі яго пад гару, Вэрш.
— Джэйсан ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Помніш той лук і стралу, што я табе зрабіў, Джэйсан?
— Ён ужо паламаўся, – сказаў Джэйсан.
— Няхай кажа, – сказала Кэдзі. – Мне на гэта начхаць. Занясі Моры на гару, Вэрш. – Вэрш прысеў на кукішкі, і я залез яму на сьпіну.
«Да пабачэньня ў цырку вечарам, – сказаў Ластэр. – Пайшлі. Нам трэба знайсьці той чацьвяртак».
— Калі будзем ісьці паволі, сьцямнее, пакуль дойдзем, – сказаў Квэнтын.
— Я не хачу ісьці паволі, – сказала Кэдзі.
Мы пайшлі пад гару, а Квэнтын застаўся. Калі мы дайшлі да месца, дзе было чуваць сьвіньні, ён усё быў над ручайком. Сьвіньні рохкалі і нюхалі ў карыце ў кутку. Джэйсан ішоў ззаду з рукамі ў кішэнях. Роскус даіў карову ў дзьвярах стадолы.
Са стадолы выскачылі каровы.
— Давай, – сказаў Т. П. – Завый яшчэ. Я таксама завыю. Ууу. – Квэнтын зноў таўхануў Т. П. нагою. Таўхануў яго ў карыта, дзе елі сьвіньні, і Т. П. у ім застаўся. – Чорт рагаты, – сказаў Т. П. – Вось як ён мяне. Бачылі, як гэты белы мяне таўхануў. Ууу.
Я ня плакаў, але ня мог спыніцца. Я ня плакаў, але зямля не хацела застацца на месцы, і таму я заплакаў. Зямля падымалася коса ўверх, і каровы беглі ўверх. Т. П. спрабаваў устаць. Ён зноў упаў, а каровы пабеглі ўніз. Квэнтын трымаў мяне за руку, і мы ішлі да стадолы. Але потым стадолы там не было, і мы мусілі пачакаць, пакуль вернецца. Я ня бачыў, як яна вярталася. Яна вярнулася ззаду, і Квэнтын пасадзіў мяне ў жолаб, адкуль ядуць каровы. Я трымаўся за жолаб. Ён таксама адбягаўся, і я трымаўся за яго. Каровы зноў беглі ўніз, міма дзьвярэй. Я ня мог спыніцца. Квэнтын і Т. П. пайшлі ўверх біцца. Т. П. падаў з гары, а Квэнтын валок яго пад гару. Квэнтын ударыў Т. П. Я ня мог спыніцца.
— Устань, – сказаў Квэнтын. – І застанься тут. Нідзе не ідзі, пакуль не вярнуся.
— Мы з Бэнджы вяртаемся на вясельле, – сказаў Т. П. – Ууу.
Квэнтын зноў ударыў Т. П. А потым пачаў грукаць Т. П. аб сьцяну. Т. П. сьмяяўся. Кожны раз, як Квэнтын грукнуў Т. П. аб сьцяну, той хацеў сказаць Ууу, але ня мог ад сьмеху. Я перастаў плакаць, але ня мог спыніцца. Т. П. паляцеў на мяне, і дзьверы стадолы адышліся. Яны адышліся ўніз, а Т. П. біўся сам з сабою і зноў упаў. Ён усё сьмяяўся, а я ня мог спыніцца, спрабаваў устаць і паваліўся, і ня мог спыніцца. Вэрш сказаў:
— Ну, ты сябе паказаў. Нічога ня скажаш. Перастань выць.
Т. П. усё сьмяяўся. Паваліўся на вароты і сьмяяўся.
— Ууу, – сказаў ён. – Мы з Бэнджы вяртаемся на вясельле. На сарсапарылку.
— Будзь ціха, – сказаў Вэрш. – Дзе ты яе дастаў.
— У склепе, – сказаў Т. П. – Ууу.
— Будзь ціха, – сказаў Вэрш. – А дзе ў склепе.
— Усюды, – сказаў Т. П. Ён зноў засьмяяўся. – Там больш за сто бутэлек. Больш за мільён. Зважай, чарнашчокі. Я зараз віскну.
Квэнтын сказаў:
— Паднімі яго.
Вэрш падняў мяне.
— Выпі гэта, Бэнджы, – сказаў Квэнтын. Шклянка была гарачая. – І будзь цяпер ціха, – сказаў Квэнтын. – Пі.
— Сарсапарылка, – сказаў Т. П. – Дайце і мне папіць, паніч Квэнтын.
— Ты заткніся, – сказаў Вэрш. – Паніч Квэнтын зараз дасьць табе пакурыць.
— Патрымай яго, Вэрш, – сказаў Квэнтын.
Яны прытрымалі мяне. Пякло на маім падбародку і кашулі.
— Пі, – сказаў Квэнтын. Прытрымалі маю галаву. Запякло ў маім нутры, і я зноў пачаў. Цяпер я плакаў, а штосьці рабілася ў маёй сярэдзіне, і я плакаў яшчэ мацней, а яны трымалі мяне, пакуль не прайшло. Потым я заціх. Усё яшчэ кружылася, а потым пачаліся тыя плямы. – Адшчапі жолаб, Вэрш. – Яны наплывалі паволі. – Засьцялі гэтыя пустыя мяшкі на падлозе. – Паплылі хутчэй, амаль захутка. – Цяпер схапі яго за ногі.
Наплывалі далей, гладкія і зыркія. Я чуў, як расьсьмяяўся Т. П. Я ішоў разам зь імі, пад зыркую гару.
Наверсе Вэрш ссадзіў мяне.
— Квэнтын, хадзі, – паклікаў ён, паглядаючы долу.
Квэнтын усё яшчэ стаяў каля ручайка. Кідаў нешта ў цень, дзе быў ручаёк.
— Дык няхай той дрыгунчык застаецца, – сказала Кэдзі.
Яна ўзяла мяне за руку, і мы прайшлі міма стадолы ў весьніцы. На цагляным ходніку была жаба, сядзела проста пасярэдзіне. Кэдзі пераступіла яе і пацягнула мяне за сабой.
— Хадзем, Моры, – сказала яна.
Жаба сядзела далей, пакуль Джэйсан не таўхануў яе наском.
— Табе зробіцца бародаўка, – сказаў Вэрш.
Жаба паскакала прэч.
— Хадзем, Моры, – сказала Кэдзі.
— У вашых сёньня госьці, – сказаў Вэрш.
— Адкуль ведаеш, – сказала Кэдзі.
— Бо ўсюды сьвеціцца, – сказаў Вэрш. – Ува ўсіх вокнах.
— А нельга нам запаліць сьвятло, калі захочам, безь ніякіх гасьцей, – сказала Кэдзі.
— Аб што заклад, што госьці? – сказаў Вэрш. – Лепш шмыгайце наверх заднімі сходамі.
— Мне ўсё роўна, – сказала Кэдзі. – Я пайду проста да іх у гасьцёўню.
— Аб што заклад, што тата дасьць табе лупцоўку? – сказаў Вэрш.
— Мне ўсё роўна, – сказала Кэдзі. – Я пайду проста ў гасьцёўню. Я пайду проста ў сталовую і сяду вячэраць.
— А дзе ты сядзеш? – сказаў Вэрш.
— На бабуліна крэсла, – сказала Кэдзі. – Ёй носяць есьці ў ложак.
— Я хачу есьці, – сказаў Джэйсан.
Ён мінуў нас і пабег па ходніку. Трымаў рукі ў кішэнях і ўпаў. Вэрш падышоў і падняў яго.
— Калі б выняў рукі з кішэняў, дык ня ўпаў бы, – сказаў Вэрш. – Такі таўстун ніколі не пасьпее іх выняць, каб нечага хапіцца.
Каля кухонных сходаў стаяў тата.
— Дзе Квэнтын? – сказаў ён.
— Ідзе па ходніку, – сказаў Вэрш.
Квэнтын ішоў паволі. Ягоная кашуля была як белая размазаная пляма.
— Ага, – сказаў тата. Па прыступках падала на яго сьвятло.
— Кэдзі з Квэнтынам пырскалі адно на аднаго вадою, – сказаў Джэйсан. Мы чакалі.
— Вось як, – сказаў тата. Квэнтын дайшоў да нас і тата сказаў: – Сёньня будзеце вячэраць на кухні. – Ён змоўк, узяў мяне на рукі, сьвятло пакацілася са сходаў і на мяне, і я глянуў зьверху на Кэдзі, Джэйсана, Квэнтына і Вэрша. Тата павярнуўся да сходаў. – Але будзьце ціха, – сказаў ён.
— Чаму мы маем быць ціха, тата, – сказала Кэдзі. – У нас госьці.
— Так, – сказаў тата.
— Я казаў, што госьці, – сказаў Вэрш.
— Ты не казаў, – сказала Кэдзі. – Гэта я казала. І што я пайду...
— Ціха, – сказаў тата.
Яны заціхлі, тата адчыніў дзьверы, і мы прайшлі заднім ганкам на кухню. Там была Дылсі, тата пасадзіў мяне на крэсла, зашчапіў яго і падсунуў да стала, дзе стаяла вячэра. Зь вячэры ішла пара.
— Слухайцеся Дылсі, – сказаў тата. – Не давай ім падымаць гармідар, Дылсі.
— Так, сэр, – сказала Дылсі. Тата пайшоў.
— Памятайце, каб слухацца Дылсі, – сказаў ён за нашымі плячыма.
Я пахіліўся над вячэрай. Пара ішла мне ў твар.
— Тата, няхай сёньня вечарам слухаюцца мяне, – сказала Кэдзі.
— Я ня буду, – сказаў Джэйсан. – Я буду слухацца Дылсі.
— Калі тата табе скажа, дык будзеш, – сказала Кэдзі. – Няхай слухаюцца мяне, тата.
— Я ня буду, – сказаў Джэйсан. – Я ня буду слухацца цябе.
— Ціха, – сказаў тата. – Значыць, усе слухайцеся Кэдзі. Калі скончаць, завядзі іх наверх заднімі сходамі, Дылсі.
— Так, сэр, – сказала Дылсі.
— Бачыш, – сказала Кэдзі. – Цяпер будзеш слухацца мяне.
— Усе будзьце ціха, – сказала Дылсі. – Сёньня вам нельга падымаць шуму.
— Чаму сёньня нам нельга падымаць шуму? – сказала Кэдзі.
— Таму што нельга, – сказала Дылсі. – Самі зразумееце, калі настане той Божы дзень. – Яна прынесла маю міску. Пара зь яе паказытала мой твар. – Хадзі сюды, Вэрш, – сказала яна.
— А калі настане той Божы дзень, Дылсі? – сказала Кэдзі.
— У нядзелю, – сказаў Квэнтын. – Ты нават гэтага ня ведаеш.
— Ша, – сказала Дылсі. – Ці містэр Джэйсан не казаў вам усім быць ціха? Ежце сваю вячэру. На, Вэрш. Вазьмі ягоную лыжку.
Рука Вэрша ўсадзіла лыжку ў міску, паднесла яе да майго рота. Пара казытала мне ў ноздрах. Усе перасталі есьці, мы моўчкі паглядзелі адзін на аднаго, пачулі тое зноў, і я пачаў плакаць.
— Што гэта было, – сказала Кэдзі. Яна паклала сваю руку на маю.
— Гэта была мама, – сказаў Квэнтын. Лыжка паднялася да рота, я зьеў і зноў заплакаў.
— Ціха, – сказала Кэдзі. Але я ня сьціхнуў, і яна падышла і абняла мяне. Дылсі пайшла, зачыніла адны дзьверы і другія, і мы перасталі тое чуць.
— Ну, будзь ціха, – сказала Кэдзі. Я заціх і еў. Джэйсан таксама еў, а Квэнтын не.
— Гэта была мама, – сказаў Квэнтын. Ён устаў.
— Сядай на месца, – сказала Дылсі. – У іх там госьці, а ў цябе апратка ўся ў гразі. Ты таксама сядай, Кэдзі, і бяры еж сваю вячэру.
— Яна плакала, – сказаў Квэнтын.
— Гэта хтосьці засьпяваў, – сказала Кэдзі. – Праўда, Дылсі.
— Усе бярыцеся за сваю вячэру, як вам сказаў містэр Джэйсан, – сказала Дылсі. – Усё зразумееце, калі настане той Божы дзень. – Кэдзі села назад на сваё крэсла.
— Я ж вам казала, што ў іх госьці, – сказала яна.
Вэрш сказаў:
— Ён ужо ўсё зьеў.
— Дай мне ягоную міску, – сказала Дылсі. Міска зьнікла.
— Дылсі, – сказала Кэдзі, – Квэнтын ня есьць свае вячэры. А яму казалі слухацца мяне.
— Зьеж сваю вячэру, Квэнтын, – сказала Дылсі. – Канчайце і выходзьце з кухні.
— Я больш не хачу, – сказаў Квэнтын.
— Калі я скажу, дык ты мусіш есьці, – сказала Кэдзі. – Праўда, Дылсі.
Міска паравала мне ў твар, Вэрш уваткнуў туды лыжку, і пара паказытала мой рот.
— Я больш не хачу, – сказаў Квэнтын. – Як яны могуць прымаць гасьцей, калі бабуля хворая.
— Госьці ў іх нанізе, – сказала Кэдзі. – А яна можа выйсьці і паглядзець на іх зьверху. Я таксама так зраблю, калі адзену начную кашулю.
— Гэта мама плакала, – сказаў Квэнтын. – Праўда, што плакала, Дылсі.
— Не дуры мне галавы, хлопча, – сказала Дылсі. – Вы вось паелі, а мне яшчэ трэба нарыхтаваць вячэру для ўсіх тых людзей.
Неўзабаве даеў Джэйсан і расплакаўся.
— Яшчэ й ты да хору, – сказала Дылсі.
— Ён так кожную ноч, адкуль бабуля захварэла і яму нельга зь ёю спаць, – сказала Кэдзі. – Плакса.
— Я на цябе скажу, – сказаў Джэйсан. Ён плакаў далей.
— Ты ўжо сказаў, – сказала Кэдзі. – Табе ўжо няма чаго больш сказаць.
— Вам усім ужо час ісьці спаць, – сказала Дылсі. Яна падышла, выняла мяне з крэсла і паставіла на падлозе, выцерла мой твар і рукі цёплым шматком. – Вэрш, завядзі іх наверх заднімі сходамі, толькі паціху. Джэйсан, перастань румзаць.
— Яшчэ зарана ісьці спаць, – сказала Кэдзі. – Мы ніколі так рана не лягалі.
— Сёньня ляжаце, – сказала Дылсі. – Ваш тата сказаў вам ісьці наверх, як толькі скончыце есьці. Вы чулі.
— Ён сказаў слухацца мяне, – сказала Кэдзі.
— Я ня буду слухацца цябе, – сказаў Джэйсан.
— Ты мусіш, – сказала Кэдзі. – Хадзем ужо. Мусіце рабіць, што я вам кажу.
— Толькі каб былі ціха, Вэрш, – сказала Дылсі. – Сёньня будзьце ціха, праўда.
— А чаму сёньня маем быць ціха, – сказала Кэдзі.
— Вашай маме нездаровіцца, – сказала Дылсі. – Пайшлі ўсе за Вэршам.
— Я ж вам казаў, што гэта мама плакала, – сказаў Квэнтын. Вэрш падняў мяне і адчыніў дзьверы на задні ганак. Мы выйшлі, Вэрш зачыніў за намі, і дзьверы пачарнелі. Я чуў Вэрша ў носе і пад рукамі. – Цяпер будзьце ціха. Не, хадзем яшчэ наверх. Містэр Джэйсан сказаў вам ісьці адразу пасьля вячэры. Ён сказаў, каб слухаліся мяне. Я не хачу слухацца цябе. Але ён сказаў, каб усе слухаліся. Праўда, Квэнтын. – Пад рукамі была Вэршава галава. Я чуў нас. – Праўда, Вэрш. Так, праўда. Дык я вам загадваю выйсьці трохі на двор. Хадзем.
Вэрш адчыніў дзьверы, і мы выйшлі.
Мы сышлі па прыступках.
— Давайце лепш пойдзем у бок Вэршавага дому, адтуль нас не пачуюць, – сказала Кэдзі. Вэрш паставіў мяне, Кэдзі ўзяла мяне за руку, і мы ўсе пайшлі па цагляным ходніку.
— Хадзем, – сказала Кэдзі. – Той жабы ўжо няма. Паскакала ў агарод. Можа, трапіцца якая іншая.
Роскус нёс вёдры з малаком. Прайшоў міма нас. Квэнтын з намі не пайшоў. Ён сеў на кухонных сходах. Мы падышлі да Вэршавага дому. Мне падабаўся пах Вэршавага дому. Гарэў там агонь, а Т. П. сядзеў перад ім на кукішках у кашулі, якая падолам ляжала на падлозе, і падкладваў.
Потым я ўстаў, Т. П. апрануў мяне, мы пайшлі на кухню і паелі. Дылсі сьпявала, я пачаў плакаць, і яна перастала.
— Не пускай яго дадому цяпер, – сказала Дылсі.
— Нам туды нельга, – сказаў Т. П.
Мы забаўляліся ў ручайку.
— Нам туды нельга, – сказал Т. П. – Ты што, ня чуў, як няня сказала, што нельга.
Дылсі сьпявала ў кухні, і я пачаў плакаць.
— Ціха, – сказаў Т. П. – Хадзі. Давай пойдзем у стадолу.
Роскус даіў карову ў стадоле. Ён даіў адной рукою і стагнаў. Птушкі сядзелі на дзьвярах стадолы і глядзелі на яго. Адна зьляцела на зямлю і пачала есьці з каровамі. Я глядзеў, як Роскус доіць, а Т. П. даваў корм Квіні і Прынцу. Цялятка было ў загародцы для сьвіней. Тыцкала пысаю ў дрот і мыкала.
— Т. П., – сказаў Роскус. – Так, – сказаў Т. П. у стадоле. Фэнсі выставіла галаву са стойла, бо Т. П. яшчэ не накарміў яе. – Канчай там, – сказаў Роскус. – Прыйдзецца табе дадойваць. Мая правая ўжо зусім не згінаецца.
Т. П. падышоў і стаў даіць.
— Чаму ты ня пойдзеш да доктара? – сказаў Т. П.
— Доктар нічога не дапаможа, – сказаў Роскус. – У гэтым доме.
— А што дрэннага ў гэтым доме? – сказаў Т. П.
— Гэты дом няшчасны, – сказаў Роскус. – Упусьці цялятка, калі скончыш.
«Гэты дом няшчасны», – сказаў Роскус. Агонь за ім і Вэршам уставаў і апускаўся і соўгаўся па іхных тварах. Дылсі паклала мяне спаць. Пасьцель пахла як Т. П. Мне гэта падабалася.
— Што ты пра гэта ведаеш? – сказала Дылсі. – У цябе прасьвятленьне ці што.
— Мне ня трэба прасьвятленьне, – сказаў Роскус. – Вось знак няшчасьця, ляжыць у гэтай пасьцелі. Ужо пятнаццаць год, як людзі бачаць гэты знак.
— Ну й хай сабе, – сказала Дылсі. – Зрабіў ён табе ці тваім якую шкоду. Вэрш працуе, Фроні выдалі замуж, Т. П. расьце і зойме тваё месца, калі цябе твой раматус скруціць дарэшты.
— Ужо два было, – сказаў Роскус. – І будзе яшчэ адно. Я бачыў знак, і ты таксама.
— Я чуў, як у тую ноч гукала сава, – сказаў Т. П. – І Дэн таксама не падышоў есьці вечарам. Не пайшоў далей, чымсьці да стадолы. Як толькі сьцямнела, пачаў выць. Вэрш таксама чуў.
— Туды адыдзе больш, чымсьці адзін, – сказала Дылсі. – Пакажы мне чалавека, які не памрэ.
— Тут ідзецца ня толькі пра паміраньне, – сказаў Роскус.
— Ведаю, пра што ты, – сказала Дылсі. – Але калі вымавіш тое імя ўголас, дык наробіш бяды і будзеш сядзець пры ім, каб ня румзаў.
— Гэты дом няшчасны, – сказаў Роскус. – Я бачыў гэта ад пачатку, але калі зьмянілі яму імя, дык зразумеў дакладна.
— Прыкусі сваю мянташку, – сказала Дылсі. Яна падцягнула коўдру. Коўдра пахла як Т. П. – Цяпер усе памаўчэце, пакуль не засьне.
— Я бачыў знак, – сказаў Роскус.
— Знак, што Т. П. прыйдзецца рабіць за цябе ўсю работу, – сказала Дылсі. – «Т. П., забяры яго і Квэнтыну, няхай пазабаўляюцца каля дому з Ластэрам, дзе Фроні за імі прыгляне, а ты бяжы пасобіць тату».
Мы скончылі есьці. Т. П. узяў Квэнтыну на рукі, і мы пайшлі з Т. П. да іх. Ластэр забаўляўся на пяску. Т. П. паставіў Квэнтыну, і яна таксама пачала забаўляцца на пяску. Ластэр меў шпулькі, і Квэнтына зь ім пабілася, і яны апынуліся ў яе. Ластэр заплакаў, прыйшла Фроні, дала Ластэру пазабаўляцца бляшанку, потым я ўзяў шпулькі, Квэнтына пачала біцца, і я заплакаў.
— Ціха, – сказала Фроні. – Як табе ня сорамна забіраць цацкі ад малой.
Яна забрала шпулькі ад мяне і дала іх Квэнтыне.
— Цяпер ужо ціха, – сказала Фроні. – Будзь ціха, кажу.
— Замоўкні, – сказала Фроні. – Табе трэба лупцоўку. – Яна падняла Ластэра і Квэнтыну. – Хадзем, – сказала яна.
Мы пайшлі да стадолы. Т. П. даіў карову. Роскус сядзеў на скрыні.
— А цяпер зь ім што? – сказаў Роскус.
— Няхай застанецца тут з вамі, – сказала Фроні. – Зноў б’ецца з малымі. Забірае ім цацкі. Пабудзь тут з Т. П., можа, заціхнеш на які час.
— Ужо пакінь і вытры вымя, – сказаў Роскус. – Мінулай зімою ты выдаіў тую маладую да апошняй кроплі. Калі і гэтую так выдаіш, зусім без малака застанемся.
Дылсі сьпявала.
— Туды нельга, – сказаў Т. П. – Ты ж ведаеш, што няня туды не дазваляе.
Яны сьпявалі.
— Хадзем, – сказаў Т. П. – Пазабаўляешся з Квэнтыный і Ластэрам. Хадзем.
Квэнтына і Ластэр забаўляліся на пяску перад домам Т. П. У доме падымаўся і апускаўся агонь, а Роскус сядзеў перад ім зусім чорны.
— Вось і трэцяга Госпад забраў, – сказаў Роскус. – Я яшчэ два гады таму вам казаў. Гэты дом няшчасны.
— Дык чаму ты не пераедзеш, – сказала Дылсі. Яна распранала мяне. – Тыя твае гутаркі пра няшчасьце ўдзяўблі Вэршу ў галаву Мэмфіс. Гэтага табе магло б і хапіць.
— Каб толькі Вэрша ніколі не спаткала большае няшчасьце, – сказаў Роскус.
Увайшла Фроні.
— Скончылі ўжо, – сказала Дылсі.
— Т. П. канчае, – сказала Фроні. – Міс Кэралайн хоча, каб ты прыспала Квэнтыну.
— Прыйду, як толькі ўпраўлюся, – сказала Дылсі. – Магла б ужо ведаць, што ў мяне няма крылаў.
— Дык вось я й кажу, – сказаў Роскус. – Якое шчасьце можа быць у доме, дзе нельга вымаўляць імя ўласнага дзіцяці.
— Ціха, – сказала Дылсі. – Ты хочаш, каб ён зноў пачаў.
— Выхоўваць дзіця, каб ня ведала імя ўласнае маці, – сказаў Роскус.
— Не тлумі сабе галавы, – сказала Дылсі. – Я выхавала іх усіх і мяркую, што дам рады выхаваць яшчэ адну. Будзь ужо ціха. Дай яму заснуць, калі захоча.
— Вымаўляць імя, – сказала Фроні. – Ён жа ня ведае нікога па імені.
— Толькі скажы, а пабачыш, ці ня ведае, – сказала Дылсі. – Ты ў сьне яму скажы, а ён пачуе.
— Ён ведае больш, чымсьці людзі думаюць, – сказаў Роскус. – Ён ведаў кожны раз, калі надыходзіў іхны час, як наш пойнтэр. Ён табе сказаў бы, калі настане і ягоны час, калі б мог гаварыць. І калі твой час настане. І калі мой.
— Няня, забярэце Ластэра ад яго з пасьцелі, – сказала Фроні. – А то яшчэ сурочыць.
— Ціпун табе на язык, – сказала Дылсі. – Нічога лепшага ўжо не прыдумала. А ўвогуле, чаго ты ўвесь час слухаеш таго Роскуса. Лягай, Бэнджы.
Дылсі піхнула мяне, і я лёг у ложак, дзе спаў Ластэр. Дылсі ўзяла доўгае палена і паклала яго паміж мною і Ластэрам. – Ляжы спакойна на сваім баку, – сказала Дылсі. – Ластэр яшчэ маленькі і ты можаш яго прыдушыць.
«Табе яшчэ нельга ісьці, – сказаў Т. П. – Пачакай».
Мы выглядвалі з-за вугла і назіралі, як ад’яжджаюць каляскі.
— Ужо, – сказаў Т. П. Ён падняў Квэнтыну, і мы пабеглі ў куток плота паглядзець, як яны праяжджаюць. – Там ён едзе, – сказаў Т. П. – Бачыш тую з тым шклом. Паглядзі на яго. Ён там ляжыць. Бачыш.
«Хадзі, – сказаў Ластэр, – я вазьму гэты мячык дахаты, каб не згубіць. Не, табе яго я ня дам. Калі б тыя людзі пабачылі яго ў цябе, яшчэ сказалі б, што ты яго ўкраў. Будзь ціха. Я табе яго ня дам. Што ты зь ім рабіў бы. Усё роўна ня ўмееш ім гуляць».
Фроні і Т. П. забаўляліся на пяску каля дзьвярэй. Т. П. меў у бутэльцы сьветлячкі.
— Чаго вы выйшлі яшчэ раз вонкі, – сказала Фроні.
— У нас госьці, – сказала Кэдзі. – Тата сказаў, каб усе мяне сёньня вечарам слухаліся. Табе і Т. П. таксама трэба мяне слухацца.
— Я ня буду цябе слухацца, – сказаў Джэйсан. – Фроні і Т. П. таксама ня трэба цябе слухацца.
— Калі я ім скажу, дык будзе трэба, – сказала Кэдзі. – Але, можа, я не захачу сказаць.
— Т. П. нікога ня слухаецца, – сказала Фроні. – Ужо пачалі з тымі паховінамі.
— Што гэта паховіны, – сказаў Джэйсан.
— Ці няня табе не гаварыла, каб ты ім не казала, – сказаў Вэрш.
— Гэта калі галосяць, – сказала Фроні. – Над цёткай Бюлай Клэй два дні галасілі.
Яны галасілі ў Дылсіным доме. Дылсі галасіла. Калі Дылсі загаласіла, Ластэр сказаў нам «Будзьце ціха» і мы сядзелі ціха, потым я заплакаў і развыўся Блу пад кухоннымі сходамі. Потым Дылсі перастала, і мы таксама перасталі.
— Ага, – сказала Кэдзі. – Гэта ў нэграў. У белых няма паховінаў.
— Няня гаварыла, каб мы ім гэтага не казалі, Фроні, – сказаў Вэрш.
— Што каб вы не казалі, – сказала Кэдзі.
Дылсі галасіла, і калі гэта даляцела да дому, я пачаў плакаць, а Блу выць пад сходамі. «Ластэр, – сказала Фроні ў акне, – адвядзі іх пад стадолу, у гэтым вэрхале я не магу нічога ўварыць. І таго сабаку. Забяры іх адсюль».
«Я не пайду туды, – сказаў Ластэр. – Яшчэ дзядуля пакажацца. Я бачыў яго ўчора надвячоркам, махаў мне рукамі са стадолы».
— А чаму я маю не гаварыць, – сказала Фроні. – Белыя таксама паміраюць. Ваша бабуля памерла ўсё роўна як любая нэгрыцянка.
— Гэта сабакі паміраюць, – сказала Кэдзі. – А калі Нэнсі ўпала ў роў і Роскус яе прыстрэліў, прыляцелі коршакі і разьдзелі яе.
Там, дзе ў чорным рове былі павойныя расьліны, закругляліся косьці пад месячным сьвятлом, а некаторыя плямы як быццам спыніліся. Потым яны ўсё спыніліся і было цёмна, а калі я перастаў, перад тым як пачаць зноў, я пачуў маму і крокі, якія хутка адыходзілі, а потым пачуў тое ў носе. Потым пакой вярнуўся, але мае вочы заплюшчыліся. Я не перастаў. Я чуў тое ў носе. Т. П. адшпіліў прасьцірадла.
— Ціха, – сказаў ён. – Шшшшшш.
Але я чуў тое ў носе. Т. П. выцягнуў мяне і хутка апрануў.
— Ціха, Бэнджы, – сказаў ён. – Пойдзем да нас. Пойдзем да нас, да Фроні. Ціха. Шшшш.
Ён завязаў мае чаравікі, надзеў мне шапку, і мы выйшлі. У калідоры сьвяцілася. Па другі бок калідору мы чулі маму.
— Шшшш, Бэнджы, – сказаў Т. П. – Праз хвілінку будзем на дварэ.
Дзьверы адчыніліся, і запахла зусім моцна, і паказалася галава. Але ня татава. Тата ляжаў хворы там усярэдзіне.
— Выведзі яго з дому.
— А я што раблю, – сказаў Т. П. Па сходах уверх ішла Дылсі.
— Ціха, – сказала яна. – Ціха. Забяры яго да нас, Т. П. Фроні пасьцеле яму. Прыгляньце за ім там. Ціха, Бэнджы. Ідзі з Т. П.
Яна пайшла туды, адкуль было чуваць маму.
— Хай там у вас застанецца. – Гэта ня быў тата. Ён зачыніў дзьверы, але я далей адчуваў пах.
Мы спусьціліся. Сходы вялі ў цемру, і Т. П. узяў мяне за руку, і мы выйшлі празь дзьверы зь цемры. На панадворку сядзеў Дэн і выў.
— Ён гэта чуе, – сказаў Т. П. – У цябе і на гэта ёсьць чуцьцё.
Мы сышлі па прыступках туды, дзе былі нашы цені.
— Я забыўся надзець табе паліто, – сказаў Т. П. – Трэба было б. Але ня буду ўжо вяртацца.
Дэн завыў.
— Будзь ціха, – сказаў Т. П. Нашы цені варушыліся, а Дэнаў не, адно тады, калі ён завыў.
— Я не забяру цябе да нас, калі ты будзеш так мычаць, – сказаў Т. П. – І раней, калі яшчэ ў цябе не было гэтага жабінага басу, цяжка было трываць. Хадзем.
Мы ішлі па цагляным ходніку, а з намі нашы цені. Сьвінячы катух пахнуў сьвіньнямі. Карова стаяла ў загарадзі і жавала на нас. Дэн завыў.
— Збудзіш увесь горад, – сказаў Т. П. – Ня можаш цішэй.
Мы ўбачылі Фэнсі, якая паслася над ручайком. Калі мы да яе дайшлі, на вадзе сьвяціў месяц.
— Не, паночку, – сказаў Т. П. – Гэта яшчэ заблізка. Тут спыніцца ня можам. Пайшлі далей. Ты толькі паглядзі на сябе. Цэлыя нагавіцы замачыў расою. Хадзем. – Дэн завыў.
З гудлівай травы выглянуў роў. Косьці закругляліся сярод чорных павойных расьлінаў.
— Ну вось, – сказаў Т. П. – Верашчы сабе тут колькі ў змогу. Перад табою ўся ноч і дваццаць акраў поплаву.
Т. П. лёг у рове, а я сеў і глядзеў на косьці, дзе коршакі елі Нэнсі і выляталі з рову чорныя, павольныя і цяжкія.
«Калі мы тут былі папярэднім разам, дык я яго яшчэ меў, – сказаў Ластэр. – Я табе яго паказваў. Помніш. Я выняў яго з кішэні якраз тут і паказаў табе».
— Ты думаеш, што коршакі распрануць бабулю, – сказала Кэдзі. – Ты здурнеў.
— Ты балахуда, – сказаў Джэйсан. Ён заплакаў.
— А ты дурачмут, – сказала Кэдзі. Джэйсан плакаў. Ягоныя рукі былі ў кішэнях.
— Джэйсан будзе багаты, – сказаў Вэрш. – Ён увесь час трымаецца за грошы.
Джэйсан плакаў.
— Цяпер ты яго запусьціў, – сказала Кэдзі. – Ціха, Джэйсан. Як бы коршакі мелі дастацца туды, дзе ляжыць бабуля. Тата іх ня пусьціць. Ты таксама ня даўся б распрануцца коршаку. Перастань плакаць.
Джэйсан перастаў.
— Фроні сказала, што гэта паховіны, – сказаў ён.
— Ды не, – сказала Кэдзі. – Гэта гасьціна. Фроні нічагуткі пра гэта ня ведае. Ён хоча патрымаць твае сьветлячкі, Т. П. Дай яму на хвіліну.
Т. П. даў мне бутэльку са сьветлячкамі.
— Іду ў заклад, што калі мы абыдзем дом навокал і заглянем у акно гасьцёўні, дык нешта ўбачым, – сказала Кэдзі. – Тады мне паверыце.
— Я ўжо ведаю, – сказала Фроні. – Мне нічога глядзець ня трэба.
— Ты лепш перастань ляпаць языком, Фроні, – сказаў Вэрш. – Няня табе ўсыпле.
— Што ты ведаеш, – сказала Кэдзі.
— Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні.
— Хадзем, – сказала Кэдзі. – Давайце абыдзем да акна гасьцёўні.
Мы рушылі.
— Т. П. хоча свае сьветлячкі назад, – сказала Фроні.
— Дай яму яшчэ крыху патрымаць, Т. П., – сказала Кэдзі. – Мы іх табе прынясём.
— Гэта ня вы іх лавілі, – сказала Фроні.
— А калі я дазволю, каб вы з Т. П. пайшлі з намі, дык ён можа патрымаць яшчэ трохі, – сказала Кэдзі.
— Нам з Т. П. ніхто не загадваў слухацца цябе, – сказала Фроні.
— А калі я скажу, што вам ня трэба мяне слухацца, дык ён можа патрымаць, – сказала Кэдзі.
— Добра, – сказала Фроні. – Дазволь яму яшчэ патрымаць, Т. П. А мы паглядзім, як там галосяць.
— Яны там не галосяць, – сказала Кэдзі. – Я табе кажу, што гэта гасьціна. Праўда, Вэрш.
— Калі застанемся тут, дык не даведаемся, што яны там робяць, – сказаў Вэрш.
— Хадзем, – сказала Кэдзі. – Фроні і Т. П. ня мусяць мяне слухацца. Але астатнія так. Лепш панясі яго, Вэрш. Ужо амаль цёмна.
Вэрш узяў мяне на сьпіну, і мы абышлі кухню.
Калі мы выглянулі з-за вугла, дык убачылі, што па пад’езьдзе набліжаецца сьвятло. Т. П. вярнуўся да склепу і адчыніў дзьверы.
«Ведаеш, што там нанізе, – сказаў Т. П. – Сода. Я бачыў, як містэр Джэйсан выходзіў адтуль з поўным ахапкам бутэлек. Пачакай хвілінку».
Т. П. пайшоў і заглянуў у кухонныя дзьверы. Дылсі сказала: «Чаго ты тут віжуеш. Дзе Бэнджы».
«Ён тут на дварэ», – сказаў Т. П.
«Ідзі і пільнуй яго, – сказала Дылсі. – Не пускай яго цяпер дадому».
«Так, – сказаў Т. П. – Ці ўжо пачалі».
«Ты ідзі і гуляй зь ім далей ад вачэй, – сказала Дылсі. – У мяне і без таго поўныя рукі».
З-пад дому выпаўз вуж. Джэйсан сказаў, што ён не баіцца вужоў, а Кэдзі сказала, што ён баіцца, а яна не, а Вэрш сказаў, што яны абое баяцца, а Кэдзі сказала, каб не шумелі, як загадаў тата.
«Ты толькі не разравіся мне цяпер, – сказаў Т. П. – На табе лепш гэтай сарсапарылкі».
Тое паказытала мяне ў носе і вачах.
«Калі ня хочаш, дык дай я вып’ю, – сказаў Т. П. – Ну добра, на. Давай возьмем яшчэ адну бутэльку, пакуль нам ніхто не перашкаджае. Памаўчы цяпер».
Мы спыніліся пад дрэвам насупроць акна ў гасьцёўню. Вэрш пасадзіў мяне на мокрую траву. Яна была халодная. Ува ўсіх вокнах сьвяцілася.
— Там ляжыць бабуля, – сказала Кэдзі. – Яна цяпер усе дні хварэе. Калі ачуняе, мы будзем мець пікнік.
— Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні.
У дрэвах шумела, і ў траве таксама.
— А побач пакой, дзе мы хварэем на адзёр, – сказала Кэдзі. – А дзе вы з Т. П. хварэеце на адзёр, Фроні.
— Дзе пападзецца, – сказала Фроні.
— Яны яшчэ не пачалі, – сказала Кэдзі.
«Яны зараз пачнуць, – сказаў Т. П. – Пастой тут, а я пайду прынясу тую скрыню, каб мы маглі заглянуць у акно. Давай ужо скончым з гэтай сарсапарылкай. Ад яе мне ў жываце вухкае сычом».
Мы дапілі сарсапарылку, і Т. П. запіхнуў бутэльку цераз драўляную крату пад дом і пайшоў прэч. Я чуў іх у гасьцёўні і пачаў скрэбці па сьцяне. Т. П. валок скрыню. Ён упаў і пачаў сьмяяцца. Ён ляжаў у траве і сьмяяўся. Потым устаў, прывалок скрыню пад акно і стараўся не засьмяяцца.
— Я баяўся, што вярэсну, – сказаў Т. П. – Залезь на скрыню і паглядзі, ці ўжо пачалі.
— Яны не пачалі, бо яшчэ не прыехалі музыкі, – сказала Кэдзі.
— Ня будзе ніякіх музыкаў, – сказала Фроні.
— Ты адкуль ведаеш, – сказала Кэдзі.
— Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні.
— Ты нічога ня ведаеш, – сказала Кэдзі. Яна падышла да дрэва. – Падсадзі мяне, Вэрш.
— Твой тата не дазволіў табе лазіць на гэтае дрэва, – сказаў Вэрш.
— Гэта было даўно таму, – сказала Кэдзі. – Я думаю, ён ужо забыўся пра гэта. Да таго, ён прыказаў слухацца мяне сёньня вечарам. Ці ён не сказаў слухацца мяне сёньня вечарам.
— Я ня буду цябе слухацца, – сказаў Джэйсан. – Фроні і Т. П. таксама ня будуць.
— Падсадзі мяне, Вэрш, – сказала Кэдзі.
— Ну добра, – сказаў Вэрш. – Калі будуць лупцаваць, дык цябе, не мяне.
Ён падышоў і падсадзіў Кэдзі на першую галіну. Мы глядзелі на яе запэцканыя майткі ззаду. Потым мы яе ўжо ня бачылі. Чулі, як трашчаць і хістаюцца галіны.
— Містэр Джэйсан сказаў, што як ты паламаеш гэтае дрэва, ён табе ўсыпле, – сказаў Вэрш.
— Я таксама скажу на яе, – сказаў Джэйсан.
Дрэва перастала хістацца. Мы глядзелі ў нерухомае гольле.
— Што ты там убачыла, – сказала Фроні.
Я ўбачыў іх. Потым я ўбачыў Кэдзі, з кветкамі ў валасах, і доўгі вэлюм як бліскучы вецер. Кэдзі. Кэдзі.
— Ціха, – сказаў Т. П. – А то яшчэ пачуюць. Мігам злазь.
Ён пацягнуў мяне. Кэдзі. Я скроб па сьцяне Кэдзі. Т. П. цягнуў мяне.
— Ціха, – сказаў Т. П. – Ціха. Хадзі сюды мігам. – Ён цягнуў мяне. Кэдзі. – Будзь ціха, Бэнджы. Хочаш, каб цябе пачулі. Хадзі, вып’ем яшчэ сарсапарылкі, а потым вернемся, калі замоўкнеш. Хадзем лепш возьмем яшчэ адну бутэльку, пакуль абодва не загарлапанілі. Скажам, што гэта Дэн выпіў. Містэр Джэйсан заўсёды кажа, які ён разумны сабака, а мы скажам, ён і сарсапарылку ўмее піць.
Па сходах у склеп спусьцілася месячнае сьвятло. Мы выпілі яшчэ сарсапарылкі.
— Ведаеш, чаго б мне хацелася, – сказаў Т. П. – Мне хацелася б, каб сюды ў склеп прыйшоў мядзьведзь. Ведаеш, што я зрабіў бы. Падышоў і плюнуў бы яму ў морду. Дай мне тую пляшку, каб заткнуць рот, пакуль яшчэ не загарлапаніў.
Т. П. упаў. Засьмяяўся, дзьверы ў склеп і месячнае сьвятло адскочылі, і нешта мяне ўдарыла.
— Ціха, – сказаў Т. П. і стараўся не засьмяяцца. – Божанькі, яны ж нас пачуюць. Уставай, – сказаў Т. П. – Уставай, Бэнджы, хутка. – Ён кідаўся ва ўсе бакі і сьмяяўся, а я спрабаваў устаць. Прыступкі ў склеп уцякалі пад гару ў месячным сьвятле, Т. П. упаў згары ў месячнае сьвятло, я набег на плот, а Т. П. бег за мною і гаварыў: – Цішэй, цішэй.
Потым ён упаў у кветкі і сьмяяўся, а я набег на скрыню. Але калі я спрабаваў на яе ўзьлезьці, яна адскочыла і ўдарыла мяне ззаду галавы, а з майго горла вылецеў нейкі гук. Потым яшчэ адзін, і я перастаў намагацца ўстаць, потым з горла вылецеў зноў той гук, і я расплакаўся. Калі Т. П. цягнуў мяне за ногі, маё горла далей выпускала тыя гукі. Выпускала іх далей і далей, а я ня ведаў, плачу я ці не, а потым на мяне са сьмехам упаў Т. П., з майго горла выйшлі далейшыя гукі, а Квэнтын таўхануў Т. П. нагою, а Кэдзі абняла мяне, і той бліскучы вэлюм, але паху дрэваў я ўжо ня чуў і заплакаў.
«Бэнджы, – сказала Кэдзі, – Бэнджы». Яна зноў мяне абняла, але я адышоў.
— Чаго ты, Бэнджы, – сказала яна. – Ці не ад гэтага капелюша.
Яна зьняла капялюш і вярнулася да мяне, але я адышоў.
— Бэнджы, – сказала яна. – Чаго ты, Бэнджы. Што Кэдзі зрабіла.
— Яму не падабаецца, як ты выфінцілася, – сказаў Джэйсан. – Ты думаеш, што ты ўжо дарослая, што. Ты думаеш, што ты лепшая за астатніх, што. Модніца.
— Зачыні зяпу, – сказала Кэдзі. – Ты засморканы паўзунок. Бэнджы.
— Ты думаеш, калі табе чатырнаццаць, дык ты ўжо дарослая, што, – сказаў Джэйсан. – Ты думаеш, што ты немаведама хто. Хіба ня так.
— Ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Каб не расстроіў маму. Ціха.
Але я не заціх, і калі яна пайшла, я пайшоў за ёю, а калі яны спынілася на сходах, я таксама спыніўся.
— Чаго, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Скажы Кэдзі. Яна зробіць. Паспрабуй.
— Кэндэйс, – сказала мама.
— Так, мама, – сказала Кэдзі.
— Чаму ты яго дражніш, – сказала мама. – Прывядзі яго сюды.
Мы зайшлі ў мамін пакой, дзе яна ляжала з хваробай у белым шматку на галаве.
— Што з табой, Бэнджамін, – сказала мама.
— Бэнджы, – сказала Кэдзі. Яна падышла зноў, але я адсунуўся.
— Ты яму, відаць, нешта зрабіла, – сказала мама. – Чаму ты яго чапаеш, каб я ня мела ні хвіліны спакою. Дай яму скрыначку і, калі ласка, адыдзі, пакінь яго аднаго.
Кэдзі дастала скрынку, паставіла на падлогу і адчыніла яе. У ёй было поўна зорак. Калі я стаяў нерухома, яны таксама былі нерухомыя. Калі я паварушыўся, яны замігцелі і зазьзялі. Я заціх.
Потым я пачуў, як Кэдзі ідзе прэч, і я зноў пачаў.
— Бэнджамін, – сказала мама. – Хадзі сюды. – Я падышоў да дзьвярэй. – Да цябе гавару, Бэнджамін, – сказала мама.
— Што там зноў, – сказаў тата. – Куды ты ідзеш.
— Завядзі яго наніз, Джэйсан, і скажы, няхай хто-небудзь за ім прыгляне, – сказала мама. – Ты ж ведаеш, што я хворая, аднак.
Тата зачыніў дзьверы за намі.
— Т. П., – сказаў ён.
— Сэр, – сказаў Т. П. зьнізу.
— Бэнджы ідзе наніз, – сказаў тата. – Пабудзь з Т. П.
Я падышоў да дзьвярэй у ванную. Я чуў ваду.
— Бэнджы, – сказаў Т. П. зьнізу.
Я чуў ваду. Прыслухаўся да яе.
— Бэнджы, – сказаў Т. П. зьнізу.
Я прыслухаўся да вады.
Я перастаў чуць ваду, і Кэдзі адчыніла дзьверы.
— А, Бэнджы, – сказала яна. Яна паглядзела на мяне, а я падышоў і яна мяне абняла. – Ты зноў знайшоў Кэдзі, – сказала яна. – Ты думаў, што Кэдзі зьбегла.
Кэдзі пахла як дрэвы.
Мы пайшлі ў Кэдзін пакой. Яна села перад люстрам. Калі перастала рукамі, паглядзела на мяне.
— Чаго ты, Бэнджы. Што такое, – сказала яна. – Ня трэба плакаць. Кэдзі нікуды не ідзе. Паглядзі, – сказала яна. Яна ўзяла бутэлечку, выняла корак і паднесла яе да майго носа. – Пахне. Панюхай. Як прыемна.
Я адышоў і не заціх, а яна трымала бутэлечку ў руцэ і глядзела на мяне.
— Ага, – сказала яна. Яна паставіла бутэлечку, падышла і абняла мяне. – Вось у чым рэч. Ты спрабаваў сказаць гэта Кэдзі, але ня змог. Ты хацеў, але ня мог, праўда. Вядома, што Кэдзі гэтага ня зробіць. Вядома, што не. Пачакай, я апрануся.
Кэдзі апранулася, узяла зноў бутэлечку, і мы пайшлі на кухню.
— Дылсі, – сказала Кэдзі. – Бэнджы дае табе падарунак. – Яна пахілілася і ўклала бутэлечку ў маю руку. – Цяпер дай яе Дылсі.
Кэдзі выцягнула маю руку, і Дылсі ўзяла бутэлечку.
— Ну, падумайце толькі, – сказала Дылсі. – Маё дзіцятка дае мне пляшачку парфумы. Паглядзі, Роскус. Кэдзі пахла як дрэвы. – Мы з Бэнджы ня любім парфумы.
Кэдзі пахла як дрэвы.
— Ну, яшчэ чаго, – сказала Дылсі. – Ты ўжо завялікі, каб спаць зь некім у адным ложку. Ты ўжо вялікі. Табе трынаццаць гадоў. Табе ўжо столькі, каб ты спаў адзін у пакоі дзядзькі Моры, – сказала Дылсі.
Дзядзька Моры хварэў. У яго былі нездаровыя вока і рот. Вэрш панёс яму вячэру наверх на тацы.
— Моры кажа, што застрэліць таго нягодніка, – сказаў тата. – Дык я яму сказаў, каб ён не абвяшчаў гэта Патэрсану загадзя.
Ён выпіў.
— Джэйсан, – сказала мама.
— Застрэліць каго, тата, – сказаў Квэнтын. – І за што дзядзька Моры хоча яго застрэліць.
— За тое, што той не разумее жартаў, – сказаў тата.
— Джэйсан, – сказала мама. – Як можаш. Калі б Моры забілі з-за нейкага вугла, ты толькі сядзеў бы і пасьмейваўся б.
— Дык няхай Моры абыходзіць вуглы здалёк, – сказаў тата.
— Застрэліць каго, – сказаў Квэнтын. – Каго дзядзька Моры хоча застрэліць.
— Нікога, – сказаў тата. – У мяне няма пісталета.
Мама расплакалася.
— Калі табе шкада трохі свае ежы для Моры, чаму ты ня скажаш яму гэта як мужчына проста ў вочы. А то падымаеш яго на сьмех перад дзецьмі, за яго сьпінаю.
— Мне не шкада, – сказаў тата. – Я захапляюся Моры. Ён дае неацэнны ўклад у падмацаваньне майго пачуцьця расавай перавагі. Я не памяняў бы Моры і на ладную запрэжку. А ведаеш чаму, Квэнтын.
— Не, тата, – сказаў Квэнтын.
— Et ego in arcadia я забыўся як па-лацінску сена, – сказаў тата. – Ну так, ну так, – сказаў ён. – Я толькі жартаваў.
Ён выпіў, адставіў кілішак, падышоў да мамы і паклаў ёй руку на плячо.
— Гэта ніякі ня жарт, – сказала мама. – Мой род ні каліва ня горшы за твой. Адно што Моры слабога здароўя.
— Безумоўна, – сказаў тата. – Слабое здароўе – першапрычына ўсялякага жыцьця. Створаныя нямогласьцю, мы гніем ажно да распаду. Вэрш.
— Так, сэр, – сказаў Вэрш за маім крэслам.
— Вазьмі графін і напоўні яго.
— І скажы Дылсі, каб прыйшла па Бэнджы і паклала яго спаць, – сказала мама.
— Ты ўжо вялікі хлопец, – сказала Дылсі. – Кэдзі ўжо абрыдла спаць з табою. Будзь ціха і сьпі.
Пакой адышоў, але я не заціх, пакой вярнуўся і прыйшла Дылсі, села на ложку і глядзела на мяне.
— Ты ня хочаш быць добрым хлопцам і заснуць, – сказала Дылсі. – Ня хочаш, што. Ну дык пачакай хвілінку.
Яна пайшла. У дзьвярах не было нічога. Потым у іх зьявілася Кэдзі.
— Ціха, – сказала Кэдзі. – Я ўжо іду.
Я заціх, Дылсі адгарнула покрыўку, і Кэдзі ўлезла паміж покрыўкі і прасьцірадлам. Яна не зьняла купальнага халата.
— Ну, бачыш, – сказала яна. – Я тут.
Дылсі прыйшла з пледам, прыкрыла і ахутала ім Кэдзі.
— Яшчэ хвіліна, і ён будзе гатовы, – сказала Дылсі. – Я пакіну сьвятло ў тваім пакоі.
— Добра, – сказала Кэдзі. Яна прымасьціла галаву побач з маёй на падушцы. – Дабранач, Дылсі.
— Дабранач, золатка, – сказала Дылсі.
Пакой пачарнеў. Кэдзі пахла як дрэвы.
Мы глядзелі ўверх на дрэва, дзе была Кэдзі.
— Што яна там бачыць, Вэрш, – шапнула Фроні.
— Шшшшшш, – сказала Кэдзі на дрэве.
Дылсі сказала:
— Злазь сюды. – Яна выйшла з-за рогу дому. – Як гэта так, што вы не пайшлі наверх, як наказаў ваш тата, а пракраліся за маёй сьпінай. Дзе Кэдзі і Квэнтын.
— Я казаў ёй, каб яна ня лезла на дрэва, – сказаў Джэйсан. – Я скажу на яе.
— Каму на якое дрэва, – сказала Дылсі. Яна падышла і глянула ўверх, у дрэва. – Кэдзі, – сказала Дылсі.
Галіны пачалі зноў трэсьціся.
— Чартоўка адна, – сказала Дылсі. – Злазь долу.
— Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ці ня ведаеш, што тата сказаў быць ціха. – Паказаліся яе ногі, Дылсі выцягнула рукі і зьняла яе з дрэва.
— Ты ўжо нічога лепшага не прыдумаў, чымсьці прывесьці іх сюды, – сказала Дылсі.
— А што я супроць яе мог сказаць, – сказаў Вэрш.
— Што вы тут усе робіце, – сказала Дылсі. – Хто вам дазволіў прыйсьці сюды.
— Яна дазволіла, – сказала Фроні. – Яна сказала нам прыйсьці.
— А хто вам сказаў рабіць тое, што яна скажа, – сказала Дылсі. – Пайшлі дахаты.
Фроні і Т. П. пайшлі. Яны ішлі, але нам не было іх відаць.
— На дварэ пасярод ночы, – сказала Дылсі. Яна падняла мяне, і мы пайшлі на кухню.
— За маёй сьпінай прашмыгнулі, – сказала Дылсі. – А ведалі ж, што даўно ўжо пара спаць.
— Шшш, Дылсі, – сказала Кэдзі. – Не гавары так голасна. Нам трэба паціху.
— Дык не падымай шуму сама, – сказала Дылсі. – А дзе Квэнтын.
— Ён зазлаваў, што яму сказалі слухацца мяне сёньня вечарам, – сказала Кэдзі. – Ён усё яшчэ мае тую бутэльку са сьветлячкамі ад Т. П.
— Т. П. абыдзецца і бязь іх, – сказала Дылсі. – Вэрш, пашукай Квэнтына. Роскус кажа, ён пайшоў да стадолы. – Вэрш ішоў. Але мы яго ня бачылі.
— Яны там нічога ня робяць, – сказала Кэдзі. – Проста сядзяць на крэслах і глядзяць.
— Яны дзеля гэтага не патрабуюць вашай дапамогі, – сказала Дылсі.
Мы абыходзілі кухню.
«Куды ты цяпер, – сказаў Ластэр. – Зноў глядзець, як яны б’юць па тых мячыках. Мы ўжо там шукалі. Пастой. Пачакай хвілінку. Пачакай тут, пакуль я зьбегаю дахаты па той мячык. Мне нешта падумалася».
На кухні было цёмна. Дрэвы былі чорныя насупроць неба. Дэн вышкандыбаў з-пад ганка і пасьлініў мне шчыкалатку. Я абышоў кухню да месца, дзе быў месяц. Дэн пацягнуўся за мной, да месяца.
— Бэнджы, – сказаў Т. П. у доме.
Гарлачыкавае дрэва каля акна гасьцёўні не было цёмнае, але густыя дрэвы былі. Трава гудзела пад месячным сьвятлом у месцы, дзе праходзіў мой цень.
— Гэй, Бэнджы, – сказаў Т. П. у доме. – Куды ты схаваўся. Вышмыгнуў на двор. Я ведаю.
Ластэр вярнуўся. «Пачакай, – сказаў ён. – Тут. Туды ня ідзі. Там на гушкалцы панна Квэнтына з сваім кавалерам. Хадзі сюдою. Вярніся, Бэнджы».
Пад дрэвамі было цёмна. Дэн не хацеў да мяне. Застаўся ў месячным сьвятле. Потым я ўбачыў гушкалку і расплакаўся.
«Хадзі назад, Бэнджы. Ведаеш, што міс Квэнтына можа раззлавацца».
На гушкалцы былі двое, потым адзін. Кэдзі хутка падышла, белая ў цемры.
— Бэнджы, – сказала яна. – Як ты вышмыгнуў з дому. Дзе Вэрш.
Яна абняла мяне, і я заціх, схапіў яе за сукенку і хацеў адцягнуць.
— Чаго табе, Бэнджы, – сказала яна. – Чаго. Т. П., – паклікала яна.
Адзін на гушкалцы ўстаў і падышоў да нас, я заплакаў і пацягнуў за Кэдзіну сукенку.
— Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Гэта Чарлі. Ты ж ведаеш Чарлі.
— Дзе ягоны нэгр, – сказаў Чарлі. – Чаму яго пускаюць без дагляду.
— Будзь ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Адыдзі, Чарлі. Ты яму не падабаешся. – Чарлі адышоў, і я заціх. Я цягнуў Кэдзі за сукенку.
— Чаго табе, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Няўжо ты ня пусьціш мяне пасядзець тут хвілінку і пагаварыць з Чарлі.
— Пакліч таго нэгра, – сказаў Чарлі.
Ён вярнуўся. Я заплакаў мацней і пацягнуў за Кэдзіну сукенку.
— Адыдзі, Чарлі, – сказала Кэдзі.
Чарлі падышоў і ўзяў Кэдзі рукою, я заплакаў мацней. Я плакаў голасна.
— Не, не, – сказала Кэдзі. – Не. Не.
— Ён ня ўмее гаварыць, – сказаў Чарлі. – Кэдзі.
— Ты з глузду зьехаў, – сказала Кэдзі. Яна пачала хутчэй дыхаць. – Але бачыць. Пакінь. Пакінь. – Кэдзі вырывалася. Яны абое хутка дыхалі. – Прашу цябе. Прашу цябе, – шапнула Кэдзі.
— Пашлі яго прэч, – сказаў Чарлі.
— Добра, – сказала Кэдзі. – Пусьці мяне.
— А пашлеш яго прэч, – сказаў Чарлі.
— Так, – сказала Кэдзі. – Пусьці мяне. – Чарлі пайшоў. – Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ён пайшоў. Я заціх. Я чуў і бачыў, як падымаюцца яе грудзі.
— Я мушу адвесьці яго дадому, – сказала Кэдзі. Яна ўзяла мяне за руку. – Я прыйду, – шапнула яна.
— Пачакай, – сказаў Чарлі. – Пакліч нэгра.
— Не, – сказала Кэдзі. – Я вярнуся. Хадзі, Бэнджы.
— Кэдзі, – шапнуў Чарлі ўголас. Мы ішлі. – Толькі вярніся. Вернешся. – Мы з Кэдзі пачалі бегчы. – Кэдзі, – сказаў Чарлі.
Мы выбеглі на месячнае сьвятло да кухні.
— Кэдзі, – сказаў Чарлі.
Мы з Кэдзі беглі. Мы ўбеглі па кухонных сходах на ганак, і Кэдзі стала на калені ў цемры і прыціснула мяне да сябе. Я адчуваў, як падымаюцца яе грудзі.
— Ня буду, – сказала яна. – Я больш ня буду, ніколі. Бэнджы, Бэнджы. – Потым яна заплакала, і я заплакаў, і мы трымалі адно аднаго. – Ціха, – сказала яна. – Ціха. Я больш ня буду.
Я заціх, Кэдзі ўстала, і мы пайшлі на кухню і запалілі сьвятло, Кэдзі ўзяла кухоннае мыла і памыла сабе рот пад кранам, дакладна. Кэдзі пахла як дрэвы.
«Колькі разоў казаць, што табе туды нельга», – сказаў Ластэр. Яны селі на гушкалку, хутка. Квэнтына трымала рукі на сваіх валасах. На ім быў чырвоны гальштук.
«Ты няшчасны дурнаваты вар’ят, – сказала Квэнтына. – Я скажу Дылсі, як ты яго пускаеш цягацца за мною, дзе б я ні ішла. Яна табе зрэжа азадак за гэта».
— Я ня змог яго ўтрымаць, – сказаў Ластэр. – Хадзі сюды, Бэнджы.
— Ты мне не кажы, што ня змог, – сказала Квэнтына. – Ты не схацеў. Вы абодва віжуеце за мною. Вас бабка паслала, каб вы сачылі тут за мною. – Яна саскочыла з гушкалкі. – Калі ты не забярэш яго ў гэтую самую хвіліну і яшчэ раз яго сюды пусьціш, я скажу Джэйсану, каб цябе адлупцаваў.
— Я яму не даю рады, – сказаў Ластэр. – Сама паспрабуй, калі думаеш, што дасі рады.
— Заткні дзюбу, – сказала Квэнтына. – Забярэш яго адсюль ці не.
— Ды няхай застаецца, – сказаў ён. У яго быў чырвоны гальштук. Сонца на ім было чырвонае. – Глянь сюды, Джэк. – Ён запаліў запалку і сунуў яе сабе ў рот. Потым выняў запалку з рота. Яна яшчэ гарэла. – Хочаш паспрабаваць сам, – сказаў ён. Я падышоў да іх. – Адкрый рот, – сказаў ён.
Я адкрыў. Квэнтына ўдарыла ў запалку рукою і запалка зьнікла.
— Каб цябе ў пекле смалілі, – сказала Квэнтына. – Ты хочаш, каб ён пачаў. Як бы ты ня ведаў, што ён можа ныць увесь дзень. Я зараз паскарджуся на вас Дылсі.
Яна пабегла.
— Пачакай, любка, – сказаў ён. – Гэй, вярніся. Я ўжо ня буду яго цьвяліць.
Квэнтына бегла дадому. Павярнула за кухню.
— Ну, ты заварыў кашу, Джэк, – сказаў ён. – Хіба не.
— Ён не разумее, што вы кажаце, – сказаў Ластэр. – Ён глуханямы.
— Вось як, – сказаў ён. – І доўга ён ужо так.
— Сёньня стукнула трыццаць тры гадочкі, – сказаў Ластэр. – Дурнаваты ад нараджэньня. Ці вы ня будзеце ад тых з цырку.
— Чаму, – сказаў ён.
— Я неяк не прыгадаю, каб бачыў вас раней, – сказаў Ластэр.
— Ну, а што, – сказаў ён.
— Нічога, – сказаў Ластэр. – Я іду паглядзець сёньня вечарам.
Ён глянуў на мяне.
— А вы ня будзеце той, што ўмее зайграць песьню на піле, – сказаў Ластэр.
— Гэтага даведаешся, калі заплаціш чацьвяртак, – сказаў ён. Ён глянуў на мяне. – Чаму яго ня возьмуць дзе-небудзь пад ключ, – сказаў ён. – Чаго ты яго сюды прывёў.
— Гэта не ў мяне пытацца, – сказаў Ластэр. – Я зь ім не даю рады. Я сюды прыйшоў пашукаць згубленага чацьвертака, каб схадзіць сёньня ў цырк. Толькі што цяпер яно выглядае, што схадзіць не змагу. – Ластэр паглядзеў на зямлю. – У вас лішняга чацьвяртака не знайшлося б, – сказаў Ластэр.
— Не, – сказаў ён. – Не знайшлося б.
— Відаць, мне трэба будзе знайсьці той, – сказаў Ластэр. Ён сунуў руку ў кішэню. – А мячыка купіць ня хочаце, – сказаў Ластэр.
— Якога мячыка, – сказаў ён.
— Гольфавага мячыка, – сказаў Ластэр. – Больш чымсьці чацьвяртак не хачу.
— Навошта ён мне, – сказаў ён. – Што я зь ім буду рабіць.
— Я так і думаў, – сказаў Ластэр. – Хадзем, дубовая галава, – сказаў Ластэр. – Пайшлі глядзець, як яны гупцяць тыя мячыкі. Паглядзі. Вось табе яшчэ цацка пазабаўляцца разам з тым дурнап’янам.
Ластэр падняў і падаў мне. Яно блішчала.
— Дзе ты гэта ўзяў, – сказаў ён. Калі ён ішоў на сонцы, ягоны гальштук чырванеў.
— Знайшоў пад гэтым во кустом, – сказаў Ластэр. – Я быў падумаў, што гэта мой чацьвяртак.
Ён падышоў і забраў.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Як толькі паглядзіць, дык аддасьць табе назад.
— Агнэс Мэйбл Бэкі, – сказаў ён. Паглядзеў у бок дому.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Ён зараз аддасьць.
Ён даў мне, і я заціх.
— Хто ў яе быў учора вечарам, – сказаў ён.
— Ня ведаю, – сказаў Ластэр. – Яны тут ходзяць кожны вечар, калі яна навучылася злазіць па дрэве. Я іх не адсочваю.
— Але адзін зь іх пакінуў сьлед, – сказаў ён. Ён глянуў на дом. Потым пайшоў і лёг на гушкалцы. – Пайшлі адсюль, – сказаў ён. – Ня дзейнічайце мне на нэрвы.
— Хадзем, – сказаў Ластэр. – Ты цяпер разьвязаў мех з чартамі. Самы час, каб міс Квэнтына на цябе наскардзіла.
Мы пайшлі да плота і глядзелі празь месцы, дзе кучаравіліся кветкі. Ластэр шукаў у траве.
— У гэтым месцы я яго яшчэ меў, – сказаў ён.
Я бачыў, як на шырокім газоне лапатаў у касым сонцы сьцяжок.
— Неўзабаве хто-небудзь тут будзе праходзіць, – сказаў Ластэр. – Тамака нехта ёсьць, але яны адыходзяць. Хадзі і памажы мне шукаць.
Мы ішлі ўздоўж плота.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Я ж іх не прымушу, каб яны ішлі сюды, калі яны ідуць туды. Пачакай. Хто-небудзь сюды неўзабаве прыйдзе. Паглядзі туды. Ужо ідуць.
Я пайшоў уздоўж плота, да весьніц, дзе праходзілі дзяўчаткі з школьнымі сумкамі.
— Гэй, Бэнджы, – сказаў Ластэр. – Хадзі назад.
«Няма сэнсу выглядваць на дарогу, – сказаў Т. П. – Міс Кэдзі цяпер далёка адсюль. Выйшла замуж і пакінула цябе тут. Няма сэнсу тырчаць каля весьніц і плакаць. Яна цябе ня ўчуе».
«Чаго ён увесь час хоча, Т. П., – сказала мама. – Пазабаўляйся зь ім, няхай замоўкне».
«Ён хоча ісьці туды і выглядваць празь весьніцы», – сказаў Т. П.
«Гэтага якраз яму нельга, – сказала мама. – Падае. Няўжо ты ня можаш пазабаўляцца зь ім, каб ён замоўк. Перастань, Бэнджамін».
«Ён не замоўкне ад нічога, – сказаў Т. П. – Ён думае, калі ён будзе стаяць тут каля весьніц, дык міс Кэдзі вернецца».
«Глупства», – сказала мама.
Я чуў, як яны размаўляюць. Я выйшаў за дзьверы і ўжо іх ня чуў, і пайшоў да весьніц, дзе праходзілі дзяўчаткі з школьнымі сумкамі. Яны паглядзелі на мяне, адвярнулі галовы і хутка мінулі. Я хацеў сказаць, але яны ішлі далей, і я пайшоў уздоўж плота і ўсё хацеў сказаць, але яны пайшлі хутчэй. Потым яны пабеглі, а я дайшоў у куток плота і ня мог ісьці далей, і я трымаўся за плот, глядзеў за імі і стараўся сказаць.
— Слухай, Бэнджы, – сказаў Т. П. – Чаго ты ўсё ўцякаеш з дому. Хочаш, каб Дылсі цябе адсьцябала.
— Што толку енчыць і саплячыцца каля плота, – сказаў Т. П. – Ты толькі дзяцей напужаў. Бачыш, яны ідуць па другі бок дарогі.
«Як ён выйшаў навонкі, – сказаў тата. – Ці ты забыўся зачыніць весьніцы на засаўку, калі ўваходзіў, Джэйсан».
«Вядома, што не. У мяне яшчэ не настолькі слабая галава, каб я забываўся. Ці ты, можа, думаеш, што я хацеў, каб нешта такое счаўплося. Бог бачыць, што і бяз гэтага ў нашай сям’і хапае. Я ўвесь час ведаў, што так яно і кончыцца. Цяпер, мабыць, ужо звозіш яго ў Джэксан. Калі толькі місіс Бэрджыс не застрэліць яго раней».
«Ціха», – сказаў тата.
«Я ўвесь час ведаў, што так яно і кончыцца».
Я крануў весьніцы, і яны былі адчыненыя, і я схапіўся за іх у сутоньні. Я ня плакаў, я стараўся перастаць, і глядзеў на дзяўчатак, якія ішлі ў тым сутоньні. Я ня плакаў.
— Вунь ён.
Яны спыніліся.
— Ён ня можа выйсьці. А прытым, ён нікому ня зробіць крыўды. Хадзем.
— Я баюся. Баюся. Я лепш пайду па другі бок.
— Ён ня можа выйсьці.
Я ня плакаў.
— Ня будзь такая баязьліўка. Хадзем.
Яны ішлі ў сутоньні. Я ня плакаў, я трымаўся за весьніцы. Яны надыходзілі паволі.
— Я баюся.
— Ён табе нічога ня зробіць. Я кожны дзень сюдою хаджу. Ён толькі бегае ўздоўж плота.
Яны пайшлі далей. Я адчыніў весьніцы, яны спыніліся і адвярнуліся. Я хацеў сказаць, таму я схапіў яе і спрабаваў сказаць, а яна вярэснула, а я ня мог сказаць і ня мог, і зыркія плямы перасталі, і я спрабаваў вырвацца. Я спрабаваў сарваць з майго твару, але зыркія плямы пабеглі зноў. Яны пабеглі на гару, дзе яна падала ўніз, і я схацеў крыкнуць. Але калі набраў паветра, дык ня мог выдыхнуць, каб крыкнуць, і я не хацеў упасьці з гары, але ўпаў з тае гары ў віраваньне зыркіх плямаў.
«Глядзі, прыдурак, – сказаў Ластэр. – Вунь нехта надыходзіць. Канчай тут свае сусьлі-гусьлі».
Яны дайшлі да сьцяжка. Ён выняў яго, яны ўдарылі, і ён уставіў яго назад.
— Містэр, – сказаў Ластэр.
Ён аглянуўся. – Што, – сказаў ён.
— Хочаце купіць гольфавы мячык, – сказаў Ластэр.
— Пакажы, – сказаў ён. Ён падышоў да плота, і Ластэр прасунуў празь яго мячык.
— Дзе ты яго ўзяў, – сказаў ён.
— Знайшоў, – сказаў Ластэр.
— Я гэта ведаю, – сказаў ён. – Дзе. У чыімсьці гольфавым мяшку.
— Ён ляжаў там у нас на панадворку, – сказаў Ластэр. – Аддам за чацьвяртак.
— Як ты дапяў, што ён твой, – сказаў ён.
— Я яго знайшоў, – сказаў Ластэр.
— Тады знайдзі сабе яшчэ адзін, – сказаў ён.
Ён паклаў мячык у кішэню і пайшоў.
— Я мушу сёньня вечарам у цырк, – сказаў Ластэр.
— Вось як, – сказаў ён. Ён пайшоў на пляцоўку. – Увага, кэдзі. – сказаў ён. Ён ударыў.
— З табой не разабрацца, – сказаў Ластэр. – Калі іх ня бачыш, скуголіш, калі іх бачыш, таксама скуголіш. Ня мог бы ты замоўкнуць. Ня цяміш, што людзям ужо абрыдла слухаць цябе ўвесь час. Глядзі. Ты і свой дурнап’ян упусьціў. – Ён падняў і даў яго мне. – Табе трэба новая кветка. Гэтая ўжо ўся памятая.
Мы стаялі каля плота і глядзелі на іх.
— З тым белым цяжка дайсьці да ладу, – сказаў Ластэр. – Бачыў, як ён забраў мой мячык.
Яны пайшлі далей. Мы пайшлі ўздоўж плота. Мы дайшлі да садка і не маглі ісьці далей. Я трымаўся за плот і глядзеў паміж кветкамі. Яны адышлі.
— Цяпер табе няма чаго енчыць, – сказаў Ластэр. – Сьціхні. Гэта мне трэба было б раўці, а табе няма чаго. Глядзі. Чаго ты ўпускаеш сваю кветку. А потым пачнеш выць празь яе. – Ён даў мне кветку. – Куды ты сабраўся.
На траве былі нашы цені. Яны дайшлі да дрэваў хутчэй, чымсьці мы. Мой дайшоў туды першы. Потым мы туды дайшлі, і цені прапалі. У бутэльцы была кветка. Я ўставіў у яе другую кветку.
— Такі дарослы бамбіза, – сказаў Ластэр. – Забаўляецца з траўкамі ў бутэльцы. А ведаеш, што з табою зробяць, калі памрэ міс Кэралайн. Яны пашлюць цябе ў Джэксан, дзе тваё месца. Містэр Джэйсан так кажа. Там будзеш сабе зь іншымі псыхамі трымацца за краты і саплячыцца ўвесь дзень. Як табе гэта падабаецца.
Ластэр махнуў рукою і перакуліў кветкі.
— Вось што табе зробяць у Джэксане, калі спрабуеш там зараўці.
Я хацеў пазьбіраць кветкі. Ластэр пазьбіраў іх, і кветкі зьніклі. Я расплакаўся.
— Раві сабе, – сказаў Ластэр. – Раві сабе. Хочаць мець чаго раўці. Дык добра. Кэдзі, – шапнуў ён. – Кэдзі. Раві цяпер. Кэдзі.
— Ластэр, – сказала Дылсі з кухні.
Кветкі вярнуліся.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Вось яны. Глядзі. Зноў усё так, як было раней. Сьціхні, кажу.
— Слухай, Ластэр, – сказала Дылсі.
— Так, няня, – сказаў Ластэр. – Ужо ідзем. Ты нам наварыў кашы. Уставай.
Ён тузануў мяне за руку, і я ўстаў. Мы выйшлі з дрэваў. Нашы цені зьніклі.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Паглядзі, як усе на нас глядзяць. Будзь ціха.
— Прывядзі яго сюды, – сказала Дылсі. Яна сыходзіла па сходах.
— Што ты яму зноў зрабіў, – сказала яна.
— Я яму нічога не зрабіў, – сказаў Ластэр. – Ён папросту пачаў раўці.
— Не, ты зрабіў, – сказала Дылсі. – Ты штосьці яму зрабіў. Дзе вы былі.
— Вунь там, пад кедрамі, – сказаў Ластэр.
— Каб угнявіць Квэнтыну, – сказала Дылсі. – Чаго ты водзіш яго туды, дзе яна. Ці ня бачыш, што яна гэтага ня любіць.
— У яе столькі часу для яго, што і ў мяне, – сказаў Ластэр. – Гэта яшчэ і ня мой дзядзька, а ейны.
— Не нахабнічай перада мною, чарнапысы, – сказала Дылсі.
— Я яму нічога не зрабіў, – сказаў Ластэр. – Ён забаўляўся і ні з таго ні зь сяго разроўся.
— Ці не раскідаў ты ягоных могілак, – сказала Дылсі.
— Я не чапаў ягоных могілак, – сказаў Ластэр.
— Не хлусі мне, хлопча, – сказала Дылсі. Мы ўвайшлі па сходах на кухню. Дылсі адчыніла дзьверцы пліты, прыцягнула перад іх услон і я сеў. Я заціх.
«Вы хацелі, каб яна зноў пачала, – сказала Дылсі. – Навошта ты яго туды водзіш».
«Ён толькі глядзеў на агонь, – сказала Кэдзі. – Мама прывучала яго да ягонага новага імя. Мы не хацелі, каб яна зноў пачала».
«Яшчэ каб хацелі, – сказала Дылсі. – На гэтым канцы дому зь ім давай рады, на тым зь ёю. Мае справы тут пакіньце ў спакоі. Не кранайце нічога, пакуль не вярнуся».
— Як табе ня сорамна дражніць яго, – сказала Дылсі.
Яна паставіла на стале торт.
— Я яго не дражніў, – сказаў Ластэр. – Ён забаўляўся з той бутэлькай з сабачым румянкам і ні з таго ні зь сяго пачаў раўці. Вы самі чулі.
— Кажаш, што не чапаў ягоных кветак, – сказала Дылсі.
— Я не чапаў ягоных могілак, – сказаў Ластэр. – Навошта мне гэтае ягонае барахло. Я шукаў свой чацьвяртак.
— Дык ты яго згубіў, – сказала Дылсі. Яна запаліла сьвечкі на торце. Некаторыя былі малыя. Некаторыя былі вялікія, разрэзаныя на меншыя кавалкі. – Я табе казала, каб ты яго схаваў. Цяпер, як мяркую, хочаш, каб я выпрасіла табе другі ад Фроні.
— Я мушу схадзіць у той цырк, Бэнджы нябэнджы, – сказаў Ластэр. – Мала днём, дык яшчэ вечарам зь ім цягайся.
— Будзеш рабіць тое, што ён хоча, чарнапысы, – сказала Дылсі. – Чуеш, што кажу.
— А што я ўвесь час раблю, – сказаў Ластэр. – Ці ж я не раблю ўвесь час таго, што ён хоча. Праўда, Бэнджы.
— Так і рабі далей, – сказала Дылсі. – А не каб прыводзіць яго сюды, каб ён роў і расстройваў яшчэ і яе. Давайце ежце гэты торт, пакуль не прыйшоў Джэйсан. Я не хачу, каб ён чапляўся да мяне за торт, які я купіла за свае грошы. Паспрабуй упячы нешта тут, калі ён лічыць кожнае яечка, як прыйдзе на кухню. Глядзі, не чапай яго цяпер, калі хочаш пайсьці ў той цырк.
Дылсі пайшла.
— Ты й так гэтых сьвечак ня зьдзьмухнеш, – сказаў Ластэр. – Глядзі, як гэта зраблю я. – Ён пахіліўся і надзьмуў шчокі. Сьвечкі адышлі. Я заплакаў. – Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Глядзі, які ў пліце агонь. А я парэжу торт.
Я чуў гадзіньнік, чуў, як за мною стаіць Кэдзі, і чуў дах. «Усё яшчэ ліе, – сказала Кэдзі. – Я ненавіджу дажджу. Я ненавіджу ўсяго». Яе галава лягла на мае калені, Кэдзі заплакала і прыціснулася да мяне, і я таксама заплакаў. Потым я зноў паглядзеў на агонь, і зыркія плямы паплылі зноў. Я чуў гадзіньнік, і дах, і Кэдзі.
Я зьеў трохі торта. Ластэрава рука прыйшла і ўзяла яшчэ кавалак. Я чуў, як ён есьць. Я паглядзеў на агонь.
Над маім плячом зьявіўся доўгі кавалак дроту. Ён дайшоў да дзьверцаў, і агонь зьнік. Я заплакаў.
— Чаго ты зноў заскуголіў, – сказаў Ластэр. – Глядзі. – Агонь быў ззаду. Я заціх. – Чаму ты ня можаш сядзець і глядзець на агонь і быць ціха, як табе наказала няня, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна. На. Вазьмі яшчэ кавалак.
— Што ты яму тут зрабіў, – сказала Дылсі. – Чаму ты ня можаш адстаць ад яго.
— Я акурат стараўся, каб ён заціх і не перашкаджаў місіс Кэралайн, – сказаў Ластэр. – А ён зноў чагосьці пачаў.
— Я ведаю, як тое штосьці называецца, – сказала Дылсі. – Як прыйдзе дахаты Вэрш, я яму скажу, каб узяў на цябе кій. Ты ўвесь дзень кія просіш. Ты вадзіў яго да ручайка.
— Не-а, – сказаў Ластэр. – Мы ўвесь дзень былі на панадворку, як вы сказалі.
Ягоная рука прыйшла па новы кусок торта. Дылсі ўдарыла па гэтай руцэ.
— Яшчэ раз пацягнешся, дык я адсяку яе гэтым во секачом, – сказала Дылсі. – Іду ў заклад, што ён ня зьеў яшчэ ні кавалка.
— Яшчэ як зьеў, – сказаў Ластэр. – Ён зьеў у два разы больш за мяне. Няхай сам скажа.
— Паспрабуй толькі пацягнуцца яшчэ раз, – сказала Дылсі. – Паспрабуй толькі.
«Слушна, – сказала Дылсі. – Мабыць, цяпер самы час заплакаць мне. Як мяркую, Моры не супроць, каб і я трохі паплакала над ім».
«Яго цяпер завуць Бэнджы», – сказала Кэдзі.
«Чаму ж гэта, – сказала Дылсі. – А імя, зь якім ён нарадзіўся, ужо знасілася, ці што».
«Бэнджамін паходзіць зь Бібліі, – сказала Кэдзі. – Гэта лепшае імя для яго, чым Моры».
«Чаму ж гэта», – сказала Дылсі.
«Мама так кажа», – сказала Кэдзі.
«Га, – сказала Дылсі. – Новае імя яму не дапаможа. А старое не пашкодзіць. Але зьмена імя не прыносіць людзям шчасьця. Я называюся Дылсі, адкуль сябе помню, і буду называцца Дылсі, калі ўсе пра мяне даўно забудуць».
«Як яны будуць ведаць, што ты называешся Дылсі, калі даўно пра цябе забудуць», – сказала Кэдзі.
«Яно застанецца ў Кнізе, любачка, – сказала Дылсі. – Запісанае».
«А ты зможаш прачытаць яго», – сказала Кэдзі.
«Мне ня будзе трэба, – сказала Дылсі. – Яны прачытаюць гэта за мяне. Мне хопіць сказаць – я тут».
Доўгі дрот зноў зьявіўся над маім плячом, і агонь адышоў. Я пачаў плакаць.
Дылсі з Ластэрам біліся.
— Я ўбачыла, – сказала Дылсі. – Ага, цяпер я ўбачыла. – Яна выцягула Ластэра з кутка і пачала ім трэсьці. – Дык вось тваё я яго не чапаў. Пачакай толькі, аж прыйдзе твой тата. Калі б я была маладзейшая, я табе вушы з галавы паабрывала б. Вазьму і замкну ў пограбе, і столькі ты пабачыш той цырк сёньня вечарам.
— Вой, няня, – сказаў Ластэр. – Вой, няня.
Я паклаў руку, дзе быў агонь.
— Схапі яго, – сказала Дылсі. – Адцягні яго.
Мая рука адскочыла назад, і я сунуў яе ў рот, а Дылсі мяне схапіла. Паміж сваім голасам я далей чуў гадзіньнік. Дылсі адвярнулася і дала Ластэру па галаве. Мой голас крычаў і крычаў.
— Падай мне тую соду, – сказала Дылсі. Яна выняла руку з майго рота. Мой голас выкрыкнуў і рука хацела вярнуцца назад у рот, але Дылсі схапіла яе. Мой голас выкрыкнуў. Яна папырскала содай на маю руку.
— Паглядзі ў каморы, там на цьвіку анучка, адарві кавалак, – сказала яна. – Будзь ціха. Хіба ты хочаш, каб твая мама зноў расстроілася. Паглядзі лепш на агонь. Дылсі зараз забярэ больку з твае рукі. Глядзі на агонь.
Яна адчыніла дзьверцы. Я глянуў на агонь, але боль не перастаў, і я не перастаў. Мая рука хацела ў рот, але Дылсі не пускала.
Яна абвязала руку анучкай. Мама сказала:
— Што тут зноў. Ці я і пахварэць не магу спакойна. Ці мне трэба ўставаць з ложка і ісьці да яго, нават калі там займаюцца ім два дарослыя нэгры.
— Зь ім ужо добра, – сказала Дылсі. – Ён зараз перастане. Ён толькі трохі апёк руку.
— Два дарослыя нэгры, а прыводзяць яго дадому, калі раве, – сказала мама. – Вы так наўмысна, бо ведаеце, што я хворая. – Яна падышла да мяне і стала. – Перастань, – сказала яна. – У гэтай жа хвіліне. Вы далі яму гэтага торта.
— Я яго купіла, – сказала Дылсі. – Гэта ня з Джэйсанавай каморы. Я зрабіла яму дзень нараджэньня.
— Ці ты захацела атруціць яго гэтым танным купленым тортам, – сказала мама. – Гэтага, відаць, хочаш. Ці я не магу мець нават хвіліны спакою.
— Ідзеце наверх і ляжце, – сказала Дылсі. – Праз хвілінку яму перастане пячы і ён заціхне. Ідзеце.
— Ісьці і пакінуць яго тут, каб вы яму яшчэ што-небудзь зрабілі, – сказала мама. – Як я магу там ляжаць, калі ён тут вішчыць. Бэнджамін. Тут жа перастань.
— Няма куды яго ўзяць, – сказала Дылсі. – У няс няма ўжо столькі месца, як раней. А на дварэ ён заставацца ня можа, там яго бачылі б усе суседзі, як плача.
— Ведаю, ведаю, – сказала мама. – Гэта ўсё мая віна. Але я ўжо доўга тут не пабуду, дык табе і Джэйсану стане лягчэй.
Яна расплакалася.
— Ну, перастаньце, – сказала Дылсі. – А то зноў занядужаеце. Ідзеце наверх. Ластэр завядзе яго ў бібліятэку і пазабаўляецца зь ім, пакуль я звару яму вячэру.
Дылсі і мама выйшлі.
— Ціха, – сказаў Ластэр. – Ціха мне. А то апяку табе другую руку. Ужо ж не баліць. Замоўкні.
— На, – сказала Дылсі. – Ня плач ужо. – Яна дала мне пантофлік, і я заціх. – Вазьмі яго ў бібліятэку, – сказала яна. – А калі я пачую яго яшчэ раз, дык адсьцябаю цябе сама.
Мы пайшлі ў бібліятэку. Ластэр запаліў сьвятло. Вокны пачарнелі, а на сьцяне зьявілася высокае цёмнае месца, і я падышоў і дакрануўся. Яно было як дзьверы, але гэта не былі дзьверы.
За мною зьявіўся агонь, я падышоў да агню і сеў на падлозе, трымаючы пантофлік. Агонь вырас. Дарос да падушачкі на маміным фатэлі.
— Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Ці ня можаш перастаць хоць на хвілінку. Я распаліў табе тут агонь, а ты нават не зірнеш.
«Цябе называюць Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Чуеш. Бэнджы. Бэнджы».
«Не гавары да яго так, – сказала мама. – Прывядзі яго да мяне».
Кэдзі ўзяла мяне пад пахамі і падняла.
«Устань, Мо... гэта значыць, Бэнджы», – сказала яна.
«Не насі яго, – сказала мама. – Ня можаш яго сюды папросту прывесьці. Хаця б гэта магла запомніць».
— Я магу яго і падняць, – сказала Кэдзі. – Дылсі, дай мне занесьці яго наверх.
— Але ж, драбнюта, – сказала Дылсі. – Ты яшчэ ня вырасла, каб і блыху туды занесьці. Ідзеце паціху, як прыказаў містэр Джэйсан.
Зьверху на сходах было сьвятло. Там быў тата, толькі ў кашулі. Глядзеў, нібыта казаў «Будзь ціха». Кэдзі шапнула:
— Мама занядужала.
Вэрш паставіў мяне, і мы ўвайшлі ў мамін пакой. Там быў агонь. Ён падымаўся і апускаўся на сьценах. У люстры быў другі агонь. Пахла хваробай. Хвароба была ў белым шматку на маміным лобе. Маміны валасы былі на падушцы. Агонь не дасягаў да іх, але сьвяціўся на ейнай руцэ, і маміны пярсьцёнкі падскоквалі.
— Хадзем, скажам маме дабранач, – сказала Кэдзі.
Мы падышлі да ложка. Агонь выйшаў зь люстра. Тата ўстаў з ложка і падняў мяне, а мама паклала руку мне на галаву.
— Колькі гадзін, – сказала мама. Яе вочы былі заплюшчаныя.
— Дзесяць да сёмай, – сказаў тата.
— Яшчэ зарана класьці яго спаць, – сказала мама. – Ён прачнецца на досьвітку, а я проста не перанясу яшчэ адзін такі дзень, як сёньня.
— Не кажы так, – сказаў тата. Ён дакрануўся да мамінага твару.
— Я ведаю, што я табе толькі цяжарам, – сказала мама. – Але мяне ўжо хутка ня стане. І ўжо ня буду нікому дакучаць.
— Перастань, – сказаў тата. – Я вазьму яго на хвіліну наніз. – Ён падняў мяне. – Ідзем, мой сябра. Пойдзем на хвіліну наніз. Але мы мусім быць ціха, бо Квэнтын цяпер вучыцца.
Кэдзі падышла, пахілілася над ложкам, і маміна рука зьявілася ў сьвятле агню. Маміны пярсьцёнкі скакалі на Кэдзінай сьпіне.
«Мама занядужала, – сказаў тата. – Дылсі пакладзе цябе спаць. Дзе Квэнтын».
«Вэрш пайшоў па яго», – сказала Дылсі.
Тата стаяў і глядзеў, як мы праходзім каля яго. Мы чулі маму ў яе пакоі. Кэдзі сказала «Ціха». Джэйсан яшчэ ішоў па сходах наверх. Рукі трымаў у кішэнях.
— Сёньня ўсе павінны быць добрыя, – сказаў тата. – І будзьце ціха, не трывожце маму.
— Мы будзем ціха, – сказала Кэдзі. – Ты павінен быць ціха, Джэйсан, – сказала яна. Мы ішлі на пальчыках.
Мы чулі дах. Агонь відаць і ў люстры. Кэдзі падняла мяне зноў.
— Хадзі, – сказала яна. – Потым можаш яшчэ вярнуцца да агню. Будзь ціха.
— Кэндэйс, – сказала мама.
— Ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Мама хоча цябе на хвілінку да сябе. Будзь добрым хлопчыкам, Бэнджы. А потым можаш сюды вярнуцца.
Кэдзі паставіла мяне, і я заціх.
— Пакіньце яго тут, мама. Калі ён наглядзіцца на агонь, дык тады яго будзеце вучыць.
— Кэндэйс, – сказала мама. Кэдзі пахілілася і падняла мяне. Мы хістануліся. – Кэндэйс, – сказала мама.
— Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ты ж яшчэ бачыш яго. Ціха.
— Прывядзі яго сюды, – сказала мама. – Ён ужо завялікі, каб ты яго насіла. Перастань браць яго на рукі. Яшчэ хрыбет сабе пашкодзіш. Жанчыны ў нашым родзе заўсёды ганарыліся сваёй паставай. Хіба ты хочаш горбіцца, як прачка.
— Ён не такі цяжкі, – сказала Кэдзі. – Я магу яго падняць.
— Але я не хачу, каб яго насілі, – сказала мама. – Пяцігадовае дзіця. Не, не. Толькі не на мае калені. Няхай пастаіць.
— Калі вы возьмеце яго на калені, дык ён перастане, – сказала Кэдзі. – Ціха, – сказала яна. – Зараз туды вернешся. Глядзі. Вось твая падушачка. Бачыш.
Я паглядзеў на падушку і заціх.
— Вы яму занадта патураеце, – сказала мама. – Ты і твой бацька. Вы не ўсьведамляеце, што за ўсё прыйдзецца плаціць мне. Такім жа чынам бабуля расьпесьціла Джэйсана, і два гады цягнулася, пакуль ён з таго вырас, а ў мяне няма столькі сілы, каб я праходзіла гэта яшчэ раз з Бэнджамінам.
— Вы ня мусіце ім тлуміць сабе галавы, – сказала Кэдзі. – Я люблю ім апекавацца. Праўда, Бэнджы.
— Кэндэйс, – сказала мама. – Я табе забараніла, каб ты да яго так зьвярталася. Хопіць, што твой бацька заўпарціўся называць цябе гэтай дурнаватай мянушкай. Я не дазволю, каб і да яго зьвярталіся мянушкай. Мянушкі вульгарныя. Толькі просты народ карыстаецца імі. Бэнджамін, – сказала яна.
— Глядзі на мяне, – сказала мама.
— Бэнджамін, – сказала яна.
Яна ўзяла мой твар у рукі і павярнула да свайго.
— Бэнджамін, – сказала яна. – Забяры гэтую падушачку, Кэндэйс.
— Ён будзе плакаць, – сказала Кэдзі.
— Я сказала, забяры гэтую падушачку, – сказала мама. – Яго трэба навучыць слухацца.
Падушачка зьнікла.
— Будзь ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі.
— Адыдзі ад яго, сядзь сабе там, – сказала мама. – Бэнджамін. – Яна трымала мой твар блізка свайго.
— Перастань, – сказала яна. – Перастань.
Але я не перастаў, і мама абняла мяне і заплакала, і я таксама плакаў. Потым падушачка зьявілася зноў, Кэдзі трымала яе над мамінай галавою. Яна пацягнула маму за плячо і паклала яе назад у фатэль, і мама ляжала на чырвона-жоўтай падушачцы і плакала.
— Ня плачце, мама, – сказала Кэдзі. – Ідзеце наверх, ляжце на ложак і хварэйце. Я пайду паклічу Дылсі.
Яна падвяла мяне да агню, і я глядзеў на зыркія плаўныя плямы. Я чуў агонь і дах.
Бацька падняў мяне. Ён пахнуў як дождж.
— Ну, Бэнджы, – сказаў ён. – Ці сёньня ты быў добрым хлопчыкам.
Кэдзі і Джэйсан біліся ў люстры.
— Кэдзі, – сказаў тата.
Яны біліся. Джэйсан пачаў плакаць.
— Кэдзі, – сказаў тата.
Джэйсан плакаў. Ён ужо ня біўся, але мы бачылі ў люстры, што Кэдзі б’ецца, і тата паставіў мяне, пайшоў у люстра і таксама пачаў біцца. Ён падняў Кэдзі. Яна білася. Джэйсан ляжаў на падлозе і плакаў. У ягонай руцэ былі нажніцы. Тата трымаў Кэдзі.
— Ён распароў усе Бэнджавы лялькі, – сказала Кэдзі. – Я яму зараз распару пуза.
— Кэндэйс, – сказаў тата.
— Вось пабачыце, – сказала Кэдзі. – Вось пабачыце.
Яна пачала вырывацца. Тата трымаў яе. Яна таўханула нагою Джэйсана. Ён пакаціўся зь люстра ў куток. Тата паднёс Кэдзі да агню. У люстры не было нікога. Толькі агонь. Выглядала, нібыта агонь быў у дзьвярах.
— Перастань, – сказаў тата. – Ты хочаш, каб мама расхварэлася ў сваім пакоі.
Кэдзі перастала.
— Ён распароў усе лялькі, што мы з Мо... з Бэнджы зрабілі, – сказала Кэдзі. – Ён зрабіў гэта назло.
— Я не назло, – сказаў Джэйсан. Ён сядзеў і плакаў. – Я ня ведаў, што гэта ягоныя лялькі. Я думаў, гэта старыя паперыны.
— Ты ня мог ня ведаць, – сказала Кэдзі. – Ты зрабіў гэта...
— Ціха, – сказаў тата. – Джэйсан, – сказаў ён.
— Я табе заўтра зраблю іншыя, – сказала Кэдзі. – Мы зробім шмат лялек. На, глядзі сабе на падушачку.
Увайшоў Джэйсан.
«Калькі разоў табе казаць, заціхні», – сказаў Ластэр.
«Што тут робіцца», – сказаў Джэйсан.
— Ён проста так, – сказаў Ластэр. – Ён увесь дзень так цягне.
— Дык чаму ты ад яго не адчэпішся, – сказаў Джэйсан. – Калі ты ня ўмееш яго супакоіць, дык пайшлі зь ім на кухню. Мы ўсе ня можам зачыніцца ў пакоі, як мамуля.
— Няня казала не прыводзіць яго на кухню, пакуль ня зварыць вячэры, – сказаў Ластэр.
— Дык пазабаўляйся зь ім, каб быў ціха, – сказаў Джэйсан. – Цэлы дзень працуеш не адгінаючыся, а як прыходзіш дадому, тут як у вар’ятні. – Ён разгарнуў газэту і стаў чытаць.
«Можаш глядзець на агонь, і ў люстра, і на падушачку, – сказала Кэдзі. – Ня мусіш чакаць да вячэры, каб паглядзець на падушачку». Мы чулі дах. Мы таксама чулі Джэйсана, як плакаў за сьцяною.
Дылсі сказала:
— Хадзі сюды, Джэйсан. А ты пакінь чапляцца да яго.
— Так, – сказаў Ластэр.
— Дзе Квэнтына, – сказала Дылсі. – Вячэра амаль гатовая.
— Я ня ведаю, – сказаў Ластэр. – Я яе ня бачыў.
Дылсі пайшла.
— Квэнтына, – сказала яна ў калідоры. – Квэнтына. Вячэра гатовая.
Мы чулі дах. Квэнтын таксама пахнуў як дождж.
«Што Джэйсан зрабіў», – сказаў ён.
«Распароў усе лялькі Бэнджы», – сказала Кэдзі.
«Мама казала не называць яго Бэнджы», – сказаў Квэнтын. Ён сядзеў на дыване з намі. «Каб толькі дождж хутчэй перастаў, – сказаў ён. – А то нельга нічога рабіць».
«Ты біўся, – сказала Кэдзі. – Праўда».
«Не зашмат», – сказаў Квэнтын.
«Па табе відаць, – сказала Кэдзі. – Тата пазнае».
«Ну і няхай, – сказаў Квэнтын. – Каб толькі дождж хутчэй перастаў».
Квэнтына сказала:
— Дылсі не казала, ці вячэра гатовая.
— Так, – сказаў Ластэр. Джэйсан паглядзеў на Квэнтыну. Потым зноў стаў чытаць газэту. Квэнтына ўвайшла. – Яна сказала, што амаль гатовая, – сказаў Ластэр. Квэнтына ўскочыла ў мамін фатэль. Ластэр сказаў:
— Містэр Джэйсан.
— Чаго, – сказаў Джэйсан.
— Вы не далі б мне дваццаць пяць цэнтаў, – сказаў Ластэр.
— Навошта табе, – сказаў Джэйсан.
— Пайсьці сёньня вечарам у цырк, – сказаў Ластэр.
— Я чуў, што Дылсі хацела для цябе папрасіць гэты чацьвяртак ад Фроні, – сказаў Джэйсан.
— Яна яго дастала, – сказаў Ластэр. – Толькі што я згубіў. Мы з Бэнджы шукалі яго ўвесь дзень. Запытайце ў яго.
— Дык ад яго і пазыч, – сказаў Джэйсан. – Я свае грошы мушу запрацаваць.
Ён зноў чытаў газэту. Квэнтына глядзела на агонь. Агонь быў у яе вачах і на яе вуснах. Яе вусны былі чырвоныя.
— Я стараўся, каб ён туды не хадзіў, – сказаў Ластэр.
— Трымай язык за зубамі, – сказала Квэнтына.
Джэйсан паглядзеў на яе.
— Я табе што абяцаў зрабіць, калі пабачу цябе яшчэ раз з тым цыркоўцам, – сказаў ён. Квэнтына глядзела на агонь. – Ты мяне чуеш, – сказаў Джэйсан.
— Я вас чую, – сказала Квэнтына. – Дык чаму ня зробіце.
— Будзь спакойная, – сказаў Джэйсан.
— Я і ёсьць, – сказала Квэнтына.
Джэйсан зноў пачаў чытаць газэту.
Я чуў дах. Тата пахіліўся дапераду і паглядзеў на Квэнтына.
«Во як, – сказаў ён. – Хто перамог».
— Ніхто, – сказаў Квэнтын. – Нас разьвялі. Настаўнікі.
— Хто гэта быў, – сказаў тата. – Скажаш мне.
— Усё было справядліва, – сказаў Квэнтын. – Ён быў роўны са мною.
— Дык гэта ў парадку, – сказаў тата. – А можаш мне сказаць, за што вы.
— За нішто, – сказаў Квэнтын. – Ён сказаў, што пакладзе жабу ў яе сумку, а яна пабаіцца яму ўсыпаць.
— Ага, – сказаў тата. – Яна. А потым што.
— Так, тата, – сказаў Квэнтын. – А потым я яго стукнуў.
Мы чулі дах, і агонь, і пахліпваньне за дзьвярыма.
— А дзе ён хацеў узяць жабу ў лістападзе, – сказаў тата.
— Ня ведаю, тата, – сказаў Квэнтын.
Мы чулі іх.
— Джэйсан, – сказаў тата.
Мы чулі Джэйсана.
— Джэйсан, – сказаў тата. – Хадзі сюды і перастань.
Мы чулі дах, і агонь, і Джэйсана.
— Зараз жа перастань, – сказаў тата. – Хочаш, каб я табе зноў урэзаў.
Тата падняў Джэйсана на фатэль побач з сабою. Джэйсан хліпаў. Мы чулі дах і агонь. Джэйсан усхліпнуў мацней.
— Яшчэ толькі раз, – сказаў тата.
Мы чулі агонь і дах.
«Добра, – сказала Дылсі. – А цяпер хадзеце ўсе вячэраць».
Вэрш пахнуў як дождж. Ён таксама пахнуў як сабака. Мы чулі агонь і дах.
Мы чулі, як хутка ідзе Кэдзі. Тата і мама паглядзелі на дзьверы. Кэдзі хутка прайшла міма. Не паглядзела. Прайшла хутка.
— Кэндэйс, – сказала мама.
Кэдзі перастала ісьці.
— Так, мама,– сказала яна.
— Ня трэба, Кэралайн, – сказаў тата.
— Хадзі сюды, – сказала мама.
— Ня трэба, Кэралайн, – сказаў тата. – Пакінь яе ў спакоі.
Кэдзі падышла да дзьвярэй, спынілася, паглядзела на тату і маму. Яе вочы заляцелі да мяне і адляцелі. Я заплакаў. Потым заплакаў больш і ўстаў. Кэдзі ўвайшла, стала пад сьцяной, паглядзела на мяне. Я пайшоў да яе, плачучы, яна прыціснулася сьпінай да сьцяны, я ўбачыў яе вочы, заплакаў мацней і пацягнуў яе за сукенку. Яна выставіла рукі, але я цягнуў. Яе вочы ўцякалі.
«Ты цяпер называешся Бэнджамін, – сказаў Вэрш. – А ведаеш, чаму ты цяпер называешся Бэнджамін. Яны хочуць зрабіць зь цябе сінядзяснага. Няня кажа, за старым часам твой дзед зьмяніў імя нэгру, і той стаў прапаведнікам, а калі паглядзелі, у яго і дзясны сінія. Хоць раней у яго не было сініх дзяснаў. А калі цяжарная паглядзіць такому сінядзяснаму ў вочы ў час поўні, дзіця ў яе народзіцца таксама зь сінімі дзяснамі. І аднойчы вечарам, калі ўжо тут па панадворку бегала з тузін сінядзясных дзяцей, ён не вярнуўся дадому. Паляўнічыя за апосумамі знайшлі яго потым у лесе, абабранага дачыста. А ведаеце, хто яго зьеў. Тыя сінядзясныя дзеці».
Мы былі ў калідоры. Кэдзі глядзела ўвесь час на мяне. Руку трымала каля рота, а я бачыў яе вочы і плакаў. Мы пайшлі па сходах уверх. Яна зноў спынілася, абаперлася аб сьцяну і паглядзела на мяне, а я плакаў, яна пайшла далей, і я за ёй, я плакаў, а яна абаперлася аб сьцяну і глядзела на мяне. Яна адчыніла дзьверы ў свой пакой, але я цягнуў яе за сукенку, мы ўвайшлі ў ванную, і яна стала каля дзьвярэй і глядзела на мяне. Потым закрыла твар рукою, а я папіхаў яе да ўмывальніка і плакаў.
«Што ты яму робіш, – сказаў Джэйсан. – Чаго ты да яго чапляешся».
«Я да яго не чапляюся, – сказаў Ластэр. – Ён сёньня ўвесь дзень так цягне. Яго трэба адлупцаваць».
«Яго трэба адаслаць у Джэксан, – сказала Квэнтына. – Як можна жыць у такім доме».
«Калі вам, маладая дама, у нас не падабаецца, дык не жывеце».
«А я і не зьбіраюся, – сказала Квэнтына. – Не турбуйцеся».
Вэрш сказаў:
— Адсунься крыху, дай мне пасушыць ногі. – Ён адсунуў мяне крыху. – І не пачынай нам зноў раўці. Табе ўсё яшчэ відаць. Толькі ў цябе і работы, што на агонь глядзець. Пад дажджом табе, як мне, мокнуць не прыходзіцца. Ты нарадзіўся шчасьліўцам і сам пра гэта ня ведаеш. – Ён лёг на сьпіну перад агнём.
— А ведаеш, чаму ты цяпер называешся Бэнджамін, – сказаў Вэрш. – Паводле няні, твая мама занадта ганарыстая, каб ты.
— Сядзі ціха і дай мне пасушыць ногі, – сказаў Вэрш. – А не, дык ведаеш што табе зраблю. Аблуплю табе скуру з пасядзелкі.
Мы чулі агонь, і дах, і Вэрша.
Вэрш хутка сеў і тузануў ногі назад. Тата сказаў:
— У парадку, Вэрш.
— Я пакармлю яго сёньня вечарам, – сказала Кэдзі. – Ён часам плача, калі яго корміць Вэрш.
— Занясі гэтую тацу наверх, – сказала Дылсі. – І бяжы назад карміць Бэнджы.
— Хочаш, каб Кэдзі цябе пакарміла, – сказала Кэдзі.
«Ці яму яшчэ трэба класьці на стол той стары брудны пантофель, – сказала Квэнтына. – Чаму вы ня корміце яго на кухні. Чалавеку здаецца, што есьць са сьвіньнёю».
«Калі табе не падабаецца, як мы ямо, дык не прыходзь да стала», – сказаў Джэйсан.
Ад Роскуса ішла пара. Ён сядзеў перад плітой. Дзьверцы духоўкі былі адчыненыя, і Роскус трымаў у ёй свае ногі. Пара ішла ад міскі. Кэдзі лёгка сунула ложку мне ў рот. У місцы паказалася чорнае месца.
«Ну, ну, – сказала Дылсі. – Ён табе ўжо ня будзе больш дакучаць».
Ежа была ўжо пад значком. Потым міска стала пустой. Адышла.
— Ён сёньня такі галодны, – сказала Кэдзі. Міска вярнулася. Я ня бачыў чорнага месца. Потым убачыў. – Ён сёньня выгаладаўся, – сказала Кэдзі. – Паглядзеце, колькі зьеў.
«Але ж будзе, – сказала Квэнтына. – Вы ўсе пасылаеце яго, каб ён віжаваў за мной. Я ненавіджу гэты дом. Я адсюль уцяку».
Роскус сказаў:
— Будзе падаць усю ноч.
«Ты ўжо ўцякаеш даволі доўга, але кожны раз не застаешся там даўжэй, чым да абеду», – сказаў Джэйсан.
«Вось пабачыце», – сказала Квэнтына.
— Ня ведаю, што мне рабіць, – сказала Дылсі. – Схапіла мяне ў клубе так моцна, што амаль не магу рухацца. Увесь вечар бегаеш па гэтых сходах уверх-уніз.
— Гэтым мяне ня зьдзівіш, – сказаў Джэйсан. – Гэтым ты мяне зусім ня зьдзівіш.
Квэнтына кінула сурвэтку на стол.
— Замоўкні, Джэйсан, – сказала Дылсі. Яна падышла і абняла Квэнтыну. – Сядай, любка, – сказала Дылсі. Як яму ня сорамна папікаць цябе чужой віною.
— Яна зноў мігрэніцца, праўда, – сказаў Роскус.
— Замоўкні, – сказала Дылсі.
Квэнтына адпіхнула Дылсі. Глянула на Джэйсана. Яе вусны былі чырвоныя. Яна падняла сваю шклянку з вадою, замахнулася рукою, глядзела на Джэйсана. Дылсі схапіла яе за руку. Яны сталі біцца. Шклянка разьбілася аб стол, вада пацякла ў стол. Квэнтына пабегла.
— Мама зноў захварэла, – сказала Кэдзі.
— А як жа іначай, – сказала Дылсі. – У гэткае надвор’е кожны расхварэецца. Калі гэты ты кончыш есьці, хлопча.
«Каб цябе скруціла, – сказала Квэнтына. – Каб цябе скруціла. Мы чулі, як яна бегла па сходах. Мы пайшлі ў бібліятэку».
Кэдзі дала мне падушачку, і я мог глядзець на падушачку, і люстра, і агонь.
— Вы мусіце быць ціха, калі Квэнтын вучыцца, – сказаў тата. – Што ты там робіш, Джэйсан.
— Нічога, – сказаў Джэйсан.
— Дык выйдзі адтуль, – сказаў тата.
Джэйсан выйшаў з кутка.
— Што ты жуеш, – сказаў тата.
— Нічога, – сказаў Джэйсан.
— Ён зноў жуе паперу, – сказала Кэдзі.
— Хадзі сюды, Джэйсан, – сказаў тата.
Джэйсан кінуў тое ў агонь. Яно зашыпела, раскруцілася, пачарнела. Потым стала шэрае. Потым зьнікла. Кэдзі, тата і Джэйсан сядзелі ў маміным фатэлі. Прыпухлыя вочы Джэйсана былі заплюшчаныя, а ягоны рот варушыўся, нібыта нешта смакаваў. Кэдзіна галава была на татавым плячы. Яе валасы былі як агонь, і ў яе вачах былі кропкі агню, я падышоў, і тата падняў мяне таксама ў фатэль, і Кэдзі абняла. Яна пахла як дрэвы.
Яна пахла як дрэвы. У кутку было цёмна, але я бачыў акно. Я прысеў там і трымаў пантофлік. Я ня бачыў пантофліка, але мае рукі бачылі яго, і я чуў, як настае ноч, мае рукі бачылі пантофлік, а я сябе ня бачыў, але мае рукі бачылі пантофлік, і я сядзеў там і слухаў, як настае ноч.
«Вось ты дзе, – сказаў Ластэр. – Глядзі, што я дастаў». Ён паказаў мне. «Ведаеш, дзе я яго дастаў. Міс Квэнтына дала. Я ведаў, што мяне ня могуць не пусьціць туды. А што ты тут сам адзін робіш. Я думаў, ты дзе вышмыгнуў на двор. Ты сёньня не наенчыўся і не насаплячыўся ўдосталь, так што табе яшчэ трэба было схавацца ў пустым пакоі, каб мармытаць і цягнуць далей. Хадзі завяду спаць, а то спазьнюся ў цырк. У мяне сёньня няма часу вазіцца з табою ўвесь вечар. Як толькі яны затрубяць у трубы, я змываюся».
Мы не пайшлі ў свой пакой.
— Тут мы хварэем на адзёр, – сказала Кэдзі. – Чаму нам сёньня нельга спаць у сваім пакоі.
— Як быццам табе ня ўсё роўна, дзе спаць, – сказала Дылсі. Яна зачыніла дзьверы, села і пачала распранаць мяне. Джэйсан заплакаў. – Будзь ціха, – сказала Дылсі.
— Я хачу спаць з бабуляй, – сказаў Джэйсан.
— Яна захварэла, – сказала Кэдзі. – Ты будзеш спаць зь ёю, калі яна агоўтаецца. Праўда, Дылсі.
— Ціха ўжо мне, – сказала Дылсі. Джэйсан заціх.
— Тут нашы начныя кашулі і ўсё, – сказала Кэдзі. – Нас назусім пераводзяць сюды ці што.
— Ну дык надзявайце іх хутчэй, – сказала Дылсі. – Расшпілі Джэйсану гузікі.
Кэдзі расшпіліла Джэйсана. Ён пачаў плакаць.
— Ты просішся лупцоўкі, – сказала Дылсі.
Джэйсан заціх.
«Квэнтына», – сказала мама ў калідоры.
«Чаго», – сказала Квэнтына за сьцяною. Мы чулі, як мама замкнула дзьверы на ключ. Яна заглянула ў нашы дзьверы, увайшла, пахілілася над ложкам і пацалавала мяне ў лоб.
«Калі пакладзеш Бэнджаміна, сходзіш і спытаеш Дылсі, ці яна не супроць нарыхтаваць мне грэлку, – сказала мама. – Скажы ёй, калі яна супроць, што я абыдуся і бяз грэлкі. Я проста хачу ведаць».
«Так, – сказаў Ластэр. – Давай. Скідай порткі».
Увайшлі Квэнтын і Вэрш. Квэнтын адварочваў твар.
— Чаго ты плачаш, – сказала Кэдзі.
— Будзь ціха, – сказала Дылсі. – Распранайцеся хутчэй. А ты, Вэрш, ідзі дахаты.
Я, распрануты, паглядзеў на сябе і пачаў плакаць. «Ціха, – сказаў Ластэр. – Глядзі не глядзі, іх у цябе няма. Прапалі. Калі будзеш так далей, дык мы ўжо ніколі ня зробім табе дня нараджэньня». Ён надзеў мне кашулю. Я заціх, а Ластэр раптаў стаў і павярнуў галаву да акна. Потым падышоў да акна і выглянуў. Вярнуўся і ўзяў мяне за руку. Глядзі, як яна злазіць, сказаў ён. Толькі будзь ціха. Мы падышлі да акна і выглянулі. Выйшла з Квэнтынінага акна, пералезла на дрэва. Мы глядзелі, як хістаецца дрэва. Хістаньне зьлезла з дрэва, потым выйшла, і мы глядзелі, як ідзе прэч па траве. Потым ужо перасталі бачыць. «Хадзі, – сказаў Ластэр. – Чуеш. Затрубілі. Лягай у ложак, пакуль просяць па-добраму».
Ложкі было два. Квэнтын лёг на другі. Павярнуўся тварам да сьцяны. Дылсі паклала Джэйсана зь ім. Кэдзі зьняла сукенку.
— Паглядзі на свае майткі, – сказала Дылсі. – Тваё шчасьце, што мама ня бачыць.
— Я ўжо сказаў на яе, – сказаў Джэйсан.
— Ну, ты б не сказаў, – сказала Дылсі.
— І што, пахвалілі цябе, – сказала Кэдзі. – Нагаворшчык.
— А што, набілі, – сказаў Джэйсан.
— Чаго ты не апранаеш сваю кашулю, – сказала Дылсі. Яна падышла і дапамагла Кэдзі зьняць станік і майткі. – Паглядзі толькі на сябе, – сказала Дылсі. Яна скамячыла майткі і пачала імі церці Кэдзі ззаду. – Наскрозь сябе запэцкала, – сказала яна. – Але купаньня сёньня ня будзе. Стой. – Яна нацягнула на Кэдзі кашулю, і Кэдзі ўзьлезла на ложак, а Дылсі пайшла да дзьвярэй і падняла руку гасіць сьвятло. – І цяпер ужо будзьце ціха, чуеце, – сказала яна.
— Добра, – сказала Кэдзі. – Мама сёньня ня прыйдзе сказаць дабранач. Значыць, мяне трэба слухацца і далей.
— Так, – сказала Дылсі. – Ну, сьпеце.
— Мама хворая, – сказала Кэдзі. – Яна і бабуля абедзьве хворыя.
— Ціха, – сказала Дылсі. – Сьпеце.
Пакой пачарнеў, акрамя дзьвярэй. Потым і дзьверы пачарнелі. Кэдзі сказала:
— Ціха, Моры.
Яна паклала сваю руку на мяне. Я заціх. Мы чулі нас. Мы чулі цемру.
Цемра адышла, і на нас глядзеў тата. Паглядзеў на Квэнтына і Джэйсана, потым падышоў і пацалаваў Кэдзі і паклаў руку мне на галаву.
— Ці мама моцна хворая, – сказала Кэдзі.
— Не, – сказаў тата. – Глядзі, каб Бэнджы чаго ня сталася.
— Так, – сказала Кэдзі.
Тата пайшоў да дзьвярэй і паглядзеў на нас яшчэ раз. Потым цемра вярнулася, ён стаяў чорны ў дзьвярах, а потым і дзьверы пачарнелі. Кэдзі трымала мяне, і я чуў нас усіх, і цемру, і яшчэ нейкі пах. А потым стала відаць вокны, за якімі шумелі дрэвы. Потым цемра пачала ісьці зыркімі плаўнымі плямамі, як заўсёды ідзе, нават калі Кэдзі кажа, што я спаў.
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=26 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Гоман і ятра. 7 красавіка 1928
Для друку / Чытальня