There are more things in heaven and earth...
Рэчаіснасць не заўсёды імаверная або праўдападобная. Але пішучы апавяданне, вы павінны зрабіць яго настолькі верагодным, наколькі гэта магчыма, бо ў іншым выпадку чытацкае ўяўленне адкіне яго.
Хорхэ Луіс Борхес
Борхес (1899-1986) належыць да тых нешматлікіх творцаў літаратуры, чыё прозвішча стала агульна вядомым найменнем асобнага і арыгінальнага спосабу пісьма і бачання свету. Незалежна ад мовы, на якой мы чытаем (і незалежна ад таго, ці чыталі мы самога Борхеса), нам не магло не трапіцца слова „борхесаўcкі”. Бо прыметнік „борхесаўскі” стаў ня толькі паняццем у літаратуразнаўстве, але і „мэйнстрымавым” эпітэтам у слоўніку глабальнай культуры ды, шырэй, глабальнай ментальнай рэчаіснасці, як, прыкладам, эпітэты „кафкіянскі” ці „оруэлаўскі”.
Тое, што складае пропуск Борхеса ў міжнародную вядомасць і літаратурную несмяротнасць, было па сутнасці апублікавана ўсяго ў двух даволі тонкіх зборніках прозы больш за 70 гадоў таму: Ficciones (Вымыслы, 1944) i El Aleph (Алеф, 1949). Абедзве гэтыя кніжкі, з пазнейшымі зборнікамі El informe de Brodie (Паведамленне Броўдзі, 1970) i El libro de arena (Кніга з пяску, 1975), увайшлі поўнасцю ў выданне, якое чытач трымае ў руках.
Давайце глянем праз павелічальнае шкло ўсяго на адно апавяданне Борхеса, якое шмат хто са знаўцаў лічыць ці не самым знакавым тэкстам аргентынскага пісьменніка і адным з яго найбольш удалых: гісторыю Тлён, Укбар, Orbis Tertius, якая адкрывае зборнік Вымыслы. У гэтым тэксце зліваюцца ў галавакружнае цэлае амаль усе асноўныя філасофскія і эстэтычныя ідэі аўтара, як тыя болей ці меней сур’ёзныя, так і зусім дзівацкія, ды сустракаюцца характэрныя яму прыёмы і асаблівасці пісьма, якія ён выкарыстоўваў з поспехам таксама ў іншых апавяданнях. Таму варта разгледзець яго дэталёва.
Гэтая фантастычная гісторыя пачынаецца ў звычайных дэкарацыях картэзіянскага і мяшчанскага свету: Борхес і ягоны верны сябар, аргентынскі пісьменнік Адольфа Б’ёй Касарэс (1914-1999), вядуць літаратурную спрэчку за вячэрай у нанятай імі віле ў прадмесці Буэнас-Айрэса (прадмесце называецца Ramos Mejía). Гісторыя падаецца ад першай асобы, то бок апавядальнікам выступае сам Борхес (правільней было б пазначаць гэтага апавядальніка „Борхесам”, бо насамрэч маем дачыненне з літаратурным пераўвасабленнем рэальнага Борхеса, але адкінем двукоссе дзеля ашчаднасці месца). Мы заседзеліся за доўгай палемікай наконт напісання рамана ад першай асобы, дзе б апавядальнік прапускаў або перакручваў факты і ўпадаў у розныя супярэчнасці, якія б дазволілі некаторым — вельмі нешматлікім — чытачам здагадацца пра жорсткую або банальную рэчаіснасць. З дальняга канца калідора за намі сачыла люстэрка. Мы выявілі (позняй ноччу гэткае адкрыццё непазбежнае), што ў люстэрках ёсць нешта вусцішнае — паведамляе Борхес на пачатку. Пасля гэтага адкрыцця Б’ёй Касарэс цытуе сябру bon mot, якое ён прыпісвае нейкаму „ерасіярху” з Укбару: люстэркі і полавыя зносіны агідныя, бо яны множаць колькасць людзей. Борхес хоча ведаць крыніцу гэтага выслоўя, і Б’ёй Касарэс кажа, што некалі яно трапілася яму ў артыкуле пра краіну Укбар у Anglo-American Cyclopaedia. Яны заглядваюць у адпаведны том энцыклапедыі, камплект якой стаіць на паліцах у віле, але не знаходзяць у ёй артыкула пра Укбар, што выклікае пэўную збянтэжанасць Б’ёй Касарэса. На наступны дзень ён тэлефануе Борхесу і паведамляе, што мае перад вачыма артыкул пра Укбар у томе ХХVI сваёй энцыклапедыі. Праз некалькі дзён Б’ёй Касарэс прыносіць гэты том, і сябры звяраюць яго з томам у віле: аказваецца, асобнік Б’ёй Касарэса налічвае 921 старонку, а том у віле – 917. На чатырох дадатковых старонках у экзэмпляры Б’ёй Касарэса памяшчаецца артыкул пра Укбар, як адзначае апавядальнік, не прадугледжаны (як чытач напэўна зразумеў) алфавітным зместам. Борхес дадае: Перачытваючы, мы выявілі пад яго строгім стылем прынцыповую няпэўнасць. З чатырнаццаці назваў, якія згадваліся ў геаграфічнай частцы, мы пазналі толькі тры — Харасан, Арменія, Эрзерум — устаўленыя ў тэкст неяк двухсэнсоўна. [...] Раздзел «Мова і літаратура» быў кароткі. У ім было вартае ўвагі толькі адно месца: зазначалася, што літаратура Укбару мела фантастычны характар і што яго эпапеі і легенды ніколі не адлюстроўвалі рэальнасць, а апісвалі два выдуманыя рэгіёны — Млехнас і Тлён... Яшчэ тым самым вечарам сябры наведваюць Нацыянальную Бібліятэку, але ні ў якім „атласе, каталогу, гадавіку геаграфічных таварыстваў, мемуары падарожніка ці гісторыка” не знаходзяць згадкі пра Укбар.
Пасля гэтага прызнання Борхес піша пра знаёмага яму і ягонаму бацьку англічаніна па прозьвішчы Герберт Эш, “хворага на нерэальнасць” інжынера чыгункі, які цікавіўся матэматыкай і займаўся “пераводам нейкіх там дванаццацярычных табліц у шасцідзесяцярычныя”. Эш памёр ад “разрыву анеўрызмы” у 1937 годзе, але за некалькі дзён да смерці атрымаў з Бразіліі бандэроль з кнігай вялікага фармату, якую пакінуў у адным з буэнас-айрэсаўскіх бараў, а Борхес, неўзабаве пасля смерці Эша (якая наступіла, адзначу для часавай арыентацыі чытача, гады праз два пасля згаданага азнаямлення Борхеса і Б’ёй Касарэса з энцыклапедычным артыкулам пра Укбар) знайшоў яе: Кніга была напісаная па-англійску і мела 1001 старонку. На яе жоўтай скураной спінцы я прачытаў гэтыя дзівосныя словы, якія паўтараліся на шмуцтытуле: «A First Encyclopaedia of Tlön. Vol. XI. Hlaer to Jangr». Ніякай згадкі ні пра дату, ні пра месца выдання. На першай старонцы і на аркушы шаўковай паперы, які прыкрываў адзін з каляровых афортаў, стаяў штамп: блакітны авал з такім надпісам: «Orbis Tertius». Двума гадамі раней я адкрыў у нейкай пірацкай энцыклапедыі кароткае апісанне нейкай несапраўднай краіны; цяпер выпадак падараваў мне нешта больш каштоўнае і працаёмкае. Цяпер я трымаў у руках вялікі сістэматычна распрацаваны фрагмент усёй гісторыі цэлай невядомай планеты з яе архітэктурамі і сваркамі, з жахам яе міфалогіяў і гоманам яе моваў, з яе імператарамі і яе морамі, з яе мінераламі, птушкамі і рыбамі, з яе алгебрай і агнём, з спрэчнымі пытаннямі яе тэалогіі і метафізікі. Усё выкладзена выразна, складна, без відавочных павучальных мэтаў або парадыйнага тону.
Жыхары Тлёну адзначаюцца адной інтэлектуальнай асаблівасцю: яны не вераць у існаванне рэальнага матэрыяльнага свету і лічаць, што сусвет зьяўляецца суб’ектыўнай праекцыяй розуму, то бок тлёнаўцы – радыкальна суб’ектыўныя ідэалісты ў разуменні філасофіі Джорджа Барклі. Свет для іх не ёсць сукупнасць аб’ектаў у прасторы, а разнародная серыя незалежных актаў. Ён паслядоўны, часавы, не прасторавы, піша Борхес. Як вынік гэтага светапогляднага ідэалізму, у мовах Тлёну няма назоўнікаў (якія так ці іначай прадугледжваюць існаванне рэальных аб’ектаў), а ёсць толькі безасабовыя дзеясловы (у мовах паўднёвага паўшар’я) або толькі апісальныя прыметнікі (у мовах паўночнага паўшар’я): Няма слова, якое адпавядае слову «месяц», але ёсць дзеяслоў, які можна было б перакласці як «месячыць» або «месячэць». [...] Не кажуць «месяц»: кажуць «паветрана-светлае на цёмна-круглым» або «лёгка-аранжава-нябеснае» або выбіраюць нейкае іншае спалучэнне. Адзінай агульна прызнанай навуковай дысцыплінай на Тлёне зьяўляецца псіхалогія: Зрокавае ўспрыманне клубоў дыму на гарызонце, пасля спаленага поля і пасля не згаслай да канца сігары, якая спрычыніла пажар, разглядаецца як прыклад асацыяцыі ідэй. Такое светабачанне спарадзіла шэраг розных метафізічных школаў на планеце: адна з іх адмаўляе існаванне часу наогул, іншая лічыць быццё успамінам ужо прамінулага часу, яшчэ іншая — пісьмёнамі “нейкага другараднага бога”. А яшчэ адна [цвердзіць] — што пакуль мы спім тут, мы не спім недзе па той бок, і гэткім чынам кожны чалавек — гэта два чалавекі. Асаблівасцю вызначаецца і літаратура Тлёну: Аўтарства кніг пазначаецца рэдка. Не існуе паняцця плагіяту: лічыцца, што ўсе творы належаць аднаму аўтару, які існуе па-за часам і не мае імя. [...] Мастацкія творы распрацоўваюць адзін сюжэт з усімі магчымымі перастаноўкамі. Кнігі філасофскага характару заключаюць у сабе тэзіс і антытэзіс, строгія за і супраць пэўнай дактрыны. Кніга, у якой не ўтрымліваецца яе антыкніга, лічыцца незавершанай. Да шмат якіх з гэтых дзівосных і дзівацкіх ідэй і вымыслаў, якія Борхес элегантна і з гумарам высыпае як з рэшата ў апавяданні Тлён, Укбар, Orbis Tertius, прыпісваючы іх насельнікам фантастычнага свету на прыдуманай планеце, ён будзе вяртацца ў іншых сваіх выдатных гісторыях, пра некаторыя з якіх згадаем крыху далей.
У далучаным да апавядання Постскрыптуме 1947 года (гэтая дапіска, заўважым, знаходзіцца ў тэксце, напісаным у 1941 і апублікаваным у 1944 годзе) Борхес “высвятляе” таямніцу з’яўлення Тлёну. Аказваецца, на пачатку XVII стагоддзя ўзнікла таемнае таварыства (да якога належаў і філосаф Джордж Барклі) з мэтай прыдумаць краіну. Таварыства цягам двух стагоддзяў зазнавала “цкаванне і ўціск”, але здолела адрадзіцца ў Амерыцы, калі задуму падтрымаў мільянер-атэіст з Тэнесі, нехта Эзра Баклі. Баклі палічыў праект прыдумаць краіну занадта сціплым ды запрапанаваў таварыству прыдумаць цэлую планету і выдаць сістэматычную энцыклапедыю такой планеты, накшталт Encyclopaedia Britannica, чарговае выданне якой якраз тады выйшла ў дваццаці тамах. Борхес тлумачыць матыў Баклі: Ён дасць ім [таварыству — Я. М.] у распараджэнне свае залатаносныя горы, свае суднаходныя рэкі, свае лугі са статкамі быкоў і бізонаў, сваіх неграў, свае бардэлі і свае долары, з адной умовай: «Гэты твор ніякім чынам не будзе мірыцца з самазванцам Ісусам Хрыстом». Баклі не верыць у Бога, але хоча даказаць няіснаму Богу, што смертныя людзі здольныя прыдумаць цэлы свет. І такім чынам сакрэтнае таварыства пад шыльдай Orbis Tertius здзяйсняе “самы грандыёзны твор чалавецтва” — яно піша і публікуе сорак тамоў Першай Энцыклапедыі Тлёну. Як мяркуе Борхес, англічанін Герберт Эш, у чые рукі трапіў адзінаццаты том гэтай энцыклапедыі незадоўга да яго смерці, быў удзельнікам праекту Orbis Tertius і адным з “дэміургаў” Тлёну. Борхес затым паведамляе ў Постскрыптуме, што ўсяго за некалькі гадоў наступіла “ўварванне фантастычнага свету ў свет рэальны”: людзі пачалі знаходзіць “тлёнаўскія” прадметы на Зямлі, а ў 1944 годзе “ў адной з бібліятэк Мемфіса” адшукаліся ўсе сорак тамоў Першай Энцыклапедыі Тлёну. Свой расповед пра імклівае заваяваньне Зямлі Тлёнам Борхес завяршае адным з найбольш прыўкрасных фрагмэнтаў ва усёй борхесаўскай спадчыне. Не магу тут не працытаваць гэтае заканчэнне in extenso:
Застаецца фактам, што міжнародны друк узняў неверагодны шум вакол «знаходкі». Падручнікі, анталогіі, кароткія выклады, даслоўныя пераклады, аўтарызаваныя і пірацкія перадрукі Найвялікшага Твору Чалавецтва напоўнілі і працягваюць напаўняць Зямлю. Амаль адразу рэальнасць пачала адступаць у шмат якіх пунктах. І без сумневу яна прагнула адступіць. Дзесяць гадоў таму дастаткова было любой сіметрычнай сістэмы з бачнасцю пэўнага парадку — дыялектычнага матэрыялізму, антысемітызму, нацызму — каб зачараваць людзей. Як жа не паддацца чарам Тлёну, падрабязнаму і пераканаўчаму сведчанню беззаганна ўпарадкаванай планеты? Няма сэнсу пярэчыць, што рэальнасць таксама ўпарадкаваная. Можа і так, але ў адпаведнасці з законамі боскімі — чытай: законамі нялюдскімі — якіх мы ніколі не спасцігнем. Тлён, магчыма, і лабірынт, але гэта лабірынт, збудаваны людзьмі, лабірынт, створаны для таго, каб людзі маглі ў ім разабрацца.
Кантакт з Тлёнам і прызвычаенасць да яго парушылі цэласць гэтага свету. Зачараванае яго строгай сістэмай, чалавецтва ўсё больш забывае, што гэта строгасць задумы шахматыстаў, а не анёлаў. Ужо пранікла ў школы (гіпатэтычная) «першасная мова» Тлёну; ужо выкладанне яго гарманічнай (і поўнай зварушлівых эпізодаў) гісторыі засланіла тую гісторыю, якая панавала ў маім дзяцінстве; і ў памяці людзей выдуманая мінуласць ужо займае месца іншай, і мы нічога з пэўнасцю пра яе не ведаем, нават таго, што яна несапраўдная. Адбыліся перамены ў нумізматыцы, фармакалогіі і археалогіі. Як я разумею, біялогію і матэматыку таксама чакаюць ператварэнні... Рассеяная па свеце дынастыя самотнікаў змяніла твар зямлі. Іх справа працягваецца. Калі нашы прадказанні не хібяць, праз сто гадоў хто-небудзь знойдзе сто тамоў Другой Энцыклапедыі Тлёну.
Тады знікнуць з нашай планеты англійская, французская дый тая іспанская мова. Свет зробіцца Тлёнам. Але мне да гэтага справы няма, у зацішным спакоі гатэля ў Адраге́ я пераглядаю нерашучы пераклад у стылі Кеведа (без намеру яго публікаваць) «Пахавальнай урны» Браўна.
Гісторыя Тлён, Укбар, Orbis Tertius паказвае з усёй яскравасцю незвычайнае майстэрства канструявання фантастычнага сюжэту Борхесам. Увесь гэты тлёнаўскі вымысел устаўляны аўтарам у рэальныя і распазнавальныя кантэксты, геаграфічныя, гістарычныя, культурныя, філасофскія, таксама сямейна-асабістыя, якія тут і там хітравата дапаўняюцца борхесаўскай бібліятэчнай эрудыцыяй і містыфікацыямі (нерэальнымі цытатамі з рэальных кніг і аўтараў ды рэальнымі цытатамі з нерэальных кніг і аўтараў), верагоднасць якіх без дапамогі знаўцаў разнастайнай забытай і цяжка даступнай ці дзівацка-эзатэрычнай літаратуры звычайнаму чытачу вельмі складана, а то й немагчыма вызначыць. Борхес практычна самастойна адкрыў і паслядоўна скарыстоўваў у сваёй творчасці галоўны механізм, які рухае жанрам фантастычнай гісторыі і чыніць яе выразна асобнай як ад традыцыйнай рэалістычнай прозы, так і ад “звычайнай” выдумкі (скажам, ад літаратуры тыпу science fiction або fantasy). Чвэрць стагоддзя пасля Вымыслаў Борхеса тэарэтык літаратуры Цветан Тодараў (1939-2017) назваў гэты механізм эфектам “ваганьня” або “няўпэўненасці” (hésitation). У сваёй вядомай працы Introduction à la littérature fantastique (1970) Тодараў пераканаўча абгрунтоўвае тэзіс, што ваганне чытача паміж дзьвюма крайнасцямі, ці паверыць аўтару гісторыі без засцярогаў, ці адкінуць гісторыю як цалкам непраўдзівую, складае сутнасць успрымання фантастычнай літаратуры. “Я амаль паверыў”: гэта формула, якая заключае ў сабе дух фантастычнага (“J’en vins presque à croire”: voilá la formule qui résume l’esprit du fantastique) — піша француска-баўгарскі крытык-структураліст.
Тэма апавядання — уварванне фантастычнага свету ў зямную рэчаіснасць і захоп яе — памешчана Борхесам у імаверныя рамкі рэальнага свету ды агучваецца не адразу на самім пачатку, але “асцярожна і здалёк”. Спачатку чытач дазнаецца пра туманную краіну Укбар дзесьці ў Малой Азіі, пра якую Борхес і Б’ёй Касарэс чытаюць артыкул у XXVI томе энцыклапедыі з саліднай назвай Аnglo-American Cyclopaedia (пра тое, што Аnglo-American Cyclopaedia — чыстая выдумка, Борхес нам не кажа, але “змякчае” гэтую містыфікацыю дапушчэннем, што выданне можа ўяўляць сабою “пірацкі” і “нядбайны” перадрук дзесятага выдання зусім рэальнай Encyclopaedia Britannica). Імя “Тлён” з’яўляецца ўпершыню як беглая згадка ў гэтым артыкуле, які адзначае, што ўся ўкбараўская літаратура мае фантастычны характар і апісвае два выдуманыя рэгіёны — Млехнас і Тлён. Толькі пасля таго, як у рукі Борхеса трапляе адзінаццаты том Першай Энцыклапедыі Тлёну, аўтар паведамляе нам, што змест гэтага тома становіцца прадметам публічнага абмеркавання ў міжнародным маштабе. У кантэксце гэтага абмеркавання згадваюцца імёны Нестара Ібары (перакладчыка Борхеса на францускую), Эзэкіеля Мартынэса Эстрады (аргентынскага эсеіста), Дрыё Ля Рашэля (французскага пісьменніка), Альфонса Рэеса (мексіканскага пісьменніка і філосафа) — усе яны абсалютна рэальныя і сучасныя Борхесу асобы. Калі на Зямлі пачынаюць знаходзіць тлёнаўскія артэфакты як матэрыяльныя праекцыі сатканай са слоў ідэалістычнай планеты (компас з надпісам на адной з моваў Тлёну і неймаверна цяжкі конус з невядомага на Зямлі матэрыялу), Борхес прыпісвае гэтыя знаходкі княгіні дэ Фасіньі Люсэнж і свайму сваяку Энрыке Амарыму, таксама стопрацэнтна рэальным персанажам. Усе гэтыя хітрыкі і містыфікацыі служаць калі не поўнаму перакананню чытача, што яму паведамляецца чыстая праўда, дык несумненна выклікаюць пажаданы аўтарам эфект hésitation: ну не можа ўсё гэта быць суцэльнай хлуснёй, калі тут замяшаныя рэальныя і агульна вядомыя людзі! Перапляценне рэчаіснасці з фікцыяй у гэтым апавяданні прыгожа падсумаваў амэрыканскі “борхесавед” Джын Бэл-Віяда ў сваёй кнізе Borges And His Fiction: A Guide To His Mind And Art, і я прывяду невялікі ўрывак з гэтай кнігі:
Гэтае зліццё рэальнага з фантастычным закранае дакладна сутнасць таго, пра што расказваюць нам у Тлёне, Укбары, Orbis Tertius. Апавядальны метад тут шчыльна дапасаваны да тэматыкі апавядання або, як той казаў, форма тут адэкватна адлюстроўвае змест. Расповед Борхеса пра шматтомны фіктыўны твор – настолькі ўплывовы, што амаль усе бяруць яго за ўзор для свайго мыслення і дзеяння – насамрэч уяўляе сабою прыпавесць аб прынадлівасці самадастатковых ідэй і знішчальнай прыцягальнасці высмактаных з пальца схем і стройных выглядам сістэм. [...] Тлён ёсць сімвал новага жыццёвага ладу, які завалодвае чалавечымі душамі і гвалтоўна адмятае мінулае. Далёка на перыферыі ўсяго гэтага жыве чалавек традыцыйнай культуры, які ставіцца скептычна да простых сістэм і прыдумак, але адчувае сябе занадта старым, каб рухацца супраць нястрымнай плыні. Выкінуты на бераг са сваёй натуральнай стыхіі, ён скрываецца сярод старадаўніх кніг на старадаўнія тэмы, змірыўшыся са сваёй адасобленасцю.
Прысвяціўшы столькі месца аднаму апавяданню, я не буду злоўжываць часам і цярплівасцю чытача, каб аналізаваць нейкія іншыя борхесаўскія гісторыі. Але хачу яшчэ апраўдаць хоць неяк сваё папярэдняе сцвярджэнне, што Тлён, Укбар, Orbis Tertius агучвае, дзе мімаходам і туманна, а дзе выразна і ясна, большасць тэм, ідэй і праблем, якія Борхес закранае ў сваіх іншых апавяданнях. Таму назаву яшчэ некаторыя тэксты, знаёмства з якімі лічу карысным як з эстэтычнага, так і з інтэлектуальнага бакоў.
Пранікненне “іншай рэчаіснасці” ў нашую — цэнтральная тэма ў Тлёне, Укбары, Orbis Tertius — распрацоўваецца Борхесам таксама як галоўная, але ў больш светлым і нават гумарыстычным ключы, у апавяданні Алеф з аднайменнага зборніка. “Іншая рэчаіснасць” выступае ў гэтай гісторыі пад выглядам пункту прасторы, які ўмяшчае ў сабе “ўсе пункты” і “ўсе месцы свету, бачныя пад усімі вугламі”. Гэты асаблівы алеф-пункт знаходзіцца ў сутарэнні дома Карласа Архентына Данеры, знаёмага Борхесу буэнас-айрэскага літаратара, які піша да смешнага графаманскія вершы, але гэта якраз яны, а не проза Борхеса, на вялікі жаль і расчараванне апошняга, знаходзяць прызнанне ў вачах журы нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Асаблівая рыса “тлёнаўскай літаратуры”, у якой “творы распрацоўваюць адзін сюжэт з усімі магчымымі перастаноўкамі”, з’яўляецца асноўнай тэмай у знакамітай “шпіёнскай” гісторыі Сад, дзе разгаліноўваюцца сцежкі (Вымыслы). Борхес разважае ў ёй пра літаратурны твор-лабірынт, які прадбачвае ўсе магчымыя хады і развязкі сюжэту — так бы мовіць, усе магчымыя тэзісы і антытэзісы.
У зносцы да Тлёну, Укбару, Orbis Tertius, згадваючы дактрыну адной з тлёнаўскіх цэркваў, Борхес піша, што паводле ейных вернікаў “усе людзі, якія паўтараюць нейкі радок Уільяма Шэкспіра — гэта і ёсць Уільям Шэкспір”. Гэтай дзівоснай тэме (усе людзі — па сутнасці адзін чалавек) ён прысвяціў апавяданне Несмяротны (Вымыслы). У ім у якасці ўніверсальнага адзінага чалавека, які ўвасабляе ўсіх іншых людзей, Борхес выставіў Гамера.
Наступствы тлёнаўскага ўспрымання свету як “разнароднай серыі незалежных актаў” у часе, а не як “сукупнасці аб’ектаў у прасторы”, Борхес абмаляваў у шчымлівым апавяданні Памятлівы Фунес (Вымыслы). Герой, Ірэнео Фунес, у выніку нешчаслівага выпадку атрымаў дар “абсалютнай памяці”, то бок здольнасць запамінаць усё ўбачанае і адчутае ў кожны момант часу. Гэткі дар, аргументуе Борхес, быў бы для чалавецтва не дабрадзействам, а пракляццем, бо чалавек з абсалютнай памяцьцю насамрэч няздольны да абстрактнага мыслення: Думаць — значыць забываць адрозненні, абагульняць, абстрагавацца. У перапоўненым свеце Фунеса існавалі толькі дэталі ў іх непасрэднай дадзенасці.
Бадай, найчасцей у сваіх гісторыях Борхес вяртаўся да тэмы падвойнай ідэнтычнасці (тэмы двайніка), якая ў Тлёне, Укбары, Orbis Tertius сігналізуецца жартаўлівай заўвагай пра адну метафізічную школу, дзе лічылі, што “пакуль мы спім тут, мы не спім недзе па той бок, і гэткім чынам кожны чалавек — гэта два чалавекі”. Гэткая тэма разглядаецца як цэнтральная або пабочная (але істотная) у такіх тэкстах аргентынскага аўтара, як Форма шаблі (Вымыслы), Тэма здрадніка і героя (Вымыслы), Канец (Вымыслы), Тэолагі (Алеф), Біяграфія Тадэа Ісідора Круса (Алеф), Другая смерць (Алеф), Другі (Кніга з пяску).
Закончу гэты фрагментарны і павярхоўны агляд першага беларускамоўнага зборніка Борхеса (я наўмысна не згадаў тут ні словам такія хрэстаматыйныя тэксты, як Вавілонская бібліятэка, П’ер Менар, аўтар Дон Кіхота ці Эма Цунц, каб залішне не зацягваць уводзін) адной заўвагай агульнага характару.
Зборнікі Паведамленне Броўдзі і Кніга з пяску, калі параўнаць іх з Вымысламі і Алефам, выразна “менш фантастычныя”. У іх, па сутнасці, Борхес не прапануе новых “вымыслаў”, цытатаў з няісных кніг ці няісных аўтараў, нечаканых інтэрпрэтацый старажытных міфаў і рэлігійных дактрын або гульняў з падвойнымі ідэнтычнасцямі. Нарацыя ў гэтых зборніках мае наогул “традыцыйны” і “рэалістычны” характар, у аповедах няма прыхаванага другога ці трэцяга дна, а месцам дзеяння найчасцей выступае рэальная Аргентына, а не ілюзорна-міфічныя “Тлён” ці “Вавілон” — і то ня толькі тады, калі Борхес распавядае нам пра аргентынскіх пастухоў-гаўча і гарадскіх бандытаў ды іх нажавыя бойкі, але і прапануе гісторыю ў духу Г. Ф. Лаўкрафта (There are more things у Кнізе з пяску). Тым не менш гэтыя зборнікі трэба безумоўна залічыць да “борхесаўскага канону”, бо ў іх беспамылкова распазнаецца рука таго самага майстра, што і ў Вымыслах, аднаго з найбольш адметных стылістаў іспанскай мовы.
Стыль Борхеса можна акрэсьліць эпітэтамі “празрысты”, “ясны”, “неназойлівы”, “незаўважны” — і пры ўсім гэтым ён яшчэ “дакладны”, “выразны”, “даходлівы”. Моўная скрупулёзнасць майго сябра Сяргея Шупы зрабіла выдатную справу якраз для Борхеса. Беларускамоўны Борхес не менш “празрысты”, “незаўважны”, “дакладны” і “даходлівы”, чым іспанскамоўны. Я падазраю, што нават больш — то бок, па ўсёй відавочнасці, мы тут можам мець дачыненне з выпадкам, які Борхес некалі акрэсліў выразам el original es infiel a la traducción. Я асабіста не сумняваюся, што чытач ацэніць самым належным чынам старанні беларускага перакладніка.
*
Прыгадваецца, як калісьці-калісьці, гадоў трыццаць з гакам таму, мы з Сяргеем сядзелі ў цягніку з Беластоку ў Варшаву (хаця не выключаю, што гэта быў цягнік з Вільні ў Мінск), і снілі на яве наш сон пра тое, як будзем ператвараць савецкую Беларусь у беларускі Тлён. Сяргей трымаў у руках Борхесаў трохтомнік Obras completas (Emecé, Buenos Aires 1989) і казаў, што перакладзе яго цалкам, як толькі ўправіцца з некаторым бягучымі клопатамі і заняткамі, якіх у той час была ў яго процьма з лішкам (як, дарэчы, і ў мяне — нам абодвум і нашым сем’ям катастрафічна не хапала сродкаў для жыцця). Мы тады гаварылі не толькі пра Борхеса, але і пра іншых дзядзькоў, якіх раней чыталі і якія нам спадабаліся настолькі, што палічылі іх вартымі грамадзянства ў беларускім Тлёне: Канстанцінаса Кавафіса, Лорэнса Дарэла, Бруна Шульца, Габрыэла Гарсія Маркеса, Фрыдэберта Тугласа, Патрыка Мадыяно, Патрыка Уайта... Як мне сёння думаецца, гэты ўспамін пра даўні сон усё яшчэ вярэдзіць душу майго сябра, хоць ён, як і я, ужо перастаў верыць у тое, што магчыма матэрыялізаваць гэтую колішнюю мрою. Тым не менш, мы не здаемся і далей вырабляем тлёнаўскія hrönir’ы.
Прага, снежань 2024
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=165 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
There are more things in heaven and earth...
Для друку / Чытальня

Ваш водгук