Я хацела б быць празрыстасцю
***
Раней любіла толькі
дождж
і праклінала снег.
Маўляў, дождж
самы шчыры,
усім вядома, чаго ад яго чакаць.
А снег хлусіць.
Ціпа такі прыгожанькі:
"Паглядзіце, якія цудоўныя формы сняжынак!".
А ты са сваiмi гарачымi рукамi
iдзеш з iм на кантакт –
i ён ператвараецца
ў халодную брыдкую вадкасць.
Але ведаеш,
прынамсі ён мне зразумелы.
Іначай
быў бы дарэмным
курс фізікі
за шосты клас.
***
сёлета вясна пачалася ў снежні.
прынамсі даляцела
да нявызначанага па парадку неба –
межы сцерліся ад частага перасячэння, –
дзе я заўсёды піла зараннія кісялі,
махала нагою,
чакала, пакуль паштальён на аднарозе
ўпрэ мне ў рукі бандэроль
і скажа: "Ваша шчасце. Падпішыцеся, калі ласка",
і неяк у чаканні заснула.
я не ведаю, колькі міма праходзіла табараў,
і колькі яны забралі маіх брудных кубачкаў,
і што па руцэ мне наваражылі,
пакуль я шчэ недзе вышэй лятала.
але цяпер мяне
разбудзіла
вясна,
што чамусьці
так доўга
блудзіла.
***
я хацела б быць
празрыстасцю,
павевам ветру,
каб праходзіць скрозь людзей,
забіраючы іх чорныя плямы з сабою.
але гэта – метад дзеяння Бога.
я ж –
створаны маімі ж рукамі
ідал,
перад якім стаяць
мае ж калені.
***
Снежыць.
Давайце, белыя восы,
Зрабіце мяне моцнай.
Джальце ў твар проста,
Каб ваш яд востры
Разліўся па целе,
Дайшоў да сэрца
І каб стала яно сталёвым.
Гэта цяпер стылёва?
***
Не за ягоныя рэбраў краты
Мяне пасадзілі
Падумаць над сваімі паводзінамі.
На гэты раз я верхняе рабро
Трохкутнага кола,
Праз якое яшчэ невядома,
Ці стане каню лягчэй,
Калі я злезу з воза.
Маладосць
Маладосць –
сама па сабе антонім:
мала – досыць.
Малако цёплае на
дасціпных вуснах.
Маланка перад
досвіткам ціхім.
Малітва малпінымі скокамі.
Дасягненне ў недасведчанасці.
Малінавым колерам пафарбаваная
дашчатая скрыпучая падлога.
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=157 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Я хацела б быць празрыстасцю
Для друку / Чытальня