Літаратура.org » Чытальня » Ян Максімюк, Улюбёная паэзія з Падляшша

Улюбёная паэзія з Падляшша

Ян Максімюк

Калі нараджаецца літаратура, на самым пачатку зьяўляюцца вершы. Не іначай было і з нараджэньнем беларускай літаратуры на Падляшшы пасьля Другой сусьветнай вайны. Спачатку зьявіліся паэты. А з празаікамі доўгі час была няўвязка. Адзіным сапраўдным празаікам сярод беларусаў ажно да канца камуністычнай Польшчы лічыўся Сакрат Яновіч. Потым, у 1990-х, вартую ўвагі прозу па-беларуску сталі пісаць Міра Лукша і Міхась Андрасюк з малодшага пісьменьніцкага пакаленьня. Сёньня Лукша і Андрасюк — ужо старэйшае пакаленьне, а малодшага, прынамсі што тычыцца прозы, сярод падляскіх беларусаў не відаць. Пра спадчыну Сакрата Яновіча мне ўжо даводзілася пісаць нейкі час таму. Нядаўна я напісаў і пра прозу Міхася Андрасюка. А сёньня хачу прыгадаць пяць паэтычных зборнікаў пяці падляскіх паэтаў, якія мне падаюцца найбольш паказальнымі і вартаснымі для беларускай літаратуры ў Польшчы.


1. Алесь Барскі, «Жнівень слоў», 1967.

Алесь Барскі (літаратурны псэўданім Аляксандра Баршчэўскага) — адзіны беларускі паэт у Польшчы, які даводзіў прыхільніц паэтычнага слова да стану паэтычнага экстазу. На ўласныя вочы я гэтага ні разу ня бачыў, але столькі разоў чуў расповеды пра тое, як беларусачкі-ліцэісткі трымцелі і млелі на аўтарскіх сустрэчах з Алесем Барскім, што ўрэшце сам цьвёрда ў гэта паверыў. «Жнівень слоў» з 1967 году — па сутнасьці, першы паэтычны зборнік з Падляшша, які ня сорамна паказаць нашым суродзічам у РБ і сёньня. У гэтай паэтычнай паводцы — у зборніку больш за паўтары сотні вершаў — ёсьць жменя такіх, якія файна чытаюцца і праз паўстагодзьдзя пасьля іх напісаньня, падкупляючы сьвежасьцю, фармальнай раскаванасьцю і, так сказаць, спантанным антыінтэлектуалізмам. Вось, прыкладам, верш з самага пачатку:

Народнасьць з мадэрнам
сварыцца ня 
мусяць —
ў 
паэзіі месца хапае.
Тут стылі, як 
ветры
ў 
лугах Беларусі,
ад 
краю
да 
краю шугаюць.
Выбірай сабе стыль,
выбірай сабе крылы:
адно крыло —
вершы у 
рыфмах закованы,
другое 
— мадэрнам распушчаны,
як 
птушкі вольныя ў пушчы.
Растуць ва 
мне словы,
як 
зерне ў калосьсі,
ссыпаюцца ціха ў 
чырвоную восень.

Алесь Барскі працягваў пісаць у падобным стылі і тады, калі яму было 40 і 50 гадоў, але пазьней чары зь ягонай паэзіі кудысьці выпарыліся. Нельга, мабыць, увесь час быць безадказна маладым і шматслоўным. У сталым веку паэту трэба яшчэ думка і стрыманасьць. Але гэта не дакор з майго боку. Некаторыя кажуць, што кожны паэт насамрэч пакідае пасьля сябе ня болей за пяць-шэсьць вершаў, вартых увагі наступных пакаленьняў. Калі так, дык я думаю, што ўсе такія вершы Алеся Барскага можна знайсьці якраз у ягоным «Жніўні слоў». Магчыма, гэта адзін зь іх:

Чаму я тут,
а 
дрэва там,
я 
ў пыле,
а 
яно ў блакіце?
Тут шчасьце
можа толькі быць
дадаткам да 
бяды
і 
больш нічога,
таму шкада,
шкада да 
сьлёз
былога
.


2. Ян Чыквін, «Крэйдавае кола», 2002.

Паэт Ян Чыквін — як добрае віно: чым старэйшы, тым лепшы. «Крэйдавае кола» — ягоны сёмы і, калі я не памыляюся, пакуль што апошні зборнік вершаў. Ён, па-мойму, лепшы за ўсе папярэднія. Вось першы верш у зборніку, які няблага ўводзіць у атмасфэру Чыквінавай паэзіі:

Серабрыцца лісьце бярозы
Пад шаўковым ветрыкам жніўня.
Замыкаецца кола лёсу,
Замяняецца кроў у
 вадзіцу.

Захлынаецца тайнаю сэрца.
А 
што сэрца! Й душа халоне.
Нідзе не 
ўцячы, хоць ірвесься
З 
палону ў абдымкі іншай пагоні.

Ніхто не 
заве. І ня будзе клікаць —
Як 
срэбны вецер кліча бярозы!
Жыцьцём здарылася быць невялікім
Як 
бы ў прамежку чужога лёсу.

Ян Чыквін пачаў свой творчы шлях як паэт думкі і рэфлексіі, але зь цягам часу штораз больш аддаляўся ад інтэлектуалізму і падыходзіў да залатой сярэдзіны, у якой думка і рэфлексія шыфраваліся і ахутваліся празрыстымі, чыстымі — так і хочацца тут сказаць: клясычнымі — вобразамі падляскай прыроды і рэчаіснасьці. Ян Чыквін з усіх беларускіх паэтаў у Польшчы — найбольш адказны за словы. Піша ён асьцярожна і ашчадна. І гэтыя адказныя асьцярожнасьць ды ашчаднасьць часам нараджаюць сапраўдныя пэрліны:

Даўно нежывы бацька полем ідзе.
Ён
 арэ.
Ён 
і плуг.
Ён 
і скіба ральлі, і зерне,
І 
водсьвет далёкага раю.
Вочы, якімі ён 
глядзіць на сьвет,
Тыя самыя вочы, што яго сузіраюць.
Аўсу бацька ўзяў у 
радно
Ды 
сее той бок, дзе вечнасьць даўно.


3. Надзея Артымовіч, «Сэзон у белых пэйзажах», 1990.

Паэзія Надзеі Артымовіч адрозьніваецца ад сучаснай ёй беларускай вершатворчасьці ня менш, чым карціны Джорджа дэ Кірыка адрозьніваюцца ад карцін Міхаіла Савіцкага. Або, яшчэ іначай — ня менш, чым проза Франца Кафкі адрозьніваецца ад прозы Івана Мележа. Цяжка адназначна вырашыць, на якой глебе ўзрасталі яе незвычайныя вершы, але ж напэўна не на той, на якой узрасталі і ўзрастаюць вершы ў Беларусі. Надзея Артымовіч — «падляскі Янка Юхнавец», нехта настолькі арыгінальны і непаўторны, што ключы да яе паэзіі мы будзем падбіраць яшчэ доўгія гады.

берагамі неспакою ўваходжу ў бязвокі гушчар
на 
небе расплываецца пах азёрнай пасьцелі
поўнач кідае хараство на 
цяжкую расу
шукаю цябе парой залатых паміраючых пяскоў
клічу жывы вецер у 
цёмным шуме зраненага лесу
гляджу на 
разьбітыя вазы сярод чужых каляін
і 
вось Ты — мой сон у баязьлівых руках
кранае сталы цішыні пад уваскрэслымі дажджамі
мы 
побач — плывем у хворым подыху кароткага сьвятла
на 
малых параходах згасае наша песьня

 
пэйзаж родзіцца ў трэцім маўчаньні

Вось прыклад тых неспакойных краявідаў, у якіх жыве ўяўленьне паэткі зь Бельску — гораду, які, як яна напісала ў іншым вершы са зборніка «Сэзон у белых пэйзажах», зьяўляецца для яе «іконай малітвай сном жыцьцём». Сьвет-сон Надзеі Артымовіч — гэта нешта на ўскраіне невымоўнай катастрофы, на ўскраіне мэтафізычнага жаху, ня мяжы зь Іншым. Магчыма, ня варта шукаць рацыяналізацыі яе трывожных радкоў, як гэта памкнуўся зрабіць Алесь Разанаў у кніжыцы «Дзьверы» з 1994 году, у якой, побач зь вершамі Артымовіч, зьмешчаныя ягоныя паэтычна-філязофскія камэнтары да іх. Кожны камэнтар, нават разанаўскі, непазьбежна нешта спрашчае, падганяе пад шаблён, спрабуе прыбіць трапяткое цела верша да крыжа інтэрпрэтацыі. А верш Артымовіч — ён яшчэ і крыж, і сам акт укрыжаваньня:

разглядаюся
пульсуюць вуліцы
сьвятло ў
 сутаргах
непатрэбнасьць у 
маіх руках
у 
мяне
няпрошаныя нявыйграныя дні
і 
мой голас дзікі
таксама непатрэбны
пяскі ляцяць у 
даль
зоры ў 
пажарах

рака нясе мяне ў 
вір...

Калі ў 1990 годзе я дапамагаў Надзеі скласьці гэты зборнік, мы поўзалі на каленях у яе кватэры ў Бельску — дзе яна па ўсёй падлозе параскідвала свае тэксты на белых аркушах паперы — вылоўлівалі той ці іншы верш і чыталі яго ўголас, спрабуючы ўхапіць рэха ад белых сьценаў і забеленай падлогі. Загаловак для яе зборніка зьявіўся сам сабою...


4. Міра Лукша, «Ёсьць», 1994.

Калі Міра Лукша папрасіла мяне скласьці і адрэдагаваць гэты паэтычны зборнік, я быў далёкі ад захапленьня. Вершы і апавяданьні, якія Міра публікавала да таго часу ў «Ніве», дзе мы батрачылі журналістамі, былі не з маёй чытацкай парафіі — пра наш вясковы апакаліпсіс ды нашых алькаголікаў, пра прыроду, сум з журбою ды іншую эфэмэрыю. Я адразу папярэдзіў, што як мінімум палову сьпісанай паперы, якую яна мне ўручыла, я напэўна выкіну ў сьмецьце. Так я і зрабіў, але калі стаў чытаць другую палову — ахнуў. Там было нешта, real things:

Чуйныя рэчы з абвостраным слыхам
Моўчкі сукаюць ніць выпадковасьці.
Крэсла здранцьвелую ножку прастуе.
Стол ад 
абразы сьцяўся сукамі.
Пячорным дыхам склеп адрыгнуўся.
Мяса з 
зубоў калупае відэлец.
Парог абціраецца з 
пылу абутку.

Ідзі ад 
рэчаў, бо выйдуць самі.
Выйдуць з 
імёнаў, як з краявіду.

Гэты верш носіць загаловак «Рэчы непаспалітыя». А за ім у зборніку ідуць кароценькія вершыкі з такімі назвамі, як «гузік», «конік», «крэсла», «бутэлька»... Гэта быў аповед пра Іншы Сьвет, у які нам не дадзена пранікнуць; аповед пра Рэчы, то бок, пра адзіную форму вечнасьці ў гэтым жыцьці, да якой мы можам зьлёгку дакрануцца...

рэч жыве
ў
 сваёй вечнасьці
а 
не ў тваім слове

— напісала Міра Лукша, і як было зь ёю не пагадзіцца? Я ахаў і ахаў...

Карацей, у нас атрымаўся вельмі малааб’ёмны, малатыражны і малавядомы зборнік, які павінен быў стаць настольным чытаньнем кожнага беларускага паэта-пачаткоўца і паэта-канчаткоўца, ня кажучы пра літаратурнага крытыка. Калі так ня сталася, дык віна тут не на нашым падляскім баку, сябры...


5. Зоя Сачко, «Шчэ одна вэсна», 1995.

Адзін з найлепшых зборнікаў беларускай паэзіі ў Польшчы ўзьнік на падляскай гаворцы вёскі Волька (Vôlka) каля Бельску, у якой нарадзілася Зоя (Зося) Сачко — асоба настолькі загадкавая (ці, можа, сьціплая), што ў інтэрнэце наўрад ці знойдзецца хоць адна яе фатаграфія, ня кажучы ўжо пра артыкул у Вікіпэдыі ці хоць бы нейкую анатацыю зь біяграфічнымі зьвесткамі. Тут я адсканаваў тэхнічна не найлепшую рэпрадукцыю фоткі паэткі, якая адшукалася ў яе зборніку «Над днём похіляна» з 1991 году.

Пра тое, што на Беласточчыне ўзьнікае паэзія на падляскай мове, у Беларусі, мабыць, і ня ведаюць. Сарамлівая тэма, відаць — як для беларускіх журналістаў у Беластоку, так і ў Менску. Чаму?

Згаданы зборнік «Над днём похіляна» — гэта экзыстэнцыяльны аповед пра жаночае жыцьцё ў невялікім падляскім гарадку, у якім лірычная гераіня спрабуе змагацца са сваім лёсам, не губляючы тоненькай нітачкі сэнсу. Гэта паэзія буднага дня, са шчымлівай правінцыйнай інтанацыяй, якой са сьвечкай шукаць у вершах made in the Republic of Belarus.

А вось «Шчэ одна вэсна» — гэта элегія на сьмерць нашай падляскай вёскі, непаўторнай, паўразваленай, паўпустой. Вершы, большасьць якіх паэтка напісала пасьля сьмерці бацькі, спрабуюць паскладаць мазаіку з аскялепкаў колішняга раю, у якім цяпер «цені гуляюць у карты ў самы поўдзень»:

Na nasiênie zemla žde
vinkam
by cvisti v horôdciach
k
ôlko soku v starôj berozi
 napojit
puv mertvoho seła
pta
ški pryletiat
na
ładiat hniêzda
ti
êni vsiadutsia na łavočkach
v samo
południe
rozkinut
karty

У Вольцы, гэтым незваротна страчаным і апусьцелым раі, цяпер ужо няма каму «пільнаваць дажджу» і «выглядваць надвор’я»:

Jak zacvite v siôm rokovi bez
 Tato
Tato
jak
vže ne bačat joho
Va
šy očy
prydetsia
i nam
divitisia
ne tak
a vinohrad
na našuj chati
my 
ž joho razom dohledali
horod
zasadim šče
no bude
pusto
nichto
došču nam ne vpilnuje
pohodu
vyhledati nema komu

Ды ўсё ж зборнік не пакідае па сабе ні пачуцьця безвыходнасьці, ні адчаю ці тугі па прамінулым сьвеце. Наш сьвет сваё аджыў, але засталася песьня:

Vsio skazane
i znaje
š jak žyti:
v spekotu
vodu čerpajut
v syroje
liêto vyhledajut soncia
idi
prosto v deń
projdi
nezamiêtno
chaj
lepi piêsnia zvučyt
a muzykanta
ne znajut

У Вольцы каля Бельску нарадзілася ня толькі паэтка Зоя Сачко, але і Міхал Баброўскі, найвыдатнейшы беларускі славіст ХІХ стагодзьдзя. Усё павярнулася ня так і блага, калі добра падумаць...

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=143 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Улюбёная паэзія з Падляшша

Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня