Халал
Салка. І зноў, трошкі пазней – Салка. Я паўтараю, каб не забыцца, бо там, дзе я цяпер, лёгка забываецца. Усё. Нават імя, пад якім мяне зналі. Я ўсё думаю, бедны, што мяне больш разоў у жыцці паклікалі Салкам, чым на мяне ўпала кропляў дажджу, але ж вось, усё роўна, магу й забыцца. А калі забудуся, тады я прапаў. І не буду ведаць, што сказаць тым, хто аднойчы прыйдзе па мяне. А яны мусяць прыйсці, бо яшчэ ніколі нікога так не пакідалі. Прынамсі, наколькі я ведаю, а мне здаецца, што я ведаю нямала. Вы не будзеце сердаваць, калі я, перш чым яны з’явяцца, яшчэ некалькі разоў паўтару сваё імя. Я ведаю, што вы яго запомнілі, але было б нядобра, каб я яго забыўся. Як я ім тады скажу, што я зрабіў і чаму тут ляжу.
А ляжу я на ТрэбэвічыТрэбэвіч – горны масіў на паўднёвы ўсход ад Сараева, найвышэйшая вяршыня – 1627 м., трошкі ніжэй за «Першы Шумар»«Першы шумар» – дом адпачынку і база зімовага спорту на Трэбэвічы.. Часам міма праходзяць дзеці, калі са школай ідуць на экскурсію. Калі трапіцца нейкі гарэзлівы свавольнік ці калі настаўніца недагледзіць, дык нехта часам саступіць са сцежкі і наступіць на мяне. Я не сярдую, чаго сердаваць на дзіця, але мне робіцца сумна. І я думаю: паглядзі ты на гэтага малога, зусім як мой Файка, ідзе куды не трэба, робіць што не трэба. Дай Божа, каб маці яму нарадзіла брата, бо калі не, зазнае ён у жыцці гора.
Але мой Файка не такі, як пра яго кажуць. І не забыўся ён пра мяне, а падмазаў дырэктара могілак, і мне на БарахБары – могілкі на поўначы Сараева. паставілі надгробак. У магіле нікога няма, проста ўначы навалілі камення ў пустую труну, каб нехта не засумняваўся, а праз паўгода паставілі каменны надгробак. Чорны. Такі ўжо Файка, хоча, каб брат у яго быў не такі, як усе. Сярод тысячы белых надгробкаў на Барах няма і дзесяці чорных. Адзін з іх мой. Над магілай, поўнай камення.
Салка. Мяне так назвалі па дзядзьку, які памёр малады. Ён быў добры, сярод людзей трымаўся парадку, а перад Богам быў меншы за прасяное зярнятка. У мячэці ніколі не быў у першым радзе, заўсёды пускаў іншых наперад, а яму ўжо, што застанецца. Толькі аднойчы яму кроў пайшла з рота і не хацела спыняцца. Кажуць, ён глядзеў, каб кроў не пралілася на кілімы. Яго больш засмучала, што сапсуе сваім нядзельны дзень, чым што сам развітаецца з жыццём. Так казалі пра дзядзьку Салку. Мне далі ягонае імя, каб я быў падобны да яго.
А ці я да яго падобны, не мне судзіць. Хай пра тое людзі скажуць.
***
Маё імя – Ісмэт Чаякавіч, але ўсе завуць мяне Ісма. Я прыехаў сюды з Мостару ў пяцьдзясят сёмым, калі мне толькі споўнілася дваццаць, а гаварыў я расцягваючы, як расцягваюць у нас здавён-даўна, і не мог выносіць гэтае сараеўскае – Ісмэт, Ісмооо! Тое ооо... мне, браце, было, як бы мяне называлі Гаўнооо. Таму я кожнаму ад пачатку казаў, што я Ісма. Так, ім было дзіўна, але яны прызвычаіліся, і так мяне да сёння ніхто інакш не называе. Думаю, што я – адзіны Ісма ва ўсюткім Сараеве. Напішы на капэрце, і кожны паштар знойдзе мяне па гэтым імені.
А Салку я знаў яшчэ калі ён быў вось такусенькі. Тонкія вусны, вялікія чорныя вочы, а тварам бледны, быццам яму ніколі не свяціла сонца. Такі ён быў ад маленства. З іншымі дзецьмі не сябраваў, дый дарослыя не надта каб яго любілі. Ведаеш, гэта калі раптам улетку лупяне дождж, жанчыны выбягаюць здымаць бялізну, а мужчыны хапаюць дзятву і закідаюць у хату. Салка заставаўся апошні, быццам невялікая шкода, калі й прамокне. Цяжка казаць, але мне здаецца, што й роднай маці ён быў нямілы. Яна заўсёды больш завіхалася вакол ягонага брата і сястры, не спала над імі ноч, калі расхварэюцца, цікавілася, як у іх справы ў школе. А Салка быў для яе неяк між іншым. Каб не было гэтак, можа у іх усё й выйшла б на добрае. А можа й не.
Калі трэба было пасля восьмага класа вырашаць, ці канчаць сярэднюю школуСярэдняя школа – у югаслаўскай сістэме адукацыі школа, дзе вучацца пасля заканчэння 8 класаў «асноўнай школы», гэта можа быць гімназія або сярэдняя спецыяльная школа., Салка сказаў, што ён не хоча. Маці паціснула плячыма, бацьку было ўсё роўна. Хай Файка і Санэла выб’юцца на добрую дарогу, а ўжо пасля нешта вырашыцца і з малодшым. У тым часе Файка заканчваў гімназію, а сястра толькі што паступіла на эканамічны факультэт. Стары быў задаволены, прадпрыемства стаяла на добрай назе, ён быў намеснік дырэктара, будавалася лецішча ў ПодацыПодаца – курортная мясцовасць на Макарскай Рыўеры., і, здавалася, не было нічога, што прадвяшчала б нешта нядобрае. Я не ўпэўнены, ці ён калі-небудзь пытаўся ў Салкі, што той будзе рабіць, калі не пойдзе далей у школу.
Прайшоў першы год, а Салку ніхто не бачыў і не чуў. Пройдзе па вуліцы, ветліва павітаецца, але ні з кім не пагаворыць, дык ніхто й не ведаў, куды ён ідзе і што робіць. Ну хай сабе суседзі не ведалі, а то ж не ведалі й бацька з маці. Аж пакуль на другі год, у верасні, якраз калі дзеці пайшлі ў школу, да старога Асманавіча не прыйшлі ў канцылярыю таварышы з камітэта.
Што здарылася?
Нічога! кажуць таварышы.
Дык а чаго вы прыйшлі?
А што ж нам не прыйсці як партыйцам да партыйца? Ці табе непрыемна нас бачыць?
Прыемна, чаму ж не прыемна...
Калі не маеш часу, можам іншым разам зайсці. Сёння пятніца, дык ты, можа, спяшаешся. Мог бы на малітву спазніцца.
У першае імгненне стары Асманавіч падумаў, што таварышы жартуюць, і таму згадалі пра пятнічную малітву. Ён засмяяўся, але яны заставаліся сур’ёзныя. Толькі глядзяць на яго, паклаўшы нагу на нагу, сёрбаюць каву, а твары гідлівыя, нібы ім насцалі ў тую каву. Яго нібы варам апякло.
Дзе твой сын? спыталіся таварышы.
Ды дзе ж, ва ўніверсітэце, дзе ж яшчэ. Філасофія! – хацеў пахваліцца ён.
Не гэты сын, а той другі. Дзе ён?
А, Салка... Салка дома.
Медрэсэ для цябе – дом? Калі табе медрэсэ – дом, дык што табе тады Партыя?
Вось так сусед Асманавіч даведаўся, што ягоны сын патаемна паступіў у рэлігійную школу. Як Салка здолеў паступіць без ведама і згоды бацькоў, засталося назаўсёды невядомым, але людзі казалі рознае. Што яму даў рэкамендацыю адзін ходжа і падсунуў фальшывыя подпісы і што пасля за гэта трапіў у турму. Што брат старога Асманавіча схлусіў, нібыта Салка ягоны сын. Што Салка схлусіў, нібыта бацькі ў яго загінулі ў аўтамабільнай катастрофе, і таму прывёў нейкага чалавека за апекуна... Рознае казалі, заўсёды рознае кажуць, а мая справа заўсёды была слухаць. Калі трэба нешта сказаць, я шпарну жарт, нейкае мостарскае шалапуцтва, бо не хацеў бы, каб мяне зашмат чулі. Не мая справа судзіць, як было і чаму было так, як было. Але са спакойнай душой я магу сёння казаць, што мне не шкада ні бацькі, ні сына. Мне шкада сям’і. Яны не заслужылі, каб з імі такое здарылася. Былі добрыя суседзі.
***
Салка. Паводле імя можна было б сказаць, што я маляр або сантэхнік. Кожнага другога маляра ў Сараеве завуць Салка. Можа, і я мог бы стаць, але не захацеў. Я шмат думаў пра гэта ў першыя дні ў медрэсэ. Вакол былі Мэхмэд, Абдула, Джэмалудзін, яшчэ адзін Мэхмэд, Мустафа, Джавід, і яшчэ Шахсівар – прыехаў са Скопля, Ісмэт з Ніша, Абдулфэтах, Дэрвіш... Усё нейкія імёны, якімі цябе назавуць пры нараджэнні, а пасля ты мусіш іх заслужыць перад Богам. А хіба хоць аднаго хафізаХафіз – мусульманін, які ведае на памяць увесь Каран. або вучонага калі-небудзь звалі Салка. Я думаў, што не, што так завуцца толькі маляры і сантэхнікі. Пасля я зразумеў, што імя бывае такім, якім яго носіш. Я – Салка. Саліх значыць добры. А вялікі Алах ведае, быў я добры ці не. Ён усё бачыць і не забыўся пра мяне, ён ведае, чаму так доўга нікога па мяне не прысылае.
У той дзень я вярнуўся з медрэсэ, а бацька сядзіць за сталом і маўчыць. Было каля паўдня, ён мусіў быць на працы, але я ведаў, чаму ён тут, чаму паблізу няма маці і чаму ён маўчыць. Я стаяў перад ім і не баяўся. Толькі мне здавалася, што я завялікі побач з ім, калі я стаю, а ён сядзіць, яшчэ падумае, што я задзіраю нос, а я не хацеў задзіраць нос. Я нікому, і бацьку таксама, не рабіў нічога назло.
Таму я сеў на крэсла насупраць. Ён запаліў цыгарэту і пусціў дым у вышыню, недзе пад люстру. Ён заставаўся ў гальштуку і нават не расшпіліў верхні гузік у кашулі. Іншыя гэтак рабілі, але ён – не. Ён хацеў быць акуратны, каб яго работнікі ім ганарыліся. На ім быў шэры гарнітур, які ён часам чаргаваў з зялёным. Калі маці адзін занясе ў хімчыстку, ён надзявае другі. Каб заўсёды быць акуратным. Вось, у той дзень ён надзеў шэры. А на штрыфлі быў залаты значок з Цітавым подпісам.
Я ўгледзеўся ў той значок, і раптам мне захацелася заплакаць. Кажуць, у кожнага чалавека, нават у святых, у жыцці бывае момант, калі сумняваешся ў Богу і горка раскайваешся, што згадзіўся быць Ягоным сведкам. Каталікі вучаць, што й прарок ІсаПрарок Іса – мусульманскі «тытул» Ісуса Хрыста. аднойчы засумняваўся. Я веру, што гэта так. Я сам, прызнаюся перад людзьмі, а прызнáюся і перад Ім, засумняваўся ў літасцівым Алаху, калі ўглядаўся ў Цітаў значок на бацькавым штрыфлі. Я бачыў, як ён стаіць перад люстэркам ў калідоры і прымяраецца, дзе яго пачапіць, трошкі вышэй ці трошкі ніжэй, пасярэдзіне ці збоку, прымяраецца мой стары, дзе значок будзе найлепш сядзець. А калі выйдзе з дому, той значок кажа ўсё, што трэба, тым, каму Алах не даў розуму і таленту чытаць з чалавечых вачэй. Тым, хто не ведае, што мой бацька – добры чалавек і што ўсё ў жыцці рабіў з свае дабрыні – уступіў у Партыю, удзельнічаў у маладзёжных будоўлях, збіраў рабочыя саветы, змагаўся ў парткоме за лепшыя заробкі – пра ўсё гэта кажа значок з Цітавым подпісам. Грэх верыць у ідалаў, насіць значкі, якія не ад веры, грэх шукаць большага Бога, чым адзін і адзіны, але я ведаў, што мой бацька ў сэрцы не робіць граху, і таму мне захацелася заплакаць. Пасля таго, як стала вядома, што я вучуся ў медрэсэ – а стала, бо інакш бы ён цяпер не сядзеў, не маўчаў і не курыў – я разбурыў усё, што ён будаваў у жыцці. Ён больш не будзе і той значок насіць так, як насіў раней. Узняўшы галаву і трошкі выпнуўшы левы бок, той, на якім яму падпісаўся Ціта, мой бацька ніколі больш не будзе горда ісці наперад, як Марыян БэнэшМарыян Бэнэш – легендарны югаслаўскі баксёр..
Калі ён заўважыў, што я гляджу на значок, у яго толькі вочы звузіліся, цяпер яны былі падобныя на дзве байніцы ў бункеры, і я ведаў, што ў такія хвіліны ён мяне ненавідзіць. Ён думаў, што я адчуваю сябе пераможцам, ён не бачыў слёз у маіх вачах, яму было занадта цяжка, каб нешта бачыць. Мне захацелася, каб ён мяне ўдарыў, уляпіў поўху, схапіў крэсла і забіў мяне на месцы. Мне было б лягчэй. Але бацька зняў значок са штрыфля, павольна, без ніякага спеху, і пачаў засоўваць тую іголку сабе пад пазногаць. І не пікнуў, ніводзін мускул не зварухнуўся ў яго на твары, ён праткнуў палец наскрозь, пакуль Цітаў подпіс не з’явіўся наверсе пазногця.
Вось так, сынку! сказаў ён, устаў і пайшоў.
Я застаўся сядзець, ногі ў мяне дрыжалі, калені біліся аб бок стала, і чулася, як у шуфлядцы звіняць нажы й відэльцы. Я падумаў, што мы ніколі больш не будзем разам абедаць і што мой стары ніколі перада мной не разрэжа кавун. З другога пакою пачуўся жаночы крык. Я не пазнаў голас, але ведаў, што гэта быў не матчын.
***
Маё імя не Вера, а Мунэвера, але я так назвала сваю цырульню, бо так карацей. Дый гучыць лепей – Вера. Хто б стрыгся ў салоне Мунэвера! Жанчыны думалі б, што гэта нейкая бабка-суседка, да якой прыходзяць на каву пагаварыць, а я, даражэнькі спадар, вучылася на цырульніцу ў Заграбе. І таму таксама лепш, каб салон зваўся Вера. Як Вера НікалічВера Нікаліч – югаслаўская бягуння (5‑е месца на алімпіядзе ў Мюнхене, 1972).. Але сёння мне на халеру не патрэбны ні салон, ні кліенты, я ўсё абліла б бянзінам і падпаліла б, дый сама згарэла б, каб толькі не думаць і не памятаць.
Я ні пра што не здагадвалася, аж да таго дня, як прыйшла да Хамдзіі – прынесла яму сыр і малако, што маці прыслала нам з Іліяшу, а мой Хамда стаіць ля дзвярэй і цяжка дыхае. Так, як дыхаюць людзі, пра якіх ведаеш, што хутка ўжо перастануць дыхаць, так, нібыта ў яго лёгкія прадзіравіліся і ён дарэмна хапае паветра, калі для яго паветра ўжо няма. Што здарылася? Нешта з Фікрэтай? У ягонай жонкі слабое сэрца, дык я думаю, не дай Божа, каб... Ён ледзь бачна павёў галавой, маўляў, не. Дык а што ж тады? Каб толькі Файка не разбіўся з машынай...
Тады я ўбачыла – у яго ля нагі стаіць котка. Ліжа кроў з лінолеўму. А тая кроў капае ў майго Хамды з пальца. У мяне закруцілася ў галаве, думаю, зараз самлею, і каб не самлець, ускрыкнула. Гэта заўсёды дапамагае. Як адчуеш, што зараз знепрытомнееш, тады, па-мойму, найлепш закрычаць. Адразу вернецца сіла і запрацуе галава.
А ён нічога, стаіць, прыхінуўся да люстэрка, ажно шкло прагнулася пад ягонай спінай, калі трэсне – вось табе сем гадоў няшчасця, дыхае і нічога не кажа. Я ўбегла ў гасцёўню, каб паглядзець, каму там нядобра ці хто там памёр, аж там – Салка! Сядзіць за сталом, як нічога ніякага.
Добры дзень, цёця, кажа.
Э, даражэнькі, які ж табе добры дзень! Пытаюся, што здарылася, што з ягоным бацькам. А Салка мне: Нічога, цёця, нічога!
Як сказаў ён гэта, мне ўсё стала ясна. Я і ў судзе казала. Няма ў яго ані гэтулькі сэрца, як у той коткі, што кроў лізала, я казала суддзю і на Салку паказвала, а яму хоць бы што. Толькі сядзіць, глядзіць перад сабой – калі й меў нейкі розум, дык тыя суры яму ўсё ў мазгах паблыталі. Я не супраць веры, Божа барані, я ведаю прыстойных людзей, што ходзяць у мячэць, дый сярод кліентак ёсць жанчыны, што моляцца ўсе пяць намазаў, маліліся б і шосты, калі б ім ходжа наказаў, ёсць і такія, што ў царкву ходзяць, усё прыстойныя жанчыны, добрыя кліенткі, я ніколі супраць іх слова не сказала б, ні супраць царквы або мячэці, але калі ўжо вера такая добрая, чаму ж яна Салку не адвяла ад зла, а наадварот да зла схіліла? Я ў вас пытаюся, а пыталася і ў суддзі. Але дарэмна, ён і сам не ведае, а толькі думае, што судзіць нешта. Насамрэч не судзіць нічога і нікога, тым больш не Салку, які спакойна сядзіць, нават далоні не спацеюць. Ягоная вера дала яму адно, што ў яго і страху ўжо няма. А што такое чалавек без страху? Акула! Вось што такое чалавек без страху.
Няма такога суду, што мог бы судзіць сына, які забіў бацьку. А ён не адзін раз ударыў яго сякерай, а больш за пяцьдзясят разоў. Столькі здолелі налічыць інспектары, а больш ужо не маглі. Ён біў сякерай майго Хамду, нібыта гэта нейкі пень у лесе, а не родны бацька. Няма такога суду, які мог бы яго за гэта пакараць. І калі ёсць Бог, дык нават і ён пасля такога ад людзей адвярнуўся б.
***
А брата майго завуць Файка. Гэта я дакладна не забуду. А мне й сваё імя лягчэй запомніць, бо гучыць складна з ягоным. Файка і Салка. Амаль што рыфма з народнай песні. Мой Файка быў добры. Калі б мяне, як мы былі дзецьмі, нехта ў школе ўдарыў, Файка адразу прыляцеў бы з верхняга паверху, дзе старэйшыя класы. І адразу пытаўся: Хто, каму звярнуць сківіцы? А калі я не хацеў казаць, хто на мяне напаў, ён пытаўся ў іншых, хапаў за горла, узнімаў вэрхал, бо братана пакрыўдзілі.
Мне гэта ўсё было непрыемна, бо білі й іншых, але ў іх не было старэйшых братоў, аднак я любіў яго такім, які ёсць. Калі нас у першым класе вадзілі на фільм «Бошка Блыха»Бошка Блыха – падлетак-партызан, адзін з сімвалаў Другой сусветнай вайны ў югаслаўскай ідэалогіі. У 1979 годзе аб ягоным жыцці быў зняты фільм., я ўвесь час казаў: Вось такі быў бы й мой Файка, калі б заўтра пачалася вайна! І калі які партызан узнікаў на экране, я зноў тое самае. Паявіцца СірагойнаСава Яванавіч Сірагойна – падлетак-партызан, Народны герой Югаславіі., а я зноў: Вось такі быў бы й мой Файка, калі б заўтра пачалася вайна! Таварышы смяяліся, але ніхто не наважваўся нічога сказаць. Баяліся Файку, хоць ведалі, што я ніколі яму не кажу, калі мяне хто чапае.
Але пасля таго, як Файка пайшоў у гімназію, пачаліся ў мяне чорныя дні. Кожны, хто раней яго баяўся, цяпер падыходзіў, каб хаця даць поўху. Кралі ў прыбіральшчыцы вядро, сцалі ў яго, пакуль не дастане да краёў, чакалі канца ўрокаў, калі я выйду на двор, а тады з акна вылівалі на мяне тыя сцулі. Вось так забаўляліся. Праўду сказаўшы, не ведаю, ці я на іх за гэта злаваўся. Ішоў дадому засцаны, сабакі вакол прынюхваліся, цыганяты затыкалі пальцамі насы, а я думаў, што вось я застаўся адзін, і мне хацелася плакаць. І так мне аднойчы падумалася пра Бога. Не ведаю як. Проста ўспомніў пра Яго, і мне зрабілася лягчэй. Я ведаў, што ні бацьку, ні маці нельга казаць пра гэта. Яны не сердавалі б і не сварыліся б, але я ведаў, як яны на мяне паглядзелі б. Як аднойчы калі мы ехалі на мора, а на ўзбочыне здыхаў сабака, якога збіла машына. Увесь правы бок раздушаны, лапы адрэзаныя, палова галавы разбіта, але сабачка спрабуе ўстаць. І не разумее, чаму не можа. Глядзіць на нас адзіным ацалелым вокам, і бачыш, як ён раздумвае, што важней: як найхутчэй устаць на ногі і пабегчы або памахаць нам хвастом, каб далі ежы. Я запомніў, як мой бацька глядзеў на таго сабаку. Вось так ён і на мяне паглядзеў бы, калі б я сказаў яму, як мяне асвяціла Божае святло.
Быў я Салка і застануся Салкам, пакуль не прыйдуць па мяне і не занясуць да Ягонага прастола. А пасля будзе як будзе. Не ведаю, або ўжо не памятаю, ці застаюцца ў раі людзі са сваімі імёнамі. Кажу, хоць не ведаю, ці варты я раю, але спадзяюся на гэта. А да той пары мушу памятаць, што я Салка, каб сказаць, калі ў мяне спытаюцца, бо ў мяне больш няма твару, і па твары мяне не пазнаюць. У страі было дванаццаць чалавек. Я пабачыў, перш чым мне завязалі вочы. Дзевяць пісталетаў з халастымі патронамі і тры з сапраўднымі. Тыя, што забіваюць, не ведаюць, што забілі яны. Ім сказалі страляць у сэрца, але адзін хацеў ведаць, ці ён заб’е, і страляў у галаву. А ў яго пісталеце напраўду быў баявы патрон. Я ляжаў і ясна чуў, як камандзір крычыць на народнага здрадніка, што стрэліў у галаву. Але ж і ён не ведаў, каторы з дванаццаці гэта зрабіў. Ведае толькі адзін чалавек. І ведае, чаму зрабіў гэта. Я яму прабачыў, хоць ён і нарабіў мне клопату, цяпер я мушу памятаць, што я Салка. Файкаў брат. Ён страляў мне ў твар не ад гневу ці злосці, а таму што ў сэрцы ў яго не было Бога, як бы той бог ні зваўся, бо іначай ён ведаў бы, што не чалавечая справа некаму помсціць. А адпомсціць ён хацеў таму, хто забіў роднага бацьку. Не ведаў ён, бядак, але даведаецца, калі прыйдзе час. А час прыходзіць кожнаму, дык і яму прыйдзе.
Чалавек не чыніць граху, калі прабачае. Ніколі. Абавязак чалавека – прабачаць і найгоршаму з найгоршых. Добрая справа даць прабачэнне, і радасць – прабачэнне прыняць. Я спадзяюся, што і мне бацька прабачыў, перш чым расстаўся з душою, што даў мне сваё камуністычнае прабачэнне за тое, што больш не мог насіць значок з Цітавым подпісам, як насіў раней. Я – Салка, і мне патрэбнае ягонае прабачэнне нават тут, дзе я цяпер ёсць або мяне няма, бо без гэтага я буду як наліты свінцом, і будзе вялікая пакута тым, што мяне без людскога прабачэння панясуць угару.
***
Я брат ягоны і адрачыся ад яго не магу. У мяне чатыры сыны, і калі будзе пяты, дык будзе звацца Салка. І хай усе ведаюць, па кім ён так завецца. Маё права назваць дзіця так, як я жадаю, і хай ужо застанецца маёй справай, чаму я дам яму братава імя. Што каму да таго? Суд судзіў і прысудзіў, цяпер з гэтым скончана назаўсёды, а родным і сваякам, і маім і ейным, лепш маўчаць. Яны тут не былі, калі было трэба і калі ўсё магло стацца інакш, дык хай не будзе іх, і калі на свет зноў прыйдзе малы Салка. Я ў Бога не веру, а ён верыў. У мячэці я быў толькі як турыст, і то ў Стамбуле, і мне там унутры не спадабалася. Я не веру і не маю часу марнаваць жыццё на рэлігію. Занадта блізка я быў да смерці, каб гэта рабіць. І не Алах мяне тады ўратаваў, а чалавек. Адзін. Нікому, апрача мяне, не мусіць быць справы да таго, хто гэта быў. Але як бы я ні быў далёкі ад веры, я буду плаціць, каб чыталі малітвы, усе якія трэба, каб у мяне яшчэ нарадзіўся сын, і я назаву яго Салкам.
Вось, гэта ўсё, што я мог бы сказаць пра свайго брата. І яшчэ, што няправільны той закон, паводле якога родным нельга ведаць, на якім месцы закопваюць асуджанага на смерць. Нашай роднай маці гэта няважна, а вось мне важна. Я хацеў бы ведаць, каб адчытаць яму пахавальную малітву. Калі пакаралі смяротніка, нашто яшчэ караць тых, хто застаўся пасля яго.
І ўсё, больш вы ад мяне нічога не пачуеце. З таго часу, як Салкі няма, я ракію нават не панюхаў. Не тое, каб у мяне была якая ўнутраная барацьба або я не хацеў бы, – проста мне зрабілася гідка. У той дзень, калі нам паведамілі, што прысуд выкананы, было каля пятай гадзіны папаўдні, мяне працяў нейкі боль, і ўсе пахі я адчуў неяк ясней, і падумаў – вось, я дыхаю, а ён больш не дыхае, і я наліў сабе ракіі. І як толькі наліў, так мяне й вывернула, выйшла з мяне ўся тая кісліня. Дзве гадзіны мяне ванітавала жоўцю, і я не ведаў, што са мною. Амра захвалявалася, хацела выклікаць хуткую, а я кажу ёй: Не трэба, доктар не дапаможа! І праўда. Чатыры разы я безвынікова лячыўся ад алкагалізму і не мог вылечыцца. Доктар казаў: Пройдзе, калі народзіцца дзіця! Нарадзіўся першы, другі, трэці і чацвёрты сын, але каб я й мог жыць без ракіі, дык яна не магла без мяне. Урэшце апынуўся я ў закрытым аддзяленні ягамірскайЯгамір – прадмесце на паўночнай ускраіне Сараева, дзе месціцца псіхіятрычная лякарня. вяр’ятні. Біўся галавою аб сцены, прасіў іх, каб далі выпіць. Нічога не дапамагло, але вось, як толькі паведамілі, што майго Салкі больш няма, ракія мне зрабілася гідкай.
А пачалося яшчэ ў гімназіі. Хлопцы любяць паказацца перад дзеўкамі важнымі і на вялікім перапынку кульнуць па пары чарак віньяку, а тады п’яныя дастаюць настаўніцу спеваў. Такія былі часы, валасы даўгія розум кароткі, а якія часы сёння, я й не ведаю. Можа нешта змянілася. Але ж калі стары з’ехаў з катушак, калі яго выкінулі з Партыі і з намесніка дырэктара ён стаў малодшым рэферэнтам, тады ў доме пасялілася бяда, усё, што было ўчора добрым, сёння зрабілася злым, і ў мяне з’явілася новая прычына для п’янства. Сапраўдная, мужчынская. Калі п’еш ад гора й бяды.
Ужо й не ведаю, як я такі паступіў ва ўніверсітэт. Але ж, вось, неяк прынялі. Стары кажа: Глядзі ж сынку, толькі ты цяпер у мяне й застаўся! Маўляў, каб я кінуў піць і ўзяўся за кнігі. Я сказаў: добра, вазьмуся, а як жа ж. І думаў, што вазьмуся, але ж, бачыш, не выйшла. Сястра з роспачы выйшла замуж, толькі каб уцячы з гэтага дому вар’ятаў, паехала жыць у ТузлуТузла – трэці па велічыні горад Босніі і Герцагавіны пасля Сараева й Баня-Лукі., нарадзіла дзіця і адразу развялася. Але яна не любіла прыязджаць. Бачыць старога, які ператвараецца ў руіну, маці, ад якой і так ніколі не было ніякага толку, мяне, як я п’яны вяртаюся дадому, і Салку, які зусім перастаў выходзіць з дому ад таго часу, як яму забаранілі наведваць медрэсэ. Толькі спусціцца ў склеп, раскладзе на вугалі дыванок і моліцца.
Я сядзеў ва ўніверсітэцкім буфеце і наліваўся віньяком, пакуль мяне не выкідалі. Бывала, што п’яны з кім і паб’юся. Бывала, скажа хто нешта супраць Салкі ці мне толькі здасца, што скажа, і ўжо пачыналася бойка. Або варта было пры мне згадаць ДжыласаМілаван Джылас – югаслаўскі палітычны дзеяч і літаратар, у 1953 годзе выступіў з крытыкай сталінізму і стаў дысідэнтам, неаднаразова зняволены., пра тое, як Джылас з’ехаў з катушак, і я ўжо думаў, што гэта мяне падколваюць за старога, і зноў быў гатовы біцца.
Першы раз, калі прыйшла міліцыя, мяне замест пастарунку завезлі ў шпіталь, каб вычысціць страўнік. Назаўтра я ўжо быў на псіхіятрыі. Вось так і пачалося. А Амра нібыта ведала, што аднойчы мне ракія зробіцца гідкай, таму цярпела, хадзіла ад лякарні да лякарні, і выйшла за мяне такога, і нарадзіла мне сыноў. Хай толькі яшчэ народзіць Салку, і я пастаўлю ёй помнік, вышэйшы, чым Энвэру Ходжу ў Тыране.
***
Як пойдзе дождж, я адчуваю, як мяне зносіць. Што было пальцамі, цяпер ад мяне далёка, калі іх хто знойдзе, дык скажа – зямля і камень. І мае лёгкія, і што засталося ад галавы, пасля таго, як мозг вылецеў і рассыпаўся па двары цытадэлі на ЗлацішчыВежа Злацішча – аб’ект МУС., – усё робіцца зямлёю, а я ўсё чакаю і не магу дачакацца. Мяне завуць Салка, а дождж не спыняецца ўжо трэці дзень. Мяне завуць Салка, кажа і мой мозг, які, калі прыбіралі двор, сабралі ў вядро і выкінулі са смеццем. І цяпер я ў двух канцах Сараева, на Трэбэвічы каля Першага Шумара і на сметніку над ХумамХум – пагорак на поўначы Сараева.. Салка не можа ўбачыць Салку, паміж імі горад, цячэ МіляцкаМіляцка – рака, што цячэ праз Сараева, правы прыток Босны., і напэўна ўсе памалу забываюцца пра тое, кім і чым я быў. Сёння раніцай мне падумалася, што мяне ўжо не знойдуць, бо я не ў адным месцы, але Бог усёмагутны, для яго гэты свет малы і ад Хума да Трэбэвіча зусім недалёка.
Я маю час, каб перабраць у памяці ўсё, што зрабіў нядобрага. Або нядобрага падумаў, што ў прынцыпе тое самае, калі ўжо нічога не выправіш. Думаў я, што мой бацька мяне не бачыць. Для яго я не існаваў, гэтак як не існаваў для яго Бог. Бедны мой Хамда, ён, ходзячы па хаце, зважаў, каб не наступіць на павука, зважаў, каб якое дзіця не скочыла яму пад машыну, зважаў на кавалачак хлеба на ходніку, каб падняць і пакласці на падваконне, на ўсё зважаў, але мне здавалася, што ад празмернага глядзення пад ногі ён не бачыць мяне. А ці напраўду так было?
Не ведаю, дый ніколі не даведаюся, ці дрэнна было так думаць. Калі дрэнна, дык прыйдзе час і мне будзе гэта сказана.
І ці пайшоў я ў мячэць дзеля бацькі ці дзеля Алаха? Таму, што мой бацька на мяне не глядзеў, ці таму, што я адкрыў у сэрцы Бога? Мяне завуць Салка, і мне стала б лягчэй, калі б я ведаў ясны адказ. Але чым больш я чакаю, тым больш мне здаецца, што я яго не ведаю.
Я не злаваў, што ён зачыніў мяне ў доме і не пускаў у медрэсэ. Пусці яго, стары, што ўжо цяпер, ужо ўсё прайшло, казаў яму Файка. Не пушчу, толькі праз мой труп, адказваў ён. І замест каб мне забалела ці ўзяла злосць, што бацька не пускае мяне да Бога, мне было амаль прыемна. Бо я для яго нешта значыў. Я быў для яго такі самы, як Файка або Санэла, толькі раней гэтага не было відаць. Ён, небарака, не здрадзіў ніводнаму з нас траіх, а мы, кожны паасобку, яму здрадзілі, здрадзілі таму, у што ён верыў, верыў так, як не кожны мусульманін верыць у Бога. Файка спіўся, Санэла пайшла з дому, а я патаемна аддаўся Богу. Таму, хто для майго Хамды існаваў як нешта нябачнае, хто пасварыў яго з Партыяй.
А маці, маці рабіла тое, што й іншыя маці. Яе клопатам былі дзеці і хата, а таксама суседзі, каб усе адно з адным ладзілі і каб на наш дом не ўпаў ніводзін злы позірк. Яна рабіла ўсё, што звычайна робіцца ў нармальныя часы. І прыкідвалася, быццам не бачыць, што часы перасталі быць нармальнымі.
***
Эх, мая ты Фікрэта, чаго ж ты дачакалася: нарадзіла забойцу! Эх, Фікрэта, дачушка, каб ведала ты, што расце ў цябе пад сэрцам, пайшла б ты да доктара Вагнэра, таго шваба з Марыін-двора, і сказала яму: дастань гэта з мяне, божы чалавеча. Няма Бога, Фікрэта, бо калі б быў, не дапусціў бы, каб сын забіў бацьку, і не даў бы табе такога сына. Табе, якая ніколі ні на каго скоса не паглядзела...
Вось так мне кажуць жанчыны, а я маўчу і не адказваю. Ведаю, што не ад добрага сэрца мне гэтак кажуць, а цешацца з маёй бяды. Цмокаюць языкамі, нібыта рахат-лукуму з’елі. Сказала б я ім: не мой сын забіў, майго завуць Файка, а забіў нехта іншы. Які выпадкова апынуўся ўва мне, выпадкова нарадзіўся і пасля соўгаўся каля мяне, але ніколі, ніводнага дня, не быў маім дзіцем! Так бы я ім сказала, і гэта была б праўда, але не скажу, бо ім было б наймілей пачуць нешта такое. Таму мне й кажуць гэтак і ўсё думаюць, а думаюць так, што і Трэбэвіч рэхам адгукаецца, а ўжо тым болей тыя іхнія думкі гудуць у мяне ў галаве: Адрачыся ад яго, Фікрэта, адрачыся ад яго, Фікрэта!
Не адракуся, хоць ён ні разу ў мяне не заплакаў, і не памятаю, каб хоць раз назваў мяне маці. Не памятаю, каб ён наагул мяне клікаў, каб я наагул была яму некалі патрэбная. Салка. Пракляцце маё. Не магу я ад яго адрачыся, бо ён не мой. Мая толькі бяда і тыя другія двое дзяцей, хай яны будуць жывыя й здаровыя.
Так, пыталася я сама ў сябе гэтыя месяцы, чаму я мусіла такога нарадзіць на свет. Ці знайшла я адказ? Эх, знаходзіла я розныя адказы. І тыя, што прывялі б мяне пад старасць да Бога. Але ж, зноў думаю я, калі б Бог і быў, то хіба ён даказваў бы мне сваё існаванне гэткім злом? Думаю, што не. А калі й так, калі ён і існуе, тады ён там на небе пачуў бы Фікрэту, якая яго праклінае. Не буду лаяцца, бо ніколі не лаялася, але магла б, і тая лаянка была б ад усяго сэрца. Толькі калі б я ведала, што Бог ёсць.
Хутчэй будзе так, як кажуць старыя людзі: і ў вялікім шчасці заўсёды знойдзецца той, хто з таго самага можа зрабіць вялікае няшчасце. Часам яму гэта ўдаецца, часам не. Салку ўдалося. Добрыя нашы ўлады, што не кажуць, дзе ён пахаваны. Бо каб сказалі, я заўсёды ведала б, у які бок мне нельга глядзець.
З маім Хамдам я пазнаёмілася на маладзёжнай будоўлі. Будавалі чыгунку, я была маладая брыгадзірка, а ён – камандзір усіх сараеўскіх будатрадаўцаў. Сабралася моладзь з усёй Югаславіі, а Сербія прыгожая ранняй восенню, буяюць ляшчына і сумах на ўзгорках, цячэ Марава, прыгажэйшая за ўсе баснійскія рэкі, а народ ветлівы й гасцінны, сустракае нас як родных дзяцей. Ад самага пачатку паміж намі разгарэлася нейкае спаборніцтва. Кожная брыгада мела свой участак чыгункі, і якая пракладзе найбольш, тая будзе абвешчаная найлепшай. Бялградцы капаюць, як шалёныя, маўляў, сорамна, калі будоўля ў Сербіі, а яны не найлепшыя. Заграбцы прывезлі адных мужыкоў, усе па два метры, сілы хопіць, каб пракласці Транссібірскую магістраль, а на ўсіх нас глядзяць з пагардай. Маўляў, яны і культурнейшыя за нас, і капаюць лепей. Толькі славенцы асабліва не напружваліся. Праз пяць дзён яны зразумелі, што ніяк не перамогуць, кінулі безнадзейную справу і пачалі будоўлю ўспрымаць як адпачынак. А наш участак быў найцяжэйшы, адны скалы і прорвы, запраста загінеш, калі неасцярожна ступіш. Напэўна, разлічвалі, што мы й так не можам перамагчы.
Аднаго вечара перад адбоем Хамда сабраў усю сараеўскую брыгаду. Устаў перад намі і кажа: Дзе адбываліся найцяжэйшыя бітвы народна-вызваленчай вайны? Дзе былі і ёсць Козара, Нярэтва, Конюх і СуцескаКозара – горны масіў на паўночным захадзе Босніі, дзе ў ліпені 1942 года адбылася бітва паміж партызанамі і сіламі Восі. Нярэтва – рака ў Босніі, дзе ў студзені-красавіку 1943 года адбываліся ваенныя аперацыі паміж партызанамі і сіламі Восі, якія атрымалі назву «Бітва на Нярэтве». Конюх – горны масіў на паўночным усходзе Босніі, месца партызанскіх баёў часоў Другой сусветнай вайны. Суцеска – рака ў паўднёва-ўсходняй Босніі, дзе ў студзені-чэрвені 1943 года адбываліся баі партызанаў з сіламі Восі.? Дзе кожная пядзя зямлі палітая крывёю партызанаў? Якую з нашых сацыялістычных рэспублік таварыш Ціта назваў калыскай братэрства і адзінства? Як называўся горад, у якім Гаўрыла Прынцып стрэліў у сэрца манархіі?.. Не кажа Хамда што трэба рабіць, як трымацца і колькі кубоў зямлі выкапаць. А толькі задае пытанні, і з кожным пытаннем нам становіцца ясна, што трэба зрабіць. А я, дробненькая, бялявая, зусім дзяўчынка, гляджу на яго і слухаю, і ўжо мне здаецца, што я памру, калі ён спытаецца нешта яшчэ. Хамда пытаецца і пытаецца, а я не паміраю. Той, хто не перажыў такую смерць, не ведае, што такое каханне.
Ажаніліся мы праз паўгода. Вяселле было на ІліджыІліджа – прадмесце на захадзе Сараева, вядомае прыгожымі краявідамі., малое і сціплае, бо такія былі часы. Мы нічога не мелі, але нам выпала збудаваць усё ўласнымі рукамі. А гэта ўжо нямала. Іншым і гэтулькі не выпадае. І кожны раз, як рабілася цяжка, калі мы жылі ў падвальным пакойчыку, я цяжарная Файкам, паўсюль працякаюць столі, і я не ведаю, дзе паставіць дзіцяці калыску, я толькі казала майму Хамду: А ну, родны мой, спытайся ў мяне пра Прынцыпа і пра калыску братэрства і адзінства«Братэрства і адзінства» – афіцыйны дэвіз сацыялістычнай Югаславіі.! А яму было прыемна, ён мяне абдымаў, і адразу рабілася лягчэй. Я ведала, што ў нас з Хамдам усё будзе добра, бо недарма перамагла сараеўская брыгада. Не дапамагла Заграбу мужчынская сіла, не дапамагла Бялграду ўся Сербія, бо не было ў іх Хамды!
Не прайшло й месяца пасля таго, як я нарадзіла Файку, а ўжо мой чалавек прыходзіць з пастановай на кватэру. Мой Хамда не піў, але ў той дзень ледзь трымаўся на нагах. Стаяў перад брамай і крычаў: Грбавіца, двухпакаёўка, шэсцьдзесят два метры! Суседзі павылазілі з вокнаў, адны віншуюць, другія хмурацца, такія ўжо людзі, усялякія бываюць, а я абдымаю яго і не пускаю з абдымкаў. Не думаю, што дзіця засталося адно, а трымаю майго Хамду і плачу, сляза за слязой, бо жыццё пачынаецца не тады, калі народзішся, ні калі выйдзеш замуж, а толькі пасля таго, як заселішся ў свой дом. Мы былі маладыя, і ўсё, што з намі адбывалася, прыносіла нам толькі шчасце.
Потым прыйшла на свет і Санэла, і мы перабраліся ў большую кватэру на СкендэрыіСкендэрыя – квартал (махала) у старым Сараеве і мост цераз Міляцку., з’явілася і лецішча на моры, купілі зямлю ў ПалахПалы – горад за 10 км на паўднёвы ўсход ад Сараева, «сербскае Сараева», за часам вайны 1992–1995 гг. сталіца баснійскіх сербаў.. Надышлі багацейшыя часы, дый мой Хамда на працы ўзнімаўся прыступка за прыступкай і ад начальніка склада дайшоў да кіраўніка вытворчасці. Было гэта, калі я трэці раз зацяжарала. Тая цяжарнасць была ў мяне найцяжэйшая, нібыта я ведала, штó нараджу, павылазілі вены на нагах, на твары выступілі нейкія чырвоныя плямы, а на вагу стала – лішніх дваццаць пяць кілаграмаў. Хто б на мяне паглядзеў такую? Таму я ніколі не вінаваціла Хамду, што ён закахаўся ў дырэктараву сакратарку. Маладая, вясёлая, ногі з шыі растуць, звалася Мір’яна, прыехала ў Сараева з Шабца. Сапраўдная сербская курва, каб мае вочы яе не бачылі, я ёй ніколі не прабачыла. І так, пакуль я цягалася па хаце і мучылася з дзецьмі, якія адно за адным захварэлі на заўшніцу, а той камень ува мне ўсё расце і становіцца ўсё цяжэйшы, мой Хамда з Мір’янай аб’ездзіў усе матэлі вакол Сараева. Ці то ён у «Панараме» на Палах, ці то ў Клачара на Біямбарах, або на Яхарыне, Борацкім возеры, у Ябланіцы, а мне ўсё кажа, што аб’язджае па Босніі будаўнічыя аб’екты. І я ўжо тады вакол яго стомленага завіхаюся, хоць яшчэ да таго, як вернецца, ведаю, дзе ён і з кім быў. Пераказваюць мне людзі, ягоныя з працы, пераказваюць суседзі, расказваюць, што бачылі, як, абняўшыся, гуляюць яны над возерам, расказваюць, што яны елі і пілі, хто ім на вуха граў музыку і што мой Хамда той курве казаў і абяцаў. Ведаюць людзі, а нават што й не маглі б ніяк ведаць, але рады маім пакутам, таму й ведаюць і расказваюць мне. А я слухаю і цярплю, разумею, што нельга іначай, і толькі сціскаю зубы, калі пра яго кажуць нешта брыдкае, што ён такі і сякі. Можа мой Хамда блядаваць, можа ёй абяцаць, што развядзецца са мною і ажэніцца з ёй, можа расказваць па прадпрыемстве, што яна і ў ложку лепшая за мяне, дый як бы не была лепшая, калі яна курва, але я ведаю, што няма ў яго кахання, апрача майго, і што ён да мяне вернецца. І я зноў буду песціць яго і берагчы, а калі цяжка мне будзе, я толькі скажу яму: Хамда, родны мой, спытайся ў мяне пра Прынцыпа і пра калыску братэрства і адзінства!
Каб мяне трэцяя цяжарнасць не зрабіла такой брыдкай, ніколі б мой Хамда не закахаўся ў дырэктараву сакратарку. Калі ўсё мінула, я ў яго спыталася, і ён мне сказаў. Пасля я яшчэ спыталася: А скажы, родны мой, ці мне вярнулася хоць нешта ад маёй прыгажосці? Так, Фікрэта, вярнулася і расцвіло, сказаў ён і заплакаў. Прабач мне, Фікрэта! склаў ён рукі, а я сказала, што не маю што яму прабачаць.
Такое вось было наша шчасце, большага я не ведаю дый не веру, што большае ёсць на свеце, пакуль не нарадзіўся той, хто падняў руку на майго Хамду. Чаму ён не падняў яе на мяне? Калі б забіў мяне, а не яго, маці б яму прабачыла.
***
Толькі я ёй аднойчы сказаў: Не давай яму піць, схавай ад яго ракію! А яна мне сказала: Мой Файка не п’е, толькі часам трошкі вып’е. Цябе ў медрэсэ навучылі казаць такія рэчы.
А калі Файку выпраўлялі на лячэнне, яна казала суседзям, што яго паслалі на стыпендыю ў Нямеччыну. Там жа найлепшыя філосафы! Казала гэта пры мне, пакуль аднойчы не здарылася, што за абедам яна сказала мне і бацьку: Калі Файка вернецца са стыпендыі... Я толькі апусціў лыжку ў талерку, а бацька нічога, маўчыць і есць. Яна паглядзела на мяне так, быццам гэта я навучыў Файку піць. Грэх, вялікі грэх, калі сын не любіць родную маці, дык я, вось, і тут вучуся яе любіць, але калі ёсць на свеце праўда і калі кожную праўду можна сказаць, дык праўда ў тым, што маці не любіла мяне. Не ведаю, чаму і якая мая ў гэтым віна.
Мяне завуць Салка, а назвалі мяне так па дзядзьку, які памёр малады. Добры быў чалавек, і ўсе пра гэта гаварылі, пакуль я не прыйшоў на свет. Пасля таго майго дзядзьку не ўспаміналі. Іншыя сказалі, што па ім мне далі імя, суседзі мне расказалі, якім быў Салка. Але бацька аб ім маўчаў. Я ўсё думаю, гэта таму, што больш не было чаго сказаць, пасля таго, як імя пачало жыць далей са мною. Калі ў майго брата Файкі народзіцца яшчэ адзін сын, а іх у яго ўжо чацвёра, хай беражэ іх Алах у здароўі і шчасці, ён дасць яму імя па мне. Салка. Нельга забыцца, як мяне завуць, каб я мог сказаць, калі па мяне прыйдуць. А чакаю я ўжо доўга, дзесяць школьных экскурсіяў прайшлі міма, і заўсёды нейкі дзіцёнак, падобны да майго Файкі, уцячэ з‑пад вока настаўніцы і, прадзіраючыся праз галлё і кустоўе, наступіць на мяне. Я не раззлуюся, толькі пажадаю, каб маці нарадзіла яму брата, які замест яго пройдзе гэтай дарогай.
Пасля таго, як Вярхоўны суд пацвердзіў прысуд, а канцылярыя Маршала на Дзень Рэспублікі не ўпісала маё імя ў спіс памілаваных, адвакат спытаўся, ці хачу я з некім пабачыцца. З братам? Не, з братам не хачу, з ім я ўжо развітаўся, больш не варта. Хай сніць мяне такім, які я некалі быў, а не такім, які я тут стаў.
Хочаш бачыць маці?
Як ён гэта спытаўся, так ува мне нешта ўзбурылася. Не ведаю што, як нейкая вада, якая раней не магла выйсці, быццам нехта спусціў запруду на возеры і вада заліла двары, гэтак і мне затапіла душу. Я не заплакаў, але ў мяне палілося цурком з вачэй. Я засмяяўся б, калі б было з чаго і калі б не баяўся, што мой адвакат, добры чалавек, завецца Светалік Джорджавіч, які зрабіў усё, каб уратаваць мяне ад смяротнага пакарання – калі б не баяўся, што ён палічыць мяне вар’ятам. Хай лепш думае, што я плачу. Я яму й не адказаў на ягонае пытанне. Ён падумаў, што ведае – што значыла тая вада з вачэй.
Так узнік апошні вялікі клопат у маім жыцці, цяпер я ведаю, што ён быў апошні, бо пасля я ўжо ніякіх клопатаў не меў, і клопат той быў – што скажа маці, калі ёй адвакат скажа, што я захацеў яшчэ раз яе пабачыць? Калі яна адмовіцца, а я думаў, што адмовіцца, дык як тады будзе таму старому добраму чалавеку прыйсці да мяне ў вязніцу і сказаць, што яна не хоча мяне бачыць? Людзі некалі вымушаныя прыносіць благія весткі, і ім бывае цяжка, часам нават цяжэй, чым тым, каму такія весткі прыносяць. Але чым правініўся перад добрым Богам дзядзька Светалік, каб сказаць асуджанаму на смерць, што маці не хоча да яго прыйсці?
Палегчала мне назаўтра, і ўзрадаваўся я так, нібы вестка прыйшла аб памілаванні. А пасля пачаў разважаць, чаму яна згадзілася прыйсці. Таму, што не хацела выглядаць перад адвакатам як маці, што зраклася сына, а пажадала застацца ахвярай, ці таму, што сапраўды хацела мяне бачыць? І хоць я ведаў адказ на гэтае пытанне, я ўсё адно спадзяваўся, што не ведаю. У гэтым сэнс надзеі, таму літасцівы Алах дараваў яе чалавеку.
Яна прыйшла і села. Міліцыянт, які стаяў ля дзвярэй, спытаўся, ці мы хочам, каб ён выйшаў на пяць хвілін. Гэта супраць правілаў, ён мог бы страціць працу, калі пакіне асуджанага і наведніка адных, але Мэха, прозвішча яго я не ведаю, добры чалавек і хацеў зрабіць мне што-небудзь добрае.
Але яна сказала: Не, не трэба!
Бо ты мяне баішся?
Яна не адказала. Маўчала і глядзела на мяне тым позіркам, якім усе на мяне глядзелі падчас суду. Ніхто мяне не пазнаваў, таму яны не маглі бачыць, якога колеру ў мяне былі вочы, як раздзімаліся мае ноздры, калі я дыхаў, зморшчынкі на краі вуснаў. Бачылі толькі таго, хто забіў роднага бацьку сякерай, хто біў яго па галаве, пакуль не пасек і паркет пад галавою. Яны думалі, што гэта я, што я – нічога, апрача гэтага. Так і яна на мяне глядзела. Я нічога ў яе не пытаўся.
Толькі сказаў ёй, калі Мэха ўжо збіраўся мяне выводзіць:
Не дазваляй брату столькі піць. Бо наробіць невядома што.
Яна не адказала, а я ведаў, што надвячоркам у адзін з наступных пяці дзён у маю камеру прыйдуць чужыя людзі і што я больш нікога знаёмага, апрача Мэхі, у сваім жыцці не пабачу. На сэрцы ў мяне было спакойна, але чым больш спакою, тым у чалавеку большая туга. Настала субота, і я падумаў, што буду жыць яшчэ прынамсі да панядзелка. Але яны прыйшлі ў нядзелю. Пакуль мне надзявалі кайданкі на рукі і ногі, адзін мяне прытрымліваў. Я хацеў сказаць, што не трэба, але, мабыць, у яго праца такая, дык чаго я буду мяшацца. Калі ўпаду, абмачуся ад страху ці пачну супраціўляцца, ён напагатове. Пасадзілі мяне ў варанок, было цёмна, ніводнага акна, але праз вентыляцыю з кабіны кіроўцы даходзілі гукі радыё. Гулялі дзённыя матчы, я чуў голас Міркі КамяняшавічаМірка Камяняшавіч – легендарны сараеўскі спартовы каментатар., яго мой бацька любіў найбольш. Казаў, што футбол не футбол, калі яго не каментуе Мірка Камяняшавіч. І яшчэ казаў, што ягоны дзед, а мой прадзед, Міралем цвердзіў, што муэдзін кліча не толькі людзей, але і Алаха, каб падрыхтаваўся да іхняй малітвы, і таму ён ходзіць толькі ў тую мячэць, з якой спявае азанАзан – заклік на малітву. Халід Буразэравіч. Калі ён узыдзе на вяршыню мінарэта і пусціць голас, Неба радуецца Зямлі. Дык вось, Мірка – як той Халід, казаў бацька ў нядзелю, кожны раз, як быў футбол.
Бог мне дагадзіў, што ягоны голас праводзіць мяне з Сараева.
***
Яшчэ за часоў старой Югаславіі я працаваў турэмным ахоўнікам, а ў вайну дапамагаў кожнаму, каму патрабавалася дапамога. Камуністам, яўрэям, сербам, кожнаму, і я быў бы няшчыры, калі б не прызнаўся, што быў аднолькава добры і з забойцамі, злодзеямі ды махлярамі, якой бы яны ні былі веры. Раней я такі не быў, крымінальнік для мяне быў крымінальнік, а правасуддзе было правасуддзем, але дзеля таго, што ў вайну няма ні правасуддзя, ні суду, я падумаў, што варта было б быць добрым да людзей, што б яны ні ўчынілі і ў чым бы ні былі вінаватыя. Я дапамагаў ім уцякаць, перадаваў весткі і лісты, прыносіў ежу з хаты і шмат разоў мог страціць галаву за такое. Але ж не страціў, нешта мяне бараніла. Калі нейкі усташа або немец пранюхваў, што я раблю, а былі й такія, дык давалі мне зразумець, што ведаюць, але ўсё роўна мяне не чапалі. Адзін Ёза, герцаговец, начальнік варты, пералічыў мне імёны вязняў, якім я прыносіў пошту, і яўрэяў, якіх я накарміў, а тады й кажа: Орхан Дэміравіч, табе ўжо за аднаго, а не за дваццаць аднаго, пагражае трыбунал, але я на цябе не данясу, а ты мне пакляніся дзецьмі, што не забудзеш пра мяне, калі спатрэбіцца. Эгэй, было гэта ў 1942‑ім, на пачатку ўсяго таго гармідару, калі мала хто мог разлічваць, што ваеннае шчасце так павернецца! І я пра яго не забыўся, але яму з таго была малая карысць. Яго забілі партызаны, як толькі ўвайшлі ў горад 6 красавіка 1945‑га. Не паспеў бедны Ёза нават Богу свайму няшчаснаму памаліцца, не тое што спаслацца на мяне.
А я раптам аказаўся камуністычным падпольшчыкам, хоць для мяне камуністы заўсёды былі як крымінальнікі, хіба што трошкі лепшыя, зарабіў медаль і лепшую працу. У райкаме ў мяне спыталіся, што я ўмею рабіць. Я сказаў: нічога, толькі разводзіць агарод каля дома і ахоўваць вязняў. Ну, на гэтай працы мы цябе не можам пакінуць. А не можам з дзвюх прычынаў. Першая, што было б сорамна, каб удзельнік падполля з 1941 года ў свабоднай камуністычнай краіне працаваў як ахоўнік у турме, а другая прычына, у тваім выпадку можа й важнейшая, тая, што ты б напэўна зноў дапамагаў вязням, і цябе давялося б расстраляць.
Так мне сказалі і далі падумаць, якую працу выбраць. Я думаў цэлы месяц і ўжо прыдумаў, што, мабыць, найлепш для мяне было б вярнуцца на дзедаву гаспадарку і працаваць на зямлі, далёка ад дзяржаўных справаў, пры якіх можна налажыць галавою, але тут мяне зноў паклікалі ў камітэт і кажуць: Віншуем, ты прызначаны начальнікам аддзелу выканання пакаранняў Народнай Рэспублікі Босніі і Герцагавіны. І яшчэ нагадалі, што гэта праца, якую нельга заваліць.
Прыходжу я дадому, а жонка пытаецца, якая ў цябе зарплата. Калі я ёй сказаў, яна ледзь не абамлела. Божа мой, Орхан, цябе што, міністрам зрабілі? Не. А кім жа ж тады, калі такая зарплата. Я дастаў з кішэні паперу і прачытаў ёй. А што гэта за праца? Не ведаю, кажу я.
Вось так я стаў тым, каго ў іншых краінах прыгожа называюць дзяржаўным катам. За гэтыя трыццаць з лішнім гадоў я больш гаротнікаў выправіў на той свет, чым найлепшая павітуха прывяла на гэты. Напачатку, пакуль я толкам не разабраўся, было цяжка. Пасля разабраўся, але ўсё роўна было цяжка. Мая справа была камандаваць парадам, прызначаць расстрэльную каманду, зараджаць зброю і праводзіць асуджанага на смерць ад камеры да месца выканання пакарання. Тое месца раз на год-два мяняецца, каб людзі не даведаліся. Я заўсёды пытаўся сам у сябе, чаму людзям нельга пра гэта ведаць, а пасля зразумеў, што справа тут не ў людзях, а ў нас. Забойства заўсёды хаваюць, і насамрэч усё роўна, ці ты забіваеш дзеля прыемнасці або ў імя правасуддзя і дзяржавы.
Я – той, хто даглядае, каб асуджаны жывы і здаровы прыбыў на месца выканання пакарання, і тут таварышы з камітэта мелі рацыю: тут сапраўды нічога нельга заваліць! І нельга дапамагчы, ні сабе, ні яму. Я трымаю яго, каб ён не ўпаў, пакуль яму ў камеры надзяваюць кайданкі, сачу, каб заўсёды мець з сабою чыстую бялізну, каб пераадзець чалавека, калі ён абмочыцца ад страху, часам нешта скажу яму, калі бачу, што яму гэта трэба. Бывалі й такія, што хацелі, каб я трымаў іх за руку, як дзіця на прагулцы. І я выконваў іхнія просьбы. Што б ні прасілі, я ўсё рабіў. Апроч, хіба што не мог пусціць іх на свабоду, пакуль тры кулі не зробяць сваю справу. Насамрэч не было ніводнага, каго б я не адпусціў. І няважна, што былі сярод іх серыйныя забойцы ці тыя, хто гвалціў дзяцей і родных матак, але няма чалавека, якога б я забіў. Лёгка судзіць у судовай зале, а ты паспрабуй каля сцяны!
Я тых людзей не магу забыцца, у ноч пасля выканання прысуду ніколі не сплю, і заўсёды ў галаву прыходзіць тое самае: Орхан, Орхан, дурань стары, калі б ты не дапамагаў людзям ва ўсташоўскай турме, не выпала б на тваю долю тое, што выпала! Ведаю, што не па-людску гэтак думаць, але кожны чалавек найперш дбае пра сябе і кожны найперш думае пра сваю бяду. А мая бяда такая, што я, дапамагаючы іншым, шкодзіў сабе. Так, я мог даўно папрасіць, каб мяне перавялі на іншую працу, але было ўжо позна пасля таго, як я першага прывёў да сцяны.
Мне заставалася два месяцы да пенсіі, і думаў я, што мне ўжо не дастанецца ніводнага. У канцылярыі Маршала чакалі вырашэння два смяротныя прысуды, якія зацвердзіў Вярхоўны суд: Стэван Караліч з Санскага Моста, які за адну авечку забіў суседа, ягоную жонку і жончынага брата, ды Салка Асманавіч з Сараева, які сякерай засек роднага бацьку. Пра Стэвана казалі, што ён атрымае памілаванне, бо пазней высветлілася, што авечка была ягоная, а не суседава. Салка меўся пазбегнуць смерці з дзвюх прычынаў. Раней не быў суджаны, а ў такім выпадку за адно забойства як правіла давалася памілаванне. Апрача таго, псіхіятры разышліся ў думках наконт пытання аб разумовай здатнасці. Адзін казаў, што Салка Асманавіч псіхапат, а значыць разумова здатны, тым часам як другі падпісаў заключэнне аб цяжкім псіхозе і вар’яцтве на рэлігійнай глебе. Урэшце суд пагадзіўся са сцверджаннем першага доктара, але ў канцылярыі Маршала бясспрэчна ведаюць пра гэтае разыходжанне.
За ўсім гэтым я сачыў і ўсё чытаў, распытваў экспертаў, тэлефанаваў у Бялград, дзе ўсе ўжо ведаюць мяне па імені. Ужо гадамі я нічога іншага й не раблю, як толькі гартаю кнігі і энцыклапедыі ды шукаю нейкую зачэпку, каб нейкі асуджаны на смерць мог быць памілаваны. Я закончыў чатыры класа, вялікага розуму не маю, бо калі б меў, ці быў бы я турэмным ахоўнікам, але я ўжо мог бы абараніць дысертацыю ў галіне права, палітыкі і псіхіятрыі, столькі ўсяго пра гэта прачытаў. І ў галіне прагнозаў надвор’я. Калі восень дажджлівая, дык будуць паводкі і падаражэе пшаніца, а разам з ёй падаражэе і хлеб, і тады памілаванняў будзе болей. Але калі пасля гэтага наступіць цяжкая снежная зіма і народ пачне паціху наракаць на дзяржаву, э, тады гамон асуджаным на смерць. Яшчэ горш, калі сярод лета студэнты ўзнімуцца на дэманстрацыі, бо пасля і ніжэйшыя суды бываюць больш жорсткія, і тады адграбеш смяротнае пакаранне нават за тое, за што іначай атрымаў бы пятнаццаць гадоў. Таму лепш за ўсё, калі няма ні зашмат дажджу, ні сонца, калі ні зіма, ні лета і народу ні добра, ні дрэнна, а таварыш Ціта падарожнічае па свеце.
Вось жа, Ціта якраз паляцеў у Амерыку, а ў Югаславіі было добрае надвор’е і хлеб не падаражэў, таму я неяк разлічваў, што спакойна выйду на пенсію. Нават калі Стэвана і Салку не памілуюць, а гэта не здарыцца, пакуль Ціта не вернецца і пакуль не ўлягуцца ўражанні з падарожжа, канцылярыя без яго ўсё роўна не зацвердзіць прысуды. Не думаю я, што тут справа ў Ціту і што ён наагул ведае, каму падпісаў памілаванне, але я ведаю, што ў канцылярыі любяць, калі народ верыць, што такія справы вырашае ён сам.
А тады мяне як громам ударыла, калі прыйшла дэпеша аб выкананні смяротнага прысуду над Салкам Асманавічам. Як жа так, маць тваю, калі Стары яшчэ не вярнуўся з Вашынгтона? Вось так, Орхан, вось так.
Э, ну калі так, дык пайшоў я да доктара, каб выпісаў мне бальнічны. Два месяцы хваробы, аж да самой пенсіі. Хадзіў я ад доктара да доктара, скардзіўся на лёгкія і ныркі, тры разы мне рабілі ЭКГ, я іх упрошваў, соваў блакітныя канверты, і ўсё нічога. Або свет дактароў за адну ноч зрабіўся сумленны, або мяне лёс ухапіў за горла і не пускае. Не ведаю чаму, але не атрымаў я бальнічны, гэтаксама як Салка не атрымаў памілавання.
Бог нам даў, каб мы адзін аднаму паглядзелі ў вочы.
Што я бачыў у тых вачах? Цяпер, калі я на пенсіі і ні за што больш не адказваю і ніхто ў мяне нічога не пытаецца, са спакойнай душой магу сказаць, што я бачыў невінаватага чалавека. Я кожнаму свайму кліенту глядзеў у вочы, апрача тых небаракаў, якія страцілі вочы ад страху, і чаго я там толькі не бачыў. І не глядзеў бы я, калі б не мусіў, а я мусіў, бо без гэтага мы не людзі і няма ніякай прыстойнасці. Калі не паглядзім у вочы. Без гэтага мне здавалася б, быццам гэта я суджу і забіваю, а гэтага я не магу.
Бачыў я смутак, бачыў пакаянне, тых, хто забіў, але ніколі больш не забіваў бы, і тых, хто забіў і забіваў бы далей, бачыў людзей у роспачы, тых, якія не ведаюць, што яны ўчынілі, і тых, якія не ведаюць, што ўчыняць з імі, але прысягаю сваімі дзецьмі, да Салкі Асманавіча мне не даводзілася глядзець у вочы невінаватаму чалавеку. Я схапіў яго за плечы, а ён спакойна стаяў, нібы чакае ў чарзе да цырульніка. Я сядзеў побач з ім у варанку і слухаў, як ён дыхае. Як дзяўчынка, як мая Бэлкіса, калі рашае задачу з матэматыкі, так дыхаў гэты чалавек. Так, нехта скажа, што Орхан расказвае глупствы, але пасля таго, як столькі разоў пачуеш, як дыхаюць у цемры асуджаныя на смерць, будзеш ведаць пра гэта ўсё. Я спалохаўся ягонага дыхання.
Тым часам кіроўца ўключыў радыё. На Грбавіцы якраз пачынаўся матч «Жалезнічар» – «Хайдук». Не слухай, сыне, падумаў я, бо ўзгадаеш, што не дачакаешся жывы другога тайму. Але Салка загаварыў:
Мірка Камяняшавіч, ён найлепшы.
Так, але ёсць і адзін з Заграба, той таксама добры.
Мой бацька яго найбольш любіў.
А за каго заўзеў?
За «Жэлю».
І я таксама за «Жэлю».
Вось што мы адзін аднаму ў гэтым жыцці сказалі. Пасля ўжо не гаварылі. Салка Асманавіч не здрыгануўся і не абмачыўся ад страху. А адзін з каманды стрэліў яму ў галаву. Эх, каб я толькі ведаў хто, не пабачыў бы ён болей дзяржаўнай службы. Але адкуль жа я мог ведаць.
Цяпер я сяджу перад хатай, гляджу як праходзяць міма людзі, і часам мне здасца, што я бачу знаёмы твар, пакуль чалавек не знікне за рогам пякарні. Бывае, што гэта нехта знаёмы, але часцей бывае, што мне гэта толькі здасца. Аднойчы я так бачыў нябожчыка брата Рахмана, і ўжо хацеў яго паклікаць, як прыгадаў, што ён ужо сямнаццаць гадоў як мёртвы. Гэта бывае, калі зашмат глядзіш на людзей, а я іх у сваім жыцці не наглядзеўся, дык цяпер карыстаюся нагодай. І заўсёды, калі перад пякарняй з’явіцца першы, каго няма сярод жывых, я кажу сабе, што на сёння досыць глядзення, і іду за хату капаць агарод. Агарод у мяне дагледжаны, прыгажэйшага ў Сараеве няма. Жонка кажа, што я б мусіў быць садоўнікам. Так, я б мусіў быць усім, чым не быў.
Сёння міма пякарні прайшоў Салка. Я ведаў, што гэта не ён, але ўсё роўна паклікаў. На ўсялякі выпадак, бо розныя цуды бываюць, дык дай Божа і мне хоць адзін дастанецца. Пасля я пайшоў у агарод, трошкі капаў і трошкі глядзеў на горад пад нагамі. Эх, каб жа можна было забыцца, я б нарадзіўся ізноў.
***
Зямля не маўчыць. Зямля – старая маці, якой баляць косці. У сне паварочваецца і стогне, скрыпяць у яе косці і хрусцяць суставы. Пра гэта я даведаўся, калі апынуўся тут, і думаю – як жа здзівіцца ўсякае жывое стварэнне, калі аднойчы памрэ. Зямля не маўчыць, але некалі я не мог яе чуць, бо і чалавечае цела не маўчыць. Мы толькі думаем, што не чуем біцця нашых сэрцаў, але калі сэрцы спыняюцца, тады чуеш, што яны былі гучнейшыя за гром. Калі сэрца спыняецца, чуеш Зямлю, і цябе ахапляе непакой. Бо што калі й яна жывая? Калі Алах і Зямлю стварыў жывою, тады будзе грэх у кожным цвёрдым кроку. Ці ў гэтым прычына таго, што па мяне так доўга не прыходзяць?
Я памятаю, што я – Салка, і нават калі дажджы ўсяго мяне разнясуць па кавалках, у мяне застанецца імя. Імя я аддам апошнім, бо як бы я без імя паўстаў перад Ягоным прастолам. Салка, які цвёрдым крокам ступаў па Зямлі, а Зямля стагнала, бо ёй балелі косці. Калі Бог дасць Файку яшчэ аднаго сына, ён будзе замест мяне звацца Салка. Так зваліся маляры і сантэхнікі, і ніводзін хафіз і вучоны. Я не быў ні маляр, ні вучоны, а цяпер я – нішто, якое чакае, калі па яго прыйдуць анёлы.
Злітуйся, дарагі Божа, каб Зямля засталася жывая, бо калі й яна замоўкне, Салка замоўкне разам з ёю.
***
А мяне заклялі маўчаць. А калі б не, дык і не ведаю, як бы я гэта сказала і ці было б гэта ўлічана перад народам і народным судом. Заклялі мяне маўчаць двое братоў, адзін быў п’яніца, другі не быў. Таму, што быў п’яніца, Бог наканаваў багацце і поспех. Кахала яго прыгожая маладая дзяўчына і ўзяла яго сабе за мужа, як бяруць дарагую і непатрэбную рэч. Яна нарадзіла яму чатырох сыноў, нарадзіла з кахання, а не таму, што спадзявалася, што ён перастане піць.
Другі брат, той, што не быў п’яніца, прыйшоў на свет у нядобры час. Бацька й маці якраз паспелі растраціць сваё каханне, і ён прыйшоў, як тэлеграма на адрас нябожчыка, або як насенне ружы, што ўпадзе на халодную крыгу. Таму на ягоны твар не ўпісалі прыгажосць. Ніхто не радаваўся яго першым словам. Не бачылі, як ён расце. Другі брат дыхаў, але для людзей ён не існаваў.
Але мяне не закліналі маўчаць аб гэтым. Калі б я і сказала, гэта нікому не падалося б важным.
Заклялі мяне маўчаць аб тым, што аднойчы здарылася ў бацькоўскім доме абодвух братоў. Маці не было дома, калі прыйшоў п’яны брат. Не было й другога брата, бо ён у сутарэнні, у сваім храме з кепскага баснійскага вугалю, маліўся Богу на захадзе сонца. Так што дома быў толькі бацька.
П’яны сын шукаў грошы, а бацька, як заўсёды, казаў: на выпіўку грошай няма!
У п’янага брата заплятаўся язык, ён шукаў зноў, бацька ведаў, што гэта будзе цягнуцца яшчэ нейкі час, і толькі паўтараў сваё.
Але цягнулася гэта занадта доўга, бацька хацеў выйсці з пакоя і злёгку адштурхнуў сына, але сын быў такі п’яны, што ўпаў. А калі ўпаў, у яго ў галаве прасвятлела роўна настолькі, каб зразумець, чаму ён упаў. Таму, што яго штурхнулі як мёртвую і непатрэбную рэч. Калі не так, думаў ён, дык бацька на яго хаця б паглядзеў.
П’яны сын пайшоў на балкон і ўзяў сякеру. Бацька сядзеў, павярнуўшыся спінай, і спрабаваў уцягнуць нітку ў іголку, каб зашыць гузік на кашулі. Першы раз замахнуўшыся сякерай, сын не думаў, што гэта нешта горшае, чым калі цябе штурхаюць. Ён зразумеў, што гэта нашмат горш, толькі калі ў бацькі трэснуў чэрап і калі ён крыкнуў, як сабака, якога пераехала машына. Пасля таго п’яны сын біў сякерай, каб пераканаць і сябе і бацьку ў тым, што ён толькі што думаў, – што гэта зусім не горш, чым калі цябе штурхаюць.
Так іх заспеў другі брат, які ў сваім храме з кепскага баснійскага вугалю маліўся Богу. Малітва цягнулася занадта доўга.
Я забіў яго, плакаў брат, які ўжо быў не такі п’яны.
Чаму? пытаўся другі брат.
Не ведаю.
Як не ведаеш? абняў ён яго, і так стаялі яны нейкі час, а я пыталася сама ў сябе, што здарыцца далей.
У цябе чатыры сыны, сказаў брат, які не меў нічога, у цябе жонка.
Ці можаш ты мне прабачыць? пытаўся брат, які ўжо быў зусім не п’яны.
Ты прабачыш мне, сказаў брат, які не меў нічога, узяў сякеру ў рукі і ўдарыў па тым месцы, на якім ляжала б мёртвая бацькава галава, калі б ад галавы нешта засталося. Я была адзіным сведкам, і адзіным сведкам застаюся яму й цяпер, калі ён на Трэбэвічы чакае, пакуль па яго прыйдуць.
Калі ў яго на судзе пыталіся, чаму ён забіў бацьку, якога ён не забіваў, брат, які прыйшоў на свет у нядобры час, адказаў:
Не ведаю.
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=125 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Халал
Для друку / Чытальня