Літаратура.org » Чытальня » Фрыдрых Дзюрэнмат, Аварыя

Аварыя

Фрыдрых Дзюрэнмат — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Усё яшчэ магчымая гісторыя


     ПЕРШАЯ ЧАСТКА

     А ці ёсць яшчэ яны, магчымыя гісторыі, гісторыі для пісьменнікаў? Калі   не хочаш расказваць пра сябе, рамантычна, лірычна абагульняць сваё Я, дык і не адчуваеш ніякае патрэбы шчыра і праўдзіва гаварыць пра свае спадзяванні і паражэнні,  пра свае спосабы спаць з жанчынамі, быццам праўдзівасць магла б усё гэта транспаніраваць  у агульнае і не надта каб меней у медыцынскае, псіхалагічнае ў лепшым разе; не хочаш гэтага расказваць, бадай нават, тактоўна адступаеш назад, ветліва ашчаджаеш і прыхоўваеш сваё  прыватнае для самога сябе, як скульптар матэрыял, працуючы з ім і на ім жа развіваючыся, і, як той класік, спрабуеш не адразу расчаравацца, калі ўжо нельга адмовіцца прызнаць за мудрасць чыстую бязглуздзіцу, якая падносіцца ўсюды і дзе папала, -- тады пісаць цяжэй, тады ты самотны ў сваім бяссэнсавым пісанні, і добрая ацэнка за веданне  гісторыі літаратуры цябе больш не цікавіць, -- бо ўжо ж каму толькі не выстаўляліся тыя добрыя ацэнкі, якая толькі халтура не праслаўлялася на цэлы белы свет! -- тады толькі ты разумееш, што патрабаванні дня больш важныя. Але ж і тут дылема -- неспрыяльная каньюнктура. Лёгкі жанр прапануе жыццё, увечары кіно, паэзію ў аддзеле пацехаў у штодзённай газеце, на  большае ж -- але ўжо сацыяльна пачынаючы з франка,-- патрабуецца душа, шчырасць душы, праўдзівасць, павінны падносіцца больш высокія вартасці, мараль, карысна-спажыўныя сентэнцыі, сёе-тое благое мусіць быць пераадолена, а даброць сцверджана, хай тое табе ў хрысціянстве, хай у  бытавой пачуццёвасці, у хадавой літаратуры, карацей -- ува ўсім.  Але калі аўтар зноў і зноў адмаўляецца прадукаваць гэта,  усё больш настойліва і ўпарта, хоць яму і ясна, што аснова ягоных пісанняў у ім самім, у ягоных дазіраваных і залежна ад выпадку ўсвядомленых альбо неўсвядомленых паводзінах, у яго веры і сумненнях, і калі ён усё-такі лічыць, што менавіта гэта аніяк не абыходзіць публіцы, што ёй дастаткова таго, што ён піша, фармуе, кшталціць, дык ці не выстаўляе ён свае густы напаказ, смачна апісваючы паверхню з’ў і рэчаў і толькі яе адну, працуючы над ёю  і толькі над ёю, а ў астатнім яму след трымаць язык за зубамі, не каментаваць, не малоць лухты, крацей, -- хай ваша памаўчала б? Уразумеўшы ўсё гэта, ён будзе запінацца, марудзіць, бязрадна разводзіць рукі, ён наўрад ці здолее ўнікнуць гэтага. Падазрэнне,  што яму ўжо няма чаго  сказаць свету, усё больш нарастае, ужо на шалі сур’ёзных развагаў кладзецца  сама магчымасць усё адпрэчыць і запрапасціць,  ну, можа, хай напаслед яшчэ і варта высіліцца на фразу--другую, а ў астатнім -- спад у біялогію, каб, прынамсі  ў думках, творча падступіцца да выбуху чалавецтва, да  мільярдаў, з-пасярод якіх кожная асобіна навыперад пнецца наперад, да няспынна апладняльных матак; альбо ж спад у фізіку, у астраномію, каб дзеля парадку  разумець тыя рыштаванні, на якіх мы боўтаемся, быццам маятнікі. Астатняе -- для ілюстраваных часопісаў, для “Лайфа”, “Мача”, “Квіка” і для “Яна і Ён”: прэзідэнт пад кіслародам, дзядзечка Булганін у  садку сярод флёксаў і півоняў, прынцэса са сваім баламутам-капітанам авіяцыі, кінамагнаты і доларавыя твары, разменныя, ужо не ў модзе ледзь толькі пра іх загаварылі. А побач буднасць усяго, заходнееўрапейскага ў маім выпадку, а дакладней швейцарскага,--дрэннае надвор’е і каньюнктура, клопаты і плягі, узрушэнні праз розныя дробязі, але ўсё гэта без ніякай сувязі са светам у яго паўнаце і цэласці, з патокам рэчаў і ня-рэчаў, з разматваннем клубка неабходнасцяў. Лёс пакінуў сцэну, на якой разыгрываецца ўвесь спектакль, лёс высочвае падзеі з-за кулісаў, без дзейсна важнай драматургіі, а на авансцэне ўсё коціцца к чортавай матары -- катастрофы, хваробы, крызісы. Нават вайна залежыць ад таго, ці прадказваюць электронныя мазгі яе рэнтабельнасць, але гэтага ніколі не будзе, бо чалавек, бач, ведае, што як бы зладжана ні  функцыянавалі вылічальныя машыны, матэматычна мысляцца, прадказваюцца толькі паражэнні; шкада толькі, што здараюцца падтасоўкі, забароненыя ўварванні ў штучныя мазгі, але нават гэта ўспрымаецца не так балюча, як магчымасць таго, што там паслабне які-небудзь шурупчык, там заблытаецца намотка шпулькі, няправільна спрацуе клавіша, і вось табе маеш -- сусветная катастрофа праз тэхнічнае кароткае замыканне, памылковае ўключэнне. І ўжо над табою няма ніякага бога, ніякага закона, ніякага фатума, як у Пятай сімфоніі, а ёсць няшчасці на транспарце, прарывы няправільна сканструяваных дамбаў, выбух на атамнай станцыі, спрычынены раззявай-лабарантам, кепска ўстаноўленай машынай. У гэты свет аварый вядзе і наша дарога, на пыльным узбоччы якое побач з рэкламнымі шчытамі абутку, студэбэкераў, марожанага, з камянямі-помнікамі ахвярам няшчасных выпадкаў адбываюцца яшчэ некаторыя іншыя магчымыя гісторыі, тым часам як стоаблічнае   чалавецтва глядзіць на ўсё абыякава, а непераборлівая чума  шырыцца да маштабу ўсеагульнай пагібелі, -- у гэтым свеце ўсё больш прыкметнымі і патрэбнымі робяцца суд і справядлівасць, можа нават, і мілажальнасць, выпадкова злоўленая, адлюстраваная ў маноклі п’янага водшыбніка.

 

     ДРУГАЯ ЧАСТКА

     Няшчасны выпадак, хай і бяскрыўдны, аварыя-- вось яна і тут: Альфрэда Трапс, каб ужо нам было з імем, заняты ў тэкстыльнай  прамысловасці, сарака пяці гадоў, усё яшчэ не ў целе, сімпатычны з выгляду, з дастатковымі манерамі, хоць і з пэўнымі прыкметамі дрэсуры, праз якую праблісквае нешта прымітыўнае, надомніцкае -- гэты наш сучаснік якраз ехаў на сваім студэбэкеры па адной з найбольшых дарог краіны, і ўжо нават мог бы за гадзіну дабрацца дадому, у вялікі горад, калі раптам машына дала збой --  не ідзе і ўсё тут. Машына бездапаможна засела ў самым нізе невысокага пагорка, праз які перавальвала дарога; на поўначы збіралася хмара, а на захадзе ўсё яшчэ высока стаяла сонца, як папалудні. Трапс выкурыў цыгарэту, пасля зрабіў усё патрэбнае. Работнік з гаража, які ўрэшце адбуксіраваў студэбэкер, патлумачыў, што раней як да раніцы ніяк не ўправіцца з паломкаю -- нешта там з падачай бензіну.  Ці так яно тое было, ці не, немагчыма было ні праверыць, ні паспрабаваць зрабіць усё самому; з гаражнікамі не заядаліся, як калісьці з рыцарамі-грабежнікамі, а яшчэ раней з мясцовымі божышчамі і дэманамі. Шукай дурных паўгадзіны перціся да наступнай станцыі і далей крыху цягніком, -- хай сабе і недалёкая язда дамоў, да жонкі, да  чатырох дзяцей (усе хлопчыкі!); -- карацей,  Трапс рашыў заначаваць. Было шэсць гадзін вечара, горача, такі даўжэзны дзень, вёсачка, у канцы якое стяў гараж, вясёленькая, раскіданая па залесеных узвышшах, з невялікай горкай з кірхай, плебаніяй і векапомна-старажытным з магутнымі жалезнымі коламі і падпормі дубам, усё салідна, натуральна, нават акуратна складзеныя і падгрэбленыя кучы гною перад сялянскімі хатамі. А тож і нейкая фабрычка стаяла, некалькі карчомак і вясковых гасцініц, пра адну з якіх Трапс ўжо і раней чуў шмат чаго харошага, але пакоі былі занятыя, -- з’езд свінаводаў забраніраваў усе свабодныя ложкі, і раз’язнога тэкстыльшчыка паслалі на вілу, дзе зрэдзь-часу падарожных прымалі. Трапс вагаўся. Яшчэ можна было вярнуцца дамоў чыгункай, але яго прывабіла магчымасць перажыць якую-небудзь прыгоду: у вёсках пракідаліся дзяўчаткі, як нядаўна ў Гросбістрынгене, якія ўмелі цаніць вандроўных тэкстыльшчыкаў. І ён, вернуты да жыцця, узяў кірунак на вілу. З кірхі зазванілі. Насустрач пляліся каровы, рыкалі.
Двухпавярховы сельскі дом стаяў у даволі вялікім садзе, сцены сляпуча белыя. Пляскаты дах, зялёныя жалюзі, заслоненыя кустамі, букамі і ялінамі, ад вуліцы кветкі, пераважна ружы, пажылы мужчынка сярод іх у скураным хвартуху, можа нават, сам  гаспадар за няхітрай садовай упраўкай.
Трапс прадставіўся і папрасіўся нанач.
-- Ваша прафесія? -- спытаўся стары, які падышоў да плота, з цыгарай, галава над садовай форткай.
-- Па тэкстыльнай  лініі.
Стары ўважліва агледзеў Трапса праз невялікія без аправы мінусавыя акуляры:
-- Ну так, так, тут вы можаце пераначаваць.
Трапс папытаўся пра цану.
А нічога такі і не возьме, сказаў стары, ён тут адзін, сын ягоны ў Злучаных Штатах, упраўляецца ў хаце адна ахмістрыня, мадэмуазэль Сімона, і ён толькі рады будзе залучыць у дом госця..
Дарожны тэкстыльшчык падзякаваў. Ён быў крануты гасціннасцю і зазначыў сабе, што на сяле ўсё яшчэ не вымерлі звычаі і норвы продкаў. Садовая фортка адчынілася. Трапс агледзеўся. Гравіевыя дарожкі, газоны, вялікія засені, сонечныя мясціны.
Сёння ўвечары ён чакае  некалькіх прыяцеляў, сказаў стары, калі яны дайшлі да кветак, і акуратна падстрыг ружу. Будуць сябры, суседскія, якія жылі хто ў вёсцы, хто там далей за пагоркам, таксама пенсіянеры, якія ўпадабалі гэтую мясціну за мяккі клімат, бо тут не адчуваўся подых сухога альпійскага фёну, усе адзінокія ўдаўцы, цікаўныя да ўсяго новага, свежага, жывога, і яму, старому, вельмі прыемная нагода запрасіць пана Трапса на вячэру і пазней на мужчынскую вячорку.
Тэкстыльшчык сумеўся. Шчыра кажучы, ён хацеў павячэраць у вёсачцы,  у наўкольна вядомай карчме, але не адважыўся адхіліць запрашэнне. Адчуваў сябе абавязаным. Прыняў і запрашэнне пераначаваць бясплатна. Не хацелася, каб цябе тут мелі за бесцырымоннага гараджаніна. І таму згадзіўся. Гаспадар павёў яго на паверх. Мілы пакойчык.  Вада ў кране, шырокі ложак, стол, зручнае крэсла, на сцяне нешта Годлера, на этжэрцы кнігі ў старых скураных акладах. Тэкстыльшчык адчыніў свой дарожны куфэрак, умыўся, пагаліўся, акунуўся ў воблака адэкалону, падышоў да акна, запаліў цыгарэту. Вялікі сонечны дыск асядаў за пагорак, асвятляў букі. Трапс прабег памяццю па ўсіх сваіх дзённых клопатах -- заданне Rotacher AG.,  няблага, складанасці з Вільдгольцам, патрабаваў пяць працэнтаў, хлопец, ах хлопец, скручу-такі яму карак. Пасля выплылі ўспаміны. Будзёншчына, бязладдзе, неахайнасць, запланаваны развод у гатэлі “Touring”, пытанне, купіць ці не купіць малодшаму (любімцу!) электрычную чыгунку, ветлівасць і, зрэшты, абавязак пазваніць жонцы, каб сказаць пра гэтую непажаданую дарожную застопарку. Але пакінуў як было. Як і часта бывала. Яна ўжо прывыкла, ды і не паверыла б. Ён пазяхнуў, узяў другую цыгарэту. Падзівіўся ў акно, -- як па гравійцы падыходзілі тры мужчыны, двое пад руку, за імі тоўсты, лысы. Прывітнні, поціскі, абдымкі, гутаркі пра ружы. Трапс адступіў ад акна, падшоў да этажэркі. Як па назвах кніг, дык след было чакаць нуднага вечара, Гоцэндорф: “Злачынства, забойства і пакаранне смерцю”; Савіньі: “Сістэма рымскага права сёння”; Эрнст Давід Гёле: “Практыка допыту”. Тэкстыльшчык бачыў ясна: яго гасцінны гаспадар -- юрыст, магчыма, былы пракурор. Ён пачаў грунтоўна разважаць, што разумеў гэты прававед у сапраўдным жыцці, нічога, усё яго жыццё ў параграфах. Можна было апасацца, што гаворка павядзецца пра мастацтва альбо нешта падобнае, і ён мог быць лёгка пасаромлены, ну добра яшчэ, калі не дапусціцца ўцягнуць сябе ў пустую дыскусію, затое ў   гульні інтэлектаў мог бы з кім хоч пацягацца. І без асаблівай ахвоты ён спусціўся ўніз, прайшоў на адкрытую, усё яшчэ акінутую сонцам веранду,  тым часам як ахмістрыня, цёртая, шчыгульная баба, побач у сталовай накрывала на стол.  І здумеўся, убачыўшы кампанію, якая чакала яго. Ён узрадаваўся, што  першым падняўся і пайшоў яму насустрач гаспадар, гэтым разам нейкі нягегла-праставаты, каліўца рэдкіх старанна прылізаных валасоў, у даўжманым, велікаватым пінжаку. Трапса прыязна павіталі, запрасілі. Кароткім спічам. Наколькі ён мог прыхаваць сваё здзіўленне, прамармытаў, што радасць цалкам на ягоным баку, пакланіўся, холадна, з дыстнцыяй, іграючы падарожнга тэкстыльшчыка і з жалем падумаў, што  застаўся ў гэтай вёсачцы з адзінай мэтай, -- падчапіць якое-небудзь дзяўчо. Не ўдалося. Ён бачыў перад сабою трох старцаў, якія ані ў чым не саступалі сававатаму гаспадару. Як велізарныя крумкачы, запаўнялі яны летняе памяшканне плеценай мэбляй і паветрана-лёгкімі гардзінамі; пракаветна старыя, замызганыя, спустошаныя, запушчаныя, хай нават іхнія гарнітуры і выдавалі найлепшую якасць, як ён адразу ўстанавіў, гэта чыталася з лысага (Піле прозвішчам, семдзесят сем гадоў, сказаў гаспадар пры прадстаўленні), які строма і дастойна сядзеў на вельмі нязручным табурэце, хоць вакол стаяла многа добрых крэслаў, звышкарэктна схілены, белы гваздзічок у пяцельцы, увесь час пагладжваючы пафарбаваныя чорныя кусцістыя вусы, яўна пенсіянер, магчыма былы, праз шчаслівы выпадак разбагацелы, мастак альбо камінар, вельмі нават магчыма машыніст лакаматыва. Тым больш запойна звалацужана глядзеліся абодва астатнія. Адзін (гер Кумэр, восемдзесят два), яшчэ таўсцейшы за Піле, мяжджулаваты, быццам складзены з сальных пухлінаў, сядзеў у крэсле-гойданцы, твар азызла-чырвоны, магутны нос п’яніцы, вясёлыя, жвавыя вырачаныя вочы за залатым пэнснэ, да ўсяго, відаць, з недагляду, начная кашуля пад чорным гарнітурам і поўныя кішэні газет і папер, тым часам як другі (гер Цорн, восемдзесят шэсць), доўгі і худы, на левым воку манокль, на твары шнары, глюгасты нос, беласнежная  львіная грыва, запалы рот, пазаўчарашняя праява ўсяго ва ўсім, няправільна зашпіленая камізэлька і на нагах розныя шкарпэткі.
-- Да кампаніі? -- спытаўся гаспадар.
-- Але ж калі ласка, -- адказаў Трапс і апусціўся ў крэсла, тым часам як доўгі, худы з цікавасцю сачыў за ім праз манокль:
-- Можа, гер Трапс возьмуць удзел у нашай забаўцы?
Старыя заўсміхаліся, заківалі.
-- Наша гульня, можа, крыху дзіўнаватая,-- асцярожна пачаў гаспадар, амаль нясмела і як бы чагось марудзячы. -- Сэнс яе ў тым, што вечарамі мы гуляем у нашы  былыя прафесіі.
Старыя зноў завыскаляліся, ветліва, карэктна.
Трапс здзівіўся. Як гэта разумець?
-- Ну, -- удакладніў гаспадар, -- я раней быў суддзя, гер Цорн -- пракурор і гер Кумэр -- адвакат, і вось мы разыгрываем суд.
-- Ах вось як, -- зразумеў Трапс і палічыў ідэю прымальнай. Можа, вечар яшчэ і не зусім змарнаваны.
Гаспадар урачыста паглядзеў на тэкстыльшчыка. У цэлым і ў прыватнасці, патлумачыў ён мяккім голасам, праводзяцца славутыя гістарычныя працэсы, працэс Сакрата, працэс Ісуса, працэс Жаны д’Арк, працэс Дрэйфуса, нядаўна пракруцілі пажар рэйхстага, а раней неяк Фрыдрых Вялікі быў прызнаны бессвядомым.
Трапс недаўмяваў:
-- І вы гуляеце ў гэта штовечара?
Суддзя кіўнуў. Але найлепш, вядома, патлумачыў ён далей, калі гульня праходзіць па жывым матэрыяле, што часта выяўляе асабліва цікавыя сітуацыі, як вось, напрыклад,  заўчора праходзіў адзін парламентрый, які ў вёсцы сказаў прамову і прапусціў апошні цягнік, дык вось ён засуджаны на чатырнаццаць гадоў катаржнай турмы за шантаж і подкуп.
-- Суровы суд, -- павесялела канстатаваў Трапс.
-- Справа гонару, -- заззялі старыя.
Якая ж роля можа прыпасці яму?
Зноў усмешкі, амаль смех.
Суддзя, пракурор і абаронца ўжо ёсць, да таго ж гэта пасады, якія патрабуюць ведання матэрыі і правілаў гульні, рэгламенту, сказаў гаспадар, вакантная толькі пасада падсуднага, але гер Трапс ні ў якім разе не абавязаны гуляць з імі, гэта павінна быць яшчэ раз падкрэслена.
Намер старых развесяліў і падагрэў тэкстыльшчыка. Вечар быў вырaтаваны. Ён пройдзе не завучана нудна,  абяцае быць пацешным. Сам ён чалавек просты, без залішне вялікай мысліўнай сілы і  схільнасці да такой дзейнасці, бізнесовец, хітры, учэпісты, сама якраз той, хто ў ягонай галіне мог пайсці на поўную рызыку, пры гэтым любіў  добра  э‘есці пад добрую чарку, са схільнасцю да моцных, прыперчаных жартаў. Ён гуляе, і ўсё, сказаў, лічыць сабе за гонар прыняць асірацелую пасаду абвінавачанага.
Брава, крэкнуў пракурор і запляскаў у далоні, брава, вось гэта слова мужчыны, вось гэта кураж, лічыць ён.
Тэкстыльшчык пацікавіўся злачынствам, якое яму інкрымінуецца, Гэта няважна, адказаў пракурор, прачышчаючы манокль, злачынства заўсёды знойдзецца.
Усе засмяяліся.
Гер Кумэр падняўся.
-- Падыдзіце, гер Трапс, -- сказаў ён амаль па-бацькоўску, -- мы б хацелі яшчэ здэгуставаць партвейну, які ў нас ёсць; віно старое, Вы павінны прычасціцца.
Ён правёў Трапса ў сталовую. Вялікі круглы стол накрыты  як мага святочней. Старыя крэслы з высокімі падлокатнікамі і біламі, пацямнелыя карціны на сценах, усё старамодна, салідна, з веранды чулася балбатня старых, праз адчыненыя вокны палымнелі апошнія промні вечара, далятаў шчэбет птушак, а на століку стаялі бутэлькі, пасля яшчэ і на каміне, бардо ў кошыках. Адвакат акуратненька і з нейкім нават трымценнем наліў са старой бутэлькі порта ў дзве чаркі, напоўніў іх па беражкі, чокнуўся з тэкстыльшчыкам за ягонае здароўе, асцярожненька, ледзь даткнуўшыся чаркамі з каштоўнай вадкасцю.
Трапс пакаштаваў.
-- Выдатна, -- пахваліў.
-- Я Ваш абаронца, гер Трапс, -- сказаў гер Кумэр. -- Між намі кажучы: за наша сяброўства!
-- За добрае сяброўства!
Самае лепшае, сказаў адвакат і падсунуўся сваім чырвоным носам, сваім прапойскім носам і сваім пэнснэ бліжэй да Трапса, аж дакрануўся велізарным пузам, непрыемная мяккая маса,-- сама лепш будзе, калі гер адразу даверыць яму сваё злачынства. Тады ён мог бы гарантаваць, што і на судзе ўсё пройдзе гладка. Сітуацыя хай і не небяспечная, але нельга недаацэньваць і таго, што доўгі худы пракурор усё яшчэ пры сваёй духоўнай моцы, і тут след вой як апасацца, пасля, гаспадар заўсёды больш схіляецца да суровасці і нават, бадай, да педантызму, які на старасці -- яму восемдзесят сем -- толькі абвастраецца. Тым не меней яму, адвакату, удаецца ў большасці выпадкаў прабіваць яго альбо, прынамсі, не дапусціць да найгоршага. Толькі аднаго разу, калі слухаўся рабунак з забойствам, сапраўды не было ўжо чаго ратаваць. Але ж сёння, мяркуючы па геры Трапсе, ніякага рабунку з забойствам не прадбачыцца, альбо ж можа, усё-такі, га?
На вялікі жаль, на ім няма ніякага злачынства, засмяяўся тэкстыльшчык. І дадаў пасля:
-- Прозіт!
--  Прызнайцеся мне, -- падбадзёрыў яго абаронца. -- Вам не трэба саромецца. Я ведаю жыццё і ні з чога больш не здзіўляюся. Колькі лёсаў прайшло  перад маімі вачыма, гер Трапс, якіх прорваў толькі не бывала, ужо ж Вы можаце  веры мне даць.
Яму вельмі шкада, ухмыльнуўся тэкстыльшчык, сапраўды, ён абвінавачваны, які стаіць вось як ёсць без ніякай віны за сабою, ну, а ўсё астатняе хай будзе клопатам пракурора, хай што-небудзь пашукае, можа знойдзе, ён жа сам сказаў, ну вось, і  зловім яго на слове. Гульня ёсць гульня. Вось толькі цікава, што з усяго атрымаецца. А што, будзе сапраўдны допыт?
-- А ўжо ж я думаю!
-- Загадзя і наперад рады.
Абаронца напусціў заклапочаны твар.
-- Вы адчуваеце сябе невінаватым, гер Трапс?
Тэкстыльшчык засмяяўся:
-- Цалкам і наскрозь, удоўж і ўпоперак, -- і гутарка здалася яму незвычайна пацешнай.
Абаронца працёр пэнснэ.
-- Запішыце сабе на лобе, мой юны дружа, невінаватасць-- што туды, што сюды, галоўнае, пра што гаворка, -- тактыка! Чысты злом галавы -- гэта мякка сказана -- хацець стаць перад нашым судом без адчування віны, наадварот, самае разумнае, загадзя паспрабаваць накінуць на сябе якое-небудзь злачынства, напрыклад, што для бізнесоўцаў найбольш выгадна: ашуканства. Тады ўжо пры першым допыце можа выявіцца, што абвінавачваны перабольшвае, што, зрэшты, ніякага ашуканства і няма, а, бадай, ёсць проста бяскрыўдная маскіроўка фактаў з чыста рэкламнх прычынаў, як гэта часта практыкуецца ў гандлі. Дарога ад віны да невіны хай сабе і цяжкая, але не немагчымая, і наадварот, амаль безнадзейна спрабаваць адстойваць сваю невінаватасць, падрываючы тым самым вынік. Вы прайграеце там, дзе якраз і мелі б свой барыш, апрача таго ў такім разе Вы былі б вымушаны не самому выбіраць сабе віну, а прымаць накінутую Вам.
Тэкстыльшчык весела перасмыкнуў плячыма, ён вельмі шкадуе, не могучы паслужыцца нічым людзкім, але ён і праўда ж не ўсведамляе  за сабою аніякага такога ліхадзейства, якое магло б пацягнуць на канфлікт з законам, запэўніў ён.
Абаронца зноў начапіў сваё пэнснэ. У яго будзе шмат клопату з Трапсам, задумліва сказаў ён, тут ужо пойдзе сцяна на сцяну.
-- Але найперш і перад усім, -- завяршыў ён гутарку, -- прадумайце кожнае сваё слова, не пляскайце абы чаго з ходу, інакш  не забавіцеся, як убачыце сябе асуджанага да шматгадовай катаргі, калі ўжо і дапамагчы будзе нельга чым.
Увайшлі астатнія. Расселіся за круглым сталом. Мілае, прыемнае застолле, лёгкія жарты. Спачатку падалі розныя закускі, шынкі, яйкі па-руску, вустрыцы, чарапахавы суп. Настрой панаваў цудоўны, лыжкі хадзілі борздзенька, з асалодаю, сёрбалі і плямкалі не саромеючыся.
-- А цяпер,  падсудны, што Вы маеце нам  вызнаць, спадзяюся, міленькае, імпазантнае забойствачка, --  крэкнуў пракурор.
Абаронца запратэставаў:
-- Мой кліент -- гэта абвінавачаны без злачынства, так сказаць, прэцэдэнт  у юрыспрудэнцыі. Ён настойвае, што  не вінаваты.
-- Не вінаваты? -- здзівіўся пракурор. Шнары на твары пачырванелі, манокль ледзь не выпаў у талерку, загойдаўся на чорным шнурку. Карлікаваты суддзя, які якраз крышыў хлеб у суп, перастаў, застыў, з дакорам  гледзячы на тэкстыльшчыка, паківаў галавой, таксама і лысы, маўчун з белым гваздзіком у пяцельцы атарапела вырачыўся на яго. Цішыня палохала. Лыжкі, відэльцы -- ані звяку, ні сёрбу, ні пляму! Толькі ў глыбіні пакоя ціха хіхікнула Сімона.
-- Мы павінны разабрацца, -- сказў нарэшце пракурор. -- Не бывае таго, чаго не можа быць.
-- Прыступайце, -- засмяяўся Трапс. -- Я жывы да паслуг!
Пад рыбу падалі віно, лёгкі, іскрысты нойшатэлер.
-- Ну што ж, -- сказаў пракурор, разбірючы стронгу, -- пабачым, паглядзім. Жанаты?
-- Ужо адзінаццаць гадоў, як.
-- Дзеткі?
-- Чацвёра.
-- Прафесія?
-- Па тэкстылі.
-- Раз’езны, дарагі гер Трапс?
-- Генеральны агент.
--Добра. У вас аварыя?
-- Выпадковая. Упершыню за апошні год.
-- Ага. А да таго?
-- Ну, тады я ездзіў на старой машыне, -- патлумачыў Трапс. -- Сітраен -1939, а цяпер у мяне студэбэкер,  экстрамадэль, пад чырвоным лакам.
-- Студэбэкер, гм, цікава, і зусім нядаўна?  Відаць, раней Вы не былі генеральным агентам?
-- Просты, звычайны раз’язны з тэкстылем.
-- Каньюнктура, -- кіўнуў пракурор.
Поруч з Трапсам заварушыўся абаронца:
-- Асцярожна, пільнуйцеся, -- шапнуў ён.
Тэкстыльшчык, генеральны агент, як цяпер мы можам яго называць, з лёгкім сэрцам паднасеў на біфштэкс татар, пакрапіў на яго з лімона, свой рэцэпт, крыху каньяку, папрыкі і солі. Смачнейшага яму яшчэ ніколі не перападала, асалода прамянілася з яго, ён заўсёды лічыў вечары ў Шларафіі*, краіне малочных рэк і кісельных берагоў, самымі пікантнымі і пацешнымі, што толькі мог перажыць яму падобны чалавек, але сённяшні шыкаваў яму верх асалоды і пацехі.
-- Ага, -- канстатаваў пракурор, -- Вы са Шларафіі. І як жа Вас там звалі?
-- Маркіз дэ Казанова.
-- Выдатна, -- радасна крэкнуў  пракурор, быццам гэта было няма ладу якое важнае паведамленне, устаўляючы ў вока манокль. -- Усім нам прыемна пачуць гэта. Ці можна з Вашай мянушкі зрабіць якіясь высновы што да Вашага прыватнага жыцця, дабрадзею мой?
--  Увага, будзьце напагатове, -- шапнуў абаронца.
-- Дарагі пане, -- адказаў Трапс. -- Толькі адносна. Толькі калі ў мяне здаралася з жанчынамі штосьці пазашлюбнае, так толькі чыста выпадкова і без лішніх амбіцый і прэтэнзій.
Ці не мецьме добрай ласкі гер Трапс штрыхом--другім падаць да ведаму сабранаму тут застоллю некаторыя прыватнасці свайго жыцця, спытаўся суддзя, падліваючы нойшатэлеру.  Як што яно вырашана ўчыніць суд над дарагім госцем і грэшнікам і, па магчымасці, ізаляваць яго на доўгія гады, след толькі ўсё прымерыць, прывесці ў адпаведнасць, удакладніць некаторыя дэталі, асвятліць прыватнае, інтымнае, жаночыя прыгоды, калі можна, дык хай нават з соллю і перчыкам.
-- Расказвайце, расказвайце! -- хіхікаючы налягалі старыя на генеральнага агента. Аднаго разу яны мелі за сталом сутэнёра, дык той выдаў ім шмат якіх далікатэсаў са свайго рамяства, і  ўсё тое абышлося яму толькі ўсяго ў чатыры гады катаргі.
-- Ну, ну, -- засмяяўся разам з усімі Трапс, -- што ж тут можна пра сябе панарасказваць. Я вяду буднае жыццё, так, штодзёншчына, панове спадарства, звычайнае паспалітае жыццё, як я мушу адразу прызнаць. Пястунчык лёсу!
-- Пястунчык!
Генеральны агент падняў чарку, расчулена  зафіксаваў застылыя на ім нерухомыя птушыныя вочы чатырох старцаў, быццам ён быў для іх нейкім спецыяльным прысмакам, і чаркі сышліся ў чоку.
На дварэ нарэшце сонца закацілася, і нават птушыны гвалт улёгся, але ўся мясцовасць ўсё яшчэ заставалася дзённа светлай, сады і чырвоныя дахі паміж дрэў, парослыя лесам пагоркі і ўдалечыні прадгор’е і леднікі, мір і спакайната, ціхая вясковасць, урачыстае прадчуванне шчасця, божай мілаты і касмічнай гармоніі.
Суровую маладосць перажыў, расказваў Трапс, пакуль Сімона мяняла талеркі і ставіла на стол у воблаку пары вялікую місу. Шампіньёны a la сreme. Бацька быў фабрычны рабочы, пралетрый, падупаў аблуднаму вучэнню Маркса і Энгельса, згарчэлы, зацяты чалавек без радасці,  ніколі не меў клопату за сваё адзінае дзіця,  рана адцвілая маці-прачка.
-- Я мог хадзіць толькі ў пачатковую школу, толькі ў пачатковую, -- сказў ён са слязьмі на вачах, жорстка і расчулена адначасова, згадваючы сваё гаротнае мінулае, чокаючыся рэшткаю марэшо.
-- Вельмі своеасабліва, -- сказаў пракурор, -- адмыслова. Толькі пачатковая школа. Вы папрацавалі локцямі, мой шаноўны.
-- Думаю-такі, -- распраменіўся гэты, падагрэты марэшо, акрылены прыемнай кампаніяй, урачыстай божай мілатою за вокнамі. -- Думаю-такі. Яшчэ дзесяць гадоў назад я быў ніхто і нішто, гандляр-разносчык, які  цягаўся з дома ў дом. Цяжкая праца, ходзіш на пальчыках, начлегі на сенавалах, сумніўныя сховішчы і логвы. Пачаў я ў сваёй галіне з самага нізу, з самусенькага. А цяпер, панове геры, глянулі б вы на мой банкаўскі рахунак! Не хачу хваліцца, але ў каго з вас ёсць свой студэбэкер?
-- Будзьце пільныя, -- шапнуў заклапочаны абаронца.
Як жа яно так абярнулася,  пацікавіўся пракурор.
Ён павінен сачыць за сабой і не гаварыць лішняга, папярэджваў абаронца.
Ён узяў на сябе асабістае агенцтва “Hephaiston”  на гэтым кантыненце, заявіў Трапс і пераможна агледзеўся па баках. Толькі Іспанія і Балканы ў іншых руках.
Гефест -- гэта грэцкі бог, хіхікнуў маленькі суддзя, нагурбаваўшы сабе на талерку шампіньёнаў, вельмі вялікі майстар кавальства, які ўлавіў багіню кахання і яе любоўнічка, бога вайны Арэса, у тонка выкаваную нябачную сетку, так што іншыя багі проста нацешыцца не маглі з гэтай лоўлі, але што азначаў “Гефестон”, прадстўніцтва якога шаноўны гер Трапс узяў на сябе, гэта для яго пакрыта туманам.
-- І ўсё ж вы блізкія да ісціны, шаноўны гаспадар і суддзя, -- засмяяўся Трапс. -- Вы кажаце сабе: туман, а той мне не вядомы грэцкі бог амаль з такім самым імем з маёй сыравіны сплёў нябачную сетку. Калі  сёння мы маем нейлон, перлон, мірлон, сінтэтычныя матэрыялы, пра што высокі суд несумненна чуў, дык ёсць і гефестон -- кароль сінтэтыкі, празрысты, неразрыўны, а для рэўматыкаў проста ратунак, гэтак сама ўжывальны ў прамысловасці, як і ў модзе, для вайны, як і для міру. Закончаны матэрыял на паршуты і адначасова  пікантная матэрыя на начныя кашулі самым прыгожым  паням, як я ведаю са свайго досведу.
-- Чулі, чулі, -- квакнулі старцы, -- свой досвед, гэта добра, -- і Сімона нанава памяняла на стале талеркі, прынесла смажаныя цялячыя ныркі.
-- Святочная ежа, -- заззяў генеральны агент.
-- Мяне радуе, -- сказаў пракурор, -- што Вы ўмееце цаніць такія рэчы, і маеце рацыю! Нам прапануецца выдатны тавар і ў дастатковай колькасці, меню -- як з мінулага стагоддзя, калі людзі яшчэ адважваліся есці. Хвала Сімоне! Хвала нашаму гасціннаму гаспадару! І сам закупляе ўсё, стары гном і гурмэт, а што да віна, дык  ім забяспечвае Піле як уладальнік быкоў з суседніх вёсак. Пахвалім жа і яго! А як яно з Вамі цяпер, дзелавы мой? Даследуем жа Вашу справу далей. Жыццё Ваша мы ўжо ведаем, асалода была зазірнуць у яго, з Вашай дзейнасцю таксама поўная яснасць. Адзін толькі малаважны пункт не асветлены: як Вы прыйшлі прафесійна да такой прыбытковай пасады? Няўжо толькі дзякуючы руплівасці, дзякуючы жалезнай энергіі?
-- Увага, -- шапнуў абаронца. -- Цяпер будзе небяспечна.
Гэта не было так проста, адказаў Трапс, прагна сочачы, як суддзя разбірае смажаніну, спярша трэба было перамагчы Гігакса, а гэта крутая работка была.
-- Ай, а пан Гігакс, што гэта такі за адзін?
-- А мой былы шэф.
-- Яго трэба было ўхіліць, хочаце  сказаць?
-- Яго трэба было адсунуць убок, каб застацца  самому, -- адказаў Трапс і абслужыўся соўсам. -- Панове, вы пачуеце шчырае слова. У дзелавым жыцці ўсё ідзе крута і жорстка, як ты мне, так я табе, хочаш быць пры гэтым джэнтльменам, калі ласка, будзь і гінь. Я аграбаю  грошы шуфлем, але ж і мардуюся, як дзесяць сланоў, штодзень накручваю шэсцьсот кіламетрў на сваім студэбэкеры. Так каб зусім fair у мяне не было, што вось бяры прыстаўляй старому Гігаксу нож да горла і чык-чык, але ж мне трэба было прабівацца наперад, як і кожнаму, гешэфт ёсць, зрэшты, гешэфт.
 Пракурор з цікавасцю адарваўся ад цялячых нырак і паглядзеў на Трапса.
-- Адсунуць убок, прыставіць нож да горла, чык-чык, усё гэта ці не занадта моцныя выразы, дарагі Трапс.
Генеральны агент засмяяўся:
-- Іх, вядома, трэба разумець толькі ў пераносным сэнсе.
-- Пан Гігакс пачувае сябе добра, шаноўнейшы?
-- Летась ён памёр.
-- Вы звар’яцелі, -- зашыпеў узрушаны абаронца. -- Вы, мусіць, зусім ашалелі!
-- Летась, -- з жалем сказаў пракурор. -- Мне вельмі шкада. Колькі яму было?
-- Пяцьдзесят два.
-- Кроў з малаком, зусім дзіця. І з чаго ён памёр?
-- Ад нейкай хваробы.
-- Ужо пасля як Вы атрымалі сваю пасаду?
-- Незадоўга да.
-- Добра, больш мне пакуль што ведаць нічога не трэба, -- сказаў пракурор. -- Шчасце, нам пашанцавала. Мёртвы такі знайшоўся, а гэта, зрэшты,  галоўнае.
Усе засмяяліся. Нават Піле, лысы, які моўчкі багавейна спажываў смажаныя ныркі, педантычна і парцыённа ўклыгваў неймаверную колькасць, падняў вачы на Трапса.
-- Файна, -- сказаў ён і прыгладзіў чорныя вусы.
Замоўк і еў далей.
Пракурор урачыста падняў сваю чарку.
-- Панове, -- абвясціў ён, -- за такую знаходку каўтанёмце па чарцы выдатнага пішон-лонгевілю разліву 1933 года. Выдатнае бардо за выдатную гульню!
Усе зноў чокнуліся, выпілі.
-- Чорт вазьмі, панове! -- здзівіўся генеральны агент, залпам выпіўшы пішон і працягнуўшы чарку да суддзі, --  каласальнае смаковішча!
Сутонне згусцілася, твары прысутных ужо ледзь можна было пазнаваць. У акно заглянулі першыя зоркі, і ахмістрыня запаліла тры вялікія цяжкія свяцільні, якія абмалявалі на сцяне ценевую карціну круглага застолля, як нейкую разетку дзівоснай фантастычнай кветкі з пялёсткамі. Даверлівы, утульны настрой, сімпатыя ўсіх да ўсіх, легката ў формах абыходжання, нораваў.
-- Як у казцы, -- здзіўляўся Трапс.
Абаронца выцер сурвэткай пот з лоба.
-- Казка, дарагі Трапс, -- сказаў, -- гэта Вы. Мне яшчэ ніколі не пападаўся такі падсудны, які з такім вялікім душэўным спакоем даваў бы такія неасцярожныя паказанні.
Трапс засмяяўся:
-- Адкіньце страхі, дарагі сусед! Калі пачнецца сапраўдны допыт, я галавы не страчу.
Мёртвая цішыня ў пакоі, як ужо бывала. Ні плямкання, ні сёрбання, ні хлістання.
-- Няшчасны чалавек! -- крэкнуў абаронца.-- Што Вы маеце на ўвазе, кажучы “калі пачнецца сапраўдны допыт”?
-- Ну, -- сказаў генеральны агент, накладаючы на талерку салат, -- а хіба ён ужо пачаўся?
Старыя заўхмыляліся, хітра, з’едліва  пераглядаліся, аж забляялі ад прыемнасці.
Ціхі, спакойны, лысы  хіхікнуў:
-- А ён і не заўважыў, а ён і не заўважыў!
Трапс схамянуўся,  збянтэжыўся, хлапечая весялосць старых падалася яму вельмі непрыемнай, уражанне, якое, вядома, адразу ж і прапала, аж ён пачаў смяяцца разам з усімі:
-- Панове, даруйце, -- сказаў ён, -- я ўяўляў сабе гульню больш урачыстай, больш годнаснай, фармальнейшай, больш судовазальнай.
-- Дарагі наш гер Трапс, -- адкрыў яму суддзя, -- Ваш заклапочаны твар нельга пераацаніць. Нашая манера правіць судоўства здаецца Вам  занадта натуральнай, бачу я. Але, неацэнны Вы наш, мы чацвёра за гэтым сталом даўно ў адстаўцы, на пенсіі і вызвалілі сябе ад непатрэбных формул, пратакола, пісаніны, законаў і ўсякага хламу, які загрувашчвае судовыя залы. Мы судзім без аглядкі на струхлелыя кодэксы і параграфы.
-- Смела, -- адказаў Трапс, ужо крыху ацяжэлым языком, -- смела. Панове, мне гэта імпануе. Без параграфаў, гэта смелая ідэя.
Абаронца ўстаў, грунтоўна. Выйдзе перахапіць свежага паветра, абвясціў, перш чым прыступацца да курачкі і ўсяго там іншга, невялікая шпацыровачка дзеля здароўя і цыгарэта цяпер якраз у самы акурат, і ён запрашае гера Трапса скласці яму кампанію.
Яны сышлі з вернды ў ноч, якая нарэшце нагарнулася на ўсё вакол, цёплая і велічная. З вокан сталовай на газоны клаліся залатыя палосы святла, цягнуліся аж да градак з ружамі. Неба ўсыпана зоркамі, бязмесячнае,  цёмнай масай стаялі дрэвы, сцежкі, па якіх яны ішлі, сярод дрэў ледзь было можна разгледзець. Узяліся пад руку. Абодва ацяжэлі ад віна, тыцалі нагамі, пахістваліся няроўна, сіліліся ісці роўна, курылі цыгарэты, “Parisienne”, чырвоныя кропкі ў цемры.
-- Божа, -- удыхнуў Трапс, -- ну, і штучка-дручка была там, -- і кіўнуў убок асветленых вокан, у якіх рухаўся масіўны сілуэт гаспадыні,-- забаўна і пацешна ўсё, забаўна.
-- Дарагі дружа, -- сказаў абаронца хістаючыся і абапіраючыся на Трапса, -- перш чым мы вернемся і возьмемся за курачку, дазвольце мне звярнуцца да Вас са словам, сур’ёзным словам, якое Вы павінны прыняць да сэрца. Вы мне сімпатычны, малады чалавек, я адчуваю да Вас пяшчоту, хачу сказаць Вам па-бацькоўску: мы з Вамі на цудоўным шляху да поўнага і беспаваротнага пройгрышу нашага працэсу!
-- Глупства, -- адказаў генеральны агент, асцярожна кіруючы абаронцу  ўздоўж дарожкі вакол вялікай чорнай шаравіднай масы куста. Там была сажалка, яны разгледзелі каменную лавачку, прыселі. У вадзе калыхаліся зоркі, падымалася прахалода. З вёскі даносіліся гукі гармоніка і спеў, пачуўся нават альпійскі ражок, -- гэта весяліліся дэлегаты з’езда саюза свінаводаў.
-- Вы павінны сабрацца, -- папярэдзіў абаронца. -- Вораг захапіў вельмі важныя бастыёны; мёртвы Гігакс, абсалютна без патрэбы выплылы праз Вашу безмяцежную балбатню, пагроза нам вялікая, усё гэта кепска, нявопытны абаронца склаў бы зброю, але пры добрай учэпістасці,  скарыстоўваючы ўсе шанцы, і перш за ўсё з асцярожнасцю, абачлівасцю і дысцыплінай з Вашага боку я яшчэ магу ўратаваць істотнае.
Трапс засмяяўся. Вельмі камічная застольная гульня кампаніі, сказаў,  на наступным пасяджнні Шлярафіі абавязкова павінна гэта праявіцца.
-- Праўда? -- павесялеў абаронца, -- Жыццё вяртаецца. Я ўжо зусім быў духам заняпаў, дарагі дружа, узяўшы адстаўку, вось так адразу ніякага занятку, без прафесіі,  цешыцца старасцю ў гэтай вёсачцы. Бо і што тут адбывалася? Нічога, толькі фён не даставаў, вось і ўсё. Здаровы клімат? Смешна, без духоўнага занятку. Пракурор быў пры смерці, у нашага гаспадара падазравалі рак страўніка, Піле пакутаваў дыябетам, а ў мяне праблемы з ціскам. Вось такі фініш. Сабачае жыццё. Сяды-тады сядзім, бывала, у маркоце, з палам расказваем пра былыя прафесійныя поспехі, вось і ўся наша чэзлая радасць. І тут стукнула пракурору ў галаву правесці гульню, суддзя даў дом, я сваю маёмасць -- у распраджэнне, ну так... я маладзён і як шмат-шматгадовы адвакат элітарных дзесяці тысяч адвальваю ладную суму на бок... мой дарагі, наўрад ці можна паверыць, што апраўданы рыцар-разбойнік высокіх фінансаў  адкрываецца свайму абаронцу, гэта мяжуе з марнатраўствам, -- і гэта зрабілася крыніцай нашага здароўя, гэтая гульня; гармоны, страўнікі, падстраўнікавыя залозы зноў прыйшлі да нормы, прайшла нуда, вярнуліся энергія, малайцовасць, эластычнасць, апетыт; паглядзіце, -- і нягледзячы на свой жывот ён зрабіў некалькі гімнастычных практыкаванняў, наколькі гэта Трапс мог разгледзець у цемры. -- Мы гуляем з гасцямі суддзі, яны нам граюць падсудных, -- гаварыў абаронца далей, зноў прысеўшы, -- то з разносчыкамі, то з адпускнікамі, а два месяцы таму назад мы нават змаглі засудзіць на дваццаць гадоў катаргі аднаго нямецкага генерала. Ён якраз падарожнічаў з жонкай, і толькі маё майстэрства ўратавала яго ад шыбеніцы.
-- Цудоўна, -- здзівіўся Трапс, -- вось гэта поспех! Але гэты ваш з шыбеніцай неяк не ўкладваецца ў гульню, вы крышачку перабольшваеце, шаноўны пан адвакат, бо смяротная кара адменена.
-- Гэта ў дзяржаўным судоўстве, -- паправіў яго абаронца, -- а ў нас тут  юстыцыя  прыватная, мы зноў увялі гэты пункт: якраз магчымасць смяротнага пакарання робіць нашу гульню асабліва напружанай і адмыслова адметнай.
-- А тады, можа, у вас ёсць і свой кат, га? -- засмяяўся Трапс.
-- Ну ж вядома, -- горда пацвердзіў абаронца, -- маем-такі. Піле.
-- Піле?
-- Не чакалі, га?
Трапс некалькі разоў глынуў.
-- Ён жа быкамі займаецца, забяспечвае вінамі, іх мы пілі.
-- А ён заўсёды і займаўся быкамі, -- лагодна ўхмыльнуўся абаронца. --Выконваў свае дзяржўныя функцыі толькі дадаткова, між іншым. Амаль як бы ганарова. Быў адным з найлепшых у сваёй прафесіі ў суседняй краіне, ды вось ужо дваццаць гадоў як на пенсіі, але ўсё яшчэ ў сваім мастацтве на падхваце.
Па вуліцы праехў аўтамабіль, і ў святле яго фараў праявілася воблачка цыгарэтнага дыму. Нейкую хвіліну Трапс глядзеў на абаронцу, непамерная постаць у гарнітуры, тлусты, задаволены твар. Трапс задрыжаў. Халодны пот выступіў на яго лобе.
-- Піле.
Абаронца здзівіўся:
-- Але што гэта з Вамі раптам,  добры мой Трапс? Бачу, Вы дрыжыце. Вам нездаровіцца?
-- Не ведаю, -- шэптам адказаў генеральны агент і цяжка ўздыхнуў, -- не ведаю.
Ён бачыў перад сабою лысага, які атупела сядзеў за сталом і еў, не дай бог з такім есці.  Мяккая летняя ноч, яшчэ больш мяккае віно разлагодзілі Трапса, зрабілі яго цярпімым, непрадузятым, урэшце ён быў чалавек, які шмат чаго пабачыў і ведаў свет, не капрызны, не гулец, не, тэкстыльшчык-прафесіянал вялікага фармату, так, цяпер ужо Трапсу здавалася, што без ката суд быў бы не такі пацешны і забаўны, і ён ужо быў рады, што неўзабаве зможа ў Шлярафіі пакепліваць з прыгоды, куды напэўна ж дапусціцца і пан кат за невялікі ганарар і стол, і таму ён нарэшце з палёгкай засмяяўся:
-- Я сеў у лужыну! Я так спалохаўся! Гульня робіцца ўсё больш вясёлай!
-- Давер за давер, -- сказаў абаронца, калі яны падняліся і пад руку, аслепленыя святлом з  вокан, патупалі да дома. -- Як Вы забілі Гігакса?
-- Вы лічыце, я забіў яго?
-- Ну так, калі ён мёртвы.
-- Але ж я яго не забіваў.
Абаронца спыніўся.
-- Мой дарагі юны дружа, -- адказаў ён спагадліва. -- Я разумею Вашыя сумненні. З усіх злачынстваў забойствы трэба прызнаць самымі жахлівымі. Абвінавачаны саромеецца, не хоча прызнаваць свайго ўчынку, забывае, выціскае яго са сваёй памяці, увогуле поўны прыхамацяў да мінулага, угрызаецца перабольшанымі пачуццямі сваёй віны і нікому не верыць, нават свайму сябру абаронцу, бо сапраўдны абаронца любіць забойства, трыумфуе, калі яму пападаецца такі кліент. Выкладвайце, дарагі Трапс! Мне выгода толькі тады, калі я стаю перад сапраўднай задачай, як альпініст перад цяжкім чатырохтысячнікам, так я, стары альпініст, магу гэта параўнаць. Тады мозг пачынае думаць і выдумляць, пішчаць і трашчаць, што, зрэшты, і ёсць мне на радасць. Дык вось і Ваш недавер ёсць, так, я магу  гэта сказаць, рашаючая памылка, якую Вы робіце. Таму, выкладвайце Вашы прызнанні, стары хлопча!
Але ж яму няма ў чым прызнавацца, запэўніў генерльны агент.
Абаронца задумаўся. Ярка асветлены з акна, з якога чуўся звон чарак і смех, ён утаропіўся на Трапса.
-- Хлопча, хлопча, неадабральна бурчаў ён, -- што гэта зноў такое? Вы ўсё яшчэ не хочаце адмовіцца ад Вашай няправільнай тактыкі і разыгрываць невінаватага? Вы ўсё яшчэ не скемілі? Прызнавацца трэба, хочаш таго альбо не, а прызнавацца заўсёды ёсць у чым, марудна гэта даходзіць да Вас! Наперад, любы дружа, не вагайцеся і не выкручвайцеся, а скажыце ад чыстага сэрца: як Вы забілі Гігакса? У афэкце, праўда ж? У такім разе мы маглі б учапіцца за абвінавачанне ў “смаротнай траўме”. Гатовы пабажыцца, што пракурор да гэтага  і хіліць. Такое ў мяне падазрэнне. Ведаю я яго.
Трапс патрос галавой.
-- Дарагі мой пане абаронца, -- сказаў ён, -- асаблівы шарм нашай гульні якраз у тым -- калі я як пачатковец   магу выказаць сваё сціплае меркаванне, -- што чалвеку пры гэтым робіцца не па сабе,  несамавіта і вусцішна. Гульня пагражае абярнуцца рэальнасцю. І раптам у цябе пытаюцца, ці ты, зрэшты,  злачынца ці не, ці ты забіў старога Гігакса ці не. Ад Вашых слоў мне ў галаве закруцілася. А таму, давер за давер: я не вінаваты ў смерці старога гангстэра. Праўда.
І з гэтым яны зноў увайшлі ў сталовую, дзе ўжо была сервіравана курачка, а ў чарках іскрыўся Chateau Pavie -1921.
Трапс, у добрым гуморы, рушыў да cур’знага, маўчуна, лысага, паціснуў яму руку. Ён ведаў ужо ад свайго абаронцы ягоную ранейшую прафесію, сказаў, што хацеў бы падкрэсліць, -- не можа быць нічога больш прыемнейшага, як пазнаёміцца з такім сумленным чалавекам за сталом, у яго няма ніякай прадузятасці, прымхлівасці, наадварот, і Піле, пагладжваючы сваю падфарбаваную бараду, прамармытаў, пачырванеўшы, крыху засаромеўшыся,  на жахлівым дыялекце:
-- Я рады, я рады, я ўжо вам пастараюся.
Пасля такога кранальнага братання курачка пайшла, як ягадка. Яна была згатаваная па тайным рэцэпце Сімоны,  абвясціў суддзя. Усе плямкалі, елі рукамі, хвалілі кулінарны шэдэўр, пілі, падымалі чаркі за здароўе кожнага, абсмоктвалі соўс з пальцаў, пачуваліся проста  вальготна, і пры ўсёй гэтай мілаце працэс пайшоў сваім ходам. Пракурор, падвязаны сурвэткай, з курачкай каля дзюбападобнага расплямканага рота, спадзяваўся,  пакуль дойдзе да крылцаў, атрымаць сервіроўку прызнання.
-- Канечне, дарагі, шаноўнейшы падсудны, -- даследаваў ён, --  Гігакса Вы атруцілі.
-- Не, -- засмяяўся Трапс, -- ані блізка.
-- Ну, скажам: застрэлілі?
-- Таксама не.
-- Зладзілі  аўтакатастрофу?
Усе засмяяліся, а абаронца зноў зашыкаў:
-- Сачыце, гэта пастка!
-- Катастрофа, пане пракурор, поўная Ваша катастрофа, весела ўсклікнуў Трапс: -- Гігакс памёр ад інфаркту, і гэта ўжо быў не першы ў яго. За некалькі гадоў да таго яго прыхапіла, і ён павінен быў пільнавацца, бо любое хваляванне магло спрычыніць наступны ўдар, я гэта добра ведаю.
-- Ай, адкуль бо?
-- Ад яго жонкі, пан пракурор.
-- Ад яго жонкі?
--Сачыце, напрамілы бог, асцярожна, -- шаптаў абаронца.
Шато-паві-1921 пераўзышло ўсе спадзяванні. Трапс быў ужо за чацвёртай чаркай, і Сімона падставіла бліжэй да яго бутэльку.
Пракурор здзіўляецца, запратэставаў генеральны дырэктар старым панам, але хай з гэтага высокі суд не думае, што ён нешта ўтойвае, ён хоча сказаць толькі праўду і застацца з праўдай, хай нават ягоны абаронца і абшыквае яго сваім “сачыце!”. Сёе-тое было ў яго з фраў Гігакс, ну так, стары гангстэр часта бываў у ад’ездах і самым жахлівым чынам занядбаў сваю ладна скроеную апетытную жоначку; і яму час-парою даводзілася  браць на сябе ролю суцешніка, на канапе ў Гігаксавым пакоі, а пазней нават і ў іхнім шлюбным ложку, як яно гэта так здараецца і як яно прынята ў свеце.
Ад гэтых слоў старое застолле як скамянела, пасля ж, раптам, усе гучна заскварчалі ад задавальнення, і лысы, раней такі маўклівы, крыкнуў, падкінуўшы ўгору свой белы гваздзік:
-- Прызнанне, прызнанне! -- толькі абаронца ў роспачы пастукваў сабе  кулакамі па скронях.
-- Як неразумна! -- ускрыкнуў ён.
Яго кліент ашалеў і, здаецца, ягоная гісторыя не застанецца без наступстваў, на што ужо абурыўся Трапс і запратэставаў пад новыя воплескі застолля. Пасля гэтага пачалася доўгая дыскусія паміж пракурорам і адвакатам, упарцістае тузанне, і камічнае, і сур’ёзнае, дыскусія, сутнасці якое Трапс не зразумеў. Усё круцілася вакол слова “dolus”,  і генеральны агент ані блізка не цяміў, што яно магло азначаць. Дыскусія закіпала ўсё больш і гарачэй, і яшчэ больш заблытана; умяшаўся суддзя, таксама разгарачыўся, і калі спачатку Трапс намагаўся прыслухоўвацца, каб улавіць хоць які сэнс у спрэчцы, дык з палёгкай уздыхнуў, калі гаспадыня паставіла на стол сыр: камэмбэр, бры, эментальскі, грыйер, тэт-дэ-муан, вашэрэн, лімбуржскі, гарганцола, і зрабіла ўсё dolus dolus, чокнуўся з лысым, які толькі адзін і маўчаў, і, здавалася, таксама нічога не разумеў, і прыкладваўся -- пакуль раптам, нечакана пракурор не звярнуўся да яго зноў:
-- Пане Трапс, -- спытаўся ён, ускудлачаны, з чырвоным тварам, манокль у левай руцэ, -- Вы ўсё яшчэ ў прыяцелях фраў Гігакс?
Усе вылупілі вочы на Трапса, які сунуў у рот скібачку булкі з камэмбэрам і з асалодаў жаваў. Пасля яшчэ глыток шато-паві. Недзе цікаў гадзіннік, а з вёскі яшчэ дносіліся гукі арганчыка і мужчынскі спеў “Кліча дом швейцарскі нас да шаблі”.
Са смерці Гігакса, патлумачыў Трапс, ён больш ні разу кабетку не наведваў. Ну, бо, зрэшты, ён зусім не зычыць добрай удавіцы благое славы.
Яго заява на здзіўленне зноў выклікала заўзятую, незразумелую, гарачую спрэчку, усе ажывіліся яшчэ больш,  пракурор крычаў: “Dolo malo, dolo malo!”, вывяргаў з сябе грэцкія і лацінскія фразы, цытаваў Шылера і Гётэ, тым часам як маленькі суддзя тушыў свечкі, усе, апрача адной, якою ён карыстаўся, засланіўшы яе далоняй, блеючы і фыркаючы, каб паказваць на сцяне фантастычныя цені -- козы, кажаны, чэрці, лесавікі, пры гэтым Піле барабаніў па стале, аж падскоквалі чаркі, талеркі, падносы:
-- Будзе смяротны вырак, смяротненькі вырак!
Толькі абаронца не браў удзелу ў агульным экстазе, пасунуў Трапсу паднос.  Хай бярэ, можа есці свой сыр, нічога іншага не застаецца.
Прынеслі “Chateau Margaux”. І зноў настала супакаенне. Усе глядзелі на суддзю, які асцярожна і грунтоўна пачаў адкаркоўваць запыленую бутэльку (год 1914), нейкім дзіўным, старамодным свярдзёлкам, які яму і спасобіўся да выцягвання чопа з пакладзенай  у кошык бутэлькі, не вымаючы яе з кошыка, працэдура, якая следавала пад затоенае дыханне, але тут важна было па магчымасці не пашкодзіць корка, бо ён жа быў адзіным доказам таго, што бутэлька сапраўды была з 1914 года, бо за чатыры дзесяцігоддзі этыкетка даўно аблезла. Чоп вымаўся не цалкам, рэшту трэба было дастаць акуратненька, бо на ім яшчэ можна было прачытць год закладкі віна, яго перадавалі з рук у рукі, абнюхвалі, хвалілі і нарэшце ўрачыста перадалі генеральнаму агенту на памяць пра цудоўны вечар, як сказаў суддзя. Той пакаштаваў спярша віно сам, пстрыкнуў пальцамі, наліў, пасля  астатнія пачалі нюхаць, прысёрбваць, зайшліся ў крыках захаплення, хвалілі гасціннага гаспадара. Разнеслі усім сыр, і суддзя запрасіў пракурора сказаць сваю “абвінаваўчую прамоўку. Той спачатку сказаў прынесці новых свечак, усё павінна быць урачыста, з сэнсам, патрэбна канцэнтрацыя, унутраная сабранасць. Сімона прынесла свечкі. Усе былі напятыя, генеральнаму агенту сітуацыя здалася крыху не па душы, як бы азноб прабег па скуры, але тым часам  прыгода была шыкоўная, і ні за што на свеце ён не згадзіўся б адмяніць яе. Толькі абаронца ўдаваў незадаволенага.
-- Добра, Трапс, -- сказаў ён, -- паслухаем прамову абвінавачання. Вы здзівіцеся, убачыўшы, чаго натварылі сваімі неасцярожнымі заявамі, Вашай няправільнай тактыкай. Калі раней было кепска, дык цяпер проста катастрафічна. Але кураж! я дапамагу вам выбрацца з калужыны. Толькі не трацьце галавы, будзе каштаваць нерваў выцерабіцца з сітуацыі.
І пайшло. Агульнае сморканне, пракашліванне, яшчэ раз чокнуліся, і пракурор пад кепікі і смешкі пачаў сваю прамову.
-- Самае прыемнае ў нашай  мужчынскай вечарыне, -- сказаў ён, падняўшы чарку, але седзячы, --  выдатнае дасягненне, што мы напалі на след забойства, так рафінавана ўладжанага, што яно нашай дзяржаўнай юстыцыі натуральна не па зубах.
Трапс здрыгануўся, але тут жа раззлаваўся:
-- Я, па-вашаму,  учыніў забойства? -- запратэставаў ён, -- не, вы паслухайце, гэта ўжо па-мойму занадта, нават абаронца прыстае з гэтай гнілой гісторыяй, -- але пасля схамянуўся і засмяяўся, нястрымна, ледзь змог нарэшце супакоіцца; цудоўны жарт, выдатная штука, цяпер толькі ён разумее, яму хочуць, хоць ты застрэлься, накінуць злачынства, але  не, усё гэта  смеху варта.
Пракурор дастойна і ўрачыста паглядзеў на Трапса, працёр манокль, зноў яго ўставіў.
-- Падсудны, -- сказаў ён, -- сумняваецца ў сваёй віне. Гэта па-чалвечы. Хто з нас ведае сябе, хто з нас ведае свае злачынствы, тайныя бясчынствы і грэшныя намыслы? Але адно павінна быць падкрэслена ўжо зараз, пакуль  па новай не закіпелі жарсці нашай гульні: у выпадку, калі Трапс -- забойца, дык я сцвярджаю,  я ўнутрана спадзяюся, -- мы стаім перад асабліва ўрачыстым момантам. З поўным правам. Гэта радасная падзея -- выкрыццё забойства, падзея, якая прымушае нашыя сэрцы біцца яшчэ мацней, ставіць нас перад новымі задачамі, рашэннямі, абавязкамі, і таму я магу найперш павіншаваць нашага дарагога верагоднага спраўцу, яно ж без спраўцы  немагчыма раскрыць забойства, немагчымая і перамога справядлівасці. На асабліва вялікае шчасце нашаму  другу, нашаму сціпламу Альфрэда Трапсу дабрамысны лёс паслаў яго ў наш асяродак!
Выбух захаплення, усе ўсталі, выпілі за здароўе генеральнага агента, той падзякаваў са слязьмі на вачах, пабажыўся, што гэта яго найлепшы вечар.
Пракурор, цяпер ужо таксама са слязьмі:
-- Яго найлепшы вечар, абвяшчае наш шаноўны, слова, глыбокаўражлівае слова. Успомнім наш мінулы час, калі на службе ў дзяржавы чыніліся цёмныя справы. Не як сябар супроцьстаяў нам тады падсудны, а як вораг; таго, каго сёння мы можам прыціснуць да сваіх грудзей, тады ад сябе штурхалі.  Да і ад маіх грудзей, прынамсі!
Пры гэтых словах ён ускочыў, тузануў Трапса з месца і горача абняў яго.
-- Пракурор, дарагі, дарагі дружа, -- заікаўся ўсхваляваны генеральны агент.
-- Дарагі падсудны, дарагі Трапс, -- усхліпваў пракурор. -- Будзем адзін з адным на “ты”.  Я -- Курт. За тваё здароўе, Альфрэда!
-- За тваё здароўе, Курт!
Яны пацалаваліся, шчыра пагладжвалі адзін аднаго, пілі за здароўе, узаемная захопленасць прамянілася з іх, поўная карціна росквіту дружбы.
-- Як усё перамянілася, -- ззяў пракурор; -- калі раней ад адной справы да другой, ад злачынства да злачынства, ад прысуду да прысуду мы цкавалі адзін аднаго, дык цяпер абгрунтоўваем, пярэчым, рэферуем, дыспутуем, гаворым і адказваем няспешна, утульна, весела, вучымся цаніць падсуднага, любіць, і нашыя памкненні сустракаюцца з ягонай сімпатыяй, замірэнне і братанне -- вось наша атмасфера. Калі яна ўстаноўлена, тады ўсё даецца лёгка,  злачынства  выяўляецца проста, прысуд выносіцца горача і справядліва. Дык жа дазвольце мне выказаць словы прызнання да ўчыненага забойства. (Трапс тым часам, цяпер зноў у выдатным настроі: “Дакажы, Курцік, дакажы ім!”).  Рацыя, рацыя, бо гаворка ідзе пра вытанчанае, пра прыгожае забойства. Цяпер, калі ласкавы спраўца злачынства мог бы знайсці ў гэтым бесцырымонны цынізм, я неверагодна далёкі ад гэтага; “прыгожым” можа  быць азначаны ягоны чын з дваякага пункту гледжання, -- у філасофскім і ў тэхнічна-віртуозным сэнсе: наша застолле прынцыпова, шаноўны  дружа Альфрэда, не мае ніякай прадузятасці што да таго, каб бачыць у злачынстве нешта неэстэтычнае, абрыдлівае, а ў справялівасці наадварот -- нешта прыгожае, больш таго нават страшна прыгожае, не, мы нават у злачынстве распазнаём хараство і прыгажосць як перадумову, якая і толькі якая робіць магчымай справядлівасць. Гэта -- філасофскі бок справы.  Цяпер ацэнім тэхнічную прыгажосць чыну. Прызнанне. Я мяркую, што знайшоў правільне слова, але не хачу, каб мая абвінаваўчая прамова была прамовай застрашэння, якое магло б збянтэжыць узрушыць, заблытаць нашага друга, а прызнанне, падказанае яму ягоным злачынствам, прыводзіць да ўсведамлення віны: толькі на чыстым падмурку пазнання можна ўзвесці трывалы, беспахібны манумент справядлівасці.
Васьмідзесяцішасцігадовы пракурор зняможана спыніўся. Нягледзячы на ўзрост ён прамаўляў гучным скрыпучым голасам і з шырокімі жэстамі,  і гэта шмат выпіўшы і з’eўшы. Цяпер ён ацёр з лоба пот павязанай і ўжо заплямленай сурвэткай, абсушыў маршчыністы карак. Трапс быў крануты. Ён цяжка сядзеў у сваім крэсле, разамлелы ад меню. Ён быў сыты, але не хацеў паддавацца чатыром старцам, не хацеў, каб яны ўзялі верх, хоць і прызнаў, што валатоўскі апетыт старых і іх валатоўская смага даліся яму ў знакі. Ён быў ядок, але такой вітальнасці і пражорства  яшчэ ніколі не сустракаў. Ён здзіўляўся, лупіў вочы цераз стол, улешчаны сардэчнасцю, з якою пракурор трактаваў яго, пачуў, як з кірхі прабілі ўрачыстымі ўдарамі дванаццаць гадзін, а тады яшчэ здалёку, па-начному даляцелі галасы хору свінаводаў: “Жыццё наша -- падарожжа...”
-- Як у казцы, -- дзіву даваўся генеральны агент, -- як у казцы, -- а тады: -- Кажаце, я ўчыніў забойства, менавіта я? Ну і цуд, далажу я вам.
А тым часам  суддзя адкаркаваў новую пляшку “Chateau Margaux 1914”, і пракурор, ужо зноў свежы, пачаў наноў.
-- Што ў нас адбылося, -- сказаў ён, -- як я выявіў, да славы нашага дарагога сябра след пахвальна залічыць забойства, і не проста звычайнае збойства, не, а віртуознае забойства, якое ўчынена без праліцця крыві, без такіх руцінных сродкаў як атрута, пісталет і да таго падобнае?
Ён высмаркаўся, Трапс глядзеў (сыр у роце) на яго, як зачараваны.
Як спецыяліст ён наогул павінен быў бы зыходзіць з тэзы, працягваў пракурор, што злачынства можа цікаваць з-за любой заслоны, з-за любой асобы. Першае падазрэнне, што ў асобе гера Трапса лёс пасылае спрыянне яму, а злачынству ўмілажаленне, трэба дзякаваць той акалічнасці, што раз’язны спецыяліст па тэкстылі яшчэ год таму назад ездзіў старым сітраенам, а цяпер фарсіць на студэбэкеры.
-- Цяпер я, праўда, ведаю, -- сказаў ён далей, -- што мы жывем у час высокай каньюнктуры, і таму падазрэнне спярша было нясмелае, хісткае, больш параўнальнае з адчуваннем, што нам выпала перажыць радасную падзею, менавіта, што стаім перад выкрыццём забойства. Што наш дарагі сябар успадкаваў пасаду свайго шэфа, што ён павінен быў ссадзіць шэфа, што шэф памёр, усе гэтыя факты яшчэ не былі доказамі, хіба што толькі момантамі, якія ўзмацнялі тое першае падазрэнне, матывавалі яго. А падазрэнне, падмацаванае логікай, ўзнікла толькі тады, калі сталася магчымым даведацца, з чаго памёр гэты легендарны шэф: ад інфаркту. Тут важна было дапоўніць карціну, камбінаваць, мабілізаваць дасціпнасць, інтуіцыю, дзейнічаць тактоўна і стрымана, падкрасціся да праўды, у звычайным распазнаць  незвычайнае, у няпэўным разгледзець пэўнае, абрысы ў тумане, падумаць пра магчымасць забойства, дапусціць яго якраз таму, што яно здавалася абсурдным. Акінем позіркам наяўны матэрыял.  Накідаем збольшага эскіз нябожчыка. Мы ведаем пра яго мала; а што ведаем, заўдзячаем словам нашага сімпатычнага госця. Пан Гігакс быў генеральным агентам фірмы “Гефестон -- сінтэтычныя матэрыялы”,  у вельмі прыемныя ўласцівасці якіх, прыпісваныя ім нашым дарагім Альфрэда, мы ахвотна верым. Ён быў чалавек, дазволім сабе зрабіць такую выснову, які ішоў на ўсё, безаглядна выкарыстоўваў сваіх падначаленых, умеў праварочваць гешэфты, калі нават сродкі, якімі ён гэтыя гешэфты праварочваў, часта былі больш чым сумніўныя.
-- Гэта так, -- натхнёна ўсклікнуў Трапс, -- выліты партрэт махляра!
-- Далей мы можам заключыць, -- працягваў пракурор, -- што навонкі ён ахвотна іграў ролю грубага, напорыстага, паспяховага  дзялка, які дае сабе рады  ў любой сітуацыі, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, ва ўсх водах перамыты, перапаласканы, дзеля падтрымання за сабою такой рэпутацыі Гігакс старанна ўтойваў ад усіх сваю цяжкую сардэчную хваробу, і тут мы цытуем Альфрэда, “прымаў гэтыя пакуты з свайго роду ўпарцістай зацятасцю”, як мы можам сабе думаць, лічыў стратай прэстыжу, так бы мовіць.
-- Цудоўна, -- ахаў генеральны агент, ну, гэта ж проста жывое чарадзейства нейкае, ён гатовы пабажыцца, ён гатовы пайсці ў заклад, што Курт быў  асабіста знаёмы з памерлым.
Каб ваша памаўчалі, зашыкаў абаронца.
-- Да таго ж, -- заявіў пракурор, -- хацелася б нам дапоўніць і ўдасканаліць партрэт гера Гігакса тым, што нябожчык занядбаў сваю жонку, якую мы можам уявіць сабе ласнай добра скроенай кабеткай -- прынамсі, наш сябар прыблізна так выслоўліваўся. Для Гігакса важны быў толькі поспех, гешэфт, вонкавае, фасад, і мы можам з пэўным праўдападабенствам дапусціць, што ён быў упэўнены ў вернасці сваёй жонкі і трымаўся перканання, што ён няма ладу якая быў незвычайная з’ява, так сказаць, эксцэпцыянальны ўзор мужчыны, каб дапусціць у сваёй жонкі хоць кволую мімалётную подумку пра развод, чаму, зрэшты, для яго было магутным ударам дведацца пра нявернасць жонкі з нашым Казановам са Шларафіі.
Усе засмяяліся, і Трапс пляснуў сябе па сцёгнах.
-- А такі так і было, -- пацвердзіў ён пракурорава дапушчэнне. -- Гэта яго і даканала, калі даведаўся.
-- Вы проста вар’ят, -- застагнаў абаронца.
Пракурор падняўся і шчасліва паглядзеў цераз стол на Трапса, які калупаўся нажом у tete de moine.
-- Ай, -- здзівіўся ён, --  як ён пра гэта дведаўся, стары грэшнік? Яму прызналася ўласная жоначка?
-- На гэта яна была лішне баязлівая, гер пракурор, -- адказаў Трапс, -- яна страшна баялася гангстэра.
-- Можа, сам Гігакс раскумекаў?
-- На гэта ён быў занадта адукаваны.
-- Можа, прызнаўся яму ты, мой дарагі дружа і Дон Жуан?
Трапс раптам міжволі пачырванеў:
-- Але ж не, Курт, сказаў ён, -- ну што ты такое падумаў. Яго, старога шмугляра, прасвятліў адзін з яго чысцюляў дзялкоў.
-- Як гэта?
-- Хацеў насаліць мне. Заўсёды не любіў мяне.
-- Ёсць жа людзі, -- здзівіўся пракурор. -- Але як даведаўся гэты чалавек гонару пра твае ўхлёсты?
-- Я яму сам расказаў.
-- Расказаў?
-- Ну так, за шклянкай віна. Чаго толькі не ляпнеш, выпіўшы.
-- Дапусцім, -- кіўнуў пракурор, -- але ж ты толькі што сказаў, што дзялок гера Гігакса быў настроены да цябе варожа. А ці не было з самага пачатку  ўпэўненасці, што стары махляр пра ўсё даведаецца?
Тут ужо энергічна ўмяшаўся абаронца, нават устаў, увесь спацелы, паслабіў каўнер. Ён хацеў звярнуць Трапсаву ўвагу, заявіў ён, што на гэтае пытанне не мусова адказваць.
Але Трапс быў зусім іншай думкі.
-- А чаму б і не? -- сказаў ён. -- Пытанне ж зусім бяскрыўднае. Мне  было абсалютна ўсё роўна, даведаецца Гігакс ці не. Стары махляр дзейнічаў у адносінах да мяне так, што мне і праўда не было патрэбы ўдаваць з  сябе невінаваценькага.
Нейкае імгненне ў пакоі зноў панавала поўная цішыня, мёртвая цішня, пасля выбухнуў вэрхал, ажыўленне, гамерычны рогат, ураган пераможнай радасці. Лысы маўчун ціскаў Трапса, цалаваў яго, абаронца ад смеху ўпусціў сваё пэнснэ, на такога падсуднага далібог жа проста нельга злавацца,  суддзя і пракурор затанцавалі па пакоі, натыкаючыся на сцены, трэслі адзін аднаму руку, лезлі на крэслы, раскідалі бутэлькі, ад шчасця вычваралі ўсякія непатрэбствы.  Падсудны зноў прызнаецца, заскрыпеў на ўвесь пакой пракурор, цяпер ужо седзячы на біле свайго крэсла, дарагога госця мала хваліць і славіць, ён сыграў сваю ролю ў гульні проста непаўторна.
-- Справа ясная, ёсць поўная і апошняя пэўнасць, -- сказаў ён з няўстойлівага крэсла як абвеяны часам барочны манумент. -- Паглядзім жа на шаноўнага, нашага дарагога Альфрэда! Ён быў адданы свайму шэфу-гангстэру і ездзіў па краіне на сваім сітраене. Яшчэ год таму назад! Ён мог бы ганарыцца, наш друг, гэты бацька чатырох дзетак, гэты сын фабрычнага рабочага. І з поўным правам. Яшчэ ў вайну ён быў разносчыкам, без патэнта, бадзяга з падпольным тэкстыльным тварам, дробны спекулянт, які пераязджаў з сяла ў сяло, а то і пеша па палявых дарогах, часам па шмат кіламетраў праз цёмныя лясы да далёкіх хутароў, з бруднай скураной сумкай за плячыма, а то нават і з кашом, альбо з пацёртым чамаданам у руцэ. Цяпер у яго ўсё паправілася, ён агнездаваўся ў прыстойным бізнесе, стаў членам ліберальнай партыі ў процілегласць свайму бацьку-марксісту. Але хто адпачывае  на суках, той нарэшце дабіраецца да верху, а хто дабраўся да вяршаліны, таму, кажучы паэтычна, адкрываецца новае голле з яшчэ спялейшымі пладамі?
І хоць зарабляў ён добра, але лётаў на сваім сітраене з горада ў горад, машына была някепская, ды наш драгагі Альфрэда бачыў, як злева і справа ад яго праносіліся новыя мадэлі, імчаліся насустрач, даганялі,  пераганялі. У краіне падымаўся дабрабыт, хто ж бы тут не хацеў  сваёй выгоды?
-- Якраз яно так і было, Курт, -- прамяніўся Трапс. -- Рыхтык так і было.
Пракурор цяпер быў у сваёй стыхіі, шчаслівы, задаволены, як дзіця шчодрымі дарункамі.
-- Аднак, лягчэй было рашыць, чым зрабіць, --  тлумачыў ён, усё яшчэ седзячы на біле крэсла, -- шэф не даваў яму ходу, ліхамысна, неадчэпна карыстаўся ім, падахвочваючы яго на новыя сувязі, умела і бессардэчна заганяў  у новыя ковы няволі!
-- Ісціная праўда! -- абурана ўсклікнуў генеральны агент. -- Вы не маеце ніякага ўяўлення, мае панове, у якіх абцугах трымаў мяне стары гангстэр!
-- Трэба было ісці на ўсё, -- сказаў пракурор.
-- І не ісці -- бегчы! -- пацвердзіў Трапс.
Рэплікі падсуднага распалілі пракурора, ён устаў на крэсла, размахваючы, як сцягам, сурвэткай, запырсканай віном, з салатам на камізэльцы, таматным соўсам, рэшткамі мяса.
-- Наш дарагі друг спачатку падняўся ў гешэфце, але і тут не зусім fair, як ён сам гэта нам падае. Мы можам скласці прыблізную карціну, як. Ён таемна ўвайшоў у сувязь з пастаўшчыкамі свайго шэфа, празандзіраваў, паабяцаў лепшыя ўмовы, унёс блытаніну, перагаварыў з іншымі  тэкстыльнымі агентамі, заключыў саюзы і адначасова антысаюзы. Аднак пасля выйшаў на ідэю паспрабаваць  іншай дарогі.
-- Іншай дарогі? -- здзівіўся Трапс.
Пракурор кіўнуў.
-- Гэты шлях, мае панове, вёў праз канапу ў кватэры Гігакса напрасткі ў ягоны  шлюбны ложак.
Усё рагатала,  асабліва Трапс.
-- Праўда, -- пацвердзіў ён, -- гэта была ліхая штука, якую я падкінуў старому гангстэру. Але сітуацыя была таксама і камічная, калі азірнуся назад. Я, шчыра кажучы, дагэтуль саромеюся, што зрабіў так, ды і хто гэта можа цалкам зразумець самога сябе ў такіх справах, абсалютна чыстай бялізны не носіць ніхто, аднак сярод сяброў, якія разбіраюцца ў такіх рэчах, сорам робіцца нечым смешным, непатрэбным. Дзіўна. Я адчуваю сябе зразуметым і пачынаю разумець і сам сябе, калі знаёмлюся з чалавекам,  якога раней ведаў толькі прыблізна.
-- Мы з задавальненнем канстатуем, -- цёпла і сардэчна сказаў на гэта пракурор, -- што ў нашага  друга прабіваецца прасвятленне. Пасобім жа сабе далей, каб ужо была поўная яснасць. Прачуем жа і даследуем ягоныя матывы з руплівасцю вясёлых археолагаў, і мы натыкнемся на цудоту пакрытага моракам злачынства. Ён завёў з фраў Гігакс адносіны. Як ён прыйшоў да гэтага? Ён убачыў апетытную кабетку, можам сабе ўявіць. Магчыма, гэта было неяк увечары, магчыма зімою, недзе так гадзіне а шостай (Трапс: “А сёмай, Курцік, а сёмай!”), калі начны горад быў такі прыгожы, з залатымі вулічнымі ліхтарамі, з яркімі вітрынамі, утульны, задаволены, спакуслівы. Ён паехаў на сваім сітраене па заледзянелых вуліцах у квартал вілаў, дзе жыў ягоны шэф (Трапс з захапленнем: “Так, так, квартал вілаў!”), з картаю падпахай, даручэнні, узоры матэрыялаў;  павінна было быць прынята важнае рашэнне, але Гігаксавага лімузіна  на звыклым месцы ля краю тратуара не было, тым не меней ён пайшоў праз цёмны парк, пазваніў, адчыніла фраў Гігакс, муж сёння  дамоў не вернецца, служанка  пайшла, была яна ў вячэрняй сукенцы альбо, яшчэ лепей, у ванным халаце, тым не меней  Трапс павінен выпіць аперытыву, яна шчыра запрашае, і вось ужо яны ў салоне, сядзяць поплеч.
Трапс толькі дзіву даваўся.
-- Адкуль ты ўсё гэта ведаеш, Курцік! Гэта як вядзьмарства нейкае!
-- Трэніроўка, -- патлумачыў пракурор. -- Лёсы так усе разыгрываюцца. Гэта нават  было ніякае не спакушэнне, ні з боку Трапса, ні з боку той жанчыны, гэта быў выпадак, якім ён скарыстаўся. Яна была адна і нудзілася, не думала ні пра што асаблівае, была радая пагаварыць з кім-небудзь, кватэра прыемна цёплая, а пад ванным халатам на ёй была  толькі  начная сарочка, і калі Трапс сядзеў каля яе і ўбачыў яе белую шыйку, верх яе грудзей, слухаў, як яна балбоча, злосная на свайго мужа, расчараваная, як, мабыць, адчуў наш друг, тут ён і скеміў, што вось яму якраз і след заангажавацца, як ён ужо раней ангажаваўся, і ўжо неўзбаве ён даведаўся пра Гігакса ўсё, і як ненадзейна ў яго са здароўем,  і як любое вялікае хваляванне магло яго звесці ў магілу, ягоны ўзрост, які злосны і  грубы ён са сваёй жонкай і як цвёрдакаменна перакананы ў яе вернасці, бо ад жанчыны, якая хоча спомсціцца на сваім мужы, даведваешся ўсё, і таму ён прадоўжыў з ёю свае адносіны, бо цяпер гэта ужо было ягоным намерам, бо цяпер якраз ужо заходзілася пра  тое, каб любым спосабам падкапаць свайго шэфа, і хай будзе, што будзе, і вось тады настаў момант, калі ўжо ўсё было ў ягоных руках, партнёры па бізнесе, пастаўшчыкі, белацелая, пышная, голая жанчына  нанач, і ён зашмаргнуў пятлю,  вывеў скандал на святло. Наўмысна. І пра тое ў нас цяпер яснасць: давяральны вечаровы змрок, утульная гасціннасць. Нашага друга мы знаходзім у піўнушцы старога горада, крыху  перагрэтага; усё грунтоўна, патрыятычна, дыхтоўна і салідна, цэны таксама,  бутэлечныя донцы,  прэзентабельны гаспадар (Трапс: “У склепе ратушы, Курцік!”),  статная гаспадыня (як мы павінны паправіцца), у абрамоўцы  партрэтаў ганаровых гасцей-нябожчыкаў, прадавец газет, які праходзіць праз гасцявую залу, выходзіць, пазней армія выратавання, спяваючы песні, “Ўпусціце сонечны прамень”, некалькі студэнтаў, прафесар, на стале дзве шклянкі і добрая пляшка, кожны можа пакаштваць, у куце нарэшце, бледны, спацелы, з расхрыстаным каўняром, спасцігнуты ўдарам як ахвяра, у якую цяпер цэляцца, чысты  дзялок-партнёр, здзіўлены ад неўразумення, што ўсё гэта павінна азначаць, чаму Трапс раптам запрасіў яго, чуйна прыслухоўваецца, прымаючы  крах свайго шлюбу з вуснаў Трапса, а тады, праз некалькі гадзін,  як тое і прадугледзеў наш Альфрэда, паспяшацца да шэфа, каб з пачуцця абавязку, дружбы і ўнутранай прыстойнасці прасвятліць вартага спагады.
-- Які падлізнік! -- усклікнуў Трапс, захоплена, з круглымі бліскучымі вачыма, слухаючы пракурорава маляўнічае апісанне, шчаслівы ўведаць праўду, ягоную гордую, смелую, адзіную праўду.
Тады:
-- Так прыйшло наканаванне, дакладна вырахаваны момант, калі Гігакс пра ўсё даведаўся, стары гангстэр яшчэ знайшоў сілы з’ездзіць дамоў, уявім сабе, раз’ятраны, ужо ў машыне выбух патлівасці, боль у вобласці сэрца, дрыжыкі ў руках, паліцэйскія з іх прыкрымі свісткамі, прапушчаныя дарожныя знакі, цяжкая праходка ад гаража да дзвярэй дома, сардэчны ўдар, магчыма яшчэ ў калідоры, калі насустрач ужо ішла жонка, прыгожая пажадлівая кабетка; усё не задоўжылася, урач яшчэ ўвёў марфін, а там усё, канец, яшчэ толькі храпенне, жончыныя ўсхліпы; Трапс, дома, у коле сваіх любасных, здымае трубку тэлефона,  ашаламленне, унутраная радасць, дасягнута,  добры гумор, праз тры месяцы студэбэкер.
Зноў рогат. Добры наш Трапс, парываны з аднаго здзіўлення ў другое, смяяўся разам з усімі, хай нават крыху збянтэжана, пачэсваў галаву, згодна ківаў пракурору, але не сказаць, каб нешчасліва. Быў нават у гуморы. Лічыў, што вечар удаўся самым лепшым чынам; што за ім прызнавалася забойства хоць і нервавала яго крыху, прымушала задумвацца, стан, які ён аднак лічыў прыемным, але падымалася ў ім і  прадчуванне нейкіх вышэйшых рэзонаў пра справядлівасць, пра віну і грэх, гэта напаўняла яго нейкім подзівам. Страх, якога ён не забыўся, які напаў на яго ў садзе і пазней пры выбухах весялосці за сталом, цяпер беспрычынна  зноў узнік, падагрэў яго. Усё было як у людзей вядзецца. Ён напружліва чакаў, што будзе далей. Кампанія перабралася ў салон на чорную каву, ідучы няроўна, спатыкаючыся, з няўстойлівым на нагах абаронцам, у памяшканне, заваленае ўсякай драбязою і вазамі. Велізарныя гравюры на сценах, віды гарадоў, гістарычнасць, прысяга ў Рутлі, бітва пад Лаўпенам, разгром швейцарскай гвардыі, штандары сямі праведнікаў, гіпсавыя вечкі, тынкоўка, у кутку раяль, утульнае крэсла, нізкае, шырокае, з вышыўкай, пабожныя выслоўі: “Добра таму, хто ідзе дарогай праведных”, “Добрае сумленне дорыць добрае сненне”. Праз адчыненыя вокны віднелася вясковая вуліца, хоць і не вельмі ясна ў цемнаце, больш  ва ўяўленні, чым навідавоку, але прывідна, казачна, заценена, з расхістанымі ліхтарамі і фарамі аўтамабіляў, якія гэтай пары праязджалі рэдка, -- другая ж гадзіна ночы. Нічога больш узнёслага за прамову Курціка ён яшчэ не перажываў, думалася Трапсу. Па сутнасці дадаць  да сказанага не было чаго, ну, можа, сякія-такія дробязі, натуральна, яны былі дададзены. Так  у чыстым выглядзе кампаньён быў крыху невысокі і худы, са стаячым каўняром, зусім нават не пацеў, а фраў Гігакс сустракала яго не ў ванным халаце а ў, канечне ж,  шырока дэкальтаваным кімано, так што яе сардэчныя запросіны таксама трэба разумець як паказныя -- гэта быў адзін з ягоных жартаў, прыклад сціплага гумару! --  ды і заслужаны інфаркт прыхапіў обергангстэра зусім не дома, а на адным з ягоных складаў, падчас  моцнага ветру фёну, пасля была яшчэ дастаўка ў шпіталь, тады разрыў сэрца і адыход, але гэта ўжо, як было сказана, неістотна, а што найперш дакладна супадае, як  патлумачыў ягоны сардэчны друг і пракурор, ён сапраўды дапусціўся з фраў Гігакс, толькі каб дарэштаваць старога прайдоху, так, цяпер ён добра ўспамінае, як ён глядзеў з ягонага ложка над ягонай жонкай  на ягоныя фатаграфіі, на гэты несімпатычны, тоўсты твар з акулярамі ў рагавой аправе на выпучаных вачах, і (як падазрэнне), калі на яго найшла дзікая радасць ад таго, што ён цяпер так весела і рупліва чыніць, што гэта ён, шчыра кажучы, забіў свайго шэфа, ён спакойна з халодным сэрцам даканаў яго.
Усе ўжо сядзелі ў мяккіх крэслах з пабожнымі выслоўямі, калі Трапс тлумачыў гэта, трымалі кубачкі з гарачай кавай, памешвалі лыжачкамі, падлівалі яшчэ і каньяком 1893 года, “Roffignac”, з вялікіх пузатых фужэраў.
І з гэтым ён пераходзіць да прапановы з пакараннем, абвясціў пракурор, седзячы папярок  вычварнага крэсла, перкінуўшы ногі ў розных шкарпэтках (шэра-чорны ў клетку -- зялёны) цераз падлокатнік. Друг Альфрэда дзейнічаў не dolo indirecto, быццам смерць прыйшла толькі чыста выпадкова, а dolo malo, са зламысным намерам, на што ўжо ўказваюць і факты, што ён, з аднаго боку, сам справакаваў скандал, з другога, пасля смерці обергангстэра больш не наведваў яго ласнай кабеткі, з чаго непазбежна вынікае, што жонка памерлага была толькі прыладай у ягоных крывавых планах, галантная, так бы мовіць, зброя, што перад намі такім чынам забойства, учыненае псіхалагічным спосабам, а з гэтага вынікае, што апрача развалу шлюбу нічога супроцьзаконнага не адбылося, вядома, толькі ўяўна, што, зрэшты, сам падсудны пасля, паколькі гэтая ўяўнасць мімалётная, так, пасля чаго дарагі падсудны сам  самым сяброўскім чынам прызнаў, і пракурор мае прыемнасць -- і гэтым самым ён падышоў да канца свайго следства -- патрабаваць ад высокага суддзі смяротнага прыгавору для Альфрэда Трапса, як расплаты за злачынства, прыгавору, які заслугоўвае захаплення і найвышэйшага рышпекту і меў бы права лічыцца адным з самых найвыключнейшых прыгавораў стагоддзя.
Зарагаталі, заапладзіравалі і накінуліся на торт, які ўнесла Сімона. Як вянец вечарыны, сказала яна. На дварэ, як атракцыён, выплываў позні месяц, вузенькі сярпок, шалахценне ў дрэвах, а так усё было ціха, толькі на вуліцы зрэдзь-часу аўтамабіль-другі,  а то запознены пешаход вяртаўся дамоў, асцярожна, злёгку ўлукаткі. Генеральны агент адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, сядзеў каля Піле на мяккай утульнай канапе з выслоўем: “Часцей будзь у коле любімых”, паклаўшы руку на маўчуна, які толькі час ад часу выдаваў слова здзіўлення “файна” з шыпячым “ф”, гарнуўся да яго флегматычнай элеганцыі. Пяшчотліва. Утульна. Шчака да шчакі. Віно зрабіла яго  непаваротлівым і міралюбным, ён цешыўся, адчуваючы сябе самім сабою ў кампаніі, якая яго разумела, дзе не трэба было ні ад кога таіцца, бо і тайны ж былі непатрэбныя, адчуваючы, як цябе тут ганаруюць, шануюць, любяць, разумеюць, і сама думка, што ён учыніў забойства, пераконвала яго больш і больш, кранала яго, ператварала яго жыццё, рабіла яго больш складаным, больш гераічным,  больш каштоўным. Яно проста натхняла і захапляла яго. Ён спланаваў і здзейсніў забойства, ён толькі ўявіў сам сабе, каб прабіцца наперад, але гэта ўжо, бадай, хутчэй з фінансавых прычын, ад жадання мець студэбэкер, а  -- вось гэта было слова -- каб зрабіцца чалавекам істотным, глыбокім, як яно яму мроілася -- тут на граніцы свайго мыслення, -- варты павагі, любові ў людзей вучоных, адукаваных, якія яму цяпер -- нават Піле -- здаваліся як бы тымі пракаветнымі магамі, пра якіх ён аднаго разу чытаў у  “Reader’s Digest”,  якія праніклі не толькі  ў таямніцу зорак, але яшчэ больш таго ў таямніцу юстыцыі (ён хмялеў ад гэтага слова), якую ён у  сваёй жыццёвай тэкстыльнасці лічыў толькі  абстрактнай  зачэпкай і якая цяпер падымалася над яго абмежаваным даляглядам як велізарнае, неспасцігальнае свяціла, як не зусім цалкам спасцігнутая ідэя, якая яго таму толькі і ўражвае так магутна, таму так і прымушае здрыгануцца; ён слухаў, прысёрбваючы каньяк, спачатку глыбока ўзрушаны, пасля з усё большым абурэннем,  славесныя выкрунтасы тоўстага абаронцы, яго палкія спробы перавесці ягоны чын у нешта буднае, мяшчанскае, звычайнае. Ён з прыемнасцю паслухаў вынаходлівую прамову пана пракурора, вывеў гера Кумэра, трымаючы пэнснэ перад чырвоным азызлым мясістым тварам і суправаджаючы гэта скупымі, далікатнымі, геаметрычнымі жэстамі.  Канечне, стары гангстэр Гігакс мёртвы, ягоны кліент  пад ім зведаў шмат цяготаў, нават узвысіўся ў барацьбе з ім да сапраўднай жывёльнасці, спрабаваў яго скінуць, хто будзе гэта аспрэчваць, дзе такога не бывае, але чыстай вады фантазія --  выстаўляць смерць хворага на сэрца бізнесоўца за забойства. (“Але ж я такі забіў!”-- запратэставаў Трапс, бы з неба ўпаўшы). У процілегласць пракурору ён лічыць падсуднага невінаватым, нават няздатным на злачынства (Трапс між тым, цяпер ужо запальчыва і гнеўна: “Але я ж вінаваты!”). Генеральны агент “Гефестон -- сінтэтыка”  -- гэта прыклад многім, прыклад няздольнасці на злачынства; гэтым ён, адвакат, зусім не сцвярджае, што кліент бязвінны, наадварот. Трапс моцна ўблытаны  ва ўсе магчымыя віды віны, ён разбуральнік шлюбу, махлюе, часам нават з пэўнай зламыснасцю, але ж не так, каб ягонае жыццё складалася з развалаў сем’яў і махлярства, не, не, ёсць і пазітыўныя бакі, ёсць у яго і свае цноты. Друг Альфрэда руплівы, дбайны, упарты, верны сябар сваім сябрам,  дбае пра сваіх дзяцей, рупіцца за іх лепшую будучыню, дзяржаўна-палітычна надзейны, усё гэта трэба браць  сукупна, комплексна, хіба што толькі ён крыху некарэктны, злёгку прыпсаваны, як гэта якраз бывае ў  жыцці сярэдняга чалавека, павінна задарацца, але менавіта таму ён зноў жа няздольны на вялікую, чыстую, гордую віну, на рашучы ўчынак, на адназначнае злачынства. (Трапс: “Паклёп, чысты паклёп!”). Ён не злачынец, а ахвяра эпохі, поўначы, цывілізацыі, якая, ах, усё  больш і больш траціць веру (робячыся больш прывіднай), у хрысціянства, у агульначалавечыя каштоўнасці, ён хаатычны, яму, індывіду, не блісне пуцяводная зорка, а ў выніку ў ім праступаюць сумбурнасць, здзічэласць,  кулачнае права і памылкі сапраўднай маральнасці. Дык што ж такога адбылося? Гэты сярэдні чалавек цалкам непадрыхтавана  даўся ў рукі рафінаванаму пракурору. Ягонае інстынктыўнае гаспадаранне ў тэкстылі, яго прыватнае жыццё,  усе бытавыя прыгоды існавання,  якое склалася з дзелавых раз’ездаў, з барацьбы за кавалак хлеба і з больш-менш бяскрыўдных забаваў, цяпер  асветленыя, даследаваныя, анатаміраваныя, факты, якія не стыкаваліся, цяпер увязаныя і дапасаваныя, лагічны план кантрабандна працягнуты ў цэласць, эпізоды пададзены як прычыны дзеянняў, якія выдатна маглі б развівацца зусім нават інакш, выпадковае выдадзена за намер, неадумнасць перакручана ў злачынства, так што ўрэшце забойца ў прымусовым парадку выскачыў з допыту, як трусік з цыліндра фокусніка. (Трапс: “Гэта няпраўда!”). Калі разгледзець справу Гігакса цвяроза, аб’ектыўна, не паддаючыся на містыфікацыі пракурора, дык прыходзіш да высновы, што стары гангстэр сваёй смерцю па сутнасці абавязны самому сабе, свайму неўпарадкаванаму жыццю, сваёй канстытуцыі. Адкуль тая сардэчная хвароба  ў мэнэджэра, дастаткова добра вядома: неспакой, шум, расхістаны шлюб, растузаныя нервы, а ўласна ў інфаркце вінаваты вецер фён, тая непрадказальная бура, пра якую ўпамінаў Трапс, якраз той прыродны форс-мажор, той альпійскі фён і сыграў  ролю ў гісторыі з інфарктам (Трапс: “Смеху варта!”), так што ўвогуле гаворка можа ісці чыста пра няшчасны выпадак, ахвяру стыхіі. Натуральна, ягоны кліент дзейнічаў неразважна, але ж ён падупадаў якраз законам дзелавога жыцця, як ён сам гэта ўвесь час падкрэсліваў, натуральна, ён часта вельмі хацеў бы забіць свайго шэфа, але ж чаго толькі чалавек не можа  пажадаць, чаго толькі чалавек не робіць у думках, але толькі ў думках, а  перад намі  па-за межамі думак ніякага дзеяння няма і ўстанавіць яго немагчыма. Гэта ж чысты абсурд прымаць расказанае за дзеянне, і яшчэ большы абсурд, калі ягоны кліент цяпер сам сабе ўяўляе, быццам ён учыніў забойства, а  да сваёй дарожнай аварыі ён далучае яшчэ і другую, духоўную аварыю, і на падставе гэтага ён, абаронца, настойвае на поўным апраўданні Альфрэда Трапса і т.д. і да т. п. Генеральнага агента толькі злаваў гэты зычліва напушчаны туман, якім прыкрывалася яго прыгожае злачынства, у якім ён скажаўся, раствараўся, рабіўся прадуктам паводзінаў  барометра. Ён адчувае сябе недаацэненым, і таму  палка жадае заслужанага фіналу. Як толькі абаронца закончыў, Трапс заявіў, абурана падымаючыся, трымаючы ў правай руцэ талерку з новым кавалкам торта, у левай -- фужэр з рафіньякам, што хацеў бы, перш чым дойдзе да прыгавору, толькі яшчэ раз самым недвухсэнсоўным чынам падкрэсліць, што ён падтрымлівае прамову пракурора. -- Слёзы выступілі на ягоных вачах у гэтым месцы, -- гэта было забойства,  свядома ўчыненае забойства, цяпер яму гэта як божы дзень ясна, а прамова абаронцы, наадварот, дужа глыбока засмуціла і расчаравала, ба, нават, жахнула, а гэта ж менавіта ад яго ён чакаў разумення, мог бы чакаць, а таму цяпер  просіць прыгавору, больш за тое, пакарання, і гэта не з прычыны вернападданага падхалімства і ліслівага благання, а  ад захаплення і натхнення, бо менавіта ў гэтую ноч яму адкрылся, што значыць весці сапраўднае жыццё (тут наш добры адважнік заблытаўся), дзеля чаго патрэбныя вышэйшыя ідэі справядлівасці, віна і грэх  (як тыя хімічныя элементы і злучэнні, з якіх якраз і складаюцца яго сінтэтычныя матэрыялы), каб заставацца ў сваёй галіне,  усведамленне, якое нанава нарадзілася цяпер у ім -- яго лексікон па-за межамі яго прафесіі даволі бедны, можна дараваць, так што ён ледзьве быў у стане сфармуляваць, што ён, уласна кажучы, мае на ўвазе, -- у кожным разе выраз “нанава нарадзіўся” здаецца яму суразмерным з паняццем шчасця, якое захапіла яго як магутны парыў ветру, закруціла, перавярнула яго.
І вось дайшло да выраку, які абвясціў маленькі, цяпер ужо моцна ўпіты суддзя пад рогат, шыпенне, крыкі захаплення і спробы спяваць ёдлем ( гер Піле), з натугай, бо не толькі таму, што ён ускараскаўся на раяль у куце, альбо лепей, у раяль, бо  папярэдне ён яго адчыніў, нават працэс гаварэння даваўся яму з цяжкасцю. Ён спатыкаўся аб словы, некаторыя перакручваў і каверкаў, вымаўляючы, пачынаў сказы і не мог закончыць, чапляўся за формулы, сэнс якіх ужо даўным даўно забыў, але ход ягоных думак у цэлым яшчэ можна было ўлавіць. Ён зыходзіў з пытання, чыя рацыя, чыя праўда, пракурорава ці адвакатава, ці ўчыніў Трапс злачынства стагоддзя, ці ён не вінаваты. Ніводнага з абодвух поглядаў ён не можа падтрымаць адназначна. Трапс сапраўды не падняўся да вышыні пракуроравага допыту, як лічыць абаронца, і з гэтай прычыны паказаў многае, што ў пададзенай ім форме ніяк не магло адбывацца, але зноў жа-такі ён забіў, праўда, канечне, не з д’ябальскай устаноўкай, не, а адзіна таму, што безгалоўе нашага свету ён зрабіў сваім, у якім ён як генеральны агент фірмы “Гефестон--сінтэтыка” цяпер прабывае. Ён забіў, бо  для яго самае натуральнае прыціснуць кагосьці да сцяны,  дзейнічаць безаглядна, і хай усё ідзе, як стане заўгодна. У свеце, па якім ён раз’язджае на сваім студэбэкеры, з яго мілым Альфрэда нічога не здарылася б, але цяпер ён меў ласку прыйсці да іх, у іхнюю ціхую белую вілу (тут суддзя напусціў туману і ўсё наступнае прамаўляў, зрэшты, пад сяброўскія ўсхліпы, перабіваны час-парою расчуленым, магутным чыханнем, пры чым яго маленькая глава патанала ў магутнай насоўцы, што зноў жа выклікала такі ж самы магутны выбух рогату),  да чатырох старых  мужчын, якія ярка свяцілі ў сваім свеце чыстымі прамянямі справядлівасці, якая, канечне, носіць дужа дзіўныя рысы, ён ведае, ведае, веде гэта, яна, -- вось яна выскаляецца з чатырох  выпетраных, лядашчыў ужо твараў, люструецца ў маноклі састарэлага пракурора, у пэнснэ тоўстага адваката, хіхікае з бяззубага рота п’янага суддзі, які ўжо ледзьве языком варочае, і чырванню льсніцца на лысіне шматкроць аддзячанага ката (астатнія, нецярпліва ад гэтай непатрэбнай паэтызацыі: “Прысуд, прысуд!”), што ёсць гратэскная, вычудлівая, пенсійная справядлівасць, але і будучы такою, яна -- справядлівасць (застольнікі ў такт: “Прыгавор! Прыгавор!”), у імя якое ён цяпер асуджае самага лепшага, самага вернага Альфрэда  на смерць (пракурор, абаронца, кат і Сімона -- “Брава!”, “Ура!”, Трапс, цяпер таксама хліпаючы ад расчуленасці: “Дзякую, дарагі суддзя, дзякую!”), хоць  юрыдычна ўгрунтавана толькі на тым, што асуджаны сам прызнаў сябе вінаватым. А гэта ўрэшце -- самае важнае. І яму прыемна агаласіць прыгавор, які асуджаны прызнае без ніякіх агаворак, годнасць чалавека не патрабуе ніякай літасці, і ваш шаноўны госць радасна прымае вянец свайго забойства, які, як ён спадзяецца,  прыйшоў да яго пры не менш прыемных акалічнасцях, чым само забойства.  Што ў  абываталя, у сярэдняга чалавека выступае як выпадак, пры няшчасці альбо як простая неабходнасць прыроды, як хвароба, як закупарка крывеноснага сасуда  эмболам, як паступовая нарасць, тут выступае як неабходны, маральны вынік, толькі тут завяршаецца жыццё паслядоўна правільна ў сэнсе шэдэўра, чалавечая трагедыя ўвачавідніцца, асветліць яе, прыме бездакорную форму, завяршыцца (усе: “Канец! Канец!”), так, можна спакойна сказць: толькі  акт абвяшчэння прысуду, які з падсуднага робіць асуджанага, наносіць рыцарскі ўдар справядлівасці, нічога вышэйшага, высакароднейшага, велічнейшага не можа быць,  як асудзіць чалавека на смерць. І вось гэта адбылося. Трапс, гэты, магчыма, не зусім легітымны шчаслівец -- па сутнасці можа быць дапушчана толькі абумоўленая смяротная кара, ад якой, абумоўленасці, ён хоча адмовіцца, каб не ўвесці яго дарагога сябра ў расчараванне, -- карацей, Альфрэда цяпер вам стаў роўнародны і годны быць прынятым у нашу калегію як чэмпіён гульні і г. д. (астатнія: “Шампанскага!”).
Вечарына дайшла да свайго апагею.  Шампанскае шумавала, ажыўленасць застольнікаў была незамутнёная, узнёслая, братэрская, нават абаронца зноў быў уплецены ў сетку сімпатыі. Свечкі дагаралі, некаторыя ўжо патухлі, на дварэ пазначылася зара, пабляклі зоркі ад блізкасці скорага світання, свежасць і раса. Трапс быў на сёмым небе, разам з тым і стомлены, папрасіў, каб яго завялі ў ягоны пакой, тыцкаўся то ў адны грудзі, то ў другія. Нешта яшчэ лепяталася, ўсё было п’янае, нейкія магутныя шумы напаўнялі салон, бесталковыя прамовы, маналогі, калі ўжо ніхто нікога не слухаў. Нюхалі ротвайн і сыр, гладзілі генеральнага агента па валасах, лашчылі, цалавалі шчасліўца, стомленага, якога, як дзіця,  абступілі дзяды і дзядзькі. Лысы маўчун даставіў яго наверх. Ён ледзьве валокся па лесвіцы, на ўсіх чатырох, недзе пасярэдзіне застралі, заблытаўшыся адзін у адным, не маглі рушыць далей, прыселі на прыступкі. Зверху, праз вокны, прабіваўся каменны ранішні морак, мяшаўся з белізною  чыстых сцен, да таго ж, з далёкіх вакзалаў чуліся свісткі і іншыя шумы як няпэўны ўспамін пра няўдалую паездку дамоў. Трапс быў шчаслівы, без жаданняў як яшчэ ніколі ў сваім дробнабуржуазным жыцці.  Няясныя карціны паўсталі перад вачыма, дзіцячы твар, яго малодшанькі, якога ён любіў найбольш, пасля, у  мораку, вёсачка, у якую ён трапіў у выніку аварыі, светлая стужка дарогі перабягае невялікі пагорак, кірха, магутныя шумлівыя дубы з жалезнымі колцамі і падпорамі, парослыя лесам пагоркі, бясконцае, прасветленае неба за імі, над імі, усюды, бясконца. А тут лысы зваліўся, замармытаў “хачу спаць, дайце спаць, я стаміўся, я стаміўся”, і тут жа сапраўды заснуў, але яшчэ пачуў, як Трапс поўз наверх, пазней грукнула крэсла, лысы маўчун прачнуўся на лесвіцы, на нейкую секунду,  яшчэ поўны снення і ўспамінаў пра адышлыя страхі і моманты жудасці, пасля вакол яго мешаніна ног, бо астатнія ўсё яшчэ падымаліся па лесвіцы. Яны, крэкчучы і мурмолячы губамі, надрапалі на пергаменце смяротны прыгавор, вытрыманы ў нечувана пахвальным тоне, з дасціпнымі  выразамі, з акадэмічнымі фразамі, лаціна і странямецкая, пасля рашылі пакласці  прадукт на ложак заснулага генеральнага агента, на добрую памяць пра іх каласальную п’янку, калі раніцай прачнецца. На дварэ святло, ранняя рань, першыя крыкі птушак, рэзкія і нецярплівыя, і так яны ўзвалакліся ўгору па лесвіцы, пераступіўшы цераз лысага. Адзін трымаўся за аднаго, адзін на аднаго абапіраўся, хістаючыся, усе  ўтрох, не без цяжкасці, пры  павароце лесвіцы асабліва, дзе непазбежна ўзнікалі затрымкі, адступленні, новыя перашкоды і няўдачы. Нарэшце яны былі перад дзвярыма госцёвага пакоя. Суддзя адчыніў, і ўся група застыла на парозе, абаронца з усё яшчэ павязанай сурвэткай: у раміне акна вісеў Трапс, нерухома, цёмны сілуэт на тупым срэбры неба, у цяжкім духу ружаў, так канчаткова і так безумоўна, што пракурор, у маноклі якога люстравалася  развіднелая зара, спачатку хапіў ротам паветра, перш чым, бязрадна і  скрушна, з болем усклікнуў:
-- Альфрэда, мой дарагі Альфрэда! І што гэта ты, напрамілы божа, надумаў сабе? Ты к чорту зглуміў нашу самую прыгожую  мужчынскую вечарыну!

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=110 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Аварыя

Фрыдрых Дзюрэнмат — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Чытальня

Фрыдрых Дзюрэнмат
Фрыдрых Дзюрэнмат