Авантурнік Сімпліцысімус
Гэта ёсць: Апісанне жыцця аднаго дзіўнага шалапута на імя Мэльхіёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм дзе рыхтык і якім кшталтам Ён прыйшоў у свет што ён у ім пабачыў чаго навучыўся што спазнаў і ператрываў а таксама чаму ён з усім гэтым дабрахоць паквітаўся.
Адмыслова пацешлівая і няма ладу якая карысная чытанка.
ЗАЧЫН
З агню, быццам фенікс, я нарадзіўся;
Ляцеў у паветры, але не згубіўся;
Блукаў па вадзе і па сушы блукаў
І ў гэтых блуканнях вядомы ўсім стаў.
Пра рэдкія радасці, частасць бедаў
У гэтай кнізе я вам паведаў,
Каб мілы чытач мой на прыклад героя
Пазбыўся блазноты і жыў у спакоі.
КНІГА ПЕРШАЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сімпліцы расказвае пра свой род мужычы
і якія змалку засвоіў ён звычаі
І вось тым самым нашым часам, пра які кажуць, што нібыта ён ужо й астатні, бо гэта ж канец свету, агарнула люд паспаліты нейкая немач, і ўсе тыя, каго яна зачапіла, калі толькі яны нашахраілі і нпаброілі столькі, што, маючы колькі там гелераў у кашальку, маглі начапіць на сябе навамодныя транты з рознымі блазенскімі матузкамі і прузучкамі, альбо, скажам, дабіўшыся маетнасці і славы якім-небудзь іншым шляхам, ну, хай хоць праз шчаслівую нагоду, як адразу пачынаюць трызніць марай, каб іх лічылі мужамі, знакамітымі, такімі, ведаеце, панамі-рыцарамі ці арыстакратамі немаведама як старога шляхетнага роду, а тым часам сюд-туд дапытліваму воку вазьмі дый адкрыйся, што іх продкі былі камінары альбо падзёншчыкі, альбо рамізнікі, альбо насільшчыкі, а іх стрыечнікі былі пагоншчыкі аслоў, карцёжнікі-махляры, штукары, канатаходцы, што іх браты былі галавасекі, віжы і каты-шыбенікі, а іх сёстры былі швачкі, прачкі і трапачкі, а то і ўвогуле шлюндры, а мацеркі — зводніцы альбо зусім ведзьмы, а in summaУсяго, агулам, разам (лац.). ўвесь іх даўні-прадаўні род ва ўсіх трыццаці двух каленах аж да цяперашняга брудам і крывёю мыецца, як той цукраварны цэх у Празе; дык жа вось яны, гэтыя новыя ўзвышэнцы, часта самі чарным-чорныя, як, не раўнуючы, тыя мурыны з Гвінеі, што там нарадзіліся і там жа пагадаваліся.
Я не магу сябе раўняць з такімі блазнюкамі, хоць, паклаўшы руку на сэрца, зусім не без таго, — я і сам часта думаў, што і я несумненна запачаткаваўся ад нейкага вялікага пана альбо, прынамсі, ад не абы-якога арыстакрата, бо з прыроды маю схілку прыкінуцца панічом, дай мне толькі шляхетнае рамяство, магчымасць, нагоду і грошы. Смех смехам, але маё адкараненне і гадоўля вельмі добра кладуцца на параўнанне з паходжаннем і выхаваннем, скажам, князя, калі, канечне, адкінуць даволі вялікую розніцу. Што? Мой татусь (тады так звалі бацьку ў Шпэсэрце) меў свой уласны зусім не лядашчы палац, ды такі пекны, што ніякі кароль, будзь ён хоць сам Аляксандр Вялікі, не мог бы паставіць такога сваімі рукамі; палац быў пабелены вапнай, а замест недарэчнай дахоўкі, халоднага свінцу і чырвонай медзі — пакрыты саломай самага высакароднага збожжа; і хай ён, мой татусь, мог хваліцца і ганарыцца сваім выcокашаноўным і ад самага Адама прарослым шляхецкім коранем і багаццем, ён узвёў муры вакол свайго палаца не з каменю, якога можна назбіраць на дарозе альбо навыграбаць на неўрадлівых палетках, і ўжо ж тым болей не з пошла печанай-паленай цэглы, якое апошнім часам можна напячы, як маку натаўчы, колькі хоч, яшчэ і з верхам, як гэта і робяць іншыя вялікія паны, — а ён на будоўлю ўзяў дубовыя камлюкі, тую высакародную, шляхетную драўніну, на якой вэндзяць каўбасы і тлустыя шынкі, і якім, дубам, для поўнага веку трэба расці больш за сотню гадоў. Дзе вы знойдзеце другога такога манарха, каб ён вам чворыў нешта падобнае? Дайце ж мне другога такога патэнтата, каб ён вам спрамогся выштукаваць такі палац! Пакоі, залы і харомы ўсярэдзіне ён вычарніў куродымам, бо гэта ж самы трывалы прыродны колер на свеце і на поўную вытрымку яго да дасканалага хараства трэба куды больш часу, чым якому мастаку з усімі ягонымі самымі ўдалымі кунштукамі. Шпалеры былі з самага далікатнага на зямлі прадзіва, нарабіць яго маглі толькі тыя, хто адвеку важыўся прасці ў заклад з самою Мінерваю. Шыбы ў вокнах там былі прысвечаны св. Міколку Няшклоўскаму, менавіта прысвечаны, бо каб яны яшчэ й прасвечвалі, патрэбна была, прынамсі, папера, а яна, як татусь ведаў, пачынаючы з канаплянага і льнянога насення, патрабуе на свой канчатковы выраб намнога болей часу і працы, чым самае лепшае і празрыстае шкло з Мурана; і потым яго шляхецкі стан дазваляў яму здагадвацца, што ўсё такое іншае, што даецца з цяжкасцю, ужо адно з гэтай прычыны цэніцца вышэй і таму больш каштоўнае; а што каштоўнае і дарагое, тое і шляхціцу прыкладзецца ў самы акурат і самым найлепшанькім чынам. Замест пахолкаў, лёкаяў і конюхаў у яго былі авечкі, козы і свінні, кожнае файна-прыстойна апраненае ў прыродную ліўрэю, яны і мне часта паслужаліся на пашы, пакуль я, стомлены іх службай, не аганюся, бывала, ад іх і не патуру дахаты. Каморы з рыштункам і даспехамі, альбо арсэналій, былі мудрагеліста і прадумана абстаўлены плугамі, матыкамі, калунамі, сякерамі, рыдлёўкамі, сахарамі і віламі-трайчакамі, і з гэтай зброяй ён штодня меў практыкоўку: тралёўка і колка дроў былі яго disciplina militarisВаеннае майстэрства (лац.)., як у старажытных рымлянаў у мірны час; запрагаць валы — было ў яго капітанскай камандай, вывозіць гной — фартыфікацыйнай справай, араць — палявым паходам, сячы дровы — штодзённым exercitium corporisФізічнае практыкаванне (лац.)., як і выкідаць гной з хлява — дваранскай забавай і турнірам. Так ён ваяваў з усёй зямлёю, пакуль не спаганяў з яе сабе карысць — ураджай і багаты луп. Усё гэта я адстаўляю ўбок і не дужа з таго пераймаюся, каб ніхто не меў зачэпкі высмейваць мяне разам з падобнымі да мяне новымі нобілямі, бо я стаўлю сябе не вышэй за свайго татуся, які мае гэтую сваю рэзідэнцыю ў вельмі вясёлым месцы, менавіта ж у Шпэсэрце, дзе ванцакі наўзаем зычаць дабраначы. Але што я гэтым разам не падаю нічога шырэйшага пра род, корань і фамільнасць майго татуся, дык гэта з адзіна любаснай сэрцу сціпласці, галоўным чынам таму, што і без таго тут няма ніякай гаворкі ні пра якое высакароднае ўстанаўленне, таму я павінен пабажыцца, усклаўшы рукі: годзе вам і таго, калі ведацьмеце, што я нарадзіўся ў Шпэсэрце.
З таго, што фамільнасць майго татуся ўсюды пішацца як вельмі шляхетная, кожны кемны лёгка здагадаецца, што маё выхаванне было адпаведнае саслоўнаму стану, і хто так мяркуе, не памыліцца, бо ўжо ў дзесяць гадоў я спасціг principia памянёных высакародных exercitien майго татуся, затое ў штудыях, у навуках я ішоў рука ў руку са славутым Амплістыдам, пра якога Суіда паведамляе, што ён умеў лічыць аж вышэй пяці; але, відаць, татусь мой меў, бадай што, ці не задужа высокі дух і розум і менавіта таму ўлягаў у прынятыя правілы нашага часу, калі шмат якія знакамітасці не робяць сабе залішняга клопату занадта знемагаць сваю плоць лішняй вучобаю ці, як яны гэта называлі, школьнай блазнотай, бо ім хапае сваіх людзей, каб тыя займаліся рознай пісанінай. Апрача таго, я быў выдатны музыка, граў на дудзе, выводзіў прыгожыя жаласныя мелодыі Ялема і ў гэтым не саступаў нават славутаму Арфею, хоць той Арфей, праўда, больш выстаўляўся на арфе, а я на дудзе. Што ж да тэлялёгіі, дык я не дамся, каб мне даказалі, быццам ва ўсім хрысціянстве быў хто-небудзь майго ўзросту, хто мог бы дараўнацца мне; потым жа — я не ведаў яшчэ ні Бога, ні чалавека, ні неба, ні пекла, ні анёлаў, ні чарцей і не мог адрозніць дабра ад ліха, вось чаму мне было няцяжка засвоіць з тэлялёгіі, што нашы першыя бацькі жылі ў раі і ў сваёй нявіннай беспахібнасці нічога не ведалі пра хваробы, смерць і паміранне, а яшчэ менш — пра ўваскрэсенне. О, адмысловае жыццё (ты можаш сказаць „адасловае” жыццё), калі чалавек не мае ніякай турботы з медыцынай! Менавіта вось такім манерам можна таксама зразумець маю выдатную абазнанасць у studio legum і ўсіх астатніх мастацтвах і навуках, якія толькі ёсць на белым свеце, Калі я быў такі вытанчаны (perfect) і дасведчаны ў няведанні таго, чаго я і не мог ведаць і ведаў вельмі добра, што ведаць не мог. Яшчэ раз скажу: о, адмысловае жыццё майго шчаснага маленства! Але мой татусь не хацеў, каб я далей цешыўся з гэтай дабрашчаснасці, а разумна палічыў, што танней абыдзецца, калі я адпаведна з маім шляхетным нараджэннем буду таксама шляхетна жыць і рабіць; таму ён пачаў прызвычайваць мяне да чынаў вышэйшых і задаваў мне цяжкія ўрокі.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы абраны пасвіць авечкі
і праслаўляе свой лёс малечы
Ён надаў мне самую высокую годнасць, шанаваную не толькі ў ягонай гасподзе, але і ў цэлым свеце, а менавіта ж бо адвеку вядомую пасаду пастуха. Ён найперш даверыў мне сваіх свіней, па-другое, коз і, нарэшце, статак авечак, і я мусіў іх пасвіць і даглядаць і з дапамогай маёй дуды, гукі якое, як піша Штрабо, у Аравіі сыцяць і ўтлушчаюць авечак і казлоў, бараніць іх ад ваўкоў; у тыя часы я быў падобны на Давіда, толькі што Давід граў не на дудзе, а зноў жа на арфе, і гэта сталася мне якраз неблагім пачаткам, а нават жа добраю азнакаю неба на тое, што з часам, калі мне яшчэ і пашанцуе, я выб’юся ў сусветную вядомасць. Бо як свет стаў, усе высокія асобы мусова паперабывалі ў пастухах, як мы самі можам прачытаць у Святым Пісанні пра Авеля, Абрагама, Ісака, Якава, іхніх сыноў, а і нават Майсея, які спачатку пасвіў авечкі ў свайго цесця, а тады ўжо толькі стаўся Майсеем — палкаводцам і заканадаўцам у 600 000 чалавек Ізраіля. Так, хай хто-небудзь закіне мне, што, бач, яны ўсе былі святыя, выбраныя Богам людзі, а не шпэсэрцкія падпаскі і свінапасы, якія нічога, як я, не ведалі пра Бога. Я гэта мушу прызнаць, не шукаючы адгаворак; але што павінна было акупіць маю тадыташнюю нявіннасць? Сярод старажытных паганцаў можна знайсці такія самыя экзэмпляры, як і сярод сыноў богавыбранага народа; сярод рымлянаў былі знакамітыя роды, якія называліся Бубулькі, Статыліі, Пампоніі, Вітуліі, Вітэліі, Аніі, Каперы і ім падобныя, і яны таксама займаліся быдлам і, мабыць, пасвілі. Калі папраўдзе, дык Ромул і Рэм таксама ж былі пастухі; Спартак, перад якім здрыганулася ўся рымская ўлада, быў пастух; што? Пастухамі былі, як засведчыў Лукіян у сваіх „Dialogo Helena”, Парыс, сын Прыяма-цара, і Анхіз, бацька траянскага князя Энэя. Прыгажун Эндыміён, да якога падкідалася сама цнатліўка Луна, быў таксама пастух; item крыважэрны Паліфэм; ай, нават жа і багі, як паведамляе Фарнутус, не саромеліся і не цураліся гэтай прафесіі: Апалон пасвіў каровы ў фесалійскага цара Адмэта; Меркурый, ягоны сынок Дафніс, Пан і Пратэй былі архіпастухі, ці не таму яны і ў блазнюкоў-паэтаў лічыліся патронамі пастухоў; Меса, цар маабіцкі, як мы пра гэта чытаем у Другой кнізе Царстваў, быў пастух; Кір, магутны цар персідскі, не толькі быў выхаваны Мітрыдатам, пастухом, але ж і сам папасваў. Гігес быў пастух, а ўжо толькі потым сілаю пярсцёнка стаўся каралём, Ізмаіл Сэфі, персідскі цар, замаладзь таксама пасвіў, гэтак сама Юдэй Філон пра тое вельмі дасціпна піша ў „Vita Moysis”, што пастухоўства ёсць падрыхтоўка і пачатак валадарання; гэтак сама як bellicosa i martialia ingenia, напрактыкаваныя і неспанатраныя спярша ў паляўніцтве, мысліўстве, якраз такімі павінны быць і тыя, хто мае стаць на чале войска, навучаныя наперад і загадзя ў ціхім і прыемным пастухоўскім пакліканні. Усё гэта мой татусь выдатна разумеў і ведаў, бо меў кемлівы і хітры capitolium і, значыцца, глуздаваў глыбакамысна, калі аж да сённяга дае мне немалыя надзеі на будучую бліскучую славу.
Але тым часам вернемся да маіх бараноў; ведайце, што ў ваўках я быў гэтак сама малаабазнаны, як і ў самім сабе; таму мой татусь даставаў мяне сваімі інструкцыямі. Ён казаў: „Еж, еж, баржджэй акладайся, не давай, каб авечкі разбягаліся, дудзі больш, дудзі, палохай воўка, каб не нахапіўся тою парою, бо шкоды будзе, шкоды, гэта ж зараза, такі ненаяда і злодзей, людзей рэжа, скаціну рэжа, каб яму ў чэраве рэзала, глядзі, а не дагледзіш, самому мікіткі загну”. Я адказваў з такою самай мілатою: „Та-ат, а скажы мне, хто бачыў воўка, я яшчэ воўка не бачыў.” —„Галава ты асловая, — адказвае ён, — наелася абы-чаго і чаўпе абы-што, дзіву даюся, што з цябе вырасце, калі ўжо зараз такая доўбня, а ўсё не ведае, які ён прайдоха, гэты воўк”. Ён даваў мне торбу розных мудрых настаўленняў, потым астываў, крыху пабурчаўшы, выходзіў, мабыць, думаючы, што мой тугі і неабструганы, нават ягонымі парадамі не падгабляваны глузд не спраможа ўцяміць яго далікатных падналусак, не кажучы, каб ужо ўздольніцца на нешта разумнае.
(...)
(Тэкст цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)
Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=107 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]
Авантурнік Сімпліцысімус
Для друку / Чытальня