Літаратура.org » Александрыя » Мікалай Крыштоф Радзівіл, Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштофа...

Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю

Мікалай Крыштоф Радзівіл — Польская — Сяргей Шупа

...Увесь той дзень і ноч ехалі мы з такой асьцярожнасьцю, дзеля нырцоў і разбойнікаў, як і тады, калі плылі ў Каір.

Назаўтра вецер быў супраціўны і непагодны. Паказвалі нам кракадзіла, які праз  Кракадзіл. Ніл пераплываў, але далёка, таму не маглі мы яго добра ўгледзець: часам, аднак, хрыбет ягоны было відаць, калі ён плёхаўся, як дэльфін на моры. Відаць, што быў не вялікі, на мерны сажань. Няма іх тут асабліва шмат дзеля частасьці вёсак і люднасьці Каіру, але вышэй Каіру над Саітам вельмі багата іх і немалых, ёсьць і на тры сажні. Я бачыў аднаго (хоць і нежывога) на дзесяць локцяў. Увечары прыплылі мы ў места Фуа, якое ляжыць над Нілам, ня вельмі вялікае, але прыгожае. Была і там у машэі вежа дзеля цырымоніі посту турэцкага адусюль сьвяцільнямі турэцкімі абвешаная і аздобленая. Гэтае месца з пладоў найлепшыя мае яблыкі гранаты, якія тут такія вялікія, што нідзе большых не знайсьці, і родзяць з дастаткам. У тую ноч праплылі мы тры мілі, а пасьля ўвайшлі ў канал або ў капаны роў нільскі, які вядзе аж да Александрыі, і лічаць яго восьмым рукавом, або пахаю нільскай.

Цэлы той дзень плылі мы паміж вёсак па тым канале, які прыблізна трыццаць локцяў ўшыркі мае, глыбокі паводле патрэбы большых джэрмаў, але высыхае да Александрыя вады не мае.дна і вады ня мае, калі Ніл не паднімаецца. Калі ж гэтая рака паднімаецца, да Александрыі ідзе празь яе вада і ўсе іх начыньні напаўняе, бо там прэснае вады няма, нават з калодзежаў не дастаць, таму і гэты канал учынены. Александрыя бо ніжэй ляжыць і дзеля блізкасьці мора добрай вады мець ня можа, калі ж вада тая прыходзіць, зь пільнасьцю захоўваюць яе цэлы год, аж да другога разводзьдзя нільскага. Гэткіх начыньняў або купальняў, і мястовых і ўласных, ёсьць там вельмі шмат, і калі так здараецца, што вады ў іх ня стане, шмат жыхароў з Александрыі зьяжджае прэч, бо й мусяць ехаць, так патрэбнай рэчы не маючы.

Калі быў аднаго часу Ібрагім-паша (або ўладар Эгіпту) болей чым трыццацьцю галерамі ў Александрыю прыехаўшы, столькі вады быў змарнаваў, што хоць і даўжэй меўся жыць, аднак шэсьць дзён толькі прабавіўшы, у Расэт рушыць, а адтуль празь Ніл у Каір ехаць мусіў. Расэт ляжыць ад Каіру за восем міляў, там апошняе нільскае рукаво з боку Барбарыі цячэ і ў мора ўпадае, празь якое наладаваныя Расэт.караблі да Расэту зручна ходзяць, вялікія ж судзіны праз той канал да Александрыі праплыць ня могуць. Але ж сем рукавоў нільскіх джэрмы вялікія досыць добра прапускаюць, асабліва ж два — адзін да Даміяты, другі да Расэту, дзе і караблі ходзяць, бо шырока і глыбока. З Расэту да Александрыі морам налічваецца амаль дзесяць міляў. А як таго дня верасьнёўскі маладзік меўся туркам Пост турэцкі які.паказацца, янычары, якіх мы з сабою трох мелі, ды арабаў паезьнікаў або маракоў дваццацёра, цэлы дзень ня еўшы, прасілі нас: як самі яны ўбачыць не маглі, дык каб мы, як толькі заўважым, адразу ім паведамілі. То й сапраўды неўзабаве далі мы ім знак, за што яны нам з радасьцю дзякавалі. А ўбачыўшы яго, вочы да яго зьвярнулі і, рукі распасьцершы, малітвы свае спраўлялі. Адразу ж пасьля таго мяса, Дзіўны артыкул веры. рыбу, і ўсё, што мы ім далі, елі і так ноч навылёт сядзелі аж да сьвітаньня, сьцьвярджаючы, што ўдзень есьці грэх, але ўночы можна. Ведалі мы пра тое, што ў Александрыі багацейшыя і мажнейшыя людзі аж да паўдня сьпяць, а пасьля ў машэю на пацеры ідуць; у той самы час адразу зь вежы на самым версе харугву (у Александрыі бывае яна з брунатнай кітайкі) вывешваюць, ледзьве на чвэрць гадзіны, якую пасьля малітваў тых адразу хаваюць. І так па дамах сваіх усе ідуць, дзе, як сонца зойдзе, есьці садзяцца. Апавядалі нам хрысьціяне нашыя (што ў Каіры жывуць), нібы калі есьці гадзіна набліжаецца (незадоўга перад заходам сонца), тыя, хто да гэтае справы пастаўлены, з бубнамі па месьце бегаюць ды крычаць, што ўжо можна есьці, піць і гэтак далей што рабіць. Але я гэткага крычаньня з бубнам у Александрыі ня чуў.

Праехаўшы пасьля каля чатырох міляў нашых паміж руінамі надта вялікіх і аздобных палацаў, а таксама паміж пальмамі, што абапал ракі стаялі, ужо калі ўзыходзіла сонца, прыбылі мы да брамы места Александрыйскага, якую яшчэ да Ракаста.часоў Аляксандра Вялікага называлі Ракаста, ад места яна за чвэрць мілі, дзе з канала на бераг высядаюць. Адразу паведаміў я пра мой прыезд тым, з кім быў у Каіры пазнаёміўся, а калі яны прыйшлі, селі мы на аслоў і паехалі ў места.

Калёна Пампеева.

Недалёка ад мястовае брамы стаіць Пампеева калёна, вельмі прыгожая і вартая подзіву. Падмурак, які яе трымае, вышынёю шаснаццаць локцяў, чатырохкантовы, а кожны бок ягоны ўшыркі дзевяць локцяў. Сама ж калёна круглая, з каменьня высечаная, вышынёю шэсьцьдзесят локцяў і на чатыры сажні шырынёю. Наверсе таксама шар з чатырохкутнай плітою, дзесяць локцяў мае. Уся калёна, як яна ёсьць, ад зямлі да верху восемдзесят шэсьць локцяў. Мармур папялісты, але ў самой калёне нібы шэра-чырвоны, так што здаецца, нібыта падмурак з аднаго, а калёна з другога гатунку вырабленая. Сапраўды дзіўна, як такое неверагодна цяжкае каменьне на такую вышыню падняць, а пасьля паставіць можна. Спосаб той, якім Юлій Цэзар гэта справіў, а таксама, чаму калёна тая Пампеевай завецца, апісалі гісторыкі.

У самой браме туркі глядзелі, ці мы з сабою якіх тавараў ня маем, але як гэбрай (якога там консул вэнэцкі трымаў) быў з намі, дык і сказаў ім, што нашыя рэчы за намі на аслах вязуць, і застаўся там з маімі слугамі, каб заплаціць мыта. Бо ў Александрыі ня толькі за тавары, але і за найменшую рэч, а нават і за самі грошы Глядзі. трэба плаціць мыта. Пасьля паехаў я ў вэнэцкую карвасэрыю і там застаўся. Па абедзе пайшоў я агледзець порт зь Еранімам Віталісам, гандляром вэнэцкім, які меў знаёмства з турэцкім капітанам (незадоўга перада мною з Рода сюды ў Александрыю з дзесяцьцю галерамі быў прыплыўшы), а таму хацеў зь ім пабачыцца. Галеры турэцкія. Дык я яго прасіў, каб мяне з сабою ўзяў, бо хацеў я галеру таго капітана (які першы быў пасьля Ахіялі), жаўнерамі і зброяй заспасобленую, пабачыць, на яе ж бо нікому нельга заходзіць, адно толькі гандляру або таму, хто за гандляра сябе выдае. І так, сеўшы ў барку, прыплылі мы да галеры, але капітана там не засьпелі, бо ад’ехаў быў у места, давялося нам чакаць больш за паўгадзіны. Галера тая надта прыгожая, уся залачоная, аднак жа меншая, чым тыя, што хрысьціяне ўжываюць. То ж і ўсе турэцкія меншыя. Нявольнікі ўсе былі хрысьціяне, па пяцёра іх да аднаго вясла былі прыкутыя, ад паловы галеры далей — па чатыры. Бачыў я там людзей, ледзь да справы прыдатных, каля сарака, гарматаў шмат было. Тым часам прыехаў капітан і загадаў розных гатункаў сукна з Эўропы яму прывезьці, кожнага Вінаград у гронках. шэсьць паставаў. Пасьля казаў нам даць радыйскага вінаграду ў гронках, якія былі гэтак вялікія, што да трох локцяў даходзілі, ягады на іх былі, як у нас сьлівы. Разьвітаўшыся з капітанам, вярнуліся мы на бераг, а пасьля ўжо адвячоркам у места.

Сярод вартых зьдзіўленьня рэчаў, якія дагэтуль мае Александрыя, ёсьць прасторны вельмі і вялікі пляц перад морскім портам, пра які гісторыкі пішуць, што рука Фар.чалавечая яго стварыла і насыпала (раней яго называлі выспа Фар), на гэтым я затрымлівацца не буду. Відаць сапраўды тут і працу чалавечую, і кошт вялікі, і ўмельства рамесьніка. Тут (бо ў месьце, як ніжэй гаварылася, паветра нездаровае) ахвотней людзі будуюцца і жывуць, нават і санджак тут жыве, таму і места бязьлюдзее, і чым далей, тым болей руйнуецца, бо здаравей і бясьпечней па прадмесьцях жыць.

Слугаў Асана-пашы сьмерцю пакаралі.

Прычына, дзеля якой тыя галеры ў Александрыю прыплылі, была тая, што трох ураднікаў Асан-пашы (які перад тым у Каіры быў уладаром), а менавіта канцлера, пісара і сакратара з Канстантынопалю на Род, адтуль у Александрыю, а далей празь Ніл у Каір везьлі, каб іх там сьмерцю пакараць, бо былі яны прычыніліся да таго, што Асан-паша падданых сваіх сквапна рабаваў і абдзіраў. Як гэта дзеелася, каротка нагадаю. Той Асан-паша, еўнух або лягчанец, калі ў Каіры доўга быў Дзівосная гісторыя пра хціўца і пра канец ягоны.уладаром, вельмі гандляроў абдзіраў і нішчыў, знакі чаго і дагэтуль застаюцца, бо ні зь Індыі, ні з Мэккі сюды і да сёньня тавараў не прывозяць. Каб яму зь месца гэтак зыскоўнага і для зьбіраньня грошай зручнага не загадалі зьехаць і ўрад свой аддаць, пасылаў ён патаемна дары надзіва вялікія маці і жонцы імпэратара Амурата; тыя Хітрасьць.ж, хто празь яго і сквапнасьць ягоную руйнаваўся і гінуў, дзеля далёкасьці дарогі і цяжкага да вушэй гаспадарскіх доступу (пра што Асан-паша пільна клапаціўся), не маглі ні скардзіцца, ні справядлівасьці дамагацца. Той самы паша, даведаўшыся пра гэнага мурына, які вакол бальсану хадзіў і ўсяляк аб ім стараўся (як вышэй апавядалася), што ён немалыя скарбы мае, без усялякае прычыны ў вязьніцу яго кінуў, а каб той пра грошы свае сказаў, загадаў яго катаваць, ды так моцна, што неўзабаве памёр, а пасьля сьмерці ягонай бальсан, дагляду добрага і ўмелага не маючы, загінуў.

Быў таксама і другі мурын, гандляр вельмі багаты, якога я і сам бачыў. Таго, Багаты гандляр.прыпісаўшы яму нейкую правіну, таксама ў вежу кінуў і так акрутна змучыў, што той таварамі сваімі, якія два разы па сто тысяч у золаце ацэньваліся, мусіў, аддаўшы яму, жыцьцё свае адкупіць. Мала падобным да праўды здаецца, каб такі нікчэмны чалавек, што толькі ў турбане і ў кашулі паркалёвай, босы, без чаравікаў ходзіць, мог такія вялікія грошы даць і адзін гэткую вялікую віну заплаціць, але хто пабачыць ягоны палац у Каіры (я і сам яго бачыў і пераканаўся, што быў ён, пэўна, гэткі ж каштоўны, як і той першы, які я таксама бачыў і пісаў пра яго), ніякага сумненьня мець ня будзе, калі і ўсе навокал сьцьвярджаюць, што гэтак шмат пашы заплаціў. І так ён, часта і шмат перад кім на няшчасьце сваё скардзячыся, натрапіў Добрая рада.на аднаго добрага і мудрага чалавека, які параіў яму ў Канстантынопаль паехаць і там перад імпэратарам гэткую вялікую і важкую крыўду сваю выкласьці. Але гандляра далёкая дарога і яе небясьпечнасьць страшылі, нарэшце, аднак, сказаў ён: «У Канстантынопаль ехаць я волі ня маю, але не шкада мне і ўсю маёмасьць сваю страціць, калі б толькі дамогся я таго, каб імпэратар Асан-пашу загадаў пакараць сьмерцю». На што прыяцель той кажа: «Дай мне грошай паводле патрэбы, а я табе ўсё тое, што жадаеш, лёгка і хутка спраўлю. То ж апавядаюць, што паслаў празь яго Глядзі ж, якія багацьці бяз вёсак і замкаў.ў Канстантынопаль семдзесят тысяч цэкінаў, дзе за іх кляйноты імпэратару накупіў. Візір-пашы таксама дваццаць тысяч падараваў і, лёгкі сабе доступ да яго забясьпечыўшы, пераказаў, што імпэратару кляйноты вялікія мае, ды, апроч таго, пакажа яму, як вялікія скарбы, калі захоча, лёгка да яго прыйсьці могуць. Загадаў тады імпэратар да сябе яго паклікаць, і ён, прыйшоўшы, ахвяраваў яму камяні дарагія, а сярод іх дыямэнт за васямнаццаць тысячаў шкудаў, які я бачыў у Вэнэцыі года Гасподняга 1580 у гандляра, які праз год яго ў Канстантынопаль быў паслаў, і казалі, што імпэратару быў куплены. Тады ж адразу склаў чалавек той Скарга на Асан-пашу.скаргу на Асан-пашу, апавядаючы, як той ужо даўно гандляроў багацейшых абдзірае, з чаго незьлічоныя скарбы сабраў; і прасіў імпэратара, каб той урэшце над крыўдамі і нягодамі падданых сваіх зьлітаваўся, гэтага хціўца пакараў, а грошы і золата ягонае ў свой скарб забраў. Спадабалася гэта імпэратару, і загадаў ён Дэкрэт.Ібрагім-пашу, каб той у Каір выпраўляўся, дачку яму ў жонкі паабяцаўшы. А да таго ліст Асану паслаў, загадаўшы, каб той яму, як толькі Ібрагім-паша туды Жорсткасьць.прыедзе, галаву сваю прыслаў. Такія лісты імпэратар сваёй уласнаю рукою звычайна пісаў, і высылалі іх, у кітайку або атляс чорны загарнуўшы. І так Ібрагім-паша, загад імпэратарскі выконваючы, адразу выправіўся ў дарогу. Аднак маці і Жанчыны пярэчаць і несправядлівасьць бароняць.жонка імпэратарава, даведаўшыся, зь якой прычыны Ібрагім едзе, і бачачы, што Асану сьмяротная небясьпека пагражае, як найхутчэй паведамілі яму праз пошту аба ўсім і намаўлялі, каб ён, Ібрагіма не чакаючы, без адкладу, скарбы з сабою забраўшы, ехаў у Александрыю, а адтуль у Канстантынопаль прыбыў; паабяцалі яны пры тым старацца, каб імпэратара да літасьці схіліць. І так, перш чым Ібрагім з трыццацьцю шасьцю галерамі прыплыў у Александрыю, Асан, папярэджаны, пачаў Асан уцёк.зь дзьвюма тысячамі зьбірацца ў дарогу, пра што калі Ібрагіму з Каіра паведамілі, пісаў яму, каб заставаўся на месцы, бо мае зь ім пра рэчы важныя і справы імпэратарскія пагаварыць. Але Асан быў ужо ў дарозе, і так прыбыў Ібрагім у Каір (бо раней ня мог) толькі на чацьвёрты дзень пасьля ягонага ад’езду; напісаў, аднак, з Александрыі імпэратару, што Асан зьехаў і ў Каіры яго няма. Які скарб.Маці з жонкаю імпэратаравай усяляк яго малілі, і казалі, што ўжо былі дамовіліся на тым, каб Асан свае скарбы, што на паўтара мільёна ацэньваліся, імпэратару аддаў, а сам на ласку і міласэрнасьць яго паклаўся. Неўзабаве пасьля таго Асана задушылі.пасадзілі яго ў замак і патаемна задушылі, каб з тых багацьцяў не карыстаўся, якія сквапна і зь нягодаў людзкіх сабраў. А слугаў тых яго памянёных у Каір прывезьці загадалі, каб там народ, на пакараньне іх справядлівае гледзячы, хоць нейкую ўцеху за крыўды свае атрымаў.

Бачыў я ў месьце слуп высокі чатырохкантовы, зьверху сьпічасты, з чырвонага каменю парфіру, літары іерагліфічныя (пра якія вышэй гаварылася) паўсюль на Цудоўны слуп парфіравы.ім выбітыя. Слуп той вельмі прыгожы, і хоць спод ягоны ўрос у зямлю, аднак увышкі мае ён яшчэ амаль сорак локцяў, ушыркі кожны бок ад споду шэсьць або крыху болей локцяў мае. Недалёка ад яго, у бок мора, ёсьць яшчэ знакі пад зямлёю нейкага прыгожага, вялікім коштам некалі з мармуру збудаванага палаца, сьцены Палац каштоўны.бо плітамі мармуровымі абкладзеныя стаяць на мармуровых калёнах. Быў і другі наверсе палац, але ўжо абваліўся ўвесь; а той падземны хоць і поўны абваленых Якая там была сваволя чалавечая.рэшткаў, аднак яшчэ добра відаць у ім пышнасьць пабудовы. Пад самым мястовым мурам і пад адной яго круглаю вежай ёсьць таксама прыгожыя мармуровыя памяшканьні, пад якімі і іншыя прасторныя і цудоўныя збудаваньні відны; там, як Клеапатра.апавядаюць некаторыя, жыла Клеапатра, якая сама прычынаю сваёй сьмерці была.

Быў я таксама і на дзьвюх гарах высокіх, што ў самім месьце. На адной стаіць вежа Горы Александрыйскія.для варты цэладзённае, ня вельмі высокая, зь якой столькі харугваў меншых варта вывешвае, колькі караблёў у порт уваходзіць. Другая гара вышэйшая з боку Расэту, зь якой усё места добра відаць, разьлягаецца яна аж да муроў мястовых, а пад ёю вялікіх і прыгожых палацаў руіны ляжаць, дзе цяпер цудоўнага мармуру багата знайсьці можна. Таго дня, а пасьля часьцей, на доўгай і вялікай вуліцы мястовай бачыў я вязьніцу, у якой Сьв. Катарына сядзела. Гэта склеп невялікі і нізкі, недалёка ад якога стаяць два слупы высокія і велізарныя, з чырвонага мармуру Вязеньне Св. Катарыны.цэлага высечаныя, паміж якімі блаславёная Сьвятая Катарына пакутніцкі вянок атрымала.

Пасярэдзіне той самай вуліцы вялікай ляжыць камень чатырохкантовы, на якім Дзе Сьв. Марку галаву сьцялі.Сьв. Марку Эвангелісту, біскупу тутэйшаму александрыйскаму, галаву сьцялі. Месца тое маюць у вялікай пашане самі туркі, каб хто, праходзячы, якой шкоды яму не Глядзі.ўчыніў; шырокім каменем яго зьверху накрываюць, адмыслова на тое высечаным.

Наведаў я царкву Сьв. Марка, недалёка яна ад таго чатырохкантовага слупа, вышэй апісанага, малая і цёмная, халдэі яе даглядаюць. Як ісьці да вялікага алтара, з правага боку ёсьць цесны склепік пад адным алтаром, дзе доўга цела Сьвятое пасьля Як вэнэты здабылі цела Сьв. Марка.пакутаў ляжала, пакуль яго вэнэты, хітра і патаемна (пра што халдэі зь немалым сорамам і жалем згадваюць) узяўшы, у Вэнэцыю завезьлі зь вялікаю пачцівасьцю, пра што апавядае гісторыя.

Александрыя якое места.

Санджак александрыйскі вярнуўся з Каіру, куды яго быў Ібрагім-паша паклікаў. Меў з сабою конных дваццацёра, гэтулькі ж пешых янычараў. Іншымі днямі аглядалі мы места, якое, бясспрэчна, вельмі прыгожае і надзіва цудоўнымі палацамі (яшчэ руіны ляжаць, іншыя ж пад зямлёю) некалі аздобленае было. Наколькі можна меркаваць, ледзьве пятую частку яго людзі засяляюць. Ёсьць тут таксама лазьня прасторная і прыгожая, якую Саліман імпэратар коштам вялікім збудаваў, часам і мы ў ёй мыліся. Лёгка пагодзіцца кожны, пабачыўшы падземныя Места адно над адным; якія там людзі былі.палацы, што там у зямлі здаўна другое было места збудаванае, дзе людзі ўлетку дзеля гарачыні жылі, а ўзімку ў верхняя палацы перабіраліся. З мноства тых падземных гмахаў парабілі цяпер калодзежы або цыстэрны, у якіх нільскую ваду, па каналах у места прыведзеную, захоўваюць. А цыстэрны тыя адны мястовыя, другія ж прыватныя, для захаваньня вады да наступнага году, як ужо тут казалася; калі ж яе не хапае, тады за дзевяць міляў праз мора возяць з Расэту.

Паветра ў Александрыі нездаровае.

Паветра ў Александрыі ад траўня аж да першых восеньскіх дажджоў (бо яны тут бываюць, і пры мне дваццаць сёмага верасьня невялікі ішоў) нездаровае і амаль пошаснае; а таму багацейшыя мяшчане і гандляры выяжджаюць у тыя дні, некаторыя на прадмесьце перабіраюцца ў морскі порт; тыя ж, хто ў месьце Прычына.застаецца, заўсёды ходзяць з тварам бледным і жоўтым, да хворага надта падобным. Прычыну тае заразы некаторыя прыпісваюць падземным палацам, пустым і вільготным, дзе багата розных гадаў, зьмеяў і іншых зьвяроў атрутных плодзіцца; а так вільготнасьць тая, са смуродам і атрутаю зьвяроў розных зьмяшаўшыся (бо ў Эгіпце зьвяры такія паўсюль плодзяцца), паветра заражае. Некаторыя вінавацяць возера Марэотыс, або Арэпотэн, што за паўтары мілі ад Александрыі, кажучы, што Ніл сьмецьце і брыдоту ўсялякую з палёў, што па той бок ад Александрыі, а таксама зьвяроў атрутных шмат у возера тое нясе; адтуль ужо вятры этэзіі(валохі называюць іх каўрус, або маэстра) паветра, гнільлём сапсаванае, у места нясуць, пакуль яго дажджы не аджывяць і вятры лепшыя не аздаровяць. Возера таго, або, хутчэй, балота, не прамінулі тыя, хто дзеі Вялікага Аляксандра караля апісаў. Але якая б ні была там прычына, досыць таго, што паветра тут вельмі дрэннае, уначы асабліва, калі вокны шчыльна зачыняюць аканіцамі, бо іначай здароўю будзе небясьпека, чаго і я колькі разоў дасьведчыў. Бо як толькі хто ўночы з заезду выходзіў, адразу боль у галаве надзіва моцны і млявасьць ва ўсім целе адчуваў. Вось жа людзі тутэйшыя ўначы хустамі нейкімі шчыльна накрываюцца (найболей галаву) і загортваюцца.

Можна і пра гэта тут напісаць, з чаго сьлепату паганскую пабачыць кожны можа. Прагностык турэцкі.Маюць гэткае прадказаньне туркі (бо чарнакніжніцтвам і чарамі шмат прабаўляюцца), што Сьвятую зямлю хрысьціяне маюць у пятніцу ў іх адваяваць, калі тыя будуць у машэях сваіх на набажэнстве. Вось жа ў Дамашку (адкуль Палестына пачынаецца) у пятніцу вялікая варта на ноч выстаўляецца, і на гадзіну раней, чым у іншыя дні, зачыняецца места; таксама і ў замак ерусалімскі ніводнага хрысьціяніна не пускаюць, а нават і глядзець на яго, хоць і здалёку, ня вельмі бясьпечна. А як там іх варажбіты таксама пагражаюць, што хрысьціяне праз Александрыю на Зямлю Абяцаную пойдуць, дык у стары порт (які Антоні ад новага аддзяліў, закідаўшы зямлёю, як гаварылася і як гісторыкі пішуць) і найменшых суднаў хрысьціянскіх не пускаюць, бо вераць, што праз яго хрысьціяне напасьці маюць, хоць там водныя камяні і скалы бароняць. Да таго ж, калі ў пятніцу ў машэі свае ідуць (што апоўдні бывае), карвасэрыі хрысціянскія (а іх тут Гэта ўжо глупства.дзве вэнэцкія, адна француская, генуэская, рагузійская і іншых народаў эўрапейскіх) з вуліцы на калодку моцна замыкаюць; маюць на тое і слугаў прызначаных, якія нас кожнае пятніцы на паўгадзіны (бо не даўжэй там яны свае чары спраўляюць) замыкалі. Хрысьціяне таксама ў той дзень і гадзіну ў месьце не паказваюцца, але ў заезды свае, пакуль іх не замкнулі, сьпяшаюцца, каб пад якое падозраньне ня трапіць, з чаго б ім небясьпека ўзьнікла. То ж і на ноч таксама заезды Яшчэ большае. нашыя замыкаюць, відаць, каб паклёпу якога на хрысьціянаў хто не чыніў, што яны сходкі свае там ладзяць або здраду якую рыхтуюць. Урэшце, у саміх карвасэрыях заўсёды ёсьць свая турэцкая варта, якая пільнуе, каб хрысьціяне чаго-кольвек не замышлялі, з чаго падозраньне магло ўзьнікнуць і паклёп, а за ім і пакараньне, чаму яны былі б радыя дзеля якога хабару. Звычай той у Александрыі ад даўняга часу дзеля большай бясьпекі гандляроў заведзены, і пільна яго захоўваюць.

Шмат аўтараў славутых Александрыю як найгалаўнейшы порт усяго ўсходу апісала; я ж дадам толькі тое, што тут з усіх народаў хрысьціянскіх дзіўнае мноства людзей і караблёў разнастайных бывае. На той час, калі я там жыў, было Галеоны вельмі вялікія.пятнаццаць галеонаў сапраўды незвычайна вялікіх, зь якіх адзін зьмяшчаў паўтары тысячы бочак, другі ж, да яго падобны, вёз сто тысячаў цэкінаў, і злавілі яго дзьве Мальта б’е туркаў.галеры мальтыйскія недалёка ад Александрыі. Адзін таксама вялікі зь ветрам пагодным ад іх уцёк, але гарматамі вельмі падзіраўлены, бо ўдарылі былі чатыры галеры мальтыйскія па тых двух галеонах. Дарога галеонаў.Двойчы за лета караван тых галеонаў (якія часам і блізкія караблі зьбіраюць) з Канстантынопалю ў Александрыю ходзіць, а то галеоны гандляроў канстантынопальскіх, на якіх, што праўда, няшмат тавараў возяць, але грошы з сабою вялікія маюць: за іх рыс, цукар, пшаніцу, дактылі і іншыя тавары, з Мэккі і Арабіі шчасьлівай навезеныя, з дастаткам вялікім купляюць. Бо хоць Прычына яе.Канстантынопаль ва ўрадлівым краі ляжыць, аднак харчовыя тавары ў большай частцы з Эгіпту мае. Першы раз тыя галеоны з Канстантынопалю ў сакавіку выходзяць, а ў чэрвені вяртаюцца; другі раз у жніўні едуць, а ў канцы кастрычніка дадому прыбываюць. Дзеля бясьпечнае дарогі турэцкіх галер або караблёў дваццаць шэсьць вялікіх, з трыма радамі вёслаў, што заўсёды на вялікім моры, звычайна іх праводзяць. Калі я быў у Александрыі, адмірал Ахіялі меўся з тымі Хто іх праводзіць.караблямі прыплыць, і чакалі яго, бо тыя галеоны ўжо таксама былі гатовыя выплыць, толькі іх будучыя буры затрымлівалі; аб тым, што яны на моры меліся быць, зь нейкіх знакаў даведаліся, пра што і нам паведамілі, як неўзабаве будзе сказана. І так тыя два галеоны (з якіх адзін мальтыйцы захапілі), давяраючы сваёй зброі вялікай, паволі з Роду за іншымі, якія Ахіялі праводзіў, выправіліся; каб толькі мелі яны вецер пагодны, маглі б не баяцца мальтыйцаў, калі ж такога ветру няма, галеон хутка мусіць здацца, каб нават і невядома якою гарматаю быў заспасоблены.

За чатыры дні перад маім адтуль ад’ездам трыста джэрмаў з пшаніцаю прыплыло, якую ў галеоны, што ў порце стаялі, перанесьлі.

Пачцівы прывілей.

Не абміну я і таго, што той порт александрыйскі мае такі прывілей (які сёньня яшчэ і сьцісьлей туркі захоўваюць), што і прыязнаму і варожаму караблю спыніцца ў ім і Гішпанін асьцярожны.адплыць, калі захоча, можна. Гішпанцы, аднак, таму не давяраюць, і караблі іхнія тут не спыняюцца. Флярэнтыйскія бывалі і часта, але аднойчы ня надта ім тое гасьцяваньне ўдалося. Бо як толькі вырушылі дадому і ўжо дваццаць міляў па самім моры праплылі, турэцкія галеры іх перанялі, захапілі адзін, астатнія ж два або тры ўцяклі. Прычынаю таму было тое, што і флярэнтыйскія караблі Св. Сцяпана, набегі чынячы, немалую шкоду туркам спрычынялі; што было і незадоўга перад прыездам маім на Кіпр здарылася, як у сваім месцы вышэй пісалася. А набегі тыя амаль такія самыя, якія нашы казакі звычайна на вёскі робяць, якім калі пашанцуе, дык добра, калі ж не – тады пагібель або шкоду за добрае лічаць.

Порт александрыйскі вельмі прасторны і адкрыты, дзеля чаго ўзімку ня надта Які гэта порт.бясьпечныя становішчы мае. І гэтак турэцкія судзіны, як і памянёныя галеоны, над большым замкам спыняюцца праваруч порту, бо там скалы стаяць, што ў мора Скала Гвазьдзік.заходзяць, якія іх у зацішку хаваюць, ад ветру закрываючы. Ёсьць адна зь іх досыць высокая, якую, праз тое, што верх мае разьведзены рагата, Гвазьдзіком завуць. Каля яе часта караблі разьбіваюцца, калі іх вецер гоніць, бо да другога замка, што леваруч порту, праход дзеля скал небясьпечны. Але ж і пасярэдзіне порту ёсьць скалы, на якіх часам караблі гінуць; відаць іх зьверху, калі пагоднае надвор’е і мора спакойнае. Абодва замкі ня надта далёка адзін ад аднаго, у караблі, што ідуць Замкі александрыйскія.пасярэдзіне, могуць біць з гармат, з чаго лёгка кожны меркаваць можа, якая шырыня порту пры самым уваходзе ў яго. Замак, што справа стаіць, досыць вялікі і добра абаронены; другі зьлева меншы, ня так абаронены, бо навокал нямала скал мае. Пры старым порце, куды хрысьціянам уваход забаронены, ёсьць дзьве вартавыя вежы невялікія, адна ад места, другая ад мора, недалёка ад цэкаўза, што над тым самым портам разьмешчаны. Стаяць тут галеры, то значыць караблі з трыма чалавекамі каманды, на той час пры мне толькі чатыры іх было дзеля варты порту александрыйскага, і тыя (бо часта мы іх бачылі) не да канца абсталяваныя.

Быў у Каіры янычар нейкі, сівы ўжо, родам з Гэльвэцыі, які за трыццаць гадоў перад тым схоплены быў разбойнікамі марскімі каля нейкага берагу валоскага і, прыгнечаны няволяю, абрэзаўся ў турэцкую веру. Ён вельмі ахвотна служыў мне ў Каіры, ня так дбаючы пра грашовую плату, як пра тое, каб да стала мець штодня ладную долю віна, якога ён сабе ўвесь час спраўна падліваў. То ж бо ў такім вялікім мностве людзей ня так было п’янства заўважнае, дый ня так сурова яго тут каралі, як дзе ў іншым месцы. Бо ўсё гэта ад пашы залежыць, які, калі сам цьвярозы, пільна распытвае пра п’яных і карае іх жорстка, а калі сам з ахвотаю п’е, дык і кожнаму іншаму дазваляецца, і нікога за тое не караюць. Вось жа янычар Янычар.той, сумленьнем прыгнечаны, патаемна прасіў, каб я яго з сабою ў Эўропу ўзяў, дзеля чаго ён з намі і ў Александрыю паехаў. За колькі дзён перад маім ад’ездам рупіўся я пра тое і пільна спосабаў шукаў, пытаючыся і дамаўляючыся з тымі, хто там на тых справах знаўся, якім чынам чалавека таго можна было б уратаваць. Бо адкрыта за гэта брацца нельга было, а патаемна надта небясьпечна дзеля шпегаў, якія з вялікай пільнасьцю сочаць, ці тыя рэчы, што былі прывезеныя, на карабель заносяць; а і пры выезьдзе маюць яны права на карабель зайсьці і ўсе рэчы Якая там пільнасьць.папераварочваць; і так, калі б турка знайшлі, што гэткае падарожжа задумаў, дык і карабель з усімі рэчамі ў скарб імпэратарскі забралі б, і людзі б безь ніякага ратунку ў вечную няволю пайшлі, бо гэтак ім вера іхняя загадвае. А так ніхто мне ня раіў, каб мы дзеля яго сябе на такую небясьпеку выстаўлялі; калі ж яму пра гэта сказалі, горка плакаў ён, з намі разьвітваючыся, так што і сам я заплакаў, бо ж вельмі хацелася мне яго з той бяды ўратаваць. Былі там таксама і два іншыя валохі, адзін Аскані з Рымскага павету, таксама рабаўнікамі на беразе схоплены, у Відаць пабожнага пана.першы год пантыфікату папы Пія Пятага, які сямнаццаць гадоў у аднаго санджака быў у няволі, а зь іх пятнаццаць у моры на караблі плаваў, пасьля хацеў адкупіцца, а рэшты, якой яму не ставала, прасіў, каб я яму дадаў. Другі быў Андрэй Сікуль, рыбак, якога там жа ў Сыцыліі туркі з Барбарыі, у лодках хуткіх напаўшы, схапілі, больш за дзесяць гадоў у вязьніцы праседзеў і з таго нават сьсівеў. Адкупіў я яго болей, чым за сто шкудаў золатам, але як Аскані быў чалавек добры і багабойны, так гэты абы-які і блюзьнер, бо, плаваючы на моры, заўсёды блюзьнерыў і такі жорсткі быў чалавек, што часта гаварыў уголас: «Калі жонку засьпею, а яна за час адсутнасьці маёй за іншага выйшла (бо меў жонку і дзяцей), дык адразу заб’ю разам зь дзецьмі”, а калі мы яго ў тым дакаралі, нецярплівасьць вялікую выяўляў і надта няўдзячна прымаў дакоры нашыя. Адкупіў я і двух іншых валохаў, маладзёнаў выдатных, і пакінуў іх у Каіры, каб іх консул Марыян выслаў у Валошчыну. Бо некаторыя раілі мне, каб не вазіў з сабою так шмат выкупленых, бо з таго могуць западозрыць, што мы багата грошай маем, а так магла б якая небясьпека ўзьнікнуць. Выкупіцца ніхто ня можа без дазволу пашы, у якога сьведчы Якім чынам выкупляюцца.ліст узяць мае, іначай бо яго з порту александрыйскага ня выпусьцяць; ды ў гаспадара таго нявольніка паша нейкі грош пасьля выкупу бярэ. Таго ж, хто веру турэцкую прыняў, болей вывозіць не дазваляецца, гэтак і ад’яжджаць, хіба што патаемна, але гэта небясьпечна.

За дзень перад выездам маім з Александрыі прыйшоў да мяне Ян Валох з двума таварышамі, якія ў гандляроў служылі, гаварыў па-гішпанску досыць добра. Упаў ён мне ў ногі, просячы, каб я яго выкупіў (а быў ён з тых караблёў вялікіх, што ў порце стаялі дзеля варты), на нагах кайданы меў як нявольнік, пра вялікія нягоды свае апавядаў. Абяцаў верна мне служыць і казаў, што быў цырульнікам, у Цырульнік нявольнік.лекарскай навуцы і рэчах абазнаны, да таго абяцаў быць у мяне нявольнікам, каб толькі я яго з карабля выкупіў. Навука і ўмельства ягоныя не былі мне гэтак важныя (асабліва ж таму, што меў я замест майго першага, што памёр, валоха Антонія Генуэзца, досыць добрага цырульніка), дый не зьбіраўся незнаёмаму здароўе свае давяраць: убоства, якое цярпеў ён, так кранула мяне і ўзрушыла, што я яго выкупіў.

Меў я з сабою жывых лямпартаў, казярогаў і іншых розных зьвяроў з далёкіх краінаў, то ж даручыў я яму даглядаць за імі на караблі. Паводзіў ён сябе добра па няволі — пакуль быў на моры. Але як толькі прыплыў на Крыт, два тыдні так жыў, Злодзей зь яго.а пасьля ўцёк, рэчы пакраўшы, што мая чэлядзь толькі на чацьвёрты дзень згледзела, а як адно дробязь згінула, дык і мне не адразу паведамілі. Я ж бо з трыма толькі ў палацы княскім стаяў, астатнія ж у кляштары Сьв. Францішка. І хоць я таго не дамагаўся і нічога не казаў, аднак жа яго шукалі і з таго боку гары, што з боку Барбарыі, знайшлі; дзіўна, чаму ён зайшоў туды, адкуль выйсьці ня мог, і што ён меўся рабіць. Мне ж было таго досыць, што я яго, ад туркаў збавіўшы, да хрысьціянаў завёз. Хацелі пакараць яго сьмерцю, але зноў жа і ад сьмерці, і ад карабельнае няволі выбавіў я чалавека, чаго б ён не пазьбег; а з таго падвойны меў бы я жаль, і са сьмерці ягонае, і з таго дзівоснага выпадку, што за сто чырвоных выкуплены мною зь няволі турэцкае, меўся б ён быць у хрысьціянаў павешаны. Вярнуў ён тое, што быў у маёй чэлядзі забраў, хоць крыху быў патраціў грошай і хацеў мне зноў служыць, але я пусьціў яго вольна; і так сеў ён на новы галеон, што ў Валошчыну плыў, а што там далей зь ім сталася, ня чуў я пра тое.

Гандляр нейкі вэнэцкі, які доўгі час жыў у Каіры, сьцьвярджаў як рэч пэўную, што з тых выкупленых рэдка калі што добрае бывае. І нездарма ён гэтак казаў. Бо за Глядзі.ўвесь час, што ён у тым краі жыў, да дзьвюх тысячаў іх было выкуплена, а з тых ледзьве пяцьдзясят або шэсцьдзесят на добры шлях сталі, астатнія ж або зладзействам, або разбоем, або забойствамі прабаўляліся, дзеля чаго іх і сьмерцю каралі. Іншыя ж, ужо вольнасьць атрымаўшы, турэцкую веру прынялі; бо ня маючы з чаго жыць, ні спосабу, як да Эўропы дабрацца, ня бачачы, каб іх зноў у няволю не забралі, гэтак мусілі ўчыніць.

Зьверы разнастайныя.

Зьвяроў шмат разнастайных у Александрыі прадаюць; дык і я, некаторых купіўшы, з сабою ў Эўропу быў прывёз, а менавіта лямпартаў два, пацукоў фараонавых два; Гэта людзі з сабачымі галовамі. Пліній, кн. 7. Людзі, кажа, якіх мы кінацэфаламі называем, жывяцца малаком.а падобных да іх, што па дамах у Александрыі бегалі і па палях, асабліва ў Сырыі, шмат нам трапілася пабачыць. Ката, які піжму, або мускус, вырабляе, будучы ў Трыполі, загадаў я сабе ў Апамеі купіць, кінацэфалаў двух, самца і самку, валасы ў іх былі нібы рудаватыя. Самка, калі падыходзіў хлопчык або жанчына, адразу кусала, даросламу ж мужчыну не наважвалася нічога гэткага чыніць. Малых катоў марскіх розных таксама меў я каля дзясятка, але іх мне воды марскія залілі, калі пад выспаю Карпат бура вялікая і непагадзь за малым нас не патапіла. Былі і папугаі вельмі прыгожыя, і тры казярогі, якія на моры здохлі. Зьвер гэты надзіва спрытны, і хоць вельмі тонкія ногі мае, аднак па скалах так хутка бегае, што кожны дзівіцца мусіць.

Ёсьць таксама птушак вялікае мноства вакол Александрыі, падобных да нашых Курапаткі.курапатак, якія хоць лётаць ня могуць, аднак сабака ніяк ня можа іх дагнаць дзеля надта хуткага іх па зямлі беганьня, хіба што калі б яе куды ў пастку загнаў. Курапатка тая каменьчыкамі, з пяску здабытымі, жывіцца, птушка гэтая вельмі тлустая і смаку надзвычай добрага; але есьці яе, асабліва сьвежую, вельмі небясьпечна, бо калі Чаму не здаровыя. хто яе колькі разоў зьесьць, мусіць памерці. Тлумачаць гэта той прычынай, што птушка тая каменьчыкамі корміцца, і таму калі чалавек часта яе есьць, пухліну сабе набывае і з таго памірае. Вось жа абскубаўшы яе, найперш добра соляць і трымаюць так у солі цэлую ноч, пасьля пякуць і ў воцат кладуць, пасьля такога размочваньня мяса і смачным і здаровым робіцца. Тое самае робяць і з малымі Чыжы. птушкамі, падобнымі да нашых чыжоў, якія лётаюць, а пры тым і тлустыя, досыць іх і на Кіпры, але іх таксама ў воцаце размочваць трэба. Апавядаюць тыя, хто ў Арабіі шчасьлівай бываў, што там таксама курапаткі трапляюцца; іншыя ж сьцьвярджаюць, што гэта тая птушка, якую Госпад Бог гэбраям у пустэльні даў, каб елі, Сьвятое Пісаньне называе яе перапёлкаю.

Вакол гары Харэб, у павеце Сінайскім, расьце манна, да калябрыйскай падобная, Манна.аднак не такая белая, а з чырвоным адценьнем. Бачыў я яе ў Каіры, праносную моц яна ад прыроды мае, і апавядаюць некаторыя, што гэткую зьбіралі гэбраі ў пустэльні, але паважнага доказу ў гэтым не падаюць.

У той пясчанай пустэльні, што з боку Чырвонага мора, вельмі вялікае мноства Стравусы. стравусаў, якіх часам арабы, здалёк абкружыўшы і да купы адной сагнаўшы, б’юць. Але як яны мяса не ядуць, дый пёры ня так лёгка распрадаць могуць (хоць гандляры вельмі ахвотна іх купляюць), дык і радзей гэткімі ловамі бавяцца, зь якіх малы пажытак маюць, а яшчэ і коней заўсёды змардуюць. Бо стравус, крыламі сабе дапамагаючы, надзвычай хутка бегаць можа, як і нашыя дропы, перш чым паднімуцца ўгору.

Калі мы ў Каіры прыглядаліся да ігрышчаў і цьвічэньня жаўнерскага, якія штотыдзень туркі звычайна ладзілі ў пятніцу па абедзе, прыскакаў мурын адзін Драмадэр вярблюд. голы на вярблюдзе, драмадэрам называным. Гэты вярблюд такі спрытны ў хадзе, што конь, хоць і шпарчэй ідзе, ніколі зь ім не параўнаецца. З Мэккі той быў з поштаю прыбег, якая ў Каір пятнаццатага дня прыбывае такім чынам. Бяжыць мурын на драмадэры пяць дзён без супынку, другі пасьля на іншага таксама драмадэра сядае і другія пяць дзён едзе, нарэшце трэці на трэцім у Каір зноў жа на пяты дзень прыбывае; гэтаксама пасьля ў Мэкку з Каіру едуць. Мурын, што едзе, Слушна.есьць гэтак шмат, каб на пяць дзён хапіла, і не бярэ з сабою харчу апроч дактыляў, дый тых мала. Хлеба таксама ў тым месцы пустым, скалістым і пясчаным няма, і вады няма аж да пятага дня. Драмадэр можа да шостага дня вытрымаць так без вады, па кавалку з пшаніцы наробленых клёцак мурын яму падкідае, бо іх з сабою шмат узяць ня можа. Вады тут дзеля патрэбы сваёй ня возіць з сабою, бо калі б нават і меў яе дастаткова, нельга было б яе драмадэру даваць. Бо ён калі б толькі яе пачуў, адразу б засьмягнуў і гэтак пяць дзён сваіх прабегчы ня здолеў бы, як яны сьцьвярджаюць. Адпачывае мала. Бо за дваццаць чатыры гадзіны мурын толькі на момант дзеля патрэбы натуральнай спыняецца, а драмадэр ідучы ваду пускае. Калі хоча мурын зь яго сьсесьці, кійком па нагах б’е, і так той кленчыць адразу на зямлі, а гэты тым часам злазіць.

Людзі, якія жывуць у пустой Арабіі, ніколі не ядуць ні хлеба, ні мяса, але толькі дактылямі жывяцца, а таксама малаком казіным вельмі здаровым ды ваду п’юць; Дзіўная рэч.дзеля чаго і жывуць доўга, і шмат хто зь іх да ста гадоў дажывае, здароўе добрае маюць і постаць цела зграбную. Коням замест аўса казінае мяса даюць, якое спачатку на сонцы высушваюць, пасьля на малыя кавалкі сякуць; з чаго і коні Другая.добрае памнажэньне цела маюць, і можна зь імі лёгка па пустэльні хадзіць (у мех які невялікі тыя кавалкі кінуўшы і да лукі прывязаўшы); а калі толькі дзьве жмені на аброк дадуць, дык каню на дваццаць чатыры гадзіны амаль што і досыць бывае. Да таго ж такое мяса каню смагі не наганяе і прыродны спрыт ягоны захоўвае. Калі ж ёсьць яшчэ жарабятка, толькі да дзявятага дня кабылу ссаць яму дазваляюць, пасьля ж вярблюджае малако даюць, каб з матчынага слабейшым ня вырасла; а так і прыгажосьць сваю прыродную захоўвае, і дужасьць вярблюдаў, малаком іхным жывячыся, набывае. Калі апавядалі мы александрыйцам і каірцам, што мы ў Эўропе паўсюль ваду маем, казалі нам на тое: «Вы маглі б ніколі не паміраць, калі заўсёды ваду жывую і прэсную маеце». Паказалі мы ім у Каіры хлеб, які яны хопс называюць, і не хацелі яны яго есьці, але загарнулі ў хустку, кажучы: «Занясём паказаць нашым, каб пабачылі, што вы там ясьцё, бо калі б мы яшчэ і хлеб елі, хутка б паўміралі». Бачыў я і ў Александрыі аднаго драмадэра, на Глядзі.якім быў прыехаў адзін араб з Расэту: вельмі прыдатны зьвер да хуткай язды, можна на яго і сядло надзець, бо толькі адзін горб мае, а ня два, як іншыя вярблюды, што да нашэньня рэчаў прыстасаваныя.

Рэшту верасьня аглядалі мы рэчы, вартыя ўвагі, як у месьце, так і па-за ім; не маглі раней выехаць і дзеля санджака, які з нашых чатырох караблёў, што разам меліся плыць, вялікую колькасьць грошай выцягнуць спрабаваў. Аднак жа пагадзіліся зь ім гандляры нашыя, хоць давялося аддаць немалую суму, бо чакалі мы дзеля ветру непагоднага аж да дзявятага дня кастрычніка, калі выйшлі ў мора.

Кастрычнік.

А так маючы судзіну (што называлася «Сагіцыя»), селі мы на яе дзявятага дня кастрычніка каля пятнаццатай гадзіны, і а шаснаццатай гадзіне выплылі мы з порту, і да вечара было відаць бераг Барбарыі.

... Дадзена ў Сіцыі, года Гасподняга 1583, 25 кастрычніка.

Літаратура.org — https://litaratura.org/aleksandryya?artid=2 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю

Мікалай Крыштоф Радзівіл — Польская — Сяргей Шупа

Для друку   /   Александрыя

Александрыя
Александрыя