Літаратура.org » Вітальня » Ян Максімюк, Пра дзядзьку Пэпіна і „Танцавальныя гадзіны”

Пра дзядзьку Пэпіна і „Танцавальныя гадзіны”

Ян Максімюк

Багуміл Грабал нарадзіўся 28 сакавіка 1914 у Жыдэніцах каля Брна на Мараве. У касьцельнай мэтрыцы запісалі яго як сына Марыі Кіліянавай (прозьвішча бацькі адсутнічала). У 1916 годзе Марыя Кіліянава выйшла замуж за Францішка Грабала, рахункавода гарадзкога бровара ў Брне. У гэтым самым годзе Францішак Грабал юрыдычным асьведчаньнем надаў Багумілу сваё прозьвішча. У наступным годзе ў сям’і Грабалаў нарадзіўся сын Бржэтыслаў (Славік), а ў 1919 яны пераехалі ў мястэчка Нымбурк, 50 кілямэтраў на ўсход ад Прагі, дзе Францішак Грабал атрымаў пасаду кіраўніка мясцовага бровара. У 1920-25 Багуміл Грабал закончыў пачатковую школу ў Нымбурку. Потым паступіў у дзяржаўную гімназію ў Брне, але калі пасьля першага году з шасьцю нездавальняючымі ацэнкамі яго не прапусьцілі ў наступную клясу, ён вярнуўся ў Нымбурк і запісаўся ў мясцовую рэальную гімназію. Вучыўся ў ёй таксама слабавата, але ў 1934 атрымаў пасьведчаньне сьпеласьці. Год часу займаўся на прыватных курсах лацінскае мовы, здаў матуральны экзамен з лаціны ў 1935 і паступіў на юрыдычны факультэт Карлавага Ўнівэрсытэту ў Празе. Нямецкая акупацыя перапыніла ягоную ўнівэрсытэцкую вучобу — Грабал здаў апошнія экзамены пасьля вызваленьня і атрымаў дыплём доктара юрыдычных навук у 1946. Падчас акупацыі Грабал быў памочнікам натарыюса ў Нымбурку, закончыў гандлёвыя курсы ў Празе і курсы чыгуначнай службы ў Градэц-Кралавэ, працаваў чорнарабочым і дзяжурным на чыгуначнай станцыі ў Костамлатах каля Нымбурка. Пасьля вайны ён часова працаваў страховачным агентам і каміваяжорам прыватнай гандлёвай фірмы, але пасьля перахопу ўлады камуністамі ў лютым 1948 Грабалава сацыяльнае становішча крута зьмянілася. У 1949 Грабал паступіў звычайным ліцейшчыкам у мэталаплавільню ў Кладне (40 кілямэтраў на захад ад праскага квартала Лібэнь, дзе ён пасяліўся ў 1950). Пры мартэнаўскіх печах ён прапрацаваў амаль чатыры гады, да ліпеня 1952, калі, удараны пад’ёмным кранам, атрымаў сур’ёзную траўму галавы. Пасьля працяглага лячэньня ён вярнуўся ў Кладна да „лягчэйшай працы”. У 1954 дастаў пасаду прасавальніка макулятуры ў канторы ўтыльсыравіны ў пражскіх Галешавіцах. У 1956 ажаніўся з Элішкай Плевавай (вядомай зь ягоных твораў як Піпсі), дачкою перадваеннага прамыслоўца нямецкага паходжаньня, якую камуністычны пераварот у 1948 зрэдукаваў, як і самога Грабала, да пралетарскага стану. У 1959 Грабал стаў працаваць кулісьнікам тэатру ў Лібэні, а ў 1962 атрымаў пэнсію з фонду забесьпячэньня нямоглых мастакоў і стаўся „вольным пісьменьнікам”.

Прыход Грабала ў літаратуру адбыўся даволі позна і не без праблемаў. У 1947 Грабал здаў у нымбурскую друкарню томік паэзіі Ztracená ulička, які ён намерыўся апублікаваць уласным коштам. У 1948 друкарню зьліквідавалі ў сувязі з нацыяналізацыяй прыватнай уласнасьці і Грабалу засталіся адно два камплекты пробнага выціску зборніка (асобнай кніжкай ён выйшаў толькі ў 1991). У 1956, як брашурны дадатак да бюлетэню Суполкі Чэскіх Кнігалюбаў, выйшлі тыражом 200 асобнікаў два апавяданьні Багуміла Грабала пад супольным загалоўкам „Hovory lidí”. Кніжка апавяданьняў „Skřivanek na niti” была пастаўлена ў плян выдавецтва „Československý spisovatel”, але ў 1959 яе выключылі з прадукцыі. Дэбютанцкая кніжка Грабала — зборнік апавяданьняў „Perlička na dně” — выйшла ў 1963, калі аўтару было амаль 50 гадоў. У 1964 выйшлі „Pábitelé” і „Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных” („Taneční hodiny pro starší a pokročilé”). У 1965 — „Inzerat na dům, ve kterém už nechci bydlet” і „Ostře sledované vlaky”. Фільм Іржы Мэнцла паводле гэтай апошняй навэлы атрымаў прыз Амэрыканскай Фільмовай Акадэміі (Оскар) у 1967. У 1967 Грабал апублікаваў „Toto město je ve společné péči obyvatel”, а ў 1968 „Morytáty a legendy”. Пасьля савецкага наезду на Чэхаславаччыну і ўвядзеньня нармалізацыі, Грабал апынуўся сярод пісьменьнікаў, чые творы падпалі пад забарону. Улады ўзялі пад ключ фільм „Skřivánci na niti”, зьняты Мэнцлам у 1969 паводле прозы Грабала. Ня выйшлі падрыхтваныя да друку ў выдавецтве „Mladá fronta” кніжкі „Domací úkoly” і „Poupata”. Грабал пісаў у шуфляду, ягоныя тэксты пачалі выходзіць у самвыдатах у Чэхаславаччыне („Petlice”, „Expedice”, „Popelnice” і інш.) і ў чэскіх эмігранцкіх выдавецтвах на Захадзе („Index” у Кёльне, „’68 Publishers” у Таронце і інш.). У 1971 Грабал напісаў „Obsluhoval jsem anglického krále”, у 1973 „Městečko, kde se zastavil čas” і „Něžný barbar”, у 1976 „Příliš hlučná samota”. Камуністычная ўлада ўсё ж не змагла праігнараваць штораз большую міжнародную славу Грабала і ў другой палове 70-тых дазволіла яму друкаваць некаторыя рэчы ў афіцыйных выдавецтвах. У 1976 выйшлі „Postřižiny”, у 1978 „Slavnosti sněženek”, а потым працяг „нымбурскай трылёгіі”, першай часткай якой выявіліся „Postřižiny”: „Krasosmutnění” (1979) і „Harlekýnovy milióny” (1981). Наступнымі афіцыйнымі публікацыямі ў камуністычнай Чэхаславаччыне былі „Kluby poezie” (1981), „Domácí úkoly z pilnosti” (1982) і „Život bez smokingu” (1986). Аднак жа „сямейная трылёгія” — напісаныя ў 80-тыя „Svatby v domě”, „Vita nuova” i „Proluky” — пабачыла сьвет у Чэхаславаччыне, як і творы зь першай паловы 70-тых, ужо па ўпадку камуністычнага рэжыму. У 1991-97 выдавецтва „Pražská imaginace” выпусьціла поўны збор твораў Багуміла Грабала (19 тамоў). У 90-тыя стала ясна, што Грабал — ня толькі найвыдатнейшы чэскі пісьменьнік другой паловы XX ст., але і адзін з найвыдатнейшых у Эўропе. Яшчэ пры жыцьці ён стаўся агульна шанаваным чалавекам-легендай. Натоўпы хацелі ўбачыць яго, калі ён засядаў за кухлем піва ў праскай старамесцкай гасподзе „U zlatého tygra”, куды прыяджаў штодня з свае самотні ў Кэрску пад Прагай. Жонка Грабала Элішка памерла ў 1987, у тым самым годзе, што й брат Славік. Грабалава маці памерла ў 1970, айчым у 1966. У 1967 памёр дзядзька Пэпін (Ёзэф Грабал), улюбёны герой кніжак пісьменьніка. У апошнія гады пісьменьнік адчуў нанава ўвесь цяжар „занадта гучнай самоты” і няраз згадваў сваім сябром аб утомленасьці доўгім жыцьцём. Таму, мабыць, пасьля 3 лютага 1997, калі Грабал выпаў з вакна на шостым паверсе праскай клінікі і загінуў, акрамя вэрсіі аб трагічным выпадку распаўсюдзілася і думка, што пісьменьнікава сьмерць была ягоным сьвядомым выбарам.

„Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных” зьяўляюцца аповедам ад імя самага арыгінальнага з грабалаўскіх герояў і байдуноў (pábitel) — дзядзькі Пэпіна (strýc Pepin). Ёзэф (Пэпін) Грабал (1882-1967), найстарэйшы брат пісьменьнікавага айчыма, быў жаўнерам Аўстра-Вугоршчыны, удзельнікам сусьветнай вайны. У 1924 ён прыехаў з Маравы да брата Францішка ў Нымбурк, як сам казаў, „на два тыдні”, і застаўся зь сям’ёй будучага пісьменьніка на ўсё жыцьцё. Малога Багуміла ён зачараваў дзівакаватымі паводзінамі і расповедамі пра сваё сапраўднае і ўяўнае жыцьцё.

Першую вэрсію „Танцавальных гадзін”, пад назовам „Utrpení starého Werthera”, пісьменьнік запісаў у 1949. Варта прачытаць тлумачэньні самога Грабала, каб лепш унікнуць у зьмест і структуру гэтага незвычайнага тэксту: Узгадваецца мне, што я пісаў [Utrpení starého Werthera] у вялікім пакоі на Старамесцкім пляцы, у доме, дзе ў той час была пахавальная ўстанова Шонбаха, быў гэта дом, у якім дамавіны стаялі ў склепе, а вугаль ляжаў на другім паверсе. Дом, у якім на вышыні другога паверха быў вялізны звон, які, як казалі, сарваўся зь вежы Тынскага касьцёла і завяз у сьцяне гэтага дома. Гэты дом быў адметны яшчэ і тым, што на шчытавой сьцяне меў паўголую жанчыну, якая, раскірэчыўшы ногі, сваім раскрокам дырыгавала сьветам. Я наймаў кватэру ў дэтэктыва паліцыі, які сачыў за публічнай маральнасьцю. У дэтэктыва былі прыгожыя вочы, вольным часам ён пачытваў Біблію, а ягоная жонка была сатурнальнай бляндынкай, якая любіла позна вяртацца — то над Збраславам даў лівень, то сутыкнуліся аўтобусы, — часта вярталася дахаты над раньнем і несла ад яе гаркавым віном... Той час завяршыў маё растаньне з Нымбуркам, думаю, што гэта была мая першая кватэра, куды я адышоў ад бацькоў, ня ў злосьці, а таму, што хацеў быць сам. Але да мяне прыяжджаў дзядзька Пэпін, ён заўсёды прывозіў нейкую бутэльку рому альбо горкай настойкі, мы выпівалі, хадзілі ў кабарэ, у госьці, дзядзька начаваў у мяне на канапе, а калі ў нас быў час, я доўгімі прысядамі запісваў на пазычанай пішучай машынцы той тэкст, які мне надыктоўваў дзядзька Пэпін. Яму страшэнна падабалася выкладаць сваё на паперу, ён называў тыя тэксты „пратаколамі”. У суме, мы сем разоў запісвалі тыя пратаколы, пад канец мяне пачала забаўляць ягоная плынь сказаў, гісторый, якія я ўжо столькі разоў чуў ад яго дома, у кампаніі над берагам Лабы, або ў суседзяў, але як сапраўдны хасыд, я адно глядзеў на яго і прыкідваўся, што мяне працінае жах цікаўнасьці, які толькі даліваў алівы ў прыгаслы агонь апавяданьня, пад канец я прыносіў дзядзьку піва з ромам, каб ён гаварыў яшчэ і яшчэ, ажно да зьнямогі, і толькі пры запісваньні я заўважыў, што ў тых гісторыях бяз ладу й складу ўрэшце знаходзіўся свой сэнс, і мяне кідала ў дрыжыкі ад хваляваньня, ці дзядзька Пэпін не забудзецца на тую нітку, якую быў перарваў... і сапраўды, пасьля некалькіх хвілін, за далейшымі прыгодамі, якія ўзгадваліся ні з таго, ні зь сяго, дзядзька вяртаўся, падхопліваў тую нітку, якую ўпусьціў дзьве старонкі назад, і апавядаў далей, пакуль не паддаўся напору новае прыявы, якая вырастала перад ім як атамны грыб, і ён конча мусіў аб гэтай чарадзейна ўзьніклай прыяве распавесьці, а часам і гэтая прыява расшчаплялася і як фэервэрк выбухала іншымі відзежамі... Потым, як і мае астатнія тэксты, запіс Utrpení starého Werthera недзе адлежваўся, а пасьля мае другое кніжкі, Pábitelé, у выдавецтве Československý spisovatel мяне запыталі, ці я ня маю для іх нейкага тэксту. А я адказаў, што так. І дастаў тыя „пратаколы”, якія ад 1949 ляжалі аблогай, а быў год 1963, і я ўжо ведаў, што значыць каляж і раляж, я ведаў фільмовыя тэхнікі, як з тэкстам рабіць штучкі, каб зьдзівіць чытача, я ўзяў сабе ў падмогу вялізную нямецкую кнігу рэклямы з эпохі сэцэсіі, павыцягваў адтуль рэклямныя штампы, уставіў іх у тэкст, падкрэсьліў тое, што было невыразнае, даў таму адзін стыль, гэта значыць, тыя перарывы зь пераскокамі дзядзькі Пэпіна і навароты да месца, дзе ён раней перастаў, далей я выкінуў гісторыі нецікавыя і дапоўніў тэкст іншымі, што ведаў з расповедаў дзядзькі, адкрыў паэта Эгана Бонды і ўставіў яго рытмічна ў тэкст, а потым перапісаў усё начыста і занёс дзеля ацэнкі, якая аказалася прыхільнай, і так у 1964 выйшлі Taneční hodiny pro starší a pokročilé.

Мабыць, растлумачэньня патрабуе яшчэ грабалаўскае слоўца pábitel, якога не фіксуе ніводзін чэскі слоўнік. Па-беларуску перадаем яго як байдун, а таксама карыстаемся вытворнымі байдаваць (pábiti) і байдаваньне (pábení). Сам Грабал сьцьвярджаў, што ўпершыню пачуў гэтае слова ад паэта Іржы Коларжа, калі запытаўся ў яго, чым той займаецца. Коларж меўся „вучона” адказаць: Pábím. Грабал патлумачыў: Я адразу адчуў, што байдаваньне ёсьць відам паэтычнае творчасьці, які пазьбягае дагэтуляшніх канвэнцыянальных прыёмаў, які хутчэй за ўсё імкнецца да забароненага, неакрэсьленага і няўлоўнага, да якога нельга падступацца зь нейкімі правіламі і значэньне якога можа выявіцца толькі пазьней. З тае пары я пачаў ужываць гэтае слоўца і пад ціскам абставін пачаў называць пэўнае кола людзей байдунамі, а іхні занятак байдаваньнем. Як правіла, гэта былі людзі, пра якіх можна было сказаць, што яны зьехалі з глузду, што гэта былі псыханулыя і шарахнутыя, хоць кожны, хто іх ведаў, напэўна не назваў бы іх так у літаральным сэнсе.

Грабалаўская славутая дэфініцыя байдуна зьявілася як аўтарскі камэнтар у зборніку апавяданьняў „Pábitelé”: Байдун ёсьць чалавек, супроць якога няўпынна ўзьнімаецца акіян назойлівых думак. Ягоны маналёг цячэ ўвесь час, раз падземнай рэчкай у пячоры думкі, раз струменем слоў, што вырываецца з рота навонкі. Гэта называецца байдаваньнем, якое, як палаючая паходня, перадаецца эстафэтай чалавечае мовы з вуснаў у вусны. Байдун ёсьць прыладай мовы, што ўзбагачае сама сябе ўсялякімі тонкасьцямі і хітрыкамі, якімі цікавіцца мовазнаўства. Байдун, як правіла, нічога не чытаў, але затое шмат бачыў і чуў. І амаль на нішто не забыўся. Ён захоплены сваім унутраным маналёгам, зь якім ходзіць па сьвеце, як пава з хвастом. Байдун, размаўляючы зь людзьмі, бавіць гутаркай сам сябе, паведамляе аб здарэньнях, значэньне якіх перабольшанае, перасунутае, перавернутае, таму што байдун працэджвае рэчаіснасьць праз дыямантавае рэшата натхненьня. Байдун поўніцца такім захапленьнем ад бачнага сьвету, што той акіян прыгожых відзежаў не дае яму спаць.

Рызыкуючы, што нарвемся на нецярплівасьць і злосьць чытачоў, яшчэ раз вернемся да дзядзькі Пэпіна, а дакладней, да таго, як гэты „байдун нумар адзін” запамятаўся Багумілу Грабалу ў сувязі з гісторыямі ў „Танцавальных гадзінах”: У прадмове [да першага выданьня Танцавальных гадзінаў] я ўзгадаў апошні разьдзел Джэймса Джойса, дзе місіс Молі Блюм на додніцы, унутраным маналёгам без пунктуацыі і сынтаксісу, сьніць сваю Schlummerlied, узгадаў, што мой прыём заключаецца толькі ў тым, што дзядзька Пэпін то выкрыквае, то гарлапаніць, даводзячы ўсяму сьвету да ведама, што адбываецца ў ягоным нутры, выслоўлівае свае прыявы як пасланьне, як рэшткі таго прыгожага, што засталося ад старое Аўстрыі, хоча быць пачуты, хаця б толькі мною, але я ведаў, што дзядзька Пэпін дакладна так сама галёкаў тыя самыя сказы над берагам Лабы, у колькіх дзясятках дамовак, куды яго запрашалі, у дзясятках корчмаў, дзе ўсе прыслухоўваліся, што ж гэта дзеецца, хто так апантана і займальна дзярэ глотку, шпурляючы справаздачы зь мінулага людзям у твар, якая ж гэта была краса, калі дзядзька Пэпін быў малады, што за дзіва было бачыць Вену і Будапэшт, што за жах быў на фронце, помню, як я служыў дзядзьку як своеасаблівы імпрэсарыё, білетэр, мы былі неразлучнымі цэлыя дзесяцігодзьдзі, як падчас нашых падарожжаў хуткімі й звычайнымі цягнікамі дзядзька зачароўваў купэ і сваім голасам прывабліваў іншых пасажыраў, як цягнік даехаў у Оламоўц і стаў, мусіў стаць, таму што там была канцавая, але пасажыры з правадніком яшчэ гадзіну слухалі таго, што выцякала зь дзядзькі пра ягоны прыгожы й юродзівы сьвет. Дзядзька Пэпін меў у сабе нешта ад таго, што мелі вестуны й ведзьмары, ён мог сваім крыкам лячыць і гаіць, зьнімаў з чалавечых сэрцаў маркоту і клопат, некаторыя нават знаходзілі ў ягоным балбатаньні сказы, якія лічылі паэтычнымі і прарочымі ў гісторыі ня толькі чалавека, але і чалавецтва. Гэта быў байдун нумар адзін, мая муза, апавядальнік, які быў ня толькі звыш мяне, але і звыш усяго, што я калі-кольвечы чуў, тое самае скажуць сёньня і тыя, якія яго чулі, якія зь ім таварышавалі, перш за ўсё ягоныя вялікія сяброўкі, жанчыны й маладыя дзяўчаты, зь якімі ён гутарыў бяз хітрыкаў пра вельмі далікатныя рэчы, таму што дзядзька Пэпін ня ўмеў хлусіць і крывіць душой, а справы полу былі для яго ня менш важным пытаньнем, чым мозг ЭдысанаУсе цытаты паводле кніжкі Bohumil Hrabal, Kdo jsem, Hynek, Praha, 2000..

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=30 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Пра дзядзьку Пэпіна і „Танцавальныя гадзіны”

Ян Максімюк

Для друку   /   Вітальня