Літаратура.org » Вітальня » Ян Максімюк, Гэта казка, расказаная дурнем...

Гэта казка, расказаная дурнем...

Ян Максімюк

Уільям Фолкнэр напісаў «Гоман і ятру» («The Sound and the Fury») у 1928 годзе, які, разгляданы з пэрспэктывы ягонай усёй творчасьці, стаўся для пісьменьніка annus mirabilis. У гэтым самым годзе ён яшчэ закончыў раман «Flags in the Dust», які ў скарочанай форме выйшаў друкам у выдавецтве «Гаркарт і Брэйс» («Harcourt and Brace») у студзені 1929-га пад загалоўкам «Сарторыс». Раман «Гоман і ятра» апублікавала ў кастрычніку 1929-га выдавецтва «Кэйп і Сьміт» («Cape and Smith»). Абедзьве кніжкі – «Сарторыс» і «Гоман і ятра» – запачаткавалі найважнейшы і найбольш плённы пэрыяд творчасьці Фолкнэра, у якім зьявіліся яшчэ такія ягоныя шэдэўры, як «As I Lay Dying» (1930), «Sanctuary» (1931), «Light in August» (1932), «Absalom, Absalom» (1936), «The Wild Palms» (1939) i «The Hamlet» (1940). Да таго, у ацэнцы шмат якіх амэрыканскіх крытыкаў, «Гоман і ятра» – найбольш арыгінальны твор усяго амэрыканскага літаратурнага мадэрнізму, які ня сорамна паставіць на той самай паліцы з «Улісам» Джэймса Джойса або «Ў пошуках страчанага часу» Марсэля Пруста.

Чытачам «ARCHE» я прапаную свой пераклад першай часткі «Гоману і ятры», якая называецца «7 красавіка 1928». Тры наступныя часткі раману таксама носяць назвы, прывязаныя да датаў: «2 чэрвеня 1910», «6 красавіка 1928» і «8 красавіка 1928». Тры першыя часткі напісаныя тэхнікай «плыні сьвядомасьці» – яны, па сутнасьці, уяўляюць сабою ўнутраныя маналёгі трох братоў Компсанаў: Бэнджаміна, Квэнтына і Джэйсана. Чацьвертая частка напісаная ў традыцыйнай, аб’ектывізаванай форме нарацыі ад трэцяй асобы. «Цяпер» у рамане – гэта Вялікдзень 1928-га: 6 красавіка 1928-га – Велікодная пятніца, 7 красавіка 1928-га – Велікодная субота, 8 красавіка 1928-га – Велікодная нядзеля. Другая частка раману пераносіць чытача 18 гадоў таму – апавядальнікам у ёй зьяўляецца Квэнтын Компсан, 20-гадовы студэнт Гарварду, які якраз 10 чэрвеня 1910-га пастанавіў пакончыць жыцьцё самагубствам. (Інакш кажучы, Фолкнэр знаёміць нас з думкамі і сьвядомасьцю Квэнтына ў апошні дзень ягонага жыцьця.)

Але самым арыгінальным, з гледзішча пісьменьніцкай тэхнікі, ёсьць якраз першая частка раману, дзе роля наратара адведзеная 33-гадоваму Бэнджаміну Компсану, ідыёту ад нараджэньня, чыё псыхічнае і разумовае жыцьцё запынілася на ўзроўні трохгадовага дзіцяці. Для Бэнджаміна, да якога бальшыня пэрсанажаў зьвяртаецца мянушкай Бэнджы, не існуе часу як наступства будучыні пасьля мінуласьці. Для Бэнджы, фактычна, усе падзеі ягонага жыцьця адбываюцца ў нечым, што можна назваць «безупыннай цяперашнасьцю». Безумоўна, для яго не існуе і асэнсаванай, лягічнай сувязі паміж прычынай і наступствам. Ягоны ўнутраны маналёг – «гоман і ятра», што згаданыя ў загалоўку – разьвіваецца хутчэй паводле чыста асацыятыўнага прынцыпу, чым якога-небудзь іншага. Пераход ад аднаго часовага пласту сьвядомасьці да іншага ў Бэнджы адбываецца нечакана і капрызна, хоць не зусім адвольна. Чытач, які набярэцца сьмеласьці прачытаць першую частку раману, несумненна прызнае, што і ў гэтым часавым «гармідары» існуе, калі можна так выказацца, свая «ідыёцкая лёгіка». (Каб палегчыць арыентацыю для чытача, Фолкнэр кожны такі «часавы скок» у сьвядомасьці Бэнджы сыгналізуе ў кніжцы курсівам.)

Гэтая кароткая зацемка ня ставіць сваёй мэтай апавесьці чытачу, пра што апавядаецца ў «Гомане і ятры». (Калі б у сапраўднасьці гэткае заданьне было выканальнае ў дачыненьні да раманаў, дык навошта было б іх чытаць? Хапіла б, пэўна, нейкага рэзюмэ ці пераказу зьместу.) Гэтая зацемка, хутчэй за ўсё, перасьцярога, што маем дачыненьне зь цяжкім чытацкім заданьнем. І заадно – заахвочаньне, што «скурка вартая свайго вырабу», то бок, што час, прысьвечаны прачытаньню гэтай прозы, ня будзе страчаны.

Яшчэ адна рэч, відаць, патрабуе высьвятленьня для тых беларускіх чытачоў, якія глыбей не знаёмыя з ангельскамоўнай літаратурнай традыцыяй. Гэта – загаловак раману, які для сярэднеадукаванага ангельскамоўнага чытача суадносіць Фолкнэраву кніжку з магутным фрагмэнтам ангельскай паэзіі, маналёгам Макбэта ў пятай дзеі аднайменнай п’есы Ўільяма Шэксьпіра:

Tomorrow, and tomorrow, and tomorrow,

Creeps in this petty pace from day to day,

To the last syllable of recorded time;

And all our yesterdays have lighted fools

The way to dusty death. Out, out, brief candle!

Life’s but a walking shadow; a poor player,

That struts and frets his hour upon the stage,

And then is heard no more: it is a tale

Told by an idiot, full of sound and fury,

Signifying nothing.

У перакладзе Ўладзімера Шахаўца, апублікаваным у Менску ў 1954 годзе, гэты фрагмэнт гучыць так:

Павольным крокам: заўтра, заўтра, заўтра,

Пляцецца дзень за днём, аж да апошніх

Складоў у кнізе нашага жыцьця.

А нашы «ўчора» асьвятлялі шлях

Вар’ятам к сьмерці. Дык згасай, агарак!

Жыцьцё – блукаючая здань, фігляр,

Што пакрыўляецца крыху на сцэне

І зьнікне назаўсёды; гэта казка,

Расказаная дурнем: многа трэску,

Ды сэнсу мала.

Асабіста мне гэты пераклад падабаецца, і калі б мяне папрасілі даць яму ацэнку паводле меркі, якую калісьці прыкладалі да мяне мае настаўніцы польскай і беларускай моваў, я б сказаў, што такая ацэнка бліжэйшая да чацьвёркі, чым да тройкі з плюсам. Адно бяда, што прыгожая шэксьпіраўская мэтафара – sound and fury – губляецца амаль дашчэнту ў Шахаўца, і яе нельга было зацытаваць, а давялося перакласьці нанава. Ад чаго, аднак, я на Шахаўца ня ў крыўдзе. Мне было прыемна паставіць словы «Гоман і ятра» ў загаловак свайго перакладу.

Прага, сьнежань 2004

(Гэты тэкст, разам зь перакладам першай часткі раману „Гоман і ятра”, быў упершыню апублікаваны ў „ARCHE” н-р 2-2005.)

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=27 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гэта казка, расказаная дурнем...

Ян Максімюк

Для друку   /   Вітальня

Уільям Фолкнэр у 1956
Уільям Фолкнэр у 1956