Літаратура.org » Вітальня » Рагнед Малахоўскі, Чорны піксель

Чорны піксель

Рагнед Малахоўскі

 

інфармацыйны шум

 

бессаромна пранізвае целы

нахабна ўпіваецца ў душы

ён стаў для нас звыклы

нават традыцыйны

сярод ночы выціраю

лоб успацелы

затыкаю ватай

стомленыя вушы

шум інфармацыйны

вострыць лічбавыя іклы

 

ніхто не ведае

чаго ж ён хоча

а ва ўмовах такіх

паэты страляюцца

манатонна курсор мільгоча

і новыя літары

бясконца з’яўляюцца

 

 

эпоха спажывання

 

прачынаюся на золку

прасціны пахнуць сэкандхэндам

пачынаю адчуваць сябе

учорашнім днём

схаваным ад свету

перажытым

што ўжо быў ва ўжыванні

 

ужываю каву

ужываю пах свежай ружы

падараванай апошнім прыхільнікам

ужываю пару мацюкоў

калі акідваю вокам

ранішні беспарадак у пакоі

 

беспарадак у пакоі

беспарадак у свеце

 

беспарадак у галаве

схіляе да думкі

заняцца інтэрнэт-шопінгам

хутчэй бы і гэты дзень

стаў былым ва ўжыванні

 

 

паролі

 

усё міне

і застанецца толькі шум

а хто ж пад фотаздымкам лайк паставіць

адмін засне

ў яго сваіх хапае дум

а нас не будзе

нас ніхто не ўспомніць і не ўславіць

 

міне жыццё

ды застануцца ўсе паролі

не будзе іх каму

ўзламаць і перайначыць

з нас кожны граў

свае адведзеныя ролі

камусьці гэта ўсё было патрэбна значыць

 

 

астрал

 

калі не стае шчырасці

і застацца з табой

азначае быць расстраляным

агрэставымі вачыма

у знак пратэсту супраць рэчаіснасці

устану з пакамечаных прасцін

і паспяшаюся выйсці

з перакрэсленай стомай пустыні

напрасткі ў сталіцу

 

напарстак раструшчанага сонца

перасцерагае ад настальгіі

што ў абрысах стагоддзяў

абрастае злоснымі наступствамі

 

часта ўяўляю сябе містычнай істотай

час такі самадастатковы

 

станцыя кастрычніцкая

найлепшае месца для расставанняў

і новых незапланаваных сустрэч

а на паверхні перамагае страх

і стогнуць праспекты

застаецца толькі выйсці

са скамянелага статку

і ўвайсці ў астрал

 

 

трыццацідвухгадовы

 

абяцаў табе паказаць парыж

чаравікі начысціў крэмам з воскам

але ты па-ранейшаму спіш

з тым багаценькім неданосакам

 

патанае ў гламуры

ні адняць ні дадаць

але дзеля цябе ні на што не гатовы

ну а я аніяк не магу прадаць

мэрсэдэс трыццацідвухгадовы

 

таму ты па-ранейшаму спіш

бо хацела жыцця бесклапотнага з лоскам

трыццаць два

а ўжо стаўлю крыж

чаравікі начышчаны крэмам з воскам

 

 

ідэя

 

напачатку была ідэя

ды ніхто не сказаў ёй

што ідэальных не бывае

яна пыхлівая і капрызлівая

пажадае падпарадкаваць сабе ўсё

 

сустрэнуцца ідэйныя людзі

прамовяцца высокія словы

з перайначанай ідэі

пачнецца ідэалогія

і захлынецца

у ідэалагічна правільным

ідыятызме

 

 

рыфма

 

на скураной канапе

начнога фіялетавага клуба

пад градусам адзічэлай самоты

спрабую зрыфмаваць словы

што набрынялі водарам жываншы

і дрыжаць у шклянцы джэка дэніелса

 

яны нахабна працінаюць цела

і павуцінай цыгарэтнага дыму

пераплятаюцца

у дыяментавых хвалях паўзмроку

 

музыка

эротыка

 

яны нарадзіліся разам

на гэтай канапе

яны не памруць

пакуль існуе самота

 

 

чорная скрыня

 

слепіць вочы блакіт

у вушах новы хіт

на радары чыста

паветра празрыстае

ды месца гэта магніт

для тэрарыста

 

ні на полі цудаў

ні на што дзе калі

ні на мінным полі

ці проста ў полі

нават у алкаголі

не знайсці такога хэдлайнера

я чорная скрыня

на борце авіялайнера

 

 

ноч

 

ноч

наркатычны водар кавы

спакушае фальшывай цнотай

пацалунак на вуснах гаркавы

настрой мінорна-млявы

жыццё дрыготкай нотай

 

ноч

разняволеныя думкі і мары

час атруціць бяссонне

вабяць страбаскопныя пажары

і нізкачастотныя ўдары

на электроннае ўлонне

 

ноч

захмялелыя злачынцы

вешаюць лапшу на вушы

закралася ў думкі вусціш

дзяўчаты ў модных джынсах

устрывожаць чэрствыя душы

 

ноч

бессаромныя забавы

напружваюць стомленыя сэрцы

ізноў пацалунак гаркавы

погляд легкадумна-саладжавы

ахвярую дымнай дыскатэцы

 

 

драма

 

я глядзеў на цябе праз скайп

ты лавіла чарговы кайф

з вуснаў цішыня магільная

затое сувязь стабільная

 

мне б да цябе ўпасці

на пяпялішча жарсці

або ты да мяне па правадах

ах

 

адчуваў наспявае драма

тут магла б быць мая рэклама

але ўбілася ў голаў дура

самацэнзура

 

 

дэфект

 

кожны хто бачыў гэта

аказваецца быў з дэфектам

памада з вільготным эфектам

на вуснах дажджу

расфарбавала недарэчна аўтастраду

я на яе гляджу

з нябёсаў колеру шакаладу

 

употай

уратаваўся адзінотай

а ўнізе аўтастрада разразае краіну

напалавіну

 

спынілася машын калона

дзікі крык

пасярод газона

паламаныя спіцы майго парасона

 

 

вобразы

 

рысы дажджу гатычныя

у паветры з пахам азону

пад тэксты старога шансону

вобразы малююць эратычныя

 

для кагосьці гэта проста вада

кропель бясконцыя копіі

патанае ў антыўтопіі

вечаровых аблокаў слюда

 

і ў вачах тваіх бачыў я готыку

ты маіх пачуццяў рабыня

а я пандоры таемная скрыня

дастаткова аднаго толькі дотыку

 

 

нуль

 

запомні момант гэты

у бязлюдным двары

спалі з вершамі ўсе газеты

дзіця са школы забяры

і бяжыце ад снайперскіх куль

бо мы часцінкі планеты

якой паставілі нуль

 

 

абанент

 

памяняў

тарыф

нібыта зняў

сакрэтнасці грыф

са свайго існавання

а тэма кахання

па-ранейшаму не раскрыта

завёў іржавае карыта

увёў каардынаты GPS

прыняў ад аператара СМС

і хоць учора ў клубе

крыху перабраў

твой нумар правільна набраў

ды выраз пачуў банальны

абанент часова недасягальны

 

 

характар

 

не паспеў агледзецца

як характар зрабіўся ватным

слухаў шмат папсы

жаваў ківі ў тэатры

поўная лажа

у жыцці прыватным

спытаю ў гугла

на жыццё палаюся

а ён адкажа

чаму так часта

глупствы пытаюся

 

 

піксель

 

думак густы кісель

берагі з часам размываюцца

хто доўга затрымаецца

таго змые плынь

 

рэчышча шукае рака

гэта не янь і не інь

чорны піксель

знакамітага мастака

 

марыў стаць выключэннем

а стаў правілам

Літаратура.org — https://litaratura.org/vitalnya?artid=153 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Чорны піксель

Рагнед Малахоўскі

Для друку   /   Вітальня

Рагнед Малахоўскі
Рагнед Малахоўскі
Нарадзіўся ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). Скончыў факультэт фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў у рэспубліканскіх літаратурных часопісах. З 2012 года з’яўляецца рэдактарам кніжнай серыі “Маладая паэзія Беларусі” ў выдавецтве “Харвест”. Займаецца перакладчыцкай дзейнасцю і фотамастацтвам. Аўтар кніг “Беражніца” (2005), “У дзённай мітусні” (2012), “Жыві!” (2014), “Кахання радок” (2016), “Выгнаннік дзьмухаўцовага раю (2016), “Клічнікі дажджу” (2016).