Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 08 The Lestrygonians

08 The Lestrygonians

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

АНАНАСНЫЯ КАРАМЭЛЬКІ, ЛІМОННАЯ ЦУКАТА, малочныя ірыскі. Клейкасалодкая дзяўчына поўнымі шуфлікамі насыпае цукеркі настаўніку з хрысьціянскага брацтва. Нейкае школьнае сьвята. На шкоду іхнім пузікам. Ледзяшы й цукраваныя сьлівы, дастаўнік Ягонай Каралеўскай Вялікасьці. Божа. Захавай. Нашага. Сядзіць на сваім троне, абсмоктвае чырвоныя жэлікі дабяла.

Змрочны малады чалавек з АХМ, які чуйна цікаваў сярод цёплага салодкага духу цукерні Грэма Лемана, сунуў нейкі лісток у руку містэру Блюму.

Сэрца сэрцу зьвестку дае.

Блю... Я? Не.

Блюзьнер... Кроў Ягнятка...

Нясьпешлівыя крокі вялі яго, зачытанага, над рэчку. Ці ты знайшоў збавеньне? Усе абмытыя ў крыві ягнятка. Бог жадае крывавай ахвяры. Народзіны, дзявоцтва, пакутнік, вайна, закладзіны будоўлі, ахвяраваньне, цэлапальная ахвяра з ныркі, алтары друідаў. Ілія надыходзіць. Д-р Джон Аляксандар Доўі, аднавіцель царквы ў Сыёне, надыходзіць.

 

Надыходзіць! Надыходзіць! Надыходзіць!

Усіх сардэчна запрашаем.

 

Прыбытковы занятак. Летась Торы й Аляксандар. Мнагажонства. Ягоная жонка знойдзе на гэта спын. Дзе ж гэта я бачыў тую рэкляму нейкая бірмінгамская фірма сьвятлістае ўкрыжаваньне. Наш збаўца. Уночы прачнесься ў цемрадзі ды ўбачыш як ён вісіць на сьцяне. Прывід Пэпэра тая самая ідэя. І нам каралеўства жадаў.

Гэта пэўна робяць фосфарам. Калі пакінуць кавалак траскі напрыклад. Я бачыў той сінявата-срэбны водбліск ад яе. Калі тае ночы пайшоў у кухонную каморку. Непрыемны дух там зьбіраецца калі адчыніш так і тхне. Чаго ёй тады захацелася? Разынак з Малягі. Усё думала пра Гішпанію. Перад тым як нарадзіўся Рудзі. Фасфарэсцэнцыя, тое сінявата-зелянкавае. Вельмі карысна для мозгу.

На рагу дому Батлэра, побач помніка, ён глянуў усьцяж Бэйчлэрс-уок. Дэдалава дачка ўсё яшчэ там перад аўкцыёнамі Дылана. Пэўна нейкую старую мэблю прадаюць. Пазнаў яе адразу па вачох, зусім як у бацькі. Сноўдаецца чакаючы яго. Сям’я заўсёды развальваецца, калі памірае маці. У яго пятнаццаць дзяцей. Роды амаль штогод. Гэтак у іхняй тэалёгіі, іначай сьвятар ня дасьць беднай жанчыне споведзі, адпушчэньня. Узрастайце й размнажайцеся. Ці чулі вы калі такое? Праядуць табе дом і гаспадарку. Ім самім сям’ю карміць ня трэба. Зазнаюць зямных дабротаў. Іхнія каморы й склепы. Хацелася б пабачыць іх на чорным посьце Ём Кіпур. Велікапосныя булачкі. За дзень адзін абед і лёгкі падмацунак, а то страшна, яшчэ зваліцца на алтар. Гаспадыня ў такога, паспрабуй што-небудзь выцягнуць ад яе. Аніколі ня выцягнеш. Як і грошыкі ад яго. Дагаджае сабе ў жыцьці. Аніякіх гасьцей. Усё толькі сабе. Пільнуе сваю мачу. Хлеб і масла прыносьце з сабою. Ягоная правялебнасьць. Мымра, адпаведнае слова.

Добры Божа, сукенчына ў беднага дзіцяці зусім ашмоцьце. І выгляд такі замораны. Бульба ды маргарын, маргарын ды бульба. Гэта пасьля адбіваецца. Як не наеўся, то й. Падкопвае здароўе.

Калі ён ступіў на мост О’Конэла, над парапэтам падняўся густы клуб дыму. Барка піваварні з экспартным портэрам. У Англію. Я чуў ён ад морскага паветра скісае. Цікава было б нейкага дня дастаць пропуск ад Хэнкака й паглядзець тую піваварню. Зусім асобны сьвет. Кадзі з портэрам, цудоўна. Пацукі й туды дабіраюцца. Напітыя разадзьмуцца пад аўчарку й плаваюць. Мёртва п’яныя ад портэру. Абап’юцца й рыгаюць ня горш за хрысьціянаў. Падумаць толькі, як такое піць! Пацукі: мацакі. Ну але калі б мы ведалі пра ўсё.

Глянуўшы долу, ён убачыў, як паміж змрочнымі сьценамі набярэжнай, шумна лапочучы крыльлем, кружляюць чайкі. Сырое надвор’е на моры. А калі б я кінуўся ўніз? Сын Рувіма Дж. мабыць наглытаўся гэтых памыяў поўны лантух. Пераплаціў шылінг і восем пэнсаў. Хм-хм. Забаўны ў яго спосаб выказвацца наконт розных рэчаў. Апавядаць гісторыі таксама ўмее.

Чайкі, кружляючы, зьніжаліся. Шукаюць пажывы. Чакайце.

Ён кінуў паміж іх зьмяты папяровы ком. Ілія трыццаць два футы ў сэк. надых. Ні трасцы. Ком, незаўважаны, загойдаўся на хвалях, паплыў пад успоркі мосту. А калі я выкінуў чэрствы пірог з борта ”Караля Эрыну” дык яны падабралі яго ярдаў пяцьдзесят за кармою. Жывуць сваім спрытам. Яны кружлялі, лапочучы крыльлем.

 

Галодная чайка кружляе,

Над цёмнай вадою лунае.

 

Вось так пішуць паэты, падобнымі гукамі. Але ў Шэкспіра няма рыфмаў: белы верш. Струмень мовы. Думкі. Урачыста.

 

Гамлет, я твайго бацькі дух,

Асуджаны уночы на блуканьне.

 

— Яблыкі. Пара за пэнса! Пара за пэнса!

Ягоны позірк прабегся па льсняных яблыках, пакладзеных пірамідкамі ў яе на латку. Гэтай парою з Аўстраліі, няйначай. Скурка блішчыць: начышчвае іх анучкай ці хустачкай.

Чакай. Тыя бедныя птушкі.

Ён зноўку спыніўся, купіў у старой латочніцы два бэнбурскія піражкі за пэнса, раскрышыў іх і пакідаў у Ліфі. Заўважылі? Чайкі апусьціліся бясшумна, дзьве, потым усе астатнія, накінуліся з вышыні на сваю здабычу. Падмялі. Кожны кавалачак.

Сьвядомы іхняе хцівасьці й спрыту, ён страсянуў дробныя крышкі з далоняў. Гэтага яны не чакалі. Манна зь неба. Кормяцца рыбіным мясам, і іхняе мяса мае рыбін смак, усе морскія птушкі, чайкі, гагары. Лебедзі з Анны Ліфі часам прыплываюць сюды пакрасавацца. Смаку не аспрэчваюць. Цікава як смакуе лебядзінае мяса. Рабінзону Круза даводзілася імі жывіцца.

Яны кружлялі, вяла лапочучы крыльлем. Болей нічога ня кіну. Пэнс зусім хопіць. Вялікі дзякуй дастаў. Нават ня кракнулі. Дарэчы, яны й яшчур разносяць. Выкарміш індыка, скажам, каштанамі, у яго й смак будзе такі. Ясі сьвініну, сам як сьвіньня. Дык чаму тады рыба з салонай вады не салоная? Як гэта так?

Ягоныя вочы пашукалі адказу на рэчцы і ўбачылі барку на якары, якая ляніва калыхала на алеістых хвалях свае барты, абклееныя рэклямай.

Кайноў

11 шылінгаў

Нагавіцы.

Гэта неблагая думка. Цікава ці плаціць ён за гэта гораду. Як увогуле можна займець ваду на ўласнасьць? Яна ж ніколі ня тая самая, бяжыць безупынным струменем, які ў струмені жыцьця мы шукаем. Таму што жыцьцё гэта струмень. Рэклямным абвесткам пасуе любое месца. Той шарлятан, што лячыў трыпэр, наклейваў ва ўсіх прыбіральнях. Цяперака ўжо не відаць. Поўная таямніца. Д-р Гай Фрэнкс. Не каштавала яму ні шэлега як настаўніку танцаў Маджыні які сам рэклямаваўся. Знайшоў людзей парасклейваць або расклейваў сам употайкі калі забягаў расшпіліць прарэз. Начны рыскун. Месца якраз адпаведнае. ЛЯПЛЮ АБВЕСТКІ БЕЗ ДАЗВОЛУ. ЛЯЧУ ШАНЦЫ БЕЗ УКОЛУ. Нейкі даўжнік добра нашпігаваны пігулкамі.

А калі ён..?

Ох!

Га?

Не... Не.

Не, не. Ня веру. Ён тады б напэўна не?

Не, не.

Містэр Блюм рушыў далей, падняўшы свой растрывожаны пагляд. Ня трэба пра гэта думаць. Па першай. На гадзіньніку партовай управы шар унізе. Час па Дансінку. Захапляе тая кніжачка сэра Робэрта Бола. Паралякса. Ніколі дарэшты ня мог уцяміць. А вунь сьвятар. Можна было б запытацца ў яго. Пар гэта грэцкае: паралеля, паралякса. Мне там усіх коз яна сказала пакуль я не растлумачыў ёй пра перасяленьне. Ну й лухта!

Містэр Блюм усміхнуўся Ну й лухта да двух вокнаў партовай управы. Зрэшты, яна мае рацыю. Гэта толькі важныя назовы звыклых рэчаў дзеля гучнасьці. Дасьціпнай яе не назавеш. Бывае й грубіянская. Можа выбаўтаць, што ў мяне на думцы. А ўсё ж я ня ўпэўнены. Вось яна прыдумала, што ў Бэна Доларда голас бас-барылтон. Ногі ў яго як барыліцы, а й сьпявае ён быццам у бочку. Чым жа яно не дасьціпнае? Калісьці далі яму мянушку Біг Бэн. Ні ў палове таго досьціпу, што назваць яго басбарылтонам. Абжорлівы як альбатрос. Мог умалаціць цэлы ялавічны філей. І ахвотнік на піва Баса ён быў магутны. Барылка Баса. Бачыш? усё пасуе.

Уздоўж вадасьцёкавай канавы паволі рухаўся насустрач яму ланцужок людзей, апранутых у белае, на кожным рэклямная дошка з зыркабарвовымі палоскамі наўскрыж. Распродаж. Падобныя да таго сьвятара сёньня раніцай: істота грэшная скарыся, істота грэшная стрывай. Ён прачытаў барвовыя літары на іхніх пяці высокіх белых капелюшох: H. E .L. Y. 'S. Уіздам Хілі. Y, замарудзіўшы ззаду, выцягнуў зпад свае дошкі лусту хлеба, сунуў у рот і пачаў жаваць, не спыняючы хады. Наша галоўная страва. Тры шылінгі на дзень, хадзі ўздоўж канаваў, вуліца за вуліцай. Каб скура з касьцей ня зьлезла, хлеб і сёрбанка. Яны не ад Бойла: не: людзі МакГлэйда. Гэтым гандлю не раскруціш. Я яму прапанаваў зашклёную павозку, а ў ёй дзьве шыкоўныя дзяўчыны пішуць лісты, вакол сшыткі, канвэрты, прамакаткі. Ручаюся, што гэта прыцягнула б увагу. Шыкоўныя дзяўчыны нешта пішуць і гэта адразу кідаецца ў вочы. Кожнаму да сьмерці рупіла б даведацца, што яна там піша. Уталопісься ў нішто й адразу абступае цябе чалавек дваццаць. Сунуць нос. Жанчыны таксама. Цікаўнасьць. Саляны слуп. Зразумела, адмовіўся, бо ня ён першы прыдумаў. Або я яшчэ прапанаваў пляшачку на атрамант з падманлівай плямай з цэлюлёіду. А ў яго ідэі наконт рэклямы ня лепшыя за тую абвестку паштэту Сліві пад нэкралёгамі, аддзел халоднага мяса. Вам ня трэба іх лізаць. Чаго? Нашых канвэртаў. Здароў! Джонс, куды йдзеш? Ня маю часу, Робінсан, бо бягу набыць адзіную надзейную атрамантавую гумку Кансэл, што прадаецца Хілі й С-кай, Дэйм-стрыт, 85. Добра што разьвязаўся з гэтым збродам. Пякельнаю намогай было зьбіраць уплаты ў тых манастырох. Манастыр Транквіла. Там была мілая манашка, сапраўды прыемны твар. Каптур пасаваў да ейнай малой галоўкі. Сястра? Сястра? Я ўпэўнены, што ў яе было нешчасьлівае каханьне, па вачох было відаць. Вельмі няёмка разьлічвацца з такой жанчынай. Тае раніцы я памяшаў ёй у малітвах. Але яна была рада сутыкнуцца з вонкавым сьветам. У нас вялікі дзень, казала. Сьвята Божай Маці Кармэльскай. Таксама прыемная назва: карамэль. Яна ведала, думаю, што ведала, мяркуючы па тым як. Калі б выйшла замуж, зьмянілася б. Здаецца, у іх сапраўды было тугавата з грашмі. Але пры ўсім тым смажылі на найлепшым масьле. Тлушч ім забаронены. Мне робіцца блага паеўшы тлуста. Яны любяць падмасьлівацца знутры й звадворку. Молі яго каштавала, падняўшы вуальку. Сястра? Пэт Клэфі, дачка лямбардніка. Кажуць калючы дрот прыдумала нейкая манашка.

Ён перасек Уэстморлэнд-стрыт, калі побач прашкандыбала S з апострафам. Крама з роварамі ”Ровэр”. Тыя гонкі сёньня. Колькі з таго часу? У тым годзе, калі памёр Філ Гіліган. Мы жылі на Заходняй Ломбард-стрыт. Чакай, я быў у Тома. Пасаду ў Хілі я атрымаў, калі мы пажаніліся. Шэсьць гадоў. Дзесяць гадоў таму: ён памёр у дзевяностачацьвёртым, так, слушна, вялікі пажар у Арнота. Вэл Дылан тады быў лордмэрам. Абед у Глэнкры. Райца Робэрт О’Рэйлі выліў сабе ў крупнік партвэйн пакуль далі сыгнал і давай Боббоб хлябтаць за здароўе свайго нутранога райцы. Заглушыў цэлы аркестар. За тое што мы ўжо дасталі хай Бог нас. Мілі была яшчэ малая. А Молі апранула тую слонавашэрую сукенку з вышытымі жабкамі. Мужчынскага крою, гузікі сама абцягнула. Яна не любіла яе бо я павярэдзіў нагу ў шчыкалатцы калі апранула яе першы раз на пікнік пад гарой Шугарлаф. Нібыта сукенка вінаватая. Старому Гудвіну папэцкалі цыліндар чымсьці клейкім. Мухам таксама пікнік. Потым яна ўжо не насіла такіх сукенак. Аблягала яе як улітая, і ў плячох і ў клубах. Тады толькі што пачынала паўнець. Таго дня мы елі пірог з трусяцінай. Усе любаваліся ёю.

Шчасьлівыя дні. Болей шчасьлівыя чымсьці цяпер. Утульны пакой з чырвонымі шпалерамі ад Докрэла, шылінг і дзевяць пэнсаў рулён. Купаньне Мілі вечарамі. Я купіў амэрыканскае мыла: бузіновае. Вада ў ванначцы прыемна пахла. Сьмешна выглядала, уся намыленая. І зграбнютка. Цяпер фатаграфія. У беднага таты было атэлье дагератыпаў, ён мне апавядаў. Спадчынная схільнасьць.

Ён ішоў ускраем ходніка.

Струмень жыцьця. Як жа звалі таго тыпа што выглядаў на сьвятара й праходзячы заўсёды касавочыў на нас? Слабыя вочы, жанчына. Наймаў у Цытрона на Сэнт-Кэвін-парэйд. Пэн яксьці там. Пэндэніс? Памяць хібіць. Пэн..? Праўда, колькі гадоў мінула. Ну але калі ён ня мог успомніць як называецца майстар дзённай зьмены якога бачыць штодня.

Тэнар называўся Бартэл д’Арсі, ён толькі што пачынаў. Праводзіў яе дадому з рэпэтыцый. Ганарысты тып з падфарбаванымі вусамі. Даў ёй тую песьню ”Вятры веюць з поўдня”.

Вятрыска быў тае ночы калі я зайшоў па яе на сход лёжы наконт лятарэйных білетаў пасьля канцэрту Гудвіна ў ратушы ці то ў банкетнай ці то ў дубовай зале. Ён і я ззаду. Лісток зь яе нотамі вырвала ў мяне з рук і шпурнула на агароджу гімназіі. Добра яшчэ што не. Гэткая дробязь можа папсаваць ёй усё ўражаньне ад вечару. Паперадзе прафэсар Гудвін пад руку зь ёю. На хісткіх нагах, горкі выпівоха. Ягоныя разьвітальныя канцэрты. Абсалютна апошні выступ на сцэне. Быць можа на месяц, быць можа назаўжды. Памятаю, як яна сьмяялася на ветры, укрыўшыся ў пастаўлены каўнер. А памятаеш той подзьмух на рагу Харкарт-роўд? Фрруу! Паддзёр усе ейныя спадніцы, боа ледзь не задушыла старога Гудвіна. Але ж і парумянела ад ветру. А памятаеш як вярнуліся дадому, разграблі вугольле ў камінку й падсмажылі ёй на вячэру кавалкі бараніны зь яе ўлюбёным кісла-салодкім сосам. Падагрэлі ром. Ад камінка мне было відаць як яна расшнуроўвае гарсэт у спальні. Белы.

Зь мяккім шэлестам гарсэт упаў на пасьцель. Заўсёды цёплы ад яе цела. А яна заўсёды любіла выблытвацца з яго. Потым сядзела амаль да другой, выймала шпількі з валасоў. Мілі ўхутаная ў сваім ложачку. Шчасьлівы. Шчасьлівы. Тае ночы...

— О, містэр Блюм, як маецеся?

— О, як маецеся, місіс Брын?

— Няварта наракаць. Як там Молі? Век цэлы яе ня бачыла.

— Знакаміта, — весела адказаў містэр Блюм. — А Мілі, ведаеце, атрымала пасаду ў Молінгары.

— Не кажэце! Гэта ж вялікая справа для яе!

— Так, яна там у аднаго фатографа. Усё йдзе як з маслам. А як там вашы гадунцы?

— За стол сілком саджаць ня трэба, — адказала місіс Брын.

Колькі іх у яе? Поблізу ніводнага.

— Я бачу, вы ў чорным. У вас не...

— Не, — сказаў містэр Блюм. — Я якраз вярнуўся з паховінаў.

Увесь дзень будзе ўсплываць, як бачу. Хто памёр, калі й ад чаго? Чапляцца, як злы шэлег.

— Ох, гора ты нашае, — сказала місіс Брын. — Спадзяюся, гэта ня быў блізкі сваяк?

Чаму б ня выклікаць ейнага спачуваньня?

— Дыгнам, — сказаў містэр Блюм. — Мой стары сябра. Бедачына, памёр зусім неспадзявана. Здаецца, сэрца недамагала. Паховіны былі сёньня раніцай.

 

Паховіны твае назаўтра

Пакуль праз жыта шпарка йдзеш,

Трамтам тумтум,

Трамтам...

 

— Як сумна траціць старых сяброў, — мэлянхалічна вымавілі жаноцкія вочы місіс Брын.

Ну, цяпер пра гэта досыць. Толькі спакойна: муж.

— А ваш пан і ўладар?

Місіс Брын узьняла свае вялікія вочы на неба. Усё ж яны ў яе яшчэ засталіся.

— Ах, і слоў шкада, — сказала яна. — Гадзюкі, і тыя павінны яго асьцерагацца. Цяпер ён сядзіць вунь там са сваімі кодэксамі, шукае закон супроць зьняславы. Сэрца мне надарваў. Пачакайце, зараз вам пакажу.

Гарачая пара зь цялячага расолу й дух свежасьпечанай руляды з павідлам плылі з кавярні Гарысана. Ад цяжкога абедняга паху містэра Блюма паказытала ў горле. Каб добра сьпячы, трэба масла, найлепшая мука, цукар з Дэмэрары, інакш з гарачай гарбатай адразу вычуюць. Ці можа гэта ад яе? Басаногі хлапчуквулічнік стаяў ля кратаў, удыхваючы пахі. Прытупляе кусьлівы голад такім чынам. Гэта яму прыемнасьць ці пакута? Абед за пэнса. Нож і відэлец прымацаваныя да стала ланцужком.

Адкрывае торбачку, пацёртая скура, шпілька ад капелюша: трэба асьцярожна з такімі рэчамі. Корпаецца. Адкрытая. Грошы. Калі ласка, бяры. Кідаюцца чортам, калі згубяць хоць шасьціпэнсавік. Пякельны скандал. Муж дапікае. Дзе тыя дзесяць шылінгаў, што я табе даў у панядзелак? Корміш братаву сям’ю, ці што? Зацухмоленая хустачка, пляшачка ад лякарства. Упала нешта, таблетка. Што яна там?..

— Цяпер, пэўна, маладзік, — сказала яна. — Тады зь ім заўсёды кепска. Ведаеце, што было сёньня ўночы?

Яе рука перастала корпацца. Вочы глядзелі на яго пільна, расшыраныя трывогай, але з усьмешкай.

— Што? — спытаўся містэр Блюм.

Няхай гаворыць. Глядзі ёй проста ў вочы. Веру табе. Даверся мне.

— Разбудзіў мяне ўночы, — сказала яна. — Яму прымроіўся сон, сонны кашмар.

Нястраў.

— Сказаў, што па лесьвіцы падымаецца пікавы туз.

— Пікавы туз! — зьдзівіўся містэр Блюм.

Яна выняла з торбачкі складзеную надвое паштоўку.

— Прачытайце, — сказала яна. — Ён дастаў яе сёньня зранку.

— Што гэта? — спытаўся містэр Блюм, узяўшы паштоўку. — Пр. др.?

— Пр. др.: прыдурак, — сказала яна. — Хтосьці яго цьвяліць. Гэта вялікі сорам, хто б ён ні быў.

— Сапраўды, — пагадзіўся містэр Блюм.

Яна з уздыхам забрала паштоўку.

— А цяпер ён зьбіраецца ў канцылярыю містэра Мэнтана. Ён кажа, што ўнясе позву на дзесяць тысяч фунтаў.

Яна склала паштоўку, сунула яе ў сваю неахайную торбачку й ляскнула замочкам.

Тая самая сукенка зь сіняга шавіёту што й два гады таму, ворса выцьвітае. Мінуліся ейныя найлепшыя дні. Валасы вытыркаюць пасмачкамі над вушамі. І гэты нямодны капялюшык, тры старыя вінаградныя гронкі, каб хоць крыху ўпрыгожыць. Абношаная высакароднасьць. А калісьці апраналася з густам. Маршчынкі ля вуснаў. Усяго год ці нешта такое старэйшая за Молі.

Бачыў якім зрокам абмерала яе тая жанчына што мінула. Жорстка. Непрыгожы пол.

Ён глядзеў на яе далей, хаваючы ў позірку расчараваньне. Востры расол зь цяляціны й бычыных хвастоў з прыправамі. Я таксама прагаладаўся. Крышкі пірага на адваротах яе сукенкі: пляма цукровай пудры на шчацэ. Пірог з рабарбарам і начынкай з рознай садавіны. Гэта была Джозі Паўэл. У Люка Дойла, даўно таму. Долфінс Барн, шарады. Пр. др.: прыдурак.

Зьменім тэму.

— А вам здараецца бачыць місіс Бюфой? — спытаўся містэр Блюм.

— Майну Пюрфой? — спыталася яна.

Гэта мне падумалася пра Філіпа Бюфоя. Клуб Аматараў Тэатру. Мэтчэм часта ўспамінае свой майстэрскі ўдар. А ваду я спусьціў? Так. Апошняя дзея.

— Так.

— Акурат па дарозе я заходзіла даведацца, ці яна ўжо не нарадзіла. Яна ў радзільным доме на Холіс-стрыт. Доктар Хорн яе туды прыняў. Ужо тры дні, як у яе болі.

— О! — сказаў містэр Блюм. — Спачуваю ёй.

— Так, — працягвала місіс Брын. — А дома й без таго поўная хата дзятвы. Роды ў яе цяжкія, так мне казала тамашняя сястра.

— О! — сказаў містэр Блюм.

Ягоны цяжкі спагадлівы позірк убіраў ейныя словы. Язык спачувальна прыцмокваў. Цт! Цт!

— Спачуваю ёй, — сказаў ён. — Бедная жанчына! Тры дні! Гэта ж проста жах!

Місіс Брын кіўнула галавою.

— Болі схапілі яе ў аўторак...

Містэр Блюм зьлёгку крануўся ейнага локця, папярэджваючы:

— Увага! Дайце прайсьці таму чалавеку.

Ад рэчкі, ускрай ходніка, замашыста крочыла кашчавая фігура, уставіўшыся застыглым паглядам на сонечны дыск праз манокль на тоўстай тасемцы. Галаву абхапіла маленькая шапачка, туга прылягаючы да чэрапа. На руцэ ў такт крокам целяпаліся складзеныя плашч, кіёк і парасон.

— Гляньце, — сказаў містэр Блюм. — Ліхтарныя слупы ён заўсёды мінае ад вуліцы. Гляньце!

— А хто гэта такі, калі не сакрэт? — запыталася місіс Брын. — Ён з бзікам?

— Яго называюць Кэшл Бойл О’Конар Фіцморыс Тысдэл Фарэл, — адказаў містэр Блюм, усьміхаючыся. — Гляньце!

— Імёнаў у яго хоць пазычай, — сказала яна. — Калі-небудзь і Дэніс стане вось такім.

Яна раптоўна абарвала.

— А вунь і ён, — сказала яна. — Мне трэба йсьці да яго. Усяго добрага. Перадайце прывітаньне Молі, не забудзьце.

— Перадам, — сказаў містэр Блюм.

Крывуляючы між прахожымі, яна прайшла да вітрынаў. Дэніс Брын у куртатым сурдуце й сініх палатняных пантофлях, шоргаючы нагамі, выйшаў з кавярні Гарысана, моцна тулячы да сэрца дзьве тоўстыя кнігі. Быццам зь неба зваліўся. Як са старажытнасьці. Зусім не зьдзівіўшыся, што яна зьявілася пры ім, ён адразу паважна загаварыў да яе, высунуўшы дапераду сваю бруднашэрую бараду й ляпаючы адвіслай сківіцай.

Мэшуга. З глузду зьехаў.

Містэр Блюм лёгкай хадой рухаўся далей, бачачы перад сабою ў сонечным бляску туга абцягнуты чэрап і пагойдваньне кіяпарасонаплашча. Фарсун што трэба. Гляньце на яго! Зноў вылез на вуліцу. Яшчэ адзін спосаб ісьці праз жыццё. І той другі стары бзікаваты касмач у ашмоцьці. Мабыць нялёгкая ёй выпала доля зь ім.

Пр. др.: прыдурак. Магу прысягнуцца гэта Олф Бэрган або Рычы Гулдынг. Іду ў заклад на што хочаце гэта яны напісалі для пацехі, седзячы ў Скоч Хаўз. Ідзе ў канцылярыю Мэнтана. Той вырачыць на паштоўку рыбіны вочы. Уцеха будзе боская.

Ён мінуў рэдакцыю ”Айрыш Таймса”. Можа, там ляжаць і іншыя адказы. Хацеў бы адказаць усім. Добрая сыстэма для злачынцаў. Шыфр. Цяпер у іх полудзень. Там клерк у акулярах, ён мяне ня ведае. А хай паляжаць там, дасьпеюць. І так хапіла клопату перагледзець соракчатыры. Патрабуецца спрактыкаваная машыністка для дапамогі джэнтльмэну ў літаратурным занятку. Я назвала цябе абрыдным хлопцам бо мне зусім не падабаюцца тыя сховы. Калі ласка растлумач мне што абазначаюць. Калі ласка напішы мне якую парфуму. Скажы мне хто стварыў сьвет. У іх такая манэра шпурляць у цябе пытаньнямі. І тая другая, Лізі Туіг. Мае літаратурныя намогі мелі шчасьце заслужыць пахвалу выдатнага паэта А. Э. (міст. Джор. Расэла). Ня мае часу прычасацца парадкам, папіваючы вадзяністую гарбатку над кніжачкай паэзіі.

Для невялікіх абвестак без сумліву найлепшая газэта. Цяпер ахапіла й правінцыю. Кухарка й служанка да ўсяго, даск. кухня, пакаёўка на месцы. Патрэбны ўвішны прадавец у вінную краму. Шан. дзяўчына (рым.-кат.) шукае пасады ў краме з садавінай або мясам. Джэймс Карлайл гэтага дабіўся. Дывідэнд шэсьць з паловай працэнтаў. Зрабіў вялікія грошы на акцыях Коўтсаў. Паціхутку. Хітрыя шатляндзкія скнары. У навінах скрозь падлізьніцтва. Наша ласкавая й агульна шанаваная віцэкаралева. Цяпер купіў яшчэ ”Айрыш Філд”. Ледзі Маўнткэшл цалкам паправілася пасьля родаў і прыняла ўдзел у паляваньні на ліса з ганчакамі, якое ўчора ў Рэтхаўце арганізавала лоўчае таварыства. Ліса нельга есьці. Хоць палююць і ў гаршчок. Ад страху выдзяляюцца сокі мяса мякчэе ад іх. Верхам у сядле. Сядзіць памужчынску. Важкаважная лаўчыня. Ні дамскага сядла ні падушкі ні за што на сьвеце. Першая на зборцы й першая ў пагоні. Гэтыя бабскія вершніцы моцныя бы пародзістыя кабылы. Ходзяць задзёршы нос каля стайні. Шклянку брэндзі кульне не пасьпееш авойкнуць. Тая што ранкам перад ”Гроўнэрам”. Разам зь ёю ў каляску: шу-шу? Сьцяну або бар’ер у пяць перакладзін на кані адным махам. Той кірпатаносы трамвайнік знарок так зрабіў. Каго яна мне нагадвае? О так! Місіс Мірыям Дэндрэйд якая мне прадала старыя накідкі й чорную бялізну ў гатэлі ”Шэлбэрн”. Разводніца з Лацінскай Амэрыкі. І вокам не міргнула калі я корпаўся ў ейнай бялізьне. Як быццам я быў яе гардэробнікам. Потым бачыў яе на банкеце ў віцэ-караля калі Стабс каралеўскі лясьнік завёў мяне туды разам з Уілэнам з ”Экспрэсу”. Даядалі рэшткі пасьля вялікага сьвету. Шыкоўная вечарына з гарбаткай. Я сьлівы паліў маянэзам думаў што крэм. Вушы ў яе павінны гарэць ад сораму месяц які пасьля. З такою трэба ня горш за быка. Прыродная куртызанка. Пялёнкі мыць не для яе, дзякуй.

Бедная місіс Пюрфой! Муж мэтадыст. Мэтадычны ў сваім шаленстве. Шафранавая булачка й малако й содавая на сьняданак з адукацыйнай малочні. Есьць па сэкундамеры, трыццаць два жвакі на хвіліну. Аднак жа бакі растуць у яго катлеткамі. У яго, кажуць, добрыя сувязі. Сваяк Тэадора ў Дублінскім Замку. У кожнай радзіне адзін вялікасьвецкі сваяк. Штогод падносіць ей той самы дарунак. Неяк бачыў яго каля ”Трох Гулякаў” крочыць з голай галавой а за ім ягоны найстарэйшы хлопец валачэ яшчэ адно ў кашолцы. Піскуны. Беднае стварэньне! Потым кармі грудзьмі год за годам начамі а кожнай гадзіне. Самалюбы тыя непітушчыя. Сабака на сене. Мне ў гарбату толькі адзін кавалачак калі ласка.

Ён стаў на скрыжаваньні Фліт-стрыт. Перапынак на лэнч за шэсць пэнсаў у Рова? Трэба паглядзець тую абвестку ў нацыянальнай бібліятэцы. За восем пэнсаў у Бартана. Лепш. Якраз па дарозе.

Ён праходзіў каля крамы Болтана на Уэстморлэнд-стрыт. Гарбата. Гарбата. Гарбата. Забыўся намякнуць Тому Кэрнану.

Шшш. Цт-цт-цт! Уяві сабе, тры дні стогне ў пасьцелі, на галаве воцатны кампрэс, жывот пучыць. Фу! Папросту жах! Галава ў дзіцятка завялікая: клешчы. Скурчаны ў ейным нутры бадае галоўкай наўсьлеп, намацвае шлях навонкі. Мяне гэта забіла б. На шчасьце ў Молі адбыліся лёгка. Нешта павінны прыдумаць каб спыніць падобнае. У жыцьцё праз катаржную натугу. Ідэі наконт абязбольваньня: каралеве Вікторыі давалі. Дзевяць у яе было. Добра неслася. Старая жанчына ў боце жыла й плойму дзяцей прывяла. Кажуць нібыта ў яго былі сухоты. Час ужо каб хтосьці заняўся гэтым а не малоў пра што там пра задуменнае ўлоньне й срабрыстую ясноту. Шпігуюць галовы прыдуркам. Можна было б лёгка арганізаваць вялікія шпіталі. Уся справа зусім бяз болю й кожнаму нованароджанаму з падаткавых сумаў вылічаць пяць фунтаў пад складаны працэнт да паўналецьця пяць працэнтаў гэта будзе сто шылінгаў ды тыя самыя пяць фунтаў памножыць на дваццаць у дзесяткавай сыстэме заахвоціла б людзей адкладваць грошы сто дзесяць зь нечым да дваццаць першага году гэта трэба на паперы выходзіць круглая сума больш чымсьці табе здаецца.

Пэўна што ня мёртванароджаныя. Іх нават не рэгіструюць. Непатрэбны клопат.

Забаўна было глядзець, яны абедзьве побач, жываты выпучаныя. Молі й місіс Мойзэль. Сход мацярэй. Сухоты на той час адступаюцца, потым зноў вяртаюцца. Якімі плоскімі яны раптам здаюцца пасьля таго! Вочы ціхамірныя. Цяжар з душы. Мілая душа была старая місіс Торнтан. Усе яны мае дзеткі, казала яна. Перад тым як карміць першую лыжачку сабе ў рот. Ох, гэта ж нямням. Сын Тома Ўола раструшчыў ёй руку. Ягоны першы паклон у адрас публікі. Галава як адборная дыня. Стары бурклівы доктар Морэн. Народ грукае да іх у любы час. Доктар, дзеля ўсяго сьвятога. У жонкі пачалося. А потым прымушаюць чакаць месяцамі пакуль заплацяць. За паслугу пры родах вашай жонкі. У людзей аніякай удзячнасьці. А лекары вельмі людзкія, амаль усе.

Перад вялізнымі высокімі дзьвярыма Ірляндзкага Парляманту падпырхнула чародка галубоў. Падсілкаваліся й давай у гулі. На каго б нам зрабіць? Я выбіраю таго ў чорным. Спускаю. Ну і ўдалося. Мусіць дужа цікава калі з паветра. Эпджон, я й Оўэн Голдбэрг на дрэвах каля Гусгрын, калі гулялі ў малпы. Яны празвалі мяне макрэляй.

З Коледж-стрыт паказаўся аддзел паліцыі, крочачы гужам. Гусіным шыхтом. Разагрэтыя ежай твары, успацелі пад каскамі, махаюць дубінкамі. Толькі што папалуднавалі, заправіўшы пад дзягі па ладнай порцыі крупніку. Неблагая ў паліцыянта доля. Яны падзяліліся на групы й, адсалютаваўшы, разыходзіліся на свае пасты. Выпушчаныя на папас. Самы момант каб нападаць на іх, якраз пасьля пудынгу. Лучыць кулаком проста ў абед. Яшчэ адзін аддзел, крочачы россыпам, ахінуў агароджу Трыніты Коледжу, кіруючы на ўчастак. Цягнуцца да карыта. Рыхтуйся да атакі кавалерыі. Рыхтуйся да атакі на крупнік.

Ён перайшоў вуліцу пад шэльмаўскім пальцам Томі Мура. Слушна зрабілі што паставілі яго над пісуарам: зьліцьцё водаў. Жанчынам таксама павінны быць такія месцы. А то забягаюць у цукерню. Мне трэба паправіць капялюш. Ва ўсім сьвеце шырокім даліны ня знойдзеш такой. Знакамітая песьня Джуліі Моркан. Захавала голас да самага канца. Вучылася ў Майкла Болфа, здаецца?

Ён правёў позіркам апошнюю шырокую накідку. З гэтымі кліентамі лепш ня зьвязвацца. Джэк Паўэр мог бы цэлыя гісторыі распавядаць: бацька ў яго агент. Калі чалавек прымусіў іх патурбавацца пры арышце дык пасьля ў казе ўсыплюць яму жару ды дзёру. Але ў рэшце рэшт вінаваціць іх таксама нельга пры такой рабоце асабліва маладых запальчыўцаў. Таго дня калі Джо Чэмбэрлэн атрымаў ступень у Трыніты той конны паліцыянт наскакаўся на свой заробак. Што й казаць! Капыты ягонага каня цокалі за намі па Эбі-стрыт. На шчасьце мне хапіла розуму нырнуць да Манінга а то б уліп. Але ж ён і гопнуўся, людзі добрыя! Пэўна чэрап сабе рассадзіў аб брук. Мне ня трэба было лазіць з тымі мэдыкамі. І з тымі першакурсьнікамі з Трыніты ў квадратных капелюшох. Самі шукалі гузакоў. Але затое я пазнаёміўся з маладым Дыксанам што потым у Матэры забінтаваў мне рану ад джала. А цяпер ён на Холіс-стрыт дзе місіс Пюрфой. Кола ў коле. Тыя паліцыйныя сьвісткі да сёньня ў мяне ў вушах. Усе далі лататы. Таму ён і прычапіўся да мяне. Узяць мяне пад арышт. Вось тут яно й пачалося.

— Хай жывуць буры!

— Тройчы ўра дэ Вэту!

— Павесім Чэмбэрлена на дзікай грушы!

Дуронікі: гурма маладых шчанюкоў, што зьвягае да зьнямогі. Вінігар Хіл. Аркестар малочных гандляроў. А праз гадоў колькі палова зь іх у судзьдзях і ўрадніках. Пачынаецца вайна: усе на злом галавы ў войска: тыя самыя што калі нам эшафот наканаваны.

Ніколі ня ведаеш з кім гаворыш. Корні Кэлэхер ён будзе адной масьці з Харві Дафам. Як і той Пітэр ці Дэніс ці Джэймс Кэры які выдаў непераможных. Прытым сябра муніцыпалітэту. Падбухторваў зялёных дзецюкоў каб увайсьці ў давер. А сам увесь час працаваў за грошы з замку на тайную паліцыю. Выплюнулі яго як гарачую бульбіну. Таму тыя ў цывільным заўсёды завіхаюцца каля служанак. Лёгка прыўважыць чалавека прывыклага да мундзіру. Прыпрэ яе ў чорным ходзе. Патармосіць крыху. А потым наступны нумар праграмы. А хто гэты джэнтльмэн што сюды наведваецца? А малады паніч штонебудзь казаў? Падглядвае празь дзірку ў замку. Качка на прынаду. Палкі малады студэнт дурыцца зь яе пухкімі рукамі, калі яна прасуе.

— Гэта тваё, Мэры?

— Я такога не нашу... Перастаньце, а то скажу пані на вас. Паўночы не былі дома.

— Набліжаецца вялікі час, Мэры. Хутка сама ўбачыш.

— Ну дык і пайшлі вы са сваім вялікім часам.

Бармэнкі таксама. Прадаўшчыцы папяросаў.

Найлепш прыдумаў Джэймс Стывэнс. Ён ведаў усіх. Гурткі па дзесяць чалавек, так што кожны ведае толькі свой уласны. Шын Фэйн. Адступісься цябе чакае нож. Нябачная рука. Застанесься расстраляюць. Дачка турэмніка выцягнула яго з Рычманду, шусь праз Луск. Хаваўся ў гатэлі ”Бакінгамскі Палац”, у іх пад носам. Гарыбальдзі.

Тут ты павінен мець пэўную прывабнасьць: Парнэл. Артур Грыфіт шчырая душа але распаліць натоўп ён ня здатны. А ім трэба шпарыць пра наш прыгожы край. Лухту з хрэнам. Кавярня Дублінскай Пякарскай Суполкі. Дыскусійныя клюбы. Што рэспубліканская форма кіраваньня найлепшая. Што моўнае пытаньне павінна вырашацца перад эканамічным. Няхай вашы дочкі завабліваюць іх у ваш дом. Накармеце й напаеце іх па горла. Печаная гусь на святога Міхала. Тут для вас даходзіць пад скуркай ладны кавалак з прыправамі. Вазьмеце кварту тлушчу пакуль не астыў. Недакормленыя энтузыясты. Булачка за пэнса й марш за аркестрам. Няма літасьці хлебарэзу. Думка што іншы тып плаціць найлепшым сосам на сьвеце. Паводзяць сябе зусім як дома. Падайце нам тыя абрыкосы гэта значыць пэрсікі. Недалёкі той дзень. Сонца Самакіраваньня ўзыходзіць на паўночным захадзе.

Усьмешка на ягоным твары цьмянела на хаду, а цяжкое воблака паволі насоўвалася на сонца, заценьваючы пануры фасад Трыніты. Міналіся трамваі, зьяжджаючыся, разьяжджаючыся, пазвоньваючы. Дарэмныя словы. Усё паўтараецца; дзень за днём: паліцыянты выходзяць, вяртаюцца, трамваі туды, назад. Тыя два вар’яты валэндаюцца. Дыгнама завезьлі ў магілу. Майна Пюрфой на ложку з набрынялым жыватом стогне каб зь яе выцягнулі дзіця. У кожнай сэкундзе нехта дзесьці нараджаецца. У кожнай скундзе нехта памірае. Пяць хвілін таму я карміў птушкі. Тры сотні выцягнулі ногі. Іншыя тры сотні нарадзіліся, зь іх абмываюць кроў, усе абмытыя ў крыві ягнятка, бляюць маааааа.

Цэлы горад зьнікае, іншы цэлы горад зьяўляецца, потым і ён зьнікае: наступныя зьяўляюцца, прамінаюць. Дамы, шарэнгі дамоў, вуліцы, мілі бруку, кучы цэглы, каменьня. Пераходзяць з рук у рукі. Адзін уласьнік, другі. Як кажуць, гаспадар несьмяротны. Адзін атрымаў павестачку зьяжджаць, зараз жа на ягонае месца іншы. Купляюць свае ўладаньні за золата, а ўсё золата ўсё роўна ў іх. Дзесьці тут ёсьць махлярства. Згрувасьціліся ў гарадох, вякамі цягнуць сваё ярмо. Піраміды ў пяскох. Пабудавалі на хлебе з цыбуляй. Нявольнікі. Кітайская сьцяна. Бабілён. Засталіся вялізныя валуны. Круглыя вежы. Усё астатняе — сьмецьце, раскінутыя прыгарады, пабудаваныя абы з рук, картачныя домікі Кірвана, падмураваныя ветрам. Прыпынішчы нанач.

Ніхто нічога ня значыць.

Цяпер найгоршая пара дня. Жыцьцёвая сіла. Панура, змрочна: ненавіджу гэтую гадзіну. Адчуваньне, быццам цябе пажавалі й выплюнулі.

Дом рэктара. Правялебны доктар О’Рыбі: рыбіна ў кансэрве. Добра тут закансэрваваўся. Мне каб і плацілі дык я тут жыць ня стаў бы. Спадзяюся, у іх сёньня пячонка й бэкан. Прырода цураецца пусткі.

Сонца спакваля выйшла з-за воблака й запаліла зайчыкі сьвятла на срэбры па другі бок вуліцы ў вітрыне Ўолтэра Сэкстана, каля якой прайшоў Джон Хаўард Парнэл з прыплюшчанымі вачыма.

Вось і ён: брат. Ягонае падабенства. Твар які прасьледуе. Гэта табе зьбег акалічнасьцяў. Бывае сто разоў думаеш пра чалавека й не сустрэнеш яго. Ідзе як у сьне. Ніхто не пазнае яго. Сёньня мусіць пасяджэньне ў муніцыпалітэце. Кажуць ні разу не апрануў свайго мундзіру цырымонімайстра з часу як стаў на гэту пасаду. А Чарлі Боўлджэр заўсёды выяжджаў на велізарным кані, у трохкутным капелюшы, надзьмуты, напудраны й выгалены. Глянь які жаласьлівы ў яго поступ. Тухлае яйка зьеў. Мяшкі пад вачыма, як прывід. Мне так баліць. Брат вялікага чалавека: брат свайго брата. Добра выглядаў бы на муніцыпальным скакуне. Пэўна вышмыгне ў ДПС папіць кавы й пагуляць у шахматы. Для ягонага брата людзі былі як пешкі. Хай бы ўсе яны й ляснулі. Пра яго баяцца й слова сказаць. Марозіў усіх тым сваім позіркам. Вось што заваблівае людзей: прозьвішча. У іх усе крыху збзікавалі. Шалёная Фані й ягоная сястра, місіс Дыкінсан, у якой коні ў чырвонай вупражы. Ідзе выпрастаны, рыхтык хірург МакАрдл. Аднак Дэйвід Шыгі выйграў у яго на выбарах у Паўднёвым Міце. Выйсьці з парляманту й адступіцца ў публічнае жыцьцё. Банкет патрыётаў. Пакусвалі апэльсінавыя скуркі ў парку. Сайман Дэдал казаў калі яго выбралі ў парлямант што Парнэл устане з магілы й выведзе яго за руку зь Ніжняй Палаты.

— Пра двухгаловага васьмінога, у якога на адной галаве канцы сьвету забыліся зысьціся між сабою, а другая размаўляе з шатляндзкім акцэнтам. Шчупальцы...

Яны абагналі містэра Блюма, мінаючы яго ўскраем ходніка. Барада й ровар. Маладая жанчына.

І вось яшчэ й гэты. Гэта сапраўды зьбег акалічнасьцяў: другі раз. Падзеі надыходзяць кідаючы цені загадзя. Пахвалу выдатнага паэта міст. Джор. Расэла. Можа гэта Лізі Туіг зь ім. А. Э.: што гэта значыць? Мабыць ініцыялы. Альбэрт Эдуард, Артур Эдмунд, Альфонс Эб Эд Эл Эсквайр. Што ён там казаў? Канцы сьвету з шатляндзкім акцэнтам. Шчупальцы, васьміног. Штосьці акультнае: сымбалізм. Выкладае. А яна ўсё ўбірае. Слова ня скажа. Для дапамогі джэнтльмэну ў літаратурных занятках.

Ягоныя вочы праводзілі рослую фігуру ў саматканцы, барада й ровар, побач слухае жанчына. Ідуць з вэгетарыянскай сталоўкі. Толькі зеляніна й садавіна. Біфштэксаў не ядуць. Калі зьясі, вочы тае каровы будуць прасьледаваць цябе ўсю вечнасьць. Кажуць так здаравей. Аднак з гэтага толькі вада й газы. Паспрабаваў. Цэлы дзень толькі й бегаеш. Жывот разьдзімае як у авечкі. Сны ўсю ноч. Чаму яны называюць тое чым мяне кармілі бобштэкс? Бабрыянцы. Садавіянцы. Каб табе здавалася што нібыта ясі рамштэкс. Недарэчна. І перасолена. Гатуюць у содзе. Прасядзіш каля крану цэлую ноч.

Панчохі ў яе павісьлі на шчыкалатках. Цярпець такога не магу: зусім бяз густу. Тая літаратурна-эфірная публіка, яны ўсе. Мройныя, аблочныя, сымбалічныя. Эстэты. Не зьдзіўлюся калі дакажуць што якраз гэты род ежы нараджае паэтычнае як нейкія такія хвалі ў мозгу. Возьмем прыкладам любога з тых паліцыянтаў што выпочваюць поліўку з баранінай у свае кашулі: паспрабуй зь яго выцісні хоць радок паэзіі. Нават ня чуў што такое паэзія. Дзеля гэтага трэба адпаведны настрой.

 

Аблочная чайка кружляе,

Над цёмнай вадою лунае.

 

Ён перайшоў на другі бок на рагу Насаў-стрыт і стаў перад вітрынай Ейтса й Сына, разглядаючы цэны бінокляў. А можа заглянуць да Харыса й пагаманіць з маладым Сынклэрам? Добра выхаваны маладзён. Напэўна абедае. Трэба занесьці паправіць мае старыя акуляры. Лінзы фірмы Герца шэсьць гінэяў. Немцы пралезуць усюды. Прадаюць на льготных умовах каб захапіць рынак. Зьбіваюць цэны. Можа выпадкам надарыцца пара ў бюро забытых рэчаў ля вакзалу. Дзіву даесься чаго толькі людзі не забываюць у цягніках і разьдзявальнях. Аб чым яны думаюць? Жанчыны таксама. Неверагодна. Калі ў мінулым годзе ехаў у Эніс падабраў торбу што дачка таго фэрмэра пакінула й перадаў ёй на перасадцы ў Лімэрык. І па грошы не заяўляюцца. На даху банку ёсьць малы гадзіньнік каб правяраць тыя біноклі.

Павекі ягоныя апусьціліся да ніжняга краёчку зрэнак. Ня бачу. Калі ўявіць што ён там дык можаш убачыць. Ня бачу.

Ён павярнуўся й, стоячы між вітрыннымі навісамі, выцягнуў у кірунку сонца на ўсю даўжыню сваю правую руку. Даўно зьбіраўся праверыць. Так ёсьць: поўнасьцю. Кончык малога пальца закрыў увесь сонечны дыск. Фокус мабыць тут дзе зыходзяцца ўсе промні. Шкада што няма цёмных акуляраў. Цікава. Было шмат гамонкі пра плямы на сонцы калі мы жылі на Заходняй Ломбард-стрыт. Гэта страшэнныя выбухі. Сёлета поўнае зацьменьне: недзе ўвосень.

Калі ўжо пра гэта думаю, дык той шар апускаецца згодна з часам па Грынвічу. Гадзіньнік прыводзяць у рух па электрычнай праводцы з Дансінку. Варта было б туды зьезьдзіць у першую суботу месяца. Калі б дастаць рэкамэндацыю да прафэсара Джолі або чаго-небудзь даведацца пра ягоную сям’ю. Магло б падзейнічаць: заўсёды прыемна для самалюбства. Лёсткі з зусім нечаканага боку. Арыстакрат ганарыцца сваім паходжаньнем ад каханкі караля. Ягоная прамаці. Добра пашмараваць. Пакорлівае цяля дзьвюх матак смокча. А ня так каб увайшоў і ляпнуў тое што сам ведаеш не на твой розум: што такое паралякса? Пакажэце гэтаму джэнтльмэну дзьверы.

Ах.

Ягоная рука зноў апусьцілася.

Ніколі пра гэта нічога не даведаюцца. Трата часу. Газавыя шары круцяцца, пранікаюцца, мінаюцца. Без канца адно й тое ж. Газ, потым цьвёрдыя часьцінкі, потым узьнікае сьвет, потым астывае, потым ляціць адна мёртвая абалонка, застыглая як ананасная карамэлька. Месяц. Яна сказала што цяпер пэўна маладзік. Здаецца, так.

Ён праходзіў каля la Maison Claire.

Чакай. Поўня была ў тую ноч калі мы ў нядзелю два тыдні таму дык цяпер дакладна маладзік. Ішлі берагам Толкі. Няблага як на месячную ноч у Фэрв’ю. Яна падпявала: Маёвы маладзік блішчыць, каханы мой. Ён па другі бок. Локаць, рука. Ён. Зялёны сьветлячок мігці—іць, каханы мой. Дотык. Пальцы. Пытаюць. Адказ. Так.

Стоп. Стоп. Што было тое было. Павінна было.

Містэр Блюм, дыхаючы хутчэй, ідучы спавальней, мінуў Адам-корт.

З прыхаванай ціхай палёгкай ягоныя вочы адзначылі: гэта вуліца сярэдзіна дня абвіслыя плечы Боба Дорана. У сваім запоі як сказаў МакКой. Напіваюцца каб выгаварыцца ці нешта падстроіць ці cherchez la femme. Забалюе ў Куме зь сябрукамі й шлюшкамі а потым увесь астатні год цьвярозы як судзьдзя.

Ну так. Так я й думаў. Коціцца ў Эмпайр. Зьнік. Чыстая содавая зрабіла б яму найлепш. Там раней Пэта Кінсэла меў мюзік-хол Арфа перад тым як Уітбрэд стаў кіраваць тэатрам Куінс. Малайчына. Падобны да Даёна Бусіко з тварам як блін і ў паношанай шапачцы. Тры Модныя Паненкі са Школы. Як час бяжыць, га? У жаночай спадніцы, з-пад якое вылазілі доўгія чырвоныя споднікі. П’яніцы пілі, рагаталі, пырскалі сьлінаю, захлістваліся. Паддай маху, Пэт. Расчырванелыя: п’яная ўцеха: гыгат і папяросны дым. Зьнімі той белы капялюш. Вочы ў яго як звараныя. Дзе ён цяперака? Дзе-небудзь жабруе. Арфа што голадам нас калісьці замарыла.

Я тады быў больш шчасьлівы. Але ці быў гэта я? Або цяпер я гэта я? Дваццаць восем мне было. Ёй дваццаць тры, калі пераехалі з Заходняе Ломбард-стрыт, штосьці зьмянілася. Пасьля Рудзі ніколі ўжо ня мела задавальненьня. Часу не завернеш. Як і вады ў прыгаршнях ня ўтрымаеш. А ты хацеў бы вярнуцца назад? Да самага пачатку. Хацеў бы? Ці ты нешчасьлівы ў сямейным жыцьці, мой бедны абрыдны хлопча? Хоча мне гузікі прышываць. Трэба адказаць. Напішу ў бібліятэцы.

Графтан-стрыт, вясёлая ад навісных паветак і вітрынаў, вабіла ягоныя пачуцьці. Набіўны мусьлін, шоўк, дамы й матроны, бразгат вупражы й глухазвонны цокат капытоў па разагрэтым бруку. Якія тоўстыя ногі ў гэтай у белых панчохах. Спадзяюся, першы дождж захляпае іх гразьзю як сьлед. Вясковае бабішча. Усе таўстакормныя тут былі. У гэткіх у жанчыны заўсёды клыпаватыя ногі. Молі выглядае як няўклюда.

Замаруджанай паходкай ён мінаў вітрыны шаўковага гандлю Браўна Томаса. Каскады стужак. Цененькія кітайскія шаўкі. Перахіленая пасудзіна выпускала са свае пашчы струмень крывавачырвонага папліну: зіхоткая кроў. Гэта гугеноты сюды прывезьлі. La causa è santaСправа сьвятая (італ.).. Таратара. Знакаміты хор. Тара. Мыць трэба ў дажджавой вадзе. Мэербэр. Тара: бум бум бум.

Падушачкі для іголак. Ужо даўно пагражаў ёй што куплю. А то ўтыркае па ўсёй хаце. Іголкі ў фіранках.

Ён зьлёгку адкасаў левы рукаў. Драпіна: ужо амаль зьнікла. Усё-ткі ня сёньня. Трэба зайсьці па той крэм. Можа на дзень яе нараджэньня? Чэрвеньліпень жніверасень восьмага. Яшчэ амаль тры месяцы. А ёй можа не спадабацца. Жанчыны ня хочуць зьбіраць іголкі. Кажуць абрываецца каха.

Зіхатлівыя шаўкі, жаночае сподняе на тонкіх масянжовых пруткох, шаўковыя панчохі разьбягаюцца прамянямі.

Няма сэнсу вяртацца. Так мусіла быць. Скажы мне ўсё.

Зычныя галасы. Сонцам нагрэты шоўк. Пабразгваньне вупражы. Усё дзеля жанчыны, дом і сям’я, павуціньне шаўкоў, срэбра, смачныя плады, прыправы зь Яфы. Агэндат Нэтаім. Багацьце сьвету.

Цёплая чалавечая пульхнасьць ахінула ягоны мозг. Мозг здаўся. Дурман абдымкаў ім завалодаў. Згаладалым целам, потайна, ён нема прагнуў пакланяцца.

Д’юк-стрыт. Нарэшце. Трэба пад’есьці. У Бэртана. Адразу табе палепшае.

Ён павярнуў за рог каля Комбрыджа, усё яшчэ ў сваім ўтрапеньні. Бразгат цокат капытоў. Духмяныя целы, цёплыя, поўныя. Усе цалаваныя, падатлівыя: у густых летніх нівах, на збэрсанай мятай траве, у сырых пад’ездах чыншавых камяніцаў, на софах, на рыплівых ложках.

— Джэк, каханы!

— Найдаражэйшая!

— Пацалуй мяне, Рэгі!

— Мой хлопчык!

— Каханая!

З расхваляваным сэрцам ён піхнуў дзьверы ў сталоўку Бэртана. Ад смуроднага духу яму перахапіла дрыготкае дыханьне: вострая мясная падліўка, баўтуха з гароднінай. Глядзі як кормяцца зьвяры.

Людзі, людзі, людзі.

Пазалазілі на высокія табурэткі ля стойкі, капелюшы на патыліцу, за столікамі, патрабуюць яшчэ хлеба без даплаты, жадліва хлебчуць, ваўкадавяць кавалкі разьмяклага ежыва, з набеглымі крывёй вачыма, падціраюць намоклыя вусы. Маладзён з бледным азызлым тварам заўзята выцірае сурвэткай свой кубак нож відэлец лыжку. Новая порцыя мікробаў. Мужчына, заткнуўшы за каўнер дзіцячую сурвэтку, усю ў плямах сосу, з булькатам улівае сабе ў горла суп. Іншы выплёўвае назад на талерку: храстка не адолеў: зубоў няма разжажажаваць. Філе, печанае на вугольлі. Глытае кускамі, рупіць яму расправіцца. Вочы сумнага п’янчугі. Адкусіў больш, чымсьці можа зжаваць. І я такі самы? Бачыць сябе якімі іншыя нас бачаць. Галодны чалавек — нязгодны чалавек. Зубы й сківіцы працуюць. Асьцярожна! О! Костка! У тым школьным вершыку Кормак апошні ірляндзкі кароль-паганін удавіўся ў Слэты на поўдзень ад Бойну. Цікава што ён еў. Штонебудзь смакавітае. Сьвяты Патрык абярнуў яго ў хрысьціянства. Усё роўна ня мог праглынуць як сьлед.

— Ростбіф з капустай.

— Порцыю тушанай бараніны.

Дух ад людзей. Яго пачынала блажыць. Заплёванае пілавіньне, цеплавата-саладжавы дым папяросаў, смурод ад тытунёвае жвачкі, ад парасплёскванага піва, мужчынская піўная мача, адбушавалая тхліна.

Я тут не змагу глынуць ні кавалачка. Вунь адзін гострыць нож аб відэлец гатовы зьесьці ўсё што вока згледзіць, стары калупаецца ў апошніх гнілякох. Лёгкая адрыжка, сыты, перажоўвае жвачку. Перад і пасьля. Малітва ўдзячнасьці пасьля яды. Палядзі на гэты малюнак, а потым на той. Зьбірае сос размоклымі галушкамі хлеба. Выліжы проста з талеркі, чалавеча! Выбрацца адсюль.

Заціснуўшы ноздры, ён агледзеў застойкавых і застольных едакоў.

— Два портэры сюды.

— Порцыю сала з капустай.

Вунь той тып падпіхвае ў рот капусту нажом як быццам ягонае жыцьцё залежыць ад гэтага. Трапны ўдар. Моташна глядзець. Яму б больш бясьпечна есьці трыма рукамі. Разьдзірае па жылках. Ягоная другая натура. Нарадзіўся са срэбным нажом у зубох. Дасьціпна, думаю. Або й не. Срэбра абазначае багацьце. Нарадзіўся з нажом. Але намёк губляецца.

Неахайна аперазаны пасуднік з грукатам зьбіраў ліпкія талеркі. Рок, бэйліф, стоячы каля стойкі, зьдзьмухваў са свайго кухля пеністую карону. Добра дзьмухнуў: яна плюхнула жоўтым каля ягонага бота. Адзін з абеднікаў, абапёршы локці на стол ды падняўшы нож і відэлец, уталопіўся па-над заплямленым лістком газэты на пад’ёмнік са стравамі. Сусед яму нешта апавядае запханым ротам. Прыхільны слухач. Застольная размова. Чаўста чаўкаем чаўс у чаўцьвер. Ча? Няўжо?

Містэр Блюм у нерашучасьці падняў два пальцы да вуснаў. Ягоны позірк прамаўляў.

— Ня тут. Ня бачу яго.

На двор. Не магу з гідкімі едакамі.

Ён адступаўся да дзьвярэй. Перакусіць у Дэйві Бэрна. Ашукаць голад. На нейкі час падмацуе. Зьеў добры сьняданак.

— Мне біфштэкс з бульбай.

— Кухаль портэру.

Кожны сам за сябе, зубамі й кіпцюрамі. Глытай. Кусай. Глытай. Морды.

Ён выйшаў на сьвежае паветра й павярнуў назад, у бок Графтан-стрыт. Еш або самога зьядуць. Забівай! Забівай!

Дапусьцім калісьці будзе камунальная страўня. Усе трухаюць з кацялкамі й міскамі каб ім напоўнілі. Жаруць адразу на вуліцы. Джон Хаўард Парнэл напрыклад рэктар Трыніты ўсе да аднаго ня згадвайце вашых рэктараў і рэктара Трыніты дзеці й жанчыны, рамізьнікі, сьвятары каталіцкія й пратэстанцкія, фэльдмаршалы, архіяпіскапы. З Эйлсбэры-роўд, з Клайд-роўд, з рамесьніцкіх кварталаў, з паўночнага прытулку, лoрд-мэр у сваёй казачнай карэце, старая каралева ў крэсьле на колах. У мяне пустая талерка. Я за вамі з нашай камунальнай бляшанкай. Як каля фантану сэра Філіпа Крэмтана. Мікробы вытрыце хустачкай. Наступны наўцірае сваёй новую кучу. Айцец О’Флін абсьмяяў бы ўсіх. Усё роўна падымалі б сваркі. Усё для сябе. Дзятва білася б каму выскрабці кацёл. Кацёл быў бы патрэбны вялікі як парк Фінікс. Гарпуном лавілі б у ім кумпякі й лусты сьвінага боку. Ненавідзяць усіх навокал. У гатэлі Гарадзкі Герб яна гэта назвала table d'hôteСупольны стол (франц.).. Суп, смажанае, дэсэрт. Ніколі ня ведаеш чые думкі перажоўваеш. А хто потым мыў бы ўсе талеркі й відэльцы? Можа да таго часу ўсе пачнуць харчавацца таблеткамі. Зубы будуць штораз горшыя й горшыя.

Усё-ткі шмат рацыі маюць вэгетарыянцы што зь зямлі вырастае найбольш смакавітае часнок безумоўна сьмярдзіць італьянскімі катрыншчыкамі хрумсткая цыбуля грыбы труфлі. І зьвяры пакутуюць. Аскубці й выпатрашыць птушку. Бедная жывёла на рынку чакае пакуль ёй расколюць чэрап. Муу. Няшчасны дрыглівы маладняк. Мээ. Хісткае цялятка. Ялавічына з капустай. У вёдрах разьнікоў пагойдваюцца лёгкія. Падайце вунь тую грудзіну што на круку. Плюх. Крывавыя страшыдлы. Асьвежаваныя авечкі з пашклянелымі вачыма вісяць пачэпленыя за сьцягнякі, авечыя пысы абгорнутыя пакрываўленай паперай сморкаюцца крывавай студзінай на пілавіньне. Трыбухі й сухажыльле выносяць. Не марнуй таго дабра, хлопча.

На сухоты прапісваюць гарачую сьвежую кроў. Кроў заўсёды патрэбная. Падступныя. Ліжуць яе, гарачадымную, патачнагустую. Замораныя прывіды.

Ах, як згаладаў.

Ён увайшоў да Дэйві Бэрна. Прыстойная ўстанова. Ён не балбатун. Часамі паставіць кілішак. Але высакосны, раз на чатыры гады. Аднойчы абмяняў мне чэк на гатоўку.

Што мне цяпер узяць? Ён выняў гадзіньнік. Трэба падумаць. Імбірнага піва?

— Здароў, Блюм, — сказаў Насаты Флін са свайго кутка.

— Здароў, Флін.

— Як справы?

— Першаклясна... Трэба падумаць. Вазьму шклянку бургундзкага й... трэба падумаць.

Сардынкі на паліцах. Адным позіркам можна пасмакаваць. Сандвіч? Скрыль кумпяка й ягонага сваяка з гарчыцай і хлебам. Паштэт. Які ж гэта дом без мяснога паштэту Сліві? Нешчасьлівы. Ну й дурнаватая рэкляма! Упіхнулі яе пад нэкралёгі. Усіх на сьліву. Паштэт з Дыгнама. Людаедам з рысам і лімонам. Белыя місыянэры занадта салоныя. Як засоленая сьвініна. Думаю, правадыр зьядае самыя ганаровыя часткі. Напэўна лыкаватыя ад набожнага практыкаваньня. Усе ягоныя жонкі паставалі шарэнгай, глядзяць што будзе. Раз мурынскі важак за сталом. Закусіў правялебным яйцом. А зь ім — райскае жытло. Богведама чаго туды намяшалі. Перапонкі цьвілыя трыбухі дыхаўкі раздробленыя й падробленыя. Загадка, як знайсьці мяса. Кошэр. Малака й мяса разам нельга. Цяпер тое самае называецца гігіенай. Пост Ём Кіпур: веснавое прыбіраньне ў трыбухох. Вайна й мір залежаць ад чыёга-небудзь страваваньня. Рэлігіі. Індычкі й гускі на Каляды. Разьня невінаватых. Еш, пі ды весяліся. А потым бітком у прыёмных па дапамогу. Галовы перавязаныя. Сыр пераварвае ўсё акрамя сябе самога. Магутны сыр.

— Ці маеце сандвічы з сырам?

— Так, сэр.

Узяў бы й пару алівак, калі б іх мелі. Люблю італьянскія. Добрую шклянку бургундзкага; спалосквае. Нашмароўвае. Смачны салат, сьвежы бы агурочак. Том Кэрнан умее рыхтаваць. Робіць з густам. Чысты алей з алівак. Мілі мне падала катлетку з націнай пятрушкі. Дадаць адну гішпанскую цыбуліну. Бог стварыў ежу, а д’ябал кухароў. Краб па-д’ябальску.

— Жонка здаровая?

— Дзякую, як трэба... Значыць, сандвіч з сырам. Маеце гарганзолю?

— Так, сэр.

Насаты Флін пахлістваў свой грог.

— Сьпявае апошнім часам?

Паглядзі на ягоныя губы. Мог бы сам сабе ў вуха сьвістаць. Да таго вушы лапухамі. Музыка. Ён у ёй разумеецца як баран у нябесным. Аднак лепш яму адказаць. Нікому не пашкодзіць. Дармовая рэкляма.

— У гэтым месяцы ў яе кантракт на вялікае турнэ. Магчыма, вы чулі.

— Не. О, гэта шыкоўная справа. А хто гэта ладзіць?

Афіцыянт прынёс заказ.

— Колькі зь мяне?

— Сем пэнсаў, сэр... Дзякую, сэр.

Містэр Блюм парэзаў свой сандвіч на тонкія лустачкі. Правялебным яйцом. Лягчэй чымсьці тое аблочна-малочнае мроіва. Для паўсотні жанок. Мілы быў абразок.

— Гарчыцу, сэр?

— Так, дзякую.

Падымаючы кожную лустачку, ён пасеяў на іх жоўтыя кроплі. Быў абразок. Ужо маю. Як яму той устаў старчаком.

— Ладзіць? — спытаўся ён. — Бачыце, гэта як суполка. Дзель у выдатках і дзель у даходах.

— Але, цяпер прыгадваю, — сказаў Насаты Флін, засунуўшы руку ў кішэню й чухаючыся ў пахвіне. — Хто ж гэта мне казаў? Ці Буяка Бойлан ў гэта не замяшаны?

Палкая гарчыца цёплым павевам кранула сэрца містэра Блюма. Ён падняў вочы й напаткаў злосны пагляд насьценнага гадзіньніка. Другая. Гадзіньнікі ў барах на пяць хвілінаў дапераду. Час бяжыць. Стрэлкі абарочваюцца. Другая. Яшчэ не.

Ягоная брушная перапона ўзьнялася, потым апала, зноў узьнялася натужліва, тужліва.

Віно.

Ён нюхпацягнуў глыток моцнага напою й, загадаўшы горлу хутка каўтнуць, далікатна адставіў шклянку.

— Так, — сказаў ён. — Фактычна, гэта ён арганізуе.

Бяз страху. Без мазгоў.

Насаты Флін шмыгаў носам і чухаўся. Блыха сытна абедае.

— Джэк Муні мне расказваў, яму пашэнціла на тым баксёрскім матчы, калі Майлэр К’ю перамог таго жаўнера з Партабэлскіх казармаў. Ён трымаў таго малога недзе ў графстве Карлаў, дальбог, сам мне так казаў...

Спадзяюся, тая кропля расы не ўпадзе яму проста ў шклянку. Не, уцягнуў назад.

— Амаль месяц, паверыце, зусім яго не паказваў. Адны качыныя яйкі піў, дальбог, пакуль не загадалі інакш. Каб ня кінуўся ў п’янку, разумееце? Дальбог, хвацкі мужык з таго Буякі.

З дзьвярэй за буфэтам выйшаў Дэйві Бэрн з закасанымі рукавамі, двойчы падцёр сабе губы сурвэткай. Селядцовы румянец. Кожная рысачка твару йграе ўсьмешкай і нешта там выяўляе. Зашмат масла на абліччы.

— А вось ён сам у поўным бляску, — сказаў Насаты Флін. — Вы нам не падкажаце добрай стаўкі на Залаты Кубак?

— Я гэтым не займаюся, містэр Флін, — адказаў Дэйві Бэрн. — Ніколі ня стаўлю на каня.

— І маеце рацыю, — сказаў Насаты Флін.

Містэр Блюм еў лустачкі сандвіча, сьвежы хлеб з пытляванай мукі, з прыемнай гідлівасьцю да палкай гарчыцы й зялёнага сыру, што пахнуў потнымі нагамі. Глыткі віна асьвяжалі ягонае падньябеньне. Бяз даўкага прысмаку. У такое надвор’е лепш смакуе, калі менш халоднае.

Прыемны спакойны бар. Прыгожая драўляная панэль на стойцы. Прыгожа абгабляваная. Падабаецца тая закругленасьць.

— І займацца гэтым я не намераны, — дадаў Дэйві Бэрн. — Тыя коні ўжо не аднаго пусьцілі па сьвеце.

У карчмароў свая стаўка. Ліцэнзія на продаж піва, віна й сьпіртнога для спажываньня на месцы. Арол — я выйграю, рэшка — ты прайграў.

— Ваша праўда, — сказаў Насаты Флін. — Калі вы ня ў змове. Сумленнага спорту сёньня ня знойдзеш. Часамі Лэнэхан падкажа добрую стаўку. Сёньня раіць на Булаву. Фаварыт — Цынфандэл лорда Хаўарда дэ Ўолдэна, выйграў у Эпсаме. Скача на ім Морні Кэнан. Два тыдні таму я мог бы атрымаць сем да аднаго, калі б паставіў на Сэнт-Аманту.

— Няўжо? — спытаўся Дэйві Бэрн...

Ён адыйшоўся да вакна й, узяўшы падручную ўліковую кніжку, пачаў яе гартаць.

— Кажу вам, мог, — гаварыў Насаты Флін, пасопваючы. — На дзіва рэдкая кабылка. Ад Сэнт-Фрускіна. Выйграла ў навальніцу, кабылка Ротшыльда, вушы ёй запхнулі ватай. Сіні жакет і жоўтая шапачка. Хай ліха возьме таго вялізнага Бэна Доларда зь ягоным Джонам О’Гонтам. Ён мяне адгаварыў. Але.

Са скрухай ён пацягнуў са шклянкі, перасунуў пальцы па выемках у шкле.

— Але, — паўтарыў з уздыхам.

Містэр Блюм, устаўшы й дажоўваючы, глядзеў на гэты ўздых. Насаты ёлупень. Сказаць яму на якога каня Лэнэхан? Ён ужо ведае. Няхай лепш забудзе. Пойдзе й прайграе яшчэ больш. Дурня грошы не трымаюцца. Кропля расы зноў навісла. Халодны нос калі б цалаваў жанчыну. Хоць ім магчыма гэта спадабалася б. Любяць калючыя бароды. Халодныя насы ў сабакаў. У старой місіс Рыярдан у гатэлі Гарадзкі Герб быў скайтэр’ер, якому бурчала ў жываце. Молі яго лашчыла ў сябе на каленях. О, які вялікі брахун, гаўгаўгаўкун!

Віно насычала й разьмякчала зьлеплены мякіш хлеба гарчыцу нейкі момант млоснага сыру. Знакамітае віно. Лепш смакуе бо не адчуваю смагі. Безумоўна гэта ванна так. Зьлёгку перакусіў. Потым недзе а шостай змагу. Шостая, шостая. Тады ўжо будзе па ўсім. Яна...

Віно лагодным агнём грэла жылы. Мне гэтага так не хапала. А то зусім зьніякавеў. Ягоныя вочы негалодна разглядалі паліцы з бляшанкамі, сардынкі, яскравыя шчупальцы амараў. Людзі надаставалі для ежы рознае дзівоты. З ракавін, малюскаў шпількаю, з дрэваў, сьлімакоў зь зямлі французы ядуць, з мора на кручок з прынадай. Дурная рыба й за тысячу гадоў нічога не навучыцца. Калі б ня ведаў рызыкоўна было б класьці ў рот. Атрутныя ягады. Глог. Круглае табе заўсёды здаецца добрым. А кідкая афарбоўка насьцярожвае. Адзін папярэдзіў другога й так далей. Спачатку выпрабаваць на сабаку. Кіруецца пахам або выглядам. Спакусьлівы плод. Марозіва ў кубачках. Сьмятана. Інстынкт. Апэльсінавыя плянтацыі напрыклад. Трэба штучнае паліваньне. Бляйбтройштрасэ. Так але што тады з вустрыцамі? Гідкі камяк харкавіньня. Паскудныя ракавіны. Да таго халерна цяжка іх расчыніць. Хто іх вынайшаў? Пажыўляюцца розным сьмеццем з вадасьцёкаў. Шамнанскае й вустрыцы з Рэд Бэнк. Пабуджаюць сэксуальна. Афрадыз. Ён быў сёньня ў ”Рэд Бэнк”. Была вустрыца важнай рыбай на стале. Можа ён маладым целам у пасьцелі. Не. У чэрвені не падаюць вустрыцаў. Але ёсьць людзі што любяць дзічыну з попахам. Тушаны заяц. Найперш насып яму солі на хвост. Кітайцы ядуць яйкі якім паўсотні гадоў, ужо сінезелянкавыя. Абед з трыццаці страваў. Кожная паасобку бясшкодная страва можа зьмяшацца ў сярэдзіне. Ідэя для дэтэктыўнай гісторыі з атручаньнем. Ці не эрцгерцаг Леапольд гэта быў? Не. Так, або можа гэта быў Ота з тых Габсбургаў? Словам хто ж гэта меў звычку есьці кашуту з уласнай галавы? Самы танны абед у горадзе. Вядома, арыстакраты. А потым пераймаюць іншыя каб не адстаць ад моды. Мілі таксама муку й нафту. Сырое цеста я сам люблю. Палавіну вустрычнага ўлову выкідаюць назад у мора каб цана ня ўпала. Танна. Ніхто не купляў бы. Ікра. Гуляюць у магнатаў. Рэйнскае віно ў зялёных келіхах. Пышная гасьціна. Ледзі такая. Шыя напудраваная, у пэрлах. Élite. Crème de la crèmeЭліта. Вяршкі грамадзтва (франц.).. Патрабуюць адмысловых страваў каб паказаць што. Пустэльнік прыгаршняй бобу патоліць спакусы цела. Ведаеш мяне прыйдзі паеш са мною. Каралеўскі асетр. Начальнік паліцыі, Кофі, разьнік, маюць права на аленіну зь лясоў ягонай вялік. Паўтушы абавязаныя адсылаць яму. Раскладзеныя я бачыў на кухні Каралеўскага Архіварыюса. Chef у белым каўпаку як рабін. Качка ў запаленым каньяку. Кучаравая капуста à la duchesse de ParmeСпосабам графіні Пармскай (франц.).. Трэба пісаць у мэню каб ведаў што ясі калі зашмат прыправы не скаштуеш стравы. Па сабе ведаю. Прыправіў булённымі кубікамі Эдвардса. Гусей для іх укормліваюць ажно да адурэласьці. Амараў гатуюць жыўцом. Фельмі фам рэкамэндую фазана. Я б мог афіцыянтам у шыкоўным гатэлі. Напіўкі, вечаровыя сукенкі, паўаголеныя дамы. Магу вас спакусіць камбалавым філе зь лімонам, міс Дзюбуда? Так, дзюбу дай. І яна дзюбу дала. Думаю гэта гугеноцкае прозьвішча. Помню адна міс Дзюбуда жыла ў Кіліні. Дзю дэ ля, францускае. Але рыба тая самая можа стары Мікі Хэнлан з Мур-стрыт выпусьціў зь яе кішкі, нажываючы грошы, зубамі й кіпцюрамі, пальцы ў рыбіных шчэлепах, а падпісацца на чэку ня ўмее такую строіць міну быццам краявід малюе. Мэааайкээл А Ха. Дурны як чобат, а капіталу пяцьдзесят тысяч.

Счэпленыя на шыбіне бзыкалі дзьве мухі, счэпленыя.

Палкае віно на ягоным паднябеньні заставалася праглынутае. Выціскаюць у вінакурнях бургундзкі вінаград. Гэта ў ім сонечны жар. Як таемны дотык што наклікае ўспамін. Разбуджаныя дотыкам вільготныя пачуцьці ўспомнілі. Укрытыя дзікай папарацьцю на мысе Хоўт. Пад намі заліў, заснулае неба. Ні зыку. Неба. Каля Львінае Галавы колер заліву пурпуровы. Зялёны каля Драмлэку. Жоўтазялёны ў бок Сатну. Падводныя палеткі, у траве бледнакарычневыя лініі, пахаваныя гарады. Яе валасы як на падушцы ляжалі на маім пальце, жужалкі ў верасох казыталі руку я падклаў ёй пад патыліцу, пакамячыш мне ўсё. Які цуд! Яе халоднамяккая ад духмянасьцяў рука кранала мяне, лашчыла: вочы глядзелі на мяне не адрываючыся. У захапленьні я ляжаў на ёй, поўныя вусны растуліліся, я цалаваў яе вусны. Юм. Мяккім рухам падала мне ў рот піражок з кменам, цёплы й перажаваны. Млейкая каша, перажаваная ейным ротам, кісласалодкая ад сьліны. Радасьць: я глытаў яе: радасьць. Маладое жыцьцё: выпучыўшы вусны, яна зьліла іх з маімі. Далікатныя, цёплыя, клейкія, пругкамяккія вусны. Вочы яе былі як краскі, вазьмі мяне, прагнулі тыя вочы. Абсыпаліся каменьчыкі. Яна не зварухнулася. Каза. Больш нікога. Высока на Бэн Хоўце ў рададэндранах хадзіла каза ўпэўненым поступам, губляючы гарошынкі. Схаваная ў папараці яна сьмяялася ў гарачых абдымках. Я ляжаў на ёй, апантана цалуючы; вочы, яе вусны, адкрытую шыю, дзе пульсавала жылка, поўныя жаночыя грудзі пад тонкай ваўнянай блюзкай, тоўстыя натапыраныя саскі. Я кранаўся яе сваім гарачым языком. Яна цалавала мяне. Я прыймаў пацалункі. Аддаючыся зусім, яна кудлаціла мае валасы. Цалаваная, яна цалавала мяне.

Мяне. А я цяпер.

Счэпленыя, бзыкалі мухі.

Ягоныя апушчаныя вочы прасачылі маўклівыя прожылкі на дубовай панэлі. Краса: закругляецца, закругленасьць ёсьць краса. Дасканалыя багіні, Вэнэра, Юнона: закругленасьці, якімі захапляецца сьвет. Можна іх паглядзець бібліятэчны музэй стаяць у круглай залі, голыя багіні. Спасабляюць страваваньню. Ім усё роўна хто глядзіць. На агульны агляд. Ніколі не прамовяць гэта значыць да такіх як Флін. Дапусьцім яна як Галятэя зь Пігмаліёнам дык што найперш сказала б? Сьмяротны! Паставіла б цябе на тваё месца. Каштаваць нэктар за сталом з багамі, залатая пасуда, усё амброзійскае. Ня тое што нашы абеды за грош, гатаваная бараніна, морква й рэпа, бутэлька слабога піва. Нэктар, уяві сабе, што п’еш электрычнасьць: страва багоў. Цудоўныя формы жанчынаў разьблёных на падабенства Юноны. Несьмяротна прыгожыя. А мы ўпіхаем сабе ежу ў дзірку й выпускаем ззаду: ежа, стрававальныя сокі, кроў, кал, зямля, ежа: трэба падкладаць, як паліва ў паравоз. У іх няма. Ніколі не прыглядаўся. Пагляджу сёньня. Вартаўнік не заўважыць. Што-небудзь упушчу нагнуся й пабачу ці ў яе.

Зь ягонага мачавога пухіра даплыў бязгучны сыгнал пайсьці зрабіць не рабіць там зрабіць. Як мужчына напагатове ён асушыў сваю шклянку да дна й выйшаў, мужчынам яны таксама аддаваліся, сьвядомыя мужчынскасьці, клаліся з мужчынамікаханкамі, маладзён меў зь ёю насалоду, на двор.

Калі заціх водгук ягоных крокаў, Дэйві Бэрн спытаўся знад свае кніжкі:

— Хто ён такі? Ці ён не працуе ў страхаваньні?

— Гэтую справу ён даўно кінуў, — адказаў Насаты Флін. — Цяпер ён рэклямны агент у ”Фрымэне”.

— З выгляду ён мне добра знаёмы, — сказаў Дэйві Бэрн. — У яго нейкая бяда?

— Бяда? — зьдзівіўся Насаты Флін. — Я нічога ня чуў. Чаму?

— Я заўважыў, што ён быў у жалобе.

— Сапраўды? — спытаўся Насаты Флін. — Слушна, быў. Я ў яго спытаўся, як справы дома. Праўду кажаце, дальбог. У жалобе.

— Я ніколі не кранаю гэтай тэмы, — гуманна сказаў Дэйві Бэрн, — калі бачу, што ў джэнтльмэна такая бяда. Ім гэта толькі лішні раз нагадвае.

— У кожным разе, гэта ня жонка, — сказаў Насаты Флін. — Я сустрэў яго пазаўчора, ён якраз выходзіў з малочнай ”Ірляндзкая Фэрма” на Генры-стрыт, дзе гандлюе жонка Джона Ўайза Нолана, і нёс дахаты забанок сьмятаны для свае лепшае палавіны. Яна то акуратна адкормленая, кажу вам. Цыцкастая дама.

— А ён робіць у ”Фрымэне”? — спытаўся Дэйві Бэрн.

Насаты Флін заціснуў губы.

— За тыя абвесткі, што ён дастае, сьмятаны ня купіш. Можна пайсьці ў заклад.

— Як гэта? — спытаўся Дэві Бэрн, пакінуўшы сваю кніжку й падыходзячы.

Насаты Флін хутка накрэсьліў у паветры колькі знакаў штукарскімі пальцамі. І падміргнуў.

— Ён належыць да лёжы, — сказаў ён.

— Што вы кажаце? — зьдзівіўся Дэйві Бэрн.

— Тое й кажу, — адказаў Насаты Флін. — Да старажытнага, вольнага й прызнанага брацтва. Сьвятло, жыцьцё й любоў, дальбог. Яны яму пасабляюць. Мне гэга сказаў адзін, ну, ня важна хто.

— Ці гэта праўда?

— О, гэта знакамітае брацтва, — сказаў Насаты Флін. — Ніколі не пакінуць вас у бядзе. Я ведаю аднаго, які паспрабаваў да іх прыступіць, але яны засакрэчаныя як чэрці. Жанчынаў яны ўвогуле не падпускаюць, і маюць рацыю, дальбог.

Дэйві Бэрн за адным разам усьміхнуўсяпазяхнуўкіўнуў:

— Ііііііхаааааах!

— Калісьці адна жанчына, — працягваў Насаты Флін, — схавалася ў гадзіньніку паглядзець, чым яны займаюцца. Але, хай мяне ліха, яны яе пранюхалі й адразу на месцы прымусілі даць прысягу перад масонскім майстрам. Яна была з роду СэнтЛежэ Донэрайл.

Дэйві Бэрн, яшчэ са сьлязьмі ў вачох пасьля смачнага позяху, сказаў:

— А ці праўда гэта? Ён такі ціхмяны, прыстойны чалавек. Я часта яго тут бачыў, і ніколі не было, каб ён, ведаеце, перабраў меру.

— Сам Усёмагутны ня здолее яго напаіць, — пацьвердзіў Насаты Флін. — Як толькі кампанія трапіць на гарачы сьлед, яго ўжо няма. Вы не заўважылі, як ён спаглянуў на гадзіньнік? Ах, вас тады не было. Калі яму запрапануеш выпіць, дык першае, што ён зробіць, гэта выцягне свой гадзіньнік і па ім вырашыць, чым яму трэба асьвяжыцца. Ён так робіць, Бог мне сьведкам.

— Бываюць і такія, — сказаў Дэйві Бэрн. — Але я б сказаў, што ён чалавек надзейны.

— Ён не такі благі, — сказаў Насаты Флін, шмаргануўшы носам. — Пра яго ведаюць, што й дапаможа кашальком у бядзе. Кожнаму трэба па заслугах. О, ёсьць у Блюма й добрыя бакі. Але вось аднае рэчы ён ніколі ня зробіць.

Ягоная рука прыкінулася, нібыта стаўляе подпіс каля шклянкі з грогам.

— Я ведаю, — сказаў Дэйві Бэрн.

— Нічога чорнага на белым, — сказаў Насаты Флін.

Увайшлі Пады Леанард і Бэнтам Лаенс. Сьледам за імі Том Рочфард, выгладжваючы сваю вішнёвую камізэльку даланёй.

— Брыдзень, містэр Бэрн.

— Брыдзень, спадары.

Яны запыніліся каля стойкі.

— Хто паставіць? — спытаўся Пады Леанард.

— Хто як хто, а я пасяджу, — адказаў Насаты Флін.

— Добра, дык што возьмем? — спытаўся Пады Леанард.

— Я вазьму імбірнага ліманаду, — сказаў Бэнтам Лаенс.

— Колькі? — усклікнуў Пады Леанард. — Гэта зь якога часу, Божа ты мой? А ты, Том?

— Як там галоўны вадасьцёк? — пацікавіўся Насаты Флін, пацягваючы глыток.

Замест адказу Том Рочфард прыціснуў руку да грудзей і гікнуў.

— Ці вам ня клопат падаць мне шклянку сьвежай вады? — папрасіў ён.

— Безумоўна, сэр.

Пады Леанард паглядзеў на сваіх кампаньнікаў.

— Хай мяне качкі стопчуць, — сказаў ён. — Вы толькі пагляньце, каму я выпіўку стаўлю. Халодная вада й імбірная шыпучка. І гэта малойцы, якія зьлізалі б віскі й з пухіра на назе. Вунь у гэтага ў рукаве нейкая халерная кабылка на Залаты Кубак. Удар без промаху.

— Пэўна, Цынфандэл? — спытаўся Насаты Флін.

Том Рочфард высыпаў у пастаўленую перад ім шклянку нейкі парашок з паперыны.

— Праклятая нястраўнасьць, — сказаў ён перад тым як выпіць.

— Сода вельмі добрая, — сказаў Дэйві Бэрн.

Том Рочфард кіўнуў і выпіў.

— Гэта Цынфандэл?

— Я маўчу, — падміргнуў Бэнтам Лаенс. — Сам пускаю пяць шылінгаў.

— Будзь чалавекам, скажы нам ды йдзі да д’ябла, — сказаў Пады Леанард. — Хто табе падказаў?

Містэр Блюм, кіруючы да выхаду, прывітальна падняў тры пальцы.

— Бывайце! — сказаў Насаты Флін.

Астатнія адвярнуліся.

— Вось гэты чалавек мне падказаў, — шапнуў Бэнтам Лаенс.

— Цьфу! — сказаў Пады Леанард з пагардай. — Містэр Бэрн, сэр, возьмем дзьве маленькія віскі Джэймсана й...

— Імбірны ліманад, — ветліва дадаў Насаты Флін.

— Але, — сказаў Пады Леанард. — Бутэлечку з соскай для дзіцятка.

Містэр Блюм ішоў у бок Доўсан-стрыт, дакладна ачышчваючы свае зубы языком. Мусіла б быць нейкая зеляніна: скажам, шпінат. З дапамогай рэнтгенаўскіх прамянёў можна было б.

На Д’юк-лэйн абжорлівы тэр’ер вырыгаў на брук агідную храсткаватую жуйку й хлябтаў яе з новым запалам. Перасыць. Зьвяртаем з падзякай поўнасьцю пераварыўшы зьмесьціва. Спачатку дэсэрт потым з закваскай. Містэр Блюм абачліва абмінуў. Жвачная жывёла. Ягоны другі наварот. Яны варушаць верхняй сківіцай. Цікава ці Том Рочфард зможа нешта зрабіць з тым сваім вынаходзтвам. Марнуе час тлумачачы той губе Фліна. У хударлявых доўгія губы. Павінна быць нейкая заля ці іншае месца дзе вынаходнікі маглі б зьбірацца й свабодна вынаходзіць. Але вядома тады ўсе вар’яты пазьбягаліся б і тлумілі галаву.

Ён пачаў пасьпеўваць, урачыстым рэхам расьцягваючы апошнія ноты кожнага такту:

 

Don Giovanni, a cenar teco

M'invitastiДон Жуан, павячэраць з табою
Ты мяне запрасіў (італ.).
.

 

Адчуваю сябе лепш. Бургундзкае. Падняло мой дух. Хто першы пачаў гнаць віно? Нейкі тып у маркоце. П’яная зухаватасьць. Цяпер мне трэба ў нацыянальную бібліятэку па ”Кілкэні Піпл”.

Голыя чыстыя ўнітазы, у чаканьні, у вітрыне Уільяма Мілера, водаправодчыка, вярнулі ягоныя думкі ў папярэдняе рэчышча. Маглі б: прасачыць увесь шлях, часамі праглынутая голка выходзіць дзе-небудзь з рэбраў праз гады, падарожнічае па ўсім целе, перастаўляюцца жоўцевыя пратокі, селязёнка цыркае пячонка страўнікавы сок маткі кішак як трубкі. Але гаротнаму старому давялося б увесь гэты час стаяць са сваім нутром напаказ. Навука.

A cenar teco.

Што гэтае teco значыць? Можа, сёньня вечарам.

 

Дон Джавані, ты мяне запрасіў

Сёньня прыйсьці на вячэру.

Та—рам тара—там.

 

Няскладна выходзіць.

Клютч: два месяцы калі намоўлю Нанэці на. Гэта будзе два фунты дзесяць, больш-менш два фунты восем. Тры мне вінаваты Хайнс. Два адзінаццаць. Абвестка Прэската. Два пятнаццаць. Каля пяці гінэяў. Добра ручыць.

Можна было б купіць для Молі адну з тых шаўковых сподніх камбінацый, пад колер новых падвязак.

Сёньня. Сёньня. Ня думаць.

Потым канцэртнае турнэ на поўдні. Што ты на ангельскія морскія курорты? Брайтан, Маргэйт. Пірс пад месячным сьвятлом. Яе голас плыве ўдалеч. О прыморскія красуні. Пад сьцяною бару Джона Лонга сядзеў сонны валацуга, у глыбокім роздуме абкусваючы каструбатыя шчыкалаткі. Майстраваты чалавек шукае працу. За невялікія грошы. Непераборлівы ў ежы.

Містэр Блюм павярнуў за рог каля цукерні Кэтрын Грэй зь нераскупленымі тортамі ў вітрыне й мінуў кнігарню правялебнага Томаса Конэлана. Чаму я кінуў каталіцкую царкву? Птушынае гняздо. Жанчыны ім кіруюць. Кажуць у час бульбяной паразы яны падкормлівалі супам дзяцей беднякоў каб пераходзілі ў пратэстанты. Там далей таварыства куды хадзіў тата, абяртае ў хрысьціянства бедных жыдоў. Тая самая прынада. Чаму мы кінулі каталіцкую царкву?

Сьляпы падлетак стаяў на ўскрай ходніка, пастукваючы па ім тонкім кійком. Трамвая не відаць. Хоча перайсьці вуліцу.

— Вы хочаце перайсьці? — спытаўся містэр Блюм.

Сьляпы падлетак не адказаў. Ягоны незварушны твар зьлёгку зморшчыўся. Ён нерашуча павярнуў галаву.

— Вы на Доўсан-стрыт, — сказаў містэр Блюм. — Перад вамі Молсварт-стрыт. Вы хочаце перайсьці? Дарога вольная.

Кіёк, падрыгваючы, падаўся налева. Зрок містэра Блюма пайшоў за ім і зноў убачыў фургон з фарбавальні перад цырульняй Дрэйга. Дзе я ўбачыў ягоныя набрыльянтаваныя валасы якраз калі. Конь апусьціў мызу. Вазак у Джона Лонга. Наталяе смагу.

— Там фургон, — сказаў містэр Блюм, — але ён стаіць на месцы. Я вас перавяду цераз вуліцу. Вам хочаце на Молсварт-стрыт?

— Так, — адказаў падлетак. — На Паўднёвую Фрэдэрык-стрыт.

— Хадземце, — сказаў містэр Блюм.

Ён лёгка крануўся вострага локця: потым узяў вялую відушчую руку й павёў яе ўперад.

Сказаць яму што-небудзь. Толькі не гуляць у спачуваньне. Яны ня вераць таму што кажаш. Нейкую звычайную заўвагу:

— Абыйшлося без дажджу.

Ніякага адказу.

Плямы на пінжаку. Няйначай як расплёсквае ежу. Яму смакуе зусім па-іншаму. Спачатку трэба было карміць з лыжкі. Далонь як у дзіцяці. Як раней у Мілі. Чуйная. Думаю, ён можа ацаніць мае памеры па маёй далоні. Цікава ці ёсьць у яго ймя. Фургон. Зважай каб ягоны кіёк не чапіў каня за ногі змучаная жывёліна дрэмле. Вось так. Перайшлі. Быка абыходзь ззаду, каня сьпераду.

— Дзякую, сэр.

Ведае, што я мужчына. Голас.

— Цяпер усё як трэба? Першы паварот налева.

Сьляпы падлетак намацаў кійком край ходніка й рушыў у сваю дарогу, адводзячы кійком узад і зноў намацваючы.

Містэр Блюм ішоў за бязвокімі ступнямі й абвіслым твідавым гарнітурам у елачку. Бедны маладзён! Але якім цудам ён ведаў што там стаіць фургон? Неяк мусіў яго вычуць. Можа бачаць рэчы лобам. Як бы такое чуцьцё аб’ёму. Вагі. А ці вычуў бы ён калі б нешта забралі? Чуцьцё пусткі. Дзіўнае ў яго мабыць уяўленьне пра Дублін з гэтага абстукваньня камянёў. Ці змог бы ён ісьці проста калі б ня меў кія? Бяскроўны набожны твар як у таго хто рыхтуецца ў сьвятары.

Пэнроўз! Вось як называўся той тып.

Паглядзі колькі розных рэчаў яны могуць навучыцца рабіць. Чытаць пальцамі. Настройваць піяніна. А мы зьдзіўляемся што ў іх ёсьць нейкі розум. Любога калеку ці гарбуна адразу лічым разумным ледзь толькі скажа што-небудзь што мы самі маглі б. Безумоўна іншыя пачуцьці болей. Вышываюць. Выплятаюць кошыкі. Людзі павінны дапамагаць. Я мог бы купіць Мілі кошычак на ручныя работы на дзень нараджэньня. Ня церпіць шыцьця. Яшчэ зазлуецца. Ацямнелыя, так іх называюць.

І нюх у іх пэўна мацнейшы. Пахі з усіх бакоў зьлітыя разам. І ад кожнай асобы. Потым вясна, лета: пахі. Смакі. Кажуць смаку віна не пачуеш з заплюшчанымі вачмі або калі прастуджаны. Таксама калі курыш у поцемках кажуць няма ніякага задавальненьня.

А з жанчынай, напрыклад. Больш бессаромная калі ня бачыш. Тая дзяўчына што йдзе перад Інстытутам Сцюарта задзёршы нос. Палюбуйцеся мною. Я ў поўнай збруі. Мабыць дзіўна калі яе ня бачыш. У ягоным уяўленьні нейкае разуменьне формы. Голас тэмпэратура калі кранае яе пальцамі павінен амаль бачыць лініі, закругленасьці. Ён гладзіць яе валасы, напрыклад. Скажам, напрыклад, яны чорныя. Добра. Назавем гэта чорным. Потым гладзіць яе белую скуру. Можа інакш адчуваецца. Адчуваньне белага.

Пошта. Трэба адказаць. Беганіна сёньня. Паслаць ёй перавод на два шылінгі паўкроны. Прыймі ад мяне маленькі падарунак. Крама зь пісьмовымі матэрыяламі побач. Чакай. Падумай над гэтым.

Далікатна дакранаючыся, ён вельмі паволі правёў пальцамі па валасох, зачасаных над вушамі назад. Яшчэ раз. Як тонкія тонкія саломінкі. Потым ягоны палец зьлёгку памацаў скуру на правай шчацэ. Тут таксама пушыстыя валаскі. Ня надта гладкая. Самая гладкая на жываце. Навокал нікога. Той уваходзіць у Фрэдэрык-стрыт. Можа, настройваць піяніна ў школе танцаў Лівэнстана. Нібыта папраўляю сабе падцяжкі.

Праходзячы перад пансыянатам Дорэна, ён прасунуў руку між нагавіцамі й камізэлькай і, зьлёгку адцягнуўшы кашулю, памацаў абвіслую складку на жываце. Але я ведаю што ён белажоўты. Трэба паспрабаваць у цемры й пабачыць.

Ён выцягнуў руку й паправіў сваю вопратку.

Бедачына! Зусім хлопчык. Страшна. Сапраўды страшна. Якія сны сьняцца яму, невідушчаму? Яму жыцьцё як сон. Дзе тут справядлівасьць нарадзіцца такім? Усе тыя жанчыны й дзеці што згарэлі жыўцом і патапіліся ў Нью-Ёрку на морскай экскурсіі. Гекатомба. Называюць гэта кармай тое перасяленьне за твае грахі ў мінулым жыцьці пераўвасабленьне мне там усіх коз. Божа, Божа, Божа. Шкада, безумоўна: але чамусьці зь імі нельга блізка зжыцца.

Сэр Фрэдэрык Фолкінэр уваходзіць у будынак масонскае лёжы. Урачысты як Трой. Пасьля добрага абеду на Эрлсфарттэрэс. Старыя сябрукі-судоўцы раздушылі бутэліцу. Аповесьці з судоў, з выязных сэсій, зь сінемундзірнай школы. Я засудзіў яго на дзесяць гадоў. Думаю ён бы толькі носам пакруціў над тым што я піў. Для іх марачнае віно, год пазначаны на запыленай бутэльцы. У яго свой пагляд на справядлівасьць у судзе. Дабразычлівы старэча. Паліцыйныя зводкі набітыя справамі, набіраюць сабе працэнты, фабрыкуючы злачынствы. А ён такія справы пасылае на пазадворкі. Кат на ліхвяроў. Рувіма Дж. аблаяў на чым сьвет стаіць. Ну але ён сапраўды каго называюць брудным жыдам. Вялікая ўлада ў судзьдзяў. Старыя бурклівыя выпівохі ў парыках. Разьлютаваныя мядзьведзі. І хай Госпад зьлітуецца на тваёй душою.

Глядзі, афіша. Кірмаш Майрас. Ягоная вялікасьць генэралгубэрнатар. Шаснаццатага гэта сёньня. У фонд шпіталю Мэрсэра. Першае выкананьне ”Мэсіі” было якраз на гэта. Так, Гендэль. Можа, зайсьці туды. Болсбрыдж. Заглянуць да Клютча. Ня трэба да яго прысмоктвацца як п’яўка. Страчу ягоную прыхільнасьць. Напэўна пры ўваходзе будзе нехта знаёмы.

Містэр Блюм дайшоў да Кілдар-стрыт. Найперш трэба. У бібліятэку.

Саламяны капялюш на сонцы. Цёмнажарыя чаравікі. Нагавіцы з закладкамі. Гэта ёсьць. Гэта ёсьць.

Ягонае сэрца лёгка трымкнула. Направа. Музэй. Багіні. Ён павярнуў направа.

Ці гэта? Амаль напэўна. Ня буду глядзець. Твар у мяне пачырванеў ад віна. Чаму я? Занадта разьбегся. Так, гэта ёсьць. Паходка. Не глядзець. Не глядзець. Наперад.

Набліжаючыся да брамы музэю размашыстым і няўпэўненым крокам ён падняў вочы. Прыгожы будынак. Сэр Томас Дын праектаваў. Ня йдзе за мною?

Магчыма што й не заўважыў мяне. Меў сонца ў вочы.

Ягонае трапяткое дыханьне вырывалася кароткімі ўздыхамі. Хутчэй. Халодныя статуі: там спакойна. Праз хвіліну буду ўратаваны.

Не, не заўважыў мяне. Пасьля другой. Ля самай брамы.

Маё сэрца!

Ягоныя разьбеганыя вочы чапіліся за крэмавыя завіткі каменю. Сэр Томас Дын быў грэцкая архітэктура.

Пашукаць чагосьці я.

Ягоная пасьпешлівая рука хутка сунулася у кішэню, выняла, прачытала разгорнутае Агэндат Нэтаім. Куды я?

Рупліва шукаючы.

Хутка сунуў назад Агэндат.

Яна сказала паполудні.

Я шукаю тое. Так, тое. Правер усе кішэні. Хустач. ”Фрымэн”. Куды я? Ах, так. Нагавіцы. Кашалёк. Бульбіна. Куды я?

Пасьпяшайся. Ідзі спакойна. Яшчэ момант. Маё сэрца.

Ягоная рука шукаючы куды я сунуў знайшла ў задняй кішэні мыла крэм трэба зайсьці цёплая абгортка прыліпла. Ага, мыла тут! Так. Брама.

Уратаваны!

Літаратура.org — http://litaratura.org/ulis?artid=75 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

08 The Lestrygonians

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Jorge Lewinsky — The Lestrygonians
Jorge Lewinsky — The Lestrygonians
PINEAPPLE ROCK, LEMON PLATT, BUTTER SCOTCH. A SUGARSTICKY GIRL shovelling scoopfuls of creams for a christian brother. Some school treat. Bad for their tummies. Lozenge and comfit manufacturer to His Majesty the King. God. Save. Our. Sitting on his throne, sucking red jujubes white./ A sombre Y.M.C.A. young man, watchful among the warm sweet fumes of Graham Lemon's, placed a throwaway in a hand of Mr Bloom./ Heart to heart talks./ Bloo... Me? No./ Blood of the Lamb./ His slow feet walked him riverward, reading. Are you saved? All are washed in the blood of the lamb. God wants blood victim. Birth, hymen, martyr, war, foundation of a building, sacrifice, kidney burntoffering, druid's altars. Elijah is coming. Dr John Alexander Dowie, restorer of the church in Zion, is coming...