Літаратура.org » Уліс » Джэймс Джойс, 05 The Lotus-Eaters

05 The Lotus-Eaters

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

РОЎНЫМ КРОКАМ містэр Блюм ішоў уздоўж грузавых падводаў на набярэжнай Джона Роджэрсана, мінуў Уіндміл-лейн, алейнае прадпрыемства Ліска й пошту-тэлеграф. Можна было падаць і гэты адрас. І мінуў прытулак маракоў. Павярнуўшы ад ранішняй гаманы набярэжжа, ён пайшоў паўз Лайм-стрыт. Каля катэджаў Брэйды сноўдаўся хлапчук з гарбарні зь вядром трыбухоў, пыхкаючы зжаваным недакуркам. Яшчэ меншае дзяўчо са шрамамі каросты на лобе пазірала на яго, млява прытрымліваючы пагнуты абруч ад бочкі. Скажы яму, што ня вырасьце, калі будзе курыць. Ат, хай там! Жыцьцё яму ня сьцелецца самімі ружамі. Чакаць перад карчмою, каб прывесьці татку дахаты. Татка, хадзем дахаты, да мамы. Мёртвая гадзіна: няшмат там будзе. Ён перайшоў Таўнсэндстрыт, мінуў пануры фасад Бэтэля. Эль, так: дом: Алефа, Бэта. Потым пахавальнае бюро Нікалса. А адзінаццатай. Часу хопіць. Думаю, Корні Кэлэхер падкінуў гэтую работу О’Нілу. Падпявае, заплюшчыўшы вочы. Корні. Аднойчы стрэў яе ў садочку. Было пацехі на ўсю ночку. Паліцэйскі шпік. Сваё ймя й адрас мне дала ды мой траляля там. О, безумоўна, падкінуў. Пахавай яго танна ў чым-колечы. З маім траляля траляля траляля траляля.

На Ўэстлэнд-роў ён спыніўся перад вітрынай Бэлфасцка-Арыентальнай Гарбатнай Суполкі, прачытаў надпісы на пакетах з алавянай фольгі: адборная мяшанка, найвышэйшая якасьць, сямейная гарбата. Досыць цёпла. Гарбата. Трэба узяць крыху ў Тома Кэрнана. Хоць на паховінах ня надта добра зьвяртацца да яго. Пакуль ягоныя вочы безуважна чыталі, ён нясьпешліва зьняў капялюш, удыхнуў пах свайго брыльянціну й павольным плаўным рухам правёў правай рукою па чале й па валасох. Якая душная раніца. Вочы зпад прыплюшчаных павекаў адшукалі ледзь прыкметную выпукласьць на скураным абадку ўнутры ягонага якаснага кап. Вось там. Правая рука нырнула ўглыб капелюша. Пальцы хутка намацалі за абадком картачку й перанесьлі яе ў кішэню камізэлькі.

Як цёпла. Правая рука яшчэ раз, яшчэ павальней прайшлася па чале й па валасох: адборная мяшанка, падрыхтаваная з найлепшых цэйлёнскіх гатункаў. Далёкі Ўсход. Цудоўная мясьціна, мабыць: сад сьвету, вялізнае лянівае лісьце, на якім можна плаваць, кактусы, лугі ў кветках, тое, што называюць вужакаватымі ліянамі. Цікава, ці там сапраўды так. Сынгалезы валюхаюцца на сонцы, у dolce far nienteСалодкае гультайства (італ.).. Увесь дзень пальцам не варухнуць. Сьпяць шэсьць месяцаў на год. Загорача каб сварыцца. Уплыў клімату. Летаргія. Кветкі ляноты. Найважнейшая пажыва — паветра. Азот. Цяпліца ў Батанічным садзе. Мімозы. Водныя ліліі. Пялёсткі занадта змучаныя каб. Сьпячка ў паветры. Хадзіць па ружавых пялёстках. І ў галаву ня прыйдзе есьці трыбухі ды халадзец. Дзе ж гэта быў той чалавек, што я бачыў на абразку? Ага, на мёртвым моры, плыве сабе дагары, чытае кніжку пад парасонам. Ня ўтопісься, нават калі б і хацеў: аж густа ад солі. Таму што вага вады, не, вага цела ў вадзе роўная вазе чаго? Ці, можа, гэта аб’ём роўны вазе? Ёсьць нейкі такі закон. Вэнс вучыў нас у школе, круцячы сваімі пальцамі. Навучальная праграма. Выкручальная праграма. А што такое вага сапраўды, калі кажаш вага? Трыццаць два футы ў сэкунду, у сэкунду. Закон падзеньня целаў: у сэкунду, у сэкунду. Усе яны падаюць на зямлю. Зямля. Гэта сіла зямнога прыцягненьня, вось што, тая вага.

Ён адвярнуўся й нядбалым крокам перайшоў вуліцу. Як гэта яна йшла са сваімі кілбаскамі? Нейк так. Ідучы, ён выняў з бочнай кішэні складзены нумар ”Фрымэна”, разгарнуў яго, скруціў у трубку й пачаў паляпваць сябе па калашыне нагавіцаў пры кожным нядбалым кроку. Зь бестурботным выглядам: заглянуў толькі так сабе. У сэкунду, у сэкунду. Гэта значыць, у сэкунду за кожную сэкунду. З ходніка ён кінуў праніклівы позірк у дзьверы пошты. Скрынка на спозьненыя лісты. Апускаць сюды. Нікога. Заходзь.

Ён падаў картачку праз бронзавыя краты.

— Ці будуць мне лісты?

Пакуль паштарка шукала ў клетачцы, ён разглядаў вярбовачны плякат з жаўнерамі ўсіх відаў зброі на парадзе: і, трымаючы канец свае трубкі каля саміх ноздраў, удыхваў пах сьвежай друкарскай фарбы. Пэўна, няма адказу. Апошнім разам загнуў задалёка.

Паштарка праз краты вярнула яму картачку разам зь лістом. Ён падзякаваў і кінуў кароткі позірк на канвэрт, заадрасаваны на машынцы:

 

Генры Флаўэр, эсквайр.

Пошта Уэстлэндроў, да запатр.

На месцы.

 

Адказала ўсё-ткі. Ён сунуў картачку й ліст у бочную кішэню ды яшчэ раз прыняў вайсковы парад. А дзе будзе полк старога Туіды? Ваякі ў адстаўцы. Вунь там: мядзьведжыя папахі зь пёрамі. Не, ён жа грэнадзёр. Сьпічастыя адвароты. Вось тут ён: каралеўскія дублінскія стралкі. Чырвоныя шынялі. Занадта напаказ. Мусіць, таму жанчыны так за імі бегаюць. Мундзір. Лягчэй і вербаваць і муштраваць. Ліст Мод Гон, каб не пускаць іх вечарамі на О’Конэл-стрыт: ганьба нашай ірляндзкай сталіцы. Цяпер і газэта Грыфіта гудзе пра тое ж: армія, сточаная вэнэрычнымі хваробамі: заморская імпэрыя за морам па калені. Выгляд у іх нейкі недапечаны: як быццам адурманеныя. Зважай. Раўняй. Крата — рата. Стол — тол. Полк Ягонай Каралеўскай Вялікасьці. Ніхто ня бачыў, каб ён апрануў форму пажарніка або паліцыянта. Масон, так.

Лёгкім крокам ён выйшаў з пошты й павярнуў направа. Словы: нібыта гэтым нешта паправіш. Ягоная рука сунулася ў кішэню, указальны палец намацаў закрыўку канвэрта, падчапіў яе й аддзёр некалькімі рухамі. Ня думаю, каб жанчыны зьвярталі асаблівую ўвагу. Ягоныя пальцы выцягнулі ліст і скамячылі ў кішэні канвэрт. Штосьці прышпіленае: можа, здымак? Валасы? Не.

МакКой. Хутчэй бы пазбавіцца ад яго. Будзе мне тлуміць галаву. Кампанія невыносная, калі ты.

— Здароў, Блюм. Куды йдзем?

— Здароў, МакКой. Праўду кажучы, нікуды.

— Як сябе адчуваем?

— Знакаміта. А ты?

— Яшчэ дыхаю, — адказаў МакКой.

Узіраючыся на чорны пінжак і гальштук, ён запытаўся сьцішаным пачцівым голасам:

— Ці штосьці... спадзяюся, што не якаясьці бяда? Бачу, што ты...

— Ды не, — сказаў містэр Блюм. — Бедачына Дыгнам, хіба ведаеш? Сёньня паховіны.

— Сапраўды, бедачына. Так яно бывае. А каторай?

Гэта ня здымак. Можа, нейкі значок.

— А а... адзінаццатай, — адказаў містэр Блюм.

— Я пастараюся дабрацца туды, — сказаў МакКой. — А адзінаццатай, кажаш? Я даведаўся толькі ўчора вечарам. Хто мне сказаў? Холахан. Ведаеш Хопі?

— Ведаю.

Містэр Блюм спаглядаў цераз вуліцу на двухколку, што заехала перад уваход у ”Гроўнэр”. Швэйцар паставіў валізу на козлы. Яна стаяла спакойна, чакала, а мужчына, муж, брат, падобны да яе, шукаў драбязы ў кішэнях. Шыкоўнае паліто зь мяккім каўнерам, зацёплае на такое надвор’е, з выгляду як плед. Нядбалая пастава з рукамі ў тых нашыўных кішэнях. Як тое ганарыстае стварэньне на гульні ў пола. Усе жанчыны поўняцца пыхаю, пакуль не намацаеш слабое месца. Пекная паставаю, пекная й справаю. Непрыступная, пакуль не прыступісься. Дастойная матрона й Брут дастойны чалавек. Авалодаеш раз і адкрухмаліш яе назусім.

— Я быў з Бобам Доранам, у яго зноў адзін зь ягоных запояў, і з тым, як жа яго, з Бэнтамам Лаенсам. Тут побач мы былі, у Конвэя.

Доран, Лаенс, у Конвэя. Яна падняла да валасоў руку ў пальчатцы. Тут заглянуў Хопі. Ужо прамачыўшы горла. Адхіліўшы галаву ўзад і спаглядаючы ў далеч з-пад прыплюшчаных павекаў, ён убачыў бліскучую на сонцы яснакарычневую скуру, плеценыя гузікі. Сёньня выразна відаць. Мабыць, вільготнасьць у паветры дае далёкую бачнасьць. Гамоніць пра сёе ды тое. Далонь ледзі. З каторага боку будзе сядаць?

— І ён кажа: Сумная справа з нашым бедным сябрам Пады! Якім Пады? кажу я. Бедным Пады Дыгнамам, кажа ён.

Выяжджаюць на вёску: пэўна, праз Бродстаўн. Высокія карычневыя боты з павіслымі шнуроўкамі. Зграбная ступня. Чаму ж ён так няньчыцца з тою драбязою? Яна бачыць, што я гляджу. Заўсёды згледзяць іншага мужчыну. На ліхую гадзіну. Запас бяды ня чыніць.

Чаму? кажу я. Што зь ім сталася? кажу.

Ганарлівая: багатая: шаўковыя панчохі.

— Так, — сказаў містэр Блюм.

Ён адхіліўся крыху ўбок ад гаманлівай галавы МакКоя. Зараз будзе сядаць.

Што зь ім сталася? кажа ён. Памёр ён, кажа. І, хай мяне качкі, налівае сабе. Няўжо Пады Дыгнам? кажу я. Я не паверыў, калі тое пачуў. Я ж зь ім быў яшчэ мінулай пятніцы, не, чацвярга, ”Пад Аркадай”. Так, кажа ён. Адыйшоў ад нас. Памёр у панядзелак, бедачына.

Глядзі! Глядзі! Шоўк бліснуў дарагія панчохі белыя. Глядзі!

Цяжкі трамвай, пабрынкваючы сваім званком, насунуўся й засланіў.

Прапала. Ліха б узяло твой вісклівы пляскаты лыч. Адчуваньне, быццам цябе выкінулі за дзьверы. Рай і пэры. Заўсёды так здараецца. У самы момант. Дзяўчына ў браме на Юстас-стрыт. У панядзелак было, папраўляла падвязку. Яе сяброўка закрывала сабою паказ. Esprit de corpsДух сяброўства (франц.).. А ты чаго вырачыўся?

— Так, так, — цяжка ўздыхнуўшы, сказаў містэр Блюм. — Яшчэ адзін адыйшоў.

— Адзін з найлепшых, — сказаў МакКой.

Трамвай праехаў. Яны ўжо кіравалі да мосту на Акружной, яе далонь у дарагой пальчатцы на сталёвым поручні. Блісь, блісь: палымяная стужка яе капялюшыка на сонцы: блісь, блісь.

— Спадзяюся, жонка здаровая? — спытаўся зьменены голас МакКоя.

— О так, — адказаў містэр Блюм. — Маецца знакаміта, дзякую.

Ён безуважліва разгарнуў трубку газэты й безуважліва прачытаў:

 

Які ж гэта дом

Безь мяснога паштэту Сліві?

Нешчасьлівы.

А зь ім — райскае жытло.

 

— Мая якраз атрымала кантракт. Гэта значыць, амаль што.

Зноў хоча падчапіць валізу. Ды што, ня шкодзіць. Не на таго трапіў.

Містэр Блюм нясьпешна павярнуў на яго свае ветлыя вочы зь цяжкімі павекамі.

— Мая жонка таксама, — сказаў ён. — Яна будзе сьпяваць на адной шыкоўнай імпрэзе ў Олстэр Холе, у Бэлфасьце, дваццаць пятага.

— Сапраўды? — сказаў МакКой. — Я рады чуць такое, стары. Хто гэта ладзіць?

Місіс Мэрыян Блюм. Яшчэ ня ўстала. А каралева ў спальні ела хлеб з. Бяз кніжкі. Прыбруджаныя карты, адныя фігуры, раскладзеныя па сем уздоўж ейнага сьцягна. Цёмная дама й сьветлы кароль. Кошка пухнатым чорным комам. Палоска разарванага канвэрта.

 

Старая

Салодка,

Песьня

Каханьня

Льецца старая...

 

— Бачыш, гэта штосьці накшталт турнэ, — задумліва сказаў містэр Блюм. — Салодкая песьня. Стварыўся камітэт. Роўная дзель у выдатках і ў даходах.

МакКой кіўнуў, пашчыпваючы шчаціністыя вусы.

— Ну так, — сказаў ён. — Гэта добрая навіна.

Ён зьбіраўся йсьці.

— Што ж, рады быў пабачыць цябе ў добрым выглядзе, — сказаў ён. — Стрэнемся як-небудзь.

— Так, — сказаў містэр Блюм.

— Ведаеш, што? — сказаў МакКой. — Ня мог бы ты падаць маё прозьвішча ў сьпіс прысутных на паховінах? Мне хацелася б пайсьці, але, бачыш, можа не атрымацца. Нехта там утапіўся ў Сэндыкаве, і можа так павярнуцца, што мне са сьледчым трэба будзе туды паехаць, калі знойдуць цела. Папросту ўстаў маё прозьвішча, калі мяне ня будзе, добра?

— Зраблю так, — сказаў містэр Блюм, рушыўшы йсьці. — Усё будзе як трэба.

— Добра, — ажывіўся МакКой. — Дзякуй, стары. Я прыйшоў бы, калі б мог. Ну, бывай не забывай. Усяго Ч. П. МакКой, і хопіць.

— Будзе зроблена, — рашуча сказаў містэр Блюм.

Ня скубнуў мяне з налёту. Лёгкая пажыва. Знайшоў прастачка. А ў мяне й свой розум. Гэтую валізу я сабе асабліва ўпадабаў. Скура. Навугольнікі, акаваныя канты, замок на два абароты. Боб Каўлі пазычыў яму сваю летась на канцэрт у часе рэгаты ва Ўіклаве й з тае пары пра валізу ні слыху ні дыху.

Містэр Блюм, нясьпешліва йдучы ў бок Брансуік-стрыт, усьміхнуўся. Мая якраз атрымала. Пісклівае рабаціністае сапрана. Нос скнары. Нават прыемны на свой спосаб: дзеля невялікай баляды. Але невыносьлівы. Я й ты, ведаеш? Абодва ў адной лодцы. Падлізьнік. Ажно злосьць бярэ. Няўжо ён ня чуе розьніцы? Здаецца, ён ужо зьлёгку ў той бок. Не па нутру мне такое. Я так і думаў, што Бэлфаст яго кране. Спадзяюся, з воспаю там не пагоршала. Скажам, яна не згадзілася б зрабіць сабе прышчэпку. Твая жонка й мая жонка.

Цікава, ён віжуе за мною?

Містэр Блюм стаяў на рагу, блукаючы зрокам па каляровых рэклямных плякатах. Імбірнае піва (араматызаванае) Кантрэла й Кокрэйна. Летні распродаж у Клэры. Не, пайшоў проста. Аво! Сёньня вечарам ”Лія”: місіс Бэндмэн Палмэр. Хацеў бы яшчэ раз паглядзець яе ў гэтым. Учора йграла Гамлета. Мужчынская роля. А можа, ён быў жанчынай. Чаму Афэлія пакончыла самагубствам? Бедны татка! Так часта распавядаў пра Кэйт Бэйтман у гэтай ролі! Прастаяў цэлы дзень перад тэатрам Адэлфі ў Лёндане, каб дастаць месца. Гэта было за год да майго нараджэньня: у шэсьцьдзесят пятым. І Рысторы ў Вене. Як жа яна дакладна называецца? П’еса Мозэнталя. ”Рахэля”, хіба? Не. Заўсёды гаварыў пра тую сцэну, дзе стары сьляпы Абрагам распазнае голас і абмацвае ягоны твар пальцамі.

— Голас Натана! Голас ягонага сына! Я чую голас Натана, які пакінуў свайго бацьку паміраць ад жалю й нядолі на маіх руках, і пакінуў дом свайго бацькі, і пакінуў Бога свайго бацькі.

Кожнае слова так глыбокае, Леапольдзе.

Бедны татка! Бедны чалавек! Добра, што я не заходзіў у пакой і ня бачыў ягонага твару. Той дзень! О Божа! О Божа! Ух! Што ж, відаць, гэтак было яму найлепш.

Містэр Блюм павярнуў за рог і мінуў апанураных канякаў на рамізьніцкім прыстанку. Няма сэнсу раздумваць над гэтым. Пара на мяшок з аброкам. Лепей было б не сустрэць гэтага МакКоя.

Ён падыйшоў бліжэй, пачуў хрумст залацістага аўса й ціхі скрыгат зубоў. Іхнія выпуклыя аленевыя вочы праводзілі яго, калі ён праходзіў праз саладкаваты аўсяны пах конскае мачы. Іхняе Эльдарада. Бедныя дурніцы! А трасца ім усё, уваткнулі доўгія мызы ў мяшкі, нічога ня ведаю й клопату ня маю. Занадта сытыя, каб гутарыць. І корм дастаюць, і начлег маюць. Ды выпакладаныя: кукса вяла матляецца шматком чорнай гутапэрчы між сьцягнякамі. Магчыма, яны й без таго шчасьлівыя. На выгляд добрыя спакойныя жывёліны. Аднак іхняе іржаньне можа вывесьці чалавека зь сябе.

Ён выняў ліст з кішэні й сунуў яго ў газэту, якую нёс у руцэ. Тут можна наткнуцца на яе. У завулку больш бясьпечна.

Ён мінуў прытулак рамізьніка. Дзіўнае ў рамізьнікаў жыцьцё, трэсьціся на павозцы, у любое надвор’е, у любое месца, на час або па дамоўленасьці, не па сваёй волі. Voglio e non. Люблю іх час-часам пачаставаць папяросай. Кампанейскія. Мінаючыся, нешта выкрыкваюць мімалётам. Ён загугнеў:

 

La ci darem la mano
La la lala la.

 

Ён павярнуў у Камбэрлэнд-стрыт і, прайшоўшы колькі крокаў, прыпыніўся пад прыкрыцьцём вакзальнай сьцяны. Нікога. Лесасклад Міда. Штабялі дошак. Разваліны й дамоўкі. Асьцярожнай хадой ён прайшоў клетачкі для гульні ў клясы, у адной зь іх — забыты каменьчык. Не згарэў. Каля складу хлопчык на кукішках самотна гуляў у шарыкі, пстрыкаючы ў галоўны вялікім пальцам. Стракатая мудрая кошка, прыжмураны сфінкс, прыглядалася са свайго нагрэтага седала. Шкада іх турбаваць. Магамэт адрэзаў кавалак свайго плашча, каб яе не будзіць. Разгартай. Я таксама гуляў у шарыкі, калі хадзіў у школу да тае старое дамы. Яна любіла рэзэду. Школа місіс Эліс. А містэр? Ён разгарнуў ліст, не выймаючы яго з газэты.

Кветка. Думаю, гэта. Жоўтая кветка з расплясканымі пялёсткамі. Значыць, не пагневалася? Што яна піша?

Дарагі Генры!

Я атрымала твой апошні ліст і вельмі табе дзякую за яго. Мне прыкра, што табе не спадабаўся мой апошні ліст. Навошта ты ўклаў маркі? Я на цябе страшэнна гневаюся. Як жа мне хочацца пакараць цябе за гэта. Я назвала цябе абрыдным хлопцам, бо мне зусім не падабаюцца тыя сховы. Калі ласка, растлумач мне, што тыя словы сапраўды абазначаюць. Дык ты нешчасьлівы ў сям’і, мой бедны абрыдны хлопча? Як жа мне хочацца дапамагчы табе ў нечым. Калі ласка, напішы мне, што ты думаеш пра мяне бедную. Я часта думаю, якое прыгожае ў цябе ймя. Дарагі Генры, а калі мы спаткаемся? Ты нават уявіць сабе ня можаш, як часта я думаю пра цябе. Я яшчэ ніколі не адчувала так моцнай прыхільнасьці да мужчыны. Я адчуваю сябе вельмі дрэнна. Калі ласка, напішы мне доўгі ліст і раскажы мне больш. Памятай, калі гэтага ня зробіш, пакараю цябе. Дык цяпер ты ўжо ведаеш, што я табе зраблю, абрыдны хлопча, калі не напішаш. О, як жа я мару аб спатканьні з табою. Дарагі Генры, не адмаўляй у маёй просьбе, пакуль яшчэ ня вычарпалася мне цярплівасьці. Тады я скажу табе ўсё. А цяпер да пабачэньня, мой абрыдны, мой мілы. Сёньня мне так страшна баліць галава і напішы зваротна тваёй тужлівай

 

МАРЦЕ.

 

P.S. Напішы мне, якую парфуму ўжывае твая жонка. Я хачу ведаць.

 

Ён з паважнай мінай адшпіліў кветку ад паперы, панюхаў яе няпах і паклаў у кішэню на сэрцы. Мова кветак. Ім гэта падабаецца, бо ніхто не падслухае. Або атрутны букет, каб даканаць яго. Паволі йдучы далей, ён яшчэ раз прачытаў ліст, мармычучы пад нос асобныя словы. На цябе туліпаны гневаюся дарагі мужаквет пакараю твой кактус калі ня ласка бедную незабудку як жа я мару фіялкі дарагому ружы калі мы неўзабаве анэмоны спаткаемся абрыдны начны бадыль жонка Марце парфуму. Прачытаўшы да канца, ён выняў яго з газэты й схаваў зноў у бочную кішэню.

 

Сьціплая радасьць растуліла яму вусны. Зьмянілася ад першага ліста. Цікава, ці сама напісала. Гуляе ў абурэньне: дзяўчына з добрай сям’і, такая як я, паважаная асоба. Маглі б спаткацца ў нядзелю пасьля ружанцаў. Дзякую, не карыстаюся. Звыклая любоўная звадка. Потым хавайся за вугламі. Дрэнь, як грызьня з Молі. Цыгара супакойвае. Наркотык. Наступным разам загнуць яшчэ далей. Абрыдны хлопча, пакараю: баіцца слоў, безумоўна. Нешта грубіянскае, ня думаеш? Варта паспрабаваць. Кожным разам патрошку.

 

Усё яшчэ абмацваючы ліст у кішэні, ён выцягнуў зь яго шпільку. Звычайная шпілька, га? Кінуў яе на дарогу. Аднекуль зь ейнай вопраткі: сашпілена. Дзіва бярэ, колькі на іх заўсёды шпілек. Няма ружы без калючак.

 

Плоскія дублінскія галасы завылі яму ў галаве. Тая ноч у Куме, дзьве шлюхі, абняўшыся пад дажджом.

 

Ах, Мэры майткі на шпільцы насіла

І шпільку тую ўзяла дый згубіла.

Як дахаты ёй дайсьці?

Як дахаты ёй дайсьці?

 

Ёй? Ім. Так страшна баліць галава. Мабыць, мае сваю ружавізну. Або ўвесь дзень сядзела й пісала на машынцы. Зрокавая засяроджанасьць шкодзіць страўніку. Якую парфуму ўжывае твая жонка? І магло ж ёй такое прыйсьці ў галаву?

Як дахаты ёй дайсьці?

Марта. Марыя. Я дзесьці бачыў гэткую карціну, ужо забыўся, стары майстра ці падробка дзеля грошай. Ён сядзіць у іхнім доме, гутарыць. Таямнічы. Тыя дзьве шлюхі з Куму таксама слухалі б.

Як дахаты ёй дайсьці?

Прыемнае вечаровае адчуваньне. Вандраваньне ўжо закончылася. Расьсесьціся сабе: вусьцішнае сутоньне: хай будзе, што мае быць. Забудзь. Распавядзі пра мясьціны, у якіх ты пабываў, пра чужыя звычаі. Тая другая, са збанком на галаве, рыхтавала вячэру: садавіна, аліўкі, прыемнахалодная вада з каменнахалоднай студні, як зь дзіркі ў муры ў Эштаўне. Наступным разам, як пайду на скачкі поні, вазьму з сабою папяровы кубак. Яна слухае, яе вялікія цёмныя лагодныя вочы. Распавядай ёй: яшчэ й яшчэ: усё. Потым уздых: маўчаньне. Доўгі доўгі доўгі адпачынак.

Праходзячы пад чыгуначным мостам, ён выняў канвэрт, хутка парваў яго на кавалачкі й параскідаў іх па дарозе. Кавалачкі трапяталі, ападаючы ў вогкім паветры: белае трапятаньне, потым усё пападала.

Генры Флаўэр. Падобным чынам можна парваць і чэк на сто фунтаў. Звычайны кавалак паперы. Лорд Айві аднойчы прыйшоў у Ірляндзкі Банк зь сямізначным чэкам і атрымаў мільён гатоўкаю. Гэта паказвае, якія грошы можна зарабіць на портэры. А той другі брат, лорд Ардылан, як кажуць, мусіць мяняць кашулю чатыры разы на дзень. У скуры завяліся вошы ці гніды. Мільён фунтаў, пачакай хвілінку. Два пэнсы пінта, чатыры пэнсы кварта, восем пэнсаў галён портэру, не, шылінг і чатыры пэнсы. Дванаццаць падзяліць на адзін і чатыры: каля пятнаццаці. Так, дакладна. Пятнаццаць мільёнаў барылак портэру.

Што я кажу, барылак? Галёнаў. Ды ўсё роўна каля мільёна барылак.

Цягнік, які ўяжджаў на вакзал, цяжка прабразгацеў яму над галавой, вагон за вагонам. У галаве грукацелі барылкі: усярэдзіне хлюпацеў і шумаваў мутны портэр. Шпунты павысаджвала, і палілася магутная мутная плынь, зьліваючыся, зьвіваючыся між балоцістых выспачак па ўсёй раўніннай краіне, утвараючы завадзі й віры хмяльнога напою, несучы з сабою шыракалістыя кветкі свае пены.

Ён дайшоў да адчыненых задніх дзьвярэй касьцёла Ўсіх Сьвятых. Ступіўшы на ганак, зьняў капялюш, выняў з кішэні картачку й сунуў яе зноў за скураны абадок. Хай яго ліха. Я ж мог закінуць МакКою наконт бясплатнага праезду ў Молінгар.

Далей тая самая абвестка на дзвярах. Казаньне правялебнага Джона Конмі, Т. І., аб сьвятым Пётры Клавэры й аб афрыканскай місіі. Ратаваць мільёны кітайцаў. Цікава, як яны тое тлумачаць тым паганскім кітайцам. Яны хутчэй за ўсё схіліліся б да унцыі опіюму. Нябесьнікі. Для іх гэта паганая ерась. Маліліся, каб абярнуць Глэдстана, калі той быў ужо амаль без прытомнасьці. Пратэстанты тое ж самае. Абярнуць у праўдзівую веру Ўільяма Дж. Уолша, Д. Б. Будда, іхні бог, ляжыць на баку ў музэі. Адпачывае сабе, падклаўшы руку пад галаву. Куродыміць кадзідла. Непадобны да Ecce HomoВось чалавек (лац.).. Цярновая карона й крыж. Спрытная думка сьвятога Патрыка: трылістая канюшына. Палачкамі? Конмі: Марцін Канінгам зь ім знаёмы: дастойны з выгляду. Шкада, што не да яго пайшоў, калі ўладкоўваў Молі ў хор, а да таго айца Фарлі, які выглядаў прыдуркам, хоць ім ня быў. Гэтага іх вучаць. Вось такому і ў галаву не ўзбрыдзе выбрацца хрысьціць мурынятаў, заліваючыся потам і ў акулярах ад сонца. Ім гэтыя бліскучыя шкельцы былі б даспадобы. Забаўна было б паглядзець, як яны сядзяць колам, адтапырыўшы свае тоўстыя губы, і слухаюць, як зачараваныя. Нацюрморт. Думаю, хлябталі б як малако.

Халодны пах сьвятых камянёў клікаў яго. Ён падняўся па абшмуляных прыступках, піхнуў двухстворкавыя дзьверы й паціху ўвайшоў, абыходзячы алтар.

Штосьці тут адбываецца: нейкае сястрыцтва. Шкада, што так пуста. Добрае вусьцішнае месца, каб пастаяць сабе побач нейкага дзяўча. А хто мой бліжні? Таўкуцца цэлымі гадзінамі пад цягучую музыку. Тая жанчына ў часе начное імшы. На сёмым небе. Жанчыны паставалі на калені каля сваіх лавак, паапускалі галовы, вакол шыяў кармазынавыя стужкі. Групка стаяла на каленях перад алтарнымі кратамі. Сьвятар абходзіў іх, мармычучы пад нос, трымаючы ў руках тую рэч. Затрымліваўся перад кожнай, выймаў прычасьце, страсаў адну-дзьве кроплі (хіба яно ў вадзе?) і спрытна клаў ёй у рот. Капялюш і галава апускаліся. Да наступнай: дробная старая кабеціна. Сьвятар нахіліўся, каб пакласьці тое ў рот, увесь час мармычучы. Лаціна. Наступная. Заплюшчы вочы, адкрый рот. Што? CorpusЦела (лац.).. Цела. Труп. Добрая задума гэтая лаціна. Спачатку ачмурыць іх. Прытулішча паміраючых. Здаецца, яны таго не жуюць: адразу глытаюць. Дзівотная ідэя: есьці кавалкі трупа. Таму, мабыць, людаеды пападаюцца на яе.

Ён стаяў збоку, прыглядаючыся, як іхнія сьляпыя маскі рухаюцца гужам па праходзе, шукаюць свае месцы. Потым падыйшоў да лаўкі й сеў на ўскрай, прыціскаючы да грудзей капялюш і газэту. Што за гаршкі мы носім. Капелюшы трэба рабіць паводле формы галавы. Яны пасядалі вакол яго, то тут, то там, галовы ўсё яшчэ паапусканыя, у кармазынавых стужках, чакаюць, пакуль тое распусьціцца ім у страўніках. Неяк нагадвае мацу, той самы від хлеба: ахвяравальныя праснакі. Паглядзі на іх. Іду ў заклад, што шчасьлівыя. Лізік для дзіцяці. Шчасьлівыя. Так, гэта называецца хлебам анёлаў. За гэтым вялікая ідэя, адчуваеш у сабе як бы Божае каралеўства. Першыя прычасьнікі. Вафля ў руку, па пэнсе за штуку. Потым усе адчуваюць сябе як на сямейным зборы, тое ж самае ў тэатры, усе ў адной суполцы. Так, адчуваюць. Я ўпэўнены. Не так самотна. У нашым пабратымстве. Потым на ўздыме духу. Здымаецца напружанасьць. У што па-сапраўднаму верыш, тое й існуе. Аздараўленьні ў Люрдзе, воды забыцьця, прыява ў Ноку, крывацёк са статуяў. Нейкі старэча заснуў каля спавядальні. Адтуль гэты храп. Сьляпая вера. Бясьпечны ў абдымках будучага каралеўства. Люляе ўсе пакуты. Збудзеце гэтай жа парою праз год.

Ён убачыў, як сьвятар паставіў келіх з прычасьцем недзе ўсярэдзіну й на момант стаў перад ім на калені, выставіўшы вялізную шэрую падэшву з-пад тае кужэльнае штукі, што меў на сабе. А калі й ён на шпільцы носіць? Як дахаты яму дайсьці? Ззаду лысая праталінка. На сьпіне літары. І.Н.К.Ж.? Не. І.Г.С. Молі мне тлумачыла, калі ў яе запытаўся. Істота грэшная, скарыся — або й не: істота грэшная, стрывай. А тое другое? І нам каралеўства жадаў.

Спаткацца нейкае нядзелі пасьля імшы. Не адмаўляй у маёй просьбе. Зьявіцца пад вуальлю й з чорнай торбачкай. У сутоньні на фоне сьвятла. Магла б быць і тут, са стужкаю на шыі, ды ўсё роўна займацца такімі справамі ўпотайкі. Такі ў іх характар. Той тып, што данёс на непераможных, прыймаў прычасьце, Кэры ён называўся, штораніцы. У гэтым самым касьцёле. Пітэр Кэры. Не, гэта ў мяне Пётра Клавэр на думцы. Дэніс Кэры. Падумаць толькі. Дома жонка й шасьцёра дзяцей. А ён увесь час рыхтаваў тое забойства. Сьвятуны, вось адпаведнае слова на іх, ім заўсёды нейкая аблуда вызірае з вачэй. І ў гандлёвых справах таксама круцяць. Ды не, яе тут няма: кветка: не, не. Дарэчы, а канвэрт я парваў? Так: пад мостам.

Сьвятар паласкаў келіх: потым спрытна кульнуў астаткі ў рот. Віно. Гэтак больш арыстакратычна, чымсьці калі б ён піў ну што там яны п’юць портэр Гінэса або нешта безалькагольнае дублінскае горкае Ўітлі або імбірнае піва (араматызаванае) Кантрэла й Кокрэйна. Нічога ім не дае з гэтага ахвярнага віна: толькі тое. Скупаватае суцяшэньне. Набожнае ашуканства, але цалкам слушнае: інакш сюды пазьбягаліся б усе старыя п’янюгі, каб маліцца на чарачку. Дзіўны ўвесь гэты настрой. Цалкам слушна робяць. Абсалютна слушна.

Містэр Блюм азірнуўся на хоры. Музыкі ня будзе ніякай. Шкада. Цікава, хто тут арганіст? Стары Глін, ён то ведаў, як змусіць інструмэнт, каб прамовіў vibratoМоцна (італ.).: казалі, нібыта на Гардынэрстрыт яму плацілі пяцьдзесят фунтаў на год. Молі ў той дзень мела знакаміты голас, Stabat MaterМаці стаяла (лац.). Расіні. Спачатку казаньне айца Бэрнарда Воўна. Хрыстос ці Пілат? Хрыстос, не мардуй нас усю ноч. Людзі хацелі музыку. Перасталі шоргаць нагамі. Можна пачуць, калі б упала іголка. Я параіў ёй накіраваць голас у той куток. У паветры вычувалася напружанасьць, поўным голасам, людзі ажно галовы пазадзіралі:

Quis est homo!Хто гэты чалавек? (лац.).

У той старой касьцельнай музыцы ёсьць знакамітыя рэчы. Мэркадантэ: сем апошніх слоў. Дванаццатая імша Моцарта, тая GloriaСлава (лац.). ў ёй. Калісьці тыя рымскія папы зналіся на музыцы, на мастацтве й на статуях і на ўсялякіх карцінах. Палестрына, напрыклад, таксама. Вясёла ім жылося ў старую часіну, пакуль яна трывала. І дзеля здароўя карысна, сьпевы, распарадкаваны дзень, потым варылі лікеры. Бэнэдыктын. Зялёны шартрэз. Адылі й яны перабіралі меру, калі трымалі ў хоры тых кастратаў. Які гэта род голасу? Цікава было слухаць, мабыць, пасьля ўласных моцных басаў. Знаўцы. Яны, пэўна, нічога не адчуваюць пасьля таго. Нейкая ціхамірнасьць. Аніякага клопату. Тлусьцеюць, не? Абжоры, высокія, даўганогія. Хто ведае? Эўнух. Таксама нейкае выйсьце.

Ён убачыў, што сьвятар нахіліўся й пацалаваў алтар, потым павярнуўся й пабагаславіў усіх прысутных. Усе перахрысьціліся і ўсталі. Містэр Блюм разгледзеўся па бакох і таксама ўстаў, спаглядаючы па-над выраслымі капелюшамі. Безумоўна, усе ўсталі на эвангельле. Потым усе зноў апусьціліся на калені, а ён спакойна ўсеўся на лаўцы. Сьвятар зыйшоў з прыступак алтара, трымаючы перад сабою тую рэч, і абмяняўся з прыслужнікам лацінскімі фразамі. Потым сьвятар стаў на калені й пачаў чытаць зь лістка:

— Божа, наша прытулішча й наша моц...

Містэр Блюм падаўся галавою ўперад, каб ухапіць словы. Па-ангельску. Кідае ім аб’едак. Крыху памятаю. Калі быў апошні раз на імшы? Слаўная й бязгрэшная дзева. Язэп ейны муж. Пётра й Павал. Было б цікавей, калі б я ведаў, пра што ўсё гэта. Дасканалая арганізацыя, несумненна, усё йдзе як у гадзіньніку. Споведзь. Усе хочуць каб. Тады я скажу табе ўсё. Раскаяньне. Пакарай мяне, калі ласка. Магутная зброя ў іхніх руках. Болей, чымсьці ў лекара ці адваката. Жанчыну ажно карціць, каб. А я шушушушушушу. А ты шашашашашаша? А чаму ж ты так? Пазірае на свой пярсьцёнак, шукае нейкі выкрут. Шапатлівыя сьцены галерэі маюць вушы. Муж, наўзьдзіў сабе, даведваецца. Божыя кепікі. Потым яна выходзіць. Збольшага раскаялася. Прыгожа пасарамочаная. Малітва каля алтара. Авэ Марыя й Сьвятая Марыя. Кветкі, кадзідла, растаюць сьвечкі. Хавае румянец. Армія Збавеньня крыклівая імітацыя. Перад зборышчам выступіць раскаяная прастытутка. Як я знайшла Госпада. Мазгавітыя тыпы мусяць быць там у Рыме: гэта яны круцяць цэлым відовішчам. А грошай то яны не грабуць? І яшчэ тастаманты: ксяндзу-пробашчу ў ягонае поўнае распараджэньне. Малебны за супакой мае душы хай служацца публічна пры адчыненых дзьвярах. Кляштары мужчынскія й жаночыя. У спадчыннай справе Фэрманы сьвятар на лаве сьведкаў. Яго не саб’еш з панталыку. Адказ на ўсё нарыхтаваў загадзя. Свабода і ўзвышэньне нашае сьвятое маці Царквы. Дактары Царквы: яны дзеля гэтага прыдумалі цэлае багаслоўства.

Сьвятар маліўся:

— Багаслаўлёны арханёле Міхале, заступіся за нас у ліхую гадзіну. Захавай нас ад злосьці й пастак д’ябла (няхай Бог яго паўстрымае, молім пакорліва), і моцаю Божай, о князю нябеснага войска, зрынь Сатану ў пекла, а зь ім і іншых злых духаў, што кружаць па сьвеце на згубу душ нашых.

Сьвятар з прыслужнікам усталі й пайшлі. Усё закончылася. Жанчыны яшчэ засталіся: малітва падзякі.

Лепш давай адсюль. Брат Абдзірала. Возьме й пойдзе наўкола з тацай. Выканай свой велікодны абавязак.

Ён устаў. Вось табе на! Гэтыя два гузікі ў мяне на камізэльцы так і былі расшпіленыя? Жанчыны такім захапляюцца. А самі злуюцца, калі ты не. Чаму ты не сказаў раней. Табе дык ніколі ня скажуць. А мы. Прабачце, паненка, тут у вас (ох!) трохі (ох!) пуху. Або расшпілены гаплік на сукенцы ззаду. Пробліск месяца. Любяць, калі выгляд у цябе неахайны. Добра, што яшчэ тут, а не далей на поўдзень. Употайкі зашпільваючыся, ён прайшоў нэфам і галоўным ходам выйшаў на сьвятло. Асьлеплены, спыніўся на момант каля халоднай чорнай мармуровай місы, у той час калі ззаду й сьпераду яго дзьве багамоліцы сунулі нясьмелыя рукі ў плыткую азярыну сьвятой вады. Трамваі: воз з фарбавальні Прэската: удавіца ў жалобе. Я заўважыў, бо сам у жалобе. Ён надзеў капялюш. Як там з часам? Чвэрць на. Часу хопіць. Трэба было б заказаць той крэм. Дзе гэта? Ах так, апошнім разам. Суіні, Лінкалн-плэйс. Аптэкары зрэдку пераяжджаюць. Нялёгка зрушыць тыя іхнія слаі, зялёныя й залатыя. Аптэка Гамілтана Лонга, заснаваная ў годзе вялікай паводкі. Непадалёку гугеноцкія могілкі. Заглянуць калі-небудзь.

Ён рушыў па Уэстлэнд-роў на поўдзень. Але ж рэцэпт застаўся ў іншых нагавіцах. Ох, і ключа таксама забыўся. Нудота тыя паховіны. А хай яму, бедачыне, ён жа не вінаваты. Калі я заказваў тое апошні раз? Чакай. Памятаю, што разьмяняў савэрэна. Гэта мусіла быць першага чысла або другога. О, ён жа можа адшукаць у кнізе заказаў.

Аптэкар перагортваў лісток за лістком узад. Запылены засушаны пах ад яго. Паморшчаны чэрап. І стары. Пошукі філязофскага камню. Альхімікі. Наркотыкі дзейнічаюць пабуджальна, але потым стараць. Потым летаргія. Чаму? Рэакцыя. Цэлае жыцьцё за адну ноч. Паступова мяняецца твой характар. Жывеш увесь час сярод зельля, мазяў, лекаў. Усе гэтыя алябастравыя гаршчэчкі. Ступка й таўкачык. Aq. Dist. Fol. Laur. Te ViridДыстыляваная вада, ляўровае лісьце, зялёная гарбата (лац. скароты).. Сам пах ужо вылечвае цябе, як званок у дзьверы да дантыста. Дохтар кулак. Яму самому трэба было б падлячыцца. Месіва або эмульсія. Меў жа адвагу той чалавек, што першы нарваў зельля й лячыўся ім. Лекавыя травы. Трэба асьцерагацца. Тут гэтага ўсяго хопіць, каб цябе захлярафармаваць. Праверка: сіняя лякмусавая паперына чырванее. Хляраформ. Празьмерная доза опіюму. Снатворныя сродкі. Нагаворнае зельле. Парагорык, макавы сыроп, шкодны пры кашлі. Заляпляе поры ці то макроту. Атруты, вось адзіныя лекі. Лякарства там, дзе яго зусім не спадзяесься. Мудрасьць прыроды.

— Недзе два тыдні таму, сэр?

— Так, — адказаў містэр Блюм.

Ён чакаў каля канторкі, удыхваў едкі дух лекаў, сухі пылісты пах губак і люфы. Шмат часу забіраюць расповеды, дзе каго болька бярэ.

— Мігдаловы алей і бэнзойны настой, — сказаў містэр Блюм, — і потым яшчэ памэранцавая вада...

Напэўна ад гэтага яе скура робіцца далікатная й белая, як воск.

— І яшчэ белы воск, — дадаў ён.

Падкрэсьлівае цёмны колер яе вачэй. Глядзела на мяне, падцягнуўшы прасьцірадла да саміх вачэй, гішпанскіх, прынюхвалася да сябе, калі я зашпільваў запінкі на манкетах. Хатнія рэцэптуры часта аказваюцца найлепшымі: трускаўкі ад зубоў, крапіва й дажджавая вада, кажуць, што й аўсяная мука з масьлёнкаю. Пажыўны сродак для скуры. Адзін з сыноў старое каралевы, прынц Олбэні здаецца? у яго была толькі адна скура. Леапольд, так. А ў нас па тры. Бародаўкі, мазалі й прышчы ў дадатак. Але табе яшчэ трэба парфуму. Якую парфуму ўжывае твая? Peau d'EspagneГішпанская скура (франц.).. Тая памэранцавая. Чыстае ядровае мыла. Добра асьвяжае ваду. Ад мыла прыемны пах. Яшчэ маю час у лазьню, там за рогам. Гамам. Турэцкая. Масаж. Бруд зьбіраецца валікамі ў пупе. Было б больш прыемна, калі б рабіла мілае дзяўчо. І я думаю, што. Так, я. Зрабіць тое ў ваньне. Асаблівае пажаданьне я. Вада да вады. Прыемнае з карысным. Шкада, што няма часу на масаж. Потым увесь дзень адчуваеш сьвежасьць. Паховіны, хутчэй за ўсё, будуць панурыя.

— Так, сэр, — сказаў аптэкар. — Гэта каштавала два й дзевяць. А пляшку вы прынесьлі?

— Не, — адказаў містэр Блюм. — Вы, калі ласка, нарыхтуйце. Я зайду сёньня паполудні. І я вазьму яшчэ мыла, адно з вунь тых. Па колькі яно?

— Чатыры пэнсы, сэр.

Містэр Блюм падняў кавалак да носа. Салодкі лімонны воск.

— Вазьму гэтае, — сказаў ён. — Разам будзе тры шылінгі й пэнс.

— Так, сэр, — пацьвердзіў аптэкар. — Вы можаце заплаціць за ўсё разам, сэр, калі прыйдзеце.

— Добра, — сказаў містэр Блюм.

Ён нясьпешліва выйшаў з аптэкі, трымаючы пад пахай трубку газэты, а ў левай руцэ мыла ў халоднай абгортцы.

Каля ягонай падпахі голас і рука Бэнтама Лаенса сказалі:

— Здароў, Блюм, якія навінкі? Гэта сёньняшняя? Пакажы мне на хвілінку.

Ах божанькі, зноў згаліў вусы. Доўгая халодная верхняя губа. Каб выглядаць маладзей. Выглядае прыдуркавата. Маладзей за мяне.

Пажоўклыя пальцы Бэнтама Лаенса, з брудам пад пазногцямі, разгарнулі газэту. Таксама мусіць памыцца. Адмыць самы горшы бруд. Добрай раніцы, вы карысталіся мылам Пірса? Кашута на плячох. Трэба тлусьціць чэрап.

— Хачу глянуць пра тую францускую кабылку, што сёньня бяжыць, — сказаў Бэнтам Лаенс. — Дзе ж яе ліха дзела?

Ён шамацеў памятымі лісткамі, патузваючы падбародкам сюды-туды па пругкім каўнерыку. Сьверб ад галеньня. Ад такога тугога каўнерыка валасы будуць выпадаць. Лепш пакінь яму газэту, хай адчэпіцца.

— Вазьмі яе сабе, — сказаў містэр Блюм.

— Аскат. Залаты Кубак. Чакай, — мармытаў Бэнтам Лаенс. — Адзін мо. Максымум два.

— Я тут толькі рэкляму глядзеў, — сказаў містэр Блюм.

Бэнтам Лаенс раптоўна падняў зрок і хітравата скасавурыў на яго.

— Што? — запытаўся ягоны адрывісты голас.

— Я кажу, што можаш узяць яе сабе, — паўтарыў містэр Блюм. — Я й так хацеў яе выкінуць, толькі рэкляму глядзеў.

Бэнтам Лаенс хвілю якую вагаўся, хітравата касавурачы, потым сунуў разгорнутыя лісткі назад у рукі містэра Блюма.

— Дык рызыкну, — сказаў ён. — На, дзякую.

І кінуўся подбегам у бок Конвэя. Заячым імпэтам.

Містэр Блюм, усьміхаючыся, склаў лісткі ў ахайны квадрат і ўклаў паміж імі мыла. Дурнаватая губа ў гэтага тыпа. Ставіць на скачках. Апошнім часам разьвялася цэлая плойма падобных. Пасыльныя хлопцы крадуць, каб паставіць шэсьць пэнсаў. Галоўным выйгрышам у лятэрэі вялізны пухкі індык. Калядная вячэра за тры пэнсы. Джэк Флэмінг ставіў казённыя грошы, а потым даў драпака ў Амэрыку. Цяпер трымае гатэль. Назад ніколі не вяртаюцца. Катлы зь мясам у эгіпецкай зямлі.

Жвавым крокам ён падыходзіў да мячэці турэцкае лазьні. Нагадвае мячэць, чырванасьпечаныя цагліны, мінарэты. Во што я бачу, сёньня унівэрсытэцкія гонкі. Ён разгледзеў афішу ў форме падковы над брамай Коледж-парку: равэрыст сагнуўся ў крук, як шчупак у юшцы. Паганая афіша. Зрабілі б яе круглай, як кола. Усярэдзіне сьпіцы: гонкі — гонкі — гонкі, а на вобадзе: унівэрсытэцкія. Такое прыцягала б вока.

Вунь каля ўваходу стаіць Хорнблаўэр. Зь ім трэба падтрымліваць знаёмства: мог бы ўпускаць туды задарма. Што чуваць у вас, містэр Хорнблаўэр? А ў вас, сэр?

Сапраўды райскае надвор’е. Калі б у жыцьці заўсёды так было. Надвор’е для крыкету. Пасядаюць пад парасонамі. Удар за ўдарам. Промах. Тут ня ўмеюць гуляць у яго. Шэсьць нуль. Капітан Булер ударам па левы бок разьбіў шыбу ў клюбе на Кілдар-стрыт. Такім гульцом месца на кірмашовай пляцоўцы ў Донібруку. Ажно чэрапы трашчаць, як гуляе наш МакКарты. Хваля гарачыні. Не задоўжыцца. Бяжыць няспынна, струмень жыцьця, і ў струмені жыцьця шукаем мы, што даражэй за ўсё на сьвеце.

Цяпер нацешыцца лазьняй: чыстая ванна з вадою, халодная эмаль, цёплы пяшчотны струмень. Гэта ёсьць цела маё. Ён бачыў загадзя сваё бледнае цела, цалкавіта ўкрытае вадою, голае ва ўлоньні цеплыні, намазанае духмяным разьмяклым мылам, лагодна абмыванае. Ён бачыў сваё тулава й свае члены, пакрытыя рабізною, бязважкія, зьлёгку падгойдваныя ўверх, лімоннажоўтыя, свой пуп, завязь цела, і бачыў, як плаваюць цёмныя зблытаныя кудлікі ягонага зарасьніку, як струменяць пасмачкі плыні вакол бацькі тысячаў, вакол абвялай ваглівай кветкі.

Літаратура.org — https://litaratura.org/ulis?artid=72 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

05 The Lotus-Eaters

Джэймс Джойс — Ангельская — Ян Максімюк

Для друку   /   Уліс

Jorge Lewinsky — The Lotus-Eaters
Jorge Lewinsky — The Lotus-Eaters
BY LORRIES ALONG SIR JOHN ROGERSON'S QUAY MR BLOOM WALKED soberly, past Windmill lane, Leask's the linseed crusher's, the postal telegraph office. Could have given that address too. And past the sailors' home. He turned from the morning noises of the quayside and walked through Lime street. By Brady's cottages a boy for the skins lolled, his bucket of offal linked, smoking a chewed fagbutt. A smaller girl with scars of eczema on her forehead eyed him, listlessly holding her battered caskhoop. Tell him if he smokes he won't grow. O let him! His life isn't such a bed of roses! Waiting outside pubs to bring da home. Come home to ma, da. Slack hour: won't be many there. He crossed Townsend street, passed the frowning face of Bethel. El, yes: house of: Aleph, Beth. And past Nichols' the undertaker's. At eleven it is. Time enough. Daresay Corny Kelleher bagged that job for O'Neill's. Singing with his eyes shut. Corney. Met her once in the park. In the dark. What a lark. Police tout. Her name and address she then told with my tooraloom tooraloom tay. O, surely he bagged it. Bury him cheap in a whatyoumaycall. With my tooraloom, tooraloom, tooraloom, tooraloom...