Літаратура.org » Старажытня » Юзаф Iгнацы Крашэўскі, Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»

Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»

Юзаф Iгнацы Крашэўскі — Польская — Васіль Сёмуха

Вершы на музыку Станіслава Манюшкі

 

«Ці ты у крыўдзе?..»


Ці ты у крыўдзе? Ці чуўся блага?     

Што ж ты пакінуў нас, браце?

З намі не міла? Прыкрая пляга?

Ці засмуціў хто у хаце?

 

Ці ня меў  пушчаў, ня меў палеткаў,

ці ня меў дзіды для ловаў?

ці ня было у доме засекаў,                           

ці ня меў дзе скласці голаў?

 

Ці ж мы цябе, брат, не ўдосьць любілі?

Ці меў няверную жонку?                         

Ці твае дзеці цябе забылі,

што зьбег ты ў цемру-старонку?

 

Што ж нас пад нягоды адных падставіў,

а сам схаваўся у цішы?

Маці і жонцы сэрца скрывавіў,

сёстраў, братоў засмуціўшы?

 

 «Зьнікнуў, – на покліч ценяў продкаў…»

 

Зьнікнуў, – на покліч ценяў продкаў – 

на ўсход, у вечнасьці дзьверы,

атруту шлючы ў стрэлах на ёдкаў,                  

піць алус з бацькамі згодна.

паляваць свабодна  зьвера,

 

На стос у агонь –  кіпець рысіны,

пазур ястраба й арліны,

імі залезеш на хрыбет сіні 

у пазахмар’е зь цясьніны –

ва ўлонне ўдзячнай айчыны.                                          

 

 «Бачым, дух на ўсход зьлятае…»


Бачым, дух на ўсход зьлятае,

конь пад ім гняды,  

зброя срэбраная зьзяе,

шолам залаты,

шолам залаты,

 

Скача, гоніць,– духа кліча

гладкі ў небе шлях,

тры трымае  зоркі-зьнічы

дух той у руках,

дух той у руках.

 

На плячы у духа сокал,

мчыць сабака сьлед усьлед,

цэлы гурт сяброў навокал,

мчаць ва ўсходні сьвет,

мчаць ва ўсходні сьвет.

 

Цені продкаў цугам рынуць,

бляск  на ўвесь абшар,                     

і лятуць, і ў бляску гінуць

зоркі ў сяйве хмар,

зоркі ў сяйве хмар.

 

«Не плачце па ім…»

 

Плакаць ня трэба, там край свабоды,

там нашых продкаў сьвет,

            Хор:  там нашых продкаў сьвет,

там вечна дужы, юны заўсёды

 зь неперажыўных лет,

            Хор:  сваіх непражытых лет,

бо ляхаў там няма,

            Хор: бо ляхаў там няма.

Немец і рускі там не зачэпяць,

ён там сярод сваіх. Там сярод сваіх.

            Хор: Ён будзе – сярод сваіх ён там,

                     ён будзе – сярод сваіх ён там.

 

Зь ценямі продкаў і з кункетамі

ёдкаў там будзе гнаць,

            Хор: ёдкаў там будзе гнаць

будзе мець дзікіх звяроў стадамі,

тысячы стрэл пускаць.

            Хор: тысячы стрэл пускаць!

 

Будзе піць алус рогам зубрыным,

будзе злых духаў біць,

            Хор: будзе злых духаў біць!

сядзе на учту за стол  з багамі

і будзе есьць і піць,

            Хор: Гэй! будзе страляць там, есьць і піць!

                     Гэй! будзе страляць там, есьць і піць!

 

            «Вось дух ягоны на Анафель пнецца…»

 

Вось дух ягоны на Анафель пнецца,

арлінымі кіпцямі лезе ў высі,

па коўзкай дарозе на лапах рысьсіх,

конь фыркае, ржэ, трасецца.

 

Дарэмна Віжун віжуе зь пячоры,  

рыцара сочыць, ашчэрыўшы пашчу,

дзівіцца ўгору, ня бачыць пачвары,

і уцякае лядашчы.

 

Вось ужо ўзьлез, за ім псы і дрыганты,         

і ляціць сокал, і сьвецяца зоркі,

і цуг ценяў за імі цягнецца дрогкі,–

пад вечныя мкнуцца шаты,  

пад вечныя мкнуцца шаты,       

вечныя шаты.

Літаратура.org — http://litaratura.org/starazhytnya?artid=123 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Хаўтурныя песьні з «Жальбы па Вітаўце»

Юзаф Iгнацы Крашэўскі — Польская — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Старажытня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Ю.І. Крашэўскі
Ю.І. Крашэўскі