Літаратура.org » Старажытня » Юзаф Iгнацы Крашэўскі, Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане каханку)

Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане каханку)

Юзаф Iгнацы Крашэўскі — Польская — Васіль Сёмуха

Mors ita...
Sicut vita
.

...Нашага апошняга падарожжа зь вяльможным князем, а хоць бы сто гадоў я жыў, – не забуду. Бо то ж была дарога, даруй Пане Божа, крыжовая. Князя ўжо, бадай, нават за тым часам,  калi мы  ў Берлiн i Ўроцлаў езьдзiлi да тамтэйшых iхнiх дактароў, якiя анiчым нам не дапамаглi, было ўжо не пазнаць. Ён страшэнна перамянiўся – спахмурнеў, зрабiўся нудны, маўклiвы, пануры, забыякавеў да ўсяго. Сядзiць сабе ў крэсьле, рукi на жываце, пакручвае набрынялымi пальцамi, зьвесiць галаву на грудзi, сапе i маўчыць.

Прыйдзе каторае з нас, кашляне, каб падаць знак пра сябе (бо ён ужо нiчога ня бачыў), дык пазнае па голасе, падыме часам галаву: А што там? – спытаецца,–i не дачакаўшыся адказу, зноў занурыцца ў задуменьне.

Мы дык ужо ўсе аж цi не занадта добра ведалi, што ён даўно нiчога ня бачыць; але  сам ён нiколi гэтага не прызнаваў, хiба што самым-самым давераным; перад iншымi строiў зь сябе, што толькi недабачвае.

У Нясьвiжы, пане лiтасьцiвы! – ён меў усё, чаго толькi душа спрагнуць магла; але апанаваў яго нейкi неспакой, што ня мог князь уседзець у горадзе. Закарцела яму ехаць. Куды? У Белую? Чаго? – ён i сам, бадай што, ня ведаў, небарака... Ат, у горадзе журба заядала... абы зь месца зрушыцца. – Сьвятару сказаў, што хоча ў Лясную, наведацца да Найсв. Панны! Мараўскаму,– што там паветра лепшае; мне – што там вада здаравейшая; князю Геранiму,– што ў Белай забыўся шкатулачку з паперамi, якiя павiнен забраць сам, бо паперы вельмi важныя: але ўсё гэта былi чысьцюткiя байкi; па сутнасьцi, яго ўжо забiрала перадсьмяротная трывога.

Увечары ў чацьвер, як во цяпер памятаю, выйшла распарада зьбiрацца ў дарогу. Бралi i мяне, бо князь часам любiў пазводзiцца са мною.

Першымi заварушылiся распарадца службаў i кухнi, пачалi запрагаць i перапрагаць цугi; цалюсенькую ноч усё кiпела, як у катле, беганiна па сходках то ўнiз, то ўгору, па надворку, па стайнях зь лiхтарамi – бо от жа раптоўна ўсё гэта ўброiлася, нiхто i не спадзяваўся. Доктар толькi плячмi перасмыкаў. Пытаецца ў яго князеў сястранец, пан палкоўнiк Мараўскi, – цi не зашкодзiць? – дык доктар буркнуў на тое: А ўсё роўна, не зашкодзiць i не паможа, хай ужо сабе едзе, калi зарупела. Хто ведае? а раптам?  зьменiць паветра, а можа, яго гэта якраз i разьвярэдзiць.

Але дзе там! Ужо на першым начлезе так задумаўся, так занурыўся ў развагi, што слова дапытацца было нельга.

Другога дня крыху нас усьцешыў, бо выглядаў жывейшым i еў лепей. Увечары прыйшла мая чарга дзяжурыць. Я прызасьцiў сьвечкi, сеў каля печы, чакаю, што Бог пашле.

Князь крэкнуў:

– Ёсьць там хто?

– Я тут, вяльможны княжа.

– Так цёмна, што й ня бачу васана.

– Я нарочна прыцьмiў сьвятло, каб вяльможнаму князю ня дужа сьляпiла.

Ён махнуў рукою.

– Каторая гадзiна?..

Я зiрнуў на гадзiньнiк-цыбулiнку – пайшло ўжо на дзявятую.

– Па восьмай ужо, вяльможны княжа.

– Што там на дварэ?

– Слота, вяльможны княжа.

– Што там робiцца зь месяцам? бо я ўжо забыўся. Маладзiк цi што?

– Апошняя квадра.

Ён шапнуў i замоўк. А я i тым, што пачуў, суцешыўся, бо князь даўно ўжо  столькi не гаварыў.

– Цi ёсьць там якая газецiна з Варшавы? – спытаў.

– Па дарозе ня бралi, а апошнiя ў Нясьвiжы.

– А я ж казаў, каб крэсы за мною iшлi: то ж бо той мне сеймавы час...

I зноў замоўк, уздыхнуўшы.

Гэтым вечарам ужо больш не азываўся; працягнуў толькi руку на  стол па ружанец, якi застаўся яму пасьля Сiроткi, i пачаў малiцца.  Скончыўшы малiтвы пажадаў легчы ў ложак. Мы распранулi, разьдзелi яго, i начное дзяжурства нёс ужо нехта iншы.

Казалi, што спаў досыць добра, толькi праз сон некалькi разоў ускрыкнуў.

Ранiцай пасьля куляшу – карчма была агiдная – мы рушылi далей у дарогу.

Восеньская слота як на тое не адступалася; хоць цужных коней у запрэжцы было восем, мы мусiлi iсьцi, нагой за нагу чапляючыся. Не без таго, каб у гразi пасьля ўсiх гэтых нашых вярцепаў карэта ня хiлялася, хоць гайдукi ўвесь час падтрымлiвалi яе, а часам нават, можна сказаць, ледзь не на плячах вывалоквалi. I гэта давалася князю ў знакi, бо часам стагнаў.

– Цяпер бо i дарогi, як людзi, няма ладу як параскiсалi,– бурчаў ён,– даўней такiх ня бывала.

Увечары, толькi мы былi спынiлiся ў плебанii, ён павiтаўся з ксяндзом i пасьпяшаўся ў ложак.

У ложку вячэраў, у ложку, лежачы, сказаў пацеры (на што меў касьцельны дазвол) i неўзабаве задрамаў. Сон быў зноў неспакойны.

Так вось мы i даехалi, а дакладней – давалаклiся да Славацiчаў над Бугам. Нiчога на сьвеце ня ведаю больш сумнага за гэты заканурак у княскiх землях; хоць ён i надбужны, славуты край, але, далiбог i дапраўды,– пустэльня, звылюднеласьць, толькi лясы i лясы, толькi сосны, балотныя купiны ды пясчаныя завалачы.

Двор на аканомii стары, драўняны, – зараней падчышчаны, вышараваны, абкураны, аерам пасыпаны, пазавешваны i высьцелены, як толькi можна было падрыхтавацца найлепей.

Князь займаў вялiкi пакой, цёплы, зацiшны, бо нездарма ж мы трымалi Багушэвiча, якi ўмеў зь нiчога выстраiць палац.

Князь, дабраўшыся да Славацiчаў, пачуўся стомленым i сказаў, што некалькi дзён адпачне тут; хоць i няшмат вёрстаў заставалася да Белай.

Багушэвiч паехаў паперадзе ў замак, каб там усё падрыхтаваць; але ў нас пра тое ня было нiякага страху, хiба што трэба, каб загадзя прапалiлi ў печах, каб не напусьцiлi чаду.

Зь Белай сюды загадзя, на выпадак, i для кухнi завезьлi ўсё, што было трэба; хапала ўсяго.

Увечары славацiцкiя жыды  зь вялiкай помпай прынесьлi на кухню велiзарнага дваццацiфунтовага шчупачыска, на  драўляным падносе, абшытым  кармазынавай кiтайкай, зь лiмонам у пашчы, за што князь загадаў выдаць iм пяць дукатаў, але тыя грошай не ўзялi.

Было нам тут  няблага, знайшоўся i забясьпечаны скляпок  у Стшалкоўскага, якi сядзеў на гаспадарцы – i добра яму сядзелася. Ды такi яно было някепска, толькi страх як нудна... А тут яшчэ i дождж  завёўся – цырк-цырк, пырсь-пырсь – ад вiдна да цямна.

Уздыхалi мы аж да самага бельскага замка – цесната там, увесь двор у доме анiяк ня можа разьмясьцiцца; мы тулiлiся дзе i як каму ўдалося,– у шопках, па хатах, па корчмах, па жыдоўскiх дамах, а конi пад павецямi i ў аборах, дзе гною па каленi  даставала.

Неяк аднаго вечара зноў прыпала мая чарга дзяжурыць. Ледзь толькi я сеў, як князь тут жа i пытаецца:

– Ёсьць там хто?

– Глiнка, вяльможны княжа.

– Каторая гадзiна?

 Я зiрнуў, было палова дзявятай, але мы ўсе былi радыя, што ён раней звычайнага лёг адпачываць, выцягнуўся, засьне i набярэ сiлы; я думаў, што не зграшу, калi крыху прысьпешу гадзiньнiк. I я сказаў, што дзевяць.

– Як  ён цяпер той час ляцiць,– пачаў ён,– даўней, пане каханку, ого, езьдзiў i на раку i на сьлiмаку, а цяпер вось крылы сабе прыстроiў. Гм! а што на дварэ?

– Крыху прасьвятляецца.

– Зь якога боку?

Адказваць было цяжка, бо князь ня любiў, калi яму хто не дагаджаўся веданьнем, асаблiва, калi заходзiлася пра пару i неба; ён заўсёды казаў, што  шляхцiц як жаўнер, дзень i ноч павiнен ведаць, што на небе робiцца, адкуль вецер i якiя там ходзяць хмары. I я пальнуў па памяцi, што з захаду, бо ў нас амаль усё i заўсёды iдзе з захаду, i слота i пагода.

– А яно ж бо й няблага было б,– сказаў,– але ты, Глiнка, мабыць, ня ведаеш, дзе ў Славацiчах захад? трэба было папытацца ў жыдоў, яны ўсё ведаюць.

– Але ж я ведаю, вяльможны княжа.

– На здароўе табе, пане каханку.

Калi ён гаварыў гэта, я заўважыў у голасе перамену, як бы памацнеў, як бы з гарачкi. I соп мацней. Праз хвiлiну зноў будзе  пытацца:

– Што кажаш? ня чую!

– Я i не адзываўся, вяльможны княжа,– шапнуў я цiха.

– То ж я, мусiць, задрамаў.

– Не, вяльможны княжа.

– Бо то ж вы цяпер, пане каханку, усе лежнi i сьпёхi; вочы вам ад пярэсыпу пазарасталi... гэ?

– Я нiчога не кажу, вяльможны княжа.

– А чаму ж ты не баронiшся? пане каханку,– спытаўся ён, крыху ўсьмiхнуўшыся,– га?

Я i сам ня ведаў, што яму на тое адказаць, ды тут прыйшло ў галаву: што мы не жаўнеры, i што сапсавала нас добрасьць княжая.

У голасе чулася нейкая сiла, якой я даўно ўжо ў iм не заўважаў. Яно б мяне i парадавала, калi б мне не здалося, што ў яго ўсё-такi гарачка; асаблiва таму, што яна заўсёды зьбiралася нападвечар,  паводле фiзiкаў гэта нядобры знак.

Ён уздыхнуў, паляпаўшы пяцярнёй па грудзях.

– А цi ня клiкнуць Фiнка? – спытаўся я.

Фiнке быў з намi ў дарозе за доктара.

– А на якое лiха? пане каханку! – буркнуў ён.– Ты думаеш, ён ведае больш за мяне i цябе? Памацае пульс, патрымае за руку, скажа паказаць язык, пакiвае галавой, скажа, што ўсё добра – абы каб грошай далi. Што тыя дактары, што гэтыя, пане каханку; ды хоць бы той табе Тралес, якога на вагу золата купляць давялося, а аслым асёл, пане каханку, немец, слова табе па-польску ня скажа, як жа ён польскую хваробу лекаваць мае?

– Цi князю не зашкодзiць так многа гаварыць нанач? – папярэдзiў я.

– Нешта ўжо й ты доктарам зрабiўся? – абурыўся ён,– табе што да таго? гэ! дзюбаў бы сабе носам пад печчу ды ня зьвягаў.

– Ай ды не, вяльможны княжа, я з клопату папытаўся.

– Бачылi вы яго, якi клапатлiвы. Маўчаў бы, пане каханку.

Ён уздыхнуў, падпёрся кулаком i замоўк. Я ўгледзеўся ў яго; вачэй не заплюшчыў,– але былi як бы замглёныя, нерухомыя, хоць на твары нейкае там жыцьцё iграла.

– Сьпiш, Глiнка? – спытаўся праз хвiлiну.

– Не, вяльможны княжа, мяне ўвогуле  сон не бярэ; у дарозе  надрамаўся на запас, мне цяпер хоць цэлую ноч сядзi, i нiчога.

– Каторая гадзiна?

Было па дзявятай, але аднаго разу схлусiўшы, я ўжо мусiў апярэджваць гадзiньнiк.

– Палова дзясятай, вяльможны княжа.

– Яно ўжо i спацi iсьцi выпадала б, кажуць бо, што сон да апоўначы самы моцны,– забурчаў князь.– Але хлусяць... ды i спаць ня хочацца. Якi сёньня дзень?

– Серада.

– Ано, праўда, пост! шчупак быў па-жыдоўску.

Вiдаць, пачуўшы зь сеняў нашу гутарку, Фiнке ўвайшоў, дзьверы лёгка рыпнулi – я адразу пазнаў яго па хадзе.

– Ты, эскулапе,– азваўся князь,– мусiць, хочаш загнаць мяне ў ложак. Дык жа не! Як толькi лягу, тут мне i пачынае ў грудзях душыць. Iдзi сабе з Панам Богам, я сядзецьму, а там i задрамлю.

Фiнке тым часам падышоў i, узяўшы яго за руку, трымаў, мацаючы пульс. Князь, хоць i нiчога ня бачыў, па звычцы павярнуў да яго вочы.

– Княжа, можа б яно, цi ня выпiў лiманады?– спытаўся Фiнке.

– Ага, зараз, дажыдайся, калi ж ты ў яе салетру сыплеш,– абурыўся ваявода.– Гэта, пане каханку, небясьпечная рэч. Мяне гарачка спалiла на вугольле, а дадай да вугалю салетры – вось табе i шчыры порах будзе. Ад любой сьвечкi, пане каханку, як бабахне,i Радзiвiл – пырх! – у чыстыя нябёсы!..

Фiнке зарагатаў, а я за iм сьледам.

– Балазе табе сьмяяцца,– падхапiў князь, – а я ведаў аднаго гiшпана, дык у яго з такое прычыны трыбух лопнуў, ледзьве ж яму яго потым зашылi. Частку кiшак такi страцiў небарака, а што зьесьць, бывала, так i вырыгне.

Фiнке зьдзiвiўся, а я радаваўся, што князь, як раней, пачаў свае штукi кроiць, а даўно ж таго ня было ўжо, але зьмецiў, што твар у доктара спахмурнеў. Ён падаў лiманаду.

– Лiманада без салетры, вяльможны княжа.

– Ну дык дай! абы адчапiўся! – ён выпiў нават неяк прагна i, аддаючы шклянку, сказаў:

– Аднак жа, Глiнка, сьвечку трымай далей ад мяне. Фiнке без салетры кроку табе ня ступiць, так i рупiць яму лацiны ва ўсё намяшаць.

Доктар адступiўся на некалькi крокаў.

– Iдзi спаць, эскулапе, пане каханку,– дадаў князь.

Фiнке пацiснуў плячыма.

– Вяльможны княжа, пасьля такой далеглiвай дарогi раньнi сон дужа ўздаровiўся б,– дадаў ён,– перад поўначчу сон  самы моцны.

– Чуў, чуў,– сказаў князь,– не навiна. Iдзi ж i мацуйся iм сам, а мне ня хочацца. Вы гэтага ад курэй навучылiся, а курыца – не чалавек... Дабранач табе! Глiнка,– дадаў ён, зьвяртаючыся да мяне,– папрасi пана доктара за дзьверы, пане каханку.

Фiнке выйшаў чырвоны, я правёў яго за парог.

– У князя невялiкая гарачка,– шапнуў ён мне,– калi папросiць пiць, дык лiманада прыгатавана. Не давай яму лiшне гаварыць, бо са сну выб'ецца.

Ледзь толькi дзьверы зачынiлiся, князь спытаўся.

– Пайшоў шлындра?

– Пайшоў, вяльможны княжа.

– Сядай i ня сьпi, а слухай сюды, бо мне хочацца патрызьнiць. А ўжо ж такi трэба кагосьцi мець, каб слухаў.

Сказаўшы, тут жа i замоўк адразу; перамянiў толькi руку, абаперся на другую i бурчаў нешта невыразнае. Доўжылася гэта нешта з чвэрць гадзiны. Якраз бо тады куры, ня ведаю чым спалоханыя,  да пары трывожна закудахталi.

– Гэ? што там такога? ужо i куры запяялi?– ускрыкнуў князь як бы разбуджаны. – Глянь-но на гадзiньнiк, што iм там зноў прысьнiлася?  Ранiцай скажаш Стшалкоўскай, каб мне гэтых iнсургентаў усiх на калодку. Насуперак закону Божаму сьпяваюць да поўначы! А гвалтачкi, пане каханку! I што ж гэта мне за парода курэй такая, што без пары гарлаць сабе дазваляюць? I што тут д'яблы скажуць? а д'яблаў таксамака ж наклiкаць не гадзiцца. Глiнка! ня сьпiш? – спытаўся.

– Ай не, вяльможны княжа.

– Хвалю, хвалю. А сьвечкi дзе, пане каханку?

– За шырмай, вяльможны княжа.

– Утры iм насы, бо, пэўна, на iх грыбы панарасталi. Толькi ня пальцамi.

Я засьмяяўся.

– Але ж ёсьць шчэпчыкi, вяльможны княжа, i тое нават срэбныя,– сказаў я iдучы за шырму.

– А што ж бо ты сабе думаў, у Радзiвiла павiнны быць жалезныя альбо медныя? На што на што, а на шчэпцы нас яшчэ сталася, хоць i высмакталi нас дужа. Але датуль шчэпцы, пакуль мяне... яны ўсё гэта ператопяць i патопяць.

Ён пачаў бiць сябе ў грудзi i цяжка ўздыхаць.

– Княжа, можа, лiманады? – спытаўся я.

Ён даў мне знак рукою, што ня хоча.

Праз хвiлiну раптам падняў галаву i выпрастаўся, як бы нешта ўбачыў перад сабою. Нiбы ад сьвятла засланiўся далоняй i цiха трывожлiва шапнуў:

– Глiнка, хто там стаiць?

– Няма нiкога, толькi я, вяльможны княжа, – сказаў я.

– Бо ў цябе вачэй няма, пане каханку! – буркнуў ён i замоўк, апаўшы на крэсла, але доўга яшчэ ўглядваўся ў адно месца.

Неўзабаве пасьля нейкiм дзiўным голасам пачаў, як бы да кагосьцi, каго я ня бачыў.

– Я ведаю цябе, ведаю! ты такi, як на карцiне ў Нясьвiжы, але чаго ж ты хочаш? Цi ўжо прабiла гадзiну.

...Га? Не. Мне яшчэ трэба прасiць прабачэньня, але гэтага мне ня дадзена...

...Ты прыйшоў па рахунак сумленьня?

...Што ж бо ёсьць больш за вас... двух, трох?!

...Во, яшчэ i Чорны, Лiздэйка... Рыжы... Багуслаў, Мiкалай; колькi вас тут панапрыходзiла!.. але гадзiна мая яшчэ не прабiла. Я абяцаўся спынiцца ў Белай – i ўжо павiнна прыйсьцi сюды тая, перад якою я вiнаваты. Пан Бог прышле яе. Хацеў бы яшчэ пажыць, пакуль  хопiць тых ста тысяч,  якiя сейм дазволiў...

...Чаго ж вы галавой кiваеце? можа, думаеце, сейм дарма галасаваў i што нiчога ня выйдзе?

Страх мяне браў, калi я чуў гэты голас,  хацелася перапынiць яго. Я падышоў, пакашлiваючы i шаркаючы нагамi.

– Вяльможны княжа, нiкога няма.

Той разгневана махнуў рукою, быццам адпiхваў, i голасна крыкнуў мне.

– Маўчаць, пане каханку...

...Ты сьляпы. Вунь жа  Лiздэйка стаiць, арцыкапелан, сiвая барада па каленi, у руцэ пастарал, на галаве iнфула. Пакланiся яму...

У голасе як бы сьлёзы, пачаў бiць сябе ў грудзi.

– M e a   c u l p a!  m e a  c u l p a! Хоць я i Радзiвiл, але чалавек, i грэшны чалавек. Выпала мне нарадзiцца на лiхiя часы... Праўда, я часта быў сьляпы, пане каханку, арцыкапелане, за тое, мабыць, Пан Бог i пакараў мяне сьлепатою ў апошнiя днi мае, калi сама больш хацелася б дзiвiцца на сьвет белы, а вочы ня сьвецяць. Сьляпы я быў, але ж дарогi шукаў, а непачцiвыя людзi ашуквалi мяне, паказвалi няправiльную. Я заўсёды хацеў вызваленьня краю, хто ж мог ведаць, у кiм яно i дзе было?

Ён хваравiта енкнуў, а мне валасы на галаве ўставалi i мароз па скуры шоргаў.

– Не глядзiце так на мяне! Сьлед вам было нарадзiцца не за часу Ягелаў i Жыгiмонтаў, а за Эканамчука, хадзiлi б, як i я, з завязанымi вачыма па гэтым лабiрынце. Куды нi павернецца чалавек, урвiшчы...

...I не засыпаць было iх радзiвiлаўскiм золатам, i радзiвiлаўскiмi сьлязьмi не залiць...

...Цэлы полк даў дзяржаве i гарматы, хай хоць тыя возьмуць, што ў Нясьвiжы.

Ён прымоўк, а праз хвiлiну зноў:

– Кароль, Ягамосьць прускi, стрыечнiк, праўда, але я нiводнаму немцу ня веру. Вялiкi палiтык, на блiзiр удае, што няма ладу як нас любiць. Але дзе ж там можа любiць авечку той, хто ёй бакi павыгрызаў! Чалавек гладкi i ветлiвы, ананасамi мяне кармiць заляцаўся ва Ўроцлаве, а мне лепей дай польскiх салоных гуркоў, чым прускiх ананасаў...

Ён прыклаў дрыготлiвую руку да лоба i глядзеў, ледзь бачыўся мне ў змроку.

– Валадковiч! а ты там што робiш за iмi ў лiсiнай курце? на паляваньне ў Налiбокi выбраўся? чаго прыйшоў? па мяне? Не магу, прыяцельку, пане каханку, як бога кохам, не магу. Ты ж гэта добра ведаеш... ад яе няма дараваньня, а безь яго на суд паўстаць не магу. Куры тыя, што мне сьпяваць павiнны, не пяялi яшчэ... Чакай, каханьнейка! Ужо нядоўга, ужо ж не забаўлюся.

Пасьля такiх намогаў галава яго апала, а я, слухаючы, дрыжаў, бо i мне пачалi мроiцца ў мораку нейкiя ценi. А найбольш уразiла, што аж два разы князь згадаў пра дараваньне, якога хацеў ад яе. Я галаву сабе круцiў – ад каго?

А тады як крыкне:

–Глiнка! сьпiш?

Аж я падхапiўся.

– Ды не, вяльможны княжа!

– Бачыў iх?

– Нiкога тут ня было.

– Так! Табе нiкога, а мне кога. Не табе глядзець у i твары; не да цябе яны прыходзiлi, i вачам тваiм яны недаступныя...

– А яе бачыў? – дадаў. Такая ж прыгожая, як i была, такая ж ганарыстая, што i прыступу няма! Не даравала мне, пане каханку! не! я павiнен чакаць, i душа не пакiне цела, пакуль яна зь мяне грэху ня здыме.

Уздыхнуў. Мне здалося нават, што сьлёзы па твары пабеглi. Я ня ведаў, што рабiць; доктар наказаў, каб князь не гаварыў шмат, а перапыняць яго не гадзiлася. Калi быў крыху запнуўся, я падумаў, што, можа, на тым i скончыць, i падаў яму шклянку зь лiманадай.

Дакрануўшыся да яе рукою, князь схамянуўся.

– Што гэта? труцiзны даеш?

– Лiманада, вяльможны княжа.

Ён лёгка павёў плячыма, здавалася, вяртаўся да памяцi.

– А, так! зьехаў на аўсяны ўзварчык i на лiманаду, на лацiнскую кухню i на валошскi скляпок, княжа ваявода, дажыўся! Гэта – бабам. Каб тое далi мне старога вiна, адразу палепшала б, але вiно самому доктару ў смак. Лiманаду толькi валохi спажываюць, а яны ж усе садамiты; адчапiся ты мне са сваёй лiманадай i кыш! пад печ.

Я паслухмяна адступiўся, i ўжо праз хвiлiну якую быў пэўны, што яго на сон забiрала. Абапершыся на руку, князь заплюшчыў вочы i спачываў, было толькi чуваць, як цяжка дыхаў. Тады толькi зноў лёгкi пошумак дайшоў да маiх вушэй, князь нiшкам гаварыў сам з сабою.

– Зноў прыйшлi! Маёй скрухi  мус вам! Вiнаваты, вiнаваты, такi мая вiна, мая вялiкая правiна, продачкi, бацечкi, пабожны бiскупе мiладайнiчку, i ты, Ежы, пурпурнiча рымскi, сьвяты войча, i ты, княжа канцлер,  i ўсе вы,  што запабеглi мяне  на  сьвеце,  m е а     c  u l p a !  Спавядаюся перад вамi...   Жыцьцё было вой якое грэшнае, але ж, пане каханку, я нарадзiўся пад слотай...  па гразi ступаць i не загразнуць – гэта хiба анёльская рэч; у мяне крылаў ня было, я граз па каленi. M e a  c u l p a !

...Я за ўсё заплацiў зь лiшкам: грашыма, крывёю, сьлязьмi, туляньнем-бадзяньнем, гаротаю, пане каханку. Пасьля Барскай досыць нагледзеўся на трагедыю, якая пачвартавала нас, i гэтага вы мне не залiчваеце? Радзiвiл пасьля  Эканамчуку мусiў кланяцца i ў руку яму цалаваць, пане каханку, i Чартарыйскiх да грудзей цiскаць мусiў!

...I штогод пасьля iшлi паразы i  ўпакорваньнi. Якраз у час асьлеп, каб ня дзiвiцца мне на чэзлыя рэшткi, пане каханку...

...Што мог, чым Бог успасобiў, тое i рабiў! У Альбе* не далi мне выкапаць мора; а цяпер высахне, i ўюны ў iм, печкуры ў iм будуць вадзiцца. З палком таксама ня ведаю, што станецца... Хто ведае, што i з самымi Радзiвiламi? Ужо тое бяда, калi пень усохне, а ад карэньня пушча пойдзе, бо тады яна заўсёды карлiкавая, пане каханку...

...Налiбоцкая пушча зь мядзьведзяў на кратоў зьвядзецца. Хто ведае, што зь Геранiмавага груда вырасьце...  Мяне Вiсьнёўская нарадзiла, а яго нейкая Таксiца... iншая кроў... Я мядзьведзяў у карэту ўпрагаў, а ён хiба што казу да воза прывяжа... найбольш хiба– асла? Унукi пешкi хадзiць гатовыя, пане каханку.

Ён заплюшчыў вочы i цiха заплакаў.

– Кардыналы, бiскупы, ваяводы, канцлеры, удзельныя княжаты, каралеўская кроў у жылах, на тронах мы сядзелi... заўтра, можа, слугавацьмем тым, што нам кланялiся i бралi ў нас мiласьцiну, а пасьлязаўтра – жменька  пылу, якую вецер разьвее i нават памяцi не застанецца.

Я дрыжаў, слухаючы, але мяне  разьбiрала грэшная цiкаўнасьць да гэтай споведзi i ламентацый, i таму не хацелася нi перабiваць яго, нi каго клiкаць.

Пасьля гэтага, быццам зьлiтаваўся зь яго i ягоных пакутаў, сон апаў яму на павекi, ён заснуў i страшна соп. Потым той храп, што ледзь не ва ўсiм доме чуваць быў, зьмянiўся сьмехам. Сьмяяўся князь у сьне так, як быў звыклы даўней, калi каму ўдавалася добрая штука, альбо сам казаў што-небудзь вельмi трапнае.

I гэты сьмех разбудзiў яго самога; але ён не апрытомнеў, гарачка увесь час, здавалася, толькi больш разгаралася.

– Гэй там угары, капэла... на слых iграйце, пане каханку... i на трубы губ не шкадаваць... Выкацiць срэбную бочку са скарбца, накрыць яе тыгровай скурай. Мне не пашкодзяць кармазынавыя гайдавэры, магу i ў iх бочку вiна, як Бахус, убухаць, гайдукi хай цягнуць у залу... альбо запражы мядзьведзяў, хай бабы патрухлеюць... Ведай, Лiтва, Радзiвiла! Хто мне стане  на дарозе, лоб таму расквашу i заплачу. Меншай сьмердзi па сто бiзуноў, бiзун па дукаце! пане каханку! Жыда, шэльму павесiць на япручынай кiшцы, а не – дык у суботу салам вышмараваць... Гуляй душа! Валадковiч, каханьне, Рэйтане, душка мая, падайце мне рукi... вось так!  Труцiмцеся... а хто ня вып'е! таго ў чатыры кii... пане каханку...

...Панятоўшчыка* прэч зьмяцём з трона, спаскуджаны пасьля яго трон вышараваць. Даць яму дзьвесьце злотых, хай пiсарыць у фальварку, бо руку мае добрую, крамзае нiчога сабе...

...У Альбе порт зладзiм, пане каханку... Туркi па сьвiнiну прыязджацьмуць, а гiшпаны па дзёгаць, якога ў самiх дома няма... Панавязуць сюды фiгаў шляхце, i лiмонаў панам сенатарам... i ражкоў дзецям... Курдэш над Курдэшамi!...

...Чаму ня грае музыка, пане каханку, струны iм палопалiся цi рукi? Сьвятло патухла... Ноч, а я босы... пане каханку... Хто жывы, ратуйся! дзе мае халявы? Што гэта? Нiчога ня бачу...

..Хай мне цяпер Тралес заслону з вачэй здыме... альбо, альбо... дам яму мястэчка i вёсачак зь дзесяць пажыцьцёва... мала? дадаць цаглiну золата i аднаго апостала... але Юду... хай ведае Радзiвiла... Як яму ня ўдасца... сьцяць галаву шахраю на рынку... пане каханку.

I тады, калi я ўжо думаў, што настаў канец гэтаму страшнаму дыялогу зь лёсам, голас ягоны зьмянiўся.

– Адыходжу без нашчадкаў! Ты таму вiною, ты... што пракляла мяне! За цябе адмучыўся цэлае жыцьцё, i памерцi спакойна не магу... А на каленях жа прасiў... не хацела дараваць, а калi я вiну ўчынiў... ня быў пры памяцi. Фэлся... сэрца маё... празь цябе гiну.

Князь эаплакаў, прачнуўся i як перапалоханы крыкнуў:

– Ёсьць там хто? гэй!

– Глiнка, вяльможны княжа.

– Што гэта? каторая гадзiна?– ажывiўся князь,– можа, я што ў сьне гаварыў? Дай вады! пiць хачу, усярэдзiне гарыць... Гадзiна? каторая гадзiна?

Было яшчэ да поўначы, але я не задумваючыся адказаў:.

– Ня чуваць, каб першыя пеўнi сьпявалi.

– А ты iм што, каманду iм даў! – сказаў князь.– Адкуль ведаеш, калi запяюць?

Ён узяў шклянку, скаштаваў лiманады, але адразу выплюнуў.

– Горкая, як жоўць, дайвэльдрэку 4 немец намяшаў, цьху!

– Княжа, даўно пра ў ложак!– сказаў я.

– Гэ? дык ты хочаш мне, як пеўням, камандаваць? Але ж дай мне сьвятога спакою з тым тваiм ложкам! Цi, можа, ты хацеў бы ўмарыць князя ваяводу за тое, што табе спаць не дае, надакучыў... А мне яшчэ пажыць ахвота, а ў ложку душыць, i пад ложкам сьмерць затаiлася, цiкуе.

I адразу мац-мац па кiшэнi, нiбы грошай шукаючы, i, нiчога не знайшоўшы, уздыхнуў.

– Гроша жывога ў Радзiвiла няма за душою, высмакталi ўсенька... а ўжо ж колькi цырографаў панападпiсваць казалi... тое толькi адзiн Бог ведае, а другi ня цалкам паўнамоцны.

I зноў сам сабе:

– Усе мае даўнiя прыяцелi i таварышы сьпяць у трунах... на другi бок перавярнулiся, мабыць, а я праз гэтую валаводку Фэлiсiю, якая зьняць зь мяне грэх не сьпяшаецца, мушу чувацца за грахi мае, аж пакуль пасьля апошняга ўздыху  ня ўдараць у мажджэры на рэзырэкцыю i на трыумф... А тады прыляцiць мой анёл, i як Товiю вочы пратрэ мне, каб я на радасьць i шчасьце глядзеў... А сёньнека лепей сьляпым быць.

Вiдаць, князеў голас, даўней такi зычны, разбудзiў i занепакоiў  тых, што спалi ў сенях i чувалi ў iншых памяшканьнях, бо цiха рыпнулi дзьверы i ўвайшоў стары Вiсьнёўскi, шляхцiц, якога князь любiў, бо той быў пры iм прыдворным зводмаладзь i перажыў зь iм усе нягоды, нядолi i бадзяньнi, кроку ад князя не адступаючы. Так i ўвайшоў, у палацяных споднях i кашулi, як падвёўся з ложка, стаў у парозе, рукi ў кiшэнях, пачаў разглядацца навокал. Князь як бы пачуў, што нехта тут яшчэ быў, падняў галаву.

– Вiсьнёўскi?– спытаў ён.

– Слуга, вашай княскай мосьцi.

– Заўсёды цябе на нюх пазнаю, конскiм потам ад вашэцi тхне,  а я яго люблю.  Чаму ж ты, старэнькi, ня сьпiш?

– Ну, я дык я, але чаму князь ваявода ня iдзе ў ложак?

– Скажу табе, Вiсьнячку, чыстую праўду, баюся я ложка, ня  хочацца мне памiраць.

– Э-э! Што пра тое думаць i талкаваць! – спакойна сказаў стары.– У князя ў самога ў сабе бадзёру болей чым досыць, будзеш здаровы, i зрок каля цудадзейнай iконы здабудзеш, i папалюем яшчэ на мядзьвядзёў.

– Тэрэ-фэрэ-куку! сера баба ў руку! Папалюем! Якi ты добры! так, так, разам са сьвятым Губертам, у тым самым гайку, дзе Абэсалом павiс!–  закрычаў ваявода.–Ты, стары, ужо толькi ў пяты цаляеш. А я ўжо i блыху не ўпалюю. Кажаш пра цудадзейную ваду цi што...  калi б тое Богу вады было трэба, каб цуд учынiць, калi б хацеў... пане каханку; але няма яго волi на тое, Радзiвiл яго даеў, плюе на яго!

У голасе чуваць была   часам гарачка i непрытомнасьць. Князь застагнаў i сказаў:

– Як табе здаецца, Вiсьнячку? што выйдзе з гэтага мальца?

– Зь якога, вяльможны княжа?

– А з Дамiнiчка? Кепскае iмя яму далi – уздыхнуў князь,– а тож бо  апроч яго ня было нiкога з Радзiвiлаў Дамiнiкам, бо ўсе  на поўную губу былi d o m i n i.  Ужо той лiхi о m e n, бо на iм  i род змалее, як i iмя.

I зноў як бы сам  сабе:

– Галовы iм  завернуцца-закруцяцца; працьвiртуюць дашчэнту Радзiвiлаўшчызну, разьлезецца ўсё, распарушыцца, шчэзьне. Пад канец пойдуць мiласьцiну жабраваць, зь гербам на торбах... Добра, што тыя ў трунах, тыя Крыстофы, Станiславы, Мiкалаi, Альбрэхты, Юр'i. Вочы мае i ў пазамагiльлi бачаць, хоць i сьляпыя... Чорна там будзе, чорна... У Нясьвiжы совы й кугiкалы канцэрты вераб'ям спраўляюць. Запусты скончылiся, папялец i пост, сьледзь у прускiм мундзiры едзе.

Тым часам, пачуўшы размову, надышоў i  ваяводаў сястранец, палкоўнiк Мараўскi.

– Можа, Фiнке што на сон парадзiў бы? – спытаў ён.

– А так,– азваўся князь,– на сон, асаблiва на вечны, у iх на тое дасканалыя рэцэпты. Гэта няцяжка. Але мне яшчэ ў Белай ёсьць што рабiць; пачакайце, чаго вам так зарупела?

Ня было спосабу; абступiлi хворага, але анi да ложка, анi да сну яго змусiць нельга было. Ужо ён нават пачаў  сам на весялосьць узьбiвацца, каб неяк раззброiць нашу настырнасьць. Шкада нам было яго, аж нарэшце Фiнке, якi таксама надышоў тым часам, не сказаў, каб не дражнiлi яго i даверылiся ягонай волi; так i зрабiлi. Праз хвiлiну Мараўскi, пацалаваўшы яму ў руку i дабранач аддаўшы, пайшоў; разышлiся i астатнiя; Вiсьнёўскi сеў са мною каля печы, i мы задрамалi дуэтам. Князь у крэсьле таксама моцна заснуў, час ад часу ў сьне прамаўляючы кавалкамi лацiнскую ларэтанскую лiтанiю.

Пад канец мы ўсе пазасыналi, як байбакi, i ўжо толькi калi добра развiднела, толькi тады заспанага ваяводу пад рукi занесьлi на ложак, i як упаў, так да дзясятай  i не прачынаўся.

З ранiцы дзень выдаўся хлябiсты, мы нiбыта мелiся ехаць у Белую, але i запозна было ўжо, i дождж перцаваў такi, што нiхто ахвоты ня меў, каб яму за каўнер лiлося. Мне з галавы ня выходзiла тая нейкая Фэлiсiя, пра якую князь некалькi разоў успамiнаў разам зь праклёнам i прабачэньнем.

Хоць я ўжо з пазьнейшых гадоў дасканала ведаў усе нясьвiжскiя падзеi, але дадумваўся, што тое нешта  мусiла быць яшчэ з гуляшчых часоў пана мечнiка, калi мяне там ня было. I я рашыў сабе, скарыстаўшыся слотным днём, узяць на распыткi старога Вiсьнёўскага. А ён, я быў упэўнены, павiнен быў ведаць усё. Ужо  адно тое мяне падсьцёбвала, што не дазвалялася гаварыць нi пра якую Фэлiсiю, а тым часам сам князь пра яе ўвесь час  успамiнаў, як бы меў яе на сваiм сумленьнi, як бы праз столькi зышлых гадоў ня мог пазбыцца нейкага цяжару.

– Дабрадзею мой пане  лоўчы,– учапiўся я за старога,– хто такая тая Фэлiсiя, пра якую князь ноччу ў сьне спамiнаў?..

Вiсьнёўскi паглядзеў на мяне з увагай, пацiснуў плячыма, пачухаў чупрыну, пакiваў галавой i, ня кажучы нi слова, адышоў, нiбыта толькi зьдзiвiўся, што я задаў яму такое пытаньне.

Гэта, прызнаюся, толькi дадало яшчэ большай цiкаўнасьцi.

Таму я перадпалуднем, атаварыўшыся ў пана карчмара, даўшы яму дуката за некалькi  пляшак выстаялага вiна, сказаў хлопцу падрыхтаваць памяшканьне, асобнае, праўда, халоднае. Але, пазатыкаўшы вокны, можна было трываць; i мы засталiся там адныя. Хлопец знайшоў што трэба было, каб зрабiць памяшканьне бытавым, паставiў стол зь нейкiх дзьвярэй i лавачкi; пастараўся пра ўсё, бо быў жвавы i растаропны як нiколi. Праўда, пазьней ён блага абышоўся з тым сваiм завялiкiм на свой стан розумам, бо, забраўшы ў мяне частку гардэробу, пару пiсталетаў i каля ста талераў, драпнуў у Прусы, а там яго застрыглi ў войска, i ён мусiў насiць карабiн дзеля прускага караля.

Хлопец загадзя дамовiўся з кухарамi, каб было нам чым закусiць.

Вiсьнёўскi спачатку маўчаў, балбаталi пра  звычайныя рэчы, я чакаў, каб стары разагрэўся, разышоўся, i, убачыўшы яго ў добрым настроi, я пачаў:

– Вы ведаеце мяне за вернага слугу Радзiвiлаў, i што пану лiтасьцiваму i дому ягонаму я ня здраджу; каб жа тое яшчэ вы маю цiкаўнасьць хацелi задаволiць,– а i што гэта за такая за Фэлiсiя,  якую князь згадваў, а я пра яе нiчога ня ведаю?

– А навошта табе ведаць?– спытаў Вiсьнёўскi,– навошта? цiкаўнасьць – гэта першая прыступка ў пекла.

Я кажу яму:

– Пане лоўчы, калi гэта i праўда ж прыступка ў пекла, дык я ўжо на ёй даўно стаю. Такiм ужо мяне мацi на сьвет прывяла, што заўсёды носа ўтачу, цi тое яно трэба дзе, а цi не.

Вiсьнёўскi засьмяяўся, узяў кiлiшак, выпiў, а я яму хуценька падлiў яшчэ, i ён завёў сваё:

– Бачыш, ёсьць такiя справы на сьвеце, ба! i ў Радзiвiлаў, пра якiя лепей ня ведаць, а хто пра iх ведае, хай забудзе. Навошта табе? шмат чаго ў памяцi цяжарам ляжыць, бадай так, як на сумленьнi!

– Пане мой лоўчы,– сказаў я,–  а i сорам было б табе  ня ведаць гiсторыi нават свайго каханага пана. Часам гэта i на тое прыдасца, каб адбаранiць яго ад людзей.

– Вядома ж! – адказаў Вiсьнёўскi,– я вашэцi ведаў яго яшчэ калi маладое пiва толькi забрадзiла; мы! – мы памятаем iншыя часiны. Лепей бы мы пра тое не гаварылi, бо i доўгая гэта гiсторыя i журботная;  у двух словах расказаць яе, дык яшчэ чарнейшай здалася б, а калi так, як трэба, усё па-парадку, дык i  да вечара ледзьве скончым.

– А, нуж сэхіба! – сказаў я,- альбо  нам ёсьцека нечым лепшым заняцца? Дзяжурыць каля князя сёньня iншым чарга прыйшла, нам i тут нязгорш, i дзьве бутэлькi яшчэ маю старога, сорам было б не паласавацца.

Я так да яго прыставаў, што ўжо пад канец той i супрацiўляцца  ня мог; а што расказваў мне, я запiсаў адразу, каб пазьней ня было нарокаў на памяць.

За часу, калi князь, яшчэ малады, быў лiтоўскiм мечнiкам, двор у Нясьвiжы i жыцьцё ў iм ня былi падобныя на тое, якiмi яго вашэцi бачыце сёньня. Кроў князевая так i закiпела, ва ўсiм сьвеце было яму цесна, а што вакол яго тлумiлася моладзь, у якой таксама грала буйнае жыцьцё, тварылiся ў нас часамi  рэчы, якiя сёньня цяжка ўспамiнаць.

У навакольлі Нясьвiжа ўсё дрыжала перад намi, а калi князь з прыяцелямi i дружынай спыняўся, едучы на паляваньне альбо ў iншыя маёнткi праз шляхецкую вёску, усё жывое ўцякала ад яго, бо пад гарачую руку, у першым iмпэце ён мог даказаць, што ўпоперак яму лепш не станавiся.

Бывалi ў нас i такiя запусты, калi мы ня мелi часу адрозьнiць дзень ад ночы,  не адзiн з нас нават жыцьцём прыплацiў.

Тут Вiсьнёўскi перахрысьцiўся, уздыхнуў i, пабожна ўдарыўшы сябе даланёй па грудзях, кульнуў кiлiшак.

– Таго  я i на валовай скуры не запiсаў бы, якiя ў нас былi ўцехi i колькi там набiралася грахоў на велiкодную споведзь. Князя, калi ўжо ён адзiн раз папускаў сабе цуглi, ужо нiшто яго стрымаць не магло, а калi хто спрабаваў прытармазiць,– сам жа i папiхаў яго, бо дзеля пункцiка гонару гатовы быў на ўсё. Аднаго разу, як цяпер памятаю, мы вяртаемся з паляваньня, усе падхмеленыя, скажу праўду – п'яныя, сьпяваючы: "Сядзiць сабе заяц на ўзьмежку"...

 

Верце ня верце, было ўсё так, як раскажу. Ехалi мы на брычках, бо верхавыя конi стамiлiся; у кожнай брычцы запрэжана было па чатыры пары. I вось першая, у якой  сядзеў князь з Валадковiчам, стала. Было тое над Нёманам. Паром па той бок ракi, а перавозьнiк, прылёгшы недзе ў кустах, заснуў. Давай гукаць, давай страляць. Ага, дагукайся, дастраляйся! Цi п'яны быў, цi аглух,– парома як ня было, так i ня было.

 Князь пачынае ятрыццаа. I тут раптам як ня крыкне  фурману, як ня ўлепiць яму ў карак:

– Сьцягвай лейцы i плавам!

Той з хвiлiну думае, а князь зноў:

– Плавам! Чуеш!..

Бераг быў досыць высокi, рака шырокая, глыбiня бяздонная, але калi князь загадаў, дзе ж ты адступiшся, павiнна быць так, як павiнна быць. Ня доўга думаючы, фурман перахрысьцiўся, нацягнуў лейцы, коням – пугi i ў ваду. Абабiтая скурай брычка ўсплыла, конi таксама,  яны былi вельмi дужыя, рвалi жах як, дык прысталi  да берага шчасьлiва. Другая брычка таксама перабралася, трэцяя перавярнулася, на шчасьце ў ёй усе плаваць умелi i, хоць коней вадой зьнесла, людзi ўратавалiся. Рэшта на беразе  дачакалася парома, але перш чым яго па iх паслалi, перавозчыкi дасталi па пяцьдзясят бiзуноў, ледзь толькi раскатурхалiся з гарэлачнага сну.

Каторыя даказалi сябе ў такой штуцы, ад такога аздараўленчага заплыву i страху аж працьверазелi, нiбыта на той бераг пера­бралiся як бы ўжо й нашча.

Iншым разам, вяртаючыся з паляваньня, на маiх вачах п'яны Салачынскi зьвесiў з вазка галаву, з кола сарваўся абруч i зьнёс яму чэрап, Салачынскi – о, Езус! –  анi  пiкнуў. Так i прывезьлi яго да ганка са зьвiслаю галавою, але ў ёй ужо i мазгоў ня было.

Жыў за тым часам на Случчыне адзiн шляхцiц, немаетны, але роду старога, павагi вялiкай, Вайжбунам яго звалi, а iмя Мiкалай, а ў тытуле – войскi. Меў адну вёсачку, называлася яна Чырвоная Рабка ў адрозьненьне ад Рабкi Чорнай, якую спадкавалi Сулiстоўскiя. Павядалi людзi пра тых Вайжбунаў, што род iхнi калiсьцi, мусiбыць, быў дужа заможны, што валодалi яны цi не паўтара дзясяткам вёсак, але не павялося iм, i спаўзьлi яны на тую адну Рабку.

Войскi жанаты быў на Стшамiнскай, незаможнай шляхцянцы, а заўчасна страцiўшы яе, ажанiўся другi раз з таксама немаетнай паннай Ласкай.

I тая другая жонка таксама заўчасна памерла, пакiнуўшы яму  дачушку. Гадавалася яна пры бацьку, стары Вайжбун ледзь не на руках яе сам выкалыхаў, вымамчыў. I выйшаў зь дзiцяцi шчыры цуд хараства i прыгажосьцi, але ад Вайжбунаў i Ласкiх прыбрала яна гордасьцi i пыхi, сьмелая была, фанабэрыстая,– не падступiццаа, нешта амазонскае i рыцарскае насiла ў сабе.

Людзi пра яе павядалi неверагоднасьцi ўсякiя, пра розум яе, прыгажосьць, адвагу i зухваласьць.

Няма што на той час была яна яшчэ зусiм маладзюсенькая, а казалi, што ўжо запiтая-засватаная, i ў нарачоных хадзiў нейкi Томак Дулемба, бацька якога спадкаваў непадалёк неблагiя добры. Расказвалi, як яны двое кахалiся, зь якiм нясьцерпам чакалi, калi бацькi дазволяць  шлюб. Стары Дулемба загадаў яму адслужыць у кавалерыi i купiў сыну падхаружаства, даў почат абслугi, каб хлопец ня цураўся рыцарскiх ухватак i  паацiраўся сярод прыстойных людзей. Нямала тое ацiраньне каштавала, але ж i дабру навучала ды i стасункi завязвалiся не абы-якiя, бо i ў кавалерыi ня служыў абы-хто. Дулемба, стоячы з палком непадалёк, часта, калi заядала сумота, сядзе, бывала, крадком на каня i чвалуе напралёт пяць вёрстаў, каб хоць здалёк убачыць тварык мiлай ненагляды, пакланiццаа ёй – i зноў назад у лагер.

Зайздросьцiлi гэтаму хлопцаваму шчасьцю, хоць ён i варты яго быў, бо i  гожы, i ладны, i ўвiшны, на ўсё здатны i сэрцам шчыры, i што да выпiтай, тое да выбiтай,– любiлi яго ўсюды. Паненка таксама, змалку прывыкшы да яго, бо тое ж разам у суседстве i гадавалiся, бяз памяцi кахала яго. А вось старыя абодва лiчылi, што са шлюбам  яшчэ не да сьпеху, яшчэ хай падрастуць i сiлы на жыццаё набяруццаа. Дулемба больш з усяго баяўся, каб сын лiшне рана не здамашнiўся, а, значыццаа, калi ажэнiццаа з каханай, ужо за парог ня ступiць ад свайго шчасьця i гнязда.

Па навакольлi слава пра панну Фэлiсiю насiлася шырока i далёка, казалi, што другое такое адмысловае прыгажосьцi iдзi па ўсёй Кароне i Лiтве пашукай, а ня знойдзеш. Балабонiлi  пра яе часта i пры нясьвiжскiм двары, неразумна забiваючы князю вушы ўсялякай лухтою. Бясконца плявузгаў Валадковiч, бажыўся-хрысьцiўся, што прыгажэйшай не, ня бачыў, падбухторвалi iншыя, аж цiкавасьць князя мечнiка лiтоўскага распалiлi веры не дасi як. А разьятрылi яго яшчэ i тым, што намякалi i на шчасьлiвага Дулембу i на старога Вайжбуна, што нелагодлiвы быў, што непрыступны быў i што ў дом свой неахвотна пускае.

Памятаецца, ужо мне ўсё тое не падабалася, калi аднаго разу падчас вечаровай п'янкi, узялi на зуб Вайжбунуўну, i доўга языкамi перакладалi, што такi княжацкi кавалачак, а дастанецца простаму шляхцючку, i вось якраз тады мечнiк наш i зацяўся, i крыкнуў:

– Памаўчаў бы, пане каханку, яны ж яшчэ й не пашлюбiлiся, а хоць бы i так было, дак калi б захацеў...

Валадковiч засьмяяўся.

– Не на ўсякiя хошчы можна...

– Маўчы! –грозна тупнуў князь,– я такога, пане каханку, ня ведаю... чаго нельга.

На тым усё i скончылася, але памяць у князя была добрая, а людзi таксама ж, неабачлiвыя такiя, увесь час напамiналi.

Надышла восень, было тое недзе перад Найсьвяцейшай Паннай Зяленяй, аднаго вечара таксама пiў жахлiва, шляхты рознай было як гразi. Мечнiк  вузкiм колам са сваiмi выбранымi засеў у кабiнеце.

I зноў таго вечара завёўся пан Валадковiч апiсваць цноты Вайжбунуўны, i каб жа наўмысна  распаляў цiкавасьць князя, iнакш бы век не пачынаўся. Расьпiсваў усё дэталёва, бо нядаўна яе дзесьцi якраз бачыў: а якая ручка, я якая ножка, а якiя косы чорныя, а якое лiчко белае... а як глядзiць, а голас якi салодкi, а розум якi чысты, а адвага рыцарская...

– Але ж бо вы яе, пане каханку, перахвальваеце,– сказаў князь.

– Анi на калiўца! Калi б пан князь пабачыў яе хоць адным вокам, сказаў бы тое, што i мы... калi ня болей...  Мы ж бо ўсе згодныя, што другое такое няма.  Бяда толькi, што не спаткацца зь ёю, нават пабачыць яе цяжка; з дому выбiраецца рэдка, толькi ў касьцёл...

Князь спытаў:

– А дзе парафiя?

Валадковiч назваў касьцёл, пачалi спрачацца, аж нехта падахвочаны ўкiнуў слова:

– Ды адчапiцеся; хоць i Радзiвiл, але i яму не падгледзець.

Мечнiк падхапiўся з крэсла, вочы агнём, павярнуўся да таго i крыкнуў:

– Хто гэта, панове, сказаў, пане каханку?

(...)

(Тэкст цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)

Літаратура.org — https://litaratura.org/starazhytnya?artid=106 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане каханку)

Юзаф Iгнацы Крашэўскі — Польская — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Старажытня