Літаратура.org » Уільям Шэксьпір » Уільям Шэкспір, Гамлет, прынц Дацкі — акт трэці

Гамлет, прынц Дацкі — акт трэці

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

АКТ ТРЭЦІ

 

Сцэна першая

 

Пакой у замку.

 

Уваходзяць кароль, каралева, Палоній, Афелія, Разенкранц і Гільдэнстэрн.

 

КАРОЛЬ

I вы ніяк не можаце дазнацца,

Што значыць гэты бунт, што затрымала

Так раптам плынь яго спакойных дзён

I ўкінула яго у вір шаленства?

РАЗЕНКРАНЦ

Ён прызнаецца, што яму нядобра;

Але, чаму нядобра, не гаворыць.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

I нельга выведаць; як толькі мы

Яго на шлях прызнання накіруем,

Ён ухіляецца з вар'яцкім спрытам

У іншы бок.

КАРАЛЕВА

А як ён вас прыняў?

РАЗЕНКРАНЦ

Зусім прыстойна.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Але занадта стрымліваў сябе.

РАЗЕНКРАНЦ

Пытаўся мала: больш адказваў сам,

I вельмі востра.

КАРАЛЕВА

А вы не прабавалі намякнуць

Яму на гульні?

РАЗЕНКРАНЦ

Вашая вялікасць,

Дарогай нам сустрэліся акцёры,

Аб гэтым мы паведамілі прынцу;

I ён адразу нейк павесялеў.

Яны ўжо тут, і ён ім загадаў

Увечары паставіць п'есу.

ПАЛОНІЙ

Так.

I праз мяне ён запрашае вас

З'явіцца на спектакль.

КАРОЛЬ

Прыемна чуць;

Згаджаюся і вельмі задаволен

Падобным намярэннем.

Панове, я прашу вас, і далей

Уцягвайце яго ў свае забавы.

РАЗЕНКРАНЦ

О, мы з ахвотай, вашая вялікасць.

 

Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.

 

КАРОЛЬ

Пакінь і ты нас, любая Гертруда;

Мы толькі што па Гамлета паслалі;

Каб мог ён тут, нібыта ненарокам,

Знайсці Афелію.

Мы з бацькам, як законныя шпіёны,

Пастанем так, каб, бачачы нябачна,

Абмеркаваць спакойна іх спатканне

I вырашыць паводле слоў і рухаў,

Ці то каханне кроіць сэрца прынцу,

Ці мо што іншае.

КАРАЛЕВА

Дык я пайду.

Афелія, жадаю ад душы,

Каб Гамлета рабіла непрытомным

Адна твая прыгожасць; спадзяюся,

Што чыстата твая ўзвядзе яго

Ізноў на шлях звычайны і праславіць

Вас абаіх.

АФЕЛІЯ

Ах, як бы я хацела!

 

Каралева выходзіць,-

 

ПАЛОНІЙ

Афелія, гуляй тут! Найяснейшы,

Схаваемся! (Афеліі.) Чытай, глядзі у кнігу:

Чытанне аздабляе нам самоту.

Нас варта папракнуць за гэты грэх,—

Усім вядома, што набожным тварам

I справамі святымі мы умеем

Падсаладзіць і чорта.

КАРОЛЬ

(убок)

Гэта праўда.

Сумленне мне, як бізуном пагладзіў.

Шчака блудніцы пад карой румянаў,

Напэўна, менш агідны выгляд мае,

Як мой учынак, скрашаны гаворкай.

Ох, цяжка мне!

ПАЛОНІЙ

Ідзе, я чую. Пойдзем, найяснейшы.

 

Кароль і Палоній выходзяць.

Уваходзіць Гамлет.

 

ГАМЛЕТ

Пытанне: быць альбо не быць? Што лепей,

Што разумней: альбо цярпець удары,

Каменні, стрэлы яраснага лёсу,

Альбо узброіцца на мора крыўд

I знішчыць іх змаганнем. Смерць і сон —

Адно і тое ж; і сказаць, што сном

Канчаюцца туга, і боль, і крыўды,

I тысячы пакут, што чалавеку

Дала прырода ў дар,— такі канец

Сустрэў бы з радасцю. Смерць — сон, заснуць,

Заснуць і марыць. Так. Але пытанне:

Якія мары поўняць сон смяротны,

Калі пакінеш гэты шумны свет? —

Вось што трымае нас, вось дзе прычына

Таго, што гора гэтак даўгавечна.

Бо хто цярпеў бы злыя здзекі часу,

Прымус тыранаў і знявагу гордых,

Самотны стогн разбітага кахання,

Марудны суд, чыноўнікаў нахабнасць,

Пляўкі на галаву заслузе скромнай,

Каб мог нас вызваліць ад усяго

Удар кінжалам? Хто б валок ярмо,

Пацеў бы, ныючы ў нудзе жыццёвай?

Але мы ўсё ж баімся паміраць;

Таемны край, адкуль няма звароту,

Пужае нас, і воля наша слабне,

I мірымся мы з нашаю нядоляй:

Хто ведае, што нас чакае там?

Задумаешся так — і страх агорне.

I павядае яркі квет адвагі

Пад бледнай хваткай непазбыўных дум,

I пачынанні буйнага размаху

Без рэчышча сплываюць у нябыт,

Няспраўджанымі застаюцца. Ціха!

Афелія?.. О німфа, памяні

Мае грахі ў тваіх малітвах.

АФЕЛІЯ

Прынц,

Хацела запытаць вас аб здароўі.

ГАМЛЕТ

Я вельмі дзякую.

АФЕЛІЯ

Прынц, у мяне ёсць памяткі ад вас,

Я ўсё збіралася іх вам вярнуць,

Дык вось, вазьміце, я прашу вас.

ГАМЛЕТ

Не.

Я вам нічога не даваў.

АФЕЛІЯ

Мой прынц, вы мне давалі і з дарамі

Паднеслі мілае суквецце слоў,

Няма ў іх арамату больш, вазьміце.

Прыстойная дзяўчына не жадае

Дары мець ад таго, хто не кахае.

Вазьміце, прынц.

ГАМЛЕТ

Ха, ха! Ты нявінная?

АФЕЛІЯ Прынц?

ГАМЛЕТ

Ты прыгожая?

АФЕЛІЯ

Ваша высокасць, што вы маеце на ўвазе?

ГАМЛЕТ

А вось што: калі ты нявінная і прыгожая, то не задавайся сваім хараством.

АФЕЛІЯ

Прынц, хіба ж хараство перашкаджае нявіннасьці?

ГАМЛЕТ

О не. Пакуль сіла нявіннасці ачысціць хараство, улада хараства змяшае нявіннасць з гразёю. Раней гэта быў парадокс, а цяпер гэта пацвярджаецца практыкай. Я цябе кахаў калісьці.

АФЕЛІЯ

I я гэтаму верыла, прынц.

ГАМЛЕТ

А не трэба было верыць. Як ты ні прышчапляй нявіннасць на наш стары ствол, усё роўна парахня будзе сыпацца. Я цябе не кахаў.

АФЕЛІЯ

Падманулі мяне, ашукалі.

ГАМЛЕТ

Ідзі ў манастыр. Нашто табе пладзіць грэшнікаў. Я яшчэ трошкі сумленны, аднак я мог бы абвінаваціць сябе ў такіх рэчах, што лепш бы мая маці мяне ня раджала. Я люблю славу, я помслівы, горды, да маіх паслуг столькі грахоў, што не хапіла б розуму, каб іх абдумаць, фантазіі, каб іх уявіць, і часу, каб іх зрабіць. Нашто такім слімакам, як я, поўзаць паміж небам і зямлёю. Мы ўсе шэльмы, усе! Не вер нікому з нас! Ідзі лепш у манастыр. Дзе твой бацька?

АФЕЛІЯ

Дома, прынц.

ГАМЛЕТ

Замкні за ім дзверы, хай ён сядзіць дома і строіць дурня толькі там, толькі там. Бывай!

АФЕЛІЯ

Ратуйце яго, сілы нябесныя!

ГАМЛЕТ

Калі ты выйдзеш замуж, вазьмі сабе ў пасаг мой праклён: будзь чыстая, як лёд, белая, як снег,— усё роўна абгавораць. Ідзі ў манастыр. Бывай. Ну, а калі ты вельмі хочаш замуж, бяры дурня, бо разумныя ведаюць добра, якіх пачвар вы з іх робіце. У манастыр ідзі, хутчэй. Бывай.

АФЕЛІЯ

Памажыце яму, сілы нябесныя!

ГАМЛЕТ

Чуў я і пра ваша маляванне, чуў; прырода дае вам адзін твар, а вы робіце сабе другі; вы скачаце, вы спяваеце, вы шчабечаце, вы дражніце божыя стварэнні і сваю разбэшчанасць прыкрываеце няведаннем. Хопіць, з мяне даволі! Гэта давяло мяне да вар'яцтва. Я кажу, у нас не будзе болей шлюбаў; тыя, хто пажаніліся, хай жывуць, за выключэннем аднаго; рэшта застанецца так, як ёсць. У манастыр ідзі.

(Гамлет выходзіць.)

 

АФЕЛІЯ

Які выдатны розум заняпаў!

Язык вучонага, вяльможы вока,

Меч воіна, акраса і надзея

Усёй дзяржавы, люстра далікацтва,

Узор узорным,— згінула усё.

А я адна, усіх жанчын няшчасней,

Пакаштаваўшы мёду абяцанняў,

Цяпер гляджу, як гэты волат мыслі,

Нібы зламаны звон, скрыгіча страшна.

О квет юнацтва, светач маладосці,

Чаму адцвіў так рана? Гора мне!

Якім ты быў, такім не будзеш, не.

 

Вяртаюцца кароль і Палоній.

 

КАРОЛЬ

Тут не каханне,— іншая хвароба;

Хоць тое, што казаў ён, і туманна,

Аднак ён не вар'ят. Яго туга

Наседжвае штось іншае; баюся,

Каб гэты плод, з'явіўшыся на свет,

Нам не пашкодзіў. А таму хутчэй,

У мэтах папярэджання, рашаю:

Ён безадкладна ў Англію паедзе

Збіраць нам недаданую даніну;

Магчыма, мора, незнаёмы край

I змена ўражанняў прагоняць тое,

Што ўлезла ў сэрца, ўстурбавала мозг

I парушае функцыі персоны

Майго пляменніка. Што скажаш нам?

ПАЛОНІЙ

Так будзе добра. Але ўсё ж, па-мойму,

Вытокам і пачаткам смутку прынца

З'яўляецца няўдача у каханні.—

Афелія, не трэба пераказваць,

Мы чулі ўсё.— Як наш кароль жадае,

Хай так і будзе. Тым не менш прасіў бы,

Каб пасля п'есы каралева-маці

Прыватна распытала пана прынца

Наконт сардэчных спраў. Хай будзе строгай.

Калі ж даведацца ёй не удасца,

Тады адпраўце ў Англію яго

Альбо яшчэ куды.

КАРОЛЬ

Так, так, не жарты;

Шаленства прынца патрабуе варты.

 

Выходзяць.

 

 

Сцэна другая

 

Пакой у замку.

 

Уваходзяць Гамлет і акцёры.

 

ГАМЛЕТ

Вымаўляй маналог, калі ласка, так, як я табе паказваў: лёгка і жвава, а калі ты будзеш драць горла, як гэта робяць многія нашы акцёры, тады я мог бы даручыць чытаць мае вершы гарадскому клікуну. Не пілуй паветра рукамі, так; рабі ўсё далікатна. У патоках, у буры і, так сказаць, у завіхрэнні свайго запалу, ты павінен заўсёды трымацца меры, якая згладзіць яго рэзкасць. Я цярпець не магу, калі які-небудзь здаравенны доўгавалосы дзяцюк ірве пачуцці на кавалкі, на шматкі, і гвалціць вушы партэра, які, у большасці выпадкаў, нічога не разумее, апроч невыразных нямых сцэн і калатні. Я б ахвотна высек такога дзецюка. Ён табе выйдзе такім ліхадзеем, якім і Тэрмагант не быў, ён табе Ірада пераірадзіць. Калі ласка, каб гэтага не было.

ПЕРШЫ АКЦЁР

Даю гарантыю вашай высокасці.

ГАМЛЕТ

Не будзь таксама і занадта вялым; хай тваім настаўнікам будзе твая крытычная думка. Дапасоўвай дзею да слова, слова да дзеі; а галоўнае, старайся не выходзіць за межы прыроднай прастаты. Бо ўсё, што гэтак перабольшана, не адпавядае сутнасці ігры, канчатковая мэта якой, раней і цяпер, была і ёсць — трымаць як бы люстра перад прыродай; паказваць дабраце яе рысы, пагардзе яе вобраз і, у адпаведнасці з часам, кожнаму стану і ўзросту — яго форму і адбітак. Калі ж перабольшыць альбо не дацягнуць, то хоць невук і пасмяецца, але знаўцу будзе сумна, а вы павінны згадзіцца, што ацэнка знаўцы пераважае думку цэлага тэатра іншых. О, ёсць акцёры, і я бачыў іх ігру і чуў, як іх хвалілі, нават вельмі хвалілі, якія, каб не ска-заць груба, не мелі ні голасу, ні фігуры, ні наогул людскага аблічча; крыўляліся і завывалі так, што я думаў: ёсць жа на свеце такія падзёншчыкі прыроды, якія бяруцца ляпіць людзей і псуюць іх — так бяздарна яны паказвалі чалавека.

ПЕРШЫ АКЦЁР

Спадзяюся, што мы гэтага ў асноўным пазбавіліся.

ГАМЛЕТ

Знішчайце, каб і знаку не было. I хай тыя, што іграюць у вас блазнаў, не гавораць больш, чым для іх напісана. Бываюць сярод іх такія, што смяюцца самі, каб насмяшыць пустых гледачоў, хаця ў гэтую хвіліну ўвага павінна быць сканцэнтравана на якім-небудзь важным моманце п'есы. Гэта брыдка і паказвае нікчэмнае зазнайства таго блазна, які так робіць. Ідзіце падрыхтуйцеся.

 

А к ц ё р ы выходзяць.

Уваходзяць П а ло ні й, Р аз енкранц і Г і льд эн с т э рн.

 

Скажыце, будзе кароль слухаць гэту п'есу?

ПАЛОНІЙ

I сам будзе, і каралева, і каб зараз жа.

ГАМЛЕТ

Загадай акцёрам, каб не бавіліся.

 

П а л о н і й выходзіць.

 

А вы што? Ідзіце падганяйце.

РАЗЕНКРАНЦ I ГІЛЬДЭНСТЭРН

Ахвотна, прынц.

 

Разенкранц і Гільдэнстэрн выходзяць.

 

ГАМЛЕТ

Гэй, Гарацыо!

 

Уваходзіць Гарацыо.

 

ГАРАЦЫО

Я каля вас, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Гарацыо, ты — слаўны чалавек,

Сярод усіх — адзіны друг сапраўдны.

ГАРАЦЫО

О прынц...

ГАМЛЕТ

Не думай, што я льшчу табе.

Якая мне карысць? Ты не багаты.

Твая апора — твой здаровы дух,

Не золата. Нашто льсціць бедняку?

Няхай язык цукровы ліжа пышнасць

I кленчыць прагавіты падхалім

Там, дзе ён бачыць свой інтэрас. Чуеш?

3 тае пары, як навучыўся я

Адрозніваць людзей і стаў свабодным,

Цябе абраў я другам для душы.

Ты церпіш гора, не падаўшы віду,

3 аднолькавай падзякаю прымаеш

I гнеў і ласку лёсу. Лепшы дар —

Мець розум і пачуцці у адзінстве,

Не быць за пасвісцёла у Фартуны

I не іграць чужых мелодый. Дружа,

Знайдзі мне, дай такога чалавека,

Які б не быў рабом сваіх пачуццяў,

I я да сэрца прытулю яго,

I я яго укрыю ў сэрцы сэрца

3 табою побач. Кінем гэта. Зараз

Для караля акцёры ставяць п'есу.

Ты ведаеш, як паміраў мой бацька,—

Яны пакажуць гэту смерць на сцэне.

Прашу цябе, калі пачнуць спектакль,

Сачы за дзядзькам як мага уважней.

Калі яго таемная віна

Не выявіцца пры адной прамове,

То, значыць, нам з'яўляўся дух пракляты

I уяўленне чорнае маё,

Як лёх Вулкана. Прыглядайся добра.

Я ў твар яго ўвап'юся вострым вокам,

Пасля мы параўнаем нашы думкі

I зробім пэўны вывад.

ГАРАЦЫО

Добра, прынц.

Калі абкрадзе ён маю увагу

I уцячэ, адказваю за кражу.

ГАМЛЕТ

Яны ідуць. Мне трэба быць вар'ятам.

Займі жа месца.

 

Дацкі марш. Трубы. Уваходзяць кароль,

каралева, Палоній, Афелія, Разенкранц,

Гільдэнстэрн ды іншыя.

 

КАРОЛЬ

Як маешся, пляменнік Гамлет?

ГАМЛЕТ

Дасканала. Харчуюся, як хамелеон. Ем паветра, заскваранае абяцанкамі. Як каплун у мяшку, нават лепей.

КАРОЛЬ

Я цябе не разумею, Гамлет. Твае словы не дайшлі да мяне.

ГАМЛЕТ

А з мяне яны выйшлі. (Палонію.) Пане, вы гаварылі, што вы калісьці ігралі ва універсітэце?

ПАЛОНІЙ

Так, так, мой прынц, і лічыўся добрым акцёрам.

ГАМЛЕТ

На якія ролі?

ПАЛОНІЙ

Я іграў Юлія Цэзара, я быў забіты на Капітоліі, мяне забіў Брут.

ГАМЛЕТ

Якая брутальнасць! I нашто ты, Брут, забіў такое вялізнае цяля! — Акцёры гатовы?

РАЗЕНКРАНЦ

Гатовы, прынц. Загадаеце пачаць?

КАРАЛЕВА

Гамлет, ідзі сюды, мой дарагі; сядзь каля мяне.

ГАМЛЕТ

Не, мамачка, тут ёсць магніт мацнейшы.

ПАЛОНІЙ

(каралю)

Ага! Вы чуеце?

ГАМЛЕТ

Панна, дазвольце мне прылегчы да вас на калені?

 

Кладзецца каля ног Афеліі.

 

АФЕЛІЯ

Не, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Я хачу сказаць, дазвольце палажыць галаву да вас на калені.

АФЕЛІЯ

Але, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Вы думаеце, я недалікатны?

АФЕЛІЯ

Я нічога не думаю, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Якая далікатная думка — ляжаць між ног у дзяўчыны.

АФЕЛІЯ

Што, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Нічога.

АФЕЛІЯ

Вам весела, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Каму, мне?

АФЕЛІЯ

Вам, мой прынц.

ГАМЛЕТ

О, я толькі ваш падпявала. Чалавек любіць весяліцца. Паглядзіце, у якім добрым настроі мая маці, а яшчэ не прайшло і дзвюх гадзін, як памёр мой бацька.

АФЕЛІЯ

Ах, не; ужо два месяцы, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Так даўно. У такім выпадку, хай чорт носіць чорнае, а я начаплю сабаліную мантыю. О неба, цэлых два месяцы, як памёр, і яшчэ не забыты! Тады ёсць надзея, што памяць аб вялікіх людзях перажыве іх на паўгода. Але трэба будаваць цэрквы, каб штодзённа паміналі, а то забудуць, як таго каляднага каня; каляды прэч — коніка з плеч.

 

Трубныя гукі. Нямы паказ.

Уваходзяць кароль і каралева, пяшчотна абдымаючыся. Яна становіцца на калені і горача завярае яго. Ён яе падымае і туліцца галавой да яе пляча. Кладзецца на лаву з кветак. Яна, бачачы, што ён заснуў, пакідае яго. Тады з'яўляецца чалавек, здымае з яго карону, цалуе яе, налівае атруты ў вушы каралю і выходзіць. Каралева вяртаецца, знаходзіць караля мёртвым і разыгрывае адчай. Труціцель і некалькі статыстаў з'яўляюцца і робяць выгляд, што лямантуюць разам з ёю. Нябожчыка выносяць. Труціцель прапануе каралеве падарункі; спачатку яна нібыта не задаволена, не згаджаецца, але, нарэшце, прымае яго любоў.

Выходзяць.

 

АФЕЛІЯ

Як гэта разумець, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Вельмі проста: тут хаваецца «малечо», гэта значыць — злачынства.

АФЕЛІЯ

Як відаць, гэты нямы паказ перадае сюжэт п'есы?

 

Уваходзіць Пралог.

 

ГАМЛЕТ

Вось зараз ён нам растлумачыць. Акцёры не ўмеюць трымаць сакрэтаў, яны ўсё раскажуць.

АФЕЛІЯ

I тое, што мы толькі што бачылі?

ГАМЛЕТ

I тое, што мы толькі што бачылі. Вазьміце страцьце сорам, пакажыце што-небудзь такое, дык яму і сораму траціць не трэба, адразу так і ляпне.

АФЕЛІЯ

Вы нядобры, нядобры. Я хачу глядзець п'есу.

ПРАЛОГ

Перад пачаткам дзеяння

Мы просім вас з павагаю

Глядзець спектакль з увагаю.

ГАМЛЕТ

Не то пралог, не то надпіс на пярсцёнку.

АФЕЛІЯ

Нешта вельмі кароткае, прынц.

ГАМЛЕТ

Як жаночае каханне.

 

Уваходзяць два акцёры:

кароль і каралева.

 

АКЦЁР-КАРОЛЬ

Ўжо трыццаць раз як калясніца Феба

Павольным бегам залаціла неба,

I трыццаць на дванаццаць — маладзік

I поўніўся, і шчэрбіўся, і нік.

А мы з табою ўсё жывём у пары,

А шчасця нашага не засцяць хмары.

АКЦЁР-КАРАЛЕВА

Мы можам налічыць яшчэ не столькі,—

Любоў жа не паменшыцца ніколькі.

Але, о гора мне, мой мілы муж,

Апошнім часам нешта ты нядуж,

I ў сэрца мне закралася трывога

За нашую любоў. Але нічога,

Мой страх цябе не можа турбаваць:

Жаночы страх ёсць вернасці пячаць;

Мы любім — мы баімся, так бывае,

Жанчына ў гэтым крайнасць праяўляе.

Мой мілы муж, табою даражу,

Цябе кахаю, за цябе дрыжу,

Расце і шырыцца мая трывога,

Дзе страх вялікі — там кахання многа.

АКЦЁР-КАРОЛЬ

Так, любая, цябе пакіну я,

Прадказвае канец душа мая.

Ты не гаруй, жыві, красуйся краскай,

I, можа, хто-небудзь з такой жа ласкай

Мяне заменіць.

АКЦЁР-КАРАЛЕВА

Нізашто. Маўчы!

За здрадніцу мяне ты не лічы.

Не выйду я ніколі за другога —

Я не забойца мужа дарагога.

ГАМЛЕТ

(убок)

Палын і чамярыца.

АКЦЁР-КАРАЛЕВА

Жанчынаю, што замуж хоча зноў,

Карысць кіруе, толькі не любоў;

Хто вернасць мужу мёртваму губляе,

Той мёртвага яшчэ раз забівае.

АКЦЁР-КАРОЛЬ

Я згодзен — ты так думаеш цяпер,

Але мы парушаем свой намер,

3 гадамі нашая рашучасць блякне,

Спачатку цвёрдая, нарэшце мякне;

Зялёны плод на яблыньцы вісіць,

А спелы плод пад яблынькай ляжыць;

Як гэта натуральна пры разліку

Самім сабе не аддаваць пазыку:

Клянёмся мы любіць сто зім, сто лет,

Ды з цягам дзён слабее наш імпэт.

Магутнасць радасці і сіла смутку

Бушуюць бурна, уціхаюць хутка;

Смяецца смутак, плача весялосць,

Прычын жа шмат — яны заўсёды ёсць.

На свеце ўсё мяняецца; не дзіўна,

Што і любоў са шчасцем неразрыўна;

Адно другому ўслед заўжды ідзе,

Але пытанне, хто каго вядзе?

Слуга бяжыць ад быўшага вяльможы,

А выб'ецца бядняк, з ім дружыць кожны.

Любоў, як бачыш, дбае аб дабры:

Калі багаты, у цябе сябры,

А як настануць чорныя часіны,

Твае сябры табе пакажуць спіны.

Дык вось, канчаю тым, з чаго пачаў:

Хто волю з доляй разам прымячаў?

Хто можа пахваліцца з нас удачай?

Мяркуем так, а робіцца іначай,

Ты хочаш быць навекі вернай мне?

А як памру, дык і любоў міне.

АКЦЁР-КАРАЛЕВА

Каб я не ведала ні дня, ні ночы,

Каб я не бачыла скарынкі ў вочы,

Няхай я у турме сырой згнію,

Няхай адчай учэрніць кроў маю,

Чаго б я ні хацела, ні жадала,

Каб я таго не мела, не прыждала,

I тут і там пракляцце нада мной,

Калі я выйду замуж удавой!

ГАМЛЕТ

(Афеліі)

А што будзе, калі яна яму здрадзіць?

АКЦЁР-КАРОЛЬ

Прысяга моцная. Стамлёны я;

Ідзі ў пакоі, любая мая;

Хачу заснуць.

(Засынае.)

АКЦЁР-КАРАЛЕВА

Засні у добры час.

Няхай ліхое не чапае нас!

(Выходзіць.)

ГАМЛЕТ

Маці, як табе падабаецца п'еса?

КАРАЛЕВА

Па-мойму, нашто ёй было даваць такі зарок.

ГАМЛЕТ

О, яна сваё слова стрымае.

КАРОЛЬ

Табе вядомы змест? Ці няма тут якой-небудзь абразы?

ГАМЛЕТ

Ды не, яны толькі жартуюць, атручваюць жартам, якая ж тут можа быць абраза.

КАРОЛЬ

А як называецца п'еса?

ГАМЛЕТ

«Пастка». Але ў якім сэнсе? У пераносным. У гэтай п'есе паказваецца забойства, якое адбылося ў Вене. Імя герцага — Ганзага, а яго жонкі — Баптыста, вы зараз убачыце, ну і подлая гісторыя! Але ўсё роўна вашай вялікасці і нас, людзей з чыстаю душой, гэта не датычыцца. Няхай выкручваецца кляча, наш карак не намулены.

 

Уваходзіць Луцыян.

 

А вось гэта Луцыян, пляменнік караля.

АФЕЛІЯ

Вы добра замяняеце хор, мой прынц.

ГАМЛЕТ

Калі вы будзеце абдымацца з вашым каханкам, вазьміце мяне за тлумача. АФЕЛІЯ

Прынц, вы як тая калючка.

ГАМЛЕТ

Мая калючка не скора тупіцца, прыйшлося б пастагнаць.

АФЕЛІЯ

I лепш, і горш.

ГАМЛЕТ

Якраз так, як вы сабе мужоў выбіраеце. Пачынай, забойца! Досыць табе корчыць страхоцце. Пачынай: «Да помсты заклікаюць груганы».

ЛУЦЫЯН

Змрок душ, спрыт рук і шклянка,— ўсё ў парадку;

Спрыяе час, прыступім да пачатку.

Забойчы сок, з начнога зелля ўзяты,

Гекатай тройчы тручаны і кляты,

Прыроды моц і сілу чар яві,

Кроў замарозь і цела знежыві!

(Лье атруту ў вуха соннаму каралю.)

ГАМЛЕТ

Ён атручвае яго ў садзе, каб заўладаць яго дзяржавай. Яго прозвішча — Ганзага. Ёсць такая навела, вельмі складана напісаная па-італьянску. Вы зараз убачыце, як забойца пойдзе дабівацца кахання да жонкі Ганзага, і, мушу вам сказаць, ён свайго даб'ецца.

АФЕЛІЯ

Кароль устае.

ГАМЛЕТ

Што, спалохаўся халастога стрэлу?

КАРАЛЕВА

Што з табою, мой друг?

ПАЛОНІЙ

Спыніце спектакль!

КАРОЛЬ

Пасвяціце мне,— прэч!

ПАЛОНІЙ

Святла, святла, святла!

 

Выходзяць усе, за выключэннем Гамлета і Гарацыо.

 

ГАМЛЕТ

Хай ранены алень сумуе,

Лань ведае, дзе дзецца;

Адзін заснуў, другі вартуе —

Так на зямлі вядзецца.

Вось гэта, ды яшчэ куст пер'я на галаву (на крайні выпадак, калі б мне вельмі не пашанцавала), ды дзве праванскія ружы на разразныя чаравікі, то я мог бы падацца ў акцёры і стаць пайшчыкам трупы. Як ты думаеш, Гарацыо?

ГАРАЦЫО

На палавінным акладзе. ГАМЛЕТ

Не, на поўным.

О мой Дамон, паганы час,

Ты ведаеш усё:

Раней быў Зеўс царом у нас,

Цяпер царом... павук.

ГАРАЦЫО

Вы б маглі сказаць і ў рыфму.

ГАМЛЕТ

Гарацыо, дружа мой, кладу ў заклад тысячу чырвонцаў, здань казала праўду. Ты заўважыў?

ГАРАЦЫО

Заўважыў, прынц.

ГАМЛЕТ

Калі гаварылася аб атручванні.

ГАРАЦЫО

Я не спускаў з яго вачэй.

ГАМЛЕТ

А-а! — Гэй, музыку! Нясіце флейты!

Кароль не прызнае забаў,—

Відаць, ён іх не ўпадабаў.

 

Уваходзяць Разенкранц і Гільдэнстэрн.

 

Музыку!

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Мой добры прынц, дазвольце мне сказаць вам кароткае слова.

ГАМЛЕТ

Хоць сабе і доўгае, пане мой.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Кароль...

ГАМЛЕТ

Ну, што з ім?

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Пайшоў у свае пакоі. Яму вельмі нездаровіцца.

ГАМЛЕТ

Ад віна?

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Не, мой прынц, ад жоўці.

ГАМЛЕТ

Лепей бы вы далажылі аб гэтым доктару, пане мой, каб ён яго прачысціў, бо калі я пачну яго чысціць, дык жоўць яго можа разліцца яшчэ больш.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Мой добры прынц, калі ласка, абмяжуйце вашу гутарку і не адскаквайце так дзіка ад маёй справы.

ГАМЛЕТ

Я паслухмяны, гаварыце.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Каралева, маці ваша, у вялікім засмучэнні сэрца, паслала мяне да вас. ГАМЛЕТ

Рад вас бачыць.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Не, прынц, гэта далікатнасць не адпавядае абставінам. Калі вы пажадаеце даць мне разумны адказ, то я выканаю даручэнне маці вашай, а калі не, то, перапрашаю, дазвольце пакінуць вас, бо мая місія скончана.

ГАМЛЕТ

Я не магу.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Што, мой прынц?

ГАМЛЕТ

Даць вам разумны адказ; мой розум хворы. Адказ, які я магу вам даць, да вашых паслуг ці, лепш, да паслуг маёй маці. А таму без агаворак і канкрэтна. Маці, кажаце вы...

РАЗЕНКРАНЦ

Гаворыць наступнае: вашы паводзіны бязмежна здзівілі і глыбока ўразілі яе.

ГАМЛЕТ

О бязмежна дзіўны сын, які так уразіў маці. Але ці не хаваецца за гэтым матчыным уражаннем яшчэ што-небудзь? Гаварыце.

РАЗЕНКРАНЦ

Яна хоча пагутарыць з вамі ў сваім пакоі перад тым, як вы ляжаце спаць.

ГАМЛЕТ

Мы згодны, будзь яна хоць дзесяць разоў нашай маткай. Больш вам нічога не патрэбна?

РАЗЕНКРАНЦ

Калісьці вы мяне любілі, прынц.

ГАМЛЕТ

I цяпер яшчэ, клянуся гэтай парай хапуг і драпежнікаў.

РАЗЕНКРАНЦ

Мой добры прынц, чым вы так расхваляваны? Вы самі чапляеце ланцугі на сваю незалежнасць, тоячы гора сваё ад друга.

ГАМЛЕТ

Мой дарагі, мне не даюць ходу.

РАЗЕНКРАНЦ

Як гэта можа быць, калі сам кароль прызначыў вас наследнікам дацкай кароны?

ГАМЛЕТ

Так-то так, але «пакуль сонца ўзыдзе...». Старая прыказка.

 

Уваходзяць флейтысты.

 

А, флейтыі Дайце мне адну. (Бярэ флейту. Гільдэнстэрну.) Хадзі сюды, скажу табе нешта на вушка. (Адводзіць Гільдэнстэрна ўбок.) Чаго ты круцішся вакол мяне, як ганчак? Чаго ты ўсё вынюхваеш? Ты што, у сеці хочаш мяне заманіць?

ГІЛЬДЭНСТЭРН

О прынц, калі я перастараўся, то гэта значыць, што я вас вельмі люблю. ГАМЛЕТ

Я нешта не разумею. Пайграй на флейце.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Я не магу, прынц.

ГАМЛЕТ

Калі ласка.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Паверце мне, я не магу.

ГАМЛЕТ

Прашу цябе.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Я не ведаю, як за яе брацца, прынц.

ГАМЛЕТ

Гэта так жа лёгка, як хлусіць. Пакладзі пальцы на лады, дзьмі ў дзірачку, і гэты інструмент загаворыць прыгожаю музыкай. Глядзі сюды: вось адзін лад, вось другі.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Мой прынц, але ж я не маю таленту, я не ведаю законаў гармоніі.

ГАМЛЕТ

Бачыш, якую дрэнь ты з мяне робіш! Ты хочаш іграць на мне; ты думаеш, што ты ведаеш мяне; ты хочаш улезці ў маю душу, вырваць маю тайну і перабіраць лады майго сэрца ад самай нізкай да самай высокай ноты. Вось у гэтым маленькім інструменце многа гармоніі, цудоўны голас, аднак ты не можаш прымусіць яго загаварыць. Чорт вазьмі, думаеш ты, што на мне лягчэй іграць, чым на флейце? Назаві мяне якім хочаш інструментам, ты можаш расстроіць мяне, але не іграць на мне.

 

Уваходзіць Палоній.

 

Добры вечар, пане.

ПАЛОНІЙ

Мой прынц, каралева жадае мець з вамі гутарку, і каб зараз жа.

ГАМЛЕТ

Паглядзіце вунь на тую хмарку, яна вельмі падобна на вярблюда, што, мо няпраўда? Як вы мяркуеце, пане?

ПАЛОНІЙ

Як перад святою імшою,— жывы вярблюд; ваша праўда, ваша праўда. ГАМЛЕТ

Мне здаецца, яна падобна на куніцу.

ПАЛОНІЙ

Спінка як у куніцы.

ГАМЛЕТ

Альбо як у кіта.

ПАЛОНІЙ

Зусім як у кіта.

ГАМЛЕТ

Скажыце маці, што я зараз прыйду.— Яны строяць з мяне дурня, я не вытрываю.— Я зараз прыйду.

ПАЛОНІЙ

Я так і далажу.

 

Палоній выходзіць

 

ГАМЛЕТ

Лёгка сказаць — «зараз». Пакіньце мяне аднаго, сябры мае.

 

Разенкранц, Гільдэнстэрн, Гарацыо ды іншыя выходзяць.

 

Глухая ноч; разяўлены магілы:

I пекла дыхае на свет заразай.

Цяпер упіцца б кроўю. Распачаць

Расправу лютую, зрабіць такое,

Каб здрыгануўся дзень. Пайду да маці.

О сэрца, будзь жа сэрцам! Хай ніколі

Душа Нерона у мяне не ўвойдзе!

Я буду жорсткім, але чалавечным,

З кінжаламі на вуснах, не ў руках.

Няхай язык мой супярэчыць сэрцу:

Я вострым словам ёй душу параню,

Але забойствам рук не апаганю.

(Выходзіць.)

 

 

Сцэна трэцяя

 

Пакой у замку.

 

Уваходзяць кароль, Разенкранц і Гільдэнстэрн.

 

КАРОЛЬ

Я не люблю яго. Дый небяспечна

Даваць вар'яту волю. А таму

Рыхтуйцеся. Я безадкладна выдам

Вам паўнамоцтвы. Ён паедзе з вамі

У Англію. Дзяржаўныя законы

Не дазваляюць нам рызыкаваць

Спакоем нашым.

ГІЛЬДЭНСТЭРН

Вашая вялікасць,

Мы падрыхтуемся. Ваш страх свяшчэнны:

Вы думаеце аб жыцці падданых,

Што кормяцца ад ласкі каралеўскай.

РАЗЕНКРАНЦ

Жывы жывое думае, і кожны

Жадае мець спакойнае жыццё,

Што ж нам сказаць аб сонцы найяснейшым,

Аб каралю, гаспадару грамадства?

Яго жыццё — гасцінец неацэнны;

Смерць караля бясследна не праходзіць:

Як ураган праносіцца яна,

Ламаючы усё, што блізка. Гэта —

Вялізазнае кола, што паднята

У высі гор, да спіц яго магутных

Прыпушчаны ў пазы і прыкаваны

Дзесяткі тысяч дробненькіх істот;

Калі яно пакоціцца, пацягне

Ўвесь гэты тлум прыдаткаў за сабою

I ўшчэнт зруйнуе. Каралю няўдача,—

То разам з ім усё грамадства плача.

КАРОЛЬ

Хутчэй рабіце зборы, я прашу,

Мы сплавім гэта наглае страшыдла —

Прэч, прэч!

РАЗЕНКРАНЦ і ГІЛЬДЭНСТЭРН

Мы хутка, вашая вялікасць!

 

Уваходзіць Палоній.

 

ПАЛОНІЙ

Кароль святлейшы, ён пайшоў да маці.

А я нагледзеў для сябе і пункцік,—

За дываном: там чутна ўсё. Дык вось,

Я гарантую, што яна ўсё зробіць,

Сказалі вы, і мудра вы сказалі,

Паколькі матчына натура часта

Залішне мяккацела, то патрэбна,

Каб гэтую дыскусію засведчыў

Хто-небудзь іншы, болей аб'ектыўны.

Бывайце, мой святлейшы, перад сном

Я дам вам звесткі.

КАРОЛЬ

Дзякуй, дарагі мой.

 

Палоній выходзіць.

 

Смурод майго граху ідзе да неба,

На мне ляжыць старэйшае пракляцце —

Забойства брата. Не магу маліцца,

Хоць і хачу і воля прымушае,

Аднак віна мая мяне трымае.

Як той, што ў два бакі глядзіць, стаю

I думаю, з чаго цяпер пачаць:

З таго ці з гэтага? Нейк не выходзіць.

Няўжо, калі рука мая ў крыві

Па самы локаць, дык няма дажджу

У неба міласэрнага, каб вымыць

I абяліць яе? Навошта літасць,

Як не затым, каб выратоўваць грэшных?

Малітва? Ёсць дзве сілы у малітвы:

Адна — засцерагаць нас ад спакусы,

Другая — падымаць таго, хто ўпаў.

Зірну угору. Грэх мой у мінулым.

Але якім жа спосабам маліцца?

Даруй мне, божа, подлае забойства?..

Не, гэтак нельга. Ці ж магу аддаць

Назад свой скарб, што адабраў у брата:

Карону, ўладу, тытулы і жонку,—

Каб гэта мець збавенне і быць грэшным?

У мутным моры нашых спраў зямных

Рука у золаце кіруе праўдай,

Падсунеш хабар — і улесціш суд,

I ўсё табе прабачаць. Там не так,

Не скруціш там: учынак твой раздзенуць

I выставяць як міленькага голым,—

Прымусяць прызнавацца. Што рабіць?

Хіба пакаяцца,— мо што і выйдзе.

Ой, не магу я каяцца! Ой, страшна!

Ах, бедны я!.. Змрок у грудзях, як смерць.

Куды ўцячы?.. Папаўся дык папаўся.

Анёлы светлыя, дапамажыце!

Калені, гніцеся! Размякні, сэрца,

Не будзь як камень, будзь як у дзіцяці!

Ўсё будзе добра.

(Адыходзіць і становіцца на калені.)

 

Уваходзіць Гамлет.

 

ГАМЛЕТ

Цяпер у самы раз рабіць расправу,—

Ён моліцца, і я зраблю. I ён

На неба пападзе. I гэта помста?

Абдумаю спачатку. Ліхадзей

Забіў мне бацьку, і за гэта я,

Адзіны сын у бацькі, ліхадзея

Сам адсылаю ў рай. Хіба я найміт,

Каб гэтак помсціцца? У сытым сне

Быў той забіты, калі ўсе грахі

Былі на ім. Вядома толькі богу,

Ці лёгкая была яго расплата,—

Відаць, пакутуе там небарака,

Ці ж гэта помста на той свет адправіць

Яго цяпер, калі душу ён чысціць,

Калі ён сам рыхтуецца ў дарогу? Не,

Схавайся, меч! — яшчэ надыдзе час;

Калі ён будзе п'яны, альбо ў гневе,

Альбо палезе на распусны ложак,

Тады сячы. У брудзе, у гнюсоце,

Сярод пацех агідных гада знішчыць,

Каб ён не спадзяваўся на збавенне,

А каб ляцеў, задраўшы пяты к небу,

У зубы к чорту, чорны, як смала,

На векі вечныя. Хай будзе так.

Жыві яшчэ, але ты ўжо мярцвяк.

Пайду да маці.

(Выходзіць.)

КАРОЛЬ

(устаючы)

Без думак словы, як без духу цела,—

Мая малітва к небу не ўзляцела.

(Выходзіць.)

 

 

Сцэна чацвёртая

 

Другі пакой у замку.

 

Уваходзяць каралева і Палоній.

 

ПАЛОНІЙ

Ён зараз прыйдзе. Будзьце з ім суровей,

Як след усыпце за такія штукі;

Скажыце, што яго адратавалі,

Што, каб не вы і каб не ваша просьба,

Яму б папала. Я ў куточку стану.

Больш строгасці, прашу вас.

ГАМЛЕТ

(за сцэнай)

Маці, маці!

КАРАЛЕВА

Так і зраблю. Маўчыце. Ён ідзе.

 

Палоній хаваецца за дыван.

Уваходзіць Гамлет.

 

ГАМЛЕТ

Ну, маці, што мне скажаш?

КАРАЛЕВА

Гамлет, бацька твой пакрыўджаны табою.

ГАМЛЕТ

Маці, бацька мой пакрыўджаны табою.

КАРАЛЕВА

Прашу вас, не мяліце языком.

ГАМЛЕТ

Прашу вас, не блудзіце языком.

КАРАЛЕВА

Што гэта значыць, Гамлет?

ГАМЛЕТ

Што вам трэба?

КАРАЛЕВА

Ты забываеш, хто я?

ГАМЛЕТ

Не, вось крыж:

Вы – каралева, дзеверава жонка,

I мая маці, на вялікі жаль.

КАРАЛЕВА

Тады з табой другія пагавораць.

ГАМЛЕТ

Сядзь, сядзь, не ўстанеш, не скранешся з месца,

Пакуль, як у люстэрку, не пабачыш

Сваё нутро.

КАРАЛЕВА

Што ты надумаў, Гамлет?

Ты хочаш загубіць мяне? Ратуйце!

ПАЛОНІЙ

(за дываном)

Гэй, гэй, ратуйце! ГАМЛЕТ

Ага, пацук! (Вымае шпагу.) Даю дукат, забіты.

(Пратыкае дыван.)

ПАЛОНІЙ

(за дываном)

Ой, паміраю.

(Падае і памірае.)

КАРАЛЕВА

Што ты нарабіў?

ГАМЛЕТ

Я сам не ведаю. Там быў кароль?

КАРАЛЕВА

Якое зверства! Ах, якое зверства!

ГАМЛЕТ

Не большае, чым караля забіць

I жонкаю стаць мужавага брата.

КАРАЛЕВА

Чым караля забіць?

ГАМЛЕТ

Так, я сказаў.

(Адкідае дыван і знаходзіць Палонія.)

Бывай, неасцярожная праныра,

Я цэліў не ў цябе. Прымі свой лёс.

I для каго ты так стараўся, дурань? —

Ды не ламай так рукі. Ціха! Сядзь!

Я тваё сэрца зараз паламаю,

Калі яно яшчэ не скамянела,

Не зарасло агіднаю прывычкай,

Калі ёсць месца ў ім для пачуцця.

КАРАЛЕВА

Што я зрабіла, што мяне ты ганьбіш,

Крычыш так дзёрзка?

ГАМЛЕТ

Што зрабіла ты?

Ты чэсць запляміла, прагнала сорам,

Сарвала ружу чыстую кахання

З чала свайго і начапіла язву;

Ператварыла шлюбныя зарокі

У балбатню карцёжніка; учынак,

Што з цела дагавору сэрца выняў

I гром арганных гімнаў замяніў

Пустой рапсодыяй. Ірдзее твар

Нябесны, ясны; і зямлі цвярдыня,

Балеючы у думках аб табе,

Маўчыць пахмурна, як перад скананнем.

КАРАЛЕВА

Што я зрабіла? Ох, які учынак,

Каб пачынаць з такой прадмовы грознай?

ГАМЛЕТ

Глядзі сюды, вось тут адзін малюнак,

А вось другі,— партрэты двух братоў.

Глядзі сюды,— якое хараство:

Чало Юпітэра, і валасы

Віюцца — кучаравы Апалон,

А вочы, як у Марса,— гнеў, адвага,

I стройны стан, нібы ганец Меркурый

Ў надхмарных высях, азароны сонцам.

Чароўнае злучэнне форм і фарб,—

Здаецца, кожны бог пячаць паставіў,

Каб даць сусвету вобраз чалавека.

I гэта быў твой муж. Цяпер глядзі

Сюды. Вось муж твой. Як іржавы колас,

Зайздросліва ён пажырае брата.

Дзе твае вочы? Каб з нагорнай пашы

Зваліцца у смярдзючае балота

I бруд глытаць? Дзе твае вочы, маці?

Ты скажаш — закахалася,— няпраўда!

Ў тваім узросце кроў ужо сціхае

I верх бярэ развага. Як магла ты

Змяніць на гэта гэта? Адчуваць

Ты мусіш, бо жывая, але ты,

Як бервяно. Вар'ят не памыліўся б!

Бо як бы шал ні прыгнятаў пачуцці,

А ўсё ж адрозніць мог бы пры такім

Непадабенстве. Хто цябе прымусіў?

Хіба мо чэрці з бубнам праязджалі

I ўздумалі гуляць з табою ў жмуркі?

Крывое вока, дотык невідушчы,

Без рук, без вока, вуха, нюх сляпы,

Кавалак пачуцця, абрубак чулы

I той бы разабраўся.

О сорам, дзе твая пунсовасць? Пекла,

Калі ты ўзбушавалася ў касцях

Старой кабеты, то няхай юнацтва

Ў агні сваім, як воск, растопіць сорам!

Ці ж гэта ганьба маладой крыві

Кіпець, калі палае лёд, а розум

З распустай абдымаецца?

КАРАЛЕВА

Даволі!

Ты вочы павярнуў мне у нутро:

Набралася там столькі чорных плям,

Што іх не вынесці.

ГАМЛЕТ

Не тое кажаш;

Жыць у гнаі, ў тухліне, на пасцелі,

I лашчыцца, і цешыцца любоўю

Ў хляве на кучы...

КАРАЛЕВА

О, даволі, Гамлет!

Твая гаворка катуе мне вуха.

О, злітуйся!

ГАМЛЕТ

Забойца! Душагуб!

Халоп, не варты і двухсотай часці

Твайго былога мужа! Блазен тронны!

Кароль-камедыянт! Зладзюга! Жулік!

Сцягнуў з паліцы царскую карону

I сунуў у кішэню.

КАРАЛЕВА

Хопіць, хопіць!

ГАМЛЕТ

Кароль з ануч...

 

Уваходзіць здань.

 

Ратуй і ахіні мяне ускрыллем,

Святое воінства! Чаго ты хочаш,

Благаславёны вобраз?

КАРАЛЕВА

А божа, ён — вар'ят!

ГАМЛЕТ

Ты хочаш папракнуць маруду-сына,

Які, дабраўшы зручны час, не змог

Зрабіць адразу тое, ў чым пакляўся;

Скажы!

ЗДАНЬ

Не забывай. Сюды прыйшоў я,

Каб навастрыць нажы твайго намеру;

Але зважай, лунае жах над маці.

Стань паміж ёю і яе змаганнем:

Магутна уяўленне у слабых.

Скажы ёй што-небудзь.

ГАМЛЕТ

Што з вамі, мама?

КАРАЛЕВА

Сыночак, што з табою?

Ты ў пустату ўтаропіў дзікі позірк

I, як лунацік, гутарыш з паветрам;

З вачэй тваіх выблісквае твой дух,

I, як жаўнеры раптам на трывогу,

Паўсталі дуба валасы твае.

Сынок, залі агонь сваёй хваробы

Халодным супакоем. Што ты бачыш?

ГАМЛЕТ

Яго, яго. Глядзі, які ён бледны,

Такая крыўда горкая ў абліччы,

Што камень зразумеў бы.— Не глядзі так,

О, не глядзі так, бо мяне расчуліш,

I я ніколі не дайду да мэты,

I страціцца суровасць спраў маіх:

Замест крыві — сляза.

КАРАЛЕВА

З кім ты гаворыш?

ГАМЛЕТ

Нічога ты не бачыш?

КАРАЛЕВА

Не, нічога;

Усё, што ёсць, я бачу.

ГАМЛЕТ

Ты нічога

Не чула?

КАРАЛЕВА

Не, нічога; толькі нас.

ГАМЛЕТ

Глядзі туды! Глядзі, ён адыходзіць!

Мой бацька, бацька мой, жывы, жывы!

Глядзі, вось ён ідзе; знікае, знік.

 

Здань выходзіць.

 

КАРАЛЕВА

Сыночак мой, ты трызніш. Гэта — мары.

Пры непрытомнасці усякае зданнё

Вярзецца чалавеку.

ГАМЛЕТ

Непрытомнасць?

Мой пульс, як твой, нармальны і здаровы,

Музычна адбівае такт. Не мары

Мая гаворка. Апытай мяне,

I я даслоўна паўтару усё,

Чаго вар'ят не зробіць. Слухай, маці,

Не маж душы уцешнаю масцікай,

Што гэта шал, а не твая віна:

Балячка не загоіцца пад струпам,

Зараза ціха ўсочыцца ў нутро

I з'есць цябе. Пакайся перад небам,

Прызнай свой грэх і болей не грашы;

Не падкладай пад пустазелле гною,

Каб лепш расло. Прабач на добрым слове.

У наш адкормлены надзьмуты век

Дабро павінна кленчыць перад ліхам,

Само прапанаваць свае паслугі.

КАРАЛЕВА

Гамлет, Гамлет, ты разбіў мне сэрца!

ГАМЛЕТ

Вазьмі ды выкінь горшую палову,

А з лепшаю жыві у чыстаце.

Дабранач! Толькі не на ложку з дзядзькам.

Прыкінься чэснай, калі чэсць згубіла.

Прывычка, гэты чорт, што загрызае

Любое пачуццё, табе паможа

На гэты раз: учынак злы ці добры —

Ёй усё роўна, знойдзе гарнітур

Якраз па мерцы — і насі сабе.

Сягоння устрымайся, заўтра зноў,—

I ты пазнаеш лёгкасць устрымання.

Прывычка можа адмяніць прыроду:

Ці ўшчэміць чорта, ці яго прагоніць

Дзівоснай сілаю. Бывай, дабранач!

Калі ты вернешся на верны шлях,

Благаславі мяне.— Табе, стары,

(паказвае на Палонія)

Табе я спачуваю. Воля неба.

Ты мне быў караю, а я табе;

Я толькі зброя у руках нябесных.

Я вынесу яго і дам адказ

За гэту смерць. Яшчэ раз добрай ночы!

Я жорсткім стаў, бо я хацеў быць добрым;

Пачатак дрэнны, але будзе горш.

Яшчэ два словы, маці.

КАРАЛЕВА

Што рабіць?

ГАМЛЕТ

Рабі наадварот, мяне не слухай;

Дазволь, каб гэта пухлая пачвара,

Твой любы муж, завёў цябе на ложак,

Пачаў цябе за шыйкай казытаць

I парачкай паскудных пацалункаў

Дабіўся поўнага ва ўсім прызнання:

Мой сын, скажы, ніякі не вар'ят,

Мой сын лавушкі строіць.— Мы так любім,

Так любім весткі.— Як жа утаіць

Прыгожай, скромнай, мудрай каралеве

Ад кажана, ад жабы, ад ката

Такую справу? Хто гэта дацерпіць?

О не, узлезь, як тая малпа ў байцы,

Насуперак і розуму і чэсці,

З кашом на дах і, выпусціўшы птушак,

Сама для спробы сядзь у гэты кош,

Ды і каціся на зламанне карка.

КАРАЛЕВА

Павер мне, калі мова — гэта подых,

А подых ёсць жыццё, я нежывая,

Каб вымавіць хоць слова.

ГАМЛЕТ

Я еду ў Англію. Табе вядома?

КАРАЛЕВА

А я й забыла; так пастанавілі.

ГАМЛЕТ

Лісты падпісаны. Са мною разам

Паедуць два мае сябры па школе,

Каторым я, як дзвюм гадзюкам, веру,

I павязуць загад. Яны павінны

Расчысціць шлях мне ў пастку. Што ж, няхай!

Цікавая гульня: пад далакопаў

Падкласці іх жа міну. Дрэнна будзе,

Калі я не падрыюся глыбей

I кішкі іх не пачаплю на месяц.

Якая слодыч, сеўшы у засаду,

Прыпільнаваць і кінуцца на здраду,—

Вось хто паскорыць зборы.

Я выцягну адгэтуль мерцвяка.—

Дабранач, маці! — Ціхі і паважны

Ляжыць міністр, спакойнае чало,

А пры жыцці быў шэльма і трапло.—

Дазвольце услужыць вам, ваша светласць.—

Дабранач, маці.

 

Выходзяць кожны асобна;

Гамлет выцягвае П а л о н і я.

Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=90 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гамлет, прынц Дацкі — акт трэці

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

Для друку   /   Уільям Шэксьпір

Khris Lewin
Khris Lewin