Літаратура.org » Уільям Шэксьпір » Уільям Шэкспір, Гамлет, прынц Дацкі — акт першы

Гамлет, прынц Дацкі — акт першы

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

А С О Б Ы

 

КЛАЎДЗІЙ кароль Дацкі

ГАМЛЕТ сын ранейшага і пляменнік цяперашняга караля

ФАРЦІНБРАС прынц Нарвежскі

ПАЛОНІЙ міністр двара

ГАРАЦЫО друг Гамлета

ЛАЭРТ сын Палонія

ВАЛЬЦІМАНД прыдворныя

КАРНЕЛІЙ

РАЗЕНКРАНЦ

ГІЛЬДЭНСТЭРН

ОЗРЫК

ПРЫДВОРНЫ СВЯШЧЭННІК

МАРЦЭЛ афіцэры

БЕРНАРДА

ФРАНСІСКА салдат

РЭЙНАЛЬДА слуга Палонія

АКЦЁРЫ

ДВА БЛАЗНЫ-МАГІЛЬШЧЫКІ

КАПІТАН

АНГЛІЙСКІЯ ПАСЛЫ

ГЕРТРУДА Каралева Дацкая, маці Гамлета

АФЕЛІЯ дачка Палонія

ВЯЛЬМОЖЫ, ДАМЫ, АФІЦЭРЫ, САЛДАТЫ, МАТРОСЫ, ПАСЛАНЦЫ I СЛУГІ

ЗДАНЬ БАЦЬКІ ГАМЛЕТА

 

 

Месца дзеі — Эльсінор.

 

 

АКТ ПЕРШЫ

 

Сцэна першая

 

Эльсінор. Пляцоўка перад замкам.

 

Франсіска на варце. Уваходзіць Бернарда.

 

БЕРНАРДА

Хто тут?

ФРАНСІСКА

Адказвай першы; стой і адзавіся.

БЕРНАРДА

Няхай жыве кароль!

ФРАНСІСКА

Бернарда?

БЕРНАРДА

Ён.

ФРАНСІСКА

Вы трапілі ў самую пару.

БЕРНАРДА

Прабіла поўнач. Спаць ідзі, Франсіска.

ФРАНСІСКА

Удзячны за дазвол. Сабачы холад,

I нездаровіцца.

БЕРНАРДА

Усё спакойна?

ФРАНСІСКА

I мыш не перабегла.

БЕРНАРДА

Ну, дабранач;

Сустрэнуцца Гарацыо і Марцэл,

Скажы ім, каб ішлі хутчэй на варту.

 

Уваходзяць Гарацыо і Марцэл.

 

ФРАНСІСКА

Ідуць. Яны, здаецца. Стой! Хто там?

ГАРАЦЫО

Сыны айчыны.

МАРЦЭЛ

Дацкія васалы.

ФРАНСІСКА

Дабранач вам усім.

МАРЦЭЛ

Бывай, служака.

Хто заступіў?

ФРАНСІСКА

Бернарда заступіў.

Дабранач.

 

Выходзіць.

 

МАРЦЭЛ

Гэй, Бернарда!

БЕРНАРДА

Што, прыйшоў

Гарацыо?

ГАРАЦЫО

Адной нагою тут.

БЕРНАРДА

Здароў, Гарацыо! Здароў, Марцэл!

ГАРАЦЫО

Ну што, ізноў з'яўляўся гэты самы?

БЕРНАРДА

Не, не было.

МАРЦЭЛ

Гарацыо гаворыць,

Што гэта выдумка. Не верыць ён,

Што два разы такі нам выпаў страх.

Вось я і запрасіў яго к нам нанач,

Каб ён пераканаўся. Калі зноў

Пакажацца жахлівы гэты прывід,

Хай паглядзіць і сам з ім пагаворыць.

ГАРАЦЫО

Ну, глупства! Не пакажацца.

БЕРНАРДА

Прысядзем

I будзем твае вушы штурмаваць,

Бо ты глухі да нашага расказа.

Дык вось, дзве ночы ўзапар...

ГАРАЦЫО

Добра, сядзем,

Паслухаем, што нам Бернарда скажа.

БЕРНАРДА

У тую ноч, калі вунь тая зорка,

Каторая ад полюса на захад,

Нябесным шляхам адышла туды,

Дзе зараз свеціцца, Марцэл і я,

Як толькі празваніла — раз!..

МАРЦЭЛ

Маўчы! Глядзі, ён зноў ідзе сюды!

 

Уваходзіць здань.

 

БЕРНАРДА

Якраз такі, як наш кароль-нябожчык.

МАРЦЭЛ

Гарацыо, ты — вучоны, гавары.

БЕРНАРДА

Якраз як наш кароль. Заўваж, Гарацыо.

ГАРАЦЫО

Падобен вельмі. Дзіўна мне і страшна.

БЕРНАРДА

Ён слоў чакае.

МАРЦЭЛ

Гавары, Гарацыо.

ГАРАЦЫО

Хто ты, што заўладаў парою гэтай

I постаццю прыгожа-ваяўнічай

Старога караля краіны дацкай?

Я небам заклінаю, гавары.

МАРЦЭЛ

Пакрыўдзіўся.

БЕРНАРДА

Глядзі, пайшоў назад.

ГАРАЦЫО

Стой, гавары, я небам заклінаю.

 

Здань выходзіць.

 

МАРЦЭЛ

Пайшоў і не адказвае нічога.

БЕРНАРДА

Ну як, Гарацыо? Збялеў, дрыжыш?

Што — выдумка ці, можа, трошкі болей?

Як думаеш?

ГАРАЦЫО

Ніколі б не паверыў,

Калі б не бачыў сам на свае вочы.

МАРЦЭЛ

Жывы кароль-нябожчык.

ГАРАЦЫО

Акурат;

Такія ж самыя на ім даспехі,

Як і ў той дзень, калі ён біў Нарвежца,

I так жа бровы хмурыць, як тады,

Калі ён вывернуў з саней Паляка.

Так, дзіўна!

МАРЦЭЛ

Вось гэтак два разы ў глухую ноч

Праходзіў ён, узброены, паўз варту.

ГАРАЦЫО

Дакладна растлумачыць не магу,

Але наогул думаю, што будзе

Вялікая ў дзяржаве перамена.

МАРЦЭЛ

Давайце сядзем. Ці не скажа хто,

Нашто такая пільнасць? Кожну ноч

Пакутуюць падданыя на варце,

I кожны дзень ліюць гарматы з медзі,

Купляюць узбраенне за мяжой,

А карабельнікаў нагналі колькі! —

Працуюць так: ні свята ім, ні будняў.

Што мае быць? Такая ўсюды спешка,—

I дзень і ноч людскім абліты потам.

Ну, хто адкажа мне?

ГАРАЦЫО

Я адкажу;

Такое чуў я: наш кароль-нябожчык,

Той самы, што нам толькі што з'яўляўся,

Быў, як вядома, выклікан на бойку

Нарвежскім задавакам Фарцінбрасам;

I наш адважны Гамлет (за адвагу

Яго шануе ўся наша краіна)

У бойцы Фарцінбраса закалоў;

А мелася умова пры пячаці,

Пацверджаная гербам і законам,

Што, калі ён памрэ, яго зямля

У спадчыну да Гамлета пяройдзе;

Таксама і сваёй зямлі часціну

Кароль наш залажыў для Фарцінбраса,

Калі б адолеў той. Паводле ўмовы

Зямлю ўзяў Гамлет. Але ж, трэба ведаць,

Малодшы Фаршнбрас, запалу поўны,

Навербаваў гуляшчых малайцоў

За голы харч, абы была прыгода

(Дзяржаве нашай добра ўсё вядома),

I пачынаць збіраецца вайну,

Каб адхашць ад нас зямліцу тую,

3 якою прагарэў ягоны бацька.

I гзта ёсць галоўная прычына

Усіх турбот і варты надзвычайнай,

Аснова ўсіх асноў: і спешкі гэтай,

I ўсёй трывогі ў нашым каралеўстве.

БЕРНАРДА

Я думаю, што так яно і будзе;

Напэўна, гэта жудасная здань

Не без прычыны ходзіць каля замка.

Кароль-нябожчык нам прарочыць войны.

ГАРАЦЫО

Начны матыль, каб затлуміць нам розум.

У добрыя шчаслівыя дні Рыма,

Незадаўга да Цэзаравай смерці,

Раскрыліся магілы, паўставалі

I сталі выць на плошчах мерцвякі,

З'явіліся хвастатыя каметы,

Закапала крывавая раса,

Счарнела сонца, і вільготны месяц,

Нептунавай дзяржавы уладар,

Зацьміўся, як перад сканчэннем свету.

Бяда ідзе. Жахлівыя прыметы,

Як пасланцы, што абганяюць лёс

I папярэджваюць аб нёбяспецы,

Нам яўлены і небам і зямлёй.

 

Здань вяртаецца.

 

Цішэй! Глядзіце! Вось ізноў ён тут.

Хай губіць, затрымаю. Стой, наява!

Калі ты маеш мову, маеш голас,—

Адказвай мне!

Калі учынак ёсць такі, што можа

Табе палёгку даць, а мне збавенне,—

Адказвай мне!

Калі табе вядомы лёс краіны

I ёсць магчымасць адхіліць няшчасце,—

Адказвай!

А можа, пры жыцці хаваў ты скарбы,

Няпраўдаю здабытыя, бо, кажуць,

Душа тады блукае. Гавары!

 

Спявае певень.

 

Стой! Гавары! Спыні яго, Марцэл.

МАРЦЭЛ

Хіба яго ударыць алебардай?

ГАРАЦЫО

Дай так, каб стаў.

БЕРНАРДА

Ён тут!

ГАРАЦЫО

Ён тут.

 

Здань выходзіць.

 

МАРЦЭЛ

Пайшоў;

Абразілі. Ён гэтакі паважны,

А мы напалі, нарабілі гвалту.

Ці біць паветра, ці яго — ўсё роўна;

Удары нашыя — дарэмны здзек.

БЕРНАРДА

Ён гаварыў бы, але крыкнуў певень.

ГАРАЦЫО

I ён затросся, нібы той злачынец

Пры страшным поклічы. Я чуў, што певень,

Трубач світання, будзіць бога дня

Сваёю звонкай, галасістай песняй;

I ўсякая блукаючая здань,

Што у вадзе, ў агні, ў зямлі, ў паветры,

Пры гэтым напамінку уцякае,

I гэта праўда: вось вам яўны доказ.

МАРЦЭЛ

Як певень заспяваў, ён знік адразу.

Гавораць людзі, што ў калядны вечар,

Пад самае Хрыстова нараджэнне,

Пявун світання проста не сціхае;

Тады і здань сядзіць, ані кранецца,

I ноч здаровая, і добрыя планеты,

Не ловіць фея, ведзьма не чаруе,—

Такі святы, такі выдатны час.

ГАРАЦЫО

Я гэта чуў, даю часткова веры.

А вось і золак у плашчы пурпурным

Выходзіць на расістыя узвышшы.

Пакінем варту, і, мяркую так,

Патрэбна, каб прынц Гамлет знаў аб гэтым,

Што бачылі мы ўночы; прысягаю,

Што гэты дух нямы з ім загаворыць.

Ці згодны вы ўсё расказаць яму,

Як раяць нам любоў і абавязак?

МАРЦЭЛ

Так, так, прашу. Ідзіце ўсе за мною,

Я ведаю, дзе ён бывае ўранні.

 

Выходзяць.

 

Сцэна другая

 

Парадны пакой у замку.

 

Трубы. Уваходзяць кароль, каралева, Гамлет, Палоній, Лаэрт, Вальціманд, Карнелій, вяльможы і світа.

 

КАРОЛЬ

Хаця нябожчык Гамлет, любы брат наш,

Пакінуў нас нядаўна і нам след

Яшчэ трымаць у сэрцы нашым смутак,

Аплакваць прах яго ўсім каралеўствам,

Аднак наш розум перамог прыроду;

У мудрым горы спалучылі мы

I памяць брата, і свае патрэбы:

Мы нашую сястру і каралеву,

Наследніцу дзяржавы ваяўнічай,

У радасці, разбаўленай маркотай,

I смех і слёзы сумясціўшы разам,

Хаўтуры і вяселле аб'яднаўшы,

Каб пораўну было таго й таго,

Ўзялі за жонку. Не хацелі ў гэтым

Пярэчыць вашай мудрасці, якая

Дапамагала нам у справе нашай.

За ўсё падзяка наша. А цяпер:

Як вам вядома, Фарцінбрас-малодшы,

Не уважаючы на нашу годнасць

Альбо мяркуючы, што калі нас

Пакінуў любы брат наш, дык ужо

Ў дзяржаве нашай і няма парадку,

Кіруемы карысным летуценнем,

Адважыўся лістамі нас трывожыць

З хадайніцтвам звароту ўсіх зямель,

Законна страчаным ягоным бацькам

I нам прыдбаных нашым любым братам.

Вось гэта пра яго. Цяпер пра нас

I пра нараду нашу. Справа ў тым,

Што намі ўжо учынена пасланне

Нарвежцу, Фарцінбрасаваму дзядзьку:

Ён ледзь жывы, наўрад ці ён дачуўся

Аб замыслах пляменніка; мы пішам,

Каб ён суняў яго далейшы наступ

I абіранне дзядзькавых васалаў

Падаткамі, вярбоўкай войск ды іншым;

I даручаем мы табе, Карнелій,

I Вальціманду перадаць прывет наш

Старому каралю Нарвежцу; мы

Абмежавалі вашую уладу

Дакладна пунктамі ў пасланні нашым.

Дык едзьце ў добры час. Да пабачэння.

Спяшайцеся явіць сваю услужнасць.

КАРНЕЛІЙ I ВАЛЬЦІМАНД

Ва ўсім гатовы праявіць услужнасць.

КАРОЛЬ

Не сумняваемся. Да пабачэння.

 

Вальціманд і Карнелій выходзяць.

 

А ты, Лаэрт, з навінамі якімі?

Ты нас прасіць хацеў, якая просьба?

Разумнае хадайніцтва Лаэрта

Паслухаем. Чаго б ты ні жадаў,

Тваё жаданне стрэне нашу ласку,—

I сэрца галаве радней не будзе,

Не будуць рукі паслухмяней вуснам,

Як дацкі трон Лаэртаваму бацьку.

Чаго жадаеш?

ЛАЭРТ

Грозны мой кароль,

Дазвольце мне у Францыю вярнуцца.

Па добрай волі я сюды прыехау

На вашу каранацыю, і я

Свой абавязак выканаў, і вось

Мае жаданні зноў назад імкнуцца

Ў Францыю, калі на тое ласка.

КАРОЛЬ

А бацька даў дазвол? Скажы, Палоній.

ПАЛОНІЙ

О мой кароль, ён вырваў мой дазвол

Упартым намаганнем, і, нарэшце,

Я адпусціў, хаця і неахвотна.

Калі дазволіце, няхай ён едзе.

КАРОЛЬ

Ну што ж, Лаэрт, выкарыстоўвай час:

Твая пара — лаві, лаві уцехі.

А ты, сваяк мой Гамлет, любы сыне?

ГАМЛЕТ

(убок)

Сваяк, але не сын.

КАРОЛЬ

О любы сыне,

Ты ўсё яшчэ, як хмара ў небе нашым.

ГАМЛЕТ

Няпраўда, сонца свеціць — люба, сіне.

КАРАЛЕВА

Мой мілы Гамлет, скінь свой чорны колер,

Са шчырасцю зірні на караля.

I не пытай, павекі апусціўшы,

Куды сышоў, куды падзеўся бацька.

Ты ведаеш, такая наша доля:

Жывое ўсё, нарэшце, памірае,

Цераз прыроду ў вечнасць адлятае.

ГАМЛЕТ

Так, рэч звычайная.

КАРАЛЕВА

А калі так,

То што табе здаецца незвычайным?

ГАМЛЕТ

Здаецца? Не, так ёсць. Не прызнаю

Я гэтага «здаецца». Маці, маці!

Ні чорны плашч, ні мой убор жалобны,

Ні уздыханне цяжкае з грудзей,

Ні рэкі слёз, ні сумнае аблічча,

Ніякі знак, ніякі доказ гора

Мяне не выявяць. Здаецца той,

Хто ўмее прытварацца, хто няшчыры.

У сэрцы праўда, праўда не відна,

А іншае ўсё — выгляд і мана.

КАРОЛЬ

Пахвальна, Гамлет, і прыемна чуць,

Што ты свайго шкадуеш гэтак бацьку.

Але павінен ведаць, што твой бацька

Таксама страціў бацьку, той — таксама.

Ну, а жывы, як гэта і належыць,

Як вымагае абавязак роду,

Галосіць нейкі час на пахаванні.

Але зацяжны смутак ёсць упартасць,

Ёсць непабожны і нялюдскі смутак,

Знявага небу, розуму буянства,

I сведчыць ён аб маласільным сэрцы,

Незагартованым і непрактычным.

Мы ведаем, што так было і будзе,—

Такі парадак рэчаў. Дык навошта

Упартым быць, усё прымаць да сэрца?

О, нельга так! — злачынства перад небам,

Перад нябожчыкам, перад прыродай

I перад розумам, які гаворыць,

Даказвае, што смерць — гэта звычайнасць,

I ад Адама да апошніх дзён

Так ёсць і будзе так. Мы прапануем

Спыніць дарэмны смутак і прызнаць

Нас родным бацькам. Хай жа бачаць людзі,

Што ты да трона нашага найблізшы.

I я не менш выдатнаю любоўю,

Чым самы дарагі на свеце бацька,

Цябе узрадую. А твой намер

Паехаць зноў вучыцца ў Вітэнберг

Жаданню нашаму праціўны цалкам.

Мы просім, мы настойваем пяшчотна:

Застанься з намі у выгодах нашых,

Наш улюбёнец, наш сваяк і сын.

КАРАЛЕВА

Будзь ласкаў, Гамлет, заставайся тут,

Не едзь у Вітэнберг, паслухай маці.

ГАМЛЕТ

Вас, маці, я паслухаю ахвотна.

КАРОЛЬ

Прыемна чуць такі адказ сардэчны.

Дык будзь у Даніі, як дома; будзь,

Як мы. Хадзем, Гертруда. Сын наш Гамлет

Уцешыў наша сэрца шчырай згодай,

I ў гонар гэтага патрэбна выпіць.

Як будзем піць, то каб з гармат стралялі,

Каб наша каралеўскае здароўе

Дайшло да неба і грымела. Пойдзем.

 

Трубы.

Выходзяць усе, апроч Гамлета.

 

ГАМЛЕТ

О, растаўчы б крутое цела гэта,

Разбіць ушчэнт, рассыпаць, як расу!

Чаму нам забаронена спрадвечным

Дарога самагубства? Божа, божа!

Якім пустым, і нудным, і нікчэмным

Здаецца мне парадак свету! Дрэнь!

Брыдота! Гэта — дзікі сад, які

Расце у корань, плодзіць пустазелле,

I толькі. Каб да гэтага дайсці!

Два месяцы, як ён памёр! — не,— меней,

Не будзе двух! Такі кароль выдатны,—

Гіперыон, а гэта хто? — сатыр.

А як любіў ён маці! — нават ветру

Не дазваляў ён твар яе абвеяць!

Ці варта ўспамінаць? Зямля і неба!

Яна ж яго больш за жыццё кахала,

Жыла яго каханнем. А праз месяц? —

Падумаць страшна, толькі месяц! Слабасць

Тваё імя, жанчына! Не паспела

Стаптаць і чаравікаў, у якіх

Ішла на могілкі, як Ніабея,

Заліўшыся слязьмі, а ўжо яна,—

О неба! — нават неразумны звер

Даўжэй бы смуткаваў,— а ўжо яна

Выходзіць замуж, за каго? — за дзядзьку,

За бацькавага брата, што падобен

На бацьку так, як я на Геркулеса.

Няпоўны месяц! Не паспела ёй

Раз'есці вочы соль фальшывых слёз,

Як замужам. Што за паскудны спрыт

Хутчэй валіцца на нячысты ложак!

Не будзе з гэтага дабра, не будзе.

Прыціхні, сэрца; анямей, язык.

 

Уваходзяць Гарацыо, Бернарда і Марцэл

 

ГАРАЦЫО

Вітанне, прынц!

ГАМЛЕТ

Я вельмі рад вас бачыць.

Гарацыо! Каб я так жыў, Гарацыо!

ГАРАЦЫО

Але, мой прынц, і бедны ваш слуга.

ГАМЛЕТ

Ты — бедны, але ты — мой лепшы друг.

Чаго ты тут, чаму не ў Вітэнбергу? —

Марцэл?

МАРЦЭЛ

Мой добры прынц...

ГАМЛЕТ

Я вельмі рад вас бачыць.

(Да Бернарда.)

Добры вечар! —

Дык, сапраўды, чаму не ў Вітэнбергу?

ГАРАЦЫО

Бо я гультай і валацуга, прынц.

ГАМЛЕТ

Ну, гэтага і вораг не сказаў бы,

Ты мне абразіў вушы. Не люблю

Паклёпаў і хлусні! — ты не гультай.

Але чаго ты тут у Эльсіноры?

Хіба мо піць прыехаў падвучыцца?

ГАРАЦЫО

Мой прынц, прыехаў я на пахаванне.

ГАМЛЕТ

Будзь ласкаў, не жартуй, студэнт-таварыш,

Ты, як відаць, прыехаў на вяселле.

ГАРАЦЫО

Але, мой прынц,— так нечакана выйшла.

ГАМЛЕТ

Інтэрас, друг Гарацыо, інтэрас!

Бо тое, што з памінак засталося,

Даесці трэба было,— вось і шлюб.

Няхай бы лепш мой вораг, самы люты,

Убачыў рай, чым я той дзень, Гарацыо!

Мой бацька, бацька мой, ён тут, ён тут.

ГАРАЦЫО

Дзе, прынц?

ГАМЛЕТ

Са мною, у душы, Гарацыо.

ГАРАЦЫО

Калісьці бачыў; добры быў кароль.

ГАМЛЕТ

Ён чалавек быў, чалавек ва ўсім,—

Такі мне не сустрэнецца ніколі.

ГАРАЦЬЮ

Мой прынц, сягоння ўночы ён прыходзіў.

ГАМЛЕТ

Прыходзіў? Хто?

ГАРАЦЫО

Мой прынц, кароль, ваш бацька.

ГАМЛЕТ

Кароль, мой бацька?

ГАРАЦЫО

Прашу вас, не дзівіцеся. Уважна

Праслухайце, што я вам раскажу.

Бяру за сведак гэтых афіцэраў,

Мы бачылі...

ГАМЛЕТ

Хутчэй, хутчэй як можаш.

ГАРАЦЫО

Ужо дзве ночы гэтым афіцэрам,

Марцэлу і Бернарда, ў час іх варты,

Папоўначы, у вусцішы магільнай

З'яўляўся прывід. Нехта, як ваш бацька,

Узброены ад галавы да ног,

З'яўляецца раптоўна перад імі,

Праходзіць урачыста і павольна,

Праходзіць тры разы перад вачамі,

Звыш меры здзіўленымі, і так блізка,

Што ледзь іх не крануў сваім жазлом;

Яны ж, пахаладзелыя ад страху,

Трасуцца, нібы студзень, і маўчаць;

Пра гэта дзіва пад сакрэтам строгім

Яны сказалі мне. На трэцю ноч

Я сам стаяў на варце разам з імі:

I вось у тую ж самую пару,

Дакладна так, як мне пераказалі,

Выходзіць здань. Мне памятны ваш бацька:

Як дзве рукі адна адной да пары,

Так і яны.

ГАМЛЕТ

А дзе гэта было?

МАРЦЭЛ

Прынц, на пляцоўцы, там, дзе мы вартуем.

ГАМЛЕТ

Вы з ім не гаварылі?

ГАРАЦЫО

Гаварыў,

Але ж ён мне не адказаў нічога;

Быў нешта раз ускінуў галаву,

Нібы хацеў, а тут як певень крыкне,—

Прапала ўсё, пабег як апантаны

I знік з вачэй.

ГАМЛЕТ

Дзіўна, вельмі дзіўна.

ГАРАЦЫО

Паверце, прынц, не манім і не хлусім;

I мы лічылі нашым абавязкам

Паведаміць вам аб усім.

ГАМЛЕТ

Так, так; але ўсё гэта непакоіць.

Вы будзеце на варце ўночы?

УСЕ

Будзем, прынц.

ГАМЛЕТ

Узброен, кажаце?

УСЕ

Узброен, прынц.

ГАМЛЕТ

Ад галавы да ног?

УСЕ

Ну, як абліты.

ГАМЛЕТ

А твар вы бачылі?

ГАРАЦЫО

Вядома, прынц, —

Шалом быў без забрала.

ГАМЛЕТ

Ён быў хмурны?

ГАРАЦЫО

Хутчэй здаваўся сумным, чым сярдзітым.

ГАМЛЕТ

Быў бледны ці чырвоны?

ГАРАЦЫО

Вельмі бледны.

ГАМЛЕТ

I пазіраў на вас?

ГАРАЦЫО

Надзвычай пільна.

ГАМЛЕТ

Шкада, што не было мяне пры гэтым.

ГАРАЦЫО

О, вы б зжахнуліся.

ГАМЛЕТ

Магчыма,

Магчыма, доўга быў?

ГАРАЦЫО

А так: лічыць,

То, не спяшаючыся, будзе сотня.

МАРЦЭЛ I БЕРНАРДА

Даўжэй, даўжэй.

ГАРАЦЫО

Як я быў, то якраз.

ГАМЛЕТ

А барада сівая?

ГАРАЦЫО

Такая самая, як пры жыцці:

Як собаль, чорная і з серабром.

ГАМЛЕТ

Я буду вартаваць у гэту ноч;

Ён, можа, прыйдзе.

ГАРАЦЫО

Так, напэўна прыйдзе.

ГАМЛЕТ

Калі ён будзе ў бацькавым абліччы,

Я з ім загавару, хаця б і пекла,

Разявіўшыся, пагражала мне.

Я вас прашу, калі дагэтуль вы

Нікому не казалі пра здарэнне,

Дык і далей — маўчанне перш за ўсё;

I што б ні адбылося ў гэту ноч,—

Шукайце сэнсу, прэч ад языка.

Я вам аддзякую за ўсё. Бывайце.

Там на пляцоўцы я сустрэну вас

Каля дванаццатай.

УСЕ

Прыміце доўг.

ГАМЛЕТ

Прыму любоў, а вы маю. Бывайце!

 

Гарацыо, Марцэл і Бернарда выходзяць.

 

Дух бацькі ў зброі! — гэта не к дабру.

Тут нешта ёсць. Не дачакацца ночы!

Цярпі, душа; злачынства гляне ў вочы,

Хоць бы на ім ляжала ўся зямля.

(Выходзіць.)

 

 

Сцэна трэцяя

 

Пакой у доме Палонія. Уваходзяць Лаэрт і Афелія.

 

ЛАЭРТ

Ну, рэчы ўжо мае на караблі;

Бывай, Афелія, бывай, сястра!

Калі ў мой бок павее вецер,— ты

Не спі, дай вестачку.

АФЕЛІЯ

Ты мне не верыш?

ЛАЭРТ,

А Гамлет і яго прыхільнасць — гэта

Капрыз гуляшчы, жыўчыкі ў крыві,

Фіялка, што цвіце вясною ранняй,

Салодкая, нясталая, слабая;

Прыемны пах, забава на хвіліну —

I толькі.

АФЕЛІЯ

Толькі, і не болей?

ЛАЭРТ

Не.

Прырода ў нас расце не толькі ў цела,

Не толькі ў сілу, але ў гэтым храме

Ўзрастае веліч розуму і духу.

Магчыма, што цябе ён і кахае,

Магчыма, што яшчэ ні бруд, ні хітрасць

Не плямяць чыстаты яго жаданняў;

Але, сястра, узваж яго вялікасць

I бойся, бо ў жаданнях ён нявольны.

Ён звязаны паходжаннем сваім:

Не можа ён, як просты чалавек,

Быць сам сабой, ад выбару яго

Залежыць дабрабыт усёй дзяржавы,—

Таму ён мусіць узгадняць свой выбар

З патрэбамі і меркаваннем іншых,

Паколькі ён дзяржавы галава.

Калі ён кажа, што цябе кахае,—

Разумнай будзь, не вер яму занадта,

Пакуль не дасць ён доказаў на справе

I не заручыцца грамадскай думкай;

Ўся Данія павінна сцвердзіць гэта.

Дык вось, узваж, наколькі абняславіш

Свой гонар ты, калі наставіш вуха,

Заслухаешся песень, страціш сэрца,

Калі ты чыстае сваё дзявоцтва

Распусным намаганням аддасі.

Дык сцеражыся, любая сястра,

Афелія, сястрыца, сцеражыся!

Далей ад небяспечнага кахання,

Каб не забіў цябе яго пярун.

Дзяўчына скромная красу сваю

I месяцу паказваць не павінна;

Ад нагавору не ўцячэ ніхто.

Чарвяк любуе часта квет маёвы

Яшчэ ў бутоне, з асяродка точыць;

На маладыя росы пошасць падка.

Трымайся! Страх — ратунак для жанчыны;

Бушуе маладосць і без прычыны.

АФЕЛІЯ

Тваю навуку я прыстаўлю, братка,

Вартаўніком да сэрца. Толькі ты

Не будзь і сам, як той двудушны пастыр,

Што раіць нам ісці цярністым шляхам,

А сам, як фанабэрысты свавольнік,

Бяжыць хутчэй на сцежку асалоды,

Забыўшыся на тое, што казаў.

Мой братка родненькі!..

ЛАЭРТ

Не клапаціся.

Ну, я забавіўся. Прыйшоў наш бацька.

 

Уваходзіць Палоній.

 

Благаславён благаславёны двойчы,—

Благаславіце, тата, яшчэ раз!

ПАЛОНІЙ

Ты тут, Лаэрт? Хутчэй на карабель!

На плечы ветразей уссеўся вецер,

Цябе чакаюць. Дык благаслаўляю.

 

Кладзе руку на галаву Лаэрту.

 

I памятай, табе мой запавет:

Захоўвай думку, стрымлівай язык

I не рабі таго, чаго не трэба;

Ласкавы будзь, але не панібрацтвуй:

З кім хочаш падружыцца — правярай,

А як праверыш — прыбяры да рук;

I не заводзь хаўрусу з першым стрэчным;

Не задзірайся, а калі задраўся,

То спуску не давай, каб вораг знаў;

Прыслухвайся, што кажуць,— сам маўчы;

З людзьмі згаджайся, але думку май;

Спраўляй адзенне добрае, такое,

Каб і багата і не лезла ў вочы,

Бо па адзенні судзяць чалавека,—

Французскія вяльможы і паны

Занадта пераборлівыя ў гэтым.

Сам не бяры, другому не давай:

Хто пазычае, той сяброў губляе,

А хто бярэ, той дрэнны гаспадар.

Галоўнае ж: будзь верным сам сабе,—

Тады, як дзень ідзе за ноччу следам,

Ты і другім ніколі не сфальшывіш.

Ну, дык плыві з маім благаславеннем

I памятай наказ.

ЛАЭРТ

Бывайце, тата!

ПАЛОНІЙ

Пара, пара. Цябе чакаюць слугі.

ЛАЭРТ

Бывай, Афелія, не забывай Таго, што я сказаў.

АФЕЛІЯ.

Замкнута ў сэрцы,

А ключ ты ў мора павязеш з сабою.

ЛАЭРТ Бывай!

 

Выходзіць.

 

ПАЛОНІЙ

Афелія, што ён сказаў табе?

АФЕЛІЯ

Ён, з вашай ласкі, гаварыў аб прынцу.

ПАЛОНІЙ

Аб Гамлеце? Якраз дарэчы гэта;

Бо маю весткі, што апошнім часам

У вас былі таемныя спатканні.

I ты яму давала вольны доступ.

А калі так (а мне ўсё даказалі

Ў парадку асцярогі), то павінен

Табе заўважыць,— ты не разумееш

Дакладна, хто ты, і чыя дачка ты,

I чый ты маеш гонар. Што у вас?

Прызнайся зараз жа.

АФЕЛІЯ

Ён, мілы татка,

Дарыў мне знакі шчырасці сардэчнай.

ПАЛОНІЙ

Ах, ах, ах, шчырасць! — Ты зусім дурная,

Не маеш практыкі ў такіх выпадках.

Як ты назвала? Знакі? I ты верыш?

АФЕЛІЯ

Не ведаю, што думаць, мілы татка.

ПАЛОНІЙ

Ну, то я навучу. Стань тут і думай,

Што ты дзіця малое. Знакі — цацкі.

Знак — не чырвонец, вось што я адзначу.

Не прадавайся танна, бо тады

(Хоць я і злоўжываю гэтым словам)

Адзначыш ты мяне за дурня.

АФЕЛІЯ

Ён спосаб выказаў зусім прыстойны.

ПАЛОНІЙ

Ну, спосаб гэта так,— хай будзе так.

АФЕЛІЯ

Ён прысягаў, што ён мяне кахае,

Ён браў за сведку неба.

ПАЛОНІЙ

Сіло для смачных птушак. Знаю сам.

Калі бунтуе кроў, тады язык

На абяцанкі шчодры. Гэты пал,

Які дае больш бляску, чым цяпла,

Як хутка выбухне, так хутка згасне,—

Дык не лічы яго агнём, дачушка.

З сягонняшняга дня — ашчаднай будзь,

Не раскідайся так сваім дзявоцтвам.

Кампанію сваю цані вышэй,

Чым танныя спатканні з ім па просьбе.

Прынц Гамлет, перш за ўсё, ён — малады,

Прывязан за даўжэйшую вяроўку,

А ты — дзяўчына: не табе гуляць.

I ты не вер яму, не вер прысягам:

Прысягі — зман, нафарбаваны зверху,—

Грахоўных спраў няўрымслівы пасрэднік,

Які гучыць, як чыстая малітва,

Каб лепей абдурыць. Ну вось, нарэшце,

Я гавару,— з сягонняшняга дня

Раз назаўсёды,— прыпыніць гулянкі,

Размоў не весці з Гамлетам. Ты чуеш?

Я патрабую! Ну, ідзі сабе.

АФЕЛІЯ

Пакорна слухаюся, мілы татка.

(Выходзіць.)

 

 

Сцэна чацвёртая

 

Пляцоўка. Уваходзяць Гамлет, Гарацыо і Марцэл.

 

ГАМЛЕТ

Паветра золкае. Ну і мароз!

ГАРАЦЫО

Кусаецца, аж рукі дубянеюць.

ГАМЛЕТ

Каторая гадзіна?

ГАРАЦЫО

Скора поўнач.

МАРЦЭЛ

Прабіла ўжо.

ГАРАЦЫО

Ужо? А я не чуў.

Час блізіцца, калі прыходзіць здань.

 

Трубныя гукі і стрэлы з гармат за сцэнай.

 

Што гэта значыць, прынц?

ГАМЛЕТ

Кароль банкет спраўляе на ўсю ноч,

Танцуе і віншуе сам сябе;

Калі рэйнвейну келіх апарожніць,

У трубы трубяць і ў літаўры б'юць,

Каб ведалі, што ён умее выпіць.

ГАРАЦЬЮ

Такі парадак?

ГАМЛЕТ

Так, усё ў парадку.

Але я думаю,— хоць я тутэйшы

I мог бы прызвычаіцца,— аднак

Яго лепш адмяніць, чым захаваць.

За хмель і гульбішчы на ўсход і захад

Мы страцілі павагу між народаў;

За п'яніц лічаць нас і дадаюць

Да нашых прозвішч свінскія мянушкі,—

I, сапраўды, ад нашых лепшых спраў

Ніякага не застанецца следу.

Здараецца так часта з чалавекам,

Калі ў ім ёсць прыродная загана

(Не па яго віне, бо, як вядома,

Істота не шукае, дзе радзіцца),

Ну, тэмперамент перайшоў у крайнасць

I загарадкі розуму ламае

Альбо прынаравіўся да такога,

Што рэзка падымаецца над нормай,—

Такога чалавека, я ж кажу,

Хаця б ён меў адну ўсяго загану,

Натура ўжо такая ці удача,

Нягледзячы на ўсе яго заслугі,

На ўсе яго дадатныя бакі,—

Асудзяць, перасудзяць, абняславяць

За гэты недахоп. I лыжка дзёгцю

У бочцы мёду робіць мёд нясмачным.

О, ганьба, ганьба!

 

Уваходзіць здань.

 

ГАРАЦЫО

Прынц, глядзіце,— ён!

ГАМЛЕТ

Ратуйце нас, о серафімы неба!

Хто б ты ні быў: ці светлы дух, ці чорт,

Ці з райскім спевам, ці з пякельным енкам,

З намерам літасці ці утрапення,—

Выходзіш ты у вобразе даступным,

I я скажу табе. Я клічу: Гамлет,

Кароль, Датчанін, бацька, дай адповедзь!

Адказвай мне, ў няведанні не муч,

Чаму твае пахованыя косці

Магільны саван разадралі раптам?

Чаму той помнік, пад якім ляжаў ты,

Раскрыў свой цяжкі мармуровы зеў

I выкінуў цябе наверх яшчэ раз?

Як разумець, што ты, мярцвяк, ізноў

Пад месяцам блукаеш у жалезе

I страшыш ноч, а нам, прыроды блазнам,

Жахліва ўзрушваеш істоту думкай,

Якая па-за межамі душы?

Скажы, чаму? Навошта? Што рабіць нам?

ГАРАЦЫО

Ён знак дае, каб вы ішлі за ім,

Нібы жадае нешта растлумачыць

Вам аднаму.

МАРЦЭЛ

Глядзіце, як ласкава

Ківае вам і вабіць за сабой.

Не йдзіце з ім.

ГАРАЦЫО

Не, не, ні ў якім разе.

ГАМЛЕТ

Ён не гаворыць. Я пайду за ім.

ГАРАЦЫО

Не трэба, прынц.

ГАМЛЕТ

Чаму? Чаго баяцца?

Я не цаню свайго жыцця ні ў грош,

Душы ж маёй нічога ён не зробіць,

Бо смерці ёй няма, як і яму.

Ён заклікае — я іду, іду.

ГАРАЦЫО

А калі ён укіне вас у мора

Альбо ўзвядзе на стромкую скалу,

Што грозна па-над хвалямі навісла,

I там, прыняўшы новы страшны выгляд,

Паўстане раптам і кране ваш розум,

Угоніць у вар'яцтва,— што тады?

Там сам сабою родзіцца адчай,

Даволі толькі паглядзець у мора

3 высокай кручы, як шуміць яно,

Раве і пырскае.

ГАМЛЕТ

Ён кліча зноў,—

Ідзі, я за табою.

МАРЦЭЛ

О прынц, мы не дазволім.

ГАМЛЕТ

Рукі прэч!

ГАРАЦЫО

Што робіце?

ГАМЛЕТ

Мой лёс мяне паклікаў,

I цела поўніцца маё адвагай,

I сілы прыбываюць, як у льва.

 

Здань вабіць.

 

Ён кліча зноў. Прэч рукі! — Бо, клянуся

(вырываючыся),

Той стане ценем сам, хто мне пашкодзіць.

Кажу вам, прэч! — Ідзі, я за табою.

 

Здань і Гамлет выходзяць.

 

ГАРАЦЫО

Ён ашуканы ўласным уяўленнем.

МАРЦЭЛ

Хадзем за ім; нам нельга заставацца.

ГАРАЦЫО

За ім услед.— Чым скончыцца ўсё гэта?

МАРЦЭЛ

Гніль завялася ў дацкім каралеўстве.

ГАРАЦЫО

Кіруе неба.

МАРЦЭЛ

Лепш давайце пойдзем.

 

Выходзяць.

 

 

Сцэна пятая

 

Другі бок пляцоўкі.

Уваходзяць здань і Гамлет.

 

ГАМЛЕТ

Куды вядзеш? Далей я не пайду.

ЗДАНЬ

Зважай!

ГАМЛЕТ

Я слухаю.

ЗДАНЬ

О, хутка, хутка

Надыдзе час, калі ў агонь пякельны

Я акунуся.

ГАМЛЕТ

О няшчасны дух!

ЗДАНЬ

Не спачувай, а выслухай уважна,

Што я табе адкрыю.

ГАМЛЕТ

Гавары.

ЗДАНЬ

I ты адпомсціш, калі ты пачуеш.

ГАМЛЕТ

Што?

ЗДАНЬ

Я твайго бацькі дух,

Асуджаны уночы на блуканне,

А днём датуль у полымі палаць,

Пакуль зямныя ўсе мае злачынствы

Не выгараць, не выйдуць з мяне вон.

Каб мне не забаронена было

Апавяшчаць аб тайнах таго свету,

Я б расказаў табе такія страхі,

Што разадралася б душа твая,

Замерзла б маладая кроў твая

I вочы, павылазіўшы з вачніц,

Упалі б і разбіліся, як знічкі;

I кожны волас стаў бы паасобку,

Як іглы на ўсшалелым дзікабразе,—

Але явіць адвечнае мне нельга

Вушам з крыві і мяса. Слухай, слухай,

О, слухай, калі бацьку ты любіў!

ГАМЛЕТ

О божа!

ЗДАНЬ

I ты адпомсціш за яго забойства.

ГАМЛЕТ

Забойства?

ЗДАНЬ

Нялюдскае і подлае забойства,

Такое подлае, якіх няма.

ГАМЛЕТ

Хутчэй кажы пра ўсё, каб я на крылах,

Як думка шпаркіх, як любоў імклівых,

Ўзляцеў да помсты.

ЗДАНЬ

Бачу, ты гатовы;

Ты б вялы быў, як тое пустазелле,

Што дагнівае каля рэчкі Леты,

Калі б не страсянуўся ў бурным гневе.

Дык слухай, Гамлет: ходзіць пагалоска,

Што соннага мяне аднойчы ў садзе

Змяя ўкусіла,— перадчасны скон мой

Ад Даніі укрыты ашуканствам.

Дык ведай, верны сын мой: люты змей,

Каторы укусіў мяне насмерць,

Цяпер надзеў маю карону.

ГАМЛЕТ

Дзядзька!

Мая душа, ты прадчувала ўсё.

ЗДАНЬ

Так, гэты хцівы звер і чужаложнік

Вядзьмарства досціпам, умельствам здрады

(О подлы досціп, подлае умельства

Так спакушаць!) дабіўся лёгкай згоды

Ад жонкі ад маёй — ад каралевы,

Такое недачэпнае на выгляд.

О Гамлет, Гамлет, як яна упала!

Калі ішлі мы з ёю пад вянец,

Я слова даў, і я трымаўся слова,

Я так кахаў яе,— яна ж, яна

Распусніку ліхому аддалася,

Што нават і нагі маёй не варты.

Ты чэснае жанчыны не звядзеш,

Хоць за святога пераапраніся;

Ну, а блудніцы,— дай анёла ў пару,

Дай шчасце, то ўсё роўна не дацерпіць,—

Захоча падлы.

Але цішэй! Я чую подых рання.

Я коратка скажу. Калі я спаў

У садзіку звычайна па абедзе,

Твой дзядзька дасачыў маю бяспечнасць

З праклятым сокам клёкату у шклянцы

I ўліў у вушы мне ліхое зелле,

Якое мае тую уласцівасць,

Што уядаецца адразу ў цела,

Бяжыць па жылах, як жывое срэбра,

I там згартае і тварожыць гвалтам,

Як воцат малако, людскую кроў;

I ў той жа момант абрасло карою,

Пакрылася агіднымі струпамі

Маё ўсё цела.

Так быў я, сонны, братняю рукой —

Жыцця, кароны, жонкі — усяго

Пазбаўлены ў красе зямных грахоў,

Без адпушчэння, без прычасця, раптам;

I я, не разлічыўшыся ні з кім,

На справаздачу страшную з'явіўся:

О дзікі жах! О жудасць, жудасць, жудасць!

Калі натуру маеш, не сцярпі,

Не дапусці, каб каралеўскі ложак –

Ператварыўся у свіны бярлог.

Але глядзі, калі ты будзеш помсціць,—

Рук не гнюсі, не замышляй нічога

На маці родную. Няхай яе

Карае неба! Хай ёй сэрца колюць,

Хай джаляць сэрца ёй калючкі здрады!

А ты шчаслівы будзь; жыві, бывай.

Святляк паказвае, што блізка ранне,

I кволы свой агеньчык загасіў.

Бывай, бывай! — і помні пра мяне.

(Выходзіць.)

ГАМЛЕТ

О моц нябесная! Зямля! Яшчэ што?

Хіба дадаць і пекла? — Цьфу! Стой, сэрца!

Не трэба слабасці, патрэбна дужасць.

Трымайся, сэрца! Помніць пра цябе?

Так, бедны бацька. Гэты бедны чэрап —

Яшчэ мой чэрап. Помніць пра цябе?

Хутчэй з табліцы памяці сатру

Усе свае нікчэмныя нататкі,

Усё, што з кніг, усё, што маладосць

I назіранне запісалі там,—

I твой загад няхай жыве адзін

У фаліянтах галавы маёй,

Ачышчанай ад смецця!.. Прысягаю!

О пагубіцелька!..

О подлы, подлы, пад усмешкай подлы

З падлюг падлюга!.. Дзе мае таблічкі?

Я запішу, што можна усміхацца

I, усміхаючыся, быць падлюгай;

Ва ўсякім разе ў Даніі — бясспрэчна.

(Піша.)

Так, дзядзька, так. Маім дэвізам будзе:

«Бывай, бывай! — і помні пра мяне».

Я прысягнуў.

ГАРАЦЫО

(за сцэнай)

Прынц, прынц!

МАРЦЭЛ

(за сцэнай)

Прынц Гамлет!

ГАРАЦЫО

(за сцэнай)

Хай вас бог бароніць!

ГАМЛЕТ

Хай будзе так.

ГАРАЦЫО

(за сцэнай)

Хіло, хо-хо, мой прынц!

ГАМЛЕТ

Хіло, хо-хо! Сюды, сюды, мой сокал!

 

Уваходзяць Гарацыо і Марцэл.

 

МАРЦЭЛ

Ну як, мой прынц?

ГАРАЦЫО

Што новенькага, прынц?

ГАМЛЕТ

О, надзвычайна!

ГАРАЦЫО

Прынц, скажыце!

ГАМЛЕТ

Нельга. Вы перакажаце.

ГАРАЦЫО

Не я, мой прынц, клянуся.

МАРЦЭЛ

I не я.

ГАМЛЕТ

Вось бачыце, ну хто падумаць мог бы.

А вы маўчаць умееце?

ГАРАЦЫО I МАРЦЭЛ

Клянёмся!

ГАМЛЕТ

Няма у Даніі такога шэльмы,

Які не быў бы абармотам.

ГАРАЦЫО

Каб гэта нам сказаць, шаноўны прынц,

З магілы не вылазіў бы нябожчык.

ГАМЛЕТ

Я з вамі згодзен; а таму давайце,

Без лішніх слоў, паціснем моцна рукі

I пойдзем хто куды: вы да сваіх

Заняткаў і патрэб, бо ў чалавека

Заўсёды ёсць заняткі і патрэбы

Якія-небудзь,— ну, а я, няшчасны,

Відаць, пайду маліцца.

ГАРАЦЫО

Што вы, прынц!

Адкуль такія кручаныя словы?

ГАМЛЕТ

Шкада, што я пакрыўдзіў вас; напэўна,

Я не хацеў.

ГАРАЦЫО

Ніякай крыўды, прынц.

ГАМЛЕТ

Бяру за сведку Патрыка святога,

Ёсць крыўда, і вялікая, Гарацыо.

А? — вам пра здань цікава? — я скажу:

Здань добрая. А што было між намі,—

Было — і скончылася. А цяпер,

Сябры мае, студэнты і салдаты,

Мая к вам просьба.

ГАРАЦЫО

А якая, прынц? —

Мы з радасцю.

ГАМЛЕТ

Нікому і ніколі

Не гаварыць пра тое, што было.

ГАРАЦЫО I МАРЦЭЛ Не будзем, прынц.

ГАМЛЕТ

А вы прысягу дайце.

ГАРАЦЫО

Клянуся, прынц.

МАРЦЭЛ

I я клянуся. прынц.

ГАМЛЕТ

О не, на меч, на меч!

МАРЦЭЛ

Мы ж прысягалі.

ГАМЛЕТ

Як трэба, на маім мячы, як трэба.

ЗДАНЬ

(знізу)

Прысягу.

ГАМЛЕТ

О, о, і ён! I ты, і ты не дрэмлеш?

Вы чулі голас з-пад зямлі, вы чулі?

Хутчэй, прысягу.

ГАРАЦЫО

Прапануйце словы.

ГАМЛЕТ

Маўчаць пра ўсё, што бачылі вы тут,

Прысягу дайце на маім мячы.

ЗДАНЬ

(знізу)

Прысягу.

ГАМЛЕТ

Hic et ubique! Пераменім месца,

Пастаньце тут, сябры,

Кладзіце рукі зноў усе на меч:

Прысяга на мячы,—

Маўчаць пра тое, што вы чулі тут.

ЗДАНЬ

(знізу)

Прысяга на мячы.

ГАМЛЕТ

Пацвердзіў, крот стары. Як спрытна рые!

Удалы далакоп. Сябры, пяройдзем.

ГАРАЦЫО

О дзень і ноч! — вось дзіва, ну і дзіва!

ГАМЛЕТ

Дык не дзівіся, а сустрэнь з вітаннем:

Ёсць болей з'яў на свеце, друг Гарацыо,

Чым сніцца філасофіі тваёй.

Хутчэй прысягу дайце,—

Тут, як і там, няхай вам бог паможа! —

Што, як бы дзіўна ні трымаўся я,

Бо я, магчыма, палічу патрэбным

На нейкі час прыкінуцца вар'ятам,—

Ніколі вы, убачыўшы мяне,

Не будзеце ні галавой ківаць,

Ні рукі складваць гэтак альбо гэтак,

Ні вымаўляць глыбакадумных слоў,

Накшталт: «Мы гэта ведаем», альбо:

«Маглі б, але не хочам», альбо так:

«Каб мы хацелі расказаць»... Хутчэй,

Прысягу дайце,—

Нідзе, ніколі, ні адным намёкам

Не выдаваць, што вам вядома нешта.

I хай у гэтым вам паможа бог!

ЗДАНЬ

(знізу)

Прысягу.

ГАМЛЕТ

Мір, мір, устурбаваны дух! Сябры,

З любоўю даручаю вам сябе.

I ўсё, што можа бедны Гамлет вам

Зрабіць, каб выявіць сваю прыхільнасць,—

Ён зробіць з ласкі божай. Пойдем разам.

I, я прашу, трымайце рот замкнёным.

Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,

Навошта ты мяне сюды прынёс

Лячыць хваробы часу! Пойдзем разам.

 

Выходзяць.

Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=88 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гамлет, прынц Дацкі — акт першы

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

Для друку   /   Уільям Шэксьпір

Laurence Olivier
Laurence Olivier