Літаратура.org » Уільям Шэксьпір » Уільям Шэкспір, Кароль Лір

Кароль Лір

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

АСОБЫ

 

ЛІР кароль Брытаніі

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

ГЕРЦАГ КОРНУАЛ

ГЕРЦАГ АЛЬБАНІ

ГРАФ КЕНТ

ГРАФ ГЛОСТЭР

ЭДГАР сын Глостэра

ЭДМУНД пабочны сын Глостэра

КУРАН прыдворны арандатар у Глостэра

СТАРЫ СЕЛЯНІН

ЛЕКАР

БЛАЗЕН

ОСВАЛЬД дварэцкі Ганерыльі

АФІЦЭР ПРЫ ЭДМУНДЗЕ

ДВАРАНІН СА СВІТЫ

КАРДЭЛІІ

ГЕРОЛЬД

СЛУГІ ГЕРЦАГА

КОРНУАЛА

ГАНЕРЫЛЬЯ дочкі караля Ліра

РЭГАНА

КАРДЭЛІЯ

РЫЦАРЫ СА СВІТЫ ЛІРА,

АФІЦЭРЫ, ГАНЦЫ,

САЛДАТЫ I ПРЫДВОРНЫЯ

 

Месца дзеі — Брытанія.

 

АКТ ПЕРШЫ

Сцэна першая

Палац караля Ліра.

Уваходзяць Кент, Глостэр і Эдмунд.

 

КЕНТ

Я думаў, што каралю больш падабаецца герцаг Альбані, чым Корнуал.

ГЛОСТЭР

Усім нам так здавалася, але цяпер, пры падзеле каралеўства, нельга ўявіць, каторы з герцагаў яму даражэйшы: кожнаму даецца роўная доля, як ні прыкідвай.

КЕНТ

Гэта ваш сын, мілорд?

ГЛОСТЭР

Так, сэр, і прыплод мой і гадоўля мая. Калісьці я саромеўся прызнацца ў гэтым, а цяпер прывык.

КЕНТ

Не разумею вас.

ГЛОСТЭР

Затое маці гэтага хлопца зразумела адразу, жывот яе акругліўся, і прыдбала яна сына ў калыску раней, чым мужа ў пасцель. Грахі маладосці, сэр.

КЕНТ

Калі ваша сяўба, сэр, дала такія выдатныя ўсходы, я магу вас толькі павіншаваць.

ГЛОСТЭР

У мяне ёсць яшчэ адзін сын, законны, гадамі старэйшы, але гэты не менш мілы майму сэрцу. Парушыў, шэльма, усякую прыстойнасць: вылез на свет, не пачакаўшы, пакуль яго папросяць, але маці яго была прыгожая, і абдымкі яе былі гарачыя, — прыйшлося прызнаць байструка. — Ты ведаеш гэтага джэнтльмена, Эдмунд?

ЭДМУНД

Не, мілорд.

ГЛОСТЭР

Граф Кент, мой друг і прыяцель.

ЭДМУНД

Пакорны слуга вашай светласці.

КЕНТ

Слаўны хлопец. Ад душы рад пазнаёміцца.

ЭДМУНД

Пастараюся апраўдаць ваша давер’е, сэр.

ГЛОСТЭР

Дзевяць гадоў не было яго тут, і вось трэба зноў выпраўляць у дарогу. Кароль ідзе.

Трубы за сцэнай.

Уваходзяць Лір, Корнуал, Альбані,

Ганерылья, Рэгана, Кардэлія

і світа.

ЛІР

Кароль Французскі і Бургундскі герцаг

Чакаюць нас. Прымі іх, Глостэр.

ГЛОСТЭР

Добра.

Глостэр і Эдмунд выходзяць.

ЛІР

Тым часам мы аб’явім нашу волю.

Падайце карту. Падзялілі мы

На тры часціны наша каралеўства.

I цвёрды наш намер, рашэнне наша:

Пазбавіцца на старасці гадоў

Дзяржаўных клопатаў, ускласці іх

На плечы маладыя, а самім

Адпачываць, ісці няспешным крокам

Насустрач смерці — Зяць наш Корнуал

I ты, не менш нам любы, зяць Альбані,

Каб прыпыніць і папярэдзіць спрэчкі,

Жадаем мы апавясціць цяпер жа,

Які пасаг даецца нашым дочкам.

Уладары французскі і бургундскі,

Два кандыдаты на руку і сэрца

Дачкі малодшай нашае, даўно

Прыехалі і сватаюцца. Сёння

Ім будзе наш адказ. Мае вы дочкі,

Скажыце нам, мы ўсё вам аддаём —

I ўладу нашу, і прыбыткі нашы —

Каторая з вас трох нас болей любіць?

Каб мы маглі, узважыўшы пачуцці,

Натуру і заслугі кожнай з вас,

Прызначыць лепшай лепшую часціну? —

Спачатку выслухаем Ганерылью,

Старэйшую дачку. — Адказвай.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Сэр,

Мая любоў мацнейшая, чым словы.

Я вас люблю бязмежна і бязмерна:

Болып, чым святло, чым сонца, чым свабоду,

Вы даражэй мне скарбаў і багацця,

Вы для мяне жыцдё, здароўе, шчасце,

Не выказаць, як я люблю вас, бацька —

Любоўю перапоўнена душа.

КАРДЭЛІЯ

(убок)

А што тады Кардэліі казаць?

Хлусіць не буду, лепей прамаўчу.

ЛІР

Усю зямлю, адгэтуль і дагэтуль,

Дрымучы лес і нівы залатыя,

Квяцістыя прасторы сенажацей,

I рэкі паўнаводныя, і ўсё,

Што тут акрэслена, ўвесь гэты край

Мы аддаём табе з тваім патомствам

На векі вечныя — Што скажа нам

Рэгана, нашая дачка другая,

Па мужу Корнуал?

РЭГАНА

Высокі сэр,

Мая сястра і я адной пароды —

Цаніце роўна нас. Я з ёю згодна,

Але павінна многае дадаць.

Я заяўляю: мне выгод не трэба;

Вас аднаго кахаючы пяшчотна,

Для вас гатова я на ўсе ахвяры.

Няма на свеце большай асалоды,

Як дагаджаць і быць уцехай вам,

Мой дарагі, мой неацэнны бацька.

КАРДЭЛІЯ

(убок)

Ні спрытнасці ў мяне, ні красамоўства:

Любіць магу, хваліцца не умею.

ЛІР

Табе і ў спадчыну тваім навечна

Вось гэта трэць Брытаніі прыгожай:

Прыволля тут і ўсякага дабра

Не меней, чым у долі Ганерыльі —

Ну, мілае дзіця, наш квет апошні,

Які прывабіў хараством сваім

Да нас у госці двух магутных прынцаў,

Француза і Бургундца, што нам скажаш,

Каб заслужыць трэць лепшую, чым сёстры?

КАРДЭЛІЯ

Нічога.

ЛІР

Нічога?

КАРДЭЛІЯ

Нічога, сэр.

ЛІР

З нічога нічога мець не будзеш.

Думай, думай!

КАРДЭЛІЯ

Якая я няшчасная! Мне цяжка

Рабіць прызнанні. Я люблю вас, сэр,

Як мне загадвае мой абавязак,

Не болей і не меней.

ЛІР

Што? Як, як?

Кардэлія, каму ты так гаворыш!

Не наклікай бяды!

КАРДЭЛІЯ

Мой добры бацька,

Мяне вы парадзілі, ўзгадавалі,

Мяне любілі вы, за гэта я

Павінна быць удзячнай, шанаваць вас,

Любіць і слухацца. Як гэта сёстры

Сабе ўзялі мужоў, а вам гавораць,

Што любяць толькі вас? Мо калі-небудзь

Мне прыйдзецца самой ісці к вянцу.

I я аддам свайго кахання часць

I сэрца часць, увагу, вернасць, ласку

Другому чалавеку. Калі б я

Любіла аднаго вас, я б ніколі

Не выйшла замуж.

ЛІР

Ты гэта шчыра кажаш?

КАРДЭЛІЯ

Шчыра, сэр.

ЛІР

Такая маладая і такая

Бяздушная!

КАРДЭЛІЯ

Калі ж бо гэта праўда.

ЛІР

Хай будзе так. Вазьмі ж ты сваю праўду

Сабе ў пасаг. Клянуся бляскам сонца,

Клянуся таямніцамі начнымі,

Клянуся дзейнасцю нябесных сфер,

Што пасылаюць нам жыццё і гібель —

Ты не дачка мая. Я разрываю

Той кроўны вузел, што яднае нас,

I выкідаю прэч цябе, чужою,

З грудзей і сэрца. Дзікі варвар скіф,

Агідны людаед, што пажырае

Свой род і племя, мне цяпер мілей,

Радней і бліжэй, чым мая дачка,

Чым гэты вырадак.

КЕНТ

Мой уладар!..

ЛІР

Маўчы, не лезь дракону ў зубы, Кент!

Яе любіў я больш за ўсіх, я думаў —

Яна мяне прытуліць і сагрэе.

(Кардэліі.)

Прэч, адыдзі! Труна мяне прытуліць,

А я табе не бацька — Дзе Француз?

Вы чуеце? Пазваць сюды Бургундца! —

Альбані, Корнуал, бярыце ўсё,

Дзяліце між сабой і гэту трэць.

Няхай ёй гордасць будзе жаніхом.

Знайшла дзе праўду! Вас мы узвышаем

I аддаём вам двум пяршынства наша,

Правы і прывілеі караля.

I, пакідаючы сабе ад світы

Сто рыцараў, мы будзем вас наведваць

Памесячна у вызначаны тэрмін.

Жадаем адпачыць на схіле дзён

Пад вашым доглядам. Імя і тытул

За намі застаюцца; кіраўніцтва,

Расправа, суд, прыбыткі ўсе — у вас.

О любыя сыны, вось вам карона.

Жывіце, царствуйце!

(Аддае карону.)

КЕНТ

Вялікі Лір,

Я шанаваў цябе як караля,

Любіў як бацьку, праслаўляў цябе,

Маліўся на цябе, як на святога...

ЛІР

Наш лук нацягнуты, не вытыкайся!

КЕНТ

Спускай стралу сваю. Хай джала злое

Праб’е мне сэрца. Кент маўчаць не будзе,

Калі шалее Лір. Стары, што робіш?

Ты думаеш, што ўсе цябе баяцца?

Цябе улесцілі. Ты траціш гонар,

Не толькі розум. Будзь такім, як быў.

Не паддавайся гневу, адмяні

Нядобрае рашэнне. Галавой

Ручаюся, малодшая дачка

Цябе не меней любіць: не пусты

Душою той, хто ціхі.

ЛІР

Кент, маўчы

Пад страхам смерці!

КЕНТ

Што мне тая смерць!

Я ёй глядзеў у вочы, калі ў бой

Ішоў за Ліра, калі кроў сваю

За Ліра праліваў.

ЛІР

Прэч, непакорны!

КЕНТ

Адумайся, зірні ў сваё сумленне —

Яно перад табою тут.

ЛІР

Клянуся Апалонам...

КЕНТ

Клянуся Апалонам, што дарэмна

Клянешся ты, кароль.

ЛІР

Адступнік! Здраднік!

(Хапаецца за меч.)

АЛЬБАНІ, КОРНУАЛ

Не трэба, сэр.

КЕНТ

Сячы мячом, знішчай!

Забіўшы лекара, сваю карону

Надзень хваробе. Лір, не раскідайся.

Я пратэстую, Лір. Пакуль у горле

Не задушылі крык мой, я кажу:

Ты робіш дрэнна.

ЛІР

Слухай жа, бунтар,

Калі ты рыцар, слухай наша слова.

За тое, што адважыўся ты, дзёрзкі,

Публічна ганьбіць клятвенны наш вырак

I ў сатанінскай гордасці паўстаў

Супроць рашэння нашага і нас,

Чаго натура нашая і веліч

Цярпець не могуць, мы цябе караем.

Пяць дзён даём на зборы — падрыхтуйся

Ў дарогу дальнюю; на шосты дзень

Пакінеш каралеўства наша. Прэч!

Калі праз дзесяць дзён ты будзеш тут,

Смерць ліхадзею. Выйдзі, ненавісны!

Юпітэрам клянуся, мы сказалі,

I будзе так, як мы сказалі. Прэч!

КЕНТ

Бывай, упарты Лір. Іду ў выгнанне

У незнаёмы, але вольны край.

Няма свабоды у цябе. Бывай.

(Кардэліі.)

Дзіця праўдзівае, бывай і ты.

Бог не пакрыўдзіць беднай сіраты.

(Рэгане і Ганерыльі.)

А вам жадаю, каб любілі вы

Ад сэрца, не ад хітрай галавы —

Мы самым блізкім прычыняем боль —

Бывайце, герцагі! — Бывай, кароль!

(Выходзіць.)

Уваходзяць Глостэр, кароль Французскі

герцаг Бургундскі і світа.

ГЛОСТЭР

Яго вялікасць і яго высокасць

Кароль Французскі і Бургундскі герцаг.

ЛІР

Шаноўнейшы Бургундзец, мы спачатку

Спытаемся у вас. Вы і кароль

Абодва маеце адзін інтэрас

Да нашае дачкі. Скажыце нам,

Ці шмат вы патрабуеце пасагу?

Якая ваша крайняя цана?

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

Вялікі уладар зямлі брытанскай,

Прэтэнзій лішніх у мяне няма;

Усё, што вы прызначылі за ёю,

Я рад прыняць. Вы ж меней не дасце?

ЛІР

Шаноўны уладар зямлі бургундскай,

Была пара, мы ёю даражылі,

Цяпер тавар падзешавеў. Глядзіце,

Мяркуйце на свой густ і, калі вам

У гэтай кволай дробненькай істоце,

Нялюбай нам, пазбаўленай пасагу,

Што-небудзь даспадобы, забірайце.

Збываем з рук.

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

Я вас не разумею.

ЛІР

Жадаеце вы ўзяць сабе за жонку

Дзяўчыну, ад якой мы адракліся,

З яе заганамі, з яе красою

I з нашаю няласкаю ў прыдачу?

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

Прашу пардону, вашая вялікасць,

Шлюб немагчымы пры такіх умовах.

ЛІР

Тады яе пакіньце. Прысягаю,

Пералічыў я ўсё яе багацце —

А вам, кароль вялікі, я не буду

Рабіць і прапановы: брыдка мне

Вам сватаць тое, што другім нягожа.

І я прашу вас пашукаць сабе

Нявесту больш дастойную, забыць

Пра гэтае няўдалае стварэнне,

Нам ненавіснае.

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

Якое дзіва!

Не верыцца, каб мілая прынцэса,

Прадмет хвалы і прыклад далікацтва,

Што, як бальзам, гаіла вашу душу

I, як зара пад мантыяй нябёс,

Цудоўна аздабляла вашу старасць,

Магла так раптам, за кароткі міг

Скаціцца з недасяжнай вышыні

У багну адшчапенцаў і злачынцаў.

Не можа быць! Вы ж так яе любілі.

Не веру! Не ўмяшчае галава,

I сэрца не прымае.

КАРДЭЛІЯ

Уладар.

Я не прывыкла гаварыць прамовы

I абяцаць, каб потым не выконваць.

Прашу вас, растлумачце гэтым людзям:

Каб ведалі, што я не ліхадзейка

I не разбойніца, маё сумленне

Пакуль што чыстае і чэсць мая

Не мае плям, што страціла я ласку

I стала вам нялюбаю за тое,

Што ў прастаце душой не пакрывіла,

Не гнулася, не паглядала ласа

На большы кус і языком мядовым

Падачак не выпрошвала. Ну што ж!

Хай будзе так, як ёсць. Я не зайздрошчу.

Не гневайцеся, бацька.

ЛІР

Грубіянка!

Мяне раўняеш з іншымі, пярэчыш!

Вось парадзіў змяю!

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

I гэта ўсё?

Быць стрыманай не значыць быць нячулай —

Якое вашае рашэнне, герцаг?

Скажыце канчаткова ёй. Каханне

З разлікам на пасаг не ёсць каханне.

Жадаеце узяць? Вось перад вамі

Стаіць дзяўчына — залатое сэрца.

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

Ах, ваша каралеўская вялікасць,

Вы дайце толькі ёй, што абяцалі,

І я яе да шлюбу павяду

I назаву бургундскай герцагіняй.

ЛІР

Сказаў, не дам нічога — і не дам.

Я — цвёрды чалавек.

ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ

Шкада, шкада.

Я вельмі спачуваю вам, мілэдзі —

Няма у вас ні бацькі больш, ні мужа.

КАРДЭЛІЯ

Удзячна вам за спачуванне, герцаг —

Быць вашай жонкай невялікі гонар.

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

Кардэлія, о колькі хараства

Ў тваёй пакрыўджанасці адзінокай!

Як ты багата ў беднасці сваёй!

Цябе не любяць. Дык свяці ж мне, зорка!

Пакінутая ўсімі, будзь мая.

Як непрытульна тут, як сцюжа!

Я прыгарну цябе да сэрца, ружа,

У Францыю за мора павязу,

I сонца высушыць тваю слязу.

Скажы «бывай» радні сваёй суровай,

Ты знойдзеш шчасце у краіне новай.

Будзь каралевай! Мы цябе абралі —

Вы прагадалі, герцаг, прагадалі.

ЛІР

Бяры яе, Француз, яна твая.

Ідзіце прэч, каб вас не бачыў я.

Благаславення вам майго не будзе,

Яе забыў я, хай мяне забудзе —

Хадзем, шаноўны герцаг.

Трубы. Выходзяць Лір, герцаг Бургундскі

Корнуал, Альбані, Глостэр і світа.

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

Развітайся з сваімі сёстрамі.

КАРДЭЛІЯ

О сёстры, сёстры,

Апора бацькава, як мне балюча,

Як горка мне у гэты час разлукі!

Я знаю вашы слабасці, але

Ліхога слова на скажу. Любіце

I даглядайце бацьку, прытуліце

Старога да грудзей сваіх. Мой божа!

Няхай бы мне даверыўся ён! Можа,

Знайшоўся б для яго прытулак лепшы.

Шчасліва аставацца.

РЭГАНА

Не вучы нас.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Лепш навучыся мужу дагаджаць,

Што з міласці узяў цябе, жабрачку,

Не адвярнуўся. Добра, добра. Варта.

Не зазнавайся і не будзь упартай.

КАРДЭЛІЯ

Рассудзіць час, хто вінаваты болей.

Не смейцеся, сястрыцы, над нядоляй.

Жадаю шчасця.

КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ

Пойдзем, дарагая.

Выходзяць кароль Французскі

і Кардэлія.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Сястра, мне трэба з табою пагаварыць, гэта вельмі важна для нас абедзвюх. Я думаю, бацька сёння ўвечары выедзе адгэтуль.

РЭГАНА

Напэўна; спачатку будзе жыць у цябе, а праз месяц прыедзе да нас.

ГАНЕРЫЛЬЯ

I што ён сёння толькі вытварыў! Ты заўважыла, якая перамена? Сястру ж ён любіў больш, а прагнаў як міленькую. I за што? Глупства!

РЭГАНА

Ашалеў на старасці. Хоць, праўду кажучы, на яго і раней часам дурасць находзіла.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Гарачы занадта. Яшчэ не тое будзем бачыць. За столькі год ён так урос у свой трон, што цяпер, апроч дзікага самадурства, старэчых немачаў і капрызаў, нічога добрага ад яго не дачакаешся. РЭГАНА

Ён можа і на нас кінуцца з мячом, як на гэтага Кента.

ГАНЕРЫЛЬЯ

А як табе падабаецца развітанне з каралём Французскім? Нам трэба быць заадно, сястрыца. Бо калі даць яму ўладу, то пры яго нораве гэтыя яго дары нам бокам вылезуць.

РЭГАНА

Падумаем, абмяркуем.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Трэба нешта рабіць, і неадкладна.

Выходзяць.

 

Сцэна другая

Замак графа Глостэра.

Уваходзіць Эдмунд з пісьмом.

 

ЭДМУНД

Прырода, ты — мой бог, табе служу я.

Чапляць на рукі ланцугі прывычак?

Ісці з усімі разам? Дапусціць,

Каб чалавечы гурт мяне таптаў?

За што? — за тое, што законны брат

Забег наперад, першым нарадзіўся?

А чым я горшы? Чым я незаконны?

Хіба не тое ж цела? Я — здаровы,

Разумны, зграбны, смелы, малады.

Хто даў ім права нас не прызнаваць?

Хто ім дазволіў зваць нас байструкамі?

Законныя, законныя! — Прырода

Дае законы, а не вы, і здольнасць

З’яўляецца на свет не там, дзе ў ложку,

Пратухлым ад штодзённага ужытку,

Спяць мірна дурні — Знай, законны Эдгар:

Што я, што ты — нас бацька любіць роўна.

I ўсё ж я забяру тваю зямлю,

Прысвою ўсё сабе. Верх возьме Эдмунд,

Бо Эдмунд — сіла. Ёсць тут у мяне

Адно пісьмо для гэтай мэты. Хай

Жывуць і працвітаюць байструкі!

Уваходзіць Глостэр.

ГЛОСТЭР

Прагнаны Кент! Француза угнявіў!

Усё раздаў! Адрокся ад прастола!

Сам выехаў уночы! Так раптоўна!

Хто мог чакаць! — Якія весткі, Эдмунд?

ЭДМУНД

(хаваючы пісьмо)

Ніякіх, ваша светласць.

ГЛОСТЭР

То чаго ж ты спужаўся? Што за пісьмо хаваеш?

ЭДМУНД

Нічога асаблівага, мілорд.

ГЛОСТЭР

Я пытаю, што ты чытаў? Што гэта за паперка?

ЭДМУНД

Ды так, дробязь.

ГЛОСТЭР

Хлусіш. Па вачах бачу. Дробязь так не хаваюць. Пакажы. Калі дробязь, то я разбяруся і без акуляраў.

ЭДМУНД

Прашу прабачэння, сэр, гэта пісьмо ад брата. Я яшчэ ўсяго не прачытаў, але вам яго не варта паказваць.

ГЛОСТЭР

Дай сюды.

ЭДМУНД

Пакажу ці не пакажу, вы ўсё роўна пакрыўдзіцеся. Хваліць няма за што.

ГЛОСТЭР

Пабачым, пабачым.

ЭДМУНД

У апраўданне брату, я спадзяюся... я думаю... мне здаецца... ён напісаў гэта, каб праверыць маё сумленне.

ГЛОСТЭР

(чытае) «Гэтыя пачцівыя адносіны да старых толькі атручваюць нам лепшыя гады жыцця, льюць горыч у вясёлы кубак нашага юнацтва, пазбаўляюць нас багацця, а калі яно, нарэшце, і трапіць нам у рукі, то ўсё ў нас перагарыць, астыне, і мы ўжо не зможам ім карыстацца з належным смакам. Мне абрыдла тыранія сівой барады, надакучыла рабства. Яны маюць уладу не ад сваёй сілы, а ад нашага патурання. Прыходзь да мяне, мы з табою пагаворым. Каб мой бацька мог заснуць і не прачынацца, пакуль я сам яго не разбуджу, ты меў бы палову бацькавых прыбыткаў і жыў бы прыпяваючы маім наймілейшым братам. Эдгар». Што гэта? Змова? «Заснуць і не прачынацца... Ты меў бы палову бацькавых прыбыткаў...» — Эдгар, сын мой! Хто гэта піша? Гэта ён піша? У яго галаве маглі з’явіцца такія мыслі? Калі ты атрымаў? Хто прынёс? ЭДМУНД

Ніхто мне не прынёс, мілорд, мне ўкінулі праз акно. У тым-то ўся і штука.

ГЛОСТЭР

I гэта напісана рукой твайго брата?

ЭДМУНД

Каб што добрае, то я пакляўся б, а ў такое не хочацца верыць.

ГЛОСТЭР

Яго рука.

ЭДМУНД

Рука-то яго, ваша светласць, але сэрца чужое.

ГЛОСТЭР

А дагэтуль ён не рабіў табе ніякіх прапаноў?

ЭДМУНД

Ні разу, мілорд. Праўда, чуў я, нейк ён выказваў думку, што калі сыны дарослыя, а бацька дажывае век, то было б лепш, каб бацька аддаў усё сынам, а сам перайшоў да іх на ўтрыманне.

ГЛОСТЭР

Скаціна, нахабная скаціна! Ён гэта ж самае і піша. Драпежнік! Звер! Агідны, бесчалавечны, подлы звер! Найпадлейшы звер! — Гэй, людзі! Лавіць яго! Хапаць яго! Я згнаю яго ў падзямеллі — Падлюга! Зладзюга! — дзе ён?

ЭДМУНД

Я добра не ведаю, мілорд. Адважуся прасіць вашу светласць стрымаць сваё абурэнне супраць майго брата, вашага сына, пакуль не будзе выяўлены корань яго намеру з усімі акалічнасцямі. Прашу супакоіцца. Справа вельмі далікатная. Найменшая памылка, якая можа з’явіцца ў выніку неасцярожнай паспешнасці, нанясе глыбокую рану вашаму гонару і разаб’е ўшчэнт яго прыхільнасць да вас. Смела ручаюся жыццём, ён напісаў гэта толькі для таго, каб выпрабаваць шчырасць маіх пачуццяў да вашай светласці. Ніякіх шкодных намераў у яго не было.

ГЛОСТЭР

Ты так думаеш?

ЭДМУНД

Калі ваш гонар не пярэчыць, то я пакажу вам, дзе схавацца, і вы зможаце падслухаць маю з ім размову пра гэта, пераканацца на свае ўласныя вушы. Я зраблю гэта сёння ж, і не пазней як увечары.

ГЛОСТЭР

Не можа ён быць такім страшыдлам, не!

ЭДМУНД

Безумоўна, ні ў якім разе.

ГЛОСТЭР

Ісці супраць бацькі, які яго любіць ад усяго сэрца — Божа, божа! — Эдмунд, знайдзі яго. Дай мне зірнуць яму ў нутро. Рабі як знаеш, табе відней: я гатоў на ўсё, каб ведаць праўду.

ЭДМУНД

Мілорд, я яго знайду зараз жа. Я дам справе належны кірунак і буду трымаць вас у курсе ўсіх падзей.

ГЛОСТЭР

I зацьменне сонца было і зацьменне месяца... Не, не прычакаць нам дабра. Хай мудрацы тлумачаць і так і гэтак, а пакрыўджаная прырода сваё бярэ. Любоў астывае, дружба развальваецца, у гарадах бунт, у сёлах нязгода, у палацах здрада, сувязь паміж бацькамі і дзецьмі распадаецца. I збываецца прадказанне: і паўстане сын на бацьку свайго, і прагоніць бацька дзіця сваё, і затрасуцца троны, і пападаюць каралі. Аджылі мы свой лепшы час. Махлярства, пустапарожнасць, вераломства і ўсякае ліха абступілі нас і не даюць спакойна памерці — Знайдзі мне гэтага нягодніка, Эдмунд. Пастарайся. Я аддзякую — Мужны, праўдзівы Кент асуджаны на выгнанне. А за што? За сваю шчырасць! — Дзіўна! (Выходзіць.)

ЭДМУНД

Вось яшчэ цемра людская! Абы-якая бяда альбо няўдача, а ў няспрытных заўсёды не ладзіцца, то мы абвінавачваем у гэтым сонца, месяц, зоркі, нібы мы прахвосты па неабходнасці, блазнюкі з ласкі божай, жулікі і шэльмы па загаду лёсу, п’яніцы, хлусы і распуснікі ад няўхільнага і неадольнага ўплыву планет. Кожны свой ганебны ўчынак мы стараемся апраўдаць воляю неба. Баіцца стары бабнік грахоў і свае казліныя пачуцці чапляе на зорку. Мой бацька абняў маю маці пад хвастом у Дракона, а нарадзіўся я пад Вялікай Мядзведзіцай: з аднаго боку юрлівасць, з другога нахабства. Фатальная камбінацыя характару. Тфу! Бо каб нават найчысцейшая зорка нявіннасці пазірала на маё незаконнае нараджэнне, я быў бы такім, які я ёсць.

Уваходзіць Эдгар.

Лёгкі на ўспамін. Як развязка ў старажытнай камедыі: прыходзіць тады, калі яе чакаюць. Напушчу на сябе меланхолію і пачну ўздыхаць, як Том з Бедлама — О, гэтыя зацьменні, гэтыя зацьменні! Яны сведчаць аб дысгармоніі свету! Фа, соль, ля, мі.

ЭДГАР

Эдмунд, здароў! Што ты такі сумны? Аб чым ты думаеш?

ЭДМУНД

Думаю, браце, пра гэтыя зацьменні. Нядаўна я вычытаў такія страхі, што мяне аж калоціць. ЭДГАР

Знайшоў чым займацца.

ЭДМУНД

А я табе кажу, што прароцтвы, на жаль, збываюцца. Вось што там напісана: варожасць паміж бацькамі і дзецьмі, мор, голад, распад даўняе дружбы, усобіцы, бунт супраць караля і дваранства, празмерная падазронасць, пакаранне бязвінных, развал у войску, скасаванне шлюбаў і яшчэ шмат чаго.

ЭДГАР

З якога часу ты пачаў цікавіцца астралогіяй?

ЭДМУНД

А ты не смейся. Ты даўно бачыў бацьку?

ЭДГАР

Учора ўвечары.

ЭДМУНД

Ты з ім гаварыў?

ЭДГАР

Цэлыя дзве гадзіны.

ЭДМУНД

А як вы разышліся? Добра? Дрэнна? Ён не быў сярдзіты?

ЭДГАР

Не, не быў.

ЭДМУНД

Ты мне скажы, чым ты яго так угнявіў? Я прашу цябе, не пападайся яму на вочы. Няхай ён трохі астыне. Ён цяпер у такім абурэнні, што гатоў разарваць цябе.

ЭДГАР

Не іначай абгаварыў які-небудзь падлюга.

ЭДМУНД

Вось гэтага я і баюся. Прашу цябе як брата, будзь асцярожны, няхай яго злосць перакіпіць. А то, ведаеш што, хадзем да мяне, і я зраблю так, што ты сам пачуеш, што гаворыць бацька. Вось табе ключ ад маіх дзвярэй. Калі ласка. А захочаш выйсці, бяры зброю.

ЭДГАР

Што ты, брат! Нашто мне зброя?

ЭДМУНД

Слухай, брат, я табе раю як лепш. Я чалавек сумленны і павінен папярэдзіць: пад цябе робяць падкоп. Я сказаў тое, што чуў і бачыў, але я не ўсё сказаў. Ты нават не можаш сабе ўявіць, якая небяспека над табою навісла. Ідзі, ідзі адгэтуль.

ЭДГАР

Ты хоць бы мне растлумачыў.

ЭДМУНД

Я табе памагу, не сумнявайся.

Эдгар выходзіць.

Старому абы верыць: забабоны,

Ўсе плёткі, чуткі ён збярэ да кучы.

Брат — прастадушны, зла не прызнае

I чортам не спакушан; сяду верхам

I буду аб’язджаць, хай прывыкае.

Наперад, лейцы ў рукі і ўгалоп!

Я панаваць хачу, я — не халоп.

(Выходзіць.)

 

Сцэна трэцяя

Палац герцага Альбані.

Уваходзяць Ганерылья і Освальд.

 

ГАНЕРЫЛЬЯ

Гэта праўда, што мой бацька набіў майго прыдворнага за тое, што той пасварыўся з яго блазнам? ОСВАЛЬД

Праўда, мілэдзі.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Ён не дае жыцця мне. Вось мучыцель!

Наехалі, перавярнулі дом:

Крык, лямант, лаянка. Не пацярплю!

Абрыдлі мне яго прыдзіркі — Слухай:

Калі яны прыскачуць з палявання,

То я не выйду; запытае, дзе я —

Даложыш, што мілэдзі нездарова.

I не старайся вельмі услугоўваць,

Рабі ўсё з халадком — так будзе лепей.

За сцяной чуваць паляўнічы рог.

ОСВАЛЬД

Мілэдзі, едуць.

ГАНЕРЫЛЬЯ

I дворня каб не бегала за ім

З паклонамі. Што, працы не хапае?

Пытанне стаўлю рубам: я ці ён?

Не падабаецца, то, калі ласка:

Вунь дзверы, вунь парог, хай выязджае

У госці да сястры: сястра Рэгана

Таксама, як і я, не надта любіць,

Каб ёй вантробы грызлі. Мулка стала

Яму на троне, злез; дык і маўчаў бы,

А то выабражае, задаецца.

Здзяцінеў ён, пражыўшы столькі веку;

Наш абавязак — узмацніць апеку,

Дурной сваволі патураць не след.

Камандаваць прыехаў, дармаед!

Не пацярплю — Ды помні.

ОСВАЛЬД

Буду помніць,

Святлейшая мілэдзі.

ГАНЕРЫЛЬЯ

I накажы, каб дворня не заводзіла дружбы з яго рыцарамі. Холаду, холаду болей. Калі што якое, то я за вас заступлюся. Я хачу вывесці іх на чыстую ваду, і я выведу — Я зараз жа напішу сястры, каб яна ведала — Падавай абед.

Выходзяць.

 

Сцэна чацвёртая

Зала там жа.

Уваходзіць пераапрануты Кент.

 

КЕНТ

Калі б я мог і голас перайначыць

Так, як змяніў аблічча, то, напэўна,

Лягчэй бы дасягнуў той добрай мэты,

Якая прывяла мяне сюды.

I прыйдзецца табе, выгнаннік Кент,

Забыўшы крыўду, паслужыць яшчэ раз

Свайму ранейшаму гаспадару.

Ражкі за сцэнай.

Уваходзяць Лір, рыцары і слугі.

ЛІР

Гэй, абедаць! Зараз жа! Чакаць не будзем.

Адзін слуга выходзіць.

Ты хто?

КЕНТ

Чалавек.

ЛІР

Што за чалавек? Чым займаешся? Чаго табе ад нас трэба?

КЕНТ

Чалавек я такі, якім здаюся. Хто мне верыць, таму служу верна; хто сумленны, таго паважаю; хто разумны і маўклівы, з тым гавару; судоў баюся, без прычыны не б’юся, рыбы не ем.

ЛІР

Хто ты?

КЕНТ

Чалавек з сэрцам, а яшчэ ёсць душа. Такая ж голь, як і сам кароль.

ЛІР

На тым свеце ўсе будзем голыя. Чаго ты хочаш?

КЕНТ

Хацеў бы наняцца служыць.

ЛІР

Каму?

КЕНТ

Вам.

ЛІР

А ты мяне ведаеш?

КЕНТ

Не, сэр, я вас не ведаю, але ў вашым абліччы ёсць нешта такое, што я хацеў бы служыць толькі вам.

ЛІР

Што ты знайшоў у маім абліччы?

КЕНТ

Сляды магутнасці.

ЛІР

А што ты ўмееш?

КЕНТ

Умею даць добрую параду, ездзіць конна, хадзіць пеша, пацешныя казкі лгаць; чалавек я просты: тупават, грубават; здольнасці ў мяне малыя, але работу люблю: што загадаюць, тое і раблю.

ЛІР

Колькі табе гадоў?

КЕНТ

Не такі малады, сэр, каб пакахаць дзяўчыну за прыгожыя спевы, і не такі стары, каб палюбіць чорт ведае што. Дзякуй богу, маю ўжо сорак восем гадочкаў.

ЛІР

Аставайся, прымаю на службу. Калі не ўгнявіш мяне да вечара, то ўнаровіш і заўтра — Гэй, абедаць, зараз жа! — А дзе мой блазен? Дзе гэтая круцёлка? — Па-зваць сюды майго блазна.

Уваходзіць Освальд.

Гэй, ты, парсюк, дзе мая дачка?

ОСВАЛЬД

З вашага дазволу... (Выходзіць.)

ЛІР

Што сказаў гэты хамуйла? Падаць мне сюды яго морду!

Адзін з рыцараў выходзіць.

Гэй, вы там, дзе мой блазен? — Ды што гэта такое, што гэта вы ўсё ходзіце, як сонныя!

Вяртаецца рыцар.

Ну, што? Дзе гэта свіння ў гамашах, знайшлі?

РЫЦАР

Ваша вялікасць, ён гаворыць, што вашай дачцэ нездаровіцца.

ЛІР

А чаму гэты халоп не вярнуўся, калі я яго клікаў?

РЫЦАР

Не хоча, ваша вялікасць, так і сказаў. Не хоча.

ЛІР

Не хоча?

РЫЦАР

Сэр, не магу дазнацца, у чым справа, але, на мой погляд, у дачыненні да вашай вялікасці няма таго агульнага замілавання, якое было раней. Назіраецца ўпадак павагі і паслушэнства. I не толькі слугі выходзяць з рамак прыстойнасці, а нават сам герцаг і ваша дачка.

ЛІР

А! Ты гэта заўважыў?

РЫЦАР

Прашу прабачэння, сэр, можа, гэта не так, але я не магу маўчаць, калі крыўдзяць вашу вялікасць.

ЛІР

Ты мне толькі напомніў тое, аб чым я і сам здагадваюся. Нядаўна я адчуў адзін тонкі ўкол, але я толькі папракнуў сябе за сваю падазронасць. Мала што. Нельга ж думаць, што ўсё ліхое робіцца знарок. Пагляджу, што будзе далей — Дзе ж гэта мой блазен падзеўся? Два дні я яго не бачу.

РЫЦАР

З таго часу, як прынцэса Кардэлія выехала ў Францыю, блазен вельмі занудзіўся.

ЛІР

Не напамінай, я сам гэта заўважыў — Ідзі, скажы маёй дачцэ, што я жадаю з ёю гаварыць.

Рыцар выходзіць

Гэй, вы, знайдзіце майго блазна.

Другі слуга выходзіць.

Уваходзіць Освальд.

А, сэр! Гэта вы, сэр! Падыдзіце сюды, сэр. Хто я такі?

ОСВАЛЬД

Бацька яе светласці.

ЛІР

Бацька яе светласці? Ах ты, шэльма яе светласці! Паршывы шчанюк! Халоп! Раб!

ОСВАЛЬД

Выбачайце, мілорд, я не шчанюк і не раб. Прашу прабачэння.

ЛІР

Ты яшчэ агрызаешся! Падлюга! (Б’е яго.)

ОСВАЛЬД

Я не дазволю, каб мяне білі.

КЕНТ

Любіш, каб цябе гладзілі? Цяльпук чараваты!

(Перакульвае яго ўніз галавой.)

ЛІР

Дзякуй табе, хлопча. Ты служыш добра, і ты мне падабаешся.

КЕНТ

Ну-ну, сэр, стаў на ногі сваю бочку і каціся. Што, людзей не ўмееш адрозніваць? Дык я навучу. Направа, налева, марш! А будзеш падшпільваць свой мяшок, то я так дам, што як на санках выедзеш адгэтуль. Вон!

(Выпіхвае Освальда за дзверы.)

ЛІР

Дзякуй, дружа. Маладзец! Вось табе ў задатак за верную службу. (Дае Кенту грошы.)

Уваходзіць блазен.

БЛАЗЕН

I я яму нешта дам, і я яму нешта дам — На табе, галубчык, гэту шапачку з вушкамі. (Працягвае Кенту сваю шапку.)

ЛІР

Ах ты, мой блазен дарагі! А я без цябе засумаваў.

БЛАЗЕН

Ты бяры, бяры шапачку, калі даюць.

КЕНТ

А навошта мне, блазен, твая шапка?

БЛАЗЕН

Як навошта? Дурной галаве — асліныя вушы. Не прыставай да таго, хто ляжыць, а даганяй таго, хто бяжыць. Круці нос за ветрам: туды, дзе мяса, а не туды, дзе юшка. Бяры, бяры шапачку. Вось у гэтага дзеда былі тры дачкі: прагнаў ён адну, прагнаў другую, а трэцюю благаславіў за мора шукаць шчасця. Калі ты хочаш яму служыць, то бяры шапачку — яна табе спатрэбіцца — Як маешся, кум? Эх, каб у мяне былі дзве дачкі і дзве шапкі!

ЛІР

Што б ты з імі рабіў, мой хлопчык?

БЛАЗЕН

Аддаў бы дочкам усю маёмасць, а сабе на памяць пакінуў бы шапкі. У мяне ёсць адна, вазьмі, а другую папрасі ў дочак, яны табе не адмовяць.

ЛІР

Сцеражыся: бізун.

БЛАЗЕН

Праўда, як сабака — павінна сядзець у будцы. I нават тады, калі перад носам спраўляюць сабачае вяселле.

ЛІР

Горкая праўда, горкія словы.

БЛАЗЕН

А я цябе пацешу.

ЛІР

Пацеш.

БЛАЗЕН

Слухай, кум.

Не знаеш — вучыся;

Не ўмееш — лаўчыся;

Не прасіся, не гніся,

Сваім не хваліся,

За чужым не ганіся,

З людзьмі не сварыся;

Да баб не хадзі,

Ў карчме не сядзі;

Шануй сваю хатку —

Пражывеш у дастатку.

КЕНТ

Гародзіш ты глупства, блазен.

БЛАЗЕН

Як адвакат у судзе, якому не заплацілі — Скажы, кум, што можна высмактаць з сухое косткі?

ЛІР

Нічога.

БЛАЗЕН

Правільна. У сухой костцы і ў пустой галаве мозгу няма. Не хацеў есці кашку з маслам, дык еш нішчымніцу. (Кенту.) Растлумач яму ты, я — дурань, мне ён не паверыць.

ЛІР

Дурань гы горкі.

БЛАЗЕН

А якая розніца паміж дурнем горкім і дурнем салодкім?

ЛІР

Не ведаю, скажы.

БЛАЗЕН

Каб таго пана, які навучыў цябе раздаць зямлю, вымазаць мёдам і паставіць з табою побач, то былі б два дурні: адзін — горкі, а другі — салодкі.

ЛІР

Ты мяне называеш дурнем, мой хлопчык?

БЛАЗЕН

А як жа іначай? Тое, што ты меў, ты раздаў, а гэта у цябе прыроднае.

КЕНТ

Сэр, гэты дурань — не зусім дурань.

БЛАЗЕН

Бо мне не дазваляюць. Каб я адзін меў манаполію на дурасць, то паны і лорды палопаліся б ад зайздрасці: кожны хоча мець сваю долю, асабліва жанчыны — Кум, прадай яйка, дам табе дзве кроны.

ЛІР

Якія дзве кроны?

БЛАЗЕН

Беленькія. Яйка я вып’ю, а шкарлупіны аддам табе: чапляй на галаву і насі здароў. Эх, кум, кум, зіхацела на табе карона залатая, а цяпер толькі лысіна свеціць. Злезла курка са свайго гняздзечка, згубіла курка залатое яечка — I пашкадаваў ён асла свайго, узваліў на плечы і перанёс цераз лужыну — Я кажу табе гэта, бо я дурань, а калі хто іншы пачне брахаць — дай яму бізуна. (Спявае.)

Настаў для блазнаў цяжкі час,

Хоць у труну кладзіся:

Дурных прыбавілася ў нас,

Разумныя звяліся.

ЛІР

Калі ты вывучыў столькі песень?

БЛАЗЕН

Нядаўна. З таго часу, як твае дочкі сталі табе нянькамі; калі ты даў ім розгу і спусціў свае парадныя штаны.

(Спявае.)

Яны ад шчасця зарыдалі,

Я з гора засмяяўся:

Вялікі Лір, кароль брытанскі,

У дурні запісаўся.

Слухай, кум, наймі мне трапача ў настаўнікі — хачу вучыцца хлусіць.

ЛІР

Будзеш хлусіць, адлупцую.

БЛАЗЕН

Бач ты які! — які сам, такія ў цябе і дочкі. Яны збіраюцца біць мяне за праўду, а ты за хлусню. Калі я маўчу, мяне таксама б’юць. Не хачу быць блазнам. Лепш наняцца ў пастухі, чым служыць у адстаўнога караля. Кум, у цябе дзірка ў макаўцы — вераб’і розум выпілі — Сцеражыся! — дыбае птуха-сакатуха, дзюбу навастрыла, хвост распусціла. Кудах-кудах-кудах!

Уваходзіць Ганерылья.

ЛІР

Што з табою, дачка мая? Чаму ты такая хмурная?

Нешта ты апошнім часам пачала моршчыцца.

БЛАЗЕН

Які ты, кум, стаў прыветлівы, харошы. Раней ты не прыглядаўся так да чужых маршчын, у цябе свае былі, ты быў кароль — персона, а цяпер я — персона, бо я дурань, а ты нуль без палачкі. (Ганерыльі.) Маўчу, маўчу, мілэдзі. Ваш ледзяны позірк пранізвае мяне наскрозь. Брр!

Дажыліся кулікі:

Ані хлеба, ні мукі.

(Паказвае на Ліра.)

Перад вамі вылушчаны бабовы струк.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Не толькі, сэр, вы распусцілі блазна,

Але ўся ваша чэлядзь, волю ўзяўшы,

Дайшла да непрыстойнасці. Як можна?

Што ні хвіліна — бойкі, сваркі. Сэр,

Я спадзявалася, зрабіўшы вам

Належнае паведамленне, мець

I адпаведны вынік, а тым часам,

Паводле вашых слоў і вашых спраў,

Я маю страх, што вы ў хаўрусе з імі,

Што вы — пратэктар гэтых звадыяшаў.

I, з вашага дазволу, я рашыла

Устанавіць парадак, даць спакой

Сабе і вам. Абразы тут няма,

І гневацца не трэба. Асцярожнасць

I клопаты аб вас дыктуюць мне

Быць жорсткай і суровай.

БЛАЗЕН

Што, кум?

Палюбіла зязюлька старога дразда:

Павыкідвала зязюлька яго дзетак з гнязда.

Свечка пагасла — цёмная ноч.

ЛІР

Ты нам дачка ці не?

ГАНЕРЫЛЬЯ

Пара вам, сэр, узяць сябе у рукі.

Я вымушана вам падкрэсліць, сэр,

Што вашыя ўсе гэтыя гуморы

Вам толькі шкодзяць.

БЛАЗЕН

Ты што, не бачыш, карова, што воз вязе конь? — Гэй, гэй, сівы! Трымай хвост дудкай. Я цябе люблю.

ЛІР

Хто я такі, скажыце? Я — не Лір!

Лір так не ходзіць! Лір так не гаворыць!

Ці, можа, я аслеп? Мо страціў розум?

А можа, гэта сон? Не, я не сплю.

Хто я такі, скажыце мне?

БЛАЗЕН

Цень Ліра.

ЛІР

Тут нешта не так, у гэтым трэба разабрацца. Мне здаецца ўсё-такі, што я кароль. Але я не бачу каля сябе маіх дочак. Дзе я знаходжуся?

БЛАЗЕН

У багадзельні.

ЛІР

Як вас зваць, прыгожая дама!

ГАНЕРЫЛЬЯ

Сэр, вашы кампліменты недарэчы.

Без жартаў, калі ласка. Я прашу вас

Уразумець як след мае намеры.

Вы — чалавек стары, паважны, мудры,

А пры сабе трымаеце сто слуг:

Сто рыцараў, сто гультаёў і п’яніц.

I гэтая узброеная банда,

Як саранча, дарваўшыся да хлеба,

Знішчае ўсё. Дэбошы, гульні, песні.

Я — не прыхільніца эпікурэйства.

Мой мірны замак — не начлежны дом

I не карчма. Я проста чырванею.

Як дапусцілі вы! Мы прапануем,

Мы просім вас, хоць і без просьбы можам

Распарадзіцца самі, скараціць

Лік вашай світы. Хопіць з вас паловы.

Пакіньце пры сабе людзей пачцівых,

Сур’ёзных, пажылых.

ЛІР

Гром і маланкі! Хутчэй сядлайце коней! Клічце світу! —

О ненавісны вырадак! Паеду!

Нагі маёй не будзе ў вашым доме!

Ёсць у мяне яшчэ адна дачка.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Вы многа дазваляеце сабе:

Вы сталі біць маіх людзей, а вашы

Галаварэзы задзіраюць нос!

Уваходзіць Альбані.

ЛІР

Бяда таму, хто каецца, ды позна.

(Да Альбані.)

І вы, сэр, тут? Прымаеце удзел?

Вы з ёю згодны? — Падавайце коней! —

Няўдзячнасць, д’ябал з мармуровым сэрцам! —

Калі ты ўлезла ў грудзі да дзіцяці,

То ты страшней пачвары з дна марскога!

АЛЬБАНІ

Сэр, супакойцеся.

ЛІР

(да Ганерыльі)

Ілжэш, ілжэш, о ненавісны коршак!

Народ мой чэсны, я іх выбраў сам,

Ім этыкет вядомы дасканала,

Ніхто парадкаў вашых не парушыў,

Яны ахоўваюць мой гонар — Эх!

Кардэлія, даруй, маё дзіцятка!

Як мог яе учынак нечаканы

З маёй натуры добрай вырваць сэрца,

Каб разлілася жоўць? О Лір, Лір, Лір!

(Б’е сябе па галаве.)

Прагнаў ты розум і ўпусціў шаленства! —

Народ мой дарагі, не стойце тут,

Ідзіце.

АЛЬБАНІ

Я не вінаваты, сэр, Не ведаў я.

ЛІР

Магчыма, ўсё магчыма —

Прырода-маці, добрая багіня,

Ці чуеш ты мяне? Калі ты ёй

Прызначыла мець дзетачак маленькіх,

Не дай ёй гэтай радасці ніколі!

Ссушы яе, пазбаў, ваўчыцу, сокаў,

Каб у яе нутры закажанелым

Не развіваўся плод! А калі ты

Пашлеш дзіця ёй, то пашлі калеку

На муку ёй, на доўгую пакуту,

Каб вычарнела ад начэй бяссонных,

Каб твар яе барознамі пакрыўся

Ад безуцешных слёз, каб без пары

Старою стала, каб яе старанне,

I ласка матчына, і ўся любоў

Прапалі марна! Хай тады адчуе,

Што ў сто разоў вастрэй зубоў змяіных

Няўдзячнасць роднага дзіцяці — Прэч!

(Выходзіць.)

АЛЬБАНІ

Што за прычына гэтаму, о неба?

ГАНЕРЫЛЬЯ

Ат! — клопат невялікі. Не зважай.

На ўсякае шаленства не ўнаровіш.

Ён хоча выехаць. Трымаць не будзем.

Вяртаецца Лір.

ЛІР

Дзе мая світа? Толькі пяцьдзесят.

Двух тыдняў не прайшло.

АЛЬБАНІ

У чым тут справа

Скажыце, вашая вялікасць?

ЛІР

Скажу, скажу,

(Да Ганерыльі.)

Мне сорамна, клянуся,

Што я так аслабеў перад табою,

Што слёзы, як вада, з мяне цякуць

Нястрымнай плынню, і ты бачыш гэта.

Праклятая, глядзі, як бацька плача!

Гнілы туман табе на галаву!

Балячкі, немач чорную у печань!

Каб ты так аблівалася крывёю,

Як я слязьмі! Мае старыя вочы,

Мае дурныя вочы, перад кім

Вы плачаце? Даволі! Я — кароль.

Ёсць у мяне яшчэ дачка другая,

Яна харошая, яна нас прыме;

Калі яна дачуецца аб тым,

Як ты пакрыўдзіла мяне, зладзейка,

Яна учэпіцца ў твой воўчы твар

Зубамі, кіпцямі. Яшчэ папомніш!

Мы вернемся, мы возьмем нашу ўладу.

Папомніш нас!

Лір, Кент і світа Ліра выходзяць.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Ты чуў? Ён пагражае.

АЛЬБАНІ

Пры ўсім маім каханні да цябе,

Я не магу быць жорсткім, Ганерылья.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Прашу цябе, не ўмешвайся — Гэй, Освальд!

(Блазну.)

А ты, відаць, не дурань — хітры, шэльма.

Ты што вынюхваеш тут? Вон адгэтуль!

БЛАЗЕН

Дзядзечка! Дзядзечка Лір! Пачакай! Дурань астаўся.

Вазьмі дурня з сабою.

Лісіца-сястрыца,

Каб ёй удавіцца —

Намыліць вяроўку,

Усунуць галоўку.

Гу-та-та! Гу-ля-ля!

Даганяю караля.

(Выходзіць.)

ГАНЕРЫЛЬЯ

Сто рыцараў! Падумаць толькі! Сто!

Карміць такое войска! Каб ён мог

Свой кожны бзік, капрыз, нездавальненне,

Свае фантазіі, свае дзівацтвы

Навязваць гвалтам. Не, не будзе гэтак!

Я не жадаю жыць пад вечным страхам —

Каму кажу я! Освальд!

АЛЬБАНІ

Страх і пільнасць

Патрэбны не заўсёды.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Давярацца

Не варта гэтак жа. Лепш папярэдзіць,

Чым каяцца пасля. Я добра знаю

Яго натуру. Напісала я

Сястры сваёй. Цікава, як сустрэне

Яна яго і гэтых гарлахватаў,

Якім не спадабаўся двор наш? — Освальд!

Уваходзіць Освальд.

Пісьмо гатова да сястры?

ОСВАЛЬД

Гатова.

ГАНЕРЫЛЬЯ

Бяры людзей, садзіся на каня

I выязджай. Раскажаш ёй дакладна

Пра клопат наш. I ад сябе дадай,

Каб быў малюнак поўны. Разумееш?

Хутчэй! I там не баўся!

Освальд выходзіць.

Не, мілорд.

Хоць я не папракаю вас за мяккасць,

Але тым часам гэты ваш кісель,

Прашу мне дараваць, вам не да твару.

Вы — джэнтльмен, мужчына і павінны

Глядзець не ўніз, а ўгору.

АЛЬБАНІ

Жаданням чалавечым меж няма.

Сваю ты сцежку выбрала сама.

ГАНЕРЫЛЬЯ

I правільна.

АЛЬБАНІ

А гэта мы пабачым.

Выходзяць.

 

Сцэна пятая

Двор перад палацам Альбані.

Уваходзяць Лір, Кент і блазен.

 

ЛІР

Завязеш гэтыя пісьмы ў Глостэр. Не кажы маёй дачцэ нічога, пакуль яна сама ў цябе не запытаецца, прачытаўшы пісьмо. I не марудзь, а то я прыеду туды першы.

КЕНТ

Спаць не буду, вачэй не сплюшчу, а даручэнне выканаю, ваша вялікасць. (Выходзіць.)

БЛАЗЕН

Каб гэта мазгі ўмясціць у пяты, от быў бы вялікі гуз! Праўда, кум?

ЛІР

Праўда, мой хлопчык.

БЛАЗЕН

Не журыся, кум: падмазалі нам пяты добра, а каб не свярбелі мазгі, я іх табе зараз пачухаю.

ЛІР

Ха-ха-ха!

БЛАЗЕН

Твая другая дачка прыме цябе з радасцю. Укусіў ты ад грушы-камянічкі, паспытаеш цяпер ад райскага яблычка, але я ведаю...

ЛІР

Што ты ведаеш?

БЛАЗЕН

Што ў райскіх яблычках чарвей многа. А ведаеш, кум, чаму нос тырчыць пасярэдзіне?

ЛІР

Не.

БЛАЗЕН

Каб не драмалі вочы. Чаго не даглядзеў вокам, данюхаеш носам.

ЛІР

Я быў несправядлівы да яе...

БЛАЗЕН

А можаш ты сказаць, як вустрыца будуе сваю ракавіну?

ЛІР

Не.

БЛАЗЕН

I я не магу. Але я магу сказаць, чаму слімак ніколі не вылазіць са свайго доміка.

ЛІР

Чаму?

БЛАЗЕН

Бо яму дзеці рожкі паабрываюць.

ЛІР

Мне трэба перайначыць сваю натуру — Прагнаць такога добрага бацьку! — Коні гатовы? БЛАЗЕН

Іх сядлаюць твае аслы. Цікава, чаму, калі на небе сем зорак, то іх толькі сем?

ЛІР

Бо восьмая не ўзышла.

БЛАЗЕН

Правільна, кум. Ты адбіраеш у мяне хлеб.

ЛІР

Я вазьму ўладу сілаю. Я табе пакажу, ненавісная пачвара!

БЛАЗЕН

Каб не я ў цябе, а ты ў мяне быў блазнам, то я б табе ўсыпаў за тое, што ты так рана састарэў.

ЛІР

Чаму так?

БЛАЗЕН

Не набраўшы розуму, нельга старэць.

ЛІР

Дай мне цярпення, божа! Дай цярпення! Я вар’яцею...

Уваходзіць дваранін.

Што? Гатовы коні?

ДВАРАНІН

Гатовы, уладар.

ЛІР

Хадзем, мой хлопчык.

БЛАЗЕН

Хачу і дзяўчатам сказаць я славечка:

Дзе блудзіць баранчык, там стогне авечка.

Выходзяць.

(Тэкст цалкам у прыкладзеным PDF-файле.)

Літаратура.org — https://litaratura.org/shakespeare?artid=100 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Кароль Лір

Уільям Шэкспір — Ангельская — Юрка Гаўрук

Для друку   /   Уільям Шэксьпір

„King Lear” at the Globe Theatre, Hollywood
„King Lear” at the Globe Theatre, Hollywood
Файлы для спампаваньня
  1. Уільям Шэкспір, Кароль Лір (PDF)