Літаратура.org » Неабавязковыя чытаньні » Юстэйн Гордэр, Свет Сафіі

Свет Сафіі

Юстэйн Гордэр — Нарвэская (bokmål) — Лідыя Ёхансэн

 

Хто тры тысячы стагоддзяў

Не ўлічыў ў жыцці сваім,

Той жыве – бы ў цемры ходзіць:

Дзень пражыў, жыве другім...


Ё. В. Гётэ

 

 

ЭДЭМСКІ САД

 

…  урэшце нешта павінна было ўзнікнуць з нічога…


Сафія Амундсэн вярталася са школы дадому. Да гандлёвага цэнтра яны ішла разам з Ёрунь. Яны размаўлялі пра робатаў. Ёрунь меркавала, што чалавечы мозг – той самы камп’ютар, толькі вельмі складаны. Сафія была не зусім упэўнена, што можа з ёю пагадзіцца. Чалавек усё ж нешта большае, чым машына?

Каля гмаху гандлёвага цэнтра яны развіталіся. Сафія жыла ў самым канцы вялікага квартала, забудаванага прыватнымі дамамі, і ісці да школы ёй было ўдвая даўжэй, чым Ёрунь. Яе дом стаяў ледзь на краі свету, бо ніякіх іншых будынкаў за садам ужо не. Там пачынаўся густы лес.

Яна павярнула на Канюшынавую вуліцу. Далей гэта вуліца крута зварочвала ў “Капітанавы завулак”, як яго тут называлі. Убачыць людзей тут можна было хіба па суботах і нядзелях.

Быў адзін з першых травеньскіх дзён. У некаторых садах пад фруктовымі дрэвамі шчыльнымі купкамі павылазілі нарцысы. Бярозы паўбіраліся ў няшчыльную яшчэ радзюжку зеляніны.

Ці не дзіўным было, як гэтай парою ўсё раптам пачынала брацца ў рост і буяць? Што прымушала кілі зеленаватых карэньчыкаў чапляцца за безжыццёвую глебу і вылазіць з зямлі з першым цяплом, як толькі сыходзіў снег?

Адчыняючы брамку ў сад, Сафія зазірнула ў паштовую скрынку. Звычайна там ляжала мноства рэкламных праспектаў і некалькі вялікіх капэртаў, адрасаваных маці. Яна звыкла несла тоўсты пачак на кухню, звальвала там усё на стол і падымалася да сябе ў пакой рабіць урокі.

А вось бацьку лісты прыходзілі гады ў рады і заўжды толькі з банка, але і звычайным татам яго нельга было назваць. Сафіін бацька быў капітан вялікага нафтавага танкера і дома не бываў большую палову года. Ён прыязджаў на некалькі тыдняў запар, шморгаў пантофлямі па хаце, і рабіў усё, каб дагадзіць Сафіі з маці. А калі зноў выпраўляўся ў плаванне, ад яго падоўгу нічога не было чуваць.

Сёння ў паштовай скрынцы ляжаў толькі адзін невялічкі ліст і адрасаваны ён быў Сафіі.    

“Сафіі Амундсэн”, значылася на маленькім капэрціку. “Канюшынавая вуліца, дом 3”. І ўсё, а ад каго ліст, пазначана не было. Нават якой маркі на ім не было прыклеена.

Як толькі Сафія прыкрыла за сабою брамку, яна тут жа разарвала капэрт. Адзінае, што яна там знайшла, была навялічкая паперка, не большая за сам капэрт, у якім яна ляжала. У паперцы стаяла: Хто ты?

І нічога больш. Ніякага там прывітання ці подпісу, толькі гэтыя два выведзеныя рукою словы з ці малым пытальнікам напрыканцы.

Яна зноў паглядзела на капэрт. Ну, так і ёсць – ліст на яе імя. Але хто кінуў яго ў паштовую скрыню?

Сафія хуценька адамкнула ўваходныя дзверы ў чырвоны дом. Як звычайна, кот Шэрхан паспеў пралезці паўз кусты, заскачыць на парог і прашчыміцца ў дзверы якраз перад тым, як яна іх зачыніла.

- Кысь-кысь-кысь!

 

Калі Сафііна маці на нешта сердавала, бывала, яна называла дом, дзе яны жылі, звернікам. Звернік – гэта месца, дзе поўна рознага звяр’я, а ўжо ж Сафіі наракаць на сваю калекцыю было немагчыма. Спачатку ў яе з’явіўся акварыум з залатымі рыбкамі – Золатавалоскай, Чырвоным Каптурком і Чорным Пітам. Пазней – хвалістыя папугайчыкі Сміт і Смюле, чарапаха Гавінда  і, нарэшце, падобная да тыгра карычнева-рудая кацяра Шэрхан. Усіх сваіх звяроў яна атрымала ў якасці своеасаблівай кампенсацыі за тое, што маці дадому вярталася позна, а бацька задужа многа часу праводзіў у плаванні.

Сафія скінула заплечнік і насыпала Шэрхану ў міску кацячага корму. Пасля села на сталец, трымаючы ў руцэ загадкавы ліст.

Хто ты?

Не, ну калі б яна тое ведала. Само-сабою, Сафія Амундсэн, а вось хто яна такая? Гэтага яна пакуль не ведала.

А што калі яе звалі па-іншаму? Анэ Кнютсэн, напрыклад. Была б яна ад таго іншаю?

Ёй раптам успамнілася, што тата спачатку хацеў назваць яе Сюнёвэ. Сафія паспрабавала ўявіць сабе, як яна працягвае руку і называе сябе Сюнёвэ Амундсэн, але не, нешта не сыходзілася. Увесь час сябе называла нейкая іншая дзяўчынка.  

Яна саскачыла са стальца, трымаючы дзіўны ліст у руцэ, пабегла ў ванну, і ўладкаваўшыся перад люстэркам, пачала ў сябе ўглядацца.

- Я Сафія Амундсэн, - сказала яна.

Дзяўчынка ў люстэрку ніяк на тое не адрэагавала. Што б Сафія не рабіла, адлюстраванне ні на імгненне ад яе не адставала. Сафія паспрабавала абагнаць адлюстраванне, раптоўна сцепануўшыся, але і з таго анічога не выйшла.

- Хто ты? – спытала яна.

І на гэты раз ніякага адказу, яна раптам збянтэжылася: яна задала тое пытанне ці адбітак у люстэрку?

Сафія ткнула пальцам у нос у люстэрку:

- Ты гэта я.

Ніхто не адказаў, тады яна перавярнула сказ з ног да галавы:

- Я гэта ты.

Сафія Амундсэн не заўсёды была задаволена сваёй знешнасцю. Яна часта чула ад людзей, што ў яе прыгожыя міндалепадобныя вочы, але тое казалася, напэўна, каб суцешыць яе за дужа маленькі нос і дужа вялікі рот. Да таго ж вушы яе месціліся надта блізка да вачэй. Але горш за ўсё было прамое гладкае валоссе, якое ніяк не прыбіралася ў прычоску. Часам надаралася, бацька, водзячы рукою па яе валасах, называў яе “дзяўчынай з валасамі ільнянога колеру”, паводле п’есы Клода Бэбюсі. Яму добра было, ён не хадзіў усё жыццё са сваімі чорнымі валасамі, каб тыя тырчалі ўніз. А Сафііна валоссе ніякія спрэі і гелі не трымалі.

Часам ёй здавалася, што з такой дзіўнай знешнасцю яна выглядае брыдкай. Маці, ва ўсякім разе, гаварыла неяк, што роды былі цяжкія. Але ці праўда, што ад родаў залежыць, як чалавек выглядае?

Ці не дзіўна, што яна не ведае, хто яна? І ці справядліва, што яна ніяк не магла паўплываць на свой знешні выгляд? Ён проста ўзнік з ніядкуля. Яна магла выбіраць сабе сяброў, але не самую сябе. Ёй нават не прыйшлося выбіраць, ці нарадзіцца ёй чалавекам. 

Што такое чалавек?

Сафія зноў паглядзела на дзяўчынку ў люстэрку.

- Думаю, трэба падымацца да сябе й рабіць урокі па прыродазнаўстве, - вымавіла яна, як бы просячы прабачэння ў залюстэрка, і тут жа выйшла ў калідор.

“Не, пайду лепш у сад”, - падумала яна сабе.

- Кысь-кысь-кысь-кысь.

Сафія выграбла нагою ката на ганак і зачыніла за сабою дзверы.

 

Пасярод жвіроўкі яна спынілася ад нейкага дзіўнага адчування і паглядзела на таямнічы ліст. Ёй здалося, нібы яна была лялькай, над якою пачаравалі і яна ажыла.

Ці не дзіўна, што яна зараз жыве на гэтым свеце, рухаецца, нібы ў чароўнай казцы?

Шэрхан без шуму пераплыгнуў праз жвіроўку і шаснуў у густы парэчнік. Такі сабе жывы кот, ды які яшчэ жывы – ад белых вусоў да хваста, які матляўся, звісаючы ззаду з ільснянога цельца. І ён таксамі шмыгаў па садзе, але наўрад ці калі над тым задумваўся, як гэта рабіла Сафія.

Пакрысе думкі пра яе існаванне змяніліся думкамі пра тое, што яна не будзе жыць вечна.

“Зараз я жыву на гэтым свеце, - думала яна. – Але прыйдзе дзень – і мяне не стане”.

Ці ёсць жыццё пасля смерці? Гэтае пытанне ката таксама ні на грам не турбавала.

Прайшло не так шмат часу, як памерла Сафііна бабуля. Не праходзіла амаль ні дня за апошнія паўгода, каб Сафія па ёй не сумавала. Ці справядлівым было, што жыццё калі-небудзь заканчваецца?

Сафія стаяла сярод жвіроўкі і разважала. Яна з усіх сіл намагалася думаць толькі пра тое, што яна жыве, каб забыць, што вечна жыць яна не будзе. Але тое было немагчыма. Як толькі ёй надаралася сканцэнтравацца на тым, што яна жыве, тут жа ўзнікала думка пра канец жыцця. І наадварот: калі ёй толькі пачынала востра ўяўляцца, што аднойчы яе не стане, то адразу прыходзіла адчуванне бязмернай каштоўнасці жыцця. Нібы два бакі адной манеткі, якую яна ўвесь час падкідвала. І чым больш выразней выступаў адзін бок манеты, тым больш выразней станавілася наяўнасць адваротнага боку. Жыццё і смерць – нібы два бакі адной сутнасці.

“Чалавек не можа адчуваць, што ён жыве, не адчуваючы пры гэтым, што ён памрэ”, - думала яна. Таксама нельга думаць, што чалавек памрэ, не думаючы пры гэтым, як цудоўна жыць на свеце.

Сафія ўспомніла, што нешта падобнае сказала бабуля ў той дзень, калі дазналася ад доктара, што невылечна хворая. “Толькі зараз я разумею, якое гэта багацце - жыццё”, - сказала яна тады.

Ці не сумна, што большасць людзей мусяць спачатку захварэць, каб зразумець, як цудоўна жыць? Ім бы таямнічы ліст у паштовую скрынку!

А што калі яшчэ раз туда зазірнуць, можа, там ляжыць што яшчэ? Сафія пабегла да весніц і прыадчыніла зялёнае вечка. Яна аж сцепанулася, калі пабачыла ў скрынцы такі ж самы капэрт. Ці ўсё яна выняла, калі даставала першы ліст?

І гэтым разам на капэрце значылася яе імя. Яна разарвала яго і дастала адтуля белы аркуш, такі самы, як і першы.

Адкуля пайшоў свет? – стаяла там.   

“Калі б я знала, падумала Сафія. Гэтага, мабыць, ніхто не ведае?” І ўсё ж пытанне падалося Сафіі цалкам слушным. Першы раз у жыцці яна думала, што нельга жыць у свеце, не задаючыся пытаннем, адкуля ён, уласна, пайшоў.

Ад гэтых таямнічых лістоў у Сафіі галава пайшла кругам і яна вырашыла прысесці ў Схованцы.

Схованка была Сафііным суперпатаемным месцам. Сюды яна бегла, толькі калі была дужа раззлаванай, дужа засмучанай або дужа шчаслівай. Сёння яна была адно ў здумленні.

 

Чырвоны дом стаяў пасярод вялікага саду. Тут было шмат кветнікаў, ягадных кустоў, розных фруктовых дрэваў, вялікі лужок з арэлямі і нават невялічкая альтанка, якую дзед збудаваў для бабулі, калі ў іх памерла першае дзіцятка, усяго пару тыдняў ад нараджэння. Бедненькую дзяўчынку назвалі Марыя. На надмагіллі значылася: “Марыечка да нас прыйшла, кволенька павітала нас і пайшла”.

У самай глыбіні сада за маліннікам плялося густое кустоўе, на якім ніколі не бывала ні кветак, ані ягад. Насампрэч, некалі то была жывая агароджа, якая аддзяляла сад ад лесу, але апошнія дваццаць гадоў яе ніхто не даглядаў і кустоўе разраслося да непрагляднага зарасніку. Бабуля расказвала, што ў вайну, калі куры разбрыдаліся па ўсім садзе, праз тую агароджу лісіцам было не так проста іх упаляваць.

Усім, акрамя Сафіі, старая агароджа здавалася ні на што не годнай, як і трусіныя клеткі крыху наводдаль. Але гэта таму, што ніхто не ведаў Сафіінай таямніцы.

Колькі Сафія сябе помніла, яна заўсёды знала пра вузкі пералаз у агароджы. Калі яна праціскалася праз яго, то трапляла ў прасторную адтуліну паміж кустамі. Нібы маленькі буданчык. Яна магла быць цалкам упэўненая, што ніхто яе там не знойдзе.

Трымаючы ў руках абодва капэрты, яна пабегла праз сад і на карачках праціснулася праз агароджу ў глыб кустоўя. Схованка была такая вялікая, што там можна было ўстаць амаль на поўны рост, але зараз ёй захацелася проста ўладкавацца на разложыстым карэнні. Адсюль яна магла выглядаць надвор праз пару маленечкіх прасветаў паміж галля і лісця. Нават калі дзірачкі былі не болей за пятак, увесь сад ляжаў у яе навідавоку. Калі яна была малая, ёй падабалася назіраць, як маці з бацькам блукалі паміж дрэвамі і яе шукалі.  

Сафіі заўсёды здавалася, што сад сам па сабе быў цэлым светам. Кожны раз, калі яна чула пра Эдэмскі сад у аповядах пра стварэнне свету, ёй уяўлялася, што яна сядзіць у Схованцы і назірае за сваім уласным маленькім раем.

“Адкуля пайшоў свет?”

Ды калі б яна тое ведала. Сафія было вядома толькі, што Зямля – гэта маленькая планета ў вялізным Сусвеце. А адкуля пайшоў сам Сусвет?

Канешне, можна было падумаць, што Сусвет існаваў бясконца, і тады не было патрэбы шукаць адказу на пытанне, адкуля ён пайшоў. Але ці можа нешта быць бясконцым? Штосьці ўнутры яе самой гэтаму супраціўлялася. Усё, што існуе, павінна мець свой пачатак? Тады атрымоўваецца, што і Сусвет некалі з чагосьці ўзнік.

Але калі Сусвет некалі раптам з чагосьці ўзнік, то гэтае штосьці таксама павінна некалі  з чагосьці ўзнікнуць. Сафія разумела, што такім чынам ні да чаго не дойдзе. Урэшце,  нешта павінна было ўзнікнуць з нічога. Але ці бывае такое? Ці можна сабе ўявіць, што свет існаваў заўсёды?

У школе іх вучылі, што свет стварыў Бог, і цяпер Сафія намагалася ўтаймавацца на тым, што такое выйсце з гэтай праблемы ўсё ж было самым лепшым. Але тут жа зноў пачала разважаць. Яна, бадай, магла згадзіцца з тым, што Бог стварый Сусвет, але тады хто стварыў Бога? Ці ён сам сябе стварыў з нічога? Зноў штосьці ўнутры яе самой гэтаму засупраціўлялася. Нават калі Бог мог напэўна усё стварыць, ён быў не ў сілах стварыць самаго сябе да таго, пакуль у яго не з’явілася з чаго “сябе самога”ствараць. Тады адзінае, што заставалася дапусціць – Бог існаваў вечна. Але такую магчымасць яна толькі што сама выключыла! Усё, што не існуе, павіна мець свой пачатак.

- Цьфу ты!

Яна зноў зазірнула ў капэрты.

“Хто ты?”

“Адкуль пайшоў свет?”

Ну і каверзныя ж пытанні! А, уласна, адкуля ўзяліся абодва гэтыя лісты? Гэта таксама выглядала таямніча.

Хто выцягнуў Сафію са звычнага існавання і паставіў перад вялікімі загадкамі Сусвету?

 

Трэці раз накіравалася Сафія да паштовай скрынкі.

Толькі цяпер паштальён разносіў сённяшнюю пошту. Сафія выцягнула тоўсты пачак рэкламы, газет і пару лістоў для маці. Там ляжала таксама паштоўка з выявай нейкага паўднёвага пляжа. Яна перавярнула паштоўку. На ёй былі наклееныя нарвежскія маркі, праштампаваныя штэмпелем “Батальён ААН”. Можа гэта ад таты? Але ці не знаходзіцца ён на другім канцы свету? Да таго ж почырк таксама быў не яго.

Сафія адчула, як паскараецца пульс, калі прачытала, каму была адрасавана паштоўка. “Хільда Мёлер Кнаг, атрымальнік Сафія Амундсэн, Канюшынавая вуліца, 3…”. Адрас супадаў. На паштоўцы значылася:

Дарагая Хільда, сардэчна віншую цябе з 15-годдзем. Як ты разумееш, мне хочацца зрабіць табе падарунак, які надалей прынёс бы табе карысць. Прабач, што пасылаю паштоўку Сафіі. Так лягчэй. Твой тата.

Сафія пабегла дадому, на кухню. У ёй ўсё ўнутры клакатала.

Хто такая гэтая “Хільда”, якой спаўнялася 15 гадоў, і гэта амаль за месяц да яе ўласнага дня нараджэння?

Сафія пайшла ў вітальню за тэлефонным даведнікам. Там многа было з прозвішчам Мёлер, крыху менш з прозвішчам Кнаг. Але ніводзін ва ўсім таўшчэзным даведніку не насіў прозвішча Мёлер Кнаг.

Яна яшчэ раз пільна зірнула на таемную паштоўку. Ну, так – самая што ні на ёсць сапраўдная, з маркамі і штэмпелем.

Якому бацьку прыйдзе ў галаву адсылаць віншаванні на Сафіін адрас, калі, па ўсім відаць, ім было не сюды? Якому бацьку прыйдзе ў галаву адурваць сваю ўласную дачку і накіроўваць віншаванні да дня народзінаў на чужы адрас? Як гэта так “лягчэй”? І галоўнае: як ёй знайсці гэтую Хільду?

Так у Сафіі з’явілася яшчэ адна праблема, над якой яна мелася паразважыць. Яна намагалася нанова ўпарадкаваць свае думкі: за нейкія там пару гадзін ёй падкінулі тры загадкі. Першая – хто кінуў абодва белыя капэрты ў яе паштовую скрынку. Другая – цяжкія пытанні, якія яна там знайшла. Трэцяя – хто такая Хільда Мёлер Кнаг і чаму віншавальная паштоўка незнаёмай дзяўчынцы прыйшла на адрас Сафіі.

Яна была цалкам упэўнена ў тым, што ўсе гэтыя тры загадкі неяк звязаныя паміж сабой, таму што да гэтага дня жыццё яе было даволі-такі звычайным.

Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=151 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Свет Сафіі

Юстэйн Гордэр — Нарвэская (bokmål) — Лідыя Ёхансэн

Для друку   /   Неабавязковыя чытаньні

Юстэйн Гордэр
Юстэйн Гордэр
Файлы для спампаваньня
  1. Юстэйн Гордэр, Свет Сафіі (PDF)