Літаратура.org » Неабавязковыя чытаньні » Ян Максімюк, Праклён памяці і бяспамяцтва

Праклён памяці і бяспамяцтва

Ян Максімюк

У Хорхэ Луіса Борхэса ёсьць апавяданьне з 1942 году пад загалоўкам «Funes el memorioso» (прыблізна: «Фунэс з магутнай памяцьцю»), у якім знакаміты аргентынскі пісьменьнік разважае пра магчымасьць існаваньня чалавека з «абсалютнай памяцьцю», то бок з такой, якая запамінае УСЁ ЎБАЧАНАЕ І АДЧУТАЕ ЧАЛАВЕКАМ У КОЖНАЙ ХВІЛІНЕ. Герой апавяданьня, Ірэнэо Фунэс, атрымаў гэты дар запамінаньня пасьля таго, як упаў з каня і стаў калекам, прыкутым да ложка. Фунэс кажа ў апавяданьні, што ягонае калецтва было мінімальнай цаной, якую ён заплаціў за тое, каб ягонае ўспрыманьне жыцьця і памяць сталі «беспамылковымі».

Борхэс піша: «Мы, кінуўшы адзін пагляд, убачым толькі тры келіхі зь віном на стале; Фунэс жа бачыў ўсе вусікі, лісточкі і гронкі вінаграду, зь якіх зрабілі віно». Паколькі аднак Фунэс у змозе запомніць ўсе ўбачаныя фізычныя аб’екты ў кожным моманце часу, ён ня мае патрэбы ў абагульненьні (у якім ігнаруюцца непатрэбныя дэталі), каб асэнсаваць свае пачуцьцёвыя ўражаньні. Таму Борхэс-апавядальнік аргумэнтуе, што чалавек з абсалютнай памяцьцю насамрэч няздольны да абстрактнага мысьленьня: «Мысьліць — гэта забываць пра розьніцы, абагульняць, абстрагаваць. У тлумным сьвеце Фунэса не было нічога, акрамя падрабязнасьцяў, амаль сумежных».

Гісторыя пра «памятлівага» Фунэса прыгадалася мне на гэтым тыдні, калі я чытаў найноўшую кніжку чэскага пісьменьніка Міхала Вівэга «Маё жыцьцё пасьля жыцьця» («Můj život po životě»).

Вівэг — адзін з найбольш вядомых сучасных чэскіх пісьменьнікаў, калі ня самы вядомы. На беларускую мову Вівэга перакладаў нястомны багэміст Сяргей Сматрычэнка (раманы «Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі» і «Цудоўныя гады сабаку пад хвост») ды Сьвятлана Рогач («Кароткія казкі для стомленых бацькоў»). У свае 50 гадоў Вівэг стаў аўтарам 25 кніг, большасьць зь якіх займела вялікі чытацкі посьпех. Яго пераклалі на больш чым 20 моваў сьвету.

Пад канец 2012 году зь пісьменьнікам здарылася няшчасьце — у яго лопнула грудная аорта. Перад тым, як страціць прытомнасьць, пісьменьнік пасьпеў пазваніць у хуткую дапамогу і дачакацца яе. У шпіталі дактары, на шчасьце, паставілі яму правільны дыягназ і зрабілі неадкладную апэрацыю, ратуючы яго ад сьмерці. Але падчас апэрацыі сэрца пісьменьніка на нейкі час спынілася, і ягоны мозг у гэтым прамежку часу не атрымаў столькі кіслароду, колькі патрабаваў. Гэта мела свае наступствы — пісьменьнік амаль поўнасьцю страціў здольнасьць запамінаць, і амаль усё яго ранейшае жыцьцё канула ў прадоньне бяспамяцтва.

Кніжка «Маё жыцьцё пасьля жыцьця» — аповед пісьменьніка пра некалькі месяцаў ягонага жыцьця ў 2013 годзе, ужо пасьля апэрацыі. Працытую невялікі фрагмэнт з гэтай кніжкі:


  ​ Што ты еў на вячэру? — зноў спрабуе правяраць мяне жонка.

Я разгубіўся ад сораму. Ня ведаю. Не магу ўспомніць. Я вячэраў дваццаць хвілін таму — і ня ведаю.

— Ну, прыгадай! — заахвочвае жонка.

— Не прыгадваю!

Штодзённы змрочны тэатар майго цяперашняга жыцьця. Сапраўды ня ведаю, што было перада мною на талерцы ўсяго дваццаць хвілін таму, і што я клаў у рот... Што перажоўваў і што глытаў... Спрабую вылавіць з памяці хоць адзін кусок, хачу носам пачуць хоць адну малекулу паху, языком шукаю на паднябеньні нейкі сьлед смаку — але, як ужо столькі разоў раней, бяз посьпеху.

— Ня ведаю! — крычу раззлаваны, як быццам гэта была яе віна. — А хрэн яго ведае!


Грукаю правым кулаком па стале, а потым некалькі разоў б’ю сабе ў лоб і скронь.

— Не нэрвуйся так, — супакойвае мяне жонка. — Табе палепшыцца, пабачыш.

Мне трэба быць цярплівым. Трэба чакаць.

— На вячэру быў дранік, — нарэшце падказвае жонка.

Дранік, бляха! — думаю раздражнёна. Дранік — гэта мой мозг!


Прыблізна ў такім ключы напісаная ўся кніга, больш за 140 старонак. «Гэта дваццаць шостая кніга Міхала Вівэга... і сам факт, што ён яшчэ (або ўжо зноў) піша, зьяўляецца тут галоўнай справай і цэнтральнай тэмай», — папярэджвае выдавец Марцін Рэйнэр з выдавецтва «Druhé město» ва ўступе да кнігі «Маё жыцьцё пасьля жыцьця».

Цяжка вызначыць жанр гэтай кнігі — гэта нешта сярэдняе паміж вельмі асабістым дзёньнікам і псыхатэрапэўтычнай споведзьдзю перад псыхолягам. Вівэг насамрэч у змозе пісаць толькі пра тое, што здарылася зь ім некалькі хвілін таму. Тое, што здарылася зь ім раней, чым гадзіну таму, ня кажучы пра дзень учарашні і пазаўчарашні, ён наогул забывае.

Калі вярнуцца тут яшчэ раз да борхэсаўскага Фунэса, дык можна сказаць, што выпадак Вівэга — нешта дакладна супрацьлеглае. Фунэс быў няздольны абагульняць тое, што перапаўняла ягоную памяць, якая была падобная, як ён сам прызнаваў, на «сьметніцу». У Вівэга здольнасьць абагульняць і асэнсоўваць сьвет засталася, адно што сьвет ніяк ня хоча загасьцяваць у ягонай памяці на даўжэй...

Каб нармальна жыць і існаваць у гэтым сьвеце, чалавеку трэба шмат забываць — фактычна, трэба забываць значна больш, чым чалавечы мозг здольны запомніць і насамрэч запамінае. Але ёсьць і мяжа такому бяспамяцтву, за якой пачынаецца нешта іншае, «не-жыцьцё» бяз колеру, паху і смаку... Я ня ведаю, ці Вівэг верне сабе ранейшыя творчыя здольнасьці і напіша кнігу, якая распавядала б пра выдуманае жыцьцё, а ня толькі пра сваё, запамятанае «на хуткую руку». Канешне, усе ягоныя прыхільныя чытачы, да якіх і сябе адношу, жадаюць яму вяртаньня да ранейшай пісьменьніцкай формы з усяго сэрца. Але я яму вельмі ўдзячны і за гэтую цалкам нелітаратурную, моцна асабістую кнігу, у якой ён апісвае сваё змаганьне за тое, каб зноў ухапіць патрэбны балянс паміж памяцьцю і забыцьцём.

Літаратура.org — https://litaratura.org/neabavyazkovyya-chytanni?artid=146 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Праклён памяці і бяспамяцтва

Ян Максімюк

Для друку   /   Неабавязковыя чытаньні

Міхал Вівэг
Міхал Вівэг