Літаратура.org » Дзівотня » Багуміл Грабал, Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Багуміл Грабал — Чэская — Ян Максімюк

Як і да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзіць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта біў чалом Царкве, але там ля плябаніі была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкія машыны, амэрыканскія грамафоны на дзьве спружыны і вогнегасілкі фірмы «Мінімакс», і той Алтман дадаткова зарабляў сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкі, і яны часта начавалі ў Алтмана ў заднім пакойчыку, а калі прыходзіла лета, ставілі ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсуні выносілі грамафон і пяялі й курылі й загаралі ў купальніках, ну дзіва дзіўнае, як у небе ў іх тамака было, як у раю, таму ксёндз-дэкан так ахвотна хадзіў каля плоту на рэвізію, бо зь сьвятарамі яму быў нешанцунак, адзін вікары зьбег зь ягонай пляменьніцай у Канаду, другі перайшоў у чэхаславацкую царкву і ажаніўся, а трэці парушыў забарону і пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралі, а так закахаўся ў адну, ажно застрэліўся ад нешчасьлівага каханьня, з рэвальвэру або браўнінга, гэта такая зброя, за якую кожны можа паплаціцца, мы як былі хлапчукамі, пазычылі адзін і стралялі ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнінг і мы не змаглі ўжо сабраць яго назад і хацелі застрэліцца ад роспачы, але мы не далі рады яго сабраць і гэта было наша шчасьце, і я мог калі захачу пайсьці да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзіў выстраены, у клятчастых нагавіцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гільзу «Мінімакса», як дыплямат, сонейка сьвяціла, а тыя дзяўчаты ў купальніках ляжалі на плахтах нібыта які хаўрус «Паклоньніц сонца», было іх шэсьць і ляжалі яны наўзнак з рукамі падкладзенымі пад галоўкі з высока зачасанымі фрызурамі ды глядзелі наўмысна ў аблокі, каб пакінуць свае целы на папас мужчынскім вачом, але я, як што быў чульлівы як Моцарт, і абагаўляў эўрапейскі рэнэсанс, зіркаў на іх як кракадзіл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другім вокам на тыя ножкі, закладзеныя адна за адну, прыгажуні ўвесь час калыхалі сваімі лыткамі, а па мне бегалі мурашкі, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькімі красунямі? хіба што толькі кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьніўся мне прыемны сон, як мне прымроілася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэі, але я ня меў лятарэйнага білета, ну так, бачыць пекара як такога ў сьне абазначае начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлічак і Хрыстос, тыя ніколі не сьмяяліся, наадварот, больш за ўсё плакалі, бо калі хто мае быць носьбітам вялікай ідэі, дык не павінен рабіць глупстваў, у Гаўлічка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў агламажджваў, прапанавалі яму арцыбіскупскае крэсла, але ён выбраў справядлівасьць, трохі кавы й супу ды толькі працаваць для народу, каб паменшыць непісьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мірсьціцца такім ладам, у гноі валяесься, вясёлае жыцьцё цябе чакае, або калі прысьніцца начны гаршчок, бесклапотная будучыня табе наканаваная, ну так, мілыя панны, гэта якраз той клёк, калі чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабіў нічога іншага, як толькі жлукціў гарэлку і набіраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнікаюць пустабрэхі, як тая спрэчка за аўстрыйскім часам між сацыяльнымі дэмакратамі, вальнадумцамі й клерыкаламі, адны думалі, што сьвет паўстаў з малпы, а іншыя, што Бог зьляпіў Адама з гразі, а потым зь ягонай кішкі зрабіў Еву, ну дык і яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразі, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзі сакочуць як маладыя сарокі, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроіць аб павабнай дачушцы прэм'ер-міністра, але калі з гэтага нічога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзіца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пракажоны пранцамі і Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэліў рамізьнік, ну а кожная панна прызнае, што калі б у ейнага мілага той інструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магілу легчы, дык калі я служыў у найлепшай арміі на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, баліць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калі б у нас было сто тысяч такіх як ты, мы заваявалі б увесь сьвет! і даў мне адзінку, і я быў героем і выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная пані была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, веліканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, і адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? і дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос і Гаўлічак таксама не ўзялі б тае дваццаткі, ведаеце, у тыя часы мы трымалі шык, я любіў насіць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, які дзед майго сябры дастаў ад клюбу «Ахілес» у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошы, за грошы можна ўсё, і прыгожыя панны, нават калі хто з горбам або й стары грыб, за грошы можа купіць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круціцца ў сусьвеце, а я, хоць і прысягаў кайзэрам і прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукі, як хірург або доктар, у шаўца заўсёды далікатныя рукі, таму мяне называлі прафэсіяналам, сам Баця, казалі, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабіў, каб яму паставіў ягоную фірму на ногі, баранэса Бржызава, якая прыходзіла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьціла вочы і кажа, а вы самі ня шляхціц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкі на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгожага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам і п'яніцам вялізныя прысуды, Тонік Воплетал уляпіў гэтаму судзьдзі поўху, бо ён засудзіў яго на трынаццаць месяцаў за тое, што ён перагрыз горла Ржыгу падчас акадэмічных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усіх народаў, апірышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схільны да найбольшага лайдацтва і зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сілы і за ўсіх узяў тое бервяно на плечы ды зьбіты і ўвесь у крыві валок яго два кілямэтры на Галгофу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзіўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваім айцом, і што яны перапісваюцца з дапамогай галубіцы, ну й лухта, ажно ў мазгах рыпіць, як быццам ксяндзам было мала, што яны чуюць на споведзі, тыя нягоды зь няшлюбнымі сынамі і айчымамі, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любові да блізкага, дысцыпліны, а ня той любові на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркі, якім адсохлі мазгі, гэта я магу ганарыцца, я, які заўсёды помніў Гаўлічака, а ў шавецтве быў інжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравічкі белай дратвай, а цьвічкі не павінны муляць у пяткі, я, які ўжываў клей маркі Эльбэт і Гумідрабант з слановых капытоў, ды што, калі грамадзкай думкай валодаюць ідыёты й п'янюгі, хай дакажуць столькі як нябожчык Масарык, які яшчэ ў свае семдзесят рабіў стойку на кані, або як тыя манахі ў Тыбэце, якія паставілі электрастанцыю і сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзіцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, які вынайшаў падводную лодку з атамам, або расейцы, якія робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай і лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазіць, так што адзін разумнік сказаў, недалёкі той час, калі пры такіх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзі толькі пасядуць у такім эрапляне і зараз павінны выходзіць, падарожжы будуць адбывацца гэтак хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насіў кветкі прыгажуням, вось наш пробашч ня мог высцацца і доктар Карафіят яму кажа, я ж вам казаў, толькі поснае, а ня мяса й вінцо, а адна баба пасьля родаў зьела кілбаску і доктар яе папікаў, вы нажэрліся яблыкаў ці што? а мужа аблаяў, што для парадзіхі шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кілбаскі, і даў мужу клізму, а я калі хадзіў да доктара Карафіята лячыць саліцёры, ён адразу прыпісаў мне дыету і наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб які іншы, дык мяне выкінуў бы, а доктар Карафіят кажа, адразу відаць па вас, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрці прынесьлі кірмаш і на пляцы адна баба жэрла ліверную каўбасу і выбег доктараў сабака і цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусіў купіць ёй яшчэ адну каўбасу і прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзі былі галянтныя да жанчын, адзін прафэсар мне сказаў, ня ўмелі мы шанаваць Аўстрыі, ня ўмелі шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкі ў нас сталіся нэрвовымі, Грулешак малаціў сваю жонку ланцугом ад ровара або катамі, як называлі ланцугі для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кір, які пасярэднічаў у продажы нашага дому і паставіў сабе вілу каля суду, з фантанам, пальмамі і мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамі ўвесь сьвет, а вакол сябе ружавы садок, дык той адвакат застрэліўся, бо ягоная жонка пакахала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя пані поўныя рамантызму, мне рабілі такія прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравічкі, насаджу на вочы тыя павелічальныя шкельцы, чаравічкі фасону КБ, імітацыя вужавай скуры, белая футравая высьцілка і белыя фрэнзьлі, чацьвертага памеру, мадэль «Дэрбы-Парызэр», чаравічкі зь белымі наскамі і лякаванымі абкладамі, абцасікі два цэнтымэтры, нікеляваныя дзіркі, кручкі з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты і масянжовыя шрубкі, каб падэшвы даўжэй насіліся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень і другую на зіму, у сярэдзіну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцілку з чырвонага або жоўтага кажушка, потым яшчэ адны чаравікі на горныя экскурсіі і адны зусім простыя на шпацыры па лугах, з чырвонымі наскамі і белай высьцілкай, або шаўро з высокай абшыўкай і зялёнымі лякаванымі наскамі, паеду ў Вену, у фірму «Салямандра», у гэты цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякі Майцэн, кітавыя і так далікатныя, як шчочкі прыгажуні, цэнтар абутковага сьвету, фірма «Салямандра» з салямандрай на шыльдзе, тым часам як фірма «Мэрцэдэс» мела на шыльдзе малпу, на шкляных паліцах чаравікі, вырабленыя цудоўнымі чалавечымі рукамі, кожны паверх асьветлены іншым колерам, граф Зэлікоўскі зімою прыляцеў на вучэньні на жарабцу, нібыта на самалёце-зьнішчальніку, на вусах іней, конская грыва таксама сам іней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму піражкоў, а тут нарваўся граф Зэлікоўскі на жарабцу і як рыкне па-польску, не гадай з бабамі, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам і паскакаў на сваім жарабцу проста цераз бабу на дваццаціградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзін год, а ў сабе я меў столькі энэргіі, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калі бачу заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завілі мае валасы, пазычылі мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягі, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сівакоў, за ім шэраг каштанавых коней, дзьве красуні парвалі сабе блюзкі, пабіўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нічога сьвятога, больш схільны да грэху і што адных жанчын цягне да каханьня, іншых да грошай, а яшчэ іншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьці, а нават вычварэнстваў, іншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павінна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагі кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш стаяць на аснове запаветных слоў, таму індусы маюць у царкве быка і яму пакланяюцца, Сыбіла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Ісуса, пабаялася йсьці кладкай церазь Ярдан і пакланілася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкі запыталіся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала, што калісьці з тае кладкі будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жмені, а да тае кладкі быў ужо прыпісаны той крыж і Сыбіла ведала, што прыйдзе Хрыстос і будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумніца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, які з такой радасьцю пеставаў вінаграднік і езьдзіў у белым радне на сівым жарабцу і раздаваў грошы бедным як нейкі райсабес, кітайцы зноў жа вераць у бога сілы і каханьня, таму іхны бог мае ў носе пазалочанае колца і пашчу як акула, гэткі пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькі ў тое, дзе што можна зжэрці, і верашчаць і скачуць, а іхны кароль сядзіць голы на троне і трымае вілы ў руцэ, а іхная каралева мае на сабе толькі такі ашмотак, каб ёй мухі на пашпарт не сядалі, а калі ў іх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнік Голуб уцякаў ад іх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлі, батакуты, арабэлы і матабэлы беглі за ім, але хоць і мелі добрыя лёгкія, не далі рады яго дагнаць, толькі крычалі спадару падарожніку, чалавек на вужацы! а раварысты гналі да Варшавы і выйграў нейкі Круляк, дваццаць два гады, роўна столькі было і мне, калі я стаяў у Прасьцееве перад фірмай Вайнліха, дворскага пастаўшчыка, які меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насіў кнігу і смаліў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлі на ўнівэрсытэт, два ягоныя заступнікі, Фогл і Вэрцбэргэр, таксама напарфумаваныя як акадэмікі, а я стаяў перад імі як перад лавай прысяжных з парай чаравікаў у руцэ на паказ, а Вайнліх пытаецца, вы самі шылі гэтыя чаравікі? а колькі тузінаў можаце мне зрабіць за тыдзень? я адказаў, што два тузіны, дык мяне адразу павіншавалі, адразу мне далі бэргштайг, шаўро і бокс і падганялі, хутчэй, а то яшчэ спозьніцеся на цягнік, і я адыходзіў як Мантгомэры, той сьціплы герой з-пад Тобруку, гэта велізарны гонар рабіць у дворскага пастаўшчыка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскі пастаўшчык меў мэдалі і на шыльдзе арла з распасьцёртымі крыламі, Кафка і Дворжак шылі для кайзэра строі і боты, а таксама для эрцгерцагаў, спэцыялістам па вяндлінах быў Выметал і Попелка, у вітрыне адныя кумпякі сярод яловых галінак і аспарагусу, адзін мой камарад быў майстар па фраках, я запрасіў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньні прыроды, але ён так нажлукціўся сьлівавіцы, што мы мусілі яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабіў у дворскага пастаўшчыка Кафкі, які меў у гербе зялёныя нагавіцы і залатыя мэдалі, генэрал фон Вухерэр замовіў у яго яснаблакітны мундзір на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла ягоная жонка, генэраліха, каровішча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапіў яе і, цягаючы яе па вітальні, крычаў, калі гэта пасавала тысячам іншых, дык мусіць пасаваць і вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могілкі, дзе маладыя людзі, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамі, а я тут пры сваіх сямідзесяці гадах гарэзую з вамі як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабіць вам чырвоныя лякаваныя чаравічкі, як для сястры доктара Карафіята, якая была прыгажуняй, толькі мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзін шапачнік з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кіно, а яна раптам кашлянула і вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусілі яго шукаць між крэсламі, а калі знайшлі, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку і шусь! маргнула раз-другі і ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далікатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гулялі ў більярд, пры рагаліках на стале нельга сьлініць пальцаў, калі б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калі пекар ідзе пасцаць, дык потым мусіць памыць рукі, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такі мясьнік таксама мусіць зважаць на чысьціню, у нашым узводзе быў мясьнік Коцурак Міласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забінтаваў, а калі рыхтаваў начынку для кілбасак, той бінт аб'ехаў і ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кілбаска зь бінтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панны, які сюрпрыз! тая кілбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, ён бярэ сабе трэцюю кілбаску, раскройвае яе, а там бінт! званітаваў на месцы і адразу паслаў таго Коцурка Міласлава на фронт, але гэты мясьнік замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся і дастаў ордэны за мужнасьць, нейкі час і я вазіў аднаму мясьніку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткі скакалі вакол мяне, тая каза лізала мне рукі, і я сядзеў у полі на тачцы, казьляняткі лізалі мне рукі, а я плакаў, ну бо якая зь мясьніка роўня мне, прыхільніку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеце пры ім аддушаны страўнік і баіцеся, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўніка і пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай абліцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролі і ўсё выкладзенае кахлікамі, ля кожнага вакна жалезныя драбінкі, каб пажарнікі на выпадак пажару маглі па іх падымацца ўгору і спускацца ўніз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзіва, адна вуліца белая з чырвонымі вокнамі, другая ўся зялёная з жоўтымі вокнамі, вуліцы блакітныя, залатыя і рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пірог, Горты, той адмірал, загадаў пастраляць матросаў, якімі камандаваў Матаўшак, завязалі ім, няшчасьнікам, вочы, бо гэта быў бунт або інакш Mauterei, на піва, панна, ячмень павінен быць нязмоклы і непрарослы, трэба яго правеяць і найперш намачыць на верхнім ярусе ў летняй вадзе, потым даць наніз на ток і пералапаціць, значыць, перасыпаць драўлянай лапатай або інакш Wohlgemut'ам, потым ён сушыцца ў саладзільні, а вагонь ідзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны і шчоткі, асобна падае квет, гэта парасткі, а асобна солад, тым кветам добра карміць валоў, солад бывае мюнхенскі для цёмнага піва і пльзэнскі для сьветлага піва, солад вараць у варыльні некалькі гадзін, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб піва набрала горычы, потым выпускаць у брадзільню, у кадзі, і дадаюць піўныя дрожджы, звычайнае піва бродзіць месяц, ляжак, або вытрыманае піва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль піва разьліюць у гекталітры або ў кухлі, зьбіраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, і даліваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы ім піва потым мае тую іскрынку, або гранат, мюнхенскае піва вылежваецца нават і паўгоду, а калі першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзіць паглядзець і скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвішча Гулякава, калі я раіў ёй наконт палавой гігіены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабіць нешта іншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес і запоўніў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабіць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабіць тое, чаго яшчэ няма, жанкі як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкі карчмар мне скардзіўся, што госьці сьціраюць з тацы ягоныя рыскі, колькі выпілі кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьціраецца, вядома, некаторыя гатункі піва ляжаць у смалаваных бочках і паўгоду, салодзенькі портэр з Пардубіцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькі, колькі сёньня мае «Сэнатар» з Нусьляў, «Цмок» з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як «Спэцыял» з Браніцаў або «Крыстал» з Будзяёвіцаў, ах, панны, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкія гатункі з Пльзьня, «Кардынал» і салодкае піва «Ў Флекаў» або «Ў Тамаша», бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзі былі людзьмі, але што тычыцца хлеба, масла і піва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзіць тэхніку халерна паволі, у старых броварах варылі піва ў медзі, пад катламі палілі смалякамі і полымя йшло праз тую медзь і карамэлізавала піва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабілі яго з жыта, якое ляжала ў клуні да лістапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткі, і толькі тады яго абмалочвалі, вось быў хлеб! пахнуў за кілямэтар, калі пяклі гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзіў карэтай чымся аўтам і ахвотней піў віно, памёр зрэшты ў прыбіральні, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскім рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлінку на варце і бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбіне і абрывала сьлівы, а кайзэр як Гётэ зіркаў ёй пад спадніцу, калі трымаў драбіну дзеля ейнай бясьпекі, нават і Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любіў хадзіць у кайзроку, такім жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такі ўжо быў шляхотны род, тая кайзэрава сям'я, але няшчасьці іх даймалі такія самыя, што і іншыя сем'і, сынок, каронны герцаг, мусіў ажаніцца з бэльгійскай прынцэсай Стэфаніяй, але насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажуні з вялізнымі грудзьмі й вачамі, ну і ўсё скончылася павальнай стралянінай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гігіене, сказала мне, калі я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'і, авохці! калі б мы былі муж і жонка, а вы хадзілі б да іншае, дык я вас таксама застрэліла б, так мне сказала, таму што ў сьвеце пануе трагедыя і раманісты ўвесь час маюць пра што пісаць, іду я аднаго разу каля чыгункі, а тут едзе чыгуначнік на ровары, саскоквае зь яго і кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол ці не было? а я яму кажу, не было, і той чыгуначнік паехаў далей на адным понажы і пакуль перакінуць ногу, аглядаўся і крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымі судзьдзямі або й фільмовымі акторамі, хоць я й ніколі ў футбол не гуляў, хіба што дзеля жарту, Моцарт і Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялі, і кайзэр не, яму цікавей было паехаць у Ішль і ганяцца за сарнамі, хадзіў ён у такіх нагавіцах, як дзеці, нагавіцах з пад'ёмным мастом, любіў людзей і еў сьвініну, за ўсё сваё панаваньне зрабіў толькі адну грашовую рэформу і загадаў павесіць Шлосарка і Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калі мама мясіла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткі, якраз тады былі манэўры, якімі кіраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы і кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Коларжа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысіў у шляхецкі стан, а той барон Коларж за гэтае павышэньне паставіў перад сваім домам помнік, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялі коні і елі кансэрвы, а мы наладавалі дзьве тачкі дроў і яшчэ паехалі па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вуліца хадзіла да нас па малако, а калі тая карова памерла, уся вуліца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялі яго ў сьвятліцу і паілі з пляшкі, дык кожнага ранку цялятка прыходзіла і лізала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзіць нас пагаліць, а калі з таго цяляці вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёліны ён яшчэ ня бачыў, толькі што тая карова не магла глядзець ні на цягнік, ні на ровар, таму мы чаплялі ёй навочнікі, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскім народам, каб заглушыць у ім жарсьці, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робіць хутчэй паводле кніжкі спадара Батысты пра зарукі шлюбнага шчасьця, як толькі мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкі йдуць па ім і такі мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмяніць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, і ён, хоць і паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якіх мусіць няўпынна вазіць з сабою ў возіку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарніцай па ўборцы буракоў, калі выпала суша, палівала іх з ручайка, буракі ў яе былі як цэбры, але ніхто ня мог параўнацца з Ганакамі, гэтыя мярзотнікі выходзілі задам, калі акучвалі буракі, каб не пакінуць на полі ні сьледу, а яшчэ майстрам высокіх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Ільлі, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавіцы, а зімою насіў як шалік, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькі памоліцца і зноў бяжыць за бабамі ў поле, ганяўся і за каровамі, бабаў падганяў добрым прыкладам і пугай, з такога спадар прэзыдэнт і сёньня меў бы карысьць, калі б іх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест наліваць гасьцям, налівала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталіцку, біў яе і біў, пакуль не дабіў, паводле Старога Запавету коні і каровы ў яго былі начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай і кніжачкі ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвішча Шумпліца, каб не насіць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў і адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак і чытаў асьветніцкую кніжку, пакуль сеяць, адмочваў пшаніцу ў сінім купарвасе, любіў калоць парасятаў і да юшкі дадаваў пернасьці ажно аднекуль з Афрыкі, яванская карыца, панны, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага віна і піражкоў з павідлам, але ўсё-ткі ў Аўстрыі людзі былі страшэнна адсталыя, адзін мужычок матычыў поле і адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнік Латал лупцаваў вучняў і біў іх галавою аб дошку, бо вучні кепска навучаліся рысавальнай геамэтрыі, а пробашч Зборжыл хапаў хлопцаў за карак і трос іх як трусоў, бо не маглі зразумець, што ласка ёсьць божай натурай і звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусіў няўпынна маліцца, каб ня быць такім злосным, бо здаралася яму часам адставіць келіх і заляпіць поўху міністранту, а потым далей служыць імшу, такая была тая аўстрыйская дысцыпліна, якая мела слабасьць да парадаў і колераў, арцыбіскуп насіў фіялетавы капялюш і фіялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер і тры зоркі на падкладцы з чырвонага шоўку, адзін салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! і зараз завіс на дрэве зь перабітымі нагамі, Сына Чалавечага прадалі за трыццаць срэбнікаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч і больш, цела Сьвятога Пятра павесілі на крыжы галавою ўніз, а папа, ягоны наступнік, сёньня шпацыруе па Лятэране і Ватыкане, абходзіць тысячы пакояў, ажно яму паставілі турыстычныя паказьнікі, каб не заблудзіўся, з кардыналамі ён размаўляе ня столькі пра дзейную любоў да блізкага, колькі пра валюты і каталіцкія базы, гэта, скажу вам, панны, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты і сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кіравалі файныя мэлёдыі, каб улагодзіліся пачуцьці, той эўрапейскі рэнэсанс, за які змагаліся Тэмістокл і Мільтыяд, Сакрат, Гётэ і Моцарцік, каб не гаварыць, калі нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу і adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напісаць музыку або вершык на разьвітаньне і паслаць з букетам ружаў, пасьля, панны, рамантычнаму чалавеку і сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампаніі, жонку пры сьмерці бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзін пячніцкі чаляднік расплакаўся, калі прывучвалі яго да забавы зь дзеўкай на більярдзе, іншым разам дзеўкі з бару выдатна дапамаглі, быў такі адзін слабы на розум і калі на яго гэта находзіла, ён крычаў, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! дык мама хапала сто кронаў і бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красуні і мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкі час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзі, што мне зрабілася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымі чарадзейнымі ручкамі я рабіў кантэскі, чаравічкі для прынцэсаў, акторак і лепшых красуняў, драўляны абцасік, прыбіты масянжовымі штыфцікамі, работа чыстая і мілая Богу, срэбнае шаўро і жоўтае шаўро, і канарэечнае, а каб падноскі былі белыя, я купляў гумідрабант, так што за Аўстрыі шавецтва было работай хутчэй хімічнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць і быў я ўсяго шавец, але насіў манокль і кіёк з срэбнай галушкай, было гэта таму, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пісьменьнік фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пісьменьніка, ну нешта жахлівае, той сам тып што й граф Зэлікоўскі, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубіцу, на фатаграфіі выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакі зачэсваюцца данізу, як за Аўстрыі дажывотнікі або дахадзягі ў прытулках ці шпіталях, а вось за аўстрыйскім часам, калі хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завіваць валасы і хадзіў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалі, што ён піша вершы, а калі хто за Аўстрыі меў тры клясы гімназіі, дык не выходзіў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыі дык і работнікі фатаграфаваліся з локцем лёгка ўсьпертым на столік і позіркам скіраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалі шмат бадану, прыправы з кітайскага дрэва, знакамітай для лікёраў і печыва, ах, тыя даўнія часы мелі слабасьць да жабракоў, але з другога боку і да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхах пазначалі яе трыма чырвонымі сэрцамі, амэрыканская двойка мела на мяхах тры скрыжаваныя каласкі і канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзір дойчмайстраў і кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёліна ў сям'і Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калі ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлі, калі стары Грулешак латаў у нас мяхі, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Зборжыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньні немаральных кніжак і часопісаў, а стары Грэпл, той што вазіў радно ў Оламоўц, ставіў ногі ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзільніка, зімою хадзіў у лес вазіць дровы і цягаў тыя ланцугі на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправілася, так што яна доўга малілася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў і каб прываліў яго фурай з калодамі, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзія павінна раніць, як быцам вы забыліся лязо ў насоўцы і, сморкаючы ў яе, парэзалі нос, таму акуратныя кніжкі пішуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелі і так як стаіць, у адных сподніках, пабег да спадара пісьменьніка і надаваў яму па пысе, было гэта таму, што за Аўстрыі муж адказваў за душу свае жонкі непасрэдна перад Богам, і так прыкладам Тонік Воплетал, той, што ўсадзіў нож Фэрдзюшку ў галаву, калі сварыліся, хто трапіць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне і тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню...

Літаратура.org — https://litaratura.org/dzivotnya?artid=29 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Багуміл Грабал — Чэская — Ян Максімюк

Для друку   /   Дзівотня

Багуміл Грабал
Багуміл Грабал
„Tak jako za vámi, slečno, tak jsem nejraději chodíval za krásnejma slečnama ke kostelu, ne že bych holdoval církvi, ale tam vedle fary byl takovej krámek a v tom obchůdku prodával nějakej Altman obnošený šicí stroje, americký dvoupérový gramofony a hasicí přistroje značka Minimax, a ten Altman jako vedlejší zaměstnání sháněl pro celej okres krasavice do hospod a barů a ty slečny často spávaly u toho Altmana v zadním pokojíčku, nebo když přišlo léto, tak si ty dámičky postavily na zahradě stan a pan děkan se rád chodil procházet podle plotu, to ty fešandy si tam daly gramofon a zpívaly a kouřily a v plavkach se opalovaly, no něco nádhera, jak v nebi to tam vypadalo, jak v ráji, proto pan děkan tak rád chodil podle plotu na revizi...”