Літаратура.org » Чытальня » Міленка Ергавіч, Сараеўскае Мальбара

Сараеўскае Мальбара

Міленка Ергавіч — Харвацкая — Сяргей Шупа

1. НЕАБХОДНАЯ ДЭТАЛЬ У БІЯГРАФІІ

 

ЭКСКУРСІЯ

 

Для галавы ёсьць месца на падушцы, усё астатняе - чысты кашмар. Ты адчуваеш, як губляеш тую мяккую глебу пад сабою. Калышацца заснулы сьвет, твая скронь б’ецца аб горб матчынага пляча, ты праплюшчваеш адно вока і бачыш гульню прыступак пад нагамі, аптычную ілюзію простых геамэтрычных фігур, якія цябе зноў вяртаюць у сон. Цябе абуджае раптоўнае пачуцьцё млосьці ў страўніку, ты ў аўтобусе, у кампаніі службоўцаў Каапэратыўнай бухгальтэрыі, якія выбраліся на экскурсію ў ЯйцаЯйца - горад у Цэнтральнай Босьніі, дзе ў 1943 годзе адбыўся другі зьезд Антыфашысцкай Рады народнага вызваленьня Югаславіі, на якім былі закладзены асновы паваеннай СФРЮ.. Ніхто ня ўзяў з сабой дзяцей, апрача тваёй маці; ты мусіш бачыць вадаспады, строга вырашыла яна, і дарма што цяпер твае вантробы рвуцца вонкі, у галаве мутнае балота, якое ніколі ня стане празрыстым вадаспадам. Тоўстая аўтобусная шыбіна рэгулярна грукае ў сьвядомасьці, мільгацяць карцінкі, якія толькі пазьней, можа празь дзесяць гадоў, ператворацца ў пазнавальныя краявіды крыху шырэйшага роднага краю, пра які з захапленьнем і перабольшаньнямі гавораць знаёмцам зь іншых краёў і краінаў.

Дажджлівы дзень, пад мастамі цячэ разбухлая Босна, усё навокал зусім не для экскурсіяў. Службоўцы сярэдніх гадоў весела сакочуць і заглядаюцца на бялявых сакратарак, якія ў вялікіх пляжных торбах вязуць печаных курэй, памаду і грабенчыкі, таблеткі ад галавы, алей для загару і тыя дробныя жаночыя штучкі, пра якія ты значна пазьней даведаесься, што іх ужываюць толькі раз на месяц, але той раз бывае заўсёды, калі ладзіцца экскурсія або адзначаецца нейкае сьвята.

Ты глядзіш, як нейкі фічыкФічык - або фіча, аўтамабіль Zastava 750 крагуевацкага заводу Crvena zastava, выраблены паводле ліцэнзіі Фіята 600, югаслаўскі культавы народны аўтамабіль 60-80-х гадоў, сымбаль масавай матарызацыі насельніцтва краіны, практычна невядомы за яе межамі. абганяе аўтобус; у ім чацьвёра маладзёнаў. Адсюль зьверху яны выглядаюць як вясёлыя гномікі, якім гэты дождж - якраз самае тое. Яны ганяюць навыперадкі праз бліскучы мокры сьвет з усімі, хто ім трапіцца. Табе здаецца, што на іх ніхто іншы з аўтобуса не глядзіць. Людзі занятыя больш важнымі справамі; яны атрымалі сярод тыдня вольны дзень, і цяпер яго трэба выкарыстаць. Шчарбаты Джэма узяў з сабой вайсковую біклагу, якую прапануе ўсім навокал, пасьля, так, дзеля жарту, падае і табе. Ты падумаеш, што ўнутры вада, але табе ўдарыць у нос востры пах вадкасьці, якой мэдсястра мажа плячо перад прышчэпкай. У той момант твае вантробы канчаткова вырываюцца вонкі, ты абліваеш седзішча перад табой нейкай горкай жаўтаватай мешанінай, якая яшчэ доўга будзе, гэткая ліпкая, распаўзацца ў ноздрах.

Аўтобус запавольваецца і спыняецца пасярод дарогі. Кіроўца выходзіць, а за ім і ўсе пасажыры. Маці кажа табе нікуды не хадзіць, але табе ня хочацца заставацца ў аўтобусе самому. Ты падыходзіш да натоўпу людзей, праціскаесься ў іх між ног і бачыш зусім расьціснуты фічык, зь якога тырчыць рука. Маці даланёю закрывае табе вочы, ты не глядзіш, аж пакуль яна зноў не пасадзіць цябе на седзішча ў аўтобусе. Зьбялелыя пасажыры вяртаюцца за табою, ніхто не прамаўляе ні слова, толькі адна з тых трох бляндынак кажа, што гэта нам сапсавала экскурсію. Што гэта? Ты не пытаесься, бо ведаеш, што гэта прагучала б, як бы ты пытаўся нейкія глупствы. Людзі ў фічыку мёртвыя, але выглядае, што гэта ня ўразіла толькі цябе. Ніхто іх ня ведаў, дык што ж цяпер смуткаваць. Джэма пачынае расказваць пра дарожныя катастрофы, якія ён перажыў сам і пра якія чуў. Ты думаеш, што кожнае падарожжа, калі Джэма гаворыць праўду, канчаецца у расьціснутым фічыку. Табе не здаецца страшным, калі і твой аўтобус будзе прадметам нечыіх зьбялелых позіркаў, а нечая маці будзе хаваць вочы ад тваёй рукі. Сытуацыя нават не пазбаўленая прывабнасьці. Ты ня ведаеш чаму, але табе здаецца вельмі добрым быць у цэнтры такой увагі. Ты больш не адчуваеш млосьць, вісюнчык у цябе ў майтках напружваецца , а па жылах расьцякаецца шчасная прыемнасьць. Ты канчаткова прачнуўся і ачуняў. Ты чапляесься да маці з пытаньнямі, размахваеш нагамі, просіш у Джэмы біклагу, сьмешыш усіх навокал, ты ў цэнтры ўвагі і табе так добра, нібыта ты загінуў.

Яйца складзена зь вялізных цаглінак лега. Нейкая вялікая рука паскладала іх як паводле інструкцыі. Нічога не выглядае як сапраўднае, акрамя вадаспаду. Ён вялікі і страшны. Экскурсію ты праводзіш у крытай тэрасе рэстарану. Джэма расказвае пра дзяўчыну, якая з-за хлопца скочыла зь вяршыні вадаспаду. Калі той пра гэта пачуў, скочыў і ён. Але дзяўчына не загінула, а на другі дзень зьявілася ў горадзе. Пыталася ў людзей, дзе яе хлопец, і тыя ёй сказалі, што ён скочыў за ёй. Гэта яе засмуціла, і яна скочыла зноў. Ніхто апрача цябе ня верыў Джэму. Ты спытаўся ў яго, ці, магчыма, хлопец пасьля скоку зноў зьявіўся жывы. Не зьявіўся. Толькі што цяпер табе было не зусім ясна, як гэта жанчына, а жанчыны слабейшыя за мужчынаў, магла адзін раз застацца жывая, а ён ня мог ні разу. Ты запрапанаваў Джэму скочыць, каб пабачыць, хто застанецца жывы. Ён не захацеў.

Пад Яйцам, кажа ён, ёсьць нейкія падземныя калідоры, зь якіх, калі аднойчы ўвойдзеш, ужо ня можаш выйсьці. Туды кідаюць хлопчыкаў, якія кураць у школьнай прыбіральні. Гэта цябе напалохала. Ты ніколі не курыў, але нехта мог бы падумаць, што можа й курыў, і ўкінуць цябе туды. Страшна было б усё жыцьцё бадзяцца ў цемры.

Вы пайшлі ў нейкую залю з партрэтамі герояў. Тут таварыш Ціта стварыў Югаславію. Ты спытаўся, ці таварыш Ціта стварыў і Яйца. Джэма сказаў, што як бы не, але нібыта і так. Ты гэтага не зразумеў. На тваю думку, таварыш Ціта адзіны быў дастаткова вялікі, каб паскладаць цаглінкі лега над вадаспадам. Тое Джэмава “не, але так” моцна сьмярдзіць, як і ягоная біклага.

У адным рэстаране вы ўсе разам елі. Ты еў шашлык, але па дарозе назад, у тым самым аўтобусе, цябе ім званітавала. Гэта няважна, бо ўсё роўна было смачна.

Кругом была ўжо ноч, і вас не абагнаў ніводзін фічык, вы ні разу не спыніліся, і ніхто не загінуў. Джэма больш не гаварыў пра катастрофы. Ён гаварыў пра нешта іншае, што, магчыма, зноў не было праўдай. Або было праўдай толькі ў той момант, перад тым, як вы ўсе разам заплюшчылі вочы, а прабудзіліся калі неба ўжо было чырвонае, як запалены дах над агнямі Сараева.

 

2. РЭКАНСТРУКЦЫЯ ПАДЗЕЯЎ

 

КАКТУС 

 

Яна жыла ў заўсёдным страху, што прапусьціць у жыцьці нешта важнае і прыгожае. Часта падарожнічала, а яшчэ часьцей пакутавала ад таго, што не падарожнічае. Яна лічыла, што сапраўдная забава і шчасьце недзе ў іншым месцы, заўсёды была поўная плянаў як ухапіць іх за хвост, як у няспынным руху знайсьці той крыштальны момант, калі жыцьцё, прынамсі так нам падказваюць сны, ператвараецца ў казку.

Пад канец сьнежня 1990-га яна вырашыла, што Новы Год мы з кучай незнаёмых людзей сустрэнем на ХварыХвар - востраў на далматынскім узьбярэжжы.. Поўная энтузіязму, яна выказала гэтае рашэньне як прапанову, я меў нейкія заўвагі, але яны так яе засмуцілі, што я нарэшце прыняў рашэньне як наша супольнае. У перадапошні дзень таго году мы сабраліся на МарыіндворыМарыіндвор - раён у Сараеве на мяжы новага і старога гораду.. Было вельмі рана, яшчэ не пачалі хадзіць трамваі. Я пазнаёміўся з кучай сытых жыцьцём тыпаў і дзяўчат у сьвяточных сукенках, якія ў мяне беспамылкова асацыююцца з п’янкай. Нас дванаццаць плюс куча рэчаў плюс вясёлая сука баксёрыха разьмеркаваліся ў тры машыны. Два гольфы ехалі наперадзе, а за імі паўразваленая дыянаДыяна - малалітражка Citroën Dyane (1967-1983).. У ёй мусілі ехаць мы двое, лысаваты студэнт электратэхнікі, ягоная тоўстая брыдкая дзяўчына і сабака. Машына была залепленая ізаляцыйнай стужкай, якой абгортваюць пасылкі, з усіх бакоў дзьмула, а ногі амаль што правальваліся праз падлогу. Мы цягнуліся невыносна павольна па дарозе на поўдзень, тоўстая дзяўчына расказвала пра парыскія парфумы, а сабака без упыну гучна пускаў сьмярдзючыя газы. Я кожны раз какетліва ўсьміхаўся, устаўляў нейкую агульную заўвагу і страшна стараўся, каб мая дзяўчына думала, што я адчуваю сябе сапраўды добра. На Іван-гаруІван-гара - перавал на шашы Сараева-Мостар, які аддзяляе Босьнію на поўначы ад Герцагавіны на поўдні. дыяна паўзла з хуткасьцю дваццаць кілямэтраў на гадзіну, пасьля ў КоніцыКоніц - горад за 50 км ад Сараева па дарозе на мора. двойчы кашлянула і канчаткова спынілася. Баксёрыха зноў гучна пальнула нам у ноздры і весела забрахала. Мы выйшлі з машыны, спыніліся і тыя, што ехалі на гольфах, і пачалася нарада што рабіць. У любой камбінацыі мы аказваліся лішнімі. І калі ўжо было вырашана, хто далей паедзе цягніком, а хто на машынах, я ўзяў яе за плячо і шапнуў:

- А што калі б нам усё ж вярнуцца?

Яна не паглядзела на мяне сярдзіта, як я чакаў, а толькі паціснула плячмі і ўздыхнула.

- Хто ім скажа?

- Скажы ты, ты мужчына.

- Лепш ты, гэта ж твае знаёмыя. Апрача таго, калі скажу я, будзе выглядаць, што мы за нешта сердзімся.

Вядома ж, яна прашчабятала, што мы вяртаемся ў Сараева. І прыемныя і непрыемныя рашэньні я заўсёды ўмеў прыгожымі словамі перакласьці на некага іншага.

Да цягніка ў нас заставаліся дзьве з паловай гадзіны. Мы селі ў халоднай і пустой гатэльнай залі і выпытвалі адно аднаго позіркамі, бавячыся гульнёю лёгкіх пяшчотных дотыкаў.

- Як шкада! - схлусіў я.

Яна вінаваціла сябе, што сапсавала мне Новы Год. Ласкамі і маленькімі мужчынскімі хітрасьцямі я пераконваў яе, што гэта ня так.

- Шкада і з-за падарункаў.

Я заўсёды любіў, калі мне нешта даравалі, і таму настаяў на тым, каб гэтае дзейства адбылося тут у Коніцы. Яна ўпарцілася, бо ёй нагода не здавалася дастаткова ўрачыстай. Яна ўсё яшчэ спадзявалася на той крыштальны момант. Але ж я ўжо казаў, што я майстар у пераконваньні.

Яна асьцярожна раскрыла заплечнік і яшчэ асьцярожней дастала скрынку ад юбілейнага віньяку.

- Разгарні!

Скрынка была лёгкая, так што было ясна, што ў ёй не бутэлька. Дый гэта было б сьмешна. Унутры было нешта, прыгожа загорнутае ў белую паперыну. Яна рабіла знакі пальцамі, каб я разгортваў як мага асьцярожней. У мініятурным гаршчэчку там быў такі самы мініятурны кактус. Ня большы за пальчык нованароджанага дзіцяці.

Я ніколі ёй не казаў, што ненавіджу расьліны ў пакоях. Ім патрэбная ўвага і парадак, трэба, каб ты пра іх думаў, а я ня ўмеў думаць нават пра тых, каго я кахаў. Калі бабуля памерла, усе расьліны ў маім пакоі засохлі. Мне было сумна, хоць я іх і не выносіў.

Я ўсьміхнуўся, пацалаваў яе і прамовіў пару словаў захапленьня. Калі яна паверыла ў іх шчырасьць, я дастаў Шанэль №5 (вядома ж, я купляў яго з думкай пра Мэрылін) і “Эсэ пра фатаграфію” Сюзан Зонтаг. Я ніколі ёй не дарыў толькі кнігу, бо яна, мабыць справядліва, лічыла, што кнігі я дару думаючы пра сябе, а не пра яе.

Кактус я паставіў у паўасьветленым сонцам месцы майго пакоя, побач з гіпсавай статуэткай сьвятога ЎласаСьвяты Ўлас- апякун Дубраўніка. і каменьчыкам зь дзіркай пасярэдзіне, які прыносіць шчасьце. Празь некалькі месяцаў пачалася вайна ў ХарватыіВайна ў Харватыі пачалася вясной 1991 году як сэрыя збройных канфліктаў паміж харвацкіх вайсковых, паліцыйных і ваенізаваных сілаў з аднаго боку і ваенізаваных аддзелаў харвацкіх сэрбаў з падтрымкай Югаслаўскай народнай арміі з другога., Шпэгелеў фільмШпэгелеў фільм - паказаныя ў студзені 1991 году сакрэтна зьнятыя і адмыслова змантаваныя аўдыё- і відэазапісы размовы колішняга міністра абароны Харватыі генэрала Марціна Шпэгеля з паплечнікамі аб узбраеньні Харватыі і падрыхтоўцы аддзяленьня ад Югаславіі. Фільм быў выкарыстаны як апраўданьне для абвяшчэньня ваеннага становішча і пачатку ваенных дзеяньняў супраць Харватыі., ПлітвіцыПлітвіцы - нацыянальны парк Плітвіцкія азёры, дзе 31 сакавіка 1991 адбыўся “Крывавы Вялікдзень” - першы інцыдэнт ў вайне ў Харватыі, падчас якога зьявіліся першыя ахвяры., Борава СялоБорава Сяло каля Вукавару - месца, дзе 2 траўня 1991 году краінскія сэрбы забілі 12 харвацкіх паліцыянтаў, якія спрабавалі вывесіць харвацкі сьцяг у населенай сэрбамі вёсцы....

Я рэгулярна паліваў яго раз на пяць дзён і сачыў, каб не пасунуць яго зь месца. Некалі даўно бабуля сказала мне, што кактусы нельга перастаўляць. Яны могуць быць толькі на адным месцы. Ня так важна што гэта за месца і ці яно найпрыгажэйшае, важна, што яно іхнае. Я ўсяляк клапаціўся аб тым кактусе і сам сабе дзівіўся, што нічым яго ня крыўджу.

І замест таго, каб загінуць, як звычайна гінуць усе тыя сымпатычныя падаруначкі, якія гандляры спэцыяльна выстаўляюць перад сьвятамі, ён пачаў расьці. Распускаў іголкі, пяшчотныя як у маленькага вожыка, таўсьцеў і памалу хіліўся да сонца. Ён ужо ня быў падобны на дзіцячы пальчык. Кожны раз увайшоўшы ў пакой, яна была шчасьлівая, што кактус не патануў у маёй неахайнасьці.

- Ён робіцца падобны да цябе.

- Кактус?

- Дакладней, не да цябе, а да адной часткі твайго цела.

Я нешта гэткае, прызнаюся, не заўважыў, але пасьля таго, як яна мне гэта сказала, пачаў успрымаць яго менавіта такім. Кактус зрабіўся малой вясёлай дэтальлю ў нашым жыцьці, той дэтальлю, празь якую ўсе каханьні выходзяць з зададзеных рамак і становяцца вартымі ўспамінаў.

У тыя дні, калі быў зьнішчаны ВукаварВукавар - харвацкі горад ва Ўсходняй Славоніі, які пасьля трохмесячнай асады, амаль зраўнаны зь зямлёю, у лістападзе 1991 году быў заняты сэрбамі., я адчуў нешта накшталт ледзянога подыху ў патыліцу. Жыцьцё рабілася вельмі сур’ёзнай справай, зусім непадобнай на ўсё, што я пра яго ведаў. Кожная памылка магла быць фатальнай, я гэта адчуваў, хоць мне ўсё яшчэ не было ясна як і чаму.

Апошнімі днямі сакавіка 1992-га яна выехала з гораду. Здавалася, што яна ад’яжджае так, як едуць на экскурсію. Без разьвітаньня.

У першыя дні красавіка я перабраўся ў падвал. У крону яблыні ўпаў мінамётны снарад. Вокны паразьбіваліся, а асколак, ня большы за рысавае зярнятка, разьбіў старое аўстрыйскае люстэрка на туалетным століку побач з шафай. Шкло трэснула з правільнасьцю мэрыдыянаў на геаграфічнай карце. Тэлефоны ўсё яшчэ працавалі, і я спрабаваў ёй пра гэта расказаць. Яна не разумела. Напэўна, думала, што ў мяне самога нешта трэснула ў галаве.

Раз на пяць дзён я хадзіў на верхні паверх і паліваў кактус. Цяпер ён быў нахілены ў бок чэтніцкіх пазыцыяў. Я спалохана азіраўся на сонца і кожны момант чакаў кулі. Унізе было цёпла, сыра і прыветліва. Пахла гнілой бульбай, вугальны пыл разьядаў вочы. Напэўна і ў матцы прыгажэй не бывае.

Яна паверыла, што сьмерць існуе толькі ў Сараеве. Яна стала патэтычнай і зусім далёкай. Пыталася ў мяне, ці не хачу я, каб мы разам паехалі ў Новую Зэляндыю. Я адказаў ёй, што я цяпер у падвале, што тая краіна вельмі далёка і што я ня думаю, каб я быў у ёй асабліва шчасьлівы. Пра кактус яна ніколі не пыталася. Я не хацеў пра яго нагадваць.

Людзі мяняюцца, калі застаюцца на самоце ў цемры. Гэта адбываецца незаўважна. Я ведаю гісторыю пра чалавека, які цалкам звычайна лёг у ложак, а раніцай прачнуўся ўвесь сівы. Ён нікому ня здолеў расказаць, што ён сасьніў. У тыя дні я жыў у безнадзейным страху перад холадам.

Адной раніцы, якраз на той пяты дзень, уся вада ў кватэры замерзла. Толькі тады да мяне дайшло, што кактус не пераносіць холад. Я ўзяў яго і занёс наніз, у падвал, і паставіў насупраць печы, у якой мы палілі вугальны пыл. Ні занадта блізка, ні занадта далёка. Якраз так, як, на маю думку, было б добра і кактусам, і людзям.

Назаўтра ён ляжаў, зьвесіўшыся праз край гаршка. Як гэта - ляжаў? А так - прыгожа, дагары нагамі, нібыта сонца было недзе зьнізу. Я паліў яго апошні раз, хоць мне было ясна, што гэта канец.

Вайна навучыла мяне ўмельству супакойваць пачуцьці і нэрвы. Калі вы пачняце расказваць пра нейкія рэчы, што б маглі мяне неяк асабліва ўразіць, недзе ўнутры ўва мне загарыцца чырвоная лямпачка, як тая, што прыбірае шумы з магнітафоннай стужкі, і я больш нічога не адчуваю. Але калі я падумаю пра той кактус, нічога не дапамагае. Ён - як нейкае дробнае вытворнае смутку, з выгляду бясьпечны, як горкі міндаль цыяністага калію. Нейкіх людзей некалі даўно засмучала, што коні паміраюць стоячы, а мяне засмучае тое, што кактусы зьнясілена нікнуць, як хлопчык у тым вершы ГётэБаляда Гётэ “Der Erlkönig”.. І гэта ня так важна, хіба што як папярэджаньне, што ў жыцьці трэба сьцерагчыся дэталяў. І нічога іншага.

 

КРАДЗЕЖ 

 

У нашым садзе расла яблыня, чые плады найлепш было відаць зь іхных вокнаў. Дарэмна Радэ і Ела прыносілі сваім дочкам садавіну з рынку; ніводзін яблык на сьвеце ня быў такі прывабны, як нашы, калі глядзець зь іхных вокнаў. Калі бацькі адыходзілі на працу, дзяўчаткі пераскоквалі плот і рвалі перасьпелыя плады. Я іх праганяў, кідаўся гразьзю і каменьнем, бараніў сваю ўласнасьць, хоць для мяне ні тыя, ні якія іншыя яблыкі ніколі асабліва ня вабілі. Каб мне адпомсьціць, малодшая дачка сказала маёй маці, што я атрымаў адзінку па матэматыцы. Старая пабегла ў школу, пераканалася ў праўдзівасьці яе словаў і пасьля цэлымі днямі катавала мяне раўнаньнямі з двума невядомымі. Жыцьцё маё стала невыносным ад тых іксоў і ігрэкаў, і я вырашыў адплаціць ўсімі даступнымі сродкамі. Я знайшоў добрае сховішча і цэлы дзень чакаў зладзеек. Яны, вядома ж, зьявіліся, я выскачыў з кустоўя, схапіў малодшую за валасы і пачаў цягнуць яе ў нашу кватэру, каб замкнуць яе ў каморы, пакуль маці ня прыйдзе з працы, а тады хай сама зь ёй разьбіраецца. Малая шалёна, зь віскам вырывалася, аж пакуль у руцэ ў мяне не застаўся цэлы пук яе валасоў і кавалачак скуры з галавы. Я ўцёк дахаты, замкнуўся і празь нейкі час пачуў, як Радэ раве пад акном, што мяне заб’е. Тое самае ён паўтарыў і маёй маці, яна адказала яму нешта падобнае. Цэлымі гадзінамі з акна ў акно ляцелі абразы. Яна крычала яму, што ён - гангстэр з КалінaвікаКалінавік - горад за 40 кілямэтраў на поўдзень ад Сараева, з ваколіцаў якога паходзіць Ратка Младзіч і дзе, як упэўненыя мясцовыя людзі, некалі праходзіў вайсковую службу малады салдат Адольф Гітлер., а ён ёй што яна - паршывая распусьніца.

Наступных дваццаць гадоў ніхто ні з кім не вітаўся, а сёстры больш ніколі не хадзілі красьці. Міналі жніўні і верасьні, яблыкі былі ўсё такія ж прыгожыя, мы расьлі не абмяняўшыся ніводным позіркам, бацькі старэлі не забываючыся абразаў. Дзяўчаты выйшлі замуж і пайшлі ў сьвет, але ўсё засталося, як было.

У першыя дні вайны паліцыя ператрэсла кватэру Рада і Елы і знайшла дзьве паляўнічыя і адну аўтаматычную стрэльбу. Суседзі перапалохаліся, толькі і гаварылася, каго і як Радэ хацеў і мог забіць. Ён больш не выходзіў са сваёй кватэры. Напэўна чакаў, пакуль нарэшце па яго прыйдуць. Ела хадзіла на рынак, па гуманітарную дапамогу і па ваду аж да таго дня, калі за дзесяць мэтраў ад яе ўпаў мінамётны снарад і адарваў ёй руку. Тады суседзі пасьля доўгага часу зноў пабачылі Рада. На сто гадоў старэйшы, чым быў яшчэ нейкі месяц перад тым, ён выйшаў з кватэры з каструлькай супу і трыма зморшчанымі лімонамі. Кожны дзень ён хадзіў у шпіталь, упнуўшы позірк у асфальт, страшна баючыся, каб не сустрэцца вачмі зь нейкімі іншымі вачыма.

У той ваенны жнівень яблыкі ўрадзілі прыгажэйшыя і смачнейшыя, чым калі раней. Такіх не было яшчэ з часоў Райскага саду. Я залез па камлі на самы верх, туды, адкуль зусім добра відаць чэтніцкія пазыцыі на Трэбэвічы. Узьняўшыся над прорвай, я рваў іх з захапленьнем, зь якім дзядзька Скрудж МакДак раскідваў грошы па скарбніцы. Калі я дацягнуўся да таго, які быў за нейкіх паўмэтра ад Радава акна, я ўбачыў яго ў глыбіні пакоя. Застыўшы, я вісеў на галіне, Радэ на некалькі мілімэтраў адхінуўся. Ня ведаю чаму, але я хацеў, каб ён не адыходзіў.

- Як маецеся, дзядзя Радэ?

- Глядзі, сынку, высока, каб ня ўпаў…

- Як цёця Ела?

- А, трымаецца за свой кавалачак жыцьця той адной рукой. Кажуць, што хутка выпішуць.

Гэтак мы гаварылі доўгія дзьве хвіліны. Адной рукой я трымаўся за галіну, а ў другой сьціскаў пакет зь яблыкамі. Мяне ахапіла нейкая млосьць, большая за ўсе тыя снарады, за знойдзеныя і нязнойдзеныя стрэльбы. Там наверсе, на дрэве, пад ягоным акном, усё, што я ведаў пра сябе і пра іншых, неяк страчвала сэнс.

- Ведаеш, сынку, калі страціш руку, табе доўга здаецца, што яна ў цябе ёсьць. Гэта нешта псыхічнае. Я нашу ёй трошкі таго, што звару, але ў тым няма жыцьця. Гляджу я на тую фасолю, на тую пустую поліўку, а тады гляджу на яе і кажу Ела, а яна нічога. Тады яна кажа Радэ, а я нічога. Мы, сыне, нагэтулькі жывыя, каб толькі пабачыць адно аднаго і зразумець, што мы ўжо нежывыя. І ўсё. Гляджу я вось на гэтыя яблыкі, у іх столькі жыцьця. Іх гэта не датычыць, яны ня ведаюць. Я не магу пра іх нават згадаць…

Я працягнуў руку да акна і падаў яму пакет. Ён зьдзіўлена паглядзеў на мяне і пачаў круціць галавой. У мяне нешта сьціснулася ў горле, я толькі варушыў вуснамі. Я вісеў так паўхвіліны; калі на мяне глядзелі чэтнікі, дык напэўна разгубіліся. Радэ дрыжаў, як чалавек, ад якога сапраўды больш нічога не засталося. Толькі тая дрыготка няшчаснай жывёлінкі. Урэшце ён працягнуў руку і зноў ня здолеў нічога сказаць.

Назаўтра Радэ пагрукаў у нашы дзьверы і, сто разоў выбачыўшыся, што нам замінае, працягнуў нешта ўкручанае ў газэтную паперу. І пасьпешліва адышоў, так што я нічога ў яго не пасьпеў спытацца. У пакеціку быў маленькі слоічак зь яблычным джэмам.

Ела неўзабаве выйшла з шпіталю. І далей яны жылі зачыненыя за сваім акном, а Радэ выходзіў толькі па гуманітарную дапамогу. Аднойчы, калі ён стаяў у чарзе за маёй маці, ён шапнуў ёй: - Дзякую. Яна азірнулася, а ён паўтарыў, што ў яблыках ёсьць жыцьцё.

У наступныя месяцы людзі ў уніформах двойчы прыходзілі па яго, некуды выводзілі і зноў вярталі. Суседзі падглядалі ў замочныя шчыліны, а тады, можа каб супакоіць сумленьне, прыгадвалі тыя стрэльбы. Нехта паўтараў, што Радэ ўсё ж хацеў некага забіць, а іншыя маўчалі. Ужо сама думка пра гэтага чалавека выклікала боль. Найпрасьцей было б яго ненавідзець, але неяк яно не выходзіла.

Невядома, хто забіў Рада і Елу. Яны адышлі ціха, ператварыўшыся ў страх. Можа з майго боку дурасьць гэта казаць, але гэтага чалавека я памятаю толькі па тым джэме і па тым, што ён ніколі не паспрабаваў, хоць бы ноччу, працягнуць руку і сарваць той яблык.

 

БУБАБуба (Жук) - югаслаўская назва малалітражнага аўтамабіля Volkswagen Käfer (Фальксваген Жук), які выпускаўся ў 1938-2003 гадох, у 1972-76 зьбіраўся і на сараеўскім заводзе TAS.

 

Вайна пачалася ў год яе паўналецьця. Яна толькі была прывыкла да пяшчотных гладкіх гарадзкіх вуліц, да паху бэнзіну, нафты і сьвінцу і да танцу з крайняй правай у крайнюю левую, а далей праз мост перш чым на сьветлафоры загарыцца жоўтае. Большую частку свайго жыцьця яна правяла ў Роўнай РаманііРоўная Раманія - вёска ў горным масіве Раманія на ўсход ад Сараева, населеная пераважна сэрбамі. ў нейкага Мілаша, які выкарыстоўваў яе для самых грубых і брудных працаў. Калі я пабачыў яе першы раз, яна сьмярдзела гноем з хлява, цэмэнтам і ракіяй, бо якраз тады вярнулася з будоўлі велікапышнай прыдарожнай кавярні, у якую сёньня замест дальнабойшчыкаў заяжджаюць чэтнікі. Наконт цаны я зь Мілашам дамовіўся вельмі хутка, бо ён толькі й хацеў што як найхутчэй ад яе пазбавіцца. У вёсцы, дзе найслабейшым аўтам быў гольф, нейкая старадаўная буба была усеагульным пасьмешышчам.

Ужо апусьцілася цемра, калі мы спусьціліся з Раманіі, паўз ПалeПалe - горад ля падножжа Раманіі. і далей праз тунэлі. Над адным зь іх зіхоткімі літарамі было напісана: “Ідзе Ціта праз Раманію…”“Ідзе Ціта праз Раманію…” - народная партызанская песьня. Тыя тры кропкі заўсёды мяне бянтэжылі; я меў уражаньне, што за імі хаваецца нешта непрыстойнае. Мая старая нацыстоўская дама не зважала на заваёвы рэвалюцыі, а гучна гудзела, спакойна і рэгулярна, як нейкая будысцкая манашка.

Перад дома я на найкруцейшым схіле знайшоў ёй месца для паркоўкі, адкуль адкрываўся найлепшы від на сараеўскія пагоркі, абсыпаныя белымі турэцкімі надмагільлямі. Першы раз у жыцьці яна была акуратная і чыстая і сярод усіх тых маздаў, хондаў і таётаў выглядала як манэкенка з эпохіэ рамантычнага футурызму. Сусед Салка заявіў, што мы глядзімся як ідэальная пара. Я галавасты і мажнаваты, а яна ўся зь пяшчотных мэталічных кругласьцяў. Астатнія заўважылі, што я мог купіць і нешта лепшае, бо гэтае ламачча праз тры дні сапсуецца.

Я набыў для яе найтаньнейшае радыё з касэтнікам, такое, што ніхто не ўкрадзе, і напхаў яго музыкай, якая магла перакрычаць ейны матор або разам зь ім ствараць непаўторны гукавы фон. Сьцюдзёная мэлянхолія Кэйва пульсавала ў такт з дасканалым нацыстоўскім маторам недзе па дарозе ў кірунку КакняКакань - шахцёрскі прамысловы горад на паўночны захад ад Сараева., паказваючы гэткім чынам, што за ўсе мудрыя ідэі, зубадрабільныя ідэалёгіі і бурапенныя гісторыі значна важнейшая гарманічная карціна сьвету, відовішча, якое застаецца пасьля кожнай рэвалюцыі і кожнага апакаліпсісу. Пасьля таго, як Марыі-Антуанэце адсеклі галаву, людзі даведаліся, што такое барока, пасьля таго, як Ленін пазабіваў Раманавых, пакаціўся дзіцячы вазочак па каменных сходах у фільме, а пасьля таго, як Гітлер быў Гітлерам, я знайшоў свой рытм на чатыры такты і тысячу трыста кубікаў.

Часам у яе затыкалася падача бэнзіну, і яна нечакана глухла, аднойчы ў яе лопнуў тросік счапленьня, але сур’ёзна яна ніколі не псавалася. Яна паглынала велізарныя колькасьці паліва і хутка рабілася брудная, але ўсё гэта сапраўды нязначныя дробнасьці. Асабліва калі езьдзіш чыста дзеля прыемнасьці і калі ты ўсё яшчэ не развучыўся марыць. Машына ў мяне была не для таго, каб я некуды ўцёк або каб я некуды пасьпеў.

Другога траўня загрымела і зь неба, і зь зямлі. Пачалося каля абеду. Я апынуўся ў нейкім падвале пасьля таго, як выпіў сваю апошнюю даваенную кока-колу, а перад тым праехаўся па горадзе і пакінуў бубу на паркоўцы. Выбухі ня сьціхлі і з наступленьнем ночы. Мы, сустрэўшыся ўпершыню ў жыцьці, сядзелі ў той нары і размаўлялі. Натоўп выпадковых мінакоў, жанчына па дарозе з рынку, дзеці на роліках. У той цемры страляніна напэўна гучала яшчэ страшней, і я думаў, што пасьля яе ўжо больш нічога не застанецца. Увесь час у мяне ў галаве круцілася пытаньне, што зьнікне першым - мой дом ці мая буба. Я, вядома ж, хацеў, каб уратавалася і адно і другое, але грук з вуліцы няўмольна патрабаваў, каб я вызначыўся. Пасьля цэлай ночы роздумаў я выбраў дом. Бубу я ўжо ўяўляў сабе як змрочны мэталічны шкілет, спадзеючыся, што гэтым уяўленьнем я ратую першае.

Страляніна сьціхла, калі ўжо разьвіднела. Сонца рэзала вочы, пад нагамі хрусьцела шкло, горад быў пусты і разьбіты. Сьветлафоры больш не працавалі. Я пайшоў на паркоўку і ў кучы спаленых і зьдзіраўленых кулямі машынаў знайшоў бубу, пакрытую пылам і з зусім маленькай ранкай ад асколка. Я завёз яе дадому, расчыніў браму і запаркаваў яе ў двары. Ну а цяпер ужо сапраўды пачалася вайна, і ад язды ўжо нічога не засталося.

Мне здавалася цудам, што мае дом і машына пасьля таго вар’яцкага дня і яшчэ больш вар’яцкай ночы засталіся цэлыя. Але зь цягам часу я зразумеў, што насамрэч нічога не ўратавана, а проста яшчэ не настаў час расстаньня. Яно мусіць набліжацца паволі, каб я адчуў яго кожнай сваёй часьцінкай, аж пакуль не зразумею, што мне ў гэтым горадзе, апрача забітых і разарваных на кавалкі людзей, разбураных будынкаў і забытага дзяцінства, не належыць нічога, хіба што толькі мех жывога мяса, які жывіцца сумам па забытых драбніцах, тым часам як перад вялікімі і важнымі ў жыцьці рэчамі дрыжыць, як матор за імгненьне перад тым, як заглухне.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=93 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Сараеўскае Мальбара

Міленка Ергавіч — Харвацкая — Сяргей Шупа

Для друку   /   Чытальня

Miljenko Jergović
Miljenko Jergović