Літаратура.org » Чытальня » Віслава Шымборская, Вершы

Вершы

Віслава Шымборская — Польская — Наталля Русецкая; Хрысьціна Граматовіч

Адзенне 

 

Здымаеш, здымаем, здымаеце

плашчы, жакеты, пінжакі, блузкі

з воўны, бавоўны, эластану з бавоўнай,

спадніцы, штаны, шкарпэткі, бялізну,

кладучы, вешаючы, перакідаючы праз

спінкі крэслаў, створкі шырмаў;

пакуль што, кажа лекар, нічога страшнага,

апранайцеся, калі ласка, адпачніце, выедзьце,

прымайце калі што, перад сном, пасля ежы,

пакажыцеся праз квартал, праз год, паўтара;

бачыш, а ты думаў, а мы баяліся,

а вы меркавалі, а ён падазраваў;

час ужо завязваць, зашпільваць, хоць рукі яшчэ дрыжаць,

шнуроўкі, кнопкі, замкі, пражкі,

паяскі, гузікі, гальштукі, каўнеры

і выцягваць з рукавоў, з торбачак, з кішэняў

змяты, у кропкі, у палоскі, у кветкі, у кратку

шалік,

з прадоўжаным нечакана тэрмінам выкарыстання.

 

Цень 

 

Мой цень, як блазен каралевы,

Устане каралева з крэсла –

Аб столь няўклюдны той шаленец

Сваёю галавою трэсне.

 

Яно й баліць яму, напэўна,

У свеце тым двухмерным, можа,

Ён пры двары маім, нябожа,

Іншую ролю граць хацеў бы.

 

Зірне з акенца каралева,

А блазен хвацка – скок на брук,

Направа пойдзе ці налева:

Паўторыць кожны ейны рух.

 

Прастак, ён жэсты пераймае:

Увесь той пафас бессаромны,

цяжар улады непад’ёмны

– жазло, карону, гарнастаі.

 

Ах, гэтак лёгка усміхнуся,

Так лёгка павяду плячыма,

Цягнік ад’едзе – не вярнуся.

Кароль, расстанне за дзвярыма!

 

Кароль, мой цень гэтай парою

На рэйкі ляжа галавою.

 

Нічога не здараецца двойчы

 

Не здараецца нічога

два разы, як ні круці ты,

мы зрадзіліся без спробаў

і памрэм без рэпетыцый.

 

Хоць найгоршымі былі б мы

вучнямі у школе свету,

пераздаць не давядзецца

ні зімы нам ані лета.

 

Двойчы дзень адзін не прыйдзе.

не сустрэць начэй дзвюх роўных,

гэткіх самых пацалункаў,

воч аднолькава цудоўных.

 

Як імя тваё учора

нада мною прагучала,

мне здалося, быццам ружа

праз акно да ног упала.

 

Сёння мы з табою разам,

закрываю твар рукамі.

Ружа? Што такое ружа?

Гэта кветка? Можа, камень?

 

Ты чаму, часіна злая,

абуджаеш  страху поўна?

Ты – прыходзіш, і – мінаеш,

прамінеш  - і ўсё цудоўна.

 

Усміхаемся ўабдымку,

згодна ўсе расставім кропкі,

хоць мы розныя такія,

як вады дзве чыстых кроплі.

 

Музей

 

Ёсць талеркі. Дзе ўзяць апетыту?

Ёсць пярсцёнкі. Знікла узаемнасць

больш як трыста год таму.

Ёсць веер – дзе румянец?

Ёсць мячы – дзе гнеў?

І лютня не адгукнецца а шэрай гадзіне.

З-за браку вечнасці сабрана

дзесяць тысяч старых рэчаў.

Салодка спіць стары вазніца,

Вусы даўгія звесіў ніца.

Металы, гліна, пёрка мніха

У часе трыумфуюць ціха.

Смяецца толькі шпілька ад весялушкі з Егіпту.

Без галавы жыве карона.

Далонь прайграла рукавіцы.

Бот над нагой святкуе перамогу.

Што я? Жыву: душа і цела.

Ў мяне з сукенкай барацьба.

Як жа ўпіраецца яна!

Як перажыць мяне б хацела!

 

Пераклала Наталля Русецкая

 

 

У процьме

 

Я ёсьць якая ёсьць.

Незразумелая выпадковасьць,

як кожная выпадковасьць.

 

Іншыя продкі

маглі ж быць маімі,

і я ўжо вылецела б

зь іншага гнязда,

выпаўзла б з‑пад карча

у іншай лусцэ.

 

У апранальні натуры

шмат апратак.

Апратка павука, чайкі, палявой мышы.

Кожная адразу пасуе як улітая

і носіцца паслухмяна

ажно да зносу.

 

Я таксама не выбірала,

але не наракаю.

Я магла б быць кімсьці

нашмат менш асобным.

Кімсьці з рыбнай чарады, мурашніка, гудлівага рою,

ірванай ветрам часьцінкай краявіду.

 

Кімсьці нашмат менш шчасьлівым,

каго гадуюць на футра,

на сьвяточны стол,

чымсьці, што плавае пад шкельцам.

 

Дрэвам, завязлым у зямлі,

да якога набліжаецца пажар.

 

Сьцяблінай, дратаванай

бегам незразумелых падзеяў.

 

Тыпам з‑пад цёмнай зоркі,

якая ясьнее для іншых.

 

А што, калі б я выклікала ў людзях страх,

альбо толькі агіду,

альбо толькі шкадаваньне?

 

Калі б я нарадзілася

ня ў тым, што трэба, племені

і перада мной былі б зачыненыя шляхі?

 

Лёс аказаўся для мяне

пакуль што ласкавы.

 

Я магла б быць пазбаўленая

памяці добрых хвілінаў.

 

У мяне магло б не аказацца

схільнасьці да параўнаньняў.

 

Я магла б быць сабою — але безь зьдзіўленьня,

а гэта значыла б,

што кімсьці зусім іншым.

 

Тры найдзіўнейшыя словы

 

Калі вымаўляю слова Будучыня,

першы склад ужо адыходзіць у мінулае.

 

Калі вымаўляю слова Цішыня,

зьніштожваю яе.

 

Калі вымаўляю слова Нічога,

ствараю штосьці, што не зьмяшчаецца ў ніякім небыцьці.

 

Першае каханьне

 

Кажуць,

што першае каханьне — найважнейшае.

Гэта вельмі рамантычна,

але гэта ня мой выпадак.

 

Нешта між намі было і нечага не было,

адбылося і не збылося.

 

Не дрыжаць мае рукі,

калі натрапляюць на дробныя памяткі

і скрутак лістоў, абвязаны вяроўчынай

— каб жа хоць стужачкай.

 

Наша адзіная сустрэча пасьля гадоў —

гэта размова дзьвюх крэслаў

пры халодным століку.

 

Іншыя каханьні

глыбока дыхаюць дасюль ува мне.

Гэтаму не хапае паветра, каб уздыхнуць.

 

Аднак жа якраз такое, якое ёсьць,

яно можа, чаго тыя яшчэ ня могуць:

не памятанае,

нават ня сьнёнае,

яно асвойтвае мяне са сьмерцю.

 

Трохі пра душу

 

Душу маем час ад часу,

Ніхто яе ня мае без упыну

і назаўсёды.

 

Дзень за днём,

год за годам,

могуць мінаць безь яе.

 

Адно часам у захапленьнях

і сполахах дзяцінства

яна загнежджваецца на даўжэй.

Адно часам у зьдзіўленьні,

што мы ўжо пастарэлі.

 

Яна суправаджае нас толькі зрэдку

пры карпатлівых занятках,

такіх як перастаўляньне мэблі,

цяганьне валізаў,

альбо хада ў цесным абутку.

 

Падчас запаўняньня апытальнікаў

і раздробліваньня мяса

яна наогул з намі расстаецца.

 

На тысячу нашых гамонак

яна прысутнічае ў адной,

дый гэта не абавязкова,

таму што яна ўпадабала маўчаньне.

 

Калі цела пачынае нам балець і смылець,

яна пакідае дзяжурства.

 

Яна пераборлівая:

неахвотна бачыць нас у натоўпе,

гідзіць яе наша змаганьне за абы-якую перавагу

і траскатлівасьць інтарэсаў.

 

Радасьць і смутак

зусім ня розныя пачуцьці для яе.

Толькі ў іхным спалучэньні

яна пры нас прысутнічае.

 

Можам разьлічваць на яе,

толькі калі мы ні ў чым ня ўпэўненыя

і ва ўсім зацікаўленыя.

 

Сярод матэрыяльных прадметаў

яна любіць гадзіньнікі з ківачом

і люстры, якія шчыруюць

нават калі ніхто не глядзіць.

 

Яна ня кажа, адкуль прыбывае

і калі зноў нам прападзе,

але выразна чакае гэткіх пытаньняў.

 

Падобна,

што як яна нам,

так і мы ёй

дзеля нечага патрэбныя.

 

Здымак з 11 верасьня

 

Скокнулі з палаючых паверхаў уніз —

адзін, два, яшчэ некалькі

вышэй, ніжэй.

 

Здымак затрымаў іх пры жыцьці,

а цяпер захоўвае

над зямлёй да зямлі.

 

Кожны ўсё яшчэ застаецца цэлым

з асабістым тварам

і добра схаванай крывёй.

 

Яшчэ ёсьць час,

каб разьвеяліся валасы,

а з кішэні высьлізнулі

ключы, дробныя грошы.

 

Яны ўсё яшчэ ў абсягу паветра,

у межах месца,

якое толькі што адкрылася.

 

Толькі дзьве рэчы я магу для іх зрабіць —

апісаць гэты лёт

і не дапісваць апошняга сказу.

 

Занатоўка

 

Жыцьцё — адзіны спосаб

каб абрастаць лістотай,

аддыхвацца на пяску,

узьлятаць на крылах;

 

быць сабакам,

або гладзіць яго па цёплай поўсьці;

 

памяшчацца ў падзеях,

губляцца ў краявідах,

шукаць найменшай паміж памылкамі.

 

Вылучная нагода,

каб помніць цягам хвіліны,

пра што гаварылася

пры пагашанай лямпе;

 

і каб прынамсі раз

спатыкнуцца аб камень,

змокнуць пад нейкім дажджом,

згубіць ключы ў траве;

 

і суправаджаць паглядам іскрынку на ветры;

 

і ўвесь час нечага важнага

ня ведаць.

 

Пераклала Хрысьціна Граматовіч

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=86 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Вершы

Віслава Шымборская — Польская — Наталля Русецкая; Хрысьціна Граматовіч

Для друку   /   Чытальня

Віслава Шымборская, Прага, травень 2010
Віслава Шымборская, Прага, травень 2010