Літаратура.org » Чытальня » Міленка Ергавіч, Другі пацалунак Гіты Данон

Другі пацалунак Гіты Данон

Міленка Ергавіч — Харвацкая — Сяргей Шупа

Я раскажу табе пра Лотара. Можаш не запамінаць, тут няма ніякай жыцьцёвай навукі, ніякай карысьці табе ад гэтага ня будзе, такога чалавека ты ніколі не сустрэнеш і ня будзеш ведаць, як зь ім быць, я раскажу табе пра Лотара з-за жанчыны, якая яго кахала, яна – сапраўдная, яе ты можа калі й спаткаеш, яе або такую, як яна, можа й закахаесься, можа застанесься зь ёю на ўсё жыцьцё, або проста пройдзеш міма яе, пабачыш у краме, скажаш добры дзень, Гіта, як справы, Гіта, а яна табе не адкажа, бо Гіта не адказвае, бо Гіта маўчыць, калі зь ёй вітаюцца.

Лотар у тыя гады быў найдужэйшы чалавек у горадзе. Прынамсі так казалі, хоць нікому ніколі не прыйшло ў галаву гэта праверыць. Ён жыў адзін з маці, спадарыняй Эдытай, якая трымала майстэрню плісіроўкі сукенак. Пра ягонага бацьку нічога было не вядома. Казалі толькі, што гэта быў нейкі нямецкі афіцэр, нібыта яго звалі Ота, і што там было вялікае каханьне. Уначы ён прыходзіў пакрыёма да спадарыні Эдыты і даставаўся да сьвітаньня. Ніхто яго ніколі ня бачыў, бо каханьне працягвалася толькі падчас камэнданцкай гадзіны. Ходзяць чуткі, што Ота ў траўні 45-га не хацеў адступіць з рэшткамі свайго войска, і дэзэртыраваў ды хаваўся яшчэ два гады па лясах у ваколіцах Сараева. Спадарыня Эдыта кожную суботу і нядзелю хадзіла ў грыбы, суніцы, маліны і заўсёды вярталася з пустымі кошыкамі, але ж я хаджу туды толькі дзеля чыстага паветра і прыгажосьці, казала яна суседкам, але яны ведалі, што яна ходзіць туды дзеля Ота. Лотар нарадзіўся ўвосень 46-га: я хацела дзіця, а ня мужа, сказала спадарыня Эдыта, і ніхто ў яе ні пра што не пытаўся. Суседзі, насуперак брыдкім звычаям, захоўвалі яе таямніцу і ніхто ніколі не называў Лотара байструком. Можа й таму, што ён заўсёды быў ціхае і спакойнае дзіця, заўсёды большы й дужэйшы за сваіх аднагодкаў, але ніколі ня біўся, быццам бы ўся ваяўнічасьць у ягоным родзе была растрачаная і вычарпаная да таго, як ён нарадзіўся.

Быў пачатак 47-га, калі спадарыня Эдыта аднойчы ў нядзелю завяла дзіця ў горы. Хай з маленства вучыцца, сказала яна старой Джэміджычысе; старая пацалавала і яе і дзіця: а ты йдзі, сынку, і не аддавай што маеш, пакуль маеш. Яны вярнуліся надвячоркам. Гэта быў апошні раз, калі спадарыня Эдыта хадзіла ў горы, і казалі, што пасьля таго Ота пехатою перайшоў у Аўстрыю, а адтуль у Нямеччыну. Чакаў, пакуль пабачыць сына, каб назаўсёды вярнуцца дадому.

Лотар скончыў Першую гімназію, пасьля як выдатнік паступіў на мэдыцыну, і калі ўжо ўсе думалі, што ў ягоным жыцьці ўсё будзе, як у казках пра добрых і шчасьлівых дзяцей, на трэцім курсе ўнівэрсытэту ён сустрэў Гіту Данон, дачку аптэкара, старэйшую за Лотара на два гады, якая ня столькі вучылася, колькі разьбівала мужчынскія сэрцы па ўсім Сараеве, разьбівала п'яна і шалёна, як піўныя бутэлькі, пакуль не надыйдзе раніца і ёй не праясьніцца ў галаве. Але ў Гіты ніколі не надыходзіла раніца, і ніколі не стамлялася яна ад сваёй дзіўнай забавы. Яна вабіла чалавека да сябе, гуляла зь ім аж да першага пацалунку, а тады штурхала яго ўздоўж па вуліцы, і ён каціўся на самае дно на сорам сабе і на страх іншым, якія яшчэ не адчулі на сабе Гіціны чары, але ведалі, што прыйдзе чарга і на іх і што яны ня здолеюць супрацьстаяць. Пасьля нейкага часу кожны залечваў раны, нанесеныя Гітай, нейкі час яе ня ўзгадваў, а пасьля таго у вуснах, якія зазналі адзін яе пацалунак, Гіта станавілася курвай. І адзіным, чые раны не залячыліся і хто ніколі не сказаў на яе брыдкага слова, быў Лотар, але і адно і другое зьменяць і яго самога і ягонае жыцьцё.

Я буду цябе чакаць, няважна колькі, але я буду цябе чакаць, а ты прыходзь да мяне, калі аднойчы сябе растраціш, сказаў ён ёй пасьля пацалунку, а яна сьмяялася, доўга сьмяялася, адыходзячы ў ноч па вуліцы Ціта; сьмяялася так, што ў майстэрнях трэсьліся вітрыны і ў вокнах зьяўляліся жанчыны, каб паглядзець, хто ж там так сьмяецца ў такую начную пару і ў такім сьвеце, дзе няма нічога гэтак сьмешнага і дзе ніхто не сьмяецца так звонка, апрача Гіты, якая і так была ня з гэтага сьвету і якую ніводная жанчына не лічыла сваёй канкурэнткай, бо яна жыла падараваным жыцьцём з тысяччу каханкамі і адным пацалункам і ўжо заўтра зноў магла быць мёртвая.

Лотар верыў, што Гіта вернецца да яго і што да яе вяртаньня ён мусіць бараніць яе гонар. Калі ў кампаніі нехта раскрываў рот, каб нешта пра яе сказаць, Лотар звычайна паўтараў: маўчы, я тут. Дзіва дзіўнае, але можны змаўкаў, хоць нікому не прыходзіла ў галаву, што Лотар мог бы ўжыць сваю страшную сілу. І так яно ўсё было, пакуль Гіта не спажыла Дзіна Крэза, крутога хлопца, былога зэка, які ўжо гадамі рабаваў па ўсёй Італіі, а ў горад прыяжджаў толькі каб паказацца і распусьціць грошы. Дык той Крэза разьюшыўся ад злосьці, а яшчэ яму нехта на няшчасьце сказаў пра Лотара, магчыма яшчэ жартам папярэдзіўшы, што пры ім нельга гаварыць нічога дрэннага пра Гіту, на што Крэза тут жа пайшоў на Мэдыцынскі факультэт, сказаў пакажыце мне таго хлопца, чакаў яго, кажуць, гадзіны дзьве-тры, што толькі яшчэ больш яго разьятрыла, бо калі нарэшце прыйшоў Лотар, Дзіна Крэза ўжо быў ня ў стане заўважыць, зь якім дужым чалавекам мае справу, а толькі падыйшоў да яго, схапіў за каўнер пінжака, зазірнуў яму зьнізу ў твар і голасам чалавека, у якога за поясам пісталет, ціха вымавіў: ёб яе жыдоўскую курву маць.

Пра тое, што адбывалася далей, амаль няма чаго расказваць, але кажуць, што Лотар схапіў Крэза за абодва вухі і адарваў іх, небарака зваліўся, а ён яго ляжачага пачаў біць кулаком у галаву. Калі прыехала міліцыя, ад Крэзавага твара нічога не засталося. Лотара акружылі чатыры міліцыянты, ён іх раскідаў ва ўсе бакі, выйшаў на вуліцу, там спыніўся, сеў на парапэт, закурыў цыгарэту, міліцыянты за тры-чатыры мэтры ад яго, здранцьвеўшы, сьціскалі ў руках пісталеты на ўзводзе і не наважваліся падыйсьці. Ну вось і ўсё, сказаў ён, я забіў чалавека. Тады яны накінуліся на яго і пачалі па-зьверску таўчы кулакамі, нагамі і рукаяткамі пісталетаў. Яны аднекуль ведалі, што Лотар ніколі не бароніцца. Магчыма мелі досьвед, хоць я ня веру, што ім некалі сустрэўся такі чалавек, як Лотар.

Яго асудзілі на пятнаццаць гадоў катаргі за “асабліва жорсткае забойства”. У зэніцкай турме Лотар заставаўся цэлых дванаццаць гадоў, якраз столькі, колькі трэба, каб горад пра яго забыўся і каб на вуліцах зьявіліся новыя пакаленьні, якія ні пра яго, ні пра лёс Дзіна Крэза нічога ня ведалі. Але што да Гіты, дык пра яе ніхто ня мог забыцца, яе прыгажосьць і сьмех за тыя гады ні кроплі не пабляклі і ня страцілі сілу, і яна так і не перастала даводзіць сьвет да вар'яцтва сваім адзіным пацалункам. Толькі каханкі былі маладзейшыя за яе, часам і на пятнаццаць гадоў, а ў астатнім нічога не зьмянілася, так і не зьявіўся мужчына, які б утрымаўся, калі б Гіта апякла яго сваім позіркам, так і не знайшлося ва ўсім горадзе такога разумніка, які б ведаў, што гісторыя, паўтораная ўжо сто разоў, заўсёды мусіць скончыцца аднолькава.

У той самы дзень таго самага году, калі Лотар выйшаў з турмы, памерлі спадарыня Эдыта Бурыч, уладальніца майстэрні плісіроўкі сукенак, і спадар Моні Данон, найстарэйшы ў горадзе аптэкар. Яшчэ празь дзень іх у той самы час хавалі на могілках Барэ. Адна працэсія выйшла з каталіцкай, другая зь юдэйскай капліцы. За адной труною ішоў Лотар, за другою – Гіта. Працэсіі ішлі побач да скрыжаваньня, на якім разыходзяцца дарогі на каталіцкую і юдэйскую часткі могілак. Гіта на Лотара нават не паглядзела, але Лотар замест матчынай труны пайшоў за ёю. Быў страшны скандал. Бабы ў чорным пачалі жагнацца, сьвятар прамаўляў нейкія дадатковыя малітвы, каталіцкая працэсія абурылася, а юдэйская напалохалася. Людзі ня ведалі, што Лотар зробіць з Гітай.

Тым часам ён зь ёй нічога не зрабіў, а толькі сказаў дзень добры, Гіта, а яна не адказала на вітаньне, ён сказаў Гіта, я цябе чакаю, а яна паглядзела на яго, гатовая засьмяяцца, ён сказаў Гіта, гэта назаўсёды, а яна схапіла яго за руку і сказала мілы мой, вось гэта перада мною назаўсёды і паказала пальцам на труну зь нябожчыкам.

Пасьля вяртаньня з турмы Лотар пачаў піць. Піў ён рэгулярна паводле календара, нездарма ў яго бацька быў фрыц, гаварылі суседзі не без павагі, піў у сёмы дзень кожнага месяца. І бывала гэта так: увойдзе Лотар у карчму і замовіць літар гарэлкі, іншыя наведнікі зьбяруцца выходзіць, іх спыніць хрыплае Лотарава не, і ніхто не скранецца зь месца. Усе чакаюць, што будзе адбывацца далей, і маўчаць, так што чуваць, як муха праляціць, і чуваць кожныя тры хвіліны, як горла бутэлькі дакранаецца да чаркі. Лотару было трэба роўна пяцьдзясят пяць хвілінаў, каб выпіць літар гарэлкі, ні хвіліны болей, ні хвіліны меней. Пасьля таго ён замаўляў яшчэ літар, акуратна плаціў афіцыянту, а тады рыкаў усе марш адсюль, і яны выходзілі ўсе, разам з гаспадаром і афіцыянтамі, не сказаўшы Лотару ні слова. Празь пятнаццаць хвілінаў у карчму прыяжджала міліцыя, Лотар узьнімаўся на ногі, казаў біце, ёб вашага Ціта і вашу партыю, і яны яго білі, а ён не бараніўся, пасьля завозілі яго ў міліцыю, ён спаў у пастарунку, а пасьля зноў чакаў сёмага дня месяца. Пяць гадоў раз на месяц Лотара жорстка зьбівалі, і вакол ужо пачыналі гаварыць, колькі яму яшчэ засталося і колькі яшчэ трэба сёмых дзён месяца, каб міліцыя забіла Лотара.

А тады пачалася вайна, і Лотар адным верасьнёўскім ранкам першай аблогі знайшоў пад дзьвярмі цыдулку, на якой было напісана: Калі хочаш ведаць. Я ў Мадрыдзе. Гіта. Можа, спалохалася вайны і выехала, а Лотару пакінула запіску, бо непакоілася, ці і ў Мадрыдзе нехта пажадае яе адзіны пацалунак. Гіце было ўжо пяцьдзясят гадоў, што сараеўскія вочы не заўважалі, але мадрыдзкія маглі заўважыць, а Гіта без пацалунка ўжо ня будзе Гіта, і ня зможа жыць сама на сьвеце без пакрыўджаных мужчынаў.

Дык вось, ці Лотар паспадзяваўся, што ягонаму чаканьню настаў канец, што Гіта стамілася і растраціла сябе і што ў Мадрыдзе чакае яго са сваім каханьнем, ці ён проста ня мог сабе ўявіць, што застанецца ў горадзе, у якім няма Гіты – сказаць цяжка, але ад таго дня Лотар пачаў строіць пляны як выехаць з гораду і як даехаць да Гішпаніі. У яго не было ні грошай, ні пашпарта, ня ведаў ён і як здабыць і адно і другое. Ён быў вялікі і самотны ў сваім горадзе, і пачаў прапускаць сёмыя дні месяца, яму балелі ныркі і рэбры, і з кожным днём, які мінаў ад Гіцінай запіскі, Лотар усё больш рабіўся старым. У яго пасівелі валасы, мышцы больш не былі гладкія і цьвёрдыя, і ўсё больш было людзей, якія маглі прайсьці міма Лотара, не зьдзівіўшыся ягонай дужасьці. І толькі адна адзіная рэч надалей заставалася вялікая, як высокі Трэбэвіч. Ён паедзе ў Мадрыд па сваю Гіту і па яе другі пацалунак.

Праз два з паловай гады вайны Лотар зьнік. Папярэдне ён яшчэ раз спрабаваў пазычыць грошы на дарогу, але ніхто не хацеў яму даць, бо людзі былі ўпэўненыя, што з такіх падарожжаў ніхто не вяртаецца, яшчэ раз спрабаваў атрымаць пашпарт, але яму не хацелі яго даць, бо ён быў дастаткова дужы, каб ваяваць, а ягонае каханьне ня мела адміністрацыйнай сілы. Нікога не зьдзівіла, што Лотар насуперак усяму гэтаму паехаў. Людзі ведалі, што тое, што ёсьць паміж ім і Гітай, ня мае перад сабой ніякіх перашкодаў, апрача дурной Гіцінай галавы, а яна была аж у Мадрыдзе.

Ніхто ніколі не даведаецца, як Лотар прайшоў праз Босну, ні як прайшоў ён праз усе тыя краіны, празь якія пралегла ягоная дарога, ні як не сустрэў ён ніводнага мытніка або паліцыянта, ні чым і як ён падарожнічаў; вядома толькі, што аднойчы ў паліцэйскім пастарунку ў нейкім мадрыдзкім прадмесьці ён зьявіўся, як дух, худы, босы і ўвесь у каросьце. Першага паліцыянта ён схапіў за руку і сказаў Гіта Данон пэр фавор, чалавек спалохаўся, Лотар паўтарыў Гіта Данон пэр фавор; сабралася ўся паліцыя, падасьпела падмацаваньне, прыехалі машыны Хуткай дапамогі, а Лотар упарта гаварыў Гіта Данон пэр фавор; палову дня спатрэбілася гішпанцам, каб зразумець, што Лотар ня ведае па-гішпанску ні слова, тады яны спрабавалі на розных мовах, на нямецкай, італьянскай, ангельскай, францускай, адзін нават спрабаваў зьвярнуцца да Лотара па-вугорску; Лотар махаў галавой, складаў рукі ў малітве або хапаў людзей за далоні і паўтараў Гіта Данон пэр фавор.

Чалавек у белым шпітальным халаце ўзяў яго пад руку і вывеў з пастарунку, Гіта Данон пэр фавор, Лотар глядзеў праз шыбы хуткай дапамогі, чалавек трымаў яго за руку, за акном праплываў Мадрыд як у фільме або ў нечым чужым жыцьці, Лотар углядаўся ў твары мінакоў, спадзеючыся пабачыць Гіту; замест яе бачыў плякат з рэклямай дабрачыннай вечарыны, а на ім фатаграфію спаленай Вечніцы. Сараева, сказаў Лотар, Сараева?, уздрыгнуў чалавек у белым халаце, Сараева, пацьвердзіў Лотар, Гіта Данон пэр фавор; і малітоўна склаў рукі.

Лотар ляжаў у шпітальным ложку. Ногі не зьмяшчаліся і ступакі тырчалі вонкі. Худы і зарослы барадою, ён выглядаў, як галіна нейкага велічнага даўно вымерлага дрэва. Да ложка падыйшоў нейкі інтэлігентны стары спадар, за ім стаялі паліцыянт і лекар, спадар сеў каля Лотаравых ног, Лотар расплюшчыў вочы, Гіта Данон пэр фавор; стары апусьціў руку на Лотарава плячо: Ты з Сараева?... Так... Калі ты сюды прыехаў?... Учора... Адкуль?... Дык жа з Сараева. У старога заблішчалі вочы, як бывае з босанцамі, якія жывуць дваццаць гадоў недзе далёка, а пасьля ім нейкі сьмяротнік кажа, што толькі што прыехаў з Сараева. Я шукаю Гіту Данон, спрабаваў прыўзьняцца Лотар, яна з Сараева, а цяпер у Мадрыдзе, мне трэба знайсьці Гіту Данон, яна чакае мяне, а я яе чакаў дваццаць гадоў з гакам. Стары ківаў галавою, калі трэба я перавярну ўвесь Мадрыд, Лотар яму ня верыў, але ня мог варухнуцца ад стомы.

У тую ноч у Мадрыдзе паміраў найдужэйшы чалавек нашага гораду. Гэта ты мусіш ведаць, бо такога чалавека больш ніколі і нідзе не сустрэнеш. Яго няма ва ўсім сьвеце, няма там, дзе ты жывеш, ня знойдзеш ты яго і калі прыедзеш яго шукаць у Сараева. Эх, паміраў Лотар, адзіны і апошні, Лотар, які Дзіну Крэзу адарваў абодва вухі і забіў яго на бруку перад Мэдыцынскім факультэтам дый хай сабе забіў, бо было гэта з-за Гіты.

Раніцай ён быў ужо непрытомны. Не прачнуўся ён і калі ў пакой увайшоў учорашні спадар, і калі за ім увайшла Гіта Данон, прысела побач з ложкам, апусьціла абедзьве далоні на магутнае Лотарава плячо, не прачнуўся ён і калі яна сказала вось я й растраціла сябе, мой Лотар, ты ня будзеш больш мяне чакаць, я прыйшла да цябе, не прачнуўся ён і калі яна яго пацалавала, калі доўга цалавала яго ў шэрыя вусны. Але слухай, сынку, што я табе скажу, толькі Гіта Данон ведае, ці Лотаравы вусны тады варухнуліся, толькі яна ведае, ці на каханьне было запозна або яно засталося назаўсёды. Калі сустрэнеш яе, ні пра што ў яе не пытайся, бо яна ня скажа, яна нават не павітаецца. Гіта не адказвае, калі зь ёй вітаюцца, бо яна разьбіла тысячы сэрцаў толькі з-за аднаго Лотара.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=62 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Другі пацалунак Гіты Данон

Міленка Ергавіч — Харвацкая — Сяргей Шупа

Для друку   /   Чытальня

Міленка Ергавіч
Міленка Ергавіч