Літаратура.org » Чытальня » Эдгар Алан По, Маска Чырвонае Сьмерці

Маска Чырвонае Сьмерці

Эдгар Алан По — Ангельская — Сяргей Шупа

Чырвоная Сьмерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасьць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленьнем і яе пячаткаю — чырвань і жудасьць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасьля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў, пакуль не наставаў сьмяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцьця, якое пазбаўляла ахвяру людзкое дапамогі й спагады. I ўвесь гэты посгуп хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся поўгадзіны.

Але князь Проспэро быў шчасьлівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладаньні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору, і зь імі адышоў у глыбокую адлюднасьць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхотных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі, і ўвайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасьцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар’яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забясьпечаны. Належна засьцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А сьвет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосьць, віно. Усё гэта й надзейная бясьпека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Сьмерць.

Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкненьня й калі пошасьць навокал лютавала найстрашней, князь Проспэро сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасьці. Маскарад гэты быў найдзівосьнейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем — велічная анфіляда. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфіляды складаюць даўгую й простую пэрспэктыву, а дзьверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сьценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасьць да ўсяго bizarre. Пакоі былі разьмешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць мэтраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасьць. Справа й зьлева, пасярэдзіне кожнай сьцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфіляды. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна зь пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу — і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацьверты быў абстаўлены й аздоблены ў  памаранчовы колер — пяты ў белы — шосты ў лілёвы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам, які пакрываў усю столь і сьцены ад верху да нізу ды спадаў цяжкімі складкамі на дыван — тае самае тканіны й адценьня. Аднак толькі ў гэтым пакоі колер вокнаў не адпавядаў навакольнай аздобе. Шыбы тут былі пунсовыя — густа-крывавага колеру. Ні ў водным зь сямёх пакояў сярод багатага залатога аздабленьня, якое было раскіданае сям і там або зьвісала са столяў, не было ні сьвяцільняў, ні кандэлябраў. Ва ўсёй анфілядзе не гарэла ніводнае лямпы або сьвечкі. Аднак у калідоры, уздоўж анфіляды, насупраць кожнага вакна стаяў цяжкі трыножнік з жарніцаю, полымя якой зырка асьвятляла пакой праз каляровыя шыбы. I гэтак у пакоі спараджалася мноства дзівосных фантастычных зданяў. Што да заходняга, чорнага пакоя, дык у ім сьвятло ад агню, што лілося на чорныя заслоны праз крывавыя вокны, стварала асабліва несамавітае ўражаньне. Той, хто ўваходзіў туды, гэтак страшна мяняўся тварам, што мала хто з прысутных наважваўся пераступіць парог пакоя.

I якраз у гэтым памешканьні, пры заходняй сьцяне, стаяў вялізны гадзіньнік з чарнадрэву. Ягоны маятнік вагаўся з нудным, цяжкім, манатонным гулам; і калі хвілінная стрэлка рабіла сваё кола й спаўнялася цэлая гадзіна, зь медзяных грудзей гадзіньніка вырываўся звонны бой — чысты, гучны, глыбокі й надзвычай музыкальны, але такога нязвыклага тону й выразнасьці, што кожную гадзіну музыкі ў аркестры былі змушаныя на момант спыняць выкананьне і ўслухоўвацца ў трывожныя гукі; гэтак і тыя, хто кружыўся ў вальсе, мімаволі затрымваліся; на хвіліну ўся вясёлая грамада замірала ў няёмкім замяшаньні; і, калі яшчэ чуўся звон, можна было заўважыць, што твары найбольш легкадумных бялелі, а больш сталыя й паважныя затулялі рукою лоб нібы ў няясным роздуме ці задуменьні. Аднак калі рэха сунімалася цалкам, па пакоях адразу прабягаў лёгкі сьмех; музыкі глядзелі адзін на аднаго й пасьміхаліся нібы з сваёй нэрвовасьці й глупства ды шэптам абяцалі адзін аднаму, што наступны бой гадзіньніка не абудзіць у іх падобных пачуцьцяў; аднак праз шэсьцьдзесят хвілін (якія ахапляюць тры тысячы шэсьцьсот сэкундаў хуткаплыннага Часу) зноў чуўся звон і зноў, як і раней, усіх ахапляла зьбянтэжанасьць, сполах і задуменьне. Аднак нягледзячы на гэтыя рэчы то была вясёлая й раскошная гулянка. Князевы густы былі вельмі дзіўныя. Ён меў добрае вока на колеры й эфэкты. Ён грэбаваў звычайнасьцю. Ягоныя пляны былі сьмелыя й бліскучыя, ягоныя задумы палалі дзікунскім агнём. Некаторыя маглі б палічыць яго вар’ятам, але ягоныя паплечнікі адчувалі, што ён не вар’ят. Трэба было пачуць і пабачыць яго, дакрануцца да яго, каб у гэтым пераканацца.

Ён збольшага сам кіраваў абстаўленьнем сямёх пакояў з нагоды гэтага вялікага фэсту, а ягоны ўладарны густ фармаваў вобразы ўдзельнікаў маскараду. Можна не сумнявацца, што яны былі вычварныя. Было ў іх вельмі шмат зіхценьня й бляску, пікантнасьці й прывіднасьці — шмат такога, што можна было пабачыць у «Эрнані». Былі тут постаці-арабэскі зь недарэчнымі часткамі цела й надобамі. Былі мройныя дзівосы, як прыкладам, уборы вар’ятаў. Было шмат прыгожага, шмат дзівацкага, шмат bizarre, трохі жахлівага й нямала таго, што магло б выклікаць агіду. Фактычна па сямёх пакоях сноўдала мноства дзівосных сьненьняў. I яны — гэтыя сьненьні — дзівосна курчыліся, мяняючы колер у кожным пакоі, і дзікаватая музыка аркестру здавалася рэхам іхных крокаў. Але вось — б’е чорны гадзіньнік, што стаіць у аксамітнай залі. I тады на нейкі момант усё заціхае, усе маўчыць апроч голасу гадзіньніка. Сьненьні застываюць, як стаялі. Аднак водгульле званоў замірае — яно цягнулася ўсяго імгненьне — і лёгкі, крыху прыдушаны сьмех ляціць яму наўздагон. I тады зноў грыміць музыка, і сьненьні аджываюць і сноўдаюцца сюды-туды яшчэ жвавей, чым перад гэтым, пазычаючы адценьні ў каляровых вокнаў, празь якія ліюцца промні жарніцаў. Але ў пакой, што з усіх сямёх ляжыць найдалей на захад, ніхто з масак зайсьці не наважваецца; бо ноч надыходзіць; чырванейшае сьвятло ліецца праз крывавыя шыбы; і страшыць чорнасьць драпіроўкі; і той, чыя нага ступае на чорны аксаміт дывана, чуе прыглушаны звон эбэнавага гадзіньніка, больш выразны і ўрачысты за гук, які дасягае вушэй тых, хто аддаецца самым бяздумным забавам у іншых пакоях.

А гэтыя іншыя пакоі былі поўныя вясёлых бяседнікаў, у іх хваравіта біўся пульс жыцьця. I гулянка віравала далей, пакуль нарэшце апоўначы не пачаў біць гадзіньнік. I тады музыка сьціхла, як я казаў; і зноў, як і раней, усё замерла ў замяшаньні. Але цяпер звон у гадзіньніку меўся прабіць дванаццаць удараў; і так стала, што больш думак пракралася — бо дольшы быў звон — у роздум найбольш разважных сярод гулякаў. I яшчэ сталася так, што перш чым апошняе рэха апошняга ўдару патанула ў цішы, шмат хто ў натоўпе пасьпеў заўважыць прысутнасьць постаці ў масцы, якую дагэтуль ніхто ня бачыў. I калі чутка пра гэта глухім шэптам разыйшлася навокал, сярод усяе грамады ўзьняўся гоман і гул, у якім спачатку чулася незадаволенасьць і зьдзіўленьне — а пасьля пярэпалах, жах і агіда.

У тым зборы прывідаў, які я апісаў, штосьці звычайнае, будзённае не магло б абудзіць такіх пачуцьцяў. I праўда, распусная вольнасьць начнога маскараду была амаль бязьмежная; аднак постаць, пра якую йдзе гаворка, перайшла ўсе межы, нават няпэўныя рамкі прыстойнасьці самога князя. Ёсьць струны ў сэрцы нават самых легкадумных пустадомкаў, якія могуць адгукнуцца хваляваньнем. Нават што да зусім згубленых душаў, для каго жыцьцё й сьмерць — аднолькава пустыя жарты, ёсьць рэчы, зь якімі і на іх думку ня можа быць ніякіх жартаў. I сапраўды, цэлая грамада, здавалася, з усёй глыбінёю адчувала, што ўбор і паводзіны чужынца былі скрайне недарэчныя й непрыстойныя. Ён быў высокі, худы, ахутаны з галавы да ног у магільнае ўбраньне. Маска, што хавала твар, так нагадвала застылага нябожчыка, што нават блізка разгледзеўшы, цяжка было б заўважыць падман. Але ўсё гэта маглі б яшчэ сьцярпець, а мо нават і ўхваліць, звар’яцелыя паплечнікі князя, Аднак гэты штукар зайшоў так далёка, што прыбраўся Чырвонаю Сьмерцю. Яго адзеньне было запэцканае крывёю — шырокі лоб, як і ўвесь твар, быў пазначаны пунсовым жахам.

Калі позірк князя Проспэро ўпаў на гэты прывідны вобраз (які павольна і ўрачыста, мо каб паўней выканаць сваю ролю, хадзіў туды й сюды сярод тых, хто кружыўся ў вальсе), яго ў першую хвілю перасмыкнула ад жаху й агіды; аднак у наступны момант ягоны твар пачырванеў ад гневу. «Хто насьмеліўся, — спытаўся ён хрыпла ў сваіх дворных, што стаялі побач — хто насьмеліўся абразіць нас такой блюзьнерскаю насьмешкай? Схапіць яго й зьняць маску — каб мы ўсе даведаліся, каго заўтра ўранку павесяць на муры!»

Ва ўсходнім, блакітным пакоі стаяў князь Проспэро, калі прамовіў гэтыя словы. Гучна й выразна прагрымелі яны па ўсіх сямёх пакоях, бо князь быў чалавек адважны й дужы, і музыка была сунялася на ўзмах ягонае рукі. У блакітным пакоі стаяў князь, а побач зь ім колькі зьбялелых падданых. Спачатку, як ён сказаў гэта, сёй-той з гэтай малой грамады нерашуча кінуўся да нязванага госьця, які тады быў паблізу, а цяпер нясьпешна й самавіта падыйшоў да таго, хто прамовіў суворыя словы. Але зь нейкага невыказнага страху, навеянага гэтым вар’яцкім убраньнем, не знайшлося нікога, хто б наважыўся яго схапіць; так што, не сустрэўшы перашкодаў, ён прайшоў за мэтар ад князевай асобы; а калі ўвесь збор, нібы згаварыўшыся, адхінуўся зь сярэдзіны заляў да сьценаў, ён прайшоў, не спыняючыся, тым самым урачыстым і мерным крокам, уласьцівым яму ад самага пачатку, праз блакітны пакой у барвовы — праз барвовы ў зялёны — празь зялёны ў памаранчовы — праз гэты ў белы — адтуль у лілёвы, перш чым была ўчыненая рашучая спроба яго спыніць. То ж бо тады князь Проспэро, шалеючы ад гневу й сораму за сваё хвіліннае баязьліўства, кінуўся пасьпешна праз шэсьць пакояў, тым часам ніхто не пайшоў за ім з прычыны бязьмежнага страху, які агарнуў усё навокал. Ён выхапіў з похваў корд і ў імклівым парыве нагнаў госьця, калі той, дасягнуўшы дальняе сьцяны аксамітнага пакою, раптоўна павярнуўся й глянуў у вочы свайму перасьледніку. Пачуўся пранізьлівы крык — і бліскучы корд упаў на чорны дыван, а праз імгненьне на ім распасьцерся ў сьмяротным сьне князь Проспэро. I тады, сабраўшы рэшту адчайнае сьмеласьці, збой гулякаў рынуў у чорную залю, і, схапіўшы злавесную постаць, якая стаяла штыўна й нерухома ў ценю змрочнага гадзіньніка, яны замерлі ў невымоўным жаху, пабачыўшы, што пад магільным убраньнем і сьмяротнаю маскай, якія былі сарваныя з гвалтоўнай лютасьцю, не хавалася нічога.

I тады быў заўважаны прыход Чырвонае Сьмерці. Яна прыйшла як злодзей уночы. I падалі адзін за адным бяседнікі ў акропленых крывёю пакоях сваёй раскошы, і кожны зь іх паміраў у безнадзейным падзеньні. I жыцьцё гадзіньніка згасла разам з жыцьцём апошняга распусьніка. I памерлі агні ў жарніцах. I Цемра, Упад і Чырвоная Сьмерць бязьмежна запанавалі над усім.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=57 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Маска Чырвонае Сьмерці

Эдгар Алан По — Ангельская — Сяргей Шупа

Для друку   /   Чытальня

The Masque of the Red Death
The Masque of the Red Death
The „Red Death” had long devastated the country. No pestilence had ever been so fatal, or so hideous. Blood was its Avatar and its seal -- the redness and the horror of blood. There were sharp pains, and sudden dizziness, and then profuse bleeding at the pores, with dissolution. The scarlet stains upon the body and especially upon the face of the victim, were the pest ban which shut him out from the aid and from the sympathy of his fellow-men. And the whole seizure, progress and termination of the disease, were the incidents of half an hour...