Літаратура.org » Чытальня » Эдгар Алан По, Авальны партрэт

Авальны партрэт

Эдгар Алан По — Ангельская — Сяргей Шупа

Замак, у які мой слуга наважыўся праламіцца гвалтам, каб не дазволіць мне ў маім безнадзейна немачным стане прабавіць ноч пад голым небам, уяўляў сабою адну з тых напышлівых і панурых каменных крушняў, што здавён змрочна высіліся сярод апэнінскіх схілаў, нібы спароджаныя фантазіямі сп-ні Рэдкліф. Па ўсім было відаць, што ягоныя насельнікі часова і зусім нядаўна яго пакінулі. Мы разьмясьціліся ў адным з найменшых і найсьціплей абстаўленых пакояў, які ляжаў у невялічкай вежы наўскрай будынку. Ён быў багата аздоблены габэленамі і завешаны шматлікімі і разнастайнымі геральдычнымі шчытамі, разам зь незвычайна высокай колькасьцю вельмі жывых сучасных карцінаў у рамах з залачонымі арабэскамі. Гэтыя карціны, якія віселі ня толькі на самых сьценах, але ў шматлікіх угінах і сховах, якія непазьбежна ўтвараліся дзівоснаю архітэктураю замка, неяк дзіўна мяне зацікавілі, мабыць таму, што я ўжо пачынаў трызьніць; і я папрасіў Пэдро зачыніць цяжкія аканіцы — бо за вокнамі ўжо стаяла ноч, — запаліць сьвечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў у галовах майго ложку, і адхінуць заслоны з чорнага аксаміту, якія закрывалі сам ложак. Усё гэта я загадаў зрабіць дзеля таго, каб аддацца калі ня сну, дык прынамсі папераменнаму сузіраньню гэтых карцінаў і гартаньню невялікай кнігі, якую я знайшоў каля падушкі і якая зьмяшчала іхны агляд і апісаньне.

Я доўга-доўга чытаў і пільна-пільна ўглядаўся. Гадзіны праляталі хутка і ўрачыста, пакуль не настала глыбокая поўнач. Мне не спадабалася, як стаіць кандэлябар, і, зь цяжкасьцю працягнуўшы руку, каб толькі не будзіць прыснулага слугу, я пераставіў яго так, каб полымя паўней асьвятляла кнігу.

Аднак гэтае дзеяньне мела зусім неспадзяваны вынік. Промні ад сьвечак (а іх было некалькі) цяпер асьвятлялі нішу, якая дагэтуль патанала ў глыбокай цемры каля адной з апораў ложку. І я пабачыў у зыркім сьвятле незаўважную дагэтуль карціну. Гэта быў партрэт дзяўчыны, у якой толькі пачала высьпяваць жаноцкасьць. Я пасьпешліва зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Чаму я гэтак зрабіў — мне й самому адразу было незразумела. Але пакуль павекі заставаліся апушчаныя, я ў думках пашукаў прычыну — чаму я заплюшчыў вочы. Гэта быў міжвольны рух, каб заашчадзіць хвілінку на роздум — каб упэўніцца, што мой зрок мяне не падмануў — каб супакоіцца і падпарадкаваць уяўленьне цьвярозаму і пэўнаму роздуму. Празь некалькі імгненьняў я зноў пільна ўзіраўся ў карціну.

Што мне не прымроілася — у тым не было аніякага сумневу; бо першы водбліск полымя на палатне, як здалося, разьвеяў мройнае здранцьвеньне, якое апанавала мае пачуцьці, і ўмомант абудзіў мяне да жыцьця.

Гэта быў, як я ўжо казаў, партрэт дзяўчыны. Звычайны партрэт, калі ўжыць тэхнічны тэрмін, у манеры віньеткі; вельмі падобны стылем да партрэтаў Сюлі. Рукі, грудзі і нават кончыкі прамяністых валасоў незаўважна зьліваліся зь няясным і глыбокім ценем, які ўтвараў тло карціны. Рама была авальная, пакрытая багатым залачэньнем і маўрытанскімі філігранямі. Як твор мастацтва сама карціна была дасканалая. Аднак наўрад ці самое выкананьне ці несьмяротная прыгажосьць твару маглі так раптоўна і моцна мяне ўразіць. І ўжо зусім не магло быць, каб маё ўяўленьне, абуджанае ад паўсну, магло зблытаць партрэт з жывым абліччам. Я адразу пабачыў, што асаблівасьці ўзору, стылю і рамы мусілі б адразу разьвеяць гэткую думку — мусілі б ня даць ёй узьнікнуць нават на імгненьне. Паважна думаючы над гэтымі пытаньнямі, я нейкую гадзіну сядзеў у ложку, ня зводзячы вачэй з партрэта. Нарэшце, задаволены сапраўднай таямніцай ягонага ўзьдзеяньня, я зноў лёг. Чары карціны, на маю думку, палягалі ў абсалютнай жыцьцепадобнасьці выразу твару, які спачатку зьдзівіў, а пасьля зьбянтэжыў, скарыў і спалохаў мяне. З глыбокім і багавейным страхам я паставіў кандэлябар на старое месца. Калі прычына майго глыбокага хваляваньня схавалася ад вачэй, я пачаў прагна гартаць кнігу, дзе апісваліся карціны ды іхныя гісторыі. Знайшоўшы нумар, якім быў пазначаны авальны партрэт, я прачытаў так гэткія няясныя й дзівосныя словы:

«Яна была панна незраўнанае прыгажосьці, і весялосьць яе не саступала ейнай красе. І ў ліхую гадзіну пабачыла яна, пакахала і ўзяла шлюбам мастака. Ён быў апантаны, заўзяты, няшчадны і ўжо меў за нявесту сваё Мастацтва; яна ж была панна незраўнанае прыгажосьці, і весялосьць яе не саступала ейнае красе; яна зьзяла і ўсьміхалася і скакала, як маладая лань; любіла й песьціла ўсё, што бачыла навокал; ненавідзела толькі мастацтва — сваю злую суперніцу; баялася толькі палеты і пэндзляў ды іншых нясьцерпных снадзіваў, якія забіралі ў яе каханага. Таму страшна было пачуць гэтай паньне, што мастак жадае намаляваць партрэт сваёй нявесты. Аднак яна была пакорлівая й паслухмяная і аддана сядзела доўгімі тыднямі ў цьмяным пакоі ў вежы, дзе на бледнае палатно аднекуль высока згары падала рэдкае сьвятло. Аднак ён, мастак, упіваўся славаю ад свае працы, якая цягнулася гадзінамі, дзень пры дні. Гэта быў апантаны, дзікі й наравісты чалавек, які згубіўся ў сваіх мроях; так што ён і не заўважыў, як прывіднае сьвятло ў самотнай вежы пачало губіць здароўе і сілу ягонай нявесты, чыё павольнае зьвяданьне заўважалі ўсе, апрача яго. Але яна й надалей усьміхалася і не наракала, бо бачыла, што мастак (які меў немалую славу) адчуваў ад сваёй працы пякучую асалоду, ён працаваў дзень і ноч, каб намаляваць тую, што так яго кахала і што няможала й слабла з кожным днём. І сапраўды, усе, хто глядзеў на партрэт, шэптам гаварылі пра падабенства як пра вялікі цуд, як пра доказ ня толькі вялікага майстэрства мастака, але й яго бязьмежнага каханьня да той, каго ён так незраўнана апісаў на карціне. Аднак урэшце, калі праца ўжо набліжалася да завяршэньня, у вежу перасталі пускаць староньніх людзей; мастак зусім зьдзічэў у запале сваёй працы і рэдка зводзіў вочы ад палатна, нават каб паглядзець на жончын твар. Таму ён і не заўважаў, што адценьні, якія ён наносіў на палатно, браліся з шчокаў той, што сядзела побач зь ім. І калі мінула яшчэ некалькі тыдняў і засталося зрабіць зусім мала, правесьці пэндзлем па вуснах і дадаць адценьня вачам, душа панны ўскалыхнулася, як полымя лямпы перад згасаньнем. І тады фарба легла на вусны і адценьне дадалося вачам; і мастак на хвіліну застыў, зачараваны сваім творам; аднак празь імгненьне, яшчэ не адвёўшы вачэй ад партрэта, ён задрыжаў і сьмяротна зьбялеў, і ў жаху закрычаўшы немым голасам: «Дык гэта ж самое жыцьцё!», павярнуўся да сваёй каханай: — Яна была нежывая!»

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=40 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Авальны партрэт

Эдгар Алан По — Ангельская — Сяргей Шупа

Для друку   /   Чытальня

Эдгар Алан По
Эдгар Алан По
„The chateau into which my valet had ventured to make forcible entrance, rather than permit me, in my desperately wounded condition, to pass a night in the open air, was one of those piles of commingled gloom and grandeur which have so long frowned among the Appennines, not less in fact than in the fancy of Mrs. Radcliffe. To all appearance it had been temporarily and very lately abandoned. We established ourselves in one of the smallest and least sumptuously furnished apartments. It lay in a remote turret of the building. Its decorations were rich, yet tattered and antique. Its walls were hung with tapestry and bedecked with manifold and multiform armorial trophies, together with an unusually great number of very spirited modern paintings in frames of rich golden arabesque...”