Літаратура.org » Чытальня » Барыс Віян, Сюрпрыз-вечарынка ў Леабіля

Сюрпрыз-вечарынка ў Леабіля

Барыс Віян — Француская — Сяргей Шупа

Павекі Фалюбэра Сансанэта, у якія напрасткі біў зыботкі сонечны прамень, што ўварваўся праз шчыліну ў ваканіцах, мелі знутры прыгожы чырвона-аранжавы колер, і Фалюбэр усьміхаўся праз сон. Ён ішоў павольным крокам па сьветлым, мяккім і цёплым жвіры ў садзе Геспэрыдаў, і ласкавыя шаўкавістыя жывёлы лізалі яму пальцы на назе. У гэты момант ён прачнуўся; зь вялікага пальца на назе ён асьцярожна зьняў Фрэдэрыка, свойскага сьлімака, і наставіў яго на наступную раніцу. Фрэдэрык чмыхнуў, але нічога не сказаў.

Фалюбэр сеў на ложку. Ён вырашыў пасядзець і падумаць, з самое раніцы, на цэлы дзень наперад, гэтак забясьпечыўшы сябе ад шматлікіх непрыемнасьцяў, якія выпадаюць на долю тых няпэўных і неспакойных, далёкіх ад парадку істотаў, якім найменшы іх рух здаецца зачэпкай для пустадумства (прабачце мне даўжыню гэтага сказу) без канца й бяз тэмы, бо яны пра яе забываюць.

Яму трэба было падумаць:

1. Пра тое, як ён будзе прыбірацца;

2. Пра тое, як ён будзе харчавацца;

3. Пра тое, як ён будзе забаўляцца.

І ўсё, бо якраз была нядзеля, а значыць здабыцьцё грошай было ўжо вырашанай праблемай.

І так Фалюбэр разважаў, у парадку чароднасьці, над гэтымі трыма пытаньнямі.

Ён старанна ўмыўся, бадзёра вычысьціў зубы й высмаркаўся ў пальцы; пасьля прыбраўся. Як і заўсёды ў нядзелю, ён пачаў з гальштука й кончыў чаравікамі, гэта было цудоўнае практыкаваньне. Ён узяў з шуфляды пару модных шкарпэтак з палоскамі: адна сіняя, тады няма палоскі, зноў сіняя, зноў няма, і гэтак далей. Гэтая новая мадэль шкарпэтак дазваляла маляваць ногі ў любы колер, які б займаў пусткі паміж сінімі палоскамі. Ён пачуваўся нясьмела й таму выбраў бляшанку зь сьветла-зялёнаю фарбаю.

Што да астатняга, дык ён надзеў сваё штодзённае ўбраньне, сінюю кашулю й чыстую бялізну, бо ён думаў пра па-трэцяе.

Ён пасьнедаў забітым селядцом у салодкім алеі з кавалкам хлеба і запіў гарбатай з кубачка, поўнага як вока, і, як вока, аздобленага даўгімі ружовымі вейкамі.

Нарэшце ён мог падумаць пра сваю нядзелю.

Сёньня быў дзень нараджэньня ў ягонага сябра Леабіля, і ў гонар Леабіля ладзілася цудоўная сюрпрыз-вечарынка.

Згадаўшы пра сюрпрыз-вечарынкі, Фалюбэр аддаўся доўгім летуценьням. Сказаўшы праўду, яго мучыў комплекс нясьмеласьці, і ён пакрыёма зайздросьціў адвазе дзённых практыкантаў: ён хацеў бы быць спрытны як Грузніе, запальчывы як Додзі, чароўна-элегантны як Рэманфоль, прывабна-суворы як шэф Абадзібаба, або па-пірацку бліскучы як любы зь сяброў Паўдзённа-Брэтонскага Клюбу.

Сам жа Фалюбэр меў прыгожыя каштанавыя вочы, крыху расплывістыя валасы й мілую ўсьмешку, з дапамогай якое ён здабываў усе сэрцы, сам пра тое не здагадваючыся. Але ён ніколі не наважваўся скарыстаць сваю прывабную зьнешнасьць і заўсёды заставаўся адзін, калі ягоныя сябры элегантна танчылі сўінг, джытэрбаг і гальскія падскокі з прыгожымі дзяўчатамі.

Гэта часта навявала яму мэлянхолію, аднак уночы сны прыносілі яму суцяшэньне. Там ён раптам рабіўся адважным, яго абступалі дзяўчаты й прасілі, каб ён зрабіў ім ласку й запрасіў на танец.

Фалюбэр прыгадаў сон, які сасьніў гэтай ноччу. У ім была вельмі прыгожая асоба ў сукенцы з мохавага крэпу колеру сіняй ляванды, сьветлыя валасы спадалі ёй на плечы. На нагах у яе былі маленькія туфлікі зь сіняе зьмяі, а на руцэ дзівосная бранзалетка, якую ён ня мог дакладна апісаць. У сьне яна вельмі яго кахала, і ўрэшце яны разам некуды пайшлі.

Напэўна ён яе цалаваў, і можа нават яна згадзілася надарыць яго нейкімі дадатковымі пяшчотамі.

Фалюбэр пачырванеў. Яму хопіць часу падумаць пра гэта, ідучы да Леабіля. Ён памацаў у кішэні, праверыў, што там дастаткова грошай, і выйшаў купіць бутэльку атрутнага апэрытыву найтаньнейшае маркі, бо сам ён ніколі ня піў.

У тую хвіліну, калі Фалюбэр прачнуўся, Маёр, патурбаваны ў сьне сіплым голасам свайго неспакойнага сумленьня, прызямліўся на ліпучы паркет у сваім пакоі з прысьмердам паскуднага таннага віна ў роце.

Яго шкляное вока злавесна блішчала ў паўзмроку, асьвятляючы гнюсным водбліскам шыйную хустку, якую ён якраз пачаў размалёўваць; малюнак, які напачатку ўяўляў сабою зачэпку, што пасьвілася сярод братоў зялёных-лугоў, набыў цяпер выгляд мёртвай галавы вэнэцыянскага маўра, і Маёр зразумеў, што сёньня яму выпадала ўчыніць зладзейства.

Ён згадаў пра сюрпрыз-вечарынку ў Леабіля й дзіка ўхмыльнуўся у рэ-дыезе, з адной фальшывай нотаю, што красамоўна сьведчыла пра яго незайздросны стан. Угледзеўшы вялікую бутэльку чырвонага, ён прыкончыў адным глытком цёплую муць, што прыкрывала дно, і адчуў сябе лепей. Пасьля, устаўшы перад люстэркам, ён паспрабаваў зрабіцца падобным на Сяргея Андрэева Папаніна ў Іване Грозным. Нічога ня выйшла, бо яму не ставала барады. Тым ня менш, вынік быў даволі добры.

Маёр зноў ухмыльнуўся й адыйшоў у свой працоўны кабінэт, каб падрыхтаваць шкодзтва для сюрпрыз-вечарынкі ў Леабіля, якому ён марыў адпомсьціць. І сапраўды, Леабіль ужо колькі тыдняў распускаў пра Маёра самыя непрыстойныя чуткі, аж да таго, што пачаў сьцьвярджаць, нібыта ён, Маёр, стаўся сумленным чалавекам.

За гэта варта было пакараць як сьлед.

Маёр вельмі добра ўмеў прымусіць маліцца аб літасьці ўсіх ворагаў, якіх яму даводзілася сустракаць на сваёй дарозе -- з аднаго боку дзякуючы даволі дрэннаму выхаваньню, з другога боку дзеля яго натуральных крывадушных схільнасьцяў і надпрыроднае хітрасьці.

(Нельга абмінуць і ягоныя гідкія вусы, якія ён распусна гадаваў пад носам, баронячыся ад нападаў інсэктаў і закрываючы іх удзень сетачкай, каб да іх не дакраналіся птушкі.)

Фалюбэр Сансанэт спыніўся ў хваляваньні перад Леабілевымі дзьвярыма і сунуў указальны палец правай рукі ў норку званка, які ляжаў скруціўшыся клубком і спаў.

Фалюбэраў рух абудзіў яго, ён падскочыў, павярнуўся й балюча ўкусіў Фалюбэра за палец, так што той загаласіў на высокіх танох.

Зараз жа Леабілева сястра, што чуйнавала ў калідоры, адчыніла, і Фалюбэр увайшоў. Па дарозе Леабілева сястра заклеіла яму рану кавалкам плястыру й вызваліла яго ад бутэлькі.

Акорды прайгравальніка вясёла грымелі пад стольлю кватэры й агортвалі мэблю лёгкім слоем музыкі, які рабіў яе сьвятлейшаю й ахоўваў ад шкоды.

Леабіль стаяў перад камінам і гаварыў зь дзьвюма дзяўчатамі. Пабачыўшы другую, Фалюбэр захваляваўся і, пакуль Леабіль ішоў яму насустрач з выцягнутай рукою, мусіў хаваць сваю зьбянтэжанасьць.

-- Добры дзень, -- сказаў Леабіль.

-- Добры дзень, -- адказаў Фалюбэр.

-- Пазнаёмся, -- сказаў Леабіль, -- Азіма (гэта была першая дзяўчына), гэта Фалюбэр, а гэта Джэніфэр.

Фалюбэр пакланіўся Азіме й апусьціў вочы, падаючы руку Джэніфэр. На ёй была сукенка з мохавага крэпу чырвона-сіняга колеру, туфлікі з чырвонае зьмяі і вельмі незвычайная бранзалетка, якую ён адразу пазнаў. Рыжыя валасы спадалі ёй на плечы, і яна ва ўсім была падобная на дзяўчыну зь ягонага сну; натуральна, цяпер колеры былі ярчэйшыя, але гэта нармальна, бо ж сны сьняцца ўночы.

Леабіль, як выглядала, быў вельмі заняты Азімай, і таму Фалюбэр не адкладаючы запрасіў Джэніфэр. Ён усё яшчэ ня мог падняць вачэй, бо якраз перад ім два надзвычай цікавыя аб'екты вабілі позірк з-пад квадратнага дэкальтэ, якое дазваляла ім вольна дыхаць.

-- Вы адзін з старых сяброў Леабіля? -- спыталася Джэніфэр.

-- Я знаёмы зь ім тры гады, -- удакладніў Фалюбэр. -- Мы пазнаёміліся на дзюдо.

-- Вы займаецеся дзюдо? Ці вам ужо даводзілася біцца каб абараніць сваё жыцьцё?

-- Ээ... -- сказаў зьбянтэжана Фалюбэр. -- Я ня меў нагоды... Я б'юся вельмі рэдка.

-- Вы баіцёся? -- іранічна пацікавілася Джэніфэр.

Фалюбэру вельмі не падабаўся кірунак размовы. Ён паспрабаваў вярнуць сабе сваю начную адвагу.

-- Я вас сьніў... -- сказаў ён наўдачу.

-- Я ня сьню ніколі, -- сказала Джэніфэр. -- Мне гэта здаецца малаверагодным. Напэўна, вы нешта паблыталі.

-- Вы былі сьветлавалосая... -- сказаў Фалюбэр на мяжы адчаю.

Яна была вельмі зграбная, і яе вочы сьмяяліся, зусім побач.

-- Бачыце, -- сказала Джэніфэр, -- гэта была ня я... я рыжая...

-- Гэта вы... -- прашаптаў Фалюбэр.

-- Ня думаю, -- адказала Джэніфэр. -- Я не люблю сны. Я больш люблю яву.

Яна паглядзела яму ў твар, і ён зноў мімаволі апусьціў вочы. Ён не прыціскаў яе да сябе, бо інакш яму нічога не было б відаць.

Джэніфэр паціснула плячыма. Яна любіла спорт і дужых адважных хлопцаў.

-- Я люблю спорт, -- сказала яна, -- і я люблю дужых адважных хлопцаў. Я не люблю сны, я жыву ў яве.

Яна адыйшла, бо кружэлка спынілася з жахлівым скрыгатам тармазоў, бо Леабіль не папярэдзіўшы зачыніў шлягбаўм. Фалюбэр падзякаваў. Ён хацеў затрымаць яе ўмелай чароўнай размовай, аднак у той самы момант, як ён зьбіраўся знайсьці які-небудзь сапраўды чароўны выраз, нейкі вялізны й жахлівы бамбіза прасунуўся перад ім і схапіў Джэніфэр у свае грубыя абдымкі.

Фалюбэр у жаху адступіўся на крок, але Джэніфэр усьміхалася, і ён, зможаны, абрынуўся ў глыбокі фатэль з бурдзюковае скуры.

Ён зажурыўся, зразумеўшы, што й гэтая сюрпрыз-вечарынка будзе як і ўсе іншыя, цудоўная й поўная дзяўчат... але не для яго.

Леабілева сястра зьбіралася адчыніць дзьверы, але спынілася, агаломшаная, пачуўшы выбух. Яна стрымвала адной рукою біцьцё свайго сэрца, і брама паддалася пад ударам няшчаднай Маёравай нагі.

Той трымаў у руцэ пісталет, зь якога яшчэ віўся дымок, бо ён толькі што застрэліў званка. Ягоныя гарчычныя шкарпэткі абражалі ўсіх прысутных.

-- Я убил эту гадасьць, -- сказаў ён. -- Выкиньце труп.

-- Але ж, -- сказала Леабілева сястра.

І горка заплакала, бо званок жыў у іх так даўно, што быў ужо адным зь сям'і. Яна ў сьлязах пабегла ў пакой, а Маёр у захапленьні выканаў скок-у-змрок і паклаў пісталет у кішэню.

Насустрач выйшаў Леабіль. Поўны нявіннасьці, ён падаў руку Маёру.

Маёр паклаў у яе вялізнае сьвінства, якое падабраў перад уваходам у дом.

-- Атайдзи, ты, -- сказаў ён Леабілю нэрвовым голасам.

-- Скажы... Толькі не пабі нічога...

-- Я сичас всё паб'ю, -- сказаў халодна Маёр, выскаліўшы зубы.

Ён падыйшоў да Леабіля й прасьвідраваў яму вачніцы нязносным позіркам свайго шклянога вока.

-- Дак гавариш, што я работаю, ты? -- сказаў ён. -- Гавариш, што я станавлюсь чесны? Што ты сибе пазваляиш?

Ён глыбока ўздыхнуў і пачырванеў.

-- Ты, твая вичиринка, можиш щитаць, што ана будзит чюць чюць ниабычная!..

Леабіль зьбялеў. Ён усё яшчэ трымаў у руцэ тое, што даў яму Маёр, і баяўся варухнуцца.

-- Я... Я не хацеў цябе абразіць... -- сказаў ён.

-- Заткнись, ты, -- сказаў Маёр. -- За каждае лишнее слова будзет надбавка.

Тады ён прасунуў сваю правую ступню за Леабілевы ногі, моцна яго штурхануў, і Леабіль паваліўся надол.

Госьці нічога асаблівага не заўважалі. Яны танчылі, пілі й гаманілі, яны зьнікалі парамі ў вольных пакоях, як і на любой удалай сюрпрыз-вечарынцы.

Маёр пасунуўся да буфэту. Недалёка адтуль усё яшчэ прыгнечаны роспаччу Фалюбэр маркоціўся ў фатэлі. Праходзячы міма, Маёр падняў яго за каўнер пінжака й паставіў на ногі.

-- Пайдзём выпьем, -- сказаў ён яму, -- я никагда ни пью адзин.

-- Але... Я зусім ня п'ю...-- адказаў Фалюбэр.

Ён крыху ведаў Маёра і не наважваўся пярэчыць.

-- Ну, -- сказаў Маёр, -- канчяй базар!

Фалюбэр паглядзеў на Джэніфэр. На шчасьце, яна павярнулася зусім у іншы бок і захоплена размаўляла. На няшчасьце, што праўда, вакол яе стаялі трое хлопцаў, а яшчэ двое сядзелі каля яе ног, тым часам як шосты разглядаў яе забраўшыся на шафу.

Леабіль незаўважна падняўся і зьбіраўся цішком вышмыгнуць з пакою каб паклікаць сілу-захавальніцу-парадку, аднак ён разважыў, што калі згаданая сіла задала б сабе клопату зірнуць па пакоях, дык ён, Леабіль, мог бы прабавіць ноч у пастарунку.

Да таго ж, ён ведаў Маёра й ня думаў, што той даў бы яму выйсьці.

І сапраўды, Маёр назіраў за Леабілем і спыніў яго страшным позіркам.

Пасьля, усё яшчэ трымаючы Фалюбэра за каўнер, ён дастаў пісталет і, ня цэлячы, адстрэліў рыльца адной з бутэлек. Усе госьці спалохана азірнуліся.

-- Валице атсюда, -- сказаў Маёр. -- Ану, мужики, валице; бабы могут астацца.

Ён падаў Фалюбэру шклянку.

-- Ну, выпили!

Хлопцы пакінулі дзяўчат і пачалі разыходзіцца. Маёру не пярэчылі.

-- Я не хачу піць, -- сказаў Фалюбэр.

Ён паглядзеў на Маёраў твар і пасьпешліва выпіў.

-- Тваё здаровье, мужык, -- сказаў Маёр.

Фалюбэраў позірк раптам упаў на твар Джэніфэр. Яна стаяла зь іншымі дзяўчатамі ў кутку й глядзела на яго з пагардай. Фалюбэр адчуў, як пад ім слабеюць ногі.

Маёр выпіў шклянку адным глытком.

Амаль усе хлопцы цяпер ужо выйшлі з пакою. Апошні (ён зваўся Жан Бэрдэндэн і быў не з баязьліўцаў) схапіў цяжкую папяльнічку й шпурнуў Маёру ў галаву. Маёр злавіў снарад зь лёту й за два скокі ўжо трымаў Бердэндэна.

-- Ты... Ану, идзи сюда, -- сказаў ён.

Ён выцягнуў яго на сярэдзіну пакою.

-- Так. Вазьмёш адну с эцих баб, какую захочиш, и раздзениш (дзяўчаты пачырванелі ад жаху).

-- Я адмаўляюся, -- сказаў Бэрдэндэн.

-- Ну, ты, спакойна, -- сказаў Маёр.

-- Толькі ня гэта, -- сказаў Бэрдэндэн.

Фалюбэр, перапалоханы, машынальна наліў сабе другую шклянку й выпіў залпам.

Маёр нічога не сказаў. Ён падыйшоў да Бэрдэндэна і ўзяў яго за руку. Пасьля ён рэзка яго крутануў, і Бэрдэндэн паляцеў у паветра. Маёр, скарыстаўшы гэткае становішча, пакуль той падаў, пасьпеў сьцягнуць зь яго нагавіцы.

-- Так. Ты, -- сказаў ён, -- гатовься.

Ён паглядзеў на дзяўчат.

-- Дабравольцы будут? -- спытаўся ён з ухмылкай.

-- Досыць, -- сказаў Бэрдэндэн, які, хістаючыся, спрабаваў учапіцца ў Маёра. Гэта не прайшло яму дарма. Маёр падняў яго й кінуў аб дол. Бэрдэндэн сказаў: "плюх!" і застаўся ляжаць, мацаючы бакі.

-- Рыжая, -- сказаў Маёр. -- Идзи сюда.

-- Ня рушце мяне, -- сказала Джэніфэр зьбялеўшы.

Фалюбэр дапіваў чацьвертую шклянку, калі пачуў голас Джэніфэр, што ўзьдзеяла на яго як маланка. Ён павольна павярнуўся на абцасах і паглядзеў на яе.

Маёр падыйшоў да яе й рэзкім рухам абарваў плячук яе сіне-чырвонае сукенкі. (Дзеля справядлівасьці мушу сказаць, што гэтак адкрылася вельмі прыемнае відовішча.)

-- Ня рушце мяне, -- паўтарыла Джэніфэр.

Фалюбэр прыкрыў вочы рукою.

-- Я сьню! -- прамармытаў ён, цяжка варочаючы языком.

-- Идзи сюда, -- сказаў яму Маёр. -- Будзиш иё дзиржаць пака этат иё абработаит.

-- Не! -- завыў Бэрдэндэн. -- Я не хачу!.. Толькі ня гэта... Толькі не з жанчынай!

-- Харашо, -- сказаў Маёр, -- я добры Маёр.

Ён павярнуўся да Фалюбэра, не адпускаючы Джэніфэр.

-- Раздзивайся, -- сказаў ён, -- и займись эцим. А я разбирусь с этай.

-- Я адмаўляюся, -- сказаў Фалюбэр. -- І ўвогуле можаш валіць адсюль. Абрыд ужо.

Маёр адпусьціў Джэніфэр. Ён глынуў паболей паветра, ад чаго ягоныя грудзі разьдзьмуліся сама меней на мэтар дваццаць пяць. Джэніфэр зь зьдзіўленьнем глядзела на Фалюбэра й ня ведала, падняць ёй адарваны верх сукенкі, ці было б больш разумным дазволіць Фалюбэру набрацца сілы, сузіраючы павабнае відовішча. Яна выбрала другое.

Фалюбэр паглядзеў на Джэніфэр і заіржаў. Ён застрашальна затупаў на месцы й абрынуўся на Маёра. Той, не пасьпеўшы да канца пашырыць грудзі, атрымаў ўдар пад дых і склаўся напалам з страшным хрыпам. Ён амаль адразу выпрастаўся, і Фалюбэр скарыстаў гэта, каб ужыць абсалютна клясычны прыём дзюдо: нацягнуў вушы супраціўніка яму на вочы й дзьмухнуў яму што было сілы ў дзіркі ад носа.

Маёр сьсінеў і задыхаўся. У гэты момант Фалюбэр, якому каханьне й апэрытыў шматкрот памножылі сілу, прасунуў галаву паміж Маёравых ног, падняў яго й зрынуў на вуліцу праз вакно гасьцёўні, перакінуўшы праз багата накрыты стол.

У Леабілевай гасьцёўні, дзе зноў запанаваў спакой, стаяла ціша, і Джэніфэр, не папраўляючы сукенкі, упала ў абдымкі Фалюбэру, заваліўшы яго, бо важыла каля шасьцідзесяці кіляграмаў. На шчасьце за ім стаяў фатэль з бурдзюковае скуры.

Што да Маёра, дык яго цела завіравала ў паветры, але дзякуючы некалькім спрытным круткам яму ўдалося вярнуць раўнавагу; аднак, на няшчасьце, ён упаў у чырвона-чорную таксоўку з адкрытым верхам, якая павезла яго далёка стуль, перш чым ён пасьпеў зразумець, што да чаго.

Калі ж ён зразумеў, ён выгнаў з машыны таксіста, пагразіўшы яму найстрашнейшым ліхам, і скіраваў таксоўку да свайго дома, маёнтку Львінае Сэрца.

Пасьля, на вуліцы, ня хочучы прызнаваць сябе пераможаным, ён пераехаў насьмерць старога вулічнага гандляра, усё адно махляра.

Тым часам увесь астатні вечар Фалюбэр і Джэніфэр займаліся зашываньнем сукенкі. Яна яе зьняла, каб было зручней, і ўдзячны Леабіль саступіў ім дзеля нагоды свой пакой і пазычыў электрычны прас з кітайскай інкрустацыяй, які ён атрымаў у спадчыну ад маці, а тая -- ад бабулі, і гэтак ён перадаваўся ў гэтай сям'і з пакаленьня ў пакаленьне ад часоў Першага Крыжовага, Паходу.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=31 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Сюрпрыз-вечарынка ў Леабіля

Барыс Віян — Француская — Сяргей Шупа

Для друку   /   Чытальня

Барыс Віян
Барыс Віян