Літаратура.org » Чытальня » Галіна Пасвятоўска, Гімн ідалапаклонніцы

Гімн ідалапаклонніцы

Галіна Пасвятоўска — Польская — Алесь Емяльянаў-Шыловіч

 

***мой твар усё болей

 

мой твар усё болей падобны

да месяца, што заходзіць

 

пакрыты сеткай зморшчын

як здабытая з зямлі

грэцкая ваза

 

напоўненая памяццю дотыкаў

ад рук і вуснаў, што даўно сталіся прахам

 

на гэты момант

яна вартая хіба музейнай паліцы

 

занадта крохкая

і каштоўная

каб карыстацца ёй штодня

 

Гімн ідалапаклонніцы

 

у гонар тваіх вузкіх сцёгнаў

і гнуткіх ног

я выводжу словы

са змрочных глыбіняў цела

стану ўхваляць цябе енкам болем

гукамі што не стануць мовай

будуць толькі пошумам голля

і шолахам дрэваў свавольных

 

ты той каго я прыйшла разуці

праз свяцілы памерлыя

неастылая і бурлівая

як зямля ўрадлівая

 

***яны праходзілі паўз мяне

 

яны праходзілі паўз мяне

так блізка

што я магла дакрануцца рукою

на плячох яны неслі вецце

— спявалі —

дабро ёсць дабром

а ліха ёсць ліхам

справядлівасць гэта дабро

а несправедлівасць — ліха

ды ёсць каханне добрае

і ліхое

а значыць дабро ёсць ліхам

і ліха — дабром

тады я выйшла з ценю

і стала ў іх на дарозе

яны замоўклі

а я была ўсяго толькі

прыгожай

 

так казала Сі Шы

лашчачы галінку бэзу

 

***хачу напісаць пра цябе

 

хачу напісаць пра цябе

падперці імём тваім скрыўлены плот

заінелую вішню

пра вусны

гнуткія строфы складаць

хлусі́ць вейкі твае называючы цёмнымі

хачу

пальцы ўплятаць у твае валасы

і ямку адшукаць на шыі

дзе здушаным шэптам

сэрца пярэчыць вуснам

хачу

змяшаць імя тваё з зоркамі

і з крывёю

быць у табе

і не быць з табой

знікнуць

як кропля дажджу якую праглынула ноч

 

***колькі год тваім рукам

 

колькі год тваім рукам

гальчастым дрэвам

увесну яны

кранаюць мае валасы

праз крохкую восень

прабіваецца

пах абуджаных каранішчаў

шэпт зямлі

 

у сухіх пальцах танчыць

красавіцкі вецер

гне

маю шыю зялёную

 

а глыбей — востая смага

прыкіпець

цёплай скурай

да тваіх рук

 

Венера

 

яна была прыгожая

як алебастр

з зялёнымі жылкамі

напятымі соннай крывёй

 

паўсотні багоў

на воблаку

пляскалі ў ладкі

калі яна йшла

пагойдваючы клубамі

 

і нават не твар

не

і не вусны

спелыя паўднёвыя плады

грудзей — вядома ж

ейныя грудзі былі такімі

што толькі ўстаць

і выць ад захаплення

 

яны былі як дзве поўні

скрадзеныя ў небе Сатурна

авальныя ўзнятыя ўверх

 

а Гефест што ў кузні

падкоўваў коні

скардзіўся што яна яму здраджвае

даўбак

 

***чакаю цябе разам з ноччу

 

чакаю цябе разам з ноччу

што прысела побач на крайцы

з цёмнымі пульхнымі вуснамі

і тварам мурынкі

у яе сумныя вочы

і цень пальмавага ліста на шчацэ

 

я кажу ёй — золатам зор не звіні

вецер суціш у фальбонах сукенкі

пачакай

ты ж знаеш ён прыйдзе

як дождж што мые валасы

дрэва высахлага на сонцы

 

нам трэба шмат простых словаў

 

нам трэба шмат простых словаў

такіх як

хлеб

каханне

дабрыня

каб аслеплыя ў цемры

не згубілі

сваёй дарогі

 

нам трэба шмат цішыні

і ў паветры і ў думках

каб мы пачулі

ціхі нясмелы голас

галубоў

мурашоў

людзей

сэрцаў

 

і іх балючы крык

сярод крыўдаў

сярод усяго таго

што не ёсць

ні каханнем

ні дабрынёю

ні хлебам

Літаратура.org — http://litaratura.org/chytalnya?artid=161 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Гімн ідалапаклонніцы

Галіна Пасвятоўска — Польская — Алесь Емяльянаў-Шыловіч

Для друку   /   Чытальня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Галіна Пасьвятоўска
Галіна Пасьвятоўска