Літаратура.org » Чытальня » Боб Дылан, 4 тэксты па-беларуску

4 тэксты па-беларуску

Боб Дылан — Ангельская — Ян Максімюк Андрэй Хадановіч Макс Шчур

ЛІХІ ВЯСТУН

(The Wicked Messenger)

Аднойчы быў ліхі вястун
Ад Ілія да нас прыйшоў
Сваім глуздом ён памнажаў нам
Ўсялякі хлуд і драбязу
Калі яго спыталі скуль ён
Ён тоўстым пальцам паківаў
Бо быў нямком і толькі лесьціў

У нашу залю не прыйшоў ён
За ёй зрабіў сабе начлег
Шматкроць было туды вяртаўся
А раз папросту ён прынёс
Паперыну ў руце з запіскай
Пякуць падэшвы чорт бяры!

Ах пачала спадаць лістота
І моры разышліся ўбок
І шмат супроць яго паўсталі
І мовілі ўсяго сем слоў
Каб у душу яму запалі:
Ня маеш добрых вестак — не вяшчай зусім

 

Пераклад Яна Максімюка

 

 

СЛОВЫ НА ВЕЦЕР

(Blowin’ in the Wind)

 

Колькі дарог трэба людзям прайсьці,
Каб да людзей дарасьлі?
Колькі начэй над патопам ляціць
Голуб да роднай зямлі?
Колькі гарматаў страляцьме па нас,
Покуль ня знойдзем адказ?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

 

Колькі гадоў мора точыць скалу,
Покуль ня рухне сама?
Колькі гадоў па пустэльні блукаць,
Покуль у душах турма?
Колькі, адводзячы вочы, казаць,
Быццам праблемы няма?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

 

Колькі нам разам ляцець міма зор?
Вось тваё неба, пабач!
Колькі глухому патрэбна вушэй,
Каб адгукнуцца на плач?
Колькі сяброў скосяць кулі, пакуль
Сьцямім, што лепей бяз куль?
Словы ў адказ толькі вецер нясе,
Толькі на вецер — усе.

 

Пераклад Андрэя Хадановіча 

 

БОСЫ ВАЙНЫ

(Masters of War)

 

Дзе вы, босы вайны,

Вы, вытворцы гармат,

Лятакоў-хіжакоў,

Звышсучасных гранат?

Вас схаваў мур папер,

Чэкаў, вэксэляў стос,

Толькі, маскам на злосьць,

Я вас бачу наскрозь.

 

Будаваць, каб бурыць –

Ваш закон спракавет.

Толькі цацка для вас

Мне падораны сьвет.

Мне ў руку ўкладзяцё

Кулямёт – і “пакуль”,

І пабеглі кудысь,

Дзе ня чуеце куль.

 

Як той Юда калісь,

Што Хрыста падмануў,

Крычыцё: “Супраць нас

Сьвет прайграе вайну!”

Ды хлусьлівым вачам

Рады вы не дасьцё:

Там – дажджу каламуць,

Што цячэ ў вадасьцёк.

 

Вам гашэтак сваіх,

Праўда, не націскаць –

Сьмерць выходзіць за вас

Пакасіць сенажаць.

Вы з дамоў – ні на крок,

Калі кроў юнакоў

Недзе ўсмоктвае ўсьцяж

Брудам сьцелены роў.

 

Вы засеялі жах,

І наступствы жняце:

Людзі болей на сьвет

Не прыводзяць дзяцей!

Асудзілі вы тых,

Хто яшчэ і ня жыў:

Як атрутная кроў

Вам ня выцячэ з жыл?

 

Хто я ўласна такі,

Каб браць слова вось так?

Я для вас – абы-хто,

Непісьменны юнак.

Так, мне меней, чым вам,

Але ясна і мне:

Нават Збаўца такіх

Ад Сябе адштурхне.

 

І да грошай у вас –

Скуль такая любоў?

Ці за іх льга набыць

Адпушчэньне грахоў?

Не, як прыйдзе ваш скон,

За майно на зямлі

Вам ня вернуць душы,

Што ў лямбард вы здалі.

 

Так што – скону ўсім вам,

І як мага барзьдзей.

Сам труну правяду

Ў той бясколерны дзень,

А як спусьцяць яе

Ў найглыбейшую зь ям –

Пастаю, каб устаць

Не зарупіла вам.

 

ВАШ ЧАС – НЕ НАЗАЎСЁДЫ

(The Times They Are A Changin’)

 

Гэй вы, людзі, сюды – адусюль, да мяне –
Паглядзіце, на нас вецер хвалі жане,
Змокне кожны, наважыцца плыць ён ці не – 
Дык сьпяшайцеся з гэтай нагоды,
А то ўсе спачняце, быццам камні, на дне,
Бо ваш час – не назаўсёды.

 

Гэй вы, крытыкі, барды, з вас кожны прарок – 
Не ўпусьціце свой шанс крышку выправіць зрок, 
Ды найперш хай застыне рулетка-ваўчок,
Не прарочце яе папярод вы.
Сёньня нехта прайграў, заўтра зноў перамог,
Гэта ж час, ён – не назаўсёды.

 

Гэй, заходзьце, хто ходзіць у Кангрэс і Сэнат – 
Толькі ў сенцах ня стойце, там месца няшмат,
Вас затопчуць, калі вы ні ўперад ні ўзад,
На дварэ б’юцца сілы прыроды: 
Хутка быць вам бязь сьценаў, бяз шыб і бяз хат,
Бо ваш час – не назаўсёды.

 

Гэй, вы, маткі ды таткі, адсюль і здалёк – 
Досыць ганіць усё, што вышэй за ваш клёк.
Не спыніць, не стрымаць вам сыноў і дачок
На нязнанай вам сьцежцы свабоды.
Як няма з вас падмогі – сыдзіце мо ўбок,
Бо ваш час – не назаўсёды.

 

Раз мяжу правялі, значыць, будзе двубой,
Заўтра ўздымецца рух, там дзе сёньня застой,
Час цяперашні стане мінулай парой,
Ваш парадак стары выйдзе з моды.
І хто першы цяпер, у хвасьце будзе той,
Гэта ж час, ён – не назаўсёды.

 

Пераклад Макса Шчура

 

Упершыню апублікавана на сайце Радыё Свабода

Літаратура.org — http://litaratura.org/chytalnya?artid=159 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

4 тэксты па-беларуску

Боб Дылан — Ангельская — Ян Максімюк Андрэй Хадановіч Макс Шчур

Для друку   /   Чытальня

Ваш водгук
Імя *
Э-майл * (не публікуецца)
Загаловак
Камэнтар *
 
Боб Дылан
Боб Дылан