Літаратура.org » Чытальня » Яніна Асіпцова, А гэтай зімой не вернецца нехта дадому

А гэтай зімой не вернецца нехта дадому

Яніна Асіпцова

 

***

 

А гэтай зімой не вернецца нехта дадому.

Халодна.

Журботна

Не толькі за вокнамі стане.

Як быў дзесьці зранку,

Мажліва, вясёлы,

А зараз сям’я палівае слязьмі тэлеграму.

Няпраўда,

Не можа,

Аднак наспявае.

Не вылячыць час столькі ранаў людскіх.

Адныя так моцна, так шчыра чакалі,

Другія – гублялі сяброў у баі.

І бездапаможна заплюшчвалі вочы:

Малітвы гучалі часцей за гадзінніка бой.

Складаліся спісы ўсё болей і болей:

Ахвяра

Ахвяра.

Ахвяра

Зноў бой.

І марна спадзевы на нешта знікалі.

Салдат вёў змаганне адразу на мностве франтоў:

За лёс, за сябе, за краіну,

За посьмешку дзетак і шчасце ў вачах.

Загінуць.

Уваскрэснуць.

Пякельнае кола.

Ланцуг з кожным разам цяжэй і цяжэй.

Так шмат неабходна на свеце народам

Так мала патрэбна ў жыцці насамрэч.

 

 

Апошні бой

 

Світала.

На мапе тваіх недарэчнасцяў панавала

Маўклівае перамір’е.

Сёння бой скончыцца нейчай паразай:

Тваёй ці маёй?

Мы заблыталіся ў каардынатах і накірунках.

Колькі рознага можна было пазбегнуць у

Нашых стасунках?

Але мы чарапахі нашага свету –

Абганяем толькі адзін аднога.

Жывем недаравальна бясконца

Для нас саміх.

Ведаеш, калі сённяшняя раніца стане апошняй,

Што мы скажам нашым паслядоўнікам?..

Давай падзелім на дваіх паразу, як раней.

Бо проста так ніколі не ваююць.

Ваююць, бо захаваўся агонь.

Мы аддадзім гэтае полымя людзям

А яны, калі спатрэбіцца, нас асудзяць.

 

 

***

 

Калі галава разбіваецца на часткі
Ад болю,
А жыццё падзелена кнехтам
На пазлы,
І табе здаецца, што збіраеш
Пялёсткі,
А насамрэч трапляеш у чарговыя
Пасткі,
Для безмежнай прасторы прыдумваеш
Межы,
І гуляеш у краіны, планеты і зоркі,
Толькі
Верыш сістэме адноснасці свету,
Лету
Летуценна дапісваеш сэрцам 
Санэты.

Калі будзе інакш – 
Светла,
Возьмеш у рукі кавалачак
Неба
Прачытаеш малітву вачыма.
У нашым шалёным жыцці ўсё магчыма.

 

 

Ты згубіла нешта вечнае

Ты верыш у астранамічную моц сумяшчальнасці лёсаў,
Марыш штоночы ў супадзенні лічбаў на паперцы з надпісам “лато”
Абпальваеш вусны, пасля сэрца якой-небудзь не састылаю запалкай,
Што пакінуў хтосьці ў пустой кватэры, дзе ты заўжды была адна.

Ты у думках змагаешся за праўду,свабоду і веру 
На мітынгах, якія ледзь-ледзь дазваляюць.
Зноў жа: змагаешся зусім не змагаючыся за нешта сапраўднае.
Прынцыпова падтрымліваеш беспрынцыповасць,
Абмяркоўваеш гэта з незнаёмцамі пад гукі метро.
Жывеш,нібы заўтра ёсць сёння,а ўчора будзе заўтра.

Дзікунка, якую пакінулі памірацьу горадзе,
Дзе скрыжаванні сустракаюцца часцей за ўсмешкі,
Ты на зайздрасць усім засталася маладой, ганарлівай і ўпартай,
Абнадзеенай кнігамі, дзе апісанае тое бязглуздае каханне,
Якое шукаюць дурні ці ўсё ж рамантыкі.

Ты адмовілася ад ідэі, дзеля якой руйнавала і адбудоўвала,
І ў выніку нешта згубіла
Важнае…
Велічнае…
Вечнае…

 

 

***

 

Ты пакідаеш пасля сябе попел
І сабраную валізку,
Якую неабходна пераправіць на вакзал,
Адкуль з’язджаеш з майго жыцця.
Мы развітваліся ўжо ў той час, калі знаёміліся
Ты, у сукенцы, глядзела ў вочы з усмешкай і маўчала,
Разглядаючы дасканала глыбіню маёй пустэчы.
Такая безабаронная і хворая на ўсе сіндромы,
Якія цяжка ўявіць.
Пакінула пасля сябе нешта непрадказальна моцнае
Ці нічога не пакінула, апроч зламаных успамінаў.
Ты нават не ведала свайго імя.
Я клікаў цябе рознымі
І кожнае надавала табе пах кветак
Я ўдыхаў гэты цуд з удзячнасцю.
Я кахаў,чакаючы тваіх заўваг і прамяністых вачэй.
Тваіх маленькіх рук і вялікага сэрца,
Што з’ехала разам з табой
З адзінага ў горадзе вакзала 
На апошняй электрычцы.

 

 

***

 

Я заўжды нешта любіла
і не любіла,
Мне штосьці падабалася 
і штосьці – не,
А сёння я пакахала,
І ўсе мінулыя словы сталі белымі на белай паперы.
Засталося “Кахаю”.
Чырвонае.
Пасярэдзіне.

 

 

Утопія

Мой асабісты прытулак утопіі
Даказана, неіснуючай, 
На высокіх гмахах Сусвету
Спявае танныя санэты 
Ілюзіі хворага трызнення
Ўяўлення наяве.
За чарговым даляглядам
Нас чакае далягляд
Ідэалізаваны так,
Што немагчыма задаволіць
Сэрцы тым, што ёсць,
Мы хапаемся за нітку,
Няўдалым бокам
А што зробіш?
Іголку ў сваім лёсе заўважыш 
Толькі адчуўшы яе. 
Ні больш ні менш
Апярэдзіць сябе, каб
Ідучы дахаты
Спасцігаць утапічныя думкі –
Адзінае, што застаецца 
Нам ад радасці.

 

 

Атручанае

Што, калі цяпер і нашае паветра атручана?
Нам не спатрэбіўся ні натоўп, ні справы,
Добра, што мы разумеемся моўчкі.
Адразу не пазнаеш, што страта была вялізная.
Адразу не пачуеш таго болю цалкам.
Медыкі называюць гэта шокам,
Але мне даспадобы больш “стан афекту”.
Мільярды гісторый пра сённяшняе шчасце.
Бясконцая колькасць пра заўтрашнія чорныя спісы.
Ці можна было не атручваць нашае паветра?
Ці можна было... А, пэўна, не лёс.

Складзены напалову ліст аркушу
Звычайна рвуць пасярэдзіне.
І мы былі настолькі разам, што сталіся
Паасобку.
Кропка.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=155 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

А гэтай зімой не вернецца нехта дадому

Яніна Асіпцова

Для друку   /   Чытальня

Яніна Асіпцова
Яніна Асіпцова
Нарадзілася ў 1997 годзе ў горадзе Магілёве.Скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа. Вершы друкаваліся на розных інтэрнэт-старонках, у тым ліку ў "Нашай Ніве".